Текст книги "Вогнепаклоннікі"
Автор книги: Міхась Чарняўскі
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)
Annotation
Прапануемая кніга археолага, кандыдата гістарычных навук М. М. Чарняўскага з'яўляецца працягам кнігі «Страла Расамахі», якая выйшла ў 1985 г. У мастацка-навуковых нарысах аб жыцці людзей бронзавага веку займальна расказваецца аб першых металічных прыладах працы, аб развіцці земляробства i жывёлагадоўлі, зараджэнні культуры. Адрасуецца вучням еярэдняга школьнага ўзросту.
Міхась Чарняўскі
ЯК ГЭТА ПАЧЫНАЛАСЯ
ЧЫРВОНЫЯ КАМЯНІ
КОПАЧКІ ПАД БРЫЖАМ ГАРШКА
ПАД ЗНАКАМ КАМЕННАЙ СЯКЕРЫ
ПАСТУШКІ, ВОЎК I САБАКА КУДЛАЧ
СТАРЫ КРЭМ
ВЫПРАБАВАННЕ
ДЗІВАК ВЯЧОРКА
ДЗІЦЯЧЫЯ ЗАБАВЫ
ЧОРНАЯ СМЕРЦЬ
МАЛЫ ГАСПАДАР ТАРФЯНІКАВАЙ ВЁСКІ
ПАСЕЛІШЧА НА ВЫСПЕ
ХТО УКРАЎ СЕТКУ?
КОННІК З ПАЎДНЕВЫХ ГОР
КРАМЯНЁВЫ СЕРП ДЛЯ КАЛІНКІ
ЗЕМЛЯНЫ КАПЕЦ ТУРА
ВОГНЕННЫ ЦМОК
ВОГНЕПАКЛОННІКІ
ДОБРА TOE, ШТО Ў ПАРУ КАНЧАЕЦЦА
Міхась Чарняўскі
ВОГНЕПАКЛОННІКІ
Падрыхтаванае на падставе: Міхась Чарняўскі, Вогнепаклоннікі. Кніга для вучняў, – Мінск: Народная асвета, 1989. – 80 с.: іл.
ISBN 5-341-00147-8
Рэдактар: Я. С. Гучок
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ЯК ГЭТА ПАЧЫНАЛАСЯ
З глухой i бяздоннай цемры выплылі гукі – галасы, бразганне металу, быццам побач мылі жалезны посуд. A калі яны рабіліся больш выразнымі, я пачаў разумець, што мая аглушаная наркозам свядомасць праясняецца.
– Ну, досыць спаць, прачынайцеся,– пачуўся нечы прыемны голас. I мяккая жаночая рука лёгенька паляпала мяне па шчоках. Можа ляпалі i мацней, але я адчуваў яшчэ слаба, бо чужым i нерухомым заставалася мае цела. А чуў жа я ўжо i разумеў усе.
– Не ўключаецца,– прамовіў той жа голас.– Хлопчыкі, на каталку яго i ў палату. Трэба вызваляць аперацыйны стол.
«Хлопчыкі» падхапілі мяне і пераклалі на штосьці няўстойлівае. «На каталку»,– здагадаўся я i паплыў некуды, пагойдваючыся, як на хвалях. Вяртаўся ў забыццё...
– Колькі ж вы будзеце спаць? – зноў пачуў я знаёмы голас, але ў ім ужо гучалі нецярплівыя ноткі.– Гадзіну буджу i ніякага толку. А мяне ж іншыя аперацыі чакаюць... Hy, раскратвайцеся! – ушчувала мяне нябачная жанчына.
Я напружваўся, колькі мог, каб падначаліць волі сваё бязладнае цела, якое ляжала недзе ніжэй маёй галавы, быццам адпілаванае. Адчайна намагаўся крануць пальцамі ног. Верылася, што калі варухну хоць адным, ажывуць ступні i ўсе ногі. Бо яны, натрэніраваныя за два дзесяткі гадоў у археалагічных экспедыцыях, былі моцныя, як машыны, i ніколі яшчэ не падводзілі; былі заўсёды гатовыя да руху.
– A божачкі, ён ужо пачаў халадзець! Каб жа толькі не памёр, а то будзе такі жах – не выйшаў з наркозу.
Мне i сапраўды рабілася ўсё халадней, быццам мароз скоўваў рукі i ногі. У дадатак пачаў апаноўваць страх – a калі сапраўды не прачнуся? Пачакаюць, памацаюць i скажуць – «адышоў» i павязуць у морг на халодны мармуровы стол...
Каля дзвярэй нехта зашлэпаў па падлозе – мусіць, палатачная нянечка.
– I як наш хворы?
– A, ніяк. Ужо заледзянеў увесь.
– А мы яго зараз пагрэем, калі заледзянеў,– лагодна прамовіла нянечка i выйшла ў калідор. Праз нядоўгі час я зноў пачуў яе крокі, а потым адчуў невыказна прыемнае цяпло на падэшвах ног. Яна прынесла грэлку!
Цяпло павольнымі i яшчэ кволымі штуршкамі, разам з аслабелай пульсацыяй крыві, пачало паступова напаўняць мае ногі, як апусцелую было пасудзіну. Затым пайшло вышэй.
I тады я зноў паспрабаваў паварушыць пальцамі ног. Удалося! Напружыўся i крануў ступнямі i затым пачаў перабіраць імі, не спыняючыся, быццам пайшоў прынёманскай сцежкай... I нарэшце, адплюшчыў вочы...
Папраўляўся я хутка. Назаўтра ж змог сесці на ложку, а праз дзень, хоць i хістаючыся, выйшаў на калідор. Адзінае, што турбавала,– дрэнны сон. У вогуле я засынаў нармальна i спаў колькі трэба, але мучыла тое, што ў сне бачылася. I нават не столькі мучыла, як трывожыла сваёй нязвыкласцю. Сніў я сябе на кавыльных раўнінах, дзе з гіканнем праносіліся, уздымаючы дзіды, вершнікі на неасядланых конях. Кідаліся на мяне ў лясных гушчарах вастрарогія туры, i я то заколваў ix рагацінай, то ратаваўся ўцёкамі. Бачыліся плеценыя з галля i крытыя трыснягом хаціны на берагах азёрных заток i чоўны-даўбёнкі на гэтых затоках. Мроіліся дымныя вогнішчы i танцы ведзьмароў навокал ix. Ноччу чуў я трубны рэў аленяў, рыканне зубраў, брэх здзічэлых сабак. Прачынаўся, устрывожаны водбліскамі пажараў, баявымі крыкамі воінаў i галашэннем жанчын. Сны складаліся ў каляровую мазаіку, сярод якой узнікалі цэлыя сюжэтныя карціны, а часам гэта былі абрыўкі нейкіх відовішчаў, цьмяныя ўспаміны, быццам зменлівае далёкае рэха.
Успамінаючы прымроенае ноччу, аналізуючы ўбачанае – каменныя шліфаваныя сякеры i бронзавыя кінжалы ў руках светлавалосых людзей, жней з крамянёвымі сярпамі на засеяных ячменем выгарынах, пласкадонныя гаршкі з трохкутнікамі i крыжамі пад брыжам – я пачаў здагадвацца, што ў сне трапляю ў часы бронзавага веку. Няўжо таму, што сам археолаг i якраз даследую гэтую эпоху? Нагледзеўся ўсяго каля раскапаных старажытных жытлаў i магіл i вось зараз яно лезе ў галаву... Але ж бачылася ў снах i многае, пра што я не меў ніякага разумення. Да таго ж, быццам ва ўсіх высненых здарэннях прысутнічаў сам я!
Неўзабаве прыйшоў у адведкі мой даўні i харошы знаёмы Іван Пятровіч, які ў адным з навукова-даследчых інстытутаў займаўся малазразумелымі для мяне пытаннямі псіхалогіі. Я расказаў яму пра свой стан.
– Якая ўдача! – радасна ўзмахнуў рукамі Іван Пятровіч.– Надзвычай рэдкі выпадак!
– Чаго ты радуешся? – пакрыўдзіўся я.– Мяне гэтыя трызненні непакояць. Можа што ў галаве звіхнулася?
– Яшчэ як звіхнулася! – зручней уладкоўваючыся на крэсле каля майго ложка, яшчэ больш ажывіўся знаёмы.– Хоць гэта пытанне яшчэ мала распрацаванае – недастаткова эксперыментальнага матэрыялу, але сутнасць яго заключаецца ў тым, што пры надзвычай моцных уздзеяннях на невядомыя яшчэ нам цэнтры мозга – стрэсавая сітуацыя, вельмі глыбокі гіпнатычны стан, a ў тваім выпадку, бачна, хімічнае рэчыва, ужытае для наркозу,– у чалавека ажывае генетычная памяць. Усё, што мы чуем, перажываем, бачым, як на магнітафоннай стужцы запісваецца ў нашай памяці. А што такое запамінанне? Гэта фізіка-хімічныя працэсы на ўзроўні малекул i атамаў. I відаць, частка атрыманай інфармацыі трапляе ў малекулы спадчыннасці ці ў якія там іншыя элементы i фіксуецца. У нармальных умовах генетычная памяць знешне нічым сябе не праяўляе. Яе прызначэнне – не быць для нас кінатэатрам старых фільмаў, a захоўваць i развіваць спадчыннасць. Бо гэта толькі на першы погляд спадчыннасць нязменная, яна, хоць i вельмі павольна, мадэфікуецца, ускладняецца. Інакш мы з табою не сядзелі б зараз побач i не размаўлялі б аб высокіх матэрыях, а плавалі б у акіяне ў выглядзе прымітыўных аднаклетачных.
– А чаму сніцца толькі бронзавы век – прамежак часу паміж пачаткам другога i сярэдзінай першага тысячагоддзя да нашай эры?
– А таму, што актывізаваўся менавіта толькі гэты пласт генетычнай памяці. I павінен радавацца гэтаму! Хіба лепш было б каб ты ноччу бачыў сябе чалавекападобнай малпай ці якой яшчэ больш старажытнай жывёлінай?
– I як доўга будзе такі стан?
– Ажно пакуль закрыецца «пралом» у свядомасці, праз які i прабіваецца ўсё гэта. Можа закрыцца i сам пры агульным паляпшэнні псіха-фізіялагічнага стану арганізма, можна дапамагчы i адпаведнымі лекамі.
– Калі так, то з лекамі пачакаю,– супакоіўся я.– Хачу яшчэ паназіраць, што навытваралі там мае продкі.
– А ты запісвай,– прапанаваў Іван Пятровіч,– я з задавальненнем пачытаю, бо маю тайную схільнасць да старасветчыны. Можа i яшчэ каму спатрэбяцца такія запісы. Не кажу ўжо, як яны неабходны нашаму брату-псіхолагу.
Усунуўшы мне ў рукі пакет з апельсінамі i пажадаўшы хутчэй здаравець, Іван Пятровіч пайшоў, паабяцаўшы зазіраць часцей. Я ж, не губляючы часу, дастаў з тумбачкі сшытак i ручку... i задумаўся, як шахматыст перад першым ходам у адказнай партыі.
З чаго i як пачаць? Пасля доўгіх разважанняў рашыў запісваць важнейшае, найбольш характэрнае, каб даць чытачу ўяўленне аб асноўных праявах жыцця першабытнага чалавека ў бронзавым веку. Дробныя ж выпадкі, інтымныя падрабязнасці, блытаныя ўрыўкі відовішчаў, фантастычныя трызненні няхай застануцца толькі ў памяці. Навошта імі тлуміць галовы іншым? Рашыў не давяраць паперы i найбольш жорсткія сцэны, у якіх было асабліва шмат агню, крыві, гвалту, смерці. Лагічней было i сам аповяд весці не ад свайго «я», бо «я» быў увесь час у гэтай палаце замораны хваробай, у халаце з кароткімі рукавамі i адным уцалелым гузікам. Toe, што снілася, у сапраўднасці здаралася з маімі далёкімі родзічамі ў нейкім больш як сотым пакаленні назад. Няхай жа яны ажывуць хоць на гэтых старонках...
ЧЫРВОНЫЯ КАМЯНІ
Бацька з сынам прыйшлі на гэты камяністы схіл гары, адолеўшы за паўдня цяжкі i далёкі шлях. Праз густы букавы лес абыходзілі вузкую, але доўгую азёрную затоку – гэта яшчэ каля самага іхняга паселішча. Прабіраліся глыбокім рэчышчам горнай рэчкі, што прапілавала ў каменных нетрах вузкую прорву-шчыліну. Затым лезлі ўверх звярынаю сцежкай, чапляючыся за выступы скал. I нарэшце, трапілі сюды, дзе скалы расступаліся, дзе было цёпла i светла ад блізкага шырокага неба над галавою i сонца.
– Які незвычайны лес! – здзівіўся хлопец, паказваючы на чэзлыя i пакручастыя дрэўцы, быццам прыгнечаныя нейкай немаччу.
– Але,– узрадаваўся бацька сынавай назіральнасці.– Глядзі i запамінай: дзе ў зямлі ляжаць чырвоныя камяні, там i лес такі недарослы. Бачыш, i трава тут асаблівая, не такая як у іншых мясцінах. Пад такой травою таксама можна шукаць гэты камень. А бывае – позняй восенню ўсё навокал заінела, а дзе-небудзь засталіся плямы на скалах без шэрані. Значыць, там таксама ён. Чырвоны камень мае такую чароўную моц, што мяняе i траву, i лес, i мароз яго не бярэ.
– Вырасцеш,—працягваў бацька,– сам будзеш хадзіць у горы, шукаць чырвоны камень i рабіць з яго бранзалеты, пярсцёнкі, шылы, нажы i яшчэ шмат якія патрэбныя чалавеку рэчы. I тады станеш самым паважаным у нашым родзе чалавекам. I на сходзе мудрэйшых табе заўсёды будзе пачэснае месца каля свяшчэннага агнішча, i кавалак мяса не звядзецца ў тваім гаршку.
Канешне, было спакусліва некалі сесці на шырокую лаву з расшчапанага букавага камля побач з самымі слаўнымі людзьмі, але калі тое будзе? Трэба, каб у яго спачатку вырасла вялікая барада i каб яна пасівела. А найбольш трэба было нечым заслужыцца перад суродзічамі. Яму ж зараз не церпілася заглыбіцца ў гэты дзівосны лес, урыцца ў россып камянёў i знайсці чырвоны камень, які, калі яго пацерці пяском, гарыць, як сонца, i слепіць вочы. I рэчы з такога каменя самыя прыгажэйшыя на свеце.
Бацька ішоў паперадзе i доўгай рукаяткай каменнай сякеры варушыў леташняе лісце, раскідаў у бакі мох, расчышчаючы горную пароду.
– Вось рудавата-зялёны камень. Знайшоўшы такі, будзь асабліва ўважлівы,– супыніўся бацька.
Ён лоўка ўхапіў камень у левую руку i стукнуў па ім абушком сякеры. Скарынка вокіслаў абсыпалася, i ў кавалку руды заззялі чырванаватыя іскрынкі медзі. Але яе было зусім мала, i бацька адкінуў знаходку ўбок.
У адным месцы сярод граніту выступаў цэлы пласт такой пароды, i тут горназдабытчыкі прыпыніліся даўжэй. Бацька сякерай, а сын звычайным каменем збівалі вокіслы з меднай руды i, нарэшце, проста пад нагамі знайшлі ладны кавалак каштоўнай самароднай медзі.
Бацька замілавана ўзважыў знаходку ў руцэ, абмацаў яе, агледзеў, а затым асцярожна, быццам магла разбіцца, паклаў у скураную торбу. Потым трапіўся яшчэ з дзесятак такіх большых i меншых камянёў, якія ляжалі ў восыпу пад руданосным пластом.
Побач з бацькам завіхаўся i сын. Ен таксама шукаў i запіхваў у торбу самародкі i ўяўляў, як заўтра ці паслязаўтра бацька сядзе пад разложыстым каштанам каля іхняй хаціны, пакладзе на калоду гранітную пліту-кавадла i каменным малатком пачне выкоўваць з медзі вострыя шылы, шыракалёзыя нажы, тонкія пласцінкі, з якіх потым зробіць бранзалеты або трубачкі для караляў. А ён будзе дапамагаць бацьку – шурпатым бруском загладжваць паверхні каваных вырабаў, вастрыць, паліраваць пяском да зіхаткога бляску.
А вечарам прыбяжыць з поля яго старэйшая сястра, пакладзе серп на паліцу i пачне прымяраць бранзалеты i каралі.
– Ну як? – запытаецца яна ў брата.
– Прыго-ожа! – у захапленні адкажа ён, любуючыся сонечнымі пералівамі на аздобах.
– Што задумаўся? – весела гукнуў бацька.– На разе хопіць, а то i не занясём. Давай збірацца вячэраць.
Бацька пайшоў да зарасніку барбарысу, разгарнуў калючае голле i за ім адкрылася ўтульная пляцоўка перад адвесным выступам скалы. Пад ім цямнела невялікая сухая пячора. Побач шарэла старым попелам агнішча. Бацька быў тут не першы раз, таму гэту мясціну ўжо добра ведаў.
Медзешукальнікі дасталі з торбы прыпасы – ладны пшанічны праснак, кавалак казінага сыру, некалькі сушаных рыбін. Хлопец высыпаў побач прыгаршчы назбіраных арэхаў.
– У канцы гэтага лесу крынічка,– сказаў бацька i працягнуў сыну гліняны кубак, які вынес з глыбіні пячоры. Хлопец, пераскокваючы з каменя на камень, пабег па ваду. I сапраўды, там, дзе за хвойнікам пачынаўся зараснік кустоўя, з расшчыліны цурчэла вада. Пакуль струменьчык напаўняў кубак, хлопец агледзеўся i прыкмеціў на лапіне вільготнага жвіру каля крынічкі свежыя адбіткі капытоў. Пакінуўшы кубак з вадою на плоскім камені, ён асцярожна праціснуўся праз зараснік.
За кустоўем на горным схіле паміж россыпу камянёў пасвіўся казліны статак – старыя казлы з цяжкімі закручастымі рагамі, казліхі з казлянятамі, маладняк.
– Там горныя козы,– узбуджана зашаптаў хлопец бацьку, калі, спяшаючыся, прынёс ваду.– За крыніцай.
– А што? – падхапіўся мужчына.– Калі пашанцуе, паспрабуем свежаніны,– і, адклаўшы ўбок галоўкі дзікай цыбулі, узяўся за лук.
Бацька з сынам падышлі да крынічкі. Прыпыніліся. Затым бацька наслініў палец i ўзняў яго ўгору, вызначаючы напрамак амаль неадчувальнага тут ветру.
– Добра,– ледзь чутна прашаптаў ён,– на нас цягне, не ўнюхаюць.
Козы былі на тым жа касагоры. Мужчына прыцэліўся i выпусціў стралу. Бліжэйшы козлік страпянуўся i пакаціўся па схіле, a ўвесь статак, збіваючы капытамі камяні, з тупатам сыпануў наўцёкі. Паляўнічыя пабеглі па здабычу, пераганяючы адзін другога. I калі ўжо схапілі козліка за рогі i бацька ўскінуў яго сабе на плечы, пачулі, што на вяршыні, куды зніклі козы, загрукатала.
– Сцеражыся! – крыкнуў бацька, схапіў сына за руку i кінуўся пад бліжэйшую скалу.
Грукат вокамгненна бліжэў, мацнеў, перарастаў у аглушальны гром. Ca свістам праляцелі першыя камяні, а затым у скалу ўрэзалася лавіна каменяпаду. Скала ўздрыгнула, але ўстояла. Лавіна ж, расшчапаўшыся надвое, панеслася ўніз i там абрынулася ў прорву, у каменнае нутро, якое адазвалася стогалосым рэхам.
Затым усё сціхла. Толькі над схілам яшчэ курэла воблака пылу ды рэзка пахла бітымі камянямі, як пахне, калі выбіваеш іскры з крэменю.
Аглушаныя i перапалоханыя, з пашарэлымі тварамі, бацька з сынам асцярожна вызірнулі з-за скалы. Касагору было не пазнаць. Каменная пустка ляжала перад імі, на якой там-сям курчыліся лапікі збітай ушчэнт травы, галелі бязлістыя, патрушчаныя дубцы кустоў. Ад рэдкіх тут дрэў засталіся толькi пашчапаныя пні. Усё знёс, збіў, зруйнаваў каменяпад. Нават частку ўпаляванага козліка, якога не паспелі добра прыхаваць пад скалою, быццам нажом, зрэзала нейкім пралятаючым каменем.
– Духі гор угневаліся на нас, што мы кранулі іхнія багацці,– ледзь варушачы вуснамі, прамовіў бацька.
Затым людзі асцярожна пайшлі з гэтай небяспечнай мясціны, баючыся зачапіць які камень, разбудзіць зноў напружаную каменную цішыню. I толькі перад надзейным сховам пячоры яны крыху асмялелі, пажвавелі. Расклалі вогнішча, i бацька на першыя ж языкі полымя кінуў кавалак казліны – духам-ахоўнікам. Другі паклаў зводдаль на камень. Гэты прызначаўся духам гор.
Добра гарэлі сухія дровы. Цёплы дым строма ўздымаўся ў пацямнелае вечаровае неба, на якім яшчэ няпэўна трымцела першая зорка. Глыбокія цясніны запоўнілі лілова-шэрыя цені, а яшчэ ніжэй, у тым баку, дзе было паселішча, затуманілася. Здавалася, што там выйшла з берагоў возера i затапіла падножжы веліканаў-гор. Велічны спакой запанаваў навокал. Толькі сцішана яшчэ падавала голас у лесе нейкая птушка, ды далёка ў скалах праклекатаў арол.
На абструганых палках, пакладзеных на рагулькі, смажылася мяса. Кроплі тлушчу падалі на вугалі, успыхвалі i стралялі дымнымі воблачкамі.
Хлопец, зачараваны таемнасцю вогнішча, глядзеў на кавалкі меднай руды, якімі былі ўмацаваныя рагулькі. Ад агню кавалкі распаліліся, i па ix хвалямі пераліваліся зеленаватыя, бурыя i чырвоныя колеры. Калі асабліва разгараліся дровы, камяні барвовелі, пачыналі зіхацець, астываючы,– цямнелі. Вокіслы даўно абгарэлі, i з руды іскрынкамі паблісквалі драбочкі медзі. I раптам хлопец прыкмеціў, як з аднаго найбольш распаленага кавалка, быццам сляза, выбегла i палілася на ніжэйшы камень вогненна-чырвоная кропля. Потым пацякла яшчэ i яшчэ – амаль малюсенькі ручаёк.
– Што гэта? – тузануў ён за рукаў бацьку.
Той таксама здзівіўся, убачыў шы, як сочыцца з каменя, быццам жывіца з надсечанай хвоі, нейкае рэчыва.
– Па колеру, як медзь,– паволі прамовіў бацька, не адводзячы вачэй ад відовішча. Потым палкай адгарнуў убок дровы i вугалі, каб агонь i дым не заміналі назіранню. Але кроплі перасталі выбягаць з руды. Лужынка ж пад ёй пачала паступова цямнець i набываць колер звыклай самароднай медзі. Бацька той жа палкай падчапіў i выкінуў з вогнішча металічны блінок. Калі той астыў, асцярожна ўзяў у рукі i пачаў з цікавасцю яго аглядаць. А потым нават пастукаў абушком сякеры. Так, гэта была сапраўдная медзь.
Рашыўшы праверыць сваю здагадку, бацька дастаў з дзённых знаходак кавалачак медзі i ўкінуў у самы жар.
Чакалі доўга. Падкладалі сушэйшыя дровы, падсоўвалі вугалі, ажно пакуль распалены кавалачак не размяк i не пачаў аплываць, ператвараючыся ў звілістую лужынку. Калі разгарнулі вугалі, яна зацвярдзела плоскім стрыжаньком.
– Ды гэта ж, як воск,– уголас разважаў бацька.– Калі холадна – цвёрды, як разагрэеш – быццам вада, а потым зноў застывае, набываючы новую форму. Але ж заўсёды дагэтуль i я сам, i мой бацька, i дзед, ды i ўсе іншыя майстры ў блізкім i далёкім наваколлі медзь кавалі. А спачатку, кажуць, нават спрабавалі аббіваць, як крэмень. А яна ж, бач, як воск... A калі так яе расплавіць i выліць у які раўчук, то застыне стрыжаньком. Значыць, значыць...– моршчыў ён загарэлы лоб,– калі ў пясчаніку зрабіць роўную баразёнку – атрымаем шыла. Калі ж яе зрабіць шырэй i плашчэй – вось табе лязо нажа або серп. Гэта ж намнога прасцей i хутчэй, чым каваць!
Назаўтра, калі ранішняе сонца прыбіла туман у даліны i падсушыла расу на камяністай сцежцы, бацька з сынам вярталіся дадому. Торба, напоўненая меддзю, важка цягнула плечы ўніз i самай дарагой ношай у ёй былі кавалачкі, што выплавіліся на іхнім вечаровым вогнішчы. Гэта была першая выплаўленая ў гэтых мясцінах медзь, першы метал, здабыты чалавекам з руды!
* * *
– Ведаеш, мне тут не ўсё зразумела,– сказаў Іван Пятровіч, прачытаўшы праз пару дзён мае першыя запісы.– Адкуль i пры чым горы?
– Я i сам над гэтым думаў,– няўпэўнена пачаў адказваць я.– Нейкая ў мяне перакананасць, што гэта маглі быць Альпы, i хутчэй за усе ix паўночны край, бо сонца апоўдні было над самымі высокімі вяршынямі. Цябе можа дзівіць – як мае продкі туды, ці лепш сказаць – адтуль трапілі? Давай паразважаем. Яны былі мне родзічы па жаночай або мужчынскай генеалагічнай лініі. Але не гэта важна. Важна тое, што яны там былі ў самым пачатку бронзавага веку– на мяжы трэцяга i другога тысячагоддзяў да нашай эры. I гэта зразумела, бо, каб яны адтуль выйшлі раней, напрыклад яшчэ ў папярэднім новакаменным веку – неаліце, гэтай гісторыі з імі б не здарылася i яна, адпаведна, не адклалася б у генетычнай, як ты кажаш, памяці. А вось ужо нашчадкі гэтага хлопчыка-медзешукальніка маглі апынуцца на Беларусі самымі рознымі шляхамі i ў розны час. Бо хоць па нашых пушчах ды балотах i не гойсала скіфская ці гунская конніца, але перамяшчэнні людзей, часам нават i масавыя, назіраліся. Менавіта ў пачатку бронзавага веку ад Рэйна ледзь не да сярэдняй Волгi распаўсюдзіліся плямёны, якія свае гаршкі чамусьці аздаблялі ўзорамі з адбіткаў шнура – плямёны культур шнуравой керамікі, як ix «ахрысцілі» археолагі. Зусім не выключана, што нехта з маіх продкаў мог паходзіць ca «шнуравікоў» i жыць нейкі час каля альпійскіх медзяносных радовішчаў. Канешне, той прашчур не трапіў да нас за год ці два. Хутчэй гэта быў яго нашчадак у якім дзесятым ці нават значна пазнейшым калене, i шлях вандровак яго папярэднікаў мог быць надзвычай пакручастым. Не выключаны нават зусім, здавалася б, неймаверны кірунак– праз Скандынавію.
– Гэта ты ўжо занадта,– не дaў веры Іван Пятровіч.
– Чаму занадта? «Шнуравікі» ў час сваёй найвялікшай экспансіі праз марскія пралівы трапілі ажно на гэты паўвостраў. А адтуль праз два з лішкам тысячагоддзі выселілася племя готаў, якое праз басейн Віслы i наша Пабужжа перавандравала ў паўночнае Прычарнамор'е. I ў час гэтага перамяшчэння яно затрымалася на Пабужжы не на адзін год. На ўскраіне Брэста археолагі раскапалі нават цэлы гоцкі могільнік. Мог продак трапіць i нядаўна – каля тысячагоддзя назад нa шляху «з варагаў у грэкі».
– Табе варта на гэтай версіі i спыніцца,– пакпіў з мяне сябра,– i сцвярджаць, што ты з роду вікінгаў.
– Не выключана, не выключана,– аджартаваўся я.– Наёмныя дружыны скандынаўскіх воінаў былі на службе ў полацкіх князёў i часам складалі гарнізоны парубежных замкаў. A менавіта такім замкам на тагачаснай беларуска-літоўскай мяжы было некалі маё роднае Мядзіла.
– На лішак сціпласці ты не хварэеш,– засмяяўся Іван Пятровіч.– Але я рады за цябе, што ўжо можаш жартаваць. З’яўленне гумару – адзнака, што хворы папраўляецца.
– А таксама верагодна,– працягваў я, робячы выгляд, што не зважаю на кепікі псіхолага,– што гэта магло адбыцца ў часы распаду Рымскай імперыі, у эпоху вялікага перасялення народаў, калі ў Еўропе забурліла, як у перагрэтым чыгуне. I куды толькі каго не занесла ў тую людскую завіруху: германцаў ажно ў Афрыку, славян – у Малую Азію i на поўнач Беларусь – таксама...
КОПАЧКІ ПАД БРЫЖАМ ГАРШКА
Зязюля трапіла ў гэту вёску яшчэ як была дзеўкай. Паміж яе родным племенем i тутэйшым пачаліся былі тады звады. Недзе сагналі статак быдла, там спалілі паселішча, некага ранілі. А Зязюлю захапілі ў палон. Не паслухалася маці i далекавата адышлася ў пушчу – сама пайшлі баравікі; хацела насушыць на зіму пабольш. Быў ix там гурт дзяўчат, але ўсе ўцяклі, калі прыкмецілі чужакоў, а яна звіхнула нагу. I дасталася Зязюля маўкліваму воіну, у якога нядаўна памерла жонка, пакінуўшы хлопчыка-сіротку.
Спачатку бедавала дзяўчына-паланянка, намервалася не раз уцякаць. Але дзе ўцячэш, калі твае родныя за некалькі дзён шляху праз пушчу. A ў лясным гушчары на кожным кроку мядзведзі i рысі. Аднаму нават i дужаму мужчыну вялікая рызыка, а слабой дзяўчыне...
Пагаравала Зязюля, ды i абціхла. Чалавек, у чыю хату яна трапіла, аказаўся добрым i клапатлівым мужам. Да хлопчыка таксама прывыкла. Навучылася размаўляць па-тутэйшаму, пазнаёмілася з мясцовымі звычкамі. А як знайшліся i свае дзеці, i сябе пачала лічыць тутэйшай.
Учора Зязюля скончыла шыць абувакі са скуры зубрынай лабаціны. Цяпер яны віселі пад дрэвам, напханыя сухой травою. Высахнудь, стануцдь моцныя i цвёрдыя, як з дубу. Паслужаць мужу не адзін год. А сёння, як выпаў вальнейшы час, узялася за сваю любімую справу – пачала ляпіць гаршчок. У гэтым ёй падахвоцілася быць памагатай сяродашняя дачка, светлавалосая i блакітнавокая дзяўчынка гадоў васьмі, з рабацінкамі на твары, як i ў маці.
За хатай, пад кустом арэшніку, дзе было заценена i заўсёды вільготна, Зязюля разгарнула насланую кару. Адкрылася яма з запасам яшчэ летась накапанай гліны, перамарожанай за зіму, гатовай да ўжытку. Яна ўзяла некалькі камоў, паклала ў плыткае карыта, уліла туды вады. Потым з дачкой пачалі драўлянымі таўкачамі таўчы камы, каб атрымалася добра вымешаная вязкая маса.
Час ад часу Зязюля падсыпала ў карыта жарству, якой загадзя нацерла з перапаленага каменю. Гліна без такой дамешкі пры апале трэскаецца, i гаршкі развальваюцца.
Нарэшце глінянае цеста прыгатавана. Для спробы Зязюля раскатала тонкую кілбаску i спляскала яе. Атрымалася стужка. Памацаўшы яе, паціскаўшы ў пальцах, жанчына задаволена кіўнула галавою.
– Падыдзе,– сказала яна дачцэ.– Памыем зараз у рэчцы рукі i пачнём.
Затым Зязюля паклала каля сябе кавалак дошкі, выгладжанай i выскабленай нажом i скрабком. Дошку пасыпала дробным пяском, каб выраб не прыставаў да дрэва, i паклала на яе першы камяк гліны. Пачала яго пляскаць далонямі ў роўны круглы блінок. Краі блінка загнула ўверх, выраўняла. Атрымаўся быццам сподак – дно будучай пасудзіны.
Дачка сядзела побач i на вялікім лісце маці-мачыхі ляпіла свой гаршчочак, памерам мала большы за ўласны кулачок.
Пасля дна пачыналася самае складанае. Трэба было сфармаваць выпуклае брушка, шыйку, шырокі брыж. Потым падправіць паверхню вырабу, каб яна стала роўнай i гладкай. А затым ужо аздобіць гаршчок.
Перш чым распачаць работу далей, Зязюля задумалася, успомніўшы каторы раз, як гаршкі ляпілі ў яе роднай вёсцы. Там пласкадоннага посуду i не ведалі. Рабілі з дном вострым. A ў некаторых мясцінах – з закругленым. А таму, што ежу гатавалі на вогнішчах, уторкваючы пасудзіны паміж вугалямі i галавешкамі. Як ні падгаралі дровы, a такія гаршкі не куляліся. А тут агнішчы лепяць з гліны. I чэрані таксама гліняныя, роўныя i моцна апаленыя. На такі можна паставіць толькi гаршчок з плоскім дном. Дома яшчэ ляпілі аб'ёмістыя пасудзіны – для жалудоў, арэхаў, ягад, сушаных грыбоў. Тут такіх не робяць. Запасы трымаюць у плеценых з саломы кубельчыках.
Разуспаміналася Зязюля, разжалілася i нават слязой абвільгатнелі яе вочы – што зараз з мамаю, якая вучыла яе таямніцам глінянага рамяства? Але хутка схамянулася: край сонца ўжо кранаецца арэшнікавай вершаліны i хутка рыхтаваць абед для мужчын, якія павінны вяртацца з возера. Жанчына пачала скочваць гліняную кілбаску i пляскаць яе ў стужку, тонкую i шырокую. Зараз маці дапамагала, i дачка падтрымоўвала стужку, а Зязюля накладвала яе на дно, змацоўваючы краі кожнага наступнага вітка.
На вачах вышэлі сценкі гаршка, выпуклялася ягонае рудое брушка. Але Зязюля асабліва не спяшалася, бо трэба было, каб ніжнія віткі паспявалі падсохнуць i памацнець. Інакш пасудзіна распаўзецца, абсядзе пад цяжарам сырой гліны.
Пасля абеду, калі гаршчок быў амаль гатовы, у апошнюю гліняную кілбаску Зязюля закатала тоўстую нітку з авечай воўны.
– Каб мацней было,– растлумачыла.
Кілбаску прыляпіла да верху i пальцамі размяла так, каб атрымаўся ахайны, са скошаным краем, брыж.
Зараз жанчына ўзяла ў рукі авальную, зазубраную з аднаго канца, касцяную пласцінку. Абмочваючы яе ў пасудзіне з вадой, пачала раўняць, заскрабаць стыкі паміж віткамі стужкі. На паверхні сценак утваралася мноства драпін-баразёнак. Але затое самі сценкі раўнелі, набывалі дасканалейшую форму.
– Ну вось, амаль i гатовы наш гаршчок,– паведаміла яна сваёй памочніцы i сама ўзрадавалася, што праца, здаецца, удалася. Засталося толькі рэдка разведзенай глінкай замазаць драпіны. I няхай ноч падсыхае, a назаўтра можна будзе аздобіць яго ўзорам.
На наступны дзень усе Зязюліны дзеці селі наўкола яе, бо вельмі любілі глядзець, як маці ўпрыгожвае гаршкі. Да таго ж спадзяваліся, што можа i ім будзе дазволена правесці хоць маленькую рысачку.
Трымаючы падсохлы гаршчок у левай руцэ, Зязюля той жа касцяной пласцінкай пачала адціскаць на яго шыйцы глыбокія гарызантальныя баразёнкі. Закончыўшы гэту справу, узяла касцяное шыла i яго вастрыём ніжэй баразёнак прадрапала трохкутнікі, a ў трохкутніках – частыя паралельныя рысы. Такі ўзор азначаў узаранае i засеянае поле. Ён павінен быў паспрыяць, каб у сям'і заўсёды знайшлося што згатаваць у такім гаршку, каб яго ўласнікаў не спаткаў голад.
Задаволена агледзеўшы сваю работу, жанчына падумала і, крыху павагаўшыся, канцом палачкі пад самым брыжам гаршка зрабіла глыбокія круглыя копачкі. Так зауседы упрыгожвалі гліняны посуд у яе родным племені.
Зязюля, нарэшце, разагнула занямелую спіну. Адпачыла. Потым паклала выраб у цень пад паветку – каб падсох пару дзён, i пад страхам лупцоўкі загадала дзецям да яго не дакранацца.
А пасля вясковыя жанчыны знясуць у адно месца толькі што злепленыя свае гаршкі. Мужчыны раскладуць вялікае вогнішча i пачнуць гэту ляпніну абпальваць, стараючыся, каб пракальвалася яна раўнамерна. У канцы дроў будуць падкладаць усё менш, каб жар слабеў паступова, бо калі астудзіць раптоўна – гліна патрэскаецца. A калі зусім патухне вогнішча i астынуць круглабокія звонкія гаршкі, мужчыны асцярожна дастануць ix з вугалёў i раздадуць гаспадыням. А тыя будуць пазнаваць свае вырабы па асаблівасцях узору i цікаўным вокам пазіраць на посуд суседак – у каго лепш i прыгажэй.
* * *
– Як ты ўжо, напэўна, ведаеш,– сказаў я, перадаючы Івану Пятровічу чарговыя спісаныя аркушы паперы,– першы гліняны посуд на нашых землях з'явіўся ў самым пачатку новага каменнага веку, каля шасці тысячагоддзяў назад. Праз увесь неаліт амаль адзіным тыпам начыння ў нашых продкаў быў вастрадонны, часам акругладонны, гаршчок – як у цяперашніх турыстаў. У бронзавым жа веку посуд стаў больш разнастайны i рознапамерны – пласкадонныя гаршкі, міскі, кубкі, жбаны-гладышы, вушастыя кубкі, слоікі, шматвухія амфары, былі нават друшлякі-цадзілкі. I ўсё гэта ўпрыгожвалася арнаментамі. Але калі ў папярэдні час узор, як правіла, пакрываў усе сценкі вырабу, то зараз ён наносіўся пераважна ўверсе. У канцы эпохі арнаменты на посудзе паступова выходзяць «з моды»: яны бяднеюць, а то i зусім знікаюць. Гэта не значыць, што людзі перасталі любіць прыгожыя аздобленыя рэчы. Проста пачалі арнаментаваць нешта новае, напрыклад вопратку.
– Не зусім ты мяне пераканаў наконт заняпаду арнаментаў на гаршках, але, можа, яно было i так. А зараз скажы, як археолагі тлумачаць, што ў бронзавым веку посуд такі розны? Можа, гэта звязана з шырокім распаўсюджаннем земляробства i жывёлагадоўлі? Да лясной i рачной здабычы дабавілася тое, што чалавек гадаваў i вырошчваў у хлеве, загоне ці на полі. Значыць, ежа стала больш разнастайнай, трэба было яе па-рознаму гатаваць, ды i спажываць – таксама. Тое ж малако лепш піць з вушастага кубачка, чым сёрбаць з вялікай пасудзіны. Да таго ж, з кубачка – больш гігіенічна.
– Слушнае разважанне! – адзначыў я.– Даўно кажу, што табе пара кінуць здзекавацца з паддоследных сабак i заняцца самай цікавай навукай – археалогіяй.
– Ну не кажы – цікавая кожная навука, калі яна падабаецца, калі па душы.