Текст книги "Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)
– Я палiчыў сваiм абавязкам быць пасланцом ад нябожчыка Борда да вас, брат Лёвеншольд, – сказаў пастар, – але я спадзяюся, што вы не пачнеце нiякiх неабдуманых дзеянняў. Я ж маю намер паведамiць цяпер ленсману аб тым, што мяне абакралi.
– Вы, брат мой, можаце паступаць як палiчыце патрэбным, – заўважыў ротмiстр. – Я хацеў толькi сказаць, што ўсё гэта – марныя турботы, паколькi справу я бяру на сябе.
Пастар пераканаўся, што ў Хедэбю ён больш нiчога не вырашыць. I паспяшаўся з маёнтка, каб паспець завiдна паведамiць аб усiм ленсману.
А ротмiстр Лёвеншольд паклiкаў усiх сваiх чалядзiцаў, расказаў, што здарылася, i запытаўся, цi хочуць яны заўтра ранiцай накiравацца разам з iм у пагоню за злодзеем. Нiхто не адмовiўся ад такой паслугi свайму гаспадару i нябожчыку генералу. Канец вечара пайшоў на пошукi ўсемагчымай зброi старадаўнiх мушкетаў, кароткiх мядзведжых рагацiн, доўгiх шпаг, а таксама палiц i кос.
VI
Не менш за пятнаццаць чалавек суправаджалi ротмiстра, калi назаўтра ў чатыры гадзiны ранiцы ён выйшаў з дому паляваць на злодзея. I ўсе яны былi ў самым ваяўнiчым настроi. Праўда была на iхнiм баку, да таго ж яны спадзявалiся на генерала. Калi ўжо нябожчык умяшаўся ў гэту справу, дык абавязкова давядзе яе да канца.
Аднак дзiкi гушчар, якi падыходзiў для аблавы, пачынаўся толькi за мiлю ад Хедэбю. У пачатку дарогi ротмiстру з чалядзiнцамi давялося перасячы лагчыну: дзе-нiдзе яна была апрацавана i ўсеяна дробнымi пабудовамi. То тут, то там на пагорках вiднелiся даволi вялiкiя вёскi. Адна з iх i была Ольсбю, дзе раней знаходзiлася сядзiба Борда Бордсана – пакуль яе не спалiў генерал.
За ўсiм гэтым, нiбы разасланая на зямлi тоўстая звярыная шкура, цягнуўся дрымучы бор, адно дрэва да аднаго. Але нават тут не скончылася ўлада чалавека: у лесе вiдаць былi вузкiя сцяжынкi, якiя вялi да летнiх сэтараў i вугальных ям.
Калi ротмiстр з чалядзiнцамi ўвайшоў у дрымучы лес, усiх iх быццам падмянiлi: яны набылi зусiм iншы выгляд, iншую паставу. Iм i раней здаралася прыходзiць сюды паляваць на буйную дзiчыну, i iх ахапiў паляўнiчы запал. Пiльна ўзiраючыся ў густы хмызняк, яны i перамяшчацца пачалi зусiм па-iншаму – лёгкай хадой i нiбы крадком.
– Давайце дамовiмся наперад, – сказаў iм ротмiстр. – Нiхто з вас не павiнен наклiкаць на сябе бяду з-за гэтага злодзея, i таму пакiньце яго мне. Глядзiце толькi, каб яго не ўпусцiць!
Але чалядзiнцы i не думалi падпарадкоўвацца гэтаму распараджэнню. Усе тыя, хто яшчэ напярэдаднi мiрна расхаджваў, развешваючы сена на сушылы, гарэлi цяпер жаданнем як мага больш жорстка правучыць гэтага зладзюгу Iнгiльберта.
Ледзь толькi яны паглыбiлiся ў лес, як векавыя сосны, што стаялi тут з даўнiх часоў, сталi такiмi частымi, што раскiнулi над iмi суцэльныя шаты; падлесак скончыўся, i толькi iмхi пакрывалi зямлю. I тут яны ўбачылi, што насустрач iм iдуць тры чалавекi з насiлкамi з галiн, на якiх ляжыць чацвёрты.
Ротмiстр са сваiм дазорам паспяшаўся iм насустрач, але, убачыўшы столькi народу, насiльшчыкi спынiлiся. Твар чалавека, якi ляжаў на насiлках, быў прыкрыты вялiзнымi лiстамi папарацi, таму нельга было разгледзець, хто гэта. Але жыхары Хедэбю, здавалася, усё ж пазналi яго, i мароз прабег у iх па скуры.
Iм не падалося, што побач з насiлкамi стары генерал. Зусiм не. Iм не падаўся нават ягоны цень. Але ўсё роўна, яны ведалi: ён – тут. Ён выйшаў з лесу разам з мерцвяком. Ён стаяў, паказваючы на яго пальцам.
Тры мужчыны, якiя неслi насiлкi, былi людзi добра вядомыя ў акрузе i паважаныя. Гэта быў Эрык Iварсан, гаспадар вялiкага хутара ў Ольсбю, i яго брат Iвар Iварсан, якi так нiколi i не ажанiўся i застаўся дажываць у брата на бацькоўскiм хутары. Абодва яны былi ўжо ў гадах; затое трэцi ў iх кампанii быў чалавек малады. Яго таксама ўсе ведалi. Звалi яго Паўль Элiясан, i быў ён прыёмышам братоў Iварсанаў.
Ротмiстр падышоў прама да Iварсанаў, а тыя апусцiлi на зямлю насiлкi, каб прывiтацца з iм за руку. Але ротмiстр, здавалася, не бачыў працягнутых яму рук. Ён не мог адвесцi вачэй ад лiстоў папарацi, якiя прыкрывалi твар таго, хто ляжаў на насiлках.
– Хто гэта тут ляжыць? Ужо цi не Iнгiльберт Бордсан? – запытаўся ён нейкiм дзiўна суровым голасам. Здавалася, быццам ён гаворыць насуперак сваёй волi.
– Ён самы, – адказаў Эрык Iварсан. – Але адкуль вы яго ведаеце, пан ротмiстр? Па адзеннi пазналi?
– Не, – адказаў ротмiстр, – я пазнаў яго не па адзеннi. Я не бачыў яго цэлых пяць гадоў.
I ягоная чэлядзь i прышэльцы здзiўлена глядзелi на ротмiстра. Iм усiм падумалася, што сягоння ранiцай у iм з'явiлася нешта не падобнае на яго, штосьцi зласлiвае. Ён не быў самiм сабой. Ён ужо не быў пачцiвы i ветлiвы, як раней.
Ротмiстр пачаў распытваць сялян, што яны рабiлi ў лесе так рана i дзе знайшлi Iнгiльберта. Iварсаны жылi заможна, i iм было не па душы, што ў iх так гэта выпытваюць, але самае галоўнае ротмiстру ўсё ж удалося выведаць.
За дзень да гэтага з мукой i харчаваннем для работнiкаў яны паднялiся на свой сэтар, размешчаны за некалькi мiль адсюль, у глыбiнi лесу, ды там i заначавалi. На досвiтку накiравалiся назад. Iвар Iварсан неўзабаве абагнаў сваiх спадарожнiкаў. Ён жа былы салдат, майстар хадзiць, i нялёгка было паспяваць за iм.
Намнога апярэдзiўшы сваiх спадарожнiкаў, Iвар Iварсан раптам убачыў, што насустрач яму па сцяжынцы iдзе нейкi чалавек. А лес там быў даволi рэдкi. Нiякiх кустоў, адны толькi магутныя ствалы, i Iвар яшчэ здалёк убачыў гэтага чалавека. Але пазнаць адразу – не пазнаў. Мiж дрэў плавалi клубы туману, i калi iх асвятлялi сонечныя промнi, то яны ператварылiся ў залатую смугу. Сёе-тое можна было разгледзець праз гэтае туманнае марыва, але не вельмi выразна.
Iвар Iварсан заўважыў, што, як толькi сустрэчны ўбачыў яго ў тумане, то адразу ж спынiўся i з вялiкiм жахам, быццам абараняючыся, распасцёр перад сабой рукi. Калi ж Iвар зрабiў яшчэ некалькi крокаў наперад, той кiнуўся на каленi i закрычаў, каб Iвар не наблiжаўся да яго. Здавалася, што чалавек гэты не пры сваiм розуме. Iвар Iварсан хацеў быў паспяшацца да яго, каб супакоiць, аднак той ужо ўскочыў на ногi i кiнуўся наўцёкi ў глыбiню лесу. Але прабег ён усяго толькi некалькi крокаў. Амаль у той жа момант ён павалiўся на зямлю i застаўся ляжаць нерухома. Калi Iвар Iварсан падышоў да яго, ён быў мёртвы.
Цяпер Iвар Iварсан тут жа пазнаў гэтага чалавека: гэта быў не хто iншы, як Iнгiльберт Бордсан, сын таго самага Борда, якi раней жыў у Ольсбю, але потым, калi двор ягоны згарэў, а жонка ўтапiлася, перабраўся на летнi сэтар. Iвар нiяк не мог зразумець, чаму Iнгiльберт павалiўся i памёр: нiчыя ж рука не дакранулася да яго. Ён спрабаваў вярнуць яго да жыцця, але гэта не ўдалося. Калi падышлi астатнiя, яны таксама ўбачылi, што Iнгiльберт мёртвы. Але Бордсаны былi калiсьцi суседзямi Iварсанаў у Ольсбю, i iм не захацелася пакiдаць Iнгiльберта ў лесе; i вось яны зрабiлi насiлкi i забралi яго з сабой.
Ротмiстр з панурым выглядам слухаў гэты аповед. Ён падаўся яму цалкам праўдзiвым. Iнгiльберт ляжаў на насiлках, быццам сабраўся ў далёкую дарогу: за спiнаю – торба, а на нагах – чаравiкi. Мядзведжая рагацiна, якая ляжала побач, бадай, таксама належала яму. Не iнакш як Iнгiльберт хацеў накiравацца на чужыну, каб прадаць там пярсцёнак; але калi ў лясным тумане яму сустрэўся Iвар Iварсан, то палiчыў яго за прывiд генерала. Ну, вядома! Так яно i было! Iвар Iварсан быў апрануты ў стары салдацкi мундзiр, а палi ягонага капелюша былi загнуты на каралiнскi манер*. Тое, што Iнгiльберт абазнаўся, лёгка тлумачылася адлегласцю, туманам i тым, што сумленне ў яго было нячыстае.
* Каралiнамi называлiся салдаты армii Карла XII (ад лац. Carolus Карл).
Тым не менш ротмiстр усё яшчэ быў незадаволены. Ён кiпеў лютай злосцю i прагнуў крывi. Яму хацелася б задушыць Iнгiльберта сваiмi рукамi. Лёвеншольду патрэбна было даць выхад гарачаму жаданню помсты, а выхаду не было.
Аднак, паступова ротмiстр зразумеў, якi ён несправядлiвы, i настолькi авалодаў сабой, што нават расказаў Iварсанам, для чаго ён з чалядзiнцамi выйшаў сягоння ранкам у лес. I дадаў, што хоча даведацца, цi пры мерцвяку пярсцёнак.
Ротмiстру нават хацелася, каб сяляне з Ольсбю адказалi "не"; тады ён мог бы са зброяй у руках пастаяць за свае правы. Але яны палiчылi яго патрабаванне натуральным i крыху адышлi ўбок, пакуль чалядзiнцы абшуквалi кiшэнi мерцвяка. Ягоныя чаравiкi, торбу, кожнае шво ягонай вопраткi.
Спачатку ротмiстр з велiзарнай увагай сачыў за вобыскам, але раптам ён нечакана зiрнуў на сялян, i яму падалося, быццам тыя абмянялiся насмешлiвымi позiркамi, нiбы былi перакананы, што ён усё роўна нiчога не знойдзе.
Так яно i выйшла. Пошукi давялося спынiць, а пярсцёнак так i не знайшоўся. Тады падазрэннi ротмiстра зусiм справядлiва леглi на сялян. Гэтае ж самае падумалi i чалядзiнцы. Куды падзеўся пярсцёнак? Калi Iнгiльберт рашыўся ўцякаць, то ён абавязкова ўзяў яго з сабой. Дзе ён?
Хоць i цяпер нiхто з iх не бачыў генерала, але ўсе адчувалi ягоную нябачную прысутнасць. Стоячы ў натоўпе, ён паказваў на ўсю тройцу з Ольсбю. Пярсцёнак у iх!
Сапраўды, гэта яны абшукалi кiшэнi мерцвяка i знайшлi пярсцёнак.
Хутчэй за ўсё, гiсторыя, якую яны толькi што расказалi, – выдуманая, а на самай справе ўсё адбылося зусiм iнакш. Магчыма, Iварсаны, якiя былi аднавяскоўцамi Бордсанаў, ведалi, што тыя завалодалi каралеўскiм пярсцёнкам. Магчыма, яны даведалiся, што Борд памёр, а сустрэўшыся з сынам у лесе, адразу здагадалiся, што ён сабраўся ўцячы з гэтым пярсцёнкам; вось яны i напалi на Iнгiльберта i забiлi яго, каб прысвоiць пярсцёнак.
На целе Iнгiльберта не было нiякiх слядоў калецтва, апрача кровападцёку на iлбе. Iварсаны сказалi, што ён стукнуўся галавой аб камень, калi павалiўся. Але хiба гэты крывавы жаўлак не мог быць нанесены тоўстай сукаватай палiцай, якую трымаў у руках Паўль Элiясан.
Ротмiстр стаяў, апусцiўшы вочы. Ён пакутлiва змагаўся з самiм сабой. Нiколi не чуў ён аб гэтых трох нiчога, апрача добрага, i яму нiяк не верылася, што яны забойцы i злодзеi.
Чалядзiнцы акружылi ротмiстра. Сёй-той з iх ужо бразгаў зброяй, i ўсе да аднаго лiчылi, што без бойкi iм адсюль не пайсцi.
Тады да ротмiстра падышоў Эрык Iварсан.
– Мы, браты, – сказаў ён, – ды i прыёмыш наш Паўль Элiясан, якi ў хуткiм часе стане мне зяцем, разумеем, што думаеце пра нас вы, пан ротмiстр, i вашы людзi. Дык вось, па-нашаму, не варта нам разыходзiцца, пакуль вы не загадаеце абшукаць нашы кiшэнi i вопратку.
Ад такой прапановы ў панурага ротмiстра стала лягчэй на сэрцы. Ён пачаў адмаўляцца. Iварсаны, ды i iхнi прыёмны сын такiя людзi, што iх i западозрыць немагчыма.
Але сяляне хацелi пакончыць з гэтай справай. Яны самi пачалi выварочваць свае кiшэнi i разуваць чаравiкi. Тады ротмiстр махнуў рукой чалядзiнцам, каб тыя выканалi iх волю i абшукалi.
Пярсцёнак так i не знайшоўся, але ў берасцяным кашы, якi Iвар Iварсан насiў за спiнай, знайшлi саф'янавую торбачку.
– Гэта ваша торбачка? – запытаўся ротмiстр пасля таго як пераканаўся, што яна пустая.
Калi б Iвар Iварсан адказаў сцвярджальна, то i ўсё, магчыма, на гэтым бы скончылася. Але замест гэтага ён спакойна прызнаўся:
– Не, не наша; яна валялася на сцяжынцы, непадалёк ад таго месца, дзе павалiўся Iнгiльберт. Я падняў торбачку i кiнуў яе ў кош, бо яна падалася мне новенечкай.
– Але ў такой вось торбачцы i ляжаў пярсцёнак, калi пастар шпурнуў яго Iнгiльберту, – сказаў ротмiстр; i твар ягоны i голас зноў азмрочылiся. Цяпер жа вам, Iварсанам, нiчога не застаецца, як пайсцi са мной да ленсмана, калi вы не лiчыце за лепшае дабравольна вярнуць мне пярсцёнак.
Цярплiвасць сялян з Ольсбю лопнула.
– Няма ў вас, пан ротмiстр, такога права, каб прымусiць нас iсцi ў турму, – прамовiў Эрык Iварсан.
Ён схапiўся за рагацiну, якая ляжала побач з Iнгiльбертам, каб пракласцi сабе шлях, а брат ягоны з будучым зяцем далучылiся да яго.
У першы момант аслупянелыя жыхары Хедэбю былi падалiся назад, ледзь не адпiхнуўшы ротмiстра, якi засмяяўся ад радасцi, што нарэшце ўжо дасць доўгачаканы выхад свайму гневу, прымянiўшы сiлу. Выхапiўшы шаблю, ён секануў па рагацiне.
Але гэта быў адзiны ратны подзвiг, здзейснены ў гэтай сутычцы. Чалядзiнцы адцягнулi яго i вырвалi шаблю з рук.
Здарылася так, што i ленсман Карэлiус надумаў накiравацца той ранiцай у лес. У тую самую хвiлiну ён у суправаджэннi стражнiка паказаўся на сцяжынцы. Зноў пачалiся пошукi i зноў дазнанне, але справа ўсё ж скончылася тым, што Эрык Iварсан, ягоны брат Iвар i iхнi прыёмны сын Паўль Элiясан былi ўзяты пад варту i адведзены ў турму па падазрэннi ў забойстве i разбоi.
VII
Нельга не прызнаць, што лясы ў нас у Вермландзе былi ў той час велiзарныя, а палi малыя, двары вялiкiя, затое хаты цесныя, дарогi вузкiя, затое ўзгоркi крутыя, дзверы нiзкiя, затое парогi высокiя, цэрквы непрыглядныя, затое службы доўгiя, днi жыцця кароткiя, затое беды незлiчоныя. Але з-за гэтага вермландцы зусiм не апускалi галавы i нiколi не скардзiлiся.
Бывала, мароз знiшчаў пасевы, драпежныя звяры – статкi, а крывавы панос – дзяцей: вермландцы ўсё роўна амаль заўсёды захоўвалi бадзёрасць духу. А iнакш што б з iмi здарылася?
Але, магчыма, першапрычынай таго было суцяшэнне, якое служыла як багатым, так i бедным, суцяшэнне, якое нiколi не здраджвала людзям i нiколi не ведала стомы.
Але не думайце, сапраўды, што суцяшэнне гэта было нечым узвышаным цi нечым урачыстым, накшталт слова божага, чыстага сумлення цi шчасця кахання! I ўжо зусiм не думайце, што было яно нечым ганебным цi небяспечным, накшталт валацужнiцтва цi гульнi ў косцi! А было яно чымсьцi зусiм бязвiнным i будзённым: нiчым самым, як полымем, якое няспынна гарэла ў ачагу зiмовымi вечарамi.
Госпадзi божа, якую прыгажосць i ўтульнасць надаваў агонь у самай убогай хацiне! А як жартаваў ён там з усiмi дамачадцамi вечары напралёт! Ён трашчаў i iскрыўся, i тады здавалася, быццам пасмейваецца з iх. Ён пляваўся i сыкаў, i здавалася, быццам дразнiць некага бурклiвага i злога. Часам ён нiяк не мог справiцца з якiм-небудзь сукаватым паленам. Тады ў пакоi станавiлася дымна i чадна, быццам агонь хацеў растлумачыць людзям, што яго кормяць надта скупа. Часам ён ухiтраўся ператварыцца ў гарачую кучу вугалю, якраз калi ў доме кiпела работа, так што заставалася толькi скласцi рукi на каленях ды гучна смяяцца, пакуль ён не ўспыхне зноў. Але больш за ўсё агонь сваволiў, калi гаспадыня прыходзiла з трохногiм чыгунком i патрабавала, каб ён кухарыў. Зрэдку агонь бываў паслухмяны i паслужлiвы i справу сваю рабiў хутка i ўмела. Але нярэдка ён гадзiнамi лёгка i гуллiва скакаў вакол катла з кашай, не даючы ёй закiпець.
Затое як весела, бывала, ззялi вочы гаспадара, калi наскрозь вымаклы i замёрзлы, ён вяртаўся ў непагадзь дамоў, а агонь сустракаў яго цяплом i ўтульнасцю! Затое цудоўна было думаць аб агнi, якi не спiць, выпраменьваючы яркае святло ў цёмную зiмовую ноч, нiбы пуцяводная зорка беднага вандроўнiка i быццам грозная перасцярога рысi i ваўку!
Але агонь у ачагу ўмеў не толькi саграваць, свяцiць i кухарыць. Ён здольны быў не толькi зiхацець, трашчаць, дымiць i чадзiць. Ён мог абудзiць у чалавечай душы жаданне гарэзаваць.
Бо што такое чалавечая душа, як не гарэзлiвае полымя? Так, так, яна i ёсць агонь! Полымя ўспыхвае ў самiм чалавеку, ахоплiвае яго i кружыцца над iм, якраз як агонь успыхвае ў шэрых паленах, ахоплiвае iх i кружыцца над iмi. Калi тыя, хто збiраўся зiмовымi вечарамi вакол палымнеючага агню, моўчкi сядзелi гадзiну-другую, гледзячы ў ачаг, агонь пачынаў размаўляць з кожным з iх на сваёй уласнай мове.
– Сястрыца Душа, – мовiла полымя, – хiба ты не такое ж полымя, як я? Чаму ж ты такая панурая, такая засмучаная?
– Братка Агонь, – адказвала чалавечая душа, – я калола дровы i гаспадарнiчала цэлы дзень. У мяне толькi i засталося моцы, каб моўчкi сядзець ды глядзець на цябе.
– Ведаю, – працягваў агонь, – але надышоў вечар. Рабi, як я! Палымней i свяцi! Весялiся i сагравай!
I душы слухалiся i пачыналi весялiцца. Яны расказвалi казкi, загадвалi загадкi, пiлiкалi на скрыпцы, выразалi завiткi i ружачкi на хатнiх рэчах i земляробчых прыладах. Гулялi ў розныя гульнi i спявалi песнi, выкуплялi фанты i згадвалi старадаўнiя прымаўкi. I мала-памалу адубелае цела адтайвала. Адтайвала i панурае сэрца. Людзi ажывалi i весялелi. Агонь i гульнi ля ачага давалi iм сiлы зноў жыць iх бедным i цяжкiм жыццём.
Але вось без чаго не абыходзiлася весялосць ля ачага, дык гэта ўжо без аповедаў пра самыя гераiчныя подзвiгi i прыгоды! Аповеды гэтыя падабалiся старым i маладым. Бо ў подзвiгах i прыгодах у гэтым свеце, слава богу, нiколi недахопу не было.
Але нiколi не было iх так шмат, як у часы Карла. Ён быў усiм героям герой, i гiсторый пра яго i ягоных воiнаў было безлiч! Гiсторыi гэтыя не знiклi разам з iм i яго ўладай, яны працягвалi жыць i пасля яго смерцi, стаўшы лепшай яго спадчынай.
Нi пра каго не любiлi так расказваць, як пра самога караля; ну а пасля яго любiлi яшчэ пагаварыць пра старога генерала з Хедэбю. Яго ведалi ў твар, з iм не раз размаўлялi i маглi апiсаць яго з ног да галавы.
Генерал быў такi дужы, што гнуў падковы, як iншыя гнулi звычайныя стружкi. Аднойчы ён даведаўся, што ў Смедсбю ў далiне Свартшо жыве каваль, якi лепш за ўсiх у акрузе куе падковы. Генерал паехаў да яго ў далiну i папрасiў Мiкеля з Смедсбю падкаваць яму каня. А калi каваль вынес з кузнi гатовую падкову, генерал запытаўся, цi нельга спачатку зiрнуць на яе. Падкова была трывалая i зробленая на сумленне, але, разгледзеўшы яе, генерал рассмяяўся.
– Гэта, па-твойму, падкова? – запытаўся ён i, сагнуўшы яе, пераламаў на дзве часткi.
Каваль перапалохаўся, вырашыўшы, што выканаў дрэнна работу.
– У падкове, пэўна, была расколiна, – сказаў ён i паспяшаўся назад у кузню па iншую падкову.
Але i з ёю выйшла як з першай, з той толькi рознiцай, што яе сцiснулi, быццам клешчамi, пакуль i яна не пераламалася напалам; далiбог, так яно i было. Але тут Мiкель западозрыў нядобрае.
– Ужо цi не сам ты кароль Карл, а можа, Бенгт з Хедэбю? – сказаў ён генералу.
– Малайчына, Мiкель, правiльна адгадаў, – пахвалiў каваля генерал i тут жа заплацiў Мiкелю спаўна i за чатыры новыя падковы, i за тыя дзве, што зламаў.
Нямала i iншых гiсторый хадзiла пра генерала. Iх расказвалi бясконца, i ва ўсiм павеце не знайшлося б чалавека, якi не ведаў бы пра старога Лёвеншольда, не паважаў яго цi не ставiўся б да яго з глыбокай пашанай. Ведалi i пра генеральскi пярсцёнак, усе ведалi пра тое, як разам з генералам яго паклалi ў магiлу; але чалавечая сквапнасць была такая вялiкая, што пярсцёнак у генерала ўкралi.
Цяпер вы можаце ўявiць сабе! Калi ўжо што i магло абудзiць у людзей iнтарэс, цiкаўнасць i хваляванне, дык гэта вестка аб тым, што пярсцёнак знойдзены i згублены зноў, што Iнгiльберта знайшлi ў лесе мёртвага, а сялян з Ольсбю падазраюць у крадзяжы пярсцёнка i яны сядзяць пад вартай.
Калi прыхаджане вярталiся ў нядзелю пасля паўдня з царквы дамоў, там ледзь маглi дачакацца, калi яны здымуць з сябе святочнае адзенне i перакусяць; iм прыходзiлася адразу расказваць усё, што пасведчылi на судзе сведкi, i ўсё, у чым прызналiся абвiнавачваемыя, а таксама якi, на думку людзей, будзе прыгавор.
Нi пра што iншае i гаворкi не было. Кожны вечар у вялiкiх дамах i малых хацiнах, як у тарпалаў, так i ў заможных сялян, каля ачага чынiлi суд.
Жахлiвая гэта была справа, ды i дзiўная, таму i няпроста было разабрацца ў ёй па справядлiвасцi. Нялёгка было вынесцi канчатковае рашэнне, бо цяжка, ды i амаль немагчыма было паверыць, што Iварсаны i iхнi прыёмны сын нiбыта забiлi чалавека з-за пярсцёнка, якiм бы каштоўным ён нi быў.
Узяць хаця б Эрыка Iварсана. Быў ён чалавек багаты, валодаў вялiкiмi ўгоддзямi i мноствам хат. Калi i вадзiўся за iм якi грэх, дык толькi той, што быў горды i празмерна клапацiўся пра свой гонар. Але таму i цяжка было зразумець, што якi-небудзь скарб у свеце мог прымусiць яго пайсцi на ганебны ўчынак.
Яшчэ менш можна было западозрыць ягонага брата Iвара. Вядома, ён быў бедны, затое жыў у свайго брата на хлебе, атрымлiваючы ад яго чаго толькi пажадае. Ён быў такi дабрадушны i раздаваў усё, што ў яго было! Няўжо такому чалавеку магло прыйсцi ў галаву ўчынiць забойства i разбой?
Што тычыцца Паўля Элiясана, то было вядома, што Iварсаны яго любiлi i ён павiнен жанiцца на Марыт Эрыксдотэр, адзiнай бацькавай наследнiцы. Зрэшты, ён жа быў з тых, каго можна было западозрыць хутчэй за ўсё: бо ён па нараджэннi iншаземец, а пра iншаземцаў вядома, што крадзеж яны не лiчаць за грэх. Iвар Iварсан прывёў Паўля з сабой, калi вярнуўся дамоў з палону. Хлопчык быў сiрата з трох год i, калi б не Iвар, памёр бы з голаду ў роднай краiне. Праўда, выхавалi яго Iварсаны сумленным i справядлiвым, ды i вёў ён сябе заўсёды як належала. Вырас ён разам з Марыт Эрыксдотэр, яны пакахалi адно аднаго, i неяк не верылася, што чалавек, якога чакаюць шчасце i багацце, раптам возьме ды i паставiць усё гэта на карту, украўшы пярсцёнак.
Але, з iншага боку, не варта было забываць i генерала, пра якога людзi змалку чулi столькi розных легенд i гiсторый, якога ведалi, бадай, не горш за роднага бацьку, генерала, якi быў высокi ростам, магутны i варты даверу. А цяпер ён памёр, i ў яго ўкралi самае дарагое з ягонай маёмасцi.
Генерал ведаў, што калi Iнгiльберт Бордсан уцякаў з дому, пярсцёнак быў у яго, iнакш Iнгiльберт спакойна накiраваўся б сваёй дарогай i не быў бы мёртвым. Генерал, пэўна, таксама ведаў, што сяляне з Ольсбю ўкралi пярсцёнак, iнакш бы iм нiяк не сустрэўся на дарозе ротмiстр, iх не ўзялi б пад варту i не трымалi б пад арыштам.
Так, складана было разабрацца па справядлiвасцi ў такой справе, але на генерала спадзявалiся нават больш, чым на самога караля Карла. I амаль на ўсiх судовых разборах, якiя вялiся ў бедных хацiнах, быў вынесены абвiнаваўчы прысуд.
Вялiкае здзiўленне, вядома, выклiкала тое, што павятовы суд, якi засядаў у судовай палаце на ўзгорку ў Брубю, учынiўшы абвiнавачваемым найстрогае дазнанне, але так i не выкрыўшы iх i не схiлiўшы да прызнання вiны, вымушаны быў апраўдаць сялян, якiх абвiнавацiлi ў забойстве i разбоi.
Аднак на волю iх не выпусцiлi, бо прыгавор павятовага суда павiнен быў зацвердзiць каронны суд, а каронны суд палiчыў сялян з Ольсбю вiнаватымi i прыгаварыў iх да павешання.
Але i гэты прыгавор не быў выкананы, паколькi яго павiнен быў спярша зацвердзiць сам кароль.
Пасля таго як быў вынесены i аб'яўлены каралеўскi прыгавор, прыхаджане, вярнуўшыся з царквы, адклалi свой абед; iм не цярпелася расказаць тым, хто заставаўся дома, якiм быў гэты прыгавор.
А ён абвяшчаў: зусiм вiдавочна, што хтосьцi з абвiнавачваемых – забойца i злодзей, але паколькi нiводзiн з iх не прызнаў сябе вiнаватым, то няхай iх рассудзiць Божы суд.
На блiжэйшым цiнгу iм неабходна ў прысутнасцi суддзi, засядацеляў i ўсiх прыхаджан згуляць адзiн з адным у косцi. Таго, хто выкiне менш за ўсё ачкоў, варта прызнаць вiнаватым i пакараць за ўчыненае злачынства смерцю праз павешанне, а двух астатнiх адразу вызвалiць, каб яны вярнулiся да свайго звычайнага жыцця.
Мудры быў той прыгавор, справядлiвы. Усе жыхары далiн Вермланда былi iм задаволены. Хiба не выдатна з боку старога караля, што ў гэтай цёмнай справе ён не ўявiў, быццам бача ясней, чым iншыя, а звярнуўся да Ўсявышняга? Цяпер ужо нарэшце можна паверыць у тое, што праўду немагчыма схаваць.
Да таго ж у гэтай судовай справе было штосьцi надта асаблiвае, яна вялася не чалавекам супраць чалавека; iстцом у гэтай цяжбе быў нябожчык нябожчык, якi патрабаваў вярнуць ягонае багацце. У любых iншых абставiнах можна было яшчэ вагацца, цi патрэбна звяртацца да гульнi ў косцi, але толькi не ў гэтых. Нябожчык генерал ужо дакладна ведаў, хто ўтаiў яго дабро. Вось i ў каралеўскiм прыгаворы самым вартым было тое, што ён даваў старому генералу магчымасць караць або дараваць.
Магло нават падацца, быццам кароль Фрэдрык* хацеў прадставiць канчатковае рашэнне генералу. Магчыма, ён ведаў яго ў даўнiя ваенныя гады i яму вядома было, што на гэтага чалавека можна спадзявацца. Зусiм не выключана, што якраз гэта i мелася на ўвазе. А так цi не так, сказаць цяжка!
* Кароль Фрэдрык (1676-1751) – кароль Швецыi (1720-1751). Быў жанаты на Ўльрыцы Элеаноры, сястры Карла XII, з'яўляўся яго ваенным паплечнiкам i пасля яго смерцi дамогся права на атрыманне ў спадчыну шведскага трона.
Як бы там нi было, усе, чаго б гэта нi каштавала, хацелi прысутнiчаць на цiнгу ў гэты дзень, калi будзе аб'яўлены божы прысуд. Кожны, хто не быў занадта стары, каб iсцi, цi занадта малы, каб паўзцi, накiраваўся ў дарогу. Такой знамянальнай падзеi, як гэта, не здаралася ўжо шмат гадоў. Тут нельга было задавольвацца тым, каб пасля, ды яшчэ ад iншых пачуць, як усё скончылася. Не, тут абавязкова трэба было прысутнiчаць самому.
Вядома, што сядзiбы i маёнткi раней былi рассеяны па ўсёй акрузе, вядома i тое, што тады можна было цэлую мiлю праехаць, ды так i не сустрэць нi душы. Але калi людзi з усяго павета сышлiся на адной i той жа плошчы, то ўсе так i ахнулi – колькi народу! Цесна прыцiснутыя адно да аднаго, незлiчонымi радамi стаялi яны перад судовай палатай. Здавалася, нiбы пчалiны рой, чорны i цяжкi, звiсае перад вулеем летнiм днём. Людзi нагадвалi пчалiны рой яшчэ i тым, што былi не ў сваiм звычайным настроi. Яны не былi маўклiвыя i ўрачыстыя, якiмi заўсёды бывалi ў царкве; не былi яны вясёлыя i лагодныя, як заўсёды на кiрмашах: яны былi лютыя i раздражнёныя, апанаваныя нянавiсцю i прагай помсты.
Чаго ж тут здзiўляцца? З малаком мацi ўсмакталi яны жах перад лiхадзеямi. Вечарамi iм спявалi калыханкi пра валацуг, якiя былi аб'яўлены па-за законам. У iх уяўленнi ўсе зладзеi i забойцы былi вылюдкамi, чортавым насеннем, яны iх i за людзей не лiчылi. Думка аб мiласэрнасцi да такiх вырадкаў iм i ў галаву не прыходзiла. Яны ведалi, што такiм вось страшным i подлым стварэнням сягоння будзе вынесены прысуд, i радавалiся гэтаму. "Слава табе госпадзi, цяпер ужо гэтаму крыважэрнаму д'яблу прыйдзе канец, разважалi яны. – Ужо цяпер ва ўсякiм выпадку яму не ўдасца болей шкодзiць нам".
Добра, што божы суд павiнен быў адбывацца не ў судовай палаце, а на волi. Але дрэнна, вядома, што рота салдат частаколам стаяла на плошчы перад судовай палатай i блiзка падысцi нельга было, людзi ж бясконца груба лаялi салдат, што тыя перакрылi iм шлях. Раней нiхто б сабе такога не дазволiў, але сягоння ўсе былi дзёрзкiя i нахабныя.
Усiм людзям давялося заўчасна, з самай ранiцы выйсцi з дому, каб заняць месца блiжэй да частаколу з салдат, i на iх долю выпала многа доўгiх гадзiн пакутлiвага чакання. А за ўвесь гэты час забавiцца не было чым. Хiба што з судовай палаты выйшаў судовы прыстаў i паставiў пасярод плошчы вялiзны барабан. Усё-такi стала весялей, бо людзi ўбачылi, што судзейскiя там, у палаце, намерваюцца распачаць справу яшчэ да вечара. Суровы прыстаў вынес таксама стол са стулам ды яшчэ пяро з чарнiлiцай для пiсара. Нарэшце ён з'явiўся, трымаючы ў руках невялiкi кубак, у якiм звонка перакочвалiся iгральныя косцi. Прыстаў некалькi разоў выкiнуў iх на барабан. Вiдаць, хацеў пераканацца ў тым, што яны не фальшывыя i выпадаюць то так, то гэтак, як iгральным касцям i належыць.
Затым ён хутка вярнуўся ў палату, i нiчога дзiўнага ў тым таксама не было: бо варта было яму толькi паказацца на ганку, як людзi адразу ж пачыналi лаяць яго i пасмiхацца. Раней нiхто б сабе гэтага не дазволiў, але ў гэты дзень натоўп проста ашалеў.
Суддзю з засядацелямi прапусцiлi праз заслон i да судовай палаты адны з iх прайшлi пешшу, iншыя ж пад'ехалi вярхом. Як толькi з'яўляўся хто-небудзь з iх, натоўп адразу ажываў. Але зноў-такi нiхто не шаптаўся i не шушукаўся, як бывала раней. Зусiм не! I пахвальныя i зневажальныя словы выкрыквалiся на ўвесь голас. I нiчым нельга было гэтаму перашкодзiць. Тых, хто чакаў судовага разбору было нямала, i не такiя яны былi, каб з iмi жартаваць. Важных паноў, якiя прыбылi на цiнг, таксама ўпусцiлi ў судовую палату. Былi там i Лёвеншольд з Хедэбю, i пастар з Бру, i заводчык з Экебю, i капiтан з Хельгестара, i многiя, многiя iншыя. I пакуль яны праходзiлi, усiм iм давялося выслухаць мноства заўваг, наконт таго, што ёсць, маўляў, шчаслiўчыкi, якiм не трэба стаяць ззаду i змагацца за месца блiжэй, ды i яшчэ многа чаго iншага.
Калi ўжо больш не было каго зневажаць, натоўп пачаў асыпаць з'едлiвымi насмешкамi маладую дзяўчыну, якая з усiх сiл старалася трымацца як мага блiжэй да салдацкага частаколу. Яна была маленькая i кволая, i мужчыны – то адзiн, то другi – не раз спрабавалi прабiцца праз натоўп i захапiць яе месца; але кожны раз хто-небудзь з тых, хто стаяў побач крычаў, што яна дачка Эрыка Iварсана з Ольсбю, i пасля такога тлумачэння дзяўчыну больш не спрабавалi прагнаць з месца.
Але затое на яе градам сыпалiся кпiны. У дзяўчыны пыталiся, каго ёй больш хочацца бачыць на шыбенiцы – бацьку цi жанiха. I здзiўлялiся: з якой гэта ласкi дачка злодзея павiнна займаць лепшае месца.
Тыя ж, што прыйшлi з далёкiх лясоў, толькi дзiвiлiся, як у яе хапае духу заставацца на плошчы. Але iм тут жа расказалi пра яе i нямала iншых дзiўных рэчаў. Яна была не з баязлiвага дзесятка, гэта дзяўчына, i прысутнiчала на ўсiх суровых разборах, нiколi не заплакала i ўвесь час была спакойная. Раз-пораз кiвала яна галавой абвiнавачваемым i ўсмiхалася iм так, быццам была ўпэўненая ў тым, што заўтра iх вызваляць. I калi абвiнавачваемыя бачылi яе, то зноў былi мужнымi. Яны думалi самi сабе, што ёсць на свеце хоць адзiн чалавек, якi перакананы ў iх бязвiннасцi. Хоць адзiн, хто не верыць у тое, што нейкi мiзэрны залаты пярсцёнак мог спакусiць iх i падштурхнуць на злачынства.
Прыгожая, цiхая i цярплiвая, сядзела яна ў судовай зале. Нi разу не выклiкала яна нi ў кога гневу. Наадварот, нават у суддзi з засядацелямi, ды i ленсмана яна выклiкала прыязнасць да сябе. Самi б яны, дапусцiм, у гэтым не прызналiся, але хадзiла чутка, быццам павятовы суд нi за што не апраўдаў бы абвiнавачваемых, калi б не было там яе. Немагчыма было паверыць, што хто-небудзь з тых, каго любiць Марыт Эрыксдотэр, можа быць вiнаваты ў лiхадзействе.
I вось цяпер яна зноў была тут, каб арыштанты маглi бачыць яе. Яна стаяла тут, каб быць апорай i суцяшэннем. Яна хацела малiцца за iх у час iх цяжкага выпрабавання, хацела даверыць iх душы ласцы божай.
Хто ведае! Кажуць жа ў народзе, што яблык ад яблынi недалёка падае. Але нiчога не скажаш, з выгляду яна была добрая i бязвiнная. Ды i сэрца было ў яе любячае, калi яна змагла застацца тут на плошчы.
Яна ж, напэўна, чула ўсё, што ёй крычалi, але не адказвала, i плакала, i не спрабавала выратавацца ўцёкамi. Яна ведала, што няшчасныя вязнi будуць рады бачыць яе. Бо ва ўсiм вялiзным натоўпе яна была адна-адзiная, хто ўсiм сэрцам па-чалавечы спачуваў iм.