355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Авантуры студыёзуса Вырвіча » Текст книги (страница 5)
Авантуры студыёзуса Вырвіча
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 13:33

Текст книги "Авантуры студыёзуса Вырвіча"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Вядома, паненка, што сядзела перад Пранцішам на адмысловай лаўцы, абцягнутай саф’янам, была ўпакаванай, як залатая цыбуліна, але ж пад усімі гэтымі абалонкамі з пудры, карункаў ды аксаміту ў яе знаходзілася тое ж самае, што і ў Агнешкі Пузыні з вуліцы Шкельнай. Вырвіч спрытна падскочыў, пацалаваў паненцы ручку – у яе блакітных вачох аж з’явіўся цень разгубленасці ад такой смеласці, стаў блізка, куртуазна схіліўшыся:

– Ваша мосць не павінна сумнявацца, што маё сэрца даўно ёй належыць, і на любое пытанне з гэтых чароўных вуснаў я пастараюся зараз жа знайсці адказ…

Справа была не ў словах, а ў тым, што Пранціш гаварыў, як вуркатаў, з тым дамешкам загадкавасці ды пяшчоты, які прымушаў віленскіх мяшчаначак чырванець і аддаваць русяваму студыёзусу свае сэрцы. Паланэя адвяла вочы – Вырвіч разумеў, што ёй не падабаецца гэткае вольнае абыходжанне, але нічога, пацерпіць – сама запрасіла, сама напусціла на сябе важнасці.

– Я хачу папытацца пана пра адну рэч… Пра падарунак ягонае мосці князя Міхала Казіміра Рыбанькі доктару.

Пранціша як халоднай вадой абліло, і нібы званочак дзесьці ў галаве зазвінеў, папярэджваючы аб небяспецы.

– Пра які менавіта падарунак хоча запытаць ясная панна? – не мяняючы куртуазнага тону запытаўся студыёзус. – Ягоная мосць вялікі гетман быў літасцівы да нас і шчодра адорваў падарункамі.

Паланэя зноў адвяла вочы ўбок.

– Так, адна забаўка… Механічная лялька, якая ўмее маляваць. Разумееце, мой брат у сваім Слонімскім палацы збірае калекцыю такіх лялек – у яго ёсць мурын, які б’е ў барабан, леў, які рычыць, ходзіць, круціць вачыма… Штучных птушак цэлы тузін. І вельмі хацеў бы далучыць і тую ляльку-малявальшчыцу. Зразумела, пану Лёдніку будзе выплачаная шчодрая ўзнагарода…

Пранціш зноў паднёс да вуснаў ручку панны, карыстаючыся тым, што не магла ж яна яго адштурхнуць, пакуль не дамаглася звестак.

– А чаму найяснейшы пан Багінскі не даведаецца пра гэта ў самога пана Баўтрамея Лёдніка?

Блакітныя вочы ад слушнага пытання на хвілю сталі разгубленымі, потым у іх збліснуў гнеў, але паненка змагла зноў удаць ветлівы спакой:

– Пан брат зараз заняты, ён даручыў гэтую дробную справу вырашыць мне. А мне, можа быць, прыемней паразмаўляць з панам Вырвічам, чым з доктарам, ягоным былым слугою. Лёднік па-ранейшаму такі змрочны? Дзе ён трымае ляльку? Не развінціў яшчэ на шрубчыкі?

І тады Пранціш, гэтак жа навісаючы над паненкай і цалуючы то адну яе ручку, то другую, з задавальненнем паведаміў, што лялька была – ды сплыла. Скралі ляльку невядомыя злодзеі.

Багінская ад узрушэння аж ускочыла, вырваўшы сваю ручку з рук Пранцыся даволі груба.

– Як гэта скралі? Хто?

Вырвіч са здзіўленнем заважыў, што паненка заўважна падрасла… Амаль аднаго з ім росту стала. А на куафюру яе дык увогуле задраўшы голаў трэба глядзець. І зараз жа асадзіў сябе: цьху, дурань, якое там падрасла – гэта ж чаравікі на абцасах у шэсць вяршкоў, якія з Парыжу панапрывозілі ў Рэч Паспалітую да абурэння шанавальнікаў сармацкіх звычаяў.

Пачуўшы пра імглу няведання, у якой патанула лялька, Паланэя нервова захадзіла па пакоі, пацвердзіўшы падазрэнні Вырвіча пра абцасы: яны чутно пацоквалі, а паходка паненкі стала хісткай і няўклюднай.

– А малюнак хоць адзін яна паспела намаляваць?

Паланэя рэзка спынілася перад Вырвічам, і ейныя вочы ўжо не былі халоднымі, а проста палалі нецярпеннем і трывогай. Будучы філосаф запэўніў паненку, што лялька так і не ўключылася. Не паспелі яе пачыніць.

Расчараванне, якое не змагла схаваць Багінская, прымусіла трывожны званочак у галаве студыёзуса зазвінець яшчэ мацней. Але не паспеў Вырвіч пахваліць сябе за мудрасць, як твар магнаткі раптам перамяніўся. Ну як бы ў цёмны пакой унеслі яркую лямпу. На вуснах залунала ласкавая ўсмешка, вочы заўсміхаліся, аблашчылі студыёзуса:

– Ах, пан Вырвіч, што мы ўсё пра нейкія механізмы гаворым… Мы ж не бачыліся тры гады. Вы так узмужнелі за гэты час – сапраўдны рыцар… І, напэўна, шмат ведаў атрымалі… Давайце… не, пяройдзем, як калісьці, на ты – давай паўспамінаем нашае юнацтва… Ах, якія былі падзеі! Памятаеш карчму пад Ракавам? А кляштар?

Паненка пазваніла ў срэбны званочак, абвязаны ружовай стужкай у колер ейнай сукенкі, і загадала слугам, што прыбеглі на знак, неадкладна накрыць на стол і прынесці найлепшага віна. Паланэя Багінская жадае павячэраць са сваім даўнім добрым сябрам, панам Пранцішам Вырвічам!

– Ты якое віно болей любіш, такай альбо мадэру? – цяпер голас Паланэі гучэў таксама інтрыгоўна, Пранцішу нават неяк няёмка стала – так моцна пачулася фальш, але студыёзус зараз жа выкінуў перасцярогу з галавы. Вядома, не пашкодзіла б паглядзець у чароўнае люстэрка доктара Дзі, якое прадказавала будучыню… Але чаму б не ўключыцца ў гульню – яшчэ невядома, хто каго перайграе, у студэнта таксама жаба на языку не спячэцца. Нарэшце ягоная Чароўная Дама сышла з п’едэсталу, наблізілася да яго, Пранціша Вырвіча, ушчыльную, сама рукі працягвае… Недарэкам апошнім трэба быць, каб такі шанец не скарыстаць! І Вырвіч бадзёра ўзняў крышталёвы келіх, напоўнены да краёў чырвоным напоем.

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
ЯК ЛЁДНІК І ВЫРВІЧ АПЫНУЛІСЯ МІЖ КАВАДЛАМ, МОЛАТАМ І… ЯШЧЭ АДНЫМ МОЛАТАМ

Шкодныя маленечкія альраўны, пакінуўшы роднае карэнне мандрагоры, скакалі па галаве Пранціша Вырвіча, і ад іх пранізлівых галасоў проста ў вушах закладала. Між альраўнаў, звыродлівых, брунатных, маршчыністых, падобных да драбнюткіх карэньчыкаў, толькі што выкапаных з зямлі, мітусіліся бела-ружова-блакітныя парцалянавыя Селадон і Галатэя, што збеглі з парыка панны Паланэі Багінскай. Але заміж таго, каб разыгрываць любоўныя сцэны, гэтыя пастаральныя персанажы падскоквалі і крыўляліся гэтак жа, як альраўны, і неадменна былі той жа самай паскуднай пароды. Бо мандрагора вядома, дзе вырастае – пад шыбеніцай, з семені, якое выліваецца на зямлю з паміраючага цела шыбеніка.

Шкадлівыя стварэнні завішчэлі яшчэ гучней, проста ў вуха Пранціша… І той расплюшчыў вочы, у якіх ляталі залатыя пчолкі…

– Чаго пан крыцаю ляжыць у чужым доме? Ці ў пана свайго няма, ці хапіў з дзежкі, аж не бачыў сцежкі? Варту паклікаць, або пан сваімі ножкамі сыдзе?

Перад Вырвічам стаяла, упёршы рукі ў бакі, мажная кабета ў шэрым салопе, па выглядзе – ахмістрыня, бо ў руцэ трымала гронку ключоў. У доме чулася грукатанне, у пакоях нешта цягалі, гучэлі грубыя галасы… А вось нічога з таго, што прыкрашала пакой учора, не было. Ні абцягнутай залацістым саф’янам лавы, на якой сядзела панна Паланэя ў сваім неверагоднага аб’ёму раброне, ні разнога століка, на якім для студыёзуса Вырвіча выставілі крышталёвы графін з такайскім віном і шмат чаго смачнага, нават свежы вінаград, дастаўлены з цёплых краёў альбо вырашчаны ў магнацкіх аранжарэях. Вядома, не было ні самой панны Паланэі, ні ейных слугаў… Затое альраўны з галавы нікуды не падзеліся.

Не тое, каб Пранцішу ўпершыню было прадзіраць вочы пасля цалавання са шкляной свінкай, але адчуванні на гэты раз былі нейкія асабліва паскудныя: горла дзярэ, нібыта дзёгцем закусваў. Эх, дзе той Лёднік са сваім цудадзейным адварам…

Пры ўспаміне пра Лёдніка Пранціш адчайна застагнаў, чым выклікаў цэлы град насмешных заўваг ад гнюснай бабы, якая, ясная рэч, адрачэцца ад усялякіх ведаў пра панну Багінскую, і хто сюды ўвечары засяліўся, куды падзеўся, лісіца хвастом замяла, воўк языком залізаў…

Падманулі, як шчанюка скуркай ад мінулагодняга сала! Кеп, дурань, блазен – тры штукі разам, і імя ўсім Прантасій Вырвіч. Бо Вырвіч, стогнучы, успомніў, што вываліў падступнай прыгажуні між палкімі пацалункамі ўсё, пра што забараніў расказваць Лёднік. Пра Пандору, пра ейны малюнак, пра надпіс «Тут знойдзеш перамогу агню над жалезам», нават пра здагадкі Баўтрамея наконт доктара Дзі і ягоны вогненны меч…

Адзінае, што змякчае крыўду – абышліся са студыёзусам даволі ветла, пад галаву клапатліва паклалі шапку, а вунь і пакінулі кубак з вадою…

Але студыёзус, як ні смажыла, піць тае вады не стаў – хопіць, начаставалі… Timeo danaos et dona ferentes.

Пахістваючыся, ён павалокся з клятага дому, куды зараз заязджалі іншыя часовыя гаспадары, або вярталіся ўладальнікі… У галаве пульсаваў боль, нібыта альраўны ўзяліся ўбіваць у Пранцішаў мозг жалезны колік. З заімглёнай свядомасці ўсплывалі ўсё новыя і новыя падрабязнасці нядаўняй размовы з хітручай Паланэяй. Усё-ткі і яна пра тое-сёе кавалеру прагаварылася. Напрыклад, звесткі пра сувязь лялькі з доктарам Дзі яе не здзівілі.

Бож-жа, ён жа панне свае вершы чытаў! Тыя, што шчасліва спаліў у каміне, але на няшчасце запомніў… Галасіў, як Арфей перад галоднымі ваўкамі! Вось пасмяялася яе мосць Багінская над закаханым хлопчыкам-вершаплётчыкам…

Вырвіча перахапіў на вуліцы знерваваны Хвелька, ягоныя тлустыя шчокі аж трэсліся ад хвалявання – прафесар учыніў навальніцу з нагоды знікнення падапечнага, які нат заняткі прагуляў.

А пасля было яшчэ горш. Давялося расказваць Лёдніку пра тое, што адбылося. Вырвіч разумеў, што тут не да хітрыкаў – бо наступствы ягонай начной прыгоды ўдараць найперш па Бутрыму. Язык ледзь варочаўся, словы блыталіся, як водарасці ў віры.

Раптам Лёднік абхапіў Пранцішаву галаву, рассунуў пальцамі павекі, уважліва зазірнуў у блакітна-мутнае вока.

– Дурнап’ян! І парашок аднаго рэдкага грыбочка… Знаўца працаваў – бо трохі памыліся з канцэнтрацыяй, ахвяра памрэ… Высакародны спосаб развязваць язык, папулярны ў Венецыі. У роце гарчыць? Горла дзярэ?

Пранціш змрочна кіўнуў галавою. З аднаго боку, стала лягчэй: значыць, ганебная балбатлівасць выкліканая атрутай. Але ж і горка стала: не пашкадавала, не пасаромелася Чароўная Дама тае атруты падсыпаць! Ведала ж, што можа да Абрама на піва кавалера выправіць… Не кахае ніколечкі, ні на зернейка! Эх…

Лёднік пайшоў варыць супрацьяддзе, загадаўшы нічога не распавядаць пані Саламеі. Нават лаяцца не стаў. Зробленае не адменіш, цяпер заставалася чакаць, калі прыйдзе бяда, і з якога боку.

Бяда надарацца не спяшалася. Вільня смуткавала па сваім ваяводзе. Пане Каханку, у прыпадку гора (а хто й казаў, каб здабыць сабе галасоў шляхты), хадзіў у касцёл, дзе распранаўся да поясу і прыдворных сваіх змушаў, і выкупляў у імя памяці бацькі свае і ягоныя грахі шчырым бічаваннем. Прычым усе павінны былі сцябаць адно аднаго. Пане Каханку, вядома, сцябаў усіх найбольш, яго ж асабліва не насмельваліся. А ён яшчэ і за нябожчыка Міхала Валадковіча ўдары раздаваў – каб душаньцы сябрука лягчэй на тым свеце было, а то чуткі пайшлі, быццам прывід Валадковіча пазірае часцяком з вокнаў Менскай ратушы, дзе й знайшоў суд і смерць, і да патрона свайго па начах з’яўляецца гэтак жа рэгулярна, як лёкай за лікёрам. Падчас такіх святых працэдур удзельнікі, вядома, падмацаваўшы дух чырвоным вінцом, вішчэлі, ускрыквалі, падбадзёрвалі адно аднаго, хто й лаяўся… Шум, тлум… Curavimus Babiloniam! (тлум Бабілонскі). У храм лепей не совацца… Добрыя хрысціяне крадма сплёўвалі ад пагарды. Зрабіць з таемства пакаяння такі балаган!

Аб’явіўся пан Міхал Багінскі, які адарваўся ад парчовага падолу расейскай імператрыцы дзеля барацьбы за віленскае ваяводства… Спыніўся ён не ў доме, дзе ягоная малодшая сястра прымала наіўнага кавалера. Непадалёк ад ратушы палац някепскі заняў, балі не сціхалі, шляхце штодзень скормлівалі, напэўна, добрага вала, і віна спойвалі ладную бочку… Нават прывезлі з Полацку бочачку неверагодна каштоўнага баторына – мёду, які айцы езуіты паставілі настойвацца ў год, калі быў закладзены ў Полацку каралём Стафанам Баторыем езуіцкі калегіюм. Бочка мёду вісела ў сутарэннях кляштара, падвешаная на жалезных ланцугах, мёд, вядома, даліваўся – бо за столькі гадоў яго б выжлуктавалі дарэшты. Але займець хоць збанок баторына дзеля важнай цырымоніі – гонар быў нечуваны… Вось тым каштоўным напоем і скаралі сэрцы шляхты ў доме Багінскіх. Сам пан не вельмі на пітво налягаў, казалі, зачыняўся ў пакоях у роспачы ад няшчаснага кахання да імператрыцы і гадзінамі граў на флейце ды арфе з удасканаленай ім самім педаллю… Затое жонка ягоная, былая Чартарыйская, у адчай не ўпадала, не стамлялася інтрыгаваць, у партыю Фаміліі людзей зводзіць. Пра сясцёр Багінскіх у горадзе не гаварылі.

Восень патроху ператваралася з залатой у брунатную, шэрую, вільготную, прапахлую дымам і цвіллю. Дрэвы аддавалі зямлі свае апошнія лісты-манеты, нібыта спадзяваліся выкупіць яшчэ адзін цёплы дзень. Пранціш старанна наведваў лекцыі, нават не хаваўся ад дадатковых заняткаў у патаемнай лабараторыі. Вось-вось – і атрымае дыплом магістра філасофіі і вольных навук! Засвоіў трывіюм – граматыку, рыторыку і логіку, і квадрывіюм – музыку, арыфметыку, геаметрыю і астраномію, што складалі сем мастацтваў. Можна пасля брацца і за вывучэнне ніжэйшых нібыта, але больш цікавых на погляд Пранціша прыродазнаўчых навук, якія ў айцоў-езуітаў пакуль не дужа шанаваліся. Хімія, фізіка, анатомія… Усім гэтым ён і цяпер займаўся пад кіраўніцтвам Лёдніка, і той запэўніваў, што другі дыплом Вырвіч пры жаданні атрымае хутка, і ў якой-небудзь цікавай краіне… Як сам Лёднік. І прыводзіў у прыклад магістра Марціна Пачобут-Адляніцкага, што выявіў незвычайныя здольнасці да астраноміі і едзе ў Пражскі універсітэт.

Вось толькі ніякія дыпломы не наблізяць простага шляхціца да сястры магната… Вострае лязо немагчымага кахання, аднойчы неасцярожна дапушчанае да саменькага сэрца студыёзуса, ад такіх думак пачынала паварочвацца, дадаючы боль да болю, і Пранціш злаваўся сам на сябе за такую слабасць. Шляхціц сам павінен быць, як лязо – бясхібнае, трывалае, годнае!

І ў камін ляцеў чарговы сентыментальны вершык…

Не, лепей заміж яшчэ аднаго ўніверсітэту паваяваць!

Вырвіч пачынаў ужо верыць, што гісторыя з лялькай закончана…

Але аднойчы, вярнуўшыся пасля доўгіх і прыемных блуканняў пад вокнамі красунькі, на гэты раз з вуліцы, дзе жылі збройнікі, Вырвіч пабачыў, што дзверы ў дом Лёднікаў наросхрыст, перад брамай валяецца нечая шапка, быццам раздушаная котка, а Піфагор брэша-скавыча, як паранены. Вырвіч выхапіў шаблю і бегма кінуўся ў пакоі… У зале ўсё было перавернута, кнігі валяліся на падлозе, апошні нумар Лейпцыгскага навуковага часопіса з артыкулам прафесара Віленскай акадэміі Баўтрамея Лёдніка разадраны напалам і прыпячатаны бруднымі абцасамі. Падабенства з полем бойкі ўзмацнялі кінутыя на падлогу дзве шаблі, на шчасце, не акрываўленыя. Лёднік, збялелы і змрочны, туліў да сябе Саламею, якая адчайна ўсхліпвала, правая рука доктара сціскала шаблю. З-за шафы чулася спалоханае бубненне Хвелькі:

– Хіба гэта па-людску – сярод бела дня… Уламлівацца ў дом да сумленных прафесароў… Святыя ўгоднічкі, што ж гэта робіцца…

Лёднік перахапіў запытальны позірк Пранціша.

– Не прадставіліся госці. Незнаёмыя, і не самага высокага палёту, так, прыхлябальнікі панскія. Але не Багінскіх – таму што патрабавалі, каб ці малюнак ляльчын аддаў, ці ляльку пачыніў. А калі прысягнуў ім, што малюнкаў няма, а аўтамат пачыніць немагчыма, бо страчаная важная дэталь, хацелі мяне з сабою звалачы. Залфейцы пагражалі, ірады.

– Ну і? – не вытрымаў Вырвіч. Лёднік скупа ўсміхнуўся.

– Давялося ўспомніць тое-сёе з былых навыкаў. Не забіваў, толькі пагнаў.

Пранціш хмыкнуў, уявіўшы, як раз’юшаны Лёднік учыніў нападнікам маленькі Грунвальд.

– Можа, заявіць у гродскі суд? Ты ж суддзю лечыш, мо паспрыяе? – з надзеяй папытала Саламея. Лёднік пагладзіў яе па галаве і ўздыхнуў:

– Яны ж не самі па сабе прыходзілі, за імі – магнацкая сіла… Забылася, як Валадковіча спрабавалі асудзіць? З усяго княства давялося саюзнікаў збіраць, ды не нашага рангу… Стралою камень не праб’еш.

Пранціш падняў згубленыя злыднямі шаблі, разгледзеў:

– Гербаў няма. Звычайныя аўгустоўкі.

– Вой, што ягоная мосць пан Баўтрамей тут утварыў! – заныў Хвелька. – Ганяў яснавяльможных паноў, як прусакоў… Вой, прыйдуць нам цяпер помсціцца, пасякуць на кавалачкі… Ото ж пан мой былы, ягоная мосць Малахоўскі, калі ягоны вельмішаноўны сусед…

– Сціхні! – абсек слугу Лёднік. – Кожнаму час Богам вызначаны, не схаваешся, як мыш пад місай. Прыбірай лепей у хаце.

Пранціш злосна кінуў на падлогу варожыя шаблі.

– Вось што, Бутрым, давай я скажу сваім хлапцам – паселяцца тут са мной, будзем вартаваць, каб чаго не выйшла! У нас банда – уга! Вінцук Недалужны адзін чатырох раскідае…

– А можа, з’ехаць у Полацак? Ці ў Караблі? – падала голас Саламея. – У Полацку бацькаў дом жа яшчэ не прадалі… І ў Караблях тых, гетманам падораных, дамок маецца, дзе аканом жыве. Урэшце, табе ж прапаноўвалі месца ў Пражскім універсітэце…

– Каб я хаваўся за спінамі студэнтаў? Альбо ўцёк з Вільні, з акадэміі, кінуў кафедру, якую ледзь удаецца адстойваць? – Лёднік пагардліва пакрывіў вусны. – Не дачакаюцца. А вось вы, ваша мосць пан Вырвіч, заўтра ж перасяляйцеся назад у канвент. А цябе, Залфейка, я, бадай, і праўда адпраўлю ў Полацак… Наведаеш і Караблі – як там твае рэспубліканскія рэформы дзейнічаюць у нашых падданых у колькасці аж дванаццаці дымоў.

Што скажуць няўхвальнае і рэзкае на такія прапановы Саламея і Пранціш, можно было прадбачыць…

Наступны дзень Пранціш змарнаваў на тое, каб умацаваць прафесарскі дом на манер сапраўднага замка. Да таго ж, калі падняцца па драўляных сходах на гарышча, у каменнай сцяне меліся невялічкія амбразуры, якія звычайна заторкваліся драўлянымі цурбачкамі. З амбразураў адкрываўся выдатны далягляд на ўвесь двор. Студыёзус падрыхтаваў на гарышчы стрэльбы, порах і кулі, і пісталеты зарадзіў, і жалезны прэнт прывалок, вароты замыкаць дадаткова… Піфагор вельмі сур’ёзна выслухаў настаўленні студыёзуса наконт больш суровага абыходжання са злодзеямі і весела лізнуў маладога гаспадара ў нос.

– Трымалі б цябе, як іншыя паспалітыя людцы, на ланцугу, у голадзе, ды кіем выхоўвалі – болей карысці было б… – прабурчэў Пранціш.

Вечары рабіліся ўсё даўжэйшыя і цямнейшыя, свечак сплывала ўсё больш, да абурэння Хвелькі, і Лёднік усё даўжэй заседжваўся ў сваёй хатняй лабараторыі – але не для таго, каб разгадаць загадку васковай лялькі, а каб нарыхтаваць лекаў – і дзеля акадэмічнай аптэкі, і дзеля сваіх пацыентаў, і для Хвелькавай пячонкі… А яшчэ – ад сардэчнай хваробы ды ад алергіі… Пранціш ведаў, для каго доктар рыхтуе адмысловыя шкляніцы з мікстурамі: для пані Агалінскай і ейнага малодшага сына. Прафесар, як толькі мог часта, сустракаўся з малым, нават навучыў грамаце, дакладней, прымусіў накрэмзаць на паперцы ледзь чытэльнае «Аляксандр». І тую паперку таемна насіў пры сабе, у чым нізавошта не прызнаўся б, бо высмейваў жа сентыментальнасць у іншых…

І зноў няшчасце здарылася, калі трохі адпусціла трывога. Нейкі батлейшчык тузануў за вяровачкі, і лялькі падскочылі і замітусіліся ў адчайных скоках… Лёдніка і Пранціша перастрэлі па-нахабнаму, проста перад прафесарскім домам. На гэты раз шасцёра, у іх былі абыякавыя фізіяноміі наймітаў, якім не ўпершыню забіваць людзей незнаёмых, да якіх асабіста ў іх нічога ніякага. Але справа ёсць справа, і яны яе робяць добра.

Самотны ліхтар утвараў дасканалую сцэну для крывавай дзеі… Праўда, кроў чамусьці не пралілася, хаця шабля Лёдніка ізноў мільгала звар’яцелым ветраком, а нападнікі не былі баязліўцамі. Некалькі драпінаў – для шляхціца гэта як павуцінне наліпла.

Раптам усё скончылася: найміты гэтак жа абыякава адступілі, разышліся… Лёднік застыў з двума шаблямі – сваёй і чужой, падманліва спакойны, як чорная змяюка, імклівага кідка якой не ўсочыш, Пранціш – спіной да спіны прафесара – трымаў абодвума рукамі палаш і аж тросся ад жадання ўсіх пакрышыць…

Жывапіснасць сцэны была ацэненая: дэманстратыўна пляскаючы ў ладкі, да ахвяраў нападу падыходзіў прыемнай знешнасці малады пан у нямецкім строі. Дыяментавыя гузікі на модным шэрым камзоле і пярсцёнкі на пальцах ззялі нават у цьмяным святле ліхтара, а белыя шаўковыя панчохі былі белымі, што сведчыла, што пан не пёрся пешкі па мокрых віленскіх вулках, а прыехаў сюды ў карэце.

А наконт прыемнай знешнасці – дык ёсць такія твары, якія цяжка апісаць, яны нібыта прызначаныя, каб выклікаць давер. Такіх людзей першымі ўспамінаюць, калі прыкідваюць, каго запрасіць на асамблею альбо каму даручыць нешта далікатнае. Пільныя шэрыя вочы пад цяжкімі павекамі маглі імгненна рабіцца наіўна-захопленымі, высока прыўзнятыя бровы выказвалі то хітрасць, то фанабэрыю, то радаснае здзіўленне. Твар худы, лоб высокі, ужо з накмечанымі зморшчынамі, вузкія вусны з прыхаванай у куточках увесьчаснай усмешкай… Пан цырымонна пакланіўся:

– Шчыра прашу прабачэння за гэты маленькі спектакль, але ён быў неабходны па прычынах, аб якіх мы з вамі пагаворым, спадзяюся, у больш прыемнай і бяспечнай абстаноўцы. Дазвольце прадставіцца: генерал-фельдмаршал арміі яе вялікасці расейскай імператрыцы Кацярыны Другой князь Мікалай Васільевіч Рапнін.

Доктар і студыёзус апусцілі шаблі. Пляменнік усемагутнага расейскага канцлера Паніна Мікалай Рапнін быў асобай у Рэчы Паспалітай надзвычай вядомай і ўплывовай. Нягледзячы на параўнаўча малады ўзрост – каля трыццаці гадоў – спрактыкаваны дыпламат, палітык і вайскаводца, асабісты сябра Міхала Багінскага, Станіслава Панятоўскага і шмат яшчэ каго… І падступны хітры вораг – таксама шмат для каго.

Піфагору расейскі госць не спадабаўся.

Пад злосны брэх знерваванага сабакі ягоная мосць генерал-фельдмаршал Рапнін пацягваў з парцалянавай філіжанкі духмяную каву – самі Лёднікі модны напой не пілі, бо занудны доктар сцвярджаў, нібыта кава шкодная для сэрца, але для аматараў трымалі. Што гэта за шляхецкі дом, дзе няма ні кавы, ні тытуню? Табакерка, дарэчы, таксама прысутнічала: залатая, круглай формы, усыпаная смарагдамі, з вензелем новай расійскай імператрыцы: госць дэманстратыўна выклаў яе з кішэні. Такімі каштоўнымі забаўкамі Кацярына адорвала асабліва прыбліжаных… Рапнін акінуў вострым шэрым паглядам Саламею Лёднік, якая прынесла цукерніцу з марцыпанамі:

– Чуткі не манілі… Ах, як шкада, што вам не пятнаццаць гадоў, мая пані!

Саламея недаўменна ўскінула бровы, і госць патлумачыў:

– Тады я абавязкова зладзіў бы вашае выкраданне, навучыў свецкаму абыходжанню, і прадаў бы вас за шалёныя грошы якому-небудзь каралю, вы сталі б фаварыткай і дапамагалі мне ў маіх невялічкіх інтрыгах.

Пан Мікалай умудраўся гаварыць з такой вясёлай, дабрэннай лёгкасцю, што немагчыма абурацца ці крыўдаваць – хаця сказанае не было жартам. Саламея ўсміхнулася куточкам роту:

– Значыць, мне трэба падзякаваць Богу, што я дастаткова старая.

Па твары Лёдніка, такім годна-каменным, прабег незаўважна для старонніх небяспечны цень. Рапнін, хаця й аніяк не прыгажун са сваім выцягнутым худым тварам, быў удалым паляўнічым на амурным фронце, шмат балбаталі пра ягоны раман з пані Ізабэлай Чартарыйскай, у дзявоцтве Флемінг, так што прафесар з задавальненнем абыйшоўся б без ягоных кампліментаў на адрас жонкі.

– Можа быць, мы ўсё-ткі пяройдзем да справы, Ваша светласць?

Рапнін нязмушана адсёрбнуў кавы, адставіўшы мезенец з доўгім паліраваным пазногцем, і мройна ўтаропіўся на намаляванага Арыстоцеля, нібыта у пазалочанай рамцы красаваўся не змрочны стары філосаф, а паўаголеная Дыяна.

– Ах, гэтыя справы… І сур’ёзны падыход да іх… Самыя вялікія глупствы свету рабіліся з самымі сур’ёзнымі выразамі твараў, сябры мае. Іронія – вось што ратуе чалавецтва ад узаемнага вынішчэння, бо немагчыма забіць таго, хто цябе рассмяшыў. А вы такі сур’ёзны, пан прафесар… Я доўга збіраў пра вас звесткі.

– Навошта, ваша мосць? – ветліва папытаўся Лёднік, якому не ў навіну было падтрымліваць свецкую гаворку, што нагадвала шлях карабля між смяротна небяспечных рыфаў.

– Вы мне патрэбны, – весела патлумачыў Рапнін. – Вы праваслаўны, прычым не баіцеся вызнаваць сваю веру. Не звязаны, па сутнасці, васальнай клятвай ні з якім магнатам. Валодаеце дастатковымі ведамі і праніклівасцю, каб выконваць далікатныя даручэнні. Мне заставалася праверыць, ці можаце вы абараніць сябе – прабачце, але ў аповедах пра вашае фехтавальнае майстэрства можна было западозрыць вялікую долю казачнасці. Што ж, тое, што я ўбачыў, уражвае – вы на пару са сваім вучнем уяўляеце з сябе дастаткова пагрозную сілу… Пры тым, што яна не кідаецца ў вочы, што пры… далікатных даручэннях вялікая вартасць.

– З чаго вы ўзялі, што мы будзем на вас працаваць? – не вытрымаў Пранціш, якому адзін з наймітаў генерала парэзаў рукаў навюткай світкі.

– А куды вы падзенецеся? – абаяльна ўсміхнуўся пасол. – Самі падумайце – часы цярпімасці тут заканчваюцца, вас, пан Лёднік, не пакінуць у сценах акадэміі, якая кантралюецца езуітамі… Свята-Духаў кляштар, куды вы ходзіце, і шпіталь пры ім хутка зачыняць… Як і іншыя праваслаўныя храмы. А схізматыкаў пачнуць трактаваць, як здрайцаў, ворагаў…У краіне ёсць людзі, якія не хочуць падобнага дапускаць, і, думаю, сумленне прымусіць вас да іх далучыцца. У вас ёсць і асабістыя магутныя ворагі, да таго ж вы зноў аказаліся пасвечанымі ў дужа небяспечную таямніцу… Ну і акрамя іншага – я ведаю вашу маленькую слабасць, пан Лёднік… – Рапнін паставіў кубак на стол і пабарабаніў пальцамі па сталешніцы з чорнага дрэва, адбіваючы такт мазуркі. – Вы не можаце ўтрымацца перад магчымасцю займець новыя ўнікальныя веды. Тым болей, калі гэта будзе аплочана, і абгрунтавана высакароднай мэтай…

– І што вы хочаце мне даручыць, ваша міласць? – Лёднік па-ранейшаму быў дасканала спакойны, але ад ягонай усмешкі цягнула холадам, як ад ледзяной гары.

– Ну, скажам, праехацца ў ваколіцы Лондана – вы ж там бывалі, ці не так, маеце карысныя знаёмствы? І пашукаць там адну рэч. Вы ведаеце, пра што я кажу. Вы бачылі малюнак, выкананы адным прыгожым аўтаматам. На ім адлюстраваны складзены з каменных глыжоў будынак, з надпісам над уваходам «Victoria ferrum luce». І вы здагадаліся пра спадчыну таямнічага доктара Дзі.

Лёднік кінуў знішчальны позірк на балбатлівага не ў пару студыёзуса, той пачырванеў. Значыць, пан Міхал Багінскі быў не менш балбатлівы за студыёзуса і ўсе, што выведала для яго сястра, пераказаў расейскаму сябруку.

– Вы дзейнічаеце ў інтарэсах ягонае мосці князя Багінскага альбо ў інтарэсах яе вялікасці імператрыцы, ваша светласць? – з заўважнай з’едлівасцю удакладніў прафесар.

– Якая вам розніца, шаноўны доктар? – адказаў князь не менш з’едліва. – Вы, прабачце за параўнанне, трэска, якая трапіла ў моцную плынь, хоць, можа, і лічыце сябе магутным караблём.

Лёднік не звярнуў увагу на крыўдныя словы.

– У любым выпадку, павінен папярэдзіць, што многія дзівосы, звязаныя з імем доктара Дзі, не болей чым міф.

– Шалберства, мой дружа! Чыстай вады шалберства! – весела пагадзіўся Рапнін. – Усе гэтыя люстэркі, у якіх паказваецца будучыня, чароўныя крышталі, мова анёлаў – толькі сродак садраць грошы з даверлівых дурняў і зрабіць кар’еру пры двары. «Чароўная зброя», калі не знаходзіцца ў руках фокусніка, будзе зусім бескарыснай, падобна люстэрку, што захоўваецца ў графа Пітэрбора. Так, я трымаў у руках тое люстэрка – запэўніваю, што гэта просты кавалак вугля.

– Тады навошта вам здабываць артэфакты, ваша светласць, калі яны ўсяго толькі інструментарый фокусніка? – слушна папытаўся Пранціш, які з усяе сілы намагаўся пераймаць сухавата-насмешны свецкі тон суразмоўцаў.

Рапнін фыркнуў, як кот, які выпацкаў нос у смятане.

– Маюць сілу не рэчы, а вера ў гэтую сілу. Давайце я раскажу вам адну казку, мае сябры… – князь адкінуўся на спінку крэсла, хітра прыжмурыў вочы. Дзесьці на двары нарэшце сціх Піфагор, нібыта і ён захацеў паслухаць.

– Адзін вялікі вяльможа, улада якога была не меншай, а можа, і болей за каралеўскую, наведаў кракаўскі кляштар… – мяккім голасам пачаў князь. – Прынялі там вяльможу лепей, чым караля. Паказалі і ўсе рэліквіі кляштарнай скарбніцы. Сярод іх нават таемны экспанат, да якога не дапускалі нікога, бо лічылася, што з ім звязаная нейкая д’ябальшчына. Гэта былі рыцарскія латы – цяжкія, сталёвыя… І разрэзаныя дакладна напалам, як кавалак масла нажом – пачынаючы ад шышака шалому. Зрэз раўнюткі, і аплаўлены, як ад высокай тэмпературы. Вяльможа дужа зацікавіўся, дзе б здабыць такі меч, які здольны лёгка разразаць загартаваную сталь. І высветлілася, што гэта зроблена зусім і не мячом – у нашым звычайным разуменні… А дзвесце год таму прыехаў у Кракаў ангелец, вучоны доктар, вальнадумец і алхімік, які нейкі час хаваўся ў Польшчы ад непрыемнасцяў. Той ангелец быў выбітным вучоным, і нават даваў каралю Жыгімонту ўрокі матэматыкі… А яшчэ любіў уражваць публіку рознымі фокусамі, якія паказваў з дапамогай люстэрак. Прывідаў выклікаў, змушаў прадметы знікнуць… А аднойчы заявіў, што анёлы падказалі яму, як зрабіць вогненны меч. Доктар зладзіў з некалькіх люстэрак рознай формы і драўляных шчытоў адмысловую вялізную скрыню, змясціў туды рыцарскі рыштунак. Скіраваў сонечны прамень у спецыяльную адтуліну, і… раз! – са скрынкі дасталі разрэзаныя напалам латы. Публіка вохкае, доктар ганарыста абвяшчае, што калі яму дадуць магчымасць і грошы, ён зладзіць такую зброю, што варожае войска зрэжа, як касою… Але заміж захопленых воклічаў і кучы золата сустрэўся з абвінавачваннямі ў вядзьмарстве. Сабраў свае манаткі, люстэркі і з’ехаў назад у Ангельшчыну. На развітанне, аднак, паабяцаў, што надыдзе час, калі ягонае вынаходніцтва ацэняць, а дзеля гэтага ён схавае яго ў надзейным месцы і абавязкова перадасць ворагам польскага караля.

– Чаму вы думаеце, ваша светласць, што той доктар насамрэч не вынайшаў цудадзейнай зброі? – пацікавіўся Лёднік. – Калі быў эмпірычны доказ – рассечаная сталь…

– Вы лепей за мяне ведаеце, пан прафесар, як можна загадзя распалавініць латы, і як з дапамогай сістэмы люстраў падмяніць імі цэлыя, – прамовіў князь. – Бо акрамя гэтых латаў – чаму ні на чым не выпрабаваны вогненны меч? Чаму не ўпалі ўсе ніцма перад яго ўладальнікам? Але наш сучаснік, вяльможа, з якога пачалася казка, гэтымі пытаннямі не пераймаўся, а проста захацеў атрымаць чароўную зброю. Золата давядзе і да пакінутага Эдэму. Вось толькі ўваход туды не купіш. Вяльможу даклалі, што ёсць запавет стваральніка анёльскага мяча. Але доктар нічога не ўчыняў проста і па-людску. Ён зрабіў ляльку, якая ўмела маляваць. І перад смерцю наладзіў яе так, каб малявала месца, дзе спачывае ягонае вынаходніцтва. Ляльку замест дакумента завяшчаў шведскаму каралю. Але кароль ад д’ябальскага падарунка адмовіўся, і тады ляльку спалілі. Застаўся толькі механізм, які, як цудоўны экспанат, паказвалі ў шатландскім замку. Наш вяльможа не пашкадаваў грошай, механізм выкупіў і замовіў, каб яго аднавілі ў Швейцарыі. Вось толькі пабачыць плён свае працы не паспеў – памёр…

– Дык вялікі гетман жа паспеў атрымаць аўтамат! – удакладніў Пранціш.

Рапнін пастукаў пальцамі па сваёй табакерцы.

– А хто сказаў вам, вашамосць, што герой майго аповеду – вялікі гетман Міхал Казімір Рыбанька? Насамрэч я гаварыў пра ягонага брата, Гераніма Радзівіла.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю