355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Сцежкі, дарогі, прастор » Текст книги (страница 6)
Сцежкі, дарогі, прастор
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 14:30

Текст книги "Сцежкі, дарогі, прастор"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 9 страниц)

Я дадаю:

Калыска не пустая, хоць маўклівая.

І калыхалася – як звон без языка.

ПОЗНІ АГЕНЬЧЫК

Вяселле ад маладое пераехала да маладога – гасцінцам, у суседнюю вёску, за два кіламетры. Адзін з гулякаў забавіўся дома, адстаў i пайшоў пехатою. Зіма, ноч, а ён, вядома, пад чаркай. Брыў насустрач ветру з макраватым снегам у твар. Вецер сарваў з яго шапку. Дзяцюк дагнаў яе, насунуў мацней, угрунтаваўся на нагах, пайшоў. Доўга ішоў, бясконца доўга – спачатку ўсё на сваю дарогу, на насып гасцінца выходзіў, а потым адчуў, што дарогі няма, што ў завірусе ён – проста кудысьці ідзе... Барозны, раўкі, зноў роўнае, зноў барозны...

Потым, нарэшце, у снежнай, шчымліва-сякучай муці яму паказаўся далёкі агеньчык. Яшчэ адзін роў... Не, тут ён, ужо амаль зусім не п'яны, зразумеў, што гэта не роў, a нізкае рэчышча... Праз нізкі ў снезе дрот агароджы, потым цераз штыкеты ён пералез i, нарэшце, пастукаў у жывое акно!..

Ён быў страшэнна стомлены, мокры, аднак ужо не спалоханы, без прыкметнай на твары няёмкасці – па праву чалавека, якому патрэбен ратунак. Мой брат, братавая i дзеці спалі, адзін я, месячны госць, чытаў у кухні за стадом. На нашу нягучную гаману, спачатку ў сенях, потым у кухні, ніхто не прачнуўся. Я прымусіў яго распрануцца, надзець сухое, паслаў яму на тапчане, знайшоў i наліў ад прастуды чарку, хлеба, сала, цыбуліну даў. І ён мне расказаў сяк-так, што здарылася. Я сказаў яму спаць, дый сам ужо больш не чытаў, лёг у хаце. Добра за поўнач.

Ен пайшоў, калі ўсе яшчэ спалі, адна толькі гаспадыня ўстала. Надзеў свае даспехі, якія мы ўчора развесілі каля гарачай грубы, i пайшоў, ужо зусім у цвярозай няёмкасці.

Калі б не мой позні агеньчык, хлопцу было б вельмі дрэнна. У сваёй упартай упэўненасці знайсці спачатку дарогу, а потым якое жыллё, ён брыў наслепа – якраз туды, у той бок, дзе за вёскай (братава хата наводшыбе) пачыналіся крутыя ўзгоркі, сярод якіх, наўпоперак – глыбокія, "воўчыя" яры...

Я не запомніў, чый ён у сваёй вёсцы, за шэсць кіламетраў ад нашай, а ён ні ў мяне, ні ў братавай не спытаўся, хто мы, хто тут жыве. I гэта яшчэ лепш. Проста помніцца. Вось ужо i шаснаццаць гадоў.

1977

КОНЬ

Пажылая санаторная медсястра, што мо-, лада, дабрадушна смяецца, расказвала ўчора, як яна ў вайну, дзяўчом, крала ад іхняй каровы траву i карміла салдацкага каня, што паваліўся, зняможаны, за апошнім домікам ix ускраіннай вуліцы, калі нашы адступалі ў горы.

Спачатку конь еў лежачы, а потым дзяўчынка прыйшла i радасна здзівілася, што ён устаў i жуе ўжо стоячы. А на наступны дзень ён пайшоў следам за ёю, хоць i не клікала, да ix дахаты. І маці тады, нарэшце, даведалася, куды яе малая ўсё бегала i не прызнавалася, колькі ў яе не пытайся.

– A немцаў тут, у Сочы, не было. Толькі бой быў у гарах i потым па рацэ плылі трупы. Нашы i іхнія...

Пасля таго каня забралі чырвонаармейцы, ужо наступаючы. І яна, малая, так плакала, што камандзір сказаў: "Не рад, што i бяру яго!.."

Ужо тым часам цешча i бабуля, а кажа, што каня, відаць, забілі, бо каб жывы застаўся, дык прыбег бы да яе.

І гэтая яе "дзіцячасць" добра спалучаецца з вясёлым, чыстым смехам.

А жылося нялёгка, пакінутай мужам, з двойкай малых дзяцей.

1978

ПАД ЗЯМЛЁЙ

Гэта адно – упершыню захапляцца ці зноў i зноў, праз гады, тыдні, дні любавацца зялёнымі, шэрымі, белавяршыннымі гарамі, бачачы ix толькі звонку, здалёк ці зблізку, а то i глыбока ўнізе з сонечнага самалёта.

І другое – бачыць ix, горы, пасля таго, як ты пабываў у ix... так, у ix усярэдзіне.

Такое было ў мяне ў Новаафонскай пячоры.

Як я слухаў раней пра гэта, не раз i не два, як мог звязваць такое з манастыром, з пячорамі пустэлькаў, а не з падзямеллем, скажам, старой Вялічкі? Toe, польскае, з дзівоснай саляной капліцай, зробленай двума братамі-шахцёрамі, дзе i скульптура, i люстры, i саляныя азёры, дзе дыхаецца так прасторна, на ўсе грудзі,– тое ўспаміналася мне пад зямлёй, аднак жа грузінскае, новаафонскае не параўнаць па размаху, па нерукатворнасці ўсёй падземнай красы. З яе высознымі, да ста метраў, скляпеннямі, таямнічым бяздоннем возера, далека ўнізе пад масткамі, казачнай застыгласцю кальцытавага вадаспаду, сталактытавых i сталагмітавых векавых утварэнняў, фантастычнага прыроднага майстэрства – незнарокавага, геніяльнага між іншым...

Ну, i легка ўзмоцнены мікрафонам голас экскурсаводкі з грузінскім акцэнтам, i грузінская музыка, песня, сваячка горнага рэха, песня i музыка, што так прыемна гаворыць пра веліч мал ora (колькасна) народа...

Зрэшты, i немец Бах таксама добра гучыць пад зямлёй, у гарах, у ix глыбіні, яшчэ раз гаворачы пра несмяротнасць сапраўднага.

1978

"ЗАВІРОЧВАЙЦЕ"

Зноў думалася пра тое дзеўчаня, што недзе ў летняй палескай вёсцы паказвала нам дарогу ў другую, патрэбную вёску, i развесяліла нас, расчуліла незвычайным словам.

– Вам трэба туды, за магазін, вы туды завірочвайце!

Не толькі словам развесяліла, расчуліла...

Адзін з нас зняў дзяўчынку там, дзе мы спынілі яе,– каля плоціка, за якім, над якім узвышалася пірамідка помніка, каля яшчэ адной магілы, ужо не закатаваных гітлераўскімі карнікамі старых, жанчын i такіх, як гэтая малая, а салдацкага, нават сімвалічнага, па тых, што палеглі не дома.

Гадоў дзяўчынцы каля дзесяці, а можа, i трохі больш. Босыя ножкі, вельмі старанна стуленыя ступачкі, светла-стракатая караткаватая сукеначка, просценька мілы, пасур'ёзнелы перад аб'ектывам тварык. Яшчэ адны чыстыя, ясныя вочы народнай несмяротнасці.

Дакор многаму, што было раней...

Трывога: а што ж будзе з такімі, з наступнымі?

Адно, здаецца, убачыў у тых вачах, а другое – адчуў.

Але ж i радасць была ў нас,– нібы вады крынічнай напіліся. Бо спатканне такое – пасля новых ды новых жахлівых расказаў у папярэдняй вёсцы, сённяшняй, i ва ўчарашніх, пазаўчарашніх...

У нашай кнізе "Я з вогненнай вёскі...", да якой мы тады рыхтаваліся, дзяўчынцы гэтай месца не знайшлося. Нават на здымак з адпаведным подпісам, пра што мы, калі ўжо ехалі адтуль, пагаварылі. Во здымак, як тут ні шкадуй, узяў ды... не надта ўдаўся.

I вось яна стаіць у маёй памяці. Стаіць каля шэрага нізкага плоціка, пад прымітыўна "створаным" i абгароджаным помнікам, стаіць са сваімі быстрымі босымі ножкамі, з непераможна i да болю сумна чыстымі вачыма, ca сваім нязвычным "завірочвайце", стаіць, а я ўсё ніяк – ужо дзевяты год – не разбяруся, не вырашу: тэма гэта ці толькі светлы, шчымлівы ўспамін?..

1980

ПРОБЛІСКІ

У незвычайным, на першы позірк драўляным, як мне здалося з дарогі, бараку – добрыя, сучасныя кватэры саўгасных рабочых. Унізе вялікая кухня, сталовая, веранда, a ўверсе яшчэ чатыры пакоі.

Гаспадара, трактарыста, дома мы не засталі. Жонка яго – маці траіх дзяцей, найменшае з якіх, аднагадовы хлопчык, безнадзейна хварэе. Мы яго не бачылі, ён там недзе наверсе ляжыць, як заўсёды, а бедная мама сустрэла нас з другім, двухгадовым хлопчыкам на руках. Па вачах малога відаць, што i ён хворы (паіхняму, пачэшску, немоцны), а жанчына сказала, што гэта ў яе суседчын Вашычак: той кудысьці спатрэбілася паехаць, "а я ўсё роўна ж дома сяджу".

Калі мы прыселі да стала, а гаспадыня пайшла рыхтаваць нам каву, хлопчык вяла гуляў на падлозе з вялізным, калярова-пярэстым мячом. Гаспадыня прынесла Вашычку малака. Каб піць яго,– больш, відаць, па абавязку, чым з патрэбы,– малому надта ж захацелася, проста такі зусім неабходна было сесці на тым мячы. Сяк-так угрунтаваўшыся на ім, ён зрабіў цёці ласку – яна з усмешкай чакала – дакрануўся губамі да нахіленага кубачка. Раз, а потым i яшчэ раз.

Гэта адно, з пазаўчарашняй паездкі ў Судэты, дзе мы з сябрам-чэхам заехалі да яго сваякоў.

Другое ўбачыў я ўчора тут, у Карлавых Варах, на бойкай, толькі пешаходнай вуліцы. Дзяўчынка, па-бабску кажучы,– зусім яшчэ маладзенечкая, аднак ужо нібы гатовая на ўсё: i дрэннае i добрае, ідзе сабе паміж рознакалёрных магазінаў, у яшчэ раннім, таксама стракатым патоку людзей мясцовых i разнамоўных курортнікаў, ідзе па вуліцы зверху ўніз, калываецца тонка ды стройна, уся ў раннім сонейку, з выглядам весела-незалежным, а на калене ў яе, на паношаных джынсавых штоніках, – як нейкі выклік – нашыта вялікая, белая, прымітыўная кветка.

"Малое – усюды малое. А маладому ўсё хораша",– скажам таксама па-бабску.

Малы i дзяўчо, два, выпадкова заўважаныя, пробліскі, жыва i паасобна, i разам, яны прыгадаліся мне, як толькі прачнуўся. І тут жа, амаль адразу прыйшоў i стаў паміж імі, чэшскімі, трэці i свой, з майго вяртання з Масквы дахаты.

У нашым купэ – глуханямая дзяўчынка гадоў дванаццаці. Едзе з бабуляй на канікулы, з-пад Урала ў Брэст.

Раней чым уведаць, што з малой такая бяда i куды яны едуць, я ўбачыў на выцерта-сівых, зноў жа джынсавых штоніках дзяўчынкі незвычайнае: два сэрцы, відаць, ёю самой вышытыя, адно чорнымі, а другое чырвонымі ніткамі, i змацаваныя англійскай шпількай. Не вышытай, металічнай.

Прыгожае дзеўчаня міла ўсміхнулася на мой зацікаўлены позірк i неяк дзіўна, нібы з замежным акцэнтам, сказала адно толькі слова:

– Маль-тшык!

І тут якраз бабуля растлумачыла, што ўнучку ў спецыяльнай школе вучаць гаварыць i што гаворыць яна вельмі, вельмі мала.

A ўсё ж запаветнае – хоць i так яшчэ рана – сказала.

1980

ПРОЗА

Вызвалення мы, партызаны i нашы сем'і, чакалі тады, улетку сорак чацвёртага, з вялікім, адным такім на ўсё жыццё хваляваннем. Асабліва ў апошнія дні, на стыку чэрвеня i ліпеня.

Спачатку – дзень за днём, ноч за ноччу – чуўся далёкі гул кананады, i ўсё мацнеў ён, усё быў бліжэй ды бліжэй...

Пасля нямецкае адступленне за трое трывожных сутак грукатліва i пыльна схлынула па шырокай лясной дарозе на захад.

Пушча з доўгачаканай палёгкай уздыхнула.

Бо тут былі цяпер не толькі сем'і партызанскія, але амаль усё прылясное насельніцтва, – поўыа старых, жанчын, дзяцей, з вазам! ды з каровамі,– i партызанам было сурова загадана не зачапацца з ворагам, толькі стаяць на ўзлессі, ад дарогі, i чакаць. Тут i затоенасць, i трывога, i радасць, што хутка ўжо, што вось-вось...

Ужо i пачута было: недзе далей на паўночным усходзе нашы, з суседняй брыгады, сустрэліся з армейскай разведкай.

Усе два тыдні ад пачатку наступлення ў міжраённай падпольнай друкарні, дзе я выконваў абавязкі рэдактара адной з газет, часу рабіць тыя газеты не было. На старонках i паўстаронках ca сшыткаў мы паспявалі выпускаць толькі лістоўкі – ca зводкамі Саўінфармбюро i загадамі Вярхоўнага.

Уранні сёмага ліпеня я выпусціў сваю, апошнюю ў лесе, лістоўку, прынёс яе камісару, i ён, нарэшце, сказаў: "Ну, добра, валяй! Не напарыся толькі дзе-небудзь". Нібы сурова, аднак i ўсміхнуўся сваёй таўстагубай, прыязнай усмешкай.

Рэдактарам я працаваў па сумяшчальніцтву. Еалі здаралася зноў выехаць у раён, да разведчыкаў, адкуль я быў узяты ў рэдакцыю, каня прыходзілася браць, які трапляўся. Цяпер пад павеццю канюшні стаяў знаёмы гняды жарабец, адпачываў, заезджаны, у самоце i без усякай ужо фанабэрыі. Прыйшлося ўзяць яго. Сядло ў мяне, як i ў кожнага з коннікаў, было сваё, зробленае адным вясковым умельцам.

Спачатку Гнеды трохі нават рысіў, а потым зноў прачнулася ўся яго, грунтоўна назапашаная, стома, бядак прыстаў, i не было ўжо сэнсу ні злавацца, ні сядзець на ім. I мы пайшлі па лугавой дарозе, я спераду, а ён на повадзе. Смех i бяда, хоць i спяшацца ўжо лішне няма асабліва куды.

Мы браліся левым берагам рэчкі, супраць вады, да тае вёсачкі, дзе ўсю зіму стаяла наша разведка. Там ix, вядома, сёння не будзе. А можа, i будуць. Ці хоць пачую, можа, дзе яны.

І вось яно, наша Зарэчча.

Моста на рэчцы не было. На папярэчынах паляў ляжала кладка з акораных бярвенняў. Дзе два танчэйшыя, дзе тоўстае адно. Кладка доўгая, шэра-бліскучая, абутаму можна i паслізнуцца.

Па кладцы з майго берага на вясковы ішоў, нарэшце, ён – той першы для мяне баец. Наогул першы ў маім жыцці чырвонаармеец, бо ix жа мне перад вайной, у дні ўз'яднання, калі я быў з польскага войска ў нямецкім палоне, пабачыць не давялося.

Спалавелая гімнасцёрка, пілотка, абмоткі.

І доўгая, ад штыха – яшчэ даўжэйшая вінтоўка на рамяні.

– Эй, товарищ! – гукнуў я.

Ён азірнуўся з поўабарота, з павольнай асцярожнасцю, каб не зваліцца, i я ўбачыў, што гэта – пажылы, папрасцецку вусаты дзядзька.

– Здравствуйте, товарищ! – паўтарыў я свае прывітанне.

Ён павярнуўся поўнасцю, памалу пайшоў да мяне i ўжо зусім каля травы адхоннага берага сказаў з уздыхам:

– Братец, если бы ты знал, как я испугался!..

Мы павіталіся за руку. І тут да мяне дайшло, чаму ён спалохаўся. Дый сам стары растлумачыў:

– Подумал сразу, что фриц.

На мне была трафейная кашуля, з закасанымі рукавамі, я быў без шапкі, з нямецкім карабінам за плячыма, з іхняй даўбешкай-гранатай за поясам.

Мы пасмяяліся, закурылі.

А пра радасць спаткання не толькі крычаць, нават i гаварыць патрэбы не было. Хоць i здавалася, што мы даўно, даўно знаёмыя.

1981

НАЦЮРМОРТ

Вясковыя суседзі. Былыя падпольшчыкі, пасля партызаны, якім было тады па дваццаць з нечым. Цяпер адзін з ix падпалкоўнік на пенсіі, a другі, пасля адыходных заробкаў, дома гаспадар, маладзейшы па стажы пенсіянер.

Сусед прынёс суседу кошык яблыкаў. Падпалкоўнік здзіўлена смяецца:

– А я занясу табе кошык сваіх!

Процьма сёлета гэтага дабра, людзі не ведаюць, што з імі рабіць. I ніхто ў гэтым не памагае.

Утрох мы гаворым пра такую безгаспадарчасць, а кошык стаіць на чыстай, охрыстай, асветленай сонцам падлозе. Звычайны кошык сваёй работы, з недалёкай надрэчнай л азы. Ужо спрацаваны, бо многа папанасіў, перш за ўсё бульбы, у розную пагоду-непагадзь. А яблыкі – я ем адно – такія свежыя, вялікія, чырванабокія, салодкія. І хочацца сказаць пра гэты кошык, повен яблыкаў. З увагі на таго, хто вырасціў ix, хто кошык сплёў, я гавару як найпрасцей:

– І паглядзець на такое добра.

А ён, сусед, з выгляду прасцецкі, малазнаёмы мне чалавек, дадае нечакана:

– Ага. Нацюрморт!

Гэта гучыць не як акрэсленне – як пахвала. Толькі ж не хочацца згадзіцца з тым, што гэта "натура мёртвая". Хай сабе рабачай-кошык – ён стары, безліч разоў то мокры, то сухі, хай сабе дошкі падлогі таксама сухія, а яшчэ i прыглушаныя фарбай. Але ж сонца, што свеціць так шчодра i весела, але ж яблыкі, што румяняцца ў сонцы – ну, як жывыя!

Пасля, кал i сусед пайшоў, гаспадар расказаў:

– Які цудоўны быў хлопец! Ыапрадвесні сорак другога, дома яшчэ седзячы, майстраваў міну, а яна ўзяла ды ўзарвалася. Сабе пакалечыў нагу, маці крыху пакалечыў. Як ні страшна было, павезлі ў раён, у бальніцу. Зондэрфюрэр пачуў i так зацікавіўся, што сам прыходзіў хлопца паглядзець. Валодзя быў непрытомны, дык немец маці яго дапытваў, цераз перакладчыцу. Маці прыдумала, што разбівалі па полі гной i нешта, ліха яму, узарвалася. "Больш нічога, паночак, не памятаю..." Медсястра, калі паранены апрытомнеў, сказала яму гаварыць толькі так, як гаварыла маці. Калі ж ён трохі акрыяў, яна параіла лепш уцякаць дахаты. Ён i ўцёк, да лесу, два кіламетры, сяк-так дакульгаў, а там з падводай пашанцавала... У партизанах таварыш здорава міны рабіў. І з самалётных бомбаў толь выплаўляць сам прыдумаў, i такую міну змайстраваў, што ўзрывалася не пад платформай, якая ішла спераду, а пад самім паравозам.. А сталі яны дзве платформы спераду пускаць – ён i на гэта міну прыдумаў!.. Цяпер мы ведаем, што не адзін ён быў такі вынаходнік, што так, рабілі i ў іншых брыгадах, што потым міны нам прысылалі, прыносілі з-за фронту, з Вялікай зямлі. Ведаем. Але ж спачатку былі мы толькі самі па сабе, ад самага глухога нізу, ад самай беднай беднасці пачыналі. І вось такія ўмельцы...

Падпалкоўнік расказвае, захапіўся.

A поўны кошык, асветлены сонцам, стаіць сярод хаты. Натура жывая.

1981

"ПАПОЎШЧЫНА"


1.

У прыхаджан – айцец Мікодым, у партизан – поп Юшка, ён быў нядрэнным сувязным. Былы рускі афіцэр, святар, a прымаўка, як у дзядзькі якога: "Каб вас вяроўка забрала!"

– Заехалі мы да яго,– расказвае колішні партызан,– дык ён паставіў нам такія чарачкі, што пальцам ткні ў яе – усё i выскачыць. Пайшлі мы потым дняваць у гумно,– ён прыхапіў у вядры i бутэльку, i прыкусіць,– i пачал! мы там вучыць яго, як п'юць па-нашаму: лежычы жыватом на таку. А тут прыбягае дзяўчынка:

"Немцы прыехалі!"

Мы пахаваліся на сена, а бацюшка асцепаўся i пайшоў прымаць няпрошаных гасцей. Там яны недзе з тых мелкіх чарачак дзюбалі. А дачушка яго прыбягае, драбіну прыставіла, узлезла, паказалася i шэпча:

"Не бойцеся, тата сказаў: яны зараз паедуць".

І праўда – паехалі. Але ж пачалі яму тут прывозіць з поля снапы. Жыта добрае. Поп на торпе, мужык на возе, падае на торп, а поп распытвае ў яго пра партызан:

"Бяруць?"

"Бяруць, айцец Мікодым, a няўжо ж, адкуль жа ім узяць? I хлеб, i вобуў, i сала, i каня. І ім жа трэба..." – крэхча дзядзька, падаючы.

"А што не трэба – таксама бяруць?"

"І такое бывае. У маёй суседкі, у бабы старое, нямоглае, нейкі смаркач смяртэльнае забраў, што яна, як гэта робіцца, у труну сабе сабрала. І на ліха яно табе, падумаўшы?.."

"А п'юць?"

"Ды міма рота, бацюшка, ніхто, здаецца, не нясе. Яно, калі, скажам, з марозу іхняму брату, або перакусваючы, дык чаму ж са сваім чалавекам не выпіць. А то ж бывае, што возьме каторы ды набярэцца здуру, як жаба гразі..."

І ўсё такое іншае. Не скажаш, што ўсё яно справядліва, але ж i не вораг той дзядзька. Мы яго ведалі.

A паехаў ён, дык поп яшчэ цераз ток, са свайго жытняга торпа, пытаецца, смеючыся:

"Ну, чулі, каб вас вяроўка забрала? Глас народа – глас божы! І мяне ж пабойваецца гэты добры чалавек. Можа, прадоўжым рэпетыцыю?.."

Мы паз'язджалі з сена на ток. А ён сабе па драбіне, у балахоне сваім.


2.

Маладзенькая жонка камандзіра заставы, забітага ў першым баі на граніцы, уцякала на ўсход. Палямі, лесам, далей ад людных дарог, зрэдку заходзячы ў вёску, а то лепш на хутар які. Ішла то з кім-небудзь, то больш сама. Адно дзіця, дзяўчынку, па бацьку светлую беларусачку, несла на руках, другіх дзіцем была на пятым месяцы.

Не дайшоўшы да роднага Мінска сто кіламетраў, прыпынілася ў заходнебеларускай вёсцы. Мноства разоў знясіленая, перапалоханая наскрозь, яна ўжо ведала, што робяць усюды з яе аднапляменнікамі, таму i гаварыла ўсім, i ў дарозе, i тут, што яна – армянка. І далей не пайшла. Засталася ў той людскай сям'і. Самі прапанавалі пабыць, перачакаць.

За ўсіх яна старалася, усіх баялася, i так жа нялёгка было прывыкаць да сялянскай суровай працы i беднасці.

Зімой нарадзіла другую дзяўчынку.

Пойдзе на рэчку за гумнамі пялёнкі памыць, стане над той палонкай i гукае ў белы, сцюдзёны свет, у жахлівую невядомасць:

– Ма-ма-а!..

Цяпер, праз сорак гадоў, успамінае пра тое i плача, а як жа было тады?..

Вясковая цемра, хоць i далека не кожны варожа, пачала цікавіцца, што ж гэта за армянка такая, ці не жыдоўка яна, трохі за іншых хітрэйшая?.. A іншых жа, усіх пабілі яшчэ ўвосені...

І тады гаспадар, які, відаць, пра ўсё здагадваўся, параіў ёй пайсці ў райцэнтр, да папа, i ахрысціць дзяцей. Поп іхні, кажуць, добры чалавек.

Апроч папа, у гарадку былі яшчэ два немцы i некалькі мясцовых паліцаяў, аднак выбару не было. Яна ўзяла малых, адно на руку, другое за руку, пайшла.

Ужо вясна была, свяціла сонца, i спявалі жаўранкі. Загаласіць хацелася, кал i ніхто не ішоў насустрач, а з кожным сусрэчным віталася, нібы i весела:

– Добры дзянёк!

А то i пагаворыць, прыпыніўшыся...

– Дитя мое, ты по вере или безопасности ради?

Так спытаўся той поп, сам-насам у ягоным доме.

І яна адказала яму прастадушна:

– Безопасности... батюшка...

– Умница,– сказаў ён, пажылы ўжо, трохі пасівелы чалавек, у чорнай расе, з вялікім крыжам на грудзях. Такі далёкі i смешны, нават агідны ў яе... зусім яшчэ недалёкім па часе, а так жа далёкім па горы, па вопыце школьным ды камсамольскім мінулым.

Ён ахрысціў яе дзяўчынак, i гэта дапамагло ёй ад крыта хавацца далей, пакуль не забрал! ў лес партызаны. Той, з акружэнцаў, з кім яна спачатку пазнаёмілася, каму дапамагала як сувязная, а потым паверыла ў шчырасць яго, палюбіла i стала жонкай.

Гадоў з дванаццаць пасля вайны, калі ўжо

дзяучат i сына пакідалі дома адных, паехала з мужам у той гарадок i ў тую вёску, дзе ратавалася.

У гарадку якраз быў фэст, прастольнае свята "Спас", у царкве званілі, а па вуліцы ішоў i тут ужо шматлюдны хрэсны ход. Іконы, пратэсы, сякі-такі жаночы спеў. А спераду, ва ўсім бліскучым аблачэнні i з крыжам у руцэ ішоў той самы поп. Ужо зусім пасівеў i ссутуліўся. Асцярожна ступае па выбітым бруку i песню святую нібы вядзе.

Яна стаяла з мужам на трату ары. Абое ўжо таксама пажылыя i святочныя. Яна глядзела i дзівілася, што гэта ж ён яшчэ – той самы, што "дитя мое"...

І ён пазнаў яе. Хоць не ў лахмоцці ўжо, не маладзенькая i не ў вялікім страху. Ен, парушаючы важнасць моманту i сану, усміхнуўся ёй, павярнуўшыся ў ледзь прыкметным паклоне, i павітаўся:

– Здравствуйте!

– Добры дзянёк! – па-свойму, па-даўнейшаму адказала яна.

Таксама з усмешкай. Але ж i выймаючы з сумкі хустачку...

1981

КАСАТАЧКА

Касатка – ластаўка, птушка Hirundo domestica.

I тое самае, што мілая, галубка, золатка.

З тлумачальных слоўнікаў

Удовін дарослы сын паміраў пры памяці i доўга.

– От, мама,– ціха i цяжка сказаў ён неяк, ужо бліжэй да канца,– я цяпер думаю... як гэта рыба... калі яе... на бераг... выкінеш... як яна... дыхае... тады....

На пахаванне з горада прыехала з сям'ёй дачка. Яшчэ на вуліцы, толькі з машыны вылезла, a ўжо... не пачала, вядома, плакаць – зноў заплакала. Зяць нешта тоўкся каля сваіх шафёрскіх дзвярэй, а дачка, з унучкай на руках, штурханула нагою брамку, а тады пусціла з рук малую. Нібы прасветлы прамень з-паміж цёмных хмараў – на чыстую сцежку ў веснавой траве, да новай хаты ад журботна-новых варот, зробленых таксама ім.

На двары было многа людзей. Яны ўсе стаялі, ішла адна бабуля. Унучка – быстранькая, румяная, з дзвюма чорнымі коскамі – бегла насустрач старой, ручаняты ўзняўшы здалёк, у шчаслівай гатоўнасці зноў апынуцца высока, на яшчэ адных родных руках. Штосьці яна крычала радасна, у святым сваім няведанні, далека над усім дарослым смуткам...

Сын – спраўны работнік, дужы, спакойны дзяцюк – з вайсковай службы вярнуўся з нейкай таямніцай. Ніяк жаніцца не хацеў, i ў без нечага трыццаць усё ўсміхаўся, што паспее. Працуючы экскаватаршчыкам на меліярацыі, недзе там, на халодным асеннім балоце, ударыў i, звыш таго, застудзіў нагу. Неўзабаве хвароба з яшчэ адной вучонай, нават мілагучнай назвай – саркома – папаўзла з нагі вышэй. Лічачы збоку, для знаёмых i нават сваякоў, хто з ix жыве далей, паўзла яна паволі, больш за паўгода. А для самога, для маці як ён ішоў, чым быў напоўнены той час?.. Спачатку дома, пасля ў бальніцах, бліжэй i далей, тады зноў дома, на адыходзе. Час невымерна доўгі i безнадзейна хуткі, калі яно ўсё скончыцца...

Унучка дробненька бегла, радасна штосьці крычала. Нібы яна з бабуляй былі на поўным людзей панадворку толькі адны.

I старая, як быццам таксама тут адна, як быццам яна хоць на момант адышлася ад самага краечку чорнай бездані свайго маўклівага мацярынскага гора, хутка ішла насустрач госцейцы, здалёк прыгнулася з працягнутымі спрацаванымі рукамі. Падхапіла, нарэшце, малую, прыпала сухімі, бяссоннымі вуснамі да цёпленькай, пругкай, салодкай шчакі i прашаптала горача, нібы толькі сабе:

– Касатачка... шчабятушка мая!..

...Пра рыбу на пяску, якая задыхаецца,– гэта пасля ўжо, дзён праз некалькі, у яе знайшлася сіла расказаць уголас.

1982

ШАПКА

У чалавека вялікая галава. Вечныя клопаты з тым, што называюць галаўным уборам. Улетку можна i без нічога, а то ж зіма ўжо, вецер, снег i мароз, i чалавеку холадна ў бярэце. Зноў сунуўся ён у адзін, у другі магазін – нічога не падыходзіць. Не вытрываў – пайшоў да самога дырэктара універмага.

Стаіць, нібы дакладвае, бо той, з-за свайго вялікага пісьмовага стала, прысесці не запрасіў. Выслухаў i спытаўся:

– Кім работаеце?

У чалавека ледзь-ледзь праз горла пралезла.

– Пісьменнік.

Дырэктар падумаў i вырашыў:

– Выша кроліка не зможам. Ды i кролікаў пака няма.

У вачах чалавека пачалі загарацца слёзы.

– Каб вы ведалі, як мне прыемна з вамі гаварыць,– сказаў ён i пайшоў.

Для справядлівасці дадамо: дырэктар потым пісьменніку пазваніў. ІІІто ёсць "кролік", што можна зайсці. Ды той ужо штосьці тым часам дастаў, – падзякаваў i не зайшоў.

І яшчэ адзін эпілог. Калі мы з сябрам наведал! ў бальніцы аднаго з нашых найбольш паважаных старэйшын i засталі там аднаго з адказных за ўзровень літаратуры, я расказаў пра гэтае сваё здарэнне з шапкай. Усе мы смяяліся. Толькі адзін чамусьці неяк стрымана, як не паверыўшы...

1983

ШТРЫХІ

"Чорт з голаду i мухі еў".

А бывалы дзядзька Ігнат расказваў, як ён – яшчэ да рэвалюцыі – вяртаючыся з нейкіх заработкаў, i недзе каля Маладзечна ці Вілейкі... ледзь не наеўся "жытнічкаў".

Гаспадыня, калі ён зайшоў ды напрасіў есці, гасцінна сказала: "А я вам, чалавеча, крупніку з жытнічкамі!.." – "Ого, давай,– падумаў я.– Наліла на прыпеку, з печы дастаўшы, паставіла на стол. Павярнуў я лыжкай, а там – аблупленыя мышы... Каб не галодны быў, дык i сарвала б. А так толькі хлеба лусту ўзяў, падзякаваў ды за шапку".

"А чаму яны, дзядзька, жытнічкі?" – спыталіся мы, хлапчукі.

"Бо мышы палявыя".

...Другі дзядзька, Макар, у якога на агародзе было тры яблыні. Ён ix мазаў знізу да самага голля дзёгцем, каб мы, чужыя дзеці, не лазілі, калі дома нікога не будзе. Пакуль тыя яблыні не пасохлі.

Страшэнна працавіты, гаспадарлівы. Купляў у пана патроху зямлю, зусім, здавалася, пустое поле, i гноем – з году ў год – даводзіў яго да ўрадлівасці. Калі хто паліў увосень пырнік на сваім полі, дык дзядзька спыніцца ў плузе i крычыць: "Пачакай! Не палі! Давай я забяру!" Забіраў, трусіў у баразну i заворваў.

Малога ўнучка, ад дачкі, што была за бедным замужам у суседняй вёсцы, лішне малога Колю, дзед прымушаў аднойчы гнаць каровы. Спрабаваў, як толькі трохі развяснела, ці будзе ўжо свой, ненаняты пастух. А Коля ўцёк i схаваўся за нашым гумном. Плача, унурыўшыся, хімкае, а дзед стаіць над ім i гугніць. Убачыў, што я цікую з-за вугла, i да мяне:

– Ты бачыў, Мішачка? – Заўсёды блытаў нас з братам, нібы не могучы разабрацца. – Гэта ж, Мішачка, пазаўчора было Вяліканне, i наша баба дала во нашаму Коліку,– тут ішла смешнасуцэльная скорагаворка,– пірагабабкі-малака, яец чырвоненькіх-каўбасы-сырамасла-сала i мяса, а ён во, Мішачка, каровы гнаць не хоча!..

Прыдурванне, як нейкая вельмі патрэбная ў гаспадарцы мудрасць.

...Яшчэ i дзядзька Пятрусь, у якога была поўная хата непрыгожых, беспасажных дачок. Разбурчыцца на печы на долю сваю – не супакоіць нічым. А цётка Алена, ласкавая, гаваркая жанчына, тыц яму туды малыя начовачкі гарачай бульбы ў лупінах – ён i супакоіцца. Хукае там ды чаўкае.

Штовечара збіралася поўная хата вячорнікаў. I цётка нібы жартам сватала сваіх дзяўчат:

"Бяры, Баядэра, Жэню. Гаспадыню будзеш мець!.."

Як яно помніцца ўсё так выразна – з малечай памяці. Я тады хадзіў у чацвёрты клас местачковай школы i зімою быў на кватэры ў цёткі Алены, нашай далёкай сваячкі. Помніцца – з нейкім затоена-значным сэнсам.

1983

ПРАЎДАЛЮБЫ

Радасць цемры ці подласці, якая "сказала праўду":

– Гэта ж не твае родныя тата i мама, яны цябе толькі ўзялі...

Калі тая ці той сірата зразумее ўсё па-належнаму, наколькі вышэй за "праўдалюбца" стане яна ці ён у сваёй ранняй сталасці!

Успамінаецца, што адчулі мае знаёмыя, кал i ix дачушка, згубленая ў вайну i выгадаваная чужымі ажно ў Омску, адмовілася ехаць ад сваіх да сваіх. Успамінаецца таксама даўно прачытанае ў газеце, як у падобнай сітуацыі, не могучы падзяліць аднымі выгадаванае, a другімі – нарэшце! – знойдзенае дзіця, дзве чужыя сям'і прыйшлі да мудрага рашэння – парадніцца, узаконіўшы роднасць сваю афіцыйна.

Дзеці "падкідышы", або "пакідышы", якіх я аднойчы многа бачыў у Наваградку, дапамагаў ім пераходзіць цераз кладку каля касцёла, у якім быў ахрышчаны Міцкевіч. Нязручна дый няёмка было ix апярэджваць, i я падхапіў, перанёс адно, яшчэ i яшчэ адно... Яны наперабой ліпнулі да мяне, i цяжка, нельга было адчапіцца. Ад сваіх выхавацельніц, што ў нейкай меры замяняюць ім маці, яны так пяшчотна, так прагна гарнуліся да мяне, мужчыны, сказаў бы, адчуваючы "бацькоўскую недастатковасць".

У Нарыльску, у найлепшым, які мне дагэтуль давялося бачыць, дзіцячым садзе, загадчыца яго, кандыдат педагагічных навук, аўтар спецыяльных дапаможнікаў, чалавек на ўсю душу аддадзены сваёй справе, сказала нам між іншым i такое:

– Самая ідэальная выхавацельніца не зможа ўсіх ix пацалаваць, як маці. Сям'ю, таварышы, нішто не зможа замяніць.

А недзе там над гэтым... не, лепш пад гэтым чуваць "цвярозае", "праўдзівае" гы-гыгы:

– Гэта ж не твае родныя тата i мама...

1983

ЗВАНОК

На сустрэчы з выдатным артыстам яму задалі i такое пытанне:

"Ці адчуваеце вы цяжар сваёй вядомасці?!

Артыст усміхнуўся, нават узяўся рукой за галаву, нібы з жаданнем заклапочана чухнуцца, тады яшчэ шырэй усміхнуўся i расказаў пра адзін тэлефонны званок.

Званок быў, вядома, не першы i не апошні, аднак вельмі позні. Hi днём, ні ноччу спакою няма!.. Артыст празаічна вылез з-пад коўдры i, штосьці адпаведнае мармычучы, падышоў да тэлефона.

"Міжгорад? Хто? Ну, Miшa, ну i што?.. А, гэта ты, Сяргей! Ну, што там у цябе?"

Тут наш славуты госць зусім натуральна выявіў на твары тую самую начную радасць. Аказваецца, у яго нічога не прасілі, нікуды не выклікалі, не запрашалі, ніяк не хвалілі! Той Сяргей, апынуўшыся ў далёкай камандзіроўцы, добра такі там засумаваў, i вось яму захацелася проста пачуць жывы сяброўскі голас.

Як гэта добра – проста сяброўскі голас!

Адзін званок, даволі позні, не так мяне ўзлаваў, як спачатку вельмі здзівіў.

Сябар з вайны, слаўны хлапчына, з якім мы сустракаемся вельмі рэдка, a пішам адзін аднаму толькі пад Новы год, паштовачку, раптам звоніць па міжгароднім, з далёкага райцэнтра, ноччу... Здароў! Здароў!.. Нешта ж павінна быць вельмі пільнае: ці ў Мінск, "да добрага доктара", трэба самому або камусьці з блізкіх, ці паступаць вучыцца нехта збіраецца, ці перавесці каго з адной работы на іншую, ці стаць якой сваячцы на чаргу з кватэрай... Пакуль што – нічога падобнага. Пытаецца, як жыву. Расказвае, як жывв. Даволі весела, зусім няспешна.

"Во размахнуўся,– думаю.– Рублёў на пяць напрастарэкуе. А то i на дзесяткі ўжо дабіраецца..."

A ў яго тым часам i яшчэ пытанне:

– А як табе, браце, падабаецца міжнароднае становішча? Га? От дзе паршыўцы!..

І так далей. Ледзь не з поўнай свабодай. Глядзі, што вось-вось i да ўнутранага пяройдзе. Цуд дый годзе. А потым, нарэшце, разгадка. І радасць. Во звоніць ён – проста так сабе.

– І я ўжо, браце, на пенсіі. Не будаўнік. Дома сядзець не захацелася, бо што ты выседзіш. Адна таска заесць. Вартаўніком цяпер у нашай канторы дзяржбанка. Дзяжуру сёння. Сяджу сабе i думаю: дай пазваню. Тэлефон на стале. Па справачнай мне нумар твой далі. Ахвота словам перакінуцца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю