355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алесь Краўцэвіч » Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда] » Текст книги (страница 4)
Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 05:06

Текст книги "Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]"


Автор книги: Алесь Краўцэвіч


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)

НАБЛІЖЭННЕ ДА ВЯЛІКАЙ ВАЙНЫ

Адносіны ордэна з Літвой і Польшчай пастаянна былі напружанымі. Вітаўт і Ягайла выдатна разумелі, што нясе іх дзяржавам далейшае ўзмацненне крыжакоў. Яны таксама ўсведамлялі ўсю цяжкасць змагання з ордэнам паасобку і Вялікага Княства Літоўскага, і тым больш невялікага каралеўства Польскага.

Небяспека з боку ордэна – вось аснова тагачаснага саюза Літвы і Польшчы. У імя дзяржаўных інтарэсаў вялікі князь і кароль адкінулі ўсе даўнія крыўды, што было не простай справай, асабліва для Вітаўта. Паміж ім і Ягайлам ляжала смерць бацькі – вялікага князя Кейстута.

У свой час Ягайла карыстаўся крыжацкай дапамогай у змаганні за вярхоўную ўладу ў Вялікім Княстве. Потым ужо Вітаўт быў змушаны звярнуцца да ордэна за дапамогай супраць Ягайлы. Высветліўшы адносіны паміж сабой, стрыечныя браты ў сілу абставін (гэтыя людзі выдатна ўмелі ў іх разбірацца) стварылі саюз дзвюх дзяржаў. Аб яго менавіта антыкрыжацкай накіраванасці яскрава сведчыць тая акалічнасць, што пасля разгрому ордэна ў Вялікай вайне гэты саюз тут жа распаўся.

Прычын і повадаў для вайны хапала. Ордэн даволі бесцырымонна накладваў руку на землі, якія Літва і Польшча здаўна лічылі сваімі. Асноўнай зонай канфлікту з Вялікім Княствам была Жамойць. Крыжакі яшчэ з ХІІІ ст. імкнуліся любым коштам захапіць яе, каб напрамую злучыцца з Лівоніяй. Ва ўсіх перагаворах з літоўскімі князямі ўзамен за дапамогу ці пры заключэнні міру яны патрабавалі сабе Жамойць. Так было ў дамовах Вітаўта з ордэнам у 1384, 1390 гадах, дагаворы дзвюх дзяржаў у 1398 г., укладзе Свідрыгайлы з крыжакамі ў 1402 г. і, нарэшце, літоўска-польска-ордэнскім трактаце 1404 г. у Рацяжы.

Усе гэтыя акты былі праявай дыпламатыі – жамойты не збіраліся скарацца крыжакам і тыя раз за разам хадзілі паходамі на край, які фармальна быў ужо іх уласнасцю. Пад пагрозай расправы жамойты далі вялікую колькасць закладнікаў і ў пачатку студзеня 1401 г. у Мальбарку было ўчынена паказальнае хрышчэнне жамойцкіх паноў. Аднак ужо ў сакавіку жамойты ўзнялі паўстанне. Літва іх падтрымала і пачалася вайна, якая скончылася трактатам 22 траўня 1404 г. у Рацяжы. Па яго ўмовах Польшча атрымала права выкупу ў крыжакоў Добжынскай зямлі, але Жамойць заставалася за ордэнам. Яго войскі зноў пачалі хадзіць туды паходамі. Тым не менш Жамойць заўжды была гатовая паўстаць, а Літва ў зручны момант падтрымаць яе.

Складанымі былі адносіны ордэна з Польшчай. У 1392 г. крыжакі адкупілі Добжынскую зямлю ў князя Ўладзіслава Апольчыка (па-нямецку фон Опельн). Польшча, не гатовая да вайны, абмежавалася пратэстамі. Палякі не хацелі канчаткова адмаўляцца і ад Памор'я.

У 1402 г. Жыгімонт Вугорскі намерваўся аддаць Польшчы Новую Марку (вобласць ля заходняй мяжы Польшчы) як заклад за грашовую пазыку. Аднак ордэн пазычыў Жыгімонту суму значна большую, чым мог ахвяраваць польскі кароль, і такім сродкам набыў Новую Марку для сябе. Польскія землі аказаліся адрэзанымі ад саюзных заходнепаморскіх княстваў. Палякі, упусціўшы ўсю здабычу, павялі спрэчку аб некалькіх замках на мяжы Польшчы з Новай Маркай, у першую чаргу аб Дрэздэнку. Яго ўладальнік Ульрых фон Ост прысягнуў польскаму каралю, а калі Новая Марка дасталася ордэну, перайшоў на бок крыжакоў. Хохмайстар і ў гэтай спрэчцы не пажадаў саступіць, каб хоць трохі злагодзіць палякам горыч страты, і купіў у фон Оста яго ўладанні.

Паступова станавілася ясным, што справа дойдзе да вайны, і ўсе рыхтаваліся да яе. Ягайла і Вітаўт стараліся трымаць свой саюз у тайне, крыжакі ж да апошняга не пакідалі надзеі іх пасварыць.

Вялася актыўная дыпламатычная праца. Ордэн меў падтрымку ўсяго каталіцкага захаду, рознымі сродкамі здолеў зрабіць сваімі саюзнікамі паморскіх князёў. Па дагавору тыя абавязаліся за 4 тыс. коп грошаў даць падмогу супраць Вітаўта і Ягайлы. Ужо ў ходзе вайны крыжакі аплацілі і саюз з Жыгімонтам Вугорскім. Хоць у таго быў мір з Ягайлам да 1413 г., але, атрымаўшы 300 тысяч дукатаў (фантастычная па тых часах сума), ён забавязаўся напасці на Польшчу. Пасля перамогі Жыгімонту павінны былі дастацца Падолле, частка Русі і Малдова, а ордэну – Літва, Жамойць, Добжынская зямля і Куявы. Каб прыдаць сваім дзеянням выгляд прыстойнасці, Жыгімонт запісаў умову – ён дапаможа ордэну толькі ў тым выпадку, калі Ягайла будзе выкарыстоўваць у вайне паганаў або схізматаў. Зараней было вядома, што разам з палякамі выступяць ліцвіны, жамойты (пагане), русіны (схізматы) і татары (мусульмане).

Другі сусед – чэшскі кароль Вацлаў – меў саюз з Ягайлам, але і ён быў падкуплены ордэнам. У сваю чаргу Вітаўт 14 верасня 1408 г. заключыў мір з Маскоўскім княствам і можна было не баяцца ўдару ў спіну. Рускія гісторыкі ацанілі гэтую акалічнасць як уклад Масквы ў разгром Тэўтонскага ордэна. Буйным поспехам дыпламатыі Вітаўта з'явілася адсутнасць войскаў лівонскай філіі ордэна ў важнейшых аперацыях вайны.

Паўсюды ў Эўропе па свецкіх і духоўных дварах вялася актыўная дыпламатычная барацьба. Галоўным козырам крыжакоў была святасць іх барацьбы з паганамі і схізматыкамі. Польскага караля-каталіка яны абвінавачвалі ў падтрымцы няверных. Ягайла ў адказ пісаў, што ордэнскія браты ў сваёй дзяржаве не прывялі да Бога прусаў, а пякуцца аб хрысціянізацыі Жамойці і Літвы. З 1407 г. па Эўропе кружылі скаргі жамойтаў на ордэн, якія, несумненна, ішлі праз дзяржаўныя канцылярыі Вітаўта і Ягайлы. Хоць увогуле сімпатыі ў Эўропе былі на баку крыжакоў, усё ж дыпламатычная актыўнасць саюзнікаў прынесла пэўны плён. У гэтай вайне ордэн атрымаў значна менш падмогі ад імперыі і заходніх краін, чым раней.

Калі разгледзець падзеі апошняга дзесяцігоддзя перад вайной у храналагічнай паслядоўнасці, то атрымаецца такі малюнак:

1391 г. – сілезскі Пяст Уладзіслаў Апольчык заклаў ордэну частку Добжынскай зямлі і Куяваў. Ордэнская армія выгнала польскія войскі, пасланыя ўтрымаць вобласць;

1392 г. – па прапанове таго ж Апольчыка хохмайстар узяў пад заклад усю Добжынскую зямлю, якая і так фактычна была пад ордэнам. Вітаўт, атрымаўшы ўладу над Вялікім Княствам, замірыўся з Ягайлам;

1392, 1393, 1394 гг. – крыжакі пустошылі літоўскія землі;

1396 г. – польскі кароль заняў яшчэ не закладзеныя ордэну вобласці Куявіі і са згоды чэшскага караля Вацлава захапіў уладанні Апольчыка ў Сілезіі;

1398 г. – па дагавору ордэна з Вітаўтам да крыжакоў адыходзіла Жамойць. Ордэн з дапамогай марскога дэсанта заняў востраў Готланд;

1399 г. – параза Вітаўта ад татараў на Ворскле;

1401 г. – жамойцкае паўстанне супраць ордэна, пачатак вайны ордэна з Літвой, узнаўленне саюза Вітаўта і Ягайлы;

1403 г. – Ягайла атрымаў ад папы рымскага булу, якой тэўтонскім рыцарам забаранялася праводзіць ваенныя паходы супраць хрысціянаў-літоўцаў;

1402 г. – ордэн набывае Новую Марку ў Жыгімонта Вугорскага;

1404 г. – Рацяжскі літоўска-польска-крыжацкі трактат. Польшча атрымала права выкупу Добжынскай зямлі, Жамойць адыходзіць крыжакам;

1407 г. – абранне хохмайстрам Ульрыха фон Юнгінгена – прыхільніка актыўнай палітыкі на ўсходзе.

Падзеі апошняга года перад вайной паказваюць немагчымасць мірнага ўрэгулявання канфліктаў. Абодва бакі гэта разумелі і актыўна рыхтаваліся да вайны. 6 студзеня 1408 г. у Коўна для вырашэння спрэчных пытанняў з'ехаліся Вітаўт, Ягайла, Ульрых фон Юнгінген. Прысутнічаў і лівонскі ландмайстар. Пасрэднікам паміж Польшчай і ордэнам абралі Вітаўта. Ягайла пажадаў ад хохмайстра вяртання Дрэздэнка. Той адклаў рашэнне справы да 24 чэрвеня, пазней аддаў яе на суд Вітаўту, а ўрэшце выкупіў уладанне фон Оста. Ковенскі з'езд скончыўся беспаспяхова.

У чэрвені 1408 г. крыжацкі войт Новай Маркі спаліў некалькі пагранічных польскіх вёсак. Летам гэтага ж года сам хохмайстар аб'ехаў памежныя з Літвою і Польшчай замкі Астроду, Торунь, Штразбург, Голуб і іншыя. Ён прывёў у парадак іх арсеналы, арганізаваў дастаўку з Мальбарка гармат, пракантраляваў забеспячэнне рыштункам і харчовымі прыпасамі. Прасачыў, як ідзе ўмацаванне замкаў Тыльзіт і Рагнета. Крыжацкі войт Жамойці атрымаў загад парваць сувязі Жамойці з Літвой і забараніў ліцвінам купляць на Жамойці мёд, збожжа, жывёлу.

Малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла, якога крыжакі падтрымлівалі супраць Вітаўта, падаўся за падмогай у Масковію. Узнік канфлікт. Вітаўт правёў вайсковую дэманстрацыю на мяжы з Маскоўскім княствам і 14 верасня 1408 г. заключыў з ім мір.

7 верасня 1408 г. Дрэздэнка перайшоў ва ўладанне ордэна. Гэтай жа восенню жамойцкі войт і суседнія комтуры паведамлялі ў Мальбарк, што Жамойць уздоўж і ўпоперак праходзяць ліцвіны, русіны і татары, часта апранутыя купцамі, і падбухторваюць насельніцтва да паўстання. У снежні 1408 г. адбылася тайная нарада Вітаўта з Ягайлам у Наваградку. Магчыма, менавіта на гэтай сустрэчы аформілася ідэя расправы з ордэнам.

Вітаўт не хацеў пачынаць вайну заўчасна і здзіўляў крыжакоў сваёй памяркоўнасцю і ігнараваннем выклікаў. Вясной 1409 г. адзін з паслоў ордэна, раздражнены няпэўнымі адказамі Вітаўта на пытанне, каго вялікі князь будзе падтрымліваць у пагранічных спрэчках – Польшчу з Мазовіяй ці ордэн, дазволіў сабе абразу асобы Вітаўта. У размове з людзьмі вялікакняскага двара ці нават у прысутнасці самога князя крыжак выказаўся ў тым сэнсе, што вялікі князь ужо тры разы здрадзіў ордэну, а цяпер намерваецца зрабіць тое ж у чацвёрты раз. Гэтая нястрыманасць каштавала брандэнбургскаму комтуру Маркварду фон Зальцбаху галавы, але пазней, пасля Грунвальдскай бітвы. Зараз жа Вітаўт паслаў да хохмайстра запыт, ці ўпаўнаважваў той свайго пасла да такіх выказванняў. Хохмайстар быў вымушаны прасіць прабачэння.

У лістах да кіраўніка ордэна Вітаўт завяраў таго ў сваіх намерах трымаць мір і ў нейкай ступені здолеў аслабіць пільнасць крыжакоў. Тыя да апошняга моманту не гублялі надзеі ўбіць клін паміж Вітаўтам і Ягайлам. Без сумнення, вялікі князь імкнуўся выгадаць час для лепшай падрыхтоўкі да вайны. Хоць крыжакі не давяралі канчаткова ні яму, ні Ягайлу, тым не менш першымі вайну не пачыналі. Можа быць, не былі поўнасцю падрыхтаваныя або, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, хацелі паказацца перад усім светам у паставе абаронцаў.

31 траўня 1409 г. на Жамойці выбухнула паўстанне. Жамойты нечакана напалі на Хрыстмемель і спалілі замак. У сярэдзіне чэрвеня на Жамойць прыбыў староста ад Вітаўта Румбольд Валімунтавіч. Вітаўт жа рабіў выгляд, што ён ні пры чым. У іх з Ягайлам была дамова пачаць вайну, «як паспее збожжа», гэта значыць у канцы ліпеня.

Ягайла выслаў пасольства, якое 10 чэрвеня ў Эльблангу, дзе знаходзіўся хохмайстар, прынесла яму скаргі наконт пагранічных канфліктаў. Ульрых фон Юнгінген згадзіўся задаволіць большую частку прэтэнзій. Потым хохмайстар у сваю чаргу выслаў да караля торуньскага комтура са скаргай на Вітаўта, маўляў, паўстанне на Жамойці паднялося з яго дапамогай. Затым прыходзіла яшчэ некалькі пасольстваў ад ордэна, меўшых на мэце выведаць, ці будзе Ягайла дапамагаць ліцвінам і жамойтам. Ягайла сцвярджаў, што не можа даць адказ, пакуль не выкажацца каронная рада, якая павінна адбыцца 17 ліпеня.

Сабраўшыся ў Ленчыцы, рада вырашыла не пакідаць Літву. Тут жа Ягайла адправіў паслоў у ордэн, якія 1 жніўня сталі перад Ульрыхам фон Юнгінгенам. Польскі кароль згаджаўся мірна вырашыць усе спрэчкі праз трацейскі суд пры ўмове, што крыжакі да самага прысуду не будуць нападаць на Жамойць. Хохмайстар дабіваўся ад паслоў адказу на пытанне: ці будзе Польшча перашкаджаць ордэну пакараць паўстанцаў? Узамен абяцаў не чапаць ні Ягайлу, ні Вітаўта, калі той пакіне жамойтаў. Кіраўнік пасольства гнезненскі архібіскуп Мікалай Куроўскі ў запале заявіў, што калі ордэн уступіць у вайну з Літвой, то Ягайла ўдарыць на Прусы. Дакументы сведчаць, што хохмайстар падзякаваў архібіскупу за яснае выражэнне пазіцыі караля і паведаміў аб намеры скіраваную супраць Літвы вайну абярнуць на Польшчу.

6 жніўня 1409 г. з Мальбарка было паслана пісьмовае аб'яўленне вайны, якое Ягайла атрымаў 14 жніўня, а 16-га крыжацкія войскі перайшлі граніцу і пачалі пустошыць польскія землі. Пачалася Вялікая вайна...

ВАЕННАЯ КАМПАНІЯ 1409 г. І ПАДРЫХТОЎКА НОВАЙ

Наступленне было добра арганізаваным і праводзілася адначасова з некалькіх пунктаў. Галоўны ўдар пад кіраўніцтвам хохмайстра і вялікага маршала наносіўся на Добжынскую зямлю. Добжынь узялі прыступам, выбілі залогу, спалілі замак, разрабавалі горад. Яшчэ раней захапілі Рыпін і Ліпна. Потым здабылі Баброўнікі. Упартае супраціўленне аказала залога Златарыі, але і гэты замак – апошні пункт абароны ў Добжынскай зямлі – здаўся 2 верасня.

Адначасова комтуры з Тухолы і Члухава спустошылі Крайну (вобласць на захад ад Быдгашча) і рушылі на Быдгашч. Яны паведамлялі хохмайстру, што на працягу 8 дзён палілі ўсіх і ўсё. Па дарозе вызвалілі з польскага палону комтура са Швеца Генрыха фон Плаўэна – будучага выратавальніка ордэна. Замак узялі без цяжкасці, бо здраднікі адчынілі браму. Каля 1 верасня фон Плаўэн прыбыў у Быдгашч з вайсковым аддзелам і падрыхтаваў замак да абароны. У той жа час войт Новай Маркі Арнольд фон Бадэн пустошыў ваколіцы Дрэздэнка на паўночна-заходнім паграніччы Польшчы, а комтуры Астроды і Брандэнбурга – уладанні Януша Мазавецкага. Тут крыжацкія войскі сустрэлі супраціўленне. Сын Януша Балеслаў уварваўся ў ордэнскую зямлю, спаліў Дзялдава (Зольдаў) і спустошыў ваколіцы да самага Растэнбурга.

Пачатак вайны быў нечаканым для палякаў. Відавочна, Ягайла спадзяваўся зацягнуць перагаворы на большы час. 4 верасня вялікапольскае паспалітае рушэнне было разбіта пад Велуням у Новай Марцы. У канцы жніўня войска Вітаўта злучылася са жамойтамі – першы адкрыты крок вялікага князя да вызвалення гэтага краю. Паў ордэнскі замак Фрэдэбург, крыжацкі войт пакінуў Дубісу, спаліўшы замак. Быў захоплены горад Мемель (Клайпеда), замак жа застаўся ў руках крыжакоў. Каб спыніць далейшы рух Вітаўта, вялікі маршал з комтурамі Балгі і Брандэнбурга сабраў новае войска. Выйсці насустрач Вітаўту яно не змагло з-за дрэннага надвор'я і хваробаў, маршал толькі засланіў дарогу ўглыб краіны.

Да Волбажа, а затым пад Ленчыцу збіралася польскае паспалітае рушэнне. Маецца звестка праз ліст вялікага маршала да хохмайстра ад 15 верасня, што Вітаўт з невялікім атрадам прыязджаў у гэты час да Ягайлы. Ад Коўна да Ленчыцы ці да Волбажа каля 600 кіламетраў, значыць, вялікі князь быў у дарозе 8-10 дзён, калі ехаў на падменных конях. Відавочна, тады Вітаўт з Ягайлам абмеркавалі становішча і план далейшых дзеянняў.

Толькі 23 верасня польскія войскі рушылі ў паход, а 28-га абклалі Быдгашч. На восьмы дзень аблогі яны штурмам здабылі замак. Яшчэ ў час аблогі ў лагеры Ягайлы знаходзілася пасольства чэшскага караля, якое дамагалася спынення вайны і вырашэння спрэчкі праз пасрэдніцкі суд караля Вацлава. 5 кастрычніка ўжо сам хохмайстар прапанаваў заключыць перамір'е на наступных умовах: Ягайла спыняе аблогу і згаджаецца на пасрэдніцтва караля Вацлава. Ягайла адказаў, што ахвотна прыме прапанову, калі ордэн выведзе войскі з Добжынскай зямлі і да прысуду аддасць упраўленне ёю прадстаўнікам чэшскага караля. 6 кастрычніка палякі авалодалі Быдгашчам. Гэта, несумненна, паўплывала на ход справаў. Праз два дні, 8 кастрычніка, паміж Польшчай і ордэнам было заключана перамір'е да заходу сонца 24 чэрвеня 1410 г. Па яго ўмовах абодва бакі заставаліся пры ўладаннях, якія мелі на момант падпісання перамір'я. Рашэнне спрэчак перадалі Вацлаву Чэшскаму, ён павінны быў аб'явіць свой прысуд не пазней першага тыдня посту, гэта значыць 9 лютага 1410 г. Польскі бок абавязаўся ніякім чынам не дапамагаць жамойтам і тым, хто іх падтрымлівае. Калі які-небудзь з бакоў парушыць хоць адну з умоваў, то чэшскі кароль мае права дапамагаць другому боку ўсімі сродкамі, пакуль зноў не прыйдзе мір. З умоваў перамір'я вынікала, што Польшча развязвае ордэну рукі для новага захопу Жамойці і вайны з Літвой, паколькі перамір'е не тычылася Вялікага Княства Літоўскага.

Заключэннем перамір'я скончыўся першы этап Вялікай вайны 1409-1411 гг. Ён характарызаваўся ваенным і дыпламатычным поспехам крыжакоў у Польшчы. Добжынская зямля заставалася ў руках ордэна. З пасрэднікам – каралём Вацлавам – можна было дамовіцца з дапамогай звонкай манеты. Перамір'е з Ягайлам давала магчымасць спакойна заняцца Жамойцю і Літвой.

Ніхто не верыў у мірнае вырашэнне спрэчак: ні бакі, якія ваявалі, ні сам пасрэднік. Ды і перамір'е, заключанае толькі паміж Польшчай і ордэнам, цалкам не выключала працяг ваенных дзеянняў на Жамойці і Літве. Аднак Тэўтонскі ордэн не скарыстаўся зручным момантам і нам не зусім зразумела чаму. Існуюць розныя меркаванні на гэтую тэму. Адныя даследчыкі лічаць, што ордэн не хацеў ваяваць да аб'яўлення прысуду чэшскага караля з дыпламатычных разлікаў. Выказвалася думка, што калі разышліся наёмныя войскі, то крыжакі не мелі арміі для непасрэдных ваенных дзеянняў, асноўная частка іх уласных войскаў была раскідана па замках. Таму, маўляў, крыжакі не маглі нават даць адпор нападу ліцвінаў, калі тыя ўжо пасля заключэння перамір'я пустошылі вобласці ў ваколіцах Дзялдава і Ніборка.

Не пачынаючы ваенных дзеянняў супраць Літвы, ордэн арганізаваў чарговую спробу развязаць у Літве міжусобную вайну. Ужо калі пачаліся перагаворы аб перамір'і з Польшчай, хохмайстар падпісаў дагавор са Свідрыгайлам, у якім абяцаў таму дапамагчы атрымаць вялікакняскі трон і не заключаць ні з кім міру, пакуль гэтая мэта не будзе дасягнутая. Свідрыгайла збіраўся тайна перабрацца на тэрыторыю ордэна і адтуль пачаць вайну супраць Вітаўта. Аднак пасланы ордэнскімі ўладамі глейт бяспекі быў перахоплены, змова, такім чынам, раскрытая, а Свідрыгайла зняволены. Яго лёс вырашаўся на асабістай сустрэчы Вітаўта з Ягайлам.

Прыбліжаўся час аб'явы прысуду Вацлава Чэшскага. Да Прагі пачалі з'язджацца літоўскія, польскія, мазавецкія, крыжацкія паслы. Кароль Вацлаў не вытрымаў тэрміну, яго рашэнне было агалошана не 9, а 15 лютага. Крыжацкія паслы – вялікі шпітальнік Вернер фон Тэццінген і торунскі комтур граф Альбрэхт Шварцбург – прывезлі Вацлаву 60 тыс. фларэнаў «як кампенсацыю за сяброўскае пасрэдніцтва». Па прысуду абвешчана: кожны з бакоў застаецца пры тых землях, якія меў перад вайной і на якім мае правы паводле дакументаў папы, імператара, каралёў і князёў. Добжынская зямля вяртаецца да Польшчы, а Жамойць – ордэну, але Ягайла атрымае Добжынскую зямлю не раней, чым крыжакі ўвойдуць ва ўладанне Жамойцю. Да гэтага часу ёю будуць кіраваць прадстаўнікі чэшскага караля. Калі ўмова аб Жамойці будзе выканана, то Добжынская зямля вернецца Польшчы, а калі не – то ордэну. Усе даўнія дагаворы Польшчы і ордэна захоўваюць сілу. Ні аднаму з бакоў нельга карыстацца дапамогай няверных або дапамагаць ім. Паслы Вялікага Княства Літоўскага былі выключаны з перагавораў, лісты Вітаўта адвергнутыя і знішчаныя перад усімі ўдзельнікамі.

Несумненна, прысуд быў на карысць ордэна. Па-першае, той заўсёды мог прад'явіць дакументы на ўладанне Памор'ем, а Польшча не хацела прымірыцца са стратай гэтай вобласці; гэтаксама ў крыжакоў здаўна меліся праўдзівыя (ці фальшывыя) дакументы на ўладанне Літвой. Па-другое, звязаўшы перадачу Польшчы Добжынскай зямлі з авалоданнем ордэнам Жамойцю, Вацлаў закладаў падставы для разладу паміж Вітаўтам і Ягайлам. Польская дэлегацыя не прыняла гэты прысуд. Яшчэ пад час агалошвання рашэння прадстаўнікі Польшчы і Мазовіі пакінулі памяшканне ў знак пратэсту таму, што дакумент чытаўся па-нямецку.

У пачатку чэрвеня 1410 г. крыжакі ўзялі ад Вацлава пацвярджэнне прысуду і сведчанне, што яны трымаліся ўмоваў выраку ў адрозненне ад Польшчы, таму ордэн таксама вольны ад яго далейшага выканання. Працяг вайны стаў непазбежнай рэальнасцю. Кожны бок узмоцнена вёў ваенную і дыпламатычную падрыхтоўку. Супернічалі за саюз з вугорскім каралём. Хоць у Жыгімонта быў мірны дагавор з Польшчай да 1413 г., ён пачаў схіляцца да саюзу з крыжакамі. За гэта ён атрымаў вялікую суму грошай і «вадзіў за нос» Ягайлу з Вітаўтам, прыняўшы яшчэ ад апошняга багатыя падарункі, у тым ліку 12 коней, падкаваных залатымі падковамі. Вітаўт уручыў гэтыя дары на сустрэчы з Жыгімонтам у Кежмарку. Ад вугорскага караля хацелі толькі, каб ён трымаўся міру да 1413 г. Жыгімонт дары прыняў, а потым даў зразумець, што ў выпадку далейшай вайны Ягайлы з ордэнам міру з Польшчай ён не датрымае. У давяральнай размове Жыгімонт прапанаваў Вітаўту каралеўскую карону і саюз супраць Польшчы. Вялікі князь прапанову не прыняў. Калі Вітаўт пасля размовы вярнуўся на двор, дзе размяшчалася дэлегацыя, раптам у гэтай частцы горада ўспыхнуў пажар. Сярод тлуму і панікі мела месца спроба замаху на вялікага князя. Вітаўт пакінуў горад. Жыгімонт дагнаў яго ў мілі ад Кежмарка, развітаўся, але ў перагаворы не ўступаў. Пасля Кежмарка Вітаўт меў нараду з Ягайлам аб правядзенні далейшай вайны з крыжакамі. Затым вялікі князь спешна падаўся да Літвы і ўжо на чацвёрты дзень быў у Берасці, адкуль даў загад усім землям рыхтавацца да вайны з ордэнам. Тут ён правёў нараду з літоўскімі і мазавецкімі князямі, затым паехаў да Слоніма. У гэты час вялікі маршал з войскам правёў хуткі і дзёрзкі паход у бок Берасця. 16 сакавіка 1410 г. ён нечакана напаў на Ваўкавыск, спаліў яго і пабіў шмат людзей, сабраўшыхся на набажэнства. Вітаўт у гэты час знаходзіўся ў суседнім Слоніме і, магчыма, рэйд маршала меў на мэце захоп вялікага князя.

У траўні ордэн прапанаваў Вітаўту перамір'е і яно было прынята да 24 чэрвеня, як і з Польшчай. Зноў вялася актыўная дыпламатычная барацьба па эўрапейскіх дварах. Праз паслоў, лісты, падарункі апрацоўваліся амаль усе эўрапейскія духоўныя і свецкія ўладары. Ворага лаялі, выкрывалі яго намеры. Поспех, аднак, мелі тыя выкрыванні, якія падтрымліваліся звонкай манетай. Багаты ордэн тут меў перавагу, што відаць на прыкладзе з чэшскім каралём Вацлавам і вугорскім Жыгімонтам. Вялася актыўная праца па вярбоўцы наёмных войскаў, прычым абодва бакі праводзілі яе практычна ў адных і тых жа месцах: Чэхіі, Аўстрыіі, Мейсэне, Сілезіі, Швейцарыі. У прыватнасці, швейцарцы ваявалі на абодвух баках. Былі выпадкі, калі вярбоўшчыкі ордэна і саюзнікаў перахоплівалі адныя ў другіх наёмныя аддзелы. Вітаўт спецыяльна для вярбоўкі наймітаў-прафесіяналаў прыслаў Ягайлу значную суму грошай.

У ордэна мелася рэальная магчымасць з дапамогай сваёй лівонскай філіі не дапусціць актыўнага дзеяння Вітаўта на прускім тэатры вайны. Вельмі лагічны план – лівонскія войскі скоўваюць Вітаўта з паўночнага ўсходу, а ў гэты час пруская армія распраўляецца з Ягайлам. У траўні хохмайстар пажадаў, каб лівонскі ландмайстар у выпадку няўдачы чэрвеньскіх перамоваў аб'явіў вайну Вітаўту. Ландмайстар Конрад фон Фецінгоф адказаў, што па ўмовах мірнай дамовы з Вітаўтам вайна можа пачацца толькі праз тры месяцы ад моманту атрымання яе аб'явы. Значыць, калі Фецінгоф аб'явіў Літве вайну ў канцы траўня – пачатку чэрвеня, то ваенныя дзеянні маглі пачацца толькі ў канцы жніўня ці пачатку верасня.

Яўна, мясцовыя інтарэсы лівонцаў узялі верх над агульнай справай ордэна. У канцы 1409 г. Вітаўт наладзіў добрыя адносіны з Ноўгарадам ды Псковам і Фецінгоф асцерагаўся літоўска-пскоўска-ноўгарадскага саюзу. Таму ён нават не выслаў дастатковых падмацаванняў у Прусію (на Грунвальдскім полі была толькі адна харугва лівонцаў), што, канешне, было адной з прычын паразы ордэна. Трохмесячны тэрмін паміж аб'явай вайны і яе пачаткам даў магчымасць Вітаўту прыняць удзел у Грунвальдскай выправе. Лівонскія войскі з'явіліся ў Прусіі толькі ў канцы жніўня.

Вясной 1410 г. Жыгімонт Вугорскі прапанаваў сваё пасрэдніцтва для мірнага вырашэння канфліктаў. Дамовіліся правесці перамовы ў Торуні 17 чэрвеня. Між тым падрыхтоўка да вайны ішла поўным ходам.

Паспрабуем параўнаць гаспадарчы патэнцыял і ўзброеныя сілы краін, якія рыхтаваліся да рашаючага сутыкнення. Эканамічны ўзровень ордэнскай дзяржавы быў вышэйшы, чым у Літве і Польшчы. Гаспадарка ордэна была ўзорнай у Эўропе. Скарбніца ў сталіцы заўжды змяшчала значныя сумы грошай у паўнацэннай манеце. Акрамя таго, некаторыя ордэнскія саноўнікі трымалі яшчэ свае скарбніцы. Вялізнымі грашыма варочалі галоўныя ордэнскія эканомы – мальборскі і кёнігсбергскі. Ордэн змог вельмі шчодра аплаціць саюзы з чэшскім і вугорскім каралямі і выдзеліць вялікія грошы на наёмныя войскі.

У польскім і літоўскім скарбах не было такіх запасаў свабодных грошай, але меліся іншыя істотныя перавагі. Гэта ў першую чаргу перавага ў колькасці насельніцтва і памерах тэрыторыі, асабліва ў Вялікага Княства Літоўскага. Маленькую Прусію даволі лёгка аказалася акупаваць, аднак немагчыма ўявіць, каб ордэнскія войскі здолелі заняць абшары Вялікага Княства. Каставасць ордэна, фіскальная палітыка, яго адасобленасць ад насельніцтва сваёй дзяржавы, у тым ліку і прускай шляхты, выклікалі апазіцыю з боку падданых. Гэта праявілася ў ходзе Вялікай вайны, калі пасля Грунвальда ўладу саюзнікаў вельмі хутка прызналі ледзь не ўсе гарады і землі Прусіі.

З іншага боку, Тэўтонскі ордэн меў грунтоўную падтрымку ў Заходняй Эўропе, асабліва ў нямецкіх землях. Апошняе зразумела, бо ордэн складаўся з малодшых сыноў нямецкай шляхты. У многіх краінах захаду існавалі філіі ордэна са сваімі землямі і замкамі. Яны складалі значную гаспадарчую сілу і пры патрэбе праводзілі актыўныя прапагандысцкія кампаніі.

У розных крыніцах і даследаваннях маюцца сур'ёзныя адрозненні ў ацэнцы колькасці войскаў, якія ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве. Называліся лічбы не тое што ў сотні тысяч, а нават у мільёны людзей. Прускія храністы пісалі толькі аб забітых у бітве 60 тыс. ліцвінаў з палякамі і 40 тыс. ордэнскіх жаўнераў. Некаторыя даследчыкі ХІХ ст. называюць наступную колькасць войскаў: 163 тыс. – саюзнікі, 83 тыс. – ордэнская армія, ці адпаведна 90 і 83 тыс., і гэтак далей. Больш сур'ёзныя і дэталёвыя падлікі складваюцца ў значна меншыя лічбы. Вядомыя гісторыкам пісьмовыя крыніцы не ўтрымліваюць звестак аб дакладнай колькасці войскаў, але даюць падставы для высвятлення блізкіх да рэальнасці лічбаў.

Мы пройдзем гэты працэс услед за даследчыкамі – нямецкім М.Оэлерам і польскім С.Кучыньскім, якія, на наш погляд, найбольш грунтоўна займаліся падлікам. Асноўнай мабілізацыйнай і баявой адзінкай у тыя часы было «кап'ё». Яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (меў двух коней) з дзідай, мячом і шчытом, аднаго ці двух лёгкаўзброеных збраяносцаў, стралка з лукам або, часцей, з арбалетам. Двое слуг знаходзіліся ў табары. Збраяносец, як і рыцар, належаў да шляхецкага стану, стралок мог быць мешчанінам або селянінам. Тры вершнікі – найменшая лічба кап'я. Заможныя рыцары ў сваім кап'і мелі большую колькасць збраяносцаў і стралкоў. З коп'яў складаліся харугвы (палкі). Прычым у харугвах магла быць розная колькасць коп'яў – дзесьці ад 20 да 150.

Асновай кап'я, яго галоўнай ударнай сілай быў рыцар у сталёвых даспехах і з цяжкім узбраеннем. Побач з ім змагаўся збраяносец у больш лёгкіх даспехах і стралок, таксама ў панцыры або паўпанцыры. Частка конніцы Вялікага Княства складалася з лёгкаўзброеных вершнікаў і была незаменнай у разведцы, пагоні за адступаючым ворагам.

Татарская конніца з арміі Вітаўта падзялялася, верагодна, на дзве групы: цяжкую і лёгкую. Цяжкая кавалерыя мела панцыры з гартаванай на агні буйвалавай скуры, жалезныя ці з такой жа скуры шлемы з нашыйнікам, які засцерагаў шыю з бакоў і ззаду. Была ўзброена шаблямі, пікамі, арканамі, чаканамі. Лёгкаўзброеныя татарскія коннікі не насілі панцыраў, мелі шаблі, арканы, коп'і і па два лукі. Пяхоту ў тагачасных войсках складалі выключна сяляне і мяшчане. Яны галоўным чынам знаходзіліся пры абозе, у абознай ахове (прыходзілася прыблізна па аднаму капейшчыку на аднаго вазніцу). Акрамя дзідаў на ўзбраенні пяхоты меліся лукі, арбалеты, сякеры, шчыты. Крыжацкая пяхота была лепш узброенай за польскую і літоўскую. Мелі паўпанцыры, жалезныя шлемы з нашыйнікам, акрамя звычайнага ўзбраення яшчэ былі алебарды.

У сярэднявеччы на вайну мабілізоўвалася ад 2 да 20% насельніцтва, у залежнасці ад абставін і эпохі. Тэўтонскі ордэн у 1410 г. правёў максімальна магчымую мабілізацыю. Крыжацкая армія складалася з уласна войска ордэна, войска чатырох прускіх біскупстваў, прускага зямельнага апалчэння, гарадскіх апалчэнняў, наёмных аддзелаў, войскаў паморскіх князёў і харугваў «гасцей» – замежных рыцараў. Усяго ордэн пад Грунвальдам меў каля 33 тыс. чалавек, з іх прыблізна 21 тыс. конных, 6 тыс. пехацінцаў і 5 тыс. чэлядзі. Акрамя таго, частка крыжацкага войска засталася ў замкавых залогах; на левым беразе Віслы знаходзілася група харугваў пад началам Генрыха фон Плаўэна для прыкрыцця накірунку магчымага ўдару. Не ўдзельнічалі ў бітве войскі з Лівоніі і Новай Маркі.

Мабілізацыйныя магчымасці Літвы і Польшчы былі намнога большымі, чым у ордэна. Вітаўт браў з сабой на гэтую вайну далёка не ўсё войска. Большая яго частка засталася дома. Патрабавалася прыкрыцце на мяжы з Прусіяй і Лівоніяй, неабходна было неяк прыкрываць паўднёва-ўсходнія межы ад Акі да Чорнага мора. У замках пакідаліся залогі. Хуткі і доўгі марш літоўскай арміі на злучэнне з Ягайлам мог адбыцца толькі пры адсутнасці ў ёй вялікай колькасці немабільнай пяхоты і артылерыі. Войска Вітаўта складалася пераважна з конніцы. Па падліках С.Кучыньскага, з Вітаўтам было каля 10-11 тыс. збройных, або каля адной трэці ўсяго войска Вялікага Княства. Колькасць польскіх войскаў пад Грунвальдам ацэньваецца ў 18 тыс. конніцы, 2-3 тыс. пяхоты і каля 18 тыс. у табары. У гэтую лічбу ўваходзяць і аддзелы прафесійных салдатаў, завербаваных на грошы, прысланыя Вітаўтам.

Колькасць войскаў саюзнікаў (без татараў) С.Кучыньскі ацэньвае наступным чынам:

польская кавалерыя – 18 тыс. разам з наймітамі;

літоўская кавалерыя – 11 тыс., не лічыўшы збройных слуг у табары;

польская пяхота – 2 тыс. (?), магло быць больш або менш;

літоўская пяхота – 500 чалавек.

Усяго 31 500 збройных. Кожны збройны браў з сабой харчаванне на 4-5 тыдняў. Акрамя харчавання войска везла палаткі, вопратку, запасную зброю, кухоннае начынне. На кожнае кап'ё мусіў быць хаця б адзін воз. Усяго ў аб'яднаным войску магло быць каля 10,5 тыс. падводаў. Такая маса павозак істотна замаруджвала рух арміі.

Колькасць татараў, прымаўшых удзел у Грунвальдскім паходзе, ацэньваецца прыблізна ў 1-2 тыс. чалавек. Камандаваў імі хан Джэлал-ад-Дзін, які разлічваў на дапамогу Вітаўта (і, як аказалася, недарэмна) у барацьбе за ўладу ў Залатой Ардзе. Магчыма, удзел у бітве на баку саюзнікаў прымалі малдаване, але ў невялікай колькасці.

Польскі гісторык Ян Длугаш, які пісаў аб бітве сорак з нечым гадоў пасля яе, па дакументах і ўспамінах сведкаў, называе 50 польскіх і 48 літоўскіх харугваў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю