![](/files/books/160/oblozhka-knigi-pradadzenaya-spovedz-si-246744.jpg)
Текст книги "Прададзеная споведзь (СИ)"
Автор книги: Алесь Яфімаў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)
– Чытаў? – спытаўся Даявед.
– Не. Я ўвогуле мала чытаю мастацкай літаратуры. Але ведаю ў агульных рысах. Я памятаю, што там у якасці эпіграфа ўрывак з «Фауста» Гётэ: « – Хто ты? – Я частка той сілы, якая заўжды прагне зла, але заўжды стварае дабро». Ну, ці неяк так. І ведаю, што Булгакаў быццам бы паказаў Воланда амаль як станоўчага персанажа. Гэта даволі цікава, бо аднойчы я задумаўся: а што ў людской свядомасці з'явілася раней – Бог ці Д'ябал? У сэнсе, добры пачатак ці злы?..
Маявер паглядзеў на Даяведа і працягнуў сваю думку:
– Ведаеш, як кажуць: «чорт паблытаў»? Насамрэч, гэта ж ніякі не чорт – гэта ты сам зрабіў нейкую лухту. І вось я, напрыклад, ніколі не чуў, каб чалавек зрабіў нешта добрае, і сказаў «Бог наставіў». Маўляў, гэта не я такі малайчына, гэта ўсё – і так асцярожна пальцам у неба – Ён. Не, магчыма, у пэўным асяродку якія-небудзь рэлігійныя фанатыкі так і робяць, магчыма, гэта было модным у якія-небудзь сярэдневяковыя ці барочныя часы, але звычайныя сярэднестатыстычныя людзі сёння так не кажуць. У лепшым выпадку могуць сказаць «з Божай дапамогай» ці «з Божай літасці», ці нешта такое, маўляў, Бог – так, на падхваце, а ўсю асноўную працу зрабіў я сам. А вось калі ўчынак дрэнны, дык адразу ж – «чорт паблытаў». Вельмі зручна. Дык вось, хто яго ведае, магчыма, тысячы год таму менавіта так і ўзнікла вера ў нейкія звышсілы. Напрыклад, не вельмі сумленны прадстаўнік старажытнага грамадства ў адну зяпу сажраў агульны запас ежы ці зрабіў яшчэ нешта падобнае. Астатнія за такую справу вырашылі сжэрці яго самога, злыя, абступілі «пацука» з дзідамі, а ён і кажа – «Гэта не я!». А злыя і галодныя людзі ў адказ: «Што ты, псячая морда, брэшаш? Вунь, у цябе яшчэ ўвесь твар нашай ежай запэцканы!». А гэты несумленны, але хітры і знаходлівы чалавек адказвае: «Дык гэта ўсё злы дух! Я з ім змагаўся-змагаўся, ды ён мацнейшы: засяліўся ў мяне і з'еў усе нашы запасы!». Ну, не проста так, канечне, а больш прыгожа і пераканаўча. З іншага боку, калі б людзі паверылі ў яго байку, яны маглі б забіць гэтага чалавека ўжо не за ежу, а за сувязь са злымі духамі. Але маглі б і абраць якімнебудзь шаманам ці аракулам. Гэта ўжо значна пазней нехта разумны здагадаўся назваць абжорства і іншыя тыповыя хібы чалавека «грахамі», каб у рэшце рэшт перакласці адказнасць за іх на ўласна чалавека, а не на нейкага абстрактнага «чорта». Таму, хто яго ведае, магчыма, у чалавечай культуры, міфалогіі і гэтак далей адмоўныя персанажы з'явіліся раней за станоўчых.
– Цікавая тэорыя...
– Але ж я не кажу пра тых істот, якіх лічылі багамі – стваральнікамі Свету. Здаецца, яны заўсёды былі досыць абстрактнымі. Затое ўсе тыя «духі», «дэманы» і іншыя, якія быццам бы маглі ўзаемадзейнічаць з жывымі людзьмі, былі больш канкрэтнымі. Магчыма, пакуль прыродныя з'явы «спісваліся» на багоў, асаблівасці чалавечых паводзін, якія выступалі за межы нейкіх норм, «спісваліся» на духаў ці дэманаў, ці яшчэ нешта такое.
– Ну, дык так і ёсць. У Сакрата было паняцце «даймоній», якое абазначала «ўнутраны голас» і тое, што ў наш час называецца сумленнем. Іншымі словамі, тады гэта паняцце мела станоўчую канатацыю.
– Значыць, цёмныя сілы ў самім чалавеку перамаглі. Увогуле, здаецца паказальным, што злых духаў пералічыць значна прасцей, чым добрых. У міфалогіі, фальклоры. Я нават зараз ніводнага станоўчага духа і не згадаю. Вось і ўся сутнасць чалавечай натуры: як зрабіў нешта мала-мальскі станоўчае – адразу я, а як зрабіў нешта кепскае – не я. Нехта іншы, у крайнім выпадку – злы дух. Даказаць немагчыма, але і абвергнуць таксама. Вельмі зручна. Дарэчы, цікавая акалічнасць: у тытуле манарха звычайна пазначалася «З Божай міласці» ці нешта такое. Маўляў, я не проста так манарх, а «з Божай міласці». Хоць невядома якім чынам ён стаў манархам. Нямала ж выпадкаў, калі чалавек прыходзіў да ўлады праз разнастайныя злачынствы, нават забойствы. Забіў чалавека – «чорт паблытаў». Забіў чалавека і праз гэта стаў манархам – «з Божай міласці кароль», «памазаннік Божы».
– Ну, дык звычайная рэч. Народу патрэбны вобраз станоўчага лідара.
– Народу патрэбны станоўчы лідар, а не вобраз, не?
– О-о-о. Ну, ты захацеў. Перамагае больш моцны, а не больш станоўчы. Стварыць вобраз станоўчага лідара значна прасцей, чым прывесці да ўлады сумленнага і шчырага чалавека. А так – бярэш любога, хоць нават бандыта, падключаеш адміністратыўны рэсурс, грошы, каманду добрых піяршчыкаў – і станоўчы вобраз будзе гатовы. Бо галоўнае не тое, кім насамрэч з'яўляецца лідар, галоўнае – як яго ўспрымае народ. Можна вярнуцца да таго ж эпіграфа з «Фауста»: калі нават чалавек першапачаткова прагнуў улады, грошай, асабістых бонусаў ці нечага такога, што ў дадзеным кантэксце можна назваць «злом», для захавання ўлады яму ў любым выпадку будзе неабходна ствараць «дабро».
– Ага, асабліва ў першы тэрмін і перад выбарамі.
– Я табе так скажу: сярод уладароў мала насамрэч мудрых людзей, бо насамрэч мудрыя людзі не прагнуць улады. Так усюды заўжды было, ёсць і будзе. Вось і ўсё. Разумныя, прагматычныя, нават адносна шчырыя і сумленныя – так, але не мудрыя.
– А што такое мудрасць?
– А халера яе ведае.
– Мудра. Але ж чалавецтва дайшло да рэспублікі, да дэмакратыі. Каб мудрыя людзі «знізу» маглі ўплываць на ўладу. Хоць некаторыя і не дайшлі.
– Ведаеш, ва ўсякіх прытчах і байках мудрацы заўжды знаходзяцца дзесьці адасоблена ад грамадства, у нейкіх гарах, напрыклад. Я думаю, што ў рэальнасці яны таксама адасобленыя, хоць не фізічна, але сацыяльна ці яшчэ як-небудзь. Менавіта таму, што мудрыя.
Пра грамадства
– Дарэчы. Пра дабро, зло і рэспубліку, – Маявер дэманстратыўна ўзняў кулак. – Вось хрысціянства – адна з галоўных рэлігій свету, ёй амаль дзве тысячы гадоў, – Маявер адтапырыў вялікі палец. – Хрысціянскіх краін даволі шмат, – адтапырыў указальны палец. – Галоўныя запаветы Хрыста: любі Бога і любі бліжняга свайго. Я разумею, у які час мы жывем, таму ў гэтым кантэксце першы запавет апусцім. А запавет «любіць бліжняга свайго» – выдатны падмурак для, скажам так, свецкай этыкі. Згодны?
Даявед станоўча кіўнуў. Маявер адтапырыў сярэдні палец:
– Тры тэзісы, – Маявер трасануў рукой з адтапыранымі пальцамі, як быццам імкнуўся замацаваць сваё сцвярджэнне гэтым жэстам, пасля чаго апусціў руку. – І вось, наколькі я ведаю, за гэтыя амаль дзве тысячы гадоў ніводная хрысціянская краіна не зрабіла сваёй, так бы мовіць, дзяржаўнай ідэяй любоў чалавека да бліжняга. Я ведаю пра крыжовыя паходы, пра інквізіцыю, якія прыкрываліся хрысціянствам. А вось грамадства, пабудаванае на запавеце самога Хрыста, я не ведаю. У наш час у свецкіх дзяржавах рэлігія адышла на другі план, затое існуе паняцце свецкай этыкі. Добра, але ж запавет «любіць бліжняга», відавочна, знаходзіцца ў аснове і свецкай этыкі, і гуманізму ўвогуле. Але што мы маем насамрэч? Свецкая этыка фактычна не адпавядае таму, аб чым казаў Хрыстос. Бо яна заўжды падзяляе людзей на катэгорыі. Свецкая этыка вучыць быць прыкладам для малых – проста таму, што яны малыя; шанаваць старых – проста таму, што яны старыя; саступаць жанчынам – проста таму, што яны жанчыны (хоць у наш час гэта ўжо неактуальна). Ну, і гэтак далей. Быць талерантным да ўсялякіх меншасцей – проста таму, што яны меншасці. І гэта прапагандуецца, выкладаецца ў школах, гэтаму бацькі вучаць дзяцей у сем'ях. Але ўсё гэта падзяляе людзей на катэгорыі. І фраза пра тое, што ў наш час найбольш дыскрэдытуюцца белыя мужчыны-натуралы, ужо не выглядае смешнай. Аднак я не пра гэта. Я пра тое, што, наколькі мне вядома, нідзе не вучаць і не прапагандуюць проста любіць усіх людзей. Ніхто не стварыў на гэтым тэзісе паўнавартасную ідэалогію. Так, чалавечае жыццё фармальна прызнаецца найвышэйшай каштоўнасцю, што замацавана ў розных статутах, але гэта не тое. Бо, папершае, фармальна, а па-другое – размова не пра любоў. І я лічу, уся справа ў тым, што падзяляць людзей на розныя групы, – проста выгадна. Бо ў рэшце рэшт атрымліваецца падзел свой/ чужы. А далей – падзяляй і ўладар. І па-ранейшаму чалавек чалавеку не брат, а воўк. Сацыяльны дарвінізм не проста захоўваецца, ён культывуецца, таму што на гэтым трымаюцца ўсе іерархіі, і ў рэшце рэшт – дзяржава. Бо чым больш будзе груп і катэгорый у грамадстве, тым больш разрозненым яно будзе. Прадстаўнікі такога грамадства будуць удзельнічаць у бясконцай мышынай валтузні паміж сабой, бо кожны чалавек адначасова адносіцца да некалькіх сацыяльных груп, і знайсці абсалютнага, скажам так, пабраціма ў такім грамадстве вельмі цяжка. І нават калі такія людзі знойдуцца, раптам можа высветліцца, што ў аднаго – Apple, а ў іншага —Samsung. Разумееш? Карпарацыі і культ спажывання таксама спрыяюць падзелу грамадства. А ў той жа час любая дзяржава з'яўляецца амаль маналітам, бо ў яе ёсць моцны шкілет з прапісаных правілаў.
– Ой, ну гэта нейкая тэорыя змовы. Відавочна ж, што ў людзей ад прыроды ёсць схільнасць падзяляцца на катэгорыі, утвараць іерархіі і ўсякае такое.
– Калі з грамадствам добра «папрацаваць», яго можна змяніць. Згадаць хоць бы камунізм, нацызм, культ асобы і шмат чаго іншага. Сам жа казаў: адміністратыўны рэсурс плюс грошы плюс каманда добрых піяршчыкаў. Калі б такім чынам культываваць любоў да бліжняга – можа вынік і быў бы. Але асабіста я прыкладаў такога кшталту ў гісторыі не ведаю.
– Не, тут справа ў тым, што камунізм, нацызм, культ асобы, усякія секты і гэтак далей трымаліся на нейкім ідэальным вобразе. У рэальнасці не быў пабудаваны Тысячагадовы Рэйх, не быў пабудаваны сапраўдны камунізм. Культавыя асобы былі далёкімі ад «простага» народа і з'яўляліся вобразамі, пра якія я казаў. А бліжні – не ідэальны, а рэальны. Са шматлікімі хібамі і мінусамі.
– Але ж людзі любяць родных і сяброў? А яны таксама не ідэальныя, таксама з хібамі і мінусамі. Думаю, што ўсё ж справа ў дэфініцыі свой/чужы. А што тычыцца грамадства – ёсць жа, напрыклад, амішы. Было б цікава паглядзець, як бы яны жылі, калі б мелі сваю незалежную дзяржаву.
– Ну, у амішаў таксама ёсць раздзяленне свой/чужы. Хто не аміш, хоць нават таксама хрысціянін, – чужы. Так, цікава было б паглядзець на дзяржаву амішаў. Думаю, у наш час такая дзяржава тэарэтычна магла б з'явіцца. У сэнсе, у ранейшыя часы гэта было ў прынцыпе немагчыма, бо яе хутка б знішчылі больш ваяўнічыя суседзі. Але ўвогуле, нездарма некаторыя кажуць, што жыццё – гэта вайна, вайна ў глабальным сэнсе: кожнага асобнага чалавека са светам. І я лічу, што ў гэтай вайне не бывае саюзнікаў, бываюць толькі тыя, хто пэўны час страляе ў той жа бок, што і ты. Незаўважна мы перайшлі ад літаратуры да вайны.
Маявер моўчкі паківаў, разумеючы, што гэта не проста канстатацыя факта. І насамрэч Даявед неўзабаве працягнуў:
– Вось ты кажаш, што мала чытаеш. Але ці ёсць у цябе любімы твор? Любімы пісьменнік?
– Не. Любімых няма. – Маявер заўважыў, што яшчэ некалькі хвілін таму радаваўся перспектыве паўдзельнічаць у «свецкай гутарцы», але цяпер у яго ўжо не было што сказаць па такой «свецкай» тэме, як літаратура.
Тым не менш ён разумеў, што яго ўжо крыху «панесла», – папярэднія маналогі пра дабро, зло, Бога і ідэальнае грамадства маглі здавацца суразмоўцы недарэчнымі і нейкімі дзіўнымі. А фразу пра незаўважны пераход ад літаратуры да вайны Маявер успрыняў як празрысты намёк на тое, што лепш размаўляць менавіта пра літаратуру. Таму ён вырашыў паспрабаваць весці гутарку ў адпаведнасці з фарматам, які, на яго погляд, імкнуўся навязаць Даявед. Бо той быў гаспадаром кватэры, у якой сам Маявер быў толькі госцем.
Зімовы шлях
Крыху падумаўшы, Маявер сказаў:
–...Але ёсць творы, якія моцна ўразілі. Магчыма, нават аказалі нейкі ўплыў. Вось, напрыклад, мяне вельмі моцна ўразіў цыкл песень «Зімовы шлях» на музыку Шуберта. Ты ведаеш?
– Не, я не аматар класічнай музыкі.
– Вершы напісаў нямецкі паэт. як жа яго прозвішча. Мюлер! Так, здаецца, Мюлер. Але цыкл стаў знакаміты менавіта ў якасці песень, ужо як музычны твор. Карацей, адносна ўласна літаратуры прыклад, магчыма, так сабе, але ўсё ж. Сам Шуберт назваў яго «вянок жудасных песень». І сапраўды, на мой погляд, гэта самы трагічны твор у свеце. Ніякія «Рамэа і Джульета» і побач не стаялі! Я ўжо дакладна ўсё не памятаю, апошні раз слухаў яго досыць даўно. Але гэты цыкл мяне вельмі моцна ўразіў. Сэнс у тым, што герой вымушаны сысці ад нявесты, якую вельмі кахаў. Калі не памыляюся, таму што ён быў занадта бедны для яе, і яго неўзабаве маглі выгнаць. І вось ён вырашыў не чакаць такой ганьбы і пайшоў сам. Але ісці яму няма куды, і грошай у яго няма. І вось ён блукае. Зіма, холад, пустата. Усё быццам мёртвае. У героя няма дома, няма грошай, няма ніводнага блізкага чалавека, няма сэнсу жыцця. Хоць яшчэ нядаўна – усё было. І ён проста ідзе, не ведаючы куды. У маім пераказе гэта, магчыма, не так уражвае, але музыка Шуберта робіць сваю справу: кожная песня надзвычай атмасферная. Можа падацца, што ўсё досыць трывіяльна і ніякай сур'ёзнай трагедыі насамрэч няма. Так, гэта рамантызм і ўсё такое. Але ўяві сябе ў такой сітуацыі. Калі задумацца, гэта ўсё вельмі страшна і сапраўды трагічна... І справа не толькі ў тым, што чалавек пасярод зімы стаў фактычна валацугай без дома, грошай і знаёмых, якія б маглі яму дапамагчы. Ён у адчаі, ён вельмі перажывае, яму кепска ў першую чаргу ў маральным плане, а не ў фізічным.
Дык вось, самае трагічнае ў гэтым цыкле. Там адна песня называецца «Вясновы сон». Герой бачыць цудоўны сон: яму сніцца май, прырода, птушкі. Але крычыць певень, і ён прачынаецца: навокал цёмна, халодна, чутны крыкі крумкачоў. Замест кветак, якія яму сніліся, – намаразь на вакне. Яму становіцца вельмі крыўдна і горка, але ён зноў засынае. У другім сне герой бачыць сваю каханую, яна яго абдымае і цалуе, яму зноў добра. Певень крычыць яшчэ раз, і герой вяртаецца ў суровую рэальнасць.
І зноў жа – трэба чуць музыку, яна вельмі значна ўзмацняе эфект. У сне музыка светлая, лёгкая, пяшчотная, а ў рэальнасці – мінорная, нейкая калючая, цяжкая. Відавочна, Шуберт адлюстраваў у ёй не толькі кантраст сну і рэальнасці, але і кантраст вясны і зімы. Карацей, ведаеш, я думаю, што гэты матыў, напэўна, і ёсць самае трагічнае ў літаратуры. І, магчыма, у жыцці ўвогуле. Калі насамрэч у цябе нічога і нікога няма, навокал толькі цемра і холад, але пры гэтым сніцца нешта добрае і светлае... Такі сон – не суцяшэнне, гэта жорсткі здзек. Зноў-такі, не ведаю, магчыма, у маім пераказе ўсё не так красамоўна, як у самім творы, аднак, калі ўявіць такую сітуацыю – сапраўды страшна. Сапраўды жудасна.
Маявер замаўчаў і паглядзеў на Даяведа так, быццам толькі што агучыў нейкую непрыемную навіну. Даявед быў сур'ёзны – Маяверу нават здалося, што той сапраўды паспрабаваў уявіць сабе апісаную сітуацыю і паставіць сябе на месца галоўнага героя. Праз некалькі секунд цішыні Даявед сказаў:
– Цікава. Але прыём кантрасту – рэч не новая. Нават прымітыўная. Аднак гэта жыццёва. З іншага боку, выкарыстанне такога прыёму ў літаратуры, магчыма, дзейсна, але не арыгінальна... «Зімовы шлях», кажаш? – Маявер адказаў станоўчым ківаннем. – Цікава, трэба будзе паслухаць. У прынцыпе, галоўнае ў любой сітуацыі – захоўваць самакантроль і цвярозы розум. Трэба прымаць сапраўдную рэальнасць, каб падсвядомасць не стварала альтэрнатыўную. Іначай атрымаеш суцэльнае расчараванне ці нават псіхічныя расстройствы. Таму я думаю, што насамрэч трагізм гэтага твора ў першую чаргу ў тым, што герой якраз не змог прыняць рэальнасць, а не ў самой сітуацыі, у якой ён апынуўся. Бо ўвогуле трагізм – рэч суб'ектыўная. Само па сабе нічога – нават смерць – трагедыяй не з'яўляецца, усё залежыць ад успрымання чалавека.
– А які ў цябе любімы твор?
– Я таксама не асабліва шмат чытаю. Шчыра кажучы, назва першай главы з «Майстра і Маргарыты» і іншае – гэта проста такая фішка, каб пачаць размову. Калі зусім шчыра – я даволі часта ёй карыстаюся...
– Дзейсна, але не арыгінальна, – Маявер з'едліва пасміхнуўся.
Даявед дэманстратыўна ўзняў вялікі палец, зрабіўшы адпаведны выраз твару, – маўляў, «падкальнуў, малайчына».
Успрыманне часу
Маявер запытаўся:
– А «Фауста» ты таксама не чытаў?
– Цалкам – не.
– А вось я калісьці чытаў. Памятаеш, што Мефістофель прапанаваў Фаусту?
– Спыніць імгненне, калі не памыляюся.
– Так. На мой погляд, гэта вельмі цікавая спакуса. Толькі спыніць хацелася б не пэўны момант, а пэўнае становішча, пэўную сітуацыю. Ведаеш, вось у дзяцінстве, напрыклад, жыццё падаецца статычным. Нараджаешся, і адразу, як толькі пачынаеш усведамляць сябе і наваколле, падаецца, што свет быў менавіта такім, якім ты яго бачыш, заўсёды. Разумееш, што жыццё было і да цябе, разумееш, што ўсё старое калісьці было новым, што ўсе дарослыя калісьці былі дзецьмі. Нават можаш глядзець старыя фотаздымкі, на якіх твае дарослыя сваякі яшчэ малыя. Табе тлумачаць, што некаторыя з людзей на гэтых фотаздымках ужо памерлі. Ты ведаеш, што ўсё нараджаецца, старэе і памірае, і гэта падаецца натуральным. Аднак яшчэ не разумееш гэтага насамрэч, а проста ўспрымаеш як факт. Усё, што было да твайго нараджэння, для цябе з'яўляецца небыццём, тым, чаго ніколі і не было, а калі і было, то вельмі-вельмі даўно. І па вялікім рахунку не мае значэння, калі канкрэтна нешта адбывалася – за сто, за дзесяць ці за адзін год да твайго нараджэння. Ці, дакладней, таго часу, калі ты пачаў сябе ўсведамляць і нешта дакладна запамінаць.
Існуе меркаванне, што чалавек фарміруецца як асоба і дакладна разумее сваё «я» ўжо ў тры гады. Дык вось, калі табе ўсяго тры-чатыры гады, тэрмін у дзесяць гадоў падаецца велізарным, бо ён ў некалькі разоў перавышае працягласць твайго жыцця. І пры гэтым ты разумееш, што ўжо шмат чаму навучыўся, шмат што засвоіў. І калі спрабуеш уявіць сабе адрэзак у дзесяць ці ў сто гадоў, табе здаецца, што за такі вялікі тэрмін можна навучыцца абсалютна ўсяму, можна знайсці адказы на ўсе пытанні. Сто гадоў падаюцца табе амаль бясконцасцю. Бо ты проста не разумееш, што большую частку жыцця будзеш вымушаны марнаваць не на самога сябе.
Але ж я крыху адхіліўся. Калі чалавек прыходзіць у гэты свет, ён быццам трапляе ў нейкі мастацкі твор, у нейкую п'есу, дзе ўсё прапісана ў самым пачатку. Кшталту, персанаж такі, у такім вось узросце, мае такі вось характар і гэтак далей. Тое ж і з «дэкарацыямі». У цэнтры сусвету дзіцяці знаходзіцца яно само. Дзіця з'яўляецца пакуль не галоўным героем, але ўжо галоўным гледачом «п'есы», у якую яно трапляе. І вось у чым галоўнае хараство ўспрымання часу і нават жыцця ўвогуле ў дзяцінстве: табе здаецца, што так, як ёсць, было заўсёды, што старыя заўсёды былі старымі, што хворыя заўсёды былі хворымі, што багатыя заўсёды былі багатымі, а бедныя – беднымі, добрыя – заўсёды добрымі, буркатлівыя – буркатлівымі. Больш за тое, табе здаецца, што кожнага чалавека задавальняе яго становішча. Ты нават можаш кпіць з інвалідаў і перадражніваць іх, але не таму, што ты такі злы і бессардэчны, а проста таму, што не разумееш усёй трагедыі: усё, што ты бачыш навокал, здаецца табе нормай. Здаецца, што нейкі стары перакошаны будынак развальваўся заўсёды, але пры гэтым ён ніколі не разваліцца. Здаецца, што патрэсканы асфальт з ямамі заўсёды быў патрэсканым і з ямамі, але ён ніколі не стане горшым, чым зараз. Здаецца, што выцвілая і аблупленая фарба на сцяне заўжды была выцвілай і аблупленай, але яна ніколі не выцвіце і не аблупіцца канчаткова... Ды што далёка хадзіць – ва ўласным доме ўсё здаецца спрадвечным і вечным: шпалеры, мэбля, свяцільні, нават некаторыя хібы кшталту драпін і плям. Канечне, пры гэтым існуе рух, рух і ў часе, і ў прасторы. Аднак падаецца, што ён адбываецца ў межах статычнай карціны. Ведаеш, я думаю, што ў гэтым і ёсць шчасце ранняга дзяцінства: ілюзія абсалютнай статыкі і стабільнасці. І вось спыніць гэта – не імгненне, а ўсю сітуацыю, закансерваваць яе – вялікая спакуса, якой бы я, магчыма, паддаўся б. А вярнуцца ў той дзіўны свет можна толькі ў снах – як у тым «Зімовым шляху».
Маявер паглядзеў на Даяведа і працягнуў:
– Потым час крыху паскараецца. Дзіця пачынае заўважаць цыклічнасць: зімой яно памятае мінулую зіму, летам – мінулае лета. Цыклічнасць падкрэсліваюць і сямейныя святы, традыцыі. Напрыклад, Раство ці Вялікдзень. Рэлігійныя святы. Бо традыцыі ў іх, калі адзначаць правільна, даволі жорсткія, нават у наяўнасці пэўных страў і спосабу прыёму ежы. Дзень нараджэння самога дзіцяці кожны год адбываецца па-рознаму, таму цыклічнасць, напэўна, тут у поўнай ступені не заўважаецца. А вось на рэлігійныя святы існуе пэўны непарушны алгарытм. Асабіста я, напрыклад, часткова памятаю пост перад Раством. Мае бацькі не былі фанатычнымі вернікамі, але ў некаторай ступені посту прытрымліваліся. Памятаю, як кожны год 24 снежня мы ставілі і ўпрыгожвалі ялінку. Потым хадзілі ў лазню. І гэта была не проста лазня: было адчуванне, што менавіта ў гэты дзень ты становішся чысцей не толькі целам, але і душой. Потым была адмысловая вячэра, з адмысловымі стравамі, якія ў нашай сям'і гатавалі звычайна толькі перад Раством... Усе апраналі «параднае» адзенне, хоць нікуды не хадзілі, ды і да нас ніхто не прыходзіў. Па тэлебачанні ў гэты дзень таксама было нешта адмысловае, у тым ліку і для дзяцей. І засыналася 24 снежня неяк па-іншаму, не так, як звычайна. Адчувалася атмасфера нейкага цуду і менавіта рэлігійнага, духоўнага свята – весялосці не было, але было пачуццё ўрачыстасці. У маёй дзіцячай галаве нават былі нейкія развагі пра Бога, пра ўласную грахоўнасць. Хоць у той час я быў яшчэ дашкольнікам і, здаецца, нічога асабліва грахоўнага нарабіць яшчэ не паспеў. Я засынаў з малітвай, але пры гэтым дзесьці ў галаве блукалі і звычайныя дзіцячыя думкі: хацелася як мага хутчэй заснуць, каб раней прачнуцца і пабегчы пад ялінку за падарункам. А на наступны дзень свята насіла больш свецкі характар.
Нешта падобнае памятаю і пра Вялікдзень. На гэта свята звычайна збіралася шмат сваякоў у найстарэйшага прадстаўніка роду. І хоць Вялікдзень не прывязаны да пэўнай даты, ён усё роўна характарызуецца строгай традыцыйнасцю, а таму – выразнай цыклічнасцю.
Зноў я паглыбіўся ва ўласнае, але ж гэта толькі прыклады, каб ты лепш зразумеў, пра што я кажу. Не ведаю наконт рэлігійных святаў, аднак упэўнены, што ў многіх існуюць аналагічныя ўспаміны пра Новы год у дзяцінстве... Даўно не адчуваў такіх пачуццяў, як калісьці на Новы год.
Пасля (напэўна, калі ідзеш у школу) час паскараецца вельмі заўважна. Заўважаеш у першую чаргу лінейны рух: ты хутка расцеш, хутка пераходзіш з аднаго класа ў іншы. У цябе застаецца вельмі мала вольнага часу, дні здаюцца значна карацейшымі, чым раней. Навучальны год пралятае значна хутчэй, чым табе здавалася. І толькі летам можна быццам бы вярнуцца назад, у пэўную бесклапотную статычнасць і стабільнасць. Але і лета пралятае вельмі-вельмі хутка. Калі табе было тры-чатыры гады, лета здавалася амаль бясконцым. Бо ў тры-чатыры гады ты за адзін дзень атрымліваў настолькі велізарны аб'ём інфармацыі, што і сам гэты дзень падаваўся вялікім і надзвычай цікавым. А школьныя канікулы – так, як пашэнціць. Канечне, у малодшых класах гэта яшчэ дзяцінства, гэта яшчэ гульні, актыўны клопат бацькоў, нейкія адкрыцці і вялікая прага і цікавасць да жыцця. Вечарамі нярэдка было сумна, што дзень ужо прайшоў, і хацелася, каб хутчэй надышоў новы, бо ў цябе было шмат цікавых і прыемных спраў.
Дык вось, падчас навучання ў школе, на мой погляд, рух часу выглядае больш лінейным: ты ідзеш наперад крок за крокам. Цыклічнасць застаецца і нават падкрэсліваецца школьным жыццём: 1 верасня, чвэрць, канікулы, чвэрць, вялікія зімовыя канікулы з Раством і Новым годам, чвэрць, канікулы, чвэрць, апошні званок, лета. Лета ў школьныя гады – як маленькае жыццё. Але гэтая цыклічнасць ужо не ў межах статычнай карціны – яна дынамічная; гэта не рух па коле – гэта рух па спіралі. Рух быццам бы ўверх, але ў той жа час – у невядомасць. Акрамя таго, менавіта ў школьныя гады ты ўжо памятаеш дастаткова цыклаў. Дастаткова для таго, каб асобныя ключавыя падзеі згубілі сваю ўнікальнасць, сваю чароўную атмасферу, свой шарм. Усё становіцца, як кажуць, «ужо не тым». І самае галоўнае – у гэты час ты канчаткова разумееш, што ніякай стабільнасці не існуе. Ты бачыш, як усё змяняецца (часта не ў лепшы бок), і разумееш, што нічога вечнага не існуе. Ты разумееш, што хворым не падабаецца быць хворымі, а інвалідам – інвалідамі. Разумееш, што дурныя звычкі ці кепскі характар у некаторых людзей – не налады «па змаўчанні», а вынік нешчаслівага лёсу. Ты непазбежна сутыкаешся з пераменамі, куды больш радыкальнымі, чым, напрыклад, перастаноўка мэблі ці замена шпалер. І дакладна ўсведамляеш: таго, што было, ужо больш ніколі не будзе, і тое, што ёсць, таксама наўрад ці захаваецца на доўгія часы.
А потым, дзесьці са старэйшых класаў і асабліва пасля школы, час пачынае несціся, як шалёны. Усё ператвараецца ў нейкі віхор: усе магчымыя цыклы неверагодна паскараюцца, іншым разам нават не паспяваеш заўважыць, як змяняюцца поры года. Што ўжо казаць пра чаргаванне будніх і выхадных. Нават Новы год, здаецца, адзначаецца не так ужо і рэдка. І самае цікавае, што вельмі часта ўсе гэтыя цыклы нейкім чынам адасабляюцца ад твайго жыцця, зноў быццам бы становяцца дэкарацыямі. Іх спіраль ператвараецца ў нейкі тунэль, унутры якога ты проста крочыш сваёй дарогай. Ты рухаешся крок за крокам да нейкай мэты, а вакол цябе пракручваюцца тыдні, месяцы, гады. Перастаеш заўважаць спецыфічныя, характэрныя толькі для пэўных сезонаў пахі ў паветры; не звяртаеш увагу на тое, калі ўзыходзіць і садзіцца сонца, колькі працягваецца дзень. А ўсё чаму? Таму што, як там было ў Кэрала: «Трэба бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на месцы, а каб куды-небудзь трапіць, трэба бегчы як мінімум удвая хутчэй». Толькі невядома, куды ты ўрэшце «прыбяжыш» і ці варта было туды «бегчы» з такой хуткасцю, каб не бачыць тое, што адбываецца навокал.
Калі б жыць засталося тры гады
Маявер разумеў, што яго ўжо «панесла», што яго маналог, падобны на нейкую п'яную споведзь, ужо зацягнуўся. Аднак вельмі хацелася выгаварыцца, і ён працягнуў:
– Ведаеш гэты трывіяльны сюжэт, калі чалавек памірае, але нейкім чынам выпрошвае сабе яшчэ пэўны перыяд жыцця? Уяві, вось ты, напрыклад, памёр, трапіў на нябёсы і пачаў кленчыць яшчэ некалькі гадоў жыцця на зямлі. І нейкім дзівам табе далі дазвол. Маўляў, ідзі ты ўжо куды хочаш, толькі хопіць тут ныць. І ты вяртаешся на зямлю, скажам, на тры гады – не больш, але, магчыма, менш. Ніякіх гарантый таго, што ты не памрэш раней, няма – тут усё як звычайна. Пры гэтым уявім, што тваё здароўе не пагоршылася з моманту клінічнай смерці. І ты дакладна ведаеш, колькі дзён табе засталося. Але што б ты рабіў?
Кінуць усё і вандраваць, гуляць па свеце, жыць у сваё задавальненне – някепска. Аднак для гэтага неабходны грошы. Добра, калі ў цябе ёсць пэўная маёмасць, якую можна прадаць, каб апошнія тры гады жыць так, як табе падабаецца. Але ці шмат каму ёсць што прадаваць? Пасля апошняй палучкі кінуць працу і стаць жабраком? Ну, добра, пажывеш крыху. А што рабіць астатнія два гады адзіннаццаць месяцаў і тры тыдні? Узяць крэдыт у банку і збегчы – вельмі рызыкоўна: ёсць шанец правесці рэшту жыцця за кратамі.
Жыць як жыў, толькі пры гэтым казаць і рабіць усё, што хочацца? Таксама вельмі небяспечна: ёсць перспектыва добра атрымаць па мордзе, страціць тую ж працу і патрапіць за тыя ж краты. Ну, урэшце, гэты сцэнар можна прыхаваць на апошні тыдзень жыцця. А ў самы апошні дзень – увогуле адарвацца па поўнай. Верагодна, за твае паводзіны цябе і заб'юць. Такі вось эфект Разэнталя на практыцы. Дарэчы, цікавая думка. Калі крыху перайначыць, можа атрымацца пацешная гісторыя: чалавек, напрыклад, падчас аперацыі бачыць галюцынацыю, быццам памірае, але выпрошвае яшчэ некалькі гадоў жыцця. Толькі гэта ўсё галюцынацыя. Тым не менш пасля аперацыі ён даведваецца, што сапраўды быў у стане клінічнай смерці, таму шчыра верыць у сваё ўяўленне. Падлячыўшыся, чалавек мяняе сваё жыццё: становіцца вельмі актыўным, але ў той жа час бескампрамісным. Дзякуючы сваёй актыўнасці і працавітасці ён дасягае значных поспехаў і становіцца, напрыклад, вядомым палітыкам або, наадварот, апазіцыйным актывістам. Ці без палітыкі – бізнесоўцам або рэлігійным ці культурным дзеячам. Ён разумее, што часу ўсё менш, таму яго бескампраміснасць і прынцыповасць становяцца больш выразнымі, ён становіцца вельмі рэзкім і нават радыкальным. І, натуральна, ёсць тыя, каму яго дзейнасць не падабаецца. І гэтыя людзі вырашаюць яго «прыбраць». Чалавек, «ведаючы» з галюцынацыі дату ўласнай смерці, вырашае схвацца ў гэты дзень. Але замах адбываецца раней: цяжкапараненага чалавека адвозяць у бальніцу, за яго жыццё змагаюцца некалькі сутак, але ў рэшце рэшт ён памірае, не прыходзячы ў свядомасць. Нядрэнная гісторыя, так? Толькі ў гэтай гісторыі сапраўды эфект Разэнталя, а я кажу пра сітуацыю, калі дата смерці насамрэч вызначана.
Дык вось, відавочна, што большасць людзей з'яўляюцца эканамічна залежнымі, усё пакінуць і з'ехаць у цёплыя краі можа далёка не кожны. Пры гэтым быць занадта правільным ці рабіць і казаць усё, што хочацца, – таксама небяспечна. І што ж застаецца? Прысвяціць сваё жыццё іншым і апошнія тры гады дапамагаць людзям? Стаць валанцёрам, заўсёды даваць міласціну. А хто перашкаджаў займацца гэтым раней? Ці хто перашкаджаў раней паспрабаваць сябе ў творчасці або навуцы? Хто перашкаджаў раней зрабіць нешта такое, што б, груба кажучы, запісала тваё імя ў гісторыю?..
Я б нават мог паверыць у тое, што дакладнае разуменне хуткай і непазбежнай смерці запускае ў чалавеку нейкі інстынкт, нейкі механізм, з дапамогай якога можна правільна расставіць прыярытэты. Я б мог у гэта паверыць, толькі практыка паказвае, што нічога такога не існуе. Людзям нярэдка ставяць смяротныя дыягназы, у першую чаргу рак. Пасля гэтага звычайна застаецца колькі месяцаў, пакуль арганізм працуе амаль паўнавартасна. І што робяць людзі ў гэты перыяд? Так, некаторыя да апошняга змагаюцца, спрабуюць утрымацца за кожную саломінку. А іншыя шкадуюць марнаваць гэты час на бальніцы. Яны прымаюць безвыходнае становішча і распараджаюцца сваімі апошнімі месяцамі, як ім падаецца, больш рацыянальна. Такія людзі жывуць і зараз, якраз ў гэты час. А ці чуў ты што-небудзь пра нейкія вялікія здзяйсненні, якія зрабілі смяротна хворыя? Я – не. Напэўна, таму, што гэтыя людзі бавяць час з роднымі і сябрамі і ходзяць у храмы. Некаторыя, магчыма, падарожнічаюць. Ці проста займаюцца самымі звычайнымі паўсядзённымі справамі. На мой погляд, пытанне ў тым, чаго не хапае людзям у такой сітуацыі: магчымасцей ці ідэй?..