Текст книги "Планета малпаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Пьер Буль
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 10 страниц)
Ад усiх гэтых жахаў, якiя каменцiраваў, грымаснiчаючы, шымпанзэ, сцiскалася сэрца. Перада мною былi людзi, паралiзаваныя часткова цi цалкам, пазбаўленыя зроку. Я ўбачыў маладую жанчыну, якая мела, паводле слоў Гелiя, вельмi развiты мацярынскi iнстынкт – цяпер ён цалкам знiк, бо ёй зрабiлi аперацыю на аснове паўшар'яў. Яна груба адштурхоўвала сваё дзiця кожны раз, калi тое спрабавала падлезцi да яе. Гэта для мяне было ўжо занадта! Я падумаў пра Нову, пра тое, што i яна хутка стане мацi, i кулакi мае сцiснулiся. На шчасце, Гелiй павёў мяне ў iншую залу, i па дарозе я паспеў авалодаць сабою.
– У гэтай зале, – сказаў мне з таямнiчым выглядам шымпанзэ, – мы займаемся эксперыментамi шмат больш складанымi. Тут скальпель саступае месца танчэйшаму iнструменту. Мы раздражняем розныя ўчасткi галаўнога мозгу электрычным токам. Нам удалося дасягнуць адмысловых вынiкаў. А ў вас на Зямлi ставяць такiя вопыты?
– На малпах! – закрычаў я раз'юшана.
Шымпанзэ не пакрыўдзiўся, нават усмiхнуўся.
– Ну, вядома. Аднак я не думаю, каб вы дасягнулi такiх самых поспехаў, як i мы. Я маю на ўвазе эксперымент, якi доктар Карнэлiй хоча паказаць вам сам. А пакуль што прадоўжым знаёмства са звычайнымi вопытамi.
Ён пацягнуў мяне далей мiма клетак, у якiх аперыравалi людзей. Тут падвопытныя ляжалi на сталах. Трэпанацыя чэрапа агаляла тыя цi iншыя ўчасткi мозгу. Пакуль адна малпа сачыла за падачаю наркозу, другая прыкладвала да пульсуючага мозгу электроды.
– Бачыце, – заўважыў Гелiй, – тут мы таксама праводзiм абязбольванне. Праўда, анестэзiя даецца неглыбокая, каб не скажаць вынiкаў, але аб'ект не адчувае нiякага болю.
У залежнасцi ад таго, да якога ўчастка кары дакраналiся электроды, падвопытныя рабiлi розныя рухi, i амаль заўсёды на раздражненне рэагавала якая-небудзь адна частка цела. Першы мужчына пры кожным разрадзе электрычнага току згiнаў левую нагу i адразу ж яе разгiнаў, калi ток перапыняўся. Другi гэтаксама ж згiнаў i разгiнаў руку ў локцi. Трэцi пад уздзеяннем току круцiў усёй рукою ў плечавым суставе. Трохi далей малпы вывучалi функцыi нервовага цэнтра, якi кiруе мускуламi скiвiц. Калi ўключалi ток, падвопытны, зусiм яшчэ малады хлопец, пачынаў жаваць – няспынна, са скрыгатам на зубах, тым часам цела яго заставалася абсалютна нерухомае.
– Паназiрайце, што адбываецца, калi павялiчваць працягласць уздзеяння токам, – сказаў Гелiй. – Вось эксперымент, даведзены да лагiчнага канца.
Аб'ектам эксперыменту была прыгожая дзяўчына, якая нагадвала асобнымi рысамi Нову. Вакол яе голага цела завiхалiся некалькi малпаў, самцоў i самак, у белых халатах. Самка-шымпанзэ з задуменнай мордаю прыладзiла электрод i ўключыла ток. У дзяўчыны адразу ж заварушылiся пальцы левай рукi. Але шымпанзэ не выключыла неўзабаве ток, як у iншых эксперыментах, – вопыт працягваўся. I вось рухi пальцаў паскорылiся, сталi лiхаманкавыя, пасля ўздрыгнула i задрыжала ўся кiсць. Яшчэ праз момант рух дайшоў да пляча i пачаў разлiвацца ўверх, захоплiваючы мускулы твару, i ўнiз, па сцягне, ляжцы, галёнцы, пятцы, пальцах ног. Праз дзесяць хвiлiн увесь левы бок няшчаснай дзяўчыны калацiўся ад канвульсiўных, усё больш частых i моцных спазмаў – i як жудасна было гэта бачыць!
– Гэта эфект ланцуговай рэакцыi, – спакойна сказаў Гелiй. – Ён добра вывучаны i звычайна заканчваецца канвульсiямi, якiя бываюць пры эпiлептычных прыпадках. Але гэта дзiўная эпiлепсiя, якая захоплiвае толькi палову цела...
– Досыць! – закрычаў я раз'юшана.
Усе малпы падскочылi ад нечаканасцi i з неадабрэннем утаропiлiся на мяне. I тут увайшоў Карнэлiй.
– Разумею, – па-сяброўску паляпаў ён мяне па плячы. – За гэтымi эксперыментамi, пакуль не прывыкнеш, цяжка назiраць. Але падумайце пра тое, што менавiта дзякуючы iм наша медыцына, хiрургiя зрабiлi фенаменальны прагрэс за нейкую чвэрць стагоддзя!
Мяне гэты довад нiяк не пераканаў, як i ўспамiн пра падобныя вопыты на шымпанзэ, убачаныя мною ў адной з нашых зямных лабараторый. Карнэлiй пацiснуў плячыма i павёў мяне ў вузкi калiдор, якi злучыў залу, дзе мы цяпер знаходзiлiся, з меншым памяшканнем.
– Тут вы ўбачыце нешта дзiвоснае i зусiм новае, – сказаў ён урачыста. Сюды маюць доступ толькi тры асобы: Гелiй, якi асабiста займаецца вопытамi i ўжо дасягнуў выдатных поспехаў, я i адзiн санiтар-гарыла, выбраны намi з найвялiкшай асцярожнасцю. Ён нямы. Мне ён адданы i душою i целам, да таго ж ён яшчэ i дурань з дурняў. Так што вы разумееце, якое значэнне я надаю сакрэтнасцi гэтай працы. Але вас я з ёю пазнаёмлю, бо вы, я ўпэўнены, будзеце маўчаць. Гэта ў вашых iнтарэсах.
Раздзел VIII
Увайшоўшы ў залу, я не прыкмецiў спачатку нiчога такога, што магло б вытлумачыць дакляраваную таемнасць. Апаратура была падобная на тую, што я ўжо бачыў у папярэднiх памяшканнях: тыя ж генератары, трансфарматары, электроды. Тут былi толькi два паддоследныя: мужчына i жанчына, якiя ляжалi на двух пастаўленых паралельна канапах, прывязаныя рамянямi. Толькi мы з'явiлiся, яны адразу ж утаропiлiся пiльнымi позiркамi.
Санiтар-гарыла сустрэў нас невыразным бурчаннем. Гелiй абмяняўся з iм некалькiмi фразамi на мове глуханямых. Гэта было рэдкаснае вiдовiшча: гарыла i шымпанзэ размаўлялi мiж сабою з дапамогаю мiгаў! Не ведаю чаму, але мне гэта здалося настолькi недарэчным, што я ледзь не зарагатаў.
– Усё ў парадку, – сказаў Гелiй. – Яны спакойныя. Можна адразу пачынаць дослед.
Вы не можаце ўвесцi мяне спачатку ў курс справы? – папрасiў я ўмольна, баючыся, што ўбачу зараз новыя жудасныя эксперыменты.
– Я хацеў бы здзiвiць вас, – усмiхнуўшыся, адказаў Карнэлiй.
Санiтар увёў падвопытным наркоз i, калi яны спакойна заснулi, пачаў уключаць розную апаратуру. Гелiй наблiзiўся да мужчыны, асцярожна разматаў павязку ў яго на галаве i, выбраўшы на чэрапе патрэбную кропку, падвёў да яе электрод. Мужчына па-ранейшаму ляжаў абсалютна нерухомы. Я дапытлiва зiрнуў на Карнэлiя, i тут здарыўся цуд.
Мужчына загаварыў.
Ягоны голас прагучаў у маленькай аперацыйнай зале гэтак раптоўна, што я ажно падскочыў. Карнэлiй i Гелiй зрабiлi мне знак маўчаць i слухаць. Не, гэта не была галюцынацыя: ён гаварыў гучна, заглушаючы брунжанне генератара. I гаварыў на малпавай мове. Гаварыў зусiм паўнацэнна, як зямны чалавек або сарорская малпа.
На тварах у абодвух вучоных успыхнула радасць. Яны самазадаволена глядзелi на мяне, адчуваючы асалоду ад маёй збянтэжанасцi.
Тое, што казаў мужчына, не мела нiякага сэнсу. Напэўна, ён вельмi доўга знаходзiўся ў iнстытуце, таму што цяпер бясконца паўтараў абрыўкi фраз, якiя звычайна прамаўляюць вучоныя або санiтары. Неўзабаве Карнэлiй загадаў спынiць эксперымент.
– Ад гэтага мы нiчога больш не даможамся, – сказаў ён. – Але вы чулi галоўнае: ён гаворыць!
– Неверагодна! – прамармытаў я.
– Ну, гэта яшчэ што! – заўважыў Гелiй. – Ён гаворыць, як аўтамат цi папугай. А вось ад гэтай самкi мы дамаглiся нашмат большага.
Ён паказаў на жанчыну. Тая цiха спала.
– Большага?
– У тысячу разоў большага, – пацвердзiў Карнэлiй, такi ж усхваляваны, як i яго калега. – Слухайце мяне ўважлiва. Гэтая жанчына таксама гаворыць, i вы яе пачуеце. Але яна не паўтарае фраз, пачутых у палоне. Яе словы маюць выключнае значэнне. З дапамогаю камбiнацыi электрахiмiчных уздзеянняў на мозг гэтай падвопытнай – я не буду распiсваць вам яе, – нашаму маладому генiю ўдалося абудзiць не толькi iндывiдуальную, але i родавую памяць. У ёй пад уздзеяннем току ажываюць успамiны вельмi далёкiх продкаў, ажывае атавiстычная памяць пра падзеi тысячагадовай даўнасцi. Вы разумеце, Улiс?
Слухаючы гэтыя тлумачэннi, я думаў, што шымпанзэ з'ехаў з глузду, настолькi неверагодным здалося мне тое, што ён сказаў. Дарэчы, сярод малпаў таксама назiраюцца выпадкi вар'яцтва, асаблiва сярод iнтэлiгенцыi. Але пакуль я раздумваў, Гелiй падключыў электроды да мозгу жанчыны. Нейкi час яна, як i мужчына, ляжала, не падаючы прыкмет жыцця, потым глыбока ўздыхнула i загаварыла. Яна таксама гаварыла на малпавай мове. Але яе глухаваты голас пастаянна мяняў танальнасць, нiбыта належаў розным людзям. Кожнае яе слова ўсё роўна як выгравiравалася ў маёй памяцi.
"Малпы, зноў гэтыя малпы, – неспакойна сказала яна. – Апошнiм часам яны няспынна размнажаюцца, хаця яшчэ не так даўно здавалася, што яны звядуцца. Калi гэтак пойдзе i далей, iх стане больш за нас... Але справа не толькi ў гэтым. Яны робяцца нахабныя. Яны ўжо вытрымлiваюць наш позiрк. Мы дарэмна прыручалi iх i давалi iм волю, як слугам. Любiмцы сем'яў робяцца сама дзёрзкiя. На днях мяне штурхнуў на вулiцы разносчык-шымпанзэ. Калi я ўзняла руку, ён паглядзеў на мяне з такой пагрозаю, што я не асмелiлася ўдарыць яго".
"Ганна, тая, што працуе ў лабараторыi, сказала мне, што ў iх таксама багата чаго змянiлася. Яна ўжо не асмельваецца ўваходзiць у клеткi адна. Кажа, што ўвечары так i чуе шушуканне i нават смяшкi. Адна гарыла здзекуецца з доктара, перадражнiвае яго цiк".
Жанчына змоўкла, некалькi разоў цяжка ўздыхнула, пасля загаварыла зноў:
"Ну вось, дажылiся! Адна малпа навучылася гаварыць. Гэта праўда: я сама чытала ў "Газеце для жанчын". Там была яе фатаграфiя. Гэта малады шымпанзэ".
– Шымпанзэ! Першы! Я быў у гэтым упэўнены! – усклiкнуў Карнэлiй.
"А цяпер з'явiлiся iншыя. Газеты штодня паведамляюць пра новых малпаў, якiя навучылiся гаварыць. Некаторыя вучоныя лiчаць, што гэта вялiкае навуковае дасягненне. Няўжо яны не разумеюць, да чаго гэта можа прывесцi? Наколькi я ведаю, адзiн з гэтых гаваркiх шымпанзэ гiдка лаецца. Першае, для чаго яны скарыстоўваюць здольнасць гаварыць, гэта каб адмовiцца слухацца людзей..."
Нейкi час жанчына маўчала, потым зноў загаварыла, але на гэты раз нiзкiм мужчынскiм голасам i стомленым ментарскiм тонам:
"Тое, што з намi здарылася, можна было прадбачыць. Намi авалодала мыслiцельная лянота. Нiхто больш не чытае: нават дэтэктыўныя раманы вымагаюць задужа вялiкага разумовага напружання. Нiхто больш не гуляе нi ў якiя iнтэлектуальныя гульнi – найбольшае, на што мы тут здольныя, гэта пасьянсы. Нават ад дзiцячых фiльмаў стамляемся. А малпы тым часам думаюць, думаюць... У гэтых маўклiвых адзiнокiх разважаннях iх мозг развiваецца – i вось яны ўжо авалодалi моваю! О, вядома, з намi яны амаль не гавораць, хiба што пагардлiва агрызаюцца на тых нешматлiкiх ганарлiўцаў, якiя яшчэ асмельваюцца нешта загадваць iм. Але па начах, калi яны застаюцца адны, абменьваюцца ўражаннямi i новымi ведамi".
Настала яшчэ адна паўза, пасля якой падвопытная загаварыла трывожным жаночым голасам:
"Мне было надта страшна. Я больш не магла так жыць i саступiла месца маёй гарыле. Уцякла з уласнага дому. Ён жыў у мяне ўжо некалькi гадоў i верна служыў мне. Але пакрысе пачаў мяняцца. Пачаў хадзiць увечары на iхнiя сходкi. Навучыўся гаварыць. А потым адмовiўся ад усялякай працы. Месяц назад загадаў мне заняцца кухняю i мыць посуд. Пачаў есцi з маiх талерак, карыстацца маiмi вiдэльцамi i нажамi. А на мiнулым тыднi выгнаў мяне з майго пакоя, мне прыйшлося правесцi ноч у гасцёўнi. Я не асмельвалася больш патрабаваць чаго-небудзь ад яго i паспрабавала падлашчыцца. Але ён толькi смяяўся з мяне i, наадварот, яшчэ больш павялiчваў прэтэнзii. Я адчувала сябе зусiм няшчаснаю. I здалася. Знайшла прыстанак у стойбiшчы, дзе сабралiся жанчыны, якiя трапiлi ў такое ж становiшча, што i я. Тут ёсць i мужчыны. У многiх цяпер не хапае мужнасцi жыць па-старому. Мы ўладкавалiся за межамi горада i, можна сказаць, не жывём, а iснуем. Нам сорамна, мы амаль не размаўляем. Першыя днi я раскладвала пасьянсы. Цяпер мне i гэтым няма сiлы займацца".
Жанчына змоўкла, потым загаварыла мужчынскiм голасам:
"Мне здавалася, я знайшоў сродак супраць рака. Я хацеў выпрабаваць яго, як рабiў гэта з кожным сваiм адкрыццём. Я быў асцярожны, але ўжо не такi, як раней. Апошнiм часам мае малпы дазвалялi рабiць над сабою вопыты з вялiкаю неахвотаю. Таму, перш чым увайсцi ў клетку Жоржа, шымпанзэ, я папрасiў двух асiстэнтаў звязаць яго як след. Пасля наблiзiўся да яго, каб упырснуць яму ўзбуджальнiк рака. Я ж усё роўна вылечыў бы яго пасля! У Жоржа быў такi выгляд, быццам ён скарыўся лёсу. Ён зусiм не супрацiўляўся, але хутка я прыкмецiў, што яго хiтрыя вочкi сачылi за тым, што адбывалася ў мяне за спiнаю. Спахапiўся я надта позна. Гарылы, шэсць гарыл, якiя былi ў мяне ў запасе для вопытаў з чумою, вырвалiся на волю. Гэта была змова! Яны схапiлi нас. Жорж аддаваў загады на нашай мове. Ён дакладна капiраваў усе мае рухi. Загадаўшы гарылам прывязаць нас да аперацыйных сталоў, а яны зрабiлi гэта ўмомант, набраў у шпрыц смяротную вадкасць i ўвёў яе нам у кроў, усiм траiм. Цяпер у мяне рак. Гэта пэўна: антыракавы сродак яшчэ не правераны, а смяротная сываратка даўно ўжо даказала сваю эфектыўнасць. Упырснуўшы мне поўную дозу, Жорж па-сяброўску паляпаў мяне далонню па шчацэ, як рабiў гэта заўсёды я са сваiмi малпамi. Мы ж з iмi заўсёды добра абыходзiлiся. Я лiчыў больш эфектыўным дамагацца свайго не пагрозаю, а ласкаю. Праз некалькi дзён, седзячы ў клетцы, куды мяне замкнулi, я адчуў першыя сiмптомы хваробы. Жорж таксама распазнаў iх: я чуў, як ён казаў iншым малпам, што пачне ўжо лячыць мяне. Я ажно пахаладзеў ад жаху. Я ж усё роўна ведаю, што асуджаны на смерць, бо не веру ўжо ў вынайдзены мною сродак. А што, калi я ад яго яшчэ хутчэй памру? Не! Уначы мне ўдалося зламаць краты i ўцячы. Я знайшоў прытулак у стойбiшчы за горадам. Наперадзе ў мяне яшчэ два месяцы жыцця. Я гадаю на картах i сплю".
Зноў паўза, жаночы голас:
"Я была дрэсiроўшчыцаю. Паказвала нумар з дванаццаццю арангутанамi, сапраўды выдатнымi экземплярамi. А цяпер сама сяджу ў клетцы разам з iншымi артыстамi цырка. Але трэба быць справядлiваю. Малпы абыходзяцца з намi добра i кормяць нас, як свiнняў на ўбой. Калi салома пад намi занадта брудная, мяняюць яе. Яны не жорсткiя: караюць толькi тых, хто ўпарцiцца i не жадае рабiць трукi, якiм арангутаны хочуць нас навучыць. Я, напрыклад, стараюся выканаць усе iх загады не спрачаючыся. Поўзаю на карачках, раблю кульбiты. I яны таксама добра ставяцца да мяне. Няшчаснай я сябе не адчуваю. У мяне цяпер няма нiякага клопату, нi адказнасцi, нiшто не засмучвае. Большасць з нас хутка прызвычаiлiся да новага жыцця".
Жанчына зноў змоўкла, гэтым разам надоўга. Увесь гэты час Карнэлiй пiльна ўзiраўся мне ў самыя вочы, Я выдатна разумеў, што ён хацеў мне сказаць. Калi чалавечая раса стала нiкчэмная, калi яна так лёгка скарылася, то хiба ж не павiнна яна тады саступiць месца больш высакароднай расе? Я пачырванеў i адвёў вочы.
Жанчына зноў загаварыла, яшчэ больш роспачным голасам:
"Цяпер яны захапiлi ўвесь горад. Нас засталося ў гэтым прытулку ўсяго некалькi сотняў, i становiшча нашае – адчайнае. Гэта апошняе чалавечае паселiшча ў гарадскiм наваколлi, але малпы ўжо не хочуць, каб мы жылi на волi гэтак блiзка ад iх. З iншых стойбiшчаў многiя ўцяклi далей, у джунглi, астатнiя здалiся малпам, каб есцi ўволю. А мы засталiся ў стойбiшчы праз ляноту. Спiм – нiхто i думаць не хоча пра супрацiўленне... Гэтага я i баялася! Я чую варварскую какафонiю. Быццам нейкая пародыя на ваенны марш... О божа, уратуй! Гэта яны, малпы! Акружаюць нас з усiх бакоў. Вядуць iх на нас вялiзныя гарылы. У iх нашы трубы, барабаны, нашы мундзiры, наша зброя, вядома... Але не, зброi ў iх няма. О, якая ганьба, якое страшнае ўнiжэнне! Вось на нас насоўваецца армiя малпаў, i яны ўзброеныя толькi бiзунамi!"
Раздзел IХ
У горадзе ўсё ж пайшла пагалоска пра эксперыменты Гелiя. Магчыма, у гэтым быў вiнаваты сам шымпанзэ, якi не ўтрымаўся, каб не пахвалiцца поспехамi. Кажуць, што аднаму даследнiку ўдалося прымусiць людзей загаварыць. Мала таго, пра знаходкi ў пахаваным у пустэльнi горадзе пiсалi газеты, i, хоць большасць публiкацый дужа далёкiя ад праўды, некаторыя журналiсты падбiраюцца да iсцiны. Усё гэта спараджае ў малпах пачуццё няўпэўненасцi i трывогi, i ўлады глядзяць цяпер на мяне з асаблiвым недаверам, якi ўсё ўзрастае.
У Карнэлiя багата ворагаў, i ён не асмельваецца дакляраваць сваё адкрыццё. Дый цi хоча ён гэта рабiць, ведаючы, якая рэакцыя будзе ва ўладаў? Клан арангутанаў на чале з Заюсам iнтрыгуе супраць яго. Ужо гавораць пра змову супраць малпавай расы, i мяне больш-менш адкрыта аб'яўляюць адным з арганiзатараў гэтае змовы. Гарылы пакуль не прынялi нiякага афiцыйнага рашэння, але яны заўсёды выступаюць супраць усяго, што ўплывае на стабiльнасць грамадскага парадку.
Сённяшнi дзень я запомню на ўсё жыццё. Здарылася такая доўгачаканая падзея! Спачатку мяне перапоўнiла радасць, але потым, адумаўшыся, я скалануўся ад прадчування блiзкае небяспекi. Нова нарадзiла хлопчыка.
Цяпер у мяне дзiця, сын ад жанчыны з планеты Сарора. Я яго ўжо бачыў. Гэта было няпроста зрабiць. Iмкнучыся захаваць тайну, iнстытуцкiя ўлады акружылi Нову яшчэ больш строгiмi забаронамi, i апошнi тыдзень перад родамi мне не ўдалося наведаць яе анiводнага разу. Гэта Зiра паведамiла мне, што я стаў бацькам. Яна ўжо застанецца верным сябрам, што б нi здарылася. Я так расхваляваўся, што Зiра сама вырашыла зладзiць мне спатканне з маёй новай сям'ёю. Але зрабiць гэта ёй удалося толькi праз некалькi дзён, дый тое позна ўначы, бо ўдзень з дзiцяцi не зводзяць вачэй.
Якi цудоўны хлопчык! Ён ляжаў на саломе побач з маткаю, усё роўна як новы маленькi Хрыстос. Ссаў цыцку ў сваёй мацi. Хлопчык падобны на мяне, але адначасна ўзяў усё сама прыгожае ад Новы. Дарэчы, калi я толькi прачынiў дзверы, Нова сустрэла мяне пагрозлiвым рыкам. Яна таксама чуе небяспеку. Выставiўшы перад сабою скурчаныя пальцы, яна ўскочыла на ногi, гатовая разадраць ворага, але потым пазнала мяне i супакоiлася. Перакананы, што, стаўшы маткаю, Нова адразу ўзнялася яа некалькi прыступак эвалюцыi. Цьмяная iскрынка розуму ў яе вачах змянiлася нязгасным агнём. Я з захапленнем i пяшчотаю цалаваў свайго сына, стараючыся не думаць пра хмары, што ўжо збiралiся над нашымi галовамi.
Ён вырасце чалавекам, сапраўдным чалавекам – у гэтым я не сумняваюся. Розум свецiцца ў кожнай яго рысачцы, у кожным позiрку. Мне ўдалося зноў запалiць у чалавечым родзе гэтай планеты святое полымя думкi. Дзякуючы мне цывiлiзацыя людзей Сароры адродзiцца i зноў дасягне росквiту. Калi мой сын вырасце, ён стане заснавальнiкам цэлага роду...
Калi мой сын вырасце! Мяне пачынае калацiць пры адной толькi думцы пра тое, у якiх умовах ён цяпер знаходзiцца i якiя выпрабаваннi чакаюць яго яшчэ. Але мы ўтраiх пераможам любыя перашкоды, я ўпэўнены. Так, менавiта ўтраiх, я не памылiўся, бо Нова цяпер ужо зусiм не тая, якая была раней. Каб упэўнiцца ў гэтым, досыць паглядзець, як яна любуецца сваiм дзiцёнкам. Праўда, яна яго ўсё яшчэ вылiзвае, як усе чалавечыя маткi на Сароры, але твар у яе пры гэтым асэнсаваны.
Я паклаў дзiця на салому. Ведама, гэта сапраўдны чалавек. Праўда, ён яшчэ не гаворыць, але... пра што гэта я, яму ўсяго толькi тры днi, але ён загаворыць. Ён ужо плача цiхенька, менавiта плача, як зямное дзiця, а не скуголiць, як звераня. Нова гэта выдатна разумее i не спускае з сына захопленых вачэй.
Зiра таксама бачыць, што гэты маленькi чалавечак незвычайны. Яна наблiзiлася да нас, яе валасатыя вушы насцярожана ўзнялiся, – i моўчкi разглядвае дзiця. Выгляд у яе заклапочаны. Потым дае мне зразумець, што я мушу як мага хутчэй пайсцi адсюль. Калi б мяне заспеў тут хто iншы, гэта магло б дрэнна скончыцца для нас усiх. Зiра абяцае паклапацiцца пра майго сына, i я ведаю, што яна стрымае слова. Але я не магу не ведаць i таго, што яе самую ўжо падазраюць у хаўруснiцтве са мною, i дрыжу ад адной думкi, што яе могуць у любы момант звольнiць. Не, я не маю права прымушаць яе гэтак рызыкаваць!
Развiтаўшыся з Новаю i сынам, я iду да выхаду. Каля дзвярэй азiраюся яшчэ раз i бачу, што шымпанзэ таксама наблiзiлася да маленькага чалавечка, цiхенька дакранулася вуснамi да яго лобiка i толькi пасля гэтага зачынiла клетку. I Нова нават не пратэстуе! Яна прымае гэтую праяву пяшчоты да яе дзiцяцi як натуральную. Памятаючы, з якой нянавiсцю сустракала яна Зiру раней, я бачу ў гэтым новы цуд.
Мы выходзiм з пакоя. У мяне дрыжаць рукi i ногi, i я заўважаю, што Зiра ўсхваляваная не менш за мяне.
– Улiс! – усклiкае яна, выцiраючы слёзы. – Часам мне здаецца, што гэта i маё дзiця!
Раздзел Х
Зрэдку я лiтаральна прымушаю сябе наведваць прафесара Антэля, але з кожным разам гэтыя вiзiты робяцца ўсё больш пакутлiвыя. Прафесар па-ранейшаму ў iнстытуце, але яго прыйшлося забраць з камфартабельнага пакоя, у якiм яго размясцiлi па маёй просьбе. Там Антэль хутка марнеў, да таго ж, у яго пачалiся прыступы дзiкай лютасцi, у час якiх ён рабiўся небяспечны, кiдаўся кусаць санiтараў. Тады Карнэлiй вырашыў ужыць да яго iншы рэжым: загадаў пасялiць прафесара ў звычайнай клетцы з саламянаю падсцiлкаю i даць яму сяброўку, тую самую жанчыну, з якой прафесар спаў у заалагiчным садзе. Антэль сустрэў старую знаёмую з шумнай радасцю шчаслiвага звера i адразу ж рэзка змянiў паводзiны зноў адчуў смак жыцця.
У такой вось кампанii сустракаюся я з iм цяпер. Выгляд у яго шчаслiвы. Ён папаўнеў i памаладзеў. Я з сiл выбiваюся, каб наладзiць з iм кантакт, але марна. Вось i сёння спрабую зноў. Але прафесара цiкавяць толькi пiражкi, якiя я яму прыношу. Спустошыўшы пакет, ён адварочваецца ад мяне, выпростваецца побач са сваёй сяброўкаю, i тая пачынае аблiзваць яму твар.
– Вось бачыце, розум можа не толькi развiцца, але i згаснуць, – шэпча нехта за маёй спiнаю.
Гэта Карнэлiй. Выяўляецца, ён мяне шукаў, але зусiм не дзеля таго, каб пагаманiць пра прафесара. У яго да мяне вельмi сур'ёзная справа. Я iду за iм у яго кабiнет, дзе нас чакае Зiра. У яе чырвоныя вочы, усё роўна як яна доўга плакала. Мабыць, Карнэлiй i Зiра ведаюць важную для мяне навiну, але нi ён, нi яна не рашаюцца паведамiць яе мне.
– Што-небудзь з сынам? – не вытрымлiваю я.
– Ён добра сябе адчувае, – таропка адказвае Зiра.
– Вельмi добра, – дадае бурклiва Карнэлiй.
Я i сам ведаю, што сын у мяне цудоўны, але вось ужо месяц, як я яго не бачыў. Догляд за iм стаў яшчэ стражэйшы. Зiра апынулася пад падазрэннем iнстытуцкага кiраўнiцтва, i цяпер сочаць за кожным яе крокам.
– Вельмi-вельмi добра! – паўтарае Карнэлiй. – Ён усмiхаецца. Плача, як дзiцёнак малпы... I пачынае гаварыць.
– У тры месяцы?!
– О, гэта ўсяго толькi дзiцячы лепет, але ўсё выдае на тое, што хлопчык будзе гаварыць. Да таго ж ён увогуле развiваецца надзвычай хутка.
Я надзiмаюся ад гонару. Але Зiру абурае мой шчаслiвы выгляд бацькi такога выдатнага дзiцяцi.
– Няўжо ты не разумееш, што гэта катастрофа?! Цяпер яго нiзашто не выпусцяць на волю!
– Мне стала вядома ад надзейнага чалавека, – кажа Карнэлiй, – што праз два тыднi адбудзецца пасяджэнне Вялiкага Савета, прысвечанае вашаму дзiцяцi, i будзе прынята важнае рашэнне.
– Важнае рашэнне?
– Вельмi важнае. Пра тое, каб знiшчыць яго, гаворка не iдзе. Ва ўсякiм разе, пакуль што. Але яго адымуць ад мацi.
– А я, я змагу яго бачыць?
– А гэта ўжо абсалютна немагчыма!.. Але дазвольце мне дагаварыць, няўмольна адчаканьвае шымпанзэ. – Мы сабралiся тут не дзеля таго, каб плакаць, а каб дзейнiчаць. Дык вось. Першае, што мы ўжо дакладна ведаем, гэта тое, што вашага сына iзалююць i будуць строга захоўваць. Арангутаны. Так, Заюс доўно iнтрыгуе i цяпер дасягне сваёй мэты. – Тут Карнэлiй гнеўна сцiснуў кулакi i прамармытаў скрозь зубы некалькi слоў, прывесцi якiя тут немагчыма. Заўважце, Вялiкi Савет выдатна разумее, чаго варты гэты крэтын як вучоны, але ўсе робяць выгляд, нiбыта вераць, што ён i праўда зможа даследаваць такi ўнiкальны выпадак лепш за мяне. Робяць выгляд, бо гэты выпадак расцэньваецца як пагроза ўсёй нашай расе. Яны разлiчваюць, што Заюс здолее лiквiдаваць гэтую небяспеку.
Я здранцвеў. Не дай бог, каб мой сын трапiў у лапы да гэтага небяспечнага iдыёта! Але Карнэлiй яшчэ не скончыў:
– Сама страшнае, што пагроза навiсла не толькi над вашым сынам.
Не могучы вымавiць нi слова, я паглядзеў на Зiру, але тая адно кiвае.
– Арангутаны вас ненавiдзяць, таму што вы з'яўляецеся жывым доказам памылковасцi ўсiх iх тэорый, а гарылы лiчаць вас занадта небяспечным, каб пакiдаць на волi. Яны баяцца, каб вы не сталi пачынальнiкам новай чалавечай расы на нашай планеце. Але нават калi адкiнуць такую магчымасць, яны ўсё роўна баяцца, што адна ваша прысутнасць на Сароры ўзбаламуцiць нашых людзей. Шэраг назiранняў адзначае незвычайнае ўзбуджэнне сярод падвопытных, з якiмi вы кантактуеце.
Але, гэта праўда. У час майго апошняга наведвання залы з клеткамi я сам заўважыў, што паводзiны палонных прыкметна змянiлiся. Выдае на тое, што нейкi таямнiчы iнстынкт папярэдзiў iх пра дзiвоснае нараджэнне майго сына. Яны вiталi мяне доўгiм улюлюканнем.
– Карацей кажучы, – падводзiць рысу Карнэлiй, – я вельмi баюся, што праз два тыднi Вялiкi Савет прыме рашэнне знiшчыць вас... або прынамсi выдалiць частку мозгу пад выглядам навуковага эксперыменту. Што ж датычыць Новы, то думаю, што i яе пастараюцца абясшкодзiць, бо яна надта доўга была побач з вамi.
Не, гэта немагчыма! Я ж ужо паверыў у сваю ледзь не боскую мiсiю – i раптам такое... Умомант я быў скiнуты з нябёсаў на зямлю. Мяне агарнуў жудасны адчай.
– Карнэлiй правiльна зрабiў, што нiчога ад цябе не ўтоiў, – сказала Зiра, кладучы мне на плячо руку. – Але ён не сказаў яшчэ, што мы не пакiнем цябе. Мы вырашылi ўратаваць вас усiх траiх, i ў гэтым нам дапамогуць некалькi нашых сяброў, мужныя шымпанзэ.
– Але што я магу зрабiць? Я, чалавек сярод малпаў!
– Трэба ўцякаць. Трэба пакiнуць Сарору, куды б табе лепей было i зусiм не прылятаць. Вяртайся да сябе на Зямлю. Толькi так можна ўратаваць цябе i твайго сына.
Голас у Зiры задрыжаў, здавалася, яна зараз заплача. Усё ж такi яна ставiлася да мяне яшчэ лепш, чым я мог падумаць. Смутак яе бы працяў мяне. Невыносна балюча думаць, што, пакiнуўшы Сарору, нiколi больш не спаткаюся з Зiраю.
– Але як мне ўцячы з Сароры?
– Зiра мае рацыю, – пачаў адказваць Карнэлiй. – Выйсце ў вас адзiнае уцячы з нашай планеты. Я абяцаў дапамагчы вам i стрымаю слова, нават калi гэта загубiць маю кар'еру. Да таго ж, дапамагаючы вам, я выконваю свой абавязак малпы. Калi нам пагражае небяспека, то яе ўжо не стане, як толькi вы пакiнеце Сарору... Вы неяк казалi мне, што ваш касмiчны карабель не пашкоджаны i што вы змаглi б вярнуцца на iм назад на Зямлю?
– Але, – адказаў я. – У зоркалёце дастаткова палiва, кiслароду i запасаў ежы i пiтва, каб дабрацца на iм да любой планеты Галактыкi. Але як дабрацца да яго?
– Ён па-ранейшаму круцiцца вакол Сароры. Адзiн з маiх сяброў-астраномаў выявiў яго i вылiчыў яго арбiту. А як да яго дабрацца... Слухайце! Роўна праз дзесяць дзён мы збiраемся запусцiць штучны спадарожнiк з жывымi iстотамi, натуральна, з людзьмi, на якiх мы хочам вывучыць уплыў некаторых вiдаў выпраменьванняў... Не перапыняйце мяне! Згодна з праграмаю павiнна быць трое падвопытных: мужчына, жанчына i дзiця.
Я адразу ж зразумеў план Карнэлiя i ацанiў яго вынаходлiвасць. Але колькi перашкод было яшчэ на нашым шляху!
– Некаторыя вучоныя, адказныя за выпуск спадарожнiка, – працягваў Карнэлiй, – мае блiзкiя сябры, i я здолеў пераканаць iх дапамагчы вам. Спадарожнiк будзе запушчаны на арбiту вашага карабля, акрамя таго, iм можна ў пэўнай ступенi кiраваць. Дарослых падвопытных навучылi выконваць прасцейшыя манеўры: у iх выпрацаваны ўмоўныя рэфлексы. Думаю, што вы будзеце нашмат больш вынаходлiвыя за iх... Наш план такi: вы ўтраiх заменiце трох падвопытных. Тут асаблiвых цяжкасцей не будзе. Як я ўжо сказаў, у нас верныя саюзнiкi, бо забойства агiднае нам, шымпанзэ. А тыя, хто не ў курсе справы, нават не заўважаць падмены.
I праўда, гэта было верагодна. Для большасцi малпаў чалавек – проста чалавек, i нiчога больш. Яны нават не заўважаюць рознiцы памiж асобнымi iндывiдуумамi.
– Вам прыйдзецца iнтэнсiўна трэнiравацца ўсе гэтыя дзесяць дзён. Вы ўпэўнены, што здолееце дасягнуць карабля?
Гэта таксама было магчыма. Але ў той момант я не думаў пра цяжкасцi i небяспекi, якiя чакалi нас наперадзе. Мiжволi маёй душою авалодаў глыбокi смутак: мне ж прыйдзецца назаўсёды пакiнуць Сарору, развiтацца з Зiраю i маiмi братамi на гэтай планеце, так, маiмi чалавечымi братамi! У дачыненнi да сарорскiх людзей я адчуваў сябе дэзерцiрам. Аднак спачатку я павiнен быў уратаваць майго сына i Нову. Але я яшчэ вярнуся! Так, я вярнуся, пакляўся я перад сабою, згадаўшы палонных людзей у клетках, вярнуся, калi на руках у мяне будуць iншыя козыры!
Я так расхваляваўся, што прамовiў апошнiя словы ўголас.
– Праз чатыры-пяць гадоў вашага асабiстага часу, смелы касманаўт, усмiхнуўся Карнэлiй, – але толькi праз тысячу з лiшкам гадоў для нас, дамаседаў. Не забывайце, мы ж таксама распрацавалi тэорыю адноснасцi. Карацей... я абмяркоўваў гэтае пытанне з маiмi сябрамi-шымпанзэ, i мы вырашылi рызыкнуць.
Неўзабаве мы развiталiся, дамовiўшыся сустрэцца заўтра. Зiра выйшла першая. Затрымаўшыся на хвiлiну, я скарыстаўся гэтым, каб горача падзякаваць Карнэлiю. Сам сабе я думаў: чаму ён робiць усё гэта? Нiбыта прачытаўшы мае думкi, Карнэлiй адказаў:
– Дзякуйце Зiры. Гэта ёй вы абавязаны жыццём. Калi б не яна, не ведаю, цi стаў бы я так шчыраваць i рызыкаваць. Але паспрабуй я стаць саўдзельнiкам забойства, Зiра не даравала б мне гэтага нiколi... Апроч таго...
Карнэлiй замяўся. Пераканаўшыся, што Зiра чакае ў калiдоры, адкуль ёй нiчога не было чуваць, ён нахiлiўся да мяне i хутка i цiха сказаў:
– Апроч таго, i мне i ёй будзе лепш калi вы знiкнiце з нашай планеты.
Карнэлiй прычынiў за мною дзверы. Мы засталiся з Зiраю адны. Ступiўшы побач з ёю некалькi крокаў па калiдоры, я прашаптаў:
– Зiра!
Спынiўшыся, я прытулiў яе да сябе. Яна была ўсхваляваная не менш за мяне. Слёзы кацiлiся ў яе па пысачцы, пакуль мы стаялi, цесна абняўшыся. О божа, якая мне была справа да гэтай жудаснай цялеснай абалонкi! Душа мая злiвалася з яе душою! Я заплюшчыў вочы, каб не бачыць яе жудаснага твару, якi ад хвалявання стаў яшчэ больш гiдкi. Я адчуваў, як яе цела дрыготка прыцiснулася да майго. Прымусiўшы сябе, я прыцiснуўся шчакою да яе шчакi. Але ў той самы момант, калi мы ўжо былi гатовыя пацалавацца, як двое закаханых, Зiра раптам iнстынктыўна адхiнулася i з сiлаю адштурхнула мяне.
Ашаломлены, я стаяў, не ведаючы, што i рабiць, а яна, гэтая брыдкая шымпанзэ, схавала сваю пысу ў доўгiя валасатыя лапы i з адчаем, рыдаючы, аб'явiла:
– Дарагi мой, гэта немагчыма! Даруй мне, я не магу, не магу! Дальбог, ты занадта брыдкi!
Раздзел ХI
Усё скончана! Я зноў у космасе, на борце нашага зоркалёта, якi, быццам камета, iмчыцца да Сонечнай сiстэмы з хуткасцю, што ўзрастае з кожнай секундаю.
Я не адзiн. Са мною Нова i Сiрыус, дзiця нашага мiжзорнага кахання. Ён умее ўжо гаварыць "тата", "мама" i багата iншых слоў. Апроч таго, у нас на караблi пара курэй, пара трусоў i зерне сама рознай збажыны – усё, што вучоныя Сароры памясцiлi ў спадарожнiк, каб вывучыць уплыў касмiчных прамянёў на розныя арганiзмы i раслiны. Усё гэта нам спатрэбiцца.