355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Пьер Буль » Планета малпаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Планета малпаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 00:54

Текст книги "Планета малпаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Пьер Буль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 10 страниц)

Мая перавага над астатнiмi палоннымi, якой я не выяўляў больш да такой ступенi, каб палохалiся вартаўнiкi, зрабiла мяне важнаю персонаю. Гэтая акалiчнасць, мушу прызнацца, на мой сорам, поўнасцю задавальняла маё самалюбства, i нават напаўняла мяне гонарам. Зарам i Занам абыходзiлiся са мною па-сяброўску: iм падабалася, калi я iм усмiхаўся, рагатаў цi прамаўляў асобныя словы. Пераспрабаваўшы на мне ўсе класiчныя тэсты, яны старалiся вынайсцi новыя, больш складаныя, i мы разам радавалiся, калi мне ўдавалася вырашыць пастаўленую задачу. Яны нiколi не забывалiся прынесцi мне якi-небудзь ласунак, i я ахвотна дзялiўся iм з Новаю. Мы лiчылiся прывiлеяванай параю. Аслеплены, я ўяўляў, нiбыта мая сяброўка ўсведамляе, што ўсiм гэтым яна абавязана маiм талентам, i большую частку часу выпiнаўся перад ёю.

Але праз некалькi тыдняў мне стала моташна. Можа, вiнаватыя былi вочы Новы, якiя здалiся мне тады асаблiва бязглуздымi, а можа, кавалачак цукру, якiм мяне пачаставала Зiра, раптам здаўся горкiм? Я пачырванеў ад сораму, усвядомiўшы, што гатовы ўжо быў, апусцiўшыся, скарыцца. Што падумае пра мяне прафесар Антэль, калi ён выпадкова ўцалеў i знойдзе мяне ў такiм стане? Толькi адна гэтая думка была ўжо мне невыносная, i я цвёрда вырашыў адразу ж, неадкладна, пачаць паводзiць сябе як належыць цывiлiзаванаму чалавеку.

Пагладжваючы ў знак удзячнасцi лапку Зiры, я асцярожна завалодаў яе блакнотам i ручкаю i, не звяртаючы ўвагi на яе ласкавыя папрокi, усеўся на салому i пачаў маляваць Нову. Я няблага некалi маляваў, дый мадэль мяне натхняла, i мне ўдалося зрабiць прыстойны эскiз, якi я працягнуў шымпанзэ.

Зiра расхвалявалася: усе яе сумненнi на мой конт умомант адрадзiлiся. Пысачка ў яе пачырванела, яна не ў сiлах была суняць дрыготку. Скарыстаўшы яе разгубленасць, я ўладна працягнуў руку па блакнот, i гэтым разам яна аддала яго мне самахоць. I як гэта я дагэтуль не мог звярнуцца да такога простага спосабу?!

Прыгадаўшы свае школьныя веды, я начарцiў трохкутнiк з тэарэмы Пiфагора. Выбар мой быў невыпадковы. У юнацтве я чытаў адну навукова-фантастычную аповесць, у якой стары вучоны выкарыстоўваў геаметрычныя фiгуры, каб усталяваць кантакт з разумнымi iстотамi iншага свету. У час пералёту я неяк загаварыў пра гэта з прафесарам Антэлем, i ён нават адобрыў такi метад. Згадваю, ён яшчэ дадаў, што геаметрыя Эўклiда – суцэльная памылка, i менавiта таму яна павiнна быць агульнапрынятаю ва ўсiх сусветах.

Так цi iнакш, Зiра, убачыўшы мой чарцёж, мала не закалацiлася. Яна дзiка ўскрыкнула, пысачка ў яе зрабiлася зусiм пурпуровая. Толькi калi ўстрывожаныя Зарам i Занам кiнулiся ёй на дапамогу, шымпанзэ здолела авалодаць сабою. I тут Зiра павяла сябе, як мне здалося, дзiўна: кiнуўшы на мяне ўпотайкi кароткi позiрк, хутка i спрытна схавала мой малюнак i чарцёж, потым сказала нешта гарылам, i тыя выйшлi з памяшкання. Я зразумеў, што яна загадала iм выйсцi пад нейкiм зручным прэтэкстам. Пасля шымпанзэ пацiснула мне руку, i жэст гэты меў зусiм iншае значэнне, чым раней, калi яна проста ласкала мяне, як сiмпатычнага звера за тое, што ён дагадзiў ёй сваёй кемлiвасцю. Нарэшце яна з умольным выглядам працягнула мне блакнот i ручку. Цяпер ужо ёй самой не цярпелася наладзiць са мною кантакт.

Я падзякаваў у глыбiнi душы Пiфагору i паглыбiўся ў геаметрыю. На адной старонцы я як мага больш старанна начарцiў тры канiчныя вытворныя з iх вяршынямi i накiравальнымi: элiпс, парабалу i гiпербалу. На другой начарцiў конус. Тут я хачу нагадаць, што перасячэнне конуса плоскасцямi ўтварае ў плане менавiта адну з гэтых вытворных, у залежнасцi ад вугла перасячэння. Таму я дамаляваў да конуса перасякаючую плоскасць пад пэўным вуглом i, звярнуўшыся да першага чарцяжа, паказаў уражанай шымпанзэ на элiпс, якому адпавядала гэтае сячэнне.

Зiра вырвала блакнот у мяне з рук, начарцiла ў сваю чаргу конус, перасечаны плоскасцю пад iншым вуглом, i ўказала мне сваiм доўгiм пальцам на гiпербалу. Я так расхваляваўся, што на вачах у мяне выступiлi слёзы. Я сутаргава сцiснуў шымпанзэ руку. Нова, якая адступiла ў глыбiню клеткi, люта заенчыла. Iнстынктыўна дзiкунка ўлоўлiвала сэнс таго, што цяпер адбывалася. Яна не памылялася. Праз пасрэднiцтва геаметрыi памiж мною i Зiраю ўсталяваўся духоўны кантакт. Я меў ад гэтага амаль фiзiчную асалоду i адчуваў, што шымпанзэ таксама ўзрадаваная.

Раптам яна вырвала ў мяне сваю лапку i выскачыла з аддзялення. Адсутнiчала яна нядоўга, але ўвесь гэты час я правёў бы ў сне, не смеючы ўзняць вачэй на Нову, якая з бурчаннем кружляла вакол мяне: я ўсё-такi адчуваў сябе вiнаватым перад ёю.

Калi Зiра вярнулася, я ўбачыў, што яна прынесла мне малявальную дошку з замацаваным на ёй вялiкiм аркушам паперы. Падумаўшы трохi, я вырашыўся адкрыць Зiры ўсю праўду.

У адным куце аркуша я намаляваў сiстэму Бетэльгейзе – такой, як яна ўяўлялася нам з зоркалёта: гiганцкае сонца ў цэнтры, а вакол яго – чатыры планеты. Асаблiва старанна намаляваў я Сарору з яе маленькiм спадарожнiкам, дакладна вызначыўшы месцазнаходжанне планеты ў прасторы. Ткнуўшы пальцам у яе выяву, я паказаў на Зiру. Тая зрабiла знак, што цудоўна ўсё зразумела. Тады ў другiм куце аркуша я намаляваў нашую старую добрую Сонечную сiстэму з яе асноўнымi планетамi. Пасля паказаў на Зямлю i прыставiў палец да сваiх грудзей.

Тут Зiра завагалася. Паказаўшы ў сваю чаргу на Зямлю, яна ўзняла палец уверх, да неба. Я кiўнуў галавою. Шымпанзэ была ў недаўменнi, нiяк не магла паверыць. Тады я з'яднаў Зямлю з Сарораю пункцiрнай лiнiяй i намаляваў на ёй у другiм маштабе наш зоркалёт. Гэта быў для шымпанзэ нiбыта прамень святла ў цемры! Цяпер ужо Зiра ведала, хто я такi i адкуль. Яна рванулася да мяне, але тут у канцы калiдора з'явiўся Заюс: ён iшоў на чарговы агляд падвопытных. Ад страху вочы ў шымпанзэ сталi круглыя. Зiра iмгненна згарнула аркуш паперы, сунула ў кiшэню блакнот i, пакуль арангутан яшчэ не наблiзiўся, паспела ўмольна прыкласцi палец да вуснаў: яна раiла мне не адкрывацца перад Заюсам. I я падпарадкаваўся ёй, хоць i не разумеў, навошта ўся гэтая таямнiчасць. Але я быў упэўнены, што з гэтага дня Зiра – мая саюзнiца, i зноў прыкiнуўся разумнай жывёлiнай.

Раздзел II

З таго часу дзякуючы Зiры я пачаў рабiць вялiкiя поспехi ў вывучэннi малпавай мовы i культуры. Пад выглядам новых, асобых тэстаў Зiра амаль штодня заставалася са мною сам-насам. Яна ўзялася вучыць мяне сваёй мове i ў той самы час засвойвала французскую з дзiўнай лёгкасцю. Менш чым праз два месяцы мы ўжо маглi свабодна размаўляць на сама розныя тэмы. Патроху перада мною адкрываўся духоўны свет Сароры, яе дзiўная цывiлiзацыя, якую я паспрабую абмаляваць тут у агульных рысах.

Толькi мы з Зiраю пачалi разумець адно аднаго, як я адразу ж паспяшаўся задаць галоўнае пытанне, што цiкавiла мяне:

– Няўжо малпы – адзiныя разумныя iстоты, цары прыроды на гэтай планеце?

– Цябе гэта здзiўляе? – сумелася яна. – Вядома, малпа – адзiная iстота, якая ўмее думаць, надзелена не толькi целам, але i душою. Сама зацятыя матэрыялiсты з нашых вучоных i тыя прызнаюць асобую сутнасць малпавай душы.

Кожнага разу я ледзь не падскокваў ад падобных выказванняў, хоць, здавалася, можна было б ужо i прывыкнуць.

– Але скажы, Зiра, хто ж тады людзi?

Я ўжо згадваў, што яна хутчэй засвойвала маю мову, чым я iхнюю, таму ў першыя днi мы гаварылi толькi па-французску i адразу ж перайшлi iнстынктыўна на "ты". Спачатку было цяжка прызвычаiцца да таго, што словы "чалавек" i "малпа" маюць для нас розны сэнс, але гэта хутка перастала нам замiнаць. Кожны раз, калi Зiра казала "малпа", я перакладаў сам сабе: вышэйшая iстота, вяршыня эвалюцыi. Калi ж яна гаварыла пра людзей, я ведаў, што гаворка iдзе пра жывёл, якiя, праўда, надзелены iмiтацыйным iнстынктам i маюць пэўнае анатамiчнае падабенства да малпаў, аднак менавiта ўсё ж пра жывёл з прымiтыўнай псiхiкай i свядомасцю.

– За апошнiя сто гадоў, – апавядала мне прафесарскiм тонам Зiра, – мы дамаглiся адмысловых поспехаў у даследаваннi паходжання вiдаў. Раней лiчылася, што вiды – нязменныя, што ўсе iстоты застаюцца такiя, якiмi выпусцiў iх у свет усемагутны творца. Але цэлая плеяда вялiкiх вучоных – усе яны былi шымпанзэ прымусiла нас поўнасцю перагледзець свае погляды на гэты конт. Цяпер мы ведаем, што ў блiзкiх вiдаў быў, напэўна, агульны продак.

– Значыцца, малпа паходзiць ад чалавека?

– Некаторыя так i лiчаць, але на справе ўсё шмат больш складана. Малпа i чалавек на пэўным этапе эвалюцыi стварылi дзве розныя галiны: адна працягвала развiвацца i паступова дасягнула вяршынь розуму, другая ж застыла на ўзроўнi чалавечага свету. Зрэшты, многiя арангутаны ўсё яшчэ адмаўляюць гэтую вiдавочную iсцiну.

– Ты сказала, Зiра... цэлая плеяда вялiкiх вучоных – i ўсе шымпанзэ?..

Я перадаю нашыя гутаркi такiмi ж спантаннымi, якiмi яны i былi: iмкнучыся даведацца як найхутчэй пра ўсё, я задаваў сама розныя пытаннi, на якiя Зiра падоўгу адказвала.

– Амаль усе вялiкiя адкрыццi зроблены шымпанзэ, – з запалам пацвердзiла яна.

– У малпаў ёсць касты?

– Iснуюць тры групы – ты ўжо гэта, пэўна, заўважыў, – кожная са сваiмi ўласцiвасцямi: шымпанзэ, гарылы i арангутаны. Расавыя бар'еры, якiя былi памiж iмi раней, i ўзаемная варожасць, якую яны ўзбуджалi, знiшчаны дзякуючы пераважна намаганням шымпанзэ. Сёння ўсе тры расы ў прынцыпе роўныя.

– Але большая частка вялiкiх адкрыццяў зроблена ўсё-такi шымпанзэ?

– Натуральна.

– А хто такiя гарылы?

– Пажыральнiкi мяса, – сказала яна з пагардаю. – Некалi яны былi феадальнымi князькамi, i ў многiх дагэтуль захаваўся смак да ўлады. Яны без памяцi любяць арганiзоўваць i кiраваць. Сiбарыты. Любяць паляванне. А бяднейшыя наймаюцца на працу, якая вымагае вялiкай фiзiчнай сiлы.

– А што ты скажаш пра арангутанаў?

Зiра ўважлiва паглядзела на мяне, потым зарагатала.

– Iхняя справа – афiцыйная навука. Ты ўжо ў гэтым пераканаўся i, думаю, будзеш мець магчымасць пераканацца яшчэ не раз. Яны ведаюць практычна ўсё, што можна вычытаць з кнiг. Усе яны ўшанаваныя рознымi ўзнагародамi. Некаторыя лiчацца нават буйнымi знаўцамi ў якой-небудзь вузкай галiне, дзе патрабуецца добрая памяць. Што ж да астатняга...

Тут Зiра пагардлiва махнула рукою.

Я не стаў настойваць, вырашыўшы, што мы яшчэ паспеем пагаварыць пра гэта. А пакуль што я вярнуўся да больш агульных пытанняў. Па маёй просьбе Зiра намалявала генеалагiчнае дрэва малпаў, як яго ўяўляюць лепшыя спецыялiсты. Яно было досыць падобнае на нашыя схемы эвалюцыi вiдаў. Ад агульнага ствала, пачатак якога губляўся ў невядомасцi, аддзялялiся паслядоўна розныя галiны раслiны, аднаклеткавыя арганiзмы, кiшачна-поласцевыя, iгласкурыя; вышэй размяшчалiся рыбы, рэптылii i, нарэшце, сысуны. Далей вызначаўся клас, аналагiчны класу нашых чалавекападобных. Ад яго адыходзiла галiна чалавека бакавая i кароткая. Тым часам цэнтральны ствол працягваў расцi i разгалiноўвацца на розныя вiды дагiстарычных малпаў з цяжка прамаўляльнымi назвамi i, нарэшце, заканчваўся вiдам simie sapiens з трыма вяршынямi эвалюцыi: падвiдамi шымпанзэ, гарыл i арангутанаў.

– Мозг малпы, – працягвала Зiра, – развiваўся, ускладняўся i ператварыўся нарэшце ў орган мыслення, у той час як мозг чалавека не зведаў нiякiх змен.

– Але чаму такога развiцця дасягнуў менавiта мозг малпы?

– Натуральна, галоўную ролю адыграла мова. Але чаму малпы загаварылi, а людзi не? На гэты конт погляды вучоных разыходзяцца. Адны бачаць у гэтым волю творцы, другiя сцвярджаюць, што розум у малпаў эвалюцыянiраваў перш за ўсё дзякуючы наяўнасцi чатырох рухавых канечнасцяў. Магчыма, што чалавек з яго дзвюма рукамi i кароткiмi няспрытнымi пальцамi з самага пачатку апынуўся ў нявыгадным становiшчы: ён не мог прагрэсiраваць, набываць дакладнае ўяўленне пра навакольны свет. З гэтае ж прычыны людзi нiколi не ўмелi спрытна карыстацца прыладамi... Урэшце, магчыма, ён i спрабаваў навучыцца гэтаму ў пачатку сваёй эвалюцыi... Выяўлены цiкавыя знаходкi. Якраз цяпер у гэтым накiрунку вядзецца багата даследаванняў. Калi ты цiкавiшся гэтым, я пазнаёмлю неяк цябе з Карнэлiем. Ён разбiраецца ў гэтых пытаннях лепш за мяне.

– А што за Карнэлiй?

– Мой жанiх, – адказала Зiра, пачырванеўшы. – Вялiкi, сапраўдны вучоны.

– Шымпанзэ?

– Ну вядома!.. Дык вось, я асабiста ўпэўненая: той факт, што мы чатырохрукiя, адыграў у нашай духоўнай эвалюцыi велiзарную ролю. Гэта дазволiла нам спачатку ўзняцца на дрэвы i такiм чынам асвойтацца ў трохмернай прасторы, у той час як чалавек, прывязаны да зямлi праз сваю фiзiчную недасканаласць, чэзнуў на адной плоскасцi. Потым мы стварылi розныя прылады, зноў жа таму, што маглi ўдала iмi карыстацца. Пачаўся прагрэс, i такiм чынам мы дасягнулi вяршынь розуму.

На Зямлi я часта чуў, як абсалютна процiлеглыя доказы прыводзiлi для тлумачэння перавагi чалавека над астатнiмi жывёламi. Аднак, падумаўшы, я вырашыў, што разважаннi Зiры нi кроплю не менш пераканаўчыя за нашыя.

Я хацеў прадоўжыць гэтую размову, на языку ў мяне круцiлiся сотнi пытанняў, але тут нас перапынiлi Зарам i Занам, якiя прынеслi ежу для вячэрняй кармёжкi. Зiра шэптам пажадала мне: "Дабранач!" – i пайшла.

Я зноў застаўся ў клетцы сам-насам з Новаю. Мы паелi. Гарылы пайшлi, патушыўшы за сабою ўсе лямпы, апрача начнiка над дзвярыма, ад якога лiлося цьмянае святло. Я глядзеў на Нову, раздумваючы пра ўсё, што зведаў за гэты дзень. Нова, натуральна, ненавiдзела Зiру, i мае гамонкi з шымпанзэ раз'юшвалi яе. Спачатку яна як магла выказвала сваю незадаволенасць, спрабуючы перашкодзiць нам: станавiлася памiж мною i Зiраю, скакала па клетцы, вырывала з падсцiлкi пучкi саломы i кiдала iх у галаву разводнiцы. Каб утаймаваць яе, я быў вымушаны выкарыстаць сiлу. Атрымаўшы ад мяне некалькi звонкiх плескачоў, Нова нарэшце супакоiлася. Я дазволiў сабе такi недалiкатны жэст мiжволi i пазней шмат з-за гэтага перажываў, аднак Нова, здавалася, не сердавала зусiм.

Разумовае напружанне, якога вымагалi ад мяне тэорыi эвалюцыi, распрацаваныя малпамi, забрала ў мяне ўсю сiлу. Так што я быў толькi рады, калi ўбачыў, што, наблiзiўшыся, Нова пачала лашчыць мяне. Ласкi яе былi паўчалавечыя, паўжывёльныя: за ўвесь гэты час, пераймаючы адно аднаго, мы вынайшлi спосаб любоўных гульняў, якi ўвабраў у сябе часткова звычаi цывiлiзаваных зямлян i дзiкуноў Сароры.

Раздзел III

Для мяне гэта быў асаблiвы дзень. Паддаўшыся нарэшце маiм просьбам, Зiра згадзiлася вывесцi мяне з Iнстытута вышэйшай фiзiялогii – так называлася нашая ўстанова – на прагулку па горадзе.

Яна рашылася на гэта пасля доўгiх ваганняў. Спатрэбiлася багата часу, каб яна прывыкла лiчыць мяне разумнай iстотаю. Пакуль яна заставалася са мною, ёй гэта было няцяжка, але потым Зiру зноў адольвалi сумненнi. Паспрабуйце ўявiць сябе на яе месцы! Мае расказы пра людзей, а галоўнае, пра малпаў Зямлi абурылi яе – iнакш i быць не магло. Пазней Зiра прызналася, што доўгi час ёй больш хацелася бачыць ува мне чараўнiка цi шарлатана, абы толькi не прызнаваць прыведзеныя мною факты. Аднак пад нацiскам шматлiкiх удакладненняў i доказаў яна канчаткова паверыла ў мяне i нават пачала абдумваць планы майго вызвалення, справы, дарэчы, зусiм не простай, як яна мне растлумачыла. А пакуль што яна прыйшла за мною неўзабаве пасля поўдня, каб вывесцi мяне на шпацыр.

Пры адной толькi думцы, што я зноў убачу неба над галавою, сэрца маё так i закалацiлася, але я прыкметна астыў, калi ўбачыў, што Зiра збiраецца весцi мяне на ланцужку. Гарылы выцягнулi мяне з клеткi, бразнуўшы дзвярыма перад носам у Новы, i надзелi мне на шыю скураны ашыйнiк з прымацаваным да яго надзейным ланцугом. Зiра схапiла свабодны канец ланцуга i павяла мяне да выйсця пад улюлюканне Новы, якое раздзiрала мне душу. Ахоплены жалем, я пачаў супакойваць яе сяброўскiмi жэстамi, але, заўважыўшы гэта, шымпанзэ засердавала i, надта не цырымонячыся, тузанула за ланцуг. З тае пары як Зiра ўпэўнiлася, што ў мяне малпiн розум, мая сувязь з гэтай дзяўчынаю шакiравала яе.

Але калi мы засталiся адны ў паўцёмным пустым калiдоры, яе дурны настрой прайшоў.

– Напэўна, людзi Зямлi не прывыклi, – спыталася яна, смеючыся, – каб iх вось так прагульвала на павадку малпа?

Я запэўнiў яе, што ў нас такога не ўбачыш. Папрасiўшы прабачэння, Зiра растлумачыла, што некаторых прыручаных людзей можна вадзiць па вулiцах, не баючыся скандалу, але будзе спакайней, калi я застануся на ланцугу. Пазней, калi яна пераканаецца ў маёй паслухмянасцi, я, магчыма, змагу прагульвацца з ёю i без ланцуга.

Потым яна забылася, хто я такi – з Зiраю гэта здаралася, – i засыпала мяне iдыёцкiмi настаўленнямi:

– Не надумайся толькi кiдацца на мiнакоў або скалiць зубы... I божа цябе баранi падрапаць якое-небудзь даверлiвае дзiця, калi яно захоча пагладзiць цябе. Я не надзела табе наморднiк, аднак...

Але тут Зiра з рогатам спынiлася.

– О, прабач мне, прабач! – усклiкнула яна. – Я ўвесь час забываюся, што ты разумны, як малпа...

Яна па-сяброўску паляпала мяне па плячы, просячы прабачэння. Яе весялосць прыцiшыла злосць, якая пачала ўжо закiпаць ува мне. Мне заўсёды было прыемна чуць, як смяялася Зiра. Згадваючы Нову, якая ўсё яшчэ не магла выказваць гэтак сваю радасць, я толькi ўздыхаў. Неўзабаве весялосць шымпанзэ перадалася i мне. У паўзмроку калiдора рысы Зiры былi амаль нябачныя – я бачыў толькi яе белую пысачку. Зiра надзела яркую сукенку, а на галаву нацягнула студэнцкi каўпачок, якi закрываў яе вушы. На iмгненне я нават забыўся, што гэта малпа, i ўзяў яе пад руку. Гэта здалося ёй натуральным, i яна не запярэчыла. Так, прыцiснуўшыся адно да аднаго, мы прайшлi некалькi метраў. Але ў канцы калiдора было бакавое акно, i, спынiўшыся перад iм, Зiра жыва вызвалiла руку i адштурхнула мяне. Пасур'ёзнеўшы, яна нацягнула ланцуг.

– Ты не павiнен гэтага рабiць, – сумна сказала яна. – Па-першае, я заручаная i...

– Ты заручаная?!

Недарэчнасць гэтай заўвагi, зробленай у сувязi з маiм нявiнным сяброўскiм жэстам, мы адчулi адначасна. Пысачка ў Зiры паружавела, i яна паправiлася:

– Я хачу сказаць, што нiхто не павiнен падазраваць, якая твая сапраўдная сутнасць. Гэта ў тваiх iнтарэсах, павер мне.Я пакорлiва пацягнуўся ўслед за ёй на ланцугу. Мы выйшлi з будынка. Швейцар iнстытута, здаравенны самец-гарыла ў мундзiры, ветлiва пакланiўшыся Зiры, правёў мяне насмешлiвым позiркам. На вулiцы я ажно хiстацца пачаў: пасля трох месяцаў зняволення ў мяне ад гарадской мiтуснi i ззяння Бетэльгейзе кружылася галава. Я з усяе сiлы ўдыхаў цёплае паветра, чырванеючы ад сораму за тое, што iду па горадзе голы. У клетцы я прызвычаiўся да поўнай адсутнасцi адзежы, але тут, на вачах у мiнакоў-малпаў, якiя нязмушана разглядвалi мяне, зноў адчуў непрыстойнасць свайго выгляду. Зiра катэгарычна адмовiлася даць мне адзежу, сцвярджаючы, што тады я буду выглядаць яшчэ больш недарэчна, бо буду падобны на дрэсiраванага чалавека, з тых, што паказваюць на кiрмашах. I, вядома, яна мела рацыю. Калi мiнакi i азiралiся на мяне, дык не таму, што я быў голы, а таму, што быў чалавек, рэдкае вiдовiшча, якое выклiкала такую ж цiкаўнасць, якую ў французскiм горадзе магло б узбудзiць з'яўленне шымпанзэ. Дарослыя, пасмяяўшыся, iшлi сваёй дарогаю. Некалькi дзяцей, узрадаваных бясплатным прадстаўленнем, паскакалi за намi. Зiра хутка давяла мяне да сваёй машыны, пасадзiла на задняе сядзенне, а сама ўладкавалася за рулём, i мы не спяшаючыся паехалi па вулiцах.

Гэты горад, сталiцу адной з буйнейшых абласцей малпавай дзяржавы, я бачыў толькi з клеткi ў дзень прыбыцця, i цяпер мне даводзiлася нанова прывыкаць да таго, што ён населены малпамi-мiнакамi, малпамi– кiроўцамi, малпамi-гандлярамi, малпамi-дзялкамi, малпамi-палiцэйскiмi, аднымi малпамi! Калi б не гэта, горад не ўяўляў бы сабою нiчога асаблiвага. Дамы былi падобныя на нашыя дамы, вулiцы такiя ж бруднаватыя, як i ў нас... Рух быў менш напружлiвы за наш. Што ўразiла мяне найболей, дык гэта спосаб, якiм мiнакi пераходзiлi вулiцы. Замест пешаходных дарожак тут былi паветраныя пераходы з металiчнай, з буйнымi ячэйкамi, сеткi, за якую малпы чаплялiся ўсiмi чатырма лапамi, абутымi ў пальчаткi з тонкай скуры, якiя дазвалялi малпам карыстацца нiжнiмi канечнасцямi гэтаксама ж свабодна, як i верхнiмi.

Павазiўшы мяне трохi па горадзе, каб я мог скласцi сабе пра яго агульнае ўяўленне, Зiра спынiла машыну перад высокiмi кратамi, скрозь якiя вiднелiся вялiкiя паляны ў кветках.

– Гэта парк, – растлумачыла яна. – Тут мы зможам прагуляцца. Я хацела б паказаць табе што-небудзь iншае, напрыклад, нашы выдатныя музеi, але пакуль што гэта немагчыма.

Я запэўнiў яе, што буду рады размяць ногi.

– Да таго ж, – дадала яна, – у парку нас не будуць непакоiць. Народу тут мала, а нам час ужо пагаварыць сур'ёзна.

Раздзел IV

– Ты, мне здаецца, не ўяўляеш, якiя небяспекi пагражаюць табе ў нас? спыталася Зiра.

– Пра некаторыя я ўжо маю ўяўленне. Але мне здаецца, што, калi я адкрыюся – а я магу зрабiць гэта цяпер, прывёўшы неабходныя доказы, – малпы павiнны будуць мяне прызнаць, як свайго брата па розуме.

– Тут ты i памыляешся. Слухай мяне...

Мы прагульвалiся па парку. Прысады ў iм былi пустынныя, толькi зрэдку сустракалiся закаханыя парачкi, якiя амаль не звярталi на мяне ўвагi. Я ж, наадварот, уважлiва назiраў за iмi, вырашыўшы не ўпускаць нiводнай магчымасцi пазнаёмiцца са звычаямi малпаў.

Закаханыя гулялi дробнымi крокамi, абняўшы адно аднаго за талiю так, што iх доўгiя рукi, цесна i мудрагелiста перапляталiся. На паваротках прысадаў яны часта спынялiся, каб пацалавацца. Iншы раз, азiрнуўшыся па баках, яны хапалiся за нiжнiя галiны i ўзбiралiся на дрэвы. Рабiлi яны гэта не раздымаючы абдымкаў – кожны дзейнiчаў адной рукою i адной нагою з зайздросным спрытам, – i ўжо праз якое iмгненне знiкалi ў лiстоце.

– Твой касмiчны катэр знойдзены, – гаварыла Зiра (я ўжо досыць падрабязна растлумачыў ёй, як мы высадзiлiся на планету), – ва ўсякiм разе тое, што ад яго засталося пасля пагрому. Рэшткi вывучаюцца цяпер нашымi вучонымi. Яны прызналi, што ён не мог быць пабудаваны на Сароры.

– У вас ёсць аналагiчныя апараты?

– Не такiя дасканалыя. Мяркуючы па тваiх расказах, мы яшчэ дужа адстаём ад вас. Аднак мы ўжо запусцiлi некалькi штучных спадарожнiкаў, i апошнi з iх быў нават з жывой iстотаю на борце – з чалавекам. На жаль, нам прыйшлося ўзарваць спадарожнiк у палёце: мы не маглi павярнуць яго назад.

– Разумею, – сказаў я задуменна. – Значыцца, вы выкарыстоўваеце людзей i ў такiх эксперыментах...

– Прыходзiцца... Так што, твой катэр знойдзены.

– А наш карабель, якi кружляе вакол Сароры вось ужо два месяцы?

– Пра гэта я нiчога не чула. Напэўна, нашыя астраномы яго не засеклi. Толькi не перапыняй мяне на кожным слове! Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што твая ракета прыляцела з другой планеты нашай зорнай сiстэмы i што ў ёй былi пасажыры. Далей гэтага яны не пайшлi. Нiкому i ў галаву не прыходзiць, што гэтыя разумныя iстоты могуць мець аблiчча людзей!

– Але ж, Зiра, трэба iм гэта сказаць! – ускрыкнуў я. – Мне абрыдла быць палонным нават у найзручнейшай клетцы, якая толькi ёсць на Сароры, абрыдла, нягледзячы на твой клопат. Чаму ты мяне хаваеш? Чаму не сказаць праўду ўсiм?

Зiра спынiлася, азiрнулася па баках i паклала руку мне на плячо.

– Чаму? Толькi дзеля цябе самога. Ты ведаеш Заюса?

– Пытаешся яшчэ! Нават хацеў з iм пагаварыць. Ну i што?

– Ты заўважыў, як ён успрыняў твае першыя спробы давесцi, што ты разумная iстота? Ты ж не ведаеш, я ўжо сто разоў спрабавала праверыць яго ў гэтым цi хаця б намякнуць, – i з якой асцярожнасцю! – што, нягледзячы на знешнi выгляд, ты ўсё-такi, магчыма, не жывёлiна?

– Я бачыў, што вы часта спрачалiся i, здаецца, так i не прыйшлi да згоды.

– Ён упарты, як баран, i дурны, як чалавек! – выбухнула Зiра. – Але што рабiць? Такiя амаль што ўсе арангутаны. Ён аб'явiў раз i назаўжды, што ўсе твае здольнасцi тлумачацца высокаразвiтым чалавечым iнстынктам, i цяпер нiшто не прымусiць яго змянiць сваю думку. Да таго ж, ён ужо нават напiсаў пра цябе цэлую дысертацыю, у якой даводзiць, што ты – вучоны чалавек, гэта значыць чалавек, якi пабываў у палоне, быў выдрэсiраваны i здольны цяпер выконваць бессвядома пэўныя трукi.

– Тупая жывёлiна!

– Я згодная. Але ўся бяда ў тым, што ён прадстаўляе афiцыйную навуку i вельмi ўплывовы. У iнстытуце ён займае адну з сама высокiх пасадаў, таму ўсе мае прапановы праходзяць праз яго. Я ўпэўнена, што калi я паспрабую расказаць пра цябе праўду, як ты хочаш, то Заюс проста абвiнавацiць мяне ў навуковай ерасi. Мяне звольняць. Хоць нiчога б тут асаблiва страшнага не было, але ты...

– А што можа быць больш жахлiвага за жыццё ў клетцы?

– Няўдзячны! Ты нават не падазраеш, на якiя хiтрыкi прыйшлося мне пайсцi, каб цябе не перасялiлi ў энцэфалiчную лабараторыю! Заюс не спынiўся б нi перад чым, калi б ты працягваў даказваць яму, што з'яўляешся разумнаю iстотай.

– А што такое энцэфалiчная лабараторыя? – спытаўся я ўстрывожана.

– Лабараторыя, дзе мы робiм некаторыя тонкiя аперацыi на жывым мозгу: перасадкi тканак, пошукi i раздражненне нервовых цэнтраў, частковае i нават поўнае выдаленне мазгавых доляў.

– I вы робiце такiя вопыты на людзях?

– Натуральна. Мозг чалавека, як i ўся яго анатомiя, найблiжэйшы паводле сваёй пабудовы да нашага. Нам проста пашанцавала, што прырода стварыла жывёлiну, на якой мы можам вывучаць сябе. Людзi служаць нам i ў багата якiх iншых вопытах, але пра гэта ты даведаешся пазней. Якраз цяпер мы выконваем надзвычай важныя даследаваннi.

– Якiя патрабуюць значных папаўненняў чалавечага матэрыялу?

– Але, значных. Гэтым i тлумачацца аблавы, дзякуючы якiм мы аднаўляем нашыя запасы. На жаль, аблавы арганiзуюць гарылы, i мы не можам позбавiць iх любiмай забавы – палявання. Навука страчвае праз гэта велiзарную колькасць матэрыялу.

– Сапраўды, вельмi шкада, – працэдзiў я, сцiснуўшы вусны. – Вернемся, аднак, да маёй сцiплай асобы...

– Цяпер ты разумееш, чаму я вырашыла захаваць усё ў тайне?

– Дык, значыцца, я асуджаны сядзець да канца сваiх дзён у клетцы?

Ї Не, калi толькi план, якi я задумала, удасца. Але ж ты не павiнен раскрывацца, пакуль не настане зручны момант, калi ў нас на руках будуць магутныя козыры. Вось мая прапанова: праз месяц адкрыецца штогоднi кангрэс фiзiёлагаў. Гэта вялiкая падзея. На адкрыццi будзе процьма народу, у тым лiку прадстаўнiкi ўсiх буйнейшых газет. А грамадская думка адыгрывае ў нас такую ролю, што з ёю вымушаны лiчыцца не толькi Заюс, не толькi ўсе арангутаны, разам узятыя, але i нават гарылы. Вось гэта ты i павiнен скарыстаць. Табе трэба адкрыць сваю тайну перад усiм кангрэсам, у час пасяджэння, на якое Заюс прывядзе цябе ў якасцi экспаната: як я ўжо сказала, ён напiсаў даўжэзны опус пра цябе i твой выдатны iнстынкт. Але будзе лепш за ўсё, калi ты сам возьмеш слова i ўсё раскажаш. Гэта будзе такая сенсацыя, што Заюс не зможа табе перашкодзiць. Ты павiнен гаварыць ясна i дакладна, каб пераканаць вучоных, публiку i журналiстаў, як здолеў пераканаць мяне.

– А калi Заюс i iншыя арангутаны заўпарцяцца?

– Гарылы, вымушаныя ўлiчваць грамадскую думку, паставяць гэтых iдыётаў на месца. Дарэчы, не ўсе арангутаны такiя ж тупыя, як Заюс, i, нарэшце, сярод вучоных ёсць некалькi шымпанзэ, якiх арангутанам прыйшлося прыняць у акадэмiкi за iх сенсацыйныя адкрыццi. Адзiн з iх – Карнэлiй, мой жанiх. Я ўжо гаварыла з iм пра цябе. Толькi з iм. Ён абяцаў выступiць у тваю абарону. Вядома, спачатку ён хоча ўбачыць цябе i праверыць усё, што я яму расказала, – надта ўжо ўсё гэта неверагодна! Дарэчы, я цябе i прывяла сюды дзеля гэтага. Сёння ў нас спатканне, i ён павiнен хутка прыйсцi.

Карнэлiй чакаў нас каля групы гiганцкiх папаратнiкаў. Гэта быў сiмпатычны шымпанзэ, вiдавочна старэйшы за Зiру, але ўсё-такi вельмi малады для акадэмiка. З першага ж iмгнення я быў уражаны глыбiнёй яго позiрку, надзвычай жывога i пранiклiвага.

– Як ён табе? – цiхенечка спыталася ў мяне Зiра па-французску.

Мяркуючы па такiм пытаннi, я, мусiць, канчаткова заваяваў давер гэтай малпачкi. У адказ я, пакуль мы падыходзiлi да Карнэлiя, прашаптаў некалькi камплiментаў.

Жанiх i нявеста абнялiся, як абдымалiся ўсе парачкi. Карнэлiй нават не зiрнуў у мой бок. Было ясна, што, нягледзячы на ўсе расказы Зiры пра мяне, я быў для яго звычайным ручным зверам. Дый сама Зiра на iмгненне забылася пра мяне, i яны доўга цалавалiся. Раптам Зiра ўздрыгнула, хутка адхiлiлася i вiнавата паглядзела ў мой бок.

– Дарагая, – здзiвiўся Карнэлiй, – мы ж адны!

– Я таксама тут, – з годнасцю сказаў я на сама лепшай малпiнай мове, на якую толькi быў здольны.

– Што?! – усклiкнуў шымпанзэ, адскокваючы ўбок.

– Я сказаў: я таксама тут. На жаль, вымушаны вам пра гэта напомнiць. Вашыя пацалункi мяне не бянтэжаць, але, магчыма, вы самi будзеце пасля дакараць мяне за нясцiпласць.

– Ну i ну! – не верыў сваiм вачам шымпанзэ.

Насмяяўшыся, Зiра пазнаёмiла нас.

– Доктар Карнэлiй, акадэмiк, – сказала яна. – Улiс Меру, жыхар адной з планет Сонечнай сiстэмы, дакладней – жыхар Зямлi.

– Рады пазнаёмiцца з вамi, – сказаў я. – Зiра мне пра вас расказвала. У вас надзвычай абаяльная нявеста. Прымiце мае вiншаваннi.

Я працягнуў яму руку. Карнэлiй адскочыў, быццам убачыў перад сабою змяю.

– Дык гэта праўда? – прамармытаў ён, ашалела гледзячы на Зiру.

– Любы, хiба я калi-небудзь манiла табе?

Карнэлiй хутка авалодаў сабою. Гэта быў сапраўдны вучоны. Пасля нядоўгiх ваганняў ён пацiснуў мне руку.

– Як вам у нас? – спытаўся ён.

– Нядрэнна, – адказаў я. – Яшчэ раз прашу мне прабачыць за такi выгляд.

– Ён толькi пра гэта i думае, – смеючыся, заўважыла Зiра. – Проста комплекс нейкi! Ён нават не ўяўляе, як ён будзе выглядаць тут у адзежы.

– I вы сапраўды прыбылi з гэтай... як яе?..

– З Зямлi, з Сонечнай сiстэмы.

Вiдаць, Карнэлiй мала верыў словам Зiры, мяркуючы, што ўсё гэта – нейкая мiстыфiкацыя. Але цяпер ён закiдаў мяне пытаннямi. Мы прагульвалiся павольна па парку: шымпанзэ iшлi пад руку ўперадзе, а я на ланцугу за iмi, каб мiнакi не звярталi на нас увагi. Але мае адказы настолькi ўражвалi Карнэлiя, што ён пастаянна спыняўся, кiдаў сваю нявесту, i мы пачыналi спрачацца, стоячы адзiн перад адным, размахваючы рукамi, рабiлi на пяску розныя чарцяжы. Зiра не сердавала на нас. Наадварот, радавалася ад усёй душы, убачыўшы, якое ўражанне зрабiў я на яе жанiха.

Натуральна, Карнэлiя больш за ўсё зацiкавiла эвалюцыя homo sapiens на Зямлi, i ён мяне прымусiў сто разоў паўтарыць усё, што я пра гэта ведаю. Пасля гэтага ён надоўга задумаўся. Нарэшце ён сказаў, што мая iнфармацыя, без усякiх сумненняў, уяўляе велiзарную каштоўнасць для навукi ўвогуле i для яго ў прыватнасцi, асаблiва цяпер, калi ён выконваў надзвычай смелыя даследаваннi па праблеме паходжання малпаў. Наколькi я зразумеў, ён зусiм не лiчыў яе вырашанай i не згаджаўся з агульнапрынятымi тэорыямi. Але калi гаворка зайшла пра яго ўласныя гiпотэзы, ён стаў стрыманы, i ў гэтую першую сустрэчу я так ад яго нiчога i не даведаўся. Што б там нi было, я набыў у ягоных вачах каласальную каштоўнасць, i, вiдаць, ён аддаў бы ўсё сваё багацце, толькi б перавесцi мяне да сябе ў лабараторыю.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю