355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Жменя сонечных промняў » Текст книги (страница 4)
Жменя сонечных промняў
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Жменя сонечных промняў"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)

...На ціхай вадзе рэк і рэчак, над як імі сям-там грукочуць бяссонныя млыны,– раскашуюцца сытыя, міла-стракатыя свойскія качкі, водзячы па люстранай паверхні вады, нібы накрэсленыя цыркулем, кругі.

...Ад Немана да Кромані – пяскі, па якіх вельмі цяжка каціць наўючаны веласіпед. Лясная глухмень i раптам – «модрае вока» ў сасновым кальцы!.. Асабліва хораша выглядае светла-зялёная падцянёўка сітняка – паміж цёмнай сцяною лесу i агромністай шыбай вады. Дно Кромані светла-карычневае. Пройдзеш – доўга відаць вялізныя сляды і падымаюцца наверх бурбалкі. Многа ракаў, якіх мы лавілі «сакаўкай», а пасля оптам пяклі ў прыску вогнішча. Безліч малявак, асабліва відных на захадзе сонца. Шчупакі і акуні палююць зусім нахабна, глытагачы плотак ледзь не ў паветры. А куні – гарбылі. Добра выглядае такі, узброены пілой калючак, прыгажун, наструнены на спінінгавай жылцы! Вельмі прыемна адчуць яго першы рывок i супраціўленне, як доказ, што ў сіняй бездані – не пуста. У завадзях, адгароджаных ад берагу сітняком, раскашуюцца – тут ужо дзікія – качкі, мноства качак i ўсе без горкага вопыту,– лодку яны падпускаюць бліжэй, чым на стрэл. Добра слухаць ix гоман i фуркатанне крылляў пры ўзлётах. I тут матылі залятаюць на самую сярэдзіну возера. А паверхня вады, замест свіцязянскага ліпавага цвету, пацярушана сівым пылком насення сітнякоў.

Пішу раненька, у буйным, росным садзе, на лаўцы каля пагрэбніка.

Адгэтуль, са старога саду з пакрыўленымі яблынямі i магутнымі грушамі, відаць спрадвечнае – спелае жыта на неабсяжнай слуцкай раўніне і новае – капры калійнага камбіната. Удзень адтуль сюды даходзіць гул матораў, ноччу—музыка. У сад прыйшоў i стаў высокі слуп з пявучымі драгамі – зноў новае ў старым. Шпак высвіствае сабе на гэтым слупе, «смажыць сала», як на шпакоўні ці проста на голлі.

Я ж не магу без хвалявання думаць пра тое, што i я быў, нарэшце, у цудоўнай падземнай казцы беларускай рэчаіснасці – хадзіў па бясконцых i зіхатліва прыгожых тунелях, сам перад сабой, як блазен, фанабэрыўся курткай, каскай i ліхтаром шахцёра, неяк вельмі ж свабодна i молада, па-марскому, з соллю на вуснах, дыхаў паветрам Салігорска,

Ціхая рэчка ў спякотнай данской станіцы.

Садзіцца сонца – недзе за высачэзным трысцём.

Лазім з волакам па прахалоднай, мутнай вадзе, ранячы ногі на патайных «чарапашках» i старчаках.

Рыбацкія «прыстані», сцежкі-праёмы ў трысці, дзе на дасвецці, падаслаўшыся ахапкам сена або старою курткай, сядзяць над паплаўкамі мясцовыя аматары ціхага і цярплівага хвалявання. На дзень праёмы пазакладаны калючым цёрнавым голлем. Доступ у гароды закрыты; гyci і качкі гамоняць на вадзе, не вельмі баючыся нас.

Мы прыпыніліся каля трысця – перадыхнуць перад новым, можа, бог дасць, шчадрэйшым заходам.

I вось на «прыстань» на супрацьлеглым, светлым беразе выйшла з вёдрамі маладая казачка.

Ёй гэта – проста работа: яна, высока падаткнуўшыся, палівае капусту.

А нам – як падарунак нейкі або цуд – засвяціла проці захаду раскошна сонечнымі, стройнымі нагамі.

Хмарная ноч. За акном шуміць мора. Быццам нехта бязмежна дужы хоча ўзабрацца на бераг, злізаць з абрыву наш дом. Ён, гэты нехта, не злосны,– у перакатах яго наступу чуваць хутчэй нейкая нават туга, да нуды аднастайная, шматгалосая жальба на лёс, што асудзіў вось так, для нейкай незразумелай мэты, шумець і шумець... Ласкавы, цёплы, пеністы шум. Калі ты дужы і сам, ён пагайдае цябе на хвалях. Калі ж ты слабы – лепш не лезь, як блазен, угрудкі да здаравеннага дзядзькі, бо ён цябе толькі патрэпле вялікай рукой за чупрыну – заплюе твае ногі жарствой, паваліць i выкаціць разам з галькай на бераг. Наваг скажа, здаецца: «Ну, ну!..» Так i гаворыць, так i чуваць у ягоным шуме панурая, нязлосная пагроза дарослага, які сумна заняты сваей невясёлай справай i не любіць, каб яму перашкаджалі.

Днём яно, мора, пяшчотна, сонечна бірузовае.

Горы – цёмна-зялёныя. Ідзеш па беразе, забудзешся, дзе ты, і вось —праз зеляніну дрэў у садзе – убачыш, здаецца, хмару. Дождж будзе, ці што?.. I раптам успомніш, што гэта – Каўказ!..

Снегавых не відаць. Да самай вяршыні зялёнай гары ўзбіраюцца дрэвы, якія адгэтуль, з марскога берагу, здаюцца кустамі.

Хмары над гэтай зелянінай, ці, лепш сказаць – на гэтай зеляніне, здаюцца дымам вялікix вогнішчаў, раскладзеных дзесьці ў гарах. Вогнішчы тыя доўга гараць, лена i безупынна падпускаючы адтуль на мора дым. Ды ён ніяк не хоча разлучацца з зелянінай гор...

Бязмежная паэзія, якую нашай лыжачкай не вычарпаць да дна.

Цясніны з сухімі, камяністымі рэчышчамі. Горная дарога, абапал якой то бамбук, то гранатавыя дрэвы з чырвонымі i пругкімі, як з воску, кветкамі, то дубы i грабы, то кусты ажыны. Каменныя домікі на высокіх падмурках. Дзіўна маленькія вуллі. Ослік стаіць на ўзбоччы гары, ніяк не могучы прыдумаць, дзе б гэта напіцца... Карова звоніць бляшаным іржавым званном. Высвістваюць дразды. Козы пасуцца з мяшэчкамі на вымі, каб казляняты не ссалі ix без ведама гаспадынь. Стары абхазец, пастух у чувяках, падобных на скураныя лапці нашых пастухоў. Босыя хлапчукі ў цюбецейках. Загарэлыя, абавязкова вусатыя мужчыны волакам цягнуць на валах з гары тоўстыя, грымучыя бярвенні...

Радуле Сційенскі, паэт не толькі за рабочым сталом, расказвае мне пра сваю далёкую Чарнагорыю. Цікавы чалавек – з яго прыемна калечанай рускай мовай, з яго маладосцю ў шэсцьдзесят год, з разумным гумарам i веданнем гор.

Сардэчная паэзія далёкага маленства!.. Як ён, Радуле, калісьці прабіваў браню чарапашкам, звязваў ix, запрагаў у малую сошку i «аpay». Як яму пахне адтуль пастушыная яда – авечы сыр, ляпёшка i дзікі часнок...

Мы ідзём па камяністай, вузкай дарозе, апіраючыся на доўгія бамбукавыя посахі.

Далёка ўнізе – мора з каёмкай пены каля берагу.

Зялёныя вяршыні гор, абмочаныя знізу ў рэдзенькі студзень сівых воблакаў,– што раз бліжэй да нас, a ўсё ж – высока!..

– Добры дзень!– з натуральнай прыязнасцю вітае мой спадарожнік сустрэчную абхазскую бабулю. Засушаную, лёгкую, усю ў чорным. І зусім сур'ёзна пытаецца ў яе: – Скажыце, а ці далека яшчэ да Царграда?..

Ноччу была навальніца: гром над морам i стук дажджу па вялікіх лістах смакоўніцы.

Зранку хмары, яшчэ ўсё цёмныя, ішлі з мора на горы. Там, над вяршынямі, неба святлейшае, нават не-не ды пакажацца сонца. На захадзе – рэзка акрэсленая лінія марскога далягляду. На цёмнай вадзе – белыя баранчыкі, на цёмным небе – белыя чайкі.

Свежа, духмяна, прыгожа.

Апаўдні хадзілi ў горы.

У калючым ажынніку – чорныя, спелыя ягады. Назбіраеш жменю, глынеш – нібы глыток вясёлага віна. У засені магутных букаў, на вышыні шэсцьсот метраў, ляжаць сівыя, папярэшчаныя зялёным мохам камяні...

Добра закурыць над абрывам цясніны. І гутарыць «о временах грядущих...»

Добра гайдацца, учапіўшыся за пругкае голле бука.

Добра знайсці сцюдзёную крыніцу і прыкленчыць каля яе гаваркой вады.

Добра ўспомніць, што ўчора ты стаяў на носе імклівага кацера i – паміж ціхім морам ды спакойным небам – адчуваў сябе вольным, як чайка!..

За вялікімі шыбамі параходнага салона – сонца, амурскія хвалі i сопкі, якія і нам, навічкам, ужо здаюцца аднастайна экзатычнымі. Зблізку яны шэрыя сваёй камяністасцю і жыва – проста, здаецца, адчуваеш яе – парослыя зелянінай, вечнай i некранутай. Здалёк – чым далей, тым больш засмужаныя.

Зрэдку трапляюцца вёскі, каля якіх наш «Калінін» паволі, грунтоўна становіцца на якар i спускае шлюпку.

Ноччу гэта было цікава. Святло пражэктара паўзло па шэрым беразе, па шэрых, крытых драніцай хатах, па шумным натоўпе дарослых i дзяцей, што беглі да прычалу. Якая навіна!.. Ад парахода да парахода – вось i жывая сувязь са светам. У крузе пражэктарнага святла – усхваляваная чародка людзей; над імі – былінны, васняцоўскi месяц; Да ix ад борта парахода паузе поўная шлюпка. Звычайна, нудна, усюды адну i тую ж польку рыпае прывітальна мясцовы гармонік. З лодкі высядаюць мамы, таты, сёстры, браты i дзеці, што вярнуліся з далёкага Камсамольска, з гарадскімі пакупкамі...

А навокал – тайга. На многія сотні кіламетраў. Ужо не толькі ведаю гэта з чужых слоў, але ж i адчуваю...

Сумна тут жыць?

А што я думаў часамі ў родных мясцінах, праязджаючы каля самотнага хутарка? Вярнуцца з горада, ад вялікай культуры – у такую хатку?.. Нават у родную вёску, з яе непралазнай восеньскай гразёй, з адчайна сумнымі вечарамі?.. Гэта парой здавалася немагчымым, як немагчыма пеўню вярнуцца ў яйка. Аднак жа мне не толькi ў гады маладосці было там не сумна: i цяпер мне часта хочацца ўцячы туды, i ўцякаю,– каб палячыцца зямлёй, цішынёй...

Успамінаю пакінуты Камсамольск. Нуднаваты Бабруйск на вялізнай раўніне, паміж далёкімі сопкамі, на беразе ракі, шырынёй – не верыцца! – сем кіламетраў. Было сумнавата часамі, у пыльнай i суровай аднастайнасці, было б яшчэ сумней, каб не сустрэчы з людзьмі.

Добра было з чытачамі-студэнтамі ў адной з гарадскіх бібліятэк. Яшчэ цікавей – з рабочымі «Амурсталі». Каля ix вогненна-велічных мартэнаў, у Ленінскім кутку, за гасцінным сталом. У маладзёжных інтэрнатах неяк вельмі ж па-свойску лёгка было i расказваць пра Беларусь, пра нашу культуру, i чытаць сваё, калісьці, у адзіноце, народжанае натхнёным болем i шчасцем...

На амурскіх выспах расце высокі зблізку тальнік i радасна рассцілаюцца пляжныя пяскі.

Пазаўчора мы здорава адпачывалі на адной з такіх выспаў, гасцюючы ў мілай беларуска-ўкраінскай сям'і. З юшкай, чаркай, купаннем і беганінай. З вогнішчам і песнямі – увечары, калі мы чакалі кацера, што спазняўся.

З тальніка капала – нібы вось-вось пачнецца дождж. Амур заціх магутнай цішынёй. А на тым беразе ўспыхнула, нам у падтрымку, другое вогнішча. Відаць, рыбацкае: заўтра нядзеля. Сіпла, прапітым басам рыкаў з таго боку, з далёкaгa статка бугай. Пясок, з якога сышла вада, разрысаваны быў хвалямі на дзіва аднолькавым, рытмічным узорам...

У вячэрняй халаднаватай свежасці, на кацеры, які забраў нас нарэшце з вострава, па-хатняму люба было выпіць далёкаўсходняга сырадою. Пастаяўшы ў чарзе да бітона за белагаловым беларуска-ўкраінскім хлопчыкам, што ўжо закончыў першы клас i добра іграе на скрыпцы. Mi ж іншым – i татаву родную «Перапёлачку»...

Што да прыгажосці прыроды, дык і тут, на параходзе, мне даволi часта ўспамінаецца Чэхаў. Асабліва на захадзе сонца i зорнай ноччу. «Апісаць гэтую прыгажосць я ніяк не магу, я прызнаю сябе жабраком...» I другое: «Усё было б вельмі прыгожа, каб не блізкасць катаргі...»

Цяпер – для мяне – каб не расказы мясцовых людзей пра нядаўнюю катаргу «культаўскіх» дзён...

Нарач.

Сонца на захадзе. Зірнула з-пад хмары, як спадылба, i хвалі, неспакойныя ад халоднага ветру, неяк адразу сцюдзёна, нявесела заблішчалі пад чорнай столлю нізкага неба.

Дажджавая хмара раздзялілася на два крылы. Левае – цяжкае, навальнічнае – пайшло на поўдзень, дзе балоты над Нарачанкай i Гатаўскі бор. А правее – рэдкае, прасвечанае сонцам – пацягнулася сеткай дажджу па драбналессі, дачах i хутарах.

На ўсходзе – дзве вясёлкі: ніжэй – ярчэйшая, вышэй – слабая. Калі пагусцеў дождж, ніжэйшая вясёлка, з хмарай, якую яна абдымае, наблізілася да нашай лодкі, а вышэйшая засталася на месцы, з канцамі, утопленымі ў возеры далёка, каля самых яго, паўднёвага i паўночнага, берагоў. Калі правае крыло хмары працягнулася, прайшло дажджом па драбналессі, дачах і хутарах, вясёлкі раскалоліся папалам,– левая палавіна ix паблякла i знікла, а правая, на фоне густой хмары, нібы надзейна ўбітая канцом у паўднёвы бераг, датлявае паволі...

Бліжэй да берагу хваля паменшала, нас перастала заліваць, і матор наш заварушыўся весялей. Пацяплела.

Каля дач нас выйшлі сустракаць.

Прапала ўся наша грозная паэзія,– мы засталіся проста няўдалымі, мокрымі рыбакамі, якіх – пад кепікі – адагравалі чаем.

Старэнькая лазня ў гонкім, густым бярэзніку, у якой звычайна цэлы тыдзень гаспадараць чэрці, у суботу напалена прышлымі цеслямі, што рубяць хату на ўскраіне вёскі.

Запрасілі памыцца. Пасля страшэннай пáры – сцюдзёная вада з крыніцы. Па пяць-шэсць вёдраў – з галавы да ног. Нават бярозкі сталі прыгажэйшыя, i ўсё на вокал пачысцела!..

Іду ўздоўж грады сасняку, па расе. Справа – сонца. Нядаўна ўзышло. Яно – праз дрэвы – мільгае па твары, i я адчуваю сябе пастушком, што iдзе каля плота. Дадому, паснедаць. Хоць тарахці па соснах кійком – як па штакецінах.

Хлебна-сасновая цішыня. Над цішынёй – ад возера – ляціць варона. Гудзе вялікая паляна грэчкі. У белай, духмянай кашы – высокая, самотная сасна i нізкі, каржакаваты дуб, здалёк – нібыта груша-дзічка.

Здымаў гэта, стоячы на каленях у роснай, высокай грэчцы.

Рыга. Пагодлівы ранак. Над сажалкай – стары латыш, а на вадзе—лебедзi, нібы прыгажуні з ансамбля «Бярозка». А так яно, відаць, i нарадзілася народнае: «как лебедушка»?.. Стары крышыць рукамі i зубамі булку, кідае лебедзям, а вакол яго, маўчуна, скача, чырыкаючы, верабей,– як бы найбольш урваць.

Хораша! Хоць чалавек i не адказвае чамусьці на мае прывітанне ды загаворванне...

Дауней, у самым пачатку, глядзеў на сонечнае, бела-воблачнае неба знізу ўверх, i гэтак добра было, шчасліва!..

А цяпер вось успамінаю, што нядаўна быў на цэлых дзесяць кіламетраў угары, зверху глядзеў на аблокі і... што ж – нічога, як быццам нават менш цікава было, менш хвалявала...

Можа, таму, што тады, у пастушыным далёкім маленстве, усё і для мяне было – толькі наперадзе?..

Румяны ранак над возерам. Пад соснамі, у кустах ядлоўцу, выбегшы з вады, выціраецца маладзенькая, стройная, загарэлая студэнтачка. Ажно спыніўся я на сцежцы, каб не спалохаць...

Пасля, падвечар, убачыў яе – не такая прыгожая.

Канадскі бок Ніягары пакінуў бы вельмі няпоўнае, ледзь не проста курортнае ўражанне... Але, пакруціўшыся перад вадаспадамі па набярэжнай пехатой і ў аўтобусе, мы пераехалі мост, апынуліся ў ЗША, прайшлі, нечакана не вельмі складаныя, паліцэйскія фармальнасці і зноў паехалі да вадаспадаў.

Ужо само пераапрананне ў сінія пiжамы і светла-жоўтыя непрамакальныя плашчы настроіла ўвесь наш турысцкі піпл [1] на молада-вясёлы лад. Спусціліся ліфтам на блізу дзве сотні футаў i апынуліся на драўляных кручаных лесвічках ледзь не пад самымі вадаспадамі.

Спачатку толькі глядзіш ды слухаеш – здалёк, а потым яно пачынаецца!..

Вырваўшыся з-пад вадаспаднага душа, дабраўшыся па коўзкіх, заброснелых сходках да ліфта, адтуль – да вопраткі і блакнота – пішу:

Іду, сагнуўшыся пад гэтай небывалай навальніцай, вяду перад сабой і за сабой па сто вясёлак, і ў гэтым шуме вечна маладое радасці хочацца спяваць, смяяцца, пісаць выдатныя вершы!.. Божа мой,– i падумаць адно, што так адбываецца тут безупынна, заўсёды!..

Пачатак жніўня.

Зранку цярушыць дождж. На пожні – росная, дробненькая канюшына. Ад мэндляў – жытні пах. Дацвітае бульба. У градах яна, пасаджаная раней, пачынае жаўцець, смачна пахне. Каноплі – таксама. Сытыя галасы варон i перапёлак.

Усю ноч гула за вёскай малатарня. Цяпер ад калгаснага свірна пайшла на станцыю машына з новым жытам, прыкрытая брызентавым палотнішчам. I фурманкі, на якіх, нібыта ўкормленыя парсюкі, мяхі пад свежаю саломай.

У гародзе сінія вуллі хаваюцца ў ягадніку i кветках – знізу, a ў зеляніне голля, цяжкага ад яблыкаў,– зверху.

Маладая, сопкая бульба. Густое, з пограба, кіслае малако. Маласольныя aryрочкі. Процьма садавіны.

Апоўначы – ціхі месяц на ўсходзе.

Поўня.

Вецер будзе кудысьці гнаць аблокі, месяц – хавацца за соснамі, калі i мяне ўжо не будзе. I нехта іншы стане думаць-прадумаць, што так і суджана, мусіць, яму сумнявацца, горка тужыць і плакаць без слёз, i часта шукаць апоры, і горача любіць – жыццё, дабро, людзей, паэзію!..

Так думаецца ў полі за лясною вёсачкай, над Віллёй, дзе ў пятнаццатым годзе была передавая – кроў, туга i акопныя вошы... Акопы не зацерліся, хоць параслі сасоннікам.

Тут і пішу, стоячы на пясчанай дарозе, перад вячэрняй зарой, што яшчэ ўсё ніяк не патухне, пад гулам высока-высокага самалёта. Пішу ў паўцемры, наўздагад, каб не адкладаць і гэтых думак-пачуццяў, як многае, што я чамусьці ўсё адкладаю...

Да ўсходу сонца здавалася, што свет – гэты кавалачак зямлі, дзе стаіць наша вёска, наша поле i нашы могілкі – увесь накрыты шкляным матавым каўпаком. Потым сонца прабілася праз росную муць, заіграла на пазалочаных вершалінах клёнаў, ліп i бяроз, на гронках спелых рабін, прыгалубіла сумныя, ужо безгаловыя сланечнікі, ружовыя кветкі насеннага тытуню, жорсткія касачы кукурузы, апошнія кветкi ў гapодчыках i капусту на градах...

У галубятніках пад капяжамі прачнуліся ды ўстрапянуліся галубяняты. З цікаўнасцю i боязю пачалі глядзець на двор, тоўхаючыся ўперад мілымі галоўкамі.

Увішна тэпаючы трохкутнымі лапкамі па густой, нізка пагрызенай траве, стракатыя, сытыя качкі подбегам паківаліся на выган, да рэчкі. За імі – гусі. Гэтыя не спяшаюцца. Пра штосьці дружна гамонячы, пайшлі памалу па абочынах ды па самой дарозе, разварушваючы асаджаны расою пыл.

Стары калека-кравец, што выгнаў ix ca двара, стаіць ды ўсміхаецца сам сабе, відаць, разумеючы іхнюю гутарку.

На ўскраінах неба, ужо ніяк не могучы засланіць далягляд, стаяць занавескі празрыстай смугі.

Якая раніца для засевак!.. Так i хочацца стаць на калені – з сявенькай, каля меха зярнят – у пухкай, цёплай раллі, што добра падышла, як падыходзіць удала расчынены i замешаны хлеб!..

На ўзбоччах яраў, на ўзмежках палеткаў чырванеюць буйныя ягады шыпшыны, густа чарнее ажына, якую няма каму абіраць, па-дзіцячы міла вабяць вока ружовыя цацачкі – ягады брызгліны.

Палавіна верасня, a ў садзе яшчэ ўсё лена перасвістваюцца шпакі.

Яблыні выпростваюць замлелае пад яблыкамі голле, а яблыкі, на дзіва сёлета ўрадлівыя, ружовымі, духмянымі сонцамі кладуцца ў скрыні са свежай дранкі, на свежую жытнюю салому.

У раннім сонцы рабіна рдзіць цёмна-аранжавымі шышкамі церпкіх, аскомістых ягад. A ўвечары, калі на захадзе сонца сцяной устануць хмары,– палахліва шуміць магутны явар, пабліскваючы сівай падкладкай лісця.

Кастрычнік.

Пагодлівая раніца. Пахне марозікам. На ўсходзе – сінь, хмары фіялетавыя або шэрыя. I агнявая, распаленая чырвань сонца, якое ўзыходзіць.

Туманнае ранне на ўзлессі. Лес мяшаны. Гледзячы на жоўты вяршняк бярэзніку, здаецца, што гэта з-за туману ўзыходзіць сонца.

Сыры, халодны ранак. Рунь – хоць выціскай яе ад вільгаці. На ржышчы – прыхоплены марозікам асот, а на дарозе – адна пушыстая, апырсканая расой галоўка дзьмухаўца.

Ад вёскі, што засталася ў даліне, белае поле ўздымаецца на захад спакваля вышэй, вышэй – аж да самых Балканаў.

Такую гучную назву далі гэтым узгоркам. Відаць, у мінулым стагоддзі, калі нашы дзяды вярнуліся з-пад Плеўны...

Думаю пра гэта, ідучы па іскрыстым, хрусткім снежным цаліку.

Сям-там, вельмі ўжо рэдка, стаяць старыя, спрад веку цярплівыя дзікія грушы.

Кусты шыпшыны трапляюцца на схілах яpay ды на ўзлобках, ніколі не араных, падобных на агромністыя боханы, У калючым сярэбраным голлі яшчэ ўсё трымаюцца, таксама заінелыя, аранжавыя зморшчаныя ягады.

Як светлы сон, успамінаецц а тут, каля ix, матыліная ружовасць пялёсткаў, пчаліны звон i ласкавае сонца... Успамінаюцца i радкі:

О Беларусь, мая шыпшына!..

Ваўчыны след. Шэры пайшоў над абрывам і, выбраўшы месца, спусціўся ў яр, грузнучы на глыбейшым незаскарынелым снезе.

На дне яра зеленавата-сінімі плямамі пракідаецца зусім свежы, яшчэ не пераможаны снегам лядок неўтаймаванай крыніцы.

Высока на поўдні – пакуль што няспелы, бледны акраец месяца. Спачатку, пакуль ідзеш, толькі як быццам адчуваеш яго прысутнасць над сабой, а потым так i не вытрываеш – азірнешся ў гару. З нейкай дзіцячай прыемнасцю.

На гары за вёскай, любуючыся родным, даўно знаёмым i ўсё яшчэ новым светам – белым, чысценькім у вячэрнім святле,– міжволі, жыва і радасна ўявіў сябе мурашачкай на неабдымна агромністым гарбузе Зямлі... Успомніў, як бачыў яе пад крылом высокага самалёта. Уявіў, як бачылі яе, у ціхім ззянні, нашы касманаўты...

Цяпер у вёсцы ноч. Выйшаў на двор і зноў падумаў, што прыеду, буду тут добра, многа працаваць. Каб святло маіх акон так вось лажылася на новы снег...

мясцовы рыбак, што сядзіць на вёслах, ажно адкінуўся назад, – смяецца хіцім, справядлівым смехам...

Вялікая, брукаваная плошча ў мястэчку.Ч Позняя раніца. Спёка. Рэпрадуктар грыміць ca слупа – перадае бясконцы нарыс пра жніво. А слухаць няма каму. Калгаснікі ў полі. Малыя – хто на пашы, хто каля возера. Толькі тры курыцы ходзяць па плошчы ды каля ганка зачыненага сельмага, дзе некалькі разоў на дзень спыняецца аўтобус, проста на санцапёку сядзіць дзядок. Доўга сядзіць, бо спяшацца няма куды...

Потым сюды падыходзіць другі. Таксама з вёскі, ехаць кудысьці сабраўся. Сівы, прыгорблены, з кульбай.

– Здаецца, Тодар Яцына? Здароў, калі так!

Той, што сядзіць, прыгледзеўся.

– Ты, Стасевіч? А бо-о-о!.. Сядай, браток, ды хоць, як людзі, пагаворым...

Старыя вітаюцца за руку, садзяцца побач i пачынаюць выясняць, колькі ж гэта гадоў яны не бачыліся. Нешта так будзе – ці ўсе пятнаццаць, ці толькі чатырнаццаць...

Яшчэ i да палавіны гэтай тэмы не дабраліся, калі на плошчу, нібы нечакана, выкаціў і спыніўся гарачы, запылены аўтобус.

– Паставы? Гэта мой!.. А ты, браток, куды?

– Я ў Вільню. Мой гадзіны праз дзве, а то i больш...

– Ну, дык бывай, Яцына! Дасць бог – сустрэнемся, пагаворым.

Гул матора – уцёк. Пыл слакваля аблёг. На плошчы зноў цішыня.

Толькі нарыс па радыё... Ён таксама, здаецца, разлічаны на стагоддзе.

Пажылы, з залатымі зубамі дзядзька ідзе падвечар па вуліцы і з кожным весела загаворвае, крычучы на ўсю вёску.

Сядзіць на лаўцы настаўнік.

– На сонейка выйшлі? Добры вам вечар!..

Едзе з поля калгаснік, з ім пад'язджае раённы ўпаўнаважаны.

– А што ж гэта ён вас, таварышок, ды так неганарова пасадзіў? Хоць бы дзяружку я кую... А-я-яй!..

Пасе баба козы.

– Здарова, Агата! Каровы пасеш? Нічога, вырастуць козы – каровы будуць...

І так – ад хаты да хаты.

У праўленні калгаса, дзе вырашаюцца жыццёва важныя справы, дзе сядзяць у шапках, плююць на падлогу, густа лаюцца самым непрыкрашаным матам – жыве белы коцік.

Маўклівы дзядзька, рахункавод, штодзень, з гаспадарскай акуратнасцю, корміць коціка малаком, якое прыносіць з дому i ставіць у шафе з паперамі.

Коцік садзіцца да яго на стол i час ад часу падсоўвае лапкай костачкі лічыльнікаў, думаючы, што гаспадар яго, калі лічыць – таксама гуляе.

У сорак пятым годзе дзядзька прывалок з Нямеччыны трафей – насценны гадзіннік.

У шэсцьдзесят трэцім даў яго ў пасаг меншай дачцэ.

Калі назаўтра пасля вяселля ў дом маладога прыехалі бацькі, гадзіннік гэты быў урачыста павешаны на сцяне.

А збоку, на яго светлай дошцы,– запісы хімічным насліненым алоўкам: калі, у які дзень, за ўсе пасляваенныя гады, пабегала карова.

Увішна працавітага i даволі-такі гарластага бедняка, георгіеўскага кавалера з мікалаеўскай вайны, вёска выбрала старшынёй толькі што арганізаванага калгаса. Неўзабаве свайго старшыню мужчыны празвалі Палітаддзелам.

– Абы што якое, дык сам не хоча рашаць, а на каня, мяшок пад сябе i ў эмтээс,– хай думае палітаддзел...

Праз лета Палітаддзела знялі.

– За што ж вас, дзядзька Сцяпан? – пытаюся.

– Даў людзям сена накасіць. Пабілі на дзялкі i накасілі.

– Ну, а навошта ж так?

– На прымер падняція духа.

Жніво. Будні дзень. У ціхай, сонечнай вёсцы над возерам спыніўся старэнькі «Масквіч». Тры дачныя мужы, што прыехалі з горада, яшчэ як быццам не нацешыліся сваёй кампаніяй – закурваюць, стоячы каля машыны.

Раптам – з-за ўзгорка пачуўся незвычайны шолам, бабскі гвалт. Ужо хацелі кінуцца туды – як на пажар, ды тут з акна хаты, насупраць якое яны стаялі, пачуўся прыглушаны голас:

– Уцякайце, таварышы! Хавайцеся! Будзе бяда!..

Пакуль яны не верылі, з-за ўзгорка паказалася чарада баб i дзевак. Крык, стук качалкаю па вядры, абрыўкі песень, рогат, віск!..

Стары, што папярэджваў дачнікаў, знік у акне.

Убачыўшы машыну, жанчыны загалёкалі i рынуліся да яе.

Дачныя мужы паспелі ўскочыць у свой «Масквіч» i зачыніцца...

І пачалося! Жанкі аблялілі машыну з усіх бакоў, сталi выманьваць пасажыраў выйсці.

– Тэмпературу пагляджу! – крычала адна, трымаючы, як стэтаскоп, чарку на доўгай ножцы.

– Дабром просім – выходзь! – крычала другая, з намалёванымі вугалем вусамі.

– Бабкі, ану – перакінем!– прыйшла нарэшце шчаслівая думка.

І бабкі сталі пераварочваць «Масквіч».

Магло б, вядома, i такое здарыцца: але ж яны ўляпіліся з усіх бакоў, галёкалі на ўвесь свет, а машына толькі прыпаднімалася, як жук, што лянуецца ўзлятаць...

І бабкі спакваля ашляхлі. Яшчэ пaстукалі кулакамі па шыбах, па кузаве – каб ты лопнуў! – «доктарка» зноў пагразіла ў акно:

– Ну, гады, ваша шчасце!

І вось чарада, зноў з ваяўнічым крыкам падалася па вуліцы далей.

Зноў адчынілася акно, і дзед, што палярэджваў дачнікаў, растлумачыў:

– Сёння, таварышы, чацвер. Дык гэта бабы каравай сабраліся пячы. Стася ў нядзелю замуж ідзе. Выпілі трохі, халера, бушуюць. Сёння яны могуць мужчынам рабіць, што хочуць. І порткі з вас, выбачайце, сцягнулі б, і крапівы туды напхалі б, і пяску насыпалі б!.. Абычай! Банда! Мужчыны, усе – хто куды!..

У гарадскім тэатры – вечар па запрашальных білетах. У першым радзе сядзіць вясковая бабуля, у валенках без галёшаў, у хустачцы «пад бараду». Сядзіць – не паварушыцца, не азірнецца,– хаця ж каб сыну сораму не нарабіць, ці што?.. Сядзіць і ў час дзеяння, i ў антракце, калі вялікапышны сын выходзіць з жонкай у фае.

Ды вось на трэцім перапынку бабка раптам чхнула, як мыш, і – божа мой! – спалохана азірнулася.

У лодцы на возеры трое. Спінінгіст-тэарэтык дакучліва павучае госця, як трэба лавіць. Тэорыю падмацоўвае прыкладамі. Найбольш, як водзіцца, з уласнай практыкі.

– Навешаў я раз добры такі кукан шчупачкоў i прычапіў за кармой. Дык што ты думаеш? Усе паўцякалі праз горла найбольшага...

Госць у тон яму дадае:

– А найбольшы, раней чым таксама ўцячы, крыкнуў: «Хадзяін, вазьміце вяровачку!» I тады ўжо нырнуў.

Бяззубы мясцовы рыбак, што сядзіць на вёслах, ажно адкінуўся назад,– смяецца ціхім, справядлівым рогатам.

Адзін сынок, дый той у горадзе. Летам старому бацьку яшчэ сяк-так – на сонцы пасядзіць, карову папасе. A зімой занясло двор снегам – роўна ca студняй. Рэдка хто зойдзе, сядзіш адзін, як воўк.

У кухні, дзе цяплей, на стале мармыча рэпрадуктар. Дзед ляжыць на печы і слухае. Перадаюць нейкую казачку для дзяцей. Разышліся ў тым радыё раптам сабакі брахаць, гусі гегаць, куры кудахкаць... Дзед ведае – гэта артысты. Рагоча да слёз:

– А каб на вас нечага, каб на вас!..

I ўсё цяплей на душы.

Рыбакі вярнуліся з начнога лову. Стомленыя, няголеныя, вялыя, яны чакаюць каля рыбгасаўскага магазіна; хутка павінны прывезці хлеб. Возьмуць i пойдуць дахаты, у недалёкую вёску.

У магазіне дачніцы купляюць капчоную сяляву. Спынілася праезджая легкавая машына. Яшчэ адна дама ўзяла. Пакаштавала:

– Ах, любата!.. Дайце яшчэ кілаграм.

І ўсміхнулася да рыбакоў, якія бліжэй за парогам:

– Гэта я мужу, ён у нас мяса не есць.

Малады, загарэлы рыбак, прыгажун,– нібы знаёмы з дамачкай, нібы нават бачыў таго яе мужа:

– А чаго ж ён у вас так i тоўсты?

– Ну што вы, таварыш, ён хворы.

– Цукровая хвароба,– спачувальна ўздыхае хлапчына.

Харошы і здаровы, грубаваты рогат.

Заслужаны чалавек прыехаў у родную вёску.

Спраўная, хітраватая маладзічка, пляменніца, просіць у яго за малодшага брата. Сяк-так закончыў вячэрнюю школу, валочыцца толькі.

– Каб гэта яго, дзядзька Валодзя, у фельчарскую хоць?..

Вядома, дзядзька – абы захацеў – прапіхне.

Ды ён вось абедае i расказвае Ганначцы прытчу:

– Сабраліся раз яўрэі, мужчыны, i вырашылі добра выпіць на свае кучкі. Каб танней абышлося, надумаліся прыкаціць у сінагогу бочку i кожны раз, прыходзячы маліцца, прыносіць кожны па шклянцы віна. Вось і падумаў адзін бедны Янкель: «А што там вельмі пазначыцца, калі я ўлію адну-другую шкляначку вады?» I стаў прыносіць ваду. Прыйшлі тым часам кучкі, адкрылі хлопцы бочку, а там – адна вада!.. Ты мяне зразумела?

Відаць, зразумела. Маўчыць.

У перапоўненым вясковым клубе – таварыскі суд. Злавілі самагоншчыка.

Худы, насаты дзядзька, па мянушцы Албанец, сядзіць збоку, у якасці падсуднага. Старшыня суда – п'яніца-брыгадзір; члены суда – сябры падсуднага па чарцы – участковы i бухгалтар.

– Адказчык, вы давяраеце складу суда?

Ківок галавой i невыразнае:

– Угу.

У зале – выбух рогату.

Пасля бухгалтер просіць:

– Таварыш старшыня суда, можна задаць адказчыку пытанне?

– Можна,– з не меншай важнасцю адказвае брыгадзір.

– Адказчык Піліповіч,– урачыста звяртаецца бухгалтер да Албанца,– скажыце суду, дзе вы ўзялі апарат?

У зале – зноў выбух рогату. Хто чуў, а хто i сам бачыў, як пазаўчора адказчык з членам суда, гэтым самым бухгалтарам, адвозілі на хутар усю самагонную тэхніку.

Прыгавор: Піліповічу– найвышэйшая мера – дзесяць рублёў штрафу.

Абедалі ў Албанца.

Суд – па форме.

Скупому, калі ён быў яшчэ пастушком, дакучалі на пашы: «Дай дзічкі ўкусіць!..» I не даваў. А кавалерам быўшы, выйдзе з дому на вуліцу з кветкай. Вахлак, а вяргіню трымае, Аднойчы суседняя дзеўка, каб трохі разварушыць яго, схапіла гэтую кветку, дык ён ажно кінуўся біцца: «Аддай!..»

Спакойны, целюкаваты дзядзька, які вярнуўся з вайны паранены ды з ордэнам i медалямі, расказвае ў гасцях:

– Перакусіў я ў Міры, еду дахаты лежачы. I здаецца, што гэта Масква, а я з бальніцы выпісаны, іду сабе па вуліцы, прадукты на дарогу палучаць...

Вуліца доўгая, доўгая, доўгая!.. А потым конюх штурхае: «Уставай, завала п'яная, а то з возам у адрыну закачу!..»

Бабка з кошыкам. Кошык абвязаны.

Малады зладзяйчук пільнаваў яе на вакзале, сесці ёй памог, a толькі цягнік крануўся – выхапіў кошык i пабег.

Паўза.

Потым з акна паказалася бабка:

– Еж, еж на здароўе, сынок!

У кошыку быў хрэн. Не цёрты, карэньчыкі.

Таўкачаваты дзяцюк з багатай хаты. Гадоў пад сорак, а яшчэ ўсё кавалер. Многа сватаўся, скрозь адмаўлялі. Нарэшце адна згадзілася, але... адмовіўся ён сам.

– Чаму?

– Дурная. Бо за мяне адразу йдзе.

Калгасны брыгадзір расказвае, пасварыўшыся з гультаём, што вельмі доўга запрагаў:

– Быў такі парабак у папа, што сам ніколі не ўставаў, а поп яго будзіў. А неяк сам устаў. «А мой жа ты Зміцерка!» – узрадаваўся поп. А той: «Нічога, бацюшка, я сваё нацягну абуванейкам!..»

Стары вясковы байдун, што любіць кнігі, расказвае:

– Ішлі раз Пушкін, Лермантаў i яшчэ адзін, каб паглядзець, каб было пра што пісаць. А насустрач ім едзе цар Петр (не Пётр, а Петр) i Сталыпін. Сталыпін кажа: «Давай спытаемся, чаму таўстадумы пехатой ідуць».– «Лепш ты ix не чапай»,– кажа Петр. А Сталыпін не вытрываў i спытаўся. Дык Пушкін кажа яму: «Бо цар усіх аслоў саноўнікамі парабіў, няма на кім ездзіць». А Петр Сталыпіну: «А што, маць тваю, не казаў – не чапай!..»

– Нажыў я, браце, напільнік!..– кажа пра сваю бабу дзядзька. Худы, падчапісты, шапялявы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю