355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф » Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 сентября 2016, 01:14

Текст книги "Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Сельма Оттилия Ловиса Лагерлеф


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)

Але што нi кажы, а стаяла яна тут зусiм не дарэмна. Знайшлiся ў натоўпе адзiн-два чалавекi, у якiх былi свае дочкi, такiя ж цiхiя, мiласэрныя, як Марыт. I ў глыбiнi душы гэтыя людзi адчувалi, што iм не хацелася б бачыць сваiх дочак на яе месцы.

Пачулiся ў натоўпе два-тры галасы, якiя абаранялi яе цi спрабавалi хоць бы супакоiць нястрымных вастрасловаў i гарлапанаў.

Не толькi таму, што скончылася пакутлiвае чаканне, але i з-за спачування да Марыт Эрыксдотэр усе ўзрадавалiся, калi дзверы судовай палаты расчынiлiся i суд пачаўся. Спачатку ўрачыста прайшлi судовы прыстаў, ленсман i арыштанты, з якiх знялi кайданы, хоць кожнага з iх вартавалi два салдаты. Затым паявiлiся дзяк, пастар, засядацелi, пiсар i суддзя. Замыкалi шэсце важныя паны i некалькi сялян, якiя былi ў такой пашане, што iм дазволiлi знаходзiцца за ачапленнем.

Ленсман з арыштантамi сталi з левага боку ад судовай палаты, суддзя з засядацелямi павярнулi направа, а паны размясцiлiся пасярод. Пiсар са сваiмi паперамi заняў месца за сталом. Вялiкi барабан па-ранейшаму стаяў у цэнтры плошчы ва ўсiх на вачах.

Як толькi паказалася шэсце, у натоўпе пачалася штурханiна i цiсканiна. Нямала рослых i дужых мужчын так i намагалася працiснуцца ў першы рад, спадзеючыся перш за ўсё сагнаць з месца Марыт Эрыксдотэр. Але, баючыся, як бы яе не адцiснулi, яна, маленькая i тоненькая, нахiлiўшыся, прашмыгнула мiма салдат i апынулася па другi бок iхняга частаколу.

Гэта было супраць усiх правiл парадку, i ленсман даў знак судоваму прыставу выдалiць Марыт Эрыксдотэр. Прыстаў тут жа падышоў да яе, паклаў руку ёй на плячо, быццам намерваючыся яе арыштаваць, i павёў да судовай палаты. Але як толькi яны апынулiся ў людскiм натоўпе, ён адпусцiў яе. Прыстаў ужо нагледзеўся на дзяўчыну i ведаў – ёй абы толькi дазволiлi стаяць паблiзу ад арыштантаў, а яна нават не паспрабуе ўцякаць. Калi ж ленсман захоча яе паўшчуваць, то знайсцi Марыт будзе лёгка.

Зрэшты, хiба быў у каго-небудзь час думаць пра Марыт Эрыксдотэр? Пастар з дзякам выйшлi наперад i сталi пасярод плошчы. Абодва знялi капелюшы, а дзяк зацягнуў псалом. I калi тыя, хто стаяў перад ланцугом салдат, пачулi гэтае спяванне, то зразумелi, што зараз адбудзецца нешта вялiкае i ўрачыстае, самае ўрачыстае з усяго, чаму iм калi-небудзь даводзiлася быць сведкамi на сваiм вяку: заклiк да ўсемагутнага, усёведнага Бога, каб даведацца аб яго волi.

Калi ж пачаў гаварыць пастар, людзi напоўнiлiся яшчэ большай павагай. Ён малiў Хрыста, сына божага, якi некалi сам паўстаў перад судзiлiшчам Пiлата, злiтавацца над гэтымi абвiнавачваемымi, каб не напаткаў iх суд несправядлiвы. Ён малiў таксама злiтавацца над суддзямi, каб не былi вымушаны яны прыгаварыць да смерцi бязвiннага.

Пад канец ён малiў яго злiтавацца над прыхаджанамi, каб не давялося iм быць сведкамi вялiкай несправядлiвасцi, як некалi жыдам каля Галгофы.

Усе слухалi пастара, пазнiмаўшы галаўныя ўборы. Яны не думалi больш пра свае нiкчэмныя людскiя справы. Яны былi настроены зусiм iнакш. Iм здавалася, быццам пастар заклiкае на зямлю самога госпада Бога, яны адчувалi яго нябачную прысутнасць.

Стаяў цудоўны асеннi дзень: сiняе неба, усеянае белымi хмаркамi, дрэвы з зялёным, ледзь кранутым жаўцiзной лiсцем. Над галовамi людзей бесперапынна праляталi на поўдзень чароды пералётных птушак. Нязвыкла было бачыць такую процьму птушак адразу ў адзiн дзень. Людзям здавалася, што гэта, магчыма, нездарма. Цi не было гэта знакам, што гасподзь ухваляе намеры чалавечыя?

Калi пастар змоўк, выйшаў наперад старшыня павятовага суда i зачытаў каралеўскi прыгавор. Прыгавор быў падрабязны, з мноствам мудрагелiстых моўных зваротаў, якiя з цяжкасцю даходзiлi да натоўпу. Але людзi зразумелi, што свецкая ўлада як бы склала скiпетр свой i меч, адмовiлася ад мудрасцi сваёй i ведаў i спадзявалася цалкам на волю божую. I яны пачалi малiцца, малiцца ўсе як адзiн, каб гасподзь дапамог iм i навучыў iх.

Затым ленсман узяў у рукi iгральныя косцi i папрасiў суддзю i сяго-таго з прысутных кiнуць гэтыя косцi, каб праверыць, цi не фальшывыя яны. З нейкiм дзiўным хваляваннем прыслухоўваўся народ да стуку iгральных касцей на барабаннай шкуры. Гэтыя кубiкi, якiя загубiлi нямала людзей, няўжо цяпер iх палiчылi вартымi паведамiць волю боскую?!

Як толькi косцi былi апрабаваны, арыштантаў вывелi наперад. Спачатку кубак перадалi Эрыку Iварсану, самаму старэйшаму з усiх. Але ленсман тут жа растлумачыў яму, што зараз рашэнне не будзе яшчэ канчатковым. Зараз iм патрэбна кiнуць жэрабя толькi для таго, каб кожнаму вызначыць сваю чаргу гуляць.

Першы раз Паўлю Элiясану выпала найменш, а Iвару Iварсану найбольш ачкоў. Значыць, яму першаму i патрэбна было пачынаць.

Трое абвiнавачваемых былi апрануты ў тое ж самае адзенне, якое было на iх, калi яны, спускаючыся з гор, са свайго летняга сэтара, сустрэлi ротмiстра. Цяпер гэта адзенне было бруднае i ўсё падранае. Такi ж зношаны выгляд, як у кафтанаў, быў i ў iх гаспадароў. Аднак усiм падалося, быццам Iвар Iварсан трымаўся з трох як бы лепш за ўсiх. Вiдаць, таму, што ён былы салдат, загартаваны шматлiкiмi пакутамi баёў i палону. Трымаўся ён усё яшчэ прама, i выгляд у яго быў мужны i бясстрашны.

Калi Iвар Iварсан выйшаў наперад да барабана i ўзяў кубак з касцямi з рук ленсмана, то хацеў быў паказаць яму, як патрэбна трымаць кубак i як гуляць у косцi. На вуснах старога мiльганула ўсмешка.

– Не ўпершыню гуляць мне ў косцi, ленсман, – сказаў ён такiм гучным голасам, што ўсе пачулi. – Бенгт-асiлак з Хедэбю ды я не раз, бывала, забаўлялiся вечарамi гэтай гульнёй там, у стэпавых краях. Але не спадзяваўся я, што мне давядзецца згуляць з iм яшчэ раз.

Ленсман хацеў быў прыспешыць яго, але натоўпу спадабалася слухаць Iвара. Вось храбрэц! Ён яшчэ мог жартаваць перад такiм рашаючым выпрабаваннем.

Iвар абхапiў кубак абедзвюма рукамi, i ўсе ўбачылi, што ён молiцца. Прачытаўшы "Ойча наш", ён гучна ўсклiкнуў:

– А цяпер прашу цябе, госпадзi Iсусе Хрысце, каму вядома, што я не вiнаваты, злiтуйся нада мной i падары мне найменш ачкоў: у мяне ж няма нi дзяцей, нi каханай, якiя будуць плакаць па мне!

Вымавiўшы гэтыя словы, ён з такой сiлай шпурнуў косцi на барабанную шкуру, што тыя загрукаталi.

I ўсе, хто стаяў перад салдацкiм частаколам, пажадалi ў той мiг, каб Iвара Iварсана вызвалiлi. Яны палюбiлi яго за храбрасць i дабрату i нiяк не маглi зразумець, чаму гэта яны лiчылi яго злодзеем.

Амаль невыносна было стаяць так далёка, не ведаючы, што выпала на касцях. Суддзя з ленсманам нахiлiлiся над барабанам, каб паглядзець, засядацелi i ўсе асобы знатнага саслоўя, якiя прысутнiчалi пры гэтым, падышлi блiжэй i таксама пачалi глядзець, якi вынiк. Здавалася, усе збянтэжылiся, некаторыя кiвалi Iвару Iварсану, сёй-той пацiскаў яму руку, а натоўп так нiчога i не ведаў. Па радах прабег гнеўны шум.

Тады суддзя зрабiў знак ленсману, i той падняўся на ганак судовай палаты, дзе яго лепш бачылi i чулi:

– Iвар Iварсан выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга!

Людзi зразумелi, што Iвар Iварсан прызнаны невiнаватым, i ўзрадавалiся. А многiя пачалi крычаць:

– Будзь здароў, Iвар Iварсан!

Але тут здарылася такое, што вельмi здзiвiла ўсiх. Паўль Элiясан радасна закрычаў i, сарваўшы з галавы сваю вязаную шапачку з кутасiкам, падкiнуў яе ў паветра. Гэта адбылося так нечакана, што стражнiкi не паспелi перашкодзiць яму. Усе толькi ахнулi. Праўда, Iвар Iварсан быў Паўлю Элiясану ўсё роўна што бацька, але цяпер, калi справа iшла аб ягоным жыццi, няўжо ён i сапраўды радаваўся таму, што iншага прызналi невiнаватым?

Хутка быў усталяваны парадак: начальства адышло направа, арыштанты са стражнiкамi – налева, iншыя гледачы адсунулiся блiжэй да судовай палаты, так што барабан зноў застаўся пасярэдзiне, нiчым не заслонены, i ён вiдзён з усiх бакоў. Цяпер настала чарга Эрыка Iварсана перанесцi смяротнае выпрабаванне. Але, узяўшы ў рукi кубак з касцямi, ён паспрабаваў выпрастаць сагнутую спiну i сказаў:

– Дзякуй Богу, што брат мой Iвар апраўданы, бо хоць у гэтай справе я таксама невiнаваты, ён заўсёды быў лепшы за мяне. I малю Госпада нашага Iсуса Хрыста, каб ён даў мне выкiнуць найменей ачкоў, каб дачка мая магла павянчацца з тым, каго яна кахае, i жыць з iм шчаслiва да канца дзён сваiх.

З Эрыкам Iварсанам здарылася тое, што часта бывае са старымi: уся яго былая моц, здавалася, пайшла ў голас. Яго словы пачулi ўсе i ўскалыхнулi народ. Ужо вельмi ж непадобна было на Эрыка Iварсана прызнаць, што хтосьцi больш варты за яго, ды яшчэ жадаць сабе смерцi дзеля чужога шчасця. Ва ўсiм натоўпе не знайшлося б цяпер нiводнага чалавека, хто па-ранейшаму лiчыў бы яго разбойнiкам i злодзеем. Са слязамi на вачах малiлiся людзi Богу, каб Эрык выкiнуў пабольш ачкоў.

Ён i не патурбаваўся патрэсцi ў кубку косцi, а толькi, падняўшы кубак уверх i апусцiўшы яго ўнiз, выкiнуў косцi на барабанную шкуру. Вочы яго былi надта старыя, каб убачыць ачкi на кубiках, i ён, нават не зiрнуўшы на iх, стаяў, утаропiўшыся ў прастору.

Але суддзя i iншыя паспяшалiся да барабана. I ўсе прачыталi на iхнiх тварах тое ж здзiўленне, што i ў мiнулы раз.

А натоўп, якi стаяў перад салдацкiм частаколам, быццам зразумеў усё, што адбылося, яшчэ задоўга да таго, як ленсман аб'явiў вынiк справы. Нейкая жанчына ўсклiкнула:

– Няхай уратуе цябе Гасподзь, Эрык Iварсан!

I ўслед пачуўся шматгалосы крык:

– Дзякуй i хвала Госпаду за тое, што ён дапамог табе, Эрык Iварсан!

Вязаная шапачка Паўля Элiясана ўзляцела ў паветра, як i першы раз, i ўсе зноў ахнулi. Няўжо ён не думае, чым гэта пагражае яму самому?

Эрык Iварсан стаяў маўклiвы i абыякавы, твар ягоны нiколькi не пасвятлеў. Думалi – магчыма, ён чакае, калi ленсман аб'явiць вынiк, але нават калi гэта i адбылося i Эрык даведаўся, што ён таксама, як i ягоны брат, выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, то застаўся абыякавы. Ён хацеў быў дабрацца да свайго ранейшага месца, але так знясiлеў, што судоваму прыставу давялося падхапiць яго, а то б не ўтрымацца яму на нагах.

Настала чарга Паўлю Элiясану падысцi да барабана, каб паспрабаваць шчасця, i ўсе позiркi накiравалiся да яго. Яшчэ задоўга да выпрабавання ўсе палiчылi, што ён, вiдаць, i ёсць сапраўдны злачынец; цяпер ён быў, можна сказаць, прыгавораны. Больш жа ачкоў, чым браты Iварсаны, выкiнуць было немагчыма.

Такi вынiк нiкога б раней не засмуцiў, але тут усе ўбачылi, што Марыт Эрыксдотэр цiшком перабралася да Паўля Элiясана.

Ён не трымаў яе ў сваiх абдымках, нi пацалунку, нi пяшчоты не было памiж iмi. Яна толькi стаяла побач, моцна-моцна прыцiснуўшыся да яго, а ён абняў яе стан рукой. Нiхто не мог бы з дакладнасцю сказаць, цi доўга яны так прастаялi, бо ўвагу ўсiх захапiла гульня ў косцi.

Як бы там нi было, яны стаялi побач, злучаныя неспазнаным лёсам насуперак варце i грознаму начальству, насуперак тысячам гледачоў, насуперак жахлiвай гульнi са смерцю, у якую былi ўцягнуты.

Iх звяло разам каханне, але каханне больш узвышанае, чым зямное. Яны маглi б стаяць так летнiм ранкам каля лаза ў плятнi, праскакаўшы ўсю ноч напралёт i ўпершыню прызнаўшыся адно аднаму ў тым, што хочуць стаць мужам i жонкай. Яны маглi б стаяць так пасля першага прычасця, адчуваючы, што ўсе грахi зняты з душы. Яны маглi б стаяць так, калi б абоiм давялося перанесцi жах смерцi, i перайсцi ў той свет, i сустрэцца зноў, i зразумець, што яны на векi вечныя належаць адно аднаму.

Яна стаяла, пазiраючы на яго з такiм пяшчотным каханнем! I штосьцi варухнулася ў людскiх душах i падказала iм – вось над Паўлем Элiясанам i варта было б злiтавацца. Бо ён быў юным дрэўцам, якому не суджана цвiсцi i пладаносiць, ён быў жытнёвым полем, якому суджана быць вытаптаным, перш чым давядзецца абдарыць кагосьцi сваiм багаццем.

Ён моўчкi апусцiў руку, якая абвiвала стан Марыт i ўслед за ленсманам падышоў да барабана. Па яго твары непрыкметна было, каб ён хоць крыху хваляваўся, калi браў у рукi кубак. Ён не выступаў перад народам, як iншыя, а павярнуўся да Марыт.

– Не бойся! – сказаў ён. – Бог ведае, што я таксама невiнаваты.

Пасля гэтага ён, нiбы гуляючы, патрос некалькi разоў косцi ў кубку, не спыняючы iх, пакуль яны не перакацiлiся праз край i не вылецелi на барабанную шкуру.

– Я выкiнуў на абедзвюх па шасцёрцы, Марыт! Я выкiнуў па шасцёрцы, i я таксама!

Ён будзе апраўданы – iншае яму i ў галаву не прыходзiла, i ад радасцi ён не мог устаяць на месцы. Высока падскочыўшы, ён падкiнуў шапачку ўгору, схапiў у абдымкi стражнiка, якi стаяў побач з iм i пацалаваў.

Тут многiя падумалi: "Вiдаць адразу, што ён чужаземец. Калi б ён быў шведам, то не радаваўся б да часу".

Суддзя, ленсман, засядацелi i знатныя паны паважана i не спяшаючыся падышлi да барабана, каб разгледзець косцi. Але на гэты раз выгляд iх быў нярадасны. Яны толькi пакiвалi галавой i нiхто з iх не павiншаваў Паўля Элiясана са шчаслiвым вынiкам, якi выпаў на яго долю.

Узышоўшы трэцi раз на ганак судовай палаты, ленсман паведамiў:

– Паўль Элiясан выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга!

Натоўп захваляваўся, але нiхто не радаваўся. Нiкому i ў галаву не прыйшло, што тут ёсць нейкi падвох. Гэтага быць не можа! Але ўсiм было боязна i неяк нядобра, паколькi божы суд зусiм не праяснiў сутнасцi справы.

Цi азначала гэта, што ўсе тры былi аднолькава невiнаватыя, цi гэта азначала, што ўсе яны былi аднолькава вiнаватыя.

Людзi ўбачылi, як ротмiстр Лёвеншольд паспешлiва падышоў да суддзi. Напэўна, хацеў сказаць, што божы суд так нiчога i не вырашыў, але суддзя панура адвярнуўся ад яго.

Суддзя з засядацелямi накiравалiся ў судовую палату i пачалi раiцца, а тым часам нiхто не асмельваўся нi паварухнуцца, нi нават прашаптаць хоць слова. Нават Паўль Элiясан, i той трымаўся спакойна. Здавалася, ён зразумеў нарэшце, што божы суд можна вытлумачыць i так i гэтак.

Суд зноў паявiўся пасля кароткай нарады, i суддзя абвясцiў, што павятовы суд схiльны тлумачыць божы прысуд такiм чынам, што ўсiх трох абвiнавачваемых неабходна прызнаць невiнаватымi.

Вырваўшыся з рук стражнiкаў, Паўль Элiясан ад незвычайнага захаплення зноў падкiнуў сваю шапачку, але i гэта было крыху заўчасна, бо суддзя яшчэ не скончыў прамову:

– Але гэта рашэнне суда патрэбна прадставiць каралю праз ганца, якога сягоння варта накiраваць у Стакгольм. Абвiнавачваемым жа патрэбна знаходзiцца ў турме, пакуль яго каралеўская вялiкасць не зацвердзiць прыгавор суда.

VIII

Аднойчы восенню, год праз трыццаць пасля той незабыўнай гульнi ў косцi на плошчы перад судовай палатай у Брубю, Марыт Эрыксдотэр сядзела на ганку невялiкай палевай клецi ў сядзiбе Стургордэн, дзе яна жыла, i вязала дзiцячыя рукавiчкi. Ёй хацелася звязаць iх прыгожым узорам палоскай i клеткай, каб яны парадавалi дзiця, якому яна збiралася iх падарыць. Але яна не магла прыгадаць якi-небудзь узор.

Пасля таго як яна доўгi час праседзела на ганку, малюючы прутком на прыступцы ўзоры, яна пайшла ў клець i адчынiла сундук з адзеннем, каб знайсцi якi-небудзь узор, па якiм магла б звязаць рукавiчкi. На самым дне сундука яна наткнулася на адмыслова звязаную шапачку з кутасiкам, узорную з мноствам разнастайных квадрацiкаў i палосачак; пасля пэўнага вагання яна ўзяла шапачку з сабой на ганак.

Круцячы шапачку на ўсе бакi, каб разабрацца з узорыстай вязкай, яна заўважыла, што шапачка дзе-нiдзе паедзена моллю. "Госпадзi божа, не дзiўна, што шапачка сапсавана, – падумала яна. – Прайшло, пэўна, сама меней трыццаць гадоў з таго часу, як яе насiлi. Добра, што я хоць выцягнула яе з сундука i бачу цяпер, што з ёю сталася".

Шапачка была ўпрыгожана вялiкiм i пышным рознакаляровым кутасiкам, i ў iм якраз молi, вiдаць, i было раздолле. Варта было Марыт страсянуць шапачку, як нiткi паляцелi на ўсе бакi. А кутасiк, дык той нават адарваўся i ўпаў ёй на каленi. Яна падняла кутасiк i пачала разглядваць, цi занадта сапсаваны ён i цi нельга яго зноў прымацаваць, аднак пры гэтым яна раптам заўважыла, што сярод нiтак штосьцi блiснула. Нецярплiва рассунуўшы iх, яна ўбачыла вялiкi залаты пярсцёнак з пячаткай i з пунсовым каменем, вельмi моцна ўшыты ў кутасiк грубымi палатнянымi нiткамi.

Кутасiк з шапачкай выпалi ў яе з рук. Нiколi раней не даводзiлася ёй бачыць гэты пярсцёнак, але ў яе зусiм не было патрэбы разглядваць каралеўскiя iнiцыялы на камянi цi чытаць надпiс на пярсцёнку, каб даведацца, што гэта за пярсцёнак i хто быў яго ўладальнiкам. Абапёршыся на поручань ганка, яна заплюшчыла вочы i так сядзела, цiхая i бледная, быццам была пры смерцi. Ёй здавалася, што сэрца ў яе вось-вось разарвецца ад пакуты.

З-за гэтага пярсцёнка бацьку яе Эрыку Iварсану, дзядзьку яе Iвару Iварсану i жанiху яе Паўлю Элiясану давялося развiтацца з жыццём, а цяпер ёй суджана знайсцi гэты пярсцёнак, вельмi моцна ўшыты ў кутасiк Паўлевай шапачкi! Як жа ён туды трапiў? Калi ж ён туды трапiў? Цi ведаў Паўль аб тым, што пярсцёнак зашыты ў кутасiку?

Не! Яна адразу ж запэўнiла самую сябе, што ён нiяк не мог ведаць аб гэтым.

Яна прыгадала, як ён размахваў гэтай шапачкай i падкiдваў яе ўгору, думаючы, што i яго i старых Iварсанаў апраўдаюць.

Малюнак гэты стаяў перад яе вачыма, нiбы ўсё здарылася толькi ўчора: вялiзны натоўп людзей, спачатку поўны нянавiсцi i варожасцi да яе i да яе блiзкiх, а пад канец перакананы ў iх невiнаватасцi. Ёй прыгадалася цудоўнае цёмна-сiняе асенняе неба i пералётныя птушкi, якiя збiлiся са шляху i трывожна ляталi над плошчай, дзе iшоў цiнг. Паўль бачыў iх, i ў той момант, калi яна прыцiснулася да яго, шапнуў ёй, што хутка душа яго будзе мiтусiцца ў нябёсах, быццам маленькая птушачка, якая збiлася са шляху. I ён запытаўся, цi дазволiць яна яму прылятаць i гнездавацца пад дахавым жолабам сядзiбы ў Ольсбю.

Не, Паўль не мог ведаць, што ўкрадзенае дабро схавана ў шапачцы, якую ён падкiдваў угору, пазiраючы на цудоўнае асенняе неба.

Гэта было на другi дзень. Сэрца яе сутаргава сцiскалася кожны раз, калi яна ўспамiнала аб iм, але цяпер ёй што б там нi было патрэбна ўспомнiць усё да канца. Са Стакгольма прыйшоў указ, што божы суд неабходна разумець так: усе тры абвiнавачваемыя аднолькава вiнаватыя, i iх трэба пакараць смерцю праз павешанне.

Яна была там, калi прыгавор прыводзiлi ў выкананне, была дзеля таго, каб людзi, якiх яна любiла, ведалi, што ёсць на свеце чалавек, якi верыць у iх i смуткуе. Але дзеля гэтага наўрад цi патрэбна было iсцi на ўзгорак вiсельнiкаў. Пасля божага суда настрой у людзей стаў iншым. Усе тыя, хто акружалi яе перад салдацкiм частаколам, былi цяпер добрыя з ёю. Людзi разважалi ды меркавалi мiж сабой, а потым вырашылi, што божы суд патрэбна разумець так: усе тры абвiнавачваемыя невiнаватыя. Бо стары генерал дазволiў усiм тром выкiнуць па дзве шасцёркi. Значыць, i разважаць тут больш няма чаго. Генеральскага пярсцёнка нiхто з iх не браў.

Калi вывелi трох сялян, пачуўся ўсеагульны страшны лямант. Жанчыны плакалi, мужчыны стаялi, сцiснуўшы кулакi i сцяўшы зубы. Казалi, што быць, маўляў, прыходу Бру разораным, як Iерусалiму, бо там пазбавiлi жыцця трох бязвiнных мужчын. Людзi выкрыквалi словы суцяшэння прыгавораным да пакарання смерцю i здзеквалiся з катаў. Безлiч праклёнаў пасылалася на галаву ротмiстра Лёвеншольда. Казалi, быццам ён пабываў у Стакгольме i па яго вiне прыгавор божага суда вытлумачылi на шкоду абвiнавачваемым.

Але, ва ўсякiм выпадку, усе людзi, разам з Марыт лiчылi падсудных невiнаватымi i верылi iм, а гэта дапамагло дзяўчыне перажыць той дзень. I не толькi той дзень, але i ўсе астатнiя днi – да гэтага часу. Калi б людзi, з якiмi ёй давялося сустракацца, лiчылi яе дачкой забойцы, то яна не ў сiлах была б вынесцi цяжару жыцця.

Паўль Элiясан першым узышоў на маленькi дашчаны памост пад шыбенiцай. Спачатку ён кiнуўся на каленi i пачаў малiцца богу, потым звярнуўся да святара, якi стаяў побач з iм, i пачаў аб нечым прасiць яго. Затым Марыт убачыла як пастар зняў з яго галавы шапачку. Калi ўсё было скончана пастар перадаў Марыт шапачку i апошняе прывiтанне Паўля. Ён паслаў ёй шапачку ў знак таго, што думаў пра яе ў свой перадсмяротны час.

Як ёй магло нават прыйсцi ў галаву, што Паўль падарыў бы ёй на памяць шапачку, калi б ведаў, што ў ёй схавана крадзенае дабро? Не, калi ўжо i было што надзейнае на свеце, дык толькi адно: Паўль не ведаў, што пярсцёнак, якi быў надзеты на пальцы нябожчыка, – у шапачцы.

Хутка нагнуўшыся, Марыт Эрыксдотэр узяла шапачку, паднесла яе да вачэй i пачала ўважлiва разглядаць. "Адкуль магла ўзяцца ў Паўля гэта шапачка? падумала яна. – Нi я, ды i нiхто iншы ў сядзiбе не вязаў яе яму. Вiдаць, ён купiў яе на кiрмашы, а магчыма, памяняўся з кiм-небудзь".

Яна яшчэ раз перавярнула шапачку, разглядваючы ўзор з усiх бакоў. "Калiсьцi гэта шапачка была, напэўна, прыгожая i новая, – падумала яна. Паўль любiў рознае прыгожае ўбранне. Ён заўсёды быў незадаволены, калi мы ткалi яму шэрыя саматканыя кафтаны. Ён хацеў, каб саматканае сукно яму заўсёды фарбавалi. А шапачкi ён любiў часцей чырвоныя, з вялiкiм кутасiкам. Гэта несумненна прыйшлася яму па густу".

Адклаўшы шапачку, яна зноў абапёрлася аб поручань, iмкнучыся перанесцiся ў мiнулае.

Яна была ў лесе той самай ранiцай, калi Iнгiльберта напалохалi да смерцi. I бачыла, як Паўль разам з яе бацькам i дзядзькам стаяў, схiлiўшыся над трупам. Абодва старыя вырашылi, што Iнгiльберта трэба перанесцi ўнiз, у далiну, i накiравалiся насячы галля для насiлак. А Паўль на момант забавiўся, каб разгледзець Iнгiльбертаву шапачку. Яна яму вельмi спадабалася. Шапачка была ўзорыстая, звязаная з чырвонай, сiняй i белай пражы, i ён непрыкметна памяняў яе на сваю. Ён зрабiў гэта без усялякага дрэннага намеру. Магчыма, ён проста хацеў пафарсiць крыху ў ёй. Ягоная ўласная шапачка, пакiнутая iм Iнгiльберту, вядома ж, была не горшая за гэту, але не такая стракатая i не так адмыслова звязаная.

А Iнгiльберт зашыў пярсцёнак у шапачку, перш чым пайсцi з дому. Магчьма, ён думаў, што за iм будзе пагоня, i таму спрабаваў схаваць яго. Калi ж павалiўся, нiкому i ў галаву не прыйшло шукаць пярсцёнак у шапачцы, а Паўлю Элiясану i тым больш.

Напэўна, так яно i было ўсё. Яна магла б паклясцiся ў гэтым, але трэба ўсё ж пераканацца да канца.

Марыт паклала пярсцёнак у сундук i з шапачкай у руках пайшла на двор для жывёлы, каб паразмаўляць з даглядчыцай жывёлы.

– Выйдзi на святло, Мэрта, – крыкнула яна ў цёмную глыбiню хлява, – i дапамажы мне з узорам, а то адной нiяк не разабрацца!

Калi даглядчыца жывёлы выйшла да яе, Марыт працягнула ёй шапачку.

– Я ведаю, што ты майстар вязаць, Мэрта, – сказала яна. – Я хацела пераняць гэты ўзор, ды не магу ў iм разабрацца. Глянь жа сама! Ты ж вельмi вопытная ў гэтай справе: куды мне да цябе!

Даглядчыца жывёлы ўзяла шапачку i паглядзела на яе. Вiдаць было, што яна вельмi здзiвiлася. Выйшаўшы з ценю, якi адкiдвала сцяна хлява, яна зноў пачала аглядаць шапачку.

– Адкуль яна ў цябе? – запыталася Мэрта.

– Яна праляжала ў мяне ў сундуку шмат гадоў, – адказала Марыт. – А чаму ты ў мяне пытаешся?

– Таму, што гэту самую шапачку я звязала майму брату Iнгiльберту тым апошнiм летам, калi ён яшчэ быў жывы, – сказала даглядчыца жывёлы. – Я не бачыла яе з той самай ранiцы, калi ён пайшоў з дому. Як магла яна трапiць сюды?

– Можа, яна звалiлася ў яго з галавы, калi ён падаў, – адказала Марыт. – I хтосьцi з нашых работнiкаў падабраў яе ў лесе i прынёс сюды. Але калi ўжо гэта шапачка развярэдзiла табе сэрца, можа, ты i не захочаш зняць для мяне ўзор?

– Давай мне шапачку, i ўзор будзе ў цябе да заўтрашняга дня – сказала даглядчыца жывёлы.

У голасе яе пачуўся плач, калi, узяўшы шапачку, яна пайшла назад на двор для жывёлы.

– Не, не трэба табе здымаць узор, раз гэта так цяжка, – сказала Марыт.

– Нiколькi мне не цяжка, калi я раблю гэта для цябе.

I на самай справе, нiхто iншы, а Марыт успомнiла пра Мэрту Бордсан, якая засталася адна ў лесе пасля смерцi бацькi i брата, i прапанавала ёй пайсцi даглядчыцай жывёлы ў сваю сядзiбу Стургордэн у Ольсбю. I Мэрта заўсёды была ёй удзячна за тое, што Марыт дапамагла ёй вярнуцца да людзей.

Марыт зноў пайшла на ганак палевай клецi i ўзяла ў рукi вязанне, але ёй не працавалася; абапёршыся, як раней, галавой на поручань, яна намагалася прыдумаць – што ж ёй цяпер рабiць.

Калi б хто-небудзь у ольсбюскай сядзiбе ведаў, як выглядаюць жанчыны, якiя адмовiлiся ад свецкага жыцця дзеля пустэльнiцтва ў манастыры, то сказаў бы, што Марыт падобная на такую жанчыну. Твар яе быў жаўтавата-бледны i зусiм без маршчын. Нетутэйшаму чалавеку амаль немагчыма было б сказаць маладая яна цi старая. Ва ўсiм яе аблiччы было нешта супакоенае i цiхае, як у чалавека, якi адмовiўся ад усякiх жаданняў. Яе нiколi не бачылi бесклапотна-вясёлай, але i вельмi маркотнай таксама нiколi не бачылi.

Пасля цяжкага ўдару, якi напаткаў яе, Марыт ясна адчула, што жыццё для яе скончана. Яна атрымала ў спадчыну сядзiбу Стургордэн, але добра разумела, што калi захоча захаваць сядзiбу ў сябе, то ёй давядзецца выйсцi замуж: сядзiбе ж патрэбен гаспадар. Не жадаючы выходзiць замуж, яна перадала ўсе свае ўладаннi аднаму са стрыечных братоў зусiм бясплатна, абумовiўшы сабе толькi права жыць i харчавацца ў сядзiбе да сканчэння сваiх дзён.

Яна была задаволена тым, што так паступiла, i нiколi ў гэтым не раскайвалася. Баяцца, што днi пацягнуцца для яе марудна i бесклапотна, не даводзiлася. Людзi паверылi ў яе жыццёвы розум i дабрату, i варта было каму-небудзь захварэць, як адразу клiкалi яе. Дзецi таксама вельмi хiнулiся i лашчылiся да яе. У клецi на палях у яе заўсёды было шмат малых. Яны ведалi, што ў Марыт заўсёды знойдзецца час дапамагчы iм справiцца з iх маленькiмi нягодамi.

I вось цяпер, калi Марыт сядзела на ганку, разважаючы, што ёй рабiць з гэтым пярсцёнкам, яе апанаваў раптам страшны гнеў. Яна думала пра тое, як лёгка можна было адшукаць гэты пярсцёнак. Чаму генерал не паклапацiўся, каб пярсцёнак быў знойдзены? Ён жа ўвесь час ведаў, дзе пярсцёнак, цяпер Марыт гэта разумела. Але чаму ж ён не зрабiў так, каб Iнгiльбертаву шапачку таксама абшукалi? Замест гэтага ён дазволiў пакараць смерцю з-за свайго пярсцёнка трох невiнаватых чалавек. На гэта ў яго была ўлада, а вось прымусiць пярсцёнак выйсцi на свет божы – не было!

Спачатку Марыт падумала была, што ёй патрэбна пайсцi да пастара, расказаць яму ўсё i аддаць пярсцёнак. Але не, гэтага яна нiзашто не зробiць!

Так ужо атрымалася: дзе б нi паявiлася Марыт – цi ў царкве, цi ў гасцях, з ёю абыходзiлiся з вялiкай павагай. Ёй нiколi не даводзiлася пакутаваць ад пагарды, якая звычайна выпадае на долю дачкi лiхадзея. Людзi былi цвёрда перакананы ў тым, што тут адбылася неверагодная несправядлiвасць, i хацелi згладзiць яе. Нават знатныя паны, сустракаючы, бывала, Марыт на царкоўным узгорку, абавязкова падыходзiлi да яе перамовiцца некалькiмi словамi. Нават сям'я з Хедэбю – вядома, не сам ротмiстр, а яго жонка з нявесткай – не раз спрабавалi зблiзiцца з Марыт. Але яна заўсёды ўпарта адхiляла гэтыя спробы. Нiводнага слова не сказала яна нiводнаму з жыхароў маёнтка з часу божага суда.

Дык няўжо цяпер яна выйдзе на плошчу i голасна прызнаецца ў тым, што гаспадары Хедэбю часткова мелi рацыю? Пярсцёнкам, як стала вядома, усё ж завалодалi сяляне з Ольсбю. Магчыма, нават пачнуць сцвярджаць аб тым, што яны, маўляў, ведалi, дзе пярсцёнак, выцерпелi арышт i дазнанне, спадзеючыся, што будуць апраўданы i змогуць прадаць пярсцёнак.

Ва ўсякiм выпадку Марыт разумела, што гонар ротмiстра, а заадно i яго бацькi, будзе выратаваны, калi яна аддасць пярсцёнак i раскажа, дзе яго знайшла. А Марыт не хацела i пальцам паварушыць дзеля таго, што прынесла б карысць i выгаду Лёвеншольдам.

Ротмiстр Лёвеншольд быў цяпер васьмiдзесяцiгадовым дзедам, багатым i магутным, знатным i паважаным. Кароль надаў яму баронскi тытул, i не было выпадку, каб яго напаткала якая-небудзь бяда. Сыны ў яго былi вельмi добрыя, жылi, як i ён, у дастатку i выгадна ажанiлiся.

А чалавек гэты забраў у Марыт усё, усё, усё, што ў яе было.

Яна засталася адна на свеце, гаротная, без мужа, без дзяцей, i ўсё па яго вiне. Доўгiя гады чакала яна i чакала, што яго напаткае суровае пакаранне, але так нiчога i не здарылася.

Раптам Марыт падскочыла, ачуўшыся ад свайго глыбокага роздуму. Яна пачула, як па двары шпарка бягуць дзецi, напэўна, да яе.

Гэта былi два хлопчыкi гадоў дзесяцi-адзiнаццацi. Адзiн быў сынам гаспадара, Нiльс, другога яна не ведала. I, вядома ж, яны прыбеглi папрасiць яе ў нечым дапамагчы.

– Марыт, – сказаў Нiльс, – гэта Адрыян з Хедэбю. Мы з iм былi вунь на той дарозе i ганялi абруч, а потым паспрачалiся, i я разадраў яго шапачку.

Марыт моўчкi сядзела, гледзячы на Адрыяна. Прыгожы хлопчык, у аблiччы якога было штосьцi цiхае i лагоднае. Яна схапiлася за сэрца, бо заўсёды адчувала боль i страх, калi бачыла каго-небудзь з Лёвеншольдаў.

– Цяпер мы зноў сябруем, – працягваў Нiльс, – вось я i падумаў: дай жа папрашу цябе, можа, ты паправiш Адрыяну шапачку, перш чым ён пойдзе дадому.

– Добра, – сказала Марыт, – зацырую!

Узяўшы ў рукi разадраную шапачку, яна паднялася, збiраючыся пайсцi ў клець.

– Напэўна, гэта знак божы, – прамармытала яна. – Пагуляйце ж яшчэ крыху на двары! – сказала Марыт хлопчыкам. – Хутка будзе гатова.

Зачынiўшы за сабой дзверы ў клець, яна пачала цыраваць дзiркi ў шапачцы Адрыяна Лёвеншольда.

IX

Зноў мiнула некалькi год, а пра пярсцёнак па-ранейшаму не было нi слыху нi дыху. Але вось здарылася так, што ў 1788 годзе дзяўчына Мальвiна Спак пасялiлася ў Хедэбю i стала там аканомкай. Была яна беднай пастарскай дачкой з Сёрмланда, нiколi раней за межы Вермланда не выязджала i не мела нiякага ўяўлення аб тым, што творыцца ў маёнтку, дзе ёй трэба было служыць.

Калi яна прыехала, яе адразу запрасiлi да баранэсы Лёвеншольд, каб адкрыць вельмi дзiўны сакрэт.

– Я лiчу, што будзе вельмi правiльна, – сказала гаспадыня дома, адразу ж адкрыць вам, паненка, таямнiцу. Трэба сказаць, у нас у Хедэбю водзяцца прывiды. Нярэдка здараецца, што па лесвiцах i ў галерэях, а часам нават i ў панскiх пакоях сустракаеш рослага, дужага чалавека, апранутага прыкладна як стары каралiнец – у высокiх батфортах i сiнiм форменным мундзiры. Ён з'яўляецца зусiм нечакана, калi адчыняеш дзверы цi выходзiш на лесвiчную пляцоўку: i не паспееш нават падумаць, хто гэта, як ён тут жа знiкае. Ён нiкога не крыўдзiць, i мы нават схiльныя думаць, што ён мае ласку да нас, i я прашу вас, паненка, не палохацца, калi сустрэнеце яго.

Дзяўчыне Спак iшоў у той час дваццаць другi год; была яна лёгкая i спрытная, на рэдкасць здольная ў розных хатнiх справах i работах, кемлiвая i рашучая, таму дзе б яна нi вяла гаспадарку, усё iшло ў яе як па масле. Але яна страшна баялася прывiдаў i нiколi не пагадзiлася б служыць у Хедэбю, калi б ведала, што яны там водзяцца. Аднак цяпер яна ўжо прыехала, а беднай дзяўчыне, вядома ж, асаблiва не даводзiлася выбiраць i адмаўляцца ад такога добрага месца. Таму яна зрабiла баранэсе рэверанс, падзякавала за перасцярогу i запэўнiла, што не запалохаецца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю