355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Пьер Буль » Планета малпаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Планета малпаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 00:54

Текст книги "Планета малпаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Пьер Буль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 10 страниц)

Буль Пьер
Планета малпаў (на белорусском языке)

П'ер Буль

Планета малпаў

Пераклад: Алесь Асташонак

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Раздзел I

Джын i Фiлiс бавiлi час, вандруючы ў космасе ўдалечынi ад населеных сусветаў.

Мiжпланетныя вандроўкi сталi ўжо звычайнай справай, дый мiжзорныя пералёты не лiчылiся сенсацыйнымi. Зоркалёты рэгулярных лiнiй дастаўлялi турыстаў у казачныя гарады Сiрыуса, а фiнансавых тузоў – на знакамiтыя бiржы Арктура i Альдэбарана*.

* Сiрыус, Арктур, Альдэбаран – найярчэйшыя зоркi ў сузор'ях Вялiкага Пса, Валапаса, Цяльца.

Але Джын i Фiлiс, гэтая пара нiчым не занятых дзетак мультымiльянераў, былi вядомыя сваёй эксцэнтрычнасцю i схiльнасцю да рамантыкi. Шукаючы задавальнення, яны падарожнiчалi ў бязмежнай прасторы пад ветразямi.

Iх касмiчная яхта ўяўляла сабою нешта накшталт сферы, знешняя абалонка якой – незвычайна тонкi i лёгкi ветразь – надзiмалася пад уздзеяннем светлавых промняў. Калi б гэты мiнi-карабель застаўся без кiравання непадалёк ад якойсьцi зоркi – аднак на дастатковай ад яе адлегласцi, там, дзе сiла прыцягнення не надта вялiкая, – ён бы памкнуўся назад ад гэтай зоркi па прамой лiнii. Але зорная сiстэма, жыхарамi якой былi Джын i Фiлiс, мела не адно, а ажно тры сонцы, даволi блiзка адно ад аднаго, таму сонечныя вятры ў ёй дзьмулi з трох бакоў пад рознымi вугламi. I вось Джын прыдумаў сапраўды дзiўны спосаб перамяшчэння. На сферычным ветразi яго карабля было мноства чорных шторак, якiя згортвалiся цi разгортвалiся ў залежнасцi ад жадання рулявога – пры кожным яго манеўры мянялася здольнасць адбiцця, а адначасова з ёю i накiрунак раўнадзейных сiл светлавых патокаў. Апроч таго, эластычная сфера-ветразь магла расцягвацца або скарачацца, i калi Джын хацеў паскорыць ход, ён павялiчваў дыяметр абалонкi да максiмуму – тады велiзарная плошча ветразя надзiмалася пад нацiскам светлавых патокаў, i яхта iмклiва ляцела ў неабсяжнасць з фантастычнай хуткасцю, ад якой у Джына i яго сяброўкi кружылася галава; захопленыя палётам, яны абдымалiся i замiралi, гледзячы ў таемную бездань бязмежных абсягаў, што неслiся насустрач iм. Калi ж Джын хацеў запаволiць ход, то нацiскаў другую кнопку. Сферычны ветразь сцiскаўся настолькi, што ў кабiне можна было сядзець, толькi шчыльна прыцiснуўшыся адно да аднаго. Цiск светлавых промняў амаль не ўплываў на малюпасенькi шар, i, вольны ў сваiм руху, ён быццам павiсаў у пустэчы на нябачнай нiтцы. Маладую пару забiрала салодкае ап'яненне, i яны бавiлi доўгiя гадзiны ў сваiм цесным, створаным толькi для iх маленечкiм свеце, якi Джын параўноўваў з паруснiкам у неабсяжным акiяне, а Фiлiс – з бурбалкай на павуцiнцы вадзянога павука.

Джын выдатна выконваў i iншыя манеўры, нават такiя, што лiчылiся ў касмiчных яхтсменаў найскладанейшымi, напрыклад, паварот оверштаг* з выкарыстаннем ценю ад планеты цi якогасьцi спадарожнiка.

* Оверштаг (гал. overstag) – паварот судна з ветразямi носам да сустрэчнага ветру.

Ён вучыў свайму майстэрству i Фiлiс, i неўзабаве тая магла ўжо кiраваць яхтай не горш за яго, нават была смялейшая. Але варта было ёй узяць у рукi руль, як, захапiўшыся, яна выбiрала такi курс, што яхта падыходзiла да самых межаў Сонечнай сiстэмы, а там магнiтныя буры разбуралi светлавыя патокi, i iх карабель пачынала кiдаць, бы арэхавую шкарлупiну. Ужо некалькi разоў Джын, прачнуўшыся ў такую штармавую хвiлiну, ускокваў бы ашпараны i вырываў у сяброўкi руль. Iншы раз, каб дабрацца да блiжэйшага порта, яму нават прыходзiлася ўключаць дадатковыя ракеты, прадугледжаныя на выпадак крайняй небяспекi.

У той дзень Фiлiс i Джын бесклапотна ляжалi побач у яхце i загаралi пад промнямi трох сонцаў iх роднай сiстэмы. Джын драмаў i думаў пра Фiлiс i пра сваё да яе каханне. Фiлiс глядзела ў неабдымны космас, загiпнатызаваная бясконцасцю пустэчы. Гэта быў адзiн з любiмых яе заняткаў.

Раптам Фiлiс уздрыгнула i прыўзнялася. Недзе наперадзе блiснула дзiўная iскарка. Прайшло колькi секунд, i iскарка блiснула зноў. Фiлiс адразу ж сказала Джыну, што светлавы прамень сустрэў, напэўна, нейкi зiхоткi прадмет. Iнтуiцыя, набытая Фiлiс у касмiчных падарожжах, не магла падмануць яе. Згадзiўся з сяброўкай i Джын, а ён у такiх выпадках не памыляўся. Непадалёк ад яхты – вызначыць адлегласць было цяжка – у космасе плыло нейкае зiхоткае цела. Джын схапiў бiнокль i стаў углядацца ў таямнiчы прадмет. Фiлiс нецярплiва прытулiлася да пляча свайго прыяцеля.

– Рэч невялiкая, – сказаў Джын. – Здаецца, шкляная... Пачакай, дай угледзецца!.. Яна наблiжаецца... Хуткасць большая за нашую... Слухай...

На твары ў Джына было здзiўленне. Ён нават выпусцiў з рук бiнокль, якi Фiлiс адразу ж падхапiла.

– Дарагая, гэта ж бутэлька.

– Бутэлька?

Фiлiс таксама паглядзела ў бiнокль.

– Але, бутэлька... Ну, вядома. Са светлага шкла... Заткнутая: бачу корак. А ўсярэдзiне штосьцi белае. Напэўна, папера... Цыдулка! Джын, трэба яе злавiць!

Джын, вiдаць, думаў пра тое самае, бо адразу ж пачаў спрытна лавiраваць, каб перахапiць бутэльку. Яму ўдалося амаль iмгненна змянiць курс i зменшыць хуткасць – з такiм разлiкам, каб бутэлька прайшла акурат побач з яхтаю. Пакуль ён манеўраваў, Фiлiс паспела надзець скафандр i выйсцi праз перадабалонкавую камеру на вонкавы бок сферычнага ветразя. Учапiўшыся за трос, з сачком на доўгiм дзяржаннi ў другой руцэ, яна рыхтавалася да сустрэчы з бутэлькаю.

Фiлiс i Джын ужо не раз удавалася злавiць сачком у космасе розныя рэчы. Плаваючы пацiхеньку альбо амаль нерухома павiсаючы ў пустэчы, яны ўбачылi багата дзiўнага i зрабiлi цiкавыя адкрыццi, якiмi не пахвалiшся ў звышхуткiх палётах на зоркалёце. Фiлiс вылоўлiвала кавалачкi былых планет, рэшткi метэарытаў з iншых галактык i нават спадарожнiкаў, запушчаных яшчэ на самым пачатку касмiчнае эры. Яна ганарылася сваёй калекцыяй, але бутэлька, ды яшчэ з рукапiсам – а сумненняў у гэтым ужо не было, – сустракалася ўпершыню! Фiлiс ажно дрыжала ад нецярпення. Пагойдваючыся на тросе, бы павучыха на павуцiне, яна аддавала сябру па тэлефоне загады:

– Цiшэй, Джын!.. Не, крыху хутчэй, а не то яна нас перагонiць... Левы борт... правы борт... Уперад... Усё, злавiла!

Радасна крыкнуўшы, Фiлiс вярнулася ў кабiну.

У руках у яе сапраўды была вялiкая, дбайна закаркаваная бутэлька. Усярэдзiне можна было разгледзець тоўсты папяровы скрутак.

– Разбi яе, Джын, хутчэй! – ледзь не калацiлася Фiлiс, умольваючы сябра.

Аднак Джын адкалупваў кавалачкi воску спакойна i акуратна. Ды толькi ён адкаркаваў нарэшце бутэльку, як выявiлася, што дастаць з яе скрутак зусiм немагчыма, такi ўжо тугi ён быў. Тады прыйшлося ўступiць нецярплiвым просьбам сяброўкi i разбiць бутэльку малатком. Скрутак адразу ж разгарнуўся сам. Гэта быў стос танюткiх аркушаў, спiсаных дробным почыркам. Мова запiсаў была зямная – Джын валодаў ёй дасканала, бо некалькi гадоў вучыўся на Зямлi.

Але раптам Джына апанавала незразумелая трывога, i ён нiяк не хацеў пачынаць чытання рукапiсу ўголас. I каб не просьбы ўзбуджанай Фiлiс, якая дрэнна разумела зямную мову i не магла, як нi жадала, прачытаць рукапiс сама, ён, магчыма, так i не адкрыў бы сяброўцы тайну гэтых запiсаў, што так выпадкова трапiлi iм у рукi.

Джын зменшыў памеры ветразя да мiнiмуму, каб яхта павiсла ў прасторы, упэўнiўся, што вакол няма нiякае небяспекi, i, выпрастаўшыся побач з Фiлiс, пачаў чытаць.

Раздзел II

"Я давяраю гэты рукапiс космасу не дзеля таго, каб паклiкаць некага на дапамогу, а спадзеючыся адно на тое, што змагу прадухiлiць жудасную пагрозу, якая навiсла над родам чалавечым. Няхай бог злiтуецца з нас!.."

– Пагрозу над родам чалавечым? – здзiўлена спыталася Фiлiс.

– Але, так тут напiсана. Не перапыняй мяне больш, – сказаў Джын i пачаў чытаць далей.

"...Што ж да мяне, Улiса Меру, то я са сваёй сям'ёю на борце касмiчнага карабля, дзе мы зможам жыць яшчэ доўгiя гады. У нас ёсць агарод, сад, жывёла. Мы нi ў чым не адчуваем недахопу. Магчыма, калi-небудзь мы знойдзем якуюсьцi гасцiнную планету. Але пакуль што гэта толькi мара. А зараз я праўдзiва i падрабязна раскажу ўсё, што са мною здарылася.

У дзве тысячы пяцiсотым годзе я падняўся разам з двума маiмi старэйшымi таварышамi на борт касмiчнага карабля, каб даляцець да планет, над якiмi велiчна ззяе звышгiганцкая зорка Бетэльгейзе.

Гэта была смелая задума, сама грандыёзная з усiх, на якiя толькi калi-небудзь адважвалiся ў космасе зямляне. Зорку Бетэльгейзе, альфу Арыёна, як называюць яе нашы астраномы, аддзяляюць ад нашай планеты амаль трыста светлавых год. Зорка гэтая мае цэлы шэраг асаблiвасцей.

Перш за ўсё памеры: дыяметр яе пераўзыходзiць дыяметр нашага сонца ў чатырыста пяцьдзесят разоў, iнакш кажучы, калi б яна стала на ягонае месца, то распасцерлася б ажно да Марса.

Па-другое, сiла святла, бо Бетэльгейзе – зорка першага класа, сама яркая ў сузор'i Арыёна, бачная з Зямлi голым вокам, нягледзячы на велiзарную адлегласць.

Па-трэцяе, спектр выпраменьвання: нi з чым не параўнальныя ў надзвычайнай сваёй прыгажосцi чырвоныя i аранжавыя промнi.

I нарэшце, зорка гэтая – пераменнае яркасцi. Яна ўвесь час пульсуе, i iнтэнсiўнасць свячэння бесперапынна мяняецца ў залежнасцi ад змянення яе дыяметра.

Але чаму ўсё ж такi, калi было высветлена, што ўсе планеты Сонечнай сiстэмы ненаселеныя, абралi мы мэтаю першага мiжзорнага пералёту такую далёкую Бетэльгейзе? Рашэнне гэтае прыняў прафесар Антэль, галоўны арганiзатар, кiраўнiк i фiнансiст экспедыцыi. Ён сам стварыў праект нашага касмiчнага карабля, сам назiраў за яго пабудоваю. Свой выбар ён растлумачыў мне ў час палёту.

– Шаноўны Улiс, – сказаў ён, – палёт да Бетэльгейзе, па сутнасцi, зусiм не цяжэйшы i хiба што крыху далейшы, чым пералёт да любой блiжэйшай зоркi, напрыклад, да Проксiмы Цэнтаўра*.

* Цэнтаўр – вялiкае сузор'е паўднёвага паўшар'я зорнага неба, у якiм знаходзiцца сама блiзкая да Зямлi зорка – Проксiма Цэнтаўра.

Але тут я рашуча запратэставаў, пахвалiўшыся набытымi нядаўна астранамiчнымi ведамi:

– Толькi крыху далейшы?! Да Проксiмы Цэнтаўра ўсяго чатыры светлавыя гады, у той час як да Бетэльгейзе...

– ...цэлых трыста, – перапынiў мяне прафесар, – не думайце, што я на гэта забыўся. Аднак да Проксiмы Цэнтаўра нам прыйшлося б ляцець амаль столькi ж цi толькi крышачку менш, чым да Бетэльгейзе, куды мы даляцiм праз нейкiя два гады. Вы не даяце мне веры, бо прывыклi да нашых мiжпланетных пералётаў, гэтых блышыных скачкоў, калi дапушчальнае максiмальнае паскарэнне доўжыцца ўсяго толькi некалькi хвiлiн, а крэйсерская хуткасць у параўнаннi з нашай смеху вартая... Час ужо, бадай, растлумачыць вам, як рухаецца наш зоркалёт. Дзякуючы ўдасканаленым ракетам, якiя мне ўдалося вынайсцi, наш касмiчны карабель здольны перамяшчацца ў прасторы з найвышэйшай хуткасцю, якую толькi можа набраць матэрыяльнае цела. Па сутнасцi, яна амаль роўная хуткасцi святла. А калi мы рушым з такой хуткасцю, наш час iстотна адрознiваецца ад зямнога, i чым хутчэй мы ляцiм, тым большая гэтая рознiца. Напрыклад, цяпер вось, пакуль мы гаворым, у нас у зоркалёце прайшло ўсяго толькi некалькi хвiлiн, а на Зямлi – некалькi месяцаў. Калi ж мы набяром гранiчную хуткасць, час для нас амаль спынiцца, хоць мы гэтага i не будзем заўважаць. Тады некалькi секунд для вас i мяне, некалькi ўдараў сэрца для вас i мяне будуць раўняцца многiм гадам жыцця на Зямлi.

– Разумею. Менавiта гэта дае нам надзею дабрацца да мэты раней, чым мы памром ад старасцi. Але чаму ў такiм выпадку нашае падарожжа зойме два гады? Чаму не некалькi дзён цi некалькi гадзiн?

– Якраз да гэтага я вас i падводжу. Усё вельмi проста: каб набраць максiмальную хуткасць, калi час амаль спыняецца, нам спатрэбiцца каля года, бо наш арганiзм проста не вытрымае большага паскарэння. I яшчэ год пойдзе на тармажэнне. Цяпер вы ўяўляеце графiк палёту? Год на паскарэнне, год на тармажэнне, а ў сярэдзiне ўсяго толькi некалькi гадзiн, але за гэтыя гадзiны мы пройдзем найвялiкшую частку нашага маршруту. Думаю, у вас не будзе больш пытанняў, чаму гэта пералёт да Бетэльгейзе зойме ў нас толькi крышачку больш, чым пералёт да Проксiмы Цэнтаўра. У апошнiм выпадку нам усё роўна прыйшлося б правесцi ў зоркалёце год, неабходны на паскарэнне, i яшчэ год – на тармажэнне, хiба што памiж iмi было б некалькi хвiлiн замест некалькiх гадзiн, як у нашым палёце. Рознiцы нiякай. Я ўжо старэю i наўрад цi змагу калi-небудзь яшчэ выправiцца ў такую экспедыцыю, таму i абраў далёкую мэту – спадзяюся адшукаць сусветы, якiя вельмi адрознiваюцца ад нашага.

Падобныя гамонкi дапамагалi нам бавiць вольны час, i пасля кожнай з iх мной апаноўвала ўсё большая павага да мудрасцi прафесара: не было ў навуцы вобласцi, яму незнаёмай, i мне заставалася толькi радавацца, што нашу рызыкоўную экспедыцыю ўзначальвае гэтакi эрудыт. Як i прадбачыў прафесар Антэль, дарога да Бетэльгейзе заняла два гады нашага ўласнага часу, за якiя на Зямлi прайшлi тры з паловай стагоддзi. У гэтай вось акалiчнасцi i быў адзiны недахоп такой далёкай экспедыцыi: калi нам нават i ўдалося б шчаслiва вярнуцца назад, то апынулiся б мы ўжо на планеце, якая пастарэла на семсот – восемсот гадоў. Але пра гэта мы пакуль што не думалi. Падазраю нават, што мажлiвасць збегчы ад свайго пакалення зямлян таксама вабiла прафесара. Ён часта прызнаваўся, што стамiўся ад людзей...

За ўвесь палёт у нас не было нiводнай сур'ёзнай непрыемнасцi. Стартавалi мы з Месяца. Зямля i ўсе астатнiя планеты хутка знiклi з поля зроку. Сонца iмклiва змяншалася, пакуль не ператварылася ў аранжавы шар велiчынёю з апельсiн, потым стала меншае за слiву i нарэшце зрабiлася маленькай зiхоткай кропкай, толькi адной з мiльярдаў зорак нашай галактыкi, распазнаць якiя ўдалечынi мог хiба што эрудыт Антэль.

Так што жылi мы без Сонца, але нiчога непрыемнага праз тое не адчувалi: на караблi было штучнае святло, эквiвалентнае сонечнаму. Не ведалi мы i нуды. Прафесара можна было слухаць гадзiнамi. Чаго толькi я не ўведаў за гэтыя два гады – больш чым за ўсё папярэдняе жыццё! Займеў я i неабходны вопыт у кiраваннi зоркалётам. Гэта было досыць проста: давалася заданне электронным прыборам, i яны самi рабiлi ўсе разлiкi i дакладна вызначалi курс.

Багата радасцi прыносiў нам сад, якi займаў на караблi шмат месца. Апроч усяго iншага, прафесар Антэль цiкавiўся батанiкай i сельскай гаспадаркай i iмкнуўся праверыць некаторыя свае тэорыi развiцця раслiн у касмiчных умовах. Вопытным участкам была аранжарэя ў дзесяць кубiчных метраў. Дзякуючы шматлiкiм стэлажам аб'ём нашай аранжарэi выкарыстоўваўся цалкам. Грунт пастаянна абнаўляўся хiмiчнымi ўгнаеннямi, i ўжо праз два месяцы з дня адлёту на градках пачала спець на нашую радасць усялякая гароднiна, так што мы мелi здаровай свежай ежы колькi было трэба. Клапоцячыся пра карыснае, не забылiся мы i на прыемнае: адвялi адну секцыю аранжарэi пад кветнiк – прафесар даглядаў яго асаблiва дбайна. Гэты арыгiнал захапiў з сабою яшчэ i некалькi птушак, матылькоў i нават адну малпу, маленькага шымпанзэ, якога мы назвалi Гектарам, – гарэза бавiў нас усю дарогу.

Я зразумеў з нашых гаворак, што прафесар досыць скептычна ставiўся да людзей. Ён часта казаў, што людзi – iстоты, мякка кажучы, не зусiм iдэальныя, i, напэўна, менавiта таму ў велiзарным караблi, у якiм магла б спакойна размясцiцца не адна сям'я, была процьма ўсялякiх раслiн, некалькi жывёлiн i толькi тры чалавекi: сам Антэль, яго вучань Артур Левэн, малады фiзiк з вялiкай будучыняй, i я, Улiс Меру, малавядомы журналiст – прафесар пазнаёмiўся са мною, калi я браў у яго iнтэрв'ю. Ён прапанаваў мне прыняць удзел у экспедыцыi, даведаўшыся, што ў мяне няма сям'i i што я добра гуляю ў шахматы. Мне, журналiсту-пачаткоўцу, гэта была грандыёзная ўдача. Нават калi б удалося апублiкаваць рэпартаж толькi праз васемсот гадоў – а можа, менавiта якраз таму, што праз васемсот гадоў! – мой матэрыял быў бы ўнiкальны. Я з радасцю згадзiўся.

Падарожжа праходзiла без непрадбачаных здарэнняў. Адзiнае, што замiнала нам, дык гэта павелiчэнне цяжару ў час разгону i тармажэння. Прыйшлося прывыкаць да таго, што мы ўжо важылi раза ў паўтара больш, чым на Зямлi. Спачатку стамлялiся, аднак хутка асвойталiся i перасталi звяртаць на гэта ўвагу. Памiж перыядамi паскарэння i тармажэння мы былi ў стане поўнай бязважкасцi, што спрычынiла розныя смешныя выпадкi, але гэта доўжылася ўсяго толькi некалькi гадзiн, так што шкоды мы праз тое не мелi нiякай.

I вось нарэшце пасля доўгiх месяцаў палёту настаў дзень, калi мы з хваляваннем убачылi, як пачала расцi на нашых вачах запаветная мэта – зорка Бетэльгейзе.

Раздзел III

Немагчыма расказаць, якiя пачуццi выклiкае такое вiдовiшча. Зорка, якая яшчэ ўчора была маленькая зiхоткая кропачка, безыменная для нас, як i вялiкае мноства ўсiх астатнiх падобных адна на адну кропачак на бязмежным зорным небе, рабiлася спакваля ўсё ярчэйшаю, большаю, блiзкаю. Спачатку яна была блiскучым арэшкам, пасля ператварылася ў жоўценькi апельсiн i, нарэшце, пачырванеўшы, спадобiлася нашаму роднаму сонейку перад заходам. Нарадзiлася наша новая нябесная мацi, i мы ўжо штодня адчувалi яе цяпло i прыцягненне.

У той час зоркалёт ужо дужа знiзiў хуткасць. Мы наблiжалiся да Бетэльгейзе да тае пары, пакуль зорка не перакрыла сабою iлюмiнатар. Яна была непараўнальна большая за ўсе бачаныя намi раней нябесныя целы – уражанне было проста казачнае. Антэль задаў прыборам новую праграму, i мы пачалi кружыць вакол звышгiганцкай зоркi. Пасля прафесар адрэгуляваў астранамiчныя прыборы i пачаў назiраннi.

Неўзабаве яму ўдалося адшукаць у сiстэме чатыры планеты, вылiчыць iх дыяметры i арбiты, па якiх яны круцiлiся вакол Бетэльгейзе. Адна з гэтых планет, другая ад зоркi, мела арбiту, блiзкую да зямной. Яна была прыкладна тых самых памераў, што i Зямля, з атмасферай з кiслароду i азоту, i, плывучы ў трыццаць разоў далей ад Бетэльгейзе, нiж Зямля ад Сонца, атрымлiвала прыблiзна тую ж колькасць цяпла, што i наша планета: гэта тлумачылася памерамi зоркi i яе параўнальна невысокай тэмператураю.

Мы вырашылi пачаць спярша даследаваць менавiта гэтую планету. Прыборы атрымалi новую праграму, i зоркалёт хутка выйшаў на пастаянную арбiту. Тут, спынiўшы рухавiкi, мы маглi добра прыгледзецца да нашай абраннiцы. Праз тэлескоп былi бачныя моры i кантыненты.

Наш карабель быў дрэнна прыстасаваны пад пасадкi на планеты. Дзеля гэтага былi прадугледжаны тры маленькiя ракетапланы, якiя мы называлi катэрамi. У адным з iх мы i размясцiлiся ўтрох, прыхапiўшы некаторыя вымяральныя прыборы, а таксама Гектара; у шымпанзэ, як i ва ўсiх нас, быў скафандр, да якога ён ужо прызвычаiўся ў час палёту. Што ж да зоркалёта, дык мы пакiнулi яго на пастаяннай арбiце непадалёк ад планеты. Там ён быў у большай бяспецы, чым карабель на якарнай стаянцы ў порце, мы ведалi, што аўтаматыка не дасць яму адхiлiцца ад арбiты.

Сесцi на планету такога тыпу, што мы абралi, было ў нашым катэры зусiм нескладана. Толькi мы ўвайшлi ў шчыльныя слаi атмасферы, як прафесар узяў на аналiз пробы паветра. Антэль прыйшоў да высновы, што на гэтай вышынi састаў паветра дакладна адпавядае зямному. Я не паспеў нават усвядомiць усёй важнасцi такога цудоўнага супадзення: планета хутка наблiжалася, i неўзабаве мы былi ўжо на вышынi не больш пяцiдзесяцi кiламетраў. Усе манеўры рабiлiся аўтаматамi, i мне заставалася адно прыцiснуцца тварам да iлюмiнатара i назiраць, як iмклiва наблiжаўся невядомы свет, з хваляваннем прадчуваючы адкрыццi, што чакалi нас у iм.

Планета была проста надзiва падобная на Зямлю. Уражанне гэтае няспынна ўзмацнялася. Цяпер я ўжо на свае вочы бачыў контуры мацерыкоў. Паветра было блакiтнае, чыстае, трохi зеленаватае, афарбаванае дзе-нiдзе аранжавымi блiкамi, як у нас у Правансе на схiле дня. Акiян таксама быў блакiтнаваты з зялёным адценнем. Рысы ўзбярэжжа адрознiвалiся ад усяго, што бачыў я на Зямлi, хоць я i iмкнуўся ўпарта знайсцi падабенства, якое так кiнулася мне ў вочы ва ўсiм астатнiм! Ды колькi я нi прыглядаўся, абодва паўшар'i планеты нiчым не нагадвалi нi наш Стары, нi Новы Свет.

Нiчым? Даруйце. Нагадвалi – i сама галоўным! Планета была населеная. Мы праляталi над горадам, i досыць вялiкiм, ад якога ва ўсе бакi разбягалiся дарогi з дрэвамi абапал, а па самiх дарогах неслiся аўтамабiлi. Мне ўдалося ахапiць позiркам агульны план горада. Шырокiя вулiцы. Вялiкiя белыя дамы з прастакутнымi мурамi.

Але нам прыйшлося "прызямлiцца" ўдалечынi ад гэтага месца. Спачатку мы ляцелi над уробленымi палямi, пасля над густым, трохi рудаватым лесам, падобным на нашы экватарыяльныя джунглi. Мы ляцелi ўжо нiзка. Пад намi з'явiлiся плато з даволi вялiкiмi палянамi, вакол плато распасцiралася перасечаная мясцовасць. Прафесар вырашыў нарэшце рызыкнуць i задаў прыборам новую, апошнюю праграму. Запрацавалi ракеты тармажэння. На некалькi iмгненняў катэр замёр над палянаю, нiбыта чайка, якая цiкуе здабычу.

А потым, праз два гады пасля таго, як мы пакiнулi Зямлю, наш катэр пацiхеньку знiзiўся i без адзiнага штуршка апусцiўся на сярэдзiну плато, зялёная трава якога нагадала мне нашыя нармандскiя раўнiны.

Раздзел IV

Апусцiўшыся, мы досыць доўга сядзелi моўчкi i нерухома. Гэта, магчыма, дзiўна, але нам трэба было сабрацца з сiламi. Мы пайшлi на справу, у тысячу разоў больш незвычайную, чым падарожжы сама першых зямных мараходаў, i трэба было падрыхтавацца як след да сустрэчы з рознымi нечаканасцямi, пра якiя з пакалення ў пакаленне марылi паэты, што апявалi мiжзорныя пералёты.

Неверагодна, але мы адразу ж трапiлi на планету, на якой былi, як i ў нас, i акiяны, i горы, i лясы, i палi, i гарады, i, натуральна, iх жыхары. Аднак, улiчваючы, што, перш чым апусцiцца, наш катэр праляцеў над джунглямi вялiкую адлегласць, можна было меркаваць, што цяпер мы далёка ад цывiлiзаваных раёнаў.

Нарэшце мы вырашылi дзейнiчаць. Надзеўшы скафандры, асцярожна прыадчынiлi iлюмiнатар. Нiводнага подыху ветру. Памiж унутраным i знешнiм атмасферным цiскам – анiякае рознiцы! Вакол паляны быццам мурамi якойсьцi крэпасцi ўзвышаўся густы лес, нерухомы, маўклiвы – нiшто не парушала поўнага спакою, якi тут панаваў. Было дужа горача, але можна было цярпець: каля дваццацi пяцi градусаў па Цэльсiю.

Мы выйшлi з катэра разам з Гектарам. Напачатак прафесар Антэль вырашыў яшчэ раз зрабiць аналiз паветра. Вынiк абнадзейваў: састаў паветра зноў быў той самы, што i на Зямлi; хiба што рознiлiся крыху прапорцыi рэдкiх газаў. Аднак мы вырашылi на ўсякi выпадак пачаць праверку паветра на практыцы з шымпанзэ. Калi з Гектара знялi скафандр, ён быў неверагодна шчаслiвы i цудоўна сябе пачуваў. Апынуўшыся на волi, шымпанзэ нiбыта ап'янеў. Зрабiўшы колькi скачкоў, ён кiнуўся ў лес, узляцеў на дрэва i памчаўся далей, пераскокваючы з галiны на галiну. Неўзабаве ён зусiм знiк з нашых вачэй, згубiўшыся ў лiстоце, нягледзячы на ўсе нашы заклiкi.

Тады мы таксама знялi скафандры. Стала, вядома, ямчэй i iсцi i перагаворвацца. Але гукi нашых галасоў, пачутыя натуральнымi, а не трансфармаванымi, як у скафандры, усё-такi збянтэжылi нас; мы баязлiва ступiлi колькi крокаў ля катэра, не асмельваючыся адысцi ад яго.

Але сумненняў у тым, што мы апынулiся на планеце, якая даводзiлася сястрою-двойняю нашай Зямлi, ужо не было. Раслiннасць тут была вельмi пышная: асобныя дрэвы сягалi ў вышыню на сорак метраў i болей. А неўзабаве мы прыкмецiлi i першыя жывыя iстоты: буйныя чорныя птушкi луналi ў небе, бы каршуны, а iншыя, драбнейшыя, вельмi падобныя на папугаяў, з пiскам ганялiся адна за адною.

Яшчэ да пасадкi мы заўважылi прыкметы развiтай цывiлiзацыi. Разумныя iстоты – пакуль што мы не асмельвалiся называць iх, не ўбачыўшы, людзьмi змянiлi аблiчча планеты. Аднак тут, вакол нас, лес здаваўся ненаселеным. Зрэшты, у гэтым не было нiчога дзiўнага: калi б мы выпадкова звалiлiся з неба ў якiм-небудзь закутку азiяцкiх джунгляў, нас бы таксама ўразiла некранутасць мясцiн чалавекам.

Перш чым пачаць што-небудзь рабiць, мы далi, параiўшыся, планеце iмя. За неверагоднае падабенства з Зямлёю мы назвалi яе Сарора*.

* Сарора – сястра (лац.).

Пасля, вырашыўшы, не марнуючы часу, пачаць разведку, рушылi ўтрох у глыб лесу па сцяжынцы, пратаптанай, мусiць, звярамi. У мяне i Артура Левэна былi карабiны. Што ж да прафесара, то ён з пагардаю ставiўся да матэрыяльнай зброi, паважаючы толькi iнтэлектуальную моц. Iшлi мы надзiва лёгка i хутка, але не таму, што сiла цяжару была тут меншая – нават у гэтым Сарора нiчым не адрознiвалася ад Зямлi, – проста, набыўшы нармальную вагу пасля палутарнай, да якой прывыклi ўжо на караблi, мы гатовыя былi скакаць, бы козлiкi.

Мы iшлi ланцужком, адзiн за адным, аклiкаючы раз-пораз Гектара, але той па-ранейшаму не паказваўся. Раптам Левэн, якi iшоў наперадзе, спынiўся i даў нам знак прыслухацца. Сапраўды, аднекуль чуўся гук, падобны на шум вадаспада. Мы рушылi ў гэтым кiрунку, i неўзабаве гук стаў яснейшы, так што ў нас знiклi сумненнi наконт яго паходжання.

Хутка мы ўбачылi гэты вадаспад. Мы доўга дзiвiлiся прыгажосцi вiдовiшча, якiм нас сустрэла Сарора. Чысты, празрысты, як нашыя горныя крынiцы, паток пятляў каскадам па схоне i зрываўся ўнiз з вяршынi скалы, разбiваючыся непадалёк ад нас аб камянi ў невялiчкiм возеры, паверхня якога гарэла i пералiвалася ўсiмi колерамi вясёлкi – гiганцкая Бетэльгейзе дасягнула ў той час свайго зенiту.

Было ўжо так горача, а вада выглядала так спакушальна, што мы з Левэнам адразу ж падумалi пра адно i тое ж. Скiнуўшы адзежу, мы хацелi былi нырнуць у возера ўнiз галавою, але прафесар сказаў, што, апусцiўшыся колькi хвiлiн назад на невядомую планету, варта дзейнiчаць больш асцярожна. А што, калi гэта не вада, а якаясь iншая вадкасць, можа, нават ядавiтая? Ён сам наблiзiўся да берага, сеў на кукiшкi, прыгледзеўся, прынюхаўся i толькi тады акунуў у возера палец. Потым зачарпнуў троху падазронай вадкасцi ў далонь i пакаштаваў яе нарэшце на смак кончыкам языка.

– Напэўна, вада, – прамармытаў Антэль.

Ён нахiлiўся ўперад, каб яшчэ раз апусцiць руку ў возера, i раптам бы скамянеў. Пасля ўскрыкнуў i паказаў пальцам на след на пяску. Большага ўзрушэння я, здаецца, не адчуваў нiколi! Над нашымi галовамi палала агромнiстая Бетэльгейзе, а на вузкiм лапiку сырога пяску абсалютна выразна вымалёўваўся след чалавечай нагi.

Раздзел V

– След жаночай нагi, – пераканана сказаў Артур Левэн.

Такая рашучая заява дрыготкiм ад хвалявання голасам не здзiвiла мяне анi. Вытанчанасць i незвычайная прыгажосць адбiтку на пяску кiдалiся ў вочы. У тым, што гэта след чалавечай нагi, не было нiякiх сумненняў. Мажлiва, тут прайшоў юнак або мужчына маленькага росту, але куды больш пэўна можна было сказаць, што след належыць якойсьцi прыгажунi.

– Значыцца, Сарора населена людзьмi, – прамармытаў прафесар.

У ягоным голасе прагучала вельмi непрыемная мне нотка расчаравання. Антэль прывычна пацiснуў плячыма i стаў аглядапь разам з намi пясчаны бераг возера. Мы знайшлi яшчэ колькi слядоў той самай iстоты. Неўзабаве Левэн знайшоў за некалькi метраў ад берага яшчэ адзiн след – ужо на сухiм пяску, але таксама вiльготны.

– Яна была тут сама больш хвiлiн пяць назад! – сказаў Левэн. – Купалася тут, пачула нашы галасы i ўцякла.

Мы ўсе былi перакананыя, што след належыць жанчыне. Затаiўшы дыханне, пачалi ўзiрацца ў лясны гушчар, але там нiводзiн сучок не трэснуў.

– У нас яшчэ будзе час пазнаёмiцца, – сказаў Антэль, зноў пацiснуўшы плячыма. – Але калi тут купаўся чалавек, значыцца, i мы можам асвяжыцца, нiчога не баючыся.

Шаноўны прафесар умомант скiнуў з сябе адзежу i адразу ж палез у возера. Услед за iм адважыўся i я. Пасля доўгага пералёту вада здалася нам такой свежай, такой прыемнай, што, зайшоўшы ў яе, мы адразу ж забылiся на сваё адкрыццё. Толькi Левэн задумаўся аб нечым i стаяў на месцы бы ўкапаны, усё роўна як i не з намi ён быў, а дзесьцi зусiм далёка адсюль. Я ўжо хацеў падражнiць яго, як раптам убачыў уверсе, над вадаспадам, жанчыну!

Нiколi не забуду гэтага вiдовiшча. Ад казачнай прыгажосцi дзяўчыны, якая раптам з'явiлася перад намi пад вогненна-чырвонымi промнямi Бетэльгейзе, у мяне заняло дух. Дальбог, у зiхоткай вясёлцы пырскаў гэтая дачка Сароры была падобная на багiню. Зусiм голая, яна не таiла сваёй спакуслiвай прыгажосцi, такой кiдкай у неверагодна моцным святле Бетэльгейзе, – за адзiныя строi былi ў яе доўгiя, да пояса валасы. I хоць за два гады мы адвыклi ад жанчын i нам не было з кiм параўнаць гэтую нiмфу, нiхто з нас, апiсваючы дзяўчыну, не змог бы перабольшыць яе прыгажосцi. Незнаёмая, што нерухома, бы статуя на п'едэстале, замерла на скале, мела сама iдэальную фiгуру, якую толькi мог уявiць сабе зямлянiн. Зачараваныя, мы з Левэнам нават уздыхнуць баялiся. Прафесар Антэль i той, як мне здалося, застыў уражаны.

Дзяўчына стаяла, падаўшыся наперад, з трохi адведзенымi назад рукамi, быццам ныральшчыца, гатовая кiнуцца ў ваду. Яна назiрала за намi i была збянтэжаная не менш за нас. Я быў такi ўсхваляваны, што нават не ўбачыў, якi ў яе твар, хоць i досыць доўга ўзiраўся ў яе, – гэтак загiпнатызавала мяне яе дзiўнае цела. Толькi праз якую хвiлiну я адзначыў сам сабе, што яна белая скура ў яе была хутчэй залацiстая, чым смуглявая, – даволi высокая, але не занадта. Пасля разгледзеў бездакорныя рысы чыстага твару, якi можа хiба што прыснiцца. I ўрэшце стаў узiрацца ў вочы.

Тут я ажно ўздрыгнуў, такi нязвыклы для майго зямнога зроку быў у дзяўчыны позiрк. Што ж, жыхарка такога далёкага свету павiнна была хоць чымсьцi адрознiвацца ад нас. Але што ў яе вачах было не так, як у нас, я пакуль што, як нi намагаўся, вызначыць не мог. Адчуваў толькi, што позiркi нашыя зусiм розныя. I не ў колеры яе вачэй была прычына такога ўражання, хоць iх шэры колер i меў даволi рэдкае на Зямлi адценне. Дзiўны быў выраз гэтых вачэй, дакладней, адсутнасць выразу: яны былi зусiм пустыя i нагадвалi мне вочы адной няшчаснай вар'яткi, якую давялося некалi сустрэць.

Толькi ў позiрку гэтай нiмфы над вадаспадам было не вар'яцтва, не!

Калi дзяўчына заўважыла, што за ёй назiраюць, яна раптам iмгненна адскочыла, усё роўна як яе апякло цi ўдарыла токам. У гэты момант яна была падобная на спалоханага звярка. I гэта не быў спалох цнатлiвай нявiннiцы, якую заспелi голай, iнакш бы яна не назiрала за намi стоячы на адкрытым месцы ў такiм выглядзе. Проста яе вочы не маглi або не хацелi вытрымлiваць мой позiрк. Павярнуўшы галаву ўбок, яна ўпотайкi паглядвала цяпер на нас скосу.

– Я ж казаў вам, што гэта жанчына, – прамармытаў Артур Левэн.

Ён усхвалявана вымавiў гэтыя словы голасам, ледзь чутным i нам самiм, амаль шэптам, аднак дзяўчына пачула яго. Левэнавы словы прагучалi для яе, бы пярун: яна зноў адскочыла назад, i так хутка, што зноў нагадала мне спалоханага звярка, якi кiнецца зараз уцякаць. Але, адступiўшы на два-тры крокi i амаль што поўнасцю схаваўшыся за скалою, яна ўсё ж спынiлася. Цяпер я бачыў толькi яе лоб i адно вока, якое пiльнавала нас.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю