355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Пьер Буль » Планета малпаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Планета малпаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 00:54

Текст книги "Планета малпаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Пьер Буль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 10 страниц)

Задыхнуўшыся, я скончыў сваю прамову ў абсалютнай цiшынi. Я павярнуўся машынальна да стала старшынi, схапiў шклянку з вадою i асушыў яе адным духам. I гэтаксама ж як i тады, калi я стрэсваў крэйду з далоняў, гэты просты жэст зрабiў на малпаў велiзарнае ўражанне i стаў сiгналам для новай буры. Зала нiбыта выбухнула, ахопленая энтузiязмам, якога не апiша нiводнае пяро. Я ведаў, што перамог, але не мог нават уявiць сабе, што якая-небудзь асамблея здольная выказваць свае пачуццi з такiм неверагодным гвалтам. Я быў аглушаны, але ўсё ж убачыў прычыны гэтага фантастычнага грукату: эмацыянальныя па сваёй прыродзе малпы, калi вiдовiшча iм падабаецца, апладзiруюць усiмi чатырма лапамi! Цяпер вакол мяне шалелi тысячы гэтых д'ябальскiх стварэнняў: ледзь утрымлiваючы раўнавагу, яны пляскалi ў свае чатыры далонi, так што здавалася, быццам купал зараз абвалiцца, – i ўсё гэта з вiскам, з крыкамi, з енкамi, скрозь якiя прарываўся толькi глухi роў гарыл. Гэта было адно з апошнiх ясных уражанняў ад таго памятнага пасяджэння. Кружылася галава, я адчуў, што вось-вось упаду. З трывогаю азiрнуўшыся, я ўбачыў, што раззлаваны Заюс ускочыў з месца i, згорбiўшыся i заклаўшы рукi за спiну, ходзiць па эстрадзе, як хадзiў перад маёй клеткаю. Быццам у сне, я ўбачыў ягоны пусты фатэль i плюхнуўся на яго. Гэта было сустрэта новым выбухам авацый, але тут я страцiў свядомасць.

Раздзел IХ

Ачуняў я не вельмi хутка: надта ўжо вялiкае перажыў нервовае напружанне. Я ляжаў на ложку ў незнаёмым пакоi. Зiра i Карнэлiй завiхалiся ля мяне, пакуль гарылы-палiцэйскiя стрымлiвалi журналiстаў i проста цiкаўных, якiя спрабавалi прарвацца ў пакой.

– Гэта было выдатна! – шапнула мне Зiра на вуха. – Ты выйграў.

– Улiс, – сказаў мне Карнэлiй, – нас з вамi чакаюць вялiкiя справы!

Ён паведамiў мне, што толькi што скончылася надзвычайнае пасяджэнне Вялiкага Савета Сароры, на якiм прынялi рашэнне аб маiм неадкладным вызваленнi.

– Сёй-той спрабаваў пратэставаць, – дадаў ён, – але грамадская думка была на вашым баку, i яны не маглi прыйсцi да якогась iншага рашэння.

Ён спытаўся, цi згодны я супрацоўнiчаць з iм, i, атрымаўшы маю згоду, загадзя пацiраў рукi ад задавальнення пры думцы пра дапамогу, якую я змагу аказаць яму ў яго пошуках.

– Жыць вы будзеце тут, – абвёў рукамi пакой Карнэлiй. – Спадзяюся, кватэра вас задаволiць. Мая зусiм непадалёк, у гэтым самым крыле iнстытута: тут жывуць толькi старшыя навуковыя супрацоўнiкi.

Я збянтэжана азiраўся, думаючы, што ўсё гэта мне снiцца. Пакой быў надзiва ўтульны. Пачыналася новая эра ў маiм тутэйшым жыццi. Гэтак доўга i пакутлiва чакаў я гэтага часу – i тут мяне чамусьцi агарнула самота. Вочы мае сустрэлiся з вачыма Зiры, i я зразумеў, што пранiклiвая шымпанзэ ўгадала мае думкi.

– Але, – сказала яна, – тут у цябе Новы не будзе.

Пачырванеўшы, я пацiснуў плячыма, прыўзняўся i сеў.

Сiлы вярнулiся да мяне, i я хацеў як мага хутчэй акунуцца ў новае жыццё.

– Як ты сябе пачуваеш? – спыталася Зiра. – Ты не стомiшся ад маленькае вечарыны? Мы запрасiлi, каб адзначыць гэты вялiкi дзень, некаторых сяброў, адных шымпанзэ.

Я адказаў, што мне гэтая вечарына будзе вельмi прыемная, але я ўжо больш не хачу хадзiць голы. I толькi тут заўважыў, што на мне пiжама: Карнэлiй пазычыў мне адну са сваiх уласных. Але калi я мог яшчэ неяк нацягнуць на сябе пiжаму шымпанзэ, то ў любым з яго гарнiтураў выглядаў клоўнам.

– Заўтра ў цябе будзе поўны гардэроб, а да сённяшняга вечара табе сшыюць файны гарнiтур, – супакоiла мяне Зiра. – Вось i кравец.

У пакой увайшоў i пакланiўся мне з вытанчанай пачцiвасцю маленькi шымпанзэ. Я даведаўся, што, пакуль быў у непрытомнасцi, лепшыя краўцы аспрэчвалi гонар апрануць мяне. Перамог гэты славуты майстар, якi шыў на сама знакамiтых гарыл сталiцы.

Майстэрства i спрытнасць краўца былi адметныя. Менш чым за дзве гадзiны яму ўдалося сшыць мне прыстойны вячэрнi гарнiтур. Але надзеўшы яго, я адчуў, што мне ўжо няёмка ў адзежы. Зiра ўтаропiлася на мяне, вытрашчыўшы вочы. Пакуль майстар падганяў усялякiя драбнiцы, Карнэлiй упусцiў у пакой журналiстаў, якiя даўно ўжо iмкнулiся прарвацца да мяне, i я ажно на гадзiну апынуўся ў цэнтры iх увагi: мяне закiдвалi пытаннямi, абстрэльвалi ўспышкамi фотаапаратаў, патрабавалi ўсё новых i новых цiкавых падрабязнасцей пра Зямлю i жыццё людзей. Я пакорлiва даваў iнтэрв'ю. Сам журналiст, я разумеў, якой знаходкаю з'яўляюся я для маiх тутэйшых калег, апроч таго, улiчваў, што прэса можа забяспечыць мне вялiкую падтрымку.

Калi журналiсты нарэшце пайшлi, было ўжо досыць позна, i мы паспяшалiся да Карнэлiя, дзе нас чакалi яго сябры. Але толькi мы выйшлi з пакоя, нас затрымаў Занам. Напэўна, ён быў у курсе апошнiх падзей, бо пакланiўся мне ледзь не да самае падлогi. Занам прыбег сказаць Зiры, што ў аддзяленнi не ўсё ў парадку. Раззлаваная маёй доўгай адсутнасцю, Нова ўсчала неверагодны гвалт. Неўзабаве яе шаленства перадалося ўсiм астатнiм палонным, i цяпер iх не ўтаймаваць нiякiмi пiкамi.

– Зараз прыйду, – адказала Зiра вартаўнiку. – А вы чакайце мяне тут.

Я ўмольна зiрнуў на яе. Яна вагалася, але потым пацiснула плячыма.

– Калi хочаш, хадзем са мною, – сказала яна. – Урэшце, ты вольны i, магчыма, здолееш супакоiць яе хутчэй за мяне.

Услед за Зiраю я ўвайшоў у аддзяленне. Прыкмецiўшы мяне, палонныя адразу ж супакоiлiся, i гвалт змянiўся напружлiвай цiшынёю. Яны, несумненна, пазналi мяне, нягледзячы на адзежу, i, здавалася, разумелi, што з'яўляюцца сведкамi нейкай дзiвоснай метамарфозы.

Стрымлiваючы дрыготку, я накiраваўся да клеткi Новы, да маёй клеткi. Я наблiзiўся да яе, усмiхнуўся, загаварыў з ёю, на нейкае iмгненне ў мяне з'явiлася адчуванне, што яна мяне разумее i вось-вось адкажа мне. Але гэта, вядома, было немагчыма. Проста мая прысутнасць супакоiла яе, гэтаксама як i астатнiх. Яна ўзяла кавалачак цукру, якi я ёй працягнуў, i ўсё яшчэ грызла яго, калi я з цяжкiм сэрцам iшоў да выхаду.

Пра гэтую вечарыну, наладжаную ў модным кабарэ, – Карнэлiй вырашыў адразу ж пачаць далучаць мяне да малпiнага жыцця, бо цяпер я мусiў кантактаваць пастаянна з малпамi, – у мяне захавалiся ўражаннi вельмi цьмяныя i дзiўныя.

Прычынаю iх цьмянасцi быў выпiты мною ў пачатку вечара алкаголь, ад якога мой арганiзм на Сароры адвык. А дзiўнасць тлумачылася, бадай, асаблiвым пачуццём, якое i пасля не раз авалодвала мною: паступовым згасаннем у маёй свядомасцi ўяўлення пра ўсiх тых, хто быў вакол мяне, як пра малпаў – я ўсё часцей успрымаў iх у залежнасцi ад iх прафесii цi становiшча ў грамадстве. Метрдатэль, напрыклад, якi ўгодлiва сустрэў нас i правёў да нашага стала, быў для мяне перш за ўсё метрдатэлем i толькi потым самцом-гарылаю. Гiдка нафарбаваная арангутанка ў гадах успрымалася мною як старая какетка, а калi я танцаваў з Зiраю, то зусiм забываўся, што яна шымпанзэ, адчуваў толькi гнуткую талiю партнёркi. Аркестр шымпанзэ быў усяго толькi звычайным аркестрам, i элегантныя малпы, якiя жартавалi за нашым сталом, нiчым не адрознiвалiся ад звычайных свецкiх жартаўнiкоў.

Не буду расказваць падрабязна пра тое, якiя пачуццi выклiкала ў малпаў мая прысутнасць. Скажу толькi, што апынуўся ў цэнтры ўвагi. Мне прыйшлося бясконца раздаваць аўтографы, i два вартаўнiкi-гарылы, якiх Карнэлiй прадбачлiва прывёў з сабою, ледзь баранiлi мяне ад нападаў самак усiх узростаў i парод, якiя спрачалiся за права выпiць са мною цi патанцаваць.

Заседзелiся мы да глыбокай ночы. Я ўжо быў добра п'яны, як раптам успомнiў пра прафесара Антэля. Гэтая думка абудзiла ўва мне сама горкiя згрызоты сумлення. Я ледзь не зароў ад сораму, падумаўшы пра тое, што сяджу вось цяпер тут, баўлю бесклапотна вольны час, п'ю з малпамi, а мой няшчасны таварыш дрыжыць на саломе ў клетцы заасада.

Зiра спыталася, што мяне так засмучае. Я адказаў. Тады Карнэлiй паведамiў мне, што ўжо цiкавiўся прафесарам i той пачувае сябе добра. Цяпер нiшто не перашкаджае яго вызваленню. У адказ я рашуча заявiў, што не магу больш чакаць нi хвiлiны i хачу перадаць яму гэтую навiну неадкладна.

Ї Урэшце, – падумаўшы, згадзiўся Карнэлiй, – у такi дзень вам нi ў чым нельга адмовiць. Хадземце! Я знаёмы з дырэктарам заасада.

Мы выйшлi ўтраiх з кабарэ i неўзабаве дабралiся да заалагiчнага сада. Разбуджаны дырэктар паспяшаўся нам насустрач. ён ужо ведаў маю гiсторыю. Карнэлiй адкрыў яму сапраўднае паходжанне аднаго з людзей, выстаўленых тут у клетцы. Дырэктар не верыў сваiм вушам, але таксама не рашыўся адмовiць мне.

– Вядома, прыйдзецца дачакацца дня, – сказаў ён, – каб выканаць сякiя-такiя фармальнасцi, неабходныя для вызвалення вашага прафесара, але нiшто не замiнае вам пагаварыць з iм хоць цяпер.

Ён абраўся праводзiць нас.

Ужо пачынала свiтаць, калi мы спынiлiся перад клеткаю, у якой небарака-прафесар жыў, нiбыта якая жывёлiна, разам з паўсотняю iншых мужчын i жанчын. Палонныя яшчэ спалi, уладкаваўшыся парамi цi групамi па чатыры-пяць чалавек. Калi дырэктар запалiў у клетцы святло, усе расплюшчылi вочы.

Я нядоўга шукаў майго таварыша па няшчасцi. Як i ўсе астатнiя, ён ляжаў скурчыўшыся на саломе, i побач з iм была жанчына, як здалося мне, досыць маладая. Убачыўшы прафесара, я здрыгануўся i ледзь не заплакаў ад спагады да старэйшага сябра дый да сябе самога, згадаўшы, што перажыў за гэтыя чатыры месяцы.

Я быў такi ўсхваляваны, што не мог гаварыць. Але разбуджаныя людзi не дзiвiлiся нам анi кроплi. Яны ўжо былi прыручаныя i добра выдрэсiраваныя, таму адразу ж сталi выконваць свае звычайныя трукi, спадзеючыся атрымаць што-небудзь ва ўзнагароду. Дырэктар кiнуў iм жменю пячэння. Адразу ж, як i ўдзень, пачалася штурхатня i калатнеча, а ўмудроныя старыя паспяшалiся ўладкавацца на кукiшках перад самымi кратамi, з мальбою працягваючы нам рукi.

Прафесар Антэль далучыўся да папрашаек. Ён прыцiснуўся як мага блiжэй да дырэктара i пачаў выпрошваць у яго ласунак. Такiя несамавiтыя паводзiны спачатку абурылi мяне, але неўзабаве маё горкае пачуццё перайшло ў вялiкую занепакоенасць. Я стаяў за тры крокi ад прафесара, ён глядзеў мне ў самы твар – i не пазнаваў. Вочы яго, яшчэ нядаўна такiя жывыя i пранiклiвыя, здавалiся цяпер патухлымi i пустымi, як у iншых палонных, -я не заўважыў у iх анiводнай iскрынкi розуму! Я ўсё больш i больш пераконваўся з жахам, што не выклiкаю ў прафесара нiякiх пачуццяў, апроч недаўмення: пры выглядзе чалавека ў адзежы ён паводзiў сябе гэтаксама ж, як i ўсе палонныя.

Я жудасна напружыўся i загаварыў, каб прагнаць нарэшце гэты кашмар:

– Прафесар, – сказаў я, – мэтр, гэта я, Улiс Меру. Мы ўратаваныя. Я прыйшоў, каб паведамiць вам пра гэта...

I тут я змоўк у поўнай збянтэжанасцi. Пачуўшы мой голас, прафесар уцягнуў галаву ў плечы i адступiў ад кратаў – зусiм як любы яго iншы сусед па клетцы!

– Прафесар, прафесар Антэль! – ледзь ужо не плакаў я ўмольна. – Гэта я, Улiс Меру, ваш спадарожнiк па вандроўцы. Я вольны, i праз некалькi гадзiн вас таксама вызваляць. Малпы, якiх вы бачыце цяпер – нашы сябры. Яны ведаюць, хто мы такiя, i прымаюць нас як братоў.

Нi слова ў адказ. Здавалася, Антэль нiчога не зразумеў. Ён толькi зноў адступiў назад, сцiснуўшыся, усё роўна як спалоханая жывёлiна.

Я быў у бязмерным адчаi, малпы здзiўлена пазiралi на нас. Задуменны Карнэлiй хмурыўся. Мне прыйшло ў галаву, што, магчыма, прафесар сiмулюе неразуменне, баючыся малпаў. Тады я папрасiў iх адысцi куды-небудзь, каб пакiнуць нас сам-насам, што яны i зрабiлi адразу ж. Калi малпаў не стала, я абышоў клетку, каб быць блiжэй да кута, у якi забiўся прафесар, i зноў загаварыў з iм:

– Мэтр, – малiў я яго, – я разумею вашую асцярожнасць. Я ведаю, што пагражае людзям Зямлi на гэтай планеце. Але цяпер мы адны, клянуся вам, i вашыя выпрабаваннi мiнулi. Гэта я вам кажу, я, ваш спадарожнiк, ваш вучань, ваш сябра, я, Улiс Меру!

Ён зноў адскочыў назад, спалохана гледзячы на мяне. Я ўвесь дрыжаў, не ведаючы, якiмi ж словамi пераканаць яго. Раптам прафесар разявiў рот.

Божа, мне нарэшце ўдалося пераканаць яго?! Я глядзеў на яго затаiўшы дыханне. Але пачуўшы яго, здранцвеў ад жаху. Так, прафесар разявiў рот, ды гэта не быў свядомы рух чалавека, якi збiраецца загаварыць. З ягонага горла вырваўся гук, якi выдаюць дзiўныя людзi гэтай планеты, каб выказаць сваю задаволенасць або страх.

Прафесар Антэль стаяў перада мною ў клетцы i, не варушачы вуснамi, злосна ўлюлюкаў. Сэрца маё халадзела.

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Раздзел I

Сон у мяне гэтай ноччу быў неспакойны. Я рана прачнуўся, але доўга круцiўся ў ложку i працiраў вочы, пакуль не прыйшоў у сябе. Вось ужо месяц я ўсё яшчэ не мог прызвычаiцца да цывiлiзаванага жыцця i кожнае ранiцы прачынаўся ў трывозе, бо не чуў шаргацення саломы i не адчуваў побач з сабою цёплага цела Новы.

Я займаў у iнстытуце адно з найлепшых памяшканняў – малпы ва ўсiм надзвычай высакародна ставiлiся да мяне. Я меў пакой з асобнаю ваннаю, вопратку, кнiгi, тэлевiзар. Я чытаў усе газеты, быў вольны, мог выходзiць на вулiцу, гуляць у горадзе, наведваць любыя вiдовiшчы. Маё з'яўленне ў грамадскiх месцах заўсёды выклiкала ў малпаў цiкаўнасць, але ажыятаж першых дзён пачаў ужо сцiхаць.

Цяпер навуковым кiраўнiком iнстытута быў Карнэлiй. Заюса звольнiлi, даўшы яму, зрэшты, iншы важны пост i ўзнагародзiўшы яшчэ адным ордэнам, а на яго месца назначылi Зiрынага жанiха. У вынiку адбылося амаладжэнне навуковых кадраў i iстотнае павелiчэнне колькасцi вучоных-шымпанзэ, што адразу ж узняло актыўнасць ва ўсiх сектарах. Зiра стала вучоным сакратаром новага кiраўнiка.

Ну а я цяпер удзельнiчаў у работах Карнэлiя не як падвопытны трус, а як супрацоўнiк. Праўда, Карнэлiй дамогся гэтага з вялiкай цяжкасцю, зламаўшы супрацiўленне Вялiкага Савета. Вiдаць, улады дагэтуль вельмi неахвотна прызнавалi маю сапраўдную сутнасць i паходжанне.

Я хутка адзеўся, выйшаў са свайго пакоя i накiраваўся да будынка iнстытута, у якiм сам колiсь быў палонным, да сектара Зiры, якiм яна ўсё яшчэ кiравала, нягледзячы на свае новыя абавязкi. Са згоды Карнэлiя я вёў там сiстэматычныя назiраннi за людзьмi.

I вось я ў зале з клеткамi, спакойна iду па праходзе памiж iмi як адзiн з гаспадароў гэтае планеты. Цi ж трэба казаць, што я заходжу сюды часта, нашмат часцей, чым гэта неабходна для маiх даследаванняў? Часам акружэнне малпаў пачынае стамляць мяне, i я знаходжу тут своеасаблiвы спакойны прыстанак.

Палонныя цяпер выдатна мяне ведаюць i слухаюцца. Цi адрознiваюць яны мяне ад Зiры або вартаўнiкоў, якiя прыносяць iм ежу? Мне хацелася б у гэта верыць, але я сумняваюся. Вось ужо месяц я працую з iмi, але мне ўсё яшчэ не ўдаецца навучыць iх хоць нечаму больш складанаму, чым звычайныя трукi, якiя можа выконваць любая добра выдрэсiраваная жывёлiна. Аднак я iнстынктыўна адчуваю, што яны здольныя на большае.

Я хацеў бы навучыць iх гаварыць. Гэта для мяне пытанне гонару. Вядома, пакуль што нiчога не выходзiць: толькi некаторым палонным удаецца паўтарыць за мною два-тры аднаскладовыя спалучэннi – гэта ж могуць рабiць i некаторыя зямныя шымпанзэ. Гэта не надта абнадзейвае, але я не адступлюся. Што надае мне веры, дык гэта настойлiвасць, з якою палонныя стараюцца цяпер злавiць мой позiрк. Вочы ў iх апошнiм часам сталi нейкiя iншыя, i мне здаецца, я ўлоўлiваю ў iх цiкаўнасць, якая iдзе спакваля на змену тупому звярынаму недаўменню.

Я павольна абыходжу аддзяленне, спыняюся перад кожнаю клеткаю. Размаўляю з палоннымi – ласкава i цярплiва. Яны ўжо прывыклi патроху да гукаў мовы. Выдае на тое, што яны мяне слухаюць. Спачатку я размаўляю з iмi некалькi хвiлiн, потым прамаўляю асобныя кароткiя словы, паўтараю iх шмат разоў, спадзеючыся хоць нешта пачуць у адказ. Вось палонны з цяжкасцю вымаўляе адзiн склад, але больш ад яго сёння нiчога дамагчыся не ўдаецца. Ён хутка не вытрымлiвае напружання i падае на салому, нiбыта пасля надзвычай цяжкае працы. Я ўздыхаю i пераходжу да наступнага. Нарэшце дабiраюся да клеткi, у якой марнее самотная Нова. Ва ўсякiм разе, мне, чалавеку Зямлi, здаецца, што яна павiнна быць самотная, i я намагаюся адшукаць гэтае пачуццё на яе дзiвосна прыгожым i невыразным твары. Зiра не падсялiла да яе другога мужчыну, i я ёй за гэта ўдзячны.

Я часта думаю пра Нову. Мне цяжка забыцца на праведзеныя з ёю гадзiны. Але нi разу яшчэ пасля свайго вызвалення я не ўваходзiў да яе ў клетку: стрымлiвае пачуццё чалавечае годнасцi. Хiба ж яна не жывёлiна? Я бываю цяпер у вышэйшых навуковых колах, i падобная сувязь проста немагчымая. Згадваючы нашую нядаўнюю блiзкасць, я чырванею. З тае пары, як я змянiў лагер, я нават забаранiў сабе быць з ёй больш зычлiвым, чым з астатнiмi яе сародзiчамi.

I ўсё ж такi я вымушаны прызнаць, што яна ўяўляе сабою першакласны экземпляр тутэйшай чалавечай пароды, i гэта радуе мяне. Я дамагаюся з ёю большых поспехаў, чым з астатнiмi. Пры маiм наблiжэннi яна падыходзiць да кратаў, i твар у яе скажаецца грымасаю, у нечым падобнаю на ўсмешку. Перш чым я паспяваю загаварыць, яна спрабуе вымавiць чатыры-пяць вывучаных ёю складоў. I стараецца зрабiць гэта як мага лепш. Цi азначае гэта, што яна ад прыроды больш здольная за астатнiх? Або папярэднi кантакт са мною развiў яе i зрабiў падатлiвай на мае ўрокi? Апошняе меркаванне падабаецца мне больш, бо лашчыць трохi маё самалюбства.

Я прамаўляю яе iмя, потым сваё, указваючы пальцам то на яе, то на сябе. Яна паўтарае мой жэст. Але раптам я бачу, як твар у яе ўмомант скажаецца злосным выскалам, i ў тое ж самае iмгненне чую ў сябе за спiнаю цiхi смех.

Гэта Зiра незласлiва жартуе з маiх намаганняў, а яе прысутнасць заўсёды раз'юшвае Нову. Разам з Зiраю прыйшоў Карнэлiй. Яго дужа займаюць мае спробы, i ён часта наведвае мяне, каб пацiкавiцца вынiкамi. Але сёння ён з'явiўся з iншаю мэтаю. Выгляд у яго вельмi ўсхваляваны.

– Улiс, а вам не хацелася б зрабiць са мною невялiкае падарожжа?

– Падарожжа?

– Гэта досыць далёка, амаль на другiм канцы планеты. Археолагi знайшлi там рэшткi старажытных збудаванняў, надзвычай цiкавыя, калi верыць iх справаздачам. Але раскопкамi кiруе арангутан, i спадзявацца, што ён здолее зрабiць са знаходак слушныя высновы, не прыходзiцца. Яны сутыкнулiся з загадкаю, якая мяне хвалюе: раскрыццё гэтай таямнiцы можа адыграць рашучую ролю ў маiх даследаваннях. Акадэмiя пасылае мяне туды ў камандзiроўку, i я мяркую, што вашая прысутнасць будзе там дужа карысная.

Пакуль што я не разумею, у чым я мог бы яму дапамагчы, але згаджаюся з радасцю, бо мне даўно ўжо хацелася ўбачыць iншыя вобласцi Сароры. Карнэлiй запрашае мяне да сябе ў кабiнет пагутарыць сур'ёзна.

Такi паварот справы адразу ж захапляе мяне: не прыйдзецца працягваць абход. А мне трэба было наведаць яшчэ аднаго палоннага – прафесара Антэля. Ён усё яшчэ ў ранейшым стане, што робiць немагчымым яго вызваленне. Аднак па маёй просьбе Антэля змясцiлi ў асобнай i досыць утульнай палаце. Наведваць яго мой цяжкi абавязак. Ён не паддаецца нiякiм угаворам i паводзiць сябе як сама сапраўдная жывёлiна.

Раздзел II

Мы адправiлiся ў дарогу праз тыдзень. Зiра паляцела з намi, але праз некалькi дзён яна павiнна была вярнуцца назад, каб у адсутнасць Карнэлiя займацца iнстытуцкiмi справамi. А сам Карнэлiй разлiчваў затрымацца на месцы раскопак нашмат больш, калi толькi знаходкi i праўда будуць цiкавыя, як ён спадзяецца.

Нам далi спецыяльны самалёт, падобны на нашы першыя рэактыўныя самалёты, але нашмат больш камфартабельны, з асобным маленькiм герметычным салонам, дзе можна спакойна размаўляць. Я быў шчаслiвы, што адправiўся ў падарожжа. I ўжо гэтак прызвычаiўся да малпаў, што зусiм не спалохаўся, калi ўбачыў за штурвалам лайнера шымпанзэ. Значна болей мяне цiкавiлi пейзажы ўнiзе i пекнае вiдовiшча ўсходу Бетэльгейзе. Мы ляцелi на вышынi прыкладна дзесяцi тысяч метраў. Паветра было надзiва празрыстае, i гiганцкая зорка ўзнiмалася над гарызонтам, як нашае сонца, калi глядзiш на яго ў акулярах. Зiра вачэй не магла адвесцi ад гэтае прыгажосцi.

– А цi бываюць у вас на Зямлi такiя ж цудоўныя ранкi? – пыталася яна. Тваё сонца такое ж прыгожае, як i нашае?

Я адказаў, што Сонца не такое вялiкае i чырвонае, як Бетэльгейзе, але нам яго хапае. Затое наш Месяц нашмат ярчэйшы i большы за спадарожнiк Сароры.

Мы весялiлiся, быццам школьнiкi на вакацыях, i я жартаваў з Зiраю, як з добрай старой знаёмаю. I калi праз некалькi хвiлiн да нас у салон, дзе мы спачатку былi адны, прыйшоў Карнэлiй, я ледзь не пакрыўдзiўся на яго за тое, што ён перашкодзiў нашай размове. Карнэлiй быў заклапочаны. Зрэшты, ён увогуле прыкметна нерваваўся апошнiм часам. Каб давесцi да канца пачатыя iм даследаваннi, ён вельмi шмат працаваў i часам прападаў у лабараторыi цэлымi днямi. Пра сваю работу ён па-ранейшаму нiкому не казаў, i нават Зiра, як мне здавалася, ведала пра яе не больш за мяне. Мне ж было вядома толькi тое, што гэтыя даследаваннi тычылiся паходжання малпаў i што погляды Карнэлiя ўсё больш i больш разыходзiлiся з традыцыйнымi тэорыямi. У тую ранiцу ён упершыню пазнаёмiў мяне з некаторымi сваiмi меркаваннямi, i я вельмi хутка зразумеў, чаму мая сцiплая асоба разумнага чалавека ўяўлялася яму такой вялiкаю каштоўнасцю. Пачаў ён з таго, пра што мы ўжо спрачалiся тысячы разоў:

– Вы казалi мне, Улiс, што ў вас на Зямлi малпы – сапраўдныя жывёлы? А людзi, наадварот, дасягнулi такога ўзроўню цывiлiзацыi, якi роўны нашаму, а ўва многiм нават... Не бойцеся абразiць мяне: вучонаму iсцiна даражэйшая за самалюбства.

– Але, ува многiм мы вас абагналi, гэта бясспрэчна. I найлепшы таму доказ – мая прысутнасць на Сароры. Вы, здаецца, знаходзiцеся яшчэ ў гэтых адносiнах на стадыi...

– Ведаю, ведаю, – стомлена перапынiў мяне Карнэлiй. – Мы пра гэта ўжо гаварылi. Мы толькi пачынаем разгадваць загадкi, якiя перасталi быць для вас тайнаю некалькi стагоддзяў назад... I ў гэтай сувязi мяне трывожаць не адны вашы расказы. – Шымпанзэ ўзнервавана хадзiў узад-уперад па маленькiм салоне. Вось ужо доўгi час мне не дае спакою адна здагадка, якая пацвярджаецца некаторымi канкрэтнымi фактамi... Мне здаецца, што гэтыя тайны светабудовы ўжо былi разгаданы тут, на гэтай планеце, у далёкiм мiнулым iншымi разумнымi iстотамi.

Я мог бы яму адказаць, што гэтае ўражанне, быццам робiш ужо кiмсьцi зробленае некалi адкрыццё, з'яўлялася ўва многiх вучоных Зямлi. Можа, гэтае пачуццё ўвогуле ўнiверсальнае, уласцiвае жыхарам i iншых светаў, i, можа, на iм засноўваецца нашае ўяўленне пра iснаванне бога. Але я не рашыўся перапынiць яго. Ён быў ва ўладзе яшчэ цьмянай думкi i гаварыў вельмi асцярожна:

– ...Iншымi разумнымi... – паўтарыў ён задуменна. – I, магчыма, гэта былi зусiм не...

Раптам ён змоўк. У яго быў пакутнiцкi выгляд, як у чалавека, што навобмацак наблiжаецца да iсцiны, якую яго розум нiяк не можа прыняць.

– Вы казалi мне таксама, што малпы ў вас валодаюць высокаразвiтым iмiтацыйным iнстынктам, цi ж не так?

– Яны пераймаюць нас лiтаральна ва ўсiм, я хачу сказаць, ва ўсiх дзеяннях, якiя не патрабуюць асэнсаванага падыходу. Гэта ў iх развiта настолькi, што параўнанне з малпаю азначае менавiта ў першую чаргу перайманне.

– Зiра, – змрочна прамармытаў Карнэлiй, – цi не здаецца табе, што нам таксама ўласцiвы гэты дух пераймання?

I, не даўшы ёй нават слова вымавiць у абарону сародзiчаў, Карнэлiй стаў усхвалявана развiваць сваю думку:

– Гэта пачынаецца з ранняга дзяцiнства. Усё нашае выхаванне заснавана на перайманнi.

– Гэта ж арангутаны...

– Натуральна, iх роля велiзарная: яны выхоўваюць моладзь сваiмi кнiгамi. Яны прымушаюць дзiцёнка паўтараць усе памылкi нашых продкаў. Гэтым i тлумачыцца замаруджанасць нашага прагрэсу. Вось ужо дзесяць тысяч гадоў, як мы топчамся на месцы!

Тут варта сказаць некалькi слоў пра запаволенае развiццё малпаў. Мяне гэта дужа ўразiла, калi я вывучыў iх гiсторыю, i ў гэтым я ўбачыў галоўнае адрозненне нашых цывiлiзацый. Вядома, i ў нас былi перыяды амаль што поўнага застою. У нас таксама былi свае арангутаны, якiя складалi iдыёцкiя праграмы, было хлуслiвае выхаванне – досыць доўга.

Аднак не так доўга, як у малпаў, а галоўнае, на iншай ступенi эвалюцыi. Цёмны перыяд застою, на якi скардзiўся шымпанзэ, зацягнуўся тут прыблiзна на дзесяць тысячагоддзяў. За гэты час нi ў адной навуцы не быў дасягнуты прагрэс, за вылiкам хiба што апошняга паўстагоддзя. Але сама цiкавае ва ўсiм гэтым было тое, што iх першыя легенды, першыя летапiсы, першыя ўспамiны расказваюць пра высокаразвiтую цывiлiзацыю, якая, па сутнасцi, небагата чым адрознiваецца ад сучаснай. Дакументы дзесяцiтысячагадовай даўнасцi сведчаць, што агульная сума ведаў i дасягненнi тых часоў – амаль тыя ж самыя, што i сённяшнiя. А пра тое, што было яшчэ даўней, не захавалася нiякiх паданняў, нават нiводнага намёку. Словам, ствараецца ўражанне, нiбыта малпавая цывiлiзацыя нейкiм дзiвосным чынам узнiкла ўмомант дзесяць тысяч гадоў назад i з тае пары нiбыта закансервавалася, амаль не змяняючыся. Сярэдняя малпа прызвычаiлася лiчыць гэта нармальным i нi над чым не задумвалася, але дапытлiвыя вучоныя, такiя, як Карнэлiй, пакутлiва спрабавалi разгадаць гэтую таямнiцу.

– Ёсць жа малпы, здольныя да стваральнай працы, – запярэчыла Зiра.

– Вядома, – згадзiўся Карнэлiй, – яны з'явiлiся, асаблiва ў апошнiя гады. З часам думка можа ператварыцца ў дзеянне. Так i павiнна быць: натуральны ход эвалюцыi... Але тое, чаго хачу я, Зiра, тое, чаго апантана дамагаюся, – гэта даведацца, як усё пачалося... Сёння мне ўжо не здаецца неверагоднай думка, што ў аснове ўсёй нашай цывiлiзацыi закладзена простае перайманне.

– Перайманне чаго? Цi каго?

Тут Карнэлiй апусцiў вочы, быццам шкадаваў, што сказаў залiшне шмат.

– Я яшчэ не зрабiў канчатковых высноў, – вымавiў ён нарэшце. – Мне патрэбныя доказы. Можа, мы знойдзем iх у рэштках пахаванага горада. Згодна са справаздачамi ён iснаваў не дзесяць тысяч гадоў назад, а шмат-шмат раней, у эпоху, пра якую мы анiчога не ведаем.

Раздзел III

Карнэлiй змоўк – здавалася, яму было цяжка гаварыць на гэтую тэму, але i тое нямногае, што я паспеў зразумець з яго разважанняў, усхвалявала мяне надзвычайна.

Археолагi адкрылi ў пустэльнi цэлы горад, пахаваны пад пяском. На жаль, ад горада засталiся адны развалiны, але гэтыя рэшткi – я адчуваў – захоўвалi вялiкую тайну, i я пакляўся разгадаць яе.

У гэтым не было нiчога немагчымага для таго, хто ўмее назiраць i думаць, але арангутан, якi кiраваў раскопкамi, на гэта быў няздольны. Ён прыняў Карнэлiя з пачцiвасцю, адпаведнай высокаму рангу акадэмiка-шымпанзэ, але з ледзь прыхаванай пагардаю да яго маладосцi i незвычайных iдэй, якiя той iншы раз выказваў.

Трэба мець цярпенне мнiха, каб весцi раскопкi, гразнучы на кожным кроку ў пяску, сярод камення, якое рассыпалася ўшчэнт ад аднаго толькi дотыку. Але мы займаемся гэтым вось ужо месяц. Зiра даўно ўжо пакiнула нас, а Карнэлiй усё затрымлiваецца на гэтых раскопках. Ён такi ж усхваляваны, як i я, i ўпэўнены, што сярод гэтых рэштак даўняй мiнуўшчыны знаходзiцца рашэнне вялiкiх загадак, якiя не даюць яму спакою.

Мяне не перастае здзiўляць дыяпазон яго ведаў. Спярша ён захацеў сам выявiць узрост горада. У такiх выпадках малпы карыстаюцца метадамi, падобнымi на нашыя, параўноўваючы геалагiчныя дадзеныя з вынiкамi хiмiчных i структурных аналiзаў. Зрабiўшы гэта, Карнэлiй згадзiўся з артадоксамi: горад вельмi, вельмi старажытны. Яму шмат больш, чым дзесяць тысяч гадоў, iнакш кажучы, гэта ўнiкальны помнiк – важкi доказ таго, што сучасная малпавая цывiлiзацыя не ўзнiкла з нiчога, якiмсьцi звышнатуральным чынам.

Штосьцi ўжо iснавала на Сароры да цяперашняй гiстарычнай эпохi. Але што? Прайшоў месяц лiхаманкавых пошукаў, якi прынёс нам адно расчараванне. Выдавала на тое, што нават гэты дагiстарычны горад мала чым адрознiваўся ад гарадоў сённяшнiх. Мы знайшлi рэшткi дамоў, прамысловых збудаванняў, якiя сведчылi пра тое, што ў старажытных жыхароў горада таксама былi аўтамашыны i самалёты. Значыцца, разумнае жыццё зарадзiлася раней, чым дзесяць тысяч гадоў назад. Але гэта зусiм не тое, чаго чакае Карнэлiй, – я ведаю, – гэта не тое, на што спадзяюся я.

У тую ранiцу Карнэлiй выправiўся на раскопкi раней за мяне. Рабочыя адкапалi будынак з асаблiва тоўстымi жалезабетоннымi сценамi, якi, здаецца, захаваўся лепш за астатнiя. Праўда, i ён забiты смеццем i пяском, i археолагi лiтаральна прасейвалi гэтае смецце скрозь сiта. Учора яны не знайшлi нiчога асаблiвага: як i ў астатнiх дамах, зрэдку траплялiся абломкi труб, хатнiх рэчаў, разбiты посуд. Сеўшы ля палаткi, у якой мы размясцiлiся разам з Карнэлiем, я назiраў са свайго месца, як арангутан даваў указаннi кiраўнiку групы, маладому шымпанзэ с насмешлiвым позiркам. Карнэлiя не вiдаць: ён у раскопе разам з рабочымi. Ён сам часта бярэцца за iх справу, баючыся, што рабочыя могуць прапусцiць або не ўберагчы каштоўную знаходку.

Нарэшце ён выбiраецца з траншэi, i я адразу ж разумею, што Карнэлiй зрабiў нейкае фенаменальнае адкрыццё! У руках у яго якiсьцi невялiчкi прадмет, мне яго з такой адлегласцi не вiдаць. Без залiшнiх цырымонiй адштурхнуўшы старога арангутана, якi спрабаваў завалодаць знаходкаю, Карнэлiй з вялiкай асцярожнасцю апускае яе на пясок. Ён глядзiць у мой бок i энергiчна махае рукамi. Падышоўшы, я бачу на твары ў яго неверагоднае хваляванне.

– Улiс, Улiс! – ледзь выцiскае ён з сябе.

У такiм стане я яго яшчэ нiколi не бачыў. Рабочыя, якiя выбралiся за iм з траншэi, збiраюцца вакол знаходкi, i я ўсё яшчэ не магу яе разгледзець. Яны паказваюць на яе пальцамi – вiдаць, яна ўсяго толькi забаўляе iх. Некаторыя рагочуць. Амаль усе яны – здаравенныя гарылы. Карнэлiй загадвае iм адысцi.

– Улiс!

– Што там?

Цяпер я таксама бачу нарэшце на пяску знаходку i чую здушаны голас Карнэлiя:

– Лялька, Улiс, лялька!

Але, гэта лялька, звычайная фарфоравая лялька. Яна проста цудам гэтак захавалася: вiдаць нават рэшткi валасоў i лускавiнкi каляровай палiвы на вачах. Спачатку я нiяк не магу зразумець хвалявання Карнэлiя: ну што тут такога?.. I толькi праз некалькi секунд да мяне даходзiць,.. Я зразумеў! I адразу ж неверагоднасць таго, што здарылася, працiнае мяне i пераварочвае душу. Гэта ж чалавечая лялька – дзяўчынка! Але я не магу паверыць у гэтую хiмеру. Перш чым дакляраваць цуд, трэба праверыць усе магчымыя трывiяльныя варыянты. А такi вучоны, як Карнэлiй, павiнен гэта зрабiць.

У малпiнай дзятвы таксама ёсць цацкi, i сярод iх хоць i нячаста, але трапляюцца ўсё-такi фiгуркi жывёлiн i нават людзей. Значыцца, лялька-дзяўчынка сама па сабе не магла так усхваляваць яго. Але па-першае, у малпаў такiх фiгурак не робяць з фарфору, а па-другое, яны нiколi не бываюць адзетыя, ва ўсякiм разе, адзетыя, як разумныя iстоты. А гэтая лялька, зразумеў нарэшце i я, была адзетая ў такiя ж самыя строi, як лялькi ў нас на Зямлi: на целе ў яе захавалiся рэшткi сукеначкi, гарсэцiка, нiжняй спаднiчкi i штонiкаў. Лялька была адзетая з густам, з якiм магла ўпрыгожыць дзяўчынка сваю любiмую ляльку, з любоўю, з якой магла адзець ляльку-малпачку маленькая малпа, але нiколi, нiколi нi тая i нi другая не сталi б гэтак руплiва адзяваць у паменшаныя копii сваiх строяў жывёлiну! Цяпер я ўсё лепш i лепш разумеў хваляванне майго сябра-шымпанзэ.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю