355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алесь Краўцэвіч » Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда] » Текст книги (страница 3)
Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 05:06

Текст книги "Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]"


Автор книги: Алесь Краўцэвіч


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)

БОЙКІ З ЛІТВОЙ І ПОЛЬШЧАЙ

Пераломным у адносінах Тэўтонскага ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім стаўся 1283 год. Крыжацкі храніст Пётр Дзюзбург пісаў: «Скончылася пруская вайна, пачалася вайна літоўская». Аднак першы этап барацьбы з Літвой [55
  Пад Літвой тут разумеецца дзяржава Вялікае Княства Літоўскае.


[Закрыть]
] пачаўся задоўга да гэтага часу. Упершыню прэтэнзіі на Літву былі выказаныя ў прывілеі германскага імператара Фрыдрыха II у 1245 г. Па просьбе хохмайстра імператар аддаваў ордэну землі, якія той здабудзе ў Куроніі, Літве і Семігаліі. Яшчэ раней, з пачатку ХІІІ ст., агрэсіўныя намеры да Літвы мелі лівонскія крыжакі. Спачатку яны абараняліся ад нападаў літоўцаў [66
  Літоўцы – назва жыхароў гістарычнай вобласці «Літва» ў Верхнім Панямонні са змешаным славянска-балцкім насельніцтвам.


[Закрыть]
], а калі замацаваліся паміж Дзвіной і Фінскім залівам, перайшлі ў наступ. Пацярпеўшы паразу ад літоўцаў пад Шаўламі ў 1236 г., мечаносцы тут жа (1237 г.) аб'ядналіся з Тэўтонскім ордэнам. Цяпер адной з галоўных задач лівонцаў стала злучэнне з Прусіяй па сушы. Дарога на Прусію вяла праз Куронію і мечаносцы атакавалі гэтую вобласць. Як выключную з'яву ў адносінах паміж крыжакамі і Літвой даследчыкі разглядаюць мірнае пагадненне Міндоўга з лівонскім ландмайстрам. Аслабіла ордэн як у Прусах, так і ў Інфлянтах параза ля возера Дурбе (1259 г.).

Істотных зменаў на літоўска-лівонскім фронце не назіралася да 1283 г., пакуль на арэне барацьбы не з'явіўся новы магутны дзеяч – прускія крыжакі. Ордэн выступіў з прэтэнзіямі на Вялікае Княства, спасылаючыся на фальшывую (ці праўдзівую) даравальную грамату Міндоўга. Паводле яе зместу, вялікі князь прызначаў сваю дзяржаву ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Здарылася так, што ўсе сыны Міндоўга загінулі (у тым ліку вялікі князь Войшалк) і ордэн выставіў свае патрабаванні.

Адразу пасля заваёвы Судовіі ландмайстар Конрад фон Цірберг у той жа год зрабіў першы паход на Літву. У наступным годзе зруйнавалі Горадню.

У 1291 г. пала апошняя апора крыжакоў у Палестыне – Акра. Хохмайстар Тэўтонскага ордэна адплыў на караблі ў Эўропу і абсталяваўся ў Венецыі. З гэтага часу Прыбалтыка становіцца галоўнай арэнай дзейнасці ордэна, а праз 19 год хохмайстры назусім перабраліся ў Прусію.

Паходы на Літву арганізоўвалі ландмайстар, ландмаршал і парубежныя комтуры. Цягнулася непарыўная вайна, якая складалася з дробных і буйных наездаў, сутычак, засадаў, адступленняў, уцёкаў і пагоняў. Паходы з аднаго і другога боку адбываліся па падобнай схеме. Збіралася войска ў колькасці ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч вояў і ішло ў паход на варожую тэрыторыю. Выправа цягнулася ад 2-3 дзён да некалькіх тыдняў (калі ішло вялікае войска). Мелі мэтай здабыць адзін ці болей замкаў, рабавалі ваколіцы, палілі жытло, забівалі або бралі ў палон насельніцтва, зводзілі жывёлу.

Выйграваў той, хто здолеў сканцэнтраваць сілы, нечакана ўдарыць і адысці са здабычай і палоннымі, пакуль вораг не арганізаваў адпор. Другі варыянт: вызнаць ці прадугледзець час і накірунак паходу ворага, сабраць у пэўным месцы большыя сілы і нанесці яму паразу ў сустрэчным баі ці ў пагоні.

Вялікую ролю адыгрываў фактар нечаканасці. Войска збіралі тайна і трымалі ў сакрэце месца выправы. Часам спецыяльна распаўсюджвалі чуткі аб намеры напасці на адну вобласць, а ішлі зусім у другую. Існавала добра арганізаваная служба памежнай варты і разведкі з абодвух бакоў. Для выведаў выкарыстоваўваліся вандроўныя манахі і гандляры. Аднак нечаканыя напады ўдаваліся часта. Пакуль збіралі войска, арганізоўвалі абарону, праходзіў пэўны час. Той, хто нападаў, з самага пачатку меў перавагу ў ініцыятыве. У выпадку, калі жыхары аказваліся папярэджанымі, яны хаваліся па замках са сваёй рухомай маёмасцю. Часам дзякуючы нечаканасці ўдавалася захапіць і замак. Нягледзячы на амаль пастаянны стан вайны, у тыя часы не трымалі ў адным месцы вялікага войска па той простай прычыне, што яго немагчыма было пракарміць.

У выніку безупыннай вайны паміж дзяржавамі ўтварылася амаль незаселеная прыгранічная паласа. Жыццё тут было вельмі небяспечным – пастаянна праходзілі вайсковыя атрады, гурты рабаўнікоў, сядзелі засады.

У канцы ХІІІ ст. адбылося паўстанне ў Натангіі, Самбіі і Судовіі, але крыжакам удалося задушыць яго ў самым пачатку праз здраду.

На Лівоніі разрастаўся канфлікт ордэна з рыжскім архібіскупам. Апошні разам з рыжанамі заключыў дагавор з вялікім князем Віценем і той прыняў непасрэдны ўдзел у гэтай барацьбе. У 1298 г. ён разбіў лівонскіх рыцараў, прычым у бітве загінуў лівонскі ландмайстар. Толькі падмога кёнігсбергскага комтура прымусіла ліцвінаў выйсці з Лівоніі.

Хохмайстар Готфрыд фон Гогенлоэ вырашыў у 1303 г. перанесці сталіцу Тэўтонскага ордэна ў Прусію. Яго выбар паў на Мальбарк (ці Марыенбург) на рацэ Нагаце. Перанос сталіцы ў Прусію быў цалкам лагічным, бо менавіта ў Прыбалтыцы для ордэна адкрываліся найабшырнейшыя перспектывы. Тут хапала земляў для заваёвы, непадалёк знаходзілася Германія (не тое, што ў Палестыне), адкуль заўсёды можна было атрымаць хуткую дапамогу. Намер Гогенлоэ ажыццявіў яго наступнік Зыгфрыд фон Фойхтванген.

У пачатку XIV ст. ордэн панаваў над Прусамі, Курляндыяй, Семігаліяй, часткай Лівоніі, некалькімі паветамі Жамойці. У яго шэрагі ахвотна ўступала як шляхта, так і буйныя феадалы. Тут можна было атрымаць уладу, ганаровую пасаду і немалы матэрыяльны набытак. Суровы статут не вытрымліваў выпрабавання багаццем і ўладай. Ордэн ужо нельга было назваць зборам аскетаў і фанатыкаў-хрысціянаў.

Адразу пасля абрання хохмайстар Зыгфрыд фон Фойхтванген у 1309 г. выехаў у Прусію да Мальбарка. Пасада прускага ландмайстра стала непатрэбнай, хохмайстар зрабіў Генрыха фон Плотцке вялікім комтурам і даручыў нагляд над жыўнасцю і суднаходствам. Вялікі комтур жыў пры двары хохмайстра гэтак жа, як вялікі скарбнік. Прускі маршал рэзідаваў у Кёнігсбергу, вялікі шпітальнік – у Эльбланіу, вялікі шатны – у Хрыстбурзе.

Тэўтонскі ордэн у гэты час настолькі ўверыўся ў сваёй моцы, што, не спыняючы валкі з Літвою, увязаўся ў доўгую і крывавую вайну з Польшчай за Памор'е (1309-1343 гг.). Тут ужо не было гаворкі аб барацьбе з нявернымі. Крыжакі ваявалі за хрысціянскія землі з канкрэтнай мэтай – захапіць ласы кавалак зямлі і напрамую злучыцца з нямецкімі землямі. Валоданне Памор'ем давала гарантыю пастаяннай сувязі з Германіяй па сушы.

На валоданне паморскім княствам прэтэндавалі акрамя ўласных князёў яшчэ брандэнбургскія маркграфы і польскія каралі. У 1294 г. кароль Пжэмыслаў усталяваў на Памор'і польскую ўладу. Аднак праз два гады яго неспадзеўкі заспелі і забілі брандэнбуржцы. Барацьбу за Памор'е прадоўжыў Уладзіслаў Лакетак. Тым часам брандэнбургскія маркграфы ўзялі ў германскага імператара прывілей на сваё валоданне Памор'ем (1295 г.). Не могучы сваімі сіламі адабраць гэтую зямлю, Лакетак звярнуўся за дапамогай да Тэўтонскага ордэна. Паводле ўмовы крыжакі абавязаліся бараніць ад брандэнбуржцаў гданьскі замак. Праз год яны павінны былі атрымаць плату і пакінуць Гданьск. Выканаўшы справу – з поспехам абараніўшы замак, браты-рыцары ў наступным годзе запатрабавалі плату. Лакетак заплаціць не змог. Тады крыжакі закавалі ў кайданы палякаў, якія былі ў замку, а праз некаторы час выразалі польскую залогу ў горадзе і авалодалі ім. Затым ордэн заплаціў адступнога (10 тыс. грыўнаў) брандэнбуржцам і тыя адмовіліся ад сваіх правоў на Памор'е на карысць ордэна. Гэта адбылося ў верасні 1309 г. У 1311 г. імператар зацвердзіў не толькі гэтую куплю, але і будучыя набыткі ордэна на Памор'і. Крыжакі даволі хутка здабылі паморскія замкі. Адны захапілі сілай, іншыя паддаліся без бою. Больш за іншых супраціўлялася польская залога ў Швецы, але і яна ўрэшце здалася. Ордэн стаў гаспадаром абодвух берагоў Віслы, пачынаючы ад Польшчы і да ўпадзення ў Балтыйскае мора.

Не спынялася вайна з Вялікім Княствам Літоўскім. Вось некалькі эпізодаў з яе. У 1305 г. вялікі князь Віцень сабраў нараду з найважнейшых паноў. Самбійскі войт Піліп фон Голанд якраз напаў на Літву і паміж іншымі спаліў дзве вёскі вялікага князя.

Той, разгневаны, кінуўся ў пагоню з усімі прысутнымі панамі. Крыжакі ўжо далёка ад'ехалі, таму былі бяспечнымі. Адзін рыцар вёў войска, астатнія, зняўшы зброю, вольна ехалі ззаду. Тут на іх ударыў вялікі князь. Адразу быў забіты сын войта. Голанд, схапіўшы дзвюма рукамі меч, знёс галаву ліцвіну, але і сам палёг разам з іншымі рыцарамі.

Лівонскія крыжакі збудавалі ў вусці Дзвіны замак і пачалі кантраляваць гандаль на рацэ, чым яшчэ ўзмацнілі канфлікт з Рыгай. Біскупы з Лівоніі напісалі да папы рымскага вялікую скаргу на ордэнцаў. Рыцараў абвінавачвалі ў розных грахах: ад забойства хрысціянаў да дабівання сваіх жа братоў-рыцараў, параненых у баі, і спальвання іх целаў па ўзору паганаў.

Актыўныя баявыя дзеянні адбываліся на берагах і водах Нёмана. Комтур Рагнеты прыдумаў збудаваць вялікі і высокі карабель – сапраўдны плывучы замак – і паплыў на ім па Нёману ў выправу. Аднак карабель сеў на мель. Паліць яго было шкада (шмат каштаваў сродкаў і сілаў), комтур спадзяваўся з часам вывесці судна на глыбокую ваду. Пакінуўшы на варце чатырох лучнікаў, пайшоў за падмогай. Ліцвіны акружылі карабель на лодках. У гэты час ён неяк сышоў з мелкага месца і паплыў па цячэнню. Лучнікі бесперапынна адстрэльваліся з высокіх бартоў, аднак былі забітыя, а карабель спалены.

Вайну з Літвой у гэтыя часы арганізоўвалі галоўным чынам вялікі маршал і комтуры пагранічных замкаў. Хохмайстар быў заняты справамі з Польшчай. Цяжкую страту панёс ордэн у 1320 г. – загінуў вялікі маршал Генрых фон Плотцке. Пад час выправы да Меднікаў, што на Жамойці, ён быў акружаны ліцвінамі і жамойтамі. Маршал з боем адступаў па адзінай свабоднай дарозе, але яна аказалася перакрытаю ссечанымі дрэвамі. У роспачнай бойцы загінулі разам з маршалам 20 рыцараў і шмат конніцы. Паміж палоннымі быў самбійскі войт. Яго, па паведамленню ордэнскага храніста, у поўнай зброі прывязалі на кані і спалілі жыўцом на ахвяру паганскім багам. Немалыя страты крыжакам нанёс выдатны ваенны правадыр Давыд Гарадзенскі, зяць вялікага князя Гедыміна.

Ліцвіны хадзілі паходамі не толькі ў Прусію, але і на Польшчу. Кароль Уладзіслаў Лакетак, уважаючы крыжакоў за галоўнага ворага, павёў палітыку на саюз з Вялікім Княствам. Ён выправіў да Гедыміна паслоў з прапановай міру і просьбай рукі яго дачкі Альдоны для свайго сына Казіміра. Гедымін даў згоду і ў якасці пасага дачкі выпусціў тысячу палонных палякаў.

Лакетак, не чакаючы сканчэння перамір'я з крыжакамі (да Божага нараджэння 1326 г.), пачаў граміць іх саюзнікаў. Спачатку спустошыў землі мазавецкага князя. Затым надышла чарга маркграфства Брандэнбургскага. У 1326 г. разам з літоўскай падмогай на чале з Давыдам Гарадзенскім палякі спустошылі ваколіцы Франкфурта-над-Одэрам. На адваротнай дарозе на прывале Давыд быў забіты ў спіну адным мазавецкім шляхціцам. Крыжакі ў 1327 г. разам з мазавецкім князем Вацлавам спустошылі Куявы. На наступны год Лакетак зноў з літоўскай падмогай ваяваў Хэлмінскую зямлю, а крыжакі з мазурамі хадзілі на Куявы, дзе пацярпелі паразу. У 1341 г. пад час аблогі аднаго з крыжацкіх замкаў стрэлам з гарматы быў забіты вялікі князь Гедымін. Вайну з ордэнам прадоўжылі яго сыны Альгерд і Кейстут. На той жа год крыжакі захапілі Добжынь. Польскі кароль, атрымаўшы падмогу з Аўстрыі, Літвы, Вугоршчыны, пайшоў на Хэлмінскую зямлю. Аднак ордэнскае войска не давала яму пераправіцца праз раку Дрвенцу. Кароль 10 дзён стаяў на адным беразе, крыжакі – на другім. Нарэшце палякі знайшлі новы брод. Каля яго затаілася некалькі вайсковых аддзелаў, астатнія пайшлі берагам да Бродніцы, ордэнскія войскі ішлі паралельным курсам па другім беразе. Схаваныя войскі Лакетка перайшлі раку і дымам падалі ўмоўны знак каралю, той рэзка павярнуў войска і на ўсю моц паімчаў да броду. Крыжакі таксама павярнулі, але іх цяжкія коні не паспелі за лягчэйшымі польскімі і вугорскімі, пераправа адбылася. Хохмайстар адступіў да Голуба. Было заключана перамір'е, спрэчкі вырашылі перадаць на суд чэшскага і вугорскага каралёў. Тады ж заключылі перамір'е і з Літвой – ордэн абавязаўся вярнуць заваяваную частку Жамойці.

Лівонскі ландмайстар абклаў горад Рыгу. Пасля працяглай абароны людны і багаты горад у 1330 г. з-за недахопу харчавання здаўся на ўніжальных умовах. Самыя шаноўныя жыхары павінны былі прыйсці да ландмайстра і скласці да яго ног усе свае прывілеі. Ландмайстар загадаў засыпаць частку гарадскіх равоў, разваліць мур на 30 локцяў у шырыню і праз той пралом на чале войска ўступіў у Рыгу. Ландмайстар быў таўсцяком і адна кабета, пабачыўшы гэты ўезд, заявіла, што не дзівіцца нежаданню крыжака прайсці праз браму, як усе людзі. Каб трымаць горад у паслушэнстве, крыжакі заклалі ў Рызе свой замак. Яны доўга і без асаблівых турбот жылі пад праклёнам папы, накладзеным за нежаданне вяртаць горад архібіскупу.

Быў у ордэне рыцар заганных схільнасцяў Ян фон Бендорф. Хохмайстар за гэта трымаў яго пад сваім наглядам у Мальбарку. За нейкую правіннасць у Бендорфа адабралі каня. У дзень святой Элізабеты, калі хохмайстар выходзіў з капліцы, Бендорф нанёс яму смяротны ўдар нажом. Адзіны спадарожнік хохмайстра – сабака пачаў так жахліва брахаць і выць, што адразу збегліся людзі. Забойца хацеў уцячы, але яго выкрылі па плямах крыві на белым плашчы і затрымалі. Рыцары не хацелі крыві свайго брата і аддалі яго на суд папе. Той прыгаварыў яго да пажыццёвага зняволення на хлебе і вадзе.

17 лютага 1331 г. генеральная капітула абрала новага хохмайстра і прыняла меры для асабістай бяспекі кіраўніка ордэна. Яму далі варту з некалькіх рыцараў і жаўнераў. Капітула ўзнавіла звычай выбару хохмайстрам у пастаяннае таварыства аднаго рыцара, званага кампаньёнам (ад'ютантам). У абавязкі кампаньёна ўваходзіла сачыць за бяспекай хохмайстра, прымаць звароты, просьбы і г.д. З часам хохмайстры мелі па тры і чатыры кампаньёны.

Перамір'е ордэна з Польшчай скончылася, а мірнага вырашэння спрэчак не адбылося. Вайна працягвалася далей. Крыжакі захапілі ўсю Добжынскую зямлю. Пасрэднікі – вугорскі і чэшскі каралі выдалі прысуд: Куяўскую і Добжынскую землі вярнуць Польшчы, Памор'е пакінуць ордэну. Крыжакі не аддавалі захопленыя землі, патрабуючы ад караля Казіміра пісьмовай згоды з прысудам, а той яе не даваў. Нарэшце ў 1343 г. Казімір падпісаў з ордэнам мір у Калішы, па ўмовах якога адрокся ад усіх правоў на Памор'е, Хэлмінскую і Міхалаўскую землі. Крыжакі перадалі Польшчы Куявы і Добжынь.

Пасля замірэння з Польшчай вайна супраць Літвы павялася з небывалым размахам. З 1340 да 1410 г. было зроблена 97 паходаў на Літву. Галоўным чынам нападалі на Жамойць, а таксама на Горадню, Вільню, Трокі, Берасце, Ліду, Наваградак. У адказ за гэты ж час ліцвіны ажыццявілі каля 55 паходаў. Вялікія крыжацкія выправы (па некалькі тысяч чалавек) адбываліся ў 1382, 1383, 1384, 1390, 1391, 1394, 1402, 1403 гадах. Разам з тым штогод рабілася 4-8 невялікіх рабаўнічых выпраў, якія арганізоўвалі комтуры Рагнеты, Балгі, Астроды.

У 1360 г. у крыжацкі палон трапіў Кейстут, ён быў акружаны і аддаў зброю лівонскаму ландмайстру. Аднак князя хутка абмянялі на мноства палонных хрысціянаў. Але ў хуткім часе Кейстут зноў трапіў у палон. У бітве яго скінулі з каня, схапілі і прывезлі да Мальбарка. Варта днём і ноччу стаяла ля дзвярэй цямніцы, куды доступу не меў ніхто, акрамя крыжака з прыдворнай службы хохмайстра. Ён насіў князю ежу. Гэты крыжак быў родам ліцвін, яго маладым узялі ў палон, ахрысцілі на Адольфа, а па-простаму звалі Альфам. Доўгай і вернай службай ордэну Альф заслужыў давер хохмайстра. Кейстут знайшоў у адной сцяне вязніцы выемку, якая мела глыбіню на 2/3 мура. Князь схіліў Альфа на свой бок, атрымаў ад яго інструменты і ламаў муроўку ў адтуліне, пакуль не прабіў выйсце. Ноччу Кейстут спусціўся ў роў, вылез на другі бок па драбінах, апрануў крыжацкі плашч і без перашкод выехаў з Мальбарка. Дабраўшыся разам з Альфам да лесу, кінулі коней, некалькі дзён хаваліся па балотах, затым лясамі па начах дайшлі да Мазовіі, дзе ўцекачоў прыняла княгіня Данута – родная дачка Кейстута.

У канцы 1379 г. ля ракі Нарвы з'ехаліся хохмайстар, Кейстут, Ягайла (бацька Ягайлы вялікі князь Альгерд памёр у 1377 г.). Там яны прыйшлі да згоды і ў Троках заключылі мір на 10 гадоў паміж пагранічнымі раёнамі Прусіі і Літвы. Па яго ўмовах з абодвух бакоў не павінна было быць ніякіх нападаў. Жыхары пагранічных раёнаў маглі ў складзе войскаў сваіх краін удзельнічаць у паходах на глыбінныя раёны іншай варожай дзяржавы.

Ягайла, захацеўшы аднаасобна панаваць у Вялікім Княстве, увайшоў у тайную змову з крыжакамі супраць Кейстута. У 1380 г. была заключана патаемная дамова: вялікі князь (Ягайла) гарантуе Тэўтонскамуордэну поўныя мір і бяспеку. Калі ордэн пойдзе пустошыць край Кейстута ці яго сыноў, а вялікі князь выведзе сваё войска ў поле, то мір пры гэтым ніякім чынам не будзе лічыцца сарваным; толькі не павінны ўступаць у бітву з ордэнскім войскам. Калі воі ордэна па няведанню ўвойдуць у землі вялікага князя, зробяць шкоду, або захопяць палонных, то палон будзе выдадзены без выкупу, але каб дамоўленасць не адкрылася, рабіць выгляд, што выкуп атрыманы.

Ужо ў 1381 г. крыжакі пачалі ваенныя дзеянні супраць Кейстута – пустошылі Жамойць. Кейстут арганізаваў паход у адказ, які меўся быць нечаканым, але крыжакі ўсюды былі гатовыя да яго прыходу, што здзівіла старога князя. Усё стала яму зразумелым, калі атрымаў інфармацыю аб дамове Ягайлы з крыжакамі. Кейстут сказаў аб здрадзе свайму сыну Вітаўту, які быў у вялікай дружбе з Ягайлам і, можна сказаць, жыў пры ім. Вітаўт не хацеў даваць веры, запэўніваў бацьку, што вялікі князь яму давярае і нічога не робіць без яго ведама.

Праз нейкі час Кейстут нечакана авалодаў Вільняй і ўзяў пад варту Ягайлу. Была знойдзена перапіска з крыжакамі і тэкст пагаднення. З Горадні ў Вільню прымчаўся Вітаўт. Бацька яму сказаў: «Ты не хацеў мне верыць, глянь на гэтыя лісты і даведайся аб змовах супраць нас. Дзякуй небу, што захавала нас ад згубы». Ягайлу пакінулі ўдзел і ён пасяліўся ў Крэве.

У 1382 г. адбываліся ўзаемныя напады з крыжакамі. Ягайла зноў наладзіў сувязь з ордэнам. Ён нечакана напаў на Вітаўта, разбіў яго войска і захапіў Вільню. Вітаўт адступіў да Трокаў, потым пад Горадню. Ягайла злучыўся пад Трокамі з крыжацкім войскам, захапіў горад і замак. Сюды падышлі Кейстут з Вітаўтам. Варожыя войскі стаялі на адлегласці ў 3-4 палёты стралы адно ад другога. Ягайла прыслаў свайго брата Скіргайлу з заклікам да згоды і міру. Кейстут паддаўся на гарачыя просьбы Вітаўта, паверыў прысязе Скіргайлы аб бяспецы і разам з сынам паехаў да войска Ягайлы. Сам Ягайла, быццам для ўшанавання, выехаў насустрач з вялікім конным атрадам, які адразу акружыў прыбыўшых князёў. Калі Кейстут сказаў аб мэце прыезду, Ягайла задумліва адказаў: «Тут не месца для перагавораў, паехалі да Вільні». І тут жа конныя пачалі цясніць прыехаўшых на віленскую дарогу. У Вільні бацьку з сынам разлучылі. Кейстута ў кайданах вывезлі ў Крэва і пасадзілі ў цямніцу. Да вояў Кейстута прыбыў ганец і ад яго імя перадаў, што князю ўжо не патрэбныя іх паслугі. Войска раз'ехалася па дамах. На пятую ноч зняволення ў Крэве Кейстут быў задушаны ў прысутнасці кашталяна замка Проры. Паміж забойцамі быццам знаходзіўся нейкі крыжак. Ягайла загадаў прывезці цела дзядзькі да Вільні і арганізаваў пышнае пахаванне.

Вітаўт у Вільні паводзіў сябе неспакойна, урэшце захварэў і быў таксама вывезены ў Крэва. Яго жонка княгіня Ганна дамаглася дазволу быць разам з мужам. Прыбылі на месца яшчэ перад смерцю бацькі. Пасля забойства Кейстута вырашылі ўцякаць. Княгіня ўзяла ліст бяспекі для сваёй паездкі ў Мазовію. Аднойчы яна, як звычайна, прыйшла адведаць мужа і затрымалася ў яго. Вітаўт перапрануўся ў адзенне адной са служанак, імем Алена, а тая засталася на яго месцы. Потым князь быў спушчаны з мура і дабраўся да коней, прысланых ваўкавыскім цівуном. Хутка даімчаў да Слоніма, затым праз Берасце на пяты дзень быў ужо на Мазовіі ў Плоцку. Княгіня Ганна разам з дзецьмі таксама пакінула Крэва. Алена так добра выдавала сябе за хворага князя, што ўцёкі адкрыліся толькі на трэці дзень. Прор, атрымаўшы загад з пашанай вывезці Вітаўта да Вільні, зайшоў да князя, убачыў падмену і адразу забіў Алену. Некаторыя храністы пішуць, што на месцы Вітаўта засталася яго жонка.

Вітаўт звярнуўся за дапамогай да ордэна і атрымаў яе. Прыбыўшы да Прусіі, князь паслаў клікаць на падмогу да сябе жамойтаў. Тыя доўга не хацелі даваць веры, што князь Вітаўт можа быць у хаўрусе з крыжакамі.

У хуткім часе Ягайла зрабіў важны палітычны крок – згадзіўся прыняць польскую карону. У 1385 г. былі выпрацаваныя ўмовы Крэўскай уніі, на наступны год Ягайла стаў польскім каралём і прыняў каталіцтва з імем Уладзіслаў.

Ягайла лічыўся гаспадаром дзвюх дзяржаў каля 7 год. Барацьба Вітаўта за бацькоўскі стол скончылася пагадненнем 1392 г. у Востраве. Ягайла фактычна прызнаў за стрыечным братам Вялікае Княства Літоўскае, а сам застаўся толькі польскім каралём, прыдумаўшы сабе на суцяшэнне тытул вярхоўнага князя Літвы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю