355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Авантуры студыёзуса Вырвіча » Текст книги (страница 1)
Авантуры студыёзуса Вырвіча
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 13:33

Текст книги "Авантуры студыёзуса Вырвіча"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Людміла Рублеўская
Авантуры студыёзуса Вырвіча

Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны
Кніга другая

ПРАЛОГ

Падаць з другога паверху на брукаванку шкодна.

Асабліва калі ты не котка, а студыёзус славутай Віленскай акадэміі, без кропачкі дыпламаваны філосаф. Няхай гэты без аднае кропачкі і коскі філосаф і звык лазіць у вокны і пераадольваць муры, якія перашкаджаюць шляхецкаму парыванню да славы альбо куртуазнай прыгоды.

Але тое, што адважны і мудры студыёзус Пранціш Вырвіч не ўтрымаўся на вузкім выступе пад вакном чароўнай паненкі Агнешкі, дачкі гутніка з вуліцы Шкельнай слаўнага места Вільні, не апраўдвае нават дождж, які зрабіў камяні слізкімі, як прамова пана суддзі Юдыцкага. Гэтак аднойчы жонка Уладзіслава Вазы, каралева Марыся, дзеля цікаўнасці якой прырабілі ў соймавай зале адмысловы балкон, гахнулася разам з тым балконам ды сваймі «дамамі фраўцымера» проста на галовы высокага сойму, ды адна пані яшчэ пры гэтым, зачапіўшыся, з сукенкі вылузалася. Вось ганьбы было… Не менш, чым для Вырвіча цяпер.

Бо яшчэ трошачкі пратрымайся Пранціш ля аканіцаў, фарбаваных у венецыянскі лазурак, панна Агнешка дакладна б упусціла яго ў свой завешаны ружовымі фіранкамі пакойчык, той вырай, куды студыёзус імкнуўся тры тыдні. Панна ўжо нават пяшчотную ручку не адразу з Пранцысевай рукі вырвала… І тут – гэх! Боты паслізнуліся, пальцы расціснуліся, і – канец Бабілонскай вежы і спакусным надзеям… Бо шабля Вырвіча здрадліва загрымела па брукаванцы, якую людцы паспалітыя называлі кацінымі ілбамі, сам кавалер не стрымаў прыкрага ўскрыку ад болю, дый паненка даволі гучна вохнула ад постраху і ляснула аканіцамі, фарбаванымі ў венецыянскі лазурак… І пачаліся пакаранні ягіпецкія. У суседнія вокны павысоўваліся бацька паненкі і ейныя дзве незамужнія цётухны, якія і без таго нешлюбаваных ды гожых мужчын лічылі нечым падобным да выцяжкі з д’яблавага кораню, ад якой глузды едуць, як капыты на лёдзе. І хаця Пранціш амаль зараз жа плітануў, трохі пакульгваючы, па начной вулцы, паспеў наслухацца пра сябе такога, што трохгаловы Цэрбер, ахоўнік падземнага царства, ад сораму адгрыз бы сабе лішнія галовы, а астатняя галава задушылася б уласным слінявым языком. Ды каб толькі словы дагналі Вырвіча… Але рыхтык на ягоную чубатую галаву выплюхнулася змесціва начной вазы, над якім пастаралася адна з Агнешкавых цётачак.

Не тое, каб такое рэчыва было ўнове для віленскай брукаванкі – месцічы, да абурэння прафесара Віленскай акадэміі доктара Лёдніка, не саромеліся карыстацца вулкамі ды дварамі ў якасці прыбіральняў, не падазраючы пра страшнае слова «гігіена», а на публічныя лекцыі пана прафесара пра магчымую пошасць з прычыны неахайнасці месцічаў вельмі слушна адказвалі, што нядаўні пажар, які прарэдзіў дамы, як зубы ў сківіцы старэчы, неадменна пазабіваў усю заразу…

Але Пранціш не лічыў сябе часткай звыклай да ўсяго брукаванкі, і смярдзючая жыжа, патрапіўшы на ягоны камзол, неяк заўважна ахаладзіла пачуцці да чароўнай дачкі гутніка, што скарыла сэрца студыёзуса крыху санлівым, як у цяляці, паглядам рахманых цёмных вачэй ды натуральнай – не прыклеенай – радзімкай на правай шчочцы.

Але нават успаміны пра натуральную радзімку не маглі перабіць прыкрасці ад атрыманага натуральнага ж «пачастунку». Да таго ж сапраўдная Чароўная Панна прысутнічала ў сэрцы студыёзуса, схаваная глыбока і надзейна, як у полацкіх сутарэннях, і была гэта зусім не Агнешка Пузыня.

Пранцысь прыбавіў хады – бо нехта са сваякоў паненкі пад’юдзіў гнацца за паганым спакушальнікам цнатлівых дзявіцаў гарадскую варту, і тупат за спінай гучэў пахавальнымі акордамі. Заставалася спадзявацца, што імя спакушальніка не адкрыюць – але спадзеў быў малы, бо гутнік Ёган Пузыня ўжо некалькі разоў адганяў нахабнага, блакітнавокага ды чубатага пана Вырвіча ад сваёй роднай кветачкі, і як зваць студыёуса, ведаў дакладна.

Пранцысь у суправаджэнні выратавальнага дажджу, які змываў яго ганьбу і смурод, ляцеў-кружляў па вузкіх вулках, намагаючыся забыцца на боль у назе, і раздумваў, ці варта бегчы да канвенту, студэнцкага інтэрнату, бо пагоня якраз туды і скіруецца. Сабакі ў дварах лена пабрэхвалі, нібыта разумеючы, што ўцякач на дабро іхніх гаспадароў не паквапіцца, цьмяная лампадка на Вострай Браме паглядала дакорліва, не абяцаючы ратунку без раскайвання і епітыміі, і не заставалася іншага шляху, як пераскочыць цераз знаёмую каменную агароджу з вышчарбінкамі, куды так зручна ставіць ногі, трохі перачакаць, каб крокі пагоні сціхлі, пагладзіць рудога калматага сабаку па мянушцы Піфагор і пашкрэбсціся ў зачыненую зялёную аканіцу, стараючыся прасіцца як мага больш жаласна:

– Пані Саламея! Пан Лёднік! Гэта я, Пранціш! Можна ў вас пераначаваць? Я ключ ад свайго пакою згубіў, не магу патрапіць у канвент… І нагу падвярнуў…

І пачуць, як пад буркатлівыя праклёны гаспадара і супакойлівыя рэплікі гаспадыні бразгаюць замкі, прыадчыняюцца дзверы, і нырнуць у выратавальнае цяпло сяброўскае хаты, дзе заўсёды дзеля няшчаснага студыёзуса Вырвіча ёсць вольны тапчанчык, і схавацца з галавой пад пуховую коўдру, забыўшыся на радзімку панны Агнешкі, начную вазу ейнай цёткі і на тое, што заўтра зранку – заняткі па рыторыцы, да якіх Пранціш падрыхтаваўся не лепей, чым індык да заплыву ў Вяллі. А каб сон быў саладзейшы, уявіць адну высакародную паненку, з гарэзнымі вачыма і ўсмешлівымі вуснамі, з фанабэрыстым імем Паланэя, якая зараз, магчыма, таньчыць на балі ў Варшаве – бо балі там могуць гудзець і да раніцы, і не хапае сярод палкіх кавалераў пана Пранціша Вырвіча гербу Гіпацэнтаўр. Але надыдзе, надыдзе час, калі загарыцца зорка пана яскрава, як камяні на гетманскай булаве, і Фартуна і ўласная адвага падораць яму тытул і славу, вартыя ўвагі князёўны са славутага роду Багінскіх.

Вільня працінала неба цёмнымі шпілямі храмаў, і празрыстая халодная кроў усё крапала і крапала на чарапічныя ды гонтавыя дахі, на брукаванку і траву, на Вялікае княства Літоўскае, якое зноў чакалі вялікія перамены, а гэта значыць, узрушэнні, рушэнні і расчараванні.

РАЗДЕЛ ПЕРШЫ
СПАДЧЫНА ВЯЛІКАГА ГЕТМАНА

Калі праўдзівы студыёзус ідзе на лекцыю, сама меней ён думае пра лекцыю і вучобу, пра святарны свой абавязак перад бацькамі, што выправілі дзіцятка, можа, за апошнія сямейныя грошы ў абдоймы багіні мудрасці Мінервы… Не, пра абдоймы ён думае – але ж не пра халодна-мармуровыя.

Студэнты цягнуліся да акадэміі праз халодную восеньскую раніцу і апошні сон, як цені па тваністым беразе Леты, намагаючыся зрабіць твары поснымі, як незасквараная капуста, бо найперш усіх чакала імша. Вырвіч, схізматык, мог асабліва не шчыраваць, але прысутнічаць таксама быў абавязаны – айцы езуіты строга за гэтым наглядалі. Каб яшчэ можна было навучыцца спаць з адплюшчанымі вачыма…

А пасля лекцый, калі Вырвіч ужо амаль адчуваў у роце смак гарачых клёцак, здарылася яшчэ больш непрыемнае. Вінцук Недалужны, аднакурснік Пранцыся, які выконваў на курсе абавязкі цэнзара, чарнявы гарадзенец з вялікай лабастай галавой і плячыма, на якіх можна было, здавалася, абіваць снапы, тузануў Вырвіча за рукаў:

– Трымайся, сябрук. Цябе прафесар Лёднік выклікае, каб ён аблез няроўна. Злы, як Цэрбер, у якога адразу з трох пашчаў адабралі па костцы.

У шэрых вачох Недалужнага плёскаўся пракаветны жах, бо цягам апошніх гадоў не было страшнейшага стварэння для студэнта Віленскай акадэміі, чым доктар Баўтрамеюс Лёднік, які ўзначальваў кафедру, так бы мовіць, «усіх падазроных навук», і чытаў лекцыі па практычнай фізіцы, хіміі, біялогіі, а таксама вёў факультатыўныя заняткі для тых, хто хоча заняцца медыцынай. І не тое, каб доктар крычаў альбо, крый Божа, за чуб уласнаручна кагось цягаў – наадварот, пан Лёднік чалавекам быў выключнай выхаванасці, здавалася, змусіць яго змяніцца ў твары альбо загарлаць не зможа нават з’яўленне пражскага Галема на віленскіх вулках. Але суворы пагляд цёмных вачэй ды атрутны тон нізкага голасу дзейнічалі на правінаваўцаў, як позірк васіліска, гэта значыць змушалі слупянець ад жаху. А доктар вынаходзіў гэткія з’едлівыя словы, што некаторыя нядбайцы лепей абралі б атрымаць скураной дысцыплінай па спіне, чым выслухоўваць вымовы пана Лёдніка. Ніякіх кампрамісаў доктар не прызнаваў, на высакароднасць і багацце бацькоў не зважаў, падарункі не прымаў… Пабойвалася яго нават прафесура, і чуткі пра доктара хадзілі неверагодныя, асабліва сярод першакурснікаў, якіх адзін выгляд доктара палохаў: высокі, хоць і не асілкавага складу, твар худы, нос драпежны, вусны ганарыста падціснутыя, а цёмныя вочы пранізлівыя… Перажагнацца хочацца. Адны сцвярджалі, што пан Лёднік чарнакніжнік і некрамант, не слабейшы ад славутага пана Твардоўскага, другія лічылі яго пераваратнем і ваўкалакам, трэція пляткарылі пра незвычайнае фехтавальнае майстэрства доктара: здабыў ён сабе шляхецтва на полі бойкі, дзе выратаваў жыццё вялікаму гетману, але народу за жыццё ўклаў не менш, чым уся каралеўская янычарская харугва, пра ваяўнічае мінулае сведчылі шнары на ілбе, на шыі. І, вядома ж, за адметнае валоданне шабляй заплаціў дэманічны доктар страшную цану самому Люцыпару, магчыма, наладаваў яму мех беднымі студэнтамі, што не здалі ў час практыкум…

Праўда, навучэнцы старэйшых курсаў на гэтыя жахалкі збольшага пасміхаліся: можа, і быў прафесар чорным магам, але й медыкам выбітным. Лекцыі ягоныя чыталіся на мяжы блюзнерства, ён крытыкаваў вучэнне Галена і разважаў наконт таго, што хваробы выкліканыя не лішкам у арганізме адной з чатырох вадкасцяў, а нябачнымі шкоднымі рэчывамі, што трапляюць у яго звонку, проста з паветрам ці разам з вадою. Таму адмаўляў неаспрэчную карысць крывепушчання ды прамывання страўніка, якія, вядома, дапамагаюць ад любых хваробаў. Доктар нават публічную лекцыю прачытаў пра шкоду модных «фантэнэляў» – штучна створаных на назе нарываў, якім не даюць зажываць, каб праз іх увесь час выходзіў з арганізму гной. Лёднік сцвярджаў, што менавіта такі «карысны нарыў» нядаўна звёў у магілу расейскую імператрыцу Лізавету. Хаця кожны ведае, што французскі байкапісец Фантэнэль, у гонар якога і назвалі з’яву, менавіта такім чынам ацаліўся ад хваробы, і чым больш крыві ў хворага выпусціць – тым лепей!

Шмат хто з калегаў зваў Лёдніка за вочы шарлатанам, і даўно б яго, схізматыка ды блюзнера, выперлі са святых акадэмічных муроў, блаславёных Ордэнам Ісуса, аднак жа аптэка акадэмічная, з тых часоў, як трапіла пад прыгляд Лёдніка і пачала папаўняцца ягонымі мікстурамі ды бальзамамі, пачала прыносіць нежартоўны даход, і лекавацца да прафесара прасіліся самыя ўплывовыя асобы, нават з Польшчы, Ліфляндыі ды Чэхіі прыязджалі. Праўда, прымаў ён далёка не ўсіх, і ніякімі грашыма доктара спакусіць было немагчыма – нібыта яму цмок па начах золата насіў альбо ў кішэні доктарскай заваляўся склют, неразменны талер. Бо хіба можа такі не дужа заможны чалавек пагарджаць грашыма, што самі ў рукі даюцца?

Але за складаныя выпадкі, калі ўсе астатнія лекары толькі рукамі разводзілі, Лёднік браўся без разбору – ці жабрак, ці магнат курчыцца на ложку… І за магчымасць учыніць эксперыментальную аперацыю падкаленнай анеўрызмы яшчэ і сам мог грошай прыплаціць. І напляваць яму было, што калегі па лекарскім цэху нос адварочвалі ад «нізкай» хірургічнай справы, бо хірургі прыроўніваліся да цэху цырульнікаў і мусілі ўважаць дактараў за вышэйшых. Але асабліва бараніла прафесара ад пераследаў, што ім апекаваўся сам вялікі гетман, ваявода віленскі Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька. Вось і нядаўна Лёдніка некалькі разоў клікалі да ваяводы, які прыехаў у Вільню ды зусім злёг. А вялікі гетман – не той, каму можа нейкі вядзьмак ды шалбер вочы зацярушыць.

Тыя, хто ведаў Лёдніка яшчэ лепей, казалі, што ён строгі, але справядлівы, не церпіць адно ляноты ды глупства. І ходзіць задарма лекаваць хворых у шпіталь пры праваслаўным брацтве амаль зруйнаванага пажарам Свята-Духава манастыра. А ягоная жонка – такая незямная прыгажуня, што ён неадменна яе скраў з якога-небудзь палацу… А студыёзус Пранціш Вырвіч, які прыехаў у Вільню разам з доктарам, ці ягоны пазашлюбны сын, ці падапечны, хаця не дай Божа такога апекуна, што цвічыць і дома, і на вучобе.

Недалужны пачухаў цёмныя пасмы і спачувальна зірнуў на панылы твар Пранціша:

– А можа, абыдзецца? Ты ж прафесару, здаецца, сваяк…

– Не, не сваяк… – няўважна адказаў Вырвіч. – Ды з’явіся да нашага Баўтрамеюса хоць бы і Платон ці Авіцэна – ён ім за няправільныя дэфініцыі вымову ўчыніць.

Калідоры імкліва пусцелі, студэнты высыпаліся з будынку, як сухія гарошыны з раскрытага струка. Вінцук з цікаўнасцю ўглядаўся ў вырвічаўскае аблічча, нібыта хацеў расчытаць на ім скандынаўскія руны. Папраўдзе, спрабаваў прыкмеціць хоць якое падабенства з драпежным фанабэрыстым абліччам Баўтрамеюса Лёдніка. Але Пранціш Вырвіч выраз твару меў круцельскі, вусны ўсмешлівыя, валасы русявыя неслухмяныя, вочы блакітныя, сумленныя, як у добрага злодзея, а пад носам – зусім не дзюбатым, а цалкам прыдатным дзеля куртуазнага шляхціца – прабіваліся светлыя вусікі.

– Слухай, ну хоць мне прызнайся – слова гонару, далей не перадам – хто такі табе пан Лёднік? – не вытрымаў Недалужны. – Ты ж у ягоным доме – свой, начуеш, кормішся… Прафесар за табой, як за сынам, сочыць. Апякун, мабыць?

Вырвіч усміхнуўся трохі сумна:

– Дарма языкамі мянціце – не сын я яму. Мой бацька – пан Даніла Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр – у мінулым годзе на Піліпаўку памёр, ты ж памятаеш, як я на пахаванне адпрошваўся. Я – апошні з роду, сваякоў не маю. А Лёднік… – Вырвіч зазірнуў у бліскучыя ад цікаўнасці вочы праверанага сябрука па пракудах, зноў пасміхнуўся нейкім сваім успамінам. – Помні, слова даваў – не распаўсюджваць… Лёдніка мне аднойчы… прадалі.

Калі б зараз у калідоры з’явілася жывёла кракадзіл, якая паводле бестыярыяў увасабляе крывадушша, бо забівае чалавека і зараз жа плача над ім, Вінцук не так бы ўразіўся.

– Як гэта… прадалі?

– За шэлег. Гэта ўсё, што я тады ў кішэні меў, – Пранціш трохі блазнаваў, але было зразумела, што не жартуе. – Спынілася каля мяне карэта на дарозе з Менску да Ракава… Разумееш, Лёднік здабыў філасофскі камень. Гэты можа… Упёрты… Але, здабываючы, нарабіў даўгоў і ўрэшце заклаў сябе самога. А гаспадар ягоны ўзлаваўся, што Лёднік адрокся пасля гэтага ад алхіміі і астралогіі, а здабытага з медзі золата аказалася не больш за шчопаць, і прадаў яго першаму стрэчнаму… Так мне і пашанцавала яго займець.

– Дык прафесар… быў тваім слугою? – бровы Недалужнага, падобныя да двух чорных бухматых вусеняў, палезлі на лоб. Вырвіч фыркнуў.

– Ты можаш уявіць пана Лёдніка чыімсьці слугою?

Недалужны ў жаху затрос галавою. Лягчэй уявіць, як бадзёра скача мазурку падскарбій літоўскі Трызна, які ў крэсла не змяшчаўся, так што кароль загадаў дзеля яго лаўку адмысловую падчас сойму ставіць.

– Ну, вось… Лёднік і тады быў такім самым… Узяўся мяне адукоўваць.

– Вохці мне… – Вінцук, відаць, уявіў, як гэта – калі падобны настаўнік каля цябе ўвесьчасна. – Каб ён аблез няроўна. І ты што, не вытрымаў і на волю яго адпусціў?

Пранціш адвёў вочы ўбок і ледзь заўважна пачырванеў.

– Ды не… Так атрымалася, што ён сам сабе здабыў волю і шляхецтва. Па справядлівасці і паводле Статута. На полі бойкі.

Аднакурснік Пранцыся памаўчаў, прывыкаючы да навінаў.

– І як жа вы цяпер?

Пранцысь шырока ўсміхнуўся.

– Ведаеш, мы з доктарам столькі разоў адзін аднаму жыцці выратоўвалі, што лік згубіўся. І, дружа, так сталася, што зараз самыя блізкія мне людзі на свеце – гэта пан Бутрым і пані Саламея Лёднікі. Вось так…

І зноў скрушна ўздыхнуў.

– Вось толькі ад пакаранняў гэта мяне не ратуе. Халера….

– Халера… – пагадзіўся Недалужны, і сябрукі рушылі ў бок прафесарскага кабінету, сумныя, як драўляныя статуі святых у базыльянскім храме.

Кабінет загадчыка кафедры практычных навук нагадваў чамусьці сутарэнні, хаця й знаходзіўся на другім паверсе: але ці ад цяжкой мэблі з чорнага дрэва, ці ад пылу фаліянтаў, якія сваім цяжарам аж прагіналі паліцы, ці ад злавеснага бляску хімічных прыладаў і сасудаў з заспіртаваным немаведама чым, пра што лепей не ведаць добраму хрысціяніну – тут мроіўся прыцемак і прабіралі дрыжыкі па скуры, як ад марозу. А самы страх наганяў васковы анатамічны муляж, замоўлены асабіста Лёднікам у Фларэнцыі. Муляж уяўляў з сябе напалову рассечаны бюст немаладога мужчыны, прычым усё начынне галавы і грудзіны было паказана вельмі праўдападобна. І цягліцы, і вены, і яблык вока, і косткі…

Праўда, сам гаспадар кабінету, які ўзвышаўся над сталом памерам з невялікі пляц падобна чорнай скале, аб якую разбіваюцца спадзевы бедных студыёзусаў, наганяў страху паболей заспіртаваных пачварынак ды расфарбаванага воску. Нават Вырвіч, якога прафесар упарта не заўважаў, працягваючы нешта крэмзаць пяром, нервова перамінаўся з нагі на нагу і спрабаваў пракаўтнуць даўкі камяк боязі. Нарэшце прафесар Лёднік зрабіў ласку падняць вочы на Пранціша і адкінуў пяро…

Усё, раз не паклаў акуратненька ў адмысловую срэбную падстаўку ў выглядзе грыфона з разяўленай пашчай, а кінуў, аж атрамант пырснуў на стол, значыць, злосны, як той грыфон, і цяпер ратуй маю душу, святы Франтасій… Дакладней, тую частку студэнцкага цела, праз якую адбываецца працэс перавыхавання з дапамогай бярозавых розаг ды скураных дысцыплінаў.

Пранціш глыбока ўздыхнуў і пастараўся надаць абліччу выраз шчырага раскайвання, аж блакітныя вочы ад старання заслязіліся.

Лёднік загаварыў, як мог бы загаварыць ягіпецкі сфінкс з апошнім наведнікам карчомкі, які не толькі сфінкса, але й арханёла Гаўрыіла пад раніцу можа пабачыць.

– Значыць, ключ ад канвента забыўся, – голас прафесара гучэў падманліва ціха, як далёкія грымоты. – Ножку падвярнуў небарака, блукаючы… А ці не была тая ножка пана Вырвіча падвернутая пад вакном адной прыстойнай паненкі на вуліцы Шкельнай, га?

Голас прафесара набіраў моцы. Пранціш толькі галаву ў плечы ўвабраў, як чарапаха, на якую цэліць з нябёсаў арол, і маўчаў, як кароль Жыгімонт Ваза на элекцыйным сойме, праўда, што заставалася небараку Жыгімонту рабіць, калі ні польскай, ні беларускай мовы не ведаў… А Лёднік ужо сычэў, не як арол, а як раззлаваная змяюка.

– У мяне толькі што быў шаноўны цэхмайстар, пан Ёган Пузыня. І распавёў пра начныя прыгоды аднаго самаўпэўненага невука.

Пранціш адчуў амаль неадольнае жаданне плітануць адсюль… усё роўна куды, хоць бы й на лекцыю. Аж ногі здрыгануліся, зрабілі крок у бок дзвярэй, і Вырвіч у чарговы раз пашкадаваў, што ў Лёднікаў няма ўласных дзяцей, і таму ўвесь іхні выхаваўчы імпэт даводзіцца прымаць на сваю бедную русявую галаву… Але прафесар імкліва – сапраўды як чорная змяюка – апынуўся проста перад студыёзусам, адрэзаўшы ўсялякія шляхі да рэтырацыі. І пачалася… лекцыя. Пранціш толькі згодна ківаў: так, бэйбус, так, распуснік, так, абібочына…

– Чаго ты палез да тае дзеўкі, калі ведаў, што ад бацькі мала не пападзе? Жаніцца сабраўся, можа? Сватоў будзем засылаць?

Вырвіча ажно перасмыкнула, калі ён уявіў, што будзе да канца свайго жыцця бачыць, прачынаючыся, побач, на падушцы, круглы твар з радзімкай ля вуснаў і сустракаць санлівы, як у цяляці, позірк… Вой, не! Як казаў каралеўскаму кату шляхцюк, якога хацела паводле старажытнага звычаю вызваліць, накрыўшы сваёй хусткай-рантай, адна паненка не першай маладосці, і тым прызнаць яго за мужа, «Хутчэй, хутчэй, пане Якубе, да шыбеніцы!».

Прафесар, паназіраўшы за пакутамі падапечнага, нечакана пасміхнуўся.

– Дон Гуан знайшоўся з Падняводдзя… Ланцэлот у картовых нагавіцах. Ты хоць ведаеш, колькі мне давялося тут распінацца, абы ўлагодзіць пана Пузыню, каб не падаваў на цябе ў гродскі суд? Ды перада мной Дэмасфен блазнюком пачуўся б! А мо, і варта было здаць цябе на расправу, каб нарэшце навучыўся адказваць за свае ўчынкі? А колькі тых пракудаў за час навучання было? – Лёднік урачыста пачаў загінаць пальцы. – У мінулым траўні з уланамі, напіўшыся, пабіліся, і хто табе ключыцу з кавалачкаў складваў і штраф плаціў? Доктар Лёднік, вядома. У чэрвені з такім жа дурнем Вяллю ў бочках пераплываць уздумалі, ледзь не патапіліся. На першым курсе твая банда крэсла пана суддзі на астранамічную вежу зацягнула…

Прафесар скрушна ўздыхнуў, вярнуўся за стол і стамлёна падрахункаваў.

– Вырвіч, калі б шкода ад цябе абмяжоўвалася выбухамі падчас дурных эксперыментаў, я б дараваў, апраўдаўшы зразумелай юначай дапытлівасцю… А тут – адна шкадлівасць ды юр… А самае гідкае – што схлусіў.

– Пан Лёднік, Бутрымус, ну як жа мне было прызнацца ў такім афронце! – скрушна стукнуў сябе ў грудзі кулаком Пранціш. – Нават пацалаваць красульку не паспеў. Зваліўся, нагу падвярнуў, ды яшчэ гадасцю аблілі… Урэшце, ты сам казаў, у мяне характар складаны… Перавага вогненнай стыхіі…

– Вось і адказвай за свой вогненны тэмперамент! – грозна прамовіў прафесар. – Даўно ў карцэры быў?

Вырвіч ліхаманкава пралічваў у галаве варыянты, як найлепей разжаліць свайго былога слугу, але на калідоры пачуліся нечыя ўпэўненыя крокі – шпоры бразгалі па каменнай падлозе, як быццам сюды ішоў жалезны стод. Дзверы кабінету расчыніліся, як ад ветру, і да прафесара ўваліўся наскрозь п’яны шляхціц у шыкоўным, але памятым уборы радзівілаўскіх колераў, блакіт з золатам – такія насілі «выбранцы», бліжні круг гетмана. Малады, але ўжо хранічна чырвоны твар нечаканага госця моршчыўся ад гора, як пусты кашэль, на віслых вусах блішчэлі слёзы. Госць выхапіў з-за слуцкага літога паясу запэцканыя ласёвыя рукавіцы і кінуў аб падлогу, нібыта спадзяваўся гэткім чынам кагосьці забіць і тым атрымаць палёгку ўласным пакутам душэўным.

– Ці я маю гонар размаўляць з панам Баўтрамеюсам Лёднікам? – прагугніў у нос шляхціц, пагойдваючыся зламанай чарацінай, а ў кабінет увайшлі яшчэ двое, такія ж узрушаныя і напітыя – адзін з саламяным чубам, што паныла звісаў з-пад сабалінай шапкі, другі – старэйшы, пузаты, як балея, з запухлымі, быццам падбітымі, вачыма. Ад шляхціцаў пахла гарэліцай за літоўскую вярсту.

Лёднік ганарыста выпрастаўся:

– Чым абавязаны прыемнаму візіту васпанаў?

Пранціш на ўсялякі выпадак звыкла заняў стратэгічную пазіцыю побач з прафесарам – ці не давядзецца ўспомніць былыя баявітыя дзянькі? Але шляхціц у блакітным жупане толькі адвесіў паклон, ледзь не паваліўшыся, і ўрачыста прамовіў, дадаючы ў голас слёзаў:

– Нешчаслівы выпадак прывёў нас сюды, вельмішаноўны пан Лёднік! Чорнымі вястунамі з’явіліся мы ў Віленскую акадэмію ў гэты пракляты дзень! Памёр дабрадзей наш, бацька наш, вялікі гетман, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька! Закацілася ягонае свяціла, і асірацела княства!

Двое другіх шляхціцаў застагналі, захісталіся, хапаючыся за галовы і паўтараючы жаласныя словы.

Лёднік нізка схіліў галаву.

– Падзяляю вашае гора, ягамосці, бо гэтая навіна і мне кроіць сэрца. Ягоная светласць, князь Міхал Казімір – дабрадзей мой, ён надаў мне шляхецтва і падарыў маёнтак, а самае галоўнае, мудрасцю сваёю прадухіліў страшнае бедства, што чакала край, калі хацелі магутныя паны ўсчыніць бойку за валоданне святыняй, якая належыць толькі Госпаду. І мне прыкра, што не мелі лекі мае дастатковай моцы, каб яшчэ падоўжыць жыццё вялікага гетмана. Але лекар – толькі інструмент, усё ў волі Божай, панове… Вечная памяць…

Лёднік перажагнаўся, госці таксама пачалі зацята жагнацца… Нават Пранціш Вырвіч адчуў, як наварочваюцца на вочы слёзы: успомніліся падзеі трохгадовай даўнасці, калі давялося ў Полацку біцца з войскам расейцаў, і як Лёднік захінаў сабою Міхала Радзівіла, як сам ад ранаў ледзь не памёр, як княжна Паланэя Багінская разам з прыгажуняй Саламеяй, жонкай Лёдніка, схавалі ў Полацкіх сутарэннях дзіду святога Маўрыкія, прывезеную калісьці ў Полацк рыцарам Гроба Гасподняга Аляксандрам Солтанам, і тыя сутарэнні ўзарвалі.

І дзе цяпер тая Паланэйка, яснавокая, неўтаймоўная, гарэзная Дама… Ці памятае яшчэ свайго вернага рыцара Пранціша Вырвіча?

Раптам на тле агульных усхліпванняў ды ўздыханняў недарэчна звонка адбіў час круглатвары гадзіннік, аздоблены пазалочанай вінаграднай лазою, і кашчунна весела зашчоўкаў жалезны салавейка, замітусіўся на галінцы пад цыферблатам. Лёднік нават кінуў на механічнага спевуна сярдзіты позірк, нібыта спадзяваўся, што той, як першакурснік, адразу страціць голас. Але салавейка адшчоўкаў свае рулады і толькі тады замёр. Шляхціц у блакітным жупане адкашляўся, азірнуўся на сваіх таварышаў і ўрачыста прамовіў:

– Мусім жа, брацці, выканаць апошнюю волю нашага пана, які на смяротным ложы не забыўся, што ты, пане-браце Баўтрамей Лёднік, на полі бойкі выратаваў ягонае жыццё. На добрую памяць пакінуў ён табе… пакінуў… ну… такое…

У гэтым месцы шляхціц запыніўся і нават азірнуўся на таварышаў, пакутліва шукаючы словаў, каб тую спадчыну апісаць. Пузаты шляхціц дапамог:

– Дужа рэдкую і дарагую рэч пакінуў! Прыладу! Вучоную! Выпісаную з далёкіх краёў заморскіх!

Трэці шляхціц, з саламяным чубам, танклявым голасам, быццам надарваным доўгім плачам, патлумачыў:

– Ягоная мосць князь Радзівіл выкупіў гэтую прыладу для сваёй кунсткамеры за трыста дукатаў. Але ніхто пакупкі яснавяльможнага князя не бачыў, як прывезлі, так і стаяла запячатаная. Таму што тут знаўца патрэбны… Ой, добры знаўца…

– І святар са святой вадой ды сакрамэнтамі… – прабурчэў пузаты, і Пранціш здагадаўся, што вакол таемнай рэчы ходзяць не самыя добрыя чуткі.

Між тым на калідоры пачуўся грукат і злосныя задыханыя галасы… Нясуць! Пранціш ледзь стрымліваўся, каб не кінуцца насустрач, але шляхціцу, вядома, не пасуе такая паспешліваць… Шасцёра слуг зацягнулі ў кабінет вялізную скрыню, у якой мог схавацца калі не конь, дык жарэбчык дакладна. Скрыня была з дыхтоўных дошак, пакрытых чырвоным лакам да люстранога бляску, на кутах абабітая жалезнымі палосамі і нават са спецыяльнымі бронзавымі ручкамі для трымання. На пярэднім шчыце было выпаленае слова «Pandora».

Зараз жа наперад выпхнулі дробненькага, падобнага да палявой мышы, чалавечка ў сінім жупане – пана вознага, які зачытаў пранізлівым голасам тэстамент вялікага гетмана. Пранціш адзначыў пра сябе, што Міхал Казімір загадаў перадаць скрынку пад назвай «Пандора» з усім змесцівам пану Баўтрамею Лёдніку, прафесару Акадэміі Віленскай, неадкладна пасля сваёй смерці, не чакаючы абвяшчэння асноўнага запавету, і ўскладаецца адказнасць за выкананне волі нябожчыка на пана харунжага Мікіту Знасаковіча (пры гэтых словах малады шляхціц у блакітным жупане скрушліва ўдарыў сябе кулаком у грудзі).

Пранціш думаў, што госці абавязкова дачакаюцца, калі скрыня будзе адчыненая, але тыя адразу ж заспяшаліся сыходзіць, кідаючы асцярожлівыя пагляды на прынесенае дабро. Толькі пузаты шляхцюк, няўхвальна агледзеўшы слоікі, у якіх плавалі заспіртаваныя пачварынкі, ды страшны васковы бюст, на развітанне прагаварыў нешта кшталту «У самыя тае рукі перадалі дэманскія прылады…».

На падлозе засталіся ляжаць запэцканыя ласёвыя рукавіцы.

З апусцелага кабінету паволі выпаўзаў густы пах старадарожскай гарэліцы, а пасярод пакоя, быццам каўчэг на Арараце, высілася бліскучая чырвоная скрынка. Нават партрэты Галена і Гіпакрата глядзелі на яе зацікаўленымі вачыма, нібыта спрабуючы паціху высунуцца за цяжкія пазалочаныя рамкі.

– Давай адчынім! – Пранціш аж падскокваў ад нецярпення і прадчування чагосьці незвычайнага, і, магчыма, небяспечнага. Прафесар, чые цёмныя вочы таксама падазрона разгараліся, няўпэўненым голасам загаварыў, што яму зараз абавязкова трэба ісці браць удзел у жалобных цырымоніях па сваім дабрадзеі, і часу няма, і асцярожней трэба быць з невядомымі падарункамі, і… а, гары яно ўсё гарам!

У чатыры рукі, выкарыстоўваючы кінжал, хірургічныя абцугі, малаток для трэпанацыі чэрапа ды іншыя прыдатныя і не дужа інструменты доктар і студыёзус справіліся са скрынкай за чвэрць гадзіны. Дошкі ўпалі, як пасечаныя крыжакі, па пакоі разляцеліся аблокі бавоўны, якой для бяспекі была абкладзеная невядомая рэч у шчыльнай белай тканіне. Пад пакрыкванні Лёдніка «Асцярожна! Не рукі, а цапы!» тканіну сцягнулі… І Вырвічу ледзь не сталася млосна. Там сядзела мярцвячка. Авальны тварык з ружова-белай скурай, яркія маленькія вусны, высокі белы парык, перавіты ніткамі перлінаў… А вочы! Так, самае жахлівае – вочы, мёртвыя, бліскучыя, вялізныя, ледзь не па дукаце, прамяніста-шэрыя, з белым з сінізною бялком, з даўжэзнымі вейкамі… Твар, які можна цалкам уявіць спалучаным з тулавам пачвары, напрыклад, як у Феі Мелюзіны, напалову змяі, ці ў птушкі Алканост, што прарокуе няшчасці, ці ў Сірэны з рыбіным хвастом, якая заманьвае неабачлівых мараходаў дзівоснымі спевамі, быццам пузатага віленскага каморніка – пахам літоўскага піва… Хаця хіба могуць параўнацца спевы, нават самыя ўзвышаныя і руладныя, з пахам свежага бурштынавага піва, зваранага ў слаўным месце Вільні?

На шчасце, Пранціш змог устрымацца ад ганебных для шляхціца праяваў свайго спалоху, таму што калі Лёднік цалкам зняў покрыва, і вачам адкрылася прыгожая паненка ў прыдворным строі, толькі зусім неадукаваны чалавек мог працягваць трызненні наконт забальзамаваных трупаў… Паненка была васковая. Вырвічу, аднак, давялося пераадольваць пэўную жудасць, каб дакрануцца да нарумяненай шчакі падаруначка ад гетмана: воск, вядома… Белы воск. Але шэрыя шкляныя вочы нібыта незадаволена бліснулі.

Вырвіч абыйшоў вакол лялькі. Яна сядзела за маленечкім столікам з чырвонага дрэва, у тонкіх васковых пальчыках заціснуты аловак, якім паненка, здаецца, збіралася нешта пісаць на трохі пажаўцелым аркушы паперы. З-пад вадаспаду найтонкіх – як павуцінкі і сняжынкі – карункаў ніжняй спадніцы паказвалася дзюбка зялёнага чаравічка, расшытага каменьчыкамі. За гарсетам чырванела шаўковая ружа. Неверагодна тонкі стан быў зацягнуты ў блакітную парчу ў ружовыя кветачкі. Студыёзус асцярожна ўзяў руку лялькі, што ляжала на стале: тая не паддалася бязвольна, яе можна было толькі трошкі прыўзняць, і была яна цяжкая – падобна, унутры жалезныя косткі. Вырвіч нахіліўся ніжэй: пальчыкі складзеныя з асобных дэталек, у шчылінах пабліскваў метал, але на суглобах нават зморшчынкі пазначаныя – ясна, што мадэллю для адліўкі з воску паслужыла рука жывой кабеты. Пранцысю на імгненне падалося, што пазногцікі, нафарбаваныя ружовым лакам, зараз шкрабануць па ягонай скуры, загоняцца ў цела да крыві… Ён акуратна паклаў руку лялькі назад на стол, з пачуццём, быццам толькі што патрымаў сонную гадзюку.

Вырвіч разумеў не больш, чым трактат сэра Ньютана пра дынаміку нябёсных целаў, навошта вялікі гетман замаўляў немаведама дзе, і, відаць, не за малыя грошы, гэтую злавесна-гожую ляльку, і з якой радасці завяшчаў яе доктару Баўтрамею Лёдніку? А Лёднік між тым, закусіўшы губу, як дзіцёнак, які рыхтуецца схапіць асабліва прыгожага матыля, хадзіў вакол сваёй спадчыны, абмацваў яе, што выглядала нават трохі фрывольна, і цёмныя ягоныя вочы на худым твары ажно гарэлі, а нос нагадваў дзюбу драпежнай і дужа галоднай птушкі, так што Вырвічу ўспомнілася, што Лёдніка ў ягоным родным Полацку калісьці празвалі Фаўстам за неадольную прагу ведаў, не заўсёды бяспечных.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю