355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф » Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 сентября 2016, 01:14

Текст книги "Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Лагерлеф Сельма
Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)

Сэльма Лагерлёф

Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Пераклад: М.Пазнякоў

I

Ведаю, што жылi ў даўнiну на свеце людзi, якiя не зналi страху. Чула я i пра такiх, якiя лiчылi забавай прайсцiся па першым тонкiм лёдзе. I не было для iх большай радасцi, як скакаць на неаб'езджаным канi. Так, былi сярод iх i такiя, што не пагрэбавалi б згуляць у карты з самiм юнкерам Алегордам, хоць загадзя ведалi, што гуляе ён мечанымi картамi i таму заўсёды выйграе. Ведала я i некалькi бясстрашных душ, што не пабаялiся б адправiцца ў дарогу ў пятнiцу цi сесцi за абедзенны стол, накрыты на трынаццаць персон. I ўсё ж сумняваюся, цi хапiла б у каго-небудзь з iх духу надзець на палец жахлiвы пярсцёнак, якi належаў старому генералу з маёнтка Хедэбю.

Гэта быў той самы стары генерал, якi здабыў Лёвеншольдам i iмя, i маёнтак, i дваранскую годнасць. I да таго часу, пакуль маёнтак Хедэбю заставаўся ў руках Лёвеншольдаў, яго партрэт вiсеў у параднай гасцiнай на верхнiм паверсе памiж вокнамi. Гэта была вялiкая карцiна, якая займала ўвесь прасценак ад падлогi да столi. Здалёку здавалася, нiбы гэта Карл XII* уласнай персонай, быццам гэта ён стаiць тут у сiнiм мундзiры, у вялiкiх пальчатках з замшавай скуры, упарта падпiраючы вялiзнымi батфортамi стракатую, шахматнай клеткай, падлогу. Але падышоўшы блiжэй, вы бачылi, што намаляваны быў чалавек зусiм iншага роду.

* Карл ХII (1682-1718) – шведскi кароль (1697-1718). Падзеi, аб якiх упамiнаецца далей, звязаны з тым перыядам яго ўладарання, калi Швецыя вяла супраць Данii, Рэчы Паспалiтай, Саксонii i Расеi Паўночную вайну (1700-1721) за пануючае становiшча на берагах Балтыйскага мора. Першы перыяд вайны складваўся для Швецыi ўдала, аднак ваенны паход Карла XII ў Расею закончыўся поўным разгромам шведскай армii пад Палтавай (1709). Паводле слоў Ф.Энгельса, пасля паражэння ў Расеi Швецыя страцiла сваю эканамiчную i палiтычную магутнасць i была адкiнута на становiшча другаразраднай краiны. Вярнуўшыся на радзiму, Карл XII арганiзаваў ваенны паход у Нарвегiю (1716-1718), дзе i загiнуў каля сцяны нарвежскай крэпасцi Фрэдрыстэн.

Над каўняром мундзiра ўзвышалася магутная i грубая мужыцкая галава; здавалася, чалавек на партрэце народжаны, каб араць зямлю да канца сваiх дзён. Але пры ўсёй сваёй агiднасцi чалавек гэты быў з выгляду разумны, i верны, i слаўны. Калi б ён з'явiўся на свет у нашы днi, то мог бы стаць сама меней прысяжным засядацелем у павятовым судзе, а то i старшынёй мунiцыпалiтэта. Ды, хто ведае, магчыма, ён i ў рыксдагу б засядаў*. Але паколькi жыў ён у часы вялiкага, доблеснага караля, то адправiўся на вайну; туды пайшоў бедным салдатам, а вярнуўся дамоў славутым генералам Лёвеншольдам; i за верную службу атрымаў ва ўзнагароду ад казны маёнтак у прыходзе Бру.

* Рыксдаг узнiк у Швецыi ў 1617 г. i да 1867 з'яўляўся сходам прадстаўнiкоў усiх саслоўяў, якi выконваў ролю дарадчага органа пры каралi. Рыксдаг у сучасным значэннi – шведскi парламент.

Адным словам, чым даўжэй вы разглядвалi партрэт, тым больш прымiралiся з аблiччам генерала. Здавалася, вы пачыналi разумець – сапраўды такiя i былi яны, тыя самыя воiны, што пад кiраўнiцтвам караля Карла XII праклалi яму шлях у Польшчу i Расею*. Яго суправаджалi не толькi шукальнiкi прыгод i прыдворныя кавалеры, але i такiя простыя i адданыя людзi, як гэты вось чалавек на партрэце. Яны любiлi караля, мяркуючы, што дзеля яго варта i жыць i памерцi.

* Ваенны паход Карла XII у Рэч Паспалiтую пачаўся ў студзенi 1702 г. Нанёсшы шэраг паражэнняў польскаму войску, захапiўшы Кракаў i Варшаву, Карл XII дамогся звяржэння караля Аўгуста, выхаду Рэчы Паспалiтай з антышведскай каалiцыi i падпiсання мiрнага пагаднення ў Варшаве (18 лiстапада 1705 г.). Уварваўшыся затым у Саксонiю i вымусiўшы яе да выхаду з вайны (Альтранштацкi мiр 1706 г.), Карл XII арганiзаваў ваенны паход у Расею (жнiвень 1707 г.). Разлiчваючы на дапамогу свайго тайнага саюзнiка, украiнскага гетмана Мазэпы, Карл XII павёў сваю армiю цераз Украiну, але тут сустрэў рашучы адпор з боку расейскiх войск. Першае паражэнне шведскай армii было нанесена ў бiтве пры Лясной (28 верасня 1708 г.), а затым яна была поўнасцю разгромлена ў Палтаўскай бiтве (27 чэрвеня 1709 г.) Пасля ўцёкаў Карла ХII у Турцыю рэшткi яго войска канчаткова капiтулявалi 1 лiпеня 1709 г. Ф.Энгельс адзначаў, што сваёй спробай заваяваць Расею Карл XII загубiў Швецыю i паказаў усiм непаражальнасць Расеi.

Калi вы разглядвалi вобразатвор старога генерала, побач заўсёды аказваўся хто-небудзь з Лёвеншольдаў, каб заўважыць незнарок: гэта, маўляў, зусiм не прыкмета ганарыстасцi ў генерала, што ён зняў пальчатку з левай рукi, каб мастак адлюстраваў на партрэце вялiкi пярсцёнак з пячаткай, якi стары Лёвеншольд насiў на ўказальным пальцы. Пярсцёнак гэты дараваны быў яму каралём, а для яго на свеце iснаваў толькi адзiн-адзiнюсенькi кароль. I пярсцёнак быў адлюстраваны разам з генералам на партрэце, каб засведчыць, што Бенгт Лёвеншольд застаўся верны Карлу XII. Бо нямала давялося яму выслухаць злосных нагавораў на свайго ўладара*! Адважвалiся нават запэўнiваць, быццам неразумнасцю сваёй i самавольствам ён давёў краiну ледзь не да пагiбелi; але генерал усё роўна заставаўся заўзятым прыхiльнiкам караля. Бо кароль Карл быў для яго чалавекам, роўнага якому не ведаў свет! I таму, хто быў блiзкi да яго, давялося даведацца, што ёсць на свеце нешта такое, што намнога прыгажэйшае i вышэйшае за людскую славу i поспехi i дзеля чаго варта змагацца.

* Пасля паражэння шведскай армii ў Расеi ў разоранай вайной Швецыi ўзнiкла апазiцыя, якую ўзначальвала служылае дваранства i падтрымлiвалi iншыя саслоўi, незадаволеныя нарастаючым цяжарам падаткаў i павiннасцей, настойлiвым iмкненнем караля працягваць вайну. Яго лiчылi вiнаватым ва ўсiх бедах, якiя навалiлiся на Швецыю. Разам з тым сярод часткi шведскага насельнiцтва бытавала iдэалiзаванае ўяўленне пра Карла XII як пра вялiкага палкаводца i героя. Гэтыя дваiстыя адносiны да Карла XII знайшлi сваё адлюстраванне i на старонках рамана С.Лагерлёф.

Якраз гэтак жа як Бенгт Лёвеншольд пажадаў, каб пярсцёнак быў адлюстраваны разам з iм на партрэце, пажадаў ён узяць яго з сабой i ў магiлу. I тут справа была зусiм не ў ганарыстасцi. У яго i ў думках не было выхваляцца тым, што ён носiць на пальцы пярсцёнак вялiкага караля, калi з'явiцца перад госпадам Богам i мноствам Яго архангелаў. Хутчэй за ўсё ён спадзяваўся, што як толькi ўвойдзе ў тую залу, дзе сядзiць акружаны сваiмi ўдалымi рубакамi Карл XII, пярсцёнак паслужыць яму апазнавальным знакам. Так што i пасля смерцi яму давядзецца быць блiзка ад таго чалавека, якому служыў i пакланяўся ўсё сваё жыццё.

Такiм чынам, калi труну генерала апусцiлi ў каменны склеп, якi ён загадаў узвесцi для сябе на могiльнiку ў Бру, пярсцёнак усё яшчэ красаваўся на ўказальным пальцы ягонай левай рукi. Сярод тых, хто праводзiў генерала ў апошнi шлях, знайшлося нямала такiх, хто пашкадаваў, што гэты скарб знiкне разам з нябожчыкам у магiле, бо пярсцёнак генерала быў амаль такi ж слаўны i вядомы, як ён сам. Казалi, нiбы золата ў iм столькi, што хапiла б купiць цэлы маёнтак i што пунсовы сердалiк з выгравiраванымi на iм iнiцыяламi караля каштаваў не менш. I ўсе лiчылi, што генералавы сыны заслугоўваюць самай глыбокай павагi за тое, што не пярэчылi бацькоўскай волi i пакiнулi гэту дарагую рэч з iм.

Калi пярсцёнак генерала i на самай справе быў такi, якiм ён адлюстраваны на партрэце, то гэта была вельмi нязграбная штучка, якую ў цяперашнiя часы наўрад цi пажадаў бы хто насiць на пальцы. Аднак пярсцёнак Лёвеншольдаў вельмi высока цанiўся дзвесце гадоў таму назад. Нельга забываць, што ўсе ўпрыгожаннi i посуд з высакароднага металу неабходна было тады за рэдкiм выключэннем здаваць у казну, што даводзiлася змагацца з Гёртцавымi далерамi i з дзяржаўным банкруцтвам* i што для многiх золата было чымсьцi такiм, аб чым яны ведалi толькi па чутках i чаго нiколi ў вочы не бачылi. Так i здарылася, што ў народзе не маглi забыць пра залаты пярсцёнак, якi быў пакладзены ў труну без усякай карысцi для людзей. Многiя былi гатовы лiчыць нават несправядлiвым, што ён ляжаў там. Яго нельга было прадаць за вялiкiя грошы ў чужыя краiны i здабыць хлеб таму, каму не было чым харчавацца, апрача як сечанай саломай i драўлянай карой.

* Карл XII, вярнуўшыся ў Швецыю пасля чатырнаццацiгадовай адсутнасцi (1715), застаў краiну ў стане поўнага эканамiчнага краху, але нягледзячы на гэта, вырашыў сабраць сродкi для працягу вайны. Наткнуўшыся на супрацiўленне дзяржаўнага савета i рыксдага, ён адхiлiў iх ад кiравання дзяржавай i перадаў усю паўнату ўлады ў рукi гальшэйнгаторпскага мiнiстра Гёртца (1668-1718), якi правёў шэраг эканамiчных мерапрыемстваў з мэтай выцягвання з насельнiцтва сродкаў для новых ваенных намераў караля. У лiку гэтых мерапрыемстваў былi канфiскацыя каштоўнасцей, а таксама выпуск абясцэненых, так называемых фальшывых грошай, празваных у народзе "Гёртцавымi далерамi". Перыяд уладарання ненавiснага чужаземнага мiнiстра лiчыцца адным з самых змрочных эпiзодаў шведскай гiсторыi i вядомы пад назвай "Гёртцавага часу".

Але хоць многiя i жадалi завалодаць гэтай вялiкай каштоўнасцю, не знайшлося нiкога, хто б сапраўды падумваў прысвоiць яе. Пярсцёнак так i ляжаў у труне з прыкручаным векам, у замураваным склепе, пад цяжкiмi каменнымi плiтамi, недасяжны нават самаму дзёрзкаму злодзею; i думалi, што так ён i застанецца там да сканчэння вякоў.

II

У сакавiку месяцы 1741 года памёр генерал-маёр Бенгт Лёвеншольд, а праз некалькi месяцаў у тым жа годзе здарылася так, што маленькая дачка ротмiстра Ёрана Лёвеншольда, старэйшага генералавага сына, якi жыў у той час у Хедэбю, памерла ад крывавага паносу. Хавалi яе ў нядзелю, адразу пасля службы, i ўсе малельшчыкi прама з царквы пайшлi за пахавальным шэсцем i праводзiлi нябожчыцу да Лёвеншольдавай фамiльнай грабнiцы, дзе абедзве вялiзныя магiльныя плiты былi зрушаны на самы край. У скляпеннi пад плiтамi муляр зрабiў пралом, каб маленькую труну мёртвага дзiцяцi можна было паставiць побач з дзядулiнай.

Пакуль прыхаджане, якiя сабралiся каля склепа, слухалi надмагiльнае слова, мабыць, сёй-той i ўспомнiў аб каралеўскiм пярсцёнку i пашкадаваў, што вось ляжыць ён, маўляў, схаваны ў магiле без усякай карысцi i радасцi.

А магчыма, сёй-той i шапнуў суседу, што цяпер не так ужо i цяжка дабрацца да пярсцёнка: бо да заўтрашняга дня склеп наўрад цi замуруюць.

Сярод тых, каго трывожылi такiя думкi, быў i нейкi селянiн з сядзiбы Маламстуга ў Ольсбю. Звалi яго Борд Бордсан. Ён быў зусiм не з тых, хто гараваў бы да сiвых валасоў з-за пярсцёнка. Наадварот, калi хто-небудзь пачынаў размову пра пярсцёнак, Борд звычайна казаў: што ў яго, маўляў, i так добрая сядзiба i яму няма чаго зайздросцiць генералу, калi б ён забраў з сабой у магiлу хоць цэлы шэфель* золата.

* Шэфель – старадаўняя шведская мера ёмiстасцi для цвёрдых i сыпучых целаў, роўная 20,9 лiтра.

I вось цяпер, стоячы на могiльнiку, Борд Бордсан, як i многiя iншыя, падумаў: "Дзiўна, што склеп застанецца адкрытым". Але не абрадаваўся гэтаму, а занепакоiўся. "Ротмiстру, бадай, патрэбна б загадаць, каб склеп замуравалi сягоння ж пасля паўдня, – падумаў ён. – Знойдуцца такiя, каму захочацца дабрацца да пярсцёнка".

Справа гэта яго зусiм i не тычылася, але як бы там нi было, а ён усё больш i больш звыкаўся з думкай, што небяспечна пакiдаць склеп адкрытым на ноч. Стаяў жнiвень, ночы былi цёмныя, i калi склеп не замуруюць сягоння ж, то туды можа прабрацца злодзей i завалодаць скарбам.

Яго ахапiў такi страх, што ён ужо пачаў быў падумваць, цi не пайсцi яму да ротмiстра, каб папярэдзiць яго. Але Борд цвёрда ведаў, што ў народзе лiчыцца дурнем, i яму не хацелася выстаўляць сябе на пасмешышча. "У гэтай справе ты маеш рацыю, гэта ўжо дакладна, – падумаў ён, – але калi перастараешся, цябе падымуць на смех. Ротмiстр маху не дасць i ўжо абавязкова распарадзiцца, каб замуравалi пралом".

Ён так паглыбiўся ў свае думкi, што нават не заўважыў, як пахавальны абрад закончыўся, i працягваў стаяць каля магiлы. I прастаяў бы яшчэ доўга, калi б жонка не падышла да яго i не тузанула за рукаў кафтана.

– Што гэта на цябе найшло? – запыталася яна. – Стаiш тут i вачэй не зводзiш, быццам кот каля мышынай норкi.

Селянiн уздрыгнуў, узняў вочы i ўбачыў, што, апрача iх з жонкай, нiкога на могiльнiку ўжо няма.

– Ды нiчога, – адказаў ён. – Стаяў тут, i прыйшло мне ў галаву...

Ён ахвотна расказаў бы жонцы, што iменна яму прыйшло ў галаву, але ведаў, што яна куды больш здагадлiвая за яго. I палiчыла б толькi яго трывогi дарэмнымi. Сказала б, што замураваны склеп цi не – нiкога гэта справа не тычыцца, апрача ротмiстра Лёвеншольда.

Яны накiравалiся дамоў i вось якраз тут, на дарозе, павярнуўшыся спiнай да могiльнiка, Борду Бордсану i выкiнуць бы з галавы думкi аб генеральскай грабнiцы, ды дзе ўжо там. Жонка ўсё гаварыла аб пахаваннi: аб труне i аб тых, хто яе нёс, аб пахавальнай працэсii i аб надмагiльных прамовах. А ён час ад часу ўстаўляў слоўца, каб не заўважыла яна, што ён нiчога не бачыць i не чуе. Жончын голас гучаў дзесьцi далёка. А ў галаве ў Борда ўсё круцiлiся адны i тыя ж думкi: "Сягоння ў нас нядзеля, i, мабыць, муляр не захоча замуроўваць склеп у свой вольны дзень. Але раз так, ротмiстр мог бы даць далакопу далер, каб той папiльнаваў магiлу ноччу. Эх, каб ён здагадаўся гэта зрабiць!"

Нечакана Борд Бордсан пачаў размаўляць услых сам з сабой:

– Што нi кажы, а трэба было мне пайсцi да ротмiстра! Так, трэба было! Такая важнасць, калi б людзi i паднялi мяне на смех!

Ён зусiм забыўся, што побач з iм iшла жонка, i апамятаўся, толькi калi яна раптам спынiлася i ўтаропiлася ў яго.

– Ды нiчога, – сказаў ён. – Гэта я ўсё над той справай галаву ламаю.

Яны зноў пакрочылi дадому i хутка апынулiся ў сябе ў Меламстузе.

Ён спадзяваўся, што хоць тут ужо пазбавiцца ад трывожных думак, i так яно, можа, i было б, калi б ён узяўся за якую-небудзь работу; але дзень жа быў нядзельны.. Паабедаўшы, жыхары Меламстугi разышлiся хто куды. Ён адзiн застаўся сядзець у пакоi, i на яго зноў напаў ранейшы роздум.

Трохi счакаўшы, ён падняўся з лавы, выйшаў на двор i пачысцiў каня скрабнiцай, намерваючыся з'ездзiць у Хедэбю i пагаварыць з ротмiстрам. "Iнакш пярсцёнак украдуць сягоння ж ноччу", – падумаў ён.

Аднак ажыццявiць свой намер яму не давялося. Ён быў чалавек нясмелы. Замест таго ён пайшоў да суседа на двор пагаварыць аб тым, што яго непакоiла, але сусед быў не адзiн, i Борд па сваёй празмернай нясмеласцi зноў не адважыўся пачаць размову. Ён вярнуўся дамоў, так i не сказаўшы нi слова.

Як толькi сонца зайшло, ён улёгся ў ложак, збiраючыся адразу ж заснуць. Але сон не iшоў да яго. Зноў вярнулася хваляванне, i ён усё круцiўся ды варочаўся ў ложку.

Жонцы, безумоўна, таксама было не да сну, i хутка яна пачала распытваць, што з iм такое.

– Ды нiчога, – па сваёй звычцы адказваў ён. – Вось толькi справа адна ў мяне з галавы не выходзiць.

– Так, чула я сягоння пра гэта не аднойчы, – прамовiла жонка, – цяпер давай выкладвай, што задумаў. Ужо ж не такiя, пэўна, небяспечныя справы ў цябе ў галаве, каб нельга было пра iх мне расказаць.

Пачуўшы гэтыя словы, Борд уявiў, што ён тут жа засне, калi раскажа жонцы.

– Ды вось ляжу я i ўсё думаю, – сказаў ён, – цi замуравалi генералаў склеп, цi ён усю ноч прастаiць адкрыты.

Жонка засмяялася.

– I я пра гэта думала, – сказала яна, – i здаецца мне, што кожны, хто быў сягоння ў царкве, аб гэтым жа думае. Але чаго ж табе з-за гэтакай справы не спiцца?

Борд узрадаваўся, што жонка не прыняла яго словы блiзка да сэрца. У яго стала на душы больш спакойна, i ён рашыў быў, што цяпер ужо абавязкова засне.

Але як толькi ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усiх бакоў, з усiх хацiн падкрадваюцца да яго чалавечыя ценi. Усе яны выйшлi з адным i тым жа тайным намерам, усе накiроўваюцца да могiльнiка i да таго самага адкрытага склепа.

Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава i пот праняў. I нехаця ён пачаў круцiцца i варочацца ў ложку.

Нарэшце ў жонкi цярплiвасцi не хапiла, i яна нiбы жартам кiнула яму:

– Далiбог, мужычок, цi не лепей ужо табе самому схадзiць на могiльнiк ды паглядзець, цi ўсё добра з магiлай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы.

Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелi i пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзiны. Праз гадзiну ён вернецца дамоў i спакойна праспiць усю ноч напралёт.

Ды не паспеў ён выйсцi за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могiльнiку, калi ён пойдзе туды адзiн-адзiнюсенькi. Яна жвава ўскочыла i гэтак жа быстра надзела сукенку.

Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокi, Борд зарагатаў.

– За мной пайшла, даведацца, цi не сцягну я генералаў пярсцёнак? запытаўся ён.

– Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нiчога такога ў цябе i ў думках няма. Я пайшла толькi каб быць з табой, калi прад табой з'явiцца могiльнiкавы дух цi конь-мярцвяк*.

* У Швецыi iснуе паданне пра каня, якi калiсьцi быў пахаваны на могiлках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах i без галавы, бадзяецца па начах на могiлках, прадракаючы пагiбель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо iменна гэты конь перавозiць людзей пасля смерцi ў царства мёртвых.

Яны паскорылi крок. Надышла ноч, i ў беспрасветнай цемры вiднелася на захадзе толькi вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалi дарогу. Яны размаўлялi i былi ў добрым настроi. На могiльнiк жа яны iшлi толькi для таго, каб зiрнуць, цi адкрыты склеп, i каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву.

– Не, нiяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такiя ратазеi, што не замуруюць пярсцёнак зноў.

– Ды ўжо хутка аб усiм даведаемся, – сказала жонка. – А вось, здаецца, i могiльнiкавая агароджа!

Селянiн спынiўся, падзiвiўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накiравалася на могiльнiк з iншымi намерамi, чым ён.

– Перш чым увайсцi на могiльнiк, – сказаў Борд, – нам, вiдаць, патрэбна б дамовiцца, што будзем рабiць, калi магiла адкрыта.

– Ужо i не ведаю, цi закрыта, цi адкрыта, а толькi наша справа вярнуцца дамоў ды легчы спаць!

– I гэта слушна, твая праўда! – сказаў, зноў пакрочыўшы, Борд. – I не чакай, каб могiлкавыя вароты былi ў гэты час не зачынены, – дадаў ён.

– Бадай, сапраўды, – падхапiла жонка. – Прыдзецца нам пералезцi цераз сцяну, калi захочам наведаць генерала ды паглядзець, як яму там.

Муж зноў здзiвiўся. Ён пачуў, як з лёгкiм шумам пасыпалiся ўнiз дробныя каменьчыкi, i тут жа ўбачыў, як на фоне светлай палоскi на захадзе вырысоўваецца жончына фiгура. Яна ўзлезла ўжо наверх, на сцяну, i нiчога мудронага ў тым не было, таму што сцяна была невысокая – усяго некалькi футаў. Дзiўным падалося яму толькi тое, што жонка праявiла такую жвавасць, узлезшы наверх раней за яго.

– Ну вось, – сказала яна. – Давай руку, я дапамагу табе ўзлезцi!

Хутка сцяна засталася ззаду, i цяпер яны моўчкi i асцярожна прабiралiся сярод невысокiх магiльных грудкоў.

Адзiн раз Борд спатыкнуўся аб такi грудок i ледзь быў не павалiўся. Яму падалося, быццам хтосьцi падставiў яму ножку. Ён так спалохаўся, што ўвесь задрыжаў i загаварыў гучна, на ўвесь голас, каб мярцвякi зразумелi, з якiмi намерамi ён прыйшоў на могiльнiк.

– Не хацеў бы я прыйсцi сюды, калi б справа мая была несправядлiвая.

– Яшчэ чаго скажаш, – запярэчыла жонка. – Ужо тут ты маеш рацыю! А вунь ужо i магiла вiднеецца!

Пад цёмным начным небам ён разгледзеў вывернутыя з зямлi магiльныя плiты.

Неўзабаве яны былi ўжо каля самай магiлы i ўбачылi, што яна адкрыта. Пралом у склепе не быў замураваны.

– Ну i няўклюды ж яны, – вылаяўся Борд. – Быццам знарок хочуць спакусiць тых, хто ведае, якая каштоўнасць там схавана.

– Пэўна, спадзяюцца, што нiхто не адважыцца крануць нябожчыка, сказала жонка.

– Ды i ўвогуле мала радасцi лезцi ў такую магiлу, – зазначыў муж. Саскочыць унiз, бадай, не цяжка, толькi потым сядзi там, як лiсiца ў нары.

– Сягоння ранiцай я бачыла, як яны апусцiлi ў склеп лесвiчку, – сказала жонка. – Але яе ўжо, вiдаць, прынялi.

– А дай пагляджу я i на самай справе, – сказаў муж i пачаў мацаць рукамi ў магiльным праломе. – Не, глядзi ты! – усклiкнуў ён. – Гэта ж трэба! Лесвiчка ж яшчэ тут!

– Ну i расцяпы! – падтакнула жонка. – Толькi, па мне, цi тут лесвiчка цi не – рознiца невялiкая. Той жа, хто там унiзе, i сам можа за сваё дабро пастаяць.

– Каб жа гэта ведаць! – падхапiў муж. – Можа, хоць лесвiчку прыняць?

– Нiчога ў магiле чапаць не будзем, – сказала жонка. – Лепш будзе, калi магiльшчык ранiцай убачыць магiлу якраз такой, якой пакiнуў яе напярэдаднi.

Разгубленыя i нерашучыя, стаялi яны, утаропiўшыся на чорны адкрыты пралом. Iм бы пайсцi цяпер дамоў, але штосьцi таямнiчае, нешта такое, чаго нiхто з iх не асмельваўся назваць сваiм iмем, утрымлiвала iх на могiльнiку.

– Ды можна было б пакiнуць лесвiчку i на месцы, – сказаў нарэшце Борд, – калi б я быў упэўнены, што ў генерала ёсць сiла ўтрымаць злодзеяў.

– Ты ж можаш спусцiцца ўнiз, у склеп, – параiла жонка, – вось тады сам убачыш, якая ў яго сiла.

Здавалася, нiбы Борд толькi i чакаў ад жонкi гэтых слоў. Мiгам апынуўся ён каля лесвiчкi i пачаў спускацца ў пралом.

Але толькi ступiў ён на каменную падлогу падзямелля, як пачуў парыпванне лесвiчкi i ўбачыў, што ўслед за iм лезе i жонка.

– Вунь што, ты i сюды за мной цягнешся, – сказаў ён.

– Баюся я пакiнуць цябе адзiн на адзiн з нябожчыкам.

– А не такi ўжо ён i страшны, – запярэчыў муж. – I не адчуваю, што халодная рука хоча мяне задушыць.

– Ды ўжо нiчога ён нам, вiдаць, не зробiць, – падтрымала жонка. – Ён жа ведае, што ў нас i ў думках не было ўкрасцi пярсцёнак. Вось каб мы дзеля забавы пачалi адкручваць века труны, тады iншая справа.

Муж вобмацкам прабраўся да труны генерала i пачаў мацаць рукой уздоўж века. Ён адшукаў шрубу з невялiкiм крыжыкам на плешцы.

– Тут быццам бы знарок усё так i прыладжана для злодзея, – сказаў Борд, пачынаючы спрытна i асцярожна адкручваць шрубы труны.

– Чуеш што-небудзь? – запыталася жонка. – Цi не варушыцца ён у труне?

– Тут цiха, як у магiле, – адказаў муж.

– Ён жа, мусiць, не лiчыць, што мы задумалi адняць у яго самае дарагое, – працягвала жонка. – Вось каб мы века труны паднялi, тады iншая справа.

– Так, ды тут ужо давядзецца табе мне дапамагчы, – сказаў муж.

Яны паднялi века i цяпер ужо не ў сiлах былi стрымацца ад сквапнасцi. Iм не цярпелася авалодаць скарбам. Яны сарвалi пярсцёнак са струхлелай рукi, апусцiлi века i, не сказаўшы нiводнага слова, цiшком выбралiся з магiлы. Iдучы цераз могiльнiк, яны ўзялiся за рукi, i толькi апынуўшыся па iншы бок нiзкай шэракаменнай могiльнiкавай сцяны i спусцiўшыся на прасёлак, адважылiся загаварыць.

– Думаецца мне, – сказала жонка, – што ён сам гэтага хацеў. Зразумеў, што нядобра нябожчыку берагчы такi скарб, вось i аддаў яго нам па добрай волi.

Муж зарагатаў.

– Так, ну i ну, няма чаго сказаць, – вымавiў ён. – Не ўжо, не прымусiш ты мяне паверыць выдумцы, быццам ён аддаў нам пярсцёнак па добрай волi; проста ў яго сiлы не было нам перашкодзiць.

– Ведаеш што, – сказала жонка, – сягоння ноччу ты быў вельмi храбры. Мала такiх, хто адважыцца спусцiцца ў магiлу.

– А я зусiм i не думаю, што паступiў нядобра. У жывога я б нiколi i далера не ўзяў, ну а што за бяда ўзяць у мёртвага тое, што яму ўжо не патрэбна.

Iшлi яны гордыя i задаволеныя i толькi здзiўлялiся, што нiкому, акрамя iх, не прыйшло ў галаву забраць пярсцёнак. Борд сказаў, што паедзе ў Нарвегiю i прадасць там пярсцёнак, як толькi выпадзе якi-небудзь зручны выпадак. Iм здавалася, што за пярсцёнак удасца атрымаць вельмi многа грошай i нiколi больш не давядзецца адчуваць страху перад заўтрашнiм днём.

– А гэта што? – раптам прыпынiўшыся, запытала жонка. – Што я бачу? Няўжо зара займаецца? На ўсходзе ж павiнна свiтаць?

– Не, сонцу яшчэ рана ўзыходзiць, – сказаў селянiн. – Вiдаць, – пажар. I як быццам дзесьцi каля Ольсбю. Цi не...

Яго перапынiў гучны жончын голас.

– Гэта ў нас гарыць! – крычала яна. – Меламстуга гарыць! Генерал падпалiў яе!

У панядзелак ранiцай у маёнтак Хедэбю, размешчаны зусiм блiзка ад царквы, прыбег магiльшчык i, ледзь не задыхаючыся, выпалiў: iм з мулярам, якi збiраўся зноў замураваць склеп, падалося, быццам века генеральскай труны з'ехала набок i што шчыты з гербамi i ордэнскiя стужкi, якiмi яно прыбрана, ссунуты з месца.

Неадкладна людзi спусцiлiся ў склеп i заўважылi, што там пануе страшны беспарадак i што шрубы труны сарваны. Калi знялi века, то адразу ж убачылi, што на ўказальным пальцы левай генералавай рукi пярсцёнка няма.

III

Я думаю пра караля Карла XII i спрабую ўявiць сабе, як людзi любiлi яго i як баялiся.

Бо я ведаю, што незадоўга да смерцi каралю надарылася аднойчы зайсцi ў карлштацкую царкву ў час богаслужэння. Ён прыехаў у горад вярхом, адзiн i нечакана; ведаючы, што ў царкве iдзе служба, ён спынiў каня каля царкоўнай брамы i ўвайшоў не праз галоўны ўваход, а праз прытвор, як звычайны прыхаджанiн.

Але ўжо ў дзвярах ён убачыў, што пастар падняўся на кафедру, i, не жадаючы перашкаджаць яму, застаўся стаяць там, дзе стаяў. Не адшукаўшы сабе нават месца на лаве, а прыхiнуўшыся спiнай да вушака, ён пачаў слухаць пропаведзь.

Але хоць ён i ўвайшоў непрыкметна i моўчкi стаяў у змроку пад царкоўнымi хорамi, з самай апошняй лавы нехта пазнаў яго. Магчыма, гэты быў стары салдат, якi страцiў руку цi нагу ў паходах i быў адасланы дамоў яшчэ да Палтавы. I салдату падумалася, што гэты чалавек з зачасанымi назад валасамi i арлiным носам, мабыць, i ёсць сам кароль. I, пазнаўшы яго, ён тут жа падняўся з лавы.

Суседзi на лаўцы, пэўна, здзiвiлiся, чаму ён устаў, i тады ён шапнуў iм, што сам кароль тут, у царкве. I ўслед за iм мiжвольна ўсталi ўсе, хто сядзеў на гэтай лаве, як гэта бывала заўсёды, калi з алтара цi з кафедры абвяшчалiся словы самога госпада Бога.

Вестка аб тым, што кароль у царкве, iмгненна разнеслася з гэтай лавы на iншыя, i ўсе як адзiн – i старыя i маладыя, i багатыя i бедныя, i хворыя i здаровыя – паднялiся з месца.

Здарылася гэта, як ужо сказана, незадоўга да смерцi караля Карла, калi пачалiся няшчасцi i беды. Бадай, ва ўсёй царкве не знайшлося б тады чалавека, якi не страцiў бы дарагiх яго сэрцу сваякоў або не згубiў усяго свайго багацця, i ўсё па вiне гэтага караля. I калi каму-небудзь нават i не даводзiлася наракаць на ўласны лёс, яму варта было б падумаць аб тым, да якой галечы даведзена краiна, колькi страчана заваяваных зямель, i аб тым, што ўсё каралеўства акружана ворагамi*.

* У апошнi перыяд вайны краiны – удзельнiцы Паўночнага Саюза (Данiя, Рэч Паспалiтая, Расея) – узмацнiлi ваенныя дзеяннi супраць Швецыi. Кароль Аўгуст вярнуў сабе польскi трон, i шведскiя войскi былi выгнаны з тэрыторыi Рэчы Паспалiтай. Дацкiя войскi ўварвалiся ў паўднёвую Швецыю, Расея заняла Фiнляндыю, Эстляндыю, Лiфляндыю, Аландскiя выспы.

I тым не менш, тым не менш... Як толькi людзi пачулi разнесеную шэптам погаласку аб тым, што тут, у храме Божым, знаходзiцца той самы чалавек, якога столькi разоў праклiналi, як усе адразу ўсталi.

Усталi i засталiся стаяць. Нiхто i не падумаў сесцi зноў. Гэта было проста немагчыма. Там ля бакавога ўвахода стаяў сам кароль, i пакуль ён стаяў, трэба было стаяць усiм. Калi б хтосьцi сеў, то зняважыў бы караля.

Магчыма, пропаведзь працягнецца доўга, але нiчога не паробiш, давядзецца пацярпець. Нiхто не хацеў зневажаць яго.

Ён быў салдацкiм каралём i прывык да таго, што салдаты ахвотна iшлi за яго на смерць*. Але тут, у царкве, вакол яго былi простыя гараджане i рамеснiкi, простыя шведскiя мужчыны i жанчыны, якiя нiколi ў жыццi не чулi каманды: "Узяць на каравул!" Аднак варта яму толькi паказацца сярод iх, i яны ўжо траплялi пад яго ўладу. Яны пайшлi б за iм у агонь i ў ваду, аддалi б яму ўсё, чаго ён пажадае, бо верылi ў яго, абагаўлялi. Ва ўсёй царкве прыхаджане малiлiся за гэтага незвычайнага чалавека, якi быў каралём Швецыi.

* Карл XII быў вельмi папулярны сярод салдат свайго войска, якiм iмпанавалi яго асабiстыя якасцi – храбрасць, самавалоданне, сiла волi.

Я спрабую ўдумацца ва ўсё гэта, я спрабую зразумець, чаму любоў да караля Карла магла непадзельна завалодаць чалавечай душой i так глыбока ўкаранiцца нават у самым суровым i панурым старым сэрцы, што ўсе людзi думалi – любоў гэта будзе спадарожнiчаць яму i пасля смерцi.

I таму, пасля таго як выявiўся крадзеж пярсцёнка Лёвеншольдаў, у прыходзе Бру больш за ўсё здзiўлялiся, што ў кагосьцi хапiла духу на такую нядобрую справу. А вось любячых жанчын, пахаваных з заручальным пярсцёнкам на пальцы, – тых, на думку прыхаджан, зладзеi маглi рабаваць без апаскi. Або ж калi якая-небудзь пяшчотная мацi заснула вечным сном, трымаючы кудзер свайго дзiцяцi, то яго бязбоязна маглi б вырваць у яе з рук. I калi б якога-небудзь пастара паклалi ў труну з Бiблiяй у галавах, то i Бiблiю гэту, пэўна, можна было б украсцi ў яго без усякай шкоды для лiхадзея. Але ўкрасцi пярсцёнак Карла XII з пальца мёртвага генерала, якi жыў у маёнтку Хедэбю! Немагчыма ўявiць сабе, каб чалавек, народжаны жанчынай, рашыўся на такое адчайнае святатацтва!

Зразумела, не раз пачыналi следства, але гэта нi да чаго не прывяло лiхадзея так i не знайшлi. Злодзей прыйшоў i пайшоў у начным змроку, не пакiнуўшы нiякiх доказаў, якiя маглi б навесцi на след.

I гэтаму зноў-такi дзiвiлiся. Бо хадзiла нямала чутак аб прывiдах, якiя з'яўлялiся па начах, каб выкрыць злачынца, якi ўчынiў куды меншае злачынства.

Але ўрэшце, калi стала вядома, што генерал зусiм не кiнуў пярсцёнак на волю лёсу, а наадварот, змагаўся за тое, каб вярнуць яго назад, змагаўся з той самай грознай няўмольнасцю, якую праявiў бы, калi б пярсцёнак укралi ў яго пры жыццi, нiводзiн чалавек нiколькi гэтаму не здзiвiўся. Нiхто не выказаў сумнення ў тым, што так яно ўсё i было, бо нiчога iншага ад генерала не чакалi.

IV

Гэта здарылася праз многа гадоў пасля таго, як бясследна знiк генералаў пярсцёнак. Аднойчы пастара з Бру паклiкалi да беднага селянiна Борда Бордсана з аддаленага сэтара* ў лясах Ольсбю. Борд Бордсан ляжаў на смяротным ложы i абавязкова жадаў перад смерцю пагаварыць з самiм пастарам. Пастар быў чалавек пажылы i, пачуўшы, што трэба наведацца да хворага, якi жыў за многа мiль ад Бру ў непраходным гушчары, вырашыў – няхай замест яго паедзе пастар-ад'юнкт**. Але дачка памiраючага, якая прынесла пастару гэту вестку, адмовiлася наадрэз. Няхай едзе сам пастар, цi ўвогуле нiкога не трэба. Бацька, маўляў, кланяўся i загадваў перадаць: яму патрэбна расказаць нешта, аб чым можна ведаць толькi пастару, а больш нiкому на свеце.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю