355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Сцежкі, дарогі, прастор » Текст книги (страница 9)
Сцежкі, дарогі, прастор
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 14:30

Текст книги "Сцежкі, дарогі, прастор"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 9 страниц)

Я выбраў-такі момант, скарыстаўся шчылінай паміж матамі, сказаў маладзіцы, хто мы, адкуль i чаго, запрасіў пагаварыць.

– Тады хадзем,– сказала яна, з ходу трохі ашляхнуўшы, ужо з прыкметным вонытам наконт прэсы i радыё.

Трэба было пачынаць кантакт, i я, ідучы, епытаўся:

– Што, дрэнны старшыня?

І яна адказала яшчэ па інерцыі:

– Такі ён старшыня, як з вашага... пісар!

Нейкі час ішлося з заткнёным ротам. А паварот да патрэбнага нам адбыўся ў хаце, якая была надалёка. Дома нікога не было. Не змаўляючыся з таварышам, мы папрасілі гаспадыню зняць камбінезон, памыцца, пераплясціся, пераадзецца – для здымкаў. Пакуль яна ў сумежным пакоі i ў кухні займалася гэтым, мы сядзелі моўчкі, толькі з мужчынскімі, сталымі ўсмешкамі зрэдку пераглядаліся.

Гаспадыня увайшла – як не тая: у светлай сукенцы, з заплеценай касой, нават з усмешкай, трошкі як сарамлівай,– нармальная.

Я папрасіў:

– Прысядзьце пакуль што. Трэба спачатку пагаварыць.

Яна прысела каля стала, хораша засланага саматканым абрусам.

– Цяпер скажыце нам, чаго вы так брыдка лаецеся? Такая маладая, мілая...

І пералом канчаткова адбыўся. Яна заплакала:

– Сталі б вы... на мае месца... ды паглядзелі б, як гэта... што гэта за смак!.. Усе людзі... як людзі... а мне...

І іншае ў такім тоне. Пра лютую працу трактарысткі ў нядаўка арганізаваным калгасе, якая павінна не проста працаваць – павінна паказваць прыклад на ўсю рэспубліку i далей. А яна ж не вольная птушка, у яе сям'я, ма: лое ёсць, у мамы цяпер, у суседняй вёсцы. І недалёка, a зірнуць на дачушку няма калі. І мужа, таксама трактарыста, трэба ж глядзець, i хату, i гаспадарку нейкую... Яна хліпала, уціралася ражкамі светлай хусткі, што была накінута на плечыкі, канчала плакаць, i нам было шкада яе як нашмат маладзейшую... ледзь не сястру.

Мы пайшлі ў поле, да яе трактара. Дзітлаў здымаў, я сёе-тое запісваў. Дома ён праявіў свае здымкі, я напісаў "лірычны нарыс" – усё па форме i ў норме. Часопіс выйшаў з гераіняй. Усмешлівай i каляровай.

А мне вось i яшчэ ўсё помніцца тое не ўсё ў напісаным, тая ружовакісельная гладкасць, ад якое мляўка наўздагон.

1987

ПА ПЛАНЕ

Снедаючы ў Доме творчасці, Піліп Пястрак i Мікола Хведаровіч дзеляцца турэмнымі ўспамінамі. Польскі вязень успамінае адзін ix бурны пратэст, потым, між іншым, згадвае пра шмалец, які ім дазволена было выпісваць.

– Ну-у, браце,– засмяяўся вязень культаўскі,– наеўшыся шмальцу, добра было пратэставаць!..

Праз дваццаць год, выпісваючы гэта з блакнота, успамінаю прачытаны ў машынапісе дзённік Кузьмы Чорнага. Як ён, наслухаўшыся расказаў Пестрака пра катаванні ў дэфензіве, успамінаў свае, тэхніку ix параўноўваў...

Нямала нарасказваў мне Хведаровіч, расказчык куды цікавейшы, чым літаратар, i ў вершах, i ва ўспамінах. Сёе-тое я занатоўваў.

"...Па плане ўсё рабілася. Прыходзіш у турму, а там ужо твая пайка сабралася за некалькі дзён, павінны былі ўзяць раней, але турма была забітая.

Камера на дзесяць чалавек, а нас там каля сотні. Мокрыя ад поту, у адных трусах, ляжым проста адзін на адным.

А параша саракавядзёрная, ажно брадзіць пачынае ад гарачыні. Уранні наглядчык адчыніць дзверы, а сам набок, каб духам з ног не збіла!.."

Бядняк, член партыі, адказны работнік, з моладу нястомны актывіст, пралетарскі паэт, ён i думаць не думаў, што i яму прыйдзецца цярпець такія пакуты, быць западозраным у такіх неверагодных злачынствах... Упершыню ўштурхнуты, пасля катавання, у перапоўненую камеру, прысеў каля парога, слухае, як храпуць... А потым голас з верхніх нараў:

– Отрок, поди сюда, приляжешь у меня.

Поп расказаў яму паўшэптам пра сябе. Пацяшаючы:

– Привыкнешь, отрок. Я уже четвёртый раз посажен. Придёшь домой, не успеет матушка первый блин на сковородке перевернуть – ан глядь в окно – уже опять антихрист в синекрасной шапке!...

"...Жанчыны не толькі ехалі за мужамі ў ссылку, але i каля турмаў далёкіх некаторыя аціраліся – куды б яго ні перавялі. Падаянкі перад авалі.

А мужчыну, які ўслед за жонкай прыехаў, бачыў я толькі аднаго..."

"...Вось табе, браце, навела. Арыштаваны быў Тэр Качаран, замест Эр Качарана, памылкова. Дзесяць год дамагаўся ён праўды, ды так i не дамогся. Выпусцілі з турмы, а потым зноў узялі, на высылку. "Дык я ж не Эр, а Тэр Качаран!" – апраўдваецца ён. "Але ж сядзелі вы. Вам, значыцца, i на высылку!" Логіка ёсць,– што за розніца, каму сядзець, каго саджаць?.."

Шматгадовы пакутнік, a ўсё ж вясёлы i разумна просты чалавек, сустрэўшыся неяк на выхадзе з Дома літаратара, Мікола сказаў мне:

– Надумаўся, браце, i я адзначыць свае семдзесят пяць. Відаць, апошні раз гэта. Хай будзе, хай пагавораць...

Як напрарочыў, што апошні, бо гады праз два памёр.

На тым юбілейным вечары, даволі прыстойным, работнікі тэлебачання чакалі са сваёй апаратурай да самага канца, да выступлення юбіляра. І трэба ж яна – такая іронія няхай паласкавелага, а так доўга суровага, несправядлівага лесу! Рыхтуючыся з-за стала на трыбуну, Мікола Хведаравіч зашпіліў пінжак не на тыя гузікі. Адно крысо ніжэй, борт адпаведна тырчыць угару. Асвяцілі шаноўнага на трыбуне, узялі, нарэшце, буйным планам, ён выступае, а здымаць няма як... Прыкра, столькі чакалі.

А ён?

1988

АДКУЛЬ ІШЛОСЯ

Накрышыць цыбулі, паліць алеем, найлепш – канапляным, i даць пастаяць. Пасаліўшы, вядома. А то i адразу можна на стол. Якая смаката! Аднак назаўтра, калі цыбуля размякне, выдыхае горыч i пасаладзее – яшчэ смачней.

Так у сям'і, у хаце бывала.

A ў агародзе ці ў садзе, у сваім ці ў чужым, ужо самастойна ці ўпотай? Набраць повен рот чорных, "як жучкі", вішань i раздушыць ix, каб аж у носе сокам заказытала...

Тады ўсё гэта было вельмі звычайным, а потым i мудрасць, набытая сярод людзей i ў кнігах, засведчыла, што просгае, здаровае – найлепш.

Зямлю мы ў маленстве ,бралі рукамі, на пашы капаючы "печкі", а дома, пакінутыя дамаўнікамі, штодня, ўкопваючы бульбы. ("Пад вечар бульбы кошык укапай!") І на смак яе, тую зямлю, каштавалі, прайграўшы ў "ножыка",– бо як ты тады ні мянці нажом перад раскрытым ротам, той, хто выйграў, умудрыцца ўкінуць табе на язык скачаны з сырой зямлі шарык.

Крышылі мы, дамаўнікі, i зелле свіням, навыбіраўшы ў градах бацвіння, дыхалі пахамі агароду, сокамі яго. Зубы нашы заходзіліся ад аскомы, яблычнай i вішнёвай. Моркву мы хрумсталі тут жа, у градах, толькі "добра абцёршы" падолам кашулі ці проста аб порткі. А на зубах была-такі чуваць зямля.

Нядаўна знаёмы закройшчык з опернага тэатра ўспамінаў, як у верасні трыццаць дзевятага веска яго разбірала маёнтак. Бралі – хто што мог, а ён, хлапчук, нарваў поўную запазуху панскай морквы!.. Дый то не адразу, не самі дзеці ў той маёнтак пабеглі, а ix танкіст савецкі падахвоціў.


* * *

Што такое глухамань – я ведаю добра.

Што я рабіў бы тады, каб не кнігі?

Не бачыў бы, не адчуваў бы гэтай глухамані на ўсю яе глыбіню i, можа, не так было б сцішна.

A калі да глухамані, да цемры дадаць яшчэ горкія думкі нра смерць? На пятнадцатым го дзе жыцця. На вечарынках – за гучнай музыкай, за потнай радасцю дароелых, за вясёлым прасцяцкім гоманам, за ўсмешкамі маладых, здаровых работнікаў ды работніц на заел ужа ным адпачынку я бачыў... ix чарапы, ix шкілеты... З сілай галюцынацыі (здаецца, яшчэ не ведаючы гэтага слова).

Што гэта было – пераходная хвароба ці залог таго, што я не хацеў растварацца ў гэтай глухамані, у гэтай цемры-смерці?..

Асабліва цяжкай была глухамань у позшою восень, калі не было адраджэння красы вяснянай i летняга росквіту яе, спялення, калі не было зімовай чысціні i прасторнасці, асабліва ў сонечныя дні, а была непралазная гразь, балота.

Што такое балота? Да сарака пяці гадоў я не бачыў Палесся, а балота – глеістае, глыбокае, ад плота да плота, бясконцае, на ўсю глыбіню вясковай вуліцы, з выгана ўнізе i з гасцінца "на гары",– балота я ведаў.

Вяртаючыся з пашы, каровы цягнуць вым'е па бяздоннай халоднай гразі.

Выцягванне ног адна за адной – нялёгкая, абрыдная работа i табе самому. A ісці каля плота, дарма выбіраючы сцежку? Балота мы валаклі з двара, з вуліцы ў свае i ў чужыя хаты.

Святочнае адчуванне – ты ў памытых ботах. Гэта ўжо тады, калі трохі падмерзне. А ўжо пра тое, як ix памажаш дзёгцем ды выйдзеш – i не кажыце!..

Гэтыя думкі-ўспаміны абудзіліся былі нядаўна з новай сілай, калі чытаў пра Эфендзі Капіева – пра тую глухамань, з усёй цемрай мусульманская абмежаванасці, з якой ён выход зіў у вялікі свет.

Ён – дзякуючы рэвалюцыі, а я – вызваленню, пра што не трэба лішне балбатаць, але ж не трэба i забывацца.

1987

ПАЛІТАДДЗЕЛ

Першы з дзевяці маіх дваюрадных братоў, старэйшы за мяне на дваццаць сем, Алесь. Пісаў я пра яго i юнаком, у "Праведніках i зладзеях", i ў позняй сталасці, у "Золаку, убачаным здалёк", i ў запісах, аднак сёе-тое з яго каларытнага вобраза яшчэ ўсё часамі паблісквае ў памяці, i хочацца запісаць.

І ў мове яго было многа нязвычнага. Скажам, такое:

"Па ўсім свеце пройдзе яна, наша пралетарская струна".

"На якую трэль чалавек пастаўлены – ці ласкай возьмеш яго, ці злосцю".

"Няма ў нас аніякага нармалу".

Нешта я браў з яго мовы, а яшчэ што i не ўзяў.

У акупацыю, дачуўшыся пра ўступленне ЗПІА ў вайну, ён гаварыў у нашай хаце, задаволены:

"Ну, цяпер дзела пойдзе! Калі яна з намі, Амерыка. Яна нам аружыю – ж-жых! Какаву, фрухту ўсякую – ж-жых!.."

І адпаведны штуршок рукою наперад: ж-жых не так сабе, а як маланкай цераз увесь акіян, нават над самай вадою.

У яго гераічным удзеле ў першай сусветнай вайне (чатыры "Георгіі") быў i нядоўгі аўстрыйскі палон. A гаварыў Алесь чамусьці пра Італію, што гэта там ён быў, адтуль уцёк. Можа, з-пад Трыеста?.. Калі пасля вайны з Урала прыехаў пагасціць на радзіме бацькоў мой пляменнік Шура, толькі на шэсць гадоў за мяне маладзейшы, я павёз яго з Мінска ў Загора i ў Маласельцы, да родзічаў. "Завёў" я Алеся на ваенныя ўспаміны, каб пачаставаць гэтым Шуру, франтавіка. Калі дайшло да той "Італіі", Наташа, Шурава жонка, інтэлігентная русачка, спыталася:

– А скажите, пожалуйста, Алексей Лукич, природа там, конечно, вам понравилась?

І ён, таксама інтэлігентным ладам, адказаў:

– A нічога. Прырода красівая. Але почва зямлі гавённая.

Калектывізацыя ў нашых мясцінах, у сорак дзевятым-пяцідзесятым гадах, пачалася з таго, што ва ўсіх вёсках ды вёсачках, нават i ў суседніх Качанах, дзе семнаццаць хат, быў свой, асобны калгас. І ў Маласельцах, трохі большых за Качаны, таксама. І старшынёй там выбралі Алеся. І бывалы ён, i смелы, i бядняк рабацяшчы. A неўзабаве нажыў ён, на старасці гадоў, яшчэ адну мянушку – Палітаддзел.

– Абы што якое, дык сам не хоча рашаць, а на каня, мяшок з сенам пад сраку, i ў Кашчычаў двор, у эмтээс. "Хай думае палітаддзел!.."

Аднак праз лета Палітаддзела ca старшыні калгаса "Праўда" знялі. За тое, што вырашыў ён сам.

– За што ж цябе, Алесь? – спытаўся я, калi сустрэліся.

– Даў людзям сена накасіць. Пабілі на дзялкі i пакасілі.

– Ну, а навошта ж ты так, самавольна?

– На прымер падняція духа!..

1988

EX ORIENT LUX [3]

Восень трыццаць дзевятага. "Вы, тата, можа, цяпер менш пілі б. Нашы прыйшлі. Усё цяпер будзе па-новаму".

Бацька, i праўда, часта вяртаўся дамоў пасля чаркі.

"Ну што ж,– сказў ён,– калі ўжо такі парадак, то i я не буду піць".

А дзён праз колькі вярнуўся з кірмашу, зноў падвяселены, i ледзь не з парога сказаў свайму "разумнаму":

"Смаркач ты! Я ж чарачкамі піў, а яны яе шклянкамі глушаць! Добра кажаш – па-новаму. Трыста грам, дзвесце грам, а сто – дык што сабаку муха!.."

Другі юнак, зямляк з яшчэ бліжэйшай вёскі, светла запомніўся з нашай першай сустрэчы.

У мястэчку Ярэмічы на Ушэсця быў фэст, моладзі сышлося з усіх вёсак наваколля. Што ж, калі азірнуцца ў гісторыю, дык усе нашы Сёмухі, Пакровы, Дзяды i іншае, пакуль стаць царкоўнымі святамі, былі проста народным! абрадамі. A ў гады маёй маладосці тыя святы ды фэсты былі для моладзі зручным выпадкам выйсці з цягавітай будзённасці ў свабоду адпачынку, прайсціся, з кім сустрэцца, з кім пазнаёміцца. Ну, i дзяўчаты, вядома,– кожны фэст быў дзявочым парадам, "вывадкай" – там выбіралі, знаёміліся, любаваліся ў маладым, вясёлым, наіўна неакрэсленым прадбачанні абавязковага шчасця.

Мне было дзевятнаццаць, а таму другому юнаку на год больш. Мяне з ім пазнаёмілі, а я ўжо ведаў, што ён два гады прасядзеў у турме, як камсамолец-падпольшчык, выйшаў з-за крат па амністыі. Перад турмой былі ж яшчэ паліцэйскія катаванні. Ен быў наймаладзейшы з усіх знаёмых мне падпольшчыкаў, i ўсё, што ён перанёс, бачылася з пашанай i сімпатыяй: герой! А да таго яшчэ высокі, стройны, сціпла ўсмешлівы, у чорнай касаваротцы, вышытай каласамі i валошкамі.

Такім ён жыў у памяці дванаццаць гадоў, да наступнай сустрэчы.

Зямляк завітаў да мяне не адзін, з таварышам па прады на лесазаводзе, нават нейкім яго начальнікам. Я ведаў, чым для майго земляка былі дванаццаць гадоў ад нашай сустрэчы на фэсце. Ён уцёк у Савецкі Саюз, дзе на шчырасць яго навалілася чорнае падазрэнне, зноў допыты, турма i тайга, з якое ён вынырнуў толькі таму, што меншы брат быў у партызанах, a братаў камандзір стаў Героем i захацеў, i здолеў пахадайнічаць.

Адпушчаны яшчэ ў канцы саракавых, ён, мой колішні светлы юнак, у доме маім, перад старою мамай, жонкай i дзецьмі зусім нечакана расперазаўся звычайным п'яніцай, які ўжо не валодае сабой. Гэта так брыдка было, што мы з ім больш ні разу не сустрэліся.

...A начальнік яго яшчэ i хваліўся тады, праз ікаўку, як ён нас вызваляў у Верасні, як быў тады лейтэнантам i як плаціў цёмным заходнікам за прадукты не грашыма, a аблігацыямі займа – ха, ха, ха!..

Пра першага госця ўспамінаю з сумам i жал ем.

А пра другога... Тут ужо мне доўга муляла ў душы, чаму не выпрасіў яго за парог.

1988

НАЧЛЕГ

У жніўні шэсцьдзесят чацвёртага года, вяртаючыся на дзвюх машынах з падарожжа па Літве i былой Усходняй Прусіі, мы затрымаліся, не даязджаючы да Вільні, над рэчкай Дубісай, каля самотнага хутара. Вырашылі тут i заначаваць. Чатырох лягуць у машынах, а прасіць прытулку яшчэ чатыром мы з Вялюгіным пайшлі на той хутар.

Тут я другі раз, пасля латышскага выпадку, сустрэў чалавека, які нічога не разумев паруску.

Першы раз было два гады перад гэтым, каля Сігулды. Маляўнічай я памятаў яе з ранейшага наведання, a ў той дзень быў зранку такі туман, што мы не толькі красы не ўбачылі, але i з дарогі збіліся. Спыніліся таксама каля хутара, загаварылі са старым латышом, а ён – нічога не разумев...

Так i старая літоўка, з якою мы з Анатолем павіталіся цераз плот. Усміхаецца, разагнуўшыся над градкамі, i толькі сваё: "Hi супранту". А потым яна, нібы толькі што здагадаўшыся, гукнула ў дом: "Альдона!" Выйшла маладая, як аказалася, дачка, што нават працуе ў раёне i прыстойна гаворыць па-руску.

– Аднаго чалавека можна было б палажыць у хаце, на кушэтцы,– пачала яна разважаць,– а дзе яшчэ трох – проста не ведаю...

А на сене? – кіўнулі мы на адрынку.

– Там у нас не сена, а салома.

– І на саломе пераспім.

Словам, сяк-так упрасіліся, сказалі, што прыйдзем зацемна, i гэта, як потым, уранні, мы здагадаліся, мела тут істотнае значэнне.

Ад ракі, дзе было вогнішча, юшка, песні мы прыйшлі ў адрынку позна.

Салома – не сена, a ў саломе – яшчэ i мышы. Спаць яны нам не далі. Ці жыта дрэнна абмалочана, ці мышэй тут, у чыстаполіцы, такая галодная процьма? Шастаюць, поўзаюць, слінява чаўкаюць то збоку, то з патыліцы, то каля самага вуха. Пляснеш рукой па саломе – заціхнула. Потым зноў. Толькі на досвітку сон нас ўсё-такі змарыў.

Ненадоўга. Ці то ад ix, мышэй, мы прачнуліся, ці то i ад таго, што пачало спакваля праяўляцца з цемры ўнізе пад торпам. Прычына праяўлялася, з-за якой хоць i ўсмешліва, але туга гасцінная Альдона не хацела пускаць нас на салому.

Каля сцен адрынкі i пасярэдзіне яе стойма i гарызантальна стаялі парасчыняныя труны, крыжы i пірамідкі помнікаў – невясёлае падсобнае рамяство гаспадара, якога ўвечары чамусьці не пабачылі. І ачмурэнне трохі ад нядосыпу, i сцішнавата неяк – пасля мышэй яшчэ i гэтая "мэбля"...

Але дарожны аптымізм зрабіў сваё. Ахвочы вандроўнік, рыбак, юшнік, грыбнік, вогнепаклоннік – Вялюгін, седзячы на саломе, з каласамі, ледзь не з мышамі ў валасах, гледзячы на труны, філосафам уздыхнуў:

– Эх, калі б гэта ўвечар было відаць – лёг бы сабе ў адну, накрыўся б ды выспаўся без мышэй!..

1988

ТЫ МЯНЕ ПАВАЖАЕШ?

З жывой цікавасцю i даўняй пашанай да аўтара чытаў у часопісе гістарычны нарыс нястомнага Міколы Ермаловіча, i зноў з усмешкай успомнілася, як ў канцы зімы пяцьдзесят другога года выступаў у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, куды мяне запрасіў пісьмова тады яшчэ незнаемы, малады выкладчык роднай літаратуры, іменна ён, Мікола.

Пасля сустрэчы са студэнтамі мы пад вечар абедалі ў рэстаране. Утрох, з рэдактарам абласной газеты, які таксама быў на сустрэчы. Удвух нам было б цікавей, аднак... Цвярозы, ён больш маўчаў, а потым пачаў то прасіць, то настойваць, то зноў прасіць зайсці да яго, на свежаніну.

– Жонка, таварышы, будзе рада! Яна ў мяне...

Ён адлучыўся, пазваніў дахаты, i мы нарэшце пайшлі.

На званок адчыніла жонка. А перад ёю, фігуркай з коскамі, маме ледзь не да пояса,– дачка. Яна i прывітала нас, сказаўшы бацьку: Табе мала было там з імі піць, ты ix яшчэ дадому прывалок?..

На ісціну, пачутую ад мамы, калі тата званіў ёй, паўтораную "устами младенца", збянтэжаная гаспадыня адказала крыкам i плескачом па кароткай спаднічцы. Нас пачала запрашаць, прасіць прабачэгшя: "Малое – дурное..."

A свежаніна ўжо сквірчэла i духмяніла на электраплітцы.

Садзіцца да стала, аніяк не патрэбнага нам, нрыйшлося без гаспадара. Яго спачатку штосьці не было, а тады праз прачыненыя дзверы суседняга пакоя я заўважыў, як ён, ужо ў бялізне, мудра кульнуўся ў пасцель. А нам прыйшлося прысесці, дзеля церпка-ветлівага гірыліку. А гаспадыня, якая перш за ўсё адправіла свайго "папугайчыка" туды, дзе бацька, трэба было частаваць, забаўляць незнаемых, познавячэрніх, усё-такі нецвярозых...

На цягнік я, вядома, спазніўся. Начавалі з Міколам у яго халасцяцкім пакойчыку, "на смірна" пад адною коўдрай.

І вось ужо хутка сорак гадоў, як мы не-не ды ўспомнім той пачастунак. Сяды-тады, бо i сустракаемся не вельмі часта. Але яшчэ ўсё з усмешкамі ўспамінаем.


* * *

Ранняя раніца ў маляўнічым надвозерным гарадку Картузы на польскім Узбярэжжы. Жнівень семдзесят пятага. Выйшаўшы з доміка, дзе начавалі, мы селі ў машыну, каб ехаць у іншы катэдж, на снеданне, а потым ў недалёк! Гданьск.

Спалася мала, усталася раней звычайнага, ва ўсіх невыразны настрой.

Гаспадар нашага слаўнага падарожжа, ад Закапанага – сюды, Мацей Канановіч, гюльскі пісьменнік i сябар нашай літаратуры, а перш за ўсё шчыры, сумленны таварыш, пытаецца ў мяне, як спалася. Мне трэба адказаць, што от, нішто сабе, аднак я гавару яму, што дрэнна.

– Што ж так? – пытаецца ён.

– Ат, ведаеш, i звечара не мог заснуць, i ноччу прачнуўся, i ўранні, a ў думках адно ды адно...

– А што з табой? – перапытвае ён, ужо заклапочана.

– Дарагі мой, я думаў i думаю, не магу здагадацца... Адно, толькі адно на душы...– Тут ужо трэба па-польску: – Ты мне поважаш чы не?

У нашай ціхай ды хуткай машыне – смех. Як быццам мы толькі цяпер прачнуліся. Смяецца Мацей, благі, кашлівы ад курэння; цішэй смяецца яго чарнявая спакойная Крысціна; смяецца мой сын-студэнт, а таксама i пан Антош, гжэчна маўклівы "кероўца". Бо гэта ж i разрадка, бо яно ж i міжнароднае – такое пытанне за трэцяй ці чацвёртай чаркай: "Т-ты м-мя-не п-паважаеш?"

У нас да такой пяшчотнасці не даходзіла. Але ў дарозе часамі бывала – па кілішачку "под следзіка". Скажам, у вясковай гуральскай карчме ці ў рыбацкім пасёлку на гэльскай касе. Не п'янка, а перакуска ў дарозе.

Мацей i ў гэтым быў абаяльна сціплы.

1989

НАСУСТРАЧ

Іду на папрок: "Во дапісаўся – пра кожную дробязь!.." У апраўданне сабе можна згадаць i чэхаўскую попельніцу, i яшчэ што-небудзь, аднак лепш не апраўдвацца, a пайсці насустрач настойліьасці пачуцця.

На лысіне валасы больш не вырастуць. А на двары пакінутай сядзібы – хоць двор той, нібы самы надзейны ток, быў, здавалася, назаўсёды ўбіты, утрамбаваны шматгадовай, штодзённай безліччу ног i капытоў,– на панадворку тым за некалькі гадоў апусцення паднялася густая трава. Адзін з цудаў сучаснасці!..

Праўда, зямля тут вельмі добрая. Вунь крапіва паміж хатай i свірнам дык тая загула да самага падстрэшша, густа, духмяна ў сваёй пагрозлівай пякучасці. А на шчодрых калісьці градах зялёная дзікасць ажно ўшчацінілася знізу ў лістоту яблыняў, абвіслую пад цяжарам бяздогледных белых наліваў, штрыфлінгаў, антонавак...

Адтуль, ад таго суму, вельмі выразнага ў летнім росквіце, адзіны сын колішніх, зямля ім пухам, гаспадароў, малады падпалкоўнік у адпачынку прывёз мне папрошаным грузавіком на прылясную, надрэчную дачу некалькі патрэбных на абжытак рэчаў. Пілу, сякеру, касу, граблі, сахор. Пілу там, у напалову апусцелай вёсцы, хлопцы старанна развялі i навастрылі, касу накляпалі. Прыемна ад такога клопату. Яны там – даўнія суседзі, сябры маладосці, некаторыя трохі i сваякі. А ён, пляменнік, светлы, спакойны Лёня," "хлопец з рукам!" – жывая памяць пра найбліжэйшага з маіх братоў.

І яшчэ ён дзве рэчы прывёз: карціну i глобус, яе – з апусцелай бацькоўскай хаты, а яго – з закрытай вясковай школы...

Гарызантальны алейны пейзаж, бераг чароўнай Свіцязі, лодка з людзьмі, сасна паднебная, за лясным небакраем светлае нагрувашчанне яго любімых белых аблокаў – гэта ў маім рабочым пакойчыку на гарышчы вісіць ужо чацвёрты год. Вялікі, трохі расшалэхтаны на восі i падрапаны цікаўнымі пальчыкамі школьны глобус стаіць у кутку, каля пісьмовага стала, на табурэціку. I яны мне ўзварушліва, сумна гавораць пра мінулае.

Пра таго, хто – з маленства захоплены – маляваў той родны пейзаж, адну з мноства іншых карцін, раздораных ім у навакольныя вёскі, у хаты родзічаў i сяброў; пра таго, што не адбыўся на ўсю сілу як мастак, воляй жорсткага лесу так i застаўся самадзейнікам. Пра таго самага, што працаваў у сельскім будаўніцтве, з-за беспартыйнасці сваёй то на трохі вышэйшай, то зноў на ніжэйшай пасадзе, саступаючы месца таму, хто з білетам, а недзе прагарэў i павінен быў прызарплаціцца. Аднак ён, наш Міша, сціпла i заслужана ганарыўся тым, што ў родным раёне будаваў i фермы, i дамы калгаснікам, i некалькі школ зрабіў, у тым ліку i ў сваёй вёсцы, пачатковую.

Карціна зрэдку, між іншым, нагадвае мне пра тое, што дома, у Мінску, у адной з тумбаў майго старога ды вялікага пісьмовага стала вось ужо больш за дваццаць гадоў ляжыць дарагая мне папка. Яго малюнкі. На кавалках ватману i проста паперы – аловак, пастэль, акварэль, пяро. Аўтапартрэты, партрэты сваіх i суседзяў, у тым ліку i мае, з найранейшых, што захаваліся.

Профіль мой i тады, у адзінаццаць гадоў быў лепшы за анфас, не так тырчалі вялікія вушы. Пастрыжаны я быў, як заўсёды ў вясковым маленстве, "пад бручку", другой са старэйшых сясцёр, вясёлай майстрыхай на ўсе рукі, i ўжо тым часам зноў трохі аброс, як той Понцій Пілат, які быў у нас на каляровай рэпрадукцыі з карціны Ге "Что есть истина?". Дата пад малюнкам – па-школьніцку на польскай мове: "1928 rok, lato". Мішаў почырк i тады ўжо прыгожа-хлёсткі. А збоку – i маёй рукою, нібы па-руску (нібы – бо з кропкай над "i"), з патугай на гумар: "Антонов сынішка Ваня"...

Сваё гэта, толькі сваё – у кожнага.

Але ж бывае, што i тое, толькі нейчае сваё хвалюе i цябе, чужога...

Пачатковая школа, адна з тых двух дзесяткаў школ, якія пабудаваны братам на маляўнічых прасторах нашага прынёманскага, прысвіцязянскага раёна,– школа ўжо даўнавата не працуе. І не жыве, дажывае. Закрытая па вельмі простай сучаснай прычыне: вучняў няма. Іх цяпер убачыш, пачуеш толькі ўлетку, гарадскіх унукаў. І вось яны, тая малеча, а з імі i дарослыя, нядаўна – якое нядаўна: хутка зноў будзе дзесяць гадоў! – пабуры лі тую, калісьці белую, чыстую, у кветках школку, як гаварылі з любасцю нашы бацькі i дзяды, так апаганілі яе, нібы даўно чакалі гэтай шчаслівай магчымасці, гэтай пястотнай свабоды – у малых i спрадвечнасучаснага хамства – у дарослых.

І тут ужо смутак i горыч у мяне не свае, не толькі свае, але i не чужыя – нашы.

Пра гэта гаворыць мне глобус. Не тады, калі дашкольныя, шчабятлівыя ўнукі трывожаць, круцяць яго, з ультрасучаснай цікаўнасцю – ад тэлевізара яна, ад раскошнага мноства дзіцячых кніжак – шукаюць на шматколернай пукатасці не толькі кантыненты, краіны, a i сталіцы,– але, не тады, a ў мой самотны ціхі час...

1988

ТЭМА

Мы сустрэліся прад дваццаць з нечым гадоў пасля таго, як загінуў яе муж. Пяецца: " У чужым, далёкім полі..." А тут яшчэ, нібы знарок дзеля таго, каб ёй было крыўдней за ўсіх, пахаронка прыйшла пасля перамогі, калі другая мужчыны хто голас жывы падаў, а хто неўзабаве – няхай сабе i праз паўгода – вярнуўся ці пакалечаны, ці i зусім здаровенькі.

Ды тое, ваеннае, калі я трапіў на ix лясныя хутары, было ўжо найгарчэй аплакана. Слёзы ў яе былі ўжо іншыя, навейшыя, хоць таксама ж адтуль, дзе невычэрпна нясцерпная доля.

Пагаварыўшы са мною – у хаце мы былі ўдваіх,– яна пайшла за перагародку, пашамолілася там i выйшла, аберуч трымаючы за краі павялічаны фотапартрэт у белым, пругкім паспарту. Углядалася ў яго i плакала, змогшы сказаць мне адно толькі: "Во..." Хлопец яе, адзіны сын – я чуў пра гэта ад людзей i толькі што выслухаў ад яе,– два гады таму назад, працуючы на балоце, дзе торфазаводскія распрацоўкі, быў уцягнуты ў машыну...

Бацька, калі па той песні, загінуў у чужым, далёкім полі. А сын на сваім, недалёкім балоце. Той богведама як i забіты, i пахаваны. А гэты паміраў адзін-адзінюткі на ўсім цэлым свеце, як ні крычы... Так мне было адразу ўявілася, калі пачуў пра гэта раней.Ну, а што ўжо там было хаваць, што засталося ад яго – не пасмеў спытацца.

За ўвесь час, пакуль мы сядзелі, спачатку каля стала, а потым за сталом, успамінаючы i нашу маладосць, i потым перажытае, хто дзе i як сваё перажываў, яна адзін толькі раз усміхнулася.

У вайну i адразу пасля вайны на першае гора ў яе быў памочнікам тата. Па гадах ужо не змабілізаваны, але яшчэ ўсё дужы i ўвішны. Ен ці прыходзіў, ці возам або саньмі прыязджаў з іхняй вёскі, балазе i не так далека. Цяпер яго ўжо каторы год няма, не пабачыў, як тут яе другі раз ударыла,

Яна расказвала, за кампанію закусваючы крыху пачатую чарачку.

– Іду я з бабамі i гавару: "Божа мой, Божа, а картопля мая яшчэ ж не абагнаная". А на свой двор ступіла, гляджу – a ўжо ж ён, наш Антось, мыецца каля калодзежа, сарочку зняўшы. Пакуль мы з поліва на абед, дык ён з маёй картопляй i справіўся! Не прошаны, не галошаны!..

Якраз тут яна i ўсміхнулася, хоць i праз слёзы, нібы святлейшыя.

– Кажуць: мужык любіць жонку здаровую, а брат сястру багатую. A ў мяне ж, сам бачыш, ні здароўя таго, ні багацця. А ён, браток, памагае. Усё памагае, хоць i ў самога ж сям'я ды работа. Праўда, i Зося яго – грэх што-небудзь сказаць...

Я памятаю бацьку яе, ведаю брата. Толькі сына вось бачу ўпершыню – з малога здымка не надта ўдала, цьмянавата перацягнутага на вялікі.

Пасля таго наведання я збіраўся пабачыць машыну, што закатоўвала яго на балотнай пустэчы, зрэдку думаў пра тую страшную запаволеную смерць, не ведаючы, як да яе падступіцца...

Пакуль не пагаварыў ca знаёмым, які зблізку ведаў той выпадак. Я спецыяльна сустрэўся з ім, каб распытаць, як там было з тым бедным сынам маёй гарапашнай зямлячкі.

І ён адразу нібы абсек маю неприступную тэму сваёй дакладнай абазнанасцю.

Як мала слоў, каб яно стала бачыцца інакш, чым доўга, прыблізна ўяўлялася:

"Машына ўборачна-фрэзерная...

яго не ўцягвала – яго схапіла i раструшчыла...

ён быў... ну, ведаеце, выпіўшы".

Апошняе – каб неяк далікатней, больш зразумела i даравальна па-сучаснаму. Бо ў гэтым мой знаёмы быў, на жаль, не бязгрэшны i сам...

Там, адкуль не вярнуўся бацька, было вельмі людна, смерць або калецтва – для ўсіх аднолькавай доляй.

I тут, дзе адбылося з сынам, таксама бяда або пошасць – амаль усялюдная.

А для маці ён быў i застаўся сыночкам.

1994

notes

1

Camel – вярблюд (англ.)

2

Піпл – людзі (англ.) тут у значэнні – усю нашу турысцкую кампанію.

3

Святло з Усходу (лац.)


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю