355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алесь Краўцэвіч » Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда] » Текст книги (страница 2)
Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 05:06

Текст книги "Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]"


Автор книги: Алесь Краўцэвіч


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)

З ПАЛЕСТЫНСКІХ ПЯСКОЎ У ПРУСКІЯ ЛЯСЫ

З самага пачатку, стаўшы ў шэраг воінаў крыжа, рыцары Тэўтонскага ордэна неслі цяжкія страты. Пад час адной з бітваў з туркамі-сельджукамі ў сакавіку 1210 г. загінула большая частка рыцараў, а вялікі магістр атрымаў смяротную рану.

Абраны на яго месца Герман фон Зальца сказаў, што быў бы рады страціць вока, каб толькі мець да канца жыцця хоць дзесятак баяздольных рыцараў. Здарылася так, што менавіта пры гэтым хохмайстру і ў значнай ступені дзякуючы яму справы ордэна пайшлі намнога лепш.

Герман фон Зальца не меў высокага арыстакратычнага паходжання, але быў чалавекам надзвычайных здольнасцяў. Пасада вялікага магістра давала яму магчымасць праявіць іх у поўнай меры. Умелы дыпламат, ён здолеў захаваць прыхільнасць двух самых значных сілаў Заходняй Эўропы – папства і рымскіх імператараў, нават калі тыя варагавалі паміж сабой. Мала таго, фон Зальца выступаў пасрэднікам пры іх прымірэнні. Пры фон Зальца папы і імператары надалі ордэну галоўныя прывілеі ды маёмасці ў Апуліі, Арменіі, Вугоршчыне і амаль ва ўсіх нямецкіх землях.

Імператар прысвоіў Герману фон Зальца і ўсім яго наступнікам тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі з дазволам змяшчаць выяву імперскага арла на гербах і харугвах. Яшчэ раней, у 1221 г., спецыяльным прывілеем ордэн браўся пад апеку імператара разам з усімі рухомымі і нерухомымі маёмасцямі, як набытымі, так і будучымі, вызваляўся ад усякіх падаткаў і павіннасцяў.

Папа рымскі таксама абвясціў хохмайстра князем і падараваў яму каштоўны пярсцёнак, а той пераказаў сваім наступнікам. Адсюль пайшоў звычай перадаваць кожнаму новаму хохмайстру разам з крыжам і гэты пярсцёнак.

Ерусалімскі кароль як узнагароду за адвагу і цноту дазволіў хохмайстру і тым, хто прыйдзе на яго месца, насіць ерусалімскі крыж над чорным ордэнскім крыжам.

Тэўтоны былі ўдзельнікамі ўсіх выпраў крыжакоў і паказалі сябе з найлепшага боку. Аднак ужо стала ясным, што перамога ў рэшце рэшт застанецца за мусульманамі. Герман фон Зальца пачаў рабіць захады для забеспячэння свайму ордэну іншага поля дзейнасці.

Яшчэ ў 1211 г. вугорскі кароль Андрэй II запрасіў Тэўтонскі ордэн у Сяміграддзе, каб яны арганізавалі адпор нападам качэўнікаў. Крыжакі прыбылі туды ў значнай сіле і паспяхова справіліся з задачай. Аднак у хуткім часе кароль Андрэй скасаваў запрашэнне і выгнаў рыцараў. Затым у 1222 г. вярнуў назад, потым зноў адабраў падораныя землі. Замацавацца ў Сяміграддзі ордэну не ўдалося.

Тут якраз падышла прапанова з боку Польшчы. Мазавецкі князь Конрад вырашыў з дапамогай крыжакоў абараніцца ад нападаў ваяўнічых плямёнаў прусаў. Ордэн, не пакідаючы поле бітвы ў Палестыне, уступіў у балтыйскія справы, а палякі атрымалі на сваю галаву новы клопат, які праз нейкі час вырас у вялікую бяду. Прусы былі язычнікамі, што апраўдвала прысутнасць ордэна як арганізацыі для барацьбы з нявернымі.

Конрад Мазавецкі ўжо спрабаваў сам стварыць спецыяльны ордэн для вайны з прусамі. Чатырнаццаць чалавек шляхты былі апранутыя ў белыя плашчы з вышытымі чырвоным мячом і зоркай і аб'яўленыя ордэнам Хрыста. Князь аддаў ім замак Добжынь, таму гэтае рыцарскае аб'яднанне вядома як Ордэн добжынскіх братоў. Аднак браты-рыцары з Добжыня не дасягнулі вялікага поспеху ў вайне з прусамі, іх ордэн не здолеў набрацца моцы.

Тады Конрад вырашыў звярнуцца да сталай ужо арганізацыі, якая мела значную сілу. Ён выправіў паслоў да хохмайстра Тэўтонскага ордэна Германа фон Зальца з просьбай прыбыць на дапамогу са сваімі рыцарамі. Абяцаў аддаць ордэну Хэлмінскую і Добжынскую землі і ўсё, што той здабудзе ў паганаў. Рымскі імператар Фрыдрых II у сакавіку 1226 г. выдаў акт, якім навечна зацвярджаў наданне ордэну Хэлмінскай зямлі і іншага, што здабудзецца ў няверных. У гэтым акце імператар без лішняй сціпласці выступае як уладар не заваяваных яшчэ Прусаў.

Што ж уяўляла сабой у тыя часы Прусія? Гэтая краіна ляжала ля Балтыйскага мора, з усходу межавала з Жамойцю і Літвой, на поўдні – з Польшчай. Яна складалася з 12 вобласцяў, населеных балцкімі плямёнамі. Усе гэтыя вобласці ў пісьмовых крыніцах называюцца «прускімі землямі». На самой справе яны не былі заселеныя адным этнасам. У VI-XI стст. прусы насялялі паўвостраў Самбію і паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа сучаснага Калінінградскага заліва. Да пачатку ХІІ ст. пад прускі ўплыў трапляюць тэрыторыі, якія пазней атрымалі назвы «земляў»: Памезанія, Пагезанія, Натангія, Бартыя, Надровія. Суседнія плямёны (скальвы, ламаты, яцвягі) поўнасцю ці часткова прымаюць грамадскую арганізацыю прусаў. Тэўтонскі ордэн пачынаў крыжовы паход непасрэдна супраць прусаў і для апраўдання тэрытарыяльных прэтэнзій яму было выгодна называць усе гэтыя землі прускімі. Ордэнскія заваёвы спынілі працэс утварэння дзяржавы на заходняй ускраіне балцкага арэала.

Прусія – плоскі край, толькі на ўсходзе і поўдні ёсць пагоркі, прарэзаныя азёрамі. Месяцы травень, чэрвень, ліпень, жнівень звычайна цёплыя, восень імглістая і пераменлівая, зіма дастаткова суровая. Глеба ўраджайная – расце жыта, пшаніца, авёс, ячмень, проса, гарох, лён, каноплі, хмель. Многа было лясоў, дзе акрамя звычайнай дзічыны ў тыя часы вадзіліся туры, буйвалы і ласі. Прусы вялі гандаль футрам і бурштынам.

Герман фон Зальца паслаў да мазавецкага князя двух рыцараў з 18 людзьмі на агледзіны і высвятленне абставін на месцы. Калі тыя прыехалі на мазавецкі двор, самога князя не было дома, гасцей прыняла яго жонка і прасіла пачакаць звароту мужа. Якраз у той час на Мазовію напалі прусы. Тэўтонскім рыцарам з'явілася магчымасць прадэманстраваць свае баявыя вартасці. Яны прынялі самы актыўны ўдзел у арганізацыі абароны, магчыма, нават былі яе кіраўнікамі. Бітва з прусамі цягнулася цэлы дзень, урэшце мазуры кінуліся наўцёкі і тут крыжакі паказалі сябе, прыкрываючы адступленне, пакуль не ўпалі пад мноствам стрэл. Перамога дасталася прусам дарагой цаной і яны ў тую ж ноч адышлі. Параненых рыцараў выхадзілі і тыя прыступілі да перагавораў з князем. Усе ўклады былі скончаныя ў 1230 г. Гэтым годам можна лічыць пачатак будаўніцтва ў Прусіі ордэнскай дзяржавы.

Па просьбе крыжакоў князь збудаваў ім на гары левага берага Віслы замак, названы Фогельзангам. У гэтым замку засела крыжацкая залога і баранілася ад прусаў. Можна сказаць, гэты «птушыны спеў» (так перакладаецца з нямецкай мовы назва замка) стаў пачаткам пераможнай песні крыжакоў над прускімі абсягамі. Фогельзанг выканаў ролю ордэнскага плацдарма ў Прусах. Хохмайстар прыслаў падмацаванне з некалькіх рыцараў і сотні конных. Рыцары былі надзеленыя пасадамі кіраўнікоў новай правінцыі (якой фактычна яшчэ не было). Галоўным сярод іх быў Герман Балк з тытулам намесніка Прусіі. З ім прыбылі прызначаныя ў новую правінцыю маршал, комтур, дамавы комтур (камендант замка), шпітальнік. Напаўненне намінальных пасадаў рэальным зместам залежала ад саміх рыцараў. Яны з запалам рынуліся «ў справу», гэта значыць у бойку, бо акрамя вайны іншых сродкаў не ведалі. Герман Балк адразу пачаў будаваць новы замак над Віслай і назваў яго Няшава.

Конрад Мазавецкі прывілеем у чэрвені 1230 г. аддаў ордэну на вечныя часы Хэлмінскую зямлю з рэкамі Дрвенцай і Мокрай і ўсё, што будзе здабыта ў Прусіі. Адзіным абавязкам крыжакоў было змаганне супраць прусаў, пакуль тыя не прымуць хрысціянства. Імператар і папа зацвердзілі гэтае наданне. Рымскі папа аб'явіў крыжовы паход супраць прусаў, яго ўдзельнікам адпускаліся грахі нароўні з крыжакамі, якія хадзілі ваяваць за Святую зямлю.

Забяспечыўшы сабе «прававую» падставу для заваёвы зямлі, жыхароў якой забыліся спытаць аб іх жаданнях, рыцары пачалі дзейнічаць.

У 1231 г. Герман Балк з невялікім войскам на лодках перабраўся цераз Віслу і дайшоў да аднаго з прускіх свяцілішчаў. Там стаяў дуб, якому пакланяліся мясцовыя жыхары. Крыжакі ўмацавалі гэтае месца – акружылі яго валамі і равамі, павесілі на дубе сваю харугву і адбіваліся ад насядаўшых прусаў, якія імкнуліся адагнаць чужынцаў ад святыні. Праз нейкі час на гэтым месцы быў закладзены замак і горад Торунь.

У хуткім часе Герман Балк з дапамогай прыбыўшых з Эўропы крыжакоў выгнаў прусаў з усёй Хэлмінскай зямлі. На месцы спаленага прускага гарадзішча збудаваў горад Хэлмна, прызначыўшы яго на сталіцу Прусіі. У 1234 г. аб'яднанае войска ордэна, Конрада Мазавецкага, сілезскага князя Генрыка Барадатага, паморскага князя Святаполка, вялікапольскага Ўладзіслава нанеслі прусам цяжкую паразу на рацэ Дзежгонь (Сіргуна). Пачалі будавацца новыя крыжацкія замкі. 1237 год – Эльбланг, 1239 – Балга і г.д. Ордэн павольна прасоўваўся ўздоўж Віслы, Нагаты, затым Віслянскага заліва, каб не губляць воднай сувязі з базамі на Хэлмінскай зямлі.

Так закладаліся асновы ордэнскай дзяржавы ў Прусіі. Заваёвы новых земляў ажыццяўляліся па простай і надзейнай схеме. На мяжы тэрыторыі, прызначанай для захопу, будаваўся замак, які выкарыстоўваўся як апорны пункт для войска. Затым на адлегласці 15-30 км углыб варожай зямлі (адзін дзень дарогі) закладваўся новы замак і гэтак далей. Так стваралася сетка, якая з часам пакрыла ўсю Прусію. У ХІІІ ст. крыжакі яшчэ не ставілі шмат мураваных замкаў, бо не хапала сродкаў. Звычайна рабілі ўмацаванні з двух паралельных сценаў з ляжачых бярвенняў. Прамежак паміж імі запаўнялі каменнямі і глінай. Зверху адсыпалі вал з гліны і будавалі драўляныя вежы. Мураваныя замкі пачалі пашырацца пазней, у XIV ст. Вакол замка праводзілі роў з вадой, праз яго да брамы вёў мост. Тэўтонскі ордэн прыняў нарманска-сіцылійскі тып замкаў: квадрат з вежамі ў чатырох кутах. У ХІІІ ст. будаваліся і нерэгулярныя замкі з адной – дзвюма вежамі ці акрамя кутніх мелася вежа і над брамай. Там, дзе быў поўны канвент, узводзіўся ўласна замак з будынкамі па ўсяму перыметру сценаў і падзамча за мурамі са стайнямі, іншымі гаспадарчымі пабудовамі. Там, дзе не набіралася поўнага канвента і кіраваў не комтур, а войт або пракуратар, замак меў адзін ці два корпусы каля сценаў. На замку заўсёды была капліца і агульная сталоўка. Звычайна яны размяшчаліся на другім паверсе. Першы паверх займалі збраёўня, сядлярня, жыллё абслугі, кладоўка. Ніжэй былі скляпенні. Комтур жыў на другім паверсе. Пад дахам знахозіўся абарончы ярус з байніцамі.

Прусію наведваў хохмайстар Герман фон Зальца. Гэты чалавек справу рабіў заўсёды грунтоўна. Былі прыдуманыя меры для заваблівання сюды каланістаў, у першую чаргу нямецкіх. Для гэтага новым гарадам і жыхарам надаваліся ўсялякія ільготы і прывілеі. Гарады Хэлмна і Торунь атрымалі самакіраванне па магдэбургскаму праву. Была арганізавана вайсковая служба на феадальнай аснове. Той, хто атрымліваў у лен ад ордэна пэўную колькасць зямлі і іншую маёмасць, павінны быў па закліку станавіцца ў войска ў поўнай зброі і самае меншае з двума збраяносцамі. Хохмайстар загадаў біць у Хэлмне манету з найчысцейшага срэбра.

Вялікую дапамогу ў заваёве Прусіі Тэўтонскаму ордэну давалі крыжакі з Эўропы, галоўным чынам з Германіі, а таксама польскія князі. Толькі па гэтай прычыне заваёва адбывалася так хутка.

Наступіла чарга іншых вобласцяў: Варміі, Натангіі і Бартыі. У крыжакоў здараліся і няўдачы. Пад час адной з выпраў у 1237 г. у Варміі залога прускага гарадзішча Балга амаль цалкам знішчыла ордэнскі атрад. Аднак крыжакі хутка адпомсцілі – захапілі Балгу і выразалі ўсіх, хто там быў. Прусы абклалі ў гэтым гарадзішчы ландмайстра Балка з яго войскам і той выратаваўся толькі дзякуючы нечаканай падмозе крыжакоў з Германіі. У хуткім часе жыхароў Варміі, Натангіі, Бартыі прымусілі скарыцца і прыняць каталіцкую веру. Каб замацаваць перамогу, спешна будаваліся замкі: Кройцбург у Натангіі, Бартэнштайн, Рэзель, Вісемберг у Бартыі, Брунзберг і Хейлзберг у Варміі. Тутэйшыя землі падзялілі паміж нямецкімі шляхціцамі, якія далі згоду пасяліцца ў Прусіі на аснове леннай службы. Мясцовых жыхароў стараліся па-ўсякаму зняволіць, маладых людзей пасылалі ў Германію, дзе з іх выхоўвалі прапаведнікаў хрысціянства.

У 1237 г. да Тэўтонскага ордэна ўліўся ордэн рыцараў Хрыста, якіх па выяве мяча на плашчы звалі яшчэ мечаносцамі. Гэтае рыцарскае аб'яднанне больш вядома як Лівонскі ордэн. Мечаносцы перажывалі цяжкія часы. Ваюючы з русінамі, лівамі, курамі, эстамі, семігаламі, яны пастаянна канфліктавалі яшчэ з рыжскім архібіскупам. Ордэн мечаносцаў займаў у Лівоніі даволі сціплае месца – з усіх заваяваных земляў ён атрымліваў толькі трэцюю частку, а мясцовыя біскупствы – дзве астатнія. Аб'яднаннем з Тэўтонскім ордэнам рыцары Хрыста спадзяваліся паправіць свае справы. Цяжкая параза ад ліцвінаў у 1236 г. (тады загінуў магістр мечаносцаў) паскорыла аб'яднанне. Лівонскім правінцыйным магістрам (ландмайстрам) быў прызначаны нястомны заваёўнік Прусіі Герман Балк. Нейкі час ён заставаўся і прускім ландмайстрам.

У 1239 г. памёр Герман фон Зальца – выдатны дзеяч Тэўтонскага ордэна. Менавіта дзейнасць гэтага хохмайстра стварыла тую аснову, на якой узняўся магутны будынак ордэнскай дзяржавы.

Маюцца звесткі, што войска ордэна прымала ўдзел у вайне з мангола-татарамі ў 1240-1241 гг., але не вельмі ўдала.Татары разбілі аб'яднаныя хрысціянскія войскі ў 1241 г. пад Лягніцай, у баі быў паранены прускі ландмаршал.

У саюз з прусамі супраць ордэна ўвайшоў паморскі князь Святаполк. Відавочна, ён першы зразумеў, што пасля заваёвы паганаў-прусаў прыйдзе чарга і да суседніх хрысціянскіх земляў. Пасля непрацяглай, але кровапралітнай вайны ордэн з дапамогай польскіх князёў перамог. Па мірнай дамове ў 1242 ці 1243 г. Святаполк абавязаўся дапамагаць крыжакам ва ўсіх войнах з паганамі. Аднак праз непрацяглы час князь, аб'яднаўшыся з прусамі Судовіі, спустошыў Хэлмінскую зямлю і разбіў крыжацкае войска, пры гэтым загінуў прускі маршал. Святаполк патрабаваў вярнуць яго сына, які знаходзіўся ў руках ордэна як закладнік. Браты-рыцары адмаўляліся, заклікаючы князя скарыцца. Святаполк збудаваў на востраве пасярод Віслы замак Зантыр і перакрыў крыжакам водны шлях. У ходзе новай вайны ордэн з дапамогай крыжакоў з Германіі і Польшчы зноў узяў верх. Святаполк быў змушаны ў 1246 г. заключыць мір, абавязацца парваць адносіны з прусамі, дапамагаць у барацьбе з паганствам, сына пакінуць у закладзе. Аднак і гэтая сутычка была не апошняй. Толькі ў 1248 г., вычарпаўшы свае сілы, Святаполк пры пасрэдніцтве папскага легата заключыў мірную дамову.

Браты-рыцары таксама з дапамогай легата 7 лютага 1249 г. увайшлі ў пагадненне з новахрышчанымі прусамі з Памераніі, Варміі і Натангіі. Мясцовыя хрысціяне атрымлівалі пэўныя правы: маглі самастойна купляць і прадаваць зямлю, распараджацца рухомай маёмасцю, уступаць у шлюб. Яны абяцалі крыжакам не паліць сваіх памёршых, трымацца хрысціянства, быць вернымі ордэну. Аднак прусаў-хрысціянаў было яшчэ вельмі мала, ды і тыя не цвёрда трымаліся новай веры. Яны ў хуткім часе аб'ядналіся з язычнікамі, перакрылі дарогі паміж крыжацкімі замкамі, знішчылі вялікі атрад тэўтонскага войска.

Ордэну зноў дапамаглі крыжакі, якія ў 1257 г. прыбылі з Германіі ў вялікай колькасці. З іх дапамогай ордэн заваяваў Памеранію, Вармію, Натангію, Бартыю і Галіндыю. Мясцовы люд быў змушаны прыняць хрысціянства.

У 1252 г. ордэн ваяваў Памор'е, а праз год заключыў новы мір са Святаполкам на ўмовах, што калі той што-небудзь зробіць супраць ордэна, то пазбавіцца горада Гданьска.

З дапамогай заходнеэўрапейскіх крыжакоў у 1254 г. была заваёвана Самбія, а праз год збудавалі замак Кёнігсберг. Супраціўленне прусаў узмацнілася пасля таго, як аб'яднанае войска прускай і лівонскай частак ордэна разам з датчанамі пацярпелі моцную паразу ад ліцвінаў у 1259 г. ля возера Дурбе. У тыя ж часы лівонская філія ордэна ваявала з мясцовымі плямёнамі, Псковам, Ноўгарадам і маладой яшчэ дзяржавай – Вялікім Княствам Літоўскім.

У супрацьстаянні з паганамі крыжакі не лічылі абавязковым прытрымлівацца нормаў хрысціянскай маралі. Ордэнскі войт Варміі і Натангіі брат Вальрад Мірабіліс сабраў на пір да замка Ленцэнберг мясцовых арыстакратаў. Тыя прыйшлі без асаблівай насцярожанасці, бо такое адбывалася ўжо не адзін раз. Калі госці як след захапіліся пітвом і ежай, па загаду войта ў памяшканні, дзе адбываўся пір, былі зачынены дзверы і вокны, а дом падпалены. Вырвацца з полымя не здолеў ніхто. Гэты выпадак выклікаў абурэнне ў Прусіі і паспрыяў разгортванню паўстання супраць ордэна.

Толькі Хэлмінская зямля і Памезанія захавалі вернасць крыжакам, бо ўжо амаль поўнасцю былі заселеныя каланістамі-хрысціянамі. Самбійскія, натангійскія, вармінскія, пагезанскія, бартыйскія прусы паўсталі. Размах барацьбы, выбухнуўшай у верасні 1260 г., быў такім, што ледзь не знёс уладу ордэна ў Прусіі. У шэрагу выпадкаў кіраўнікамі паўстаўшых сталі людзі, якіх крыжакі ў маладых гадах выслалі да Германіі для выхавання з іх рупліўцаў хрысціянства. Тыя хрысціяне, хто не паспеў схавацца па замках, былі забітыя або захопленыя ў палон. Паўстанцы палілі касцёлы, капліцы, дамы хрысціянаў, забівалі святароў. Храніст паведамляе, як аднаго святара самбійцы паклалі галавой паміж двух бярвенняў і, сціскаючы іх, павольна задушылі, гаворачы са здзекам, што ня смеюць праліваць крыві такой святой асобы. Некаторых палонных прусы прыносілі ў ахвяру сваім багам. Так, у поўным узбраенні на кані быў жыўцом спалены адзін з палонных рыцараў.

Браты-рыцары сядзелі абложаныя ў замках. Двойчы з Германіі да іх прыходзіла дапамога і двойчы прусы разбівалі крыжакоў. Паўстанцы актыўна спрабавалі здабыць замкі Кёнігсберг, Кройтцбург, Бартэнштайн і авалодалі двума апошнімі. Залога Кройтцбурга пакінула замак і ратавалася ўцёкамі, але яе дагналі і ўсю пабілі. Залога з Бартэнштайна здолела ўратавацца дзякуючы хітрасці. Немцы ноччу цішком выйшлі, а ў замку застаўся стары рыцар, які рэгулярна званіў у звон, быццам заклікаючы на набажэнства. Прусы не заўважылі падман. Доўга трымаўся замак Хейлзберг у Варміі, нягледзячы на пастаянныя штурмы і абстрэл з абложных машын. Урэшце залога здолела ўцячы і схавацца ў Эльблангу, прывёўшы з сабой 12 прускіх закладнікаў. Іх асляпілі і так выпусцілі. Была выкрыта змова з прусамі двух крыжакоў. Ландмайстар загадаў спаліць здраднікаў жыўцом. Каб спаленыя былі пагане, то ўсё скончылася б ціха, але тут за празмерную жорсткасць да хрысціянаў ландмайстра пазбавілі пасады.

Паўстанцы захапілі малыя ордэнскія замкі, а буйныя трымалі ў шчыльнай аблозе. Верныя ордэну Хэлмінская зямля і Памезанія аказаліся спустошанымі.

У 1263 г. крыжакам ўдалося задушыць паўстанне ў Самбіі, аднак у іншых месцах вайна працягвалася. Натангійскія прусы разграмілі крыжакоў у Хэлмінскай зямлі, прычым загінуў ландмайстар і некалькі дзесяткаў рыцараў. Шмат пацярпеў замак Радзынь. Яго двойчы захоплівалі паўстанцы і двойчы крыжакі адбівалі.

З Германіі падыходзілі ўсё новыя і новыя падмацаванні. Урэшце з канца 1272 г. ордэн пачаў браць сітуацыю пад кантроль. Пасля амаль 14-гадовай вайны былі прыведзеныя ў пакору Вармія, Натангія, Бартыя і іншыя вобласці. Ужо ў 1274 г. заваёва новых вобласцяў у Прусіі аднавілася – на чаргу сталі Скаловія, Надравія, Судовія. Аднак агонь паўстання ўсё яшчэ не патухаў. Крыжакі душылі яго з вялікай жорсткасцю. Прускі ландмайстар Конрад фон Цірберг амаль усіх жыхароў Пагезаніі выселіў у іншыя вобласці, шмат людзей уцяклі ў Беларусь і разам з сем'ямі аселі ў ваколіцах Горадні.

Паўстанне паступова згасала і сведчанне таму тое, што ордэн змог вызваліць частку сілаў для новых заваёваў. Вайна вялася са звычайнай тады жорсткасцю і ўтрапёнасцю. Мемельскі комтур захапіў у палон аднаго з прускіх правадыроў у Скаловіі. На прывале палоннага прывязалі да дрэва, каб не ўцёк. Калі варта заснула, той здолеў вызваліцца, але ўцякаць не стаў. Схапіўшы меч, забіў рыцара і трох кнехтаў, чацвёртаму адсек руку. Астатнія, разбуджаныя шумам, пасеклі раз'юшанага воя.

Апошняй у 1283 г. была заваявана Судовія. Яна аказалася моцна спустошанай – шмат народу палягло ў вайне, частку крыжакі рассялілі па іншых правінцыях, частка выселілася ў Вялікае Княства Літоўскае. На месца загінуўшых і ўцёкшых прыходзілі каланісты, галоўным чынам з Германіі. Тыя мясцовыя жыхары, якія прынялі хрысціянства, доўгі час, нават яшчэ ў XVI ст., захоўвалі элементы сваёй даўняй веры.

Лічачы ад 1231 г., калі Герман фон Балк упершыню пераправіўся з войскам праз Віслу, да 1283 г., за 52 гады Прусія была заваявана цалкам. Для гэтага спатрэбілася намаганне не толькі Тэўтонскага ордэна, але і шляхты ўсіх германскіх земляў. Вайна нанесла такія непапраўныя страты мясцовым плямёнам, што ў рэшце рэшт яны перасталі існаваць як этнасы.

Унутраную палітыку на тэрыторыі Прусіі ордэн будаваў умела і мэтанакіравана. Каб прыцягнуць каланістаў, крыжакі стварылі новае хэлмінскае права. Было ўведзена фламандскае права спадчыннасці– роўнасць мужчыны і жанчыны. Па вугорскаму праву дазвалялася свабоднае паляванне на дзікага звера, акрамя баброў. Ужывалася яшчэ магдэбургскае і польскае права. Прусаў падзялілі на дзве катэгорыі: вольныя і нявольныя. Тыя, хто захаваў вернасць ордэну пад час паўстання 1260-1274 гг., мелі больш правоў. Былыя паўстанцы – нявольныя хлопы – жылі ў асобных вёсках, мелі мізэрныя гаспадаркі і мусілі працаваць на крыжакоў. Яны не маглі сяліцца ў гарадах. Мясцовая шляхта анямечылася.

Каланісты густа наплывалі да 1350 г., пасля іх прыток зменшыўся. Крыжакі стварылі 1400 новых вёсак (акрамя біскупаў, царкоўных капітулаў і феадалаў). Да 1410 г. у Прусіі ўжо было 93 гарады. На пачатак XV ст. насельніцтва Прусіі ацэньваецца прыблізна ў 400-600 з нечым тысяч чалавек.

Ордэнскія ўлады шчыльна апякалі гаспадарчае жыццё краіны. Яны стварылі двайную сістэму даходаў: праз адпрацоўкі, грашовы і натуральны падаткі (шляхта таксама іх плаціла) і яшчэ праз уласную гаспадарку (земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, крэдыт, гандаль). Галоўным аб'ектам гандлю былі авёс, ячмень і солад. Ордэн злоўжываў уладай – сваіх эканомаў ставіў у больш выгодныя ўмовы гандлю, чым астатніх купцоў. За некалькі дзесяткаў гадоў Прусія ператварылася ў квітнеючую краіну, з чаго ордэн меў немалую выгоду.

У знешняй палітыцы Тэўтонскага ордэна пасля пакарэння Прусіі галоўнай задачай стала вайна з Вялікім Княствам Літоўскім.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю