Текст книги "Авантуры студыёзуса Вырвіча"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 8 страниц]
Хвелька, вядома, запэўніў, што ўсё з’ясаваў, і перапрашаўся, і каяўся… Але водгулле атрымалася ад такога дробнага здарэння непрыемнае… Пранціш памятаў сябе, шкаляра, якому дастаўся ў рабства раскаяны алхімік. І як ён ставіў алхіміка на месца… І, выходзіць, Лёдніка, сына гарбара, да канца жыцця так і будуць ставіць на месца – нават слугі… Для Пранціша, які аднойчы прызнаў доктара роўным сабе, гэта атрымлівалася асабістай абразай… Але ж і сам пан Вырвіч, уладальнік герба Гіпацэнтаўр, у глыбіні душы лічыў Лёдніка няхай і выбітным чалавекам, але – інакшым ад патомнай шляхты, бо ў ягоных жылах усё роўна цякла простая, брудная кроў… І бацька Пранціша, пан Даніла Вырвіч з Падняводдзя, загонны шляхцюк, які сам вывозіў на поле гной, уторкнуўшы ў воз шляхецкую шаблю, быў па сармацкіх законах бясконца вышэй за бязроднага прафесара з двума дыпломамі, у парыку і модным камзоле.
А потым давялося ісці ў вёсачку з красамоўнай назвай Карытнікі, счакаўшы свята, каб людзі былі дома. Перад выправай прафесар з валізай у руках спыніўся ля тапчана, на якім, задраўшы ногі ў жоўтых саф’янавых ботах на падваконне, ляжаў пан Гервасій:
– Ваша мосць не хоча паглядзець, як жывуць ягоныя падданыя?
Доза жоўці ў голасе прафесара была дастаткова заўважнай. Амерыканец сеў і варожа ўтаропіўся ў прафесара.
– Што я, мужыкоў не бачыў?
Лёднік скрывіў вусны.
– Вы, вашамосць, так жадаеце даведацца, як жывуць бедныя індыянцы… Ці не варта мець, з чым параўноўваць? Запэўніваю – экзотыкі і дзікунства ў глухіх беларускіх вёсачках ніяк не менш, чым у пасяленнях ацтэкаў і майя.
Амерыканец падумаў, і зрабіў літасць зацікавіцца. Усё роўна ад нуды пачаў мух расстрэльваць гарохам з трубачкі, а астралябію, хітрамудрую і бескарысную з-за тае хітрамудрасці закінуў так, што забыўся, куды.
Пашкадаваў пан Гервасій аб сваёй цікаўнасці ўжо калі пад’язджалі конна да Карытнікаў па такой гразкай дарозе, што не заслугоўвала наймення дарогі – так, недаробленая сцежка па гліністай гразі. Конь пана Агалінскага ледзь не паваліўся ў адным асабліва слізкім і гразкім месцы, камякі гліны ляцелі на вершнікаў, асядалі на вопратцы ардэнамі восеньскіх вандраванняў.
А калі даехалі, ды спешыліся, ды пайшлі па хатах… Хатамі гэтыя буданчыкі, напаўзарытыя ў зямлю, маглі называцца не больш, чым сцежка да Карытнікаў дарогай. Людзі выпаўзалі вонкі, учарнелыя ад недаядання і куродыму. Расчасаныя лішаі на тварах крывавілі. Пан Агалінскі хацеў быў загадаць, каб усіх сагналі ў адно месца, ды спраўдзіць раздачу мазі і лекцыю прафесара наконт гігіены за адным разам, але Лёднік толькі рукой махнуў: усё роўна давядзецца прайсці па дамах, каб агледзець хворых, што пахаваліся, як прусакі.
А ў хатах дыхаць не было чым, быдла ўтрымлівалася разам з людзямі. Асабліва ўражвала, што замест сталоў у падлозе быў пракапаны глыбокі роўчык квадратнай формы. На яго край садзіліся, спусціўшы ногі, а цэнтр выкарыстоўвалі як стол.
З Амерыканца было досыць аднаго наведвання. Ён з грэблівай фізіяноміяй азіраў, седзячы на кані, уладанні свайго нядаўна памерлага брата. Хвелька, якога ўзялі з сабою везці лекі, паглядаў навокал яшчэ больш грэбліва і фанабэрыста, і відавочна ўважаў гэтых брудных людзей у лахманах бясконца ніжэйшымі за сябе, самавітага лёкая ў дыхтоўнай ваўнянай свіце. Пранціш, які гадаваўся не ў палацы, і той не мог змусіць сябе да візітаў і заставаўся на панадворку. А доктар заходзіў і заходзіў у хаціны, раздаваў слоікі з маззю, вучыў, як ёю карыстацца, а яшчэ крыкам крычаў на месцічаў, як на самых нядбайных студэнтаў – каб хадзілі ў лазню, каб мылі посуд, каб не спраўлялі патрэбу ў хаце… А яшчэ – Пранціш гэта бачыў – пакідаў у кожным доме па некалькі манет.
А потым Лёднік падыйшоў да пана Агалінскага і працягнуў яму на далані кавалак нечага чорнага, падобнага да торфу.
– Як вашамосць думае, што гэта такое?
Твар Лёдніка быў суровы, як зімовы вецер. Амерыканец узяў кавалак, пакруціў, грэбліва кінуў.
– Гразь сваю яны гэтым адціраюць, ці што?
– Гэта іх хлеб, ясны пане, – глыбокім нізкім голасам сказаў Лёднік. – Тоўчаная кара, мякіна, сушаная лебяда… А зерне, якое мелецца на млыне Яўхіма, якое яны вырасцілі, сёлета ўсё адвезенае ў панскія клеці – быў недарод, а падушнае не зменшылі.
Пан Агалінскі з прыкрасцю тузануў сябе за руды вус.
– Яны проста лянівыя. Быдла…
– Хіба тыя людзі, што прыйшлі да млына пазаўчора ўночы, падобныя да быдла? – ціха папытаўся Лёднік. – Калі нічога тут не зменіцца – падобных ім стане яшчэ больш, і згарыць не адзін панскі маёнтак.
– Ды што тут за гаспода такая? – не вытрымаў Пранціш. – У нас у Падняводдзі такой галечы ніколі не бачылі! Каб у хаце ніводнай жалезнай лыжкі і ніводнага жалезнага цвіка… Нават у голад – у грамады меўся агульны запас зерня. Калі яно заканчвалася – мукі сялянам пазычаў, а то і дарыў, і мой пан-бацька, і наш сусед, ягоная мосць пан Крывіцкі. Кары ў нас ніколі не елі!
Вырвіч са здзіўленнем заўважыў, што пан Агалінскі пачырванеў.
– Тут відавочна аканом шалбер і злодзей. Я разбяруся… Калі вернемся.
Пранціш Вырвіч выразна хмыкнуў, і пан Агалінскі паправіўся.
– Прыедзем у Полацак – дам усе распараджэнні… Напішу…
Са сляпых вакенцаў, якія таксама не заслугоўвалі наймення вокнаў, глядзелі нябачныя ненавісныя вочы.
Яны выправіліся не зусім праз тыдзень, прайшло дзесяць дзён ад таго вечара, калі дыхтоўны дармез без гербаў падкаціў да вадзянога млына. Саклета больш не хавала свой твар, хаця шнар праз усю шчаку быў яшчэ вельмі заўважны, але ж ён не палохаў, як колішні агідны нараст, і, як запэўніваў Лёднік, з часам зробіцца зусім непрыкметным. Пошасць таксама адступала, дзякуючы прафесарскім лекам. І людзі з лесу паведамілі, што млынара і ягоную дачку чапаць не стануць. Але ясна, выйсці замуж беднай дзеўцы ў гэтых краях будзе цяжка.
На развітанне Саклета, што на Лёдніка літаральна малілася, усунула доктару, які ўжо сядзеў у карэце, нейкі куфэрачак з чырвонага дрэва:
– Вашамосць, прыміце, не адмаўляйце, Хрыстом Богам малю… Каб хоць гэта напамяць… Даражэй нічога не маю. Гэта мне ад маці маёй, Альдоны, засталося… Яна ж была не адсюль, слугавала ў маёнтку ў Глінішчах, адукаваная, чытаць мяне навучыла, ад яе і кніжкі мае. Я ўсё роўна гэтаму рады не дам, а пану, можа, дзесь прыдасца…
Калі Лёднік адчыніў куфэрак, млын застаўся ўжо далёка за лесам. У куфэрку ляжала дасканала адшліфаваная лінза ў срэбнай аправе з тонкай гравіроўкай, на важкім срэбным ланцугу. Лёднік са здзіўленнем паглядзеў праз шкло на свет.
– Нешта падобнае да акуляраў… Галандскай працы.
– Дай сюды! – пан Гервасій раптам пацягнуўся за лінзай, пакруціў яе, памацаў.
– Гэта належала майму пану бацьку! Вось тут наш герб выгравіраваны… Я нават памятаю, як гэтая штука вісела ў бацькі на шыі! Ён на вочы быў слабы – гэта ў нас спадчыннае, і з дапамогай шкла чытаў. Адкуль яно ў млынароўны? Матка, відаць, злодзейка была!
Пранціш забраў у пана Гервасія дзіўны прадмет, уважліва ўгледзеўся, перавярнуў… На зваротным баку срэбны аклад быў абцягнуты тонкай светлай скурай, а на ёй красаваўся надпіс сінім атрамантам, які студыёзус з задавальненнем зачытаў услых.
– «Слічнай маёй Альдонцы – каб разгледзела сваё шчасце. З любоўю – пан Ладзіслаў». Ваш бацька зрабіў цікавы падарунак прыслузе. Мабыць, і ёй падабалася дзіўнае шкельца. А вось і дата…
Пранціш паднёс лінзу да самых вачэй.
– «Глінішчы, чэрвень 1743 году». Наколькі я разумею, дзесьці праз некалькі месяцаў нарадзілася наша агульная знаёмая Саклета.
Пан Агалінскі недаверліва зірнуў на надпіс, злосна сыкнуў нешта скрозь зубы і адвярнуўся да вакна. Толькі калі Лёднік схаваў шкельца ў куфэрак, Амерыканец суха вымавіў:
– Я быў бы вельмі ўдзячны пану Лёдніку, калі б ён прадаў мне гэта падарунак. За любыя грошы. Пяцьдзесят дукатаў, скажам. Альдону тую шылахвостку я ўспомніў, а калі пойдуць чуткі…
– Вось цікава, а нашто пану Лёдніку грошы, калі вашамосць усё роўна яго заб’е? – не прамінуў паздзеквацца Пранціш. Доктар сярдзітым позіркам спыніў Вырвіча, які дужа ўзрадваўся магчымасці прышпіліць фанабэрыстага Агалінскага ганебнай таямніцай.
– Няхай вашамосць паабяцае, што дэкляраваныя грошы панна Саклета, незаконнанароджаная сястра пана, атрымае ў пасаг, і я зараз жа перадам вам куфэрак. Разам з нашым абяцаннем маўчаць.
Пан Агалінскі скрывіўся, як паўтара няшчасця, але прамовіў, апусціўшы вочы.
– Слова гонару. Пяцьдзесят дукатаў пашлю дзеўцы.
За вокнамі карэты зноў пачаў накрапваць паскудны восеньскі дождж, і індускі бог Яма адклікаў сваіх чатырохгаловых сабакаў, што беглі за дармезам без гербаў, у больш прыветнае, але не менш грэшнае, месца.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
ЯК ПРАНЦІШ З ПАНАМ ПАЛОНІЕМ ПАЗНАЁМІЎСЯ
Пераступіць цераз ганак – гэта вам не лыжку заціркі глынуць. Нездарма ў новы дом першым пускаюць котку альбо пеўня – каб прынялі на сябе тое, што пад ганкам хаваецца, гнеў нябачнага вартавога… Адкупіцца ж ад таго вартавога хто як спрабаваў. Закопвалі пад ганкам манеты, кропельку іртуці, змяіную скурку, кавалак жалеза, ваўчыную галаву альбо чорную курыцу, ці яшчэ страшней – хавалі памерлых няхрышчанымі немаўлятаў.
На парозе нельга есці, бо плёткі прыцягнеш, нельга праз ганак выплюхваць на двор брудную ваду – курыная слепата надарыцца. Калі штось будзеш на ганку сячы – напусціш у дом ведзьмаў і жабаў. Затое ад спалоху няма больш вернага сродка, чым калі шаптуха спырсне цябе праз расчыненыя дзверы нагаворанай вадой, ці «заб’е» перад імі спалох нажом альбо сякерай.
На гэтым ганку ляжаў раздушаны начны матыль, яго абсыпаныя шэрым бліскучым пылком крылцы бездапаможна прыліплі да мокрага каменю, і не верылася, што ў іх некалі жыло вольнае паветра.
Доктар Лёднік забабонаў не прызнаваў, таму цераз ганак дому Рэнічаў, мёртвага матыля і жывыя перасцярогі пераступіў, не вагаючыся… А вось Пранціш Вырвіч на ягоным месцы добра падумаў бы, чаму гэта на стук ніхто не адгукнуўся, а дзверы адчыненыя. Як казалі лаціняне, нават паміж кавалкам і ротам шмат што можа здарыцца. Частку дома, які калісь належаў бацьку пані Саламеі, кніжніку Івану Рэнічу, Лёднікі здавалі ў арэнду – там, дзе пераплётная майстэрня. І па ўсяму выходзіла, што арандатар ці хтось з ягонай чэлядзі павінны быць на месцы… Але майстэрня на замку. Пранціш дастаў шаблю і заўважыў, што доктар таксама паклаў руку на дзяржальна – значыць, усё-ткі не страціў да канца пільнасці, і жэстам загадаў Хвельку заставацца на двары.
– Гэй, ёсць хто ў хаце?
Цішыня… Але Вырвіч быў упэўнены, што яны ў будынку не адны.
Так і здарылася. У гасцёўні чакала чалавек дзесяць – узброеныя да зубоў ваякі, якім не ўпершыню пільнаваць у засоцы. Пасярэдзіне пакоя, у фатэлі, нерухома сядзела пані Саламея Лёднік, збялелая, напятая, у вялікіх сініх вачах адчай. А за яе спінай, прываліўшыся да падваконня, у вольнай позе застыў белавалосы волат са страшным, пакрытым шнарамі, ружовым тварам, з бяздоннымі вачыма, якія здаваліся то празрыста-светлымі, то барвовымі… На вуснах волата лунала іранічная ўсмешка, нібыта ён прысутнічаў пры лёгкай застольнай размове.
– Нарэшце мы вас дачакаліся, вашыя мосці! Забавіліся ж дарогай…
– Пан Герман Ватман…
Калі Лёднік паспеў агаліць шаблю – ніхто ўцяміць не паспеў. Але што тая шабля, калі на цябе скіраваныя пісталеты, а за спінай тваёй каханай стаіць спрактыкаваны забойца.
– І нашто было чапаць маю жонку? – холадна прагаварыў доктар.
– Ну, я ж ведаю, што ў прысутнасці красунек размова лягчэй ідзе, – лена-дабразычліва прамовіў Ватман, пацягнуўся, наблізіўся ўшчыльную да Саламеі. – Вядома, зараз усе аддаюць перавагу маладзюсенькім, трапятлівым, як стракозкі. Але ж мы з табой, доктар, мужчыны сталыя, жыццём бітыя, мы цэнім кабетаў з досведам…
Ватман абвёў пальцам, не датыкаючыся, абрыс твару Саламеі. Лёднік рыпнуў зубамі.
– Што табе ад мяне трэба?
– Ну што ты так спяшаешся, доктар, гэта ж не кроў пускаць. Няўжо не рады бачыць старога сябра?
Вырвіч зрабіў крок наперад.
– Выклікаю вас на двубой, пан Ватман! Пры сведках, зараз жа!
Найміт не зварухнуўся.
– А твой былы гаспадар не змяніўся, чарнакніжнік. Мог бы ўжо і павыхоўваць стрыгунка. А дзе ваш спадарожнік, такі руды, шалёны? Пагрэбаваў кампаніяй ягамосцяў? Ведаеце, – голас Ватмана зрабіўся даверліва-інтымным, – пан Міхал Багінскі вельмі незадаволены. Ён, можна сказаць, абражаны. Ён жа вас з усім гонарам прасіў з’ездзіць у невялічкую перэгрынацыю. А вы насы закапылілі. А варта было Радзівілам свайго блазна прыслаць – тут жа сарваліся з месца. Нядобра…
Доктар сустрэўся вачыма з Саламеяй, ягоная шабля трохі ўздрыгнула ў руцэ, як паверхня вады ад таполевай пушынкі.
– Якія ўмовы князя?
– Умовы? Гэта ўжо не ўмовы, – голас Ватмана заледзянеў. – Гэта загад. Калі будзеш ад’язджаць, паведаміш, і прыхопіце з сабой спадарожніка. Усе распараджэнні якога і будзеце выконваць. Яму і перадасцё, што здабудзеце. Вернецеся – атрымаеш назад сваю красуньку.
– А як жа пан Агалінскі? – выпхнуўся Вырвіч. – Ён не пацерпіць, каб з намі ехаў прадстаўнік Багінскіх!
– Разумна гаворыш, студэнт, – іранічна пагадзіўся Ватман. – Гэтую праблему мы вырашым! – і выразна чыркнуў пальцам па сваёй шыі. Лёднік спахмурнеў.
– Я не магу дапусціць, каб з панам Агалінскім нешта здарылася. Я звязаны з ім прысягай.
Пранціш вылупіўся на Лёдніка, ледзь стрымаўшыся ад рэплікі. Доктар што, жыць не хоча? Такая магчымасць пазбавіцца ад злыдня Агалінскага! Амерыканец, праўда, досыць забаўны, і не баязлівец, але ж доктара не пашкадуе! Праўда, Пранціш сам у свой час у Менску папярэдзіў аб закалоце найгоршага ворага – каб не дапусціць ганебнай расправы няхай і з паскуднікам, але сапраўдным шляхціцам. Яшчэ Вырвіч успомніў, што ад вяртання пана Агалінскага жывым і здаровым залежыць лёс малога Алесіка, а доктар рызыкаваць сынам не стане нізавошта.
Лёднік падціснуў вусны і свідраваў позіркам найміта. Ватман незадаволена скрывіўся.
– Калі табе такі дарагі Агалінскі, можаш цалаваць яго і надалей у дупу. Тады самі прыдумайце, як прадставіць рудому дурню нашага чалавека. Але вось калі з тым, нашым чалавекам, нешта здарыцца – усё, доктар, развітвайся з красунечкай. А я яшчэ і добра праверу, чаму ты навучыў яе за тры гады ў ложку. І не крыўдуй, думаю, мае лекцыі больш змястоўнымі акажуцца, чым твае.
Прысутныя ваякі зарагаталі, дадаючы смачных заўваг пра падрабязнасці эратычных лекцый ад Ватмана. Саламея адчайна прыкусіла вусны. Лёднік, не зводзячы з яе вачэй, прагаварыў-прасычэў:
– Цэлы будзе ваш чалавек. Але калі, пакуль я не вярнуся…
– Ведаю-ведаю… Ніколі мне не даруеш, валасіна з жонкі ўпадзе, пальцам крану – па бруку мяне размажаш, і яшчэ тры талеркі клёцак зверху. Не трасі паветра, і так усё зразумела. Выйсця ў цябе, Баўтрамеюс, нямашака. Радуйся, што я з табой не еду.
– Няўжо пасаромеліся двойчы пасылаць да ахвяры аднаго забойцу? – прабурчэў доктар. – А хто з намі едзе?
Ватман пасміхнуўся.
– Спадарожнік ваш спрытнюга, так што лаўчыць не ўздумайце. Ён вам сам усё пра сябе распавядзе.
Ватман падаў знак, і няпрошаныя госці павялі Саламею да выхаду, не далі нават развітацца з мужам. Усё-ткі Ватман ведаў, на што здатны гэты тыпус, і сачыў, каб занадта блізка ні ён, ні ягоны вучань не набліжаліся.
Калі Ватман выходзіў апошнім, Лёднік стамлёна прамовіў:
– Але ж ты павінен разумець, Герман – гэтыя пошукі што саламяны куль на кані. Толькі бачнасць.
– А мне гэта як зайцу клавесін. І не спрабуй нават рыпацца, жоначку шукаць. Вачэй за вамі дагледзець хапае.
Калі за прыхаднямі зачыніліся дзверы, Лёднік даў волю гневу. Але пасечанае крэсла акрым як затупіць шаблю карысці не прынясе. Доктар, панураны, стаяў пасярод зблочанага дому – госці тут жылі, падобна, не адзін дзень, і маўчаў, бяссіла апусціўшы шаблю. Вырвіч абыйшоў яго, як слуп, адставіў падалей пацярпелае крэсла.
– Што цяпер рабіць?
Лёднік загаварыў глуха, як з таго свету.
– А што тут будзеш рабіць? Альбо я страчу жонку, альбо зламаю жыццё сыну… А яшчэ духаўнік мой перад ад’ездам параіў д’ябальскую тую зброю нават калі знайду, знішчыць. Так што, можа, найлепей было б мне неадкладна з панам Агалінскім расплаціцца. Дарэчы, я перад ад’ездам тэстамент склаў – палова маёмасці маёй табе, палова – Саламеі…
Пранціш узлаваўся.
– Пакуль шляхціц жывы і пры шаблі – яму кароль – брат, а смерць – паслугачка. Ты збіраўся да аптэкара ісці. Дык, можа, не будзем час марнаваць? Раней паедзем, хутчэй вернемся. З намі ж не Ватман выпраўляецца – а мы нават з ім калісьці зладзілі. Урэшце, пасланец Багінскіх з панам Агалінскім цалкам могуць адзін аднаго ў дарозе перабіць…
– Толькі гэтага не хапала… – прасычэў Лёднік.
На вуліцы было шэра і тужліва, і дождж, драбнюткі, як інфузорыі, наліпаў на твар, асядаў на валасах срэбным пылком, так што можна было ўявіць сябе раздушаным матылём пад чужым жорсткім абцасам. Хвельку, перапалоханага і здарожанага, пакінулі прыбіраць дом.
Аптэка знаходзілася побач, нават калі ісці нага за нагу, аддаючыся сусветнай нудзе. Звычайны двухпавярховы дамок, з чатырохсхілым чарапічным дахам, з шыльдай, на якой зялёным з пазалотай былі намаляваныя кубак і змяя… Ціхі такі дамок у атачэнні старых ліпаў… Але калі Вырвіч узяўся за клямку, за дзвярыма пачуўся рэзкі пранізлівы крык, проста нечалавечы, у якім чуліся абурэнне і злосць. Рука Пранціша сама выхапіла зброю… Лёднік таксама напяўся, прыўзняў шаблю да ўзроўню плеч, перазірнуўся са студэнтам і асцярожна штурхануў дзверы. Тыя са здрадлівым рыпеннем адчыніліся… Магчыма, самым разумным было б не лезці ў новую пастку, але калі пачуўся голас дзядзькі Лейбы – дзядзька заклікаў на дапамогу ўсіх праайцоў на чале з Абрамам – Лёднік рынуўся ў пакоі, за ім Пранціш. Раптам нешта звяглівае і імклівае кінулася ў ногі гасцям, ледзь не паваліўшы.
– Трымайце! Вох, пакаранні ягіпецкія!
Незразумелая істота верашчала, шаргацела і шастала па паўцёмнай вітальні, дзядзька Лейба ўзмахваў шырокімі рукавамі і лаяўся.
– Дзверы зачыняйце! Вось паганае стварэнне!
Пранціш, нарэшце, злаўчыўся і кінуўся на звера… Дакладней, птушку: бо лапаталі крылы, пад рукой зміналіся пер’і, а дзюба пацэліла дакладна Пранцішу ў падбароддзе.
– Ай, халера!
Вырвіч ледзь не выпусціў дзюбатую страшыдлу, але аптэкар спрытна падхапіў яе, адной рукой прыціснуўшы тулава, другой схапіўшы за доўгую шыю.
– Дзядзька Лейба, нашто табе паўлін? – папытаўся агаломшаны Лёднік, абтрасаючы пух з дарожнага камзолу.
Задыханы аптэкар запхнуў угневаную птушку ў клетку памерам з ладную шафу. Паўлін распрастаў пёры і пранізліва патлумачыў, чаму ўбачыць яго ў сне азначае хуткую жыццёвую буру.
– Пайшлі адсюль, а то пагаварыць не дасць, каб яго пярун… – пракрычаў аптэкар. І ўжо ў сваім пакойчыку, завешаным паліцамі з кнігамі, распавёў:
– Пан пісар падарунак зрабіў. Я ягоную мосць ад лястыру вылечыў, а ён мне – гэтага птаха… Прыдумаў, што крык паўліна дадае лекам ад лёгачных хваробаў асаблівую моц.
– А адкуль у пісара паўлін? – пацікавіўся Пранціш. Дзядзька Лейба ўздыхнуў.
– Ад самога яснавяльможнага ваяводы полацкага, пана Аляксандра Сапегі. Паўлін гэты асабліва злосны, брэцёр гэткі сярод паўлінняга народу, ну і, мусіць, нехта з птаства яму адпомсціўся ці з прыслугі, так што птах дастаўся пану пісару паўдохлым… Карацей, на табе, нябожа, што мне нягожа. А я перадарыць каму радасць гэтую не магу. Пан пісар – кліент пастаянны, вось і даводзіцца цярпець…
Паўлін абражана крумкнуў, зусім як варона, і адвярнуў ад крыўдзіцеляў галаву на тонкай шыі. Лейба нарэшце засяродзіўся на гасцях і іх праблемах, акінуў вострым позіркам светлых вачэй былога свайго падмайстра Бутрыма і ягонага цяперашняга студэнта, фізіяноміі ў абодвух былі даволі панылыя і знерваваныя.
– Значыць, з Саламеяй і ейнымі гасцямі пабачыліся… – задумліва прамовіў аптэкар. – Я быў сунуўся ў дом, але мяне не пусцілі й на ганак. Паглядзеў я ў вочы пана, які мяне праганяў, і зразумеў, што зноў ты, Бутрым, улез па самыя вушы ў нейкую нядобрую авантуру, і Саламейку за сабой пацягнуў.
– Улез, дзядзька Лейба, – са скрухай прызнаўся Лёднік. – Не змог пераадолець сваю цікаўнасць… Пачаў даследваць хітрую прыладу, замест таго, каб адразу з рук збыць альбо ў каморы замкнуць. Вось і… Зноў мая Саламея – у закладніцах. І яшчэ адзін маленькі хлопчык можа паплаціцца… І патрэбна мне ад цябе, дзядзька Лейба, кніжка…
Пачуўшы, які менавіта трактат хоча пагартаць Бутрым, аптэкар ажно ўсхадзіўся: шалберствам займацца! Але здабыты з нетраў гаспадарскага дому слоўнік янохскай мовы з малюнкамі лёг на пашарпаны дубовы стол. А яшчэ былы алхімік запатрабаваў геаграфічныя карты, самыя дасканалыя.
Лічбы і літары з малюнка Пандоры Лёднік аднавіў лёгка, хто б сумняваўся ў дасканалай памяці гэтага зануды. Ні разочку беднаму студэнту не запамятаваў найменшай правіны. А потым пачалася доўгая нецікавая праца, у якой госцю трохі дапамагаў аптэкар, але ў асноўным сам Лёднік гарбаціўся, шаргочучы паперамі, як вецер сухім лісцем.
Праца заняла вечар, паўночы, і яшчэ ўвесь наступны дзень. Янохскую мову для доктара Дзі перакладаў ягоны сакратар Эдвард Келі, названая яна была па імені біблейскага прарока, бацькі Мафусаіла. Той Янох быў узяты анёламі ў падарожжа ў рай, пра што і напісаў пасля кнігу. Многія лічылі, што Келі свайго апякуна проста дурыў, выдумваючы неіснуючыя словы. Але калі слоўнік мовы ёсць – значыць, на ёй можна нешта зашыфраваць і, адпаведна, расшыфраваць. У трактаце мелася дзевятнаццаць «енахійскіх ключоў», паэтычных тэкстаў, прадыктаваных нібыта самім духам Урыелем, прыводзіўся алфавіт нябёснай мовы, а, самае галоўнае, абазначэнне лічбаў.
Пранціш не вельмі разумеў, што крэсліць на ашмётках паперы ягоны прафесар, таму бавіў час за даследваннем аптэкарскага дому, дзе быў тры гады таму. На паліцах дадалося слоікаў з рознымі заспіртаванымі пачваркамі, але такога дабра досыць было і ў Лёднікаўскіх апартаментах. Пад столлю па-ранейшаму вісела на ланцугах чучала кракадзіла – абавязковы атрыбут аптэкі. А вось на сцяне з’явілася вялікая старажытная гравюра, пажаўцелая, абтрапаная на краях, расфарбаваная выцвілымі фарбамі. Гравюра ўяўляла сабой карту, на якой акрамя абрысаў рэк і гор былі пазначаныя маленечкія камяніцы і прыгожыя храмы з купаламі, купкі пальмаў, вярблюды, дзівосныя дрэвы з такімі вялізнымі пладамі, што павінны былі б у рэальнасці пераламіць ствол дрэва сваім цяжарам. Пасярэдзіне красаваўся горад, абнесены зубчастай сцяной… У куце надпіс велягурыстымі гатычнымі літарамі: «Ерусалім».
Ад пана Агалінскага звестак не было. Той не зажадаў скарыстацца ні гасціннасцю ненавіснага доктара – той запрашаў усю кампанію ў дом сваёй жонкі, бо ягоны ўласны даўно быў прададзены за даўгі. Не спыніўся Амерыканец і ў гасціным доме – месцічы нездарма не жадалі іх будаваць, нягледзячы на прымусы магістрату. Пані Гігіена там не начавала, таму і падарожныя не надта ахвотна згаджаліся карміць казённых клапоў, дый гараджанам куды выгадней было пасяліць прыезджага ў сваёй хаце і мець жывыя грошы. Вось пан Гервасій і зняў вялікі дом побач з карчомкай. І ясная справа, што на нейкі час вогненны меч доктара Дзі і помста паганаму доктару адступілі перад моцай мясцовай гарэліцы-аквавіты, якой тут рабілася сорак гатункаў: анісавая, кменная, палыновая, блакітная на святаянніку – а як жа не пакаштаваць кожнай хоць па чарачцы?
А Пранціш пасля прагулянак па Ніжне-Пакроўскай ды Віцебскай, жартачак з маладзіцамі з Запалоцця з задавальненнем назіраў, як дзядзька Лейба пад надакучлівыя крыкі сапегаўскага паўліна рыхтуе на продаж лекі: ён рабіў усё не так хутка, як Бутрым, затое і не так сур’ёзна, а нібыта гуляў у дужа цікавую гульню, сам дзівячыся з таго, што атрымліваецца, і расказваючы мноства дзівосных гісторый. Пра глінянага балвана Галема, якога ўмелі ажыўляць вялікія мудрацы з дапамогай напісанага на ягоным ілбе слова «Эмет», што азначае «Праўда». Пра тое, што ў хвосце паўліна змешваецца 365 колераў, таму што менавіта праз столькі нябёсных сфераў праходзяць эманацыі эфіру. Што калі хочаш зрабіць кнот, які змусіць бачыць зялёных істотаў, што лётаюць падобна вераб’ям ды іншым птахам, трэба ўзяць зялёнае сукно, якім абіваюць труны, пакласці туды птушыныя мазгі і пер’і з хваста, загарнуць, змясціць у новую зялёную лямпу, якая напоўненая аліўкавым алеем, і запаліць. Ніколі да канца не было зразумела, ці Лейба гаворыць усур’ёз, ці жартуе, але Пранціш шчыра весяліўся, слухаючы фантастычныя байкі. Не дзіва, што малы Бутрым у свой час, дапамагаючы аптэкару, так захапіўся навукай алхімічнай ды лекарскай.
Нарэшце, калі галава студыёзуса ўжо расколвалася ад благанняў паскуднай птушкі, Баўтрамей абвесціў, што малюнак Пандоры цяпер мае трывалыя каардынаты. Дзякуй таму ж доктару Дзі, які спрычыніўся да заснавання Грынвічскага мерыдыяну.
– Месца на ўскрайку Лондану… – стамлёна апавядаў Лёднік. – Але калі звярацца з картамі – самая найноўшая пяцідзесяцігадовай даўніны – цяпер там самыя гарадскія трушчобы. Я па студэнцкай дзёрзкасці сваёй там шнырыў, але, паверце, каб быў я без кампаніі тубыльцаў, адзін з іх, дарэчы, сапраўдны лорд, які збіўся з тропу ў прытонах Іст-Энду, мог я і назаўсёды там застацца, і вылавілі б мяне ў Тэмзе без кашалька і носа.
– Дык што вы павінны адтуль прывезці? – асцярожна папытаўся аптэкар. – Зноў нейкую святую рэліквію?
– Горш, дзядзька Лейба, – змрочна патлумачыў Лёднік. – Зброю мы павінны прывезці.
Аптэкар пакруціў галавою і цяжка ўздыхнуў, ажно полымя свечак здрыганулася.
– Што толькі людзі не выдумляюць, каб адзін аднаго панішчыць… Як быццам галоўная мэта іх жыцця – чужая смерць. А для перамогі самага вялікага волата альбо войска дастаткова аслінае сківіцы альбо звычайнай пастуховай трубы, галоўнае – каб на тваім баку быў Гасподзь. Не хачу нават ведаць дакладна, Бутрыме, што ты павінен здабыць… Мне дастаткова было сузіраць гэтую кнігу… – аптэкар пагардліва тыцнуў пальцам у трактат янохскай мовы. – А хто, так бы мовіць, ваш заказчык?
– Каб жа адзін хто! – з прыкрасцю прагаварыў Вырвіч. – А то абклалі з ўсіх бакоў… І кожны па-свойму пагражае. І як ні круці, усіх мы не задаволім.
Між тым віраванні палітычныя дайшлі і да Полацку… Пранціш, пакуль Лёднік сядзеў у аптэцы, наслухаўся падчас прагулянак ад крамнікаў, рамізнікаў, старызнікаў ды гандлярак і пра страшныя бітвы ў Вільні між панамі, і пра знак на небе ў выглядзе скрыжаваных чырвоных дзідаў, што, як усім вядома, прарокуе братнія звады, і пра здань пана Міхала Валадковіча, якая з зайздроснай адданасцю вартуе менскую ратушу, і пра вядзьмачку з млына, дачку вадзяніка, што ледзь цэлую вёску не вымарыла чырвоным свербам, і пра Чорнага Лекара, які вярнуўся на днях у Полацак, каб наварыць золата, і пра пана Гервасія Агалінскага, які ўчыніў бойку з бычком на панадворку карчмы, і добра, што ў бычка рогі былі падпілаваныя, дык пан абыйшоўся сінякамі на самым далікатным месцы, калі ад таго бычка даваў лататы…
Шпегаўская навука, па ўсім ясна, была для пана Гервасія куды больш складанай, чым для студыёзуса Вырвіча анатомія. Ціхага патаемнага ад’езду не атрымалася. Калі прафесар і студыёзус даехалі конна да дому ў Запалоцці, дзе іх павінен быў чакаць пан Агалінскі, на панадворку тоўпіліся цікаўнікі, што назіралі за падрыхтоўкай вясёлага шчодрага пана да ад’езду. Ехаць у экіпажы ў самае разводдзе значыла страціць процьму часу, таму выпраўляліся вярхом. Затое пан Агалінскі разжыўся каралеўскім патэнтам, і яны маглі мяняць коней на паштовых станцыях у першую чаргу, як фельд’егеры.
Найбольш прысутныя разглядалі не коней, а пана Гервасія Агалінскага. Паглядзець было на што: пан, відаць, за гэтыя дні ўчыніў двубой не толькі з бычком. Адно вока заплыло сіня-чырвоным, другое паглядала на свет дужа цьмяна, твар спухлы, зарослы рудой шчэццю…
Пан Агалінскі схапіў збан, які яму паднесла крамяная прыслуга, нагбом выпіў, абліваючыся… Збан зухавата разбіў аб полацкую брукаванку…
– Паехалі!
У дыхтоўных скураных мяхах, якія нагрувасцілі на запаснога каня, дакладна знайшлося месца астралябіі.
Да Лёдніка падыйшоў з вінаватай фізіяноміяй Хвелька, пачаў мармытаць, што каб здароўе дазволіла, ён бы ніколі пана не пакінуў… Хвелька мусіў прыглядаць за домам Рэнічаў.
– Па адвар будзеш хадзіць да аптэкара Лейбы, – сурова распарадзіўся Лёднік.
Затое не давялося траціць шмат часу, каб угаварыць пана Гервасія прыняць у кампанію яшчэ аднаго дужа патрэбнага спадарожніка, які мусіў далучыцца да іх за гарадской брамай. Па-праўдзе, пану Агалінскаму было ўсё роўна, хто з імі адправіцца, Давід, Галіяф альбо Бава-каралевіч. Амерыканец быў заняты тым, каб не зваліцца з каня і не надта паказваць, што атрыманыя ад бычка сінякі перашкаджаюць у гэтай высакароднай справе. Размова з панам прыпадабнялася лыжцы ў загустым кісялі, што цалкам Пранціша задавальняла. Праўда, Агалінскі ўсё-ткі прамармытаў, што ў Карытнікі прызначыў новага аканома, даў распараджэнне адмяніць падушнае і паслаў мужыкам тры падводы з зернем.
Неба зацягнулі хмары, як быццам паненка заторгнула фіранкі, разгледзеўшы, што кавалер пад ейнымі вокнамі недастаткова фацэтны. А каб зусім стала непамысна, лінуў халодны дождж. Прынамсі, гэта змусіла цікаўнікаў пахавацца па дамах і ўжо там дамываць костачкі Чорнаму Лекару, які гасцяваў у габрэя Лейбы, і пану Агалінскаму, якога нават шкадавалі, што звязаўся з падазронай кампаніяй. Сын гарбара – вядзьмак вядомы, з вядзьмачкай ажаніўся, і вунь у якую сілу ўвайшоў… Пан над панамі, лепей на вочы не патрапляцца, а то сурочыць. Дзякуй Богу, з’язджае…
Гарадская брама схавалася за шэрымі ніткамі дажджу. Студыёзус нецярпліва прыўзнімаўся ў сядле, вызіраючы скрозь залеву таямнічага вершніка. Магчыма, гэта будзе нехта падобны да Ватмана – спрактыкаваны дужы вой, які заб’е, не зморшчыцца… А можа, хітручы шпег, падобны да князя Рапніна.
А новы спадарожнік далучыўся зусім нечакана, выехаўшы з-за прыдарожнае капліцы, як чалец прывіднага дзікага палявання. Коратка махнуў усім рукой і паскакаў паперадзе, як быццам так і трэба. Зменны конь незнаёмца быў нагружаны ладнымі куфрамі, што сведчыла – гаспадар не збіраецца цярпець у дарозе нязручнасцяў ды нястачаў. Лёднік кінуў на прыхадня кароткі позірк і зноў паглыбіўся ў свае роздумы. Пан Агалінскі нават галавы не павярнуў. Пранціш прышпорыў каня, каб параўняцца з госцем ды пагаварыць, але дарэмна – размовы не атрымалася. Пасланец, шчуплы, як падлетак, быў захутаны ў някідкі, але дыхтоўны дарожны плашч, на вочы насунуты капялюш, ніжнюю частку твару таксама не разгледзець пад накручаным шалікам, што не дзіўна, бо абдымацца з мокрым ветрам аматараў мала. На Вырвічаўскія словы пан толькі ветліва пакланіўся і настойліва махнуў рукой наперад. Пранцішу ўсё гэта не вельмі спадабалася, але ж будзе ў іх і прыпынак, дзе незнаёмцу давядзецца раскрыцца. Пакуль што Вырвіч ацаніў шаблю прыхадня, сапраўдную турэцкую серпанціну з буйным дыяментам на дзяржальне, зграбныя боты з сіняга саф’яну, якія можа дазволіць сабе не кожны шляхцюк, французскія пальчаткі са шчыгрэневай скуры. Усё – разлічанае на дарогу, зручнае, някідкае на першы погляд, але калі прыгледзецца, магнацкага рыштунку. Гаспадар малады, спрытны, не дужа моцны, але багаты і страшэнна самаўпэўнены… Але наўрад ён так валодае шабляй, як Пранціш Вырвіч сваім Гіпацэнтаўрам! Трэба будзе пад’юдзіць пана пафехтаваць дзеля размінкі. І ўжо тады паздзеквацца ад душы.




























