Текст книги "Вяртанне Ліліт"
Автор книги: Юлія Шарова
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)
14
Сінастрыя: Сатурн мужчыны ў апазіцыі да Сонца жанчыны, квадрат Сонцаў, рэтра-Венера мужчыны ў сэкстылі да рэтра-Венеры жанчыны
Пакуль Мілана рыхтавалася да значнай для сябе ночы, Таня сядзела дома пры сваім старэнькім камп’ютары і душылася плачам. Дзяніс посціў у «Аднакласніках» фоткі з адпачынку, дзе ён быў у кампаніі нейкай двухметровай кабеціны гадоў пад сорак.
А раней казаў, што любіць маладых і крамяных, каб маленькія рукі і ступакі.
Тані было дваццаць пяць і яна насіла трыццаць шосты памер абутку. «А калі б трыццаць чацвёрты, было б наагул крута», – сказаў ёй аднойчы Дзяніс.
І вось ён жмякае арыйскага выгляду бландзінку з магутнымі плячыма і зусім не Папялушку.
За сценкай мама зарыпела старой тахтой. Таня куляй паляцела ў лазенку, каб толькі не распачаліся допыты наконт прычыны слёз. Мама ўмее выбіваць праўду, а Тані ні ў якім разе нельга прызнавацца, што Дзяніс ніколі не заходзіў далей за флірт і ў якасці зяця ў іхную хату не прыйдзе – гэта ўжо напэўна.
Такая раптоўная думка выглядала жудаснай, і Таня схаладзела ад таго, што ці не ўпершыню сказала праўду самой сабе. У лазенцы яна ўмылася і, крадучыся, выйшла на гаўбец. Мама ўключыла свой улюбёны серыял, а значыць на найбліжэйшыя хвілінаў дзесяць, да рэкламнай паўзы, зрабілася бясшкоднай. Дзяўчына схапілася за тэлефон і знайшла ў кантактах нумар Міланы. Ёй тэрмінова трэба паваражыць на Дзяніса і двухметровую кабеціну (карова каровай!), але Мілана недасяжная.
Таня дасылала смс, але Мілана не адказвала. Праз паўгадзіны тое самае. І праз гадзіну.
Папяровы Райдэр – Уэйт здзекаваўся з Тані з асаблівым цынізмам, выдаючы то Блазна, то Суд. Яна ведала, што ў яе з Дзянісам кармічна абцяжараныя стасункі, але ёй не трэба цяпер нічога глабальнага: што ў яго з той кабецінай?!
Іншых папяровых талляў яна не мела, таму пастанавіла пашукаць праўды ў сеціве на эзатэрычных сайтах, дзе ёсць варажба анлайн. Яна абрала Таро Казановы і выклала на ім адну карту. Д’ябал. Тады яна змяніла таллю на Сакрэты, такія, як у Міланы, – і зноў выпаў Д’ябал у таварыстве Блазна і 5 манет. Урэшце яна спынілася на Таро Цмокаў, але і тут выпаў Д’ябал.
Таня вымкнула камп’ютар і зноў выйшла на гаўбец. Яна пашкадавала, што не ўмее курыць – вось было б дарэчы. Але стоп – Дзяніс казаў, што не любіць жанчын-курцоў і сваю жонку ён бы адвучыў. Навошта ёй цыгарэты, яна і так занадта недасканалая.
15
Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)
Мужчыны – наш стымул да самаўдасканалення. Я – Галатэя, ён – Пігмаліён. Гэта так натуральна!
Жаночая прырода занадта прыземленая: калі я не мела мужчыны, дык пераставала зважаць на тое, што ў мяне рэзка вырас памер вопраткі. Я не займалася спортам і ёгай, нагружала свой арганізм шкоднай ежай, а ўжо на асабовы рост мне было шчыра напляваць.
І вось з’явіўся Ён і сказаў: «Галя, нельга маладой дзяўчыне быць такой тлустай!» Я пайшла на ёгу і пачала рабіць дэтокс. За месяц я зменшылася на два памеры і цяпер з радасцю чую, як мой мужчына хваліць мяне.
З валасамі складаней, бо мой мужчына не любіць жанчын з тыфознымі стрыжкамі. Але вы, напэўна, заўважылі на маіх фота, што я мяняюся. Пакуль я спынілася на элегантнай асіметрыі, якую мне зрабіла непараўнаная майстрыха Сняжана. Але ў перспектыве планую абрастаць далей. У гэтым мне дапаможа арганічны шампунь, выраблены маёй цудоўнай сяброўкай Ядзяй, – я спадзяюся, што мае валасы будуць расці на тры сантыметры штомесяц, і пад Новы год я змагу здзівіць свайго мужчыну вельмі жаноцкай фрызурай.
Урэшце, дыета. Мая даўняя і любімая сяброўка Зося знайшла рэцэпт бескаларыйнага зефіру. Зося даўно змагаецца з лішняй вагой і таму выпрабавала прадукт на сабе. З гэтым смачным і карысным дэсертам я спадзяюся стацца зграбнай, каб мой мужчына мог мной ганарыцца.
Я не забываюся і на асабовы рост. Нядаўна прачытала кнігу «Адзінаццаць хвілінаў», а таксама запісалася на курсы ангельскай мовы, на якой умею размаўляць, але саромеюся некаторых памылак. Я займаюся на ўзроўні Pre-Intermediate, і, мяркую, калі мы з маім мужчынам паедзем у Еўропу, яму не давядзецца чырванець праз тое, што я блытаю артыклі.
Зычу кожнай з вас сапраўднага кахання! Толькі яно можа прынесці перамены ў жыццё жанчыны!
16
Радыкс: Ліліт у 5 доме, Месяц у злучэнні з Нептунам у Скарпіёне ў квадратуры да Юпітэра ў 8 доме
Маскоўскі прадпрымальнік Сяргей Іванавіч Караваеў ужо не мог дакладна прыгадаць, калі ён упершыню ўвайшоў у дзверы казіно і як згуляла ягоная самая першая стаўка. Ён улазіў у рызыкоўныя фінансавыя аферы, адна з якіх ледзь не скончылася лавай падсудных. Ён перасяліў сваю сям’ю з новых пяціпакаёвых апартаментаў у трохпакаёўку перыяду савецкага застою. Калі б не добры «дах», атрыманы ад даўняга сябра, прадпрымальніка буйнейшага калібру, Караваева даўно б з’елі расійскія бізнес-піранні. Ён толькі для выгляду нечым там гандляваў, а насамрэч адмываў сяброўскія грошы.
Але гэтага прынамсі ставала на ахвяры, якія ён прыносіў еўрапейскай рулетцы.
Калі год таму ў Маскве пазачынялі ўсе казіно, Караваеў у апошнюю ноч з гора прайграў тысяч дваццаць, не меней. Але бедаваў ён нядоўга: ездзіць у Мінск аказалася не так ужо і дорага. Таму раз на колькі месяцаў расійскі госць наведваўся ў беларускую сталіцу і адпачываў тут душою.
Трэба сказаць, у Мінску, ва ўлюбёным «Коле фартуны», Караваеву шанцавала часцей, чым дома. Апошнія два ваяжы былі нават у плюс. Прынамсі, ён цалкам вяртаў выдаткі на цягнік, гатэль, выпіўку і дзявуляў (а як без гэтага?).
Вось і сёння, у апошні дзень чарговай мінскай вандроўкі, удача была з ім. Караваеў, дарэчы, верыў у спрыяльныя дні і нават выбудоўваў уласную стратэгію гульні. Напрыклад, ён заўважыў, што ў першую дэкаду месяца яму шанцуе болей, чым у другую ці трэцюю. А сёння акурат ноч з другога на трэцяга жніўня, таму ён чакаў багатага прыходу. Караваеў пакуль не рабіў рызыкоўных ставак і гуляў у нуль. Наручны гадзіннік эканом-класа паказваў трэцюю ночы, у галаве шумела спажытае брэндзі – можна і спыніцца. І ён сапраўды развітаўся з іншымі гульцамі і хацеў папрасіць адміністратара, каб яму выклікалі таксоўку, але тут здарылася нечаканае.
Ля гульнявога стала раптам з’явілася высокая мадэльнагнуткая брунетка ў чорнай дэкальтаванай сукенцы. У галаве ўсплыло нешта пра «дыша духами и туманами, она садится у окна» – тое нешматлікае, што Караваеў памятаў з прыстойнай паэзіі.
– Я яшчэ згуляю! – раптам выгукнуў расеец.
Ён чамусьці ведаў, што абавязкова прайграе і што Незнаёмка таксама прайграе. Затое будзе нагода выпіць разам.
Але дзе ён бачыў гэтую дзяўчыну?
Караваеў сцярогся рызыкаваць і паставіў на цотныя. Незнаёмка, наадварот, рызыкавала, бо ставіла на адну лічбу – пятнаццаць. Кола фартуны закруцілася, шарык пабег па ім, як маленькая жвавая вавёрка. Вось ён пачаў запавольвацца… і маскоўскі госць пабачыў, як шарык зручна ўладкоўваецца ў сектары з чорнай лічбай 15. Гульцы, якія ставілі на тузін, на чорныя ці няцотныя, уздыхнулі з палёгкай. Незнаёмка толькі загадкава ўсміхнулася. Яна атрымае ў трыццаць пяць разоў болей, чым паставіла!
Наступным разам Караваеў вырашыў ставіць на чырвоныя. Незнаёмка ж ізноў паставіла на пятнаццаць – і ейная стаўка выйграла! Простае супадзенне, намаўляў сябе бізнесовец, простае супадзенне. Выпадковасць. Дзяўчо, падобна, упершыню ў жыцці ў казіно, а новенькім зазвычай шэнціць. Тады ён паставіў на тузін, ад аднаго да дванаццаці. Азарт імкліва расцякаўся ў ягонай крыві цяжкім наркотыкам. Дзве стаўкі запар прайгралі – і што з таго? Паводле тэорыі імавернасці, чым болей спробаў, тым болей шанцаў.
Незнаёмка нязменна ставіла на пятнаццаць або на групу лічбаў, куды ўваходзіць пятнаццаць, ставіла драбязу і нязменна выйгравала. Іншыя гульцы, якім шэнціла болей, чым расейцу, таксама ставілі на пятнаццаць, на чорныя або на шэраг лічбаў, у які трапляў гэты зачараваны квадрацік. А Караваеў упарта рабіў іншыя стаўкі, быццам хацеў давесці, што масавая істэрыя некалі скончыцца ўсеагульным фіяска.
Дзяўчына часцяком пацірала левай рукой патыліцу і крыху паварочвала сюды-туды галаву.
– Не здзіўляйцеся. Рэч у тым, што я – чорт, – раптам пачуў ён урывак размовы Незнаёмкі з іншым гульцом, які, відаць, спрабаваў фліртаваць.
Гулец засмяяўся, а Караваеў пачаў закіпаць: яшчэ адна гульня – і дзявуля выкуліцца з казіно з мілым ліхам.
Але пятнаццаць выйгравала!!!
Скораны маскоўскі лудаман урэшце адважыўся паставіць на містычную лічбу. Караваеў сачыў, як шарык бяжыць па коле фартуны, а рух рулеткі спакваля запавольваецца. Зараз будзе пятнаццаць, думаў ён.
Шарык трапіў на зэро.
Караваеву раптам падалося, што гожая Незнаёмка ператварылася ў старэнькую карліцу ў блазанскай шапцы са званочкамі. І вось яна стаіць і гнюсна гігікае. Ён накінуўся на паскудную маленькую бабцю і з нецэнзурнымі выгукамі пачаў яе душыць. Бабця запішчэла, замахала маленькімі ручкамі. Караваеў схапіў яе за куртатыя ножкі і хацеў штомоцы бразнуць аб стол…
Потым была міліцыя, нейкая нясвежая бландзінка сярэдняга веку ўсхліпвала і паказвала сінякі на руках і твары. На Караваева начапілі кайданкі.
– Старая блазанка сапраўды чорт! – раптам выгукнуў затрыманы расеец.
– Ну ўсё, годзе, паехалі, – скамандаваў міліцыянт, які скончыў апытанне сведак.
– А можа, у Навінкі? – флегматычна запытаўся сек’юрыці.
– На Акрэсціна! Там яму глузды на месца паставяць, – адпрэчыў міліцыянт і павёў Караваева на двор, дзе ўжо чакала міліцэйская машына.
17
Службовая запіска па выніках праверкі Тарасевіч М. І.
«Праверка выявіла, што Тарасевіч Мілана Ігараўна не ўступала ў злачынную змову з супрацоўнікамі забаўляльнага цэнтра «Кола фартуны» ў мэтах атрымання даходу. Аналіз відэаматэрыялаў, зробленых камерамі відэаназірання ў памяшканнях казіно, не выявіў у дзеяннях Тарасевіч нічога падазронага і супрацьпраўнага. Праверка абсталявання казіно, а таксама апытанне яго супрацоўнікаў паказваюць, што мела месца простае супадзенне.
Тарасевіч М. І. была апытаная і заявіла, што прыйшла ў казіно дзеля забавы. Яна таксама патлумачыла, што раней ніколі не захаплялася азартнымі гульнямі і не збіраецца наведваць такія ўстановы ў далейшым.
Такім чынам, адсутнічаюць падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы згодна з ч. 4 арт. 209 КК РБ.
Паводле атрыманых звестак, Тарасевіч М. І. нідзе і ніколі не была афіцыйна працаўладкаваная. Скончыла 9 класаў Зеленапольскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, навучалася ў будаўнічым ліцэі В***скага раёна, але не скончыла курс навучання. Атрыманыя звесткі паказваюць, што Тарасевіч не забрала дакументы з навучальнай установы, і яны дагэтуль захоўваюцца ў архівах. У 2009 годзе зарэгістравалася ў Мінскім раёне, меркавана, праз пасярэднікаў, якія аказваюць падобныя паслугі насельніцтву. Цягам пэўнага часу супрацоўнічала па дамове падраду з мадэльным агенцтвам «Рэд энд Блэк».
Асобная праверка ў дачыненні Тарасевіч М. І. была праведзеная па лініі Упраўлення высокай маралі МУС РБ. У базах упраўлення Тарасевіч не значыцца, на ўліку па занятках прастытуцыяй не стаіць, не праходзіла па справах аб незаконным абароце наркотыкаў у якасці сведкі, падазраванай ці абвінавачанай.
Разам з тым, упраўленне лічыць неабходным праверыць Тарасевіч на датычнасць да іншых крымінальных справаў. Таксама лічым неабходным правесці праверку ў дачыненні Тарасевіч М. І. па лініі органаў Міністэрства падаткаў і збораў».
18
Радыкс: Сатурн у 3 доме
У жніўні Юрась з Веранікаю паехалі адпачыць у Палангу. Цяпер яны займелі зашмат часу, не запоўненага сэксам, і не ведалі, як ім супольна бавіць доўгія дні і ночы.
Адарваны ад навінаў і гарачых падзеяў на цэлыя два тыдні, Юрась быў не ў гуморы. Глыбокай ноччу, калі ўрэшце спёка адступала і можна было заснуць, ён заплюшчваў вочы – і бачыў сябе ў далёкай мінуўшчыне. Вось ён яшчэ школьнік, дзясяты ці адзінаццаты клас. Здае тэму па ангельскай мове, упэўнена і жвава апавядае пра my future profession. Ён бачыць сябе колішняга, як быццам яму паказваюць дакументальнае кіно пра Юрася-падлетка.
«I want to be a journalist because I want to write stories. I like real stories and I like fiction too. I have a dream. I want to become a writer!»
«Is it a good choice?»
Ён дакладна памятаў, што настаўніца ангельскай мовы задала яму такое пытанне, а ён разгубіўся. І рэч была нават не ў адсутнасці слоўнікавага запасу. Ён і цяпер, у свае амаль дваццаць сем гадоў, не змог бы адказаць.
Is it a good choice?
Гэтае пытанне пераследавала Юрася, як навязлівая слыхавая галюцынацыя, ажно пакуль ён не ўнураўся ў трызненне-сон. Стаць журналістам, займець знаёмствы сярод літаратараў і апублікаваць свае апавяданні, а потым і раман. Без знаёмстваў – нікуды, Юрась гэта разумеў яшчэ ў зусім юным узросце. Вось і ён паступіць на журфак і пойдзе шукаць тыя літаратурныя знаёмствы.
Юрась пачаў кепска спаць, у яго сапсаваўся настрой, і ён з усё большай неахвотай выконваў ролю шчаслівага маладога мужа (і так, на штодзённы сэкс яго часцяком не хапала – яшчэ адно непрыемнае адкрыццё для маладога хлопца!). Вераніка сыходзіла на пляж без яго, палуднавала без яго, гуляла без яго. Юрась запарваў каву, уключаў ноўтбук і пачынаў задуменна слізгаць курсорам мышкі па чыстай старонцы вордаўскага дакумента, які завёў ужо даволі даўно, але не мог ператварыць у раман. Ён гадзінамі медытаваў на адзіны сказ, які здолеў нарадзіць за некалькі тыдняў:
«Уладар сядзеў на троне і думаў пра свой лёс».
Юрась Карповіч сядзеў над гэтай фразай і таксама думаў пра свой лёс. У галаве круціўся сюжэт пра ліхога Уладара, які падпарадкаваў сабе цэлы край з дапамогай магіі. Палітычнае фэнтэзі, думаў журналіст, было б выдатна, ды яшчэ і па-беларуску! Але справа не ішла далей за першы сказ, быццам нехта таксама яго зачараваў. Уладар сядзеў на троне як прылеплены, а Юрась увесь час пераключаўся на сайты навінаў ці кантакты ў скайпе.
Прыяцель і калега распавядаў яму выпадак, пра які даведаўся ад сваёй колішняй аднакласніцы, круп’е ў казіно. У тым казіно прычынілася неверагодная гісторыя: рулетка шмат разоў запар спынялася на лічбе 15! Адна з наведніц двойчы стаўляла на пэўную лічбу, потым мяняла стаўкі, але ўсё адно 15 было выйгрышным у яе. Праверылі рулетку – ніякіх хібаў.
«Фенаменальная дзеўка! – пісаў калега. – Паглядзелі ўсе запісы відэакамер – нічога незвычайнага. Думалі, што нейкі падман, але супрацоўнікі самі ў шоку. Напісаць бы пра такое…»
«Ніх…я не атрымаецца, табе тэму не замовяць. Загадаюць, каб ішоў пісаць пра палітыка ВВ і ягоныя погляды на развіццё прыватнага бізнесу ў Беларусі», – адказаў Юрась з нечаканым для самога сябе сарказмам.
«Твая праўда, стары, – адпісаў прыяцель, і Юрась нібы пачуў праз адлегласць ягоны цяжкі ўздых. – Жыццё цікавейшае за тэмы, якія нам замаўляюць».
Чатаванне з прыяцелем-калегам перапынялася – і Юрась зноў вяртаўся да Уладара, які нерухома сядзеў на троне і з маньяцкай упартасцю думаў пра свой лёс.
У адну з начэй, калі да вяртання ў Мінск заставалася зусім нічога, новаспечаны пісьменнік прысніў Уладара. Ён, натуральна, сядзеў на троне і глядзеў на свайго стваральніка сумнымі-сумнымі вачыма. Затым ён звярнуўся да Юрася сіпатым і дарэшты стомленым голасам:
– Аўтар, аўтар, прымусь мяне хоць нешта рабіць, у мяне срака здранцвела тут сядзець! Я – жорсткі і ліхі Уладар, я павінен дзейнічаць: сцінаць галовы, паліць гарады, піць кроў цнатлівак і есці вантробы немаўлят. А ты ўсё не можаш даць мне абсяг працы.
Юрась вінавата лыпаў вачыма і не ведаў, што адказаць. А Уладар раптам (скуль толькі моц узялася) гаркнуў:
– Аўтар, хрэн табе ў вочы, уключы фантазію! Ці табе журналістыкай зусім мазгі высушыла?! Пачынай, варушы глуздамі, а то будзеш мяне сніць штоночы.
Няшчасны стваральнік жанру палітычнага фэнтэзі прачнуўся і ўжо не здолеў заснуць. Сарваўся з ложка і пайшоў на кухню запарыць сабе кавы. Жонка скрозь сон запыталася: «Ты чаго?» Юрась не адказаў. Узяў ноўтбук і пачаў развіваць дзейнасць галоўнага героя.
Для пачатку Уладар трохі парэфлексаваў над сваім лёсам і згадаў цяжкое маленства ў забытай Богам вёсцы, дзе маці-жабрачка гадавала яго адна, без бацькі. Пляткарылі, што яна нарадзіла сына ад чарадзея, які злавіў яе, калі яна аднойчы пайшла ў грыбы і заблукала ў лесе. Чарадзей трымаў яе ў сваёй таемнай пячоры тры дні і тры ночы і адпусціў толькі тады, калі зразумеў, што дзяўчына носіць пад сэрцам плод ягонага чарадзейскага насення… Пісьменнік і не заўважыў, як нашрайбаваў ажно дзве старонкі тэксту. Справа ўсё-такі зрушыла з месца! Ён вярнуўся ў ложак і ўпершыню за ўвесь адпачынак заснуў спакойным сном, пяшчотна абняўшы жонку.
Наступнаю ноччу Уладар да яго не прыйшоў. Але Юрась ужо і без гэтых запалохванняў гатовы быў напісаць палітычна-фэнтэзійную эпапею. Цяпер ён шрайбаваў па некалькі старонак тэксту штодня і ўрэшце пачуваўся шчаслівым.
19
Радыкс: Венера ў злучэнні з Плутонам у 2 доме
Семдзесят восем тысяч даляраў.
Калі Мілана замовіла ў банку канвертацыю беларускіх рублёў, то атрымалася раўнютка гэтая сума – ніводнага рубля рэштай.
Яна патраціла пяцьдзясят шэсць тысяч на невялічкую двухпакаёўку ў Зялёным Лузе. Дваццаць дзве тысячы пакінула ў банку на жыццё-быццё, але вырашыла іх не чапаць.
У цяперашнім Мінску яна адчувала сябе спакойнай і абароненай у параўнанні з Масквой, нават успаміны пра ліхія часы, перажытыя ў адным з колішніх уцелаўленняў, перасталі яе пераследаваць. Яна памятала, але не згадвала. Мілана ўпадабала тутэйшы тэмпарытм існавання, меншую накручанасць людзей і цалкам натуральнае «дабрыдзень», якое часцей можна было пачуць у крамах і ў банках.
Яна пачынала думаць пра будучыню. Ёй усяго дзевятнаццаць пашпартных гадоў, то чаму б не атрымаць нейкі дыплом і не ўладкавацца на легальную працу, каб не прыцягваць да сябе залішняй увагі. Можна сядзець у офісе з панядзелка па пятніцу, займець сяброў, адкрыць шэнген і ездзіць на шопінг у Вільню, стаўляць ялінку на Новы год і пячы булкі на праваслаўны Вялікдзень. Як усе. Мінулае ўцелаўленне прайшло ў міры і згодзе з людзьмі, ёй падабалася.
Але што такое будучыня, калі наперадзе ў цябе вечнае жыццё з бясконцым колаваротам уцелаўленняў?
І як яно наагул – жыць на свеце, дакладна ведаючы, што гэта ўсяго на дзясяткі гадоў, а потым – нябыт?
Яна стамілася існаваць колькі стаіць Сусвет, ды не мела моцы перапыніць вандроўку. Але Мілана – усё ж такі чалавек, а людзі чамусьці зацята хочуць жыць, нават у пакутах.
20
Стужка навінаў niadola.by:
Крымінальная прыгода на дарозе
Супрацоўнік мінскай кампаніі, нехта В., 1982 г. н., звярнуўся ў міліцыю.
Паводле словаў В., 13 жніўня ўначы ён ехаў па дарозе Мінск – Магілёў на сваім легкавым аўтамабілі «аўдзі». На шляху яго спыніла дзяўчына, з выгляду прыкладна 20–22 гадоў, і папрасіла падвезці яе да вёскі Ведрыцы Чэрвенскага раёна. В. пагадзіўся.
У выніку ён застаўся без грошай і дакументаў – незнаёмая спадарожніца скрала ў яго прыкладна 2 мільёны рублёў, 100 даляраў і 5000 расійскіх рублёў наяўнымі. Пластыкавыя банкаўскія карткі яна не чапала.
Узбуджаная крымінальная справа, вядзецца пошук зламысніцы.
21
Радыкс: рэтраградная Венера ў Блізнятах у квадратуры да стэліума ў Панне (Месяц, Марс, Сатурн)
Дзяніс сумаваў па хатняй ежы і скардзіўся, што нанятая эканомка нясмачна гатуе. Ён з асалодай спустошваў Таніну ссабойку, у якой былі блінцы з павідлам, і дужа выхвальваў іх.
З адпачынку начальнік вярнуўся з чорным загарам і пяццю кілаграмамі прывесу. Таня акурат села на дыету і занялася дэтоксам, пра які вычытала ў блогу Галі Плавінскай. Яна з асаблівым трымценнем сачыла за творчасцю гэтай асобы, але саромелася напрасіцца ў сябры, бо дзе Галя, а дзе яна.
Неверагодна: Дзяніс абвясціў, што ніякія іншыя блінцы не зраўнаюцца з Танінымі. Хоць у нечым яна эксклюзіўная!
– Я і з мясам умею рабіць, – ганарліва сказала Таня, выпрастаўшы плечы. – Ценькія. Карункавыя.
– Уаў… – прамовіў Дзяніс. – Прынось!
Наступныя пару дзён Таня на радасць сваёй маці пякла блінцы з розным начыннем у прамысловых аб’ёмах і забірала іх на працу. Мама вырашыла, што дачка ўрэшце кінула дурное з пахудзеннем – у іх у сям’і ўсе пульхныя, чаго раптам яе Таццянка павінная заставацца шчуплай, як драбіны?
На кардоннай упакоўцы, у якой адпачываў Райдэр – Уэйт, вырастаў слой пылу і ўжо рабіўся таўсцейшым за Таніны блінцы.
– А боршч умееш? – спытаў Дзяніс на трэці дзень, запіваючы гарбатай пачастунак ад падначаленай.
Яна ўсё ўмее, а чаму ж.
Пасля працы ён павёз менеджарку да сябе дадому, дзе яна ўвесь вечар сумленна прастаяла ля пліты. Дзяніс сёрбаў светлы «Швітурыс» з бляшанкі і разважаў, якія жанчыны цяпер пайшлі негаспадарлівыя. Не, ён за тое, каб жанчына не абцяжарвала сябе побытам. Вось калі б тая, няверная, не здрадзіла яму з італьянцам, ён бы цалаваў ёй ногі.
– Я хачу ад жанчыны толькі крыху цяпла і калі-нікалі – хатняй ежы.
Вячэра была згатаваная познім вечарам – добры боршч наварваўся дзве гадзіны, як і мае быць. Дзяніс ужо выпіў бляшанку піва і таму, вядома ж, не мог сесці за стырно, каб адвезці Таню дадому ў Шабаны. Ён даў грошай на таксоўку і, чмякнуўшы па-братэрску ў шчаку, зачыніў за госцяй дзверы кватэры.
Даў бы грошай і за карункавыя майткі, якія Таня набыла з нагоды запрашэння ў госці. Менеджарка ўпершыню была раззлаваная на свайго шэфа. Калі ўрэшце дапяла дадому, то выцягнула з шуфляды старэнькага пісьмовага стала таллю картаў.
Карты выдалі 9 кубкаў.
Куды ты падзенешся ад маіх блінцоў, падумала Таня і з пачуццём трыумфу рушыла спаць.