355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф » Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 сентября 2016, 01:14

Текст книги "Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 6 страниц)

Але ледзь аканомка прыйшла да такога заключэння, як яна – асоба вельмi рашучая – адразу ж зразумела, што патрэбна рабiць. Калi гэты пракляты пярсцёнак знаходзiцца ў Хедэбю, то неабходна пастарацца чаго б гэта нi каштавала адшукаць яго.

Яна ненадоўга пайшла ў жылую палову панскага дома, зазiрнула ў спальню, дзе ўсё было па-ранейшаму, узбегла па лесвiцы на гарышча i пераслала пасцель у Адрыянавай мансардзе, каб яна была напагатове на выпадак, калi яму стане лепш i яго можна будзе перанесцi наверх. Затым зайшла ў пакоi да паненак i да гувернанткi – смяртэльна перапалоханыя, яны сядзелi склаўшы рукi, не ў стане чымсьцi заняцца. Яна расказала iм сёе-тое з таго, аб чым даведалася сама, расказала роўна столькi, каб гувернантка з паненкамi зразумелi, аб чым iшла размова, i запыталася, цi не дапамогуць яны ёй адшукаць пярсцёнак.

Вядома, яны адразу ж згадзiлiся. Паненкi i гувернантка пачалi шукаць у пакоях i ў мансардзе. Сама ж дзяўчына Спак накiравалася на кухню i паставiла на ногi ўсiх дваровых дзяўчат.

"Генерал з'яўляўся на кухнi гэтак жа часта, як i ў панскiм доме, падумала яна. – Штосьцi падказвае мне – пярсцёнак дзесьцi тут".

На кухнi i ў кладоўцы, i ў хлебнай, i ў пiваварнi ўсё было перавернута дагары нагамi. Шукалi ў сценных шчылiнах, у пячных подах, вытрасалi скрынi пасуднiка з прыправамi, абшукалi нават мышыныя норы.

Разам з гэтым дзяўчына Спак не забывала час ад часу перабягаць цераз двор i наведвацца ў спальню. У час аднаго з такiх вiзiтаў яна застала баранэсу ў слязах.

– Яму горш, – сказала баранэса. – Па-мойму, ён памiрае.

Схiлiўшыся над Адрыянам, дзяўчына Спак узяла ягоную безжыццёвую руку ў свае i праверыла пульс.

– Ды не ж, панi баранэса, – сказала яна, – яму не горш, а, бадай, лепш.

Ёй удалося супакоiць гаспадыню, але самую яе ахапiў вельмi моцны адчай. А што, калi малады барон не дажыве да таго часу, пакуль яна адшукае пярсцёнак?

Ад хвалявання яна, забыўшыся на момант, перастала валодаць сабой. Адпускаючы руку Адрыяна, яна цiхенька пагладзiла яе. Сама яна наўрад цi ўсведамляла, што робiць, але баранэса адразу ж заўважыла гэта.

"Mon Dieu*, – падумала яна, – беднае дзiця, няўжо гэта так? Можа, мне трэба сказаць ёй... Але цi не ўсё роўна, калi мы так цi iнакш яго згубiм: Генерал злуецца на яго, а той, на каго гневаецца Генерал, павiнен памерцi".

* Божа мой! (фр.)

Вярнуўшыся на кухню, дзяўчына Спак пачала распытваць служанку, цi няма ў тутэйшых мясцiнах якога-небудзь чараўнiка, якога звычайна запрашаюць пры няшчасных выпадках. Няўжо абавязкова трэба чакаць, пакуль прыедзе лекар?

Так, iншыя, калi хто-небудзь захварэе, запрашаюць Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю. Яна ўмее загаворваць кроў i кастапраўнiчаць, i ўжо яна магла б разбудзiць барона Адрыяна ад смяротнага сну... Але сюды, у Хедэбю, яна наўрад цi пажадае прыйсцi.

Пакуль служанка з аканомкай размаўлялi пра Марыт Эрыксдотэр, кухарка, якая ўзабралася на самую верхнюю прыступку прыстаўной лесвiцы, зазiрнула на высокую палiцу, дзе некалi знайшлiся згубленыя сярэбраныя лыжкi.

– Ой! – усклiкнула яна. – Нарэшце ж знайшла я тое, што даўно шукала. Тут ляжыць старая шапачка барона Адрыяна!

Дзяўчына Спак жахнулася. Нiчога не скажаш, добрыя былi, вiдаць, парадкi ў iх на кухнi да таго, як яна прыехала ў Хедэбю! Як магла шапачка барона Адрыяна трапiць на палiцу?

– Вось дзiва, – сказала кухарка. – З гэтай шапачкi ён вырас, ды i аддаў яе мне на анучы, чарапкi прыхоплiваць. Вось добра, што я яе хоць цяпер знайшла!

Дзяўчына Спак выхапiла ў яе шапачку з рук.

– Шкада рэзаць яе, – сказала яна. – Можна аддаць якому-небудзь бедняку!

Яна вынесла шапачку на двор i пачала выбiваць з яе пыл. Тым часам з дому выйшаў барон.

– Здаецца, што Адрыяну горш, – сказаў ён.

– А хiба няма кагосьцi паблiзу ў акрузе, хто ўмее лячыць хворых? – як можна дабрадушна запыталася аканомка. – Служанкi казалi тут пра адну жанчыну, якую завуць Марыт Эрыксдотэр.

Барон аслупянеў.

– Зразумела, калi размова iдзе аб жыццi Адрыяна, я б, не вагаючыся, паслаў па майго злейшага ворага, – сказаў ён. – Аднак толку ўсё роўна не будзе. Марыт Эрыксдотэр нiколi не прыйдзе ў Хедэбю.

Атрымаўшы падрабязныя тлумачэннi, дзяўчына Спак не адважылася пярэчыць. Яна працягвала шукаць на кухнi, распарадзiлася наконт абеду i зрабiла так, што нават баранэса крыху з'ела. Пярсцёнак не адшукаўся, а дзяўчына Спак бясконца паўтарала сабе: "Мы павiнны знайсцi пярсцёнак! Генерал пазбавiць Адрыяна жыцця, калi мы не адшукаем яму пярсцёнак".

Пасля абеду дзяўчына Спак накiравалася ў Ольсбю. Яна пайшла, нi ў каго не спытаўшыся. Кожны раз, калi яна заходзiла да хворага, пульс ягоны бiўся ўсё слабей i слабей, а перабоi наступалi ўсё часцей i часцей. Яна не магла спакойна чакаць карлстадскага лекара. Так, больш чым верагодна, што Марыт ёй адмовiць, але аканомка хацела выкарыстаць усе магчымыя сродкi.

Калi дзяўчына Спак прыйшла ў Стургордэн, Марыт Эрыксдотэр сядзела на сваiм звычайным месцы – на ганку палевай клецi. У руках у яе не было нiякай работы, яна сядзела адкiнуўшыся назад, з заплюшчанымi вачыма. Але яна не спала i, калi з'явiлася аканомка, падняла вочы i адразу ж пазнала яе.

– Вось яно што, – прамовiла яна, – цяпер з Хедэбю па мяне пасылаюць?

– Ты, Марыт, ужо чула, якiя дрэнныя нашы справы? – запыталася дзяўчына Спак.

– Так, чула, – адказала Марыт, – i не пайду!

Дзяўчына Спак не сказала ёй у адказ нi слова. Глухая безнадзейнасць прыгняла яе. Усё iшло ёй насуперак, апалчылася супраць яе, а ўжо горшага за гэта быць нiчога не можа. Яна бачыла ўласнымi вачыма i чула ўласнымi вушамi, як радавалася Марыт. Сядзела на ганку i радавалася няшчасцю, радавалася, што Адрыян Лёвеншольд памрэ.

Да гэтай хвiлiны аканомка трымалася. Яна не крычала, не наракала, убачыўшы Адрыяна, распасцёртага на падлозе. У яе была толькi адна думка дапамагчы яму i яго блiзкiм. Але адпор Марыт зламаў яе сiлы. Яна заплакала горка i нястрымна. Няўпэўненымi крокамi паплялася да сценкi адной з прыбудоў i прыцiснулася да яе iлбом, горка рыдаючы.

Марыт крыху падалася наперад. Доўга-доўга яна не адводзiла вачэй ад няшчаснай дзяўчыны. "Ах вось яно што! Няўжо так?" – падумала яна.

Але пакуль Марыт сядзела, разглядаючы дзяўчыну, якая слязамi кахання аплаквала каханага, штосьцi перавярнулася ў яе душы.

Некалькi гадзiн таму назад яна даведалася, што Генерал прыйшоў да Адрыяна i напалохаў яго амаль не да смерцi. I яна сказала сабе самой, што нарэшце час помсты настаў. Шмат гадоў чакала яна гэтага часу, але чакала дарэмна. Ротмiстр Лёвеншольд сышоў у магiлу, так i не атрымаўшы па заслугах. Праўда, з таго самага часу, калi яна пераправiла пярсцёнак у Хедэбю, прывiд Генерала бадзяўся па ўсiм маёнтку; аднак падобна было, што ў яго не хапала духу караць з уласцiвай яму лютасцю сваiх родных.

А цяпер, калi да iх прыйшла бяда, яны адразу ж просяць дапамогi! Чаму не звярнулiся тады непасрэдна да мерцвякоў на ўзгорку вiсельнiкаў? Ёй было радасна сказаць:

– Не пайду!

Такой была яе помста!

Але калi Марыт убачыла, як стаiць i плача маладая дзяўчына, прыцiснуўшыся галавой да сцяны, у яе абудзiлася памяць аб мiнулым. "Вось так стаяла i я i плакала, прыхiлiўшыся да жорсткай сцяны. I не было ў мяне нiводнага чалавека, на якога я магла б абаперцiся".

I ў той жа момант крынiца дзявочага кахання зноў забруiла ў душы Марыт i абдала сваiм гарачым дыханнем. I яна са здзiўленнем сказала сабе самой: "Дык вось як пакутавала я тады! Дык вось што азначае кагосьцi кахаць! Як моцна i соладка пакутавала я тады!"

Перад яе вачыма паўстаў юны, вясёлы, дужы i прыгожы Паўль Элiясан. Яна прыгадала яго позiрк, яго голас, кожны яго рух. Сэрца яе напоўнiлася ўспамiнамi аб iм.

Марыт думала, што кахала яго ўвесь гэты час, i, пэўна, так яно i было! Але як астылi яе пачуццi за гэтыя доўгiя гады! Цяпер жа, у гэты момант, душа яе зноў успыхнула ранейшым гарачым полымем.

Але разам з каханнем у ёй прачнулiся i ўспамiны аб той жахлiвай пакуце, якую перажывае чалавек, губляючы таго, каго кахае.

Марыт кiнула позiрк на дзяўчыну Спак, якая ўсё яшчэ стаяла i плакала. Цяпер Марыт ведала, як цяжка пакутавала яна. Яшчэ зусiм нядаўна ёю валодаў холад пражытых гадоў. Яна забылася тады, як пячэ агонь, цяпер жа ўспомнiла аб гэтым. Яна не хацела, каб па яе вiне хтосьцi пакутаваў гэтак жа, як некалi пакутавала сама; Марыт паднялася i падышла да дзяўчыны.

– Хадземце! Я пайду з вамi, паненка! – коратка сказала яна.

Такiм чынам, дзяўчына Спак вярнулася ў Хедэбю разам з Марыт Эрыксдотэр. За ўсю дарогу Марыт не вымавiла нi слова. Ужо потым аканомка зразумела, што па дарозе яна, напэўна, абдумвала, як ёй павесцi сябе, каб адшукаць пярсцёнак.

Аканомка прайшла з Марыт у дом прама з параднага ганка i ўвяла яе ў спальню. Там усё было па-ранейшаму. Адрыян ляжаў прыгожы i бледны, але цiхi, быццам мярцвяк, а баранэса, не варушачыся сядзела побач, ахоўваючы яго спакой. Толькi калi Марыт Эрыксдотэр падышла да ложка, яна ўзняла вочы.

Як толькi гаспадыня пазнала жанчыну, якая стаяла, гледзячы на яе сына, то апусцiлася перад ёю на каленi i прыцiснулася тварам да падола яе сукенкi.

– Марыт! Марыт! – загаварыла яна. – Забудзь пра ўсё тое зло, якое прычынiлi табе Лёвеншольды. Дапамажы яму, Марыт! Дапамажы яму!

Сялянка крыху адступiла назад, але няшчасная мацi папаўзла за ёю на каленях.

– Ты не верыш, як я баялася з таго самага часу, калi Генерал пачаў бадзяцца па маёнтку. Я палохалася i ўвесь час чакала. Я ведала, што цяпер яго гнеў накiраваны супраць нас.

Марыт стаяла моўчкi, заплюшчыўшы вочы, i, здавалася, цалкам паглыбiлася ў сябе. Аднак дзяўчына Спак была ўпэўнена, што ёй прыемна слухаць аповед баранэсы пра яе пакуты.

– Я хацела пайсцi да цябе, Марыт, i павалiцца да тваiх ног, як зараз, i малiць цябе дараваць Лёвеншольдам. Але я не адважылася. Я думала, што табе немагчыма дараваць iм.

– Вы, васпанi, i не павiнны мяне малiць, – сказала Марыт, – бо так яно i ёсць: дараваць я не магу!

– Але ты ўсё ж тут!

– Я прыйшла дзеля паненкi, яна прасiла мяне прыйсцi.

З гэтымi словамi Марыт зайшла з другога боку шырокага ложка. Паклаўшы хвораму руку на грудзi, яна прамармытала некалькi слоў. Пры гэтым насупiла лоб, закацiла вочы i сцiснула вусны. Дзяўчына Спак падумала, што яна паводзiць сябе, як i ўсе iншыя знахаркi.

– Будзе жыць, – сказала Марыт, – але запомнiце, панi баранэса, што дапамагаю я яму толькi дзеля паненкi.

Тут дзяўчыне Спак падалося, быццам гаспадыня яе хацела яшчэ штосьцi сказаць, але спахапiлася i прыкусiла губу.

– А цяпер дайце мне, панi баранэса, волю.

– Ты можаш распараджацца ў маёнтку, як табе неабходна. Барон у ад'ездзе. Я папрасiла яго паехаць вярхом насустрач доктару i прыспешыць яго.

Дзяўчына Спак чакала, што Марыт Эрыксдотэр неяк паспрабуе вывесцi маладога барона з непрытомнасцi, але тая, на яе вялiкае расчараванне, нiчога падобнага рабiць не стала.

Замест гэтага яна загадала сабраць у кучу ўсё адзенне барона Адрыяна: i тое, якое ён насiў цяпер, i тое, якое апранаў у ранейшыя гады i якое можна было яшчэ адшукаць. Яна хацела бачыць усё, што ён калi-небудзь надзяваў на сябе: i панчохi, i кашулi, i рукавiцы, i шапкi.

У той дзень у Хедэбю толькi i рабiлi, што шукалi. Хоць дзяўчына Спак цiшком уздыхала аб тым, што Марыт, бадай, усяго толькi звычайная знахарка i варожыць, як усе, яна паспяшалася выцягнуць з розных камодаў i паддашкавых клецяў, з сундукоў i шафаў усё, што належала хвораму. Маладыя баранэсы, якiя добра ведалi, што насiў Адрыян, дапамагалi ёй, i неўзабаве яна спусцiлася ўнiз да Марыт з цэлай кучай адзення.

Марыт расклала адзенне на кухонным стале i пачала разглядваць кожную рэч асобна. Яна адклала ўбок пару старых чаравiкаў, таксама пару маленькiх рукавiчак i кашулю. Тым часам яна аднатонна i бесперастанку мармытала:

– Пару для ног, пару для рук, адну для цела, адну для галавы! Мне патрэбна яшчэ што-небудзь для галавы, – раптоўна сказала яна ўжо больш спакойна, – мне патрэбна што-небудзь цёплае i мяккае.

Аканомка паказала ёй капелюшы i кепкi, якiя яна прынесла.

– Не, гэта павiнна быць штосьцi цёплае i мяккае, – сказала Марыт. Хiба ў барона Адрыяна не было якой-небудзь шапачкi з кутасiкам, як у iншых хлопчыкаў.

Аканомка толькi збiралася была адказаць, што нiчога падобнага яна не бачыла, але кухарка апярэдзiла яе.

– Я ж знайшла сягоння ранiцай вунь там, на палiцы, яго старую шапачку з кутасiкам, але паненка ўзяла яе ў мяне.

Вось так i здарылася, што дзяўчыне Спак давялося аддаць шапачку, з якой яна намервалася нiколi не расставацца i якую хацела захаваць як найдарагi ўспамiн да канца сваiх дзён.

Атрымаўшы шапачку, Марыт зноў пачала мармытаць свае заклiнаннi. Але цяпер голас яе гучаў па-iншаму. Здавалася, быццам кошка варкатала ад задавальнення.

– Цяпер, – сказала Марыт пасля таго, як яна доўга стаяла, мармычучы, над шапачкай i круцячы яе ў розныя бакi, – цяпер нiчога больш не трэба. Але ўсё гэта неабходна пакласцi Генералу ў магiлу.

Пачуўшы гэтыя словы, дзяўчына Спак зусiм згубiла надзею.

– Няўжо ты, Марыт думаеш, што барон дазволiць адкрыць склеп, каб пакласцi туды гэтыя старыя рэчы? – запыталася яна.

Зiрнуўшы на яе, Марыт крыху ўсмiхнулася. Узяўшы за руку дзяўчыну Спак, яна пацягнула яе за сабой да акна, так што ўсе, хто быў на кухнi, апынулiся за iмi. Тады яна паднесла шапачку Адрыяна да вачэй аканомкi i рассунула нiткi вялiкага кутасiка.

Нiводным словам не перакiнулiся Марыт з дзяўчынай Спак, але калi аканомка адышла ад акна, твар яе быў смяротна бледны, а рукi дрыжэлi.

Звязаўшы адабраныя рэчы ў невялiкi клунак, Марыт перадала яго аканомцы.

– Я сваю справу зрабiла, – сказала яна, – цяпер ваша чарга паклапацiцца аб тым, каб ўсё гэта трапiла ў магiлу.

Пасля гэтага Марыт пайшла.

Дзяўчына Спак пабрыла на могiлкi пасля дзесяцi гадзiн вечара. Клунак, якi ёй дала Марыт, яна несла з сабой. Iшла яна, праўда, наўдачу. I лiтаральна не ўяўляла сабе, як ёй удасца апусцiць рэчы ў генеральскi склеп.

Барон Лёвеншольд прыехаў вярхом разам з доктарам адразу ж пасля таго, як пайшла Марыт, i аканомка спадзявалася, што доктару ўдасца вярнуць Адрыяна да жыцця i ёй не давядзецца нiчога больш рабiць. Але доктар адразу ж заявiў, што нiчым не зможа дапамагчы. Ён сказаў, што маладому чалавеку засталося жыць усяго толькi некалькi гадзiн.

Тады, сунуўшы клунак пад паху, дзяўчына Спак рушыла ў дарогу. Яна ведала, што няма нiякай магчымасцi прымусiць барона Лёвеншольда загадаць зняць магiльныя плiты i адкрыць замураваны склеп толькi для таго, каб пакласцi туды некалькi старых рэчаў барона Адрыяна.

Калi б сказала яна яму, што на самай справе знаходзiцца ў клунку, i (яна была ў гэтым пераканана) ён адразу ж вярнуў бы пярсцёнак яго законнаму ўладальнiку. Але тым самым яна выдала б Марыт Эрыксдотэр.

Яна не сумнявалася ў тым, што iменна Марыт падкiнула некалi пярсцёнак у Хедэбю. Барон Адрыян неяк сказаў, што Марыт аднойчы цыравала яму шапачку. Не, аканомка не адважылася расказаць барону, як усё было на самай справе.

Дзяўчына Спак сама потым здзiўлялася, што ў той вечар зусiм не адчувала страху. Але яна перабралася цераз нiзкую могiльнiкавую сцяну i падышла да склепа Лёвеншольдаў, думаючы толькi аб тым, як ёй апусцiць туды пярсцёнак.

Яна села на магiльную плiту i склала рукi для малiтвы. "Калi бог мне не дапаможа, – думала яна, – то магiла, вядома, адкрыецца, але не дзеля пярсцёнка, а для таго, каго я вечна буду аплакваць".

Пасярэдзiне малiтвы дзяўчына Спак заўважыла лёгкае варушэнне травы, якая пакрывала нiзкi магiльны грудок, на якiм ляжала плiта. Маленькая галоўка паказалася з травы i адразу ж схавалася, як толькi аканомка ўздрыгнула ад страху. Бо дзяўчына Спак гэтак жа баялася пацукоў, як i яны яе. Але ад страху на аканомку напала натхненне. Жвава падышла яна да вялiкага куста бэзу, адламала сухую галiнку i ўваткнула яе ў норку.

Уваткнула спачатку вертыкальна, але галiнка адразу ж наткнулася на перашкоду. Тады яна паспрабавала прасунуць яе далей наўскос, i на гэты раз галiнка прасунулася даволi глыбока ў напрамку да магiлы. Аканомка нават здзiвiлася, як далёка яна зайшла. Галiнка цалкам схавалася ў нары. Дзяўчына Спак спрытна выцягнула яе зноў i памерала па сваёй руцэ. Палка была даўжынёй каля трох локцяў i зайшла ў зямлю на ўсю даўжыню. Мабыць, яна пабывала ў магiльным склепе.

Нi разу за ўсё яе жыццё розум дзяўчыны Спак не быў такi спакойны i ясны. Яна зразумела, што пацукi, напэўна, пракапалi сабе дарогу ў магiлу. Магчыма, ў сцяне была расколiна, а, магчыма, выветрыўся якi-небудзь каменьчык.

Яна легла нiцма на зямлю перад грудком, вырвала кавалак дзiрвану, адгрэбла зямлю i сунула руку ў норку. Рука без перашкоды пранiкла ўнiз, але ўсё ж не да самай сценкi склепа. Туды рука не даставала.

Тады, жыва развязаўшы клунак, яна выцягнула адтуль шапачку, начапiла яе на палку i паспрабавала павольна прапiхнуць яе ў норку. Хутка шапка знiкла з вачэй. Усё гэтак жа павольна i асцярожна прасоўвала яна палку далей i далей унiз. I раптам, калi палка амаль уся зайшла ў зямлю, яна адчула, як яе рэзкiм рыўком выхапiлi ў яе з рук. Праслiзнуўшы ў норку, палка знiкла.

Не выключана, што яе пацягнула ўнiз уласная вага, але дзяўчына была ўпэўнена ў тым, што палку ў яе вырвалi.

I тут яна нарэшце спалохалася. Схапiўшы рэчы, што былi ў клунку, яна засунула iх у норку, як магла прывяла ў парадак зямлю i дзiрван i кiнулася наўцёкi з усiх ног. Усю дарогу да самага Хедэбю яна нi разу не перавяла дух, а ўсё бегла i бегла.

Калi аканомка паявiлася ў маёнтку, барон з баранэсай ужо стаялi на парадным ганку. Яны паспяшалiся насустрач.

– Дзе вы былi, паненка? – запыталiся яны ў яе. – Мы тут стаiм i чакаем вас.

– Барон Адрыян памёр? – запыталася ў адказ дзяўчына Спак.

– Не, не памёр, – адказаў барон, – але скажыце нам спачатку, дзе вы былi, паненка Спак?

Аканомка так запыхалася, што ледзь магла гаварыць; але ўсё ж расказала аб даручэннi, якое ёй дала Марыт, i аб тым, што па крайняй меры адну з рэчаў ёй удалося прасунуць у склеп праз норку.

– Усё гэта вельмi дзiўна, вельмi – прамовiў барон, – бо Адрыяну на самай справе лепш. Зусiм нядаўна ён ачнуўся i першыя яго словы былi: "Цяпер Генерал атрымаў свой пярсцёнак".

– Сэрца зноў б'ецца як заўсёды, – дадала баранэса, – i ён абавязкова хоча пагаварыць з вамi, паненка. Ён кажа, што гэта вы выратавалi яму жыццё.

Яны правялi дзяўчыну Спак да Адрыяна i пакiнулi iх адных. Малады барон сядзеў на ложку i, убачыўшы яе, працягнуў да яе рукi.

– Я ведаю, я ўжо ведаю! – усклiкнуў ён. – Генерал атрымаў свой пярсцёнак, i гэта цалкам ваша заслуга, паненка.

Дзяўчына Спак смяялася i плакала ў ягоных абдымках, а ён пацалаваў яе ў лоб.

– Я абавязаны вам жыццём, – сказаў ён. – Калi б не вы, паненка Спак, я быў бы ўжо ў гэты час трупам. Я ў вас у неаплатным даўгу.

Захапленне, з якiм малады чалавек сустрэў яе, пэўна, i прымусiла няшчасную дзяўчыну Спак надта доўга затрымацца ў ягоных абдымках. I Адрыян паспяшаўся дадаць:

– Не толькi я абавязаны вам, але i яшчэ адзiн чалавек.

Ён паказаў ёй медальён, якi насiў на шыi, i дзяўчына Спак невыразна ўбачыла на iм мiнiяцюрны партрэт маладой дзяўчыны.

– Вы, паненка, даведваецеся аб гэтым першая пасля бацькоў, – сказаў ён. – Калi праз некалькi тыдняў яна прыедзе ў Хедэбю, то аддзячыць вам яшчэ лепш, чым я.

I ў аддзяку за давер дзяўчына Спак зрабiла маладому барону рэверанс. Праўда, ёй хацелася сказаць яму, што яна зусiм не мае намеру заставацца ў Хедэбю, каб сустрэць яго нявесту. Але своечасова абдумалася. Беднай дзяўчыне не прыходзiлася быць асаблiва пераборлiвай i пагарджаць такiм добрым месцам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю