355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхась Чарняўскі » Вогнепаклоннікі » Текст книги (страница 3)
Вогнепаклоннікі
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 13:30

Текст книги "Вогнепаклоннікі"


Автор книги: Міхась Чарняўскі


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)

– Ждан, не дурніся! Аддай човен! – гукалі мужчыны ў трыснёг.

Той толькі шапацеў сваім вузкім лісцем.

– Так i быць,– пачалі здавацца «экзаменатары»,– ты перамог – мы цябе не здолелі знайсці!

– I праўда, сынку, выплывай. Хопіць жартаў! – гукнуў i бацька.

I тады мацней зашапацеў трыснёг, i з яго высунуўся човен, у якім сядзеў Ждан. На ягоных сцёгнах была плеценая лубяная апаяска, за ёю тырчэў крамянёвы нож. З пляча юнака звісала заечая шкурка. I хоць гэта i не было мядзведжае футра, але Ждан усё адно зараз выглядаў сапраўдным паляўнічым.

– Хітры ты, Ждан,– дабрадушна бурчаў шыракатвары, заграбаючы вяслом, калі вярталіся з Выспы Выпрабаванняў.– Але i лупцоўкі табе не шкодзіла б. За непавагу да старэйшых.

А бацька не выцерпеў i запытаўся:

– А на той Выспе Мерцвякоў... як там?

– А я да яе не даплыў. Пад самым берагам страх узяў...

– I правільна зрабіў,– пагадзіліся мужчыны.– Хай з чужымі духамі разбіраюцца светары, а наша з табою справа – на тура ды мядзведзя хадзіць, зямлю ад чужынца бараніць, ячмень сеяць. Ды i ці мала ў нас мужчынскіх заняткаў.

* * *

– Калі не памыляюся, усе гэта этнографы на лацінскай мове называюць ініцыяцыяй – пасвячэннем.

– Не, не памыляешся, Іван Пятровіч. I зараз у жыцці юнака ці дзяўчыны ёсць такія рубяжы, калі яны «юрыдычна» становяцца паўнапраўнымі дарослымі – атрымоўваюць пашпарт, могуць жаніцца або выйсці замуж, адказваюць за свае ўчынкі перад законам, пачынаюць працаваць i гэтак далей. Нешта падобнае адбывалася i ў старажытнасці. I гэты пераход у даросласць быў важным этапам i суправаджаўся адпаведнымі дзеяннямі і абрадамі пасвячэння. Пры гэтым пасвячаемага падвяргалі розным выпрабаванням.

ДЗІВАК ВЯЧОРКА

– Усё забаўляешся драўляшкамі, а твае аднагодкі ўжо даўно на паляванне ходзяць, мяса дадому прыносяць,– упікнула аднойчы маці свайго сына.

Суседзі таксама пакеплівалі, а некаторыя i бурчалі:

– Займее сям'ю i трэба будзе стаць яе кармільцам ды i бацькам, калі састарэюць, дапамога спатрэбіцца, а ён, як кабета, баіцца парсюка закалоць ці авечку зарэзаць. I ў лесе з лукам яго не ўбачыш.

Крыўдна робіцца Вячорку за такія словы, бо ён не быў баязліўцам. Калі леташняй зімою мядзведзьбадзяга ўламаўся праз загароду ў быдла, хіба не ён, Вячорка, першым з дзідай кінуўся на яго? Але ён не мог падысці з касцяным кінжалам да кабанчыка, якога сам выгадаваў з пацешнай малечы, або з нажом да барана, якога калісьці зімою адаграваў у хаце каля агнішча i цішком ад маці ласаваў кавалачкамі праснака.

Ды папрокі маці падзейнічалі, i Вячорка, уздыхнуўшы, сабраўся на тое паляванне. Пайшоў не з мужчынамі ў загон на лясных коней-тарпанаў, a адзін – на бераг ракі, дзе ведаў зацішны звярыны вадапой.

Выйшаў пад раніцу, калі начныя цені пасвятлелі i сталі лілова-шэрымі, a ў буйных кроплях расы ўжо адбівалася злёгку паружавелае неба. Пакручастымі сцежкамі, дзе чалавечымі, а дзе i звярынымі, трапіў на рачны бераг i затаіўся пад касагорам у хмызняку.

Лёгкі ток паветра нёс ад ракі саладкаваты пах цвітучай чаромхі, зараснікі якой, быццам успененыя, бялеліся побач. У кусце ля самай вады пералівіста зацёхкаў салавей. Услухаўшыся ў ягоную песню, хлопец налічыў ажно сем каленаў i ўзрадаваўся – такога майстра чуў упершыню. У бок возера шумна праляцела качыная пара. Высока ў асінніку зацінькалі сініцы. Разам ca світанкам прачыналіся лес i ўсё наваколле.

На супрацьлеглым недалёкім беразе пачаўся нейкі рух. 3 хмызняку выткнулася пушыстая мордачка i натапыраныя доўгія вушы. Мордачка паразглядалася ў бакі, павадзіла вушамі, ловячы падазроныя гукі, а затым да вады кароткімі скачкамі прашалэпаў i сам заяц. Звярок напіўся, i толькі паляўнічы пачаў нацягваць цеціву, як шарак, які намачыў свае вусы, стаў слупком i пачаў заўзята выціраць ix лапамі; дакладна, як Вячоркаў дзядзька. Хлопец не ўтрымаўся i ціхенька хіхікнуў, затуляючы рот рукою, але заяц пачуў i вялізным скачком шаснуў у кусты, толькі з-пад лап сыпануў у ваду пясок. Уцякла здабыча, але Вячорка i ўзрадаваўся гэтаму – няхай бегае, няхай жыве касавокі!

Праз нядоўгі час на бераг выйшла натапыраная кабаніха, а за ёю высыпалі паласатыя, як жукі, парасяты, якія віскаталі, тоўхаліся лычыкамі, муцілі ваду i ўзрывалі пясок. I зноў у Вячоркі не паднялася рука выпусціць стралу.

А потым затрашчала галлё i непадалёку ад паляўнічага ў ваду, узбіваючы пырскі, усунуўся лось i пачаў гучна піць. Ен стаяў якраз бокам да чалавека. Заставалася толькі кінуць дзіду, i яна ўвап'ецца якраз пад лапатку звера, дзе сэрца. Але Вячорка забыўся на дзіду. Як зачараваны, ён глядзеў на гарбаносую галаву жывёліны, упрыгожаную шырачэзнымі рагамі, быццам растапыранымі пясцямі нейкага велікана, любаваўся дужай постаццю. I міжволі прыйшлі ў рух Вячоркавы пальцы. Яны апісвалі ў паветры выразны профіль лася, абмалёўвалі яго рогі, спіну, доўгія ногі. У тэту ж хвіліну праз лясную прагаліну засвяціла сонца i адлюстравалася ў рацэ. Сляпуча-чырвонае, як начышчаная медная бляха, пляма пераломвалася i рассыпалася на хвалях.

Скончыўся вадапой, апусцеў бераг, а Вячорка ўсё яшчэ не меў здабычы. I калчан ягоны па-ранейшаму быў туга наладаваны стрэламі.

Дадому Вячорка прыйшоў туляючыся за дрэвамі, каб не трапіцца на вочы родзічам i суседзям. «Зноў з пустымі рукамі»,– пачалі б кпідь з хлопца. Добра, што не было дома i маці – мабыць, збірала шчаўе. Сестры таксама некуды сышлі. Толькі ў куце хаціны ціха пакехкваў глухі i нямоглы дзед.

Вячорка пакапаўся ў лазовым кошыку, выцягнуў з яго кавалак аленевага рога, некалькі крамянёвых разцоў i нажоў. Усё гэта запіхнуў у скураную торбу. Потым зноў выйшаў з вёскі i малапрыкметнай сцежкаю, мінаючы калючы яліннік з выварацямі, падаўся ў пушчу. Там быў даўно ім нагледжаны ўтульны куточак у западзіне паміж двума ўзгоркамі, дзе з-пад каранёў высахлай ад старасці хвоі выбівалася звілістая крынічка. Над крынічнай каля сухастоіны цямнела стрэшкай з яловых лапак павець. Перад ёю чакала агню вогнішча.

Вячорка сунуў пад павець торбу, сабраў сухога ламачча, выграб з глыбіні вогнішча некалькі гарачых вугалёў i раздзьмухаў агонь. I як толькі ўгарэлася ламачча, каля суседняга арэшніку зашамацела лісце, i адтуль, дробна валюхаючыся, выбег вожык. Спыніўся воддаль i задраў востры лычык. Вячорка выцягнуў з-за пазухі прыхоплены з сабою леташні жолуд i асцярожна падкінуў яго пад вожыкаву пыску. Звярок абнюхаў жолуд, потым зашчаміў яго ў зубы i зноў патрусіў пад куст. Хлопец засмяяўся ўзрадаваны, што вожык памятае яго i зноў прыбег па ласунак, да якога прывык з самай гэтай вясны.

Вячорка паслухаў лясную рознагалосіцу птушыных спеваў. Паўзіраўся ў адмысловы малюнак трэшчын на голым камлі сухастоіны. Потым сеў каля вогнішча на зялёны ад моху камень i пачаў разаграваць над жарам рог. Калі той размякчэў, Вячорка, мяняючы то нож, то разец, пачаў штосьці выразаць з яго, яшчэ незразумелае чужому воку. Калі рог астываў, тады рабіўся цвёрды, як дуб, i хлопец зноў падсоўваў яго бліжэй да агню.

Пад канец дня Вячорка адчуў голад. Схадзіў на недалёкае балота, назбіраў на качыных гнёздах яек i напёк ix у прыску. Вячэру запіў халоднаю вадой з крынічкі. Потым, калі пачало цямнець, забраўся на хвою, дзе ў расохах з галля быў зладжаны насціл, як уладкавацца аднаму чалавеку. Прывязаўся да дрэва раменным паскам, каб не зваліцца ноччу, i ўмасціўся спаць.

Назаўтра з самай раніцы Вячорка зноў узяўся за працу. Грэў рог, рэзаў яго разцом, скабліў нажом, падсякаў, дзе трэба, сякеркай. I паступова ў нарыхтоўцы пачаў угадвацца абрыс ласінай галавы. Затым дзюбкай разца хлопец акрэсліў авал звярыных вачэй, пазначыў нарэзкамі поўсць пад сківіцай, яшчэ прайшоўся па контуры вушэй, больш выразнай зрабіў лінію рота. I вось, нарэшце, на вячоркавай далоні ляжала адпаліраваная дробным пясочкам галава звера. I быццам жывыя глядзелі на мастака выпуклястыя ласіныя вочы, цяплом дыхалі шчыліны храпаў, пудка струніліся вушы. I зноў так яскрава ўявіў хлопец таго ляснога прыгажуна, убачанага ўчора на ранішнім вадапоі. I ажно задрыжэў ад шчасця, што яму ўдалося вось на гэтым кавалку рога перадаць воблік звера. Лось, жывы лось нарадзіўся пад пальцамі Вячоркі. I лася гэтага можна трымаць у руках, лашчыць яго гладкую i цёплую галаву!

Вярнуўся Вячорка дадому стомлены, але шчаслівы. Паклаў каля сябе на лежаку ласіную галоўку i заснуў. Прыйшла з градак, дзе выполвала з іншымі жанчынамі ранняе пустазелле, маці, паглядзела на спячага сына, потым заўважыла выробку. Узяла яе ў рукі i сама залюбавалася. I падумала, што дарма сварылася на сына. Бо лася кожны, толькі б сіла была ў руках, можа забіць, а вось зрабіць з рога такім, быццам жывы, ніхто ў іхняй вёсцы не здолее. Нават у ведзьмара, у якога мноства такіх выразаных з дрэва i рога выяў ласёў, качак, вужоў, якім той маліўся, яны былі горшыя.

Маці ціха, каб не разбудзіць сына, дастала з-пад лежака кошык i пачала перабіраць фігуркі, змайстраваныя сынам раней. Не, сённяшняя была найлепшай!

Не ўцерпела маці i пахвалілася суседкам новай вячоркавай выявай. Назаўтра пра гэта дачуўся вядзьмар i прыйшоў у іхнюю хаціну. Маці завіхалася каля госця, якога i паважалі ў вёсцы i пабойваліся. Бо хто ж не паважае чалавека, які лечыць шэптамі i травамі хваробы i знаецца з духамі. Але чаму i не баяцца таго, хто можа наслаць урок, немач, злыя i цёмныя сілы з-пад старых выварацяў ды з чорнага багнішча. Вядзьмар захоплена цмокаў шчарбатым ротам, аглядаючы ласіную галоўку, а потым папрасіў падараваць яму:

– Усялю ў яе дух Вялікай Ласіцы, нашай прародзічкі, i будзе гэта рэч аберагаць наш род ад хвароб i пошасці, дасць нам уладу над ляснымі жыхарамі.

І як тут не аддасі выробку, калі гэта трэба для дабра суродзічаў?

А праз нейкі час, калі пайшоў погалас, што ў далёкіх заазёрных паселішчах напаў на людзей мор, вядзьмар папрасіў выразаць драўлянага духа-ахоўніка, які адвёў бы бяду ад іхняй вёскі.

Вячорка некалькі дзён шчыраваў над ліпавай калодай i зрабіў гэтага духа – з глыбокімі вачніцамі, у якія ўставіў белыя камяні, з ашчэранымі, каб напалохаць хваробу, зубамі. I калі выяву ўкапалі перад паселішчам, аказалася, што яна вышэй чалавечага росту. I прыхажалыя з суседніх вёсак жахаліся i падалі перад ёю ніцма.

Узмужнеў Вячорка, а вядзьмар яшчэ пастарэў, стаў хваравітым. I ўсё часцей стаў браць мастакаразьбяра на сваю варажбу i замовы. Казаў яму пра таемную моц розных зёлак, вучыў закляццям, адкрываў таямніцы абыходжання з багамі i духамі. А перад часам, калі трэба было навекі адысці ў Краіну Вялікага Палявання, аб'явіў усім, што духі прызналі Вячорку пасярэднікам паміж сабою i людзьмі.

– Ну дык i няхай ён будзе ў нас за ведзьмара,– згадзіліся вяскоўцы.

I стаў Вячорка ведзьмаром. Стараўся ўсё рабіць на дабро i ніколі нікому не шкодзіў. I людзі любілі свайго ведзьмара i ніколечкі яго не баяліся. Нават дзеці.

* * *

– Па праўдзе кажучы, такую рагавую галоўку лася мне знайсці не пашанцавала. А вось на стаянках Літвы i Латвіі, дзе, як i на поўначы Беларусі, у новым каменным i бронзавым вяках жылі блізкія па культуры плямёны, яны сустракаюцца, i надзвычай дасканала зробленыя. Мне ж трапілася на старажытным тарфянікавым паселішчы пад Бешанковічамі статуэтка самога лася, але галава ў яго была схематычная. А вось фігуркі людзей знаходзіў цудоўныя – драўляныя i касцяныя, з выразна акрэсленымі тварамі, велікавокія, барадатыя.

Усе гэтыя скульптурныя выявы, таксама як i арнаменты на посудзе i касцяных вырабах, розныя ўпрыгожанні чалавечага цела i вопраткі, адлюстроўвалі рэлігійныя ўяўленні першабытнага чалавека. Тыя ж статуэткі хутчэй за ўсё адпавядалі вобразам духаў, міфічных герояў, продкаў. Адначасова яны з'яўляюцца i творамі першабытнага мастацтва, бо рабіліся з вялікай любоўю, а нярэдка i талентам.

Заўважана i такая цікавая асаблівасць – у старажытным каменным веку чалавечыя, ці антрапаморфныя, выявы мелі вельмі схематычна выражаныя галовы, пераважна без рысаў твару. У канцы ж каменнага веку i ў эпоху першых металічных вырабаў у статуэтках найбольш дасканала i рэалістычна выразбленымі робяцца галовы з перадачай індывідуальных рысаў твару.

– А чым гэта тлумачыцца?

– У самай глыбокай старажытнасці, калі пераважала калектыўнае загоннае паляванне, чалавек адчуваў сябе неад'емнай часткай калектыву – першабытнага гурта, а потым – роду. Па-за гуртам нельга было ні пракарміцца, ні збудаваць моцны будан, каб перачакаць лютыя па тых часах зімы. Таму ў старажытным каменным веку індывідуальнасць асабліва не праяўляласяу не выдзялялася. Акрамя таго, напачатку людзі не выдзялялі сябе i з жывёльнага свету. Успомнім, што розныя плямёны, як лічылі яны самі, вялі сваё паходжанне менавіта ад жывёл – мядзведзяў, ваўкоў i гэтак далей. Таму тагачаснага чалавека ў суродзіча ў першую чаргу i цікавіла жывёльнае, біялагічнае – здабыванне мяса, прадаўжэнне роду. А вось пазней, з распаўсюджаннем лука са стрэламі, вырасла роля індывідуальнага палявання. Спрытны паляўнічы i без дапамогі мог пакласці самага вялікага звера. Ен мог пратрымацца ў пушчы i адзін! Акрамя таго, у бронзавым веку ўскладнілася гаспадарчая i адпаведна мысліцельная дзейнасць чалавека. Паявіліся адносна заможныя лідэры, нават багатыя сем'і. Чалавек ужо ўсвядоміў сваю вышэйшасць над жывёльным светам, i сваю адметнасць сярод суродзічаў.

ДЗІЦЯЧЫЯ ЗАБАВЫ

«Зубр» кружляў па хмызняку, заблытваючы сляды. Зрабіць гэта было не лёгка, бо на пяску між лазовых кустоў заставаліся не толькі «зубрыныя» сляды, але нават i мышыныя. Таму ён стараўся: то ішоў, адступаючы задам, то бег, пераскокваючы праз ніжэйшыя кусты, то рабіў вялікі скачок убок, затым вяртаўся на ранейшы след. Прайшоўшы па ствале вывараці, нарэшце зашыўся ў куст ядлоўцу i заціх.

Праз нядоўгі час ад рэчкі грымнулі дружныя воклічы, і «паляванне» пачалося.

«Зубр» чуйна прыслухоўваўся, як то набліжаецца, то зноў аддаляецца «паляўнічы загон». I толькi глыбей уцягваў у плечы калматую галаву, калі галёканне чулася зусім побач.

Нарэшце «звер» прыкмеціў, як на прагаліну перад ядлоўцам выйшлі напаўголыя загарэлыя «паляўнічыя», размахваючы лукамі i дзідамі. Яны спыніліся перад паваленым дрэвам, бо след тут прападаў.

Адзін з загона адбегся ўбок i радасна загукаў:

– Знайшоў след! Во ягоны след зноў!

«Зубр» з палёгкаю перавёў дыханне – «паляўнічыя» папаліся на ягоную хітрыку i павярнулі ўбок.

Ішоў час i «зубру», нарэшце, надакучыла сядзець у кусце, дзе яго пачалі апаноўваць авадні. Тады ён набраў у лёгкія пабольш паветра i раўнуў. Галасы «паляўнічых» заціхлі. Загон, бачна, прыслухоўваўся. Тады «зубр» зароў яшчэ раз.

Загон разгарнуўся ў шырыню i пачаў прачэсваць лес у напрамку рыкання, бо знайсці «звера» па слядах страцілі надзею. «Паляўнічыя» зноў выйшлі на прагаліну. Зараз яны кіраваліся проста на ядловец, i «зубр» зразумеў, што яго знойдуць. Падпусціўшы праследвальнікаў як мага бліжэй, ён раз'юшана зароў i кінуўся ўперад. «Звер» збіў з ног бліжэйшага «паляўнічага» i прарваўся скрозь загон. Але калі амаль ужо перабег прагаліну, у бок яму пацэліла страла.

– Мы забілі цябе! – узрадавана закрычалі хлопчыкі, што былі за «паляўнічых».

– А гэта не лічыцца,– спыніўся хлопчык-«зубр», падымаючы з пяску цацачную стралу.– Каб я не падаў голас, вы б мяне не знайшлі!

– А вось i знайшлі б!

– I не знайшлі б!

Спрэчка разгаралася i магла б скончыцца бойкаю, каб не прыбег, засопшыся, яшчэ адзін хлопчык.

– На Чырвоным беразе дзяўчаткі!– замахаў ён рукамі.– Нешта лепяць.

– Нападзём на ix,– тут жа рашылі хлопчыкі.– Быццам мы воіны з чужога племені!

Там, дзе рака рабіла крутую луку, вада падмывала высокі ўзгорак. У ім пад пяском агаляўся пласт тлустай чырвонай гліны. Таму, мусіць, бераг i зваўся «Чырвоным».

Дзяўчаткам, якія зараз там былі, таксама хацелася пагуляць, як i ix аднагодкам хлопчыкам. I яны любілі пабегаць, пападскокваць, пашукаць на дрэвах птушыныя гнёзды, нацягаць з-пад берага ракаў. Але пераважна ў ix гульні былі свае, не хлапчукоўскія. Яны не забаўляліся ні ў паляўнічых, ні ў вайну, не майстравалі лукаў i не ганяліся адна за адной з самаробнымі дзідамі. Дзяўчаткі найчасцей гулялі ў гаспадынь, ляпілі што-небудзь з пяску, падкідалі i лавілі каменьчыкі, рабілі з ласкуткоў лялькі ці плялі з кветак вянкі. А зараз яны прыйшлі на Чырвоны бераг, каб наляпіць з гліны цацачнага посуду. Яны выдзіралі з берага камякі вільготнай гліны i штукавалі з ix розныя гаршчэчкі i кубачкі. А некаторыя рабілі цацачных каровак. Гатовыя вырабы клалі на санцапёк, каб высахлі.

Хлопчыкі кустоўем непрыкметна падкраліся да Чырвонага берага, а затым з ваяўнічымі крыкамі кінуліся ўперад:

– Вайна! Вайна! Мы захапілі вас у палон!

Дзяўчаткі спачатку былі перапалохаліся, але, калі ўбачылі, што напаснікі – малеча з іхняй жа вёскі, нарвалі крапівы i кінуліся абараняць свае цацкі.

– Крапівой – гэта не па правдах,– апраўдваліся адзін перад адным хлопчыкі, у спешцы пакідаючы «поле бою».– Каб не крапіва, то была б наша перамога.

Смылелі абджыганыя плечы i ногі, i гэта быццам надало дурасліўцам разважлівасці. I ўсе яны раптам дружна ўспомнілі, што ўжо захацелася есці, што маці прасілі нарваць травы парасятам, што таму-сяму было загадана прыгледзець за малымі брацікамі i сястрычкамі, а некаму бацька казаў не адыходзіцца ў лес. Успомніўшы пра гэта, прыцішанай грамадою падаліся дадому.

Перад самай вёскай, абгінаючы рачную затоку, натрапілі на качыны вывадак. Качаняты, якія яшчэ не ўмелі лётаць, порстка кінуліся ў траву, a хлопчыкі з вясёлым смехам пачалі ix лавіць.

– Хапай сталую кацку! – раптам картава залемантаваў найменшы з хлопчыкаў.– Яна ланеная!

I праўда, маці-качка трапяталася ў траве i ніяк не магла ўзляцець. Хлопчыкі пакінулі ў спакоі птушанят i кінуліся да яе, бо гэта была лепшая здабыча. I калі ўжо некалькі рук працягнулася, каб схапіць птушку, яна нязграбна ўзнялася на крыло i адляцела крокаў на дзесяць убок. Так паўтаралася некалькі разоў. Вось, здаецца, . ужо зловяць качку, але яна збіралася з сіламі i напаўлёту ратавалася ад праследавальнікаў. Нарэшце яна ўзнялася па-сапраўднаму, неяк своеасабліва закракала i паляцела над балотам.

– Дык гэта ж яна прытваралася. Ад малых адводзіла,– расчаравана даўмеліся хлопчыкі.

Вёска была побач, i хутка яны ўжо былі дома.

* * *

– Тут пытанняў няма,– адклаўшы апошнюю старонку, сказаў Іван Пятровіч,– у дзяцінстве i мы так забаўляліся.

– Толькі замест «паляўнічых» i «зуброў» былі найчасцей «партызаны» i «немцы».

– Ну, такі быў час... Але я ўсё чакаю, калі ты мне, нарэшце, выкладзеш асноўны змест бронзавага веку на Беларусі, мовячы анатамічна – шкілет, на які нарастаюць «мышцы i скура» тваіх запісаў. Ісці ў бібліятэку i капацца ў адпаведных кнігах па гэтаму пытанню мне зараз бракуе часу. Так што, калі ты сёння яшчэ не вельмі стомлены, то я цябе паслухаў бы. Можаш i ў самым сціслым выглядзе. Думаю, для мяне будзе дастаткова.

– Бронзавы век таму так i называецца, што паявіліся бронзавыя вырабы. Але ix, як ты ўжо ведаеш, на Беларусі было зусім мала. Таму крэмень па-ранейшаму заставаўся асноўнай сыравінай для прылад працы. Для гаспадаркі бронзавага веку характэрна паўсюднае распаўсюджанне жывёлагадоўлі i земляробства. Апошняе было звязана з высяканнем i выпальваннем лесу – на нашых зарос лых пушчамі землях інакш было нельга. Аднак важную ролю адыгрывалі i спрадвечныя заняткі – паляванне, рыбацтва i збіральніцтва. Людзі ў гэты час навучыліся рабіць каменныя шліфаваныя сякеры з прасвідраванымі для рукаятак адтулінамг, ляпілі пласкадонны гліняны посуд, аздабляючы яго разнастайнымі арнаментамі.

Адбыліся істотныя змены i ў светапоглядзе тагачаснага чалавека. Распаўсюдзіліся рэлігійныя культы, звязаныя з абагаўленнем нябесных свяцілаў, плоднасці зямлі, жыццёвай моцы раслін i жывёл. Такім чынам, светапогляд адлюстроўваў змены ў гаспадарчых занятках, звязаныя з узрослай роллю жывёлагадоўлі i земляробства. Гэтыя два заняткі, а таксама дарагія бронзавыя вырабы прывялі да назапашвання ў руках асобных родаў ці нават сем'яў лішкаў рэчаў i прадуктаў. Такім чынам, зараджалася маёмасная няроўнасць. Л ы я ж земляробства i жывёлагадоўля пачынаюць выстаўляць на першае месца ў чалавечай супольнасці мужчын. Ім належыць зараз першае слова ў вырашэнні грамадскіх спраў, у пытаннях наследавання маёмасці.

Бронзавы век на Беларусь пачаўся ў самым пачатку другога тысячагоддзя да нашай эры, калі сюды пранікла насельніцтва культуры шнуравой керамікі, ва ўжытку якога ўжо былі некаторыя металічныя вырабы.

– А што ў дадзеным выпадку трэба разумець, пад паняццем «культура»? – перабіў мяне Іван Пятровіч.

– Пад археалагічнай культурай мы разумеем сукупнасць рэшткаў жыццядзейнасці людзей пэўнага перыяду на акрэсленай тэрыторыі – жытло, прылады працы, упрыгожанні, посуд, а таксама асаблівасцей ix светапогляду, выяўленага ў пахавальным абрадзе, арнаментах, культавых рэчах. Мяркуецца, што археалагічныя культуры ад люстр оўваюць колішняе існаванне розных этнічных груп насельніцтва, напрыклад, старажытнейшых славян, балтаў, германцаў.

Прышлыя «шнуравікі» сутыкнуліся з мясцовым позненеалітычным насельніцтвам i працяглы час з ім суіснавалі. Такое суседства прывяло да ўтварэння ў сярэдзіне другога тысячагоддзя сярэднябронзавых культур. Сярод ix важнейшымі лічацца тшцінецкая i сосніцкая культуры, помнікі якіх займаюць паўднёвую Беларусь. Дарэчы, носьбітаў гэтай першай часам звязваюць з непасрэднымі продкамі славян. Поўнач Беларусі ў пачатку бронзавага веку засялялі плямёны паўночна-беларускай культуры. Яны тут былі спрадвечныя, яшчэ з неаліту. «Шнуравікі» толькі злёгку ix «падфарбавалі». У канцы бронзавага веку нашу тэрыторыю засяляла насельніцтва культур, асноўнае развіццё якіх прыпадае на наступную эпоху – ранні жалезны век, які пачаўся каля сёмага стагоддзя да нашай эры.

ЧОРНАЯ СМЕРЦЬ

Неяк у час далёкай паляўнічай вандроўкі натрапілі на лясное возера. Берагі яго былі пясчаныя i светлыя, а навакол распасціраліся багатыя непалоханай дзічынай лясы i балоты. У возеры ажно кішэла ад рыбы. I галоўнае, сюды яшчэ не траплялі людзі – нідзе не было ні чалавечых слядоў, ні межавых метаў-засечак на дрэвах. Мясціна, адным словам, была зручная для жылля, таму сюды i перасялілася некалькі сем'яў.

Спачатку на азёрным беразе зладзілі пару хацін. Праз гады, калі падраслі дзеці i завялі свае сем'і, вёсачка пабольшала. Так i жылі, не маючы вялікіх клопатаў, з палявання на дзічыну i рыбнай лоўлі. Расчысцілі, выпалілі чарназёмную прыбалаць i пачалі сеяць на ёй ячмень. У загародах трымалі такую-сякую свойскую жывёлу. У берагавых восыпах часам знаходзілі крэмені, з якіх рабілі прылады працы. Калі ж крэменю не хапала, майстравалі наканечнікі стрэлаў i кінжалы з костак. Абыходзіліся ўсім сваім, але сувязей з роднымі мясцінамі, дзе жылі іншыя роды іхняга племені, не перарывалі. Там засталіся родзічы, адтуль бралі жонак, туды выходзілі замуж.

Хоць рэдка, але ў паселішча на лясным возеры прыходзілі ў адведкі i госці, асабліва зімой, калі замярзалі рэчкі i балоты.

Але вось зараз i зіма канчаецца, a ніхто штосьці не наведваецца сюды. Занепакоіліся азёрцы, каб што там не здарылася з іхнімі родзічамі. Можа, якая вайна пачалася з суседнімі плямёнамі? Пачакалі яшчэ з тыдзень i выправілі ў шлях трох маладых мужчын, каб даведацца, што там робіцца на шырокім свеце.

Цэлы дзень ішлі азёрцы замерзлай ракой. Вечарам зрабілі на беразе прытулак з ялінавых лапак. абклалі яго снегам. Было цесна, але даволі цёпла. У ім i пераначавалі.

Назаўтра павярнулі ўбок, у заснежаную пушчу, i ўжо пад абед дабраліся да высокіх рэдкалесых узгоркаў i з аднаго з ix убачылі далёка ўперадзе белую звілістую палосу ў шырокай нізавіне – замерзлую i заснежаную раку, каля якой i жылі ix родзічы.

Сярод зімы надарылася некалькі адліг, таму снег быў аселы i цвёрды. Ішлося легка. А зараз, калі да мэты заставалася не так i шмат, азёрцы яшчэ прыспешылі крок.

Паніжэла. Сталі трапляцца замеценыя снегам рачулкі i балотцы-старыцы. Але чым бліжэй падыходзілі трое мужчын да ракі, тым больш пачыналі трывожыцца – навокал было поўна звярыных слядоў, цэлыя сцежкі. I ні аднаго чалавечага!

Няўжо тутэйшыя людзі так цэлую зіму невылазна i праседзелі на рацэ, харчуючыся рыбай, што лавілі пад лёдам? Хіба ў пушчы не ставілі на ласёў самастрэлы, сілкі на зайцоў, не ганяліся за лясной дзічынай з лукам i дзідай? Не, тут штосьці было не так...

I каля самай вёскі не было чалавечых слядоў. I ні дымку нідзе, ні голасу, ні сабачага брэху. Толькі за спіной азёрцаў трывожна гуў у вяршалінах дрэў вецер.

Праз хмызы выбраліся на прыбярэжны чысцяк i спыніліся. Перад імі была вёска. Вастраверхія хаціны, накрытыя трыснягом i карой, цясніліся ўздоўж берага побач з пахілымі вербамі.

Падышлі да крайняй хаціны. Пад плеценыя з лазы i ўцепленыя скурамі дзверы намяло гурбу снегу; i даўно, бо быў зляжалым. Давялося дрэўкам дзіды разбіваць яго на кавалкі i адкідваць убок. Нарэшце ўдалося прыадчыніць дзверы,і адзін з азёрцаў усунуўся ў шчыліну. Яго вочы з цяжкасцю разгледзелі ў паўзмроку заледзянелае агнішча, нізку лісіных скурак пад страхой, лежакі ўздоўж сцен, а на ix – людзей. I калі ўгледзеўся ў твары людзей, з жахам выскачыў з хаціны:

– Яны мёртвыя! Ix забіла Чорная смерць!

Пры гэтых словах азёрцы кінуліся бегчы з паселішча, быццам за імі гнаўся статак раз'юшаных зуброў. I толькі на ўскрайку пушчы супыніліся, выцягнулі з-пад вопраткі драўляныя фігуркі духаў-ахоўнікаў, сталі шаптаць закляцці.

Калі аддыхаліся i страх крыху прайшоў, бо ад вёскі былі ўжо далекавата, старэйшы азёрац запытаў у таго, што быў у хаціне:

– А ты не памыліўся?

– Каб я не пабачыў сваіх бацькоў! У ix былі пачарнелыя твары, усе ў язвах!

– Што ж будзем рабіць? – непакоіўся трэці азёрац.– Чорная смерць падкрадаецца нябачна. Ідзе ад вёскі да вёскі i няма ад яе ратунку. Дзед расказваў, як калісьці вось так вымерлі ўсе людзі з суседняга роду. Да апошняга чалавека. I ў іншых родах яна шмат каго забрала. Выжыў толькі той, хто адразу ўцёк у пушчу. А далей на поўнач увогуле была апусцела зямля... I як мы зараз вернемся дадому? Яна будзе красціся па нашых слядах i прынясе пагібель i ў нашу вёску. Яна ж ужо на руках у Лася, бо ён заходзіў у хаціну!

Лось здрыгануўся i памярцвелымі вачамі паглядзеў на свае рукі, быццам на ix ужо былі знакі непапраўнай бяды. Астатнія ж азёрцы паціснуліся ўбок ад яго,– ужо асуджанага, аддадзенага Чорнай смерці.

– Я ведаю паратунак,– рашуча прамовіў старэйшы.– Чорная смерць баіцца агню. Яна адступае перад ім. Так казаў наш вядзьмар.

Трэннем двух кавалкаў сухога дрэва азёрцы здабылі агонь i расклалі вогнішча. Затым на пашкоджаных хваёвых камлях назбіралі жывіцы i паклалі яе на полымя. Смала плавілася i з трэскам гарэла, а мужчыны пачалі ўторкваць у гаручую жывіцу канцы стрэл i выпускаць ix па хацінах. Стралялі, слаба нацягваючы цеціву, каб у хуткім палёце не збівалася полымя. Стрэлы паволі апісвалі высокую луку, пакідаючы за сабою дымны след, i ўпіваліся ў чаратовыя стрэхі. Успыхнула адна хаціна. Затым другая. Хутка занялася агнём i дымам уся веска. Аднекуль прыбег здзічэлы сабака i па-ваўчынаму завыў, гледзячы на пажар.

Калі агонь увабраўся ў самую моц, з трэскам i гулам пажыраючы чалавечае жытло, Лася пакінула здранцвенне. Не развітваючыся, толькі кінуўшы на былых таварышаў затуманены пагляд, ён, хістаючыся, павольна рушыў да агню. Астатнія ж азёрцы зніклі, не азіраючыся, у пушчы.

Вярталіся мужчыны дадому кружным шляхам, заблытваючы сляды. Некалькі разоў на сваім шляху раскладвалі вогнішчы i пераступалі праз агонь. I невядома, што дапамагло, але на гэты раз бяда мінула вёску на далёкім лясным возеры.

* * *

– Тут, як медык, я магу цябе i дапоўніць. Эпідэміі хвароб ажио да нядаўняга часу былі страшэнным бічом чалавецтва. Напрыклад, у чатырнаццатым стагоддзі ад чумы вымерла амаль палова насельніцтва Еўропы. Хвароба, пачаўшыся на Далёкім Усходзе, праз Кітай i Індыю вясной 1347 года трапіла ў Еўропу. У Італіі, напрыкладз тысячы жыхароў тады выжываў толькі дзесятак. Думаю, што ў бронзавым веку было не лепш.

– Адкуль жа яно магло быць лепш? Лячыліся ж толькі травам i ды замовамі. Можа толькі эпідэміі не так лютавалі, бо рэдкае было насельніцтва, розныя групы яго мала паміж сабой кантактавалі. Ды i без эпідэмій бяды хапала. Каля пасёлка Краснасельскага на Poci ў адной крэменездабыўнай шахце было знойдзена пахаванне мужчыны. Ці не супляменнік гэта быў старога Крэма? Па костках вызначылі, што небарака пакутаваў запаленнем зубоў, меў адклады солей у хрыбетніку, а памёр, бачна, ад нейкага захворвання костак. Не кажу ўжо, колькі разоў пры жыцці хварэў з прастуды!

МАЛЫ ГАСПАДАР ТАРФЯНІКАВАЙ ВЁСКІ

Старэйшыя разышліся хто куды. Мужчыны пабралі мярэжы i паплылі за выспы – гэткай парой там збіраліся касякі сялявы. Жанчыны пайшлі на затоку збіраць паспелыя вадзяныя арэхі. Падлеткі таксама былі занятыя – хто пасвіў жывёлу на прыазёрнай лугавіне, хто дапамагаў старэйшым, а некаторыя падаліся ў грыбы. Веташок таксама з ахвотаю пайшоў бы ў лес – ён ужо нагледзеў добрую баравіковую мясціну, але бацькі не пусцілі, сказалі: «Будзь з малымі, пільнуй селішча». I яшчэ розных абавязкаў надавалі, a самі пайшлі.

Веташок пакрыўдзіўся i з самай раніцы сядзеў у хаціне, стругаў крамянёвым ножыкам палачку i наракаў на свой нешчаслівы лёс. Было ціха i нудна навокал, ажно пакуль не трапіла ў павуцінне муха i не пачала басавіта гудзець. Хлопец схапіў галінку i пачаў шастаць у цёмным куце; муха змоўкла. Але яна хутка зноў абрыдліва заныла, i тады Веташок выйшаў на вуліцу. I ў пару: з-за суседняй хаціны выбег крываногі i замурзаны малы i закрычаў:

– Парасяты ўцякаюць! Нудна-санлівы настрой як рукою зняло. Веташок кінуўся за малым i ўбачыў, што віславухі парсючок ужо весела рыў лычам дзірван за загарадай, а пад зламаную жэрдку ціснуўся на волю ягоны брат. Астатнія таксама, рохкаючы, мітусіліся побач, шукаючы выйсця са свайго зняволення.

Веташок спехам паправіў жэрдку, улупіў дубцом парасятам, каб супакоіліся, i кінуўся да віславухага, растапырыўшы рукі. Малыя, а ix у вёсачцы было з паўдзесятка, узяліся дапамагаць Веташку. Парсючок жа падумаў, што пачынаецца вясёлая забава, i з падскокам паімчаў паміж хацін. Шум i вэрхал распачаўся навакол – крычалі i смяяліся дзеці, віскаталі парасяты, брахаў i рваўся з прывязі сабака. I ніяк таго віславухага не ўдавалася злавіць, бо нават, калі яго хапалі за вушы, ён вырываўся з дзіцячых рук.

I тады хлопец даўмеўся, што рабіць. Ен прынёс з бацькоўскай хаціны старую, але яшчэ моцную сетку. Яе расцягнулі паміж будынкамі i загналі ў пастку свавольніка.

Усадзіўшы ўцекача ў загараду, Веташок загадаў дзецям назбіраць парасятам травы. Гэтыя ловы парсючка, які мог збегчы ў лес проста ў зубы ваўку ці рысі,– што б тады ён вечарам сказаў старэйшым – абудзілі ў хлопца пачуццё адказнасці. Зараз ён адчуваў сябе чалавекам, які павінен клапаціцца i пра малых, i пра парсючкоў у загарадзе, i пра сабаку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю