Текст книги "Планета малпаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Пьер Буль
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 10 страниц)
Але гэта не ўсё. Знойдзеная лялька мае яшчэ адну вельмi дзiўную асаблiвасць, якая развесялiла рабочых-гарыл i нават прымусiла ўсмiхнуцца фанабэрыстага арангутана, галоўнага кiраўнiка раскопак. Лялька гаворыць. Яна гаворыць як зямны чалавек. Апускаючы яе на пясок, Карнэлiй выпадкова нацiснуў на кнопку ацалелага механiзма, i лялька загаварыла. Вядома, сказала яна няшмат. Усяго толькi адно слова з двух аднолькавых складоў: "Та-та"!
"Та-та", – зноў лапоча фарфоравая дзяўчынка, калi Карнэлiй падымае яе i разглядвае з усiх бакоў, абмацваючы чуллiвымi пальцамi. Гэтае слова гучыць амаль аднолькава па-французску, на мове сарорскiх малпаў, дый, напэўна, на iншых мовах усiх таямнiчых сусветаў i паўсюды мае адно значэнне.
"Та-та", – паўтарае лялька – маленькi чалавечак, i, вiдаць, таму морду майго вучонага сябра залiвае румянец, менавiта гэта пераварочвае мне ўсю душу, i я з вялiкай цяжкасцю стрымлiваюся, каб не закрычаць, пакуль Карнэлiй адводзiць мяне ўбок, несучы з сабою каштоўную знаходку.
– Ёлупень! – мармыча ён праз нейкi час.
Я ведаю, каго ён мае на ўвазе, i разумею яго абурэнне. Стары арангутан убачыў у гэтай ляльцы звычайную цацку дзiцёнка-малпы, якую дзiвак-майстар з далёкай мiнуўшчыны надзялiў здольнасцю прамаўляць гэтае слова. Няма нiякага сэнсу тлумачыць яму што-небудзь. Карнэлiй i не спрабуе гэтага рабiць. Адзiнае лагiчнае тлумачэнне, якое прыходзiць у галаву, здаецца яму самому настолькi экстраардынарным, што ён выбiрае маўчанне. Нават мне Карнэлiй не кажа нi слова. Але ён ведае, што я ўсё зразумеў.
Да канца дня Карнэлiй будзе хадзiць задуменны i не загаворыць нi з кiм. Мне здаецца, яму страшна працягваць гэтыя даследаваннi i ён шкадуе, што, як нi мала, але ўсё ж такi адкрыўся мне. Узбуджэнне ў яго прайшло, i цяпер яму цяжка бачыць мяне сведкам такой знаходкi.
На другi ж дзень мае падазрэннi пацвярджаюцца: Карнэлiй шкадуе, што прывёз мяне сюды. Усю ноч ён думаў, а ўранку, пазбягаючы майго позiрку, заявiў, што вырашыў адправiць мяне назад у iнстытут, дзе мяне чакае больш важная праца. Месца на самалёт мне ўжо заказана. Я вылятаю праз дваццаць чатыры гадзiны.
Раздзел IV
Дапусцiм, разважаў я, што некалi людзi былi паўнаўладныя гаспадары гэтай планеты. Уявiм, што больш за дзесяць тысяч гадоў назад на Сароры квiтнела чалавечая цывiлiзацыя, падобная да нашай...
Але цяпер гэта ўжо не проста неабгрунтаваная гiпотэза, у яе прыхiльнiкаў ёсць доказы. Ледзь сфармуляваўшы сваю думку, я адразу ж адчуў тое асаблiвае ўзбуджэнне, якое ахапляе цябе, калi ты знаходзiш у лабiрынце заблытаных сцежак адзiную правiльную. Упэўнены, менавiта гэты шлях i прывядзе да раскрыцця тайны малпавай эвалюцыi. Недарма ж я заўсёды шукаў падсвядома адказ прыкладна ў гэтым напрамку.
Я вяртаюся самалётам у сталiцу разам з сакратаром Карнэлiя, маўклiвым шымпанзэ. Але мне i не хочацца гаварыць з iм. У самалёце заўсёды добра падумаць. Дый наўрад цi мне яшчэ выпадзе лепшая магчымасць разабрацца ў сваiх думках.
...Значыцца, дапусцiм, што ў векапомныя часы на Сароры iснавала цывiлiзацыя, падобная да нашай. Цi можа так стацца, каб iстоты, пазбаўленыя розуму, прадоўжылi яе шляхам пераймання? Уявiць сабе гэта нялёгка, але чым больш я разважаю, тым больш знаходжу аргументаў, якiя робяць дадзеную гiпотэзу не такой ужо i фантастычнай. Думка пра тое, што нас калi-небудзь заступяць удасканаленыя робаты, была на Зямлi, наколькi я памятаю, досыць шырока распаўсюджаная. З ёю згаджалiся не толькi паэты i раманiсты, але i прадстаўнiкi ўсiх слаёў грамадства. I, можа, менавiта таму, што гэтая iдэя так пашырылася ў масах, яна раздражняла iнтэлектуальную элiту. А можа, i таму, што ў ёй была доля горкае праўды. Толькi доля, бо машына заўсёды застанецца машынаю, а сама ўдасканалены робат – робатам. Але што сказаць пра iстот, надзеленых, як малпы, хаця б зачаткамi розуму? Iстот, што валодаюць, як малпы, высокаразвiтым пераймальным iнстынктам?..
Я заплюшчваю вочы. Гул матораў закалыхвае мяне. Але мне трэба прааналiзаваць усё гэта, каб вызначыць сваю пазiцыю.
Што з'яўляецца распазнавальнай прыкметаю цывiлiзацыi? Нейкi асабiсты дух? Наўрад цi. Хутчэй за ўсё – будзённае жыццё... Ну, добра, прызнаем неабходнасць духоўнасцi. Напэўна, яна выявiцца ў мастацтве, у першую чаргу ў лiтаратуры. Цi ж сапраўды апошняя з'яўляецца сфераю, недаступнаю нашым буйным чалавекападобным малпам, калi, вядома, дапусцiць, што яны навучылiся складваць словы? А з чаго складаецца наша лiтаратура? 3 шэдэўраў? Каб жа толькi з iх! Калi за адно-два стагоддзi i з'яўляецца арыгiнальная кнiга, астатнiя пiсьменнiкi так цi iнакш яе пераймаюць, iнакш кажучы, перапiсваюць, i такiм чынам у свет выходзяць сотнi тысяч новых кнiг, з больш-менш рознымi назвамi, але аднаго зместу, данесенага з дапамогаю адносна змененых камбiнацый фраз. Вiдаць, малпы, пераймальнiкi па сваёй прыродзе, маглi б ствараць такую лiтаратуру пры той, вядома, умове, што навучылiся б гаварыць.
Значыцца, адзiным сур'ёзным контраргументам гэтай гiпотэзе з'яўляецца мова. Але будзем асцярожныя! Малпам няма нiякай патрэбы разумець, што менавiта яны перапiсваюць, каб скласцi на аснове адной кнiгi сто тысяч новых тамоў. Гэта iм трэба не больш, чым нам. Як i нам, iм хопiць тут простага паўтору раней пачутых фраз. Увесь астатнi лiтаратурны працэс чыста механiчны. I тут думка асобных фiзiёлагаў набывае велiзарнае значэнне: яны сцвярджаюць, што нiякiя анатамiчныя асаблiвасцi не перашкаджаюць малпам загаварыць – было б жаданне! I можна ўявiць, што аднойчы такое жаданне ў iх узнiкла, хаця б у вынiку раптоўнай мутацыi.
Значыцца, удзел малпаў, здольных гаварыць, у прадаўжэннi лiтаратуры, падобнай на нашую, справа зусiм мажлiвая. Уявiм сабе, што праз нейкi час некалькi малпаў-лiтаратараў iстотна паразумнелi. Як кажа мой вучоны сябра Карнэлiй, думка ўвасабляецца ў дзеяннi, – у дадзеным выпадку ў механiзме мовы, – i такiм чынам, у новым, малпавым свеце маглi з'явiцца арыгiнальныя iдэi, хаця б па адной у стагоддзе, як у нас на Зямлi.
Дзёрзка развiваючы гэтую гiпотэзу, я хутка прыйшоў да пераканання, што добра выдрэсiраваныя жывёлiны маглi б падобным чынам стварыць карцiны i скульптуры, якiмi я любаваўся ў музеях Сароры, дый увогуле зрабiцца спецыялiстамi ў любой сферы чалавечага мастацтва, у тым лiку i ў нашым кiно.
Разгледзеўшы спачатку вышэйшыя формы дзейнасцi розуму, я без цяжкасцi праверыў слушнасць сваёй тэорыi ў дачыненнi да iншых сфер.
Нашая прамысловасць нядоўга супрацiўлялася майму аналiзу. Мне было абсалютна ясна, што, каб падтрымлiваць яе жыццё на адным i тым самым дасягнутым узроўнi, зусiм неабавязкова выяўляць асабiстую iнiцыятыву. У яе аснове ляжыць праца рабочых, якiя паўтараюць адны i тыя ж рухi, кiраўнiкi ж складаюць адны i тыя ж справаздачы i прамаўляюць у аднолькавых абставiнах аднолькавыя словы. I тых, i другiх малпы маглi б замянiць, не пашкодзiўшы справе – дастаткова выпрацаваць патрэбныя ўмоўныя рэфлексы.
Што ж да вышэйшых сфер адмiнiстрацыi, дык там перайманне, як мне здаецца, займае яшчэ большае месца. Каб кiраваць нашай сiстэмаю, гарылам трэба было хiба што засвоiць некалькi поз i прамоў, скапiраваўшы iх з аднаго ўзору.
Так я пачаў глядзець новымi вачыма на сама разнастайныя сферы чалавечай дзейнасцi, уяўляючы ў iх замест людзей малпаў. Я з пэўным задавальненнем аддаваўся гульнi фантазii. Уявiў сабе ўсе шматлiкiя палiтычныя сходкi, на якiх прысутнiчаў як журналiст. Згадаў штампаваныя адказы тых, у каго давялося браць iнтэрв'ю. Асаблiва ярка запомнiўся славуты ў свой час судовы працэс, апiсаны мною за некалькi гадоў да адлёту.
Адвакат быў адзiн з прызнаных зуброў юрыспрудэнцыi. Але чаму ж ён бачыўся мне цяпер ганарлiвай гарылаю, зрэшты, як i не менш знакамiты пракурор? Чаму паслядоўнасць iх прамоў i жэстаў асацыiравалася ў мяне з умоўнымi рэфлексамi, якiя выпрацавалiся ў вынiку добрай дрэсiроўкi? Чаму старшыня суда злiваўся ў маiм усведамленнi з важным арангутанам, якi механiчна прамаўляў завучаныя на памяць фразы, рэфлекторна рэагуючы на тыя цi iншыя словы сведкаў або гоман публiкi?..
Да самага канца нашага падарожжа я не мог пазбавiцца ад такiх супастаўленняў. Калi я падумаў пра нашую фiнансавую i дзелавую алiгархiю, у памяцi паўстала суцэльна малпавае вiдовiшча, убачанае нядаўна на Сароры: бiржа, куды зацягнуў мяне адзiн сябар Карнэлiя, – яна лiчылася знакамiтай выдатнасцю сталiцы...
Бiржа размяшчалася ў велiзарным будынку. Далёка ад яго чуўся густы i няясны гул, якi, пакуль мы наблiжалiся, ператвараўся спакваля ў аглушальную какафонiю. Мы ўвайшлi i адразу ж апынулiся ў цэнтры нейкай неверагоднай калатнечы. Я схаваўся за калону. Я ўжо даўно прывык да асобных малпаў, але ў iх натоўпах усё яшчэ бянтэжыўся. А тут быў такi натоўп, што ў параўнаннi з iм нават кангрэс малпаў-фiзiёлагаў здаўся мне маленькай сходкаю.
Уявiце сабе каласальных памераў залу, бiтком набiтую малпамi, якiя гарлапанiлi, жэстыкулявалi, мiтусiлiся, кiдалiся ў нейкай iстэрыi ў розныя бакi, сутыкалiся i разбягалiся не толькi на падлозе, але i на самай столi, на такой вышынi, што ў мяне ажно кружылася галава. Бо паўсюды тут былi зладжаны лесвiцы, трапецыi, канаты, каб малпы маглi перамяшчацца, калi хацелi, у любым кiрунку. Такiм чынам малпы запаўнялi ўвесь аб'ём залы, якая была падобная на гiганцкую клетку для паказу чацверарукiх у нейкiм фантасмагарычным цырку.
Малпы лiтаральна лёталi, заўсёды паспяваючы за што-небудзь зачапiцца ў той самы момант, калi падзенне здавалася непазбежным – i ўсё гэта пасярод пякельнага гвалту воклiчаў, пытанняў, адказаў, крыкаў i, нарэшце, проста дзiкiх енкаў i стогнаў, якiя не мелi нiчога агульнага з цывiлiзаванай моваю. Там былi, напрыклад, малпы, якiя брахалi, так, брахалi без усялякай на тое прычыны, пералётваючы на канцы каната з аднаго кута залы ў другi.
– Вы калi-небудзь бачылi штосьцi падобнае? – з гонарам спытаўся ў мяне сябар Карнэлiя.
Я ахвотна прызнаўся, што не. Але мне прыйшлося доўга ўспамiнаць усё добрае, што я дагэтуль зведаў пра малпаў, каб па-ранейшаму ставiцца да iх, як да разумных iстот. Любое стварэнне, здольнае мыслiць, трапiўшы ў гэты цырк, непазбежна прыйшло б да высновы, што прысутнiчае на шабашы вар'ятаў або шалёных звяроў. У гэтым роi нельга было вылучыць хоць адну непадобную на астатнiх малпу, нi ў кiм не было i найменшай iскрынкi думкi. Усе былi аднолькава адзетыя, i на ўсiх мордах застыла адна i тая ж вар'яцкая маска.
Згадваючы гэта, я з горыччу адчуваў, як па ўжо выпрацаванай адваротнай сувязi, дзякуючы якой удзельнiкi зямных падзей набывалi ў маiм усведамленнi знешнасць гарыл цi арангутанаў, цяпер гэты звар'яцелы натоўп малпаў паўставаў перада мною ў чалавечым аблiччы. Гэта людзi рыкалi, гаўкалi i хапалiся за канцы вяровак, каб, разгойдаўшыся, найхутчэй дасягнуць другога канца залы. Усё новыя i новыя падрабязнасцi гэтае сцэны мiльгацелi ў маёй разгарачанай памяцi. Згадваю, як пасля доўгiх назiранняў мне ўдалося выявiць некаторыя дэталi, якiя падказвалi, што ўся гэтая дзiкая мiтусня мае ўсё ж дачыненне да разумнай дзейнасцi. Сярод звярынага рыку праслiзгвала iншы раз зразумелае слова. Самец-гарыла на высачэзным памосце раз-пораз, не перапыняючы iстэрычнай жэстыкуляцыi, хапаў нагою кавалак крэйды i пiсаў на дошцы лiчбу, якая мела, напэўна, нейкае значэнне. Ён таксама згадваўся мне цяпер у чалавечым аблiччы.
Мне ўдалося пазбавiцца ад гэтага навязлiвага ўспамiну, адно вярнуўшыся да сваёй тэорыi паходжання малпавай цывiлiзацыi. Вiдавочнае падабенства фiнансiстаў Зямлi i Сароры толькi пацвярджала мае меркаваннi.
Самалёт пайшоў на пасадку. Я зноў быў у сталiцы. Зiра прыйшла ў аэрапорт сустрэць мяне. Яшчэ здалёк я заўважыў яе студэнцкi, ссунуты на вуха каўпачок i шчыра ўзрадаваўся. I калi пасля ўсякiх таможных фармальнасцей яна апынулася перада мною, я ледзьве стрымаўся, каб не абняць яе.
Раздзел V
Амаль цэлы месяц пасля вяртання я праваляўся ў ложку, заразiўшыся, напэўна, нечым на раскопках. Хвароба мая выяўлялася ў раптоўных скачках тэмпературы i была падобная на малярыю. Я не адчуваў фiзiчнага болю, але розум мой быў нiбыта ў агнi: я бясконца перабiраў у памяцi ўсе факты, якiя прывялi мяне да разгадкi страшнае тайны. Не заставалася нiякiх сумненняў, што задоўга да малпiнай эры на Сароры iснавала чалавечая цывiлiзацыя, i гэтая думка ап'яняла мяне i палохала.
Аднак, колькi я нi разважаў, так i не паставiўся адназначна да гэтага адкрыцця, адчуваючы i гонар, i найглыбейшае прынiжэнне. Гонар – бо малпы ўсё-такi нiчога не вынайшлi i апынулiся ўрэшце звычайнымi iмiтатарамi. Прынiжэнне – бо яны здолелi гэтак лёгка засвоiць чалавечую культуру.
Як жа гэта магло здарыцца? У трызненнi я няспынна задаваў сабе гэтае пытанне. Натуральна, усе цывiлiзацыi, i нашая таксама, ведаем мы даўно, рана цi позна адмiраюць, i ўсё ж такое бясследнае знiкненне чалавечай цывiлiзацыi на Сароры прыгнятае розум. Што было прычынаю гэтага знiкнення? Раптоўная гiбель? Катаклiзм? Або павольная дэградацыя людзей i паступовае развiццё малпаў? Я схiляюся да апошняй гiпотэзы i знаходжу надзвычай характэрныя прыкметы такой эвалюцыi ў сучасным жыццi i занятках малпаў.
Узяць хоць бы тое велiзарнае значэнне, якое яны надаюць фiзiялагiчным даследаванням. Дык вось, цяпер я пачынаю разумець, чаму яны гэта робяць! У глыбокай старажытнасцi многiя малпы служылi чалавеку аб'ектамi доследаў у розных лабараторыях, як i ў нас. I менавiта гэтыя малпы ўзялi ў свае рукi паходню i павялi наперад астатнiх, менавiта яны сталi застрэльшчыкамi рэвалюцыi. I яны, натуральна, пачалi з пераймання сваiх гаспадароў, iх жэстаў i ўчынкаў. А былi iхнiмi гаспадарамi бiёлагi, фiзiёлагi, медыкi, санiтары, вартаўнiкi. Адсюль i такая незвычайная схiльнасць да фiзiялагiчных даследаванняў, якая захавалася да сённяшнiх дзён.
А якi ж тады быў лёс у людзей?
Хопiць думаць пра малпаў! Вось ужо два месяцы, як я не бачыў маiх былых таварышаў па зняволеннi, маiх чалавечых братоў. Сёння я адчуваю сябе лепш. Мяне больш не калоцiць ад лiхаманкi. Учора я ўжо сказаў Зiры – яна даглядала мяне ў час хваробы, як родная сястра, – сказаў ёй, што хацеў бы распачаць сваю працу ў аддзяленнi. Мне здалося, гэта не надта яе ўзрадавала, але пярэчыць яна не стала.
Час наведаць маiх падапечных.
I вось я зноў у зале з клеткамi. Дзiўнае хваляванне агортвае мяне яшчэ ля дзвярэй. Я бачу цяпер гэтых людзей зусiм iншымi вачыма. Перш чым увайсцi да iх, я з тугою пытаюся ў сябе: а цi ж пазнаюць яны мяне праз два месяцы? I яны пазналi! Усе позiркi звярнулiся да мяне, як i раней i нават... з нейкай пачцiвасцю, цi што? Мне здаецца, яны глядзяць на мяне па-новаму, зусiм не так, як на сваiх вартаўнiкоў. Не, напэўна, гэта мне хочацца, каб яны глядзелi так на мяне. I ўсё ж такi я ўжо бачу ў iх вачах iскрынкi цiкаўнасцi, незвычайнае хваляванне, ценi старажытных успамiнаў, якiя iмкнуцца пераадолець жывёльную тупасць, бачу, можа, нават... цьмяны бляск надзеi.
Думаю, апошнiм часам я сам абуджаю ў iх мiжволi надзею. Гэта прыводзiць мяне ў стан усхваляванай захопленасцi. Няўжо мне, менавiта мне, Улiсу Меру, закiнутаму лёсам на гэтую планету, наканавана стаць тут пачынальнiкам адраджэння чалавечага роду?
Вось нарэшце я i зразумеў, што за цьмяная думка мучыла мяне апошнi месяц. Пан бог не гуляе ў косцi, як казаў колiсь адзiн фiзiк. У жыццi не бывае нiчога выпадковага. Маё падарожжа на Бетэльгейзе было наканавана мне вышэйшым розумам. I цяпер я павiнен спраўдзiць аказаны мне давер i стаць новым Збавiцелем гэтага заняпалага чалавецтва.
Як i раней, я павольна абыходжу ўсю залу. Утрымлiваюся, каб не кiнуцца бегчы да клеткi, дзе сядзiць Нова. Хiба ж мае права пасланнiк лёсу вызначаць абраннiкаў? Я звяртаюся да кожнага падапечнага... Няхай не сёння, але яны загавораць, гэтая вера суцяшае мяне. Усё жыццё я аддам гэтай вялiкай мiсii.
З наўмыснай абыякавасцю крок за крокам наблiжаюся да маёй былой клеткi, скоса пазiраючы на яе. Але я не бачу працягнутых мне з-за кратаў рук Новы, не чую яе радасных крыкаў, якiмi яна пачала вiтаць мяне апошнiм часам. Мною авалодвае цяжкае прадчуванне. Я больш ужо не магу стрымлiваць сябе, кiдаюся наперад...
Клетка пустая...
Уладным тонам, ад якога ўздрыгваюць усе палонныя, я клiчу вартаўнiкоў. Прыбягае Занам. Яму не надта даспадобы быць маiм падначаленым, але Зiра строга загадала выконваць усе мае ўказаннi.
– Дзе Нова? – пытаюся я.
Ён змрочна адказвае, што не ведае. Аднойчы яе павялi адсюль, нiчога яму не растлумачыўшы. Я настойваю – марна. На шчасце, нарэшце ўваходзiць Зiра. Яна робiць чарговы абход. Заўважыўшы мяне перад пустой клеткаю, яна адразу ж здагадваецца, што так расхвалявала мяне. Але нешта замiнае ёй пачаць гаворку з Новы, i яна паведамляе мне:
– Толькi што вярнуўся Карнэлiй. Ён хацеў бы бачыць цябе.
У гэты момант мне напляваць на Карнэлiя, на ўсiх шымпанзэ, гарыл i iншых пачвар, якiя толькi могуць быць на зямлi i ў небе. Я паказваю пальцам на клетку i пытаюся:
– Дзе Нова?
– Яна нездаровая, – адказвае Зiра. – Яе перавялi ў спецыяльнае аддзяленне.
Яна робiць мне знак i вядзе за сабою, далей ад вартаўнiка.
– Дырэкцыя ўзяла з мяне слова, што я захаваю гэта ў тайне, – кажа Зiра. Але я думаю, што ты павiнен гэта ведаць.
– Яна хворая?
– Нiчога страшнага. Але сама па сабе гэтая падзея досыць значная, каб занепакоiць нашыя ўлады. Нова загрубела.
– Яна... што?
– Я ж сказала: зацяжарала.
Зiра з цiкавасцю назiрае за мною.
Раздзел VI
Ад такой навiны я ажно здранцвеў. Я яшчэ быў няздольны ўсвядомiць, да чаго можа прывесцi гэтая падзея. Спачатку мяне захлiснула хваля розных не дужа рацыянальных пачуццяў, а больш за ўсё ўстрывожыла пытанне: чаму мне дагэтуль нiчога не паведамiлi? Але Зiра i слова не дала мне сказаць.
– Я сама заўважыла гэта ўсяго два месяцы назад, калi вярнулася з падарожжа. Гарылы нiчога не зразумелi. Я патэлефанавала Карнэлiю, а ён у сваю чаргу меў доўгую размову з дырэктарам. Яны сышлiся на тым, што лепей захаваць усё ў тайне. У курсе справы толькi я ды яны двое. Нову памясцiлi ў iзаляваную клетку, i я сама яе даглядаю.
Я ўспрыняў скрытнасць Карнэлiя як здраду i адчуў, што Зiры таксама няёмка. Мне здалося, што за маёй спiнаю пачынаюць рабiць нешта нядобрае.
– Не хвалюйся, – паспрабавала супакоiць мяне Зiра, – яе добра даглядаюць, яна ўсё мае – я за гэтым сачу. Яшчэ нiхто нiколi так не аберагаў цяжарную самку чалавека.
Пад яе насмешлiвым позiркам я апусцiў вочы, усё роўна як вiнаваты шкаляр. Зiра старалася захаваць iранiчны тон, але я адчуваў, што яна ўсхваляваная. Вядома, я ведаў, што мая фiзiчная блiзкасць з Новаю стала непрыемная Зiры з таго самага моманту, калi яна зразумела, што я разумная iстота, але цяпер убачыў у яе позiрку не грэблiвасць, а нешта iншае. Ну вядома, яна была занепакоеная! Таямнiчасць, з якою гаварыла цяпер Зiра пра Нову, наўрад цi была добраю прыкметаю. Я здагадваўся, што Зiра не сказала мне ўсёй праўды: напэўна, Вялiкi Савет таксама быў у курсе справы, i з гэтай нагоды ўжо не раз склiкалiся нарады на сама высокiм узроўнi.
– Калi Нова павiнна раджаць? – спытаўся я.
– Праз тры-чатыры месяцы.
I тут я раптам уцямiў нарэшце ўсю трагiкамiчнасць майго становiшча: я стану бацькам у сiстэме Бетэльгейзе! У мяне будзе дзiця на планеце Сарора, народжанае жанчынаю, да якой я адчуваю неадольнае фiзiчнае iмкненне, iншы раз жаль, але ў жанчыны гэтай – мазгi жывёлiны. Напэўна, нiводная разумная iстота ва ўсiм сусвеце яшчэ не зведвала такога! Мне хацелася адначасова i плакаць i смяяцца.
– Зiра, я хачу яе бачыць!
Яна адказала мне прыкрай грымаскаю.
– Я ведала, што ты гэтага захочаш. Я ўжо гаварыла з Карнэлiем, i, думаю, ён не будзе пярэчыць. Ён чакае цябе ў сваiм кабiнеце.
– Карнэлiй – здраднiк!
– Ты не маеш права гаварыць так. Ён разрываецца памiж любоўю да навукi i сваiм малпавым абавязкам. Натуральна, што цяжарнасць Новы вельмi яго палохае...
Пакуль я iшоў услед за Зiраю па калiдорах iнстытута, трывога мая ўсё ўзрастала. Я здагадваўся, пра што думалi вучоныя-малпы: яны баялiся, што можа ўзнiкнуць новая раса, якая... Чорт!.. I тут да мяне дайшло, якiм чынам я змагу здзейснiць ускладзеную на мяне лёсам мiсiю!
Карнэлiй сустрэў мяне досыць цёпла, але ў нашых адносiнах ужо з'явiлася напружанасць. Раз-пораз ён употайкi пазiраў на мяне цi не з жахам. Я стрымаў сябе, каб не прыступiць адразу да тэмы, якая хвалявала мяне больш за ўсё. Спачатку спытаўся, як ён даляцеў i як скончылiся раскопкi.
– Вынiкi фенаменальныя! – загарэлiся ў яго вочы. – У мяне ў руках неабвержныя доказы!
Карнэлiй не мог не пахвалiцца сваiм поспехам. Зiра сказала праўду: Карнэлiй i праўда разрываўся памiж любоўю да навукi i малпавым абавязкам. Але цяпер са мною гаварыў вучоны, апантаны даследнiк, якi вышэй за ўсё цанiў перамогу сваёй гiпотэзы.
– Мы знайшлi шкiлеты, – расказваў ён. – Не адзiн шкiлет, а мноства, i размешчаны яны такiм чынам, што гэта, несумненна, могiлкi. Ёсць чым пераканаць сама тупагаловых. Але нашы арангутаны, вядома, бачаць у гэтым толькi дзiўнае спалучэнне акалiчнасцей.
– I што гэта за шкiлеты?
– Шкiлеты не малпаў.
– Зразумела.
Мы паглядзелi адзiн аднаму ў вочы. Энтузiязм Карнэлiя адразу апаў, i ён гаварыў ужо больш павольна:
– Не буду ўтойваць: вы ўгадалi – гэта чалавечыя шкiлеты...
Зiра, пэўна, ужо была ў курсе справы, бо не здзiвiлася анi кроплi. Мы зноў сустрэлiся з Карнэлiем позiркамi. Я чакаў. Нарэшце ён рашыўся.
– Цяпер я ўпэўнены, – сказаў Карнэлiй, – што некалi на нашай планеце iснавала чалавечая раса, надзеленая здольнасцю мыслiць, раса людзей, падобных вам i iншым людзям Зямлi. Пасля яна дэградавала, i нашыя людзi ператварылiся ў жывёлiн... Да таго ж, вярнуўшыся, я знайшоў тут новыя доказы сваёй гiпотэзы.
– Новыя?
– Але. Iх адкрыў загадчык энцэфалiчнага аддзялення, малады шымпанзэ з вялiкай будучыняй. Гэта нават генiй... Не варта думаць, – з горкай iронiяй усмiхнуўся Карнэлiй, – што малпы заўсёды былi толькi пераймальнiкамi. У некаторых навуках мы зрабiлi багата адмысловых адкрыццяў i асаблiва вялiкiх поспехаў дасягнулi ў вывучэннi мазгавой дзейнасцi. Калi змагу, пазнаёмлю вас неяк з вынiкамi. Упэўнены, вы будзеце здзiўлены.
У мяне стварылася такое ўражанне, што ён сам стараўся запэўнiць сябе ў генiяльнасцi малпаў, а таму гаварыў з залiшняй гарачнасцю. Але ж я нiколi i не спрабаваў спрачацца з iм на гэтую тэму. Карнэлiй сам паскардзiўся якiя-небудзь два месяцы назад на адсутнасць у малпаў стваральных здольнасцей. А цяпер з гонарам дакляраваў:
– Паверце, настане дзень, калi мы пераўзыдзем людзей ва ўсiх сферах. Мы невыпадкова сталi нашчадкамi чалавечай культуры, як вы можаце гэта ўяўляць сабе. Гэта здарылася ў вынiку нармальнага ходу эвалюцыi. Эра разумнага чалавека прайшла, i на змену яму з'явiлася больш дасканалая iстота, якой было наканавана захоўваць асноўныя дасягненнi людзей доўгi перыяд адноснага застою, каб пасля ўзляцець да новых вяршынь.
Такi падыход да гэтай праблемы быў мне новы. Я мог бы адказаць Карнэлiю, што многiя мыслiцелi Зямлi прадчувалi i прадказвалi з'яўленне вышэйшай iстоты, якая калi-небудзь заступiць людзей, але нiводзiн вучоны, фiлосаф цi паэт не ўяўляў сабе гэтую звышразвiтую iстоту ў малпiным аблiччы. Але мне не надта хацелася спрачацца пра такiя драбнiцы. Галоўнае было ў тым, што думка знайшла сабе iншае ўвасабленне ў жывым стварэннi, цi ж не праўда? Цяпер мяне займала iншае, таму я перавёў гамонку на Нову i стан яе здароўя. Карнэлiй не сказаў мне нiчога новага, але паспрабаваў усцешыць:
– Не хвалюйцеся! Спадзяюся, усё абыдзецца. Напэўна, гэта будзе звычайнае дзiця, такое ж, як i ўсе чалавечыя дзецi Сароры.
– А я спадзяюся, што не. Я ўпэўнены: дзiцёнак загаворыць!
Мне было цяжка схаваць сваё абурэнне. Зiра нахмурылася, каб прымусiць мяне змоўкнуць.
– На вашым месцы я не зычыў бы яму гэтага, – змрочна заўважыў Карнэлiй. Гэта не ў яго i не ў вашых iнтарэсах.
I ўжо амаль па-сяброўску дадаў:
– Калi ён загаворыць, не ведаю, цi змагу я баранiць вас далей, як рабiў дагэтуль. Вы, напэўна, не ўсведамляеце, як устрывожыўся Вялiкi Савет. Я атрымаў найстражэйшы загад захаваць гэтае нараджэнне ў тайне. Калi ўлады даведаюцца, што вы ў курсе справы, я буду тут жа звольнены, i Зiра таксама, а вы застанецеся адзiн на адзiн з...
– З ворагамi?
Карнэлiй адвёў вочы. Значыцца, я зразумеў правiльна: мяне разглядалi як пагрозу малпавай расе. I ўсё ж было радасна, што ў асобе Карнэлiя ў мяне ёсць калi не сябар, дык саюзнiк. Вiдаць, Зiра баранiла мяне нашмат больш горача, чым я думаў, а Карнэлiй не пасмее пайсцi супраць яе нi ў чым. Вось i цяпер ён дазволiў мне наведаць Нову, вядома, употайкi.
Зiра правяла мяне ў маленькую iзаляваную хацiнку, ключы ад якой былi толькi ў яе. Мы ўвайшлi ў невялiчкi пакой. У iм стаялi тры клеткi, дзве былi пустыя. Трэцюю клетку займала Нова. Яна пачула, як мы ўваходзiлi, i iнстынктыўна ўгадала, што i я тут, бо, яшчэ не ўбачыўшы нас, ускочыла i працягнула мне насустрач рукi. Я таксама працягнуў да яе рукi, пацёрся тварам аб яе твар. Зiра пагардлiва пацiснула плячыма, аднак дала мне ключ ад клеткi, а сама адправiлася ў калiдор пiльнаваць, каб сюды не прыйшоў хто iншы. Якое добрае сэрца ў гэтай шымпанзэ! Нам так трэба было цяпер выказацца адно перад адным!
Выказацца... Я забыўся пра тое, што ўяўляла сабою Нова.
Але ўсё-такi, увайшоўшы ў клетку i абняўшы Нову, я загаварыў з ёю, нiбыта яна магла мяне зразумець, як загаварыў бы, напрыклад, з Зiраю.
Няўжо яна нiчога не разумела? Няўжо ў яе не было нават прадчування тае вялiкае мiсii, якая выпала на нашу долю i за якую яна адгэтуль таксама была адказная?
Я расцягнуўся побач з Новаю на саломе, каб асцярожна намацаць дзiця нашага незвычайнага кахання. Мне здалося, што цяжарнасць абудзiла ў Нове пачуцце ўласнае годнасцi, сваёй iндывiдуальнасцi, якога ў яе раней не было. Калi я дакрануўся рукою да яе жывата, яна задрыжала. Але, я не памылiўся, погляд яе стаў больш напружаны, асэнсаваны. I раптам яна з цяжкасцю, па складах вымавiла маё iмя – значыцца, не забылася на мае ўрокi! Мяне захлiснула гарачая хваля радасцi. Але вочы Новы адразу ж страцiлi сваю жывасць, яна павярнулася да мяне спiнаю i пачала ўплятаць прынесеную мною садавiну.
Вярнулася Зiра: нам трэба было ўжо развiтвацца. Я выйшаў разам з ёю. Вiдаць, адчуўшы мой адчай, Зiра вырашыла правесцi мяне да маёй кватэры. I тут, у сябе дома, я заплакаў, бы хлопчык.
– О Зiра, Зiра! – усхлiпваў я.
Яна супакойвала мяне i суцяшала, нiбыта мацi свайго дзiцёнка, а я жалiўся ёй i гаварыў, гаварыў, нiчога не тоячы, адкрываючы ўсе свае пачуццi i думкi, якiх Нова не магла ацанiць.
Раздзел VII
О цудоўная шымпанзэ! Дзякуючы ёй я апошнiм часам мог досыць часта бачыцца з Новаю ўпотайкi ад iнстытуцкага кiраўнiцтва. Я праседжваў побач з ёю цэлымi гадзiнамi, прагна лавiў у яе позiрку кожную iскрынку думкi, i гэтак, у чаканнi нараджэння дзiцяцi праходзiлi тыднi.
Аднаго разу Карнэлiй усё ж рашыўся паказаць мне энцэфалiчнае аддзяленне, пра якое расказваў дзiвосы. Загадзя папрасiўшы прабачэння, што не зможа суправаджаць мяне з-за тэрмiновай працы, ён пазнаёмiў мяне з загадчыкам аддзялення, тым самым генiяльным маладым шымпанзэ па iменi Гелiй.
– Я вярнуся праз гадзiну, – сказаў Карнэлiй, – каб паказаць вам сама выдатны з нашых эксперыментаў, той, якi дае нам новыя доказы, пра якiя я вам казаў. А пакуль што, думаю, вам будзе цiкава пазнаёмiцца з класiчнымi вопытамi.
Гелiй павёў мяне за сабою ў вялiкую залу з двума радамi клетак, падобную на ўсе аналагiчныя памяшканнi iнстытута. Але толькi я ўвайшоў, як мне адразу ж ударыў у нос рэзкi аптэчны пах – ён нагадаў мне пах хлараформу. Як выявiлася, гэта i праўда быў нейкi анестэзiйны сродак. Мой гiд растлумачыў мне, што цяпер усе хiрургiчныя аперацыi праводзяцца пад наркозам. Ён падкрэслiваў гэтую дэталь, бо лiчыў яе доказам высокага развiцця малпавай цывiлiзацыi, якая iмкнецца пазбавiць ад любых залiшнiх пакут нават падвопытных людзей. Маўляў, я магу быць спакойны!
Але адчуваў я сябе не надта спакойна. I зусiм ужо расхваляваўся, калi на заканчэнне сваiх уводзiн Гелiй прызнаў, што з гэтага гуманнага правiла ўсё ж робяць выключэннi, каб вывучыць менавiта механiзм пакуты i лакалiзаваць яе нервовыя цэнтры. Але дэманстраваць мне такiя вопыты ў той дзень ён не збiраўся.
Падобнае прызнанне не магло не абвострыць яшчэ больш маю чуллiвасць. Я згадаў, як настойлiва адгаворвала мяне Зiра ад наведвання гэтага аддзялення, куды яна сама заходзiла толькi ў выпадку неабходнасцi. I хацеў ужо быў павярнуць назад пад якiмсьцi праўдзiвым прэтэкстам, але Гелiй апярэдзiў мяне.
– Калi хочаце, – прапанаваў ён, – можаце прысутнiчаць пры аперацыi. Вы самi пераканаецеся, што падвопытны не адчувае болю. Не хочаце? У такiм разе я пакажу вам вынiкi эксперыментаў.
I, прайшоўшы зачынены пакой, адкуль даносiўся пах лекаў, ён павёў мяне да клетак. У першай я ўбачыў досыць прыгожага, але неверагодна худога юнака. Ён ляжаў на сваёй падсцiлцы. Перад iм, каля самага носа, стаяла мiска з салодкай кашай, ласункам сарорскiх людзей. Юнак абыякава, нерухома глядзеў на ежу.
– Глядзiце, – сказаў Гелiй, – гэты чалавек галодны: ён не еў ужо суткi. I ўсё ж такi нiяк не рэагуе на сваю любiмую ежу. Гэта вынiк выдалення часткi лобнай мазгавой долi. Аперацыя зроблена некалькi месяцаў назад, i з таго часу ён у гэтым стане. Прыходзiцца прымушаць яго есцi. Бачыце, якi ён змарнелы?
Гелiй зрабiў знак санiтару, якi ўвайшоў у клетку i сунуў юнака носам у мiску. Падвопытны пачаў хлябтаць кашу.
– Але гэта звычайны выпадак, – гаварыў далей Гелiй. – Вось цiкавейшыя. У кожнага з падвопытных былi пашкоджаны розныя ўчасткi кары галаўнога мозгу.
Мы праходзiлi мiма клетак, дзе сядзелi мужчыны i жанчыны рознага ўзросту. Шыльдачкi на дзвярах кожнай клеткi з масай тэхнiчных дэталяў паведамлялi, якую аперацыю перанёс чалавек.
– Некаторыя ўчасткi кары забяспечваюць наяўнасць безумоўных рэфлексаў, iншыя – умоўных. Вось, напрыклад, гэты выпадак...
У гэтага "выпадку" аднялi цэлы ўчастак мозгу з патылiчнай вобласцi. Цяпер ён не ўспрымаў нi формы прадметаў, нi аддегласцi памiж iмi, што i прадэманстраваў серыяй беспарадкавых рухаў, калi санiтар наблiзiўся да яго. Ён не мог пераступiць цераз палку на падлозе. А працягнуты няшчаснаму невялiкi яблык палохаў яго так, што ў жаху ён спрабаваў уцячы. Чалавек не мог нават учапiцца за краты i хапаўся пальцамi за пустэчу.
– А вось гэты быў раней цудоўным экземплярам, – падмiгнуў мне шымпанзэ. Нам удалося навучыць яго дзiвосным трукам. Ён ведаў сваё iмя i выконваў некаторыя простыя загады. Спраўляўся ў вопытах з досыць складанымi загадамi i нават умеў карыстацца прымiтыўнымi iнструментамi. А сёння ён не памятае нiчога. Не ведае свайго iмя. Нiчога не ўмее рабiць. Ён стаў сама тупы з усiх нашых паддоследных. Над iм была праведзена найтанчэйшая аперацыя: выдаленне скроневых доляў.