Текст книги "Прададзеная споведзь (СИ)"
Автор книги: Алесь Яфімаў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 5 страниц)
Алесь ЯФІМАЎ
ПРАДАДЗЕНАЯ СПОВЕДЗЬ
Аповесць
Людзі ў вагоне былі быццам мёртвыя.
Было ўжо позна, першая гадзіна ночы. Пасажыраў у вагоне метро было мала, значная частка сідзячых месцаў заставалася вольнай. Людзі выглядалі даволі стомленымі, многія з іх сядзелі з заплюшчанымі вачыма...
Маявер глядзеў на пасажыраў, што сядзелі насупраць, на процілеглым баку вагона. І раптам яму здалося, што ўсе гэтыя людзі – быццам мёртвыя. Як на пасмяротных фотаздымках, папулярных у ХІХ стагоддзі. Нябожчыкаў апраналі, як жывых, садзілі ў натуральнай нязмушанай позе ці нават ставілі пры дапамозе спецыяльнага штатыва, грыміравалі і фатаграфавалі. Калі фатаграфавалі ў атачэнні родных, па фотаздымку іншым разам было цяжка заўважыць – хто тут жывы, а хто памерлы. У нябожчыкаў нават былі «жывыя» расплюшчаныя вочы. У адных выпадках гэта быў мантаж, а ў іншых трупам насамрэч расплюшчвалі вочы і апрацоўвалі іх спецыяльным рэчывам, каб тыя не высыхалі і не мутнелі. Маглі нават адрэзаць памерламу павекі, каб толькі ў яго быў жывы пагляд. Зараз гэта многім падаецца жудасным і жахлівым, але такія фотаздымкі рабіліся не для ўслаўлення смерці. Людзі проста імкнуліся захаваць памяць пра сваіх блізкіх, хацелі мець хоць фотаздымак. І калі такія фотаздымкі пры жыцці чалавека, асабліва дзіцяці, рабіць не паспявалі – рабілі іх пасмяротна.І вось цяпер Маявер ехаў у вагоне метро і яму здавалася, што вакол яго не жывыя, а мёртвыя людзі, якіх ужо пасмяротна апранулі ў паўсядзённае адзенне і рассадзілі па вагоне ў нязмушаных позах. Ад гэтага ўяўлення было жудасна, аднак Маявер разумеў: гэта толькі ўяўленне. Урэшце Маявер падумаў, што ехаць у адным вагоне з сапраўднымі нябожчыкамі было б не так страшна. Жудасна, але не страшна. Бо што могуць нябожчыкі? А вось ад жывых Маявер заўжды адчуваў патэнцыйную небяспеку. Да таго ж выпівох, гопнікаў і проста аматараў «дакалупацца» ў гэтым горадзе ніколі не бракавала. Тым больш зараз была ноч, што павялічвала рызыку сутыкнуцца з не самымі прыемнымі асобамі. Але ўсё было спакойна: людзі ў вагоне былі быццам мёртвыя.
Галава ў Маявера была цяжкая, ён адчуваў слабасць і нават млоснасць, хацелася легчы спаць і адначасова – хутчэй патрапіць на свежае паветра. Маявер прагна ўдыхаў «ветрык», якім яго абдавала падчас набыцця вагонам хуткасці. Аднак «ветрык» гэты быў, як заўжды, спёртым і душным і меў характэрны ўстойлівы пах машыннага масла, гару і крэазоту, якім апрацоўваюць драўляныя шпалы.
Маявер адчуваў сябе так, быццам ён з пахмелля. Не вельмі моцнага, але ўсё ж заўважнага. Аднак ён не піў і ехаў не з папойкі. Ён ехаў з эксперымента.
Перапіска
Як і большасць сучасных людзей, Маявер меў акаўнт у сацыяльнай сетцы, нават у некалькіх сацыяльных сетках адначасова, што таксама нярэдкасць. І вось аднойчы яму прыйшла заяўка ў «сябры» ад чалавека, якога звалі Даявед. Сітуацыя, калі ў сацыяльнай сетцы з табой жадае «сябраваць» абсалютна незнаёмы чалавек, з якім у вас нават няма нават агульных «сяброў», досыць тыповая, таму здзіўлення не выклікала. Больш за тое, Маявер лічыў, што праводзіць у такіх выпадках нейкія допыты і роспыты – параноя і дарэмнае марнаванне часу, таму дадаваў усіх без разбору. А пасля, калі новы «сябар» паводзіў сябе неадэкватна, спаміў ці ўвогуле не праяўляў ніякай актыўнасці, ад яго можна было пазбавіцца. Карацей, Маявер дадаў Даяведа ў «сябры» без усялякіх роздумаў. Неўзабаве Даявед даслаў паведамленне:
Даявед: «Вітаю! Запрашаю прыняць удзел у эксперыменце па постклінічным выпрабаванні медыцынскага прэпарата ў якасці добраахвотніка. Прэпарат УЖО ПРАЙШОЎ даклінічныя і клінічныя даследаванні, таму мы можам гарантаваць яго бясшкоднасць для здароўя. Кожны добраахвотнік атрымлівае за ўдзел у даследаванні выплату ў памеры [нядрэнная сума].
Усе неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць бясшкоднасць прэпарата, законнасць эксперымента і гарантыю выплаты згаданай сумы, прадастаўляюцца добраахвотнікам у абавязковым парадку».
Маявер прачытаў гэтае паведамленне без асаблівага энтузіязму: нярэдка ў інтэрнэце прапануюць лёгкі заробак. Ён быў упэўнены, што гэта чарговы «развод», але яго форма была даволі незвычайнай. Маявер яшчэ раз уважліва перачытаў паведамленне. «Усе неабходныя дакументы прадастаўляюцца добраахвотнікам у абавязковым парадку...» «Развод» насамрэч падаваўся Маяверу вельмі цікавым. Ён падумаў, што законнасць такой дзейнасці няцяжка праверыць, а ў выпадку чаго – можна звярнуцца куды трэба. Вырашыў адказаць жартам:
Маявер: «А пазначаная сума – з улікам ПДВ ці не?»
Даявед: «Пазначаная сума выдаецца Вам на рукі. Вам толькі трэба падпісаць паперу, што грошы Вы атрымалі (для справаздачы), ніякіх падаткаў з яе выплачваць не трэба.»
Сур'ёзны адказ зацікавіў Маявера, і ён вырашыў працягнуць перапіску ў такім жа сур'ёзным рэчышчы:
Маявер: «Калі ў вас ёсць усе дакументы, калі ўсё па законе, адкуль грошы? Як даўно дзяржава плаціць за ўдзел у такіх эксперыментах? І чаму Вы пішаце з асабовага акаўнта, а не ад імя кампаніі? І ўвогуле, з якой пары добраахвотнікаў шукаюць праз сацсеткі?»
Даявед: «Мы не дзяржаўная кампанія. У нас ёсць спонсар, які зацікаўлены ў распаўсюджванні прэпарата, грошы – ад яго. Але ніякіх супярэчнасцей няма: даследаванні такога фармату праходзяць строга па законе, гэта цалкам дазваляецца. Яшчэ раз падкрэслю: прэпарат ужо прайшоў даклінічныя і клінічныя выпрабаванні. Ён ужо зарэгістраваны, таму мы можам дакладна сказаць: ніякіх кепскіх наступстваў ад яго не будзе. Аднак для аптымізацыі ўжывання вытворца і спонсар зацікаўленыя ў далейшых выпрабаваннях. Пераканаўшыся ў тым, што прэпарат не шкодзіць здаровым людзям, мы можам праводзіць эксперыменты з вялікім колам добраахвотнікаў. Эксперыменты ўжо праходзяць адначасова ў некалькіх гарадах, таму супрацоўнікі накшталт мяне і выкарыстоўваюць розныя спосабы пошуку добраахвотнікаў, у тым ліку і сацыяльныя сеткі. Кантраляваць усё праз нейкі адзіны цэнтр немэтазгодна і нерэальна. Я адказаў на Вашыя пытанні?»
Маявер: «Можна на «ты». Раз эксперымент ужо праходзіць у розных гарадах з вялікай колькасцю добраахвотнікаў, і кожны атрымлівае пазначаную суму – адкуль столькі грошай?»
Даявед: «Прэпарат каштуе даволі дорага, яго рэалізацыя прыносіць неблагі даход. Увогуле, гэта ўнутраныя справы кампаніі, прабач. Дарэчы, да мяне можна таксама на «ты».
Маявер: «Яшчэ раз: вы бясплатна раздаяце добраахвотнікам «даволі дарагі», як ты кажаш, прэпарат, а яшчэ даяце грошы «зверху»?
Даявед: «Я займаюся пошукам добраахвотнікаў, а не фінансавымі пытаннямі.»
Маявер: «Карацей, у чым падвох?»
Даявед: «Карацей, няма ніякага падвоху.
Добраахвотнікам можа стаць асоба, старэйшая за 18 гадоў, у якой няма сур'ёзных праблем з сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэмай. Але ў любым выпадку мы заключаем дагавор і даем добраахвотніку пакет дакументаў з гарантыяй. Калі раптам што – ён можа прайсці медыцынскае абследаванне за наш кошт. Але яшчэ раз нагадаю: прэпарат прайшоў даклінічныя і клінічныя выпрабаванні, шкодных наступстваў не выяўлена.»
Маявер: «Дык а што хоць за прэпарат? Дарэчы, ты сам яго ўжываў?»
Даявед: «Для чысціні эксперымента мы не можам раскрыць добраахвотніку прынцып дзеяння прэпарата. Па гэтай жа прычыне я сам, як і іншыя супрацоўнікі, яго не ўжываў. Падрабязная інфармацыя будзе пасля эксперымента. Але павер, там няма нічога шакіруючага і прынцыпова новага».
Маявер: «Добра. А што, калі я дашлю скрыншот гэтай перапіскі ў кампетэнтныя органы?»
Даявед: «Ды калі ласка. Я ж кажу: у нас усё па законе. Ёсць усе дакументы. Я нават адразу магу адрас напісаць, каб тваім кампетэнтым органам было прасцей нас знайсці. Прыедуць, паперкі паглядзяць і паедуць».
Маявер усур'ёз задумаўся. Ён адчуваў, што нейкі падвох адназначна ёсць. Калі кампанія гатова ахвяраваць вялікія грошы – значыць, яна ўзамен атрымлівае нешта большае. Ды і чаму такая сакрэтнасць? Як увогуле можна прапаноўваць добраахвотнікам невядома што? Як людзі на гэта пагаджаюцца?
Маявер пашукаў у інтэрнэце звесткі пра кампанію Даяведа. Знайшоў. Сапраўды, існуе такая кампанія, мае ліцэнзію. Пра эксперымент ані на сайце, ані ў сеціве ўвогуле – нічога. Сайт абсалютна тыповы, нічога незвычайнага. Пашукаў агульныя звесткі пра постклінічныя выпрабаванні медыцынскіх прэпаратаў. Так, насамрэч такое ёсць. Насамрэч, усё сур'ёзна і патрабуе цэлую кіпу паперак, хоць у гэтай краіне пануючай бюракратыі кіпу паперак патрабуе любая дробязь. Маявер думаў. Перачытаў перапіску, яшчэ раз прагледзеў суму выплаты. Не тое, каб багацце, але больш за траціну яго зарплаты. Хоць зарплата ў яго была так сабе. Аднак Маявер думаў: усё ж лішнімі грошы ніколі не бываюць. Вырашыў удакладніць у Даяведа некаторыя рэчы:
Маявер: «Няўжо прэпарат зусім няшкодны?»
Даявед: «Перад эксперыментам мы даём добраахвотнікам падрабязную інфармацыю на гэты конт, даём статыстыку. І добраахвотнік вырашае – удзельнічаць яму ў эксперыменце ці не. Ён мае права адмовіцца нават у самы апошні момант. А так магу сказаць, што першыя гадзіны пасля эксперымента могуць адчувацца слабасць, галавакружэнне, санлівасць, млоснасць. Але могуць і не адчувацца. У любым выпадку, прэпарат цалкам выходзіць з арганізма праз дзесяць гадзін пасля прыёму. Пакуль яшчэ ніхто з добраахвотнікаў не звяртаўся да нас пасля эксперымента са скаргамі.»
Маявер: «Дык можа яны ўсе памерлі?»
Даявед: «Можа, і памерлі. Але дакладна не ад дзеяння нашага прэпарата.
Карацей, мая прапанова будзе дзейнічаць яшчэ як мінімум пару тыдняў. Калі надумаеш – адпішыся».
Маявер па натуры не быў авантурыстам, не любіў прымаць неабдуманых рашэнняў і ўдзельнічаць ва ўсякіх «эксперыментах». Аднак цяпер ён ужо пачаў схіляцца да думкі, што прапанова Даяведа – ўсё ж не «развод»: ніякай інфармацыі пра «разводы» такога кшталту ён не знайшоў. Уважліва прагартаў старонку Даяведа ў сацыяльнай сетцы. Гэта была не «аднадзёнка», а старонка сапраўднага жывога чалавека, якая існавала, што вельмі важна ў такіх выпадках, не першы год. Маявер узважыў усю інфармацыю і ўжо ўсур'ёз думаў прыняць удзел у эксперыменце. Каб канчаткова вырашыцца, ён папрасіў Даяведа даслаць пасведчанне супрацоўніка. Той неўзабаве адаслаў Маяверу адсканаваны дакумент, і справа была вырашана.
Маявер і Даявед пачалі абмяркоўваць зручныя дату і час. Даявед даслаў адрас. Маявер заўважыў, што гэта адрас звычайнай кватэры, аднак Даявед нагадаў: паколькі даследаванні постклінічныя і адбываюцца адначасова ў розных гарадах, эксперымент будзе праходзіць у яго, Даяведа, кватэры. Маявер збянтэжыўся, аднак вырашыў, што гэта, у прынцыпе, лагічна.
Фармальнасці
У дамоўлены час Маявер прыехаў на патрэбны адрас. Ён хваляваўся, аднак яму ўжо было цікава, што ж гэта за эксперымент і для чаго патрэбны прэпарат, які выпрабоўваюць.
Даявед быў у кватэры, відавочна, адзін. Ён паказаў Маяверу ванную і прыбіральню і запрасіў у пакой. Кватэра была двухпакаёвая: справа ад увахода быў пакой, куды запрасіў яго Даявед, злева – прыбіральня і ванная, за імі – кухня, а непасрэдна насупраць увахода былі дзверы ў, відавочна, спальню Даяведа. Пакой, куды запрасіў яго гаспадар, быў тым, што называюць гасцёўняй ці залай. Яна была адносна прасторнай, дзесьці тры на шэсць, на ўскідку Маявера. Насупраць увахода ў куце стаяў нятанны скураны фатэль, злева ад яго – таршэр, потым канапа – з аднаго з фатэлем набору, а за ёй яшчэ адзін таршэр. За канапай, на прылеглай сцяне быў выхад на лоджыю і акно. Злева ад акна ў куце стаяў яшчэ адзін фатэль – такі ж самы, як і першы. За гэтым фатэлем на штаціве стаяла камера. Перад канапай знаходзіўся невялікі часопісны столік, на якім ляжала тэчка, нейкія паперы і ручка. Пасярод століка стаяў кандэнсатарны мікрафон, які выклікаў у Маявера асацыяцыі з радыёстанцыяй. Такім чынам, у пакоі было два фатэлі, два таршэры, канапа, столік і апаратура.
Даволі дарагая, але строгая мэбля і адсутнасць якіх-небудзь хатніх дробязей, аднатонныя шпалеры і такое ж аднатоннае дывановае пакрыццё, светадыёдныя лямпы ў нацяжной столі стваралі ўражанне, што гэта не кватэра, а офіс. Маявера вельмі насцярожыла гэтая акалічнасць, бо адна справа, калі супрацоўнік нейкай кампаніі проста працуе ў сябе дома, а іншая, калі жытло гэтага супрацоўніка абсалютна непадобнае да жытла «нармальнага» чалавека. Жыць у «двушцы» і адводзіць цэлы пакой (да таго ж большы) пад патрэбы працы – вельмі вялікая раскоша. Ці няўжо Даявед такі мінімаліст, што ў яго няма патрэбы мець, напрыклад, дадатковую шафу ці яшчэ нешта такое? Чаму на сценах няма фотаздымкаў?..
– Сядай, калі ласка. – Даявед паказаў рукой на канапу.
– Гэта твая кватэра?
– Здымная.
– Як тут усё «па-багатаму», – паспрабаваў пажартаваць Маявер, – нават страшна на такую канапу садзіцца. – ён акуратна сеў, – гэта ад гаспадароў ці твая? Ці ад кампаніі?
Маявер спадзяваўся нейкім чынам справакаваць Даяведа, каб па яго рэакцыі зрабіць пэўныя высновы. Якія менавіта, ён і сам не ведаў, але адчуваў, што кватэра-офіс у сукупнасці з выпрабаваннем сакрэтнага прэпарата – нешта не тое. Тым не менш Даявед без усялякіх эмоцый адказаў: «Гаспадароў» – і сеў побач. Маявера такі адказ не задаволіў, і ён нават хацеў запытаць, колькі каштуе здымаць кватэру з такой мэбляй, але вырашыў, што гэта ўсё ж занадта нетактоўна. Адразу ж яму ў галаву прыйшла думка, што некаторыя кватэры адмыслова здаюцца пад офісы, а Даявед, хутчэй за ўсё, не першы, хто здымае гэтую кватэру. Маявер падумаў, што, магчыма, у гэтай кватэры быў офіс яшчэ за часамі мінулых арандатараў, мэбля па нейкіх прычынах засталася, вось Даявед і вырашыў яе здымаць. Увогуле, Маяверу больш не хацелася быць параноікам і шукаць аргументы на карысць таго, што насамрэч нічога дзіўнага і незвычайнага не адбываецца. Тым часам Даявед адкрыў тэчку і павярнуўся такім чынам, каб Маяверу было як мага зручней у яе глядзець. У тэчцы былі файлы з рознымі дакументамі.
– Ну вось, тут у нас усе дакументы... Праўда, ксеракопіі... Тут доказы таго, што наша кампанія насамрэч існуе, што выпрабаванні адбываюцца ў межах закона і гэтак далей. – Даявед гартаў файлы. – Вось тут звесткі менавіта пра выпрабаванні прэпарата: даклінічныя, клінічныя і крыху пра постклінічныя. – Даявед закрыў тэчку і даў Маяверу. – Вось, можаш вывучаць.
Маявер пачаў павольна гартаць файлы, чытаючы па дыяганалі, – ён цудоўна разумеў, што, калі яму далі гэтую тэчку ў рукі, нічога цікавага ў ёй быць апрыёры не можа: натуральна, што кожная паперка тут пацвярджае законнасць дзеянняў кампаніі, бо ўсе гэтыя дакументы былі сабраны самой кампаніяй, а не кім-небудзь яшчэ. «Рэгістрацыя, ліцэнзія, дазвол, пастанова, заключэнне, справаздача». Маявер таксама разумеў і тое, што дакументы могуць быць і несапраўднымі, падробленымі. Думка пра тое, што ўсё гэта – «развод», дасканалы і да дробязей прадуманы «развод», не пакідала яго. Аднак ён усур'ёз не хваляваўся, бо адразу, яшчэ падчас перапіскі с Даяведам знайшоў два жалезныя аргументы. Першы заключаўся ў тым, што Даявед дзейнічае адкрыта – калі гэта «развод», то вельмі-вельмі рызыкоўны, наўрад ці сапраўдны злачынец стаў бы так сябе падстаўляць. Другі аргумент быў нават больш аргументны: з Маявера не было чаго браць. Цяжка выцягнуць нешта з чалавека, які не мае ні грошай, ні маёмасці, ні ўплыву, ні нейкіх сакрэтных ведаў. Маяверу нават крэдыт на вялікую суму наўрад ці б далі. Дарэчы, пасля таго, як ён даведаўся, што пашпарт на эксперыменце не патрэбны, асцярога наконт крэдыту канчаткова знікла.
Больш цікавымі Маяверу былі дакументы, якія тычыліся непасрэдна выпрабаванняў прэпарата. Аднак нічога карыснага для сябе ён у іх таксама не знайшоў. Акрамя таго, у некаторых дакументах частка інфармацыі была замазана чорным маркерам: назва прэпарата, прынцып яго дзеяння і г. д. – усё тое, што, па меркаванні кампаніі, магло паўплываць на ход эксперымента. Даявед тлумачыў гэта перастрахоўкай ад эфекту плацэба.
Маявер закрыў тэчку і паклаў яе на столік.
– Ну што, усё добра? Працягваем? – спытаў Даявед.
– Так, – млява адказаў Маявер і паківаў галавой, быццам бы пагадзіўся з нейкай цікавай высновай.
– Добра. Тады зараз запоўнім анкету і падпішам дагавор, – Даявед падсунуў Маяверу паперы і ручку.
Анкета была досыць лаканічнай: імя, пол, узрост, пытанні пра агульны стан здароўя і наяўнасць/адсутнасць хранічных захворванняў, пра псіхічныя захворванні і траўмы галавы. Пасля таго, як Маявер перадаў Даяведу запоўненую анкету, той хуценька яе праверыў, адклаў убок і даў новыя паперкі:
– Вось гэта дагавор, самае галоўнае. Прачытай уважліва, каб потым не было пытанняў. Калі ўсё зразумела – запаўняй і падпісвай.
Маявер пачаў чытаць тэкст дагавора. У ім вялася гаворка пра тое, што паддоследны пагадзіўся на выпрабаванні добраахвотна і без прымусу, азнаёміўся з усімі прапанаванымі дакументамі і правільна запоўніў анкету, за што браў на сябе ўсю адказнасць. Іншы бок браў на сябе абавязак выплаціць абумоўленую суму пасля экперымента, а таксама правесці медыцынскае абследаванне і пры неабходнасці за свой кошт аказаць добраахвотніку медыцынскія паслугі ў выпадку звароту апошняга па прычыне пабочных дзеянняў прэпарата. Таксама ў дагаворы прапісвалася, што аўдыёі відэаматэрыялы з эксперымента будуць выкарыстоўвацца выключна супрацоўнікамі кампаніі, а іх распаўсюд і публікацыя ў вольным доступе забараняюцца. Ніякіх «зорачак» і дробнага шрыфту ў дагаворы не было. Маявер задаволіўся тым, што ў дакуменце гарантавалася бяспечнасць прэпарата і выплата грошай за ўдзел у эксперыменце, таму ён запоўніў і падпісаў паперы.
Даявед сабраў падпісаныя Маяверам дакументы, пакінуўшы таму копію дагавора, і спытаў:
– Ну што, пачынаем?
– Пачынаем, напэўна.
Даявед уключыў камеру і мікрафон, узяў тэчку і дакументы:
– Зараз я дам знак – скажы што-небудзь спакойным голасам, як ты заўсёды размаўляеш, – праверым гук.
Праз некалькі секунд ён гучна вымавіў з другога пакою «Давай!». Маявер не прыдумаў нічога лепшага, чым сказаць:
– Раз-раз. Як чутна?.. Прыём?..
– Пахадзі па пакоі, паразмаўляй у кутах.
– Вось я падняўся. Вось я іду, іду. Вось я стаю ў куце. Як чутна? Вось я іду ў другі канец пакоя. Як чутна?.. Прыём?..
– Добра, сядай!
Даявед выйшаў з іншага пакою, пайшоў на кухню. Неўзабаве вярнуўся з далёка не поўнай шклянкай вады і маленькім слоічкам.
– Ну ўсё, апошні рубеж. Не перадумаў?
– Не.
– Ну, добра, – Даявед адкрыў слоічак і асцярожна вытрас адтуль адну авальную таблетку. – Папрашу адключыць тэлефон, каб ён не перашкаджаў, – раптам хто патэлефануе...
Маявер дастаў з кішэні тэлефон і паслухмяна адключыў яго.
– Калі трэба – схадзі ў прыбіральню. Падчас эксперымента ў ванную і прыбіральню хадзіць не забараняецца, але лепш зараз. На кухню і ў іншы пакой – нельга. Калі што спатрэбіцца – проста скажы.
– Добра. Пакуль не трэба.
– Тады паехалі... Таблетку глытаць. Запіваць усёй вадой неабавязкова, пі, колькі трэба... Будзь у зоне бачнасці камеры.
Маявер узяў таблетку, закінуў яе ў рот і праглынуў. Ніякага смаку і паху адчуць не паспеў – таблетка не была ні горкай, ні салодкай і не смярдзела лекамі: яна была ніякай. Маявер зрабіў некалькі глыткоў, паставіў шклянку, у якой вады засталося прыкладна на чвэрць ад усяго аб'ёму, на столік і сеў ямчэй, адкінуўшыся на мяккую спінку канапы. Даявед зірнуў на наручны гадзіннік: эксперымент пачаўся.
– Ну, цяпер я цябе пакідаю, – Даявед хлопнуў сябе па калене і ўстаў з канапы. – Не сумуй, – ён усміхнуўся і выйшаў з пакою.
Эксперымент
Маявер застаўся ў пакоі адзін. На стале перад ім стаяў мікрафон «з радыёстанцыі», а з кута назірала шкляное вока відэакамеры. Наяўнасць апаратуры яго скоўвала і не дазваляла цалкам расслабіцца. Маявер злавіў сябе на думцы, што і сам факт эксперымента, і ўся гэтая сітуацыя трымае ў напрузе і не дазваляе паводзіць сябе цалкам натуральна, аднак менавіта апаратура значна ўзмацняе гэтую напружанасць.
«Добраахвотніку нават не тлумачаць прынцып дзеяння прэпарата. Для «чысціні эксперымента». Але пры гэтым ставяць камеру і мікрафон. Хіба гэты фактар не ўплывае на «чысціню эксперымента»?.. Неяк дзіўна. Выпрабаванні постклінічныя, але фактычна адбываюцца ў лабараторных умовах. Гэта ж ненатуральнае асяроддзе паддоследнага. Як яны ўлічваюць гэты фактар пры аналізе даследавання?..»
Маявер разважаў над гэтай акалічнасцю і чакаў, калі пачне адчувацца дзеянне прэпарата. Пры гэтым пакуль нічога не адбывалася, ніякага эфекту ён не назіраў.
«Звычайна медыцынскія прэпараты пачынаюць дзейнічаць прыкладна праз паўгадзіны пасля ўжывання. Пачакаем.»
Ён згадаў, як аднойчы на вечарыне адзін хлопец частаваў усіх «траўкай». Маявер тады паспрабаваў яе ўпершыню, але ніякага эфекту не заўважыў. І «бывалыя» растлумачылі яму цікавы феномен: яны сказалі, што, калі чалавек спрабуе «траву» першы раз, звычайна ён настолькі засяроджаны на чаканні «прыходу», што гэты самы «прыход» можа і не адбыцца. Увогуле, «трава» ж не сінтэтычны наркотык і па мазгах занадта не б'е, пару чарак гарэлкі ствараюць больш заўважнае ўздзеянне, пры гэтым незалежна ад таго, чакае чалавек гэтага ўздзеяння ці не. Кантраляваць ап'яненне практычна немагчыма, у той час як расслабляльны эфект «травы» лёгка перабіць засяроджаннем на чаканні гэтага эфекту. Тым больш калі чакаць ад пары зацягаў яскравых галюцынацый, эйфарыі або нечага такога. «Трава» ўсё ж не экстазі, а ўласна трава. Урэшце, цалкам легальны кальян расслабляў Маявера куды лепш, чым нелегальная марыхуана.
Гэты эпізод, які ўсплыў у памяці Маявера, навёў на думку аб тым, што ўмовы эксперымента ўсё ж не спрыяюць яго чысціні. Так, Маявер не ведаў, што канкрэтна ён выпіў, аднак ведаў, што выпіў нешта, што павінна мець эфект. А эфект пакуль ніяк не праяўляўся, і Маявер усур'ёз лічыў, што нічога не адбываецца менавіта таму, што ён – паддоследны – нечага чакае. Але разам з тым Маявер разумеў, што пакуль прайшло вельмі мала часу, каб рабіць шмат якія высновы.
Згаданы эпізод з марыхуанай навёў Маявера і на думку аб тым, што прэпарат, магчыма, з'яўляецца псіхатропам: нездарма ж пры апытанні добраахвотнікаў рабіўся акцэнт на стан цэнтральнай нервовай сістэмы.
«Я чамусьці думаў, што гэта снатворнае. Але камера і мікрафон. Ну, хай сабе камера – навошта такі вялікі мікрафон, калі я буду спаць?.. Значыць, не снатворнае. Ды і спаць зусім не хочацца...Чаму не было кантрольных аналізаў? З чым будуць параўноўваць вынікі эксперымента?.. Якім чынам?.. Калі не было кантрольных аналізаў, значыць, параўнання не будзе. Значыць, насамрэч псіхатроп. Параўнання няма, але ёсць камера і мікрафон. Яны чакаюць змен маіх паводзін. – Маявер пачаў хвалявацца, але знешне захоўваў спакой. – А што, калі гэта наркотык?.. Але ж, калі гэта наркотык, які ўплывае на паводзіны чалавека, праводзіць эксперымент у такіх умовах небяспечна. Калі я стану агрэсіўным, ці зможа Даявед даць мне рады? А што, калі я паламаю апаратуру ці выкінуся ў акно?.. А можа, у кватэры ёсць яшчэ нехта?.. – Маявер ужо сур'ёзна нерваваўся. – З іншага боку, калі прэпарат зробіць мяне не агрэсіўным, а, наадварот, кволым і слабым, навошта тады мікрафон?.. Навошта мікрафон?.. Я буду нешта казаць?.. У мяне будзе трызненне або галюцынацыі?..»
У той жа час ніякага эфекту Маявер па-ранейшаму не адчуваў.
«А што, калі гэта насамрэч не выпрабаванні прэпарата, а сацыяльны эксперымент? Што, калі таблетка – крухмал і цукар, а сэнс эксперымента ў тым, каб прааналізаваць паводзіны чалавека, які быццам бы выпрабоўвае невядомы прэпарат?.. Так, так. Гэта падаецца лагічным. – Маявер крыху ўзбадзёрыўся. – Гэта шмат што тлумачыць. Няма рэальнай рызыкі для здароўя, таму аналізы добраахвотнікаў браць неабавязкова. Дзеянне прэпарата не апісваюць, каб добраахвотнік сам яго прыдумаў. А насамрэч ніякага дзеяння ўвогуле няма. Пакуль усё сыходзіцца. Але вось затраты. Эксперымент атрымліваецца занадта дарагім. Калі прэпарат сапраўдны – выдаткі пакрываюцца, як тлумачыў Даявед, яго рэалізацыяй. А калі насамрэч прэпарату не існуе – адкуль грошы?.. Хто б стаў спансіраваць сацыяльны эксперымент такога кшталту?.. Так, добра. Версія пакуль самая рэалістычная, але ёсць сур'ёзная хіба. Пачакаем. А што, калі эксперымент праводзіць замежная кампанія? Для іх гэтыя грошы – дробязь, праводзіць эксперымент у нас танней, чым на Захадзе.»
Маявер узрадаваўся: яму падалося, што ён разгадаў загадку гэтага эксперымента. Пазл быў складзены, усё здавалася лагічным і цяпер ужо відавочным. Маявер быў упэўнены калі не на сто, то прынамсі на дзевяноста адсоткаў, што зрабіў правільныя высновы. Яго версія выдатна суадносілася з усёй гэтай сітуацыяй і давала адказы на шэраг пытанняў: эксперымент не медыцынскі, а сацыяльны; яго мэта – прасачыць за паводзінамі добраахвотнікаў, якія прынялі пустышку, але думаюць, што гэта быў нейкі медыцынскі прэпарат, каб высветліць, якое дзеянне гэтага прэпарата яны самі сабе прыдумаюць; грошы – замежныя, бо тут праводзіць эксперымент танней, чым на Захадзе. З гэтага вынікала, чаму не было кантрольных аналізаў; чаму эксперыментатар не патрабаваў сапраўдных медыцынскіх даведак, а задаволіўся толькі анкетай; навошта патрэбныя камера і мікрафон. Маявер быў вельмі задаволены сабой і сваім «адкрыццём», аднак вырашыў нічога не казаць і нічога не рабіць:
«Тыя грошы, якія мне заплацяць пасля эксперымента, не вартыя таго, каб я тут ладзіў цырк і забаўляў эксперыментатараў. Буду сядзець ціхенька і маўчаць, а ўрэшце скажу, што нічога не адчуваў і ніякага эфекту не заўважыў. Хацелі цікавага відовішча, хацелі «пасцябацца» – хрэн ім!.. Пару гадзін цішыні і абсалютна нуднага відовішча таго, як чалавек сядзіць на канапе.»
Маявер быў задаволены і лёгка пасміхаўся. Ён сядзеў на шыкоўнай скураной канапе, разглядаючы мікрафон «з радыёстанцыі», адчуваў сябе ўжо спакойна і ўтульна.
«Напэўна, самыя лёгкія грошы ў маім жыцці – проста сядзіш і нічога не робіш, а табе за гэта плацяць, як за тыдзень на працы. Заўжды б так.»
Ён прасядзеў так некалькі хвілін, проста разглядаючы мікрафон, столік, падлогу, уласныя шкарпэткі і ні аб чым не думаючы.
«Цікава: няўжо астатнія паддоследныя не прыйшлі да такой жа самай высновы? Не верыцца, што я самы разумны, павінны былі прыйсці. Хоць бы частка. А калі нават і не прыйшлі – што яны рабілі? Як сябе паводзілі? Няўжо рабілі нешта цікавае і незвычайнае? Няўжо матэрыялы такога эксперымента ўвогуле маюць пэўную цікавасць?.. Ну, добра – апытанне пасля эксперымента, маўляў, што вы адчувалі і гэтак далей. Але ж камера і мікрафон. Няўжо астатнія дэманстравалі нейкі экшн?.. Апытання павінна быць дастаткова. Увогуле, калі я насамрэч правільна ўсё зразумеў, гэты эксперымент было б больш мэтазгодна праводзіць у хатніх умовах. Рабіць гэта ўсё тут варта толькі для таго, каб упэўніцца, што паддоследны выпіў таблетку. Але ж, калі праводзіць эксперымент у хатніх умовах, паддоследных можна было б крыху прыстрашыць – сказаць: потым у вас будзе ўзята кроў на аналіз, які дасць зразумець, пілі вы таблетку ці не. І калі не – вам ніхто грошай не дасць. Навошта так усё ўскладняць?..»
Маявер зразумеў, што яго гіпотэза адносна эксперымента можа быць памылковай. Аднак яму хацелася верыць у тое, што ён разважаў правільна і прэпарат ніякага дзеяння не мае і мець не можа. Так ці інакш Маявер ужо прыгрэўся на канапе, супакоіўся і расслабіўся. Ён не хацеў прымаць трывожныя думкі наконт эксперымента і наконт чаго-небудзь увогуле.
Хвілін праз пятнаццаць пасля таго, як Маявер праглынуў таблетку, у пакой зайшоў Даявед.
– Ну, як справы?
Маявер насцярожыўся, бо лічыў, што да канца эксперымента ніхто ў пакой уваходзіць не будзе. Ён сеў раўней, перастаўшы абапірацца на спінку канапы:
– Нармальна.
– Як самаадчуванне? Заўважыў якія-небудзь змены?
– Не, нічога.
Раптам у Маявера ўзнікла нечаканая і шакіруючая думка:
«Гей-бомба! Што, калі прэпарат – гей-бомба? Пентагон займаўся распрацоўкай хімічнай нелегальнай зброі: хімікаты скідваюцца на варожыя войскі і стымулюць гомасексуальныя паводзіны. І салдатам ужо не да вайны і не да ворага. Такая зброя дакладна распрацоўвалася, але пасля скандалу праграму закрылі. А што калі не закрылі і яна працягваецца вось такімі эксперыментамі?.. Божа мой! Я не гей, я не гей, я настолькі не гей, што нават не гамафоб!.. Цыцкіцыцкі-цыцкі! Думаць пра цыцкі, старыя добр. Так! Не-не-не, не старыя – маладыя добрыя жаночыя цыцкі.»
– Устань і прайдзіся, – сказаў Даявед.
– А? – Маявер быў вельмі заглыблены ў сваю свежую думку, але градус напружання крыху збіла тая акалічнасць, што ён хацеў думаць пра «старыя добрыя цыцкі».
– Устань і прайдзіся.
Маявер устаў з канапы, зрабіў некалькі крокаў.
– Галава не кружыцца?
– Не, здаецца, што не.
Пры гэтым Маявер заўважыў, што адчувае нейкую лёгкасць, быццам бы выпіў крыху алкаголю. Гэта яго здзівіла, бо, пакуль ён сядзеў, насамрэч ніякага эфекту не заўважаў. Думка пра гейбомбу адразу ж здалася яму вялікім глупствам. Маяверу было адначасова смешна і сорамна ад таго, што ён увогуле пра такое падумаў. Ён адчуў, як яго твар пачырванеў і стала горача, і звязаў гэтую акалічнасць менавіта з брыдкай думкай.
– Ну, добра, можаш сядаць, – Даявед сказаў гэта так, быццам і не чакаў іншага адказу, і паглядзеў на гадзіннік на руцэ.
Што было раней: дабро ці зло?
– Ніколі не размаўляйце з незнаёмымі, – сказаў Даявед і паглядзеў на Маявера.
Павісла паўза. Маявер нічога не адказаў і глядзеў на Даяведа, разумеючы, што гэтая фраза не з'яўляецца самастойнай – павінен быць нейкі працяг. І насамрэч Даявед пасміхнуўся і працягнуў:
– Так Булгакаў назваў першую главу «Майстра і Маргарыты». Але якім чынам заводзіць новыя знаёмствы, калі не размаўляць з незнаёмымі?
– Лагічна.
Маявер быў досыць замкнёным і некамунікабельным чалавекам. Звычайна кампанія незнаёмых людзей напружвала і скоўвала яго. Але гэтым разам побач з фактычна чужым чалавекам Маявер надзіва хутка супакоіўся і разняволіўся, быццам пасля пляшкі піва. Ён ужо забыўся на свае гіпотэзы адносна эксперымента і нават не спрабаваў разважаць, навошта Даявед увогуле зайшоў да яго ў пакой, калі ўсё і так здымалася на камеру. Маявер зрабіў выснову, што Даяведу сумна і ён проста хоча паразмаўляць. Увогуле, самому Маяверу таксама было не зусім цікава сядзець у самоце рэшту часу, адведзенага на эксперымент, таму ён нават узрадаваўся, што будзе гутарыць з жывым чалавекам замест таго, каб разглядаць інтэр'еры пакоя ці ўласныя шкарпэткі.
Акрамя таго, Маявер падумаў, што размаўляць з незнаёмцам іншым часам больш лёгка і прыемна, чым нават з блізкім сябрам. Бо толькі з незнаёмцам можна весці «свецкую гутарку» – з сябрамі і знаёмымі ўсё звычайна «скатваецца» ў празаічныя тэмы быту і нейкіх праблем. І, як пісаў Кастанеда, чым больш людзі, якія вас акаляюць, ведаюць, што вы сабой уяўляеце і чаго ад вас варта чакаць, тым мацней гэта абмяжоўвае вашу свабоду. Разам з блізкім нярэдка больш прыемна проста памаўчаць. А побач з незнаёмым маўчаць неяк няёмка, таму лепш паспрабаваць завесці гэтую самую «свецкую гутарку». І хоць сам Маявер звычайна такіх гутарак не пачынаў, цяпер яму было нават прыемна паразмаўляць з Даяведам.