355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф » Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 сентября 2016, 01:14

Текст книги "Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 6 страниц)

– Мы нават не разумеем, чаму ён тут блукае, – працягвала гаспадыня дома. – Дочкi лiчаць, што ён падобны на дзядулю майго мужа – генерала Лёвеншольда, якога вы бачыце вунь на тым партрэце, i яны звычайна называюць прывiд Генералам. Але вы, паненка, вядома, разумееце, што нiхто не падумае сказаць, быццам па доме блукае сам генерал – ён жа, напэўна, найцудоўны быў чалавек. Шчыра кажучы, мы i самi не можам усё гэта зразумець. I калi сярод слуг пойдуць якiя-небудзь плёткi, у вас, паненка, спадзяюся, хопiць розуму не прыслухоўвацца да iх.

Дзяўчына Спак яшчэ раз зрабiла рэверанс i запэўнiла баранэсу, што нiколi не дапусцiць сярод слуг нiякiх плётак пра паноў; i на гэтым аўдыенцыя была закончана.

Дзяўчына Спак была, вядома, усяго толькi беднай аканомкай, але паколькi паходзiла не з простай сям'i, то ела за панскiм сталом, як i кiраўнiк маёнтка з гувернанткай. Зрэшты, мiлавiдная i прыемная, з мiнiяцюрнай i кволай фiгуркай, светлавалосая, з ружовым, квiтнеючым тварыкам, яна зусiм не псавала выгляду за панскiм сталом. Усе лiчылi яе вельмi прыстойным чалавекам, якi змог стаць карысным у многiх адносiнах, i яна адразу ж зрабiлася ўсеагульнай любiмiцай.

Неўзабаве аканомка заўважыла, што прывiд, аб якiм казала баранэса, быў пастаянным прадметам размовы за сталом. То адна з маладых баранэс, то гувернантка аб'яўлялi:

– Сягоння Генерала бачыла, – аб'яўлялi такiм тонам, быццам гэта было нейкiм гонарам, якiм i пахвалiцца не грэх.

Дня не праходзiла без таго, каб хто-небудзь не запытаўся ў яе, цi не сустракаўся ёй прывiд, а паколькi Мальвiне пастаянна даводзiлася адказваць "не", то яна заўважыла, што гэта выклiкала пэўную пагарду да яе. Нiбы яна была горшая за гувернантку цi кiраўнiка маёнтка, якiя бачылi Генерала незлiчонае мноства разоў.

I сапраўды, дзяўчыне Спак нiколi не даводзiлася так свабодна i нязмушана абыходзiцца з прывiдам, як iм. Але з самага пачатку яна прадчувала, што справа гэта дабром не скончыцца. Iх Хедэбю чакае вельмi страшны пярэпалах. Яна сказала сама сабе, што калi гэты прывiд, якi прыходзiць да iх, i на самай справе iстота з таго свету, то гэта, бясспрэчна, якi-небудзь няшчасны, якi мае патрэбу ў дапамозе жывых, каб супакоiцца ў магiле. Аканомка была вельмi рашучая, калi б на тое яе воля i ўлада, у доме правялi б строгi вышук i даведалiся б пра саму сутнасць гэтай з'явы, замест таго, каб яна была пастаяннай тэмай размоў за абедзенным сталом.

Але дзяўчына Спак ведала сваё месца, i нiводнае слова ў асуджэнне паноў нiколi не сарвалася б у яе з языка. Сама ж яна пазбягала ўдзельнiчаць у агульным паджартоўваннi з прывiду i захоўвала ў тайне ўсе свае дрэнныя прадчуваннi.

Цэлы месяц пражыла дзяўчына Спак у Хедэбю, перш чым ёй давялося ўбачыць прывiд. Аднойчы ранiцай, спускаючыся з паддашка, дзе яна пералiчвала перад мыццём бялiзну, аканомка сустрала на лесвiцы нейкага чалавека, якi састўпiў убок, даўшы ёй прайсцi. Было гэта сярод белага дня, i яна зусiм не думала нi аб якiх прывiдах. Яна толькi здзiвiлася: што рабiць чужому чалавеку на гарышчы, i тут жа вярнулася, каб пацiкавiцца, чаго ён тут. Але на лесвiцы не было вiдаць нi душы. Аканомка, поўная рашучасцi схапiць за каўнер злодзея, зноў паспешлiва ўзбегла па лесвiцы, зазiрнула ў паддашак, абшукала ўсе цёмныя куткi i клець. Але нiдзе нiкога не было, i яна раптоўна здагадалася, што адбылося.

– Ну i дурнiца ж я! – усклiкнула яна. – Гэта быў, вядома, не хто iншы, як Генерал! Ну, зразумела! Бо той чалавек быў апрануты ў сiнi форменны мундзiр, якраз як стары генерал на партрэце, i на iм былi такiя ж вялiзныя батфорты.

Твару ягонага яна не разглядзела як мае быць, не змагла: здавалася, быццам шэрая туманная смуга ахiнула яго рысы.

Дзяўчына Спак яшчэ доўга заставалася на гарышчы, стараючыся апамятацца. Зуб на зуб у яе не трапляў, ногi падкошвалiся. Калi б ёй не трэба было клапацiцца пра абед, яна нiколi б i з гарышча не спусцiлася. Дзяўчына Спак вырашыла захаваць усё ў тайне i не даць iншым падставы жартаваць з яе.

Мiж тым Генерал у яе з галавы не выходзiў, i, напэўна, гэта наклала нейкi асаблiвы адбiтак на яе твар, бо як толькi ўсе сабралiся на абед, сын гаспадара дома, дзевятнаццацiгадовы юнак, якi толькi што прыехаў з Ужалы на калядныя канiкулы, звярнуўся да яе са словамi:

– Сягоння вы, паненка Спак, бачылi Генерала! – i сказаў гэта адкрыта, таму ў яе не хапiла духу адмаўляцца.

Дзяўчына Спак адразу адчула сябе важнай персонай за панскiм сталом. Усе закiдвалi яе пытаннямi, на якiя яна, аднак, адказвала як мага карацей. На няшчасце, ёй не ўдалося адперцiся ад таго, што яна крыху спалохалася, i тут усе неапiсальна павесялелi. Спалохалася Генерала! Каму такое ў галаву прыйдзе!

Дзяўчына Спак ужо неаднаразова звяртала ўвагу на тое, што барон з баранэсай нiколi не жартавалi з Генерала. Яны толькi давалi свабоду дзеянняў iншым, не перашкаджаючы iм малоць языком. Цяпер жа зрабiла новыя назiраннi: малады студэнт аднёсся да гэтага куды больш сур'ёзна, чым астатнiя маладыя людзi ў маёнтку.

– Што да мяне, – сказаў ён, – то я зайздрошчу ўсiм, каму давялося бачыць Генерала. Я б хацеў яму дапамагчы, але мне ён нiколi не трапляўся!

Гэтыя словы ён вымавiў з такiм шчырым шкадаваннем i з такiм пачуццём, што дзяўчына Спак у думках памалiлася богу аб хутчэйшым здзяйсненнi ягонага жадання. Малады барон абавязкова пашкадуе няшчасны прывiд i зноў падорыць яму магiльны спакой.

Неўзабаве стала вядома, што дзяўчына Спак больш, чым хто iншы з дамачадцаў, карыстаецца ўвагай прывiду. Яна бачыла яго так часта, што амаль прывыкла да яго. Ён з'яўляўся заўсёды iмгненна i нечакана – то на лесвiцы, то ў сенцах, то ў цёмным кутку кухнi.

Але прычыны ўзнiкнення прывiду разгадаць так i не ўдалося. Праўда, у душы дзяўчына Спак таiла цьмянае падазрэнне – цi няма ўжо чаго ў маёнтку, што мог бы адшукваць прывiд. Але як толькi яго ахоплiваў позiрк чалавека, то ён тут жа знiкаў, i яна нiяк не магла зразумець ягоных задум.

Дзяўчына Спак заўважыла, што, насуперак словам баранэсы, уся моладзь у Хедэбю была цвёрда ўпэўнена ў тым, што па маёнтку блукае не хто iншы, як стары генерал Лёвеншольд.

– Ён пакутуе ў магiле, – казалi маладыя паненкi, – i яму цiкава паглядзець, што мы задумваем тут у Хедэбю. Нельга ж адмовiць яму ў гэтым маленькiм задавальненнi.

Аканомка ж, якой кожны раз пасля сустрэчы з Генералам даводзiлася бегчы ў кладоўку, дзе яна зводдаль ад надакучлiвага выскаляння служанак магла ўволю трымцець ад страху i ляскаць зубамi, аддала б перавагу, каб прывiд не так жвава цiкавiўся Хедэбю. Але яна разумела, што ўсiм астатнiм членам сям'i яго проста будзе неставаць.

Вось, напрыклад, сядзелi яны аднаго разу ўвесь доўгi вечар i рукадзельнiчалi – цi то пралi, цi то вязалi i шылi, ведучы адначасова свае размовы. Тут адна з паненак раптоўна ўскрыкнула ад жаху. Яна нiбы ўбачыла чыйсцi твар, не, уласна кажучы, нават не твар, а толькi два рады зiхоткiх зубоў, шчыльна прыцiснутых да шыбы. Паспешлiва запалiлi лiхтар, адчынiлi дзверы ў сенцы, i ўсе на чале з баранэсай выбеглi з залы, каб знайсцi парушальнiка спакою.

Але, вядома, так нiкога i не змаглi знайсцi. Усе зноў вярнулiся назад, наглуха зачынiлi аканiцы i, пацiснуўшы плячыма, сказалi, што гэта, напэўна, быў не хто iншы, як Генерал. Але тым часам санлiвасць ужо прайшла. Нарэшце з'явiлася падстава для разважанняў, калаўрот закруцiўся з новай сiлай, зноў развязалiся языкi.

Сям'я Лёвеншольдаў была пераканана ў тым, што варта толькi вечарам пайсцi з залы, як ёю тут жа завалодае Генерал, i што яго абавязкова знайшлi б там, калi б хто-небудзь адважыўся зайсцi. Лёвеншольды нiколькi не пярэчылi, каб ён там знаходзiўся. Дзяўчына Спак нават лiчыла, што дамачадцы нямала радавалiся, думаючы аб тым, што iхнi беспрытульны продак мог спакойна пабыць у цёплай i ўтульнай зале.

Калi Генерал перабiраўся ў залу, яму падабалася, што яна прыбраная i прыведзеная ў парадак. Кожны вечар аканомка бачыла, як баранэсы з дочкамi складвалi сваё рукадзелле i бралi яго з сабой: калаўроты i пяльцы для вышывання таксама выносiлi ў iншы пакой. На падлозе не пакiдалi нават абрыўка нiткi.

Дзяўчына Спак, якая спала ў каморцы побач з залай, прачнулася аднойчы ноччу таму, што нейкi прадмет гучна стукнуўся аб сценку, каля якой стаяў яе ложак, а потым скацiўся на падлогу. Не паспела яна апамятацца, як зноў пачуўся стук i зноў штосьцi пакацiлася па падлозе, а потым усё паўтарылася яшчэ двойчы.

– Госпадзi Божа мой, што гэта ён там задумаў? – уздыхнула аканомка, таму што адразу зразумела, хто вiноўнiк усёй гэтай сумятнi.

Так, суседства з iм было зусiм не з прыемных. Усю ноч напралёт яна ляжала, аблiваючыся халодным потам i баючыся, што прывiд Генерала зойдзе i пачне яе душыць.

Калi ранiцай яна пайшла ў залу паглядзець, што там здарылася, то паклiкала з сабой i кухарку i пакаёўку. Але нiчога там не было разбiта, не вiдаць было якога-небудзь беспарадку, не лiчачы таго, што пасярод залы на падлозе ляжалi чатыры яблыкi. Як жа гэта яны так схiбiлi! Якраз напярэдаднi вечарам усе, седзячы каля камiна, елi яблыкi i чатыры яблыкi пакiнулi на камiннай дошцы. Ды гэта яўна не спадабалася Генералу. Дзяўчыне Спак давялося згладзiць сваю нядбайнасць бяссоннай ноччу.

З iншага боку, дзяўчына Спак нiколi на магла забыцца, як аднойчы ёй давялося сутыкнуцца з сапраўднай дружалюбнасцю Генерала.

У маёнтку Хедэбю быў званы абед з мноствам гасцей. Дзяўчына Спак стамiлася ад клопатаў – мяса на ражнах, лёгкае пячэнне i паштэты ў духоўцы, кацялкi з булёнам i патэльнi з падлiўкай на плiце. Але i гэтага мала. Аканомцы давялося асабiста прысутнiчаць у зале i наглядаць за тым, як накрываюць стол; ёй давялося прыняць серабро, якое ўласнаручна выдала па падлiку баранэса. Патурбавалася яна i аб тым, каб вiно i пiва дасталi са склепа i каб уставiлi свечкi ў люстры. Калi ж яшчэ ўзяць пад увагу, што кухня ў Хедэбю знаходзiлася ў аддаленым флiгелi i, каб патрапiць туды, трэба было бегчы цераз увесь двор, што з-за гэтага ўрачыстага выпадку кухня была бiтком набiта прышлымi, да таго ж i нявопытнымi слугамi, то можна сабе ўявiць, што кiраваць усiм гэтым павiнен быў чалавек умелы.

Але ўсё iшло без сучка, без задзiрынкi, як i належала таму быць. На бакалах не было нi плямкi, а ў паштэтах нясвежых вантробаў, пiва пенiлася, булён быў у меру прыпраўлены, а кава ў меру моцная. Дзяўчына Спак змагла паказаць, на што яна здатная, i сама баранэса, адпускаючы ёй камплiменты, сказала, што лепш i быць не магло.

Аднак тут аканомку напаткаў жахлiвы i нечакавы ўдар. Збiраючыся вярнуць баранэсе серабро, яна хапiлася, што нестае дзвюх лыжак – сталовай i маленькай.

Усе перапалохалiся. Па тых часах нiчога горшага, чым прапажа серабра, у доме здарыцца не магло. У Хедэбю пачалося лiхаманкавае хваляванне i ўсеагульная сумятня. Усе толькi i рабiлi, што шукалi прапажу. Успомнiлi, што нейкая старая цыганка была на кухнi ў той самы дзень, калi ў Хедэбю банкетавалi, i гатовы былi ехаць у далёкiя фiнскiя лясы*, каб схапiць яе. Усе сталi падазроныя i безразважныя. Гаспадыня падазравала аканомку, аканомка – служанак, служанкi – адна адну i ўвесь белы свет. То адна, то iншая прыходзiла з пачырванелымi ад слёз вачыма, бо думала, што падазраюць якраз яе ў крадзяжы гэтых дзвюх лыжак.

* Маецца на ўвазе глухi лясны раён на поўначы Вермланда, месца пасялення фiнскiх каланiстаў, якiя жылi ў вялiкай галечы.

Гэта працягвалася некалькi дзён, аднак так нiчога i не знайшлi, i дзяўчына Спак пачала адчайвацца. Яна пабывала ў свiнарнiку i абшукала свiное карыта з пойлам, жадаючы паглядзець, цi не трапiлi туды лыжкi. Яна крадком прабралася на гарышча, дзе служанкi трымалi сваё адзенне, i тайком перакапала iх маленькiя куфэркi. Усё было марна, i дзе шукаць яшчэ – не ведала. Аканомка заўважыла, што баранэса з усiмi дамачадцамi падазраюць яе, нетутэйшую. Дзяўчына разумела, што яе звольняць з пасады, калi не адмовiцца сама.

Схiлiўшыся над плiтой, дзяўчына Спак стаяла на кухнi i плакала так горка, што слёзы яе капалi ўнiз i шыпелi на гарачай плiце. Раптам яна адчула, што ёй трэба павярнуцца. Так яна i зрабiла i нечакана ўбачыла, што каля сцяны стаiць Генерал, паказваючы рукой на палiцу, якая была прыладжана так высока i так нязручна, што нiкому нiколi не прыходзiла ў галаву класцi туды што-небудзь.

Генерал знiк, як i заўсёды, у той самы момант, калi i з'явiўся, але дзяўчына Спак вырашыла праверыць яго падказку. Выцягнуўшы з кладоўкi лесвiцу, яна прыставiла яе да палiцы, узлезла на самы верх, працягнула руку i намацала старую пасудную анучу. Ды ў гэту брудную анучу былi загорнуты абедзве сярэбраныя лыжкi.

Як яны туды трапiлi? Безумоўна, гэта здарылася без чыйго-небудзь ведама i намеру. У неверагоднай сумятнi на такiм банкеце магло здарыцца ўсё, што хочаш. Анучу зашпурнулi на палiцу, напэўна таму, што яна трапiла пад ногi, а сярэбраныя лыжкi апынулiся там разам з ёю, прычым нiхто гэтага не заўважыў.

Але цяпер яны зноўку знайшлiся, i дзяўчына Спак, ззяючы ад шчасця, аднесла iх баранэсе i па-ранейшаму стала яе правай рукой i памочнiцай.

Няма лiха без дабра. Вярнуўшыся дамоў вясной, малады барон Адрыян пачуў тое, што Генерал выказаў дзяўчыне Спак сваю нечуваную прыхiльнасць; i Адрыян адразу ж пачаў адносiцца да яе з асаблiвай увагай. Ён вельмi часта наведваўся да яе ў буфетную цi на кухню. То ён з'яўляўся пад маркай, што яму неабходна новая леска для вуды, то казаў, што яго прывабiў прыемны пах толькi што спечаных булачак. Пры гэтым ён заўсёды пераводзiў размову на прадметы незвычайныя. Ён схiляў аканомку расказваць яму гiсторыi аб прывiдах, якiя вадзiлiся ў багатых сёрмландскiх маёнтках, такiх, як Юлiта, Эрыксберг, жадаючы выведаць, якое ў яе меркаванне аб гэтым.

Але часцей за ўсё яму хацелася пагаварыць пра Генерала. Ён казаў ёй, што не можа разважаць пра яго з iншымi, бо яны ўспрымаюць яго толькi з жартоўнага боку. А ён спачувае няшчаснаму прывiду i хоча дапамагчы яму знайсцi вечны спакой. Толькi б ведаць, як да гэтага падступiцца!

Тут дзяўчына Спак заўважыла: на яе сцiплае меркаванне, у маёнтку ёсць штосьцi такое, што шукае Генерал.

Малады барон злёгку збялеў i дапытлiва паглядзеў на аканомку.

– Ma foi*, паненка Спак! – усклiкнуў ён. – Гэта цалкам магчыма! Але запэўнiваю вас, калi б мы мелi тут, у Хедэбю, тое, чаго дамагаецца Генерал, то неадкладна б яму гэта аддалi!

* Клянуся гонарам! (фр.)

Дзяўчына Спак, вядома, вельмi добра разумела, што барон Адрыян наведвае яе толькi дзеля прывiду, але ён быў такi далiкатны малады чалавек i такi прыгожы! Ды, калi ўжо гаварыць шчыра – нават больш чым прыгожы! Ён хадзiў, крыху схiлiўшы наперад галаву, а ва ўсiм ягоным аблiччы было штосьцi задуменнае. Так, многiя нават лiчылi, што ён не па гадах сур'ёзны. Але меркавалi так толькi таму, што не ведалi яго. Часам ён раптоўна ўскiдваў галаву, жартаваў i прыдумваў розныя свавольствы не ў параўнанне з iншымi. Ды за што б ён нi браўся – у яго руках, голасе, усмешцы была нейкая невымоўная чароўнасць.

Аднойчы летам, у нядзелю, дзяўчына Спак была ў царкве. Дамоў яна вярталася самым кароткiм шляхам – па сцяжынцы, якая iшла наўскасяк цераз агароджу пастарскай сядзiбы. Сёй-той з прыхаджан, выйшаўшы з царквы, таксама пайшоў па гэтай жа сцяжынцы, а аканомка, спяшаючыся ў маёнтак, абагнала жанчыну, якая iшла значна павольней, чым яна. Хутка дзяўчына Спак падышла да пералаза, па якiм цяжка было перабрацца цераз агароджу, i, як заўсёды паслужлiвая, яна падумала пра больш павольную падарожнiцу i спынiлася, каб дапамагчы ёй. Працягнуўшы жанчыне руку, аканомка заўважыла, што тая зусiм не такая старая, як падалося здалёку. Скура ў яе была на рэдкасць гладкая i белая, таму дзяўчына Спак вырашыла – магчыма ёй не больш за пяцьдзесят. Хоць з выгляду яна была ўсяго толькi простай сялянкай, але трымалася з гонарам, быццам ёй давялося перажыць нешта такое, што ўзвышала яе над уласным саслоўем.

Пасля таго як аканомка дапамагала жанчыне перабрацца цераз агароджу, яны пайшлi побач па вузкай сцяжыне.

– Вы, паненка, вiдаць, тая самая, што кiруе гаспадаркай ў Хедэбю, сказала сялянка.

– Так, – пацвердзiла дзяўчына Спак.

– Я мяркую, добра вам там жывецца?

– А чаму б мне жыць дрэнна на такiм добрым месцы! – стрымана запярэчыла аканомка.

– Ды ў народзе кажуць, быццам у Хедэбю штосьцi творыцца.

– Не варта верыць людскiм плёткам, – павучальна заўважыла аканомка.

– Не варта, напэўна, не варта, ужо я ведаю! – пагадзiлася субяседнiца.

Яны памаўчалi. Мабыць, жанчына гэта штосьцi ведала, i, шчыра кажучы, дзяўчына Спак гарэла жаданнем параспытваць яе. Але гэта было б нядобра i не да твару ёй.

Першая зноў завяла размову жанчына.

– Здаецца мне, што вы, паненка слаўная, – прамовiла яна, – i таму я хачу даць вам добрую параду: не затрымлiвайцеся доўга ў Хедэбю. Бо з тым, хто там блукае, жарты дрэнныя. Ён не адступiцца, пакуль не даможацца свайго.

Спачатку дзяўчына Спак намервалася крыху пагардлiва падзякаваць за перасцярогу, але апошнiя словы незнаёмай жанчыны абудзiлi ў яе цiкавасць.

– А што ж яму трэба? Вы ведаеце, што яму трэба?

– Няўжо вам, паненка, пра гэта невядома? – запыталася сялянка. – Тады я нi слова больш не вымаўлю. Можа, так яно i лепей для вас, што вы нiчога не ведаеце.

З гэтымi словамi яна працягнула дзяўчыне Спак руку, павярнула на iншую сцяжынку i неўзабаве знiкла з вачэй.

Дзяўчына Спак асцерагалася i не расказала за абедзенным сталом усёй сям'i пра гэтую размову. Але пасля абеду, калi барон Адрыян наведаўся да яе ў малочную, яна не ўтаiла таго, што сказала ёй незнаёмка. Адрыян i сапраўды вельмi здзiвiўся.

– Мабыць, гэта была Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю, – сказаў ён. – Ведаеце, паненка, яна ўпершыню за трыццаць год перамовiлася сяброўскiм словам з кiмсьцi з Хедэбю. Мне яна аднойчы зацыравала шапачку, якую падраў хлопчык з Ольсбю, а выгляд у яе пры гэтым быў такi, быццам яна хацела выдзерцi мне вочы.

– Але цi ведае яна, што iменна шукае Генерал?

– Каму ж, як не ёй, ведаць аб гэтым, паненка Спак. I я таксама ведаю. Тата расказваў мне неяк усю гiсторыю. Але бацькi мае не жадаюць, каб аб гэтым гаварылi пры сёстрах. Яны пачнуць тады баяцца прывiдаў i наўрад цi застануцца жыць тут. I я таксама не адважваюся расказаць вам аб гэтым.

– Баранi бог! – прамовiла аканомка. – Калi барон забаранiў казаць...

– Я шкадую аб гэтым, – перабiў яе барон Адрыян, – я думаў, што вы, паненка, зможаце мне дапамагчы.

– Ах, калi б я магла!

– Бо, i я гэта паўтараю, – працягваў барон Адрыян, – хачу дапамагчы супакоiцца беднаму прывiду. Я не баюся яго, я пайду да яго, як толькi ён паклiча мяне. Чаму ён паказваецца ўсiм iншым i нiколi не паказваецца мне?

Х

Адрыян Лёвеншольд спаў у сябе ў мансардзе, калi раптоўна лёгкi шум прымусiў яго прачнуцца. Ён расплюшчыў вочы, i паколькi аканiцы не былi зачынены, а на двары стаяла светлая летняя ноч, ён убачыў, што дзверы цiха расчынiлiся. Ён падумаў быў, што яе адчынiў парыў ветру, але ўбачыў, як нечакана ў дзвярным праёме вырасла цёмная фiгура, якая, нахiлiўшыся, штосьцi з цiкаўнасцю выглядвала ў глыбiнi мансарды.

Адрыян выразна разгледзеў нейкага старога, апранутага ў старадаўнi кавалерыйскi мундзiр. З-пад крыху расшпiленага мундзiра бялеў калет з ласiнай скуры, батфорты былi вышэйшыя за каленi, а рукамi ён прытрымлiваў доўгi плашч, злёгку прыпадняўшы яго, нiбы асцерагаючыся, каб не бразгаў.

"Далiбог, гэта Генерал! – падумаў малады барон. – Вось i добра, зараз ён убачыць чалавека, якi не баiцца яго".

Усе, каму даводзiлася бачыць Генерала, у адзiн голас сцвярджалi, што варта было iм толькi ўтаропiць у яго позiрк, як ён тут жа знiкаў. Аднак на гэты раз такога не здарылася. Яшчэ доўга пасля таго, як Адрыян заўважыў яго, ён заставаўся стаяць у дзвярах. Праз некалькi хвiлiн, калi Генерал, здавалася, пераканаўся ў тым, што Адрыян здольны вытрымаць яго выгляд, падняўшы руку, паклiкаў яго да сябе.

Адрыян адразу ж сеў у ложку. "Цяпер цi нiколi, – падумаў ён. – Нарэшце ён папрасiў маёй дапамогi, i я пайду за iм".

Ён жа чакаў гэтага моманту шмат гадоў. Ён рыхтаваўся да яго, у думках гартаваў дух, чакаючы сустрэчы з прывiдам. Ён заўсёды ведаў, што яе не абмiнуць.

Адрыяну не хацелася прымушаць Генерала чакаць яго, i, не апранаючыся, малады барон пайшоў за iм. Ён толькi сцягнуў з ложка прасцiну i захiнуўся ёю.

I толькi тады, калi ён стаяў пасярод мансарды, яму раптам прыйшло ў галаву, што ўсё ж небяспечна вось так даверыцца ўладзе iстоты з таго свету, i ён адступiў назад. Але ўбачыў, як Генерал працягнуў да яго абедзве рукi i, быццам у адчаi, прасiў аб нечым.

"Што за глупства?! – падумаў ён. – Няўжо я перапалохаўся, не паспеўшы яшчэ выйсцi з мансарды?"

Ён наблiзiўся да дзвярэй, а Генерал тым часам быў ужо на гарышчы, але iшоў увесь час азiраючыся, нiбы жадаючы пераканацца ў тым, што малады чалавек iдзе за iм.

Перад тым, як пераступiць парог i пакiнуць мансарду, каб выйсцi на гарышча, Адрыян адчуў, як ад жаху ў яго зашчымела сэрца. Штосьцi падказвала яму: патрэбна б зачынiць дзверы i вярнуцца ў ложак. У iм варухнулася цьмянае прадчуванне таго, што ён не разлiчыў сваiх сiл. Ён быў не з тых, каму дадзена беспакарана зазiрнуць у таямнiцы таго свету.

Аднак ён захаваў яшчэ крупiнку мужнасцi. Ён сказаў сабе, што Генерал, пэўна, не збiраецца заманiць яго ў якую-небудзь пастку, а хацеў толькi паказаць яму, дзе знаходзiцца пярсцёнак. Толькi б яму выцерпець яшчэ некалькi хвiлiн, i ён даможацца таго, да чаго iмкнуўся столькi гадоў, i зможа даць стомленаму падарожнiку вечны спакой.

Генерал спынiўся пасярод гарышча, чакаючы маладога барона. Тут было больш змрочна, чым у мансардзе, але Адрыян усё ж выразна бачыў цёмную фiгуру з працягнутымi рукамi. Сабраўшыся з духам, ён пераступiў парог, i яны пайшлi па гарышчы.

Прывiд накiраваўся да паддашкавай лесвiцы, а ўбачыўшы, што Адрыян iдзе следам, пачаў спускацца. Ён па-ранейшаму адыходзiў задам, спыняючыся на кожнай прыступцы i, падпарадкоўваючы сваёй волi нерашучага юнака, нiбы цягнуў яго за сабой.

Павольна, не раз спыняючыся, яны ўсё-такi iшлi наперад. Адрыян спрабаваў падбадзёрыцца, успомнiўшы, колькi разоў ён, бывала, выхваляўся перад сёстрамi, кажучы, што пойдзе за Генералам, калi той толькi яго паклiча. Ён прыгадаў таксама, як з самага дзяцiнства гарэў жаданнем адкрыць невядомае i пранiкнуць у таямнiчае. I вось вялiкае iмгненне наступiла, ён iшоў за прывiдам у невядомае. Няўжо цяпер яго нiкчэмнае маладушша перашкодзiць яму спазнаць нарэшце гэта нешта?

Такiмi разважаннямi ён прымушаў сябе трымацца, але асцерагаўся падыходзiць да прывiду вельмi блiзка. Iх пастаянна раздзяляў прамежак у некалькi аршынаў. Калi Адрыян дайшоў да сярэдзiны лесвiцы, Генерал знаходзiўся ўжо пад лесвiцай. Калi Адрыян стаяў на самай нiжняй прыступцы, Генерал быў ужо ўнiзе ў сенцах.

Але тут Адрыян зноў спынiўся. З правага боку ад яго, зусiм побач з лесвiцай, была бацькоўская спальня. Ён узяўся за ручку дзвярэй, але не для таго, каб адчынiць, а толькi для таго, каб з любасцю дакрануцца да яе. Калi б толькi бацькi яго ведалi, з кiм ён стаiць за дзвярыма! Ён прагнуў кiнуцца ў матчыны абдымкi. Яму думалася, што варта адпусцiць ручку гэтых дзвярэй, i ён цалкам апынецца ва ўладзе Генерала.

Пакуль юны барон стаяў так, трымаючыся за ручку, ён убачыў, як адны з дзвярэй у сенцах адчынiлiся i Генерал пераступiў парог, збiраючыся выйсцi з дому.

I на гарышчы i на лесвiцы было даволi змрочна, але тут цераз дзвярны праём хлынуў струмень святла, i Адрыян упершыню разгледзеў Генерала.

Як i чакаў Адрыян, гэта быў твар старога. Ён добра ведаў яго па партрэце ў гасцiнай. Але рысы гэтага твару не веялi вечным спакоем, у ягоных рысах праглядвала жахлiвая сквапнасць, а на вуснах прывiду была зласлiвая ўсмешка радасцi i ўпэўненасцi ў перамозе.

Як страшна было бачыць, што зямныя пачуццi апанавалi мерцвяка! Нябожчыкаў мы хочам уявiць сабе дзесьцi далёка, без усiх чалавечых уцех, захапленняў i пачуццяў. Адлучаных ад усяго людскога хочам бачыць мы iх, прасякнутымi толькi думкамi нябеснымi. У гэтай жа iстоты, якая заставалася прыхiльнай да ўсяго зямнога, Адрыяну падаўся спакуснiк, злы дух, якi хоча наклiкаць на яго пагiбель.

Iм авалодаў жах. Ад падсвядомага страху ён з сiлай iрвануў на сябе дзверы бацькоўскай спальнi i кiнуўся туды з крыкам:

– Тата! Мацi! Генерал!

I ў той жа момант, страцiўшы прытомнасць, звалiўся на падлогу.

Пяро выпадае з рук. Ну, цi ж не марнае маё старанне запiсаць усё гэта? Гэту гiсторыю мне расказвалi ў змроку каля палымнеючага ачага. У маiх вушах дагэтуль гучыць пераканаўчы голас апавядальнiцы. Я адчуваю, як мароз прабягае ў мяне па скуры, тое трымценне жаху, якое бывае не толькi ад боязi прывiдаў, але i ад прадчування таго, што адбудзецца!

А як уважлiва слухалi мы гэту гiсторыю, думаючы, што яна прыўзнiме краёчак заслоны над невядомым! I якi дзiўны настрой пакiдала яна пасля сябе, быццам адчынiлi нейкiя дзверы. I думалася: штосьцi павiнна нарэшце паявiцца ў апраметнай цемры!

Наколькi праўдзiвая гэта гiсторыя? Адна апавядальнiца пачула яе ад iншай, адна сёе-тое дадавала, iншая – выкiдала. Але цi ёсць у гэтай гiсторыi хоць невялiкае зерне праўды? Хiба не ствараецца ўражанне, быццам гiсторыя гэта перадае нешта такое, што адбывалася наяве?

Прывiд, якi блукаў у маёнтку Хедэбю, прывiд, якi з'яўляўся сярод белага дня, якi адшукваў згубленыя рэчы, – кiм i чым ён быў?

Цi няма чаго-небудзь незвычайнага, шматзначнага i загадзя вызначанага ў яго з'яўленнi? Цi не адрознiваецца ён пэўнай своеасаблiвасцю ад многiх iншых прывiдаў у панскiх маёнтках? Цi не выглядае ўсё гэта так, быццам дзяўчына Спак i на самай справе чула, як ён шпурляў яблыкi ў сценку залы, а малады барон Адрыян на самай справе суправаджаў яго на гарышчы i паддашкавай лесвiцы?

Але ў такiм выпадку, у такiм выпадку... Мабыць, разгадаць гэту загадку дадзена аднаму з тых, хто ўжо зараз бачыць яву, схаваную ад той явы, у якой жывём мы.

XI

Малады барон Адрыян ляжаў бледны i нерухомы ў вялiкiм бацькоўскiм ложку. Памацаўшы ягоны пульс, можна было адчуць, што кроў яшчэ струменiцца ў ягоных жылах, але амаль непрыкметна. Ён не ачуняў пасля глыбокай непрытомнасцi, аднак жыццё ў iм яшчэ тлела.

Лекара ў прыходзе Бру не было, але ў чатыры гадзiны ранiцы ў Карлстад паехаў вярхом слуга, каб паспрабаваць каго-небудзь прывезцi. Язды было туды шэсць мiль, i калi б лекар быў дома i пагадзiўся адразу ж выехаць, то яго можна было б чакаць з горада самае ранняе праз дванаццаць гадзiн. Але трэба было таксама быць гатовым да таго, што пройдзе дзень, а тое i два, пакуль ён прыедзе.

Баранэса Лёвеншольд сядзела збоку на ложку, не зводзячы вачэй з сынавага твару. Яна верыла, што кволая iскра жыцця ў iм не згасне, калi яна будзе сядзець тут, пiльна аберагаючы яго.

Барон таксама час ад часу садзiўся на другiм баку ложка, але быў не ў сiлах уседзець на месцы. То ён браў вялую сынаву руку, каб памацаць пульс, то падыходзiў да акна i кiдаў позiрк на праезную дарогу, то iшоў цераз пакоi да залы, каб зiрнуць на гадзiннiк. На пытаннi, якiя можна было прачытаць у вачах усхваляваных дочак i гувернанткi, ён толькi круцiў галавой i зноў iшоў у спальню, дзе ляжаў хворы.

Туды не пускалi нiкога, апрача дзяўчыны Спак. Нi дочак, нi нават кагосьцi са служанак, адну толькi дзяўчыну Спак. У яе была адпаведная паходка, адпаведны голас, яна была на сваiм месцы ў спальнi.

Дзяўчына Спак прачнулася ўночы ад жахлiвага крыку Адрыяна. Пачуўшы ўслед за крыкам, што нехта цяжка павалiўся, яна ўскочыла. Сама не помнячы як, накiнула на сябе сукенку; сярод яе мудрых жыццёвых правiлаў было такое, што нiколi не варта паяўляцца перад людзьмi неапранутай, пры любых абставiнах, што б нi здарылася. У зале яна сустрэлася з баранэсай, якая прыбегла, каб паклiкаць на дапамогу. Пасля гэтага аканомка разам з бацькам падняла Адрыяна i паклала яго на вялiкi двухспальны ложак. Спачатку ўсе трое думалi, што ён ужо мёртвы, але потым дзяўчына Спак намацала слабое бiццё пульсу.

Некалькi разоў спрабавалi яны прывесцi яго звычайнымi спосабамi ў прытомнасць, але iскрынка жыцця ледзь тлела ў Адрыяне, i што б яны нi рабiлi, яна, здавалася, усё больш згасала. Неўзабаве яны зусiм заняпалi духам i не рашалiся рабiць больш нiчога. Iм заставалася толькi сядзець i чакаць.

Баранэсу супакойвала тое, што з ёю ў спальнi знаходзiлася дзяўчына Спак, бо тая была зусiм спакойная i цвёрда ўпэўненая, што Адрыян хутка апрытомнее. Баранэса дазволiла аканомцы прычасаць сябе i абуць чаравiкi. Калi трэба было накiнуць сукенку, баранэсе давялося ўстаць, але яна, даўшы магчымасць аканомцы зашпiлiць гузiкi i разгладзiць складкi, па-ранейшаму не адводзiла вачэй ад сынавага твару.

Баранэсе здавалася, быццам аканомка неадлучна была з ёю, але тая выходзiла i на кухню, дзе, як звычайна, паклапацiлася аб ежы для слуг. Яна не забылася нiводнай дробязi. Бледная як смерць, яна ўсё гэтак жа спраўна выконвала свае абавязкi. Снеданне было пададзена да панскага стала своечасова, а пастушок атрымаў сваю торбу з ежай, калi пагналi кароў на пашу.

На кухнi слугi цiкавiлiся, што здарылася з маладым баронам, i аканомка адказвала:

– Вядома толькi тое, што ён уварваўся да бацькоў i штосьцi выкрыкнуў пра Генерала. Затым ён абамлеў, i цяпер не ўдаецца прывесцi яго ў прытомнасць.

– Вiдаць, Генерал прыходзiў да яго! – сказала кухарка.

– А хiба не дзiўна, што ён так груба абыходзiцца са сваякамi? здзiвiлася пакаёўка.

– У яго, пэўна, усякай цярплiвасцi не хапiла. Яны толькi i ведалi, што кпiць з яго. А ён, вiдаць, свой пярсцёнак шукаў.

– Цi не думаеш ты ўжо, што пярсцёнак тут, у Хедэбю? – запыталася пакаёўка. – Ён яшчэ можа тады падпалiць дах над нашай галавой i спалiць увесь дом, толькi б атрымаць свой пярсцёнак.

– Вядомая справа, пярсцёнак схаваны тут у якiм-небудзь кутку, – сказала кухарка, – iнакш чаго б Генералу вечна бадзяцца па ўсiм маёнтку!

У той дзень дзяўчына Спак адмовiлася ад аднаго са сваiх цудоўных штодзённых правiлаў – нiколi не прыслухоўвацца да таго, што гавораць слугi пра паноў.

– Пра якi гэта пярсцёнак вы кажаце? – запыталася яна.

– А хiба вы не ведаеце, паненка, што Генерал блукае тут ды шукае свой пярсцёнак з пячаткай? – адказала ўзрадаваная яе пытанню кухарка.

I наперабой з пакаёўкай яна паспяшалася расказаць дзяўчыне Спак гiсторыю абрабавання магiлы i божага суда. Калi ж аканомка выслухала ўсё гэта, то ўжо нi на секунду не засумнявалася ў тым, што пярсцёнак нейкiм чынам трапiў у Хедэбю i схаваны дзесьцi там.

Ад гэтага аповеду даяўчыну Спак дрыжыкi ўзялi, амаль як у той раз, калi ёй упершыню сустрэўся на паддашкавай лесвiцы Генерал. Вось гэтага якраз яна ўвесь час i асцерагалася. А цяпер ужо добра ведала, якi люты i бязлiтасны можа быць гэты прывiд. Было ясна як божы дзень, што, калi, ён не атрымае назад свой пярсцёнак, барон Адрыян памрэ.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю