Текст книги "Пахвалі пражыты дзень"
Автор книги: Васіль Ткачоў
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц)
Даўно не помніць сельскі Дом культуры столькі людзей. Цяпер у ім будзе часта цесна. У цеснаце, кажуць, не ў крыўдзе. I яшчэ: калі цясней – цяплей. Добра і так і гэтак. Але ўдвая, а мо нават і ўтрая прыемна, што свята навасёлаў стала святам усіх, нават жыхары навакольных вёсак прыйшлі павіншаваць іх. Падыходзілі пасля ўрачыстага сходу людзі, па– ціскалі рукі. I не адразу разбярэш, хто тут даўно жыве, хто нядаўна.
Тут жа, на свяце, кааператары, бытавікі. Паспявай лавіць словы:
– Гарнітур гасцінпы!
– Кухонны! Кухонны!..
– Крэсельцы, калі ласка!
– Халадзільнікі, навасёлы, купляйце!
– Паглядзіце, столікі якія цудоўныя! Нашы, мясцовыя!
Людзі і рабілі пакупкі, не адыходзячы далёка. Грошы з сабой, тэхніка пададзена. Машыны толькі паспявалі рабіць рэйсы.
– Хлеб-соль табе, дом! – чулася то там, то тут.
А свята працягвалася. На сцэну выходзілі самадзейныя артысты з Урыцкага, Пакалюбіч, Цагельні. Потым была дыскатэка. Для маладых. Бацькі ж спяшаліся ў свае новыя кватэры – там шмат яшчэ было што зрабіць, а дзеці няхай адпачнуць. Такі дзень. Шчаслівы. Іх дзень, дзяцей, бо доўга стаяць на гэтай удзячнай зямлі дамам і жыць тут – ім!
6
Вёска Стрэнькі – цэнтральная сядзіба калгаса «Кастрычнік» – блізка ад Рагачова, у якіх трох кіламетрах да першых пабудак раённага цэнтра. Праз яе шэрай стужкай імчыць шаша – на Жлобін, Бабруйск... Аўтамашыны, калёспыя трактары, матацыклы супыну, здаецца, не маюць: снуюць узад-уперад. Не наводшыбе Стрэнькі, вёска гаманлівая, шумная. А новыя дамы, што прынялі ўвосень перасяленцаў з Хойніцкага і Брагінскага раёнаў,– побач, ледзьве не да самага асфальту падбяга– юць, і глядзяць-дзівяцца навакол сябе. Белыя, прывабныя, яны адцяснілі на задні план нават самыя прыгожыя хаты, што былі раней у стрэнькаўцаў. I, гледзячы на іх, падумалася вось аб чым: няўтульна, мабыць, навасельцам пакуль што тут, трэба час, каб прывыкнуць да шашы, да яе пульсу, які б'ецца ўдзень і ўначы. Жылі ж раней людзі на ціхім Палессі. Той жа Чамкоў узяць. Згубілася гэтая вёсачка ў глыбінцы, паабапал яе палі ды лес, а дарога звычайная, якая можа весці ў неперспектыўную, забытую вёску: увесну, калі гразна, толькі трактар і выручыць, прывязе людзям хлеб і да хлеба.
Я доўга размаўляў з навасёламі Стрэнек, бачыў слёзы на іх вачах і яшчэ раз зразумеў: хоць і добра тут ім, сустрэлі як сваіх, увагай і цеплынёй не абдзялілі, але нічога не можа замяніць чалавеку тое месца, дзе нарадзіўся, вырас, кахаў, дзе знаёма кожная сцяжынка, а на пагосце спяць блізкія людзі... I хвала чалавеку, на тым і трымаецца наша зямля, што такая вялікая любоў у яго да сваёй малой Радзімы. Жылі б яшчэ доўга такія вёскі, як Чамкоў, Уласы, а людзі і вераць у іх адраджэнне, няхай і не хуткае, але вераць, толькі вось бяда сагнала з наседжаных гнёздаў, прывяла на новы парог.
Цяжка і дрэўца перасаджанае прырастае. IIIто ж пра чалавека тады гаварыць? I ў снах стаяць хаты, бачацца рэчы, якія пакінуты ў іх. Тое, што нажывалася не адзін год, няпроста нажывалася, з мазаля. Недзе ходзяць па двары куры... качкі... скуголяць па сваіх гаспадарах сабакі, цяпер ужо бяздомныя. Іх таксама забаранілі ўзяць. «Нельга». Нельга, зразумела, што нельга, але ж па жывому баліць у жывых душа, усялякае думаецца...
Бяда – страшнае слова, тут у сям'і што здарыцца, то хопіць людзям, колькі здароўя адыме яна. А калі – маштаб, калі многім адразу баліць?..
Рыхтуючыся да сустрэчы з перасяленцамі, я пастараўся ўявіць сябе на іх месцы. Так-так. Прыходжу аднойчы дадому, а мяне сустракаюць перад дзвярыма, катэгарычна, строга ставяць умову: нічога з сабой не браць, у чым стаіш – у тым і ў машыну. Хутчэй! А потым усё ж дазволяць прыхапіць дакументы, партрэты родных – бацькі, маці – як памяць... Дазвольце, а як жа без касцюма, да якога прывык, і іншага мне не трэба, бо, дарагі мне гэты, лёгкі, носкі? А любімыя кнігі? А як жа яшчэ шмат без чаго, што дорага сэрцу, было неад'емнай часцінкай твайго паўсядзённага жыцця? Цяжка нават уявіць усё гэта. Няпроста было ім, пацярпеўшым. Згарэла б у полымі – іншая справа, патужыў бы чалавек, пабедаваў – і змірыўся, а то ж ляжыць перад табой і касцюм, і лыжка, да якой прывык, а забраць нельга. Сіратліва стаіць хата, яе ў торбу не пакладзеш, хоць і дазволілі б узяць. Зразумееш гэтых людзей. Нябачны воку вораг – радыяцыя, старыя і сёння не ўсе навучыліся вымаўляць гэтае слова: «рацыя»,– кажуць.
Не лягчэй пацярпеўшым ад таго, што пакараны віноўнікі аварыі, не намнога цяплей, што на іх уладкаванне патрачаны дзяржавай мільёны. Не лягчэй... А потым я пераканаюся, што яны, як, можа, ніхто іншы, найбольш светлымі вачыма паглядзелі вакол сябе, першымі прымералі кожны крок да трагедыі, якая выявіла нашу абыякавасць, халатнасць, непавагу да той справы, якую робіш. Сёння не той час, калі для многіх жыў вычварны прынцып – «мая хата з краю». Не, яна аказалася ў цэнтры, тая хата. У цэнтры бяды. Бо як ты ўзараў поле і пасеяў, як вытачыў дэталь, ці падумаў, перш чым націснуць на кнопку або перавесці на чыгунцы стрэлку – усё гэта той ланцужок, які з-за аднаго чалавека можа парвацца. А калі ён не адзін, той чалавек? Рэха Чарнобыля павінна адгукнуцца ў сэрцы кожнага з нас. Болем. Трывогай. Я пакідаў дом Еўдакіі Пятроўны Семяноўскай, а ў вушах звінелі словы: «Ой, як жывём, людзі! Я ж з бальніцы толькі... Да мужа хадзіла... Прывезлі хворага аднаго, сінюткі ўвесь, твару на ім няма. Пасадзілі дзве кабеты ў белых халатах яго на табурэт, а самі гамоняць. Ля-ля-ля! Ну, вы бачылі іх? А потым і зусім пабеглі некуды. А хворы і вочы замгнуў: памрэ, думаю. Расштурхала, а ён ледзьве дыхае. А іх няма. Забыліся. Пра хворага забыліся. Я крычаць пачала, помачы прасіць. Збегліся яны, а гэта ж ужо гадзіна прайшла, не менш, ды на мяне як накінуліся, бы я вінаватая. Не, вы бачылі такое? На мяне. А гэта ж іх рабочае мосца, іх пост».
Больш нічога і дабаўляць да пачутага ад Еўдакіі Пятроўны не трэба. Але пачакайце, можа, толькі адно: калі ж і медык прачытае гэтыя словы – няхай задумаецца, калі хлебароб, рабочы, канструктар, лётчык – таксама... Змываць плямы трэба не толькі з белага халаціка!
...Над Стрэнькамі рана павіс зімовы вечар, запаліліся лямпачкі ў кватэрах, сыпанулі прамінкі святла за вокны – на двары, у агародчыкі. Зіму людзі сустрэлі з дахам над галавой. Кажуць жа: чалавек не можа жыць без здароўя, імя і дома. Усе перасяленцы зараз знаходзяцца пад пільным наглядам медыкаў. Пра дамы я сказаў вышэй. Імёны ў людзей ёсць. Звычайныя, знаёмыя нам – Іваны, Марусі, Зінаіды, Міколы, Кацярыны, Насці... Цяпер жа, на новым месцы жыхарства, ім трэба яшчэ раз даказваць, што ў цябе ёсць імя – імя сумленнага хлебароба, калі ты, вядома, быў такім, шчырага, прыстойнага чалавека. Думаецца, атрымалі заманлівую магчымасць атрэсці з сябе пыл выпівохі, парушальнікі працоўнай дысцыпліны. Чаму ж, і сапраўды заманліва: пачаць жыць на вачах повых людзей па законах нашага сацыялістычнага сумлення,– самы зручны момант, а тое, што было раней, забыць. Раз і назаўсёды. А такія людзі, як ні шкада, ёсць сярод перасяленцаў, на іх і пальцам кі– ваюць: глядзіце, маўляў, глядзіце... Свае што? Свае прыеліся, аскоміну набілі, іх усе ведаюць. Адзін-два чалавекі могуць адным махам запля– міць добрую славу ўсіх людзей, іх вёсак, калгасаў і саўгасаў. А каму з іх, перасяленцаў, не хочацца паказаць сябе з лепшага боку? Сябе і тых, з кім прыйшоў?
У Стрэньках – не, скарг няма. Сакратар партыйнай арганізацыі Аляксандр Пятровіч Пусеў задаволены: папаўненне «Кастрычнік» атрымаў добрае, людзі старанныя, не прывычныя да гульбішчаў, першай справай размову завялі аб працы, пацікавіліся, якія перспектывы чакаюць. А вось у іншых месцах даводзілася чуць незадаволенасць кіраўнікоў. «Атрымалі грошай шмат і самі цяпер не асабліва-то гараць жаданнем працаўладкоўвацца. Ёсць работа – добра, няма – таксама пражывём, кішэня пакуль набіта». Не падумайце толькі, што такім паслабленне даюць. Не. Першы час прыглядаліся да перасяленцаў, здольных глядзець на працу скрозь пальцы, цярпелі, а потым і заявілі: хопіць, браткі, так далей не пойдзе, цяпер вы такія ж члены нашай гаспадаркі, як і карэнныя жыхары вёскі і ўсе астатнія вашы таварышы, няма чаго дурманіць, пытаць будзем строга. Падумайце. А то што ж атрымліваецца – кепскі прыклад паказваеце, так нядоўга і разбэсціць нашых людзей. Ды і помніць трэба: вам, значыць, і кароўку, і парсючка, і бульбу, не ў крыўду няхай сказана будзе, а чым адказваеце на такі клопат?
Але, паўтаруся, такіх людзей – лічаныя адзінкі. Хацелася б сказаць – «былі».
«Кастрычнік» папоўніўся на 57 сем'яў з калгаса «Новае жыццё» Хойніцкага і на 4 з саўгаса «Брагінскі» Брагінскага раёнаў. Яшчэ адна вёска, лічыце, улілася ў Стрэнькі, Людзі розных прафесій, здольнасцей, але ўсе яны – патомныя хлебаробы, працавалі раней на зямлі, іх не трэба вучыць з пашанай адносіцца да яе.
Намеснік старшыні райвыканкома Уладзімір Дзямідавіч Касачоў прывёў наступныя факты. На той дзень, калі мне давялося сустрэцца з ім, раён прыняў 439 сем'яў – 1273 чалавекі, сярод іх 177 дзяцей школьнага ўзросту. Пабудавана 353 тыпавыя дамы, некаторыя перасяленцы жылі пакуль што ў вясковых хатах, якія па розных прычынах засталіся без гаспадароў. Спатрэбіліся. Выручылі і яны, з утравелымі дварамі, з забітымі крыж-накрыж вокнамі хаты, шмат чаго пабачыўшыя на сваім вяку і ўжо было спісаныя падчыстую людзьмі. Не прывыкаць ім саграваць чалавека, захінаць яго ад халадоў і дажджоў.
Вядома ж, прыток людзей, а яны папоўнілі 16 гаспадарак раёна, унёс значныя карэктывы ў планы, абдуманыя раней, паставіў перад іх кіраўнікамі, Саветамі свае задачы, іншы раз і пяпростыя. Усё ж справу давялося мець з людзьмі. Чым маглі, дапамаглі адразу. У першую чаргу прадуктамі харчавання. Трэба было падумаць і наконт работы. Прасцей радавым хлебаробам – для іх аб'ект заўсёды знойдзецца. А як быць з механізатарамі, калі ў гаспадарцы сваіх хапае? Што – таксама буракі палоць? Але ж чалавек тады шчаслівы, і мы даўно пра гэта гаворым, калі ён заняты любімай справай. Да гонару перасяленцаў, і яны разумелі сітуацыю. На першым часе бралі і вілы, ахвотна рабілі не па свайму профілю – таму ахвотна, што ведалі: заўтра ці паслязаўтра ў канторы што-небудзь прыдумаюць, сам старшыня абяцаў.
Рыгор Сцяпанавіч Пракоф'еў сказаў:
– Сёння на трактары працую першы дзень. Дома нават не ведаюць. Хоць бы струмент на форме не забыць...
«Струмент» – вілы, ён пра іх так.
Зяаходзіцца тэхніка і для іншых перасяленцаў. Але што характэрна, цяпер своеасаблівы конкурс утварыўся сярод механізатараў, каб заняць месца ў кабіне. Паглядзяць ды і свайго папросяць, калі хто з прыезджых лепш сябе пакажа, раней магло сысці з рук тое ды сёе, а сёння – саступі, паназірай здаля, як трэба да тэхнікі адносіцца, павучыся ў гаспадароў.
Не ўсюды хапіла месц у школе, у дзіцячых садах-яслях, а там, дзе ў большасці жылі старыя, то і пра клуб не думалі: няма – і так пра– жывём. А моладзь патрабуе: клуб нам! Улічваючы ўсе гэтыя абставіны, у раёне шырока пачалося будаўніцтва. Будуць новыя школы ў саўгасе «Дварэц», калгасах «Кастрычнік», «Светлы шлях», клубы – у саўгасах «Станькаўскі» і «Ціхінічы», у калгасах імя Кірава, «Ленінскае жыццё», «XXII партз'езд», у саўгасах «Побалава» і «Дварэц» – сады-яслі. У саўгасе «Кісцяні» адкрыецца амбулаторыя, у калгасе «Дружба» – фельчарска-акушэрскі пункт, тут жа і сталоўка. I гэтак далей.
А над Стрэнькамі вісіць-плыве вечар. Халодны, зімовы. Рыпяць веснічкі – вяртаюцца людзі з працы ў свае новыя дамы. Заглянуў да іх і я.
– Добры вечар вам у хату! – казаў.
– Вечар добры! – адказвалі цёпла, запрашалі прысесці, прапаноўвалі павячэраць разам.
3 расказу Мікалая Сцяпанавіча Кудрына:
– Абжываемся патрохі. Абтапіць дамок трэба – не летам жа будаваўся, увосень, то і плямкі па кутках. Цвіль. 3 Уласоў самі. Там у мяне хата восем на дванаццаць была. Чатыры пакоі. Добрая-я! Але ж таксама, калі перабраўся ў яе, сустрэла яна не так, як жаніх нявесту – без абдымкаў. Новае жытло ёсць новае, і лепш сказаць так: не яно павінна чалавека сагрэць, а мы яго. Ці не так? Ды што я гэта ўсё пра хату? Радасць у мяне: працую электразваршчыкам у калгасе. Няма чаго варыць – за кавальскі молат бяруся, я і дома каваліў. Гэта мае асноўныя спецыяльнасці. Для сябе і печ складу. Прыехаў, помню, у свае Уласы, я сам не мясцовы, а мне кіраўніцтва гаспадаркі адразу – ну, вядома, паглядзеўшы, як магу рабіць, на што здатны, адразу прапаноўвае заняць месца старшага каваля. Не, кажу, не трэба, будзем удвух працаваць з напарнікам, як і працавалі. Калі ў мяне лепшы выраб атрымаецца – я, значыць, старшы, у яго – ён. А грошы пароўну дзяліце. Няма нічога лягчэй чалавека пакрыўдзіць.
Мне крыху і не шанцуе ў жыцці, і шанцуе – у тым плане, што з месца на месца лятаю, як птах. Былі пераезды шчаслівыя, можна сказаць. Але не гэты – у Стрэнькі. А так абжыўся ўжо, ну, думаю, Коля, тут, ва Уласах, ужо да скону дзён зазямліўся, нікуды больш не паеду. Ні да дачок, ні да сыноў, хоць, можа, і старасць бязрадасная атрымаецца. А жыццё свае папраўкі ўнесла. Я не сказаў... 3 Курскай вобласці сам. Рускі. А жонка, Марыя Мікалаеўна, беларуска. Ага. У Харкаве жыў, мой бацька быў спецыялістам па выпуску «Кацюш», а потым, калі вораг падабраўся блізка да горада, перавезлі нас, дзяцей, у Дагестан, неяк трапіў потым у Пензу... Павадзілі дарожкі. I – на табе! – цяпер вось гэтая трагедыя... А так добра ўжо сядзеў! Усё, усё так і засталося... Партрэты толькі і забралі... Ці пажадаеш каму такога?
Пра сям'ю, значыць? Маруся мне пяцёра дзяцей нарадзіла – трох дзевак і двух хлопцаў. Старэйшыя свае сем'і маюць, у Гомелі жывуць. Сын на электрыка ў Рагачове вучыцца, малодшая дачка ў шосты клас ходзіць. Недзе во забавілася. Цёмна, а яе не відна. Гэйсае па вуліцы. Калі ж сяброў багата стала – з усімі перазнаёміцца трэба...
3 расказу Вулляны Сцяпанаўны Цімафеевай:
– Во, во як яно з намі абярнулася. Жылі ж – цвіка лішняга баяліся ў сцяну забіць: шкада сцяны было. А цяпер пакінулі ўсё. Чамкоў – вёска маленькая, але дружная. Трыццаць хат. Нават школкі сваёй не мелі. Чатыры класы спярша было, а тады і іх прычынілі: няма чаго настаўнікаў трымаць, грошы траціць! – адказвалі. Дзеткі пабеглі хто ў Машу, гэта ўжо Украіна, хто на цэнтральную сядзібу – у Родзін. Вы слухаеце? Я ўсё раскажу, а і добра, што зайшлі, хоць душу вылью. Набралася калі ж. А вас хто да мяне паслаў? Старшыня? Парторг? Яны мяне запомнілі, я ім ужо, мусіць, і надакучыла... А я такая баба: свайго не пакіну і чужога не вазьму. Парасятак нам усім прадавалі. На машыне падрулілі – бярыце, разграбайце. Мой на сорак пяць рублёў выцягнуў, а глядзець няма на што. Грошы– то заплацілі, а калі не выжыве? Ой, горачка! А ў самой жа ажно тры было парсюкі. Карміла ўжо не шкадуючы. Аднаго краз перад аварыяй забілі – і прапаў. Увесь. Колькі мы там з'есці паспелі? I муку ж купілі, запасліся – і белай, і абойнай, каб жа знаццё... Два бурты бульбы раскрылі акурат – як спецыяльна пад рацыю падставілі, каб яна згарэла! Трыццаць гусак было, дваццаць пяць курак. Хлеў новы склалі. Дзе яно ўсё? Гэта як бы ў каго разрашэння спытаць ды хоць адным вочкам глянуць на свой двор? Ці пусцяць з'ездзіць, не чулі? Старшыні гавару: трэба было б, Іван Пятровіч, наведацца, а ён і сам столькі ведае, пусцяць ці не. Нас жа ў той дзень усіх адразу ў машыну... 3 работы ішлі... Гразныя, карзінкі ў руках... «Цёткі, у машыну!» Як жа, гавару, у машыну, калі вунь мая хатка родненькая... Вунь, рукой дацягнуцца можна. «Нічога не ведаем!» I мы не ведалі, што ваду піць нельга, есці нельга. А пілі і елі. Каб хто ж хоць слова якое? I радзіва нічога. Перамрэм так калі-небудзь усе, калі будзем праўду баяцца самім сабе сказаць. Адпусцілі, злітаваліся. Дакументы ўзяць дазволілі. А мы – вядома ж, бабы! – награблі ўсяго як панесці. I адзенне ў клунках, і сала, і варэнне – хто што... Усё павыкідвалі. А мо і правільна? Як вы думаеце? Толькі ўсё роўна шкада, хоць і правільна. А перад тым як па нас прыехаць, дзяцей пазабіралі. 3 Толікам павалтузілася. Уцёк у лес. Я шукаць, а ён пад дрэвам сядзіць, шчукар малы, хлімкае. «Не паеду, мне тут добра». Хлебчыка яму лусту даю – не бярэ: малы-малы, а гонару хапае. За руку цягну, ужо і да аўтобуса падвяла, глядзь – няма! На гэты раз з прыбіральні выцягнула за каўнер. А як дзяцей адправіла, устала заўтра, села і плачу, слёзейкі цурком бягуць. Галасіць хочацца. Ложкі ж пустыя стаяць, як дамавіны. Ціха ў хаце. Забылася і бульбу, дурная баба, луплю. Потым надавуміла схамянуцца – каму луплю, навошта?
А тады, услед за дзецьмі, на другі дзень, і нас забралі. Толкам не растлумачаць, куды вязуць, навошта. Ведаем: рацыя, уцякаць трэба. Але ж нічога нідзе не відаць. Як было да рацыі ўсё, так і ёсць. I сонца нават свеціць. Дзень чысты, ні аблачынкі.|Усю ноч везлі, а недалёка прывезлі – у Ізбынь нашага ж раёну. «Высыпайцеся!» Божухны, прыехалі як у госці. Дык у госці і тое ж цяпер з голымі рукамі не ходзяць. Ці ж мы бедна жылі? А ў руках нічагусенькі... Адвялі на кватэру да адных там, прылеглі, а не спіцца. Душа баліць. Толя ў школу пабег, у першым ён. Сам пабег. Вася – восьмы клас... Ну, а Наташка і зусім выўчаная – дзе– сяцікласніца, усё ведае-знае. Старэйшы, Федзя, дык на Прыпяці і цяпер робіць. У Кіеве пасялілі, а на работу возяць. Юрка і Сашка – з намі, пад бокам. Дык жывём мы дзень, другі кватарантамі, і тут я заўважаю, што гаспадары касавурыцца пачынаюць. То тое не так ім, то гэта. Здагадалася, я так і здагадалася, што к чаму. Як паядом, то пасля нас паўдня яны посуд яшчэ мыюць самі. Рацыі, значыць, баяцца, а нас яшчэ больш – яна ж, відаць, з намі прыехала, як пыл... I выжылі! Такія і ў вайну б не прытулілі... Хатку старую нам паказалі, там куратнік раней быў... смуродам пахне... Адмылі, жыць пачалі. Нядоўга, праўда. Зноў – трубі ў дарогу! На гэты раз у самы Хойнікі, у сталіцу нашага раёну. Там ужо лепш у параўнанні… I кожны дзень змяраюць, змяраюць рацыю.То адзенься, то раздзенься. А я ж баба вясковая, не гарадская, як жа мне раздзецца перад доктарам? Бабу, гавару, таксама доктара давайце, век сораму не мела і мець не хачу. «А дзе ж мы табе бабу возьмем?» Асмялела, а што зробіш? У вучылішчы нас размясцілі. Там ужо кармілі – не скажу, грях жаліцца. Не кожны дзень так дома сёрбаў. I стаяць над душой: еж, цётка!
Месяц у Стралічаве пражылі – увесь май з хвосцікам. Чамкоў жа наш недалёка ад Стралічава, а ў іх, бачыце, рацыі мала – можна жыць. А тут па вёсцы чутка пракацілася: нас, чамкоўцаў, сватаць прыехаў бытта старшыня калгаса з-пад Рагачэва. Я да яго.
– Хто такі? – пытаю.
– Старшыня калгаса «Кастрычнік» Сталяроў Іван Пятровіч,– прадставіўся.
– А я – Вулляна Сцяпанаўна, пенсіянерка. Вы не глядзіце, што маладая, у пяцьдзесят пайшла – дзяцей не ленавалася нараджаць. Чым парадуеце?
Ён апісаў усё як ёсць. I што месцы, ага, добрыя, горад побач, а недалёка ад вёскі, куды сватаў, дзве рэчкі – і Дняпро, і Друць, у якой пажадаеш, у той і лаві рыбу. Луг. Лес таксама ёсць. Грыбы. I так далей. Хораша салавей спявае, думаю, але самім удаставерыцца трэба, каб потым не шкадаваць. Мужыкоў адпраўляем у разведку. А з іх такія разведчыкі атрымаліся – як з мякіша куля. Праехалі, цюцькі, напіліся тамака, залілі вочы, а вярнуліся – і сказаць нічога не могуць. Разведчыкі, маць вашу!.. I як жа яны маглі што ўбачыць, калі аб магазін спатыкнуліся? Сама еду. Бяру білет і еду. Не пашкадавала грошай, край няблізкі, але пакуль на свае вочы не ўдаставеруся, што за лусту хлеба падсоўвае нам Сталяроў, хвамілія гэтая лёгка ў галаве асела, ні кроку з Стралічава. Адсюль хоць хата бліжэй. Ды і раён свой. Прыязджаю. Іван Пятровіч даланю дае: рады, рады, кажа, бачыць... Ну, аглядайцеся. А я пакуль да канторы прыбілася, то ўжо ўсё паспела распытаць у людзей, усё ўбачыць, а да яго толькі зайшла адзначыцца. Згодны, гавару! Бярыце. Толькі ж дзе жыць будзем? Дамы калі тыя яшчэ пабудуюць? А ў мяне ж сям'я. «Знойдзем месца і для сямі тваіх чалавек, цётка!» – суцешыў Сталяроў. Вось гэта іншая, сама сабе гавару, размова. Далі нам спярша падлатаную хатку, жылі спярша ў ёй. А цяпер – і зусім жывём! Чатыры пакоі. Кухня. Вугельчык прывезлі, а мы ж ім ніколечкі не тапіліся. Мучаемся. На яго дажджом лінула, ён раскіс – пясок чорны. У нас жа дровы на паліва ішлі. Лес нобач. Ламачча там хапае! Бразгацяць ажно дровы, як арэх... Во, і вугаль разгарэўся... Гарыць, ірад. Нічога, прывыкнем. Не такое сцяр– нелі, горш ужо не будзе... Трэба гатаваць нешта, мужыкі мае скора вернуцца. Карміць трэба. Вымерхаліся, відаць. У Чамкоў наш з'ездзіць бы. Не чулі, калі ўжо нас пускаць будуць? Пасвідацца. На хату глянуць... На гародчык... Вокны, відаць, такія ўжо гразныя там – не дай гасподзь!..
7
Загортваю блакнот Чарнобыльскай бяды. Ці вярнуся калі-небудзь да яго зноў? Не ведаю, толькі ж вельмі хочацца, каб у ім былі светлыя, сонечныя радкі. А што ж тычыць гэтых нататак, то, на маю думку, з іх яскрава відаць, што людзі з цяжкай жыццёвай сітуацыі выйшлі, высока трымаючы галаву, на поўны рост. Бяда згуртавала. Бяда і ўрок прыпаднесла, як трэба жыць заўтра. Многім так, як і жылі дагэтуль, іншым – не, трэба агледзецца вакол сябе, узяць верны арыенцір і не збочваць, хоць і цяжка будзе. Не збочваць. Не хавацца за спіну іншых, а старацца наперадзе быць. Інакш адстанеш і сам, і спадарожнік выдыхнецца, бо не будзе па кім раўняць яму свой крок.
А перад вачыма стаяць твары навасельцаў, і гучаць радасныя, усхваляваныя галасы:
– Хлеб-соль вам, людзі!
I калі запаліліся святлом тысячы новых вокнаў, то не будзем забываць, што столькі ж недзе і патухла... Сагравае сэрца адно: у новых вокнах – святло больш яркае.
Няхай яно ніколі не патухне.
Шчасця табе, дом!
ПАЗІЦЫЯ
Сакратар па ідэалогіі аднаго з райкомаў партыі паскардзілася: “Патрабуюць, патрабуюць... Што можа быць лягчэй, як патрабаваць? Я пра вяселлі, пра цвярозыя. Колькі правялі, колькі правядзём у бліжэйшы час. «Дакладвайце!» Ну і дакладваем... Атрымліваем, вядома, спагнанні, бо хваліць няма за што. А вось той, хто спускае гэтыя паперкі, сам бы пайшоў да людзей, сказаў: «Э-э-э, што вы робіце? Убраць, убраць са стала бутэлькі! Я загадваю! Праводзьце цвярозае вяселле!» Ідзём, ідзём і мы да людзей. Рэдка, вельмі рэдка хто пагаджаецца, большасць – супраць, і катэгарычна: «Наша вяселле – і не ўказвайце!» Людзі ж яны розныя... Што ім да нашых паперак? Ды і ці трэба вось так давіць, вобразна кажучы? У нас, на жаль, яшчэ бывае так: што вякамі ўкаранялася, вы– травіць хочам адразу, вокамгненна. Не, патрэбен час. I я веру, што ўсё стане на месца. Але не сёння. I нам, партыйным работнікам, трэба таксама мець цярпенне, цвярозы падыход да кожнай справы”.
А мне ўспомнілася адно вяселле. Таксама... цвярозае. Прыехалі на яго з тэлебачання – рашылі паказаць людзям, як трэба... У адной хаце накрыты сталы, дзе замест бутэлек з гарэлкай і віном стаяць напіткі, сокі, а ў другой, праз дарогу,– усё наадварот. Мужыкі вып'юць па чарцы, похапкам закусяць і паспяшаюць адзін аднаго:
– Пабеглі, Пятро, у цэлявізар паказвацца...
Ведаеце, як трэба рваць пустазелле? Калі спяшаешся, то карэньчыкі абавязкова застаюцца ў зямлі... I адразу ж на тым месцы вырастае яно зноў. Як і не знішчалі яго.
* * *
Наша бяда – прыпіскі.
Учора каля кіёска «Спрынтлато» адзін небарака «прыпісаў» сабе аўтамашыну «Волга». Знайшліся людзі, якія строга пакаралі хвалько – падсцераглі за вуглом, забралі «спрынт», дзе ўсяго і было адціснута літарамі «без выйгрышу», але ж надавалі кухталёў, прытым два разы. Першы – каб не крычаў, калі на яго напалі знянацку, другі, калі даведаліся, што схлусіў.
Ведаю жанчыну, якая хваліцца сяброўкам, што яе муж і суп гатуе, і бялізну мые-прасуе, і боцікі быццам бы знімае з яе ног. Анёл! Ведаю і мужа. Канапа, газета, тэлевізар і строга-патрабавальнае: «Суп гатовы?! Калі яшчэ зварыш, як учора,– на галаву вылью!» Прыпісваючы мужу такія якасці, жанчына недзе радуецца: «Яны сваім мужам, мяне паслухаўшы, сніны паперагрызаюць». Радуецца, бо так яно і будзе.
Хваляцца адны, што ў іх тое і сёе, нават птушынае малако ёсць, хваляцца другія, трэція... А прасцей сказаць – прыпісваюць сабе тое, чаго няма. Так і на рабоце. Дэталі, вузлы, машыны.
Разбіралі на сходзе майстра ўчастка. За прыпіскі. А ён з бойкага дзесятка быў, да стала падыходзіць і заяўляе: «Паважаны Аляк– сандр Міхайлавіч, ды кіньце вы пра прыпіскі! Кіньце! Вы ж мне характарыстыку далі, калі ў падарожжа за мяжу збіраўся, што я сам сябе не пазнаў. Што не п'ю, не куру, што прыкладны сем'янін. Я, дарэчы, адзін жыву – два гады назад развёўся...»
Прыпісваем і матэрыяльныя каштоўнасці, і духоўныя, і маральныя. Ці будзе калі ўсяму гэтаму канец?
* * *
Калектыў завода зборнага жалезабетону аб'яднання «Гомельпрамбуд» выбіраў галоўнага інжынера. Людзям было прапанавана тры кандыдатуры. Выказваліся, вядома, пра кожнага. Гаварылі востра, горача. Зразумець можна заводчыкаў – упершыню ім прадставілася маг– чымасць самім выбраць аднаго з кіраўнікоў, і яны рашылі скарыстаць гэты шанц. Кандыдаты хваляваліся, адказвалі на пытанні, выкладвалі свае меркаванні наконт заўтрашняга дня прадпрыемства.
Першы кандыдат сказаў:
– Не спраўлюся, мусіць...
Другі кандыдат сказаў:
– Сваю кандыдатуру адхіляю...
Застаўся адзін – начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела завода Валерый Якаўлевіч Чарняк. Падсыпалі і яму кучу пытанняў. Не выкручваўся Чарняк, не, а гаварыў пра тое, што хвалявала людзей, пра тыя недахопы, якія і людзям вочы мулілі.
I трэці кандыдат сказаў:
– Калі згодны ісці за мной – аказвайце давер'е. Не згодны – трэба, значыць, перанесці сход, падабраць іншую кандыдатуру. А свае патрабаванні я выклаў. Прымаеце?
– Я супраць! – устаў інжынер Котчанка.
– У вас што-небудзь сур'ёзнае, таварыш Котчанка? – пацікавіўся старшынствуючы на сходзе.
– Вельмі. Вельмі. Не хачу, каб пайшоў з нашага аддзела Валерый Якаўлевіч. 3 кім жа застанёмся. Я... я сур'ёзна!
У зале раздаліся воплескі. Не Котчанку – Чарняку, новаму галоўнаму інжынеру завода.
* * *
Зацікавіла перапіска ў шматтыражцы «Сельмашавец». Пачалася яна з пісьма Э. Цішуціна, ветэрана працы. Я добра ведаў яго, калі яшчэ працаваў у гэтай газеце, ён даволі часта прыносіў допісы, прытым пісаў добра, не цураўся праблем, смела мог зачапіць кіраўніка, ташарыша, калі тыя, вядома, заслугоўвалі крытыкі. Не ў брыво, а ў вока, як гавораць, рэзаў. Эдуард Емяльянавіч паскардзіўся, што яму да сёппяшняга дня не выдалі медаль «Ветэран працы». Праз некалькі нумароў з'явіўся адказ за подпісам сакратара партыйнай арганізацыі цэха і з кароткім каментарыем рэдакцыі. 3 усяго гэтага бачна – не заслужыў медаль Эдуард Емяльянавіч. А мо помсцяць ветэрану за крытыку? Не. Рэдакцыя разабралася: вінаваты сам, у апошні час парушаў дысцыпліну...
Ці заняла б рэдакцыя такую пазіцыю раней? Не ведаю, цяжка сказаць. Усё ж – былы актыўны рабкор. Таму парадаваўся за сваіх калег, за нязменнага рэдактара газеты – Мікалая Юр'евіча Гулевіча. Вельмі правільная назіцыя: кім бы ты ні быў, якую б пасаду ні займаў, у якой бы дружбе з табой ні была рэдакцыя, у першую чаргу павінен быць сам чала– векам. Дома. На заводзе.
* * *
У тых, хто любіць лазню,– свята: на вуліцы Яфрэмава пачаў працаваць лазнева-аздараўленчы комплекс. Сем люксаў, кожны разлічаны на тры чалавекі. Міні-басейн, душ, парылка, аўтамат для сушкі валасоў, столікі, лаўкі. Тут жа прасторны буфет, дзе сокі і напіткі, цукеркі, пірожныя.
Радуюцца гамяльчане: не лазня, а мара! Ды не ўсе. Старыя, чуў, пабедавалі:
– Нам бы тую, старэнькую, пакінулі. Хай бы працавала. У новую часта не находзіш... А для нашага чалавека лазня – свята.
I там свята, і тут свята... А справа ў тым, што білет у лазню каштуе цяпер сама мала 1 рубель 10 капеек. Раней жа – усяго 18 капеек. Таму ім, старым людзям, якія жывуць з пенсіі, больш шчодрай была тая лазня, непрывабная з выгляду, але – свая.
* * *
У Жлобіне пабудавалі Беларускі металургічны завод, сыравінай для якога павінен служыць металалом. Ну, цяпер, думаў, не знойдзеш у нас пакурожаных кабінак грузавікоў і трактараў, рам, колаў, а то, куды ні прыедзь, усюды гэты металічны друз псуе выгляд машынна-трактарнага двара, вёскі ды і напамінае, якія там жывуць гаспадары.
Завод працуе. Чатыры гады, здаецца. А ў многіх гаспадарках вобласці як ляжаў металалом пяць, дзесяць гадоў назад, так і ляжыць.
Не ў заводзе, аказваецца, справа,– у людзях.
* * *
Малочна-таварная ферма. У мяне тут літаратурнае выступленне. Чакаем у цесным пакойчыку адпачынку, калі збяруцца жанчыны. Прыходзяць, садзяцца. Старшыня калгаса дастаў з кішэні невялічкі карабок, паклаў на стол, сабраўся, як мне падалося, з думкамі, крэкнуў, пастараўся ўсміхнуцца, ціха сказаў:
– Жанчыны, сёння ў нас імянінніца. Хто бы вы думалі? Не здагадваецеся?
Па тварах жанчын прабегла ажыўленне, яны пераглянуліся, паціснулі плячыма.
– Вера Сяргееўна...
Усе глядзелі на бабульку, хударлявую, маленькага расточку, з густымі маршчынкамі на твары: яна забілася ў куток, здзіўлена паглядала то на старшыню, то на сябровак – таксама, відаць, не разумела, якая яна імянінніца. Толькі ж вунь, праўда, карабок на стале... Медаль хіба старшыня прывёз? Хадзілі чуткі. Ён, значыць...
Пад воплескі старшыня прышпіліў Веры Сяргееўне медаль да жакеціка, паціснуў руку.
– Малайчына ты, Вера Сяргееўна,– сказаў старшыня.– Малайчына. 3 вайны, як і помню, працуеш на ферме. Тваім рукам, дарагая наша, цаны няма. Маладзейшыя не помняць, як працавалася тады на ферме. Цяпер што – апарат падключыў... Ведаеце самі, як цяпер... Ну што ж, дазволь цябе яшчэ раз павіншаваць з медалём «Ветэран працы», Вера Сяргееўна...
Бабулька ж, на маё здзіўленпе, захлімкала, сарамліва выціраючы даланёю твар. Старшыня адчуў сябе крыху ніякавата, пераглянуўся з даяркамі: што гэта з нашым ветэранам?
А Вера Сяргееўна дрыготкімі вуснамі шаптала:
– Гэта ж, старшынёк, кароўка мая захварэла... ага... Лыска... Другі дзень даіцца не дае... з малаком ходзіць... Ага...
Медаль і слёзы. I які ўрок маладым!
* * *
Першым рэйсам аўтобус адпраўляецца ў маю вёску заўсёды крыху са спазненнем. Пакуль вадзіцель уладкуе ў дыспетчарскай свае папяровыя справы, пакуль праверыць у пасажыраў білеты, павагаецца, браць ці не браць тых, у каго іх няма,– глядзіш, і былі б ужо дзе-пебудзь за горадам...
Аднак людзі прыходзяць на вакзал усё роўна к прызначанаму часу, а то і раней: мала вераць таму «запасу», стараюцца ўсе – хто на таксі, а хто і пехам дабрацца, бо гарадскі транспарт толькі праз паўгадзіны будзе на лініі.
Многіх пасажыраў я ўжо добра запомніў у твар. Яны амаль кожным выхадным днём спяшаюцца ў вёску, да бацькоў, каб дапамагчы тым за дзень-другі ўправіцца па гаспадарцы, зрабіць нейкую наспеўшую справу. А спраў хапае заўсёды, толькі паспявай прыкладваць рукі.