355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Сцежкі, дарогі, прастор » Текст книги (страница 5)
Сцежкі, дарогі, прастор
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 14:30

Текст книги "Сцежкі, дарогі, прастор"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 9 страниц)

"Згодна са словамі апостала Паўла – "Не работающий да не ест" – жыта прыбраць самім".

Днямі я выпадкова сустрэў яго на аўтобусным вакзале: дзед сабраўся ў родны гарадок агледзець бацькоўскія магілы. З кашолкай у руцэ, накрыты несмяротнай кепачкай, з усмешкай, што не прапала i ў свяшчэннай барадзе. Пастаялі мы, чакаючы яго аўтобуса, пагаварылі. Да стаянкі адзін за адным падыходзілі аўтобусы: набярэ пасажыраў – пайшоў, праз нейкі час падыходзіць наступны. I ўсё не наш. То Клецк, то Наваградак, то Нясвіж... Хоць вонкава i непрыкметна, а хвалюемся – i ён, i я. Во ўжо i сутуняецца. Яшчэ адзін аўтобус!.. А каб цябе – зноў не наш: івянецкі!..

Дзядок засмяяўся. Без найменшай сувязі з вельмі сур'ёзнаю тэмай нашай размовы.

– Калі-та на ўскраіне гэтага самага Івянца,– пачаў ён,– стаяў святы на горачцы. Фігура з дрэва, унізе насаджаная на шпень. Гэта яшчэ да той, да царскай вайны. Студэнты... Можа, i з маладзечанскай настаўніцкай семінарыі? Маладыя людзі заўсёды былі вясёлыя. І думалі некаторыя. Словам, узялі яны ноччу ды пакруцілі таго святога на шпяні, адвярнулі яго ад горада i напісалі на гэтай самай: "С... я на ваш Івянец! Пайду ў Валожын". Ха-ха-ха!..

Дзед канчае восьмы дзесятак. Добра i ў старасці быць маладым!

ВЕРАСЕНЬ

Дубовыя бочкі – звонкія, літыя – моцна стаяць на зямлі. Кошыкі зялёныя, лазовыя, i белыя, з карэння. Рашоты напамінаюць духмянасць свежай мукі, ражкі – гарачы, масляны пах аладак. Вазы, скрынкі, мяхі, у якіх парасяты. Несціханы, няўмольны парасячы віск. Неабходны смурод. Грузавыя машыны стаяць асобна, легкавыя i матацыклы – таксама. Сельпоўскія грузавікі з каляровай стракатасцю шырпатрэба – ад газавай хусцінкі да чорных, непераможных ботаў. Вязкі i "ніткі" сухіх грыбоў. Колькі працы i радасці, красы роднай прыроды ў гэтым моцным, здаровым, хвалюючым водары! Сала аполкамі. Буйныя светла-карычневыя яйкі. Жоўценькае масла.

– Яно ў вас смачнае?

– Не-а.

– Я на нюх пазнаю.

– А я дык яго ні на нюх, ні на слух не ведаю. От, ем сабе, колькі жыву, ад аднае каровы.

Хітрая, спраўная, стрымана вясёлая жанчына. Амаль маладзіца, a ўжо чырвоныя боцікі хоча купіць не сабе, а дачцэ.

Яблыкі, грушы, слівы!.. Кладучы на вагу, цётка (другая ўжо, старэйшая) не вельмі каб спрытна стараецца выбіраць драбнейшыя. Дый важыць па-аптэчнаму. A ў дзядзькі – менш дамавітага, больш бывалага – больш паэтычных адносін да жыцця.

– Я што – за яблыка ці за грушу буду дрыжаць? На табе, браце, i перавес.

Ясны i цёплы верасень. Дзень, што пачаўся туманам, а потым – калі нам з дарогі, з дубовага гаю адкрыўся горад з чырванадахім касцёлам i бура-цагляным агрызкам руінаў на замчышчы – стаў неяк раптам сонечны. Ажно стары, маўклівы шафёр не вытрымаў:

– Навагрудак у аб'яціях сонца!

Апоўдні, калі мы вярталіся ў Мінск, туманец яшчэ слаўся, поўз над свежай раллёю, каля маладога густога ельнічку прыдарожнай ахоўнай паласы. Радасны сум асенняга, небезнадзейнага завядання, пра які яшчэ трэба бясконца пісаць.

Любуючыся красой палёў, думаў пра нейкага дзядзьку з вунь таго хутара ці з гэтай вёскі: як жа ён успрымае ўсё гэтае хараство? Проста жыве ў ім, у спакоі шчаслівага спажыўца? Як птушка?..

A хто ж тады песні складаў народныя?

А мы адкуль узяліся – тыя, што пішам?..

1970

РАДАВІТАСЦЬ

Чорны пудзель, які сумуе на падаконніку, не толькі каштуе чатыры тысячы злотых,– ён мае яшчэ i багатую радаслоўную.

Нейкія былыя графы ці князі,– "пані дому" не ўспомніла ix прозвішча,– ці проста былыя радавітыя магнаты, якія цяпер займаюцца гадоўляй пародзістых сабак, прадаючы маім знаёмым гэтага чорнага цюцьку, прыязна пацікавіліся, ці пан пакупнік – з радавітых.

Што ён мог ім адказаць, наш наднёманскі целяпень Мікола Нупрык, мой колішні сябар na польскім войску i нямецкім палоне, цяпер – сяк-так апалячаны варшаўскі рабацяга? Жонка яго – былая шляхцянка ў сучасным мяшчанстве, а ён, Мікола, хоць i перахрышчаны ёю на католіка, падпёрты яшчэ адным імем, здаецца, Збігнеў ці Зыгмунт, ён – як i ўсе мы, вясковыя,– далей свайго бацькі i трохі дзеда нічога не памятае, не ведае.

I вось былыя князі ці магнаты дапамаглі яму ў мудрагелістых справах генеалогіі. На наступнай, пасля пакупкі чорнага пудзеля, сустрэчы, яны сказалі Міколавай "пані дому", бо толькі з ёю адной выпадкова сустрэліся, адкуль паходзіць слова "Нупрэй", што стала прозвішчам яго, а потым i яе, пані Нупраёвай. Аказваецца, не ад Анупрэя, як сказал! б мы, i не проста з Беларусі, а проша пані, ca Жмудзі... Усё-такі нейкі пах ды прысмак вялікай гісторыі!..

A ці не лішне гэта прыемна,– паддаўшыся модзе, дый наогул паддаўшыся, вадзіць на праходку сабаку, што больш за самога цябе радавіты?..

1970

ЯК ТУТ СКАЗАЦЬ ЯСНЕЙ?

Рыжскае ўзмор'е. Люты. Разам з намі, вельмі нямногімі літаратарамі, адпачываюць тут, у піеьменніцкім Доме творчасці, "латвійскія аграрыі", пераважна жанчыны i маладыя дзяўчаты. Аграномы, даяркі, бухгалтары...

Яны сабраліся сюды з усіх канцоў свае рэспублікі, ва ўспамінах сваіх, у розумах, у сэрцах сцягнулі ў гэтае месца над морам столькі таго цікавага ды рознага, што я магу толькі цьмяна, прыблізна ўяўляць, ведаючы Латвію больш па кнігах, чым непасрэдна.

Каторы дзень прыходзіць, вяртаецца думка пра ix асабістыя светы, якія за адзін раз непрыблізна ўбачыць не зможа нават багатае, яркае, грунтоўна падмацаванае веданнем уяўленне.

А гэта ж так цікава – гэты сціск нябачных промняў ix дарог i сцежак у адно месца, сюды, у нашы жоўтыя белавокныя домікі, у вялікую, светлую сталовую, дзе мы тройчы ў дзень сустракаемся ў поўным складзе.

А потым будзе разбег ад цэнтра, як выбліск промняў ад сонца, раз'езд ва ўсе канцы ix "зялёнай зямлі" – у свае хаты, за свае сталы, на свае падушкі...

Як гэта цікава, i як няясна я пра гэта гаваРУ!"

1971

У РОДНЫ ДОМ

Прыемна чытаць тут Карнея Чукоўскага – яго ўспаміны, тым больш пра Пастарнака,– іменна тут, у падмаскоўным лесе, на ix апошняй радзіме, паблізу ад ix драўлянага жылля i сціплых магіл.

Над гэтай кнігай я як быццам злавіў-такі нарэшце сваю даўнюю думку, тое, што адчувалася ў розны час у родных мясцінах іншых пісьменнікаў – меншых, большых, вялікіх.

Хто ў сваёй Яснай Паляне, хто ў Наваградку, хто ў Веймары, хто ў Каневе, хто ў Наднямонні ці ў Ялце... Вось я наведаў ix, тыя мясціны, а далей – ужо няма нічога, туга па далёкай, узнёслай легендзе аціхла, у пошуках найбольшай паўнаты ix, пісьменніцкіх, вобразаў трэба вяртацца ў іхнія кнігі.

Мы ўжо туды вярталіся неаднойчы, i будзем вяртацца, як з вялікага падарожжа ў родны дом, з яшчэ большай, з самай грунтоўнай упэўненасцю, што радней, чым ён,– i сапраўды няма нічога.

1971

ПОМНІК

Марцін памёр, а я, пачуўшы пра гэта ад другога свайго земляка, міжволі засмяяўся.

Брыдка? Ды што ты зробіш, калі я адразу ўспомніў той непаўторны, можа, спрадвеку адзін такі на цэлым свеце, помнік, які ен, Марцін Ківеня, пакінуў па сабе ў адной з нашых наваградскіх вёсак.

Колькі жылі – сварыліся з братам... Дзеці павырасталі, пайшлі людзьмі ў шырокі ды далёк! свет, унукі пачалі на лета прыязджаць, а Марцін з малодшым братам Яўхімам, дзяды нямоглыя, але жывучыя, дзеркачаватыя, яшчэ ўсё то не віталіся, то брыдзілі-гадзілі перад людзьмі самі сябе i радню. Даўно зрабілі па хаце, а бацькаву, старэнькую, ніяк не маглі падзяліць. Яўхім пачаў ужо тым часам трохі лагаднець, здавацца на нейкую памяркоўнасць, але Марцін не здаваўся. І вось нарэшце яны прыйшлі да мудрага вырашэння свае бясконца складанай справы – распілілі тую хаціну... наўздоўж. Саламонам быў тут Марцін. Яўхім згадзіўся ўжо i на гэта. Ен забраў сваю долю на дровы. A Марцінава доля стаіць. З адным акном ад вуліцы, з палавінай шчыта, забітая аполкамі з аднаго боку, з глухой сцяной i палавінай страхі з другога.

Ніхто ў ёй даўно не жыў i цяпер, вядома ж, не жыве. A стаіць яна недзе – упарты помнік дурнаты.

1971

ІДЫЛІЯ

Ен быў каваль, адзін на тры вёскі, чалавек патрэбны i паважаны. А жонку прывёз сабе аднекуль здалёк. Танклявую, віскліва-галасістую i дзікаватую неахайніцу. Яго за радзімую пляму на шчацэ празвалі Лапай, а на яе адразу прыдумалі Магдалена, – нібы без сэнсу, але нечым для ўсіх зразумела i смешна.

Кузня звінела ў вёсцы, a жылі яны на хутары за вёскай. І Магдалена, як толькі ўбачыць праз акно, што нехта ідзе, на ўсякі выпадак хавалася ў каморку. Ужо i дзеці ў ix пайшлі, ужо тым часам i пастушкамі на пашу павыбягалі, a маці ўсё ніяк не магла асвойтацца.

Адзін з вясёлых мужчын, Паўлюк Калоша, дык той, праходзячы каля Лапавага хутарка, адразу ў хату не заходзіў,– ішоў у каморку i заглядаў за бочку ці за скрыню:

– Ага, ты сёння тут! Здарова, Магдаленіца!

А яна – сарамліва, збянтэжана:

– Гы-гы-гы! Я думала, дзядзька, што гэта не ты...

Неахайнасцю яна, як Лапа работай, славілася далека.

Даўно гэта было, аднак я добра бачу той колішні хутарок на ўзгорачку пры дарозе, а побач з ім, у лагчыне, круглую сажалку, аброслую аерам i зацягнутую раскай. У сажал цы бокам, да палавіны ў вадзе, застыла ражачка, у якой рашчыняюцца аладкі. На ражцы сядзіць ды час ад часу, у паэтычнай журбоце, кумкае жаба. Вялізная, надзьмутая. Спудзіш яе каменьчыкам – боўтнецца зелянуха ў твань, а ражачка нават не скалыхнецца. Так яна адмакала ад былой да наступнай нядзелі, калі ў нас, па даўняму звычаю, абавязкова пякліся аладкі.

Калі ж Магдалена, для раснастайнасці, варыла галушкі з цёртай бульбы, дык адціскала ix... у падоле спадніцы.

– Што ты робіш? – зжахнуўся аднойчы хтосьці з жанчын. А яна:

– Гы-гы-гы! Мой сажроць!.. Крылатым стала ў нас тое "сажроць", ім карысталіся, гаворачы не толькі пра Магдалену.

I я згадаў тую даўніцу не так сабе. Не раз, не два разы, калі чытаеш сякія-такія мастацкія творы, i рыфмаваныя, i не, успамінаюцца тая ідылія з ражкай i тыя галушкі.

Прасцяк i добрая душа, Лапа – той хоць пад чаркай, хоць зрэдку ганяў сваю палавіну – вучыў.

Наш чытач, як часамі здаецца, куды ласкавейшы,– сажроць!..

1972

ПОЗНА – НЕ ПОЗНА

Мой друг паляк піша ў сваім пісьме:

"Прывітанне Табе перадае мая Мама".

Калі ў першым выпадку, дзе датычыцца мяне, вялікая літара можа лічыцца праяўленнем звычайнай ветлівасці, дык за вялікай літарай у слове найдаражэйшым бачыцца мне сыноўняя чуласць, якую я назіраў у свой час, будучы госцем у іхнім доме.

І я любіў сваю не менш, чым ён, аднак даводзіў ёй гэта, відаць, не так, як трэба было, як хацелася нам абаім. І вось зайздрошчу i шкадую, патаемна i сумнавата, бо – позна.

Мне трэба даць свайму польскаму другу тэрміновую тэлеграму. На пошту я прыйшоў вельмі рана, там была адна толькі дзяжурная тэлеграфістка. Літоўка, бо Друскінінкай, як вядома, Літва. Зазваніў тэлефон, i жанчына, падняўшы трубку, ветла сказала камусьці: "Лабас рытас!" – добрай раніцы. Не адказала таму камусьці, а першая так прывітала яго.

І тут мне ўспомнілася шмат званкоў, пачутых рознай парою многіх сутак: "Хто гаворыць?", "Куды я трапіў?", 'Тэта кватэра?.."

Умоўнасці? Дробязі?

Але ж i зайздрасць – таксама.

1972

ЗЯЛЁНАЯ РАДАСЦЬ

Над нізкімі, светлапафарбаванымі штыкетамі, над гарачай пясчанай сцежкай з аднаго боку плота i над багатымі градамі – з другога, клён i рабіна злучылі лістоту. Па-чэрвеньску маладую, пяшчотную.

Так i музыка нараджаецца, i паэзія – ад такое пяшчотнасці.

"Рэмінісцэнцыя – цьмяны ўспамін, з'ява, якая наводзіць на супастаўленне з чым-небудзь, міжвольны водгук чужога, блізкага".

Не за пісьмовым сталом ды не з вучоным даведнікам, а на вясковай вуліцы, у падарожжы, дзе шчасце бясконцых адкрыццяў перакрывае штодзённую стому, успомнілася сказанае другім. З цудоўнай далечыні юнацтва, праз нягоды i поспехі дзесяцігоддзяў прыйшлі яны, пранізаліся словы:

Капае з неба зялёная радасць,

З месца ціха на росныя грады...


Маладая, хмельная сіла паэзіі, калі слова шукае выхаду з глыбіняў пачуцця i знаходзіць яго – у намёках.

Аўтар гэтых радкоў, Максім Танк, значна пазней, сталай рукой паправіў маладое так:

Капае з месяца весняя радасць,

Будзіць зялёны шум ў палісадах...

Не ведаю, ці гэта лепш...


Мне даражэй за ўсё адно – тая свежасць успрымання красы, свежасць, што паўтараецца i ў маёй душы, так нечакана i востра, ад першага, даўняга прачытання тое "зялёнае радасці".

Паўтарылася там, у міжлясной, каляазёрнай, тройчы спаленай ворагам i зноў уваскрэслай партызанскай вёсцы на Віцебшчыне.

Паўтарылася сёння, ужо як летні ўспамін – зімою. Такою простай i такою неразгаданай пяшчотнасцю кляновай i рабінавай лістоты, яшчэ ненапісанай музыкай i намёкам паэтычнага слова.

Хоць бы ж яна, зялёная радасць, не пакідала нас як найдаўжэй!..

ДАРОЖНЫ РЭКВІЕМ

Спачатку грэбля ў балоцістым лесе. Зусім нечаканы i пералётны сонечны дождж. Потым лясное возера.

Спыняемся i выходзім з "газіка".

З нізкай хмарай вялікая роўнядзь вады цёпла павязана леным, рэдкім церушэннем. Сітнёг. Лазняк. Шчэбет птушак i зумканне камароў.

Гром пракаціўся па небе. Як заўсёды, з нейкім трывожным, палахліва-радасным абяцаннем чагосьці лепшага. Знаёмая, з маленства любімая музыка.

Няўжо тут было таксама i тады, у дні вялікай фашысцкай блакады?

Такая краса – i забойства дзяцей?..


* * *

Старая студня з выпетраным жураўлём. Адна на зялёным прасторы. Не менш сіратлівая груша. Сівы палын на котлішчах.

І яшчэ адзін помнік: Дзвесце семдзесят чалавек. У студзені сорак трэцяга года.

Бярозавы хмызняк на месцы хаты, у якой палілі вёску.

Цяпер тут калгасны выпас, цялятнік з двума грамаадводамі i хатка.

Дзеда-вартаўніка, былога партызана, у якога тут забілі жонку i двое дзяцей, засталі мы на выпражаным возе. Спаў на сонцы, а каля кола стаяла пустая бутэлька з імпартнай этыкеткай. Зайшлі з ім у хату, паставілі на стале магнітафон. Але сабака, які дагэтуль брахаў на нас з-пад падрубы, цяпер уядаўся пад звонкай падлогай... Прыйшлося пайсці ў машыну, нават ад'ехацца далей ад брэху.

Дзед у той дзень прыбег з лесу пасля. Работа была "чыстая": усе пабіты, усе пагарэлі.

А навокал пажарышча ляжалі акрываўленыя вілы. Адзінаццаць штук. Віламі трупы, а каго i жывога яшчэ, падкідалі ў агонь...

Едзем.

Дзе было поле – цяпер вялізная паляна цімафееўкі. Жывому трэба жыць. І клопат адчуваецца: парнасць, зноў будзе непатрэбны дождж.

Вялікія лужыны на сонечнай дарозе. Адна за адной. І вясёлая плісачка. Садзіцца каля вады, зноў уцякае ад машыны, зноў садзіцца... Як дзіцячая гульня.


* * *

Зялёны востраў у няспелым жытнім моры. Бярозы.

З дарогі туды, у жыце, дарожка. Густая, нетаптаная трава. Абапал дэкаратыўныя кусты. То васілёк, то маладзенькі колас у траве.

Пад бярозамі помнік. Тут пахаваны адразу дзве невялікія вёскі. Сто сорак чалавек. У ліпені сорак другога.

Навокал – ціхая песня вячэрняга сонца, пяшчотнага калосся, непрыкметных жаўранкаў.

У душы паўтараецца:

Жыта мае маладое!

Укрый мяне з галавою...


Пра ўсё пра гэта можна хіба толькі музыкай сказаць. Што было, i што ёсць, i што будзе...


* * *

На невысокім Кургане Бессмяротнасці – скульптура жанчыны з лаўровай галінкай у правай руцэ, з жывымі, нядаўна ўкладзенымі некім кветкамі – у левай.

Былая вясковая вуліца стала шырокай i зялёнай палявой дарогай. У колішніх агародчыках цвітуць даўно адзічэлыя ружы. На траве, якою ўсё парасло, стаяць самотныя вербы. Бярозы маладой, нявіннай легкадумнасцю ўпрыгожваюць, а векавыя, магутныя ліпы вартуюць гэты спакой.

На кожнай былой сядзібе – сваяцкі помнічак у металічнай ці драўлянай агароджы. Нізкі драўляны крыж, ужо касматы ад моху, зусім утапіўся ў лістоце бэзавай падсады.

А што пад ім?

Старшыня сельсавета, які суправаджае нас, у дні вайны быў маладзенькім партызанам. Інтэлігентны, друлсны хлапчына расказвае:

– Трохі касцей недагараных у чыгунок або ў што i – закопвалі. Пасля таго.

Гэта – пад помнічкам. Адным, другім, дзесятым...

А што не пад ім, а за ім – што было не пасля, а тады?

Успамінаюцца пачутыя сёння словы старэнькай жанчыны, якая адна засталася з усёй вёскі, адна ўратавалася цудам i дажывае ў вёсцы суседняй, што згарэла не ўся:

– Добра пра тое расказваць таму, у каго няма жалю... Хто можа, дзеткі, гаварыць...

1973

ВЯЧЭРНІ ЗВОН

У размножаным на ратапрынце пацешна "рускім" апісанні Гамбурга, якое нам, туристам, прыязна раздал i мясцовыя актывісты камітэта абароны міру, пра гэтую частку горада сказана так:

"Реепербан – "Хребет" много воспетого района, увеселения Святога Павла, "пристань радости", "святой распущенный". Развлекательный док для матросов всякого цвета кожи. Сотни ресторанов – с китайского подвала до баварского пивного дворца. Они предлагают разнейшие заманивания, не только для нёба..."

Мы, чатыры мужчыны, зайшлі туды ясным чэрвеньскім адвячоркам.

Калі адкрытая, яркая шчодрасць вулічных рэклам з красунямі ў розных позах, калі таямнічасць зусім неабмежаваных у сваёй "свабодзе" кінатэатрыкаў яшчэ абуджаюць міжвольнае хваляванне, дык у завулках, куды ўваход дазволены толькі мужчынам ад шаснаццаці гадоў,– прыходзяць адчуванні іншыя.

Недаўменне: няўжо гэта ява? I агіда, пануры цяжар на душы.

У першым завулку, крыху багацейшым, не вельмі шмат людным, на нізкіх падаконніках адчыненых вялікіх вокан сядзеў жывы тавар. Пакурваючы, перагаворваючыся, жанчыны гэтыя рэкламавалі сваю галізну неназойліва, з нейкай як быццам упэўненасцю ў сваім значэнні i неабходнасці. Нават нейкае адчуванне ўласнай годнасці, ці што. Гэта пачулася мне ў абражаным выкрыку адной з ix на турыста, на жываце ў якога вісеў фотаапарат у незашпіленым футарале: "Max цу!" – зашпілі.

У другім завулку, вузкім, цёмным, а потым яшчэ i крытым, i значна шырэйшым, падобным на брудны падземны гараж, голыя жанчыны стаялі кожная каля свае кабіны. Густа валэндаўся п'яны збой мужчын, чуўся крык, рогат, лаянка. Яны ж стаялі моўчкі, нерухома. Памалу ираходзячы каля ix, я прыглядаўся, наколькі гэта прыстойна было, да вачэй, да выразу твараў гэтых... усё ж такі не манекенаў.

Абыякавасць, стома, як у салдатаў на варце, адсутнасць хоць бы якой сарамлівасці ці какецтва, у некаторых нават прыкметны цынізм.

Голыя целы жанчын – у такой масавасці, у такім здзеку, сярод натоўпу апранутых мужчын – гэта балюча напомніла мне архіўныя фотаздымкі гітлераўскіх карнікаў: чэргі жанчын, распранутых перад расстрэлам...

А побач з гэтым, на вуліцах светлых, у нахабстве рэклам салідна шпацыруюць бюргерскія пары, часта з малымі ўнукамі; на ганку сексмагазіна забаўляюцца дзеці гэтых прагрэсіўных крамнікаў; у неба ўздымаецца велькапышная кірха...

Гучыць вячэрні звон. На малітву.

На захадзе сонца цудоўнае неба.

За дамамі, на бруднай Эльбе, бялеецца наш цеплаход.

I сум... І жаданне на ўсю глыбіню зразумець, што ж яно ў чалавечым жыцці да чаго...

1973

БЕЛЫ ГОЛУБ

Заходзіла сонца. Вялікае, барвовае, спакойнае. Пасля была зара, незвычайная, як пажар доўгай вёскі, які разгараўся, тады спакваля цераспалосваўся сінечай і, нарэшце, пачаў атухаць.

Наш турысцкі аўтобус ішоў па 'асфальце, паначному адасобіўшы ў сабе невялікую групу людзей, што за два тыдні на чужыне паспелі як быццам уведаць адзін аднаго, а некаторыя нават пасябраваць.

Іспанія. Дарога з поўдня на Таледа.

Праз вокны ўжо не відно было бясконцых аліўкавых садоў на ўзгорках i ў далінах, рэдкіх пасёлкаў з насілкамі чырвонага перцу на белых сценах, не відно было геаметрычна рэзка акрэсленых, падобных на сопкі гор, а тым больш – дзівосна розных колераў восеньскай раллі, ад карычневага, цераз жоўтае, шэрае розных адценняў i да салатава-светлага.

Мы спявалі. То хорам, то на змену, з гідавым мікрафонам. Песні рускія, украінскія, малдаўскія, армянскія – кожны сваю.

Калі прыйшла мая чарга, я прысеў на толькі што вызваленае месца на першым сядзенні. Побач са сціплай з выгляду i ад гэтага сімпатычнай пажылой масквічкай. Прафесар, адна з медыцынскіх славутасцей. Яна падпявала мне ціха i неяк па-вясковаму сардэчна. Не ад разу, пакуль увайшла ў незнаемую мелодыю, i без слоў, бо песня была беларуская. А потым, у рускай народнай песні, былі ў нас i словы, але мілая ціхасць у спеве яе засталася.

І я тады раптам, як радасць якую, што даецца ў жыцці не так часта, успомніў восень сорак першага года. Перадапошні перагон майго патаемнага марша з палону, хату сястры, дзе я, толькі пачуўшы, што дома, за дваццаць кіламетраў адтуль, усе жывыя, зваліўся ледзь не на цэлыя суткі.

Калі я прачнуўся, сястра, удвая старэйшая за мяне, карміла беднага валацугу, як маці, i зноў расказвала. А потым – праз боль i сум, праз горыч i недаўменне ад таго, што нарабілася навокал i на свеце – да мяне прыйшла незнаемая песня.

Яна была па-народнаму простая, ад светласці яе – ледзь не заплакаць. Пасля я гэтую песню чуў вельмі часта, можа, нават зачаста, у самым розным выкананні, ад салдацкага крыку на маршы да мілай непасрэднасці маладое салісткі. Сястра спявала не богведома як, з удовінай вясковай прастадушнасцю, таксама ціха i сардэчна, як i суседка ў іспанскім аўтобусе. Я падпяваў сястры няпэўна i шчасліва, як быццам, нарэшце, злавіўшы ў варожым шоламе ледзь чутную, вельмі патрэбную хвалю. Песня тая, сёння сусветна вядомая, упершыню прыйшоўшы да мяне, салдата польскага верасня 1939 года, потым ваеннапалоннага, адкрыўшыся мне ў такі трагічны час, ідзе ca мною na жыцці, як i ў кожнага, ca сваім успамінам.

Гэта – "Кацюша".

У краіне змрочна загадкавай i так доўга закрытай для нас, на сонечнай зямлі пяшчотнасуровай красы, на радзіме Сервантэса, Гойі i Лоркі, у дзяржаве, што так пачварна засядзелася ў сваім затхлым фашызме – песня яшчэ раз паўтарылася ў маёй душы. Нібы махнул ася мне белым голубам у цемры.

1974

ДВА ГАЛАСЫ

Дзядзька пад мухай, якога ў чарговай вёсцы, на прыпынку, сваякі ўвапхнулі сяк-так у наш аўтобус, спачатку здаўся мне непрыемным.

І наогул, як лішне п'яны сярод цвярозых, i, можа, яшчэ таму, што трапіў ён на мой дрэнны настрой.

– На вяселле прасіў,– пачаў дзядзька адразу, сеўшы на першым еядзенні, побач з чарнявай, відаць, незнаёмай яму маладзіцай.– Марусю замуж выдаю. У Лагах тут на вяселле прасіў. Сваякоў – як сабак, чатыры хаты.

Аўтобус невялікі, пасажыраў няшмат, усе сядзяць, i ціха ў нас так, што дзядзьку чуюць усе.

– Дык ты i пахадзіў па хатах? Ці па ўсіх жа хоць чатырох?

Сказала гэта старая з апошняга сядзення. Мяркуючы па тым, што яна не называв ні яго імя, ні прозвішча, яны таксама незнаёмыя. Зрэшты, дзядзька не азіраецца, як быццам еловы старое – голас народа, голас сумлення. Перад дзядзькам толькі спіна шафера, запыленае шкло i дарога – то полем, то лесам трохі, то зноў па вёсцы. Пакуль што – полем, дзе ўжо абапал пожня i нават свежая ралля, а то бульба, нязжаты авёс ці лубін.

– Канечне, па ўсіх чатырох,– адказвае дзядзька старой, якое ён не бачыць 1, хутчэй за ўсё, ніколі не бачыў.– Што ж гэта былі б за сваякі, каб выпускалі сухога? А цяпер во мне думай: у Пагулянцы сысці, не сысці? Тут у мяне таксама Сяргей, швагер, сястру маю стрыечную трымае, Ганну. Я-то ў ix заўтра буду. Дзела ў мяне тут будзе такое, што пра яго не кожнаму... Заўтра мне можна будзе панрасіць. А то магу яшчэ й сёння...

– От, ужо сеў, дык i едзь. І так назапрашаўся.

– Канечне, я гэта магу. Я п'ю – хай будзе добра ў нашым баку! Паліцічаскі граматны i маральна настойчывы. А паглядзела б ты, дарагая, калі я быў малады...

– Малады – без барады. Такі ўжо ты сёння стары.

Памаўчалі. Але не маўчыцца.

– Дык што ж тут мне, скажыце, людзі добрыя, рабіць? Сыду-такі. Для прывету.

Прыпынак.

Аўтобус спыніўся, дзверы адчыніліся, i дзядзька рынуўся туды, як быццам насустрач яму ціснуліся новыя пасажыры, якіх тут зусім не было. Ён нават закруціўся, як у віражы, угрунтаваўся на нагах, пастаяў хвіліну i – зноў у аўтобус.

– O, i месца яшчэ не занятае! – усцешыўся, хоць i не было каму яго заняць.– Заўтра зайду,– ці то паведаміў усім, ці то паўтарыў гэта ўголас самому сабе.

Аўтобус ужо ішоў па вёсцы, у ім было паранейшаму ціха. Толькі што гул матора ды сякое-такое парыпванне на няроўнай дарозе.

– Пэўна ж,– сказала старая,– заўтра ўжо, заадно. А то зайшоў бы ты i зноў, глядзі, дабавіў бы.

– У першую вочарадзь! – з вясёлай шчырасцю згадзіўся дзядзька.

– І ўжо д ад ому сёння не вярнуўся б.

– Ага! Тут ужо ў нас было б раскінулася мора шырока!..

– А так дадому прыедзеш, як чалавек.

– Правільна! Згодзен! Іду ў бабскае распараджэнне.

Не вельмі доўга пачакаўшы, у лесе дзядзька рынуўся да шафера i паляпаў яго па плячы. Наш свойскі аўтобус, які спыняўся, можна сказаць, каля кожнай хаты ды каля кожнага куста, спыніўся i тут. Дзядзька падаў шаферу далонь i ў далонь, а да ўсіх нас звярнуўся ўжо з падножкі адчыненых дзвярэй.

– Хай будзе добра ў нашым баку! Бывайце, людзі добрыя, здаровы!

І мы адказалі:

– Усяго вам найлепшага!

Трошкі пазней я падумаў з палёгкай: "Добра такі ўсміхнуцца ў горкую хвіліну!.."

А дзядзьку недзе там, у просецы, напэўна ж, цеснавата.

1974

ПОЛЫМЯ

Над рэчкай на лясной паляне – вогнішча. Рыбацкае, у летнім прыцемку.

Хлопчык, які не хоча спаць, сваёю радасцю напамінае мне маю былую чысціню дзіцячага захаплення агнём – такім раскошным відовішчам, такою таямнічай з'явай.

Туды, у тыя даўнія адчуванні, мне ўжо цяпер свабодна не прайсці: свабодзе перашкаджае нядаўні ўспамін.

...Дзяўчына выкручвае з калодзежа ваду. Калодзеж прытаіўся пад буйным вішняком. Ад белых пялёсткаў вясною i пажаўцелага лісту ўвосень ваду ў сцюдзёным прадонні ахоўвае круглая драўляная будачка з дзверцамі. Дзяўчына круціць спраўную корбу лёгка. Толькі ледзь-ледзь, рытмічна падрыгваюць пад квяцістай кофтачкай яе пяшчотныя плечы i грудзі ды прынапружваецца поўная, высока загарэлая рука. Дзяўчына маладзенькая, румяная i незвычайна, "не па-сучаснаму" сарамлівая.

– Тата i мама ў хаце.

І больш ні слова. Што ж, нам толькі бацька яе i трэба.

Немалады мужчына расказвае.

Звычайнае: кал i прыйшлі яны – ён не мог не пайсці. Яны – гэта фашисты, а ён – савецкі партызан. Па-салдацку, не на жыццё, а на смерць. A ў ix было многа зусім не салдацкай подласці. Яны спалілі яго дом, а жонку i дзяцей нават не ў хаце спалілі, a ў хлеўчуку.

– Меншы, дванаццаць гадоў, быў тады з камандзірскім рэменем,– расказвае бацька.– І рэмень той не дагарэў. Так ён, мой хлопец, i ляжаў... з гэтым сваім гулянием у руцэ... A ў большага, на два гады старэйшага, у роце было поўна саломы. Душыўся ад агню, ад дыму... Я яе павыцягваў...

Бацька змаўкае, відаць, успомніўшы, што i ў чатырнаццаць гадоў – чалавек яшчэ ўсё дзіця. _

– Ён не хацеў крычаць.

Гэта ўжо сказана як пра дарослага...

Мы заціхаем у горкім маўчанні.

На сцяне – партрэт жанчыны, былое жонкі гаспадара. Я пазнаю гэта па тым, што яна не адна на партрэце, а побач з ім, гаспадаром, у свой час маладым.

Пад гэтым парным партрэтам, на канапе сядзіць мажная, мілавідная жанчына, вельмі прыкметна маладзейшая за гаспадара. I не пытаючыся, можна здагадацца, што гэта яна нарадзіла яму дужую, сарамлівую дачку-красуню.

Іншых партрэтаў на сцяне няма. Хлопцы былі малыя, да Слуцка далекавата... А можа, проста згарэлі ix фота, не захаваліся, як маміна i татава, у сваякоў.

Мужчына доўга маўчыць. Па той, па тых. А гэтая, другая жонка, можа думаць... Не, гэта не яна – я за яе падумаў, што рэўнасці тут – няма. Ёсць толькі боль сястры i маці. I разуменне, хоць i нялёгкае яно, што тое i тых не заступіш сабой i дачкой, якая яна ні харошая...

Хлопчык каля начнога рыбацкага вогнішча рад i не хоча лажыцца. Шчабеча, падкідае ламачча і, зноў заварожаны, моўчкі глядзіць, як весялее полымя.

Я сам пакуль што не гару ў тым полымі,– я не магу такога да канца ўявіць. Гарыць той хлопец, з саломай у роце... Не, i другога я не забыўся, таго, які гарэў з "гулянием" у руцэ. Якраз яго i нагадаў мне наш, што радуецца каля вогнішча. Ды толькі ж той, з саломаю, што "не хацеў крычаць", як дарослы, ці проста душыўся ад дыму i агню, яшчэ ўсё як дзіця,– той мне здаўся цяпер, на момант, не толькі сынам,– i нейчым, i маім адразу,– але i мною самім...

Мне засталося толькі нема закрычаць у полым!. Не ў гэтым, каля якога мы цяпер стаім, a ў тым, з якога нельга было вырвацца – хоць пад кулі.

1975

КАЛЫСКА

Старая маці сказала б: "Наўда якая – унучка ў яго. Няхай здарова гадуецца". Але i рада была б, вядома, хоць у яе гэта ўжо, як i праўнучка, не наўда, а дзесятая, палічыўшы ва ўсім нашым родзе. Была б...

...Прадвесне з апошнім, няшчодрым сёлета снегам. Сонца ўзыходзіць. У яркім святле за акном вагона – густая, вечная зеляніна ельніку ахоўнай паласы. A ў зеляніне гэтай – голенькія, стракатыя бярозкі. Нібы ў чарзе па таксама залёнае, толькі святлейшае.

А мне чамусьці ўспамінаецца стол на вялікім, ярка квяцістым дыване i светленькая, толькі што з цёплай калыскі, у кароткай кашульцы наша наўда. Яна смяецца i крычыць. Так жа нядаўна авалодала першай паўсотняй слоў, a ўжо загадвае:

– Дзед, па-ба-зя-лі!

Мы бегаем вакол стала, я не магу яе дагнаць, i гэта вельмі весела.

A хіба ж ёсць што-небудзь прыгажэйшае, чым галоўка соннага дзіцяці на белай падушцы нармальнага чалавечага маленства?..

...З дома, што на гары, з акна чацвёртага паверха відаць чыстае крымскае неба, пад небам – ціхае мора, а яшчэ ніжэй, пад акном, вострыя кіпарысныя верхавіны.

Выходжу i іду з гары па свежым ранішнім парку.

Малым уранні спіцца асабліва соладка. Ажно шкада часамі, калі такую ці такога нясуць або вядуць, цягнуць за ручку няшчаснасоннага ў яслі ці ў садок. Але ж i хораша гэта, што вось так рана, а яны ўжо тут, пад кіпарысамі ды кедрамі, каля кветак, на шорсткай i рэдкай паўднёвай траве. Малеча ўжо не сонная, у шчэбеце, што весела пераклікаецца з тым шчабятаннем ды ціньканнем, якога так шмат навокал, у духмянай зеляніне.

Адна працягнула да мяне маленькую далонь, на якой малюсенькі слімак.

– Во што знайшла! – паведаміла з радаснага дзіцячага сусвету.

Другая – яшчэ смялейшая. Распасцерла перада мною ручкі i праспявала ca смехам, які пакуль што ў вачах:

– А не пуш-чу, не пуш-чу!..

Прыйшлося падняць. Высока, вы-со-ка!

І яшчэ раз. Гэта, вядома ж, спадабалася. Іншым – за ёю – таксама. Пасля дзевятай прыйшлося проста ўцякаць.

І прыгадалася... Ну, тое самае, што i цяпер, у вагоне, гледзячы на стракатыя бярозкі ў першай чарзе па зялёнае.

...Чалавеку было тады толькі трынаццаць. У горадзе, прыгнечаным варожай акупацыяй, быў голад, i маці паслала яго ў вёску, да свае сястры. Кал i стралялі ўсіх, ён цудам уцалеў пад трупамі, толькі паранены. Потым гітлераўцы паехалі, а ён вылез з-пад забітых у цётчынай хаце і, акрываўлены, пайшоў – адзін на бязлюднай вуліцы.

Чалавеку сёння ўжо сорак чатыры. Сем год таму назад ён сведчыў на судзе супраць тых карнікаў, што не ўсе паўцякалі на Захад, доўга хаваліся на неабсяжных прасторах нашай краіны. Расказ чалавека запісаны ў пратаколе так:

"...Падлога ў доме была шчыльная, пафарбаваная, i калі я зайшоў у дом, то на падлозе было столькі крыві, што не было куды ступіць нагою. Забілі чалавек пятнаццаць-дваццаць у гэтым доме. У другі дом я не заходзіў, я толькі праз акно туды паглядзеў. Там, над трупамі на падлозе, яшчэ ўсё гайдалася калыска".


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю