Текст книги "Прададзеная споведзь (СИ)"
Автор книги: Алесь Яфімаў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 5 страниц)
Сярод мінусаў у першую чаргу зноў трэба назваць залішнюю балбатлівасць аб'екта. Лічу, што гэты пабочны эфект можа ўскладніць ці як мінімум замарудзіць вырашэнне непасрэдных задач, ускладзеных на прэпарат. З іншага боку, дзякуючы гэтаму аб'ект можа даць нават больш карыснай інфармацыі, чым чакалі. Аднак нагадаю, што пакуль у большасці выпадкаў у якасці такой залішняй інфармацыі выступае рэфлексія, пра даставернасць і аб'ектыўнасць гаворка не ідзе. Занадта «перагнулі»: ад адназначных адказаў пераскочылі да разгорнутых апавяданняў, трэба шукаць баланс.
Так. Аб'ект пад уздзеяннем прэпарата становіцца вельмі камунікабельным, адкрытым і шчырым, што адпавядае вынікам папярэдніх даследаванняў.
Антыдот я даў добраахвотніку ў раствораным выглядзе праз гадзіну пасля прыему прэпарата. Можна канстатаваць, што, як і ў ранейшых выпадках, аб'ект не заўважыў у напоі, у дадзеным выпадку вадзе, дадатковага рэчыва. Ніякіх пытанняў адносна смаку і паху вады ад аб'екта не паступала. «Каталізатарам» антыдоту паслужыў маналог эксперыментатара, падрыхтаваны ў адпаведнасці з інструкцыяй. Аб'ект вельмі хутка пачаў губляць канцэнтрацыю і актыўнасць, у тым ліку гутарковую. Заснуў прыкладна праз пяць хвілін пасля таго, як ужыў антыдот.
На будучае: лічу неабходным змяніць умовы эксперымента, каб пасля ўжывання аб'ектам антыдоту наадварот стымуляваць яго актыўнасць і ўздзейнічаць разнастайнымі раздражняльнікамі. Напрыклад, яркім святлом, гучнай музыкай. Папрасіць яго выканаць якую-небудзь працу, не дазваляць садзіцца ці абапірацца на што-небудзь. Важна прасачыць дзеянне антыдоту ў неспрыяльных для сну ўмовах. Гэты паказчык трэба будзе абавязкова ведаць, выкарыстоўваючы прэпарат на практыцы. Больш за тое, лічу мэтазгодным правесці эксперымент, у межах якога аб'екту ўвогуле будзе забараняцца спаць. Неабходна даведацца, якія будуць вынікі пры такой умове. Разумею складанасць і рызыкі такога эксперымента, таму прапаную дэтальна распрацаваць адпаведны праект.
Так, далей. Аб'ект прачнуўся прыкладна праз чатыры гадзіны дваццаць пяць хвілін пасля ўжывання антыдоту. Сімптомы: галаўны боль, галавакружэнне, слабасць, млоснасць. Аб'ект памятае свае дзеянні прыкладна дзесяць-пятнаццаць хвілін пасля таго, як выпіў прэпарат. Нават наводзячыя пытанні эксперыментатара не садзейнічалі вяртанню памяці. Відавочна, што аб'ект не ставіць пад сумненне агучаную версію эксперымента і верыць: ужытая таблетка з'яўлялася снатворным. Яшчэ раз падкрэслю, што аб'ект, мяркуючы па ўсім, не зразумеў, што ўжыў таксама і антыдот. Такім чынам, можна канстатаваць: эксперымент прайшоў паспяхова. І прэпарат, і антыдот спрацавалі так, як і планавалася. Падрабязны аналіз будзе падрыхтаваны на працягу тыдня, з улікам далейшага апытання аб'екта.
Дадатак. Вынікі праведзеных эксперыментаў сведчаць пра тое, што і прэпарат, і антыдот дзейнічаюць надзейна і стабільна. Лічу, што назапашаных дадзеных ужо дастаткова, каб у мэтах эканоміі спыніць эксперымент у цяперашнім фармаце і перайсці на новы этап. Прапаную праводзіць больш адкрытыя апытанні, каб даведацца, як лёгка аб'ект можа даваць эксперыментатару асабістую і канфідэнцыйную інфармацыю. Спрабаваць ставіць пытанні наўпрост. З гэтага вынікае, што трэба мець магчымасць праверыць даставернасць атрыманых звестак, таму вартабольш сур'ёзна займацца адборам паддоследных. Псіхалагічных партрэтаў і асноўных звестак будзе ўжо недастаткова – трэба рабіць упор на факталагічны матэрыял.
Акрамя таго, няма гарантый, што аб'ект спакойна адрэагуе на адназначна няёмкае пытанне, напрыклад, пра пін-код банкаўскай карткі. Зыходзячы з нашай мэты, проста атрымаць даставерную інфармацыю – недастаткова. Паколькі пад уздзеяннем прэпарата аб'ект захоўвае здольнасць лагічна мысліць і досыць актыўна рухацца, неабходна ўпэўніцца, што ён не будзе рабіць спробаў збегчы ці аказаць супраціўленне. Пры гэтым варта ўдакладніць, паводле атрыманых даных, нягледзячы на захаванне згаданай здольнасці лагічна мысліць, аб'ект фактычна губляе здольнасць аналізаваць сітуацыю. Вынікі даследаванняў сведчаць, што аб'ект можа разумець прычыннавыніковыя сувязі, правільна рабіць лагічныя высновы, паслядоўна выкладаць свае думкі. Аднак уся яго ўвага накіравана на самаўсведамленне і рэфлексію, «аўтапсіхааналіз». І калі ўвагу аб'екта звонку не пераключыць на пэўную тэму, сам ён яе не пераключыць. Тэарэтычна аб'ект можа адказваць на абсалютна любыя пытанні і спакойна «выдаваць» самую інтымную інфармацыю, таму што пры гэтым яму будзе здавацца: нічога дзіўнага не адбываецца, сітуацыя нармальная, усё так, як павінна быць. Але калі аб'ект нейкім чынам задумаецца над тым, што адбываецца з ім у дадзены момант, і супаставіць факты, ён зробіць правільныя высновы. У нашым выпадку гэта азначае недаверлівае і варожае стаўленне да таго, хто задаваў пытанні, што можа прывесці да спробы збегчы ці агрэсіі. Такім чынам, неабходна праверыць рэакцыю паддоследных на самыя рэзкія пытанні на практыцы... Таксама нагадваю аб прапанове актыўна перашкаджаць засынанню аб'екта пасля прыёму антыдоту. Акрамя таго, лічу, што трэба змадэляваць сітуацыю, калі аб'ект увогуле не ўжываў антыдот.
Відавочна, што новы этап эксперымента характарызуецца значна большымі рызыкамі, галоўнымі з якіх з'яўляюцца рызыка непадпарадкавання і агрэсіі з боку аб'екта, а таксама, што больш важна, рызыка ненадыходу арганічнай амнезіі. Прымусовае выкарыстанне антыдоту для гарантаванай амнезіі небяспечна прыцягненнем залішняй увагі як падчас, так і пасля эксперымента (шум, сляды на целе аб'екта). Такім чынам, ствараецца сур'ёзная пагроза сакрэтнасці даследаванняў. З гэтай прычыны для перасцярогі, магчыма, будзе мэтазгодным вяртанне эксперымента ў межы закрытых устаноў.»
Ад аўтара: тут http://www.kgbveikla.lt/docs/show/2883/ і http://www.kgbveikla.lt/docs/ show/2877/ можна спампаваць PDF-файлы з раней сакрэтнымі дакументамі КДБ (1983 г.) пра выкарыстанне «сыроваткі праўды». Такім чынам, скразны сюжэт у маім творы – не зусім фантастычны (калі ўлічыць, што за апошнія 40 гадоў «прэпарат» неаднойчы дапрацоўвалі).