355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Авантуры студыёзуса Вырвіча » Текст книги (страница 2)
Авантуры студыёзуса Вырвіча
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 13:33

Текст книги "Авантуры студыёзуса Вырвіча"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Праблема з гутнікам Пузынем, ягонай пекнай дачушкай і распуснымі паводзінамі студыёзуса Вырвіча была забытая, прафесар учапіўся за таямніцу, як пародзісты сабака-медыялан за бок дзіка.

Полацкі Фаўст стаў за спінай лялькі, задумаўся, і раптам рэзкім рухам расшпіліў яе сукенку. І застыў са страшэнна задаволенай мінай, нібыта сузіраў мігдалы нябёсныя. Вырвіч зараз жа намаляваўся побач, і ажно вочы на лоб студыёзуса палезлі: у аголенай спіне лялькі адкрываўся складаны механізм, са мноствам колцаў і шасцяронак, спружынак і шрубчыкаў… Нібыта начынне гадзінніка разраслося падобна кусту лазы. Вырвіч працягнуў быў руку, пакратаць бліскучыя колцы, але зараз жа атрымаў ад прафесара па пальцах. Лёднік стаў на калені і ледзь не носам улез у ляльчына жалезнае нутро.

– Падобныя механізмы, наколькі я ведаю, могуць зрабіць два чалавекі ў свеце: швейцарац Жан Жак Дроў і Вакансон з Грэноблю… – задумліва прагаварыў прафесар. – Кожная такая штуковіна робіцца не адзін год, і не з адной тысячы дэталяў. І пра яе вядома на ўвесь свет. А пра гэтую я ніколі нічога не чуў.

Вырвіч фыркнуў – вядома, Бутрым упэўнены, што ведае ўсё на свеце, і калі ён чагосьці не чуў, дык яно альбо засакрэчанае, альбо нявартае. Гады прафесарства на доктараву самаўпэўненасць падзейнічалі, як цёплая вада на вазон, і расквітнела яна ва ўсе бакі, быццам куст размарыну.

– Гэта ўсяго толькі лялька. З чаго б то пра яе трубіць ва ўсе сурмы?

– Лялька? – загадкава і крыўдна паблажліва прагаварыў Лёднік. – Ты думаеш, над простай забаўкай такія майстры, як Вакансон, працавалі б гадамі? Не здзіўлюся, калі з цягам часу такія аўтаматы на некаторых працах пазамяняюць людзей… Спадзяюся, хаця б не ў шлюбным ложку.

– Аўтаматы? – неўразумела перапытаў Пранціш. – Што за халера?

– Ты, вядома, не чытаў трактат Жульена дэ ла Метры «Чалавек-машына»? – з заўсёднай невыноснай фанабэрыяй зноў пачаў лекцыю прафесар, не чакаючы адказу. – Дэ ла Метры – паслядоўнік Дэкарта, ён спавядае «ятрамеханізм», згодна якому чалавек – усяго толькі жывёла ці спалучэнне спружынаў. У трактаце сцвярджаецца, што людзі, як бы моцна ні хацелася ім узвысіцца, узлунаць, па сутнасці сваёй не больш чым жывёлы ці прамаходныя механізмы. Ну а з гэтага вынікае, што такі механізм можна паспрабаваць… зрабіць.

Пранціш у жаху зірнуў на васковую дамачку і перахрысціўся. Лёднік паблажліва кіўнуў галавою:

– Так, гэтая паненка павінна ўмець шмат… Прынамсі, на гэтым аркушы дакладна нешта адлюструе. Увасабляў ідэі Жульена дэ да Метры ўжо згаданы мною майстар Вакансон. Напачатку ён зрабіў механічнага флейтыста, які грае на флейце менуэты і рыгадоны – ён насамрэч дзьме ў інструмент, пальцы націскаюць клапаны… Паглядзець на цуда збіраліся цэлыя натоўпы! Потым майстар зрабіў жалезную качку, якая магла не толькі кракаць, хадзіць, лапатаць крыламі, але й есці, пераварваць ежу і спраўляць натуральную патрэбу. Гэта я ўжо сам аднойчы назіраў. І ўрэшце ў акадэмію Ліёну Вакансон падаў праект штучнага чалавека – аўтамата, чые рухі, крывезварот, страваванне, скарачэнне цягліцаў маглі б імітаваць чалавечыя, і з дапамогай гэтага аўтамату можна было б ставіць унікальныя эксперыменты, нават трупаў нам, медыкам, не трэба было б выкопваць, каб вывучаць анатомію…

Пранціш хмыкнуў, таму што праблема з матэрыялам для анатамічнага тэатру была настолькі вострай, што патыхала няхай не вогнішчам, але вязніцаю – дакладна. Айцы-езуіты і так сачылі за кожным крокам прафесара-схізматыка, а калі той заводзіў гаворку наконт практычных заняткаў для сваіх студэнтаў, усміхаліся так ветла, што можна было хутчэй атруціцца іхнай добразычлівасцю, чым атрымаць згоду на чарговы эксперымент. Тым больш медычнага факультэту, як было абяцана, так і не заснавалі, кафедра Лёднікава была хутчэй факультатыўнай… Так што былы алхімік увесь час рызыкаваў сур’ёзна. Але ўявіць, што трэба ўскрываць страўнік аўтамату? Што нехта мог паспрабаваць сам зрабіць жывую істоту, замахнуцца на ролю Госпада?

– І зрабіў Вакансон тую пачварыну? – запытаўся Вырвіч.

– Наўрад, – змрочна адказаў Лёднік. – Акадэмікі і ў Ліёне баяцца абвінавачванняў у блюзнерстве. Раўняць чалавека і механізм – значыць адмаўляць існаванне вечнай душы, барані нас, Божа, ад такіх даследчыкаў… Мураш не можа зрабіць мураша.

Вырвіч насупіўся.

– А ці не абвінавацяць нас у вядзьмарстве за гэтае стварэнне?

Лёднік хмыкнуў.

– Лялька – гэта не страшна… Я бачыў куды страшнейшае. – Прафесар павагаўся і неахвотна працягнуў.—Быў у мяне ў Празе адзін… настаўнік. Ён дужа хацеў вывучыць сапраўдную душу. Падпільнаваць, калі яна адлучаецца ад цела, узважыць, калі ўдасца – перахапіць… Магчыма, усяліць у іншае цела… Вось гэткія эксперыменты – жахлівыя. Гэта – ужо за мяжой дазволенага чалавеку…

Студыёзус адчуў, як па скуры пабеглі ільдзяныя мурашкі. Лёднік ніколі пра сваё алхімічнае юнацтва не распавядаў, а пра вандроўкі па Лейпцыгах-Прагах-Ліёнах-Парыжах-Лонданах ды дзе там яшчэ ён паспеў пабываць – таксама агучваў не ўсё. І Вырвічу раптам падалося, што ён зусім не ведае мужчыну з драпежным профілем, які стаіць побач з ім, у чорным камзоле і акуратным парыку.

– Вы што, людзей дзеля эксперыментаў забівалі?

Лёднік глуха адказаў, гледзячы некуды ў прастору:

– Я – не… Але мой настаўнік, баюся, ні перад чым не спыняўся.

Памаўчаў, апусціўшы галаву, і цені па кутах пакоя рабіліся цямнейшымі.

– Кожны дзень нагадваю сабе, якое шчасце, што Гасподзь у час мяне спыніў, не даў дайсці да бездані. Няхай і папусціў, каб я сам сябе зрабіў рабом, страціў усё, што цаніў. А ты думаў – я невядома чаго каяўся, ад алхіміі адмаўляўся? – Лёднік горка пасміхнуўся. – Так, я толькі назіраў… Рабіў выгляд, што не здагадваюся пра бязбожныя стадыі эксперыментаў… Але ж дзесьці, на краі свядомасці – ведаў! Цікаўнасць пераважвала ўсё… Нават боязь загінуць духоўна. Да канца жыцця цяпер адмольваць…

Страсянуў галавою, нібы скідваючы цяжкія ўспаміны.

– Так што аўтамат – гэта нічога, гэта цікава, і можа мець практычнае прымяненне. Бо Вакансон і новыя ткацкія станкі прыдумвае…

Пранціш таксама адагнаў жахлівыя карцінкі, што малявала ўяўленне пра чарнакніжнае мінулае ягонага былога слугі, ускалмаціў русявы чуб.

– І ты думаеш, і гэтая нашая лялька можа есці і… ну… спраўляць патрэбу?

– Гэта наўрад! У Пандоры органаў стрававання не прадугледжана! – пасміхнуўся Лёднік.

– Чаму Пандоры?

Прафесар паказаў на драўляны шчыт ад скрынкі, прыхінуты да сцяны, з выпаленым надпісам.

– Спадзяюся, не трэба нагадваць, што паводле антычных міфаў красуню Пандору стварыла багіня Гера, якая хацела адпомсціць людзям, і прыгажуня з-за свае цікаўнасці адчыніла сасуд з закаркаванымі хваробамі і нястачамі.

Вырвіч толькі адмахнуся:

– Ды ну іх, міфы… Давай лепей аўтамат гэты ўлучым, паглядзім, што ён робіць!

– Каб яго можна было ўлучыць, я б гэта зрабіў, – незадаволена патлумачыў Лёднік.

– Зламаны? – расчараванню Вырвіча не было межаў.

– Пэўне ж…

– Вось бы Якуба Пфальцмана сюды, ён бы разабраўся! – мройна прагаварыў Пранціш, разглядаючы шэравокую Пандору. – Пфальцман – майстар сапраўдны…

Як студыёзус і разлічваў, згадванне былога аднакурсніка Лёдніка па Нюрнбергскім універсітэце, адмысловага вынаходніка, які прыдумаў рухавік новага віду і зрабіў жалезную чарапаху – баявую машыну паводле чарцяжоў вялікага Леанарда, падзейнічала на прафесара, як на крумкача – свежая кроў. Лёднік падціснуў фанабэрыстыя вусны, акуратна зняў камзол, павесіў на высокую спінку крэсла, што нагадвала абрысы гатычнага храма, сцягнуў парык, і чорныя валасы, перацягнутыя на патыліцы шаўковай стужкай, упалі на спіну, рашуча закатаў рукавы бялюткай кашулі… Калі б лялька, дзеля даследвання якой рабіліся гэтыя падрыхтоўчыя працэдуры, магла мысліць, дык у вакно б скочыла, нягледзячы на вышыню: полацкі Фаўст прыняў выклік і не адступіцца, нават калі трэба будзе разабраць падарунак да апошняга шрубчыка. Вырвіч таксама радасна падкасаў рукавы… Можа быць, важданне з механізмамі – і не зусім шляхецкая справа, але Пранціш дакладна засвоіў, што ў навуцы свае баталіі і двубоі, якія вымагаюць смеласці не меншай, чым вайсковая справа.

Мядзяны салавейка зноў зашаргацеў, зашчоўкаў на цыферблаце гадзінніка, але на яго звярнулі ўвагу не болей, чым на заляцелую муху. З васковай Пандоры бесцырымонна і нягжэчна сцягнулі блакітную ў ружовыя кветачкі сукенку, і абражаная прыгажуня дарэмна пагрозна паглядала шклянымі шэра-прамяністымі вачыма некуды ў прастору, з якой прыходзяць прывідныя мсціўцы за гонар васковых дам.

Прафесарскі слуга Хвелька, кірпаносы дабрэнны таўстун, некалькі разоў стукаўся ў дзверы, пачціва прасіў паведаміць, калі пан прафесар з’явіцца дадому, бо пані Саламея Лёднік хвалюецца… Але быў адпраўлены назад вельмі непачціва – аж вусны ў небаракі ад крыўды задрыжэлі… Хвэлька дастаўся прафесару паўмёртвым ад жаўтухі – гаспадар, вядомы піток, прыехаў у Вільню на соймік, ну і загуляў, слуга таксама набраўся, як гразі, пячонка не вытрымала… Лёднік выпадкова заўважыў яго ў куце піравальнай залы, скручаным у крук. Хвелькінаму пану было не да клопатаў з хворым, і ён прапанаваў доктару, калі таму так ужо цікавы лёс нягеглага пажаўцелага халопа, выкупіць яго за дзесяць талераў. Лёднік холадна сказаў, што яго самога ў свой час прадалі за шэлег, але Хвэльку за названую цану выкупіў, выхадзіў, і стаў для выратаванага боствам зямным, пагрозным, усемагутным і літасцівым. З адзінай заганай – забараняе беднаму слузе нават у піва вусны мачаць…

Багаты пацыент некалькі разоў пасылаў лёкая… Плішчыліся ў кабінет праштрафленыя студыёзусы… Прыходзілі ад прафесара Францішка Папроцкага, які ўжо колькі гадоў выпускаў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі», для якіх Лёднік пісаў артыкулы па медыцыне. Але ўсе атрымлівалі з-за зачыненых дзвярэй даволі рэзкія прапановы з’явіцца ў другі дзень, і, напалоханыя падазроным лязгатам у кабінеце, лічылі за лепшае сысці.

Тым больш было чым заняць сябе: слаўнае места Вільня пачынала шматдзённае гараванне па памерлым вялікім гетмане Міхале Казіміры Рыбаньку, цела якога павінны былі перавозіць у Нясвіж. Хаўтуры ды іншыя жалобныя цырымоніі па асобе такога рангу займалі люд паспаліты не менш, чым вайсковыя дзеянні… Ды і пабоішчы маглі надарыцца. У Вільню мусіў прыехаць сын і спадчыннік Міхала Казіміра, Караль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку. Належала вырашыць лёс вызваленай пасля смерці Міхала Казіміра пасады ваяводы віленскага… І Караль цвёрда разлічваў яе ўспадчынніць. А гэтага далёка не ўсе жадалі, бо многія ўважалі князя за вар’ята, і распавядалі, як нават бацька-нябожчык нярэдка загадваў падымаць масты перад сваім замкам, каб не пусціць п’янога ў мякіну сыночка з ягонай «албанскай бандай», прапануючы працверазець дзецюкам за ночку на марозе. Аднойчы загадаў з гарматы ў паветра пульнуць, каб адагнаць шаленцаў. Які з такога разбэшчанага ўладар? На суседзяў наезды робіць, у канторах вокны выбівае… А на пасаду віленскага ваяводы ўжо прэтэндуе самавіты пан Міхал Багінскі, прадстаўнік Фаміліі – магутнага аб’яднання магнатаў на чале з Чартарыйскімі. І калі збярэцца сойм… Ужо зараз пад вокнамі гудуць-шумяць хвалі пыхі людской, а бура ўся наперадзе… І хто ведае, дзе паўстане непарушная скала, аб якую тое мора разаб’ецца, альбо дзе будуецца выратавальны каўчэг – ці не тут, у кабінеце прафесара Віленскай акадэміі, з фарбаваных чырвоным лакам дошчак, на адной з якіх напісана імя «Пандора»?

Раптам рука лялькі варухнулася – гэта было нават страшна. І пачала вадзіць алоўкам, туды-сюды. Усе астатнія часткі лялькі заставаліся змярцвелымі. На аркушы паперы ўтварыліся роўныя паўкруглыя пісягі.

– Здорава! – узрадваўся Пранціш. Але Лёднік выглядаў незадаволеным.

– Гэтага вельмі мала. Нібыта нехта спецыяльна паставіў на механізм абмежавальнік «для дурняў». Каб улучылі і супакоіліся. А я не люблю, калі мяне лічаць за дурня. Трэба задзейнічаць гэтую паненку напоўніцу.

І Лёднік з новымі сіламі ўзяўся за рамонт, як мароз нанач.

– Бутрым! Цябе што, на алхімічнае золата перагналі? Ты чаму Хвэльку прагнаў?

У пакой імкліва зайшла жанчына з гнуткай і гордай паставай, яе валасы былі забраныя пад сціплы каптур, але вялізныя сінія вочы паглядалі так, што праўдзівы мужчына зараз жа марыў забіць пад позіркам гэтых вачэй цмока альбо здзейсніць хоць які невялічкі подзьвіг, абы паглядзела ласкавей, абы ўсміхнуліся гэтыя дасканала акрэсленыя вусны…

– Прабач, Саламея, але ў мяне цікавая навуковая загадка… – прамармытаў Лёднік, які стаяў на каленях перад васковай паннай, сунуўшы ў яе спіну руку, і нават не зірнуў на жывую прыгажуню. Але пані Лёднік не пакрыўдзілася. Яна як зачараваная глядзела на Пандору.

– Ого, якая ў цябе навіна! Працуе?

– Не… – прабурчэў Лёднік. – Малюе пісягі, але я ўпэўнены, гэта толькі адчэпнае. Напачатку былі адлучаныя некалькі дэталяў, і падобна, што гэта нехта зрабіў назнарок. А якойсьці важнай дэталі проста не хапае. Мне трэба зразумець, як яна павінна выглядаць.

Госця зараз жа прысела каля мужа, углядаючыся ў механізм.

– Я не дужа разбіраюся ў машынерыі… Але, можа, вось гэтае колца павінна было з’ядноўвацца вунь з тым?

– А я думаю, не, – няўважна адказаў Бутрым, і панеслася… Дыскутаваць сямейная пара Лёднікаў умела дасканала, з выкарыстаннем дзесяці моваў і капы навуковых слоўцаў, ад якіх у нармальнага шкаляра зводзіць сківіцы, як ад чаромхі. Хутка далікатныя белыя ручкі пані былі гэтаксама вымазаныя адмысловым алеем і абдрапаныя вострымі зубчыкамі колцаў, як і ў Пранціша і прафесара, і ўсе прысутныя, акрамя шэравокай Пандоры, паспелі тры разы пасварыцца наконт прызначэння тае ці іншае дэталі… І Вырвіч у чарговы раз падумаў, як жа пашанцавала Лёдніку з жонкай…

Лёднік накрэсліў гіпатэтычны абрыс дэталі, якой не хапала, пасля яны з Пранцішам спрабавалі нешта падобнае зрабіць з дроту і мосенжу… Прымацаваць на патрэбнае месца…

Толькі звон, які абвесціў, што час гасіць агні, змусіў перарваць працу. Зараз жа зашчоўкаў металічны салавейка, васковая рука Пандоры здрыганулася, і заціснуты ў ёй аловак правёў па аркушы яшчэ некалькі пісягоў, потым лінія трохі збочыла… Але далей справа не пайшла.

– Ну, амаль дарабілі! – задаволена прамовіў Лёднік, размазваючы па шчацэ тлустую чорную пляму. – Трэба толькі замяніць спружынку… Заўтра і зробім, і паненка нам нешта напіша…

– Бутрым, – нечакана сур’ёзна загаварыла Саламея, паглядаючы ў мёртвыя вочы Пандоры. – Мне чамусьці неспакойна… Не падабаецца мне гэтая лялька. З чаго б такі дзіўны падарунак ад гетмана? Ці не хаваецца тут нейкая інтрыга, і мы ізноў ублытаемся па самыя вушы ў крывавыя прыгоды?

– Перастань, Залфейка, – паблажліва прамовіў стамлёны Лёднік. – Гэта ўсяго толькі цікавы дарагі аўтамат для забавы багацеяў. Упэўнены – каб не хвароба, князь проста запрасіў бы мяне дапамагчы запусціць гэтую штуку, падзівіліся б усе, дый годзе. У пана Караля Радзівіла вунь залаты паўлін маецца, які ходзіць ды хвост распускае. Якія тут могуць быць таямніцы, акрым механічных?

– Магчыма, і так… – ціха прамовіла Саламея. – Але ты сам распавядаў мне гісторыю пражскага Галема. І я адчуваю, што найлепей было б табе ўзяць якую сякеру, пасячы гэтую ляльку на друз ды патапіць у Вяллі…

– Нервы ў цябе расхадзіліся, Залфейка! Запару табе нанач ільвінай травы… – Лёднік прыхінуў да сябе жонку, пацалаваў яе ў лоб.

– Усё, рушылі… А ты, кот марцовы, – сурова зірнуў на Пранціша, – пойдзеш з намі. І адгэтуль пераселішся ў наш дом. Цяпер штодзень, як сцямнее – каб быў у пакоі! Ясна?

– Ясна… – прабуркатаў Вырвіч. Пані Саламея нахмурылася.

– А што здарылася? Чаму ты так сурова з хлопчыкам? Пан Вырвіч нешта ўтварыў?

– Пасля раскажу… – незадаволена адказаў прафесар, зашпільваючы камзол.

А пад вакном раўлі п’яныя галасы, нібыта грэшныя нашчадкі Адама прасіліся да дабравернага Ноя ў каўчэг, які ўздымаецца на хвалях сусветнага патопу ўсё вышэй і вышэй:

– Памёр ягоная мосць князь Радзівіл! Аплачам вялікага гетмана! Гуляйма, пане-браце, у памяць шчодрага князя нашага!

У апусцелым кабінеце глядзела ў цемру шэрымі мёртвымі вачыма васковая лялька ў белым парыку, упрыгожаным перлінамі, і ніхто не бачыў, акрамя металічнага салавейкі, што яе рука з заціснутым у пальцах алоўкам здрыганулася…

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
МАЛЮНАК ПАНДОРЫ

Калі старажытныя грэкі хацелі ўшанаваць памяць памерлага, ставілі над ягонай магілай не звычайны помнік, а так званы курас. Аголеную гліняную фігуру гэткага ідэальнага, абагуленага нябожчыка. З належнымі прапорцыямі, са слепавокім усмешлівым тварам, доўгімі кудзерамі, шырокімі плячыма… І правільна, смерць усіх раўняе, навошта нашчадкам памятаць, што былі нябожчыкі на момант адыходу з гэтага свету лысыя, кульгавыя, гарбатыя, з адвіслымі жыватамі, а сузіраючы гадамі надмагільны курас, нават той, хто калісьці ўкладваў у непрыгожа разяўлены бяззубы рот з ссінелымі вуснамі мядзяны абол – плату Харону, пачынаў верыць, што нябожчык быў менавіта вось такі – упэўнены ў сабе, усмешлівы прыгажун ды асілак…

Дзеля вялікага гетмана і віленскага ваяводы не трэба было ляпіць глінянага ёлупа, каб усе і кожны ўявілі яго сармацкім рыцарам без адзінае заганы. Бо ўслаўленні вартасцяў памерлага набывалі ўсё большую моц, шляхта адзін перад адным спаборнічала ў вынаходніцтве велягурыстых азначэнняў, чаму, ясная справа, спрыяла рака медавухі, якая шчодра лілася за хаўтурнымі сталамі. Сын нябожчыка, ягоная мосць Караль Радзівіл, нават мыкаць ужо не мог, так зацята гора сваё тапіў… Казалі, што нават падпісаў, не чытаючы, падсунутую яму ўвішным сябруком Богушам дарчую на маёнтак Дубінкі, ну і немавем што яшчэ з дабрасардэчным князем, у жаль абрынутым, хціўцы ўсялякія вытваралі…

Праўда, каб і паставілі ў гэтыя дні па антычным звычаі пасярод Вільні па князі Міхале Казіміры Радзівіле гліняны стод, адразу ж на друз яго растаўклі б неасцярожныя ў горы сваім прыхільнікі…

Так што нікога не здзівіла жывапісная група, якая сярод буйназорай вераснёўскай ночы мерала ўсе куты па Вастрабрамскай вуліцы: двое шляхцюкоў, у расхінутых кунтушах і жупанах, са збітымі набакір шапкамі, і куртаты, але таўсманны слуга, які спрабаваў надаць сваім панам больш-менш просты накірунак руху. Праўда, шляхціцы не раўлі і не спявалі. Старэйшы ды вышэйшы толькі лаяўся скрозь зубы, але неяк дзіўна, на нетутэйшых мовах, адразу некалькіх, ды час ад часу скрушна паўтараў па-беларуску:

– Тры лекцыі! Тры лекцыі назаўтра!

Той, што маладзейшы, якога вадзіла ў лукаткі не менш, суцяшаў спадарожніка неслухмяным языком, нібыта ў роце пагаспадарылі пчолы:

– Плюнь ты, Бутрым, на тыя лекцыі! Ты цяпер шляхціц, а не трубка клісцірная!

Старэйшы рэзка спыніўся, ледзь не паваліўшы ўсю кампанію, і грозна зарычэў нізкім голасам:

– Я – сын гарбара! Не збіраюся забываць пра сваё паходжанне! Мой герб – мае веды! Я – доктар! Я вучу і лячу, і ў тым прызначэнне маё! Апостал Пётр рыбаком быў, і гэтага не саромеўся! А Госпад наш – сын цеслі!

Недзе побач завыў сабака, ягонае жаласнае выццё ахвотна падхапілі хвастатыя адзінапляменнікі ва ўсіх дварах ажно да базыльянскіх муроў.

– Ціха ты, шаленец кручаны! Хочаш, каб за блюзнерства ды абразу рыцарства ў вязьніцу заканапацілі? – злосна тузануў спадарожніка малады шляхціц, чый русявы чуб прыліп да потнага ілба. – Магу зноў цябе ў слугі ўзяць, калі панам быць не хочаш! І ўвогуле… зараз пашлю Хвэльку за пані Саламеяй!

Хвэлька, амаль цвярозы і змэнчаны, другое вынікала з першага, страпянуўся, ягоны круглы кірпаносы твар прасвятлеў надзеяй, як поўня, з якой спаўзла сумная хмарка…

– І праўда, пан Пранціш, давайце я збегаю, паклічу пані, тут ужо недалёка, а вы ягоную мосць пана доктара папільнуеце! Во як яго разабрала – ніколі такім не бачыў… З непрывычкі, відаць. Бо ён жа звычайна і не п’е зусім, адны свае адвары… А гэта шкодна! – голас Хвэлькі зрабіўся павучальным, хаця ягоныя маленькія празрыста-шэрыя вочы ўвесьчасна скошваліся палахліва ў бок гаспадара, які бездапаможна звесіў галаву, так што шапка ледзь не звальвалася. Гэткі непрывычны выгляд доктара надаў слузе адвагі.

– Нельга мужчыне зусім без віна ды гарэліцы… Гарэліца рабакоў забівае, і сала без гарэлкі ў жываце перасядае… – працягваў бубнець Хвэлька. – Вось ранейшы мой гаспадар, пан Адам Малахоўскі, уладуй, Божа, ягоную душаньку ў нябёснае карчомцы, адным духам мог кварту медавухі выпіць – і нічога! Нават яснавяльможага пана нашага караля, Аўгуста Саса, аднойчы перапіў, з двух кубкаў, імя якім было Іван ды Іваніха… – Хвэлька настальгічна ўздыхнуў. – Ах, пане Пранціш, а як жа пышна хавалі гасцей на могілках ля панскае сядзібы! І кожны дзень служылі ў касцёле імшу за памерлых ад панскага пачастунку! Ды за такое пахаванне можна паўжыцця аддаць. А ў вас што… Гі-гі-ена адна, цьху! Пасля добрага шляхецкага застолля госці не павінны на сваіх нагах дамоў ісці! Ганьба гэта! А самае нядобрае – не даваць сумленаму слузе свайму выпіць у гасцях ані глыточка добрага вінца…

– Язык ампутую! – раптам раўнуў Лёднік, падняўшы галаву, і слуга спалохана віскнуў:

– Дык, можа, я за пані Саламеяй?..

Імя Саламеі падзейнічала на доктара, як гарнец расолу. Ён зноў вылаяўся па-замежнаму, на гэты раз на старагрэцкай, злосна зірнуў цёмнымі пакутнымі вачыма на Хвэльку і моўчкі пабрыў далей… Пранціш, узбадзёраны тым, што нарэшце выявіўся ў нечым больш спрактыкаваным, чым Лёднік – праўда, доктара на гетманаўскіх хаўтурах спойвала куды болей шаноўных гасцей, чым пана Вырвіча – памкнуўся падтрымаць прафесара. Але гэткі высакародны намер, на жаль, не меў вынікаў, бо Пранціша пахіснула так, што ён на хвілю пераблытаў, дзе брукаванка, дзе плот, дзе зорнае неба, і толькі нечакана цвёрдая рука былога слугі ўтрымала яго ад абдымкаў з мокрымі камянямі. Лёднік, нават у такім стане, працягваў бараніць колішняга гаспадара. У выніку абодва ўкленчылі на віленскіх каціных ілбах перад шкяным богам, прызнаючы ягоную перамогу.

– Тры лекцыі! У мяне заўтра тры лекцыі! І кан… кан… суль…тацыя п-пячонкі!

– Да кульгавай свінні твае лекцыі, Бутрым! І пячонка таксама…

Дзесьці далёка пачуліся стрэлы і п’яныя выкрыкі.

– Вечная памяць слаўнаму гетману!

Мудрая пані Саламея не сказала ні слова. Перадаверыўшы Пранціша клопатам не дужа задаволенага такім гонарам Хвэлькі, павалакла мужа ў спачывальню. Адвараў дзеля такога выпадку было ўжо наварана два збаны.

Раніца была цяжкой. Прыблізна як гарматнае ядро. Прынамсі, калі б над вухам Пранціша стрэліла гармата, гуду ў вушах не магло быць болей.

– На, пі…

Нечая рука паднесла да вуснаў студыёзуса жалезны кубак з гарачым вохкім адварам. Пранціш нават вочы як след не разляпіў… Адвар патрапіў у горла, сухое, як пустыня, дзе сорак гадоў блукаў Майсей са сваім народам, і ажывіў гэтую бясплодную пустку… Вочы нарэшце расплюшчыліся… Ну так, перад студыёзусам узвышаўся прафесар Лёднік, суровы, як скала, з якой толькі Майсей і мог выбіць жазлом ваду… Нягледзячы на вогненных конікаў, што скакалі ў вачох, Пранціш хіхікнуў: сітуацыя да болю нагадвала раніцу трохгадовай даўніны, калі Вырвіч зухавата напіўся такайскага віна ў прыдарожнай карчме пад гучным назовам «Рым», і толькі што набыты слуга – гэта самы доктар – падаваў яму падобны адвар з такім самым кіслым выразам твару…

– Лекцыі адмянілі…—прабурчэў Лёднік, якому, па логіцы, павінна было быць зараз, як снапу на таку пасля добрай апрацоўкі цапамі, і аніяк не да лекцый. – Жалоба па ўсім горадзе.

Пранціш з уздыхам палёгкі паваліўся назад на падушку і зараз жа застагнаў ад галаўнога болю. Памяць вярталася ўрыўкамі, адкручваючыся назад, як ланцуг на калодзежным вораце. Вось яны вяртаюцца дадому, абабіваючы куты ды абціраючы брукаванку, вось у палацы Радзівілаў уздымаецца кубак за кубкам у памяць памерлага вялікага гетмана, нехта гарлае: «Падліце яшчэ шаноўнаму пану Лёдніку!». Вось на чырвоным твары спадчынніка, Караля Станіслава, ашклянела блішчаць вочы, і малады князь у сваім улюбёным белым жупане, успадчыненным ад продкаў і заплямленым намаганнямі тых продкаў ды самога Караля ва ўсе колеры, у чарговы раз валіцца пад стол, яго падхопліваюць шматлікія рукі прыліпалаў, адзін з іх крадма сцягвае з пальца сюзерэна сыкгнет… Вось Пранціш з Лёднікам пад’язджаюць да палацу… Выходзяць з універсітэту… Вось замыкаецца пакой, у якім застаецца лялька з шэрымі вачыма…

– Пандора! – Пранціш забыўся на галаўны боль і ўскінуўся на ложку. – Бутрым, пайшлі ляльку дапраўляць!

Лёднік пацёр лоб, які, відаць, усё ж трашчэў неміласэрна.

– Ad res portandas asini vicitantur ad aulam. (Аслоў клічуць на двор для перавозкі цяжару) Паснедаем, ачомаемся, прыму пісара з хворай пячонкай, тады можна будзе і аўтаматам заняцца.

Пранціш устаў на нядужыя пасля ўчорашняга ногі, нецярпліва ўздыхнуў. Зануда ўсё-ткі гэты доктар.

– Снедаць паны будуць, ці абмяжуюцца расолам? – з лёгкай насмешкай прагучэў голас гаспадыні, якая нячутна зайшла ў пакой, і Пранціш усміхнуўся: калі глядзіш на пані Саламею, якая ветла ўсміхаецца, аўтаматам бяздушным трэба быць, каб не адказаць тым жа. У пані ямінка ўтваралася чамусьці толькі на левай шчацэ… І гаспадар дому, калі не было старонніх, гэтую ямінку зараз жа імкнуўся пацалаваць. Сёння, падобна, яму было не да таго. Дзіва яшчэ, што фанабэрыцца, як звычайна. Лекцыяў непрачытаных шкадуе. Ды страшна ўявіць, як бы ён сёння на тых лекцыях студэнтаў цвічыў!

Пані Саламея апранутая была ў сціплую брунатную сукенку, бліскучыя чорныя валасы схаваныя пад белы каптур, танклявая рука сціскала ружанец. Пранціш ведаў, што больш за ўсё на свеце пані марыць падарыць мужу дзіця, але Бог не дае… І пані бясконца моліцца аб такой літасці. Вось і сёння, відаць, паспела ўжо злётаць у Свята-Духаву царкву.

Дзесьці на ратушы гадзіннік прабіў полудзень. Нічога сабе заспаўся студыёзус! У прафесарскім доме зараз жа азваўся напольны гадзіннік з чорнага дрэва, які стаяў у сталоўні – прыстойны строгі гадзіннік без усялякіх упрыгажэнняў ды забавак, без штучных салавейкаў, нетутэйшых краявідаў у эмаляваным вакенцы, танцуючых фігурак. Гэты гадзіннік, як і гаспадар, быў строгі і ўпарты: дванаццаць гадзінаў полудня – і ўсё, маеце навуковы факт.

Але, як і гаспадар, ён хаваў у сабе шмат таямніцаў – бо час таямніца найвялікшая, ідэя, субстанцыя, пустэча, інтэнцыя, уяўная велічыня, лік руху і рух вечнасці, тое Нешта, якое нельга ўсвядоміць, але страшэнна хочацца закілзаць. Прынамсі, Пранцішу вельмі хацелася трошкі абагнаць яго ды зазірнуць у тую светлую будучыню, дзе ён, з гетманскай булавою ў адной руцэ, другой рукой абдымае чароўную паненку Паланэю Багінскую ў сляпуча-белай сукенцы, расшытай сапраўднымі дыяментамі! І глядзіць Паланея на яго так, як… як пані Саламея на дзюбаносага пахмурага Лёдніка, калі той не бачыць.

Пранцысь не перастаў уяўляць свае будучыя подзвігі, нават калі за стол усеўся, ад салодкіх карцінаў ледзь лыжку ў крупнік не ўпусціў, чаму і злавіў строгі позірк Лёдніка з другога канца стала. Эх, дзе тыя часы, калі слаўны шляхціц Вырвіч мог свайго бяспраўнага слугу Лёдніка, што аддаў сябе ў пажыццёвае рабства за даўгі, адным поглядам змусіць маўчаць, меў права яго на калені паставіць і нават галаву бязродную за абразу адсячы… Не тое каб Пранціш жадаў для свайго настаўніка рабскае долі, але захаваць трохі ўлады над гэтым Фаўстам не пашкодзіла б.

Вырвіч тужліва ўтаропіўся на карціну ў цяжкой пазалачонай рамцы, якая ўпрыгожвала сталоўню: на ёй шаноўны філосаф Арыстоцель, худы старэча з доўгімі сівымі кудзерамі і барадой, паважна прыклаўшы руку да ілба, займаўся мудраваннем на фоне мармуровых калонаў, абвітых вінаградам і ўюнкамі. Карціну Лёдніку падарыў адзін з пацыентаў, малявальшчык, выпісаны з Італіі дзеля роспісаў у касцёле. Доктар спрытна ўправіў худзенькаму, калматаму, як чорны баранчык, італійцу на месца локцевы сустаў, пашкоджаны падчас падзення з рыштаванняў, заадно падлячыў ягоныя хворыя лёгкія. І вось вам – Арыстоцель… Калі прыгледзецца, дык старажытны грэк меў пэўнае падабенства з прафесарам. Прынамсі, у старасці апошні мог бы выглядаць неяк так… Пранціш ледзь стрымаў смех, уявіўшы Лёдніка з даўжэзнай сівой барадой, у сандалях і белым прасцірадле…

– Рубцы з анісам, як ты любіш, – прамовіла гаспадыня да прафесара, асцярожна ставячы на стол цяжкую місу. Пах быў такі спакусны, што Пранціш, які, сядаючы за стол, быў упэўнены, што пару лыжак крупніка – гэта ўсё, што можа гэтым ранкам прыняць ягоны няшчасны страўнік, мімаволі аблізнуўся.

Але не лёс быў студыёзузу атрымаць насалоду ад смакоцця, падрыхтаванага Саламеяй Лёднік. На вуліцы адчайна забрахаў руды Піфагор, у браму настойліва пастукалі, пачуўся тонкі спалоханы голас Хвелькі…

Госць у дом – Бог у дом, як сцвярджаюць захавальнікі сармацкіх звычаяў… Але ўсе захавальнікі часам памыляюцца. На гэты раз гасцей было двое, але дужа небяспечныя. Абодва апранутыя ў мундзір банды альбанцаў – асаблівага войска, якое Пане Каханку яшчэ юнаком стварыў у сваім маёнтку ля Нясвіжа, урачыста называным Альба. У банду адбіраліся самыя адчайныя, дужыя, і да канца адданыя свайму пану. Канцлерам у іх быў у свой час нядобрай памяці Міхал Валадковіч, расстраляны два гады таму ў Менскай ратушы за асаблівыя буянствы – па ягонае смерці князь гараваў нечувана, казалі, ён нават прывід Валадковіча штоноч бачыць.

На абодвух плячыстых вусатых гасцях былі жупаны з блакітнага атласу, саетавыя кунтушы саламянага колеру, срэбныя паясы, жоўтыя саф’янавыя боты, чырвоныя шаравары ды блакітныя шапкі з аколышам з крымскай мярлушкі. Гузікі блішчэлі дыяментавымі літарамі – ініцыяламі Караля Радзівіла.

– Перапрашаем ягамосця пана гаспадара за раптоўнасць нашага візіту, але няхай ягоная мосць пан Лёднік літасціва даруе забітым горам рыцарам, што страцілі свайго яснавяльможнага правадыра…

Альбанчык з чорнымі акуратнымі вусікамі і пранізлівымі вузкімі зялёнымі вачыма, які прадставіўся як пан Дамінік Богуш, найбліжэйшы сябра шаноўнага пана Караля Радзівіла, гаварыў велягурыстыя жаласныя словы па ўсіх правілах этыкету. Пранціш са здзіўленнем адзначыў, што абодва шляхцюкі былі амаль цвярозымі, іх твары не спухлі ад рыданняў ды перапою. А пільны позірк чарнавусага дык і зусім не падабаўся. Пранціш паціху-паціху пасунуўся да сцяны, дзе ў спецыяльных падстаўках драмалі шаблі, шпагі ды палашы. Лёднік не збіраўся закідваць высакароднае майстэрства фехтавання, і ў доме, хоць і невялікім, акрым кабінета ды лабараторыі, быў вылучаны адмысловы пакой дзеля муштры, і калекцыя зброі папаўнялася рэгулярна.

Між тым пан Богуш адгаварыў, як у скрыпку граў, належную і нават з каптуром порцыю выбачэнняў-зычэнняў і перайшоў да справы. Паводле ягоных словаў, ягамосць Пане Каханку дзеля найлепшага захавання памяці бацькі гатовы за любую суму выкупіць тую васковую ляльку, якую Міхал Казімір Радзівіл на смяротным ложы завяшчаў доктару Лёдніку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю