Текст книги "Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)
* Сэтар – невялiкае паселiшча тыпу хутара на аддаленых ад жылля лясных пашах.
** Пастар-ад'юнкт – другi святар, якога прызначалi ў дапамогу пастару ў некаторых прыходах.
Пачуўшы гэта, пастар пакапаўся ў сваёй памяцi. Борд Бордсан быў добры чалавек. Праўда, крыху праставаты, але не з-за гэтага ж яму трывожыцца на смяротным ложы. Ну, а калi разважыць па-чалавечы, то святар сказаў бы, што Борд Бордсан быў адным з тых, хто пакрыўджаны богам. Апошнiя сем гадоў селянiна даймалi розныя беды i няшчасцi. Сядзiба згарэла, а жывёла або падохла ад павальнага мору, або яе задралi дзiкiя звяры. Мароз спустошыў раллю, так што Борд збяднеў, як Iоў. Пад канец жонка яго прыйшла ў такую роспач ад усiх гэтых бядот, што кiнулася ў возера. А сам Борд перабраўся ў пастухову хацiну ў глухiм лесе; гэта было адзiнае, чым ён яшчэ валодаў. З таго часу нi сам ён, нi дзецi яго не хадзiлi ў царкву. Аб гэтым неадночы гаварылi ў пастарскiм маёнтку, не разумеючы, цi жывуць яшчэ Бордсаны ў iх прыходзе, цi не.
– Наколькi я ведаю твайго бацьку, ён не рабiў такога цяжкага граху, у якiм не мог бы пакаяцца ад'юнкту, – сказаў пастар, гледзячы з добразычлiвай усмешкай на дачку Борда Бордсана.
Для сваiх чатырнаццацi гадоў яна была не па ўзросту рослая i моцная дзяўчынка. Твар у яе быў шырокi, рысы твару грубыя. Выгляд – крышачку праставаты, як у бацькi, але выраз дзiцячай бязвiннасцi i шчырасцi прыхарошваў яе твар.
– А вы, высокапаважаны пан пастар, пэўна, не баiцеся Бенгта-асiлка? Не з-за яго ж вы не адважваецеся паехаць да нас? – запыталася дзяўчынка.
– Што такое ты кажаш, дзетка? – здзiвiўся пастар. – Што гэта за Бенгг-асiлак, аб якiм ты гаворыш?
– А той самы, хто робiць так, што ўсё ў нас не ладзiцца.
– Вось як, – працягнуў пастар, – вось як. Значыць, гэта той, каго завуць Бенгтам-асiлкам?
– А хiба вы, высокапаважаны пан пастар, не ведаеце, што гэта ён падпалiў Меламстугу?
– Не, аб гэтым мне чуць не даводзiлася, – адказаў пастар, але адразу ж узняўся з месца i ўзяў свой трэбнiк i невялiкi пацiр, якiя заўсёды вазiў з сабой, калi ездзiў па прыходзе.
– Гэта ён загнаў матулю ў возера, – працягвала дзяўчынка.
– Горшай бяды быць не можа! – усклiкнуў пастар. – А ён жывы яшчэ, гэты Бенгт-асiлак? Ты бачыла яго?
– Не, бачыць я яго не бачыла, – адказала яна, – але ён, вядома, жывы. Гэта з-за яго нам давялося перабрацца ў лес i жыць сярод дзiкiх скал. Там ён пакiнуў нас у спакоi да мiнулага тыдня, калi татка секануў сябе па назе.
– I ў гэтым таксама, па-твойму, вiнаваты Бенгт-асiлак? – зусiм спакойна запытаўся пастар, але адразу ж адчынiў дзверы i крыкнуў работнiку, каб той сядлаў каня.
– Татка сказаў, што Бенгт-асiлак замовiў сякеру, а не то б яму нiколi не пашкодзiць нагу. Ды i рана ж была зусiм не небяспечная; а сягоння татка ўбачыў, што ў яго антонаў агонь у назе. Ён сказаў, што цяпер ужо абавязкова памрэ, таму што Бенгт-асiлак даканаў яго. Вось татка i паслаў мяне сюды i загадаў перадаць, каб вы самi да яго прыехалi, i як мага хутчэй.
– Добра, паеду, – сказаў пастар.
Пакуль дзяўчынка расказвала, ён накiнуў на сябе дарожны плашч i надзеў капялюш.
– Аднаго я не магу зразумець, – сказаў ён, – з чаго б гэтаму самаму Бенгту-асiлку так даймаць твайго татку? Цi не зачапiў яго калi-небудзь Борд за жывое?
– Так, ад гэтага татка не адмаўляецца, – пацвердзiла дзяўчынка. Толькi чым ён пакрыўдзiў яго, аб гэтым татка нi мне, нi брату не казаў. Здаецца мне, што якраз аб гэтым ён i хоча паведамiць вам, глыбокапаважаны пан пастар.
– Ну, калi так, – сказаў пастар, – трэба паспяшацца.
Нацягнуўшы пальчаткi з адваротамi, ён выйшаў разам з дзяўчынкай з дому i сеў на каня.
За ўвесь час, пакуль яны ехалi да пастуховай хацiны ў лесе, пастар не сказаў нi слова. Ён сядзеў, думаючы аб усiх тых цудах, пра якiя расказала яму дзяўчынка. Сам ён на сваiм вяку сустракаў толькi аднаго чалавека, празванага ў народзе Бенгтам-асiлкам. Але ж, магчыма, дзяўчынка казала не пра яго, а зусiм пра iншага Бенгта.
Калi пастар уехаў на сэтар, яму насустрач выскачыў малады хлопец. Гэта быў сын Борда Бордсана – Iнгiльберт. Ён быў на некалькi гадоў старэйшы за сястру, такi ж рослы i бучны, як яна, i падобны з ёю тварам. Але вочы ў яго былi пасаджаны глыбей, а выгляд – зусiм не такi дабрадушны i шчыры, як у яе.
– Далекавата вам было ехаць, пан пастар, – сказаў Iнгiльберт, дапамагаючы пастару злезцi з каня.
– О, так, – сказаў стары, – але я прыехаў хутчэй, чым разлiчваў.
– Мне самому б трэба было прывезцi вас сюды, пан пастар, – сказаў Iнгiльберт, – але я рыбачыў учора вечарам дапазна. Толькi вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што ў бацькi ў назе антонаў агонь i што сястру паслалi па вас, пан пастар.
– Мэрта не ўступiць любому хлопцу, – сказаў пастар. – Усё было як нельга лепш. Ну, а як Борд зараз?
– Шчыра кажучы, яму зусiм дрэнна, але ён яшчэ пры розуме. Узрадаваўся, калi я сказаў яму, што вы ўжо выехалi з лесу.
Пастар увайшоў да Борда, а брат з сястрой селi на шырокiя каменныя плiты каля хацiны i сталi чакаць. Настроены яны былi ўрачыста i размаўлялi пра бацьку, якi быў добры з iмi. Але шчаслiвым не быў нiколi з таго самага дня, як згарэла Меламстуга, таму, бадай, для яго лепей будзе развiтацца з такiм няшчасным жыццём.
Раптам сястра сказала:
– У таткi, вiдаць, было нешта на сумленнi!
– У таты? – адзiвiўся брат. – Што ўжо ў яго магло быць на сумленнi? Ды я нi разу не бачыў, каб ён замахнуўся на жывёлу цi на чалавека.
– Але ж у нечым ён збiраўся пакаяцца пастару, i нiкому больш.
– Ён так сказаў? – запытаўся Iнгiльберт. – Сказаў, што перад смерцю хоча ў чымсьцi пакаяцца пастару? Я ж думаў, ён паклiкаў яго сюды толькi для таго, каб прычасцiцца.
– Калi ён сягоння пасылаў мяне па пастара, то сказаў, каб я ўгаварыла яго прыехаць. Бо пастар – адзiны чалавек на свеце, каму ён можа пакаяцца ў вялiкiм i цяжкiм граху.
Крыху падумаўшы, Iнгiльберт усклiкнуў:
– Дзiўна! А цi не прыдумаў ён усё гэта, пакуль сядзеў тут адзiн? Як i небылiцы, якiя, бывала, расказваў пра Бенгта-асiлка. Усё гэта не iнакш як пустая выдумка, i нiчога больш.
– Пра Бенгта-асiлка ён якраз i хацеў пагаварыць з пастарам, – сказала дзяўчынка.
– Тады можаш пайсцi ў заклад, што гэта адны выдумкi, – сказаў Iнгiльберт.
З гэтымi словамi ён падняўся з месца i падышоў да акенца ў сцяне хацiны, якое было адчынена, каб крыху святла i паветра магло пранiкнуць усярэдзiну. Ложак хворага стаяў так блiзка ад акенца, што Iнгiльберт мог чуць кожнае слова. I сын пачаў прыслухоўвацца, нiколькi не пакутуючы мукамi сумлення. Магчыма, нiхто яму нiколi раней не казаў, што падслухоўваць споведзь грэшна. Ва ўсякiм выпадку, ён быў упэўнены, што ў бацькi няма нiякiх страшных тайнаў, якiя ён мог бы выдаць.
Пастаяўшы крыху каля акенца, Iнгiльберт зноў падышоў да сястры.
– Ну, што я казаў? – пачаў ён. – Бацька расказвае пастару, што гэта яны разам з мацi ўкралi каралеўскi пярсцёнак у старога генерала Лёвеншольда.
– Злiтуйся, божа! – усклiкнула сястра. – Цi не сказаць нам пастару, што ўсё гэта глупства, што ён сам на сябе нагаворвае.
– Зараз мы нiчога не можам зрабiць, – запярэчыў Iнгiльберт. – Няхай цяпер кажа што хоча. А з пастарам мы пасля пагаворым.
Ён зноў падкраўся да акенца i пачаў падслухоўваць. На гэты раз ён не прымусiў сястру доўга чакаць i неўзабаве зноў падышоў да яе.
– Цяпер ён кажа, што ў тую ж ноч, калi яны з мацi пабывалi ў склепе i ўзялi пярсцёнак, згарэла Меламстуга. Ён думае, быццам сам генерал падпалiў двор.
– Па ўсiм вiдаць, што гэта адна дурасць, – сказала сястра. – Нам жа ён не менш за сотню разоў казаў, што Меламстугу падпалiў Бенгт-асiлак.
Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як Iнгiльберт зноў вярнуўся на сваё месца каля акенца. На гэты раз ён доўга стаяў там, прыслухоўваючыся, а калi зноў падышоў да сястры, твар яго пацямнеў.
– Бацька сцвярджае, што гэта генерал наслаў на яго ўсе беды, каб прымусiць вярнуць пярсцёнак. Ён кажа, што мацi спалохалася i захацела пайсцi разам з iм да ротмiстра ў Хедэбю i аддаць пярсцёнак. Бацька i рад бы быў паслухацца яе, ды не адважыўся, думаў, што iх абоiх павесяць, калi яны прызнаюцца, што абакралi нябожчыка. Але тут ужо мацi не змагла перажыць гэтага, пайшла i ўтапiлася.
Тут i твар сястры пацямнеў ад жаху.
– Але татка заўсёды казаў, – пачала была яна, – што гэта быў...
– Ну так! Ён толькi што тлумачыў пастару, быццам не адважваўся сказаць нiводнай жывой душы, хто напусцiў на яго ўсе гэтыя беды. Толькi нам ён казаў, што яго даймае чалавек па мянушцы Бенгт-асiлак. Ён сказаў, што сяляне называлi генерала Бенгтам-асiлкам.
Мэрта Бордсан так i абамлела.
– Значыць, гэта праўда, – прашаптала яна цiха, так цiха, нiбы гэта былi яе перадсмяротныя словы.
Яна азiрнулася па баках. Хацiна стаяла на беразе ляснога азярца, а вакол узвышалiся змрочныя, пакрытыя лесам грабянi гор. Наколькi ахоплiвала вока, не вiдаць было чалавечага жылля, не было нiкога, да каго яна магла б звярнуцца. Усюды панавала адзiноцтва.
I ёй падалося, што ў ценi дрэў, у змроку падпiльноўвае нябожчык, рыхтуючыся наслаць на iх новыя няшчасцi.
Яна была яшчэ такiм дзiцём, што не магла па-сапраўднаму ўсведамляць, якую ганьбу i знявагу наклiкалi на сябе яе бацькi. Яна разумела адно – што iх даймае нейкi прывiд, якаясьцi бязлiтасная, усемагутная iстота з тагачаснага царства. Яна чакала, што гэты прышэлец у любы час з'явiцца i яна ўбачыць яго; Мэрце стала так страшна, што ў яе зуб на зуб не трапляў.
Яна падумала пра бацьку, якi вось ужо цэлых сем гадоў хаваў у душы такi ж самы жах. Ёй споўнiлася нядаўна чатырнаццаць, i яна памятала, што ёй было ўсяго сем, калi згарэла Меламстуга. I ўвесь гэты час бацька ведаў, што мярцвяк ходзiць за iм. Так, лепш яму тады памерцi.
Iнгiльберт зноў падслухоўваў каля акенца хацiны, а потым вярнуўся да сястры.
– Ты ж не верыш у гэта, Iнгiльберт? – запыталася яна, нiбы ў апошнi раз спрабуючы пазбавiцца ад страху. Але тут яна ўбачыла, як у Iнгiльберта дрыжаць рукi, а вочы застылi ад жаху. Яму таксама было страшна, нiколькi не менш за яе.
– Чаму ж мне тады верыць? – прашаптаў Iнгiльберт. – Тата гаворыць, многа разоў спрабаваў паехаць у Нарвегiю – хацеў прадаць там пярсцёнак, але яму нiяк не ўдавалася з месца крануцца. То сам захварэе, то конь зломiць нагу, якраз калi патрэбна ад'язджаць.
– А што сказаў пастар? – запыталася дзяўчынка.
– Ён пацiкавiўся ў бацькi, навошта той трымаў у сябе пярсцёнак усе гэтыя гады, калi так небяспечна было валодаць iм. Але тата адказаў: ён, маўляў, думаў, што калi прызнаецца ў сваiм злачынстве, то ротмiстр загадае яго павесiць. Выбiраць не было з чаго, вось i давялося яму захоўваць пярсцёнак. Але цяпер тата ведае, што памрэ, i хоча аддаць пярсцёнак пастару, каб яго паклалi генералу ў магiлу, а мы б, дзецi, пазбавiлiся ад праклёну i змаглi б зноў перабрацца ў прыход да людзей.
– Я рада, што пастар тут, – сказала дзяўчынка. – Не ведаю, што i рабiць, калi ён паедзе. Я так баюся. Мне здаецца, быццам генерал стаiць вунь там, пад елкамi. Падумаць страшна, што ён хадзiў тут кожны дзень i падпiльноўваў нас! А тата, можа, нават бачыў яго!
– Я думаю, што тата i сапраўды бачыў яго, – пагадзiўся Iнгiльберт.
Ён зноў падышоў да хацiны i пачаў прыслухоўвацца. Калi ж вярнуўся назад да сястры, на ягоным твары ўжо быў iншы выраз.
– Я бачыў пярсцёнак, – сказаў ён. – Тата аддаў яго пастару. Пярсцёнак так i зiхацiць! Пунсовы з золатам! Так i пералiваецца! Пастар зiрнуў на пярсцёнак i сказаў, што пазнаў яго, што пярсцёнак гэты – генералаў. Падыйдзi да акенца, i ты ўбачыш яго!
– Лепш гадзюку ў рукi вазьму, чым буду глядзець на гэты пярсцёнак, сказала дзяўчынка. – Няўжо ты на самай справе думаеш, што на яго прыемна глядзець?
Iнгiльберт адвярнуўся.
– Ведаю, што ён – наш згубiцель, але ўсё роўна мне ён па душы.
Толькi ён сказаў гэтыя словы, як да брата i сястры данёсся моцны i зычны голас пастара. Да гэтага часу ён слухаў хворага. Цяпер надышла яго чарга.
Само сабой зразумела, што пастар не мог прымiрыцца з усiмi гэтымi вар'яцкiмi размовамi аб падкопах мерцвяка. Ён спрабаваў даказаць селянiну, што яго напаткала божае пакаранне за такое неверагоднае злачынства, як крадзеж у нябожчыка. Пастар увогуле не пажадаў згадзiцца з тым, быццам генерал здольны ўчыняць пажары цi насылаць хваробы на людзей i жывёлу. Не, беды, якiя даймалi Борда, – гэта пакаранне божае, абранае каб вымусiць яго раскаяцца i вярнуць крадзенае яшчэ пры жыццi, пасля чаго грэх будзе дараваны, i ён зможа спакойна памерцi.
Стары Борд Бордсан цiха ляжаў у ложку i слухаў пастара, той так i не пераканаў яго. Надта шмат жахаў давялося яму перажыць, i не мог ён паверыць, што ўсе яны пасланы Богам.
Але брат з сястрой, якiя дрыжалi ад страху перад насланнём i прывiдамi, адразу акрыялi.
– Чуеш? – запытаўся Iнгiльберт, схапiўшы за руку сястру. – Чуеш, пастар кажа, што гэта быў зусiм не генерал.
– Так, – адказала сястра.
Яна сядзела, сцiснуўшы рукi. Кожнае слова, сказанае пастарам, глыбока западала ёй у душу.
Iнгiльберт устаў. Парывiста ўздыхнуўшы, ён выпрастаўся. Юнак быў цяпер свабодны ад страху, якi мучыў яго. Ён стаў з выгляду зусiм iншым чалавекам. Шпаркiм крокам падышоў ён да хацiны, адчынiў дзверы i ўвайшоў.
– Што такое? – запытаўся пастар.
– Я хачу пагаварыць з татам!
– Iдзi адсюль! З тваiм бацькам цяпер размаўляю я! – строга сказаў пастар.
Павярнуўшыся да Борда Бордсана, ён зноў пачаў размаўляць з iм то ласкава-ўладным тонам, то лагодна-спагадлiвым.
Iнгiльберт, закрыўшы твар рукамi, усеўся на каменныя плiты. Iм авалодала моцнае хваляванне. Ён зноў зайшоў у хацiну, але яго i цяпер выгналi за дзверы.
Калi ўсё было скончана, настала чарга Iнгiльберта праводзiць пастара ў зваротную дарогу праз лес. Спачатку ўсё iшло добра, але неўзабаве iм давялося ехаць па грэблi цераз балота. Пастар не мог прыгадаць, каб ён ранiцай пераязджаў гэта балота, i запытаўся, цi не збiўся Iнгiльберт з дарогi. Але той адказаў, грэбляй будзе карацей за ўсё абмiнуць балота i што яна выведзе iх з лесу напрамкi.
Пастар пiльна зiрнуў на Iнгiльберта. Ён ужо заўважыў, што сын, як i бацька, вельмi прагны да золата. Iнгiльберт жа некалькi разоў заходзiў у хацiну, быццам хацеў перашкодзiць бацьку аддаць пярсцёнак.
– Эх, Iнгiльберт! Гэта вузкая i небяспечная дарожка, – сказаў пастар. Баюся, як бы конь не спатыкнуўся на слiзкiх бярвёнах.
– А я павяду каня вашага, глыбокапаважаны пан пастар, не хвалюйцеся, сказаў Iнгiльберт i ў той жа мiг схапiў пастарскага каня за павады.
Калi ж яны апынулiся пасярод балота, дзе з усiх бакоў iх акружала толькi зыбкая багна, Iнгiльберт пачаў падаваць пастарскага каня назад. Здавалася, ён хацеў прымусiць яго звалiцца з вузкай грэблi.
Конь стаў на дыбкi, а пастар, якi з цяжкасцю ўтрымлiваўся ў сядле, закрычаў праваднiку, каб той пабаяўся бога, адпусцiў павады. Але Iнгiльберт, здавалася, нiчога не чуў, i пастар убачыў, як ён, пацямнеўшы тварам, сцяўшы зубы, спрабуе адолець каня, каб спiхнуць яго ўнiз у багну. I жывёлiну i коннiка чакала немiнучая смерць.
Тады пастар выцягнуў з кiшэнi саф'янавую торбачку i шпурнуў яе прама ў твар Iнгiльберту.
Той адпусцiў павады, каб злавiць торбачку, i адчуўшы свабоду, пастарскi конь з перапуду рвануўся наперад па вузкай грэблi. Iнгiльберт застыў на месцы, не зрабiўшы нiякай спробы дагнаць пастара.
V
Не прыходзiцца здзiўляцца, што пасля такога ўчынку Iнгiльберта ў пастара памутнела ў галаве. Дзень ужо хiлiўся да вечара, калi яму ўдалося дабрацца да жылля. Нiчога мудронага не было i ў тым, што з лесу ён патрапiў не на дарогу ў Ольсбю, якая была i лепшая i карацейшая за астатнiя, а паскакаў у аб'езд на поўдзень, так што неўзабаве апынуўся каля самай брамы Хедэбю.
Блукаючы на канi ў лясным гушчары, ён толькi падумваў аб тым, каб, вярнуўшыся шчаслiва дамоў, перш-наперш паслаць па ленсмана* i папрасiць яго накiравацца ў лес адабраць у Iнгiльберта пярсцёнак. Але, праязджаючы мiма Хедэбю, ён задумаўся, а цi не павярнуць яму туды па дарозе i цi не расказаць ротмiстру Лёвеншольду, хто адважыўся спусцiцца ў склеп i ўкрасцi каралеўскi пярсцёнак.
* Ленсман – службовая асоба, прадстаўнiк каралеўскай улады на месцах.
Здавалася б, навошта доўга ламаць галаву над такой яснай справай. Але пастар усё ж вагаўся, ведаючы, што ротмiстр i яго бацька не вельмi ладзiлi мiж сабой. Ротмiстр быў настолькi ж мiралюбiвы, наколькi бацька яго ваяўнiчы. Ён паспяшаўся выйсцi ў адстаўку, як толькi быў заключаны мiр з расейцамi*, i з таго часу ўсе свае сiлы аддаваў на аднаўленне росквiту краiны, лiтаральна даведзенай да галечы за гады вайны. Ён быў супраць адзiнаўладдзя i вайсковых ушанаванняў i нават часам дрэнна выказваўся пра самога Карла XII, пра яго высокую персону, як, зрэшты, i пра многае iншае, што так высока цанiў яго стары бацька. Для большай дакладнасцi патрэбна сказаць, што сын актыўна ўдзельнiчаў у рыксдагаўскiх спрэчках**, прычым заўсёды як сябра партыi прыхiльнiкаў мiру. Так, у сына з бацькам нямала было зачэпак для сварак.
* 30 жнiўня 1721 г. быў заключаны мiрны дагавор памiж Расеяй i Швецыяй (Нiштацкi мiр), згодна з якiм да Расеi адышлi Iнгерманландыя, Лiфляндыя, Эстляндыя, Выбарг i паўднёва-заходняя Карэлiя.
** У 1713 г., насуперак забароне Карла XII, быў склiканы рыксдаг, на якiм разгарнулiся дэбаты наконт далейшага палiтычнага курсу краiны. Большасць членаў рыксдага рашуча патрабавала неадкладнага заключэння мiру.
Калi сем гадоў таму быў украдзены генеральскi пярсцёнак, пастар, ды i многiя iншыя палiчылi, што ротмiстр не вельмi стараецца атрымаць яго назад. Усё гэта прымусiла цяпер пастара падумаць: "Якая карысць, калi я вазьму на сябе клопат злезцi з каня тут, у Хедэбю. Ротмiстр усё роўна не запытаецца, хто носiць сягоння каралеўскi пярсцёнак на пальцы – бацька цi Iнгiльберт. Лепш за ўсё мне адразу ж паведамiць аб крадзяжы ленсману Карэлiусу".
Але пакуль пастар такiм чынам раiўся з самiм сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, цiхенька адчынiлася, ды так i засталася адчыненай насцеж.
Гэта быў сапраўды цуд, але цi мала на свеце розных брам, якiя такiм жа чынам расчыняюцца самi па сабе, калi яны дрэнна зачынены. I пастар не стаў больш ламаць галаву над гэтымi абставiнамi, але палiчыў iх знакам таго, што яму патрэбна заехаць у Хедэбю.
Ротмiстр прыняў яго гасцiнна, куды больш ветлiва, чым звычайна.
– Якi гонар для нас, што вы, высокапаважаны брат, зазiрнулi да нас. Я якраз вельмi хацеў сустрэцца з вамi i сягоння некалькi разоў намерваўся пайсцi да вас у маёнтак i пагаварыць аб адной надта незвычайнай справе!
– Дарэмна б толькi схадзiлi, брат Лёвеншольд, – сказаў пастар. – Яшчэ на свiтаннi я паехаў вярхом па прыхадскiх справах на сетэр у Ольсбю i вось толькi зараз вяртаюся назад. Ну i дзянёк выпаў для мяне, старога! Столькi прыгод!
– Тое ж i са мной было, хоць я наўрад цi ўставаў сягоння з крэсла. Запэўнiваю вас, высокапаважаны брат, што хоць мне хутка мiне пяцьдзесят i я трапляў у розныя пераплёты, як у суровыя ваенныя гады, так i потым, цудаў, падобных сягонняшнiм, мне сустракаць не даводзiлася.
– А калi так, – прамовiў пастар, – першае слова я ўступаю вам, брат Лёвеншольд. Я таксама магу расказаць вам, высокапаважаны брат, вельмi цiкавую гiсторыю. Але не буду сцвярджаць, што яна самая дзiўная з усiх, якiя здаралiся са мной у жыццi.
– Але, магчыма, – запярэчыў ротмiстр, – вам, высокапаважаны брат, мая гiсторыя зусiм не падасца такой ужо незвычайнай. Таму я i хачу запытацца: вы чулi, пэўна, што расказваюць пра Гатэнйельма*?
* Гатэнйельм – Ларс (Ласэ) Андэрсан Гатэ (1689-1718) – вядомы шведскi марак. Нарадзiўся ў сялянскай сям'i, плаваў на шведскiх i замежных гандлёвых суднах. У час Паўночнай вайны арганiзаваў каперскую флатылiю (гл. нiжэй). Нажыў вялiкiя багаццi i часткова субсiдзiраваў каралеўскую казну. У 1715 г. яму быў нададзены дваранскi тытул, пасля чаго стаў называцца Гатэнйельмам. Узвышэнне яго было адмоўна сустрэта шведскай арыстакратыяй, бо яго падазравалi ў сувязях з пiратамi. Загiнуў у марской бiтве пры Гётэборгу.
– Пра гэтага жахлiвага пiрата i адчайнага капера*, якому кароль Карл надаў чын адмiрала? Хто ж не чуў, што пра яго расказваюць!
* Капер – уладальнiк судна цi флатылii, якi займаецца ў час вайны марскiм разбоем у нейтральных водах. У адрозненне ад пiратаў каперы нападалi толькi на варожыя судны з ведама свайго ўрада, атрымлiваючы на гэта спецыяльную грамату. Каперства iснавала ў Эўропе да сярэдзiны XIX ст.
– Дык вось, – працягваў ротмiстр, – сягоння ў абед размова зайшла пра даўнiя ваенныя гады. Мае сыны i iхнi гувернёр пачалi распытвацца ў мяне, як i што было ў даўнiну; маладыя ж любяць слухаць пра мiнулае. I заўважце сабе, брат мой, яны нiколi не пытаюцца пра тую гарачую i суровую пару, якую давялося перажыць нам, шведам, пасля смерцi Карла, калi мы з-за вайны ды безграшоўя адсталi ва ўсiм. Не, iх цiкавяць толькi згубныя ваенныя гады! Далiбог, i не паверыш: яны ж лiчаць нi за што аднаўленне гарадоў, якiя згарэлi дашчэнту, узвядзенне заводаў i мануфактур, выкарчоўку лесу i пад'ём цалiны. Думаецца, мой брат, сыны мае саромеюцца мяне i маiх сучаснiкаў за тое, што мы пакончылi з ваеннымi паходамi i перасталi спусташаць чужыя землi. Вiдаць, яны мяркуюць, што мы значна горшыя за нашых бацькоў i што нам здрадзiла былая магутнасць шведаў!
– Вы, брат Лёвеншольд, сапраўды маеце рацыю, – сказаў пастар. – Такая любоў юнакоў да вайсковай справы заслугоўвае ўсялякага шкадавання.
– Ну вось я i выканаў iх жаданне, – працягваў ротмiстр, – i раз яны захацелi пачуць пра якога-небудзь вялiкага героя вайны, я i расказаў iм пра Гатэнйельма i пра яго жорсткае абыходжанне з купцамi i мiрнымi падарожнiкамi, жадаючы выклiкаць сваiм расказам жах i пагарду. I калi мне гэта ўдалося, я папрасiў сваiх дзяцей паразважаць над тым, што гэты Гатэнйельм быў заўзяты сын ваеннага часу, i пацiкавiўся, цi хацелася б iм, каб на зямлi жылi такiя вылюдкi?
Але не паспелi мае сыны адказаць, як слова ўзяў iхнi гувернёр i папрасiў дазволу расказаць яшчэ адну гiсторыю пра Гатэнйельма. I паколькi ён запэўнiў мяне, што гэта прыгода капера толькi падмацуе мае папярэднiя выказваннi пра жахлiвыя зверствы i бясчынствы Гатэнйельма, я згадзiўся.
Ён пачаў свой расказ з таго, што Гатэнйельм загiнуў маладым i цела яго было пахавана ў ансальскай царкве* ў мармуровым саркафагу, якi ён выкраў у дацкага караля**. Пасля гэтага ў царкве пачалi з'яўляцца такiя страшныя прывiды, што ансальскiя прыхаджане не ведалi паратунку. Яны не знайшлi iншага сродку, апрача як выцягнуць цела з труны i пахаваць яго ў зямлi на пустынных шхерах далёка-далёка ў моры. З таго часу ў царкве стала мiрна i спакойна. Але рыбакi, якiм здаралася заплываць да новага месца пахавання Гатэнйельма, расказвалi, што заўсёды чулi там шум i валтузню, i ў любое надвор'е марская пена бурна закiпала над злашчаснымi шхерамi. Рыбакi думалi, што ўсё гэта была справа рук карабельнiкаў i гандляроў, якiх Гатэнйельм загадваў кiдаць за борт з захопленых iм суднаў. I цяпер яны ўставалi са сваiх сырых марскiх магiл, каб катаваць пiрата. А рыбакi ўсяляк асцерагалiся заплываць у той бок. Але аднойчы цёмнай ноччу аднаму з iх собiла апынуцца занадта блiзка ад страшнага месца. Ён адчуў, што яго раптам зацягнула ў вiр, у твар пляснула марская пена, i чыйсьцi грамавы голас звярнуўся да яго:
– Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале i скажы жонцы маёй: няхай прышле мне сем бярэмяў арэхавых прутоў ды дзве ядлоўцавыя палiцы!
* Царква ў прыходзе Ансала, дзе знаходзiлася сядзiба Гата, якая належала бацькам Гатэнйельма.
** Недакладнае выкладанне гiстарычнага факту. У сапраўднасцi Гатэнйельм заўважыў на адным з захопленых дацкiх суднаў два мармуровыя саркафагi, якiя прызначалiся для дацкага караля Фрэдэрыка IV i яго жонкi. Датчане прапанавалi за iх вялiкi выкуп, але Гатэнйельм заявiў, што мае намер пакiнуць iх для сябе i сваёй жонкi. Тады па загаду дацкага ўрада былi выраблены два якраз такiя ж самыя саркафагi з iмем i гербам Гатэнйельмаў, i шведскi капер пагадзiўся ўзяць iх у абмен на каралеўскiя. Гэтыя саркафагi ўстаноўлены ў ансальскай царкве, у магiльным склепе Гатэнйельмаў, i ў адным з iх пахаваны Ларс Гатэ.
Пастар, якi моўчкi i цярплiва слухаў расказ субяседнiка, улавiў цяпер, што гэта – звычайная гiсторыя аб прывiдах, i з цяжкасцю ўстрымаўся ад нецярплiвага жэсту. Аднак ротмiстр не звярнуў на гэта нiякай увагi.
– Вы разумееце, высокапаважаны брат мой, што рыбаку нiчога не заставалася, як падпарадкавацца гэтаму наказу. Паслухалася яго i яна, жонка Гатэнйельма. Былi сабраны самыя гнуткiя арэхавыя пруты i самыя моцныя ядлоўцавыя палiцы, i работнiк з Ансалы паплыў з iмi ў мора.
Тут пастар зрабiў настолькi яўную спробу перапынiць свайго субяседнiка, што ротмiстр нарэшце заўважыў яго нецярплiвасць.
– Ведаю, аб чым вы думаеце, брат мой, – прамовiў ён, – тое ж падумаў i я, пачуўшы ў абед гэту гiсторыю, але зараз, ва ўсякiм выпадку, папрашу вас, высокапаважаны брат мой, выслухаць мяне да канца. Такiм чынам, я хацеў сказаць, што гэты разбойнiк з Ансалы, мабыць, быў чалавек бясстрашны i да таго ж вельмi адданы свайму нябожчыку гаспадару. Iнакш ён наўрад цi адважыўся б выканаць такi наказ. Калi ён падплыў блiжэй да месца пахавання Гатэнйельма, шхеры пiрата захлiствалi такiя высокiя хвалi, нiбы разгулялася страшная бура, а бразганне зброi i шум бiтвы чутны былi далёка навокал. Аднак работнiк падышоў на вёслах як мага блiжэй, i яму ўдалося закiнуць на шхеры i ядлоўцавыя палiцы i бярэмi прутоў. Некалькi шпаркiх узмахаў вёсламi – i ён адплыў ад страшнага месца.
– Высокапаважаны брат мой... – пачаў быў пастар, але ротмiстр непахiсна працягваў.
– Аднак далей ён не паплыў, а перастаў веславаць, рашыўшы паназiраць, цi не здарыцца што-небудзь незвычайнае. I чакаць яму марна не давялося. Бо над шхерамi паднялася раптам да аблок марская пена, шум змянiўся страшным грукатам, быццам на полi бiтвы, i жахлiвыя стогны разнеслiся над морам. Так працягвалася нейкi час, паступова зацiхаючы, а пад канец хвалi i зусiм перасталi браць штурмам Гатэнйельмаву магiлу. Неўзабаве тут стала гэтак жа цiха i спакойна, як i на ўсякiх iншых шхерах. Работнiк хацеў ужо накiравацца ў зваротны шлях, але ў той жа мiг да яго звярнуўся грамавы i ўрачысты голас:
"Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале, пакланiся маёй жонцы i перадай: цi жывы, цi мёртвы, Ласэ Гатэнйельм заўсёды перамагае сваiх ворагаў!"
Апусцiўшы галаву, пастар слухаў апавядальнiка. Цяпер, калi гiсторыя падышла да канца, ён узняў галаву i запытальна зiрнуў на ротмiстра.
– Калi гувернёр вымавiў гэтыя апошнiя словы, – працягваў ротмiстр, – я заўважыў, што сыны мае спачуваюць гэтаму паскуднаму нягоднiку Гатэнйельму i што iм па душы прыйшоўся аповед пра яго адвагу. Таму я i паспяшаўся заўважыць – маўляў, гiсторыя гэта прыдумана складана, але ўсё гэта наўрад цi што большае за самую звычайную выдумку. Бо калi, – сказаў я, – такi грубы пiрат, як Гатэнйельм, мог пастаяць за сябе нават пасля смерцi, то як жа растлумачыць, што мой бацька, такi адчайны рубака, як i Гатэнйельм, але не ў прыклад яму добры, сумленны чалавек, дазволiў злодзею прабрацца ў склеп i ўкрасцi ў яго самы каштоўны набытак? А ў яго не было сiлы перашкодзiць гэтаму цi ва ўсякiм разе хоць пасля адпомсцiць вiнаватаму.
Пасля гэтых слоў пастар падхапiўся з не ўласцiвай для яго жвавасцю.
– I я прытрымлiваюся такога ж меркавання! – усклiкнуў ён.
– Паслухайце, аднак, што здарылася далей, – працягваў ротмiстр. – Не паспеў я вымавiць гэтыя словы, як за спiнкай майго крэсла пачулiся гучныя ўздыхi. I ўздыхi гэтыя былi вельмi падобныя на тыя ўздыхi майго нябожчыка бацькi, калi яго мучылi старэчыя недамаганнi. Мне нават падалося, што ён стаiць у мяне за спiной. I я падхапiўся з месца. Зразумела, нiкога i нiчога я не ўбачыў, але быў перакананы, што чуў майго бацьку. Мне не захацелася больш садзiцца за стол, i я прасядзеў тут увесь наступны час у адзiноце, разважаючы аб гэтай справе. I мне вельмi хацелася б пачуць, што думаеце наконт гэтага вы, мой высокапаважаны брат. Тыя жаласныя ўздыхi аб украдзеным скарбе, якiя я чуў... Цi быў гэта мой нябожчык бацька? Калi б я быў упэўнены, што ён усё яшчэ знемагае ад тугi з-за гэтага пярсцёнка! Ды я лепей бы хадзiў па дварах, праводзячы дазнанне, чым дапусцiў, каб ён хоць адзiн мiг пакутаваў жорсткай скрухай, як аб тым сведчаць ягоныя жаласныя ўздыхi.
– Другi раз даводзiцца мне сягоння адказваць на пытанне, цi смуткуе яшчэ нябожчык генерал па сваiм страчаным пярсцёнку i хоча атрымаць яго назад, – сказаў пастар. – Але перш чым адказаць, я, з вашага дазволу, высокапаважаны брат мой, раскажу сваю гiсторыю, а потым мы разам паразважаем аб гэтым.
Расказаўшы пра сягонняшняе здарэнне з iм, пастар зразумеў, што яму не варта было баяцца, што ротмiстр з недастатковай стараннасцю будзе падтрымлiваць iнтарэсы свайго бацькi. Пастар не падумаў аб тым, што ў характары нават самага мiралюбiвага чалавека ёсць нешта ад сыноў Лодбрака*. Бо нярэдка бывае i так: парасяты пачынаюць вiшчаць, даведаўшыся, якiя пакуты выцерпеў стары парсюк. I пастар убачыў, як на лбе ў ротмiстра ўспухлi жылы, а кулакi так моцна сцiснулiся, што нават збялелi ў суставах. Нястрымны гнеў авалодаў ротмiстрам.
* Рагнар Лодбрак, цi Рагнар Скураныя Штаны – герой вядомай iсландскай сагi i хронiкi Саксона Граматыка. Здзейснiўшы мноства подзвiгаў, Лодбрак трапiў у палон да англiйскага караля Эле, быў кiнуты ў змяiную яму i загiнуў. Яго сыны адпомсцiлi за яго, уварваўшыся ў Англiю i забiўшы караля Элу. Прататыпам Лодбрака паслужыў дацкi важак вiкiнгаў, якi жыў у сярэдзiне IX ст. У яго было пяць сыноў, якiя ўзначалiлi паход вiкiнгаў у Англiю.
Вядома, пастар перадаў усю гэту справу па-свойму. Ён расказаў, як гнеў божы пакараў злодзеяў, але нiякiм чынам не пажадаў прызнаць, што тут мог быць замешаны мярцвяк.
Ротмiстр жа зразумеў усё гэта зусiм iнакш. Ён зрабiў вывад адсюль, што бацька яго не знайшоў вечнага спакою ў магiле, бо пярсцёнак з яго ўказальнага пальца быў зняты. Ротмiстра мучылi страх i згрызоты сумлення, паколькi да гэтага часу ён надта бесклапотна адносiўся да гэтай справы. Здавалася, у сэрцы ягоным ныла рана.
Пастар, заўважыўшы, як усхваляваўся ротмiстр, ад страху ледзь рашыўся расказаць яму, што пярсцёнак у яго аднялi зноўку. Але гэта было ўспрынята з нейкiм змрочным задавальненнем.
– Добра, што хоць адзiн з гэтага зладзейскага зброду ўцалеў i што ён такi ж мярзотнiк, як i iншыя, – сказаў ротмiстр Лёвеншольд. – Генерал расправiўся з бацькамi Iнгiльберта, i расправiўся сурова. Цяпер настала мая чарга!
Пастар улавiў жорсткую рашучасць у голасе ротмiстра. Ён хваляваўся ўсё мацней i мацней, баючыся, каб ротмiстр не задушыў Iнгiльберта ўласнымi рукамi цi не засек яго да смерцi.