Текст книги "Авантуры студыёзуса Вырвіча"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]
Лёднік і Пранціш спахмурнелі, а Саламея захінула твар тонкімі рукамі: у слуцкім замку Гераніма Жорсткага ім усім давялося перажыць нямала… Зняволеная ў вежы Саламея мусіла ўдаваць з сябе па загадзе князя Сільфіду. Лёднік і Пранціш, якія адправіліся выручаць яе, самі сталіся вязнямі сутарэнняў…
– Значыць, ягоная мосць Міхал Казімір Рыбанька выкупіў замоўлены братам аўтамат… – прамармытаў доктар. – Але, як я назіраў, ён вельмі не любіў усялякіх вядзьмарскіх штуковін… Відаць, і не хацеў, каб хтосьці скарыстаўся з падазронай зброі. Асабліва сын… А можа, проста значэння гэтай штуковіне не надаваў – вось і адпісаў мне.
Пранціш злосна фыркнуў, зазначыўшы ў думках, што ў атачэнні ягонае мосці пана Караля Радзівіла той-сёй, адкак, дужа жадае таямніцу скарыстаць.
– Дык вы не патлумачылі, вашамосць, навошта нам ехаць за нейкім шалберскім прыстасаваннем, ад якога ніякага толку?
Рапнін разглядаў свае пярсцёнкі, як быццам першы раз іх бачыў.
– Паўтараю: маюць сілу не рэчы, а вера ў іхнюю сілу. Пакуль шаноўны князь Міхал Багінскі будзе чакаць, калі яму даставяць з-за мора-акіяна, з вострава Буяна цудадзейную зброю, з якой ён пераможа ўсіх і стане каралём і мужам імператрыцы, ён будзе граць сабе на кларнеце, маляваць нацюрморты з персікамі і ўдасканальваць тэатральныя машыны. І гэта найлепей для нашай сітуацыі. Дарогу вам аплоцяць, сябры мае.
– Дарогу куды, яснавяльможны князь? – не вытрымаў прафесар. – Мы не ўстанавілі месца знаходжання пячоры!
Госць паблажліва ўсміхнуўся.
– Знойдзеце вы што, ці не знойдзеце, ведаеце дакладна, куды ехаць, альбо не – на аплаце гэта не адаб’ецца. Галоўнае, той чалавек, якога пан Багінскі з вамі пашле, не павінен сумнявацца ў важкасці даручэння і дакладнасці вашых звестак і будзе рэгулярна паведамляць пра напружаныя пошукі свайму сюзерэну.
Вось яно што, нехта ад Багінскіх… Адразу ўспомніўся белавалосы гігант Герман Ватман, целаахоўнік князя Міхала Багінскага, які некалькі разоў выратоўваў жыцці былога алхіміка і ягонага маладога гаспадара, і некалькі разоў спрабаваў іх забіць – у залежнасці ад атрыманых загадаў.
Лёднік рашуча адсунуў пусты кубак, на парцалянавых баках якога імчалі сінія фрэгаты з ганарліва напятымі ветразямі.
– Баюся, гэтая місія для мяне занадта цяжкая. Вельмі не хочацца расчароўваць яснавяльможнага пана, але я занадта стары і занадта мала ведаю пра мэту нашага падарожжа… А ягонай мосці пану Вырвічу трэба вучыцца. Таму…
– А вы падумайце, падумайце, пан прафесар! – Рапнін ні на імгненне не страціў дабразычлівага выразу твару. – Не ў такой далёкай будучыні акадэмія зробіцца цалкам свецкім універсітэтам, з усімі належнымі кафедрамі, з асобным медычным факультэтам… Спатрэбяцца новыя спецыялісты, новы рэктар… Чаму б вам не заняць гэтую пасаду? У вас аўтарытэт, прагрэсіўны склад розуму, веды… А наконт хованкі – вы ж геній, вы здагадаецеся, вылічыце.
Калі колы карэты, у якой ад’ехаў нечаканы госць, грукаталі па брукаванцы ўжо недзе за Вострай брамай, Саламея парушыла прыгнечанае маўчанне, што панавала ў пакоі:
– Значыць, расейцы паставілі на пана Станіслава Панятоўскага. А мы зноў – як пешкі… Нікуды я не адпушчу цябе, Фаўст, нават калі закарціць прыгодаў.
Вырвіч усхапіўся:
– А чаму б не скарыстацца магчымасцю паглядзець свет?
– Забыўся, як пан Багінскі пасылаў нас у полацкія сутарэнні? З таемным загадам свайму найміту перабіць нас па сканчэнні справы? – сурова спытаў Лёднік. – Знайшоў каму верыць… Мікалай Рапнін – царадворца, дзеля сваіх мэтаў ён не грэбуе ніякімі сродкамі. Колькі нашых магнатаў перасварыў між сабою з гэткай жа даверлівай усмешкай…
Прафесар стамлёна пацёр рукой лоб.
– Гісторыя – вар’ят, які наразае кругі па перыметры сваёй камеры, не заўважаючы, што ступае ва ўласныя сляды. Аўгуст Моцны таксама нацкоўваў магнатаў на магнатаў… Ліцвінскія войскі касаваў, штандарты іх ламаў… Вайна ўсчалася між Каронай і Княствам, біскуп Ян Хрызастом Жалускі пісаў, што «зчэзлі ў Літве права, стравядлівасць, сорам; усё падлягае мячу, кіруе мацнейшы, парадак заступіла дзікая сваволя. Баяцца трэба, каб за гэткі прыгнёт шляхты, хаця й не хутка, не наступіла б кара Божая…» І цяпер, адчуваю, нешта падобнае саспела. Меў я нядаўна размову з адным сваім пацыентам… Той шчыра мяне папярэджваў у бліжэйшы час не далучацца ні да якіх палітычных партый. Нібыта на гэтую восень Чартарыйскія з Фаміліяй рыхтуюць дзяржаўны пераварот. Але ў Пецярбургу на іх планы глядзяць скоса, хочуць сваймі сіламі караля нам пасадзіць. Вось і пайшлі інтрыгі… Заўтра адчытаю лекцыі, правяду адну складаную аперацыю, а ў нядзелю з раніцы рушым у Полацак. А там будзе відаць.
Пакуль што відаць быў толькі партрэт Арыстоцеля, тры пустыя кубкі з сінімі караблямі на стале і пераляканы твар Хвелькі, які вызіраў з прыадчыненых дзвярэй.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
СТРАШНАЯ ПРЫСЯГА ЛЁДНІКА
Напэўна, кожнаму здаралася пабачыць у сне нешта такое, што ён ніколі не сустракаў у рэальным жыцці, толькі чуў… А тут – на табе, як бы не сніш, а ўспамінаеш…
Пранцішу снілася пальма.
Такая, як на малюнку з кнігі па геаграфіі. З доўгім голым калматым камлём, з пукам лістоў наверсе, падобных да папараці…
Вакол быў роўненькі пясочак. Хоць зараз магілку капай.
Згодна сонніка, у які Пранціш зазірнуў, як толькі прачнуўся – соннік быў патрапаны, з вырванымі старонкамі, і застаўся ў гэтым доме яшчэ ад былых гаспадароў, нават не прэтэндуючы на месца на дыхтоўных паліцах побач з мнагамудрымі самавітымі тамамі новых жыхароў – пальма ў снабачанні азначала здзяйсненне самых патаемных жаданняў. Але здзейсніцца яны маглі, толькі калі ты аддасіся на волю лёсу, як аддаецца хвалям пасажыр патанулага карабля, якому пашэнціла ўчапіцца за дошку.
За вакном, аднак, гайдаў жоўтай галавою не пальма, а тутэйшы малады клён, абурана адбіваючыся растапыранымі даланямі ад мокрых пацалункаў прыставучага восеньскага дажджу.
Клён бачыўся цьмяна, бо шыбы запацелі. Так і хацелася накрэсліць на іх пальцам магічныя формулы, якія запячатваюць спакой і шчасце ў доме, не даючы ім выпарыцца вонкі. У адрозненне ад большасці месцічаў, якія закаркоўвалі шыбы вокнаў намёртва, каб не траціць цяпло і эканоміць дровы, доктар Лёднік загадваў у сваім доме ўсе вокны перыядычна расчыняць дзеля карыснага для здароўя прытоку свежага паветра. Але ж на тое доктар і ёсць дзіваком і чараўніком.
Перш чым пабачыць пальму, Пранціш палову начы варочаўся і думаў пра Паланэю Багінскую… Ці здагадваецца яна, што сябрук ейнага брата, патэнцыйнага караля, насамрэч дзейнічае яму на шкоду? Пранціш мог бы яе папярэдзіць – але не заслужыла падступная прыгажуня! Цікава, дзе яна цяпер… І з кім…
Пасля сняданку – хуткага і агідна карыснага – грэцкая каша, адварная ялавічына, кіслае малако, – пані Саламея пачала пакаваць рэчы, падганяючы заспанага Хвельку. Таму, колькі б ні перапала паспаць, было мала, хоць бы й з ложка не вылазіў… Ну хіба што падсілкавацца… Хвелька апраўдваў сваё маруднае існаванне хворай пячонкай, а Лёднік тлумачыў прыроджанай лянотай, якая ўтвараецца ад перавагі ў арганізме флегмы. Але разганяць флегму Хвелька быў згодны толькі гарэліцай, а гэтага бязлітасны доктар не дапускаў, маўляў, нап’ешся тут – пахмяляцца будзеш у праайца Абрама, бо пячонку пасадзіў канкрэтна на службе ў шчодрага на выпіўку былога гаспадара.
Падчас лекцыі па логіцы Пранціш на апошняй лаўцы аўдыторыі выйграў у Недалужнага ў косткі тры шэлегі, за якія тэарэтычна можна было б набыць тры прафесары Лёднікі. Але і аднаго здавалася замнога, каб ён аблез няроўна, як кажа Недалужны… Часам Вырвіч успамінаў свайго бацьку, пітака і буяша на ўвесь павет, і думаў, што наўрад ухваліў бы бацька сынавы заняткі… Бацька сядзеў бы зараз не на лекцыі, а сярод шляхцічаў за памінальным сталом і спрачаўся б, хто больш варты быць ваяводай віленскім, пан Міхал Багінскі альбо пан Караль Радзівіл, а пасля спрэчкі на словах хапіўся б за шаблю… Да прыкрасці месцічаў, сутычкі між шляхтаю, якая з’ехалася ў Вільню, рабіліся ўсё часцейшымі і крывавейшымі, адпаведна колькасці выпітага віна. Вось і сёння студэнты пераказвалі адзін аднаму, якая страшэнная ўчора адбылася бойка проста на плошчы перад ратушай – дзесяць ваякаў загінула, а параненых дык утрая больш. Сярод апошніх некалькі мяшчукоў, што патрапіліся праходзіць побач. Эх, вось дзе сапраўднае жыццё – не ў гэтых аўдыторыях!
А потым Пранціш уяўляў, як ён, п’яны і шчаслівы шалам бойкі, канае на віленскай брукаванцы… І дзеля чаго, атрымалася, ён аддаў жыццё, каго бараніў, каму прыклад гераічны паказаў?
…Спакаваныя куфры стаялі пасярод пакоя. Лёднік узважваў у руках цяжкі томік, узяты з «лішняга» стоса, прыкідваючы, можа, усё-ткі хоць яго яшчэ ўціснуць у валізу.
Раптам у браму з усяе дурной сілы груканулі. Гэта ўжо нагадвала старагрэцкую камедыю, у якой п’яныя госці ніяк не могуць разысціся па дамах, кружляюць і ўсё адно вяртаюцца да стамлёнага і аб’едзенага гаспадара.
– Не шляхецкі дом, а нейкая карчма прыдарожная! – радражнёна верашчаў Хвелька. – Вось у ягонай мосці пана Малахоўскага…
Але ў браму загрукаталі так, нібы нехта напаіў медавухай цэлы статак зуброў, і цяпер яны ашалела разганяюцца і лупяць рогамі ў дрэва. Хвелька ціха віскнуў і пабег хавацца…
– Стой! А ну да таго вакна, фузею бяры! – скамандваў палахліўцу Пранціш, які даўно рыхтаваўся сур’ёзна сустрэць чарговых нападнікаў, і палез на гарышча, да амбразуры. Лёднік таксама схапіў пісталеты… На двары Піфагор, падобна, учапіўся камусьці ў лытку – бо пачуўся нечы крык болю і верашчанне беднага сабакі, якому перапала за вернасць. Гэта быў кепскі знак, бо азначала, што нязваныя госці перабраліся цераз плот. І праўда, грукнула на гэты раз проста ў дзверы дома. Галасы прыхадняў зліваліся ў пагрозны гуд. У вокнах бачыліся цьмяныя сілуэты, якія па адным перавальваліся цераз каменную агароджу – няўжо адкрылі тое месца, якім карыстаўся для падобных мэтаў сам Вырвіч?
– Стойце, вашамосці! – звонка выгукнуў Пранціш у амбразуру. – Спыніце наезд, альбо, бачыць святы Франтасій, кулямі пачастую!
У доказ сваіх слоў Пранціш стрэліў. Што-што, а страляць ён налаўчыўся лепей за Лёдніка, фехтавальшчыка няшчаснага. Куля павінна была патрапіць у верхнюю частку брамы – бо яе паслалі не забіваць, а папалохаць. Галасы на вуліцы загулі грамчэй. Пранціш яшчэ раз стрэліў, і госці шарахнуліся назад. Нічога, не сотня, нават не тузін… Пашкамутаем пёркі сіваваронкам. Але адна фігура адлучылася ад натоўпу і ўзбегла на ганак.
– Адчыняй, доктар! Маю звесткі пра пані Агалінскую і яе сына! Ты ведаеш, хто я! Я ўвайду адзін, слова гонару! Мне трэба толькі пагаварыць. Адчыняй!
Голас быў тае ступені раз’юшанасці, калі гучыць на мяжы адчайнага крыку. Збялелы Лёднік застыў на месцы, потым крыкнуў Пранцішу:
– Адвядзі ў дальні пакой Саламею… Зачыні і вартуй. Хутчэй! Залфейка, павер, так трэба! Прашу цябе, сядзі ціха, не падслухоўвай і не спрабуй умяшацца!
Пані Лёднік хацела запярэчыць, але нешта ў голасе мужа было такое, што спрачацца не выпадала – такім голасам доктар размаўляў падчас складаных аперацый. Аднак Вырвіч, як толькі праверыў, што пані Саламея ў бяспецы, бегма вярнуўся назад. Лёднік паспеў ужо адчыніць дзверы.
У пакой уваліўся шыракаплечы шляхціц гадоў трыццаці з прыгожым ганарыстым абліччам: сінія вочы выпраменьваюць пагарду, светлыя вусы з рудаватым адценнем ваяўніча тапырацца… Але самае застрашлівае – на пане была апратка альбанчыка, а за кожным з банды стаяла іх пагрознае брацтва на чале з усемагутным Пане Каханку. У альбанчыкаў быў нават свой унутраны суд – іншага яны не прызнавалі. І за здраду маглі асудзіць кагосьці са сваіх на смерць – і той павінен быў пакорліва прыняць гэта і біцца на двубоі па чарзе з кожным, пакуль не здзейсніцца вырак.
Альбанчык глядзеў на прафесара Віленскай акадэміі, як на шкодную кузурку, якую можна толькі грэбліва раздушыць. Правая рука сціскала шаблю так, што костачкі на руцэ збялелі. Трэба было быць Лёднікам, каб пры гэтым захоўваць вонкавы спакой.
– Чым абавязаны візіту ў свой сціплы дом яснавяльможнага пана Гервасія Агалінскага?
Пранціш уздрыгнуў: вось яно што, гэта малодшы брат лёднікаўскага крэдытора! Хто б мог падумаць, што ў чырванамордага таўстуна такі ладны брат! Хаця, калі прыгледзецца, можна заўважыць фамільнае падабенства: рудаватыя валасы, шыракаватыя нервовыя ноздры, светлыя вочы, у якіх лёгка загараецца агеньчык шаленства, упартае раздвоенае падбароддзе.
– Скажы, Бутрым, як бы ты абыйшоўся з чалавекам, які подла зганьбіў і знішчыў самае дарагое, што ты меў? – голас госця быў застрашліва ціхі. О-ёй, схавалі млын за кустом… Вырвіч асцярожненька агаліў шаблю.
– Не ведаю, пра што вы гаворыце, ваша мосць, – прамовіў Лёднік. – Вы казалі, што ў вас ёсць звесткі пра пані Агалінскую…
Пан ненавісна працадзіў скрозь зубы:
– Вядома, ёсць… Няма яснай пані Галены ўжо на гэтым свеце. Два дні як няма.
Лёднік перарывіста ўздыхнуў, нібыта яму пераціснула горла, памаўчаў, перахрысціўся.
– Як здарылася гэта страшнае няшчасце?
Агалінскі ашчэрыў зубы ў падабенстве ўсмешкі.
– І ты яшчэ пытаешся, мярзотнік? Гэта ж ты забіў яе! Пазнаеш?
І сыпануў на падлогу з кішэні некалькі рознакаляровых шкеліц – у такія Лёднік звычайна разліваў свае мікстуры. Пана аж трэсла ад пагарды і нянавісці. Прафесар вытрываў ягоны пагляд.
– Я ніколі б не прычыніў пані шкоды… Я перадаваў ёй лекі ад сардэчнай хваробы. Магу прысягнуць, што яны бяспечныя, магу сам выпіць усё, што засталося…
– Не сумняюся, што гэта былі добрыя лекі! – Агалінскі, мякка ступаючы ў жоўтых саф’янавых ботах, прайшоў вакол Лёдніка, грэбліва падбіваючы нагамі шкляніцы. Вырвіч уважліва сачыў за кожным яго рухам, каб не прапусціць скіраваны да прафесара шабельны ўдар.
– Вядома, ты стараўся дагадзіць сваёй пані. Такой прыгожай, такой добрай. Такой даверлівай… Ты забіў яе, калі спакусіў!
Выкрыкнуўшы апошнія словы з усёй моцай гневу, Агалінскі штурхануў прафесара ў грудзі так, што той, не зрабіўшы спробы абараніцца, адляцеў да стала, на якім ад сутыкнення ўсё пападала. Лёднік прыгнечана маўчаў, апусціўшы вочы. Вырвіч таксама разгубіўся – тут справа гонару, умешвацца ганебна. Між тым Агалінскі зноў наблізіўся да Лёдніка, не дастаючы шаблю.
– Што ты зрабіў з ёю, вядзьмак пракляты? Чым апаіў? – раптам пан усхліпнуў, голас ягоны задрыжэў ад сапраўднага гора. – Я ж на яе маліўся! Калі мой пан брат ажаніўся, я быў не старэйшы за гэтага хлапца, – Агалінскі кіўнуў у бок Пранціша. – Я глядзеў на сваячніцу, як на Мадону, прабач мяне, Божа! Якое змаганне я вёў з сабою, каб адагнаць непатрэбныя мроі, каб нават у думках не абразіць святое таемства шлюбу ўласнага брата. І мне няма за што сябе папракнуць! І тут з’яўляешся ты, халоп, звыродлівы чарнакніжнік, і схіляеш яе, сваю пані, да смяротнага грэху! І цяпер наш шляхецкі род выхоўвае твайго вырадка! Які носіць наша імя!
Агалінскі яшчэ раз штурхануў Лёдніка. Той глуха прагаварыў:
– Я быў бы шчаслівы сам выхоўваць яго і даць яму сваё імя.
– Мярзотнік! – вусны Агалінскага крывіліся ад пагарды, а вочы зрабіліся ажно белымі ад гневу. – Ты смееш ставіць сябе побач з Галенай Агалінскай з Агарэнічаў! Мала табе было ўсяго гэтага – дык трэба з’явіцца цяпер, уваліцца ў зганьбаваны табою дом, важдацца з дзіцем, слаць свае паскудныя бутэлечкі! Няўжо ты думаў, што майму брату не распавядуць пра гэта? Не ведаю, чаму ён, небарака, дасюль ні пра што не здагадаўся – даверлівай натуры, ды яшчэ ўвесь гэты час пакутваў на вочы, амаль нічога не бачыў, ці не па тваёй міласці, іначай даўно б і сам упэўніўся, што ў ягонае гняздо падкінулі чужое птушаня. Калі мой пан брат даведаўся пра ганьбу – ён пайшоў да жонкі… І ніхто не асудзіць яго за гнеў. Таму што звяршыўся Божы суд – яе сэрца не вытрымала справядлівых папрокаў.
Пранціш уявіў, якімі маглі быць тыя «папрокі» ад гняўлівага таўстуна Агалінскага, п’янага як рамізнік… Успомніў светлыя пасмачкі, што выбіваліся з прычоскі пані Галены, нібыта лёгкі дымок… Яе плаўныя рухі, ганарлівую шыю, горкі рот…
– Думаеш, гэта ўсё, што ты нарабіў? – пан Гервасій цадзіў словы скрозь зубы. – Мой высакародны пан брат, пабачыўшы смерць злачыннай сваёй жонкі, у роспачы пайшоў паведаміць мне, што адбылося, і патрапіў у вялікую бойку ля ратушы, дзе праявіў вартае роду Агалінскіх геройства, але быў падступна забіты. Канец слаўнай шляхецкай сям’і з-за бязроднага юрлівага слугі!
Агалінскі страшна зарагатаў, і Пранціш на ўсялякі выпадак прысунуўся бліжэй са сваёй шабляй.
– Я гатовы расплаціцца з панам, як ён пажадае… – глуха прамовіў прафесар, апусціўшы галаву. – Толькі няхай з-за таго жахлівага, што адбылося, не пакутуе дзіця. Хлопчык ні ў чым не вінаваты. Ці варта распавядаць грамадзе пра ягонае паходжанне і пляміць памяць пані Агалінскай і вашага брата?
– У гэтым з табой пагаджуся, паскуднік, – прагаварыў госць. – Ганьба майго брата павінна застацца таямніцай. Але я, як апякун сваіх пляменнікаў, паклапачуся, каб твой вырадак адгэтуль жыў у месцы, якое больш адпавядае ягонаму паходжанню.
Вусны Лёдніка задрыжэлі, але голас быў роўны.
– Можаце зрабіць са мной усё, што заўгодна, толькі не спаганяйце гнеў на дзіцяці.
– Значыць, ты пагаджаешся, каб я цябе забіў абраным мною спосабам? – вясёла-ненавісна перапытаў пан Гервасій.
– Так, ваша мосць, – холадна адказаў прафесар. – Як і калі вам зручна.
Тут Вырвіч не вытрымаў.
– Ваша мосць пан Агалінскі, вы маеце права на сатысфакцыю, і ніхто вам у гэтым не запярэчыць, але пан Лёднік – шляхціц, і вы павінны выклікаць яго на двубой. Свае абразы шляхцічы вырашаюць з дапамогай шаблі!
Агалінскі зірнуў на Пранціша, як сабака на высеўкі.
– А ты хто?
– Прантасій Вырвіч з Падняводдзя, гербу Гіпацэнтаўр! Нашчадак Палямона! – з выклікам адказаў Пранціш. Госць ветліва пакланіўся.
– У больш прыемных абставінах сказаў бы, што рады пазнаёміцца з панам. Але цяпер прыемнасцяў быць не можа. Паскуднік Баўтрамей павінен адказаць за сваё страшнае злачынства. Біцца з ім? – альбанчык фыркнуў. – Каб я скрыжаваў дзядоўскую шаблю з шабляй у руках халопа, слугі майго брата? Нізавошта! Але акрамя ягонае пакутлівай смерці, іншай расплаты я не прыму. А я яшчэ шкадаваў яго ў свой час! Перад братам заступаўся – вучоны чалавек, нельга яго мучыць… Ну чаму мой брат не згнаіў цябе на ланцугу ў скляпенні! – госць са свістам уцягнуў паветра скрозь зубы, спрабуючы супакоіцца. Пранціш не мог зразумець, чаму пан Гервасій сябе так стрымлівае – бо відаць жа, што ў гарачай вадзе купаны, ды гнеў скрозь вушы выліваецца. Але ў пана відавочна меўся нейкі план.
– Адзінае, што ты, Баўтрамей, яшчэ можаш зрабіць у сваім паганым жыцці – вырашыць лёс малодшага сына пані Галены. На што ты гатовы дзеля таго, каб гэты лёс быў прыймальны?
– На ўсё! – цвёрда адказаў Лёднік.
– Ну што ж, тады ў мяне ёсць для цябе заданне… – пан Гервасій няспешна прайшоўся па пакоі, патыкаў наском бота ў куфар з кнігамі. – З’язджаць сабраліся? Тады менш патраціце час на зборы. Заўтра мы адпраўляемся за вогненным мячом. І не рабі выгляд, паскуднік, што чагосьці не разумееш і не ведаеш. Прывядзеш мяне да ангельскай пячоры, знойдзем там што ці не знойдзем – і па вяртанні я назаўжды забудуся, што пан Аляксандр Агалінскі – не мой пляменнік, і паклапачуся, каб ніякія плёткі не псавалі яму жыццё. Ён атрымае ўсё, што належыць атрымаць нашчадку нашага слаўнага рода. Даю слова. Я паеду з вамі. І дарогай не спрабуй ад мяне пазбавіцца – калі сына любіш. А ты павінен прысягнуць, што памрэш ад маёй рукі, калі я палічу патрэбным.
– Шляхціцу не пасуе рамяство ката! Ваша мосць павінен выклікаць пана Лёдніка на двубой! – у адчаі крычаў Пранціш, разумеючы, што яго не пачуюць.
– Даю слова, клянуся перад Богам усемагутным і святымі ўгоднікамі аддаць сябе ў рукі вашае мосці па першым патрабаванні! – цвёрда прамовіў доктар і перахрысціўся.
Пранціш стамлёна ўсеўся на канапу, адчуваючы сваю бездапаможнасць. Вядома, Лёднік паводзіўся, як адзіна магчыма для чалавека гонару, але было ва ўсім гэтым нешта вельмі няправільнае… Штучнае… Падзеі нагадвалі п’есу сучасніка доктара Дзі Шэкспіра, жарсцяў і смерцяў было аж занадта. А пан Агалінскі наблізіў свой твар да Лёдніка, схапіўшы таго за каўнер, і з жудкай усмешкай важка і павольна прагаварыў:
– Ты думаеш, я дам табе памерці лёгкай смерцю? Ты – подлы халоп. І павінен адысці, як халоп. Я ўласнаручна засцябаю цябе бізуном.
Лёднік не змяніўся ў твары ні рысачкай.
– Як будзе заўгодна вашае мосці.
На развітанне пан Агалінскі так нападдаў нагою стос кніг, якія не змясціліся ў куфар, што тыя разляцеліся па пакоі, як быццам хацелі схавацца.
Пранціш баяўся зірнуць на прафесара, які зняможана ўсеўся ў крэсла, і на ягоных прыгорбленых плячах нібыта ляжаў цяжар нябёсаў. Урэшце, і на Пранцішы была правіна – гэта ж ён выкруціў дэталь з Пандоры, і тым пазбавіў іншых магчымасці атрымаць малюнак. А тады прагаварыўся Багінскай, што яны з Лёднікам сталіся захавальнікамі таямніцы.
– Нічога не кажы Саламеі…—хрыпла прамовіў звыклую фразу Лёднік, павольна ўстаў і, як сляпы, рушыў у кабінет. Вырвіч не наважыўся яго затрымліваць.
Калі доктар замкнуўся ў сваім навуковым сховішчы і ў сваім горы, у доме запанавала ціша, і яна падалася Пранцішу такой цяжкой, такой гнятлівай, што ён не вытрымаў і выбег з прафесарскага дому, нібыта з праклятай пячоры, у якой толькі што знайшлося гняздоўе цмока. Трэба было ўсё спакойна абдумаць… І няхай ваконная ніша паўзруйнаванай сцяны старога замка – не лепшае сховішча ад дажджу і холаду, але тут былі воля і самота… Пранціш прыхінуўся спінай да мокрай цэглы і абхапіў галаву рукамі. Так, значыць, усім трэба, каб прафесар Лёднік паехаў за нейкім вынаходніцтвам старажытнага доктара. І расейскаму паслу Рапніну, і пану Каралю Радзівілу, і князю Багінскаму. Пытанне: адкуль пан Караль ведае, што доктар амаль раскрыў таямніцу Пандоры? Ягоныя пасланцы Пандору выкралі, упэўніліся, што яна не працуе… Значыць, нехта распавёў, што лялька перад гэтым усё ж намалявала запавет ангельскага доктара. Ну не пан жа Багінскі прагаварыўся Радзівілам, і не ягоная сястра… А хутчэй за ўсё князь Мікалай Рапнін правярнуў чарговую дыпламатычную аперацыю – нейтралізаваць палітычныя фігуры, пасварыўшы іх між сабою і падсунуўшы заміж рэальнай і блізкай фантастычную недасяжную мэту. Вырвіч проста як наяве пачуў голас генерал-фельдмаршала: «Раю вам пачакаць, мой пане, уявіце толькі, як хутка і пераможна вы дасягнеце мэты, калі ў вашых руках апынецца ўсемагутная зброя! Пра вас складуць легенды! Усе каралі схіляцца перад вамі… Навошта ж цяпер траціць сілы?».
Яшчэ б кіеўскага ваяводу Патоцкага сюды прыплёў ды кароннага гетмана Браніцкага, якія таксама на трон цэляцца… І не забыўся зацікавіць зброяй доктара Дзі тых, хто ставіць на сына Аўгуста Саса… Няхай бы ўсе ўвогуле ў Рэчы Паспалітай пабіліся ды перабіліся за той д’ябальскі меч!
А пакуль Радзівілы і Багінскія вычэкваюць, можна ўмацоўваць свайго кандыдата на трон… А калі рэліквія не дастанецца нікому, зноў жа можна ўцягнуць прэтэндэнтаў у бойку, намякнуўшы, што супернік перахітрыў, перашкодзіў…
Пры любым раскладзе доктар Лёднік (ну а заадно і ягоныя спадарожнікі) зробяцца непатрэбнымі сведкамі.
Але ж доктар і так павінен загінуць.
Праўда, Пранціш неяк адсунуў думку пра ягоную страшную прысягу падалей – пан Гервасій доктара чапаць не стане, пакуль той не здабудзе артэфакт. А да гэтае сумніўнай верагоднасці падзеі столькі здарыцца!
Пранцішу раптам стала горача ад непрыемнай здагадкі: калі князь Рапнін збіраў звесткі пра Лёдніка, вядома ж, раскапаў і пра ягоныя візіты да пані Агалінскай і малога Аляксандра. Сярод прыслугі дакладна непрыстойныя чуткі хадзілі пра пані і ведзьмака-лекара. А давесці гэтыя чуткі да пана Агалінскага – раз ужо ўсе бліжнія дасюль пабаяліся – дапамаглі звонку, каб доктара прыціснуць. Ні грашыма, ні страхам смерці яго не нагнуць, а пачуццё віны і адказнасць за лёс сына – найлепшы ланцуг.
А далей Пранцішу стала яшчэ больш непамысна. Бо прыйшла ў галаву яшчэ адна вельмі простая думка: а што было б, калі б раз’юшаны пан Агалінскі не загінуў у выпадковай бойцы? А што, калі не да брата ён ішоў, не да ўладаў паведаміць пра смерць жонкі, а пёрся разбірацца з доктарам, які наставіў яму рогі вышынёй з астранамічную вежу? А доктар патрэбен дзеля інтрыгі жывым і здаровым… А ўчыніць заварушку сярод п’янай шляхты, ды ўцягнуць туды ашалелага ад злосці ды віна падслепаватага пана – саламіну цяжэй пераламіць. У выніку лёс доктара і ягонага сына ў руках пана Гервасія. Які, праўда, не дужа падобны сам да вопытнага інтрыгана – але ж ім ёсць каму пакіраваць. Ён альбанчык, а гэта значыць, да канца адданы Пане Каханку, які ва ўсім цяпер слухаецца хітравусага пана Богуша, дарэмна спрабуючы замяніць ім расстралянага Валадковіча. А князь Рапнін з усімі ў добрых адносінах, усім можа таемна «дапамагаць». І валіце вы, даражэнькія ліцвіны, шукаць у краёх далёкіх цудадзейную зброю, якая паспрыяе вам перабіць адно аднаго ды наладзіць парадак ва ўласнай краіне, а мы пакуль і так яго навядзем. На свой густ.
Вецер сыпануў у твар Вырвіча мокрыя халодныя кроплі, стрэсеныя з кустоўя, на якім мігцелі толькі асобныя вузкія лісцікі, як жоўтыя рыбкі. Пагана быць маленькай рыбкай, над якой кружляюць галодныя шчупакі.
Але заўсёды ёсць шанец, што тыя драпежнікі між сабой перагрызуцца раней, чым з’ядуць рыбку.
Пранціш падставіў ветру твар, заплюшчыўшы вочы: пахла далёкімі вандроўкамі. А гэта найлепшы сродак змагчы тугу і забыцца на ўсе праблемы!
У доме з зялёнымі аканіцамі Пранціша сустрэла ўстрывожаная Саламея, яе вялікія сінія вочы былі пачырванелымі ад слёз.
– Бутрым замкнуўся ў кабінеце, не адзываецца. А нядаўна ліст прынеслі…
Вырвіч схапіў канверт і падыйшоў да свечкі, каб лепей разгледзець. На пячатцы красаваўся герб Агалінскіх, знаёмы Пранцішу яшчэ па падзеях трохгадовай даўнасці: менавіта такі герб, толькі захляпаны гразёю, красаваўся на дзверцы карэты, якая прыпынілася каля збеглага шкаляра Вырвіча на дарозе з Менску да Валожына. І пан з карэты прапанаваў шкаляру купіць у яго за шэлег каштоўную рэч, а гэтай рэччу аказаўся змрочны алхімік, якога цяпер належала неяк ратаваць з дасканала ўчыненай пасткі.
Цікава, ці дадумаўся мазгавіты прафесар да тых высноваў, да якіх прыйшоў студыёзус, ці так паглыбіўся ў гора і пачуццё віны, што не здольны да лагічных выкладак? Пранціш прыклаўся вокам да адтуліны ў дзвярах прафесарскага кабінету. Доктар сядзеў за сталом, утаропіўшыся ў кавалачак паперы… Вырвіч здагадаўся, што гэта запаветны аркушык з накрэсленым на ім дзіцячай рукою імем «Аляксандр».
Пранціш для прыліку пастукаўся ў дзверы прафесарскага кабінету і гучна распавёў пра ліст, падкрэсліўшы, што прачытаць трэба неадкладна. У адказ – маўчанне.
– Ну дык я сам прачытаю, добра?
Маўчанне. Будзем лічыць, што гэта згода.
Змест ліста быў просты і лаканічны. Доктару Баўтрамею Лёдніку ў наступны панядзелак належала выправіцца ў шлях. Пан Гервасій Агалінскі заездзе за ім уранку. Пані Саламея Лёднік мусіла застацца ў Вільні і нікуды не адлучацца. Пранціш разумеў, што ім патрэбна была закладніца – каб доктар абавязкова вярнуўся. Да агульнага здзіўлення, Хвелька запрасіўся ехаць з гаспадаром – патлумачыўшы, што хоча нарэшце здзейсніць параду разагнаць лішнюю флегму. Падобна, і пані Саламея ленаватага слугу падгаварыла – усё ж спакайней, калі яшчэ адзін верны чалавек побач з падарожнікам апынецца. Вырашана было, што Саламеі дапаможа па гаспадарцы прыслуга, бедная жанчына з іхняга прыходу, якая дагэтуль толькі з’яўлялася на час, але пакуль можа і пасяліцца з гаспадыняй. А каб дом не заставаўся без мужчынскай абароны, возьме з сабой мужа, хоць кульгавы і падслепаваты, але ж стары жаўнер.
Карацей, заставался зноў прысніць пальму – бо нічога іншага не прыдумаеш, акрым як аддавацца на волю лёсу.