355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юлія Шарова » Вяртанне Ліліт » Текст книги (страница 6)
Вяртанне Ліліт
  • Текст добавлен: 5 мая 2019, 01:00

Текст книги "Вяртанне Ліліт"


Автор книги: Юлія Шарова



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 6 страниц)

34

Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)

Не мела ахвоты пра гэта пісаць, але не магу стрымацца. Уявіце сабе: чалавек, якога я ўважала за свайго каханага мужчыну, раптам выкідае мяне з рэчамі! Проста збірае маю валізу і выносіць яе з кватэры. І пагражае міліцыяй, калі я буду ламіцца ў дзверы. Нож у спіну. Перад самымі святамі, калі прагнеш любіць усё чалавецтва!

Я ў шоку, я ў сапраўдным шоку! Той, дзеля каго я кінула многіх сваіх сяброў, памяняла звычкі, наступіла сабе на горла, проста выстаўляе мяне за дзверы. Без тлумачэння прычынаў. А я ўсяго толькі не прыйшла начаваць пасля блогерскай вечарынкі, а раніцай ад мяне крыху патыхала алкаголем (так, мы дарослыя дзяўчынкі і хлопчыкі, мы не абмяжоўваемся мінералкай!).

Мая вера ў чалавецтва і ў мужчын падарваная. Я не буду прыніжацца і прасіцца назад, я вышэйшая за гэта.

UPD: Мо хто пусціць мяне пажыць на пару дзён, пакуль не найму кватэру, га? А то я цяпер сяджу з ноўтам і валізай на вакзале, нават падзарадзіцца няма дзе…

35

Транзіты: Сонца ў Стральцы ў злучэнні з рэтраградным Меркурыем (спалены), Месяц у Блізнятах, Венера ў Скарпіёне, Марс у злучэнні з Плутонам і Раху ў Казярогу, Юпітэр у злучэнні з Уранам у Рыбах, Нептун у Вадаліве. Ліліт у 20 градусе Рыбаў

Увечары таго дня Мілана выйшла з дому набыць харчоў у найбліжэйшай краме і раптам пабачыла, што побач з ейным пад’ездам прыпаркаваўся падазроны джып. Уласна, чаму падазроны – яна адразу сцяміла, што прыйшлі па яе. Было ўжо досыць цёмна, таму дзяўчыну не распазналі, і толькі так яна магла патлумачыць бяздзеянне выканаўцаў.

Мілана сама сабой пайшла не ў бок крамы, а на прыпынак, і там ускочыла ў аўтобус-адзінку, які павёз яе да цэнтральнай плошчы горада. А там акурат гуртаваліся людзі, якія былі не згодныя з тым, што іх Уладар застаецца на сваім троне яшчэ на некалькі гадоў. Натоўп мае свайго бога, і калі вы трапілі пад ягоны ўплыў, то ўжо не можаце цалкам абапірацца на ўласную волю. Так здарылася і з Міланай.

Там яна сустрэла Лукаша. Раней яна не бачыла яго такім гнеўным: ён быў пераўзбуджаны, казаў пра несправядлівасць і меркаваў, што трэба дамагацца праўды. Душа мудрага старога трапіла ў палон юначага імпэту. Мілана не ведала, ці можа гэты абаронца краю ў выпадку патрэбы пастаяць за самога сябе, але дзеля ўсяго дзеля вырашыла прыгледзець за Лукашам.

Разам яны трапілі ў самы вір падзеяў. Калі бог натоўпу скіраваў людзей на іншую плошчу, дзе іх чакалі спецназаўцы з дручкамі, Лукаш адным з першых атрымаў удар па спіне. Ён паспеў затуліць Мілану, каб дручок не апусціўся на яе. Яго збівалі адразу некалькі чалавек – з бессэнсоўнай жорсткасцю, скіраванай на бога натоўпу, а не на самога Лукаша.

– Усё, годзе! – выгукнула Мілана.

Пяцёра спецназаўцаў, якія ўжо гатовыя былі пацягнуць паўнепрытомнага хлопца ў машыну, каб весці ў вязніцу, раптам апусцілі дручкі і пабеглі ў іншы бок плошчы. Мілана ўчапілася ў каўнер Лукашавай курткі і дапамагла яму ўзняцца. Канцэнтравацца было складана, трымаць зрокавы кантакт з людзьмі ў чорных шаломах – яшчэ складаней. Урэшце ў яе атрымалася прабіцца разам са сваім прыяцелем праз кола, у якое ўзялі пратэстоўцаў, і ўцячы ў бок чыгункі.

Прыпыніліся ажно на Маскоўскай. Збочылі ў зацішныя дворыкі і там прыселі на лаўку. Лукашу рассеклі губу і падбілі вока, а ён усё казаў, што мусіць быць там, дзе і бацька, бо яму важна ўрэшце замірыцца з ім.

– Слухай мяне, – распачала Мілана. – Табе забаронена пакідаць Мінск, праўда? Калі цябе затрымаюць, ты вылеціш з універсітэта, праўда? Ты будзеш нікім. Або вядомым змагаром з уладай. Можа быць, пасядзіш у вязніцы. Затое замірышся з бацькам і працягнеш ягоную справу. Лукаш, тваё жыццё і без таго несалодкае, то навошта яго ўскладняць?!

Пакуль яна прамаўляла сваю тыраду, Лукаш нешта мармытаў, размахваючы рукамі, але тон быў такі цвёрды і пераканаўчы, што хлопец сцішыўся і прыклаў да ранаў сурвэтку, якую дала Мілана. Яна адламіла досыць вялікі лядзяш і змусіла патрымаць яго ля таго месца на твары, дзе неўзабаве меўся вылезці здаравенны сіняк.

– Усё хацеў табе сказаць… з таго часу, як ты з’явілася, я пачаў мірыцца са сваім жыццём тут, – прамовіў Лукаш.

Тады Мілана загаманіла пра ўгоду і пра тое, што яе неўзабаве чакае. Лукаш на нейкі час забыўся на толькі што перажытае.

– Цяпер хадзем да мяне, – загадала Мілана. – Табе трэба недзе адседзецца і супакоіцца. Пасля заставайся і жыві там, не чакай Новага года. Гаспадыня ведае, што я перадала табе ключы.

…Джып усё яшчэ стаяў ля пад’езда, і калі Мілана з Лукашам прайшлі паўз яго, адтуль выскачылі двое невядомых мужчын. Не, даражэнькія, пачакайце яшчэ. Іхныя рухі раптоўна запаволіліся, і мужчыны палезлі назад у машыну.

Дома яна дастала з лядоўні кавалачкі лёду і зноў змусіла госця прыкладаць іх да пабітага твару. Лукаш доўга не мог адысці і заснуць. Ён казаў пра бацьку, які можа быць сярод арыштаваных. Злаваўся на сябе, бо пакінуў дома тэлефон і цяпер ні з кім не мог скантактавацца. Разважаў, што будзе казаць бацька, як даведаецца, што сын проста ўцёк з плошчы. Калі ж хлопца ўрэшце змарыла, Мілана накінула на плечы палітон і выйшла з кватэры, бязгучна зачыніўшы за сабой дзверы.

Праз колькі гадзінаў выпадковыя сведкі жыва абмяркоўвалі здарэнне, якое адбылося ў двары ўранні. З пад’езда выйшла маладая чарнявая дзяўчына, да яе падляцелі двое мужчын, схапілі за рукі і запхнулі ў машыну. Дзяўчына зусім не супраціўлялася, не крычала і не клікала на дапамогу. Машына на вялікай хуткасці вылецела з двара, ледзь не задушыўшы мінакоў. Ніхто не запомніў нумара аўто і нават ягонай маркі. Зрэшты, ніхто і не пабег у міліцыю: мажліва, нейкая там прасталытка ад кавалераў бегала, занадта ж прыгожая для звычайнай, прыстойнай паненкі…

Над Мінскам шэрай хмарай вісеў панядзелак, дваццатага снежня.

Частка ІІ. Чорны Месяц

1

Радыкс: Сонца ў 2 градусе Шаляў, Месяц у 12 градусе Вадаліва, асцэндэнт у 29 градусе Панны

Глухая вёска на ўкраінскім Палессі – там засталося колькі дзясяткаў жыхароў. На ўскрайку вёскі жыве немаладая кабеціна разам са сваёй таксама ўжо не юнай дачкой. Дачка Варвара самотная – ніколі не была замужам і не мела дзяцей. Маці гадоў колькі таму казала: плюнь, доча, на ўсе размовы, ад каго хочаш, але нарадзі (а калі дачка была маладой, то крычала іншае: «Заб’ю, калі прынясеш байструка»).

Насіць пазнавата – Варвары ідзе сорак пяты год, дый няма ад каго: наймаладзейшы з тутэйшых кавалераў – дзядзька Іван, яму за шэсцьдзесят, ён цалкам бяззубы і лысы. Астатнія дажываюць свой век. Маладыя паўцякалі ў Чарнігаў ці яшчэ куды.

Варвара нікуды не з’ехала. Яна захавала дзявочы свой гонар, а цяпер лекар ёй сказаў: калі б нарадзіла ў свой час, магло б абысціся.

Другая ступень раку. Лекар выпісвае накіраванне ў абласную і кажа, што трэба тэрмінова здаваць аналізы і рабіць аперацыю, пакуль яшчэ ёсць нейкі шанец. Будзе хімія і пакутлівы курс лекавання без гарантыі. Варвара пра гэта ведае, бо некаторыя аднавяскоўцы спачатку вось так паехалі ў горад на аперацыю, а потым вярнуліся дадому і некалькі тыдняў скавыталі ад болю на ўсю вёску, пакуль не адышлі.

Варвара не паедзе ў Чарнігаў, а пойдзе ў аптэку і набудзе бутэлечку карвалолу. Будзе зусім не балюча.

Сёння Ёль з ягоным найкарацейшым днём і найдаўжэйшай ноччу. Спаць у вёсцы кладуцца рана, асабліва ўзімку. Варвара чакае, пакуль маці пачне храпці. Пасля гэтага вылівае ў шклянку з вадой цэлую бутэлечку, дадае цукру, каб збіць пранізлівую горыч, і нагбом выпівае. Ідзе ў ложак, і даволі хутка яе пачынае хіліць да сну. Інстынкт самазахавання па-здрадніцку б’е трывогу: ужо ў сне яна падскоквае з ложка, у сне будзіць маці, а тая таксама ў сне выбягае з хаты і крычыць: «Ратуйце, ратуйце!»

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю