355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алесь Яфімаў » Прададзеная споведзь (СИ) » Текст книги (страница 4)
Прададзеная споведзь (СИ)
  • Текст добавлен: 1 апреля 2017, 03:30

Текст книги "Прададзеная споведзь (СИ)"


Автор книги: Алесь Яфімаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 5 страниц)

Авечка і Пастух

Даявед паглядзеў на суразмоўцу і пасля невялічкай паўзы працягнуў:

– Ведаеш біблейскі вобраз Добрага Пастыра? Ёсць меркаванне, што ён быў створаны на пустых землях, дзе знайсці добры выган для авечак не так ужо і проста. Пастухам трэба было гнаць статак досыць далёка, гнаць праз пяскі і сухія землі туды, дзе было багата свежай травы і вады. І вось уяві: ёсць пастух, які добра арыентуецца ў мясцовасці, які дакладна ведае, куды яму трэба гнаць сваіх авечак. І ён гоніць іх па пустыні да гэтага, умоўна кажучы, аазіса. Але ці ведаюць пра гэты маршрут авечкі? Натуральна, не. І вось, напрыклад, адбылося так, што пасярод шляху адна авечка заўважыла нейкі пучок травы. Яна, узрадаваная, рушыла да яго, каб паесці. Але ў хуткім часе да яе падышоў пастух і пацягнуў назад. Не ведаю, што адбываецца ў авечых мазгах, але, калі б яна мела розум, напэўна, абурана падумала б: «Ну што за халера? Толькі-толькі Я сама знайшла сабе добрыя ўмовы, толькі-толькі пачала жыць нармальна!.. І тут з'яўляецца гэты мужык, адрывае мяне ад майго сціплага, але сумленна здабытага багацця і цягне мяне назад у пустыню! На які ляд ён гэта робіць?». Авечка, напэўна, у гэты час адчувала б вялікую крыўду і нават адчай. «Я і так вельмі доўга ішла па гэтай пустыні. Мне было цяжка. Я хачу адпачыць. Я хачу піць і есці. І вось як толькі я нарэшце знайшла сабе хоць нешта, з'явіўся гэты мужык і ўсё ад мяне адабраў!» Разумееш, авечка не можа ўсвядоміць, што пастух адарваў яе ад скуднага пучка травы і пацягнуў назад у пустыню толькі дзеля таго, каб пасля прывесці ў тое месца, дзе травы больш. Авечка не ведае мясцовасці, не ведае канчатковай кропкі маршруту. Тое, што для яе здаецца трагедыяй, насамрэч з'яўляецца выратаваннем.

Магчыма, што так і ў жыцці. Чалавек абураецца, губляючы нейкі дабрабыт, асабліва калі ён сам яго здабыў. Аднак гэта можа з'яўляцца не трагедыяй, а выратаваннем. Яму здаецца, што ён згубіў нешта вялікае, аднак насамрэч гэта можа выявіцца толькі дробяззю ў параўнанні з тым, што чакае яго наперадзе. І чалавеку не варта ўпадаць у роспач і крыўду, а варта даверыцца Таму, у параўнанні з Кім яго розум выглядае авечым.

– Ай, гэтая псеўдафіласофія – толькі глеба для самасуцяшэння і адгаворак няўдачнікаў і проста пасіўных людзей. Вельмі зручна – перакладваць усе свае няўдачы на лёс ці нейкія звышсілы. Сутыкнуўся з цяжкасцямі – усё згубіў, апусціў рукі. Маўляў, а можа, так і трэба?

– А можа і трэба?.. Увогуле, я не кажу пра нейкія там цяжкасці... Я кажу пра сур'ёзныя, лёсавызначальныя змены. Пра тыя фактары, якія не залежаць ад самога чалавека. Калі пастух адрывае авечку ад яе травы і ўзнімае на плечы, хіба можа авечка штосьці супрацьпаставіць? Яна можа толькі крычаць і брыкацца, аднак істотна паўплываць на сітуацыю яна не можа. Проста таму, што не мае магчымасцей. Тое ж здараецца і з чалавекам: раз – і ўсё, ты нічога змяніць не можаш, застаецца толькі брыкацца і крычаць. Але ж я вяду да таго, што такія паводзіны – паводзіны неразумнай авечкі. Бо відавочна, што раз ты ўжо не суб'ект, які можа нешта вырашыць, а аб'ект, у дачыненні да якога штосьці адбываецца, то і галасіць няма ніякага сэнсу. Але веруючы чалавек не проста змірыцца, ён пры гэтым не перастае верыць, што ўсё гэта – да лепшага.

– Слухай, я ведаю «Кнігу Іова». Не трэба зараз яе пераказваць. Але перад гэтым ты распавядаў пра нейкія інструменты і рэсурсы. Казаў, што галоўнае – не згубіць інструменты, і калі-небудзь знойдзеш свой рэсурс, з якога пабудуеш жытло. Сам жа казаў, галоўнае – рухацца, галоўнае – шукаць, выбар за табой. А цяпер кажаш, што чалавек насамрэч нічога не вырашае, што ён толькі авечка, якая нават не мае магчымасці для супраціўлення нейкаму пастуху. Вось, напрыклад, чалавек, які нарадзіўся ў пустыні, не згубіў свае інструменты, усё жыццё блукаў з імі і нарэшце знайшоў рэсурсы. І толькі ён пачаў будаваць жытло – пажар, усё згарэла і навокал зноў пустыня. І ты кажаш, быццам бы гэта да лепшага?.. Не заўважаеш нейкай супярэчнасці?

– Абсалютна не. Ці думаў ты, што знойдзеных рэсурсаў магло быць недастаткова для пабудовы жытла? Ці думаў ты, што гэтыя рэсурсы маглі быць нізкай якасці? Магчыма, калі б чалавек пабудаваў сабе жытло са знойдзеных ім рэсурсаў, яно б абрынулася і заваліла б гэтага чалавека. Так, яму трэба будзе зноў блукаць па пустыні, зноў шукаць, але ж гэта лепш, чым быць пахаваным пад абломкамі? І няма тут ніякіх супярэчнасцей з вобразамі авечкі і Пастыра. Калі б авечка засталася са сваім скудным пучком травы, яна б доўга не пражыла – аналогія празрыстая. Ці, напрыклад, калі б авечка знайшла шмат добрай травы, аднак трава б гэтая расла па іншы бок ад рэчышча высахлай рэчкі. Авечка не можа ўсвядоміць, што пасля дажджу рэчка вернецца і дарогі назад ужо не будзе. А «Кніга Іова», дарэчы, не зусім пра гэта.

– Добра. Але ведаеш, што мяне заўсёды забаўляла ў гэтых старазапаветных вобразах?.. Відавочна ж, што авечак трымаюць толькі для таго, каб іх стрыгчы, а ў рэшце рэшт пусціць на мяса.

– Зноў-такі, трэба разумець, што гэты вобраз быў створаны, як лічыцца, дзесьці ў Палесціне. А там авечак разводзілі галоўным чынам для шэрсці, у авечак нават былі ўласныя імёны. Шэрсць – гэта тое, што авечка можа даць свайму пастуху, не страціўшы нічога. Як вобраз яна абазначае, напэўна, добрыя справы ці нешта такое.

«Рука Бога»

Маявер ужо цалкам уключыўся ў размову, «навязаную» Даяведам. Яго смутак незаўважна развеяўся, ён узбадзёрыўся і прагнуў жывой спрэчкі, фармат якой цяпер падабаўся яму куды больш, чым фармат «свецкай гутаркі»:

– Ай, на мой погляд, нейкая супярэчлівасць тут усё роўна застаецца. Калі ўжо паглыбляцца ў рэлігійную парадыгму, атрымліваецца так, што, з аднаго боку, трэба рабіць нешта самому і пры гэтым спадзявацца на дапамогу Бога, а з іншага – нельга паддавацца спакусе. Так?

– Так.

– Дык вось. Іншым разам адрозніць, скажам так, руку Бога ад спакусы вельмі складана. Але «рука Бога» – гэта я так, умоўна. Тут і лёс, і карма. Карацей, нейкая правідэнцыя. Пытанне, напэўна, нават не ў веры ў нейкія звышсілы, а ў псіхалогіі самога чалавека, разумееш? Вось іншым разам лёс даруе нешта. І чалавек успрымае гэта адназначна, маўляў, «пашанцавала» ці «заслужыў», і карыстаецца гэтым падарункам. Іншым разам нейкія магчымасці, якія дае лёс, успрымаюцца як спакуса. Напрыклад, заляцаўся да адной жанчыны – яна адмовіла. Ажаніўся з іншай. І вось першая, скажам так, празрыста намякае на адзюльтэр. Табе хочацца, аднак ты разумееш, што гэта – спакуса. Разумееш, што гэта няправільна, што гэта выклікае негатыўныя наступствы. І ўвогуле, гэтай жанчыне трэба было раней думаць, а цяпер ужо позна. Тут усё адназначна. Але нярэдка бываюць такія выпадкі, калі правідэнцыю ад спакусы адрозніць вельмі складана. Напрыклад, ты вельмі шмат зрабіў, каб атрымаць працу, якую хацеў. І вось цябе заўтра гарантавана могуць туды ўладкаваць. Але сёння табе паступае прапанова аналагічнай працы, толькі з больш высокай зарплатай. І што гэта? Ты маеш магчымасць зрабіць выбар на карысць другога варыянта, не парушаючы пры гэтым ніякіх норм. Аднак існуе нейкая трывога і няўпэўненасць. І тут рацыянальнага складніка ўжо недастаткова. Недастаткова проста ўважліва прааналізаваць абодва варыянты, узважыць плюсы і мінусы, пралічыць рызыкі. Ёсць нейкая зусім нерацыянальная боязь таго, што, калі ты абярэш другі варыянт, у будучым гэта вылезе бокам, і ты пашкадуеш. Ведаеш, як кажуць: «Лепш верабей у руцэ, чым голуб на страсе» – гэты прынцып нават у народнай свядомасці замацаваўся. Многія людзі, сапраўды многія людзі ўспрымаюць шчодрыя падарункі лёсу як бясплатны сыр. Яны чакаюць ад іх нейкага падвоху, таму часта адмаўляюцца ад шэрагу магчымасцей. Некаторыя лічаць сябе нявартымі, таму і разглядаюць гэтыя падарункі менавіта як спакусу. Але ці так гэта насамрэч? Канечне, калі чалавек занадта паглыбляецца ў самакапанне і ва ўсім бачыць нейкую сістэму, яму лепш звярнуцца да псіхатэрапеўта. Аднак нават прагматычныя людзі з цвярозым розумам іншы раз вагаюцца і не могуць вырашыцца. Ці, напрыклад, такая сітуацыя, калі ты можаш заставацца абсалютна пасіўным і пры гэтым нядрэнна жыць, а можаш біцца, каб паспрабаваць дамагчыся лепшага. З аднаго боку, вяртаючыся да тваіх слоў, – магчымасць напоўніцу выкарыстаць дадзеныя інструменты, шматкроць ускладняючы сабе жыццё, а з іншага – магчымасць карыстацца дадзенымі рэсурсамі: жыць ціха і спакойна, але сціпла і шэра. Дык як адрозніць руку Бога ад выпрабавання?

– Я думаю, што, калі гаворка ідзе менавіта пра Бога, верніку дастаткова толькі шчыра памаліцца і сказаць: «Калі не ад Цябе – забяры». А калі чалавек у Бога не верыць. хай падкіне манетку. Манетка, дарэчы, можа супакоіць чалавека псіхалагічна, дазволіць зняць з сябе маральную адказнасць.

– Ага, вось тое, пра што я раней казаў: калі ў такім выпадку нешта пойдзе не так, «вінаватай» будзе манетка. Зручна, зручна.

– Слухай, мне так здаецца: калі чалавек нечага насамрэч жадае – хай спрабуе, хай змагаецца. Вядома, не ўсё будзе адразу. Але ж трэба спрабаваць, трэба быць настойлівым. Калі дакладна ведаеш, чаго хочаш. А калі чалавек не можа зрабіць выбар і доўга топчацца на адным месцы, не ведаючы, у якія дзверы ўвайсці. Ну. Значыць, няма ў такім чалавеку характару і рашучасці. Але гэта неяк несур'ёзна, дарослыя людзі не павінны так сябе паводзіць.

– Добра, але я крыху пра іншае. Вось ты верыш у лёс, у знакі лёсу?.. Няўжо ты ніколі не сутыкаўся з такой сітуацыяй, калі ўсё само нейкім дзіўным чынам складаецца ў цэласную карціну і ты разумееш – гэта не супадзенне, гэта знак?..

– Сутыкаўся. Але чалавек часта бачыць толькі тое, што хоча бачыць. І тут можна сутыкнуцца не з «рукой Бога» і не са спакусай, а з банальным самападманам. Разумееш? У чалавека можа быць нейкая ўнутраная ўстаноўка, і ён пачынае. пачынае інтэрпрэтаваць факты такім чынам, каб яны гэтай устаноўцы адпавядалі. Умовы падстройваюцца пад ужо вядомы вынік, а гэта няправільна. А яшчэ я ведаю, што актыўны пошук нейкіх таемных знакаў і ўзаемасувязей – гэта псіхічнае расстройства. Апафенія, калі не памыляюся.

– Ну бывае ж так, што ты да нечага імкнешся, а ўсё быццам бы супраць цябе, нават усялякія форс-мажоры ўзнікаюць. Ты глядзеў «Пункт прызначэння»? – Маявер ужо стаміўся ад таго, што Даявед не разумее ці не хоча разумець сэнс яго пытання, таму паспрабаваў пажартаваць, каб крыху разбавіць спрэчку, якая ўжо станавілася нуднай.

Даявед станоўча кіўнуў і ўсміхнуўся – па інтанацыі і міміцы Маявера ён зразумеў, што пытанне пра фільм несур'ёзнае. Маявер жа працягваў:

– ...Ну вось кшталту таго. А бывае наадварот: ты асабліва нічога не робіш, але ўсё само складваецца найлепшым чынам. Але гэтыя сітуацыі, на мой погляд, можна патлумачыць двума спосабамі. Першы: усё не так, як здаецца. Ведаеш, гэтая канцэпцыя адлюстравана ў шматлікіх казках. карацей, у культуры. Напэўна ж – не проста так? Сэнс у тым, што лепш абраць складаны шлях. Бо цяжкасці з'яўляюцца не пакараннем і не знакам таго, што ты трапіў у тупік, а выпрабаваннем. А лёгкі шлях з'яўляецца спакусай. Таму, калі ты абярэш складаны шлях і пройдзеш яго – будзеш шчаслівы, а калі абярэш лёгкі – загінеш. З іншага боку, магчыма, усё нашмат прасцей: складаны шлях – насамрэч складаны, а лёгкі – насамрэч лёгкі і ніякага падвоху тут няма. Але ж які падыход правільны? Дзе правідэнцыя, а дзе спакуса?

– Слухай, ну ты ж разумееш, што абедзве гэтыя канцэпцыі цалкам ірацыянальныя? Разумны чалавек павінен быць прагматычным, абапірацца на факты, аналізаваць і рабіць прагнозы: што будзе, калі абраць гэты шлях, і што будзе, калі абраць іншы. Вось і ўсё. Няма ніякай правідэнцыі, і няма ніякай спакусы... Ёсць спрыяльныя і неспрыяльныя ўмовы – гэта нармальна. Ёсць псіхічныя асаблівасці ўспрымання інфармацыі. Але галава на плячах павінна быць у любым выпадку. І ўвогуле, мне нават цяжка ўявіць, каб дарослы чалавек так моцна пакутаваў перад выбарам і не адчуваў схільнасць да аднаго пэўнага варыянта. У крайнім выпадку – манетка, я ж сказаў. Не ведаю, што ты яшчэ хочаш ад мяне пачуць.

Наступіла цішыня. Маявер заўважыў, што зноў занадта разгаварыўся. Гэта было для яго нетыповым. Ён мог паводзіць сябе падобным чынам хіба што ў сваёй кампаніі, ды і то – толькі за чаркай. А тут нешта панесла: спачатку споведзі, пасля спрэчкі. Ды і на якія тэмы? З фактычна чужым чалавекам. Маявер быў здзіўлены сваімі паводзінамі, яму стала крыху сорамна і неяк няёмка за тое, што нагаварыў шмат лішняга, за тое, што настойліва спрабаваў выцягнуць з Даяведа разгорнуты адказ не нейкае ідыёцкае пытанне. Ён падумаў, што суразмоўцу, магчыма, увогуле нецікавыя такія тэмы, а тым больш – яго асабістыя перажыванні і псеўдафіласофскія разважанні. Маявер згадаў, што ў пачатку вечара спадзяваўся на лёгкую гутарку, а не на тую размову, якая ўрэшце атрымалася.

Але пачуццё сораму ў Маяверы было нейкае зусім малое і кволае. Яно знаходзілася дзесьці глыбока-глыбока ўнутры, быццам тычылася падзей, якія адбыліся ўжо даволі даўно, а не хвіліну таму. У той жа час ён адчуваў лёгкасць ад таго, як яму здавалася, што выгаварыўся. Маявер разумеў, што наўрад ці змог бы так пагутарыць з блізкім чалавекам, а Даяведа, магчыма, ён больш ніколі ў жыцці і не пабачыць. Такія думкі падаўлялі ўзніклае пачуццё сораму; Маявер адчуваў, што па вялікім рахунку ўсё зрабіў правільна, і ні аб чым імкнуўся не шкадаваць. Яму было лёгка і спакойна. Але разам з тым ён заўважыў, што паўза, якая ўтварылася пасля досыць працяглай гутаркі, збіла ў ім нейкі запал. Маявер адчуваў, як у ім згасае нейкая энергія і бадзёрасць, як баявы настрой змяняецца звыклым сумам. Аднак эмоцыі і думкі Маявера былі быццам бы нейкімі тусклымі; яны раствараліся ў густым, цёплым і ўсеабдымным адчуванні спакою, стомленасці і санлівасці.

Цішыню перарваў Даявед:

– Добра. Вось уяві, што ты на добрай машыне едзеш па аўтабане. Роўна, гладка і хутка. Прыгажосць. Але ты можаш з'ехаць на разбітую дарогу. І ехаць кудысьці ў іншы бок. Адразу ж знізіцца хуткасць. Машыну будзе значна трэсці, ехаць будзе вельмі нязручна. Задавальнення ад такога падарожжа значна меньш, чым ад язды па аўтабане. Будзе пыл і бруд. Машына можа забуксаваць ці ўвогуле зламацца. Але, з іншага боку, едучы па такой дарозе, ты можаш значна скараціць свой шлях. Магчыма, аўтабан робіць вялікую пятлю, а гэтая дарога ідзе напрамкі. Магчыма, наадварот. Вось і ўвесь выбар: ніякага падвоху няма. Можна спакойна ехаць па роўным аўтабане, а можна рызыкнуць і паехаць па разбітай дарозе. Трэба проста прааналізаваць кожны варыянт, а зрабіўшы выбар – весці сябе адпаведна. Бо забіцца можна ўсюды: справа не ў дарозе, а ў тым, як ты па ёй едзеш, – Даявед паглядзеў на Маявера так, быццам бы пытаўся: «Ну што, такім адказам ты задаволены?».

– Мая праблема ў тым, што я еду ў аўтобусе, – асаблівага імпэту ў Маявера ўжо не было, аднак яго ўзрадавала тое, што Даявед сам вырашыў працягнуць гутарку.

Цыгарэты забіваюць

Праз некалькі секунд цішыні Маявер няўпэўнена спытаў:

– Мне можна паліць?

– Я ж не доктар – адкуль я ведаю, – Даявед паспрабаваў пажартаваць, перайначыўшы стары анекдот. – Калі сур'ёзна, то пачакай, для чысціні эксперымента лепш абыйсціся без гэтага. І ўвогуле, цыгарэты забіваюць.

Маявер расчаравана ўздыхнуў – хацелася паліць:

– Цыгарэты забіваюць... Але колькі трэба выпаліць цыгарэт, каб яны цябе забілі?.. Тысячы, дзясяткі тысяч. І толькі тады можа ўзнікнуць рак лёгкіх, ці яшчэ нешта. І скажуць: «Яго забілі цыгарэты». Але калі за ўсё жыццё выпаліць усяго адну цыгарэту – нічога не будзе. Калі за ўсё жыццё выпаліць пачак і нават блок – нічога не будзе. Калі паліць усё жыццё па адной цыгарэце ў дзень – напэўна, таксама нічога не будзе. Разумееш? Цыгарэты забіваюць, толькі калі іх вельмі шмат і калі паліць іх сістэматычна. Тое ж самае і з любымі непрыемнасцямі, стрэсамі, крыўдамі, расчараваннямі. Калі яны дробныя і здараюцца нячаста – іх можна нават не заўважыць. Калі адбылося нешта насамрэч сур'ёзнае – гэта можна перажыць. Але калі яны ідуць суцэльным патокам, калі новая непрыемнасць наганяе цябе яшчэ да таго, як ты здолеў адысці ад папярэдняй, – гэта забівае. Забівае ў самым прамым сэнсе, як забіваюць цыгарэты ці іншая атрута. Гэта не вобразнасць і не перабольшванне. Дарэчы, на дапамогу прыходзяць тыя ж цыгарэты, бухло, яшчэ нешта. Чалавек мае неабходнасць у нейкіх транквілізатарах, у нейкіх антыдэпрэсантах, але ў нашых умовах самымі даступнымі з іх з'яўляюцца нікацін і этанол.

Паўсюдная незадаволенасць, якая ёсць ва ўсіх сферах, пачынаючы ад асабістага і завяршаючы нечым глабальным, нібы правакуе піць і паліць. Я разумею, што гэта не аргумент, што гэта – спроба перакласці адказнасць з сябе на вонкавыя фактары. Але ж нездарма гэтая краіна – у сусветных лідарах па колькасці алкаголікаў і суіцыднікаў.

Есці перад тэлевізарам

Даявед вырашыў паспрачацца:

– Ведаеш, я, як і многія іншыя людзі, люблю есці перад тэлевізарам. Там, праўда, звычайна паказваюць розную дрэнь. Цыцкі, дупы, жарты пра лайно. Неверагодна тупыя і прымітыўныя фільмы, у якіх акцёры нейкім чынам могуць і недаігрываць і пераігрываць адначасова. Паказваюць рэпартажы пра вайну, разруху, трупы, калек, галосячых жанчын, паміраючых дзяцей. А я ем. І ведаеш што? Мне смачна.

Разумееш, пра што я кажу? Трэба імкнуцца да нейкіх ідэалаў, да нейкай дасканаласці. Але разам з гэтым нельга прымаць блізка да сэрца ўсё тое, на што сам не можаш паўплываць. Так, калі паглядзець тэлевізар, а іншым разам – нават глянуць у акно, хочацца напіцца і забыцца ці выпаліць пару цыгарэт, каб супакоіцца. Але трэба прасцей да ўсяго ставіцца. Нават і ў асабістым.

– Гэта добра для тых, хто з'яўляецца насамрэч незалежным суб'ектам. Калі ў цябе ёсць уласны кавалак зямлі, гаспадарка, якая цябе цалкам забяспечвае, і ружжо, каб у выніку чаго пастаяць за сябе, – гэта адна справа. Пры такім раскладзе можна быць эгаістычным аднаасобнікам і смачна есці, гледзячы, як па тэлевізары паказваюць апакаліпсіс у жывым эфіры. Гэта сто гадоў таму можна было вось так вось жыць на якім-небудзь хутары паводле прынцыпу «мая хата з краю – нічога не знаю». Але нават і тады маглі прыйсці і ўсё забраць. Дарэчы, і прыходзілі, і забіралі. А цяпер усё яшчэ горш, бо ты не суб'ект, не гаспадар, а так – у лепшым выпадку арандатар. І калі што – нагой табе пад зад і ўсё. І праблема нават не ў тым, што так ёсць па сутнасці, праблема ў тым, што гэта ўсё навідавоку і немагчыма забыцца на такое становішча і жыць, пакуль жывецца. Бо кожны дзень усё гэта наваколле нагадвае, што ты тут ніхто і зваць цябе ніяк. Нават сам гэты горад.

Горад

– А што з ім не так?

– Ну, па-першае, трэба ўдакладніць, што я не мясцовы. Гэты горад мне не родны і ніколі такім не стане. А па-другое. На мой погляд, гэта не горад, гэта нейкі вялікі вакзал, і людзі ў ім – нібы праездам. Няма нейкай утульнасці, адчування, што ты дома. Ведаеш вакзалы? Граніт, шкло. Усё строга, усё прыбрана. Але няма нейкіх дробязей, нейкіх рэчаў, якія адрозніваюць вакзал ад жытла. Такі казарменны парадак і чысціня. І ўвесь час туды-сюды сноўдаюць паліцыянты і прыбіральшчыцы. Паліцыянты і прыбіральшчыцы, казарменны парадак і чысціня. Але няўтульна. Усё функцыянальна, усё побач – ежа, чытво, прыбіральня, крэслы. Але немагчыма насамрэч расслабіцца. Няма на вакзалах. ну, ва ўсякім разе на тых вакзалах, дзе я быў, такіх куточкаў, дзе табе добра і спакойна, дзе ты адчуваеш сябе як дома. І справа, напэўна, не ў паўсюдных паліцыянтах, прыбіральшчыцах, бамжах і камерах назірання. Проста сама гэта вакзальная атмасфера, ведаеш? Мітусня. І, нягледзечы на парадак, чысціню і нават пэўную прыгажосць, увесь час смярдзіць чабурэкамі і танным бухлом. Вось прыкладна такое ж уражанне ў мяне і ад гэтага горада.

І людзі. Мясцовыя людзі не жывуць у гэтым горадзе, яны жывуць толькі ў сваіх уласных кватэрках. Калі не казаць пра бамжэй. А ў самім горадзе яны, як і на вакзале, – праездам. На працу, з працы, туды-сюды. Я ж кажу, на сапраўдных вакзалах заўжды ёсць нейкія патрэбныя пункты: кропкі харчавання, крамы, кавярні, прыбіральні, цырульні, забаўляльныя цэнтры. І тут таксама: з кватэркі – на працу, з працы – у кавярню, з кавярні – у краму, з крамы – у кватэрку. Але ў самім горадзе, як мне здаецца, амаль ніхто не жыве. Бо гэты горад, як той вакзал – казённы. Гэта не твой дом, гэта дзяржаўная ўласнасць. Для мясцовых людзей нават пад'езд ці лесвічная пляцоўка

– не іх дом. Таму ўвесь час такая мітусня і абыякавасць, бо па вялікім рахунку ўсе ў гэтым горадзе

– праездам.

– Але ж ты ў ім жывеш.

– Так склаліся абставіны. Скажам так, мой горад даў мне інструменты, але ў ім не было рэсурсаў. А тут яны ёсць. Але я б не сказаў, што жыву тут – я тут пражываю, часова знаходжуся. І таму адчуваю сябе, быццам на вакзале. Пакінуў рэчы ў платнай камеры захоўвання – і па справах. Увогуле, пра сваё жыццё я табе ўжо распавядаў.

«Shocking Blue»

Маявер цяжка ўздыхнуў. Магчыма, ён успомніў нейкія асабістыя праблемы ці свой маналог пра аўтобус:

– ...І вось што ў такім жыцці добрага?

– Ну як жа. Як мінімум «Shocking Blue».

Маявер разгубіўся ад такога нечаканага адказу. Ён нават крыху задумаўся – ці не пачулася яму. Зразумеўшы, што не пачулася, усвядоміў: гэта такі жарт. Аднак усім сваім выглядам быццам бы запытаў у Даяведа: «Ці ты дурны, ці ты смяешся?». Тым не менш пасля невялікай паўзы сказаў:

– Я ж маю на ўвазе сваё жыццё, а не жыццё ўвогуле.

– Ну. У цябе ёсць магчымаць слухаць «Shocking Blue».

Маявер паспрабаваў зрабіць сваю міміку, якая ўвасабляла неагучанае рытарычнае пытанне, больш выразнай. Аднак на яго твары ўжо сама сабою расплывалася шырокая ўсмешка. Яму стала сапраўды весела. Маявер разумеў, што адказ суразмоўцы не такі ўжо і просты, што ў ім ёсць пэўная філасофія і глыбокі сэнс. Але весела яму было ўсё ж ад абсурднасці і нечаканасці такога адказу, ад нейкай дзіцячай непасрэднасці, якая ў ім была.

– Ды ідзі ты са сваім «Shocking Blue.»

Маявер знарок паспрабаваў адказаць раздражнёна, злосна. Ён жа тут душу раскрывае, а Даявед жартуе, ператвараючы інтымны момант, чарговую споведзь, у нейкі сіткам. Аднак у яго адказе адчувалася толькі весялосць. Даявед задаволена усміхаўся. Маявер, таксама усміхаючыся, на некалькі імгненняў аб нечым задумаўся, быццам спрабаваў нешта згадаць. Пасля паглядзеў на Даяведа і нягучна прабубнеў:

– There's a long and lonesome road. па-па-па-па-world. of you and me, babe.

Ён амаль шэптам прамармытаў яшчэ два радкі, а пасля гучна і дастаткова выразна праспяваў:

– Well, I wonder, well, I wonder, where I am.

Твар Маявера зноў стаў сумным:

– Гэта ж амаль пра мяне. «Мне цікава ведаць, дзе я знаходжуся. Ёсць доўгая і самотная дарога.» Нічога сабе. Таму ты згадаў менавіта «Shocking Blue»? Няўжо ты прадугледзеў?..

– Я проста пажартаваў. Увогуле ў гэтага гурта шмат добрых песень. Я не мог прадугледзець, што ты згадаеш менавіта гэту. Я нават не ведаў, ці памятаеш ты што-небудзь з «Shocking Blue» увогуле.

420

Даявед паглядзеў на гадзіннік на руцэ.

– Прабач, я зараз, – ён падняўся і выйшаў з пакою.

Праз некалькі хвілін ён вярнуўся са шклянкай вады, якую паставіў на столік перад Маяверам. Гэтым разам шклянка была поўнаю практычна да краёў:

– Калі ласка. Стаміўся?..

– Не, нармальна. – Маявер узяў шклянку і адразу ж выпіў больш за палову.

– Як ты звычайна засынаеш?

– У сэнсе?..

– Хутка ці не? Што робіш, калі не можаш доўга заснуць?

– Ну. па-рознаму.

– Авечак лічыш?

– У дзяцінстве некалькі разоў спрабаваў – нічога, здаецца, не атрымлівалася. А што?

– Ёсць меркаванне, што здароваму чалавеку для таго, каб заснуць, у сярэднім патрабуецца сем хвілін. Чатыраста дваццаць секунд. – Даявед гаварыў вельмі павольна і спакойна. – Можна паспрабаваць проста лічыць ад аднаго да чатырохсот дваццаці. Канечне, перад гэтым трэба ўтульна легчы і расслабіцца. У цёмным, свежым, але не халодным пакойчыку, ва ўтульным мяккім ложку.

Маявер пазяхнуў:

– Мне ажно спаць захацелася. – Ён узяў са століка шклянку і выпіў ваду.

– Можаш прылегчы. Дык вось, лічыць ад аднаго да чатырохсот дваццацці. Канечне, чалавек звычайна, асабліва перад сном, лічыць больш павольна, чым праходзяць секунды, але далічыць да канца не так і проста. Увогуле лічыць па ўзрастанні можна «на аўтамаце», таму гэта нецікава.

Маявер слухаў і не мог зразумець, навошта Даявед ўсё гэта расказвае, але ўжо ад самога маналогу хацелася спаць. Ён пазяхнуў яшчэ раз і амаль «расцёкся» па канапе, аднак пакуль яшчэ хутчэй сядзеў, чым ляжаў. Даявед жа працягваў.

– .цікавей, але і складаней лічыць наадварот – ад чатырохсот дваццаці да аднаго. Часта нават не заўважаеш, як збіваешся і пачынаеш лічыць у другі бок. Напрыклад, чатырыста дзесяць. чатырыста дзевяць. чатырыста восем.

Даявед гаварыў павольна і спакойна, робячы вялікія паўзы. Маявер ужо сапраўды засынаў.

– ...пасля падумаеш аб нечым і збіваешся: зноў ідзе чатырыста дзевяць, потым чатырыста дзесяць. І толькі пасля разумееш, што пайшоў назад. Іншым разам не можаш згадаць, на якім ліку спыніўся. А сакрэт у тым, што праз некаторы час – звычайна вельмі хутка – паміж лічбаў пачынаюць усплываць нейкія цікавыя думкі, успаміны, вобразы. І ты сам нават не заўважаеш, як пераключаеш усю ўвагу на іх і паглыбляешся ў нейкае падарожжа па сваім уласным свеце. Гэта быццам нейкі транс.

Маявер ужо распластаўся на канапе з заплюшчанымі вачыма. Даявед жа працягваў:

– І калі ў цябе сёння дзень эксперымента, давай правядзём яшчэ адзін. Уяві сабе табло, на якім будуць адлюстроўвацца лічбы, якія я называю. Чатырыста дваццаць. Чатырыста дзевятнаццаць. Чатырыста васямнаццаць. Чатырыста сямнаццаць...

Маявер сапраўды паспрабаваў уявіць сабе нейкае табло. Ён бачыў чорны экран, на якім гарэлі зялёныя лічбы. «Чатырыста сямнаццаць. Чатырыста шаснаццаць.» Аднак неўзабаве ўяўляць лічбы стала цяжка, ён згубіў канцэнтрацыю і проста слухаў павольны і спакойны голас Даяведа. У свядомасці насамрэч пачалі ўсплываць нейкія вобразы, нейкія цьмяныя думкі, якія былі вельмі абстрактнымі і расплывістымі. Здавалася, што голас Даяведа гучыць аднекуль здалёк... Маявер не заўважыў, як заснуў.

Завяршэнне

Прачнуўся Маявер неяк раптоўна, без усякіх падстаў. У пакоі было ціха, святло таршэра было мяккім і цьмяным. Ён проста неяк здрыгануўся – і прачнуўся. Магчыма, проста таму, што спаў у не зусім зручнай позе.

Галава была цяжкай, быццам ён спаў вельмі шмат ці наадварот – закімарыў пасярод дня на некалькі хвілін. Маявер сеў на край канапы, абапёрся лакцямі аб калені і паклаў твар у далоні. Ад рухаў галава крыху закружылася. У пакой зайшоў Даявед:

– Ты памятаеш, дзе ты?

Маявер прамармытаў нешта адабральнае.

– Ты памятаеш, хто я?

– Ага.

– Добра. Тады хуценька адкажы на пытанні. Сем на восем.

Маявер падняў галаву, некалькі імгненняў падумаў і млява адказаў заспаным голасам:

– 56?..

– Сталіца Францыі.

– Парыж...

– Першы элемент табліцы Мендзялеева.

Маявер зноў задумаўся. Цяжка ўздыхнуў і працёр вочы:

– Вадарод?..

– Добра. Цяпер вельмі ўважліва. Згадай падрабязна ўсё, што ты памятаеш з таго часу, як прыехаў сюды. Падрабязна, Маявер.

Маявер глыбока ўздыхнуў і адкінуўся на спінку канапы. Зноў закружылася галава, стала млосна.

– Ну. Калі я прыехаў, паглядзеў на гадзіннік. Было 17:58, мы дамаўляліся на 18:00. Я пазваніў у дамафон, ты адчыніў дзверы. Ты паказаў ванную і прыбіральню. Я памыў рукі і зайшоў у гэты пакой. Пасля. Пасля ты паказаў мне дакументы. Яны адразу ляжалі на гэтым століку. Я іх праглядзеў. Потым я падпісаў дагавор. Ты даў мне таблетку і ваду, я выпіў.

– Што было далей?

– Я памятаю, што ты выйшаў з пакою. Я сядзеў адзін. Пасля, напэўна, заснуў. Здаецца, я разважаў пра сутнасць эксперымента.

– Ты памятаеш, як мы размаўлялі пасля таго, як ты выпіў таблетку?

– Не, здаецца, што не памятаю.

– Маявер, згадай: праз некаторы час я зайшоў у пакой.

– Не.

– Я папрасіў цябе ўстаць і прайсціся. Спытаў, як ты сябе адчуваеш. Памятаеш?

– Не, не памятаю. Магчыма, нешта цьмянае.

– Пасля мы крыху паразмаўлялі і я выйшаў. Ты памятаеш, пра што мы размаўлялі?

– Не, я ўвогуле не памятаю, што мы размаўлялі.

– Добра. Не хвалюйся, гэта нармальна.

– Колькі часу?

Даявед паглядзеў на гадзіннік на руцэ:

– Амаль поўнач. Ты можаш застацца тут.

– Не. Я лепш паеду дамоў.

– Разумею. Я таксама люблю перад сном чысціць зубы ўласнай шчоткай. Але яшчэ некалькі пытанняў. Раскажы падрабязна, як ты сябе адчуваеш.

– Галава баліць. Слабасць. Увогуле такое ўражанне, быццам бы я моцна выпіў напярэдадні. Лёгкае галавакружэнне, млоснасць.

– Хочаш кавы або гарбаты?

– Не, вады, калі можна.

– Добра, зараз прынясу. Скажы, табе снілася што-небудзь?

– Не, здаецца, нічога. Магчыма, нейкі мутны і цяжкі сон, але я нічога не памятаю.

– Успамінай. Ці не было ў цябе галюцынацый? Не толькі візуальных, але і слыхавых...

– Не, здаецца, нічога не было. Не памятаю.

– Як ты ўжо, напэўна, здагадаўся, прэпарат – снатворнае. Сродак досыць эфектыўны, але пакуль мае некаторыя хібы. Пра самыя распаўсюджаныя я цябе папярэджваў, але былі выпадкі, калі ў людзей здараліся яскравыя галюцынацыі, калі людзі трызнілі. Таму мы зараз яго і дапрацоўваем. Ну, добра.

Даявед устаў, узяў са століка пустую шклянку і выйшаў на кухню. Вярнуўся з вадой і нейкімі паперамі. Даў Маяверу шклянку:

– Вось абяцаныя грошы. Запоўні дакумент, што ты сапраўды іх атрымаў.

Маявер папіў вады, упэўніўся, што яму далі ўсю суму, і запоўніў дакумент. Уключыў тэлефон і паклаў яго ў кішэню. Пасля схадзіў у прыбіральню і ў ванную. Доўга мыў халоднай вадой рукі і твар, імкнучыся асвяжыцца, але ўсё роўна адчуваў сябе досыць кепска.

Калі ён ужо апрануўся, Даявед сказаў:

– Калі заўтра або пасля будуць якія-небудзь праблемы з самаадчуваннем – абавязкова тэлефануй або пішы. Але яшчэ раз нагадаю, што нічога такога быць не павінна. Карацей, усе неабходныя паперы ў цябе ёсць. Ну ўсё, шчасліва даехаць! Да пабачэння!

Мужчыны паціснулі рукі, і Маявер выйшаў з кватэры.

Канец

...Даявед сядзеў перад камп'ютарам, праглядаў відэазапіс эксперымента і гаварыў у мікрафон: «...кантакт пачаўся прыкладна праз 15 хвілін пасля прыёму прэпарата. Паводле слоў аб'екта, дзеяння прэпарата і якіх-небудзь змен у самаадчуванні ён не заўважыў. Каардынацыя нармальная, гаворка крыху запаволеная. Аб'ект заўважна разняволіўся і актыўна падтрымліваў размову. Хутка цалкам пераняў ініцыятыву. Паддоследны пераважна займаўся рэфлексіяй, закранаў рэлігійныя тэмы. Разважанні абстрактныя. Тэматыка разважанняў накіравана ў асноўным на асобу самаго аб'екта, што адпавядае прынцыпу дзеяння прэпарата. Форма разважанняў, наяўнасць вобразнасці, рэлігійныя матывы тлумачацца суб'ектыўнымі прычынамі і асобаснымі характарыстыкамі аб'екта і дзеяннем прэпарата не абумоўлены. Гаворка звязная, лагічная, крыху запаволеная. Аб'ект не губляў сувязь думак і не рабіў рэзкіх пераходаў з адной тэмы на іншую. Такім чынам, можна зноў канстатаваць: дзеянне прэпарата не ўплывае на кагнітыўныя функцыі. Аб'ект можа падтрымліваць размову, разумець пытанні і адказваць на іх, ён захоўвае здольнасць думаць і размаўляць лагічна. Таксама падчас дзеяння прэпарата не назіраецца праблем з памяццю. Больш за тое, у аб'екта прысутнічае тэндэнцыя да ўспамінаў з дзяцінства. У канкрэтным выпадку гэта было ў завуаляванай форме, аднак увогуле стасуецца з вынікамі папярэдніх эксперыментаў. Такім чынам, можна зрабіць выснову пра пэўную заканамернасць, пра дадатковую праяву дзейнасці прэпарата...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю