355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Авантуры студыёзуса Вырвіча » Текст книги (страница 7)
Авантуры студыёзуса Вырвіча
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 13:33

Текст книги "Авантуры студыёзуса Вырвіча"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
ВЫРВІЧ І ЛЁДНІК НА ПРАКЛЯТЫМ МЛЫНЕ

Дзе дарогі, там яміны… Індусы, дарэчы, патлумачылі б, што Яма – імя бога падземнага царства, уладальніка чатырохгаловых сабак, якія блукаюць нябачнымі сярод людзей, выглядаючы іхнія грахі. У адной руцэ Ямы – дубінка, якой ясна як трэба карыстацца ў адносінах з грэшнікамі, а ў другой – пятля, з дапамогай каторай бог індускім сваім спосабам вымае душу з цела.

Тутэйшыя ямы таксама маглі вынуць душу з цела – лёгка. Аднойчы ў юнацтве пан Міхал Багінскі, толькі вярнуўшыся на радзіму з Францыі, кульнуўся разам з карэтай у такую калюжыну на ліцвінскай дарозе, што ледзь выцягнулі, і пасля гэтага ўзяўся парадкаваць гасцінцы ў сваіх уладаннях, так што злашчасная яміна нават вельмі паспрыяла паспалітаму люду. А вось бачыць яміну на дарозе ў сне – гэта значыць, наяве будзеш мець кепскае таварыства.

Хаця куды ўжо можа быць горшае таварыства, чым пан Гервасій Агалінскі, які, седзячы ў дарожнай карэце-дармезе без гербаў гэтак пагардліва і ненавісна пазіраў на Баўтрамея Лёдніка, што калі б погляды мелі моц звычайнай зброі, доктара праткнула б наскрозь, як чорнага жука шпількай. Карэта то адным колам, то другім правальвалася ў яміны, брудныя фантаны выплюхваліся з-пад капытоў коней, і пасажыраў, нягледзячы на навамодныя металёвыя рэсоры, матляла туды-сюды, як муку, якую прасейвалі праз рэшата. Але Лёднік сядзеў, уткнуўшыся ў пульхную кніжку ін-кварта на нямецкай мове, відаць, нейкую навуковую нудоту, і выказваў эмоцый не болей, чым восеньская лужына. Ну, праехалася праз яе кола – а яна засталася, і зноў люструе шэрае восеньскае неба. На Вырвіча пан Агалінскі зусім не паглядаў – можа, проста таму, што, мяркуючы па апухлым твары пана і пачырванелых вачох, сёння ў ягонай галаве таксама скакалі альраўны, і круціцца па баках было балюча. Вядома, выпраўляючыся ў далёкае і небяспечнае падарожжа, шляхціц павінен як след развітацца з сябрынай. І на раніцу пасля развітання лепей яго не чапаць.

Выправіліся ў дарогу зусім у кепскі час. Не сухім летам і не зімой, калі рэчкі ператвараюцца ў зручныя дарогі, а ўвосень, калі наперадзе самая слата. Вядома, у карэце ўтульна – тым болей, карэта – дармез, у якой могуць раскладацца сядзенні дзеля спання. Але калі да Полацку яшчэ так-сяк даедуць па гасцінцы, то далей праз балаты, пушчы і калюжыны на такой калымажыне не прадзярэшся.

Кіраваліся ў Полацак не выпадкова, хоць гэта значыла некалькі лішніх дзён дарогі. Лічбачкі на малюнку Пандоры былі каардынатамі таемнай пячоры, запісанымі на «янохскай мове», якой доктара Дзі навучыў нетутэйшы Урыель. Вось толькі слоўніка анёльскай мовы пад рукой не было… Той асобнік, што меўся ў Лёдніка, доктар пад гарачую руку спаліў у тым самым каміне, дзе згаралі Пранцішавы вершыкі – каб не засталося спакусы ўвязвацца ў містычныя пошукі. А бліжэйшы цэлы асобнік дужа рэдкага выдання можна было знайсці хіба ў дзядзькі Лейбы, аптэкара з Полацку, які сябраваў з бацькам панны Рэніч, вядомым кніжнікам, і ад яго дастаў на захаванне шмат рэдкасцяў. Таму і рушыла карэта да святой Сафіі на беразе Дзвіны…

Дарога, як ёй заўсёды ўласціва, вымятала з галавы лішнія перажыванні, як сухое лісце са сцежкі. Невядомасць і небяспека… Дзвесце год таму на каралеўскай пошце ад Вільні да Кракава можно было, пры ўсім спрыянні, як сведчыў француз дэ Віжэнэр, даехаць за пяць дзён, а звычайныя падарожныя трацілі найменш два тыдні… Папскі нунцый Луіджы Ліпамана з Варшавы да Вільні дабіраўся дванаццаць дзён ды пісаў у Рым жаласна: «Бог ведае, якія невыгоды зазналі і я, і мае спадарожнікі, едучы ў самыя суворыя маразы, праз лёд, вецер, узняцце водаў; мы кепска харчаваліся, з цяжкасцю спаталялі смагу, спалі ўвесь час на зямлі, маючы пад сабою толькі шматок сена, дый той знайсці было нялёгка».

Ад таго часу коні не сталі бегаць хутчэй, а дарогі не палепшалі. А калі давядзецца адбівацца ад рабаўнікоў, аб’язджаць паваленыя дрэвы ды ваенныя дзеянні… Пруская вайна ніяк не скончыцца, хоць уся Еўропа ад яе стамілася. Можна было наторкнуцца на якісь вайсковы атрад, які шукаў дэзерціраў, навабранцаў альбо проста марадзёрстваў. А ў неразбярысе, якая панавала, усе ўспрымаліся найперш ворагамі. Магчыма, калі Вырвіч вернецца на радзіму, у яго будуць цалкам прыстойныя шляхецкія вусы.

Рэдкія сустрэчныя хапаліся за шапкі і схіляліся ў пакорлівых паклонах, пакуль карэта з панамі не міне. Цікава, Лёднік неяк распавядаў з горыччу, што ў той Ангельшчыне сустрэчныя прасталюдцы могуць нават пагардліва свіснуць услед карэце, а ў Швейцарыі ветліва памахаць рукой… Пранцысь, шарачковы шляхцюк, які вырас сярод мужыкоў, не мог такой дзёрзкасці з іх боку нават уявіць. Далёка мясцоваму люду, выхаванаму кіямі ды бізунамі, да пастараляў Жан-Жака Русо ды іншых фізіякратаў. Няхай пані Саламея з мужам і ўзяліся падораных ім сялянаў адукоўваць, пераводзіць на аброчную сістэму, ды на месца аканома прытулілі дабрэннага беглага француза, захопленага прагрэсіўнымі ідэямі… А тыя пейзане таўсманнага француза жабай празвалі, панскі поплаў увесь патравілі, а новазбудаваная школка дык і ўвогуле згарэла, як сама па сабе. Вырвіч пагардліва фыркаў: паны самазваныя, хіба мяшчук зразумее, як рады даць вясковай гаспадарцы? Але калі Лёднік прапаноўваў – едзь, знаёнца, ды навядзі парадак, гэтак жа пагардліва адмоўчваўся. Хопіць, накорпаўся ў зямлі ў дзяцінстве.

Пранцысь, якому абрыдзела маўчанне, паціху разглядаў пана Гервасія: з якім чалавекам давядзецца падзяляць у бліжэйшыя месяцы хлеб, соль і смяротную небяспеку? Пакуль зразумела было адно: пан у кіпні купаны, смелы ваяка, аб чым сведчаць шнары на шчацэ і ўпартым ілбе, добры піток, пра што паведамляюць пачырванелыя нос і вочы. Ну а раз, па яго прызнанні, заступаўся перад братам за доктара-халопа, дык не зусім ачарсцвелая ягоная душа. З кішэні пана тырчэў нейкі дзіўны штыр з нанесенай шкалой і некалькімі дроцікамі, які час ад часу пан даставаў і, прыжмурыўшы адно вока, цэліўся ім у неба, потым нешта падкручваў, нешта вылічваў, старанна варушачы вуснамі, і рабіўся ў гэтыя моманты падобным да цікаўнага хлапчука. Злавіўшы позірк студыёзуса, важна патлумачыў:

– Астралябія! Купіў у галандскага капітана! Сама паказвае шлях па зорах! Нават да Амерыкі па ёй можна шлях пракласці.

Астралябію Пранціш бачыў у абсерваторыі Віленскай акадэміі – аднак там такія прылады былі ў выглядзе дыска альбо сферы. Доктар адарваў вочы ад кнігі і павучальна патлумачыў з лёгкай насмешкай:

– Прылада васпана даўно састарэла. Гэта лінейная астралябія араба ат-Тусі, маракі даўно карыстаюцца больш сучаснымі, а ў апошнія гады ўвогуле з’явіліся секстаны. Але карыстанню кожнай з такіх прыладаў трэба доўга вучыцца, вашамосць.

Пад канец доктар збіўся на брыдкі ментарскі тон, ад якога ў свой час Пранціш ажно шалеў. Цяпер настала чарга пана Агалінскага, які нават не пачырванеў, а стаўся юлёвым, як бурак. Вырвіч хуценька ўсунуў рэпліку:

– Вашамосць казалі пра Амерыку? Вы былі ў Новай Індыі, альбо збіраецеся?

І вось тут усё выйшла, як масла на патэльню. Таму што пана Агалінскага прарвала: выявілася, што ён з дзяцінства марыў пра экзатычныя вандроўкі, а потым нагледзеўся ў Нясвіжскім палацы, куды патрапіў у якасці пажа яшчэ хлопчыкам, усялякіх заморскіх дзівосаў – залатыя застрашлівыя маскі са сляпымі вачыма, галаўныя ўборы з пёраў, маленечкія птушкі, памерам з матыля… І мара даплысці да зямлі, дзе жывуць чырванаскурыя дзікуны, якія у непралазных нетрах збудавалі гарады з золата і горнага крышталю, дзе расце на дрэвах кава і чакаляда, сталася неадвязнай. Напэўна, таму пан Гервасій і рынуўся ахвотна ў гэтае падарожжа, няхай трохі і не ў Амерыку. Бо на караблях ён плаваў толькі па каналах, пракапаных ля Нясвіжу дзеля рэканструкцыі водных баталій. Пан Гервасій старанна збіраў усе звесткі пра далёкую краіну, скупліваў прадметы, адтуль вывезеныя, і шалберы добра пажывіліся за кошт бравага альбанчыка, прадаўшы яму за шалёныя грошы і посах індыянскага цара, выразаны з тутэйшай ліпы і расквечаны, як пісанка, і іржавую сякеру, якой нібыта жрацы майя забівалі няшчасных цнатлівак, перш чым кінуць іх у бяздонную студню да крыважэрнага боства з невымоўным імем Кецалькаатль… Праўда, пан Гервасій быў ахвочы да казак не толькі з Новай Індыі. Ён запісваў у асаблівы нататнічак з зялёнай скураной вокладкай розныя дзівосныя выпадкі і чуткі. «Сёння бачыў жабу з чырвонымі шчокамі, якая магла надзімаць іх, так што рабіліся падобнымі на два чырвоныя пухіры. Жаба тая, як мне распавялі, вылупілася з яйка, знесенага чорным пеўнем, і неадменна быў бы гэта цмок, калі б хтось тое яйка панасіў пад пахай».

Пранціш чакаў, што доктар пачне высмейваць забабоннага невука, але ў вачах Баўтрамея нават мільганула павага: прафесар шанаваў людзей, якія цікавяцца нечым па-за звычайным колам быццёвай мітульгі і здольныя на дзівацтвы. А студыёзус вырашыў, што адгэтуль будзе зваць пана Гервасія пра сябе Амерыканцам. Да таго ж, успомнілася, як з такім жа нататнічкам хадзіў сябрук Пранціша па Менскім езуіцкім калегіюме па мянушцы Вараня і таксама запісваў усялякія цуды.

Патроху цямнела, і Амерыканец абвясціў, што начаваць яны будуць на вадзяным млыне, дзе маюцца гасцявыя пакоі і дзе неаднойчы знаходзіў прытулак, калі трэба было пазбягаць лішніх вушэй і вачэй. Гэта куды лепей, чым карчма, тым болей млын знаходзіўся на зямлі, якая належала нябожчыку пану Агалінскаму, а паколькі пан Гервасій стаўся апекуном непаўналетніх пляменнікаў, то ён зараз там і гаспадар… Маёнтак памерлага брата Глінішчы таксама недалёка, але трэба крук рабіць, праз лес перціся… Дый не хочацца лішні раз пра сямейную бяду ўспамінаць. А ў суседняй вёсцы Карытнікі, што таксама належала Агалінскім, пан Гервасій увогуле гадоў дваццаць не быў.

Не сказаць, каб студыёзусу моцна падабалася месца начлегу. Ясная справа, млынар з нячыстай сілай водзіцца, бо калі з вадзянікам у яго не атрымаецца сяброўства, хоць руйнуй той млын. У родным Падняводдзі Пранціш сам бегаў разам з малымі сябрукамі глядзець, як падчас замаразкаў урачыста апускаюць пад вадзяное кола кавалак сала, каб вадзянік не злізваў з таго кола змазку. А часам юны Вырвіч наважваўся крадма лавіць ля млына рыбу, абміраючы ад ганебнага для шляхціца жаху – бо там можна падчапіць на кручок вадзяніка альбо русалку. Яшчэ расказвала Пранцішу нянька Агата, што млынары спецыяльна трымаюць у доме жывёлаў чорнае масці: калі што, у ахвяру прынесці. А магчыма, і не толькі певень альбо кот рабіліся падарункамі для вадзяніка, але й прыпознены падарожнік: заманіць яго млынар ды спіхне ў раку… А што ж, млын усё роўна патрэбны людству – няхай стаіць на дзявятым зярне: дзявятая частка памолу застаецца нячыстай сіле. Адзінае, калі млынар здабудзе траву пад назвай Адамава галава, якая дасць яму ўладу над нячысцікам… Альбо нехта помслівы кіне пад вадзяное кола авечую костку, напоўненую іртуццю, альбо свіны лыч – і канец млыну.

Калі карэта спынілася, у цішы і прыцемку глухі рокат кола падаўся гукам ад вёслаў галеры, на якой плывуць бязлітасныя жоўтаскурыя воі. Вырвіч саскочыў на мокрую ссівелую траву, з задавальненнем пацягваючыся. Вакенца млына свяцілася жоўтым трывожным святлом, але ніхто не спяшаўся да прыезжых з-за варотаў з ладных бярвенняў. Кугікалі рэдкія птушкі, якія яшчэ не адляцелі ў вырай, шалясцеў вецер у парадзелых шатах таполяў, што падбягалі да млына, быццам займалі чаргу на памол. Хвелька злез з козлаў, дзе сядзеў побач з падобным да вусатага жука змрочным фурманам Агалінскага Карпам, і ціха пастагнываў, спадзеючыся, што гаспадар ацэніць ягоныя пакуты і ўзнагародзіць за іх хоць збанком піва.

Фурман рашуча пастукаў у браму. На двары ажно зайшоўся тонкім брэхам сабака – Пранцысь адразу ўспомніў беднага Піфагора, якому дасталося ад людзей Агалінскага, добра, жывы ды не кульгавы застаўся.

– Адчыняй, млынар! Ягамосць пан Гервасій Агалінскі прыехаў!

Тая хуткасць, з якой госці апынуліся на двары, а потым у млынарскім доме, сведчыла, што пан Агалінскі шануецца тут не менш за вадзяніка, і ў ахвяру можа ўзяць, што заўгодна. Млынар, да здзіўлення Пранціша, зусім не быў волатам з каменнымі плячыма, прадназначанымі, каб цягаць мяхі. Ён быў невысокі, каржакаваты, перакрыўлены на адзін бок, з палахлівым тварам, і адно вока трохі прыплюшчана. Праўда, рукі задоўгія, з вялізнымі спрацаванымі далоньмі – здавалася, у такіх далонях камень лёгка ператворыцца ў пясок. Млынар рухаўся неяк няўклюдна, а вось рукі ягоныя нібыта жылі асобным жыццём, спрытна дапамагаючы распрагаць коней.

Дзіўна, але хаця кола млына круцілася, ніводнай падводы з мяхамі на двары. Увогуле ўсё вакол як вымерла, хаця ў выбітых каляінах стаяла вада, што значыла, сюды яшчэ нядаўна ездзілі.

У доме, прыбудаваным да млына, пахла не мукой і не хлебам, а зёлкамі. Зусім як ва ўніверсітэцкай аптэцы.

– А тое зелле ад галавы яшчэ ёсць? – буркатліва папытаўся млынара Амерыканец, які сядзеў за сталом, ледзь не да сталешніцы прыпаўшы. Рудаваты чуб пана прыліп да ілба, закрываючы адно вока. Пранціш помсліва падумаў, што наўрад Лёднік зварыць для Агалінскага свой цудадзейны адвар для такіх вось шляхецкіх хворасцяў. Але млынар пакорліва павярнуўся ў бок варыўні і выгукнуў стамлёным голасам, які трохі дрыжэў:

– Саклета, прынясі яснавяльможным панам адвару ад галаўнога болю!

У варыўні нешта зашаргатала, аж стала страшнавата – што за істота там хаваецца, русалка альбо шышыга? З прыцемку выйшла сапраўды дзіўнаватая істота – худзенькае дзяўчо з галавой, заматанай белай хусткай так, што адны вочы відаць, і тыя апушчаныя. Дзяўчо паставіла перад панам Гервасіем збанок з вохкім напоем, і Лёднік адразу варухнуўся, прынюхаўся: сам жа зельнік. Пан Гервасій, расплюхваючы напой, бо рукі заўважна трэсліся, прагна выпіў… Аддыхаўся з палёгкай…

– Майстрыца ты, Саклета! Як цябе яшчэ за вядзьмарства не ўтапілі? – Амерыканец не заўважыў, як здрыгануліся пры гэтых словах бацька і дачка. А вось Лёднік нахмурыўся і важка прамовіў прафесарскім тонам:

– Гэта ўсяго толькі адвар на аснове кары белай вярбы. Я сам такі рыхтую. Я не памыліўся, панна Саклета?

Дзяўчына спалохана падняла вочы – быццам бліснуў чорны агонь – пачырванела і прамовіла ціхенька:

– Так, літасцівы пане. А яшчэ… Ці дазволіць вашамосць, хачу запарыць зёлкі для слугі, што з хворай пячонкай… Нічога небяспечнага… Асінавая кара, пырнік і сабачая мята… А то ён так стогне… Слуга ваш…

– А крапіву? – сурова папытаўся доктар.

– Так, літасцівы пане! І крапіву дадам… І…equisetum arvense…

Апошнія словы на лаціне млынароўна прагаварыла зусім ціха, зноў панурыўшы галаву.

Доктар зацікаўлена хмыкнуў.

– Ну а хвошч палявы навошта? Ён жа ад нырак!

– А ў спадара Хведара ныркі таксама не ў парадку… – прашаптала Саклета.

– Ну яшчэ б, столькі гарэліцы выжлуктаваць за сваё нядоўгае жыццё, – прабурчэў Лёднік, уважліва вывучаючы аблічча млынароўны. І раптам узняўся ва ўвесь свой немалы рост, выпрастаны, нібы рыхтаваўся ісці на лекцыю.

– Ну што, паказвайце мне сваю лабараторыю, калега!

Дзяўчына паглядзела на віленскага прафесара так багавейліва, быццам той спусціўся з аблокаў.

– У мяне ж так… Толькі зёлкі…

– Вядзьмачка яна слынная! – выгукнуў Амерыканец. – Яна мне абяцала плакун-травы дастаць, якая дапамагае па моры плаваць!

– Нямашака такой травы, вашамосць! – з ціхім адчаем прагаварыла дзяўчына. – Гэта казкі!

– Вось адсцябаю добранька, адразу казка зробіцца явай! – рыкнуў Агалінскі, але нястрашна, відаць, лавіў насалоду ад таго, што перастала балець галава. Дзяўчына ўпала на калені, сціснуўшы тонкія рукі.

– Ваша мосць… Літасцівы пане… Я ж толькі з малітвай… Ніякага чараўніцтва… Са святой Параскевай і Панцеляймонам-пакутнікам… – шаптала вядзьмарка, кідаючы на Лёдніка ўмольныя позіркі, быццам запрашала не верыць злым словам. Пранціш, аднак, цалкам мог бы паверыць, што справа нячыстая… Млынароўна ніяк не была падобнай да звычайнай мужычкі. Вялікія вочы, тонкія рысы твару, вузкія запясці… Зусім не прыгажуня, так, верабейчык, але нешта ў ёй такое ёсць… Да таго ж, падобна, пісьменная, і чытала вучоныя кніжкі. Але калі дзяўчына павярнула галаву да Лёдніка, Пранцысь здрыгануўся: з-пад белай хусткі, якой дзяўчына ўпарта прыкрывала твар, паказваўся агідны ярка-чырвоны нараст – нібы п’яўка, што прысмакталася да шчакі, ад падбароддзя ажно да куточка вока. «Вядзьмарка», – холадам працяла Пранціша, і ўсе прагрэсіўныя перакананні, выхаваныя асабіста Лёднікам і навукай акадэмічнай, кудысьці падзеліся, і захацелася проста па-дзіцячы скрыжаваць пальцы ад сурокаў.

Лёднік між тым адным загадным рухам падняў дзяўчыну з падлогі і пайшоў з ёю на варыўню. «Яшчэ адна лялька-аўтамат з загадкай», – раздражнёна падумаў студыёзус, які ведаў прыхільнасць Лёдніка да «народных талентаў». Доктар упарта займаўся асветніцтвам усялякіх падазроных знахароў – казаў, трэба хаця б трохі паменшыць шкоду ад забабонаў і невуцтва. Чытаў бясплатныя лекцыі шаптухам-павітухам, раздаваў лекі, якія, магчыма, выплюхваліся на зямлю за першым жа кутом.

Пан Агалінскі пацягнуўся, як сыты кот:

– Гэй, Яўхім, рыхтуй ложкі! І якую-небудзь гісторыю – перад сном паслухаць. Ды пастрашней… У цябе ж досвед зносінаў з нячыстай сілай багаты, праўда?

І абыякава дадаў, гледзячы, як палахліва кланяецца скасабочаны млынар.

– Ды што вы з Саклетай такія пужлівыя сталі?

– Неспакойна ў нас тут, пане, – нерашуча прамармытаў млынар, хаваючы вочы. – Людзі ў лесе з’явіліся… Вясковых з толку збіваюць… Чуткі ўсялякія пра нас з дачкой пайшлі.

– Што ты чорную карову пад колам млына ўтапіў? – насмешна прамовіў Амерыканец. – Альбо з вадзянікам такога піва наварыў, што пенаю паплавы заліло?

Млынар, аднак, нават не паспрабаваў усміхнуцца, моўчкі паставіў перад гасцямі гліняную талерку з мочанымі яблыкамі і сыйшоў рыхтаваць ложкі. З варыўні даносіліся галасы: нізкі, патрабавальны – Лёдніка, і таненькі Саклеты, у якім усё выразней адчуваліся ноткі захопленасці, нібыта ў лясным промні зляталіся таньчыць кволыя залатыя мятлушкі. У размове пачалі сустракацца лацінскія тэрміны – прафесар вучыў, як каторая трава завецца на мове навукі, папраўляў вымаўленне млынаркі, якая невядома дзе нахапалася медыцынскіх ведаў.

– Вось паскуднік, нават такой пачваркі не праміне, – скрозь зубы ненавісна прасычэў пан Агалінскі. – Аднойчы я з расамахай сустрэўся, чорнай такой, калматай, у валасах – дохлыя рыбінкі, дык гэты чарнакніжнік і на яе б, напэўна, паквапіўся!

Пранціш адчуў, як зашумела ў вушах ад гневу. Агалінскі і дагэтуль раздражняў яго, а тут… Пан Гервасій заўважыў гнеўны позірк суразмоўцы і таксама зацяўся, як сабака, якому ў нос патрапіла сасновая шышка:

– Пан не верыць, што я сустракаў расамаху?

І пацягнуўся да таго кута, дзе яны склалі зброю. На хвілю Пранцішу страшэнна закарцела адказаць нешта дзёрзкае – словы так і пяклі язык. Але пракляты доктар недарэмна столькі гадоў змагаўся з вогненным тэмпераментам свайго вучня, таму што замест цалкам шляхецкага ўчынку – ускінуцца ды выклікаць на двубой, Пранціш падумаў, што станецца з пані Саламеяй, з маленькім Алесем, з млынаром і млынароўнай, на вачах якіх забілі іхняга пана… Пра тое, што пан можа сам яго забіць, студыёзус нават на трэсачку не задумваўся.

– Слова шляхціца – закон, ваша мосць, – урэшце дамовіўшыся з сабою, пачціва адказаў студыёзус. – Няхай жа пан распавядзе пра сваю дзівосную сустрэчу з пачварай расамахай.

Амерыканец падазрона зіркнуў на русявага блакітнавокага студыёзуса і пацягнуўся па свой нататнік… На варыўні Лёднік чытаў млынароўне з чырвоным нарастам на твары занудлівую лекцыю пра гігіену і тлумачыў, якія сродкі ні ў якім разе ўжываць нельга, хаця б лекавалі імі бабулі-прабабулі… У бакавой прыбудове шаргацеў млынар, рыхтуючы пакой дзеля высокіх гасцей, храплі дзесьці ў каморы на ўсе застаўкі фурман і Хвелька – а чаго чакаць, пакуль паны нагамоняцца, так што не лёс быў Хвельку адведаць адвару Саклеты, занятай лекцыяй віленскага прафесара. І толькі млын маўчаў. Ягонае кола было спыненае воляй часовага гаспадара, і паміж жорнаў пакутліва чакала смерці апошняе недамолатае зерне.

І калі б Пранціш выпадкова не зірнуў за вакно, знуджаны байкамі Амерыканца, бяду заўважылі б толькі, калі стукнецца ў вароты. З боку далёкага лесу набліжаліся-мітусіліся агні.

Млынар сутаргава ўздыхнуў, як жаўнер, якому папала пад сэрца страла, і ён усвядоміў, што памірае.

– Гамон… – прашаптаў Яўхім непаслухмянымі вуснамі і зажагнаўся, зашаптаў малітву. Ягоная дачка проста глядзела на агеньчыкі вялізнымі безнадзейнымі вачыма, і Пранцішу падавалася ў прыцемку, што нараст на яе шчацэ варушыцца, як жывая п’яўка. Агні набліжаліся, пачуліся аддаленыя выкрыкі… На двары нарэшце забрахаў сабака.

– Гэта што за гіцалі? – сурова запытаў Агалінскі, углядаючыся ў цемру. – Разбойнікі?

– Частка лясных, частка з вёскі…– прамармытаў млынар. – Гразіліся колькі дзён, калі пошасць у вёсцы не скончыцца – Саклету заб’юць. А нам куды падзецца – не схаваешся, адсочаць… А дачушка толькі зёлкамі лячыла…

– Што за пошасць? – строга ўдакладніў Лёднік.

– Сверб, ваша мосць.

Нападнікаў, мяркуючы па паходнях, сабралася дзесяткі са два… А калі Пранціш, тое-сёе скеміўшы, кінуўся да другога вакна, выявілася, што і з таго боку набліжаецца тузін…

Цяпер было зразумелым і адсутнасць наведнікаў на млыне, і тое, што разбегліся ўсе млынаровы памагатыя…

– Ды я зараз гэтых бунтаўнікоў, як хмызы, пакладу! – бушаваў Амерыканец. – Нас шасцёра, калі слуг палічыць, пораху хапае – зараз я ім учыню бунт! Яўхім, кліч майго фурмана! Зброю даставай, якая ёсць! Перастраляю гадаў!

Агалінскі з шабляй у адной руцэ, з пісталетам у другой кінуўся на двор, за ім у восеньскую зорную ноч – зоры ажно гронкамі звісалі, – вылецелі Пранціш і Лёднік. Прафесар утрымаў Агалінскага, які ўжо быў гатовы страляць ва ўсё, што рухаецца:

– Ваша мосць, гэта не проста халопы, якія разбягуцца ад стрэлу. Гэта людзі, спалоханыя да таго, што перасталі баяцца смерці. Яны ўзброеныя віламі і косамі, супраць якіх нашыя шаблі – як трэскі… Дазвольце я напачатку з імі перагавару. Мне даводзілася падчас пошасцяў сустракацца з натоўпамі паляўнічых на ведзьмаў.

Пан Гервасій грэбліва страсянуў з сябе руку доктара, як быццам гэта быў гідкі павук.

– Без тваёй парады абыдуся, баязлівец!

– А гэта не парада, вашамосць. Гэта адзінае разумнае выйсце, – рэзка заявіў Лёднік і, не чакаючы выбуху гневу ад суразмоўцы, выйшаў за браму і гукнуў назад:

– Зачыняйце і не высоўвайцеся! Не страляць, пакуль не дам знаку!

Бубнеў спалоханыя малітвы Хвелька, яму дапамагаў млынар… Пранціш прыпаў да шчыліны між дошкамі, цэлячыся са стрэльбы ў прыхадняў: доктар стаяў, скрыжаваўшы на грудзях рукі, падманліва спакойны. Людзі з паходнямі, узброеныя хто чым, спыніліся перад ім. Наперадзе быў худы высокі мужык з запалымі светлымі вачыма, якія гарэлі фанатычным агнём.

– Аддайце нам вядзьмарку!

– Вы ведаеце, што нападаеце на самога пана Гервасія Агалінскага, які спыніўся ў гэтым доме? – спакойна спытаўся Лёднік, і Агалінскі пацвердзіў сваю прысутнасць градам выкшталцоных праклёнаў, сярод якіх самым прыстойным было «дзеці карослівай сучкі».

– Супраць яснавяльможнага пана нічога не рабіцьму, – высокі мужык, нібы ў пацвярджэнне слоў стукнуў у зямлю сваймі віламі, што смешным чынам прыпадабнялася мажардомскаму стуканню жазлом у паркет на знак пачатку балю. – Але мы не хочам, каб вашыя мосці тую вядзьмарку звезлі, і нашы людзі ад ейных сурокаў змарнелі. Пан Агалінскі наш гаспадар і суддзя – вось няхай тут жа і асудзіць пачвару! А мы прысуд выканаем!

Натоўп за ягонай спінай загуў… Некалькі чалавек, як і правадыр, відавочна адрозніваліся ад звычайных змарнелых халопаў – замест сярмягаў вывернутыя поўсцю наверх кажухі, за паясамі – шаблі. Лясныя людзі… З гэтымі дамовіцца цяжка.

– Чаму вы вырашылі, што Саклета вінаватая ў пошасці?

– А хто яшчэ? – выгукнуў адзін з мужыкоў, узброены звычайнай сякеркай. – Яна чараўніцтвам з дзяцінства жыве! Сам бачыў, як чорнага ката пад кола млына кідала! А як дала зёлак маёй жонцы, дык тая праз тыдзень плямамі чырвонымі пайшла. А тады і я, і ўся вёска!

Мужык тыцнуў пальцам сабе ў твар, дзе сапраўды красавалася раздрапаная да крыві пляма.

– Вядзьмачка яна! Хоча, каб усе былі такімі страхотнымі, як сама. Бачыў пан, што да аблічча яе чырвоны змей прысмактаўся? Усе ведаюць – Яўхім ейную матку цяжарнай узяў, ад Вадзяніка яна!

– Жорнаў на шыю – і ўтапіць! – зараўлі прыхадні.

– Чакайце, спадарства! – доктар падняў руку, і крыкі сціхлі. – Я – доктар. Дайце мне час, і я вылечу ўсіх.

– А яна зноў на нас хворасць нашле! – выкрыкнуў нехта.

– Калі я прыбяру з яе твару «чырвонага змея», вы паверыце, што Саклета – не вядзьмачка? Яна ж, мусіць, у царкву ходзіць, прычасце бярэ…

– Ты, можа, сам вядзьмак! – выгукнуў нехта з натоўпу, і вілы наставіліся на Лёдніка, як на загнанага ваўка.

– Доктар, не мянці языком! Я тут пан, мне і вырашаць! – выкрыкнуў Агалінскі з-за плоту. – Бунту не пацярплю, але і чараўнікоў пакрываць не збіраюся!

Людзі ўхвальна загулі. Лёднік уладна загадаў прыхадням:

– Мы зараз параімся! Чакайце тут выраку! – і зайшоў у браму. Да доктара зараз жа падляцеў Агалінскі.

– Ты што тут узяўся камандаваць, клісцірнік пракляты? Хто ты такі? Вядзьмак вядзьмачку ратаваць узяўся? Ды я цябе…

Агалінскі выхапіў з-за пояса бізун і замахнуўся. Лёднік пераняў панскую руку і так сціснуў, што пан вохнуў.

– Я, вашамосць, прысягу сваю вам памятаю і гатовы сплаціць. Але пан памыляецца, калі думае, што я дазволю хоць адзін бізун ад тае смяротнае дозы загадзя выпрабаваць на свае скуры. І я не дазволю аддаць на смерць гэтае няшчаснае дзяўчо…

Лёднік кіўнуў у бок Саклеты, якая нават не плакала, не спрабавала схавацца, а пакорліва стаяла каля бацькі, апусціўшы галаву, падобная ў белай хустцы на зламаную кветку.

Пранціш зараз жа падляцеў да Лёдніка, гатовы астудзіць пал Агалінскага шабляй.

– Я ўсё ўладжу сам, ваша мосць, – цвёрда сказаў Амерыканцу доктар. – Я бачыў праявы пошасці і пазнаў хваробу. Нічога звышнатуральнага. Прашу толькі яснавяльможнага пана не ўмешвацца – урэшце, гэта мужыцкая справа, не вартая вашых высакародных клопатаў.

Агалінскі, якога Лёднік адпусціў, адскочыў назад і выхапіў шаблю. Ноздры яго раздзімаліся, і ён бы кінуўся на доктара, каб быў трохі больш п’яны, але, відаць, яшчэ памятаў, што сам звязаны прысягай наконт здабыцця спадчыны доктара Дзі, таму толькі пагардліва сплюнуў.

– Гэта я табе таксама прыпомню, паскуднік!

Фурман і Хвелька паглядалі на млынароўну з нянавісцю і страхам, і, падобна, гатовыя былі зараз жа перакуліць яе цераз плот.

Доктар строга папытаўся Саклету:

– Кідала ката пад млын?

Дзяўчына з безнадзейнай абыякавасцю кіўнула галавой:

– Звычай такі, вашамосць. Млын жа без гэтага круціцца не будзе, вадзянік ставы паламае…

Лёднік толькі з прыкрасцю рукой махнуў.

– Вось ён, партрэт беларускага духу… Даведнік па травах з лацінскімі назовамі – і кот у ахвяру вадзяніку. А на аперацыю па выдаленні свайго ўпрыгожання на шчацэ ты згодная, ці свята верыш у ягоную неабходнасць дзеля паспяховай знахарскай практыкі?

Саклета ўпала перад доктарам на калені і пачала палка цалаваць таму руку:

– Паночак мой, любенькі мой, ды калі б толькі вы змаглі сурок гэты прыбраць! Ды я за вас Богу маліцца стану і ўдзень, і ўночы!

– Млын прадам, усё прадам, толькі прыбярыце чырвонага змея з дачкі, сіроткі беднай! – зароў і Яўхім і схапіў доктара за другую руку. – Матка ейная рана памерла, адзіная мая ўцеха – дзіцятка…

Лёднік раздражнёна вырваўся.

– Папярэджваю, гэта балюча. А мне яшчэ лішаі ў гэтых дурняў лячыць. Будзеце рабіць, што скажу, без дапамогі не спраўлюся.

І пайшоў за вароты.

Калі натоўп расчыніўся ў прыцемку, як соль у поліўцы, Лёднік абвесціў, да абурэння Агалінскага, што давядзецца затрымацца на млыне на тыдзень. Бо ён дэкляраваў нападнікам вылечыць ад пошасці жыхароў вёскі, а млынароўну Саклету паказаць з чыстым тварам. Тыдзень – найменшы тэрмін, за які шнар пасля аперацыі на твары хоць трошкі зацягнецца, прыгатуецца дастатковая колькасць мазі ад скуранога захворвання, якое, па сцверджанні Лёдніка, узнікла не ад сурокаў, а «мыцца часцей трэба», і ад тае мазі лішаі пачнуць сыходзіць.

А каб абвергнуць падазрэнні ў вядзьмарстве ўласным, доктар абвесціў, што разам з сям’ёй млынароў пойдзе ў царкву – яна тут засталася праваслаўнай – да споведзі і прычасця.

Пранцішу давялося быць асістэнтам, калі доктар рабіў аперацыю Саклеце. Студыёзус увесь час маліўся святому Кіпрыяну, які дапамагае супрацьстаяць магіі і чараўніцтву, але за час аперацыі ўпэўненасці ў вядзьмарскай прыродзе млынароўны ўсё-ткі паменшылася. Амерыканец таксама быў пажадаў паглядзець, але хутка страціў цікавасць да крывавай дзеі. А дзяўчына нават не плакала – дзеля пазбаўлення ад свайго праклёну гатовая была перацярпець любы боль. Праўда, і Лёднік узяў з сабой не толькі абавязковы набор інструментаў, але і запас лекаў, сярод якіх даволі моцныя абязбольваючыя.

– Яшчэ пара такіх аперацый – і мне можна будзе блох падкоўваць, – бурчэў стамлёны, але таемна задаволены сабой Лёднік, які страціў гадзіну, каб зрабіць след ад свайго скальпеля як мага больш незаўважным.

А тады пачалася катаржная праца па нарыхтоўцы мазі. Смурод клубіўся неверагодны, як у пекле. Хвелька і фурман Карп, панурыя і злыя, пераціралі, таўклі і наразалі, млынар цягаў, Пранціш варыў, Лёднік кіраваў… Толькі Саклеце было забаронена ўставаць – каб усё зажыло як хутчэй і найлепей.

А Амерыканец альбо валяўся на сенніку з кнігай пра заморскія падарожжы, альбо хадзіў страляць птушак у бліжэйшы гаік. Адзіная карысць – пан высветліў, што за млынам сочаць, так што збегчы не ўдасца, і паслаць па дапамогу ў Глінішчы таксама. Яшчэ адно, на гэты раз уласнае, назіранне Пранцішу не спадабалася: Карп і раней пазіраў на доктара, як сыч. А цяпер і Хвелька перамяніўся. У ягоных паглядах на гаспадара мігцелі расчараванне і крыўда, як у дзіцёнка, якому замест сапраўднага жывога коніка падарылі выразанага з дрэва балванчыка. Доктару не было калі звяртаць увагі на такія нюансы, але Пранціш схапіў Хвельку за вуха ў цёмным куце пасля асабліва непаважлівага звароту да прафесара.

– Ты што гэта, сучы сын, сабе дазваляеш? Я цябе, хамуйла, навучу, як са шляхціцам паводзіцца!

– Дык то са шляхціцам… – раптам з крыўдай прагаварыў Хвелька. – А мне Карп распавёў, што пан Лёднік – зусім і не пан, а чарнакніжнік, і ў вас, вашамосць, слугою быў, а брат пана Гервасія дык увогуле яго за халопа трымаў.

Пранціш для важкасці адвесіў Хвельку пару кухталёў.

– Запомні, хамуйла: нават кароль можа ў палон патрапіць і на ланцугу сядзець. Калі пана Лёдніка сам вялікі гетман паважаў, за стол з сабою садзіў, дык не табе ставіць пад сумнеў ягоную годнасць. Ясна? Доктар жыццё табе выратаваў, з таго свету выцягнуў, а ты важыш, ці дастаткова твой пан для цябе радавіты!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю