Текст книги "Майская раніца"
Автор книги: Уладзімір Шыцік
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)
Ганна Сцяпанаўна прабавала развесяліць Алеся. Ён адказваў, бо маўчаць было няёмка, і не заўважаў, што адказвае недарэчы. Ён не думаў, што так цяжка будзе расстацца з Нінай, хоць на кароткі, але такі доўгі тыдзень. Як то яму будзе без яе?
Пасля ён увесь час адчуваў, як нестае яму Ніны. На рабоце было яшчэ нічога. А ў вольную хвіліну не ведаў, куды дзець сябе. Не мог ні чытаць, ні ў кіно схадзіць. Ганну Сцяпанаўну наведаў назаўтра ж, як паехала Ніна. Карцела пайсці да Ганаковых і ў наступны вечар. Там было лягчэй. Але палічыў няёмкім надакучаць штодня.
XI
Ніна прыехала, не папярэдзіўшы Алеся. Ён сустрэўся з ёю толькі на заводзе. Ўзбуджаная, гаваркая, яна расказвала сябрам пра паездку. Алесь падышоў, прыслухаўся. Ніна заўважыла яго і, нібы яны развіталіся ўчора ўвечары, кіўнула галавой, не перастаючы расказваць пра балетны спектакль, які бачыла ў Маскве ў Вялікім тэатры.
У гэты час падышоў Булай. Ніна пайшла яму насустрач.
– Я так удзячна вам, Васіль Міхайлавіч, за камандзіроўку. Мы столькі пабачылі...
Не слухаючы, што ўбачыла Ніна яшчэ, Алесь з цяжкім сэрцам адышоў. У Ніны для яго не знайшлося ані слова. «Ну і няхай, я не падыду больш да яе»,– думаў ён.
Але варта было Ніне ў канцы дня прапанаваць яму схадзіць разам на вечар у заводскі Палац культуры, як ён забыўся на ўсе крыўды.
– Ты не заходзь па мяне, – спачувальна сказала яна. – Лепш адпачні. У цябе стомлены выгляд. Сустрэнемся там.
Ён заявіўся ў Палац адным з першых. Шырокая лесвіца, што вяла на другі паверх у файе, засцеленая прыгожай дывановай дарожкай, была яшчэ пустая. Алесь падняўся ў файе. Там ён сутыкнуўся з Сямёнам і Зінай. У чорнай, глыбока дэкальтаванай сукенцы, з белымі каралямі на шыі, Зіна была вельмі прыгожая. Сямён, пэўна, адчуваючы гэта, крочыў побач з ёй нясмела, раз-пораз беручы дзяўчыну пад руку і тут жа адпускаючы.
– Алесь Мікалаевіч,– не сцярпеў Сямён,– на май мы вырашылі справіць вяселле.
Зіна зачырванелася.
– Праўда? – чамусьці перапытаў Алесь і, спахапіўшыся, што гэта бестактоўна, дадаў:– Віншую! Ад шчырага сэрца.
Ён адышоў, а потым азірнуўся. Зіна нешта гаварыла Сямёну, і той стаяў, апусціўшы галаву. Але якая была Алесю справа да Сямёна і Зіны. Ён чакаў Ніну.
Паступова вестыбюль запаўнялі людзі. Зрабілася шумна, мітусліва. Алесь выцягваў шыю, каб не празяваць, калі паявіцца Ніна. У натоўпе прамільгнуў Пракоп.
– А, во дзе ты!..– сказала нечакана недзе зусім побач Ніна.
Алесь сумеўся, пачаў апраўдвацца.
Ніна падышла, па-гаспадарску зняла нейкую нябачную пушынку з яго пінжака.
– Я цябе столькі шукала... Пойдзем, нарэшце.
3 натоўпу выбраўся ўскудлачаны Кібрык, параіў:
– Танцуй, Саша, танцуй. Размовамі дзяўчыну не ўтрымаеш.
Алесь нерашуча зірнуў на Ніну. Ён быў не вельмі ўмелым танцорам, і Ніна ведала гэта. Кібрык, жартуючы, запрасіў Ніну. Яна згадзілася.
– Круцёлка ты, Нінка,– усміхнуўся Пятрусь.– Кінь ты яе, Сашка, пакуль не ажаніўся.
– Я табе кіну,– пагразіла Ніна пальцам Кібрыку.
Што было рабіць Алесю? Чакаць, пакуль вернецца Ніна? Яна можа і не вернецца, бо ўпэўнена, што яго крыўда скора развеецца. Вунь як сказала Кібрыку, калі той параіў кінуць! Не, ён ужо не можа яе кінуць, бо тады не застанецца нават надзеі. Алесь павольна пайшоў па краі залы, стараючыся адшукаць вачамі Ніну і Петруся.
– Я памагу вам, Алесь Мікалаевіч! – Ён азірнуўся. Зіна стаяла строгая і насмешлівая.
Алесь сумна паківаў галавой.
– Пойдзем, я люблю вальс,– запрашала Зіна.– Ды не бойцеся. Я ж хутка замуж выйду.
Дзяўчына была непадобная на ранейшую гарэзніцу. У вачах ужо не скакалі смяшынкі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Вочы цяпер быццам пабольшалі, ім прыдалося журбы. Яны глядзелі ўважліва, дапытліва, са спачуваннем, нібы ўбачылі нешта такое, што невядома астатнім.
Адмовіцца было нельга. Алесь проста сказаў:
– Вальс, бадай, адзінае, што я ўмею.
Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Яна, здавалася, зусім не заўважала тых, хто кружыўся побач, Яна, здавалася, не бачыла і Алеся, аддаўшыся ва ўладу чароўнай музыкі вальса.
– Пра што вы думаеце, Алесь Мікалаевіч?
– Не ведаю. Музыка...
– I я люблю вальс,– Зіна падалася бліжэй, каб Алесь чуў, што яна гаворыць.– Пад яго гукі можна думаць і не думаць, праўда?
– А пра што вы думаеце? – не ўтрымаўся Алесь.
– Пра тое ж, пра што і вы,– сказала Зіна і сумна ўсміхнулася.– Ну, здаецца, натанцаваліся. Дзякуй, не праводзьце. Я сама.
Яна пакінула Алеся, адышла.
Паявілася Ніна. Яна не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівая і ласкавая. Зноў, як некалькі дзён раней, яны пешшу ішлі да Нінінага дома.
– Нарэшце, Саша,– сустрэла яго Ганна Сцяпанаўна,– я дык вас прачакалася.
– Што ты, мама, ён з-за цябе толькі і ходзіць да нас. На мяне дык і глядзець не хоча,– жартуючы, гаварыла Ніна, распраналася і папраўляла перад люстэркам прычоску.– Але, мама, мы яго нікому не аддадзім, – Ніна адабрала ў Алеея шапку, сцягнула паліто. Яна верыла зараз у тое, што гаварыла.– Праўда, мама?
Алесь быў шчаслівы.
XII
Была сярэдзіна красавіка, шырылася перадсвяточнае спаборніцтва. Механічны цэх узяў самыя высокія абавязацельствы. Булай пры выпадку падкрэсліваў:
– Мы авангард завода! На нас раўняюцца!
У «маланках» штодня адзначаліся лепшыя брыгады, паведамляліся імёны перадавікоў.
У апошнія дні Алесь неяк мала аддаваў увагі справам у цэху. Ніна была з ім, і яму, здавалася, нічога іншага не трэба было. Узбуджаны тон Булаёвых выступленняў на аператыўках, гучныя плакаты, што віселі ў пралётах, усё сведчыла, што справы ідуць добра. Алесь пазбыўся сваіх нядаўніх трывожных сумненняў. I раптам рэпліка, якую ён пачуў, калі разам з групай рабочых стаяў ля новага выпуску «маланкі». Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець. Я ж пазалеташняе кляймо з новай датай стаўлю».
Алесь нібы прачнуўся. Успомніліся гарачыя размовы з Пракопам, гутарка з Паўлаўцом. Ён адчуў сябе вінаватым перад хлопцамі.
Упершыню за ўвесь час сяброўства расказаў ён Ніне аб сваіх колішніх і сённяшніх неспакойных думках. Раней ён не адважваўся надакучаць ёй сваімі клопатамі.
– Дакуль мы будзем выязджаць на старой наменклатуры? – пытаўся Алесь.
Яны сядзелі ў Ніны дома, глядзелі тэлевізар.
– А нам што? План ёсць план.
– Нават заганны? – Алеся ўжо зусім не цікавіла перадача. – Нават зроблены з дапамогай Кібрыка?
– На новай марцы мы завалімся. Хіба ты не разумееш?
– Затое чэсна скажам: зрабілі, што ўмеем.
– Добры ты сябар Васілю Міхайлавічу, аднак. Яго і без цябе клюе начальства. Давай лепш глядзець тэлевізар.
– Саша праўду кажа,– Ганна Сцяпанаўна сабрала рукой крошкі з абруса, перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. – Па-мойму, раз новае – значыць лепшае.
– Мама, ты нічога не разумееш. Алесь злуе на Петруся, а хоча падкапацца пад Булая. Ведаем мы такую прынцыповасць.
Гэта было несправядліва, і Алесь пакрыўдзіўся. Часта, вельмі часта хацелася параіцца з блізкім чалавекам, высветліць што-кольвек незразумелае, унесці яснасць у пытанне, якое раптам усхвалявала. Хіба Ніна не была яму такім блізкім, нават самым блізкім чалавекам? Дык чаму яна не хоча яго зразумець? Не дачакаўшыся канца перадачы, Алесь падняўся.
Праводзіла яго Ганна Сцяпанаўна.
Вярнуўшыся ў пакой, Ганна Сцяпанаўна зірнула ў акно – недалёка ад іх дому быў аўтобусны прыпынак. Адзінокая постаць паныла тырчала на прыпынку.
– Ніна, – сказала маці, – ён можа не вярнуцца...
– Нідзе не дзенецца,– не адрываючыся ад экрана, упэўнена адказала Ніна.
– Ой, дачушка, глядзі, такімі хлопцамі не грэбуюць. Ды кінь ты свой тэлевізар! – абурылася Ганна Сцяпанаўна.
– Ну, не крыўдуй. Ведаю, харошы ён хлопец. Але, мама, я ж лепш за яго разбіраюся, што адбываецца на заводзе. Навошта ён ганьбіць Васіля Міхайлавіча?
– А хіба ён кажа няпраўду?
– Праўду ці не, але Васіль Міхайлавіч не дзеля сваёй выгоды стараецца. Ён жа ўсе сілы аддае цэху. Акрамя таго, ён столькі для мяне зрабіў.
– Падумаеш, на работу ўзяў! Ну, была б на іншым заводзе... Усюды людзі.
Ганна Сцяпанаўна працёрла шыбу, паглядзела ў акно, жахнулася:
– А ён жа не паехаў. Няўжо не было аўтобуса?

Аўтобус быў. Алесь прапусціў яго. Ён спадзяваўся, што Ніна адумаецца, выбежыць, каб вярнуць яго.
Падышла другая машына. Алесь асцярожна азірнуўся на Нініна акно. Яно свяцілася халодным жаўтаватым святлом.
– Садзіцеся,– крыкнула кандуктарка,– мы апошнія.
Чакаць больш не было чаго, і Алесь ускочыў у дзверцы, якія закрыліся з нудным скрыгатам.
Праз усю дарогу Алесь да дробязей перабіраў у памяці сённяшні вечар, Нініны паводзіны. Яму было б лягчэй, каб яна была толькі няўважлівай. Але ці была павага? Ніна нават не захацела выслухаць, памагчы разабрацца, калі ён, можа, памыляўся, шчыра нешта параіць.
Ён многа перадумаў за тую ноч. Ці правільна ён робіць, што маўчыць? Але з кім пагаварыць? У яго было чатыры больш ці менш блізкія чалавекі на заводзе: Ніна, Булай, Пракоп і Кібрык. 3 Нінай пагаварыў. Булай... Была спроба таксама. Пятрусь?
Сярод ночы Алесь спусціўся ўніз, у пакой каменданта інтэрната, пазваніў Петрусю. Тэлефон доўга не адказваў. Нарэшце Пятрусь зняў трубку. Ён ледзьве зразумеў, хто звоніць, чаго ад яго хоча, і, пазяхаючы, выціснуў з сябе: «Цілім-бом, пажар, Булаю патрэбен вогнетушыцель». Большага Алесю не ўдалося дабіцца – Кібрык быў п’яны.
Толькі на аператыўцы Алесь успомніў, што ёсць яшчэ Паўлавец. Ён пашукаў вачамі Макара Сяргеевіча і не знайшоў. Потым здагадаўся, што Булай не запрашае Паўлаўца на такую нараду. Парторг – радавы рабочы, а нарада – вытворчая, для каманднага саставу цэха. Службовай іерархіі Булай прытрымліваўся строга.
Паўлаўца Алесь сустрэў у час абедзеннага перапынку ў сталоўцы. Селі за адзін столік, разгаварыліся. Макар Сяргеевіч слухаў уважліва, нават лыжку адклаў у бок.
– I вось я спыніўся, як кажуць, на раздарожжы,– закончыў Алесь і папрасіў: – Памажыце разабрацца, можа што не так разумею.
– Але ж давайце есці,– спахапіўся Макар Сяргеевіч, так нічога і не адказаўшы. Потым, калі ўжо разыходзіліся, паабяцаў: – Пагавару з Булаём, нешта, відаць, трэба мяняць у нашай рабоце.
Ужо на наступнай аператыўцы Алесь слухаў Булая і дзівіўся. Начальнік цэха гаварыў надзвычай разважліва, лагодна, цярпліва выслухоўваў кароткія справаздачы, нікога не перабіваючы рэплікамі. Гэта было не падобна на яго. Чакалася бура. Яна надышла непрыкметна. Булай пачаў здалёк. Ён расказаў аб тых задачах, якія паставілі перад цэхам дырэкцыя і партком, прывёў прыклады працоўнага ўздыму рабочых, успомніў аб новых пачынах, што нарадзіліся ў цэху. Потым раптам заявіў:
– Поспехі маглі быць большыя. Але ёсць сярод нас людзі, якім асабістыя ўдачы даражэй за ўсё. Яны ходзяць, вышукваюць недахопы. Паглядзіш на такога збоку – змагар за праўду! А капянеш глыбей – нутро ў яго гнілое. Бачыце, паабяцалі яму пасаду і не далі адразу, памаглі тое-сёе прыдумаць, а на шчыт славы не ўзнялі. I ён затаіў у душы крыўду, крытыканствуе. Іменна крытыканствуе, бо крытыка – справа прынцыповая.
Прозвішча Булай не назваў. Людзі недаўменна зашапталіся.
– Думаю, што калі ён смелы чалавек, калі бярэцца павучаць нас,– казаў начальнік цэха,– то скажа аб усім шчыра, а не будзе плявузгаць па завуголлі ды абзваньваць тэлефоны.
Алесь дзівіўся разам з усімі. Яму і ў галаву не магло прыйсці, што Булай меў на ўвазе яго.
– Ну што ж, таварышы, цяпер вы самі бачыце, што ён палахлівец.– Голас Булая ўзмацнеў.– Дык скажам яму прама: калектыў – магутная сіла, і мы здолеем зламаць і крыкуноў, і малавераў. Усё.
Пасмяяўшыся трохі з Булаёвай падазронасці, Алесь з Пракопам вярнуліся на свой участак. Сямён стаяў ля выключанага станка.
– Што здарылася? – кінуліся да яго майстар і брыгадзір.
– Пачынае барахліць, калі не паправіць, можна вывесці са строю.
Цэх уступіў у гарачую пару. Выключы станок на гадзіну-дрўгую, і паставіш пад пагрозу зменнае заданне ўсяго ўчастка. Будуць тады так прабіраць, што не ўзрадуешся. Алесь задумаўся. Вельмі не хацелася трапіць начальніку цэха пад гарачую руку. Можа загадаць Дзікуну працаваць? Ніхто не папракне за гэта. Праўда, гавораць многа пра тое, што нельга дапускаць, каб абсталяванне працавала на знос. Алесь быў ужо наважыўся сказаць Сямёну: ідзі працуй, але ўспомніў, што станок можа зусім сапсавацца на наступнай змене. А тады прастой будзе ўжо не дзве гадзіны, а куды болей. I Алесь рашыўся:
– Будзем рамантаваць!
Пракоп з адабрэннем паглядзеў на майстра і сам пабег па слесараў.
XIII
Зазвінеў тэлефон. Булай любіў позна заседжвацца ў сваім кабінеце, хоць пільнай патрэбы ў гэтым не было. Але ён не даваў волі сваім падначаленым, усё стараўся вырашыць сам. Пачаўшы працаваць начальнікам цэха тады, калі не было ні добрых спецыялістаў, ні патрэбных умоў для працы і калі яго прысутнасць усюды сапраўды была не лішняй, Булай ніяк не мог звыкнуцца з новымі ўмовамі. Ён сумаваў па тым часе, калі мог камандаваць на поўную сілу, калі ніхто не адважваўся пярэчыць яму.
Тэлефон напомніў аб сабе зноў. Гаварыла Ганакова. Голас у яе быў усхваляваны, але Булай хутчэй зацікавіўся, чым устрывожыўся. Нічога незвычайнага ён не чакаў.
– Участак Баравіка не дацягнуў пяць працэнтаў,– паведаміла яна.
Ніна нядаўна прыняла бюро тэхнічнага кантролю, яшчэ не зусім звыклася са сваёй новай пасадай і таму з раніцы да вечара не пакідала работы. Яе служба першая заўважыла, што заданне на ўчастку Алеся не выканана, і яна, не дазнаўшыся прычыны, пачала біць трывогу.
– Дзякую,– адказаў Булай,– зараз высветлю.
Ён выклікаў зменнага інжынера. Той сказаў, што рамантавалі балансіровачны станок.
– Спраўны? – спытаў Булай.
– Працуе ўжо,– адказаў інжынер,– малайчына Баравік. Станок ледзь дацягнуў бы да канца змены, тады нам давялося б сесці ў лужыну. Зусім завалілі б заданне...
– Ацэнкі – гэта мая справа,– не зусім ветліва абарваў яго Булай.– Разбяромся...– і пазваніў сакратарцы.
– Дзе Баравік?
Жанчына здзівілася:
– Напэўна даўно дома, работа ж калі скончылася...
– Паклікаць!
Алесь з’явіўся прыкладна праз паўгадзіны.
– Што здарылася, Васіль Міхайлавіч?
Булай не адказаў, а спытаў у сваю чаргу:
– Вы што збіраліся рабіць?
Зварот на «вы», нязвыклы афіцыйны тон... Было ад чаго разгубіцца.
– Думаў спаць класціся,– не адразу адказаў Алесь.
– I як сон? Нармальны?
– Не скарджуся.
– О-о, тады можаце ісці. Дабранач!
Алесь пастаяў-пастаяў, паглядзеў на Булая, які ўтаропіўся ў свае паперкі, адказаў: «Дабранач» і выйшаў з кабінета. Толькі ад сакратаркі даведаўся, што было прычынай гэтага незвычайнага выкліку. Хацеў быў вярнуцца да начальніка цэха, але сакратарка супакоіла:
– Вы не хвалюйцеся. Зменны інжынер усё растлумачыў.
А раніцай на дошцы аб’яў вісела свёжая «маланка» з малюнкам: на станку, зручна ўлёгшыся, падклаўшы пад галаву абавязацельства, спаў майстар участка Баравік.
Аператыўка пачалася інакш, чым заўсёды. Не даючы слова начальнікам участкаў, майстрам, інжынерам, загаварыў сам Булай.
– Таварышы, учора адбылася незвычайная падзея. Участак майстра Баравіка не выкайаў задання.
Аб гэтай падзеі чулі многія, ведалі і прычыну, таму людзі зашумелі.
– Фармальна Баравік зрабіў правільна,– падняў руку Булай.– Добра, добра, я за гэта не абвінавачваю яго,– узвысіў ён голас, бо ў кабінеце незадаволена зашапталіся.– Мяне ўразіла,– не, абурыла! – іншае. Пазваніла мне Ганакова, дзякуй ёй за пільнасць, і сказала, што ўчастак Баравіка не выканаў задання. Ну, думаю, чалавек перажывае, непакоіцца, трэба яго падтрымаць, абнадзеіць. Шукаю – няма ў цэху. Нарэшце, знайшоў. А ён, аказваецца, спаць збіраецца. Спакойна спаць...– голас Булая вібрыраваў на самых высокіх нотах.– Я пытаюся ў вас, як можа кіраўнік так абыякава ставіцца да сваіх абавязкаў? Гэта можна растлумачыць толькі так: Баравік яшчэ не дарос да пасады майстра.
Булай аддыхаўся, ацэньваючы, якое ўражанне зрабіла гэтае паведамленне. Нешта, відаць, яму не спадабалася, і ён паспяшаўся сказаць больш спакойна, разважліва, з лёгкай усмешкай:
– Прашу правільна зразумець. Мы не можам адстаць у першамайскім спаборніцтве. Таму хай кожны хварэе за план. Плану і толькі плану мы павінны падпарадкаваць усё. Зробім – тады будзем спаць. А цяпер прашу выказацца па сутнасці бягучых спраў.
Нарада закончылася хутка, апраўдаўшы на гэты раз сваю назву – «аператыўка». Булай застаўся адзін. Паспрабаваў быў заняцца новым графікам, на які хацеў перавесці цэх у наступным месяцы, і не мог. Усё часцей прыходзіла адчуванне, што няма кантакту з калектывам, што не ён трымае калектыў, як гэта было калісьці, у сваіх руках, а калектыў навязвае яму сваю волю. А тут яшчэ непрыемная чутка, што дырэкцыя мае намер падзяліць цэх на два паралельныя. Хіба гэта прыемна? Адно – кіраваць самым буйным цэхам на прадпрыемстве, другое – удвая меншым, прыраўняўшыся да іншых начальнікаў цэхаў. А раптам адпасынкаваны цэх стане перадавым?..
Гэтага Булай не мог дапусціць. Трэба было нешта прыдумаць, каб быць першым на заводзе. Раней ён над такімі пытаннямі доўга не думаў. Ледзь толькі над ім навісала небяспека, як ён падаваў ідэю. Яму давалі магчымасць яе ажыццявіць, забываліся на мінулае. Бо, як вядома, пераможцаў калі і судзяць, то не вельмі строга. Але зараз, як на тое, нічога такога ў галаву не прыходзіла. А тут яшчэ Баравік са сваімі пошукамі ісціны. Яго наіўнасць можа ўзбаламуціць людзей, пачнуцца размовы, і тады...
Памочнікаў сабе Булай падбіраў прыдзірліва. Яго абкружалі людзі здольныя. Аднак большасць з іх называлі сябе «штрафнікамі». Адзін меў ужо вымову, зарабіўшы яе дзе-небудзь у іншым месцы. Другі не паехаў па накіраванню інстытута. Трэці любіў заглядаць у чарку. I кожнаму з іх Булай пэўным чынам памог. Яны былі за гэта адданыя Булаю, падтрымлівалі ў цяжкую хвіліну, даравалі Булаю ўсе яго недахопы. Такім ён спадзяваўся бачыць і Алеся, для якога сапраўды зрабіў нямала добрага.
Але Баравік не апраўдаў спадзяванняў. Булай пагартаў нарады, падпісаныя Баравіком, шукаючы, да чаго б можна было прычапіцца. Але і тут было ўсё чыста. Праўдалюбца... А капяні глыбей, дык і акажацца, што пакрыўдзіўся. Не назначылі старшым майстрам, як паабяцалі. Ну, нічога. Яшчэ пашкадуе!
Булай рашыў паставіць Баравіка на месца. Ён умеў гэта рабіць, кіруючыся тым, што нібыта дзейнічае на карысць справе. Булай умеў падпусціць туману ў вочы. Аднак у апошні час нешта нібы зламалася ў добра наладжанай сістэме. Прыходзілася траціць шмат сіл, каб даказаць, што ён дзейнічае правільна, бо камуністы цэха, прафсаюзная арганізацыя далёка не заўсёды лічыліся з яго аўтарытэтам. Але і ён быў не лыкам шыты. Да таго ж, думалася, з Баравіком будзе лягчэй: чалавек новы, за яго асабліва трымацца не стануць. А між тым яго прыклад паслужыць перасцярогай і таму-сяму іншаму.
Булай адкінуўся на спінку крэсла, расправіў плечы. Ёсць яшчэ порах у парахоўніцах! Старая гвардыя не здаецца. Булай націснуў кнопку званка. Калі з’явілася сакратарка, сказаў:
– Пасля работы чакаю Паўлаўца!
Булай выйшаў з-за стала насустрач Паўлаўцу. Правёў да мяккага крэсла, сам сеў насупраць.
– Ты прабач, Макар Сяргеевіч, што не я да цябе. Справы, многа спраў...– ён стомлена пацёр далонямі скроні.
– Што вы, Васіль Міхайлавіч, ці мне цяжка?
– Сам ведаеш, яшчэ скажуць, што Булай парушае партыйную этыку. Але, думаю, дзеля карысці справы...– Памаўчаўшы, сказаў: – Дзень і ноч не сплю. I так прыкідваю, і гэтак. Хачу параіцца і партыйнай падтрымкай заручыцца.
– Падтрымкай? – Паўлавец дапытліва зірнуў на Булая.
– Не думай, закон парушаць не збіраюся. Ломку наважыўся правесці.
– Цікава,– Паўлавец нахіліўся да субяседніка, каб было лепш чуваць – Булай гаварыў нягучна, паказваючы, што стомлены, увесь у думках.
– Падлічваў я неяк і прыйшоў да вываду,– Булай падбадзёрыўся, узяў чысты аркуш паперы, аловак. Расказваючы, маляваў квадрацікі, прамавугольнікі, злучаў іх паміж сабой прамымі лініямі.– У нашым цэху празмерна раздута сярэдняе звяно. Нас папракаюць, што цэх вялікі, плануюць нават раздзяліць. А мы ўзбуйнім участкі, брыгады, і тым самым выб’ем з рук прыхільнікаў падзелу галоўны козыр. Колькасць участкаў і брыгад у нас будзе такая ж, як і ў іншых цэхах. Кіраваць імі будзе прасцей, сабекошт прадукцыі панізіцца.
– Бадай, слушна,– зазначыў Паўлавец.
– Канечне, некаторыя расстануцца са сваімі партфелямі. Для кар’ерыстаў гэта можа і ўдар. А для сумленных працаўнікоў інтарэсы дзяржавы даражэй за асабістыя.– Нібы пабаяўшыся, што парторг не так зразумеў, паўтарыў: – Разумееш, якая выгода! Хай будзе больш рабочых, тых, хто дае матэрыяльныя каштоўнасці.
Булая быццам прарвала. Ён загаварыў узнёсла, натхнёна, бо зараз сам верыў, што задумаў перабудову цэха толькі дзеля карысці дзяржавы. I словы яго былі надзвычай пераканаўчыя. Паўлавец падаў яму руку:
– Падтрымліваю!
XIV
Побач з інтэрнатам рос рэдкі сасоннік – усё, што засталося ад лесу, які гадоў дваццаць таму назад грозна шумеў на гэтым месцы. Цяпер паміж дрэў праляглі дарожкі, на палянках паявіліся спартыўныя пляцоўкі. Зімой жыццё тут заціхала. А вясной, ледзь сыходзіў снег і падсыхала зямля, сасоннік ажываў, поўніўся людскім гоманам. Асабліва шумна было надвячоркамі. Збіраліся валейбалісты, і тады да цямна адтуль несліся гулкія ўдары па мячу, звонкія маладыя галасы, смех, крыкі.
Пасля работы Алесь пераапранаўся і садзіўся або ля акна, або выбіраў дзе-небудзь ціхі закутак і адтуль, зайздросцячы, пазіраў на валейбалістаў. Булай, думаў ён, узвёў на яго сур’ёзныя абвінавачанні. Здавалася, на заводзе паверылі Булаю, а на яго пазіраюць са знявагай. Брала крыўда на сваіх сяброў. Іх было нямнога, але, здавалася, яны былі шчырыя. Як жа яны маглі пакінуць яго, паверыць у беспрычынныя абвінавачанні! Ён прывык да шчырасці, адкрыта выказваў думкі. У арміі здаралася на партыйных сходах крытыкаваць старэйшых у чыне камандзіраў. Ніхто з іх не таіў крыўды, не трымаў пасля каменя за пазухай. Булая ж ён нават не крытыкаваў. Ён адчуваў, што нешта робіцца не так, як трэба, і хацеў зразумець, чаму гэта. Ён стараўся не на сваю карысць, і гэта было відаць кожнаму. Дык чаму раптам паверылі Булаю?
Прыгрэўшыся на вячэрнім сонейку, Алесь задумаўся аб сваіх нягодах і не пачуў, што да яго падышлі хлопцы. Пракоп паскардзіўся:
– Б’юць нас, Алесь Мікалаевіч. Выручайце.
– Але... – ён хацеў быў адмовіцца і не змог, імкліва ўсхапіўся.– Пойдзем.
На сэрцы заныла: там жа многа знаёмых. Прыйшоўшы на пляцоўку, з выклікам агледзеў валейбалістаў і збянтэжана апусціў вочы. Да яго ніхто не праявіў асаблівай цікавасці.
3 Алесевым прыходам гульня ажывілася. Ён стараўся перахапіць кожную падачу, падаў, адбіваючы моцны ўдар, спрытна біў сам. Калі гульня скончылася, ён быў потны і шчаслівы. Забыўся на Булая, на яго пагрозы. Ён быў малады і зноў адчуваў, што яго цела набіралася сілы.
– Дзякую, хлопцы, што выцягнулі, а то занудзіўся быў, – прызнаўся ён.
– Вы самі нешта пачалі цурацца нас, – сказаў Пракоп. – Булай не можа жыць, каб не накінуцца на каго. Цяпер на вас, заўтра можа – на мяне, ці яшчэ на каго. Ваюе, не спіць у шапку. Мы гэта ведаем, і да сэрца не бяром. Пакрычыць, пакрычыць – дый перастане...
– Як той казаў: а караван сабе ідзе... – растлумачыў Алег.
– Бог-Пярун патрабуе ахвяры... Так, ці што? – насмешліва запытаў Алесь. Яму ўжо не было справы да таго, што ахвярай зараз з’яўляецца менавіта ён. Яго абурыла лёгкасць, з якой Пракоп згаджаўся з гэтым.
– Во, хацеў супакоіць, падбадзёрыць, – пакрыўдзіўся Пракоп.
Алесь засмяяўся. Дарэмна ён кепска падумаў пра гэтых хлопцаў.
– А ну яго! – сказаў ён.– Пайшлі да мяне. Такую каву прыгатую.
Не паспелі дайсці да пад’езда, як іх аклікнулі. Ішоў Сямён з Зінай. Убачыўшы Алеся, Зіна спынілася, вырвала з Сямёнавай рукі сваю.
– Чулі? – Сямён быў узбуджаны, гаварыў гучна, ледзь не крычаў. – Чулі, што яна надумала?
– Сціхні! – узмалілася Зіна.
– А што, чаго сціхні? – Сямён пераможна глядзеў на сяброў: – Яна хоча да нас у брыгаду. Возьмем, га?
– Ты ўгаварыў? – усміхнуўся Пракоп, можа ўпершыню пазіраючы на дзяўчыну без іроніі.
– Сама, – Зіна раўнадушна адвярнулася, нібы гэта была не бог ведае якая падзея.
Пракоп наморшчыў пераноссе. У брыгадзе не было свабоднага месца. А як аб гэтым сказаць, каб не пакрыўдзіць дзяўчыну.
– Уладзім, – зразумеў яго ваганні Алесь і сказаў Зіне: – Я рады за вас.
– Дзякую! – яна ўспыхнула, бы макаў цвет.
– Чаго ж мы стаім? – апомніўся Алесь. – Сямён, Зіна, хадзем да мяне!
Сямён пакруціў галавой, але адмовіцца не паспеў: Зіна ўжо ўзышла на прыступкі. Сямён нешта буркнуў і паплёўся следам.
Пакой, дзе жыў Алесь, быў такі ж, як і ў хлопцаў, – звычайны пакой інтэрната, з адным акном, вузкі і даўгаваты. Толькі хлопцы жылі па тры чалавекі, а Алесь адзін. У яго было больш прасторна. Замест ложка стаяла тахта, ля другой сценкі – невялічкі стол, побач са столікам – крэслы. Сённяшнія госці – былі яго першыя. I ён чакаў, што яны скажуць.
– А ў вас няблага, – Зіна з цікавасцю агледзелася, адышла ад парога, правяла пальцам па стале. На лакавай паверхні стала засталася чорная бліскучая палоска. Зіна паківала галавой:– А ну, усе адсюль. Алесь Мікалаевіч, дзе ў вас вада і ануча?
Хлопцы пастаялі ў калідоры, пакурылі, прыслухоўваючыся, як Зіна перасоўвае мэблю, плёскае вадой. Затое пакоя было не пазнаць. Зіна не толькі прыбрала, але і па-свойму пераставіла і стол, і крэслы, і тахту, Пакой нібы зрабіўся шырэйшы, пасвятлеў.
– Вось гэта парадак, га? – Алесь збянтэжыўся.
– Можа больш пастараецеся, каб у брыгаду перавялі? – насмешліва сказала яна.
Каву Алесь прыгатаваў добрую, духмяную, густую.
– Аказваецца, можна і без віна абысціся,– сказала Зіна, – кава таксама на размову выклікае.
– Толькі не на нашым вяселлі, Зіна, – Сямён гэта сказаў спаважна, па-гаспадарску. – Там мы будзем піць віно...
– I крычаць «горка», – сказаў Алег.
– 3 мяне хопіць, – Зіна падышла да паліцы з кнігамі. – Колькі іх у вас, Алесь Мікалаевіч! – Зіна выцягнула са стоса кніг часопіс. – Нават «Апельсіны з Марока»!
– У мяне ад іх такое ўражанне, быццам не апельсін з’еў, а лімон, – Алесь нават скрывіўся, нібы сапраўды пасмакаваў лімон.
– Ну і дарэмна, – заступіўся за аповесць Алег. – Там нашы хлопцы. Сапраўдныя. Яны добраахвотна паехалі ў Магадан. Той самы Магадан, які нядаўна быў страшным месцам.
– Алег, не рвіся ў бойку. – Алесь загаварыў мякка, стараючыся пераканаць. – Героі Джэка Лондана таксама добраахвотна перакапалі Кландайк. Справа не ў тым, сам ты паехаў ці не. Важна, які ты, якія твае думкі, чым тлумачацца твае ўчынкі. Героі гэтых «Апельсінаў» нібы сапраўды робяць усё, ці амаль усё, правільна. А за душой у іх нічога няма. Мне бліжэй Паўка Карчагін. Яму, напэўна, было цяжэй будаваць вузкакалейку пад Харкавам, чым тым апельсінавым хлопцам з вышэйшай адукацыяй нешта такое не зусім выразнае рабіць у тайзе, недзе на ўскраі нашай зямлі. Я не разумею, чаго яны хочуць, чым жывуць, ці ёсць для іх што святое на свеце, за што яны, не задумваючыся, аддадуць сваё жыццё.
– Але такія паміралі ў вайну, – запярэчыў і Сямён.
– Такія, д'ы не зусім. Успомніце хаця б маладагвардзейцаў.
Госці неўзабаве пачалі развітвацца. Алесь праводзіў іх уніз, да выхаду. Потым яшчэ доўга стаяў на ганку, падставіўшы разгарачаны твар свежаму ветру. «Харошыя хлопцы», – думаў ён пра іх.
XV
Сямён усю дарогу маўчаў, безуважны да размовы, якую вялі хлопцы. Але калі Пракоп назваў імя Баравіка, Сямён схамянуўся. Вось хто вінаваты, што Зіна раптам аддалілася ад яго. Гэта Баравік прыдумаў каву, літаратурную спрэчку, каб падкрэсліць сваю перавагу над ім, Сямёнам. Нездарма Зіна прасядзела ўвесь вечар прыціхлая, задумлівая... Баравік зноў становіцца яму насуперак дарогі.
– Шкада Алеся Мікалаевіча,– даказваў Алег Пракопу,– хліпкі ён побач з Булаём, хоць праўда на ягоным баку.
Гэта было ўжо занадта. Сямён ускіпеў, загарачыўся:
– Твой Баравік толькі прыкідваецца прастачком. Але Булай яго раскусіў.
– Эх, Сямён, Сямён,– сказў Пракоп,– ты, можа, думаеш, што ў яго нешта ёсць да Зіны...
– Ты што гаворыш, што? – ад таго, што Пракоп разгадаў яго думкі, Сямён разгубіўся.
– Закаханыя лаюцца – толькі мілуюцца, – паспрабаваў пажартаваць Алег.
Сямён крыху супакоіўся.
– Як хочаце,– сказаў ён,– а я не давяраю Баравіку. Скажаце, што ён маю прапанову прабіваў. Дык, па-першае, гэта было яму самому выгадна. А па-другое, і Булай не дурань.
– Не спяшайся, Сямён,– сказаў Пракоп.– Мне Алесь Мікалаевіч падабаецца. Шчыры ён.
– Прысуд зроблены і абскарджаны быць не можа,– Алег здзёр з галавы кепку, памахаў ёю перад сябрамі і, адчыняючы дзверы, сказаў:—Прашу вас, сеньёры! Між іншым, мсье Дзікун, вы ведаеце, што сказаў старажытны мудрэц? Старажытны мудрэц сказаў: «Лепш думаць добра, чым дрэнна».
Сямён можа і хацеў думаць пра Баравіка добра, але не мог. Ён паспрабаваў папракнуць Зіну за безуважнасць да яго, як раптам яна раззлавалася.
– Зіна, супакойся,– Сямён ужо быў не рады, што зачапіўся.– Мы ж хутка ажэнімся.
Зіне не вельмі падабаліся напаміны пра хуткае вяселле:
– Калі хочаш ведаць, дык таго вяселля можа і не быць.
– Апомніся...– пабялеў Сямён, я ўжо бацькам напісаў.
Ужо зусім спакойна, нават ласкава яна загаварыла:
– Даруй, Сеня. Я не мела права табе грубіць. Я павінна была сказаць табе даўно... Я не люблю цябе і ніколі не буду любіць. Не шукай вінаватых. Вінаватая толькі я адна.
Каб Зіна не сказала апошніх слоў, Сямён бы яшчэ сумняваўся. Цяпер жа ён ведаў, чыя тут віна. Ён пайшоў да Булая. Хацелася раскрыць сваю душу, знайсці спачуванне.
– Васіль Міхайлавіч, цяпер мне не патрэбен пакой. Помніце, я вас прасіў, – Сямён быў разгублены.
– Да цёшчы рашыў? – Булай не адразу эразумеў яго.– Чакай, чакай, што здарылася?
– Не будзе ў нас вяселля. Зіна сказала.
– Хэ! Гэта яна, каб падражніць. За цябе любая дзеўка пойдзе.
– Нічога вы не ведаеце. Яна другога кахае. Баравіка.
Булай ледзь не падскочыў. Гэтага яшчэ не хапала. Такі, здавалася, сціплы. А бач ты! Дзеўкам галовы круціць, хлопцам каханне разбівае. Хіба Дзікун цяпер будзе працаваць, як раней? Ну, чакай, Баравік, гэта табе не пройдзе. А Сямёну сказаў:
– Дзякуй, што да мяне за падтрымкай прыйшоў. Цаню твой давер. Дзеўку не вернеш.– Булай развёў рукамі, падміргнуў, маўляў, сам разумееш – тут справа тонкая.– А на Баравіка ўправу знойдзем.
– Я не за гэтым,– Сямёну стала сорамна, нібы ён сапраўды прыйшоў жаліцца на Баравіка,– я ад пакоя хацеў адмовіцца. Мо каму больш патрэбен.
– Джэнтэльменства – рыса пахвальная. Але гэта не твае клопаты. Не бойся. Я ўсё разумею.
Ад Булая Сямён пайшоў з адчуваннем, што здарылася нешта брыдкае, прыкрае, агіднае.
XVI
Набліжалася свята. Булай раз-пораз падыходзіў да вялікага аркуша паперы, што быў прымацаваны да сценкі. Заклаўшы рукі за спіну, задаволена пазіраў на графік, дзе чырвонай, сіняй, зялёнай і чорнай лініямі адзначалася, як выконваюць участкі, змены і цэх дзённыя і месячныя заданні, план па наменклатуры. Графік не выклікаў трывогі. Здаралася, становішча было горшае, але выкручваліся. А зараз дык нават можна будзе заткнуць рот усім крыкунам і малаверам.






