Текст книги "Майская раніца"
Автор книги: Уладзімір Шыцік
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)
– Гэта эцюднік называецца, – падказала Зіна.
– Ты паглядзі, як намаляваў добра. Здаецца, зараз Макар Сяргеевіч зніме свае акуляры і скажа: «Няма ў вас сур’ёзнасці, хлопцы!»
– Аднак, схапіў мастак...—засмяяўся Пракоп, пачуўшы, як Алег прачытаў карціну.
Выпадковая сустрэча з партрэтам знаёмага чалавека па-сапраўднаму зацікавіла, прымусіла без раўнадушнасці глядзець на другія карціны, што віселі побач, дала смеласці ўголас рабіць заўвагі. Хлопцы былі ў гэты час адзінымі наведвальнікамі, аднак работнікі галерэі пачалі ўжо на іх падазрона паглядаць. Прыйшлося крыху прыціхнуць. Толькі Алег не зважаў ні на што.
– Вось пакой для Сямёна з Зінай,– уголас заўважыў ён ля суседняга палатна.
Сямён збянтэжана зірнуў на Зіну, а тая весела запытала:
– Ты мне такое жытло падрыхтаваў?
На карціне былі намаляваны хлопец з дзяўчынай. Яны атрымалі кватэру. У іх, маладажонаў, яшчэ няма рэчаў, каб абставіць свой пакой. Але, відаць, іх гэта не турбуе. Хлопец шчыра радуецца, а ў дзяўчыны ў вачах лёгкі смутак і задуменне. Не хочацца, напэўна, пакідаць сваіх сябровак, з якімі так добра было ў інтэрнаце...
Сямён прыціх, зайздросцячы таму, незнаёмаму і шчасліваму. Зіна фыркнула: «Рай».
– Быў бы рай,– асуджальна сказаў Пракоп,– каб мастак не з цябе, Зіна, спісваў. Зірні, на ўслоніку твае «шпількі» з сумачкай стаяць,– і невядома было, каго ён больш асуджаў – мастака ці Зіну.
– Хлопцы,– узлавалася Зіна,– вам бы хоць кропельку рамантыкі, хоць на мезенчык!.. Вам трэба, каб мастак стружкі намаляваў, што не паспелі прыбраць пасля будаўнікоў.
– Трэба, каб было, як у жыцці, проста, – не згадзіўся Пракоп.– Хіба ім больш нічога нельга было прынесці, акрамя гэтай кашолкі. Ты ж яе не панясеш па вуліцы, хаця цябе ў сціпласці ніяк не абвінаваціш. Ты паглядзі на яе сукенку, прычоску. Не, гэта не яе сумка, а нейкай знаёмай мастака.
– Ат,– махнула рукой Зіна,– пайшлі.
Яны выйшлі з галерэі, але доўга яшчэ, аж пакуль не развіталіся з Сямёнам і Зінай, не маглі суцішыцца. Спрачаліся да самага інтэрната. Там іх ужо чакаў Алесь. Ён прыйшоў сюды паўгадзіны назад. Дзверы былі замкнёныя. Алесь для прыстойнасці пастукаў другі раз і, не пачуўшы адказу, спусціўся да вахцёркі. Яна паглядзела на дошку, дзе віселі ключы, і спачувальна паведаміла:
– Яшчэ не вярнуліся. А вы пачакайце. Яны хлопцы акуратныя, не позняцца.
Пахадзіўшы крыху па вуліцы, Алесь завітаў зноў. Вахцёрка ўзрадавалася, бо, відаць, засумавала ў адзіноце:
– Сядайце. Зараз прыйдуць. Абавязкова. У Дубасава сёння лекцый у інстытуце няма.
Пакуль Алесь стаяў, думаючы, што рабіць, прыйшлі Пракоп з Алегам.
– Прабачце, Аляксей Мікалаевіч,– узмаліліся яны і шчыра прызналіся: – На карціны загледзеліся і забыліся.
– А Сямён дзе? – запытаў Алесь.
– Вынаходцу амур падстрэліў,– падміргнуў Алег.– Паміраючы салодкай смерцю, давесці справу завяшчаў нам.
– Ох і балбатун,– узлаваўся нечага Пракоп,– абы трапануць, не толькі сябра, бацьку роднага не пашкадуе.
– Вельмі жарты люблю,– Алег і не думаў апраўдвацца.– Я чалавек вясёлы, не тое, што іншыя.
Алесь толькі ўсміхаўся. Каб яшчэ Сямён быў тут, зусім добра было б. А так нешта нібы грызе, выклікае незадавальненне. Але нічога. Ён жа сюды па справе прыйшоў, дык трэба справай і займацца. Як толькі ўвайшлі ў пакой, папрасіў:
– Пакажыце нататкі.
– Алесь Мікалаевіч,– Пракоп падышоў да стала, сеў побач з Баравіком,– вы маеце час? Маеце? То добра. Мы зараз былі на выстаўцы. Хачу вам трохі расказаць пра яе. Але спачатку скажыце: якая карціна будзе сапраўдная, ну, мастацкая, як звычайна кажуць.
– Задаў ты мне задачку!..– шчыра прызнаўся Алесь.—Думаеш, я мастацтвазнаўца? Я скажу табе, як сам разумею. Па-мойму, тая карціна добрая, на якую можна глядзець многа разоў і кожны раз адкрываць у ёй нешта новае, непаўторнае.
– Праўда, – згадзіўся Пракоп. – Вось сёння мы глядзелі карціну пра партызанаў. Многа іх там. Спачатку думаецца: навошта мастак панаставіў іх? А пастаяў і зразумеў, што так і трэба. Убачыў я людзей, якія жывуць адным – радасцю нядаўняй перамогі, і кожны перажывае яе па-свойму: адзін аж свеціцца шчасцем, другі, наадварот, сумуе крыху, трэці проста стомлены... У кожнага сваё.
– Я вось пра што хацеў спытаць. Ну, сапраўдныя карціны такія, дзе ўсё напісана па-людску, я разумею. А навошта іншыя? Ёсць там... Абстракцыі, як казала экскурсавод. Іх, чым больш глядзіш, тым больш брыдка робіцца. Дзе там уявіць што-небудзь? Дай бог зразумець, што да чаго.
– Абстракцыя, кажаш? —зацікавіўся Алесь.– Не новае ўсё гэта. Было ўжо. У свой час ім добра далі.
– Гэта ж калі? – перабіў яго Алег.
– Ды гадоў з трыццаць, а то і ўсіх сорак таму назад. А цяпер, бач ты, зноў павылазілі. Па-свойму, брат, зразумелі перамены ў нашым жыцці. Цікава, аднак, паглядзець, што яны там натварылі...
– Ды ўжо,– адказаў Пракоп,– хутчэй напэцкалі.
– Недзе я чытаў,– сказаў Алег,– што абстракцыяністы лічаць сябе мастакамі будучыні.
– А там не было напісана, што іх зараз яшчэ не разумеюць, што зразумеюць пасля? – спытаў Алесь.
Алег паціснуў плячыма.
Алесь заўсёды любаваўся Пракопам, калі той пачынаў гаварыць з захапленнем, горача. Алесь ведаў, што гэтаму юнаку нялёгка даецца жыццё. Працуючы, ён скончыў дзесяцігодку, зараз вучыцца на трэцім курсе інстытута. Хутка будзе інжынерам. А ўжо зараз, бадай, ведае тое-сёе не менш за іншага дыпламаванага спецыяліста. Гэта ён, Пракоп, падказвае сваім хлопцам большасць тых ідэй, якія праславілі на заводзе іх брыгаду. I ў той жа час ён знаходзіць магчымасць, не, хутчэй мае патрэбу, паглядзець новыя карціны, падумаць над імі.
Чым больш прыглядаўся Алесь да Пракопа, тым больш той яму падабаўся.
Яны яшчэ доўга гаварылі – і пра мастацтва, і пра космас, і наогул пра жыццё, забыўшыся, што збіраліся абмяркоўваць зусім іцшае. Толькі, калі недзе а дванаццатай гадзіне вярнуўся Сямён, успомнілі пра гэта. Але было пазнавата, каб сядзець за чарцяжамі. Вырашылі адкласці на раніцу.
VI
Неспакой не пакідаў Алеся цэлую ноч. Ён турбаваўся, калі ішоў назаўтра на работу. Нібы нечага не дарабіў, на нешта важнае забыўся. Так і не ўспомніўшы, што, менавіта, ён прыйшоў у цэх. Ледзь не на парозе сустрэў Ніну. Алесь хацеў быў, павітаўшыся, прайсці, але Ніна затрымала:
– Мы на вас крыўдуем,– сказала яна, трохі зачырванеўшыся.
– За што? – Алесь перабіраў у памяці, што такое дрэннае мог зрабіць Ніне.– Не ведаю за сабой віны.
– А вы бяздушны...– гэта не я, мама так вас называе. Яна ў суботу нагатавала ўсяго. А вы не прыйшлі. Абяцалі ж.
Толькі цяпер Алесь успомніў, што Ганна Сцяпанаўна яго сапраўды запрашала і ён сказаў: «Дзякую, прыйду»...
– Ды часу няма, канец месяца...
– Ну, канечне, на стадыён ёсць час. А яна прыгожая дзяўчына,– Ніна зірнула ў канец цэха, дзе была канторка табельшчыц.
Алесь сумеўся, быццам што благое зрабіў.
– Ага,– смяялася Ніна,– папаліся.
Падышоў Булай, запытаў:
– Ты што, Саша, як на споведзі?
– Хачу да маці ў госці яго завесці,– растлумачыла Ніна,– а ён аднейваецца.
– Вяровачку вазьмі ды і вядзі,– Булай, задаволена зарагатаўшы, адышоў. Урэшце Алесь сказаў:
– Перадайце Ганне Сцяпанаўне, што на восьмае сакавіка прыйду павіншаваць.
...Патраціўшы больш гадзіны на пакупкі, Алесь паехаў да Ніны.
Яго чакалі. Гэта Алесь зразумеў адразу, бо стол быў засланы, а на канапе сумаваў у адзіноце Кібрык.
– Праходзьце, праходзьце, Саша,– выглянула з кухні Ганна Сцяпанаўна,– мы зараз.
Прысутнасць Кібрыка ўзрадавала Алеся. Ён пабойваўся, што не знойдзе пра што гаварыць з жанчынамі цэлы вечар. А з Кібрыкам гэтага можна было не баяцца. Кібрык трымаўся ў любой кампаніі, быццам у сваім доме.
Ганна Сцяпанаўна пастаралася. Закуска была цудоўная. Выпілі віна. Потым падалі чай. Гаспадыня прынесла варэнне і, вядома, уласнай выпечкі пячэнне, булачкі, торт. Алесю гэты раз было лягчэй. Яго ўжо не лічылі больш навічком.
Глядзелі тэлевізар, круцілі пласцінкі. Потым разгаварыліся. Ганна Сцяпанаўна не перашкаджала моладзі, ціха сядзела ў мяккім крэсле ў баку і слухала.
Размова неяк сама сабой перакінулася на іх жыццё. Алесь сказаў:
– У мяне такое адчуванне, быццам на свет зноўку нарадзіўся.
– Значыць, армію закрэсліў? – Кібрык выцягнуў пачак папярос і павярнуў галаву да Ганны Сцяпанаўны: – Дазвольце?
Пыхкаючы папяроскай, ён з нейкай перавагай пазіраў на Алеся.
– Армія – гэта жыццёвая школа,– нахмурыўся Алесь.– Закрэсліваць восем гадоў службы не хачу, бо служыў не толькі па абавязку. А між тым, я заўсёды ўспамінаў завод. Рукі прасіліся да працы.
– Бач ты, якое тэарэтычнае абгрунтаванне,– Кібрык паспрабаваў зняць сур’ёзнасць, якая раптам з’явілася ў лёгкай застольнай гутарцы.– Лепш паслухайце анекдот.
– Пятрусь! – Ніна ўзняла руку.– Ты заўсёды жартуеш. Хіба табе не прыходзілася задумвацца, дзе ты і як?
– Аднойчы паставіўшы мэту, я іду да яе,– крыху напышліва адказаў Кібрык.
– Ведаю,– адмахнулася Ніна,– захацеў стаць інжынерам – стаў. А цяпер куды меціш? За начальніка планавага аддзела?
– Прымітыўна мысліш! – Кібрык засмяяўся.– На якое мне ліха тая пасада? Лішнія клопаты. А мне і так добра, без вялікага чыну.
– Дык ты шчаслівы? А што такое шчасце? – загаварыла раптам Ганна Сцяпанаўна.– Нешта я ніколі не чула, каб вы пра яго тут гаварылі.
– Шчасце – гэта задавальненне ўсіх жаданняў,– крыху падумаўшы, адказаў Кібрык.
– Канечне, калі твае жаданні адпавядаюць жаданням грамадства,– дадала Ніна, павярнуўшыся да Алеся.– Вы не згодны?
Ён адказаў не адразу, відаць, правяраючы сваю думку.
– Не згодны,– гэта прагучала некалькі катэгарычна, і ён паспяшаўся растлумачыць.– Па-мойму, дык шчасце ў іншым. Па-сапраўднаму шчаслівы той, хто ніколі не адчувае поўнага задавальнення. Бо шчасце – гэта не толькі вынік, але і шлях да мэты. Чым больш ён складаны, тым большае шчасце. Яно патрабуе ад чалавека заўсёды болей, чым дае.
– Артадокс! – Кібрык прайшоўся па пакоі, памацаў фарфоравую фігурку, што стаяла на палічцы, потым з незалежным выглядам сеў да піяніна.
Алесь нахмурыўся. Ён гаварыў шчыра, выказваючы сваё запаветнае, з чаго ніколі не жартаваў сам і не мог дапусціць, каб жартаваў хто іншы. А Кібрык дык, бадай, здзекаваўся з яго.
Умяшалася Ганна Сцяпанаўна. Яна прапанавала:
– Віна яшчэ колькі! Вып’ем.
– Праўда, хлопчыкі,– падтрымала Ніна.– Пятрусь, адкрывай шампанскае. Алесь Мікалаевіч, давайце з вамі вып’ем.
Адмаўляцца не было як. Корак стрэліў у столь, адскочыў на стол, нарабіўшы звону. Шампанскае запенілася ў шклянках.
Ахмялеўшы трохі, Алесь палагаднеў. Ён ужо больш не хацеў сур’ёзнай размовы. Ганна Сцяпанаўна пазірала на іх задаволена, з лагоднай усмешкай. Ніна ж чамусьці стала задумлівай. Кібрыка яна ведала даўно, ён быў свой і здаваўся зразумелым, ясным да канца. А вось Алесь... Яна параўноўвала іх, не ведаючы, каму аддаць перавагу. Алесь нібы прасцейшы і ў той жа час незразумелы са сваёй упартасцю, катэгарычнасцю. Кібрык побач з ім выглядаў больш сталым. Ніна ўсміхнулася сама сабе. Навошта ёй параўноўваць іх, як жаніхоў, што меліся хутка пасватацца? Неяк не ўяўлялася, што Кібрык, заўсёды галантны і прылізаны, можа сказаць ёй калі-небудзь: «Кахаю». А Баравік? Ніна крадком паглядзела на Алеся. I ад таго, што яна быццам ацэньвала яго, ёй зрабілася ніякавата, і у той жа час нешта зварухнулася ў грудзях, апаліла глухой журбой. Алесь быў такі відны хлопец: высокі, плячысты, з упартай складкай на пераноссі і добрымі-добрымі вачамі.
Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне.
У аўтобусе ў такі позні час было пуставата. Алесь прыстроіўся на бакавым сядзенні побач з печкай, угрэўся і павесялеў, адчуваючы, што разам з цяплом да яго вяртаецца і нешта іншае, не менш прыемнае. Віно яшчэ крыху кружыла галаву, але думкі былі ўжо чыстыя, як веснавое паветра.
Калі раніцай на заводзе Алесь сустрэў Ніну, ён шчыра ўзрадаваўся.
VII
Ніна сама прыйшла на Алесеў участак.
Змена скончылася, а тут работа ішла яшчэ поўным ходам. Хлопцы спяшаліся давесці Сямёнаву задуму да ладу, каб ужо з наступнага дня можна было апрацоўваць валы, сумясціўшы аперацыі. Алесь быў, канечне, з імі. Ён сядзеў за сталом, над якім схіліліся хлопцы ўсёй брыгады. Каб паглядзець, што яны робяць, Ніна аж узлезла на нейкую скрыню. Ускудлачаны Алесь нешта хутка пісаў на лісце паперы, а астатнія ўважліва сачылі за кончыкам алоўка.

Ніна глядзела на Алеся, пазнаючы ў стомленых, пачырванелых вачах колішнюю радасць ад сустрэчы.
– Ты якраз прыйшла,– падхапіўся Алесь.– Мы тут зусім заблыталіся ў разліках.
– Дайце, дайце,– працягнула НІна руку,– можа я памагу.
Алесь паспешліва падаў паперку.
Падышла Зіна і села ўбаку на скрыню. Сямён пачырванеў ад задавальнення, а Пракоп спачувальна ўздыхнуў.
Ніна ўсё яшчэ трымала ў руках паперку.
– Хлопцы, я знайшла памылку ў разліках,– сказала раптам яна.
Усе зашумелі.
– Цяпер усё добра, віншую вас, Дзікун! – Ніна сказала гэта з такой шчырасцю, што Сямён аж сумеўся.
– То ж мы разам...– пачаў быў ён.
– Хопіць ужо скромнічаць,– Пракоп насунуў яму кепку на вочы,– усе ведаюць, што ты – гэта наша брыгадная галава.
– Во, Булай не верыў! – не пераставаў дзівіцца Алег.– Можна ж было яшчэ ў тым месяцы...
– Бадай што так,– згадзіўся Пракоп.– Надоечы быў я на складзе. Там нарыхтовак – напэўна, на месяц усяму цэху хопіць.
– А мы адной брыгадай корпаліся,– падхапіў думку Алег.
– Хіба астатнія сядзелі склаўшы рукі? Булай жа за ўвесь цэх хварэе. Думаеце, вы ў яго першыя на жыцці рацыяналізатары? Ён жа...
– Як кажуць, сабаку на рацыяналізатарах з'еў,– падхапіў Алег.
– Эх вы! – Ніна не папракала, хутчэй разважала.– Няўрымслівасць – зайздросная рыса характару. Але толькі тады, калі не вядзе да рызыкі.
Алесь не браў удзелу ў гаворцы. Ён быў задаволены. Ён быў згодзен і з Нінай, і з Сямёнам, і, бадай, з Булаём, і можа яшчэ з кім там, каб той аб’явіўся.
Пачалі разыходзіцца. Алесь пайшоў з Нінай.
– Пойдзем пешшу,– прапанаваў Алесь,– хаця б да наступнага прыпынку..
Мінулі адзін прыпынак, другі. Іх абагнаў аўтобус, абдаўшы сінім горкім дымам. Яны весела памахалі яму ўслед. Ніна ўспамінала розныя смешныя студэнцкія гісторыі, жартавала. Алесь шчасліва пасміхаўся.
– Ведаеце,– Ніне надакучылі ягоныя маўклівыя ўсмешкі,– у нас быў студэнт. Ідзе неяк побач – ні слова. Спытала, а ён, аказваецца, у гэты час падлічвае, колькі вокан свеціцца. А вы над якой праблемай задумаліся?
– Лічу, колькі прыпынкаў прайшлі.
Ззаду засігналіў аўтобус, патрабуючы дарогі.
– Бяжым,– Ніна ўхапіла Алеся за руку. Ускочыла ў аўтобус, памахала Алесю.
Алесь яшчэ доўга стаяў, пазіраючы, як удалечыні памігвае чырвоны агеньчык аўтобуса, што павёз Ніну. Ён не адчуваў болю ад ростані. Яны заўтра сустрэнуцца зноў. А сёння ён будзе думаць толькі пра яе, пра Ніну.
VIII
Пасля сцюдзёнай, лютай зімы прыйшла вясна, ачысціла ад снегу і лёду дахі і тратуары, пачарніла дарогі. Стаялі сонечныя, ласкавыя дні. Ажывала ўсё навокал.
Другі раз Алесь абавязкова знайшоў бы прычыны, каб адмовіцца і не ўдзельнічаць у нарадзе, якую праводзіў дырэктар. Шматлікія пасяджэнні выклікалі ў яго раздражненне. Думалася, і часта не без падставы, што справы можна вырашаць без гэтых занадта працяглых размоў, пасля якіх часам ужо і працаваць не хочацца. Але зараз і нарады здаваліся ўжо не такімі страшнымі, праходзілі неяк ажыўлена, дзелавіта. I ён не адмовіўся, пайшоў нават з задавальненнем, бо, заняты работай, мала сустракаўся са сваімі калегамі з іншых цэхаў.
У калідоры і прыёмным пакоі перад вялікім дырэктарскім кабінетам было людна. Чакалі, калі сакратар аб’явіць, што можна заходзіць, а пакуль, разбіўшыся на групкі, размаўлялі.
Алесь спыніўся ў самым пачатку калідора, выбіраючы, да каго б прымкнуць, і шкадуючы, што ніхто з блізкіх сябрукоў яшчэ не прыйшоў. Ён павольна рушыў да дзвярэй, міжволі прыслухоўваючыся да размоў. Раптам, зацікавіўшыся, спыніўся. Гаварылі двое незнаёмых.
– Мастак Булай. Чулі? Начальству ініцыятыўку збіраецца падкінуць. Своечасова,– сказаў адзін.
– Хапае каня за грыву? – спытаў другі.– Учэпісты...
Падслухоўваць было няёмка. Алесь адышоў, губляючыся ў здагадках: чаму яны так гавораць пра Булая. На шчасце, паявіўся Кібрык. Алесь сказаў яму пра падслуханую размову.
– Пхэ!..– Кібрык нібы здзіўляўся, што Алесь не ведае такой дробязі.– Я лічыў цябе асобай, прыбліжанай да імператара. А ты, аказваецца, разява. Няўжо-такі Булай нічога не гаварыў?
– Не гавары загадкамі,– аж узлаваўся Алесь.– Можна падумаць, што тут справа нячыстая.
– Лічы як хочаш. Толькі спачатку набярыся цярпення і выслухай. Булай выступае з ініцыятывай, якая нарадзілася ў нетрах вашага цэха.
– Першы раз чую,– не паверыў Алесь.
– Цішэй ты, раптам хто пачуе... Ты ж кампраметуеш свайго начальніка. Булай сёння аб’явіць, што сакавіцкі план цэх выканае на сто дваццаць працэнтаў. Гэта адно. А па-другое, Ніна Ганакова абвяла цябе вакол пальца. Сёння яна выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў план асабістага ўдзелу ў асваенні новай прадукцыі. Гэта, кажуць, яна пасля таго, як памагла Дзікуну, прыдумала.
«Мне ані слова,– прыкра падумаў Алесь,– а Кібрыку сказала».
– Я думаў, што-небудзь іншае. Не разумею, навошта звон...
– Ініцыятыва, дзівак. Цяпер многія інжынеры на вытворчасці будуць мець падобныя планы і займацца імі ў нерабочы час, так сказаць, на грамадскіх пачатках. Нават, калі частка іх планаў ажыццёвіцца, то якая выгада цэху, заводу. Кумекаеш? За гэта Булаю шмат якія грахі даруюць.
– Грахі?
– Адзін бог бязгрэшны, але і таго няма,– Кібрык не захацеў гаварыць больш. Яго паклікаў нехта, і ён пайшоў, памахаўшы Алесю рукой.
...Слухаючы выступленне Булая, Алесь падумаў, што да яго, часам, несправядліва ставяцца. Вось як тыя два ў калідоры, як, нават, Кібрык. Булай гаварыў упэўнена, натхнёна, пераканаўча. Расказаў пра пачын Ганаковай, аб прапанове Дзікуна, давёў, якія перавагі атрымае цэх, калі будзе ўкаранёна тое, што задумана.
– Гэта справа некалькіх бліжэйшых дзён,– урачыста абвясціў пад канец выступлення Булай.
Яму не апладзіравалі толькі таму, што на вытворчых нарадах не было такога звычаю. Але нібы хваля пракацілася па дырэктарскім кабінеце.
У перапынку Булай знайшоў Алеся, пацікавіўся, што думае ён пра нараду. Алесь шчыра сказаў, што ў захапленні, і пашкадаваў, што раней не ведаў пра гэтыя планы.
– Прызнайся,– Булай не хаваў сваёй радасці ад таго, што ўдала выступіў, быў гаваркім, уважлівым,– крыўдуеш на Ганакову? Я сачыў за табой. Выгляд у цябе быў, нібы чаго гарачага ўхапіў, ні праглынуць, ні выплюнуць. Я, грэшны, быў падумаў, што ты незадаволены.
– Што вы, Васіль Міхайлавіч! Хіба можна. Гэта ж слава ўсяму нашаму цэху.
Ні Кібрык, ні тыя двое, размову якіх Алесь нечакана падслухаў, не памыліліся. Пасля перапынку крытыка неяк сама сабой пайшла міма механічнага цэха. Булая папракалі, але злёгку, а больш хвалілі. За смеласць, за ўменне разгледзець новае, своечасова падхапіць, выпеставаць. Тон задаў дырэктар.
У гэты дзень Алесю яшчэ раз давялося слухаць выступленне Булая. Паміж дзвюма зменамі Булай загадаў сабрацца на кароткі мітынг. Ён расказваў рабочым цэха аб нарадзе. Нават Алесю падумалася, што, менавіта, так усё і было. А Булай, паўтарыўшы абавязацельствы, якія ўзяў ад імя цэха, раптам абрушыўся на скептыкаў і малавераў, што не адчуваюць сілы калектыву, не хочуць лішніх клопатаў, збіраючыся і надалей спаць у шапку.
– А яны ў нас ёсць? – спытаў Алесь у Пракопа.
– Новае нараджаецца ў барацьбе са старым – любімы тэзіс Булая,– шапнуў Пракоп у адказ.– На шляху пачыну ён заўсёды бачыць перашкоды.
Пад канец мітынгу прынеслі шматтыражку. Газетчыкі, як і мае быць, яшчэ напярэдадні аб усім даведаліся і паспелі выпусціць спецыяльны нумар. На першай старонцы было фота Булая і Ганаковай з кароткім подпісам: «Нараджэнне пачыну». Астатняе расказваў артыкул.
Алесь паглядзеў на Ніну. Яна стаяла блізка ад імправізаванай трыбуны, расчырванелая, усхваляваная. Нехта падаў ёй газету. Ніна зірнула, расцвіла.
Узрадаваная, яна падышла да Алеся, папракнула, аднак, не надта сярдзіта:
– Не павіншаваў мяне...
– Ты, аказваецца, умееш скрытнічаць? – пакрыўдзіўся і ён.
– Даруй. Не паспела.– I таму, што ён усё яшчэ хмурыўся, міла бянтэжачыся, сказала: – Хочаш, увесь вечар з табой буду?
Ці хацеў ён лепшага!..
Да іх падышоў Паўлавец.
– Бачу, вы болей не заклапочаны штурмаўшчынай,– пажартаваў той і прапанаваў Алесю прысесці побач на пусты аўтакар.
– Як вы думаеце, Дзікун карысную справу надумаў?
– Дзіўнае пытанне...
– Дзіўнае, кажаце? А-а, вы ж актыўны ўдзельнік, толькі без лаўраў...– Паўлавец хітра прыжмурыўся, чакаючы, што будзе казаць Алесь. Але той маўчаў.– Веру, што лаўры вам не патрэбны. Хачу прапанаваць вам тое-сёе. Ужо колькі дзён мінула, як было даказана, што думка Дзікуна сапраўды мае права на існаванне. А воз ні з месца. Пакуль толькі брыгада Дубасава можа сумяшчаць аперацыі, дый толькі таму, што самі хлопцы прыдумалі гэтую справу. А іншыя? У нас жа па шасці лініях каленчатыя валы праходзяць. ·
– Так працуючы, ста дваццаці працэнтаў не нацягнем,– сказаў Алесь.
– Хіба толькі аб працэнтах клопат,– неспакой пачуўся ў голасе Паўлаўца. Алесю аж няёмка зрабілася за сваю лёгкадумнасць.– Запасныя часткі да новых машын амаль не выходзяць з завода. Вось у чым бяда. Ад вас я хачу, каб вы дапамаглі гэтай бядзе. Як? Трэба арганізаваць гурток тэхмінімуму. Адну групу самі вазьміце, хлопцам Дубасава па групе дайце. За некалькі дзён брыгады асвояць новую тэхналогію. Згодны?
– Пра што гаворка!..
– То дамаўляйцеся з хлопцамі, а потым да Булая. Ягонае бласлаўленне патрэбна, каб хутчэй кола закруцілася,– і толькі, калі ў прынцыпе было дамоўлена, Паўлавец запрасіў Алеся ў партбюро, каб абмеркаваць дробязі.
IX
– Слушна, слушна,– ківаў галавой Булай, калі Алесь расказаў пра рашэнне арганізаваць тэхнічную вучобу.– А што, сам надумаў?
– Макар Сяргеевіч падказаў. Мы з ім амаль усё прадумалі. Вашага прысуду дяпер чакаем.
– Ого! Прысуду чакаеш, а сам партыйнай падтрымкай заручыўся. Хітрун, хітрун!.. Але малайчына, не спіш у шапку!
Аднак, пазней, на аператыуцы, Булай расхваліў Алеся за ініцыятыву, дадаўшы, што вельмі задаволены творчым неспакоем калектыву.
– Не шанцуе вам,– сказаў Алесю Пракоп,– хай бы тыдзень які назад гэта здарылася, на ўвесь завод праславіліся б.
– Далібог, я тут ні пры чым. Гэта Паўлавец,– пачаў быў апраўдвацца Алесь.
– Жартую,– супакоіў Пракоп.– Адно праўда – хутчэй трэба за справу.
Хлопцы з брыгады Дубасава адчувалі сябе імяніннікамі. Алесь нават дзівіўся, адкуль яны сілы і час бяруць, каб і змену папрацаваць, і з гурткоўцамі пазаймацца. А Пракоп ды Алег яшчэ і у інстытут паспявалі.
Парыў, якім жыла брыгада, перадаўся іншым. Людзі ўбачылі, што план, абвешчаны Булаём. пачаў станавіцца рэальнасцю.
Як часта бывае, адна добрая прапанова пацягнула за сабой новыя. На адным участку прыдумалі, як змяніць парадак паступлення дэталей на лінію. Другія – пераставілі людзей, і атрымалася, што тыя ж аперацыі можна рабіць пры меншай колькасці рабочых.
Тым часам пачалася трэцяя дэкада. Адрываючы раніцай чарговы лісток календара, Алесь хмурыўся ўсё больш і больш. На месячным графіку крывая ўпарта не хацела паўзці за трывожную сінюю рыску пяцідзесяці працэнтаў. Каб паправіць становішча, трэба было хутчэй укараняць тое новае, што выявілася ў цэху. А Булай чамусьці марудзіў. Алесь пайшоў да яго.
– Вось загад,– паказаў начальнік цэха,– тры лініі з заўтрашняга дня пяройдуць на працу паводле метаду Дзікуна.
– Але ж мы можам перавесці ўдвая больш,– падказаў Алесь.
– Новае прывіваецца не адразу,– павучальна растлумачыў Булай,– гэта ісціна. А калі так, не будзем рызыкаваць.
Можна было спрачацца, даказваць. Але ў Булая быў вопыт, а ў Алеся толькі ўпэўненасць, якая пакуль што грунтавалася на адной інтуіцыі. Алесь зажурыўся. Было крыўдна, што справа, якая пачыналася так добра, не дае поўнай аддачы.
Але ён не ведаў здольнасцей свайго начальніка. Калі здавалася, што ўсё загінула, Булай знайшоў выйсце.
– Не будзе плана па наменклатуры, дадзім па агульнаму кошту прадукцыі. У дырэкцыі дамовіўся.
Кібрык расказаў Алесю, што Булай прадставіў заводакіраўніцтву шырокі план па ўкараненню знойдзеных резерваў. Паскардзіўся, што не хапае сілы і часу на ажыццяўленне гэтых задум. Яму і пайшлі насустрач. Фармальна гэта выглядала правільна. А па сутнасці недзе не дачакаюцца патрэбных дэталей, а недзе ў склады трапіць яшчэ адна партыя заляжалых запасных частак. Алеся засмучала і другое. Той добры ўздым, які быў ахапіў цэх, паступова спадаў. Людзі проста выконвалі месячную праграму, працавалі іншы раз без выхаднога.
Булай у гэтыя дні амаль не пакідаў завод. Ён быў заўсёды там, дзе цяжка, падказваў, падбадзёрваў:
– Не сумуйце, хлопцы, мы ў наступным месяцы дакажам скептыкам і малаверам. У нас ёсць свая сакрэтная зброя.
Булай стараўся не зганьбіць сваё добрае імя выхавальніка і заступніка новага, перадавога. Для яго гэта азначала не толькі падтрымаць рацыяналізатарскую прапанову, удалы пачын. Трэба было яшчэ даказаць, што толькі ён адзін здольны прабіць новаму дарогу. Так паяўляліся малаверы, скептыкі, раўнадушныя. У механічным іх чамусьці было заўсёды многа, што б хто ні прыдумаў цікавае або карыснае, болей, чым дзе б то ні было. Праўда, Булай ніколі не называў імёнаў, гаварыў, што жыццё само пасарамаціць кансерватараў.
Не прапускаючы нічога міма сваёй увагі, унікаючы ў кожную дробязь цэхавога жыцця, падмяняючы дзе трэба і дзе не трэба намеснікаў, інжынераў, майстроў, Булай не паспеў своечасова ўкараніць прапанову Дзікуна, выкарыстаць задуму Ганаковай, хаця добра разумеў, якую выгаду атрымаў бы ад гэтага цэх. Але прызнавацца ў сваім бяссіллі не хацелася таксама, нават сабе. Выручылі скептыкі, малаверы і кансерватары. Ён так іх граміў у тыя дні, калі план апынуўся перад пагрозай, што сам паверыў у іх існаванне, у тое, што дзейнічае ў імя праўды. Але ён не спаў у шапку. 3 дапамогай Кібрыка зноў перасунуў графікі выпуску новых валоў, замяніў іх старымі асвоенымі мадэлямі.
Алесь асцярожна быў папракнуў Булая, што паўтараецца ранейшае, а прагрэсіўныя метады працы занядбаныя.
– I цябе аблыталі,– з жалем сказаў Булай.
– Хто? Чым?
– Хіба я не гаварыў табе пра крыкуноў? – Булай пацёр далонямі скроні, стомлена апусціў вейкі.
– Стаміліся вы, Васіль Міхайлавіч.
– Інакш працаваць не ўмею, і табе не раю.– Булай усё яшчэ падазрона глядзеў на Алеся.
– Таму і гавару, Васіль Міхайлавіч. У вас няма нічога даражэйшага за работу, вы мяне зразумееце. Ніхто мяне не падвучваў. Сам хачу сумненні высветліць.
– Мала табе адной ініцыятывы? Другую прыдумаў: мяне крытыкаваць. Крытыкуй. Дзеля карысці справе ўсё стрываю. Я праінфармаваў кіраўніцтва завода. I мне сказалі, што можам тое-сёе са старой наменклатуры прапусціць. Так што дзейнічаю ў інтарэсах дзяржавы. Не думай, я дысцыпліну разумею. Вось што,– Булай быў пайшоў, потым вярнуўся.– Слухай, Саша, ледзьве не забыўся. 3 першага пойдзеш за старшага майстра, замест Ганаковай.
– А яна куды? – лёс Ніны цікавіў Алеся больш за свой.
– Зменным інжынерам. Задаволены?
– Ведаеце, Васіль Міхайлавіч, толькі не крыўдуйце. Мне не хацелася б. Здружыўся са сваімі брыгадамі, асабліва з Дубасавым. Толькі асвойтаўся, і на іншае месца. Не хацелася б.
– Не настойваю, але, думаю, так лепей. Мы з табой гаварылі ўжо. Трэба думаць пра інтарэсы дзяржавы... Усё будзе залежаць ад цябе.
«Зноў інтарэсы дзяржавы,– думаў Алесь, застаўшыся адзін.– Булай пра іх напамінае пры кожным выпадку. А як жа тады сумненні? Ці развеяліся яны? Цэх жа мог зрабіць большае».
Але вінаваціць Булая, як спачатку, не адважваўся. Алесь заўсёды захапляўся людзьмі, якія мелі сваю адзіную мэту і жылі дзеля яе. А Булай быў такі.
«Трэба будзе памагчы яму,– рашыў Алесь,– навалімся разам – рушым хутчэй».
X
Апошнія дні Алесь быў амаль шчаслівы. Была работа, была Ніна. Шчасце поўніла грудзі, хацелася зрабіць нешта вялікае-вялікае. Ён дабіўся нарэшце, каб паводле прапановы Сямёна Дзікуна, працавалі ўсе лініі, якія апрацоўвалі каленчатыя валы. Вытворчасць прадукцыі расла. Булай касавурыўся, стараючыся не паказаць выгляду, што незадаволены Алесевай настойлівасцю. Але Алеся ўжо не задавальняла зробленае. Ён насіўся з ідэяй, каб выконваць зменнае заданне за шэсць гадзін, а сёмую працаваць звыш плана.
I раптам першая хмурынка на чыстым небасхіле. Ніну пасылалі ў камандзіроўку на такое ж прадпрыемства, як і іхняе.
– Нашто табе ехаць? – пытаўся Алесь.
У адказ Ніна толькі весела смяялася. Расстанне яна не брала блізка да сэрца. А калі ён занадта настойліва прасіў застацца, казала:
– Ты – феадал!
Алесь не ведаў, ці кахае Ніна яго. Ён спадзяваўся. «Ты феадал» – у Нініных вуснах гучала для яго як прызнанне. Але спакою не прыбаўляла.
Поезд на Маскву адыходзіў позна ўвечары. Аднак Алесь прымчаўся да Ганаковых адразу пасля дзённай змены. Прымасціўшыся ў кутку на тахце, паныла глядзеў, як Ганна Сцяпанаўна збірае Ніну ў дарогу. 3 ім спрабавалі загаварыць, развесяліць, асабліва старалася Ганна Сцяпанаўна. Ён пакрыўджана маўчаў.
Ніна хадзіла па пакоі, нешта брала, нешта клала, часам жартавала. Ёй было весела, надавала жвавасці блізкая дарога, якой яна жыла, напэўна, з таго самага моманту, калі даведалася пра камандзіроўку.
Алесь адчуваў, як з кожнай хвілінай ён нібы аддаляўся ад Ніны ўсё болей і болей.
Ганна Сцяпанаўна заўважыла гэта, уздыхнула, падышла да Алеся, жартаўліва сказала:
– Не звяртайце на яе ўвагі, Саша. Мы тут з вамі такі занятак знойдзем... Яна яшчэ пазайздросціць. Вы будзеце наведваць мяне, старую?
– Што ты, мама!..– высунула галаву з-за дзвярэй Ніна,– у яго такая дзяўчына, наша табельшчыца. А ты...
Алесь хацеў быў запратэставаць і нечакана сказаў:
– Не дзяўчына – золата. Але вас, Ганна Сцяпацаўна, не забуду.
– Вось чуеш, мама,– Ніна нібы жартавала, але маці пачула ў яе голасе трывожныя ноткі. Яна паглядзела на дачку, уздыхнула, потым перавяла задумлівы позірк на Алеся.
На вакзал прыехалі перад пасадкай. Уся дэлегацыя завода была ўжо ў зборы. Ніна адразу пакінула маці і Алеся, далучылася да тых, хто ад’язджаў.
– Не паспееш, ці што? – строга сказала Ганна Сцяпанаўна.
Ніна толькі адмахнулася. Дарога вабіла, хвалявала, дык навошта быць з тымі, хто застаецца?
Алесь, які трохі развесяліўся, пакуль дабіраліся да вакзала, зноў спахмурнеў. Прыхінуўшыся да калоны, ён назіраў, як Ніна снавала ад аднаго са сваіх спадарожнікаў да другога, ажыўлена размаўляла, смяялася. Вось яна падышла да Кібрыка, нешта сказала. Кібрык падміргнуў, узяў яе далікатна пад локаць, падвёў да буфета.
Абвясцілі пасадку. Ніна на хвіліну падбегла, хацела ўзяць чамаданчык.
– Данясу,– буркнуў Алесь. А маці непрыкметна тузанула Ніну за рукаў.
Ніна прытворна ўздыхнула і сціпла пайшла побач. Затрымаўшыся ў тамбуры роўна на столькі, каб сказаць бывайце, Ніна адразу схавалася за чыёйсьці шырокай спіной.






