355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Жорж Сименон » Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 03:38

Текст книги "Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)"


Автор книги: Жорж Сименон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Сименон Жорж
Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)

Жорж Сiмэнон

Чалавек на лаўцы

Пераклад: Алесь Асташонак

1. ЖОЎТЫЯ ЧАРАВIКI

Забойства здарылася ў панядзелак, 19 кастрычнiка – у швагеркi камiсара Мэгрэ быў якраз дзень нараджэння. Дзiўна, але на набярэжнай Арфэўр даўно заўважылi, што ў панядзелак забойстваў бывае меней, чым у астатнiя днi.

Гэта была першая восеньская справа, расследуючы якую Мэгрэ адчуў наблiжэнне зiмы.

Усю нядзелю лiў дождж, халодны i дробны. Дахi i асфальт заблiшчалi, а потым узняўся жаўтаваты туман, якi, здавалася, украдаўся ў жытло праз аконныя шчылiны.

Стала так холадна, што ў панядзелак ранiцай панi Мэгрэ сказала:

– Трэба закласцi шчылiны лямцам.

Камiсар гадоў ужо пяць сама меней абяцаў жонцы кожную восень зрабiць гэта "ў наступную нядзелю".

Калi ён выйшаў з дому, першы раз надзеўшы гэтай восенню прапахлае нафталiнам палiто – прапанавала жонка, – была ўжо палова дзевятай, але на вулiцы было так змрочна, што ў кватэры яшчэ гарэла святло.

Удзень дождж скончыўся, аднак асфальт не прасыхаў i рабiўся ўсё больш брудны. А гадзiны ў чатыры Парыж зноў ахутаў той самы жаўтаваты туман, у якiм расплывалася святло лiхтароў i вiтрын.

Калi зазванiў тэлефон, у бюро не было нi Люка, нi Жанв'е, нi нават маленькага Лапуэнта. Адказаў Сантонi, карсiканец, новы чалавек у брыгадзе – да гэтага ён працаваў у аддзеле азартных гульняў, потым – у аддзеле нораваў.

– Шэф, вас турбуе iнспектар Нэвэ, з трэцяга раёна, – далажыў Сантонi камiсару. – Хоча пагаварыць асабiста з вамi. Здаецца, справа тэрмiновая.

Мэгрэ ўзяў слухаўку:

– Слухаю, даражэнькi.

– Званю з бiстро на бульвары Сэн-Мартэн. Толькi што знайшлi аднаго тыпа. Зарэзаны.

– На самым бульвары?

– Не, не зусiм. У адным тупiчку.

Нэвэ, якi ўжо даўно працаваў у палiцыi, ведаў, пра што адразу ж падумае Мэгрэ. Такое забойства, асаблiва ў густанаселеных кварталах, – справа следчаму мала калi цiкавая. Найчасцей гэта вынiк п'яных сварак альбо звядзеяне рахункаў сярод шпаны, гiшпанцаў, арабаў. Таму iнспектар таропка дадаў:

– Справа здаецца мне няпростай. Лепей бы вы прыехалi. Гэта памiж вялiкай ювелiрнай крамай i крамкаю штучных кветак.

– Добра. Еду.

Камiсар упершыню паехаў з Сантонi i цяпер нiяк не мог дачакацца, калi ж яны прыедуць на месца – так моцна наадэкалонiўся iнспектар. Каб здацца вышэйшым, нiзкарослы карсiканец насiў чаравiкi на высокiх абцасах, валасы ў яго былi напамаджаныя, на безыменным пальцы жаўцеў буйны брыльянт, напэўна, фальшывы.

На бульвары Сэн-Мартэн стаяў натоўп чалавек трыццаць. Iх стрымлiвалi палiцэйскiя ў накiдках. Нэвэ, якi чакаў камiсара, адчынiў дзверцы машыны.

– Я папрасiў доктара пачакаць вас, – сказаў ён.

Быў той час, калi гэтая частка Вялiкiх бульвараў робiцца найбольш шматлюднай. Вялiкi святлiсты гадзiннiк над ювелiрнай крамай паказваў дваццаць хвiлiн на шостую. Але ў краме штучных кветак, якая выходзiла на вулiцу толькi адной вiтрынаю, было ўжо цёмна. Шкло вiтрыны было такое бруднае, што, здавалася, у краму нiхто нiколi i не заглядваў.

Памiж крамай i крамкаю – вузкi тупiчок, дакладней, неасветлены, якiх багата ў гэтым квартале, праход ва ўнутраны двор.

Нэвэ працiснуўся наперад, вызваляючы дарогу камiсару. Метры за тры-чатыры ад пачатку праходу iх чакалi ў цемрадзi нейкiя людзi. У двух былi лiхтарыкi, але твары можна было разгледзець толькi зблiзу.

Тут было яшчэ халадней, чым на бульвары – дзьмуў скразны вецер. Памiж ног круцiўся, колькi яго нi адштурхоўвалi, нейкi сабака.

На зямлi, ля сырой сцяны, ляжаў чалавек. Адна ягоная рука была закiнута за спiну, а другая, выцягнутая ва ўсю даўжыню, загароджвала амаль увесь праход.

– Мёртвы?

Доктар кiўнуў:

– Смерць, вiдаць, наступiла iмгненна.

Усё роўна як пацвярджаючы гэтыя словы, святло лiхтара прапаўзло па целе забiтага i спынiлася на нажы, усаджаным у спiну. Другi лiхтар асвяцiў паварот твару, адкрытае вока, шчаку, разадраную аб камянi пры падзеннi.

– Хто яго знайшоў?

Адзiн з палiцэйскiх, якi толькi гэтага i чакаў, выступiў наперад.

– Я рабiў абход. Я звычайна зазiраю ва ўсе закуткi, бо ў iх усё i здараецца. I тут убачыў яго. Спярша я падумаў, што ён п'яны.

– Ён быў ужо мёртвы?

– Напэўна. Але цела было яшчэ цёплае.

– Якi гэта быў час?

– Без чвэрцi пяць. Я засвiстаў паставому i пабег званiць у аддзяленне.

– Слухаўку падняў я, – уступiў у размову Жэнэ. – I адразу ж прыбыў на месца. Загадаў выклiкаць доктара. Палiцэйскае аддзяленне было паблiзу.

– Нiхто нiчога не чуў?

– Не ведаю.

Непадалёк вiднелiся невялiкiя дзверы, над якiмi гарэла слабенькая лямпачка.

– Што гэта?

– Дзверы ў кантору ювелiрнай крамы. Iмi рэдка карыстаюцца.

З'явiлiся эксперты, якiх Мэгрэ выклiкаў, выязджаючы з набярэжнай Арфэўр.

– А што там, у канцы двара? – спытаўся Мэгрэ.

– Нiчога. Сцяна. Ёсць дзверы ў дом па вулiцы Мэле, але яны даўно закалочаныя.

Было вiдавочна: чалавека забiлi ўдарам нажа ў спiну, як толькi ён зайшоў у глыб тупiчка. Нехта, праслiзнуўшы ўслед за iм, цiха зрабiў сваю справу.

– Я праверыў кiшэнi i выняў кашалёк.

Нэвэ працягнуў яго Мэгрэ. Адзiн з экспертаў пасвяцiў лiхтарыкам. Кашалёк як кашалёк, не новы, але i не надта заношаны, з добрай скуры. Усярэдзiне – тры паперкi па тысячы франкаў i некалькi па сто, пасведчанне, выдадзенае на iмя Луi Турэ, кладаўшчыка, жыхара Жувiзi (вулiца Таполяў, 37), картка выбаршчыка з тым самым iменем, шматок паперы, на якiм напiсаны алоўкам пяць-шэсць слоў, i старая фатаграфiя маленькай дзяўчынкi.

– Ну што, прыступiм? – спытаўся эксперт.

Мэгрэ кiўнуў. Зазiхацелi блiцы, зашчоўкалi фотаапараты. Эксперты рабiлi свае вымярэннi спакойна, не задавалi нiякiх пытанняў, адчувалася адно, што iм трохi нязручна працаваць у такiм вузкiм праходзе. Натоўп з боку бульвара павялiчваўся, i палiцэйскiя з цяжкасцю стрымлiвалi яго.

Эксперты асцярожна вынялi нож i паклалi яго ў скрыню. Перавярнулi цела на спiну. На твары ў забiтага, чалавека гадоў сарака – пяцiдзесяцi, застыла здзiўленне. Было ў гэтым здзiўленнi штосьцi дзiцячае. Чалавек, напэўна, так i не зразумеў, што з iм здарылася. Нехта, гледзячы на яго, узнервавана хiхiкнуў.

Апрануты ён быў прыстойна: чыстыя цёмны гарнiтур i бэжавае дэмiсезоннае палiто. Але вось на нагах былi жоўтыя чаравiкi, зусiм не па сезоне.

Каб не яны, то на вулiцы гэтага чалавека нiхто i не заўважыў бы, такi ён быў неадметны.

Аднак палiцэйскi, якi знайшоў яго, сказаў:

– Мне здаецца, я яго недзе бачыў...

– Дзе?

– Не памятаю. Але твар мне знаёмы. Ведаеце, часта сустракаеш адных i тых самых людзей, а твары неяк не запамiнаюцца.

Нэвэ пацвердзiў:

– Мне ён таксама некага нагадвае. Магчыма, працаваў тут непадалёк.

Але што магло спатрэбiцца нябозе ў гэтым тупiку?

Мэгрэ паглядзеў на Сантонi. Карсiканец доўга працаваў у палiцыi нораваў i мог запомнiць яго, як аднаго з маньякаў – шукальнiкаў адзiноты. Там iх ведаюць амаль усiх. Часам гэта значныя людзi. Зрэдку iх ловяць, але калi адпускаюць, яны зноў бяруцца за сваё.

Аднак Сантонi пакруцiў галавою.

– Нiколi не бачыў.

Тады Мэгрэ прыняў рашэнне:

– Працягвайце, панове. Калi завезяце яго ў Iнстытут, не распранайце да майго загаду. А мы, Сантонi, паедзем. Паглядзiм на яго сям'ю, калi такая ёсць.

Камiсар быў заiнтрыгаваны: забiты зусiм звычайны, нiчым не прыкметны чалавек...

– У Жувiзi! – загадаў Мэгрэ шафёру.

Яны спынiлiся на момант ля Iталiйскiх варотаў, каб выпiць па куфлi пiва. А калi ў Жувiзi, ля вакзала, пачалi распытваць пра вулiцу Таполяў, дык адказаў iм толькi пяты чалавек:

– Гэта вунь там, у недабудаваным раёне. Як даедзеце, дык глядзiце на шчыткi. Там кожная вулiца носiць назву якогасьцi дрэва, а так яны ўсе аднолькавыя.

Спачатку доўга ехалi ўздоўж сарцiровачнай станцыi, на якой лязгалi, пераязджаючы з аднаго пуцi на другi, вагоны, свiсталi i сiпелi, пускаючы клубы дыму, дзесяткi два паравозаў. Нарэшце дабралiся да патрэбнага раёна. Вузенькiя вулкi i праўда зусiм аднолькавыя, сотнi, можа, тысячы досыць новых домiкаў, пабудаваных па адной мадэлi. Дрэвы, пасадкi якiх давалi назвы вулiцам, яшчэ не паспелi вырасцi, сям-там не было нават ходнiкаў. За аднымi дамамi – пусткi, за iншымi – чэзлыя садкi, у якiх засыхалi апошнiя восеньскiя кветкi.

Дубовая вулiца... Бэзавая... Букавая... Магчыма, калi-небудзь гэты раён будзе падобны на парк, калi толькi ўсе гэтыя дрэнна пабудаваныя дамы не разваляцца, перш чым вырастуць як след дрэвы.

Жанчыны за вокнамi кухняў гатавалi вячэру. На вулiцах пуста. Дзе-нiдзе маленькiя крамы, таксама даволi новыя з выгляду, аднак вiтрыны iх нiчым не вабiлi.

– Налева.

Хвiлiн дзесяць кружылi, пакуль не прачыталi на шчытку патрэбную назву. Але дом праскочылi, бо трыццаць сёмы нумар iшоў чамусьцi адразу ж за дваццаць першым.

Святло гарэла толькi на кухнi, унiзе. Было вiдаць, як за штораю ходзiць мажная жанчына.

– Хадзем, – уздыхнуў Мэгрэ, з цяжкасцю вылазячы з маленькай машыны, i выбiў люльку аб абцас.

Калi ён ступiў на ходнiкi, штора зварухнулася i жанчына прыпала тварам да акна. Выдавала на тое, што прыезд машыны быў ёй падзеяй.

Мэгрэ ступiў на ганак i спынiўся перад пакрытымi лакам сасновымi дзвярыма, з жалезнай ручкаю i сiнiм акенцам. Ён пачаў шукаць кнопку званка, але перш чым знайшоў яе, пачуў голас з-за дзвярэй:

– Хто там?

– Панi Турэ?

– Я.

– Я хацеў бы пагаварыць з вамi.

Але жанчына не рашалася адчынiць дзверы.

– Палiцыя, – цiха дадаў Мэгрэ.

Гаспадыня зняла ланцужок, адсунула засаўку i, агледзеўшы мужчын праз шчылiну прыадчыненых дзвярэй, спыталася:

– А што вам трэба?

– Пагаварыць з вамi.

– Чым вы дакажаце, што вы з палiцыi?

Мэгрэ паказаў палiцэйскi жэтон.

– Добра. Спадзяюся, ён не фальшывы, – сказала панi Турэ, убачыўшы жэтон, i ўпусцiла нечаканых гасцей.

Вузкi калiдор, выбеленыя сцены, пакрытыя лакам дзверы i плiнтусы. Дзверы на кухню заставалiся адчыненыя, жанчына правяла iх у суседнi пакой i запалiла святло.

Мэгрэ разгледзеў гаспадыню. Сорак – сорак пяць гадоў, як i мужу, паўнейшая за яго, але не рыхлая, а шырокая ў касцях. Iмпазантнай не назавеш. Шэрая сукенка i фартух, якi яна машынальна церабiла, яшчэ больш спрошчвалi яе.

Спынiлiся яны ў сталовай. Абсталюнак у вясковым стылi, кожная рэч на сваiм месцы, як на вiтрыне мэблевай крамы. Нiдзе нiчога лiшняга – нi кiнутай люлькi цi пачка цыгарэт, нi шытва цi нават газеты, нiчога такога, што магло б даць хоць нейкае ўяўленне, чым тут людзi жывуць.

Сесцi гаспадыня гасцей не запрасiла, але выразна паглядзела на iхнiя ногi, перасцерагаючы ўсiм сваiм выглядам: "Не запэцкайце лiнолеум!"

– Слухаю вас.

– Вашага мужа зваць Луi Турэ?

Нахмурыўшы бровы i спрабуючы здагадацца, што прывяло сюды палiцыю, яна кiўнула галавою.

– Ён працуе ў Парыжы?

– Памочнiкам дырэктара фiрмы "Каплан i Занэн", на вулiцы Бондзi.

– Ён працаваў калi-небудзь на складзе?

– Працаваў.

– Даўно?

– Некалькi гадоў таму назад. Але ўжо тады ён быў у дырэктара першым памагатым.

– У вас няма яго фатаграфii?

– А нашто яна вам?

– Мне б хацелася ўпэўнiцца...

– У чым? – Падазрона ўзiраючыся ў гасцей, панi Турэ запыталася: – Луi трапiў у аварыю?

Яна машынальна паглядзела на насценны гадзiннiк, якi вiсеў на кухнi, усё роўна як прыкiдвала, дзе цяпер можа быць муж.

– Спярша я павiнен упэўнiцца, цi ён гэта.

– Гляньце на сервант, – сказала яна.

Падышоўшы да серванта, Мэгрэ ўбачыў некалькi фатаграфiй: на адной маладзенькая дзяўчына, на другой – чалавек, – зарэзаны ў тупiку, але маладзейшы, у чорным.

– Вы часам не ведаеце, цi ёсць у вашага мужа ворагi?

– Адкуль яны ў яго могуць быць?

Гаспадыня выйшла на хвiлiнку ў кухню i выключыла газавую гарэлку – на плiце нешта закiпела.

– А якой гадзiне вяртаецца ён звычайна дамоў?

– Ён выязджае з Лiёнскага вакзала ў шэсць дваццаць дзве. Дачка вяртаецца наступным цягнiком, яна пазней заканчвае працаваць. У яе адказная пасада, i...

– Я вымушаны папрасiць вас праехаць з намi ў Парыж.

– Луi памёр? – Яна паглядзела на iх спадылба, позiркам жанчыны, якая не церпiць маны. – Скажыце мне праўду.

– Яго забiлi.

– Дзе?

– У тупiку ля бульвара Сэн-Мартэн.

– Што яму там спатрэбiлася?

– Не ведаю.

– Калi гэта здарылася?

– Мы мяркуем, недзе пасля паловы пятай.

– А палове пятай ён быў яшчэ ў Капланаў. Вы з iмi гаварылi?

– Не, не паспелi. Ды мы й не ведаем яшчэ, дзе ён працуе.

– А хто ж яго забiў?

– Якраз гэта мы i спрабуем высветлiць.

– Ён быў адзiн?

Мэгрэ адчуў раздражненне.

– Цi не лепей вам апрануцца i паехаць разам з намi?

– Што вы з iм зрабiлi?

– Цяпер ён у Iнстытуце судова-медыцынскай экспертызы.

– Гэта морг?

Мэгрэ змаўчаў.

– Як мне папярэдзiць дачку?

– Можаце пакiнуць цыдулку.

Гаспадыня задумалася.

– Не. Мы лепей заедзем да маёй сястры, i я перадам ёй ключ. Яна прыйдзе сюды i дачакаецца Монiкi. Дачку вам таксама трэба ўбачыць?

– Пажадана.

– Дзе ёй лепш сустрэцца з намi?

– У маiм бюро на набярэжнай Арфэўр. Гэта будзе найбольш аператыўна. Колькi ёй гадоў?

– Дваццаць два.

– А вы не маглi б папярэдзiць яе па тэлефоне?

– Па-першае, у нас няма тэлефона, а па-другое, яна ўжо пайшла з працы i едзе на вакзал. Пачакайце мяне.

Яна паднялася наверх па лесвiцы, якая ўся рыпела пад ёю – дом быў пабудаваны з уцэненых матэрыялаў, i дажыць да старасцi яму наўрад цi было наканавана.

Унiз яна спусцiлася ў чорным, напарфумленая. Падышоўшы да машыны, панi Турэ спынiлася, усё роўна як сумнявалася, цi памесцiцца яна ў такiм маленькiм аўтамабiлi. Нехта назiраў за iмi з суседняга акна.

– Сястра жыве за два кварталы адсюль. Няхай шафёр паверне направа, а потым на другую вулiцу налева.

Домiкi сясцёр здавалiся блiзнятамi. Адрознiвалiся яны хiба што колерам шкла ў акенцы на дзвярах: тут яно было жоўтае.

– Я зараз вярнуся, – сказала панi Турэ, выйшаўшы з машыны, аднак затрымалася хвiлiн на пятнаццаць.

Вярнулася яна разам з сястрою, падобнай на яе як дзве кроплi вады i таксама апранутай у чорнае.

– Сястра паедзе з намi. Я думаю, месца хопiць. Яе муж пойдзе да мяне i дачакаецца Монiкi. Сёння ў яго выхадны. Ён кантралёр на чыгунцы.

Мэгрэ сеў побач з шафёрам. Сантонi ледзь уцiснуўся на сядзенне побач з мажнымi жанчынамi. Па дарозе сёстры перашэптвалiся.

Калi яны прыехалi ў Iнстытут судмедэкспертызы, цела Луi Турэ ўжо ляжала на мармуровай плiце. Нябожчыка згодна з загадам Мэгрэ яшчэ не распраналi. Камiсар сам адкiнуў з твару забiтага прасцiну.

Мэгрэ назiраў за сёстрамi. У цемнаце ён прыняў iх за блiзнят. А цяпер, пры яркiм святле, заўважыў, што сястра гады на тры-чатыры маладзейшая.

– Вы яго пазнаяце?

Панi Турэ трымала ў руках насоўку, але не плакала. Сястра трымала яе пад руку.

– Гэта Луi... Нябога... – уздыхнула ўдава. – Цi магла б я падумаць уранку... – Раптам яна заўважыла: – Яму ж нiхто не закрыў вочы...

– Можаце гэта зрабiць.

Сёстры пераглянулiся: а чый гэта абавязак?.. Разважыўшы, панi Турэ з урачыстым выглядам закрыла мужу вочы.

Прашаптаўшы: "Бедны Луi..." – яна звярнула ўвагу на чаравiкi нябожчыка, бачныя з-пад прасцiны, i адразу ж нахмурыла бровы.

– Што гэта?.. Хто надзеў яму гэтыя чаравiкi?

– Яны былi на iм, калi мы яго знайшлi.

– Не можа быць. Луi нiколi не насiў жоўтых чаравiкаў. Прынамсi, за ўсе дваццаць шэсць гадоў, што мы разам жылi. Ён ведаў: я такога колеру не дапусцiла б. Жанна, ты бачыла?

Сястра згодна кiўнула.

– Вы ўсё-такi падумайце, – сказаў Мэгрэ, – цi былi ў яго такiя адзежа i абутак... А можа, гэта не ён?

– А хто ж? Але чаравiкi не ягоныя. Я ж чышчу iх кожны дзень. Магла я запомнiць iх колер?.. Сёння ўранку на iм былi чорныя чаравiкi на двайной падэшве, ён надзяваў iх ца працу.

Мэгрэ адкiнуў прасцiну да канца.

– Палiто ягонае?

– Ягонае.

– А гарнiтур?

– Таксама. А гальштук – не. Ён нiколi не надзеў бы такога яркага гальштука. Гэты ж амаль чырвоны!

– Якi лад жыцця быў у вашага мужа?

– Сама мерны. Сястра можа пацвердзiць. Уранку ён ад'язджаў на працу, сядаў у аўтобус, ехаў да вакзала на цягнiк у восем семнаццаць. На Лiёнскiм вакзале ён спускаўся ў метро i выходзiў на станцыi Сэн-Мартэн.

Супрацоўнiк Iнстытута зрабiў Мэгрэ знак, i камiсар, зразумеўшы яго, падвёў сясцёр да другога стала, на якiм былi раскладзены рэчы, знойдзеныя ў кiшэнях у забiтага.

– Спадзяюся, вы пазнаяце гэтыя рэчы?

На стале ляжалi срэбраны гадзiннiк з ланцужком, насоўка без меткi, пачаты пачак цыгарэт, запальнiчка, ключ i, побач з кашальком, два сiнiя бiлеты.

– Квiткi ў кiно, – адзначыла панi Турэ.

Мэгрэ дадаў, зiрнуўшы на iх:

– Кiнатэатр "Навiны дня", бульвар Бон-Нувэль. Калi я не памыляюся, квiткi сённяшнiя.

– Не можа быць. Ты чуеш, Жанна?

– Цiкава, – адказала сястра.

– Будзьце ласкавы, гляньце, што там у кашальку.

Праверыўшы кашалёк, панi Турэ зноў нахмурыла бровы.

– У Луi не было столькi грошай уранку.

– Вы ўпэўнены?

– Я ж кожную ранiцу правяраю, цi ёсць у яго грошы. Ён нiколi не бярэ з сабою больш як тысячу дзвесце, тысячу трыста.

– Можа, ён сёння атрымаў грошы?

– Ды не, цяпер жа канец месяца.

– Калi ён вяртаўся ўвечары, у яго заўсёды заставалiся грошы?

– За вылiкам тых, што ён плацiў за метро i цыгарэты. А на цягнiк у яго праязны.

Яна не рашалася пакласцi кашалёк сабе ў сумку.

– Напэўна, ён вам яшчэ патрэбны?

– Пакуль што патрэбны.

– Я нiяк не магу зразумець, чаму ў яго гэтыя гальштук i чаравiкi. I чаму, калi ўсё гэта здарылася, ён не быў у сябе ў краме?..

Нiчога не адказаўшы, Мэгрэ папрасiў яе распiсацца на бланках.

– Вы паедзеце дамоў?

– Калi мы зможам забраць цела?

– Напэўна, праз дзень цi два.

– Яго будуць ускрываць?

– Магчыма. Але не абавязкова.

Панi Турэ паглядзела на гадзiннiк.

– Праз дваццаць хвiлiн адыходзiць наш цягнiк, – сказала яна сястры i звярнулася да Мэгрэ: – Цi не маглi б вы давезцi нас да вакзала?

– Ты не будзеш чакаць Монiку? – запыталася ў панi Турэ сястра.

– Яна можа вярнуцца сама.

Вяртаючыся з Лiёнскага вакзала ў палiцыю, Мэгрэ i Сантонi яшчэ раз зiрнулi з машыны сёстрам услед.

– Ведзьма! – прабурчаў Сантонi па дарозе з вакзала на набярэжную Арфэўр. Нябозе, вiдаць, было не надта весела.

– Ва ўсякiм разе, з ёю.

– Што вы думаеце пра гэтыя чаравiкi? Калi б яны былi новыя, можна было б падумаць, што ён купiў iх сёння...

– Наўрад цi. Ён не пасмеў бы. А цiкава, цi падобная на мацi дачка?

Заехалi ў пiўную перакусiць. Мэгрэ патэлефанаваў жонцы i сказаў, што не ведае, калi вернецца.

Калi яны пад'ехалi да камiсарыята, вартавы-палiцэйскi паведамiў Мэгрэ:

– Вас пыталася нейкая дзяўчына. Кажа, што вы яе выклiкалi. Я адправiў яе ў вашае бюро.

– Даўно?

– Хвiлiн дваццаць назад.

Туман зноў змянiўся дажджом, i пыльныя прыступкi лесвiцы стракацелi мокрымi слядамi. Большасць пакояў ужо апусцела. Але ў некаторых яшчэ гарэла святло.

– Мне застацца з вамi? – спытаўся Сантонi.

Мэгрэ кiўнуў. Раз ужо пачаў расследаванне з iм – будзе з iм i працягваць.

У чакальнi сядзела дзяўчына ў блакiтным капялюшыку. Твар з-за слабага святла разгледзець было цяжка. Дзяжурны, якi чытаў вячэрнюю газету, далажыў:

– Гэта да вас, шэф.

– Я ведаю.

Звяртаючыся да дзяўчыны, Мэгрэ запытаўся:

– Панна Монiка? Хадземце, калi ласка, у мой кабiнет.

Мэгрэ запалiў настольную лямпу. Святло ўпала на крэсла, i, калi камiсар прапанаваў дзяўчыне сесцi, то адразу заўважыў сляды слёз на яе твары.

– Дзядзька ўсё мне сказаў.

Мэгрэ загаварыў не адразу, прыгледзеўся да дзяўчыны. Яна, як i мацi, трымала ў руцэ насоўку, але сцiскала яе неяк па-дзiцячы, усё роўна як мяла камяк пластылiну.

– Я думала, што заспею маму ў вас.

– Яна паехала дадому.

– Як яна?..

Ён не ведаў, што адказаць.

– Ваша мацi – мужная жанчына.

Монiка здалася камiсару абаяльнай: непадобная да мацi, праўда, таксама ў целе. На ёй быў вельмi элегантны гарнiтур, што здзiвiла Мэгрэ: пакупка, вiдавочна, была зроблена ў дарагой краме.

– Каму ж спатрэбiлася ягонае жыццё? – Слёзы зноў з'явiлiся ў яе на вачах.

Камiсару чамусьцi здавалася, што яна не зусiм шчырая. Мацi таксама трымалася насцярожана, аднак калi ўлiчыць характар, у якiм Мэгрэ паспеў сёе-тое ўгледзець, то яе можна было зразумець. Панi Турэ здавалася ганебным, што яе мужа зарэзалi ў нейкiм цёмным тупiку. Яна зацiснула жыццё, i сваё, i сваёй сям'i, у строгiя рамкi, i гэтая смерць выходзiла з iх. Ды яшчэ гэтыя жоўтыя чаравiкi i амаль што чырвоны гальштук!

А дачка нiбыта баялася пытанняў.

– Вы добра ведалi бацьку?

– Ну... вядома...

– Вы, пэўна, ведалi яго так, як дзецi ведаюць сваiх бацькоў. А я пытаюся ў вас, цi давяраўся ён вам, цi гаварыў з вамi пра сваё асабiстае жыццё...

– Ён быў добры бацька.

– Ён быў шчаслiвы?

– Напэўна.

– Вы калi-небудзь сустракалiся ў Парыжы?

– Не разумею. Вы маеце на ўвазе на вулiцы?

– Я ведаю, што вы вярталiся дамоў рознымi цягнiкамi. Але вы маглi калi-нiкалi разам абедаць.

– Здаралася.

– Часта?

– Не. Рэдка.

– Вы заходзiлi да яго ў краму?

Дзяўчына вагалася.

– Мы сустракалiся ў рэстарацыi.

– Вы тэлефанавалi яму?

– Нiколi.

– Калi вы абедалi з iм апошнi раз?

– Некалькi месяцаў назад. Да адпачынку.

– Дзе?

– У "Эльзасе". Гэта рэстаранчык на Севастопальскiм бульвары.

– Ваша мацi ведала пра гэта?

– Не памятаю. Думаю, я ёй казала.

– Ваш бацька быў вясёлы чалавек?

– Вясёлы. Ва ўсякiм разе, на маю думку.

– А здароўе ў яго было добрае?

– Ён нiколi не хварэў.

– Сябры ў яго былi?

– Мы бывалi пераважна ў маiх цётак i дзядзькоў.

– Яны жывуць у Жувiзi?

– Так, непадалёк ад нас. Дзядзька Альбэр, муж цёткi Жанны, i сказаў мне, што бацьку забiлi.

– I шмат iх у вас?

– Дзве цёткi i два дзядзькi. Цётка Сэлiна з дзядзькам Жульенам жывуць трохi далей. Дзядзькi абодва чыгуначнiкi.

– Панна Монiка, а цi сустракаецеся вы з якiм-небудзь маладым чалавекам?

Дзяўчына сумелася.

– Не будзем зараз пра гэта. Мне трэба паглядзець на бацьку?

– Вы што маеце на ўвазе?

– Як я зразумела з дзядзькавых слоў, мне трэба будзе апазнаць цела.

– Ваша мацi i цётка зрабiлi ўжо гэта. Але, калi вы хочаце...

– Не. Я ўбачу яго дома.

– Пачакайце яшчэ трохi, панна Монiка. Вам прыходзiлася сустракаць вашага бацьку ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?

– У жоўтых чаравiках? – паўтарыла яна задуменна.

– Не зусiм жоўтых, хутчэй бэжавых. У мой час, даруйце за выраз, такi колер называлi "дзiцячым паносам".

– Нешта не памятаю.

– А чырвонага гальштука на iм не заўважылi?

– Не.

– Вы даўно хадзiлi ў кiно?

– Учора пасля абеду.

– У Парыжы?

– У Жувiзi.

– Не буду вас больш затрымлiваць. Думаю, вы зможаце сесцi на цягнiк...

– Праз трыццаць пяць хвiлiн.

Яна паглядзела на гадзiннiк, узнялася, але не пайшла адразу, а затрымалася на iмгненне.

– Да пабачэння, – сказала яна нарэшце.

– Да пабачэння, панна. Дзякую вам.

Мэгрэ праводзiў дзяўчыну i зачынiў за ёю дзверы.

2. ПАННА "IЛЬВIЦА"

Мэгрэ, сам не ведаючы чаму, заўсёды вылучаў участак Вялiкiх бульвараў памiж плошчаю Рэспублiкi i Манмартрам. Уласна кажучы, гэта быў ягоны квартал. Сюды, у кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, непадалёк ад тупiчка, дзе забiлi Луi Турэ, ён пешшу, пад руку са сваёй жонкаю, заходзiў амаль кожны тыдзень. Побач, якраз насупраць кiнатэатра, была пiўная, дзе ён любiў перакусiць сасiскамi з капустаю.

Далей, у накiрунку да Оперы, бульвары рабiлiся свабаднейшыя, але тут, памiж Сэн-Мартэн i плошчаю Рэспублiкi, яны хутчэй нагадвалi нейкiя змрочныя траншэi, у якiх, бы ў мурашнiку, вiруе жыццё – часам ажно галава кружылася ад усёй гэтай мiтуснi.

Ранiца была шэрая i халодная, але не такая сырая, як напярэдаднi. Мэгрэ выйшаў з дому а палове дзевятай i за чвэрць гадзiны, не спяшаючы, дайшоў да вулiцы Бондзi. Недзе тут, у фiрме "Каплан i Занэн", i працаваў Луi Турэ ўсё сваё жыццё, у тым лiку, мабыць, i ў дзень сваёй гiбелi.

Пошукi патрэбнага нумара прывялi Мэгрэ да старой, занядбанай будынiны. Уваходныя дзверы былi адчынены насцеж, па абодвух баках вiселi розныя шыльдачкi: "Урокi машынапiсу", "Продаж пёраў", "Набiўка матрацаў", "Юрыдычны кансультант", "Дыпламаваная масажыстка".

Кансьержка раскладвала пошту па скрынях.

– Дзе тут фiрма "Каплан i Занэн"? – спытаўся Мэгрэ.

– Шаноўны пан, праз месяц будзе ўжо тры гады, як фiрма перастала iснаваць.

– I вы ўвесь гэты час жылi тут?

– Я жыву тут ужо дваццаць шэсць гадоў.

– А цi ведалi вы Луi Турэ?

– Яшчэ як! А што з iм здарылася, вы не скажаце? Ён не заходзiў да мяне ўжо некалькi месяцаў.

– Ён памёр.

– Божа лiтасцiвы... Такi здаровы мужчына! Што з iм здарылася? Сэрца, мабыць?..

– Яго забiлi ўчора пад вечар ударам нажа ў спiну.

Кансьержка ажно здранцвела.

– Я яшчэ не чытала сёння газет...

Пра гiбель Луi Турэ ў газетах было згадана ўсяго ў некалькiх радках, як пра банальнае здарэнне.

– I хто гэта мог забiць такога добрага чалавека?.. Дваццаць тры гады ён хадзiў мiма майго пакоя пад лесвiцай, праходзiў па чатыры разы на дзень i кожны раз казаў мне што-небудзь прыемнае. Калi пан Каплан закрыў сваю фiрму, пана Луi нiбыта падкасiла...

Кансьержка выцерла слёзы i высмаркалася.

– Пан Каплан яшчэ жывы?

– Я вам магу даць яго адрас. Ён жыве на плошчы Маё. Выдатны чалавек, але зусiм iншы. Яго бацька, напэўна, таксама яшчэ жывы.

– Чым яны гандлявалi?

– Як, вы не ведаеце гэтай фiрмы?!

Яна так здзiвiлася, што можна было падумаць, увесь свет павiнен ведаць фiрму "Каплан i Занэн".

– Я з палiцыi, – растлумачыў Мэгрэ. – Мне трэба ведаць усё, што датычыць пана Турэ.

– Для нас ён быў проста панам Луi. Усе яго так i звалi, многiя нават не ведалi ягонага прозвiшча. Пачакайце, калi ласка, хвiлiнку...

Яна таропка рассоўвала астатяiя лiсты па скрынях, прычынiла дзверцы ў грубцы i накiнула на плечы шаль.

– Пан Луi забiты! Хто б мог падумаць! Такi чалавек... Хадземце. Я пакажу вам дом. Яго павiнны былi знесцi яшчэ тры гады назад i пабудаваць на гэтым месцы кiнатэатр. Жыхароў загадзя папярэдзiлi, я нават з'язджала да сваёй дачкi ў Ньеўр. Таму пан Каплан i закрыў сваю фiрму. А можа, яшчэ i таму, што апошнiя гады справы ў яго былi няважныя: ягоны сын, пан Макс, глядзеў на жыццё зусiм не так, як бацька... Хадземце сюды...

Яны прайшлi ў вялiкi ўнутраны двор, i камiсар убачыў павiльён са шкляным дахам, падобны на вакзальнае памяшканне. Над уваходам можна было яшчэ прачытаць колькi лiтар на аблезлай шыльдзе "Каплан i Занэн".

– Калi я пасялiлася тут, Занэнаў ужо не было. Справы вёў стары Каплан. Ён быў так падобны на Дзеда Мароза, што дзецi на вулiцы спынялiся i глядзелi яму ўслед.

Замок на дзвярах у павiльён быў вырваны. Усярэдзiне – рэзрух. Якi быў гэты свет, дзе яшчэ тры гады назад жыў Луi Турэ, уявiць было цяжка.

Велiзарная зала з разбiтым шкляным дахам, уздоўж сцен, як у фешэнебельнай краме, адна над адной – галерэi; прылаўкi i палiцы былi знятыя, але на сценах яшчэ заставалiся сляды ад iх.

– Кожны раз, калi пан Луi заходзiў да мяне...

– А ён часта гэта рабiў?

– Раз у два-тры месяцы. I заўсёды прыносiў што-небудзь смачнае... Я адчувала, што на душы ў яго цяжка... Памятаю, у пана Каплана працавала да дваццацi ўкладчыц, а то i болей, перад святамi даводзiлася працаваць i ўначы. Пан Каплан вёў аптовы гандаль, прадаваў тавар дробным гандлярам. Чаго толькi ў яго не было! Прыстаўныя бароды, кардонныя свiстулькi, шары, карнавальны серпанцiн, маскi, сувенiры з марскога ўзбярэжжа... Не было як прайсцi праз залу... Часта адзiн толькi пан Луi i мог знайсцi патрэбны тавар...

– Ён быў кладаўшчыком?

– Кладаўшчыком. Ён заўсёды хадзiў у шэрым халаце. Справа, вось у гэтым куце, стаяў за шкляной перагародкаю стол пана Каплана, маладога, бо пасля першага ўдару стары ўжо больш не прыходзiў у краму. З панам Максам сядзела сакратарка, панна Леон, а бухгалтар быў там, на першым паверсе. Нiхто тады i не думаў, што ўсяму гэтаму хутка настане канец. I вось аднаго дня, у кастрычнiку цi ў лiстападзе, не магу сказаць больш дакладна калi, памятаю адно, было ўжо холадна, пан Макс сабраў усiх i аб'явiў, што закрывае фiрму i прадае тавар iншаму аптавiку. Усе тады думалi, што дом будзе знесены i тут пабудуюць кiнатэатр. Усе жыльцы атрымалi паведамленне аб зносе. Многiя выехалi. А iншыя не сталi спяшацца i не памылiлiся: жывуць сабе тут спакойна дагэтуль. Але дом усё-такi прададзены, i новыя ўладальнiкi адмаўляюцца рабiць рамонт. Жыльцы ўсё судзяцца з iмi, сюды ледзь не кожны месяц з суду прыходзяць. Я сама двойчы збiрала рэчы...

– А вы знаёмы з панi Турэ?

– Нiколi не бачыла. Яна жыла ў прыгарадзе, у Жувiзi...

– Яна там i цяпер жыве.

– Вы яе бачылi? Якая яна?

Мэгрэ адно скрывiўся.

– Так я i думала. Пан Луi не меў дома шчасця. Толькi тут ён яго i знаходзiў. I ўдар ён перанёс цяжэй за iншых: ён ужо быў у такiх гадах, калi цяжка мяняць лад жыцця.

– Колькi яму было тады?

– Сорак пяць цi сорак шэсць.

– Вы не ведаеце, чым ён займаўся потым?

– Не. Ён нiколi мне пра гэта не казаў. Вiдаць, цяжка яму бывала. Доўгi час ён зусiм не заходзiў. А аднойчы ўранку я iшла па бульвары – раптам бачу яго на лаўцы. Мяне ажно скаланула. Не такому ж чалавеку, як пан Луi, сядзець на лаўцы ў гэткую пару! Я ўжо хацела падысцi да яго, але падумала, што яму будзе няёмка, i прайшла мiма.

– Праз колькi часу пасля закрыцця фiрмы гэта здарылася?

У павiльёне было вельмi холадна, i кансьержка прапанавала:

– Хочаце зайсцi да мяне пагрэцца?.. А колькi часу прайшло, цяжка сказаць. Вiдаць, гэта было ў канцы зiмы, бо бралася ўжо на цяпло, але дрэвы яшчэ не зазелянелi.

– А калi вы яго зноў убачылi?

– О, прайшло шмат часу!.. У самы разгар лета. Найбольш мяне здзiвiла тое, што на iм былi чаравiкi... колеру дзiцячага паносу... Чаму вы так глядзiце на мяне?

– Так проста. Працягвайце.

– Гэта не ў ягонай звычцы. Я заўсёды бачыла на iм толькi чорныя чаравiкi. Ён зайшоў да мяне i паклаў на стол маленькую скрыначку, белую, з залатой стужкаю – у ёй былi шакаладныя цукеркi. Сеў на гэтае крэсла. Я згатавала яму фiлiжанку кавы, потым збегала ў краму, купiла пляшку кальвадосу, а ён застаўся пасядзець за мяне ля ўвахода.

– Што ён расказваў вам?

– Нiчога асаблiвага. Адчувалася, што яму прыемна дыхаць паветрам нашага дома.

– Так нiчога i не сказаў пра сваё новае жыццё?

– Я запыталася, цi задаволены ён сваiм цяперашнiм жыццём, ён сказаў, што задаволены. Ва ўсякiм разе, ён больш не сядзеў ва ўстанове, бо была ранiца, дзесяць-адзiнаццаць гадзiн. Другi раз ён прыйшоў пасля абеду, i на iм быў вельмi яркi гальштук. Я трохi пасмяялася з яго, што ён стараецца маладзiцца, але ён зусiм не пакрыўдзiўся – пан Луi мала калi сердаваў. Потым я загаварыла пра ягоную дачку – я яе нiколi не бачыла, але ён паказваў мне яе здымак, калi ёй было ўсяго некалькi месяцаў. Нячаста сустракаеш чалавека, якi так ганарыцца сваiм дзiцём. Ён усiм расказваў пра дачку i заўсёды насiў з сабою яе картку.

Мэгрэ згадаў: у кiшэнi ў Турэ нiякiх iншых фатаграфiй Монiкi, апроч здымка зусiм маленькай дзяўчынкi, не знайшлi.

– Што вы яшчэ можаце пра яго сказаць?

– А я i не ведаю. Я ж тут з ранку да вечара, у гэтых мурах... Як Капланы закрылiся ды яшчэ цырульнiк з другога паверха з'ехаў, дык тут зусiм цiха стала. Жыльцы многiя з'ехалi, суды гэтыя пачалiся, архiтэктары сноўдаюцца з планамi iхняга кiнатэатра, а дом патроху развальваецца – вось i ўсё маё тут жыццё...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю