355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алесь Краўцэвіч » Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда] » Текст книги (страница 1)
Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 05:06

Текст книги "Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]"


Автор книги: Алесь Краўцэвіч


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Алесь Краўцэвіч
Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]


Уступ

Тэўтонскі ордэн моцна паўплываў на гістарычны лёс Беларусі. Самыя цесныя адносіны з ім у Вялікага Княства Літоўскага пачаліся з 80-х гадоў XIV ст. і працягваліся больш за стагоддзе, да пачатку XV ст. Гэтыя адносіны нельга назваць добрасуседскімі. Хутчэй мела месца зацятая барацьба, у якой абодва бакі адстойвалі свае жыццёвыя інтарэсы.

Мы ніколькі не сумняваемся, што справядлівасць у гэтай амаль безупыннай вайне была на баку нашых продкаў. Прышэльцамі і захопнікамі з'яўляліся ўсё ж рыцары ордэна – амаль выключна ўсе немцы, адкуль і назва ордэна – Тэўтонскі. Цяжка нават уявіць сабе, колькі жыццяў, намаганняў, матэрыяльных высілкаў каштавала гэтая жорсткая барацьба.

У ёй гартавалася беларуская дзяржаўнасць. Пад пагрозай знешняй небяспекі вакол беларускага ядра ўсё цясней гуртаваліся землі былой Кіеўскай Русі ды Жамойці. У прускіх суседзяў было чаму павучыцца і нашыя продкі скарысталі такую магчымасць. Новыя будаўнічыя традыцыі і прыёмы (готыка), матэрыялы (вялікапамерная цэгла, дахоўка) і шмат што яшчэ прыйшло да нас праз ордэнскую дзяржаву.

У барацьбе з лепшай эўрапейскай арміяй фармавалася і набірала моцы беларускае прафесійнае войска, якое затым доўга паспяхова стрымлівала націск з усходу.

Цікавы сам феномен Тэўтонскага ордэна. Гэта ўнікальная ў гісторыі з'ява, калі духоўна-рыцарскае аб'яднанне стварыла магутную дзяржаву, якая займала важнейшае месца ў тагачаснай Усходняй і Цэнтральнай Эўропе.

Наша праца – аб гісторыі Тэўтонскага ордэна ад самых яго пачаткаў да Грунвальдскай бітвы, з якой пачаўся паступовы заняпад ордэнскай дзяржавы.


СТВАРЭННЕ І ЎСТРОЙ ОРДЭНА БРАТОЎ-РЫЦАРАЎ ТЭЎТОНСКАГА ДОМУ ДЗЕВЫ МАРЫІ Ў ЕРУСАЛІМЕ

Найвялікшы ўздым магутнасці Тэўтонскага ордэна адбыўся ў XIV – пачатку XV ст. на землях старажытнай Прусіі. Аднак пачаткі гэтага цікавейшага сярэднявечнага духоўна-рыцарскага аб'яднання і ў часе і ў прасторы ляжаць далёка ад часоў і мясцін яго росквіту.

Ордэн абудзіўся да жыцця на зямлі Палестыны ў XII ст. пад час разгару крыжовых войнаў, калі амаль безупынныя баі крыжакоў з мусульманамі ішлі з пераменным поспехам. Пачатковая яго гісторыя даволі цьмяная і шмат у чым легендарная. Відавочна, правобразам ордэна можна лічыць аб'яднанне вакол шпіталю ў Ерусаліме, узнікшае каля 1129 г. Адзін немец, які разам з жонкай асеў у Ерусаліме пасля заваявання горада крыжакамі, пачаў прымаць у свой дом убогіх і хворых суайчыннікаў. Хворых было шмат, бо мясцовы клімат стаўся нязвыклым і цяжкім для выхадцаў з Германіі. Пазней гэты добры чалавек (імя яго невядомае) сваім коштам збудаваў шпіталь і пры ім капліцу ў імя Дзевы Марыі. Жонка дабрачынніка заснавала асобны жаночы шпіталь. У гэтых людзей з'явіліся паслядоўнікі. Многія немцы ахвяравалі сродкі на карысць шпіталю і працавалі ў ім. Былі сярод іх рыцары і шляхта. Яны прымалі ўдзел у доглядзе за хворымі і адначасова ваявалі. Так пры шпіталі ўтварылася рыцарскае аб'яднанне. Яно ўзяло сабе за ўзор статуты ўжо існуючых ордэнаў іанітаў і тампліераў [11
  Ордэн іанітаў узнік у Ерусаліме пры шпіталі і капліцы Яна Хрысціцеля ў ХІ ст. Пазней вядомы як Мальтыйскі ордэн.
  Ордэн тампліераў з'явіўся ў 1128 г. у Палестыне. Меў мэтай абарону пілігрымаў з Эўропы ад нападаў мусульманаў і разбойнікаў.


[Закрыть]
].

Пад час ваеннай выправы сябры шпітальнай суполкі дзяліліся на дзве часткі: старыя, калекі заставаліся на паслугах шпіталю, а баяздольныя ішлі ў паход. Такая падвойная служба дала ім назву шпітальных братоў і рыцараў Дзевы Марыі – па назве шпітальнай капліцы. У новага аб'яднання хутка ўзніклі нейкія непаразуменні з ордэнам іанітаў – рыцары Дзевы Марыі нейкі час падпарадкоўваліся вялікаму магістру іанітаў.

Афіцыйнае ўтварэнне ордэна адбылося на шэсць дзесяткаў год пазней, у 1190 г., пад час аблогі крыжакамі Акры – горада на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Хрысціяне тады мелі шмат нягодаў ад голаду і хвароб. І вось некалькі немцаў з Брэмена і Любека зрабілі з карабельных ветразяў палатку, сабралі ў ёй хворых, параненых і даглядалі іх. У гэтай дабрачыннай справе прынялі ўдзел і нямецкія рыцары, адначасова спаўняючы вайсковую службу. Відавочна, да іх далучыліся і шпітальныя браты, якія пакінулі заняты мусульманамі Ерусалім. Швабскі князь Фрыдрых, застаўшыся правадыром нямецкіх крыжакоў пасля смерці Фрыдрыха Барбаросы, прыняў гэтую справу пад сваю апеку.

Ён задумаў на яе аснове стварыць асобны рыцарскі ордэн. Энергічна ўзяўшыся за справу, князь сабраў большую частку свецкіх і духоўных паноў, быўшых у Палестыне, у тым ліку вялікіх магістраў іанітаў і тампліераў. Сход адобрыў ідэю і вырашыў скласці статут новага ордэна на аснове іаніцкага і тампліерскага. Ад іанітаў узяць тое, што тычыць догляду хворых, ад тампліераў – ваенныя абавязкі. Такім чынам, Тэўтонскі ордэн з самага пачатку стаў духоўна-рыцарскім у адрозненне ад папярэднікаў, першы з каторых – ордэн св. Яна спачатку быў толькі шпітальным, а другі (тампліераў) увогуле шпітальным не быў.

У хуткім часе папа рымскі зацвердзіў статут новага ордэна. Папа ўпаўнаважыў ерусалімскага патрыярха надаць сябрам новага аб'яднання белую расу з чорным крыжам у якасці іх асаблівага адзення і прызначыць ім Тэўтонскі шпіталь Дзевы Марыі ў Ерусаліме. Германскі імператар у сваю чаргу ўпаўнаважыў ерусалімскага караля і Фрыдрыха Швабскага да зацвярджэння ордэна, апяразвання [22
  Галоўная частка абраду прыёму ў рыцары – апяразванне рыцарскім поясам.


[Закрыть]
] першых рыцараў і надання ім права прымаць у ордэн новых сяброў, прычым толькі са шляхты даўняга роду.

І вось перад князямі сталі 40 чалавек са старых шляхетных родаў і, укленчыўшы, прасілі аб прыняцці ў новы ордэн. Ерусалімскі кароль аперазаў пасам першага рыцара, Фрыдрых Швабскі другога, іншыя князі наступных. Затым новыя рыцары сталі на калені і прынялі шлюбы. Патрыярх надаў ім Ерусалімскі шпіталь і імя: браты-рыцары Тэўтонскага дому Дзевы Марыі ў Ерусаліме.

Кароль ад імя імператара заклікаў быць сапраўднымі рыцарамі, паўставаць на абарону Святой зямлі і ўсіх хрысціянскіх земляў супраць ворагаў веры, падтрымліваць і бараніць касцёл, духоўных, удоваў, сірот і ўбогіх. Пасля сканчэння абраду кароль, швабскі князь і іншыя абралі з 40 рыцараў першага магістра і надалі яму ўсе землі, якія здабудзе ў няверных.

У 1191 ці 1192 г. папа Цэлестын III і германскі імператар Генрых VI зацвердзілі ордэн, які абраў сабе за патронаў Дзеву Марыю і св. Юрыя.

Першы магістр Генрых Вальпот заняўся выпрацоўкай рэгламенту жыцця і ўстройства ордэна. Пры ім сфармаваўся асноўны ўнутраны строй арганізацыі, якая падначальвалася непасрэдна папе рымскаму.

Трэба сказаць, што суполка задумвалася і атрымалася надзвычай моцна з'яднанай, з абмежаваным доступам новых сяброў. Гэтая згуртаванасць у немалой ступені паспрыяла небываламу ўздыму значнасці і магутнасці Тэўтонскага ордэна, а каставасць стала адной з прычын яго заняпаду.

Статут ордэна быў суровым і ў першыя стагоддзі існавання вельмі дэталізаваным. Пры прыняцці новых сяброў, абранні магістра кіраваліся падрабязна вызначанымі працэдурамі, гэтак жа як ва ўсім распарадку жыцця.

Той, хто хацеў быць прынятым у ордэн, павінны быў быць дужым, здаровым і належаць да нямецкай шляхты. Аб сваім жаданні ахвотнік аб'яўляў пад час капітулы [33
  Капітула – збор сяброў ордэна, які меў функцыі кіравання.


[Закрыть]
]. Магістр (або яго намеснік) задаваў кандыдату пытанні: ці не належыць да іншага ордэна, ці не служыць дзе-небудзь, ці не з'яўляецца чыім-небудзь падданым, чалавекам простага звання, ці не мае даўгоў або ўтаёнай хваробы. Пасля адказаў на пытанні паведамлялі, якія неабходна прыняць шлюбы, а менавіта акрамя трох звычайных (беднасці, бясшлюбнасці, паслухмянства) яшчэ даглядаць хворых і ваяваць з ворагамі Крыжа, сумленна несці службу, прызначаную магістрам, бываць на капітулах і дапамагаць радай, з ордэна не выходзіць, акрамя як з дазволу магістра.

Калі кандыдат прымаў умовы, дазвалялі прысягаць: клаў два пальцы на Біблію і казаў: «Абяцаю і клянуся, што ўстрыманне цела будзе адным з маіх звычаяў, буду паслухмяным Богу, св. Марыі, а потым магістру ордэна Нямецкага дому і вашым наступнікам паводле статута і звычаяў ордэна Нямецкага дому аж да смерці».

Затым новаму брату апісвалі яго абавязкі ў наступных словах: «Калі мяркуеш у гэтым ордэне мець спакой і прыемнае жыццё, то ты вельмі памыліўся, бо ў гэтым ордэне прынята так: калі хочаш есці, то мусіш пасціцца, калі хочаш пасціцца, то мусіш есці; калі хочаш ісці спаць, то мусіш быць нядрэмным, а калі хочаш быць нядрэмным, то мусіш класціся спаць. Калі загадаюць ісці туды ці сюды або стаць, то не можаш адмовіцца. Мусіш бацьку, маці, брата, сястру і ўсіх сяброў ніжэй орэна паставіць, а ордэну быць паслухмянейшым і вярнейшым, чым ім. За гэта ордэн табе дае толькі хлеб і ваду ды сціплую вопратку і нічога болей дамагацца не можаш. Калі з часам набудзем лепшага і большага, тады будзеш ужываць нароўне з усімі і на гэтым усё».

Потым новага брата ў поўнай зброі вялі ў касцёл і ў час імшы апяразвалі рыцарскім поясам. Магістр, правінцыйны магістр або камандор (комтур) наносіў удар і казаў: «Рыцар, лепшы за слугу, у імя нашай найяснейшай Дзевы; рыцар, лепшы за слугу, будзь паслухмяным свайму ордэну. Сцярпі гэты ўдар, але ніводнага болей». Затым зброю здымалі і святар апранаў рыцара паводле пэўнага абраду.

Тэўтонскі ордэн складаўся з трох катэгорыяў сяброў. На першым месцы былі рыцары, затым ксяндзы і, нарэшце, службовыя браты. Адзенне рыцараў – чорная туніка і белы плашч з чорным крыжам на левым плячы. Ксяндзы – не абавязкова шляхетнага паходжання – адпраўлялі набажэнствы, удзялялі таямніцы веры рыцарам і хворым у шпіталях, пад час вайны станавіліся капеланамі. Насілі такі ж убор, як і рыцары, толькі туніка і плашч былі даўжэйшымі. Службовыя браты паходзілі не са шляхты. Да іх належалі збраяносцы рыцараў, наёмныя жаўнеры, якія часова прымалі шлюбы. Насілі шэрыя плашчы з «паўкрыжам» – крыж без верхняй часткі (у выглядзе літары Т). Выконвалі ў войску функцыі падафіцэраў, загадвалі кузнямі, стайнямі, фальваркамі, шпіталямі.

Існаваў яшчэ інстытут паўбратоў, якія жылі ў свеце, але былі звязаны з ордэнам. Да паўбратоў залічвалі дабрадзеяў ордэна. Але гэтая катэгорыя сяброў, як і інстытут ордэнскіх сёстраў, не атрымала значнага развіцця.

Істотныя змены ў жыцці аб'яднання, такія, як новае месца дзейнасці, колькасны рост, стварэнне ўласнай дзяржавы, несумненна, уплывалі на яго статуты і структуру. Мы не маем мэтай высвятляць, як адбываўся гэты ўплыў, а паказваем ордэн пад час яго быцця ў Палестыне, а пазней у Прусіі ўжо ў завершаным выглядзе.

Ордэнскія браты жылі разам, спалі на цвёрдым ложы, елі ў сталоўцы, на першых часах небагата. Калі вялікі магістр (хохмайстар) сядаў за агульны стол, то яму давалі трохі большую, чым астатнім, порцыю.

Рыцары абавязваліся быць на імшы або чытаць пэўную колькасць малітваў. Не маглі без дазволу выходзіць з дому, пісаць і атрымліваць лісты, мець што-небудзь пад замком, каб не было і думкі аб уласнасці (уласнасць з'явілася, калі ордэн разбагацеў). Адзенне найпростае, як і зброя з конскім рыштункам. Належала мець добрага баявога каня і гартаваную зброю. Сябру ордэна нельга было размаўляць з жанчынай, асабліва маладой, не мог нават маці пацалаваць. Дазвалялася трымаць жанчыну для працы ў доме.

Ваенная арганізацыя Тэўтонскага ордэна ў Палестыне абапіралася на братоў, завербаваных салдатаў і дапаможныя мусульманскія аддзелы бедуінаў і «туркапулаў». Адсюль у статутах згадваецца пасада туркапулёра, а слугі ўжо ў Прусіі ўсё яшчэ зваліся каравановымі.

Спосаб маршу і прывалу, знаходжанне на пастоях і ў бітве – усё дакладна рэгулявалася. На вайну бралі па тры-чатыры кані – столькі мела асноўная баявая адзінка – кап'ё. Напярэдадні Грунвальдскай бітвы яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (дзіда, меч, шчыт), лёгкаўзброенага слугі ці збраяносца, стралка з лукам ці часцей з арбалетам. Чацвёрты конь служыў рыцару для пераходаў.

На маршы нельга было паіць каня без загаду, які аддаваў харунжы прапорцам. Рыцар ехаў на паходным кані, побач з ім збраяносец. Калі не было небяспекі, баявы конь нёс частку зброі.

У бітве рыцары перасядалі на баявых коней, а паходных пакідалі слугам, якія заставаліся ў тыле пад камандай аднаго са службовых братоў. Рыцары ў баі стаялі не паасобку, як заходнеэўрапейскія, а самкнутымі аддзеламі; загады падаваліся не трубой (у тлуме бітвы можна не пачуць), а харугвай.

На прывале нельга было злазіць з каня без загаду. Спачатку ставілі палаткі для палявой капліцы і камандзіра, толькі потым можна было злазіць з каня і размяшчацца на адпачынак. На прывале нельга было хадзіць у адведкі і аддаляцца больш чым на некалькі дзесяткаў крокаў. Пад час пераходаў і прывалаў загады аддаваліся трубой. На вайне не было агульнай кухні. Кожнаму рыцару страву гатаваў яго канавод ці слуга. За войскам ішла палявая кузня, абоз з харчаваннем і фуражом. Здабытае харчаванне, за выключэннем травы і гародніны, аддавалі гаспадарніку. Крыжакі не распраналіся да сну, не здымалі абутку, елі два разы ў дзень, а ў посныя дні – адзін.

На вайне і ў мірны час існавала жорсткая дысцыпліна. Спагнанні можна было замяніць на пакаранне бізуном, якое рыцар атрымліваў у палатцы магістра. У час адбывання спагнання забіралі каня і зброю, якую маглі часова аддаць іншаму. Гэта была вельмі цяжкая кара. У мірны час каралі бізунамі, зняццем плашча і працай разам з нявольнікамі. Самай вышэйшай карай было выгнанне з ордэна без вызвалення ад шлюбаў, што ставіла вінаватага па-за грамадствам. Такое пакаранне давалася за ўцёкі з поля бітвы, адступленне ад веры, скаталожніцтва, продаж пасадаў і годнасцяў і да т. п.

Лягчэйшай карай з'яўлялася пазбаўленне плашча на год за знішчэнне дакументаў ордэна.

У мірны час, каб не губляць навыкаў, крыжакі павінны былі страляць з лукаў па птушках і паляваць на львоў (у Палестыне) і іншых буйных звяроў.

Войска Тэўтонскага ордэна адрознівалася ад феадальных арміяў, яно мела ўзорна дысцыплінаваныя аддзелы, якія складаліся з майстроў ваеннай справы. Крыжакі ўмелі будаваць і здабываць замкі. Заўжды мелі добрую сістэму разведкі.

Дакладна акрэсленым і адрэгуляваным было кіраванне. На чале Тэўтонскага ордэна стаяў вялікі магістр (па-нямецку хохмайстар). Ён выбіраўся пажыццёва генеральнай капітулай, якая складалася з краёвых магістраў (ландмайстраў), чыноў ордэна і сяброў сталічнага канвента [44
  Канвент – орган мясцовага кіраўніцтва, складаўся з рыцараў, святароў, службовых братоў.


[Закрыть]
]. Пасля смерці хохмайстра яго вопратку аддавалі ўбогім, а аднаго ўбогага кармілі цэлы год. Абраны намеснік паведамляў аб скананні кіраўніка правінцыйным магістрам і прызначаў дзень выбараў новага хохмайстра. У дзень выбараў пасля малітвы і імшы аб Св. Духу чыталі правілы і статут ордэна. Затым кожны брат прамаўляў 15 разоў «Ойча наш» і частавалі 13 убогіх.

Потым намеснік (сам ён у выбарах не ўдзельнічаў) выбіраў аднаго брата, які кіраваў выбарамі, той абіраў другога выбаршчыка, другі трэцяга і так далей да 13. У іх ліку былі 8 рыцараў, ксяндзы, службовыя браты. Стараліся па меры магчымасці абіраць прадстаўнікоў розных правінцый ордэна.

Выбаршчык не мог быць незаконнанароджаным або несці ў гэты час пакаранне. Выбаршчыкі прысягалі, што нічога не ўчыняць з-за непрыязі, нянавісці, страху, а будуць галасаваць за самага вартага. Разам з галоўнымі чынамі ўсе сябры капітулы давалі прысягу прызнаць выбар пад пагрозай выгнання з ордэна. Калі хто з выбаршчыкаў сам быў кандыдатам на пасаду хохмайстра, то яго адсылалі да капітулы, а тая прадстаўляла новага. Каб стаць хохмайстрам, патрэбна было набраць больш паловы галасоў выбаршчыкаў, гэта значыць не менш сямі.

Пасля выбару званілі па ўсіх касцёлах, спявалі, праводзілі ўрачыстасці. Намеснік вёў новага хохмайстра праз алтар, напамінаў абавязкі, уручаў пярсцёнак і пячатку. Калі пад час выбараў хохмайстра не было на месцы, то аб выбранні абвяшчалі толькі на капітуле.

Хохмайстар з'яўляўся кіраўніком ордэна, гаспадаром ордэнскай дзяржавы, камандзірам войска. Аднак яго ўлада не была бязмежнай. Мусіў лічыцца з думкай генеральнай капітулы, якая збіралася штогод 14 верасня, і з голасам сталічнага канвента, комтурам якога быў ён сам. Пастаянна пры хохмайстры знаходзіўся так званы кампаньён (ад'ютант). Хохмайстар не мог прызначаць свайго намесніка, а толькі рэкамендаваць кандыдата на гэтую пасаду. Адчуваючы набліжэнне смерці, аддаваў пячатку аднаму з рыцараў і той вёў справы да выбару новага хохмайстра, калі ж капітула хацела, то выбірала новага намесніка.

Пасля пераезду хохмайстра ў Прусію ў Мальбарк пры ім утварылася рада, якая не прадугледжвалася статутам. Яна складалася з пяці найвышэйшых саноўнікаў (вялікага комтура, вялікага маршала, вялікага шпітальніка, вялікага шатнага, вялікага скарбніка) і аднаго з комтураў. Гэтыя шасцёра тварылі цесную раду. Яна часам пашыралася праз уключэнне ордэнскіх эканомаў (мальборскага і кёнігсбергскага) і некаторых комтураў. З цягам часу функцыі большасці саноўнікаў адмерлі (за выключэннем маршала і скарбніка), а тытулы засталіся.

На чале правінцый стаялі правінцыйныя магістры (ландмайстры). У лепшыя часы іх было аж сем: прускі, нямецкі, інфлянцкі (лівонскі), аўстрыяцкі, апулійскі, грэчаскі, арменскі. Потым іх колькасць зменшылася.

Вялікі комтур быў намеснікам хохмайстра ў кіраванні дзяржавай. Пры адсутнасці хохмайстра ў выпадку небяспекі ён меў права камандаваць арміяй. У мірны час загадваў арсеналамі, вырабам рыштунку, складамі збожжа, а на вайне кіраваў абозам і быў галоўным інтэндантам войска. Яму падначальваўся наземны і водны трапспарт. З'яўляўся адным з двух чыноў, якія мелі ключы ад скрыні з пячаткай ордэна. Памочнікам вялікага комтура быў малы комтур.

Вялікі маршал – намеснік хохмайстра ў кіраўніцтве войскамі, у выпадку адсутнасці хохмайстра – кіраўнік войска. У час міру дбаў аб ваеннай падрыхтоўцы арміі, у ваеннай выправе сачыў за парадкам на маршы, высылаў варту. Не меў права пачынаць бітву без дазволу хохмайстра.

Вялікі шатны загадваў складамі адзення, пральнямі, збраёўнямі, дзе захоўваліся панцыры. Калі братоў было яшчэ няшмат, шатны ўсіх іх трымаў пад увагай, наглядаў за строямі і адпаведнасцю іх статуту. Новае адзенне выдаваў адзін раз у год.

Вялікі шпітальнік загадваў адпаведна шпіталямі (іх колькасць з цягам часу дасягнула некалькіх соцень), у першую чаргу галоўным шпіталем ордэна.

Вялікі скарбнік (гэтая пасада з'явілася каля 1240 г., а да гэтага скарбам займаўся вялікі комтур) вёў рахункі і распараджаўся скарбам ордэна. Золата і срэбра прымаў і складваў у скарбніцу ў прысутнасці хохмайстра з вялікім комтурам. Стан ордэнскага скарбу быў дзяржаўнай таямніцай. Кожная з трох названых асоб мела па ключу ад скарбніцы. Адчыняць яе маглі толькі разам. Скарбнік плаціў грошы па даручэнню хохмайстра, вялікага комтура ці вялікага маршала, штомесяц складаў справаздачу.

Ордэнская дзяржава ў Прусах мела некалькі эканомаў. Два галоўныя з іх – мальборскі і кёнігсбергскі – называліся вялікімі. Эканомы кіравалі ўсім гандлем ордэна. Мальборскі экспартаваў у першую чаргу збожжа, кёнігсбергскі – бурштын, лён і вырабы з дрэва.

Дзяржава Тэўтонскага ордэна дзялілася на акругі – камтурыі. На чале іх стаялі комтуры, якія мелі вялікую ўладу і самастойнасць. Комтур камандаваў войскам сваёй акругі, судзіў у земскіх судах сам або праз намесніка, зацвярджаў змены гаспадароў у маёнтках, збіраў падаткі і ўвогуле правіў усёй акругай. Яму дапамагаў віцэ-комтур. Комтурства існавала там, дзе набіраўся поўны канвент – уласна кляштар крыжакоў. У канвенце мела быць сама меней 12 братоў-рыцараў, 6 братоў-святароў і па два службовыя браты на кожнага рыцара – усяго 24. Ксяндзоў звычайна было менш чым 6, часта толькі адзін, астатнюю колькасць набіралі з ліку клірыкаў ці псаломшчыкаў. Увогуле духавенства не мела значнай ролі ў ордэне. Канвент быў самастойнай адзінкай, сам распараджаўся даходамі з комтурства.

Там, дзе рыцараў да поўнага канвента не хапала, кіраваў не комтур, а войт або пракуратар, прызначаны суседнім комтурам, ці хохмайстрам.

Суровы ў духу сярэднявечча статут Тэўтонскага ордэна, здавалася, прызначаўся для выхавання аскетаў, якія ўсё ў зямным жыцці адрынулі і прысвяцілі сябе змаганню за веру. Аднак зразумела, што браты-рыцары Тэўтонскага дому не былі такімі набожнымі аскетамі, як можа здацца пасля знаёмства з іх статутам. Яны проста спаўнялі службу сродкам, уласцівым іх саслоўю – гэта значыць са зброяй у руках.

Стварэнне Тэўтонскага ордэна, як і падобных яму на зямлі Палестыны, было выклікана імкненнем крыжакоў мець баяздольную добра арганізаваную ваенную сілу для барацьбы з ворагам, значна больш шматлікім. Час паказаў жыццястойкасць гэтага аб'яднання і яго здольнасць да дзейнасці ў розных умовах.

Але на першай пары Тэўтонскаму ордэну прыйшлося не соладка...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю