Текст книги "Майская раніца"
Автор книги: Уладзімір Шыцік
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 4 страниц)
Пачуўшы, што на двух участках выйшлі са строю станкі, а Баравік зноў адважыўся на папераджальны рамонт, Булай палічыў гэта за асабістую абразу. Толькі бліскучы поспех у перадмайскім спаборніцтве мог памагчы ўратаваць цэх ад падзелу. I вось цэх не дадае за змену пяцьдзесят дэфіцытных размеркавальных валоў. Раней наўрад ці адважыліся б спыніць станкі. А цяпер з лёгкай рукі Баравіка пайшло.
На аператыўцы Булай даў волю свайму гневу.
– Браць ад абсталявання ўсё, што яно можа даць, і нават больш. Такі мой загад. Вось на вашых вачах падпісваю, – росчыркам сіняга алоўка ён паставіў адмысловую закавычку на аддрукаваным на машынцы загадзе, паказаў яго прысутным.– Спыняць станкі можна толькі па майму пісьмоваму дазволу. Ніякіх прафілактычных, папераджальных і таму падобных рамонтаў.
– Папсуем абсталяванне. Яно вельмі знасілася,– ціха падаў нехта голас.
– Бяру адказнасць на сябе! – Булай ганарліва ўзняў галаву.
– На маім участку, дарэчы, два балансіровачныя і два шліфавальныя ледзь ліпяць,– устаў Алесь.
– Гэта не ў вашу карысць, – насмешліва і спакойна адказаў Булай.
– Калі не зрабіць бягучы рамонт, яны праз дзень-другі паламаюцца.
– Калі паламаюцца,– падхапіў Булай,– я звольню вас з работы.
– Вельмі много прыйдзецца звальняць,– кінуў рэпліку начальнік суседняга з Алесевым участка.– У мяне станкі не лепшыя. Заўсёды гонім, гонім, а пра абсталяванне хай дзядзька думае? Так?
– Вы што, згаварыліся? Вы мне план зрываеце. Перадмайскі! Гэта ўжо не проста халатнасць. Гэта палітычная слепата,– Булаю не хапала паветра, ён не мог ні гаварыць, ні аддыхацца.
– Васіль Міхайлавіч,– Алесь падаўся бліжэй да стала,– паглядзіце на справу з гаспадарчага, нарэшце, з дзяржаўнага боку. Аўралы ў нас штомесяц. Здарылася тое, што трэба было чакаць. Але не самае горшае. Мы яшчэ здолеем папярэдзіць аварыі. I план выканаем. Ніхто з нас рукі не складзе, пакуль не зробім.
Яго падтрымалі.
– Дзякую, дзякую! Мяне ўжо і вучыць можна,– Булай, нарэшце, сеў, загаварыў, ківаючы на кожным слове галавой.– Сваю віну на мяне не пакладзеш. За абсталяванне адказвае майстар. Але не кожны падрыхтаваны да адказнасці. Я лішні раз пераконваюся, што перабудова структуры цэха наспела. Начальства паменшае. Затое будзе яно разумнейшае, за інтарэсы дзяржавы зможа пастаяць.
Алесь запальчыва крыкнуў:
– Пакуль я майстар – не дазволю ламаць станкі!
Булай не звярнуў на яго выкрык увагі.
– Прашу пазнаёміцца з загадам,– нібы Алеся не было тут, сказаў ён,– і пацвердзіць гэта подпісам. Усім прысутным. Распішыцеся там, у сакратара.
Алесь гатовы быў палезці ў бойку. Пракоп тузануў яго за крысо пінжака:
– Можа выцягнем, навошта на ражон перці?
– Што, я не разумею, ці што? – пачаў астываць Алесь.– Аднак усё можа здарыцца... Тады як? На чым той план выбіваць будзем? На гэтым загадзе?
У прыёмным пакоі начальніка цэха Ніна сама падышла да Алеся. Сказала, нібы рассталіся толькі ўчора:
– Сустрэнемся пасля работы? Пагуляем. Сонца вунь якое пякучае,– яна гаварыла, і ўсмешка, нясмелая, дрыготкая, трапятала на яе вуснах.
Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі. Сасновы водар туманіў галаву. Як даўно чакаў Алесь хвіліны, калі зноў побач з ім будзе ісці Ніна. I вось Ніна тут. Яе плячо кранаецца яго пляча. Яму хораша, чамусьці сумна і зусім не хочацца ні гаварыць, ні думаць. Ішоў бы, пасміхаўся сонцу і адчуваў бы побач Ніну.
– Ты маўклівы сёння,– Ніна падскочыла, сарвала з маладой сасонкі свежы парастак.– Перажываеш?
– Сядзем...
– Навошта ты сварышся з Васілём Міхайлавічам? Маўчыш? Ты наогул вельмі скрытны. Хаця б раз раскрыў сваю душу.
Напамін пра нядаўнюю сварку з Булаём, тон, занадта спакойны, будзённы, якім яна гэта сказала, непрыемна разанулі Алеся. Ён спытаў:
– Табе сапраўды гэтага хочацца?
– Не можаш супакоіцца? – Ніне зрабілася не па сабе ад гэтага калючага позірку.
– Я забыў, а ты напомніла. Гэта была толькі так сабе – прыстрэлка. Мне не хацелася лезці ў бойку перад усімі. Думаў сказаць яму аднаму, што, ганяючыся за працэнтамі, ён наносіць шкоду абсталяванню, а яшчэ большую – людзям. Так жа любую светлую думку загубіць можна. А гэта страшна, Ніна.
– Гучна. Нічога не скажаш.– Ніна кінула сасновую галінку.– Я табе вось што скажу, Саша. Хочаш сябраваць са мной – не гавары благое пра Булая. Ён усяго сябе аддае рабоце. А ты нагаворваеш на яго. Не трэба,– Ніна дакранулася да яго рукі.– Давай паходзім, не сядзіцца мне.
Вузенькія сцяжынкі між дрэў, пратаптаныя ў траве, пружынілі пад нагамі, як пластыкавы дыван.
– Дома ў нас таксама вялікі парк,– сказаў Алесь,– вясной мы заўсёды ў ім у вайну гулялі.
– Вясна ў тваім жыцці – гэта бойкі,– насмешліва сказала Ніна.– Цяпер я ведаю, чаму ты з Булаём схапіўся... Табе цяжка жылося?
– Чаму ты думаеш так? Жылося не горш, чым усім. Пасляваенная разруха. Пагарэлая вёска, многа дзяцей у сям’і,– Алесь усміхнуўся.– Я малы бегаў у гарод бацяна праганяць. Казалі, што ён дзяцей падкідае. Вось і баяўся, што прынясе яшчэ аднаго. Мне ж, старэйшаму, даводзілася іх глядзець.
– Каб ты заўсёды быў такі, – Ніна любавалася Алесем, – вясёлы, гаваркі. А то больш хмурышся...
– Гэта ад няпэўнасці. Люблю цябе, Нінка... – раптам сказаў ён.
– Хіба так гавораць пра каханне? – Ніна на імгненне запнулася і перавяла яго словы на жарт.– Трэба стаць на калені, цалаваць рукі... I гаварыць, гаварыць кампліменты, каб аглушыць, збіць з толку.
– А я сказаў сур’ёзна...
– Будзем сябрамі, Саша?..
Што ж, так гавораць заўсёды, калі не могуць сказаць большае.
– Прабач, Ніна. Я гавару зараз не ад крыўды. Наўрад ці ёсць такое сяброўства. Я не прызнаю яго. Такі ўжо, відаць, характар. Пакуль будзе каханне, я не падыду да цябе. I, мусіць, потым не падыду, бо ўбачу цябе такую, якая ты ёсць. Яшчэ раз даруй. Гэта, можа, непаслядоўна, але шчыра...
Ніна стаяла, апусціўшы галаву, і чакала, што ён перастане гаварыць крыўдныя словы, палагаднее. Але ён толькі паўтарыў «прабач» і пайшоў, прамы, спакойны.
XVII
Дабіваючыся чаго-небудзь, Булай не мог спыніцца на паўдарозе. Ён павінен быў дзейнічаць, даводзіць справу да канца. Цяпер у яго была адна мэта – зберагчы свой аўтарытэт, даказаць, што можа добра кіраваць нават цэхам-гігантам. Ён лічыў, што ва ўсіх недахопах, якія ёсць у рабоце цэха, вінаваты яго ворагі. Думалася, што, калі разграміць іх, дырэкцыя завода нарэшце пераканаецца ў яго выключных здольнасцях, верне былое давер'е.
– Ты чуў? – зайшоў ён у партбюро да Паўлаўца.– Наш Баравік самы сапраўдны распуснік.
Нічога падобнага пра Баравіка Паўлавец не ведаў, дый паверыць не мог, таму ён спытаў не без іроніі:
– Нешта ты ў маралісты запісаўся?
Упершыню ён звярнуўся да начальніка цэха, як роўны, і гэта непрыемна ўразіла Булая.
– Дрэнна, калі з сардэчнымі скаргамі людзі ідуць не да парторга, а да адміністратара. Да мяне, таварыш Паўлавец,– Булай гаварыў падкрэслена зняважліва.– Гэта зусім не садзейнічае вашаму аўтарытэту, як партыйнага важака. Баравік у Сямёна Дзікуна дзяўчыну адбіў. Ды нічога. Я яму пакажу...
– Любіш ты, Васіль Міхайлавіч, у чужую душу стаптаным лапцем залезці,– паморшчыўся Паўлавец.– Як на маю думку, дык трэба спачатку разабрацца,– і, каб скончыць прыкрую размову, спытаў: – У цябе ўсё?
– Стану я такой дробяззю займацца. Я гэты клубок сам разблытаю. А да цябе ў мяне вось што. Давай правядзём партыйны сход, закрыты. Абмяркуем, як выконваецца перадсвяточнае абавязацельства. Тое-сёе трэба падкруціць. Нешта балбатуноў у нас развялося...
Размова ішла спакойна. Аднак Булай выйшаў ад Паўлаўца ў дрэнным настроі. Ён быў дастаткова вопытны, каб адчуць, што парваўся яшчэ адзін моцны канат, які звязваў яго з цэхам. Непакоіла, што Паўлавец зусім не такі, як здавалася, што ён меў сваю думку, невядомую Булаю.
Канчалася змена. Булай ішоў па цэнтральным пралёце, гаспадарліва пазіраючы па баках. I ўпершыню адчуў глыбока-глыбока захаваны страх перад гэтымі людзьмі, што стаялі за станкамі і яшчэ ўчора ўяўляліся паслухмянымі і ўдзячнымі. Што ўрэшце здарылася?
Заўважыўшы начальніка цэха, Алесь узрадаваўся, што можа, нарэшце, пагаварыць пра Зініну просьбу.
– Та-ак...– Булай хіснуўся з наскоў на абцасы сваіх чаравікаў на тоўстай каўчукавай падэшве.– А брыгада?
– Прасілі.
– Прасілі? I Дзікун?
– I Дзікун,– пацвердзіў Алесь.
Булай крутнуў галавой, быццам каўнер сарочкі адразу стаў яму цесны.
– А што яны робяць? – раптам спытаў ён.
– Хто? – павярнуўся Алесь у той бок, куды паказваў начальнік цэха. – Ды гэта станок забарахліў к канцу работы. Але вы не турбуйцеся. Хлопцы пастараліся, план згодна графіка далі, вось і рашылі...
– Загад! – закрычаў Булай.– Вы падпісваліся пад маім загадам?
– Васіль Міхайлавіч, навошта фармалізм?..
Пэўна, не трэба было гаварыць пра фармалізм. Булай яшчэ ніколі не ўсумніўся ў правільнасці сваіх рашэнняў. I, тым больш, не цярпеў пярэчанняў ад падначаленых, калі быў раззлаваны.

– Блазнюк! Распуснік! – Булай не знаходзіў слоў.– Не дазволю тут шашні разводзіць!..
Скончылася змена. На некалькі хвілін спыніўся шум матораў. У цэху ўсталявалася нязвыклая цішыня.
Убачыўшы, што ля яго сабраліся людзі, Булай раптам супакоіўся і сказаў, нібы скардзячыся і просячы падтрымкі:
– Мала яму працоўную дысцыпліну парушаць, дык ён яшчэ дзевак спакушаць надумаў? Зіну Шалягейку. Але я разбяруся. Правільна?
На яго глядзелі са здзіўленнем, некаторыя нават з цікавасцю, аднак падтрымкі ці адабрэння ён не заўважаў. I тут ззаду праціснуўся Сямён.
– Як вам не сорамна? Гэта ж мана! – сказаў ён шэптам, які чуваць было лепш за нядаўні Булаёў крык.
– Та-ак...– Булай пераступіў з нагі на нагу.– Адступаеш? Нічога. Я помню, што і як ты надоечы мне гаварыў. Справа перастала ўжо быць асабістай.– I пайшоў, грозны, уладарны, поўны пачуцця ўласнай годнасці.
– Я не вінаваты, Алесь Мікалаевіч,– у роспачы Сямён кінуўся да Баравіка,– гэта ён усё перакруціў.
– Веру, веру,– Алесь абняў таварыша за плечы,– і рады, што ты мне паверыў...
* * *
Партыйны сход сабраўся на другі дзень пасля таго, як Булай аблаяў у цэху Алеся. Сакратар паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры ў прэзідыум.
– Паўлавец!
– Баравік!
– Падвесці рысу!
– Прашу слова для паведамлення,– парушыў парадак Булай.– Даю адвод Баравіку. Ён – звольнены па майму загаду.
У зале на момант стала ціха-ціха. I раптам цішыня ўзарвалася. Паўлавец ледзь навёў сякі-такі парадак. Камуністы запатрабавалі ад Булая тлумачэнняў. Той пачаў гаварыць, але яго не слухалі. Нарэшце пачуліся галасы:
– Была кандыдатура Баравіка ў прэзідыум...
– Чаму парушаеце дэмакратыю? Галасуйце!
– Мы яго з партыйнага ўліку не здымалі.
Алесь не глядзеў у залу, не ведаў, хто гэта за яго так заступаецца. Ён не адрываў вачэй ад Булая, які як узяў слова, так і застаўся стаяць за сталом прэзідыума побач з Паўлаўцом. Алесь не бачыў, што галасуюць за яго, ён зразумеў гэта па Булаёвым твары, які раптам змізарнеў, пакрыўся буйнымі кроплямі поту.Дасталося пазней і Алесю за тое, што не быў настойлівы, мірыўся з недахопамі, не абапіраўся на калектыў. Можа дзіўна, аднак Алесь, слухаючы папрокі, адчуваў сябе шчаслівым. Ён быў сярод людзей, якія, ведаў, не толькі пакрытыкуюць, але і пададуць руку, калі прыйдзе цяжкая хвіліна.
Сход закончыўся позна. Алесь выйшаў амаль апошні. Было цёмна. Церусіў дробны і цёплы дожджык. Алесь наставіў каўнер, пайшоў па мокрай вуліцы.
– Алесь Мікалаевіч! – ступіла насустрач яму дзявочая постаць. Ён пазнаў Зіну.
– Ты зусім мокрая,– сказаў ён, хаваючы збянтэжанасць.
Дзяўчына адхінула назад мокрыя валасы, падняла на Алеся вочы.
– Ты непакоілася? Усё ў парад'ку.
– Праўда? Ну, то да пабачэння.
– Пачакай.– Але перш чым ён дагнаў дзяўчыну, яна паспела ўскочыць у аўтобус.







