Текст книги "Майская раніца"
Автор книги: Уладзімір Шыцік
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 4 страниц)

I
Завод раскінуў свае карпусы на самай ускраіне горада. Адразу за агарожай, што высілася побач з ліцейным цэхам, пачыналася поле. За ім віднеўся пасёлак. Раней тут была невялічкая вёска. Потым, калі пабудавалі завод, вёску знеслі. Яе жыхары сталі рабочымі.
Мясціны вакол пасёлка прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі, і поле, якое кожную вясну было пакрыта яркімі краскамі.
Ціхія, нават маўклівыя, ваколіцы пасёлка звычайна ажывалі ў выхадныя дні. Сюды прыходзіла ледзь не ўся заводская моладзь.
Алесь Баравік на заводзе быў навічок, але ведаў пра гэтыя традыцыйныя маладзёжныя зборышчы. Як на тое, сабраўшыся сёння пайсці ў пасёлак, ён праспаў. Прыйшлося дабірацца аднаму.
Выехаўшы за тэрыторыю завода, Алесь выбраў лыжню наўздагад. Праз хвілін дваццаць яна прывяла да невялічкай палянкі. Адтуль след, пятляючы між стромкіх сасёнак, вёў некуды ўглыб лесу.
Неўзабаве дрэвы быццам расступіліся, даючы дарогу, і ўперадзе адкрылася нізіна. Алесь шыбануў з горкі ўніз. Пад нагамі нешта зачарнела і, раней чым Алесь паспеў прытармазіць, ён ужо ляцеў потырч у снег...
Недзе побач гучна зарагаталі. Потым нехта падаў палкі, памог абтрэсці снег.
– А вы не майстар спорту. Не.
Голас быў кплівы, але прыемны, дзявочы. Баравік сярдзіта адказаў:
– Вельмі вы здагадлівыя...
Потым зірнуў на дзяўчыну. Яна была апранута ў вішнёвага колеру спартыўны касцюм, які аблягаў яе ладную, гнуткую постаць. Шчокі ў дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Дзяўчына была прыгожая, і Алесю адразу расхацелася злаваць і на яе кпіны, і на сваю няўдачу. Ён працягнуў руку, назваў сябе.
– Між іншым, мы з вамі з аднаго цэха,– засмяялася дзяўчына.
Алесь спачатку здзівіўся. Такую дзяўчыну ён абавязкова заўважыў бы, каб сустрэў дзе раней. I раптам успомніў. Ён бачыў яе ўчора. Яна выходзіла з кабінета начальніка цэха. У яе яшчэ была чорная плямка на шчацэ, і Алесь не адважыўся сказаць ёй пра гэта. Начальнік цэха яму тады паабяцаў:
– Трымай вуха востра. Табельшчыца, Шалягейка. Характар – брытва.
Зараз, пазіраючы на дзяўчыну, Алесь, не хацеў пагадзіцца з Булаём. Дзяўчына яму спадабалася, і ён сказаў:
– Ледзь не заблудзіў. Добра, што напаткаў вас... вашу кампанію.
– Паехалі з намі,– сказала дзяўчына.
Іх было чацвёра: Зіна Шалягейка, Пракоп Дубасаў, Сямён Дзікун і Алег Хамянок. Алесь ужо бачыў іх на сваім участку, аднак за тыя некалькі дзён, што працаваў на заводзе, не паспеў з імі пазнаёміцца.
Ісці на лыжах было лёгка. Рыпеў пад нагамі снег. 3 галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Недзе ў далечыні перагукваліся лыжнікі. Сонца сляпіла вочы, і Зіна часта адварочвалася. Тады Алесь бачыў яе прыгожы твар, сінія вочы, якія ўсміхаліся. Алесь думаў, што Зініны вочы ўсміхаюцца яму.
Яны заехалі далёка, добра натаміліся. Алесь параіў адпачыць. Зіна адразу згадзілася, села на паваленую сасну, доўгую, з засохлымі сукамі і галінкамі.
– Якія дровы прападаюць!..– Пракоп пагладзіў па ствале далоняй.
– Эх ты! – засмяялася Зіна.– Усё думаеш пра выгаду. Вось і раскладвай касцёр. Праўда, Сеня?
Сямён Дзікун кінуўся абломваць сукі. Алесь яшчэ ў дарозе прыкмеціў, што Дзікун гатовы па першаму Зінінаму слову рабіць усё, што яна загадае. «Кахае, мабыць»,– здагадаўся ён. Яму ўжо расхацелася паліць касцёр ці ехаць куды-небудзь далей. А тут зноў умяшаўся Пракоп:
– Можа хто ў печы не адзін раз выпаліў бы, а вы дровы глуміце.
Сямён вінавата паглядзеў на Зіну і выпусціў абломлены сук. Зіна пакрыўдзілася, але пагадзілася:
– Хай ужо... Вось пасядзім ды вернемся.
– Яно і пара. Хутка прыцямнее,– Пракоп гаварыў з ледзь прыкметнай усмешкай у голасе. Адчувалася, што ён нешта ведае, але што – скажа не кожнаму. Быў ён невысокі, каржакаваты. Вабіў ён Алеся сілай і ўпэўненасцю, што ішла ад ягоных няспешлівых і разважлівых рухаў, ад вачэй, у якіх ледзь хавалася хітрынка, ад упартага падбародку. Калі вярталіся назад, Алесь наўмысля затрымаўся крыху і пайшоў побач з Пракопам. Хацелася пагаварыць з гэтым хлопцам аб рабоце, аб людзях, з якімі давядзецца працаваць. Ён чамусьці верыў, што іменна Пракоп зможа расказаць аб іх. Але, як ні дзіўна, Пракоп не падтрымліваў размовы. Ён, нібы назнарок, стараўся не адказваць на пытанні, якія задаваў Алесь то пра аднаго рабочага, то пра другога. А неўзабаве Пракоп сам пачаў пытацца:
– Вы, значыць, наш новы майстар?
– Так,– адказаў Алесь.– Адслужыў у арміі і – на завод.
– Дзе служылі?
Алесь адказаў.
– Глыбокі тыл.
– Не,– запярэчыў Алесь.– Там быў пярэдні край. А вось тут глыбокі тыл.
– У нас таксама пярэдні край. Работы хопіць,– не згадзіўся Пракоп і пасля гэтага непрыкметна разгаварыўся – Я таксама ў арміі служыў, а потым прыехаў сюды. Вось ужо другі год. Цэх наш самы вялікі. Прадукцыі даём за ўвесь завод. А мне ўсё здаецца, што мы толькі недзе на падыходзе да вялікай работы. У вас такога адчування не было?
– Напэўна, гэта бывае, калі чалавек не хоча стаяць на месцы,– раздумліва адзначыў Алесь.
– Магчыма,– згадзіўся Пракоп.
Алесь, адчуўшы ў яго голасе сухасць, падумаў, што давер’е гэтага хлопца будзе заваяваць нялёгка.
– От дзе вы! А мы шукаем,—Зіна паявілася аднекуль з-за кустоў, папрасіла: – Можна, я з вамі?
– Зіна, адкуль у тваім голасе гэтая пакорлівасць? – пажартаваў Пракоп і падміргнуў Алесю:– Яна ў нас сварлівая...
– 3 табою інакш не можна.
– А мне твае кіпцюры апрыкралі...
Напэўна, не хутка скончылася б гэта перапалка, але тут іх дагнала вялікая група дзяўчат і хлопцаў. Пасыпаліся прывітанні, жарты. I неяк так выйшла, што Зіна і Алесь адсталі ад кампаніі.
– Чаму ж вас пакінулі? – спытала Зіна.
– А вас? – усміхнуўся Алесь.
– Я сама адстала. Люблю цішыню.
Сказана гэта было шчыра, і Алесь паверыў, што, можа, сапраўды Зіне абрыдлі бясконцыя заляцанні. А можа,– гэтая думка мільгнула нечакана,– Зіна ўпадабала яго? Каб не выдаць сябе, ён спытаў:
– Нешта вы ўчора з Васілём Міхайлавічам не паладзілі?
– Ат, глупства: «маленькі дыванок»,– так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе прапясочвае.
– За што?
– Брыгадзір накапаў... У чалавека жонка хворая, спазніўся, а я не адзначыла ў табелі.
– Васіль Міхайлавіч за такое не будзе сварыцца.
– А вы адкуль яго ведаеце?
– Мы з ім старыя знаёмыя. Некалі пасля рамеснага я ў ягоным цэху працаваў. Цяпер, пасля службы, думаў, дзе б уладкавацца. А Васіль Міхайлавіч сустрэў: «Нікуды,– кажа,– не пушчу. Вяртайся да мяне». Вярнуўся. I вельмі задаволены. Булай ого які чалавек! Агонь!
– На агні можна згарэць,– Зіна налегла на палкі, вырвалася наперад. Алесь вымушан быў даганяць.
Яны хутка дагналі астатніх. Зіна пайшла побач з Сямёнам, нават не кіўнуўшы Алесю на развітанне. Алесь спачатку быў абразіўся. Але, падумаўшы, супакоіўся. Урэшце, яна і павінна была так паводзіць сябе. Дзяўчына прывыкла да ўвагі і не прывыкла быць уважлівай.
II
Аператыўка – кароткая нарада перад пачаткам работы – сёння зацягвалася. Начальнік цэха Булай захацеў паслухаць усіх інжынераў, брыгадзіраў і кіраўнікоў участкаў. Алесь назіраў, як Булай час ад часу нешта запісваў чырвоным алоўкам у блакнот, хмурыўся. Цікава, задаволены начальнік цэха работай сваіх падначаленых ці не?
Звычайна брыгадзіраў не выклікалі на аператыўкі. Але Булай усё перайначыў, загадаўшы, каб брыгадзіры з’яўляліся на нарады таксама, бо гэта нібы дэмакратызуе кіраўніцтва, вядзе да калегіяльнасці ў рабоце, і сёння на аператыўцы былі ўсе брыгадзіры. Пракоп Дубасаў сказаў, што Сямён Дзікун хоча сумясціць у адну тры аперацыі па шліфоўцы шыек каленчатага вала. Гэта давала магчымасць паскорыць увесь працэс апрацоўкі.
– Калі? – запытаўся Булай.
– Ну-у, праз тыдзень...
– А сёння дваццаць сёмае. Пакуль вы будзеце эксперыментаваць, мы месячны план завалім,– рэзка перабіў Булай.
– Васіль Міхайлавіч, мы ў калектыве падлічылі, не завалім, – пачаў прасіцца Дубасаў.
– Калектыў гэта мы ўсе,– Булай устаў за сталом, зрабіў шырокі жэст рукой,– і агульнымі інтарэсамі трэба даражыць. Сёння Дубасаў захоча рабіць па-свойму, заўтра – Ганакова. А план хто цягнуць будзе? Не, дарагі. Дай план, а потым – вынаходзь, шукай. Становішча такое, што цэх ледзь укладваецца ў праграму. Прашу, таварышы, звярнуць на гэта ўвагу. Мне патрэбны не сто, нават не сто адзін, а сто тры працэнты. Так рашыла кіраўніцтва, а я ніколі яшчэ не быў у хвасце.
Булай закрыў нараду. Людзі пачалі разыходзіцца. Пайшоў да дзвярэй і Алесь, але яго паклікаў начальнік цэха.
– Саша!..
Алесь вярнуўся, падышоў да стала.
– Садзіся. Час трывае, пагаворым.
Алесь сеў у мяккае скураное крэсла, якое стаяла па гэты бок стала. Яго і радавала і непакоіла гэтае запрашэнне. 3 нейкім хваляваннем чакаў, што Васіль Міхайлавіч скажа.
Алесь быў ужо не той хлапчук, якога некалі прывёў Булай у свой цэх. За яго плячамі – гады службы ў арміі, дзе ён сам быў камандзірам. А ўсё роўна, як і раней, перад Булаём адчуваў сябе ніякавата, быццам зноў вярнулася семнаццаць гадоў, у якія Саша Баравік любіў пасваволіць.
– Узмужнеў, узмужнеў,– сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся.– Як табе ў нас?
– Прывыкаю.
– Усяго толькі?
У голасе Булая прагучала незадаволенасць. Ён быў вялікі патрыёт свайго цэха і хваравіта ўспрымаў раўнадушнасць каго-небудзь з падначаленых да цэха і цэхавых спраў. Алесь ведаў гэта і, злуючыся на сябе за сваю звычайную стрыманасць, загаварыў:
– Вы не так зразумелі мяне, Васіль Міхайлавіч. Я, наогул, прывыкаю да цывільнага жыцця. А ў вас мне прывыкаць не трэба. Гэта ж мой другі родны дом.
– Вось бачыш,– у Булая пасвятлелі вочы,– ты правільна разумееш і, спадзяюся, цэніш. Ты – кадравік, хоць восем гадоў адсутнічаў. А ёсць усякія. Толькі прыйшлі ў калектыў і адразу: «Тое не так, гэта не так». Але я не здаюся. Мая лінія правільная. Яе я і адстойваю, працуючы ў цэху. Ну, а з крыкунамі справімся. Ты мяне ведаеш. Так, га?
Крыкуноў, якія перашкаджаюць справе, Алесь таксама не любіў і згодна кіўнуў галавой.
– Ёсць у мяне такія-сякія задумы, як палепшыць работу цэха,– Булай загаварыў ужо спакойным, дзелавым тонам.– Думаю некаторыя перастаноўкі людзей зрабіць. Так што хутчэй асвойвайся, дам табе новую пасаду.
– Дзякую, Васіль Міхайлавіч, але мне і гэтай хапае,– Алесь не здзівіўся планам Булая. Колькі ён помніў, той заўсёды нешта прыдумваў, гаворачы: «Больш за ўсё баюся, каб не было застою, балота гнілога».
– Ну-ну. Сціпласць – рыса пахвальная. Аднак справа зараз не ў тым, што табе хапае. Важна, што ты можаш даць. Зразумеў? – Булай пабарабаніў пальцамі па шкле, пад якім ляжалі рознакаляровыя графікі, дакладныя, заяўкі.– Ты ведаеш, што наш цэх самы вялікі на заводзе? Махіна. Гонар кіраваць такім гігантам. Але і адказнасць вялікая. Начальнік павінен быць заўсёды на ўзроўні патрабаванняў жыцця. Я пра што падумаў? Цяпер усюды ідзе скарачэнне штатаў. Пашукаўшы, дык і ў нас ёсць унутраныя рэзервы. Начальнікаў у нас хутка будзе менш. Затое яны будуць самыя моцныя. Гэту ідэю я выношваю. Гэта перспектыва, уменне бачыць будучыню. Але нельга забываць і пра надзённае. Перабудова – перабудовай, а запасныя часткі давай.
– Васіль Міхайлавіч, а раптам Дубасава праўда?
Булай уважліва, нібы ацэньваючы, зноў агледзеў Алеся, заўважыў:
– Я сказаў: эксперыменты – пасля першага.
Размова, што ў пачатку насіла адценне інтымнасці, неяк выбілася з каляіны. Булай, здавалася, страціў ранейшую цікавасць да субяседніка, і Алесь паспяшаўся развітацца.
На вуліцы было холадна. Рэзкі вецер, вылізваючы абкатанўю машынамі дарогу, шпурляў у твар калючы снег, перамешаны з пяском.
Наставіўшы каўнер, Алесь крочыў насустрач ветру і думаў, чым бы заняцца вечарам. Размова з Булаём пакінула непрыемнае адчуванне, нечым непакоіла, і таму не хацелася заставацца ў адзіноце. А куды пайсці? Ён раптам адчуў, што не мае да каго пайсці. Можа да сваіх хлопцаў? Ён пасля той паездкі ў лес трохі здружыўся з імі, сустракаючыся на рабоце.
Дома быў толькі адзін Сямён. Ён стаяў перад люстэркам і вывязваў вузел на гальштуку. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы. Сямён незадаволена паглядзеў на Алеся, які перашкодзіў яму прыхарошвацца, і адказаў:
– Пракоп з Алегам у інстытуце.
– А ты на спатканне? – не здымаючы з ягонай шыі гальштук, Алесь умомант завязаў вузел.
Не падзякаваўшы, Сямён адказаў:
– Так, на спатканне. Між іншым, з Зінай...– і як бы чакаў, што на гэта скажа Алесь.
Алесь не прыняў выклік і шчыра сказаў:
– Зайздрошчу, харошая дзяўчына. Ну, бывай.
Бадай, Сямён недарэчы напомніў пра Зіну. Алесю стала яшчэ больш самотна, і ён ледзь не подбегам накіраваўся да аўтобуснага прыпынку, каб хутчэй трапіць на людзі.
– Э-э, каго бачу!..– у аўтобусе нехта схапіў Алеся за руку.
Алесь азірнуўся. На заднім сядзенні, ля самых дзвярэй, сядзеў мужчына, апрануты ў моднае варсістае паліто і высокую шапку. Алесь наморшчыў лоб, сілячыся здагадацца, хто б то мог быць.
– Не пазнаеш,– смяяўся мужчына.– Ай-ай!.. I трэці раз «ай». Сорамна адракацца ад старых сяброў, Крон.
– А-а,– узрадаваўся Алесь. Апошняе слова нагадала яму рамеснае вучылішча і мянушку, якую далі Алесю некалі хлопцы. У самы першы дзень іх вытворчай практыкі Алесь, вярнуўшыся з завода, пахваліўся, што працуе ўжо на станку. Хлопцы былі не паверылі. Каб даказаць ім, ён заявіў: сёння пальцы цыліндра шліфаваў. Дакладна – на мікрон. Назаўтра высветлілася, што працаваў рабочы, а Саша Баравік толькі стаяў побач. I хлопцы з тае пары называлі яго Мікрон. Пакрысе мянушка стала карацейшая, засталося «Крон». А прыдумаў яе, здаецца, гэты самы салідны мужчына, які тады быў зухаваты, а да вучобы ленаваты. «Як жа яго звалі? Ду... Ду... Дудзік».
– Здароў, Дудзік!
Па сонечным твары мужчыны слізнула хмарка.
– Чакай, пра якога Дудзіка ты гаворыш? – кісла спытаў ён.
– Пра таго, які заўсёды дудзеў: суп без мяса, катлета малая, кісялю няпоўная шклянка. Так, так, Пятрусь Кібрык.
– От, шэльма, успомніў!..—палагаднеў Кібрык.– А мне пра цябе Булай расказваў. Рады я, што ты зноў да яго трапіў. Мне от невыпала. Як закончыў інстытут, у планавым аддзеле працую. Але, паверыш, сумую часам па гаечным ключы.
Кібрык заўсёды любіў многа гаварыць, і Алесь з задавальненнем слухаў яго, успамінаючы тую даўнюю, цудоўную пару свайго семнаццацігоддзя.
– Ты куды едзеш? – спахапіўся Кібрык.– Не ведаеш? От дзівак! Заедзем да мяне, а потым некуды завалімся. Хочаш у рэстаран, дзеля такой сустрэчы, а хочаш – у тэатр.
– Давай лепш у тэатр,– згадзіўся Алесь.
– Аднак раней па кілішку прапусцім,– падміргнуў Кібрык.
Яны заседзеліся ў Кібрыка, успамінаючы былое, і спазніліся ва ўсе тэатры. Стаялі ў вестыбюлі, гадалі, куды б пайсці яшчэ. Не хацелася выходзіць з цёплага памяшкання.
Мароз памацнеў. Дзьмуў парывісты сівер. Вуліцы былі амаль пустыя. Рэдкія прахожыя таропка хаваліся ў пад’ездах, забягалі ў магазіны.
– Хіба да дзяўчат куды завітаць? – Кібрык туліў галаву ў каўнер. Не дачакаўшыся Алесевага адказу, перабег вуліцу, нырнуў у аўтаматную будку.
Алесь бачыў, як ён горача нешта даводзіў, махаў рукой, потым зноў набіраў нумар і зноў гаварыў. Вярнуўшыся, сказаў:
– Паедзем, запрашалі...
Віно, выпітае з Кібрыкам, кружыла галаву, і Алесь, не раздумваючы, згадзіўся.
Неўзабаве яны былі ўжо на ўскраіне горада. Кібрык упэўнена націснуў кнопку званка раз, потым другі. Яго званок тут, відаць, ведалі. Бо яшчэ з-за дзвярэй глухаваты жаночы голас супакоіў:
– Зараз, Пеценька, зараз.—Гаспадыня не здзівілася, што Кібрык не адзін, а, наадварот, яшчэ ветлівей запрасіла:
– Заходзьце, хлопчыкі, заходзьце.– I зазірнуўшы ў пакой, папярэдзіла: – Ніна, сустракай гасцей.
Алесь адчуваў сябе няўпэўнена, а калі з пакоя выйшла Ніна Ганакова, зусім збянтэжыўся: не чакаў, што Кібрык завядзе да знаёмых. А той стаяў і ўсміхаўся.
Выручыла Нініна маці, Ганна Сцяпанаўна. Яна памагла распрануцца, завяла ў залу, пасадзіла да стала, паабяцаўшы зараз прынесці чаю. I за гэты кароткі час паспела распытаць у Алеся ледзь не пра ўсё ягонае жыццё. Рабіла яна гэта між іншым, і Алесь адказваў ахвотна, забыўшыся, што прыйшоў сюды ўпершыню.
Пілі чай. Алесь хваліў гаспадыню за ўменне кулінарыць ды ўпотай сачыў за Нінай і Кібрыкам. Гэта была дзіўная пара. Кібрык відны хлопец – шыракаплечы, высокі, прыгожы з твару. Ён сам, здавалася, ні на хвіліну не забываў аб сваёй прыгажосці, бясконца прыгладжваў і без таго прылізаныя каштанавыя валасы. Побач з ім Ніна выдавала вельмі ўжо несамавітай: на ёй сціплая паркалёвая сукенка, ды і з твару дзяўчына выглядала горш, як на рабоце, хоць там хадзіла ў сінім спяцовачным халаце. Адно, што ўразіла Алеся,– вочы, вялікія, карыя, з смяшлівымі агеньчыкамі.
– Ешце, малады чалавек, ешце,– Алесь не заўважыў, як гаспадыня паклала перад ім яшчэ адзін кавалак пірожнага.
Ніна з Петрусём зарагаталі, а Ганна Сцяпанаўна абурылася. Яна, мабыць, вельмі любіла частаваць вось такіх, як Алесь, халасцякоў, што ніколі не паспытаюць дамашняга печыва.
Алесю падабалася сядзець ва ўтульным пакоі, і ўжо з прыкрасцю думалася, што стрэлкі гадзінніка бягуць занадта хутка, неўзабаве прыйдзецца пайсці адсюль. Яму хацелася пасядзець яшчэ колькі хвілін, але Кібрык устаў і сказаў, што пара ісці.
Ніна і маці спрабавалі іх затрымаць, а калі хлопцы настоялі на сваім, Ганна Сцяпанаўна ўзяла з Алеся слова, што ён яшчэ зойдзе да іх.
Алесь крыху здзівіўся, што Ганна Сцяпанаўна запрашала ў госці толькі яго. Кібрыка яна як быццам і не бачыла. Тады чаго яна так ветліва сустракала яго? I наогул, чаму сюды ходзіць Кібрык? Чаму ён раптам заспяшаўся дамоў? Але пытацца ў яго не хацелася. Затое сам Кібрык выказаўся даволі шчыра.
– Віншую, здаецца, яна за жаніха цябе прыняла,– сказаў Кібрык. – Са мной гэтыя штучкі не прайшлі. Мне гэтая Нямогліца не вельмі патрэбна.
– Навошта ж ты ходзіш? – абурыўся Алесь.
– А што, нам лепш было мерзнуць?
Алесь прамаўчаў. Ад нядаўняга лагоднага настрою ўжо нічога не засталося.
III
Зіна прайшла міма і не прывіталася. Гэта здзівіла Алеся. Яшчэ ўчора яны зноў каталіся на лыжах, і Зіна, як толькі Алесь адставаў, заўсёды аказвалася побач. I вось маеш!.. Прайшла і не прывіталася. Алесь слухаў Ніну і ўвесь час думаў, чаму пакрыўдзілася Зіна. Здаецца, цічога дрэннага ён ёй не зрабіў. Падышлі хлопцы. Сямён Дубасаў зноў пачаў гаворку пра тое, каб не адкладваць яго прапанову да першага, а ажыццяўляць неадкладна.
– Сумясціўшы тры аперацыі ў адну, мы толькі паскорым працэс,– даводзіў ён.
Алесь быў на баку Булая.
Хлопцы прамаўчалі, а Сямён не вытрымаў:
– Пад чужую дудку скачаш, з Булаём хочаш мірна жыць.
– Ох, і калючка ты!..– папракнуў Алесь.
– I няхай...– выгукнуў Сямён,– пайшлі, хлопцы, гэта мы ўжо чулі.
Алесь пайшоў да начальніка цэха.
Кабінет начальніка цэха знаходзіўся ў самым канцы пралёта, за добрых дзесяць хвілін хады ад Алесевага ўчастка. Пакуль дойдзеш, ёсць час абдумаць і сваю віну, калі маеш такую, і тое, што збіраешся сказаць начальніку. Але сёння Алесь не ведаў, чаго яго кліча Булай. Здаецца, і лаяць няма за што, і хваліць таксама.
У кабінеце заўсёды было непрывычна ціха. Толькі ледзь прыкметнае дрыжанне сцен напамінала, што недзе блізка працуюць станкі, агрэгаты, шугае магутнае заводскае жыццё. Аднак сёння Алесь адчуў, што нешта адбылося ў гэтым ціхім кабінеце. У вочы кінуўся беспарадак, які панаваў на вялікім начальніцкім стале. Сам Булай, заклапочаны, з акулярамі, ссунутымі на лоб, не сядзеў, як звычайна, у крэсле, а стаяў збоку стала.
– Графік зрываецца,– замест прывітання сказаў Булай.– Распусціліся людзі, страцілі пачуццё адказнасці. Вось затрымаю змену на пару гадзін, няхай папрацуюць.
– Рэзерваў каб пашукаць...– асцярожна сказаў Алесь, спадзеючыся, што Булай успомніць пра Сямёнаву задуму.
– Ты думаеш, я цябе паклікаў, каб ты мне парады даваў? – у густым і без таго голасе Булая чуўся гнеў.– Я цябе хацеў папярэдзіць, каб у хлопцаў ніякіх там фантазій... Толькі гатовыя валы. Па графіку, і нічога іншага. Усё. Прышлі суседа.
Не чакаючы, пакуль Алесь выйдзе, Булай схапіў тэлефонную трубку:
– Планавы? Кібрыка!
«А гэты навошта?» – падумаў Алесь, спускаючыся па крутой сталёвай лесвіцы ў цэх.
Вестка аб аўрале не выклікала пярэчання. Відаць, рабочыя прывыклі да гэтага.
– Канец месяца...– растлумачыў Пракоп.
– А як жа графік? – недаўменна пачаў быў Алесь.
– То Булай для прыгожага слоўца гаварыў. А выходзіць, як у канцы мінулага месяца штурмавалі план, так і зараз штурмуем. У наступным таксама будзем.
Было прыкра, што нават Пракоп не бачыць нічога заганнага ў гэтым. Як ні мала ведаў Алесь умовы працы на вытворчасці, але разумеў, што, пакуль большасць рабочых не адчуе адказнасці за рытмічную працу, ліхаманка не спыніцца. Аднымі загадамі начальства тут рады не дасі.
Пасля работы Алесь у прахадной сутыкнуўся з Паўлаўцом. Макар Сяргеевіч Паўлавец меў ужо за пяцьдзесят. Кадравік, паважаны чалавек, важак камуністаў механічнага цэха. Алесь пазнаёміўся з ім, калі браўся на ўлік.
Няспешны ў рухах, разважлівы, Макар Сяргеевіч падабаўся людзям сваімі вачамі, у якіх ніколі не згасаў агеньчык цікаўнасці да ўсяго, і яшчэ ўсмешкай, лагоднай і хітраватай. Убачыш яе, і палягчэе на сэрцы.
Гадзіны працы за станком, калі і перакурыць няма часу, здавалася, не стамілі Макара Сяргеевіча. Гэтак жа, як заўсёды, адкрыта глядзелі вочы, толькі цёмныя кругі вакол іх пачарнелі і паглыбелі ды зморшчынак пабольшала. Яны адны паказвалі, як, напэўна, цяжка яму зараз засяродзіцца ў гутарцы з субяседнікам.
Сам Алесь не адважыўся б пачаць гаворку пра тое, што яго ўсхвалявала, занепакоіла. Аднак Паўлавец пайшоў яму насустрач.
– Не чакалі, што канец месяца будзе такі напружаны? – спытаў ён.– У арміі расклад не ламаецца.
– Бывалі трывогі і ў нас,– няпэўна адказаў Алесь. Яму многае яшчэ здавалася няясным, таму не хацелася распачынаць сур’ёзную размову.
– Вучэбныя? – усміхнуўся Паўлавец.
– Прызнацца, я думаў, што ўжо няма штурмаўшчыны.– Алесь зразумеў, што ад Паўлаўца ўтаіцца цяжка.– Нават газеты рэдка пішуць пра яе.
Макар Сяргеевіч адказаў не адразу. Ён, хутчэй, ухіліўся ад адказу:
– Думаю, гэта не штурмаўшчына ў тым сэнсе слова, як уяўляеце сабе вы. План мы выканалі б без яе. Але Булай захацеў даць некалькі лішніх працэнтаў.
– Навошта тыя працэнты? Хіба Булаю?
– Не так злосна, малады чалавек...– Паўлавец загаварыў яшчэ мякчэй.– Булай – начальнік цэха. Ён не хоча, каб мы былі горшыя ад усіх – раз, ды і прэміяльныя нешта значаць.
– Пераможцу не судзяць, так? – Алесь вырашыў спрачацца.– Значыць, любы метад добры, абы ў перадавікі выбіцца, абы прэмію атрымаць? Вы паслухалі б, як ён сёння з людзьмі размаўляў. Як заўзяты фельдфебель з навабранцамі.
– Хапілі лішку, малады чалавек! – гарачая тырада не зрабіла ніякага ўражання на Паўлаўца.– Ведаю. Усе ведаюць, што Булай не стрыманы, што любіць пакамандаваць. А заўважце, калі ён такі робіцца? У дні найбольшага напружання. Ён гарыць тады сам на рабоце і хоча, каб астатнія гарэлі. Ён умее арганізаваць людзей, а гэта – галоўнае. Вы пагаварыце з рабочымі. Вам раскажуць нават больш, чым вы расказалі мне зараз. Яго недахопы не скрытыя. Але замахніцеся на Булая без падставы – вас не падтрымаюць. Булаю даруюць многае, бо ён многа дае людзям. Ён мае аўтарытэт на заводзе.– Паўлавец гаварыў разважна, не спяшаючыся, нібы ў такт сваім павольным крокам, і гэта рабіла словы важкімі, доказнымі.
Алесь разгубіўся. Макар Сяргеевіч не тое што пераканаў яго, а пасеяў сумненні.
Макар Сяргеевіч, мабыць, здагадаўся аб яго думках, бо, не прадаўжаючы размовы, развітаўся.
Алесь пачаў дакараць сябе за несправядлівасць у дачыненні да Булая. Так, Булай клапоціцца пра сваіх рабочых. Гэта Алесь паспеў ужо адчуць на сабе. Месяца не прабыў, а пакой атрымаў. Булай абяцаў нават цэлую кватэру. А нядаўна сказаў, што павысіць па службе. А для астатніх, напэўна, зрабіў яшчэ больш. Алесь пачаў дакараць сябе. Цяпер Булай здаваўся яму самым добрым, справядлівым чалавекам на заводзе.
IV
Не запальваючы святла, Алесь скінуў рабочую вопратку, прылёг на канапе. Думкі штораз вярталіся да размовы з Паўлаўцом. Расла незадаволенасць сабой, ад якой было адзінае выратаванне – пайсці на людзі. Алесь пачаў збірацца на каток.
Асветленае мноствам пражэктараў, ледзяное поле стадыёна блішчала, як у сонечны дзень. Па ім праносіліся віхурай канькабежцы то па аднаму, то парамі, то, пабраўшыся за рукі, цэлымі групамі.
Нейкі час Алесь глядзеў на каток, адчуваючы, як нястрымная сіла цягне яго туды, уніз. Адолены гэтай сілай, ён пабег па прыступках.
Алесь бегаў на каньках лепш, чым на лыжах. Некалі, яшчэ ў школе, потым у вучылішчы, ён удзельнічаў у юнацкіх спаборніцтвах і нават паказваў нядрэнны час на кароткіх дыстанцыях. 3 маленства ён любіў каток і тую мітусню, што панавала на ім. Алесь асцярожна абыходзіў тых, што нясмела трымаліся на каньках, спрытна ўхіляўся ад занадта смелых і рызыкоўных бегуноў. Нарэшце, ён прабраўся бліжэй да цэнтра, дзе парадак быў большы. Тут ужо можна было прайсціся на поўную сілу.
Змарыўся ён хутка, не зрабіўшы і пяці кругоў. I не дзіва: апошні год ён зусім не выходзіў на лёд. Запаволіўшы бег, ён пачаў выбірацца да бакавых лавак.
Вольнага месца, аднак, не знайшлося. Алесь трохі прайшоўся па пратаптанай абочыне і прысеў на зледзянелы снег. Гэта было крыху воддаль ад катка, затое адсюль добра відаць усё, што на ім робіцца. Але назіраў Алесь нядоўга. Яго зноў апанавалі думкі пра завод, пра хлопцаў, пра Зіну, пра тую прапанову Сямёна, якую не дазваляў ажыццяўляць Булай.
Непадалёк спынілася вясёлая і шумлівая купка моладзі. Алесь прыгледзеўся больш пільна і пазнаў сярод іх Зіну. Яна стаяла сярод хлопцаў і смяялася:
– Не, хлопчыкі, не ўгаворвайце, мне пара дамоў,– данесліся да Алеся яе словы.
Алесь падумаў, што недзе тут павінен быць і Сямён. Яго, аднак, не было. Дый кампанія была не падобная да той, дзе мог быць Сямён. Хлопцы паводзілі сябе дзіўна. Пабраўшыся за рукі, яны не выпускалі Зіну з круга. Алесь рашуча падышоў да іх і стаў побач з Зінай.
– Ось, бачыце! – гукнула Зіна.– А вы не верылі. Мяне чакаюць, і верны рыцар выратоўвае жыццё дамы свайго сэрца...
Алесь не разумеў, жартуе Зіна ці кпіць з яго.
I ўжо ля раздзявалкі Зіна шчыра сказала:
– Дзякуй, Алесь Мікалаевіч, што выручылі.
– Дзеля Сямёна стараюся,– пажартаваў Алесь.
– Зараз вы мне больш падабаецеся,– усміхнулася Зіна і раптам стала зусім простай, свойскай дзяўчынай.– Ці не праведзяце вы мяне да хаты? Заадно данесяце гэтыя рэчы...
На ўскрайку горада, дзе стаяў Зінін дом, было ціха і пуста. Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада, шум машын, гудкі паравозаў. А тут пад нагамі парыпвалі драўляныя тратуары, з бакоў абступалі штакетнікі заснежаным вішняком і бэзам. 3 комінаў узнімаўся дым, пахла паленым торфам, смажаным салам і яшчэ чымсьці няўлоўным.
На Алеся павеяла даўнімі ўспамінамі. Такія ж ціхія, спакойныя вуліцы былі ў яго родным прыдняпроўскім гарадку. Колькі разоў хадзіў ён з хлопцамі па іх, вяртаючыся ўвечары са школы.
Яны прайшліся па вуліцы раз, другі. Алесь не мог пачаць гаворкі, мабыць, перашкаджалі ўспаміны. Нарэшце ён запытаўся:
– Чаму вы табельшчыца, у вас жа атэстат?
– Мае ногі – мне бегаць.
Зусім не гэта чакаў пачуць Алесь, і надоўга прыкусіў язык: баяўся нарвацца зноў на з’едлівы адказ.
Зіна не вытрымала першая.
– Доўга будзем у маўчанкі гуляць? А можа крыўдуеце за Сямёна? – яна ўзяла насмешлівы тон, супраць якога вельмі цяжка бараніцца.
– Кампанія ваша не спадабалася,– Алесь рашыў гаварыць адкрыта.
– Мне таксама,– згадзілася Зіна.– Ды што зробіш? Лепшай няма.
– Сямён...
– Што Сямён! Ён жа такі нудны. А тыя хоць пагарлапаніць могуць.
– Наўрад ці панясу я вам гэты мех калі-небудзь яшчэ,– паспрабаваў пажартаваць Алесь, крыху, аднак, пакрыўдзіўшыся.
– Яшчэ як! – Зіна зноў стала гарэзлівай.– Я ўмею прасіць.
Яны спыніліся ля брамкі. Нізкаваты, цёмны, бо зачынены аканіцы, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду.
– Дзякуй,– Зіна насмешліва паглядзела на Алеся. Ён адчуў ніякаватасць, адвёў вочы ў бок. Зіна зарагатала, выхапіла ў Алеся сумку і схавалася за брамкай. Там яна счакала, пакуль Алесь, пастаяўшы трохі, пайшоў, і асцярожна выглянула ўслед. Алесь хаваўся ўжо за павароткай. Ён нават не азірнуўся, і гэта пакрыўдзіла Зіну. Яна з усяе сілы бразнула брамкай і забарабаніла ў дзверы, скалануўшы вячэрнюю цішыню вуліцы.
– Дзякуй богу!..– пляснула ў далоні маці.– Сямён зачакаўся.
V
3 цэха выйшлі ўтрох. Пачакалі Зіну. Яна выглядала свежая, ружавашчокая пасля душу.
– Зіна,– Пракоп надаў голасу здзіўленне,– а ты без гэтых, як іх называюць, румян нават папрыгажэла.
– Ага,– падтакнуў Алег,– проста прыгажуня.
– Хлопцы...– дакорліва сказаў Сямён.
– Я вам падабаюся, хлопчыкі? – Зіна не магла ўтрымацца, каб не пагарэзнічаць.– Падабаюся?.. То, можа, праводзіце да хаты?
Можна было паехаць да вакзала. Так было карацей. Але так было і хутчэй. А ім сёння пасля напружанага дня не хацелася так вось адразу расставацца. Таму дабраліся спачатку да плошчы Перамогі, а адтуль вырашылі прайсціся пешшу.
Надвячоркам на праспекце заўсёды шмат людзей. Адны вяртаюцца з работы, спяшаюцца. Другія, карыстаючыся вольнай хвілінай, ідуць павольна, цешачыся добрым надвор’ем, навакольнай прыгажосцю, радуючыся нечаму прыемнаму, свайму.
– Давайце на правы бок,– пацягнула хлопцаў Зіна,– там хоць Свіслач на рэчку падобная.
Сонца апускалася ўжо за дахі дамоў, чырванаватыя водбліскі падалі на рачны лёд, на снег. Сляпіла вочы. Пакапаўшыся ў сумачцы, Зіна выцягнула цёмныя акуляры. Акуляры зімой – гэта было незвычайна. На яе азіраліся, праводзілі здзіўленымі позіркамі. А Зіна ішла безуважная і ганарлівая.
Побач з Зінай хлопцы адчувалі сябе ніякавата.
– Не можа без спектакля,– буркнуў Алег.
Калі дайшлі да цэнтра, Пракоп рашуча сказаў:
– Ты, Зіна, забірай Сямёна і ідзі з ім куды хочаш. А мы ў сваю дарогу.
– Хлопчыкі, я не хачу,– Зіна выслабаніла руку, якую трымаў Сямён, учапілася за Пракопа.– Я не хачу дамоў.
Пракоп падумаў хвіліну, сказаў:
– Добра, хадзем у карцінную галерэю. Я даўно хацеў там пабыць.
– Геніяльна! – Зіна запляскала ў далоні, а Сямён спахмурнеў. Яму хацелася пабыць з Зінай удваіх.
У галерэі была адкрыта выстаўка новых работ. Хлопцы хадзілі асцярожна, прыгнечаныя цішынёй і нейкай урачыстасцю, што так уласцівы музеям. Потым, зацікавіўшыся, асмялелі. Яны спыняліся ля карцін па-гаспадарску, то падыходзілі бліжэй, то адступалі, выбіраючы найлепшае месца для агляду. Алег быў самы нецярплівы. Ён нідзе не затрымліваўся падоўгу і ўсё цягнуў астатніх, пакуль раптам не ўбачыў партрэт:
– Паўлавец!? Даль бог – ён!..– Алег спыніўся, як укапаны.
– Глядзіце!..– узрадаваўся, нібы сустрэўся з жывым чалавекам, Пракоп.
– Помніце, мастак да нас у цэх прыходзіў,– цяпер разышоўся Алег,– такі невысокі. Мы яшчэ смяяліся з яго скрынкі, што ён на раменьчыку цягаў.






