Текст книги "Вяртанне Ліліт"
Автор книги: Юлія Шарова
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)
22
Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)
Сёння я хачу падзяліцца простым і элегантным рэцэптам хатняга супчыку, які гатую свайму мужчыну.
Два пачкі «ролтана» ці ўсялякай іншай макароны хуткага прыгатавання заліваем літрам кіпню. Кідаем туды пакроеную кубікамі вэнджаную каўбасу, высыпаем пачак сухарыкаў да піва, накшталт «кірыешак». Затым трэба паварыць супчык пару хвілінаў, каб каўбаса аддала вадзе тлушчы.
Для ўпрыгожання стравы можам пасыпаць супчык пакрышанай зелянінай.
Ні ў якім разе не дадавайце ў супчык закрасы, якія прадаюцца разам з вермішэллю, – гэта атрута!
Прыгатаванне такой цудоўнай стравы разам з сервіраваннем зойме ў вас не болей за пятнаццаць хвілінаў.
Смачна есці!
23
Транзіты: рэтраградны Меркурый у шахце, Месяц без курсу; пятнаццатыя месяцовыя содні
Жнівень таго года выдарыўся нямёртвым сезонам для беларускіх журналістаў: можна было пісаць не толькі пра тапельцаў і атручэнні грыбамі, але і пра тое, як тузін кандыдатаў у прэзідэнты намагаецца спадабацца народу. Палітык АА ездзіў па ўсёй Беларусі ў таварыстве ўлюбёнага сабакі і вялікай групы падтрымкі. Палітык ББ хадзіў мінскай Камароўкаю і запэўніваў мінакоў, што калі за яго не прагаласуюць, на Зямлю спусціцца касмічны карабель іншапланетных прыхадняў. Палітык ВВ абяцаў прыватнаму бізнесу такія ўмовы, якіх няма нават у афшорных зонах. Палітык ГГ прысягаў не чапаць расейскамоўных, калі ён прыйдзе да ўлады і зробіць адзінай дзяржаўнай мовай беларускую, а ў школе дзеці пачнуць вывучаць тарашкевіцу. Палітык ДД… ды якая розніца, што там абяцаў палітык ДД, усё адно ён бы не выканаў сваіх абяцанняў.
Юрась Карповіч прызвычаіўся штодня цягацца за кандыдатамі ў прэзідэнты, якія ехалі па гарадах і вёсках, каб з цэлым народам гутарку весці. Калі аднойчы яму далі іншае заданне, спецыяльны карэспандэнт «Нашай Нядолі» нежартоўна абурыўся: прэсавая канферэнцыя ў МУС. «Упраўленне высокай маралі аб выніках працы за сем месяцаў бягучага года».
– Гэта не мая тэма!
– Мне болей няма каго паслаць! – ці то загадваў, ці то апраўдваўся галоўны рэдактар. – Адзін на пікеце ў АА, бярэ інтэрв’ю ў рок-музыкаў з групы падтрымкі. Другая на брыфінгу ў МЗС, трэці…
Зразумеўшы, што шэф гэтым разам сапраўды ад яго залежыць, Юрась яшчэ крыху паламаўся, а потым сказаў:
– Добра, злётаю туды. Я з мянтамі сябрую.
Праз гадзіну ён ужо шукаў дзе прыткнуцца на Інтэрнацыянальнай з боку Гарадскога Вала. Пакінуўшы машыну ў надзейным месцы, ён сунуўся пехатою да патрэбнага ганка. Часу было процьма: Юрась нават паспеў падыхаць тытунём за кампанію з калегамі, але раптам…
Тая самая. Вельмі прыгожая. Там, у залеву на трасе…
Дзяўчына ішла вуліцай, не раўнуючы каралева. Юрась імгненна забыўся і на МУС, і на прэсавую канферэнцыю, і на свой жанаты стан. Вось ён дагнаў яе і схапіў за руку. Яна глядзела на яго здзіўлена, але ні ценю страху на ейным абліччы не было.
Якія ў яе дзівосныя зялёныя вочы!
– Ратуйце! Рабуюць! Рату-у-уйце!
Гэты крык ледзь не парваў яму бубенныя перапонкі. Журналіст «Нашай Нядолі» на вачах у дзясятка калегаў і некалькіх міліцыянтаў хапаў за рукі жанчыну гадоў сямідзесяці, а яна трымалася за сваю торбу і раўла рыхтык сірэна рэанімабіля.
– Выбачайце… – прамармытаў Юрась і адпусціў жанчыну.
Галава забалела як у тую ноч, а можа, нават мацней. На вялікае шчасце, жанчына ўцякла прэч адразу, а ў міліцыянтаў не спрацаваў рэфлекс кайданкоў. Журналісты таксама стаялі агаломшаныя і не задавалі пытанняў пры ўсёй сваёй прафесійнай цікаўнасці.
Калі ўся група запрошаных карэспандэнтаў сабралася, дзяжурны міліцыянт правёў іх у патрэбны пакой на другім паверсе і запрасіў займаць месцы пры круглым стале. Юрась машынальна дастаў з заплечніка дыктафон і нататнік з асадкай. Усе нарыхтаваныя пытанні выпетрыліся з галавы. Пасля інцыдэнту ля пад’езда МУС яму ўжо не хацелася вытыркацца, таму калі прыйшоў выступоўца, журналіст проста падсунуў дыктафон бліжэй да «гаварушчай галавы» і пачаў занатоўваць прамоўленае на паперы. Рукі яго не слухаліся, і таму Юрась неўзабаве кінуў канспектаванне.
Таўсматы маленькі дзядзечка ў пагонах, начальнік Упраўлення высокай маралі МУС Рэспублікі Беларусь, нешта забубнеў: колькі танцорак, афіцыянтак і прадавачак вопраткі ў дарагіх буціках не даехала да Бахрэйна, Кіпра і Турцыі. Журналісты пыталіся наконт легалізацыі прастытуцыі ў Беларусі. Дзядзечка адказваў, што такая прафесія супярэчыць самому духу беларускага народа, таму ліха трэба выкараняць.
– Асабіста я рашуча супраць легалізацыі і зраблю ўсё, каб гэтае пытанне нават не абмяркоўвалася! – паабяцаў дзядзечка.
Прэсавая канферэнцыя скончылася даволі хутка. Юрась сабраў свае рэчы і пашкандыбаў да выхаду. Ужо сеўшы ў машыну, ён захацеў спраўдзіць дыктафонны запіс.
Там было чыста – ніводная рэпліка не захавалася.
24
Радыкс: Марс у Раку ў квадратуры да стэліума ў Авене (Сонца, Месяц, рэтраградная Венера), Уран у Ільве ў трыне да стэліума ў Авене
Васіль Мікалаевіч Зайчыкаў, начальнік таго самага Упраўлення высокай маралі МУС, неаднойчы наракаў, што ў богам забытай краіне калгаснікаў кепска з прафесіяналамі (то бок з прафесіяналкамі). Ён пабачыў і пакаштаваў шлёндраў цэлымі партыямі і калекцыямі, але не знайшоў таго, чаго хацеў. Ён купляў сабе дзяўчат баскетбольнага росту з плячыма вяслярак, але яны мала чым розніліся з дзяўчатамі гімнастычнага росту з нагамі фігурыстак. У забытай богам краіне дзеўкі былі або млявыя, або фальшыва-жарсныя (а насамрэч таксама млявыя).
Васіля Мікалаевіча ванітавала ад тае адданасці, з якой тутэйшыя прафесіяналкі рабілі сваю справу. Ён не быў пачварай – даваў за паслугі грошы, дапамагаў выцягнуць з-пад следства брата-наркадылера, казаў хлопцам з РАУСаў, каб не чапалі пэўныя адрасы вясёлых кватэр. Але ніводнага разу ён не ажыццявіў сваё сапраўднае жаданне.
«Хачу, каб мяне прынізілі».
І вось ён, начальнік Упраўлення высокай маралі, чакае на таемнай найманай кватэры. Правераны чалавек здымае для яго жытло на содні дзеля пікантных справаў. Правераны чалавек зараз даставіць сюды дзівосную даму… упершыню дзеўку ён называў дамай, хай сабе і не ўголас.
Тэлефонны званок з «Муркай» змусіў Васіля Мікалаевіча здрыгануцца. Той самы Правераны чалавек, які замест вітання адразу прамовіў:
– Мікалаевіч, мы на месцы.
– З-з-запускай… – адказаў Мікалаевіч, у якога раптам пачалася лёгкая паніка. Ён палохаўся гэтай дамы, сваёй госці.
Палкоўнік пайшоў адамкнуць дзверы, каб дама не чакала на сходах і не прыцягвала залішняй увагі суседзяў. Хоць, пэўна, яны даўно ведалі, для якіх патрэбаў тут здаюць кватэру.
Дама ішла няспешнымі крокамі. У што яна апранутая? Ці на ёй батфорты з высокімі абцасамі? Чырвоныя… Не, наўрад ці. Ейны абутак звінеў, як боты жаўнера з ганаровай варты на Дзень незалежнасці. Але яго гэта зусім не расчароўвала: ён досыць нагледзеўся на гламурных шлёндраў – батфорты, скураныя шорты, скураныя станікі, строі паліцыянткі з латэксу. Ніводнага разу ён не заставаўся задаволеным, хоць дзяўчаты і даводзілі яго да, так бы мовіць, фармальнай кульмінацыі.
Дама ўвайшла.
На ёй быў даўгі чорны плашч, расшпілены так, што можна было разгледзець іншыя дэталі ўбрання. Нічога з традыцыйнай атрыбутыкі: белая кашуля, чорныя нагавіцы (ды не скураныя, а самыя звычайныя), чаравікі, сапраўды з адмыслова падбітымі абцасамі. Нагавіцы трымаліся на шлейках. Дама была амаль што без макіяжу, толькі падфарбавала вусны зырка-чырвонай памадай. Гладка зачасаныя цёмныя валасы яна сабрала ў вузел на патыліцы.
Васіль Мікалаевіч не ведаў, як яму паводзіцца: кожны рух, кожнае слова падаваліся яму недарэчнымі і бязглуздымі.
– Ну, і доўга я буду стаяць у вітальні? – суворым тонам запыталася дама.
– П-п-праб-б-бачце… – замітусіўся Мікалаевіч і нязграбнымі жэстамі пачаў паказваць ёй на ўваход у пакой.
Госця даволі рэзкім, але элегантным рухам скінула палітон і швырганула яго Зайчыкаву.
– Але ж і манеры ў цябе… – незадаволена прамовіла яна і пайшла ў пакой. – Кавы хачу.
Зайчыкаў паскакаў на кухню і пачаў завіхацца ля пліты, сілячыся дагадзіць госці. Ніколі ён не варыў каву і не запарваў гарбату абслузе. Але ж яна не абслуга, яна так загадала! І ён варыў тую каву, і стаўляў кубачак на тацу, і сервіраваў як толькі фантазія падказвала.
Дама зірнула на тацу з кубкам кавы і з выразам лёгкай агіды на твары прамовіла:
– Нясі яе прэч, яна смярдзіць паленай кукурузай!
– Так, спадарыня… – само сабой зляцела з вуснаў Зайчыкава, які зусім увайшоў у новую ролю, дзе ад яго патрабавалася адно пакорлівая згода з першым-лепшым капрызам ягонай Спадарыні.
Калі ён вярнуўся ў пакой, то пабачыў Спадарыню ў новым вобразе. Яна стаяла ля акна спінай да яго, аголеная да пояса. З задняй кішэні ейных нагавіцаў вытыркаўся маленькі зграбны бізунок… у Мікалаевіча пачаўся прыступ тахікардыі.
– І… ш-ш-што ц-ц-цяпер, мая Спа-спа-спа-д-д-дарыня?..
– Маўчаць! Тут я задаю пытанні!
– Т-т-так, мая Спа-д-д-дарыня, праб-б-бачце м-м-мне…
Спадарыня прамаўчала і, вытрымаўшы паўзу, прамовіла ціха, але сувора:
– На калені!
– Але…
– На калені!
І ляснула бізунком па падваконні, ды так, што ў Мікалаевіча ў вушах засвістала, быццам побач пранеслася віхура. Калені падагнуліся самі сабой, і ён апусціўся на падлогу. Так і стаяў, укленчыўшы, баючыся ўзняць вочы.
– Паўтарай за мной, – прамаўляла яна, – паўтарай! «Я – Раб…»
– Я – Раб, мая Спадарыня.
– «…я мізэрны, брудны чарвяк…»
– Я мізэрны, брудны чарвяк, мая Спадарыня…
– «…я – чмо балотнае…»
– Я – чмо балотнае, мая Спадарыня…
Госпадзе, скуль яна ведае, што я люблю гэтыя слоўкі, ліхаманкава думаў Раб. На яго накаціла цунамі шалёнага ўзбуджэння, але ён не мог набрацца смеласці, каб паведаміць Спадарыні, што гатовы да нечага большага…
– Раздзявайся… чмо балотнае… – з неапісанай агідай сказала Спадарыня. – І на калені!
Чаго ён не чыніў на загад сваёй строгай Спадарыні! Ён поўзаў чарвяком, хадзіў прыпаўзкам, як той арангутан, бэкаў казлом, скакаў жабай. Калі Спадарыня вызнавала акторскія эцюды непераканаўчымі, на спіну Раба з вясёлым ляскатам апускаўся бізун.
Урэшце яна злітавалася над ім: ён ляжаў на падлозе на спіне і заімглёным позіркам глядзеў, як Спадарыня спускае свае нагавіцы, агаляе хударлявыя клубы… ён бачыў гнуткую спіну і спрытныя рухі клубоў, гэта доўжылася хвіліну-другую – кульмінацыя сталася хуткай. І вось ужо Спадарыня ўздымаецца, надзявае кашулю, зашпільвае на ўсе гузікі, хавае бізунок у кішэню.
– Што я магу для вас зрабіць? – запытаўся Раб, якому ўсё яшчэ не хацелася выходзіць з такой захапляльнай гульні.
– Скажу пазней, – адгукнулася яна з вітальні.
– Грошы?
– Мне патрэбная адна паслуга… пазней пра яе…
– Усё для маёй Спадарыні… – прашаптаў Раб.
Яна прыходзіла на таемныя кватэры яшчэ колькі разоў, і Раб зразумеў, што ягонае жыццё раскалолася на два кавалкі. Ён пазбаўляўся розуму, ператвараўся ў бруднага чарвяка або смярдзючага казла. Але ён не мог жыць без гэтых сустрэчаў, і калі Спадарыня абвяшчала, што яна не ў гуморы і не можа прыехаць, ён гатовы быў назваць які заўгодна кошт.
Урэшце яна сказала:
– Ёсць тут адзін перац… ахамелы зусім. Трэба неяк яго закрыць на пару гадкоў.
– Будзе зроблена, мая Спадарыня, – адказаў надрэсіраваны Раб.
У тое спатканне яна асабліва жорстка лупцавала яго бізуном і змушала самога сябе абмаўляць бруднымі словамі. А ён паслухмяна выконваў усе загады сваёй Спадарыні.
25
Радыкс: Ліліт у 1 доме на асцэндэнце, Сатурн у 7 доме на дэсцэндэнце, Нептун у 12 доме
Мужчыны рэдка бываюць святымі, а вось дэманаў сярод іх процьма – гэта Ліліт ведала ад моманту стварэння Сусвету. У Д’ябла ёсць нямала служак, а праз тое, што ніякага кодэксу гонару ён не мае, то і служкі ягоныя перыядычна ачмурваюць гаспадара. Рана ці позна Д’ябал пра гэта даведваецца і тады карае здрадніка – праганяе яго на зямлю, да людзей.
Трапляючы ў высланне, дэманы апаноўваюць хлопчыкаў і мужчын ды існуюць у іхных целах, пакуль жыве носьбіт. Па смерці носьбіта дэман вяртаецца ў Апраметную, прыхапіўшы з сабой душу мужчыны.
Адрозна ад Ліліт, якая займала целы, пакінутыя неўміручымі душамі, і захоўвала свае звышздольнасці, дэманы ў целе свайго носьбіта былі не здольныя ні на якія дзівосы. Адзінае, чым яны могуць надзяляць носьбітаў, – бязмежная любоў да сябе і перакананасць, што ўвесь свет павінны круціцца вакол іх. Нечуванае нахабства мацнейшае за чары.
Носьбіт не ведае, што ім кіруе дэман. Часам душа носьбіта выяўляецца занадта моцнай, і тады дэман змушаны пакінуць гэтае цела. Такі сцэнар для дэманаў непрымальны, бо па вяртанні ў пекла яны назаўсёды робяцца чэляддзю Апраметнай.
На зямлі звычайныя дэманы не маглі яе адчуваць, але яна не сумнявалася, што Мамон яе знойдзе, як і паабяцаў вуснамі носьбіта. Так і атрымалася.
Стась аб’явіўся недзе праз тыдзень. Калі дзяўчына была ў «Кароне», то ёсць імавернасць, што яна там з’явіцца яшчэ. Калі ты маеш грошы, ты заўсёды пасябруеш з аховай, якая паводле запісаў з камераў адсочыць пакупніцу з такім кідкім выглядам і спавясціць пра гэта замоўцу. Калі твой офіс за пару крокаў ад «Кароны», ты падскочыш туды.
Ён быў перакананы, што грошы вырашаюць усё. У яго так найчасцей і адбывалася. І яшчэ ён адразу запаўняў сабой усю прастору. Як і тады, колькі тысяч гадоў таму, Мілана адчувала нябачную руку ў сябе на горле, калі бачыла Стася.
Ён штодня дасылаў сваёй спадабанцы ружы з абцятымі шыпамі. Дакранаючыся да іх, Мілана адчувала боль, быццам ейныя пальцы наскрозь працінала голкамі.
Праз Мамона яна і парвала з Апраметнай, бо там была ўмова: знайсці сабе ўладара і скарыцца яму. Бо не можа жанчына існаваць без мужчыны, а мужчына не можа стаяць ніжэй за яе. Усё як у Бога.
Мамон і дапамог выкрасці яе дзеля падпісання тае ўгоды.
Мілана ўцякала са спатканняў адразу пасля любошчаў, якія падаваліся горшымі за катаванні. Мамон-Стась умеў абслініць словам і абсмактаць позіркам. Шторазу яна ішла да яго, як на ламанне колам.
Калі ад яго не пазбавіцца, ён сам не адчэпіцца.
Стась быў апантаны досыць дарослым, і ягоная душа не сталася кволай, іначай да яго не прычапіўся б такі магутны дэман, якім быў Мамон. Мілана магла праглядаць і носьбіта, таму яна бачыла нейкую дзяўчыну, крыху, можа быць, падобную да яе рысамі твару. Потым бачыла вусцішную аўтакатастрофу, пасля якой хлопца збіралі па кавалках у лякарні. І вось тут яго і падлавіў ліхі дух.
Напачатку ён схіліў носьбіта да думкі, што дзяўчына не прыме яго такім, потым – што яна яму здраджвае, потым была яшчэ нейкая лухта, якую мог нашаптаць дэман.
Цяпер яна адна. То бок пры ёй дзіця ад іншага мужчыны, за якім яна нейкі час была замужам. Яна згадвае Стася, а Стась згадвае яе, але нічога не можа з сабой зрабіць, бо ім кіруе Мамон. Жанчыны ў яго замест наркотыкаў.
«Дарэчы… Дужа светлая думка, – згадзіўся аднойчы Мурмур, добра знаёмы з парадкамі ў Апраметнай. – Наркотыкі…»
Аднаго вераснёўскага вечара яна сядзела ў машыне Стася на пярэднім сядзенні. Ён вёз сваю дзяўчыну дадому і дарогаю вырашыў заехаць на запраўку, хоць і меў паўбака бензіну.
Як толькі Стась выйшаў з машыны, каб заправіць бак, Мілана хутка дастала з торбачкі мяшэчак з белым рэчывам і кінула яго ў бардачок. Прыхавала за паперамі, пачкам цыгарэт і прэзерватывамі.
Раб казаў, што гэтага хопіць на пяць гадоў калоніі.
Урэшце Стась вярнуўся ў машыну і сеў за стырно. Палез у бардачок… дастаў цыгарэты.
Праз пятнаццаць хвілінаў яна выйшла ля свайго пад’езда і скінула смс на патрэбны нумар: «Ён гатовы».
Яшчэ праз дваццаць хвілінаў Стась ляжаў тварам на капоце свайго «лексуса», а двое дужых амапаўцаў чаплялі на яго кайданкі. Адмыслова навучаны сабака ўзвіўся і кінуўся з гучным брэхам да машыны, замалаціў лапай па бардачку і пачаў тыцкацца ў яго пысай.
– О… Багатая здабыча! – толькі і сказаў адзін з аператыўнікаў.
Стась няхутка выйдзе на волю. Для моцнай душы вязніца – як цяжкі вірус для цела: калі перахварэеш, то станешся яшчэ мацнейшым. Гарантыяў няма, але спадзеў застаецца.
26
Прагрэсіі: Месяц у 12 доме, у Ільве
Калі вы хочаце атрымаць уяўленне пра пекла на зямлі, зазірніце ў ясельную групу садочка недзе ў першыя дні верасня. Там вы пабачыце паўтара дзясятка двухгодак, якія нон-стоп крычаць, плачуць, лезуць куды не трэба, падаюць і набіваюць сабе гузакі. Утаймаваць гармідар намагаюцца некалькі дарослых – выхавацелька, нянечка, а таксама ўсе, хто цяпер вольны, каб пагрымець бразготкамі, памыць новую партыю брудных гаршчкоў і распрануць малых на сон.
Псіхолаг аўтаматам трапляе ў гэтую каманду хуткага рэагавання. Вераніка лётае то з гаршчком, то з рондалем супу, то з абсіканымі майткамі, не ведаючы, ля якой з шафаў іх пакінуць. І шапоча: «Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».
Пераразмеркавалі яе ў адзін з мінскіх садочкаў, і вось ужо амаль два месяцы, як Вераніка штораніцы выходзіць з дому і просіць справядлівы сусвет паслаць ёй застуду з тэмпературай хоць бы 37,2, каб толькі на тыдзень адпачыць ад пекла.
«Ненавіджу», – шапоча яна, сядаючы ў тралейбус, які вязе яе ад «Інстытута культуры» да чорта на рогі ў Курасоўшчыну.
Курасоўшчына апаноўвае адразу, яшчэ да прыходу ў садочак. Тут суцэльнае адчуванне вёскі: дзядзька выгульвае сабаку і не адклікае яго, калі той кідаецца з абдымкамі і пацалункамі да выпадковых мінакоў. Вераніка ненавідзіць сабак.
Купкі цалкам сабе вясковых кабетаў з прыродным беларускім вымаўленнем сакавітай трасянкаю абмяркоўваюць цэны ў «Еўраопце». На рынку, што побач з лякарняй, тыя самыя цёткі набываюць сабе сукенкі «на выхад».
Ейныя новыя калегі абмяркоўваюць моду з рынку. Тут ужо ў трыццаць гадоў прынята лічыць, колькі табе засталося да пенсіі, бо ў гэтым веку ўсе мэты дасягнутыя і няма пра што марыць: ёсць і муж, і дзеці, і грады ў вёсцы, і пяць кіляў сала на таліі, якія вывальваюцца з джынсаў.
Джынсы, вядома ж, набытыя на тым самым рынку.
Калі Вераніка ідзе вуліцай на прыпынак, ёй падаецца, што ўсе азіраюцца – нетутэйшая. Яна вучыцца імкліва прамінаць тыя паўкіламетра. Палову дарогі да «Інстытута культуры» яна наструненая, рыхтык каралеўна, што ўцякае з зачараванага лесу, і толькі калі тралейбус спыняецца на Караткевіча, Вераніка выдыхае: зноў у горадзе.
Яна ўжо мае мужа, і калегі ледзь не з першага дня даймаюць пытаннямі пра дэкрэт.
«Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».
Рома і Наста не ўмеюць размаўляць. Рома б’ецца галавой аб сценку, а Наста кідае цацкі.
– Вы псіхолаг, зрабіце што-небудзь! – кажа ёй начальніца, калі Вераніка зноў шукае магчымасці не заставацца сам-насам з Ромам ці Настай, а бяжыць мыць посуд. – Як так можна, вы ж прыйшлі да дзяцей! Вы жанчына!
«Я не прасілася да дзяцей, мяне змусілі з імі працаваць. Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».
У трынаццаць гадоў Вераніка марыла, што ў ейным целе здарыцца нейкі зрух, праз які перастануць ісці месячныя. І толькі ў дваццаць тры яна зразумела, скуль у яе такая фантазія.
Яна не любіла дзяцей і адчувала да іх нешта блізкае да агіды. Думка, занураная глыбока ў падсвядомасць, цяпер выйшла вонкі, не раўнуючы джын з лямпы.
– Супакойся, гэта ўсяго толькі на два гады, – спрабаваў яе суцешыць муж – ды ішоў пісаць свой вар’яцкі раман.
Калі-нікалі ён кажа, што хоча дзяцей. А маці і свякруха кажуць, што хочуць унукаў.
А яна нікому не хоча нараджаць ні дзяцей, ні ўнукаў. Яна часта разглядае сваё цела, якое ўважае за малапрывабнае, і не можа ўявіць, што ў ім паселіцца нейкі чарвячок і будзе выцягваць з яе сокі, пакуль не вырасце. А потым гэтае нешта палезе з яе, раздзіраючы ў кроў скуру і цягліцы.
Вераніка не ведала, з кім можна паразмаўляць пра сваю нянавісць да дзяцей, да прымусовай працы, накінутай ажно на два гады, і да мужа з ягоным раманам пра Уладара.
Увечары яна марыла прачнуцца з высокай тэмпературай. А раніцай градуснік зноў паказваў 36,6.
27
Сінастрыя: Юпітэр мужчыны ў апазіцыі да Месяца жанчыны, рэтраградная Венера жанчыны ў апазіцыі з Плутонам мужчыны
Таня варыла баршчы і крэм-супы, запякала бабку і смажыла калдуны, круціла пельмені і цэпеліны, гатавала рагу з баклажанамі і лазанню.
Праз два месяцы выпрабавальнага тэрміну яе дапусцілі да цела:
– Пацалуй мяне, – сказала цела, і Таня пацалавала Дзяніса, які сядзеў у кухні на зэдліку, рассунуўшы ногі ў альфасамцоўскай манеры.
Цела мякка націснула на Таніны плечы і апусціла яе на калені. Націснула на макаўку – і апусціла яшчэ ніжэй.
На пліце гарэў рыбны амлет.
Калі з патэльні шугануў дым, цела люта мацюкнулася і сарвалася з месца.
Пажар згасілі. У кухні стаяў смурод. Дзяніс зашпіліў прарэху. Таня выцерла рот.
– Ты мяне болей не правакуй на такія штукі, добра? – сказаў ён, усміхаючыся. – А то ж і хату можна спаліць.
Потым яна гэткім самым чынам справакавала цела, калі яны выпадкова апынуліся ў спальні – паглядзець калекцыю нажоў Дзяніса.
Цела аддавалася Тані, маўляў, вось яно я, гуляйся. Таня шторазу баялася ўчыніць нешта не так. Яе запрашалі зноў і зноў. «Да» і «пасля» апавядалі, што ўмее рабіць тая ды іншая пасія (усе яны маглі б быць адзінымі, калі б ацанілі далікатнасць Дзянісавай натуры).
Кухня заставалася Таніным каралеўствам і рабіла яе непаўторнай у вачах Дзяніса (і гэта, халера, было крыўдна).