355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Жменя сонечных промняў » Текст книги (страница 1)
Жменя сонечных промняў
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Жменя сонечных промняў"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Annotation

Дарогі, сустрэчы, уражанні... І вечны спадарошнік літаратара, памочнік яго памяці – блакнот. Год за годам, блакнот за блакнотам... Адно з запісанага ўвайшло ў аповесці, апавяданні, нарысы. Другое – чакае чаргі. A іншае – просіцца бьщь самастойным мастацкім творам. І вось пісьменнік прапануе ўвазе чытача сваё захапленне жыццём, чалавекам, прыродай, сваю любоу, нянавісць i смутак, усмешкі i роздум. Лірычныя нататкі Янкі Брыля падаюцца ў тым, амаль некранутым, выглядзе, як яны праляжалі ў непасрэдных запісах, – што год, што пяць, а што i дваццаць пяць гадоў.

Янка Брыль

notes

1

Янка Брыль

ЖМЕНЯ СОНЕЧНЫХ ПРОМНЯЎ

Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Жменя сонечных промняў, – Мінск: Беларусь, 1965.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Якія жудасна шчаслівыя гады і дні нашай любові, дружбы, і як жа часта мы марнуем іх на пустое!..

Дзіва, шчаслівае дзіва бярэ – колькі яе, прыгажосці, i як я мог жыць, не бачыўшы да сарака пяці... ну, скажем, возера Лукаўскога, з векавымі дубамі i шэрымі крыжамі на касе, або магутнай, ласкавай Гарыні?..

Прыгажосць назіралі мы спачатку з акон зялёнага «кукурузніка», які нас, трох следапытаў народнага слова, нёс над астраўкамі палёў, над лясамі і шчодра залітымі сёлета балотамі Піншчыны. Нізка ляцелі – адно любуйся. Але нядоўга. Толькі што ўзняўся, здаецца, наш ПО-2, a ўжо і садзіцца на прылясную паляну траскучаю птушкай. Уяўляю, што нават і «ногі» наставіў насустрач зямлі, нібы грак. Селі, ідзіце, нюхайце добрае жыта ды бульбу ў белай, густой квецені. Хоць ты з дарогі збоч ды паляжы ў ix ніцма...

Давыд-Гарадок.

Можна злятаць на Марс, зярнуцца адтуль i застаць над Гарынню ўсё тую ж бабку з вудай. Стаіць старая, як і стаяла сотні гадоў, спакойна i абыякава. Закідае па-бабску смешна, цераз галаву, паплёўвае на чарвяка, зрэдку здымае ў вядро краснапёрку... Многа ix тут, рыбакоў жаночага полу, відаць, ад пяці i да ста, і нікому такое не дзіўна.

Светлая хата над самай ракой. У гародзе растуць толькі кветкі, якія тут здавён сеюць на насенне, і вельмі любяць, здаецца,– не проста гандлююць. «Анюціны вочачкі», – расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам несення. Гаспадар, талковы i ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка.

Так мы глядзелі Гарынь, а потым Прыпяць. Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а больш любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы па празрыстай i ціхай вадзе.

Усе прыгожа, аднак жа белыя «гускі» ў Воўчым возеры, у якое мы неўзабаве ўвайшлі з чарнаводнай, спакойнай і крыху не цераз верх перапоўненай Прыпяці,– прыгожыя асабліва. На суцэльным зялёным насціле іхніх лістоў самі «гускі» – ну, проста гусіная ферма, вялізная, толькі без гогату, і мы пайшлі тут без грукату, на вёслах, марудна разганяючы лодкай зялёна-белы цягучы насціл. Зблізку кветкі напаміналі мне жывое яшчэ з маленства ўяўленне: разрэзанае крутое яйка... Не, гэтым разам,– можа, ад думак пра бомбы i дзяцей, ад цяжкіх думак, якімі закончыўся мой учарашні дзень,– «гускі» здаваліся мне складзенымі далоньмі ручанятак з гулліва настаўленымі, як пялёсткі, пальцамі...

А заерху – раскошнае сонца i белыя воблакі. Плывуць паволі, амаль не плывуць. і высока, высока!..

Потым, падвечар, нас калаціў на калдобах аўтобус. Нібы спецыяльна наняты, каб так калаціць. Але ўсё роўна мы любаваліся і полем абапал дарогі, i хатамі пад цяжарам буслянак, i сонечным лесам...

Душою нашай пасажырскай кампаніі была разбітная, яшчэ не старая, цыганка. Расказвала, добра па-беларуску, пра найбольшае шчасце свае валачашчае маладосці, – як яна, седзячы побач з бацькам на возе, праехала з цэлым табарам, дарагія начальнічкі, цераз усю Варшаву!.. Пасля ўспамінаў яна пусцілася ў тэорыю – пачала нам тлумачыць ix цягу да вандравання. Гаворачы, час ад часу пакрыквала на Гарасіма, свайго басаногага хлапчука, што ўсё лез, выхіляўся з акна.

Пасля ў аўтобусе спявала скрыпка.

Іграў стары цыган. Без шапкі, лысы, у салдацкіх галіфэ i цяжкіх з выгляду кірзавых ботах. Мы дагналі яго на выездзе з чарговай вёскі, шафёр сам спыніўся, а «бацька» адразу, толькі ўмасціўшыся на заднім сядзенні, сам пачаў іграць. За праезд. Па прывычцы.

Яна i спявала, i плакала, i рассыпалася смехам – ягоная скрыпка. I гэта было незвычайна да самай сапраўднай радасці – там, у глухім палескім лесе, на турботнай і пыльнай дарозе!..

Ды тут адзін з нас памыліўся... Проста не ведаў, што выйдзе з гэтага,– узяў свой фотаапарат i зняў музыку. Раз, пасля, для пэўнасці, яшчэ раз, і скрыпка змоўкла.

Цыган i цыганка загаманілі па-свойму, гучна i незразумела. Пасля стары палажыў скрыпку ў футляр, узяў мяшок, падышоў да шафёра, азірнуўся на нас i пакратаў яго за плячо. Аўтобус спыніўся. Музыка выйшаў, проста ў лесе, i, выходзячы, зноў азірнуўся...

Цыганка расказала нам, што жонку гэтага чалавека ў вайну расстралялі фашысты. Сам ён хаваўся з маленькім сынам. Пасля вайны малога забралі ў дзіцячы дом. А бацька ходзіць. Не проста ходзіць, а вось ужо васемнаццаць гадоў уцякае ад тых, што забілі жонку, што i яго шукаюць, каб забіць... Па фотаапараце ён «здагадаўся», што i мы – таксама ад тых, што шукаюць яго, i таму вось уцёк...

– Няшчасны чалавек, начальнічкі... А чулі, як ён іграе?.. А як ён танцуе нашы цыганскія танцы! Піша!.. Гарасім, не выхіляйся, дурніца,– зачэпіць галаву ды выцягне!..

У лесе – сонца i цені. Малы аўтобус трасецца па карэнні і па калдобінах.

А скрыпка спявае. Сардэчна і сумна. Хоць весела як быццам, але вельмі сумна!..

Хоць музыка, з мяшком за плячыма i з футаралам пад пахай, ідзе цяпер недзе далека за намі.

Такі беспрытульны ў нашым сонечным свеце!..

Парыж. Кафэ «Мадрыд».

За шкляною сцяной мноства хвалістых папугайчыкаў. Цалуюцца сабе пры людзях, як сапраўдныя французы. Афіцыянткі ў брэтонскіх нацыянальных касцюмах. Ветлівы малады дырэктap добра гаворыць па-нямецку; скромна хваліўся, што ведае рускую літаратуру, гутарку пра якую пачаў з Дастаеўскага.

Старая, кульгавая, з кіёчкам, у дарагім футры, хоць на дварэ пагодлівы, цёплы кастрычнік, мадам прыходзіць есці вельмі акуратна. Есць доўга, старанна глытаючы процьму вустрыц, старанна фарбуючы губы пасля яды...

Адной з афіцыянтак я падарыў некалькі маляўнічых паштовак з аўтографамі нашай турысцкай групы. Яна знайшла на адвароце паштоўкі серп i молат, паказала на ix пальчыкам, усміхнулася i ўзняла кулак: «Рот фронт!» Пры дапамозе дырэктара расказала нам, што брат яе, рабочы сцэны пры «Камэдзі Франсэз», быў летась у Маскве. Слова «брат» яна сказала па-французску, па-англійску i, за мной, па-нашаму... Мілая, баявая чернушка.

Тым часам да старой мадам за суседнім сталом падсела другая. Гэтае «брат», «рот фронт!» i ўсё шчабятанне дзяўчыны з намі абурылі абедзвюх мадам. Яны паклікалі афіцыянтку да сябе i доўга, нудна скрыпелі на яе, дакараючы. Пасля паклікалі дырэктара. Злёгку i з годнасцю схіліўшыся, ён слухаў ix з прафесійна ветлівай цярплівасцю: кліенткі, мусіць, даўнія.

Дзяўчына – каля нашага стала – усміхалася, нават і падміргнула мне на тых, а на развітанне дэманстрацыйна ўсім нам паціснула рукі і зноў з мілай усмешкай узняла кулачок – «рот фронт!»

У клубе добрага калгаса сход. Больш за сто цётак i дзяўчат атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі – за лён, якім славіцца гэты куток Наднямоння.

Смешнавата-ўзварушлівы шык. Людзі гэтыя лепш умеюць працаваць, чым браць узнагароды. Кожная, каго выклічуць, выходзіць з натоўпу, няёмкй ўсміхаючыся, ідзе да стала прэзідыума i загадзя трымае руку, каб падаць яе старшыні райсавета; «так, як i ўсе», ківае галавой і кажа «дзякуй». Дзяўчаты не вельмі прызвычаены пастукваць высокімі абцасікамі святочных туфляў. Медалі ўсе начэпліваюць адразу, толькі сеўшы, і радасна, як дзеці, усміхаюцца.

Сухенькая, смяшлівая бабка:

– Ну вось, січас i я украшу сваю грудзь!..

Ідзе, а усе дабрадушна смяюцца.

Выступаючы, большасць стараецца гаварыць, як і бабка, культурна: «Клімацічаскія ўсловія нам не дазволілі...»

Толькі адна кабеціна – пасля даведаўся: жыве ўдавой, сын, лейтэнанг, у арміі, дачка, студэнтка, у Мінску – гаварыла коратка і па-свойму:

– Семсот пукоў абабілі, а пяцьсот яшчэ не. Але абаб'ём i гэты. Што ж я тут буду болей гаварыць! Стараемся, як толькі можам, бо трэба.

Пасля сходу, вядома, танцы, і ільнаводкi, і маладыя настаўніцы мятуць польку – аж люба глядзець!..

Здаравенны хлапчына, якога з маленства, дзеля смеху, называлі Пётр Пятровіч, пры буржуазнай Польшчы пяць год сядзеў у турме «за камуну», у вайну быў у партызанах, а пасля вызвалення – з вельмі лёгкай рукі мясцовага начальства – узышоў на цярністую сцежку кіраўнічай працы.

Амаль непісьменнага хлопца прызначылі спачатку кіраўніком раённай канторы дзяржбанка, пасля загадчыкам нарыхтоўчай канторы, пасля старшынёй сельсавета і, нарэшце, старшынёй сельпо.

Кіруючы банкам, Пётр Пятровіч толькі падпісваў паперкі, што яму ні падсоўвалі, вельмі цьмяна ўяўляючы змест пераважнай большасці дакументаў.

– Што ты мне тутака плявузгаеш! – грымеў ён на бухгалтара.– Я падпісаў – усё! А мала табе раз – другі раз падпішу!..

У нарыхтоўчай канторы ён сам, і вельмі ахвотна, быў часамі грузчыкам, памагаў сваім хлопцам.

Як старшыня сельсавета, пабіў аднаго дэпутата. Слухалі на бюро райкома.

– Ну, я ж усё ж такі яго начальнік,– апраўдваўся Пётр Пятровіч.– Усе мы ўжо сабраліся, сядзім, яго чакаем. Раз я паслаў па яго, другі раз – не ідзе. Пайшоў я сам. Сядзіць, гад, ды зацірку мурзае. Ну, узяў я тую міску ды надзеў яму на галаву. Падумаеш – так ужо абрамізіў!..

У сельпо Пётр Пятровіч вельмі хутка замурзаўся сам. Не так замурзаўся, як замурзалі памагатыя.

I вось ён памёр недзе ў турме. Падпольшчык, партызан, дый хлопец, урэшце, нядрэнны, калі б яго не ўздымаць без патрэбы i меры...

А маці, якой «бог смерці шкадуе», увесь свой век пакутніца пры такім сыне, ідзе цяпер за дваццаць кіламетраў у райцэнтр, каб, можа, пенсію якую за Пятра далі...

Пішу ў кубрыку кацера, на раскалыханай штормам Татарскай пратоцы.

Маладзенькі матрос Віця расказваў мне сёе-тое з жыцця свайго ніўхскага народа. Нібы дапаўняючы тое, што я назіраў тут сам,– на рыбацкіх заездках, у пасёлку, у Нікалаеўскім краязнаўчым музеі. Сімпатычны дзяцюк, акуратны, з харошай усмешкай.

– Мая матуля кажа мне... Я вось ужо хутка пяць год карміцель у сям'і. Мне – не семнаццаць, як вам здалося, а дваццаць першы. Прабачце, я не сказаў вам, што я ўжо жанаты, што ў нас ужо хлопчык, сем месяцаў... Мая жонка – настаўніца з Сахаліна, таксама ніўхка, але гаворыць яна трошкі інакш, чым мы, амурскія ніўхі...

Слухаю, любуюся ім, такім разумным i чыстым.

Успамінаю ўчарашнюю тутарку з пажылым прафесарам-медыкам, што паспяхова змагаецца з касцявым тубэркулёзам у ніўхскіх дзяцей. і заўважаю радасна, як натуральна ўспрымаецца тут яна – наша роўнасць людзей і народаў.

Жнівень. Ялцінскі пляж..

Тоўсты, лысы таварыш, са шрамам колішняй раны на спіне. Качаецца, нібы цюлень, у марской пене, спакойна, нават абыякава адпырхваецца ад салёнай вады... I здаецца, хоць я i не бачыў яго апранутым, што на гэтых магутных плячах можа быць толькі гімнасцёрка раённага рабацягі, а на пузе – рэмень з камандзірскага спражкай. Партфель пакуль што недзе далёка, у адным з куткоў неабсяжнай радзімы, дзе ён адклаў яго толькі на месяц...

Побач – хлопец, таксама нядаўні франтавік, без нагі да калена. Увайшоўшы ў ваду, а яшчэ лепш – плывучы, напэўна ж здаволены, што i ён – зноў, як усе!..

Каб я быў мастаком, намаляваў бы сённяшні чатырохбальны шторм, a ў пене, у пяску, у мокрым грукаце хваль – па-дзіцячы радасныя твары людзей працоўных розных нацыянальнасцей – шахцёраў, настаўнікаў, ткачых... I дзяцей.

На хутары, дзе садок i гарод, i навокал, як мора, калгаснае жыта, бачыў жывы прататып казачнага Іванькі-прастака.

Дужы, рахманы дзяцюк. З гонарам расказвае, што ён усё-ўсё ўмее рабіць. Хоць i робіць толькі тое, што не патрабуе трохі большай кемлівасці: не косіць, але падае на воз, не коле дроў, але валочыць вёдрамі ваду са студні, якая больш за кіламетр ад хутара, у вёсцы... Малодшы брат, гаспадар, вазіу летась яблыкі прадаваць – з Наваградчыны ў Маскну – i купіў яму шапку, якой вельмі ж хацелася – салдацкую, з чырвоным аколышкам. Яна вісіць на сцяне, любоўна загорнутая ў маміну хустку.

Увечары «дурань» зняў яе са сцяны, разгарнуў i надзеў – як карону.

– Куды ты, Iване?—пытаецца цярплівая і ціхая жанчына – маці.

– У кіно.

– Позна, сынок, яно там недзе ўжо канчаецца.

– А пад канец яшчэ цікавей.

Ды з такой жа дзіцячай усмешкай адказвае!..

– Малому дарогу саступіць,– кажуць пра хлопца сямейнікі.

I шкадуюць яго ўсе – i брат, i братавая, і сястра-школьніца, i дзед.

Дзед – цікавы i сам. Яму ўжо за дзевяноста. Накрыўшыся старой цыратай ад дажджу, пасе ў зялёным яры дзве каровы i жменьку авец. I вельмі рад, што вось ізноў, як людзі, бачыць. Бо толькі нядаўна яму знялі катаракту

– Як на свет нарадзіўся, сынок! – расказвае ён мне, неяк надзіва молада смеючыся.– А тыя разы, сляпым быўшы, дзяржу дзве каровы на павадах, а малыя толькі камандуюць: «Дзеду, лявей! Дзеду, правей!..»

Дзед есць зацірку толькі з хлебам і злуецца на ўнукаву жонку, калі зацірка рэдкая:

– Сама, відаць, хадзіла па ваду!..

Увечары выпіў з намі – цэлую шклянку самагону – і пачаў успамінаць. Ну, спачатку – бліжэйшае. Як ён на ўнукавым вяселлі «ўзяў» трошкі не літар i нават яшчэ «барыню паскакаў». Як сын яго, Лёўка, насіў у млыне на другі паверх па два шасціпудовыя мяхі за раз, узяўшы пад пахі, а потым – булава, царства яму нябеснае, напіўшыся п'яны, прастудзіўся за ноч у канаве і памёр... Пасля гэтых успамінаў, цікавых, але звычайных, ідуць такія, ад якіх ажно неяк трошкі вусцішна. Што памятае жывы чалавек!.. У другой палавіне дваццатага веку – успамінае пра турэцкую вайну!.. Праўда, на Шыпцы сам ён не быў – па пашы бегаў яшчэ, але ж палонных туркаў бачыў многа. У графскім маёнтку.

– Шапкі высокія, чырвоныя. Снапоў накладуць у параконныя кары – толькі ў драбіны, не болей, палягуць туды шасцёх i паехалі!.. Яшчэ, кажуць, пазвальваемся! Ха-ха-ха!..– рагоча, аж хіхікае, як малы.

Уранні папрасіў мяне зняць яго на картачку,– пад яблыняй, з маленькім праўнукам на каленях. Табурэтку паставілі ў бульбе, якая цвіце.

Над Відзамі страляе ў неба готыка касцёла. Чырвоная цэгла, шэры бляшаны дах. I легенда,– калісьці туды вунь, аж на саменькі вільчык, пад крыж, залез у кірмашны дзень нейкі вісус, пачаў там вырабляць, як у цырку, людзі раты паразяўлялі i глядзяць, а тут яго сябры тым часам шныраць, ліха ix зладзейскай матары, па вазах!..

На скверыку – помнік вызваліцелям, вялікi i стандартны абеліск. На дошцы прозвішчы салдат i афіцэраў, якіх ваенны лёс зрабіў героямі ў гэтых мясцінах. Наводшыбе, у зялёным, зацішным куточку сквера – магіла з чорнай пірамідкай. Надпіс: «Андрэю ад А. Кудрынскага». У каго ні пытаўся, хто яны, гэтыя людзі, адказ адзін: «Не ведаю. Кажуць, што нейкі палкоўнік...» Сумна.

Пахнуць па-хатняму грады, сакочуць конікі, стаіць вялікі жнівеньскі месяц, яшчэ не яркі, бо ранні вечар. Бабуля, калі я пацікавіўся, што за кветкі ў яе гародчыку:

– Не ведаю, ірву, палю, сынок, а яны ўсё растуць. А гэта мак.

I дала мне чырвоную кветку з белаю аблямоўкай на кожным пялёстку.

У чайной літоўскае піва i смачная каўбаса, і нудны, ветлівы сусед,. няголены здаравіла, які паволі, шчодра расказвае, як у маленстве маці апаіла яго макам, i вось ён цяпер не можа працаваць на адным месцы больш за тыдзень...

Ноччу сядзеў на ганку гасцініцы, слухаў i думаў, што да ўсёй гэтай ідыліі – з прыродным росквітам i маладымi песнямі ды смехам – не хапае сардэчнай, ціхай гітары. I чаму яна «выйшла з моды»?..

Па дарозе на Браслаў – куток свянцянскай Літвы, З кабіны грузавіка, праз нізкія вербы, відаць прымятае дажджамi жыта, бярозавыя, неакораныя жэрдачкі агароджы, жураўлі без вёдзер, мнагавата абдрыпаных хат. А то – ліпы, белыя вокны, за хатамі будынкі ў шнур, з шырознымі, ледзь не да самай зямлі, стрэхамі. Назвы населеных пунктаў: Калянкішкі, Гадуцішкі, Каляндрышкі, а паміж імі раптам – прастадушна нашы, беларускія Пузыры.

У кузаве ў нас чарапіца. Дзве пярэднія машыны, з такім жа грузам, адарваліся далёка наперад. Негаваркі, дабрадушны шафёр даволі часта спыняўся, каб падняць на дарозе згубленую тымі чарапічыну. Цярпліва і спакойна. Гаспадар!..

Браслаў, калі пад'язджаеш з захаду, адкрываецца вельмі маляўніча. Над возерам сосны, дахі, замкавая тара, каля яе касцёл, царква. Гарадок чысты, з прахалоднай, утульнай гасцініцай, з аброслай плюшчам i мальвамі чайной, з трыма азёрамі, якія ўсе відаць навокал гарадка з высокай замкавай гары.

Над замчышчам, над касцёлам i царквой узвышаецца помнік «добраму доктару». Пры панах гэты доктар, ужо тым часам амаль легендарны, бясплатна, як кажуць, лячыў беднату, пабудаваў за свой кошт бальніцу, а мог таксама, лайдак, даць дзядзьку некалькі злотых, каб з'ехаць верхам на ім з гары... Помнік пастаўлены па яго запавету, з громаадводам, з горбай жалеза пад зямлёй, якое, калі ўдарыць гром, толькі «ляскоча над горадам...»

У рэдакцыі хлопцы далі пачытаць «Гісторыю Браслаўскага павета», аўтар якое i выдавец, польскі настаўнік, энтузіяст-краязнаўца, засакрэціўся ініцыяламі О. Н. Кніга даволі тоўстая, a фактаў яркіх ня шмат. Усё прыблізна такое: У Biдзах калісьці паны бралі з яўрэяў, апроч іншага падатку, яшчэ і па два кілаграмы перцу i «вельмі пацяшаліся з гэтага тавару і яго пастаўшчыкоў». У тых жа Відзах гасцяваў калісьці, у свайго дзядзькі, Адам Міцкевіч, студэнт. Мясцовыя «маскалі», барадатыя стараверы, што аж сюды паўцякалі ад царска-царкоўнага прыгнёту, у 1863 годзе вельмі старанна дапамагалі цару распраўляцца з паўстанцамі... А вось яшчэ адна даволі пацешная дробязь. У браслаўскага калгасніка Сцяпана Рыжага, які – пра што я перад гэтым прачытаў у paйгазеце – атрымаў днямі званне «лепшага пастуха» раёна, калісьці, ажно ў шаснаццатым стагоддзі, быў продак – браслаўскі войт Грэгар Рыжы...

На лузе над возерам садзіцца паштовы самалёт. Увечары стукае недзе маторка. Потым – ноч. Месячная дарожка, на якую так добра глядзець з гары, пад ціхую гутарку з добрымі хлопцамі.

І нечым не нашым, а старасвецкім, цвілым патыхае ад слоў, што адзін мясцовы дзеяч, калі ў лазні не хапіла дроў, загадаў спусціць на вуліцы дзве ліпы... У тую кнігу яго – да войта Рыжага, калі той настаўнік-аўтар узяў бы!..

На выпускных экзаменах у вясковай дзесяцігодцы.

Дзяўчынка слаўна адказвае пра сусветнае значэнне Горкага, пра вобраз Пячорына, пра «Падарожжа» Радзішчава... Стомлены, хвараблівы выгляд, у цяжкіх ботах, цяжка ўздыхае, прыглушвае кашаль. Вялікія цёмныя вочы. Прыгожая. І ўсё збіваецца з рускай на родную мову: «імкненне», «творчасць», «далонь»...

Дзе ты была у вайну, толькі чатыры маі таму назад,– у беднай, цудам не спаленай хаце ці ў партызанскай зямлянцы?..

Няхай жа ўсё будзе добра!.. Пасля ўсяго, што было.

Хлопец. Бывалыя салдацкія чаравікі, старанна наваксаваныя, лінялая гімнасцёрка i нехлямяжы, больш на куртку падобны, пінжак. Усё, здаецца, бацькава ці старэйшага брата. Хвалюецца, крэсліць наском чаравіка па падлозе.

– Адказвайце, можа, на другое пытанне,– хоча паспагадаць настаўніца.

– Не, чаму ж, я буду адказваць так, як пытанні стаяць у білеце.

Хлопец дужы, палёгкі не хоча.

Уяўляю, як ён раненька ўстаў, чысціў чаравікі, не снедаў ад хвалявання...

Дваццаць ix, юнакоў i дзяўчат, з беларускім вясковым акцэнтам гавораць пра вяршыні рускай літаратуры. Моладзь – вельмі падобная да сваіх бацькоў i матак, але ж – з пячаццю культуры, духа на тварах.

Чым яны былi б, каб не прыйшоў сюды Верасень?..

Вясёлы лётчык, які выдатна папрацаваў для нашай перамогі над фашызмам, расказваў, па-хлапечы радасна смеючыся, як ён вяртаўся сюды, у роднае данское сяло, на трафейным «опелі»:

– Узяў, зараза, ды заглух. За тры кіламетры ад бацькавай мазанкі! Дзед Афоня мяне дацягнуў на быках. Часта цяпер хто скажа: а гэта ж тады было, у той год, як дзед Афоня Міколу прывёз. Гісторыя!..

Пасля вайны камандаваў палком. Уранні, перад вучэбнымі палётамі, сам вылятаў раней – «нюхаць паветра», і не мог устрымацца, каб не праляцець над роднай Пятроўкай, не памахаць крылом.

А маці, сгарэнькая бабка Нюся, абы заўважыла, што самалёт крылом махае:

– Цэ мій падлюка!..

Не для экзотыкі запісваю, а ловячы здаровае адчуванне сувязі з родным, з мудрай народнасцю.

Старэнькай маці, калгасніцы, адняло мову. Прыляцеў самалётам вучоны сын, два дні сядзеў над ёю, i толькі на трэці яна апрытомнела. I першае, што сказала – спыталася:

– А ці абедаў жа, сынок?..

Колькі яму – пажылому мужчыне, былому ваяку – каштавала, каб не заплакаць!..

Ідуць салдаты, і дзіўна, прыемна падумаць, што кожны з ix быў малы, што кожны з ix абцалаваны мамай.

У яўрэйскай сям'і, дзе я затрымаўся ў Маскве, старэнькая маці інжынера паказвае мне пусты «дзяржаўны» канверт ад міністэрскага пісьма i з гордасцю, нібы за першую сынаву «пяцёрку», кажа:

– Вось якіх пакетаў прысылаюць майму Мішу!..

А Мішу – пяцьдзесят другі.

Студэнтачка расказвае:

– Мы з мамай часта хадзілі ў грыбы. А першы год, як толькі я паехала вучыцца, яна адна выходзіла на нашу сцежку: «Можа, убачу...»

У глухой вёсачцы на беларускім Палессі спыніліся каўпакоўцы. Адзін з ix зайшоў у крайнюю хату i папрасіў бабулю памыць яму запасную пару бялізны.

А потым раптам – трывога. Пайшлі – як прыйшлі.

На трэці дзень адзін з атрадаў, што адпачываў у лесе пасля бою, затрымаў старую. З клуначкам бывалай бялізны, i памытай, i пакачанай, i палапленай рукою маці. Два дні шукала яна ў бліжэйшым i далёкім лесе, пад музыку далёкіх i блізкіх выбухаў, таго «прыгожага ды вясёлага, што камандуе цэлым атрадам, а называецца – дай, божа, памяць,– здаецца, Платон...»

I вось знайшла, аддала i пайшла дахаты. З адным толькі пачуццём, з адной радасцю: «Няхай здаровенькі носіць!..»

Слаўны хлопец, добры паэт, адзін з маіх украінскіх сяброў, ён мне расказваў пра гэта ў часіну харошай сустрэчы.

Мноства астрыжаных галоў, дапытлівых вачэй... Фабзайцы.

Жанчына, з выгляду падобная на старую настаўніцу, гаворыць з трыбуны:

– Мая дзяўчынка закрыла сваімі грудзьмі амбразуру варожага дота...

Колькі яна непакоілася калісьці пра здароўе тых кволых дзіцячых грудзей!..

А цяпер вось гаворыць спакойна:

– Яна зрабіла так, як зрабіў бы кожны савецкі чалавек... Вучыцеся, дзеці, будзьце сапраўднымі патрыётамі...

Пасля выступлення жанчына надзела паліто. ветліва развіталася з арганізатарамі сустрэчы i пайшла. Каб зноў дзесьці думаць пра сваю дзяўчынку, якая...

«Вось ён – сапраўдны гераізм!» – падумаў я.

Потым, за нейкі год ці трохі больш, яшчэ і яшчэ раз убачыў яе на трыбуне, пачуў яе ціхія, роўныя словы і... стала балюча...

Захацелася падысці да яе i, каб не чулі, сказаць:

– Хадзем дахаты, матуля! Не трэба. Мы самі раскажам пра гэта...

Старая ішла па абочыне. Сцежкай пад вербамі. Радая, што халадок.

Мы стаялі на паваротцы з гасцінца ў вёску, каля саўгасных майстэрняў. Ужо напіліся вады, пагаварылі ca знаёмым, i можна было ехаць. Ды я заўважыў старую, пазнаў.

Я добра ведаю яе. Добра ведаў i сына, што не вярнуўся з вайны. Можа, і цяпер яна якраз ідзе з мястэчка, атрымаўшы чарговую долю пенсіі за яго? Рублі, якія кожны месяц, год за годам, напамінаюць ёй, што сынок быў адзін... Дачок было тры. Адна памерла таксама ў вайну. Уцякала ад паліцаяў, што рабілі аблаву на моладзь – вывозіць яе ў Нямеччыну. Паўцякалі амаль усе, але цётчына Маня прастудзілася недзе ў раўку, восень была, а яны павыляталі толькі ў сукенках,– пагарэла потым дзён некалькі і памерла. Другая дачка... Пра гэта гаварыла нядаўна ўся ваколіца. Страшна падумаць – дзявочая шыя i... брытва... Сама сабе. I невядома, чаго... Муж старое памёр так даўно, што боль адбалеў i забыўся. Прытупіўся ўжо боль і па Мані, нават – па сыне. Сілы таксама стала менш. А тут – такое ў хату!..

Што мне сказаць старой?.. Я не бачыўся з ёю пасля апошняй бяды. Няўжо хопіць адно павітацца, узяць падвязці?..

Ад глыбіні сваіх пакут, ад роздуму горкага яна магла б, здаецца, яна павінна была б сказаць нам штосьці незвычайнае, вельмi патрэбнае...

А яна папрасіла мяне «хвіліначку пачакаць», зайшла ў сельмаг, развязала памалу вузельчык хусткі, дастала капейкі i папрасіла крамніцу адважыць ёй дзвесце грамаў вунь тых падушачак.

– Бо як жа ж гэта я, старое заткала, ішла, ішла ды забылася ўзяць у мястэчку?..

Бо дома ж ёсць недзе ўнучак i ўнучка, дзеці найменшай, замужняй дачкі.

Калі мы пад'едзем да іхняй хаты, малыя заўважаць бабулю i закрычаць і пабягуць ад радасці да ўжо нямоглых, а такіх ласкавых рук.

Ну, дык як жа тады без цукеркі?..

«Лепш ужо, нечага, хаваць у пеляночках, чым у вяночках...»

Бабуля прыехала дамоў з далёкай вёскі, дзе пахавала дарослую ўнучку. I там змаглася ад плачу, i тут яшчэ плача, але ж і расказвае:

– Прывезлі фатографа, каб зняць нябожчыцу Ганначку. От сабе нейкі лахмач. Як убіўся ў нейкую рыжую торбу, дык калупаўся, калупаўся – ажно агоркла, чакаючы...

Шеснаццаць год прайшло, а я вось зноў успомніў гарачае лета сорак пятага i бабулю,– салдацкую ці партызанскую маці,– якая, прыйшоўшы ў горад з калгаса, купіла ў піўным ларку кухаль рэдкага, несалодкага морсу i прысела каля плота, на зямлі, запіваючы гэтым морсам сухі кавалак чорнага хлеба...

Муж-камуніст хаваўся. Жонцы фашысты прастрэлілі рукі і ногі, каб выдала, дзе ён. Ляжала на дварэ ўвесь дзень. Назаўтра – зноў пыталіся... Яна не вынесла пакут, сказала. Яе дабілі. Мужа i дзяцей спалілі ў хаце. Хаваць – суседзі сабралі косці ў мех, ды поп i з гэтым не пусціў на могілкі...

Цяпер не месцы іхняй хаты вёска паставіла помнік.

Калісьці ў суседняй вёсцы была чума. З акружанай вёскі вырваўся адзін зачумлены. Мужчыны, вартаўнікі, прыглушылі яго дручкамі i закапалі амаль жывога.

На гэтым месцы стаіць цяпер каменны помнік з крыжам. Ужо i камень у лішаях, i крыж чыгунны парыжэў, a людзі ўсё яшчэ расказваюць пра тую страшную неабходнасць – як быццам просячы прабачэння, ціха і трошкі ўрачыста.

Восень сорак другога года.

Цёмная, мокрая ноч.

А мужчыны стаяць на загуменні і глядзяць, як – за сем кіламетраў адгэтуль – гарыць, дагарае падпаленая партызанская вёска. Глядзяць i сварацца.

Баптыст, гугніла з багатае хаты, даводзіць, што гэта ўсё – ад бога, што «збываецца пісаніе».

– Госпад недарма казаў: я – агонь усёпажыраючы!..

– Ну дык няхай жарэ, калі не нажорся!..

Успамінаюць потым і тое, што рабін, летась, калі ў недалёкім мястэчку стралялі яўрэяў, казаў тoe самае. Нават талмудзіў над ямай, чытаў: «Збываецца воля Яговы, нічога не зробіш...»

Напярэдадні вайны хлопец з Дона стаяў дазорам на Бугу. Пасля, пад націскам ворага, ён адступаў, уведаў бяздонную горыч разгрому i палону. Уцёк з-за калючага дроту i прыпыніўся ў самай звычайнай беларускай вёсцы. Небагатыя, ціхія людзі, з якіх i ён нядаўна пасмейваўся: «Бульба дробненькая, але многа!..» Яны накармілі яго і прыгрэлі. Разам з імі ён узяў неўзабаве вінтоўку, стаў партызанам. Разам з імі рабіў ён тое, што – збоку відней – і Радзіма, i ўвесь прагрэсіўны свет пачалі пасля называць гераізмам. Туг на гарачую кроў яго раны лягла халаднаватая чысціня палатна. «Кужэльненькага», як гаварыла беларуская маці, нястомная работніца, што плакала над ім. Замест ягонай – богведама, ці жывой? – маманi ў далёкай, таксама дзесьці зганьбаванай фашыстамі станіцы... Тут ён адчуў каханне,– наша дзяўчына палюбіла яго, пайшла з ім з роднае хаты ў сцюдзёную пушчу...

Пасля – перамога! I ён не вярнуўся дахаты, на Дон. Хлопец нібы толькі цяпер заўважыў, як ён прырос да гэтай слаўнай лясной старонкі, як пасябраваў з людзьмі, якія памаглі яму выканаць святы абавязак перад Радзімай. Вось ужо трынаццаць год узапар ездзіць ён у госці на ўсход, да роднага берагу, да родных душ, i вяртаецца адтуль у Беларусь з тым самым дзіўным пачуццём – з дому едзе дадому, з радзімы цягне яго на радзіму...

Дзве іх стала, ці што?..

Здраднік, aдбыўшы пакаранне, вярнуўся ў родную вёску. Закуткі самыя патаемныя, ціхія, мілыя ў маленстве – i яны цяпер не свае. I там няма яму супакою, спагады. Там – на калодцы або проста на пяску ці на траве – сядзе які-небудзь дзед або дзядзька і скажа:

– Чулі, вярнуўся i Ганнін сабака!..

Старая цётка расказвае, як «у тую вайну», у 1918 годзе, немцы прымушалі вёску падпісвацца, што людзі хочуць быць пад Германіяй.

– А то, гавораць: «Скаціну ўсю пабяром!..» Дык Іван Рыгораў і кажа ім: «Хоць i дзяцей у нас пабярэце – і то не падпішамся!..»

Паказваючы кіёчкам на чэрап, які стаяў калісьцi на стале ў фашысцкага каменданта, стары экскурсавод музея Вялікай Айчыннай вайны, просты дзядзька, былы партызан, гаворыць групе прыезджых жанчын:

– У вас, напрыклад, на стале стаяць кветкі, a ў таго крывасмока – вось што...

Чытаю гісторыю, думаючы пра змены фармацый, стагоддзі... і раптам яскрава, міжволі ўбачыў нястомную бабку Прузыну або Агату – як яна дробна, мільгаючы чорнымі, парэпанымі пяткамi, ідзе, спяшаецца ў поле ці з поля, дзе толькі праца ды праца... Дзеля кавалка яшчэ ўсё не вельмі шчодрага хлеба.

Бабка прайшла, услед за многімі, Зямля ўсё круціцца, ідуць другія бабкі...

Biншуючы з днём нараджэння жанчыну, скромнага, простага чалавека, ён шчыра пацалаваў ёй руку. Апроч усяго іншага – ветлівасці, пашаны – ён успомніў у гэты момант, як яна калісьці наведала яго ў бальніцы. Раней за ўсіх самых шчырых сяброў... Сказаў бы нехта, што наведаць – гэта быў, урэшце, яе службовы абавязак... Дык ён адказаў бы, што вось i схіляецца перад носьбітамі такix абавязкаў.

Гэта – не зорка Героя, не слава паэта ці касманаўта, а толькі простае слова «дзякуй» ад чалавека, якога ты паважаеш, і тое «дзякуй» – вялікае шчасце, узнагарода за шчырую працу.

Думаю так, лежачы на густой канюшыннай атаўцы, каля школы, абсаджанай кветкамі, чыстай i светлай.

За гэтую школу загадчыца, адзінокая жанчына, атрымала днямi падзяку... толькі ад інспектара раяна, пажылога настаўніка. I пра гэтую радасць, пра гэтую славу сваю расказала нават мне, сваяку, сарамліва.

Здаравенная цётка з ордэнскай планкай піша сентыментальныя апавяданнейкі для дзяцей.

А чалавек, што разам з ёю быў у атрадзе, з усмешкай успамінае, як яна – стоячы ў партызанскіх санях, у галопе махаючы лейцамі – гнула пры дзецях ультрамужчынскім матам.

Зусім без патрэбы – нібы і гэтым мацуючы абарону краіны...

У вялізным свеце – сціплы чалавек, які заслужана ганарыцца тым, што ўмее:

– Я навастру брытву – ніхто не паправіць!..

Вяселле. Усе, хто як можа i ўмее, вяселяцца: танцуюць, п'юць, гарланяць, цалуюцца. А ён, ціхі ды працавіты чалавек, маўчыць. Гаспадар непакоіцца:

– Як ты там, браце Юрка?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю