Текст книги "Нямко"
Автор книги: Алесь Адамовіч
Жанры:
Военная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 7 страниц)
18
У Каралёў Стан пад крыло бестурботнага Каляды, у леспрамгас, трапілі ня хутка. Яшчэ год пражылі ў сваім доме, пакуль Паліна гадавала другога хлопчыка ды ўсё пісала ў Менск і езьдзіла ў раённы цэнтар, дабіваючыся праўды, ратуючы бацьку. Каляда таксама стараўся. Але, як звычайна, болып размовамі, крыкам.
– Змрок і туман! – тлумачыў Францу. – Быў такі ў фашыстаў шыфр, у гестапа: чалавек зьнікае бязь сьледу. Каб астатніх да пят праняло. Але не на тых яны напалі. Вось паеду яшчэ раз у Менск…
Нямко Калядзе падабаўся ўсё больш, асабліва, калі піў зь ім нароўні, стаміўшыся аднеквацца. Тады Паліна падыходзіла і канфіскоўвала бутэльку.
– Не хапала мне яшчэ п’яніцы-мужа! Каляда ўсё адукоўваў нямка:
– Усё таму, што ў Палітбюро ніводнага партызана. Ёсьць у Маскве адзін чалавек Панамарэнка Панцеляймон Кандратавіч, кажуць, ён прыёмны сын Сталіна. Так што партызаны яшчэ екажуць слова. Вярні, Паліна, бутзльку, так ня робяць. Цябе Кучэра не пахваліў бы за гэта.
Сьмех і бяда з такімі памочнікамі. Але калі давялося амаль уцякаць зь Петухоў – не станавіцца ж і Францу калгасьнікам, бяспраўным на ўсё жыцьцё, а да гэтага ішло, – Каляда быў адзіным сьвятлом у вакенцы. Хату прадалі (за рэчы найболын, апратку ды абутак) бежанцам з галадаючых раёнаў Украіны і накіраваліся ў глуш палескую, куды даўно клікаў Каляда. Грошай толькі і было – даехаць. Дзе машынай, цягніком, а апошнія дзесяць вёрст – чыгуначнай дрызінай па вузкакалейцы.
Вялізны пасёлак зь лёгкіх баракаў і сяк-так скіданых дамоў – гэта і быў край запаветны, як і так расьпісваў Каляда. Дом, дзе ім выпадала жыць (паводле апавяданьня Каляды, ледзь не палац), быў сапраўды прасторнай, але не даведзенай да ладу і ўжо напалову зруйнаванай будынінай, да таго ж жонка Каляды – прыкаваная да ложку найцяжэйшым рэўматызмам, артрытам і яшчэ дзясяткам хвароб – патрабавала староньняга догляду. Усё б нічога, урэшце і Франц з рукамі, цясьлярсталяр, і Паліна ніякай працы ў хаце не цураецца – пражывуць, а вось як з дакумэнтамі быць? Тая нікчэмная паперка з шпіталю, якой ужо было мала для хоць якога спакойнага жыцьця ў Петухах, насуперак запэўніваньню Каляды, нічога ня значыць і ў гэтай глушы: парадкі ўсюды аднолькавыя. Яно ўсё так, не тужыў Каляда, ды толькі людзі ня ўсюды аднакія. Тут – усе ў яго сябрытаварышы, ім працаўнікоў не хапае, а ня правільных паперак. Зь вялікімі нэрвамі і клопатам сяк-так утрэслася: бутэлька мацнейшая за Саўнарком – Каляда сваю жыцьцёвую мудрасьць справай пацьвердзіў. Франц спачатку працаваў на лесапавале з бэнзапілой, затым перавялі да расьпіловачнага станка. Праца нялёгкая, але яму падабаўся па х працы: сасновае пілавіньне, мазут. Ня быў бы то немец. Сюрпрыз: на пільні і яшчэ немцы ёсьць, працуюць, непадалёк лягер ваеннапалонных знаходзіцца. Вось гэта навіна дык навіна: Франц нават не чакаў, што гэта яго так усхвалюе, калі пачуў упершыню нямецкую мову і ўбачыў знаёмую армейскую форму, заношаную, замазучаную да немагчымасьці. Услухоўваўся, пра што між сабою гамоняць. Пра ежу найчасьцей, пра Германію, але і пра нормы, пра плян. Ну проста савецкімі сталі – болын, чым самі савецкія. Тыя вечна пра рыбалку ды чым бы пахмяліцца, а немцы: нормы, колькі выканалі, трэба яшчэ зрабіць. Потым разабраўся: ім ідзе залік, і тых, хто перавыконвае норму, раней адпусьцяць дамоў, у Германію. Аж затужыў Франц: а хто залічвае тое, што давялося яму перажыць, хіба толькі Госпад Бог? Пагаманіць бы зь імі, затужыў па самой нямецкай мове, чуе, што хутка не ўтрывае, выдасьць сябе. Што зьдзівіла: адносіны да нядаўніх ворагаў мясцовых рабочых, а жанчын асабліва – абсалютна бяз злосьці, быццам і не было ўсяго, што было. А аднойчы ледзь не ўмяшаўся неасьцярожна ў падзеі, абурыўшыся сваімі немцамі. (Дык хто ж яму цяпер болын свае?) Каляда прынёс Францу абед (Паліна паслала), пры гэтым ён з торбы дастаў вялізнае колца каўбасы: адрэзаў сабе, Францу, а болыную частку аддаў маладому Гансу, які даўно раздражняў Франца насьмешачкамі, зьдзеклівымі заўвагамі аб мясцовым людзе. Асабліва аб жанчынах. Калі пра Паліну сказаў аднойчы такое, Франц ледзьве стрымаўся, каб не накінуцца на яго з кулакамі.
Прыняўшы каралеўскі дар ад Каляды з дагодлівай усьмешкай, падзякаваўшы рускім «спаснбо», Ганс чамусьці і не падумаў падзяліцца з двума сваімі напарнікамі-немцамі. Сунуў, нахаба, каўбасу за пазуху і, як прысуд, н і ч о г а ў і х н я б у д з е н і к о л і, к а л і т а к і м і к а в а л к а м і р а с к і д в а ю ц ц а!
Вось і любі «свайго» за тое толькі, што ён свой, а не чужы. Але Франца зьдзіўлялі і яго новыя «свае», зь імі таксама не засумуеш. У Каляды быў нікчэмны сабака зь дзіўнай мянушкай Кабтыздох. Паводле азначэньня гаспадара: сумесь мятлы з лаўкай. Заўсёды бегаў за ім на рыбалку.
У выходныя дні Каляда запрашаў парыбачыць і Франца. Навучыў яго абуваць лапці і нават нлесьці іх самому – Франц вымушаны быў пагадзіцца, што не адна толькі галеча прыдумала гэты лазовы абутак, але і кемлівасьць. Пайшоў аднойчы ў гумовіках, так замучыўся, чэрпаючы гразь халявамі, а тут – што зацякло, тое і выцекла. Лёгка, зручна. Бывае, што і азябнеш, «як цюцік», ну але ад гэтага вядома, што за лекі. Каляда, паказваючы на жонак, скардзіўся: яны думаюць, што мы дзеля задавальненьня п’ем, а мы – дзеля здароў’я. На рыбалку два маршруты: кароткі – на Чорнае возера, доўгі – на Прыпяць, рака не вузейшая за Рэйн. Вада ў тарфяным балоце вугальна-чорная, зачэрпнеш далоньню – мноства ўзважаных часьцінак, і тым ня менш адчуваньне дзівоснай чысьціні, нават стэрыльнасьці. Кажуць, лячэбнае возера, і ў гэта можна паверыць. А вось рыбы ў ім малавата, мізэрная, дробная. Затое на Прыпяці столькі бралі рыбы таптухай – так тут называюць на дубцах расьпятую сетку, – што і вазок не пашкодзіў бы, данесьці было цяжка. Трымай мацней вялізны сачок і не лянуйся, заганяй нагамі ў яго лянівых самоў, з кабана вагой. Па Прыпяці марудна праплываюць бясконцыя плыты, крапежнае дрэва для вугальных шахтаў Украіны – адчуваньне прасторы, першастворанасьці. А дубы, дубы – над вадой і наогул куды ні кінь вокам! Нешта падобнае, такія ж дубровы, на пад’езьдзе да Бэрліну. Будзе пра што расказаць бацьку. Любіць ён экзотыку – і ў людзях таксама. Яму, напэўна, спадабаўся б Каляда. 3 гэтым чалавекам не засумуеш.
Сабраліся неяк з Калядом ісьці на возера, падрыхтаваліся, як заўсёды, а Кабтыздоха няма. Дзіўна, Каляда сеў на бярвеньне, што за домам, і Франца запрасіў: маўляў, пачакаем, пакуль прыбяжыць сабака… I вось ён бяжыць ужо зь дзьвюма «кілбаскамі» – другая ў зубах, натуральная каўбаса. Такая ж, якою Каляда Ганса абдарыў. Сабака ляціць проста на гаспадара, а той ужо і нож падрыхтаваў. Прыняў паднашэньне з зубоў дварнягі, пакусанае месца адрэзаў і яму ж кінуў. Усё, пайшлі! Нічога Францу не тлумачыць, быццам і без таго ўсё зразумела. Але пабачыў, што нямко восьвось залямантуе ад зьдзіўленьня, паблажліва растлумачыў. Ды нічога асаблівага. Гэты сьцярвец вынюхаў сьцежку ў падвал прадуктовага магазіну, узяўся цягаць каўбасу праз разьбітае акенца. Каляда і сам спачатку не разумеў нічога, калі сабака першы раз здабычу прыцягнуў, затым зноў, а трэці раз вырашыў за ім прасачыць. I пабачыў, як ён гэта робіць. Той раз Маруся ня кольцы каўбасныя, а «палкі» завезла ў магазін. Дык гэты дурань, ну ніяк не дапетрыць, што за канец браць, а не пасярэдзіне. Біўся, біўся перад кратамі і ні з чым прыбег. Давялося падвучыць крыху, кідаючы звычайную палку, як яе трэба хапаць. Але кольцы сьцервяцу ўсё роўна падабаюцца болын. Вось і сёньня. Сумленны сабака, усё прыносіць гаспадару! Ну як, фатэр! I вось гэты народ вы хацелі прымусіць працаваць на Германію?
Усё цяжэй было Францу разыгрываць ролю нямка ў доме Каляды. Па-першае, Паўлік ня ведае, што яго татка нямы, і зьвяртаецца да яго прылюдна, як да ўсіх, вымагае, дабіваецца адказаў на свае бясконцыя пытаньні. I, натуральна, не разумее, чаму татка яго перастае зь ім гаманіць, «ні мычыць, ні целіцца». (Таткі любімы выраз.) А, па-другое, і акрамя таго, Францу ўжо сорамна падманваць добрых людзей. Асабліва разумніцу-жанчыну, Каляды жонку. Францу ўвесь час здаецца, што ягоны сакрэт для яе даўно ніякі не сакрэт. У Паўліка распытаць магла, а то, магчыма, і Паліна прагаварылася. Вочы ў яе насьмешлівымі робяцца, калі Франц размаўляе зь ёю жэстамі і, сапраўды, мычаньнем. Аднойчы ён у яе прысутнасьці загаварыў з Паўлікам, як гэта рабіў, калі нікога блізка не было. Калі пабачыў, якія вочы парабіліся ў гаспадыні, спахапіўся і зразумеў: яна ні аб чым не здагадвалася!
– Дык вы… Дык што ж гэта?.. – сама амаль анямела, мычыць, як Франц да таго.
У той жа вечар яны з Палінай расказалі ўсю сваю гісторыю гаспадарам, адысэю сваю, пачынаючы з таго ранку, калі лёс Франца надламаўся напалам і іх жыцьці пайшлі поруч. Паліна не магла ня плакаць, тым болын, што гаспадыня проста рыдала, мабыць, і над уласным лёсам: пасьля блякадных балотаў яна стала поўным інвалідам. Але вось, не была б гэта жанчына: Паліна плакала яшчэ і таму, што цяпер, калі Франц ужо не «нямко», усім куды прыкметней будзе, што жонка ў яго «чарнамордая пачвара». (Зрэшты, скажы ёй хто-небудзь, што і гэта горыч у яе сьлязах, зьдзівілася б і запратэставала). А Каляда ўсё ўспамінаў Кучэру, гэта ж трэба, затаіў, не паверыў нават сябру. А хіба Каляда не зразумеў бы, ён што – эякавэдыст ці стукач? Гітлеры прыходзяць і адыходзяць, а нямецкі народ застаецца.
Дамовіліся, як выводзіць Франца зь нематы, каб не пасеяць да гэтага цуду нездаровую цікаўнасьць. Каляда прапанаваў: «Чорнае возера», яно вылечыла! Ну а гаворыць Франц ужо амаль без акцэнту, даўно можна было выходзіць з падпольля.
– Ты адно не перастарайся! – папярэдзіла Каляду яго жонка. – А то я ведаю цябе. Такога навыдумляеш, што і дурань здагадаецца.
Франц прагна слухаў радые (часам, як бы выпадкова, круціў і замежжа па старэнькім прыёмніку), чытаў газэты. Хаця б адным вокам зазірнуць туды, дзе засталіся яго нямецкія блізкія. Усё болып рэзка адно аб адным выказваюцца ўчарашнія саюзьнікі, а Германія – у руінах. Галеча і зласьлівасьць. Усё, як было перад вайной. Хаця людзям яшчэ столькі гадоў трэба, каб выбрацца з развалін, з варожасьці мінулай вайны. У газэтках невялічкага фармату з брудным друкам, які я тут ніхто не чытае, а скарыстоўваюць на курыва, Франц марна шукаў што-небудзь пра Дрэздэн. У іх найбольш пра амэрыканцаў. Усё выглядала так, быццам не з Германіяй рускія ваявалі, а з амэрыканцамі. I цяпер трэба вызваліць нямецкі народ ад заходніх плютакратаў: ну зусім як пра Вэрсальскі дагавор пісалі перад вайной. Новая звада, ужо між пераможцамі, вось-вось узгарыцца. Хаця яшчэ палонныя дамоў не дабраліся. А Франц і наогул невядома калі і як зможа патрапіць у Германію, Пасьля яшчэ адной вайны?..
А тым часам яны з Палінай і зь дзецьмі абжываліся на новым месцы. Вечарамі і ранічкаю Франц майстраваўцясьлярыў у доме Каляды, які цяпер і іх дом, Паліна падзяліла абавязкі з гаспадыняй: тая даглядала, колькі мела сілы, за дзецьмі, Паліна клапацілася на кухні, у агародзе. У месцах старых высечак падрыхтавалі агнём і сякераю, разрабілі дзялянку (круглае слова: «ляда») – пад проса. Франц раптам адчуў смак да такога менавіта гаспадараньня, першабытнага, а паводле вызначэньня Паліны – «дзікунскага». Пабачылі б муці і фатэр свайго сына: босы, у чорных ад сажы армейскіх галіфэ, торс, як у афрыканца, і ўвесь у брудных падцёках поту, запрэгшыся ў неверагодную барану – усяго толькі абпаленая вяршынка елкі, сукаваты вожык, – цягаў ён сукамі наперад з канца ў канец паляны, узьдзіраючы пакрытую попелам зямлю. Паліна прыбягала да яго з абедам (салёныя агуркі і грыбы, рыба, бульба, хлеб), як жа яна клапацілася каля беднага свайго, як яна лічыла, катаржніка. I ня верыла, што белазубая «негрыцянская» шчасьлівая ўсьмешка – гэта ўсур’ёз, што такая праца можа некаму падабацца. А Франц і сапраўды перажываў незнаёмае раней адчуваньне паўнаты жыцьця. Спрабаваў растлумачыць жонцы: менавіта так, менавіта з голымі рукамі адзін на адзін з прыродай, і вось, калі ласка, не прапалі б з Палінай і дзецьмі – без усякае дзяржавы, без усялякае ўлады. Вось пабачыш, вырасьце проса, каша будзе, разварыстая – лыжку праглынеш! Глупства, фантазіі, але гэта Франц, не дарэмна яна кахае яго, анікога іншага поруч з сабой уявіць ня можа. Але на ўсякі вьшадак казала:
– Ведаю, чаму табе так хочацца безь людзей, у дзікім лесе жыць. 3 такой жонкай – ні сабе, яі людзям паказаць!
I звыкла трымаецца рукой за шчаку. Левае вока ў Паліны крыху зьліплася, бачыць, але ўсё роўна не як у людзей. Франц не спрачаецца, проста глядзіць, але так, што Паліна, успыхваючы румянкам, сьмела прыбірае руку.
– А, як хочаш! Якая ёсьць, такая ёсьць! – кажа з гульлівай абыякавасьцю, а ў вачах усё роўна блізкія сьлёзы.
Убачыў Франца я, усю яго немалую сям’ю на партызанскай сустрэчы ў лесе побліз вёскі Зубаравічы. Гэта былі ўжо хрушчоўскія 60-я, такія сустрэчы сталі дазволенымі, рэгулярнымі, звычайна 9 траўня. «Рамантыкі сталінізму», а менавіта так хочацца назваць многіх партызан гэтага часу, прынялі з рук выкрываўцы іх «галоўнакамандуючага» тое, да чаго ён сам, Сталін, блізка іх не падпускаў, але «Мікіту» тым ня менш недалюблівалі, а «генэралісімуса» па-ранейшаму ўшаноўвалі. Так і не даведаліся, а даведаліся, не паверылі б, што рыхтаваў і ім крывавую лазьню, можа быць, адразу пасьля габрэяў, і толькі сьмерць перашкодзіла яму аддзячыць іх па-сталінску.
Да таго часу на месцах ужо адбылося «амаладжэньне кадраў», у райкомах і райвыканкомах на зьмену былым партызанам прыйшлі іншыя людзі, але ў цэнтры, у Менску, яны сядзелі шчыльненька, а таму раённыя кіраўнікі такія партызанскія сьвяты арганізоўвалі з усім партыйным размахам. Высылалі на «месцы баёў» буфэты, загадзя будавалі дзе-небудзь на лясной паляне ці ля ракі трыбуну, вылучалі ўласных прамоўцаў, наструньвалі вясковых настаўнікаў, гэтых пакорлівых прыпражных ва ўсіх падобных мерапрыемствах, нават калгасьнікаў стараліся не займаць тэрміноваю працаю, і нават уласнай начальніцкай прысутнасьцю асьвячалі выязныя папойкі. Як калі б да іх наехала начальства з вобласьці ці з самой сталіцы. Улічвалася: заўтра хто-небудзь з гэтых партызанчыкаў папросту сустрэнецца з самым Мазуравым ці Машэравым ды і падзеліцца ўражаньнямі аб пастаноўцы патрыятычнага выхаваньня ў такім вось раёне.
Ну а мы, радавыя народныя мсьціўцы, настроеныя былі мірна-настальгічна нават у адносінах да тых з свайго былога начальства, каго на дух не пераносілі. Самі ж нашы начальнікі працягвалі высьвятляць, хто каго абскакаў пасьля вайны і ці па заслугах. Але здаралася, што жыцьцё і нас сутыкала лбамі. Ды не, не жыцьцё, што нам было дзяліць, а зусім пэўныя, кампэтэнтныя ў такіх справах, органы. Мне, напрыклад, зь нейкага часу езьдзіць на такія сустрэчы расхацелася, хаця многіх пабачыў бы з радасьцю. Але неяк сорамна было сустракацца зь вясёлым сваім камбрыгам, які, прасьцецкая душа, падпісаў супраць мяне генэральскае пісямко ў беларускай газэце з гнеўным палкоўніцкім асуджэньнем «пацыфіста» і «абстрактнага гуманіста». Ну што, высьвятляць зь ім, якія бываюць гуманізмы? Абстрактныя, не абстрактныя? Большае дурноты не прыдумаеш. Або такі ж ліст майго аднагодка, які аж у маскоўскай «Красной звезде» выліў сваю горыч, што давялося яму партызаніць з чалавекам, які паклёпнічаў на нашых гераічных генэралаў.
Але першы час мы езьдзілі на такія сустрэчы вельмі ахвотна. (Пасьля адно брат мой туды накіроўваўся, а мне прывозіў прыветы.) Вось там я і ўбачыў Франца, яго вялікую сямейку. Каля машыны-буфэту тоўпіліся чыста апранутыя калгасьнікі, найболын жанчыны зь дзецьмі і падлеткі, у вочы кінуўся высокага росту блакітнавокі мужчына ў праставатым суконным касьцюме і з галыптукам. Ён толькі што прыняў ад буфэтчыцы на дзьвюх талерках хлеб і горку сасісак, і яго акружылі тыя самыя надлеткі – колькі ж іх, ці не пяцёра? Невысокая поўная жанчына (такіх у нас часьцей называюць: жанчынка, і яшчэ дужа добра кладзецца слова: кабета, кабетка), пашумліваючы на гэтую арду, пачала дзяліць сасіскі – па адной кожнаму. На галаве ў яе цёмная хусьцінка, хаця сукенка вясёлая, у кветкі. (А калі прыгледзецца, убачыш, што левая шчака ў жанчыны пашкоджаная, як бывае ад блізкага выбуху).
Калі ў сям’і шмат хлопчыкаў, а самая малодшая – дзяўчынка, яна звычайна агульная любіміца. Прыкметна адразу, што і тут гэтак жа. Зусім магчыма, што іх так шмат, хлолчыкаў, таму што бацькі хацелі дзяўчынку і ўсё «дабіраліся» да яе. Так што ёй гэтыя свавольнікі абавязаныя сваім зьяўленьнем. Гукаюць да сваёй дабрадзейкі яны нетутэйшае імя: Марта.
Наўрад ці надоўга запомніў бы гэта мімалётнае адчуваньне, разуменьне, што бачу добрую, шчасьлівую сям’ю, калі б пасьля не пачуў такую гаворку:
– А бачылі тут немца? Ледзь ня дваццаць гадоў яго хавала жанчына ў падвале.
– Ну і ну! Фрыца?
– Але. Фрыца. Дзяцей кучу нарадзілі, а потым аб’явіўся. На торфазаводзе працуе.
А потым і ў самім Менску пачуў пра яго. У сувязі са «Слуцкай гісторыяй», што ўсхвалявала ўсю Беларусь. Я маю на ўвазе выпадак, калі разгневаны натоўп добрых беларусаў спаліў суд, жыўцом згарэла жанчына-судзьдзя, некалькі чалавек пасьля гэтага расстралялі.
Неяк у мяне ўзьнікла патрэба зайсьці ў «першы аддзел» Акадэміі навук: мы ўжо сталі выяжджаць па турысцкіх пуцёўках за мяжу, а за тымі жалезнымі дзьвярыма захоўваліся нашы «справы», па якіх зьвяраліся падобныя жаданьні з магчымасьцю іх ажыцьцяўленьня. Нейкая пячатка мне спатрэбілася. Убачыў за высокім бар’ерам маленькага чалавечка: мне не знаёмы, але на мяне глядзеў, як на вядомага яму ўдоўж і ўпоперак, з усімі трыбухамі. Я, вядома, не зьдзівіўся: а як яшчэ можа глядзець чалавек («першы аддзел»), у якога пад рукамі, перад вачыма ўся твая паднаготная, нават тое, пра што сам ня ведаеш і не падазраеш?
Але ён палічыў патрэбным свой позірк растлумачыць зусім проста:
– Вы ж родам са Случчыны? Я таксама адтуль. Зусім нядаўна ў вашай Акадэміі.
Ня быў бы гэта правінцыял: тут жа паведаміў, што раней працаваў у райвыканкоме, але пераведзены сюды пасьля славутай «Слуцкай справы». Жывы сьведка! Я ня мог не пакарыстацца нестатутнай гаварлівасьцю земляка, паспрабаваў даведацца аб усім больш падрабязна. Сёе-тое ўжо было вядома. Увесь шум-бор узгарэўся з забойства, але не радавога: работнік райвыканкому прыстукнуў у пад’езьдзе такога ж, як сам, маладога дзецюка. Маладзёжныя страсьці. Але акрамя таго, што ўлада б’е грамадзян па галаве ў нейкім пад’езьдзе, была і яшчэ адна абуральная акалічнасьць: забойца – сын паліцая, а забіты з партызанскай сям’і. Для Беларусі гэта, выявілася, неабыякава і празь дзесяць, і праз дваццаць гадоў пасьля вайны. Ты я на с забівал і тады, а гэты я цяпер! Асабліва абмяркоўвалася тая падрабязнасьць, што «паліцэйскі» заведваў «культурай» у выканкоме, а ўсім вядомыя абавязкі такога работніка: міжсабойчыкі, саўны, адпачынак на прыродзе для начальства, жаночае абслугоўваньне. Ясна, што такога карыснага работніка начальства не пакіне без апекі і клопату, і пакараньня за злачынства не адбудзецца. Завязаўся такі клубок чутак, перасудаў, страсьцей, што разьвязаць яго можна было толькі адкрытым, галосным, на вачах усіх разборам і судом. Начальства ж зрабіла якраз наадварот (яшчэ не хапала ісьці на повадзе ў мас!) – суд адбыўся ў забалотным райцэнтры, у пакойчыку для дзесяці прысутных. За вокнамі ж і сьценамі суду сабраліся сотні, а на другі дзень і тысячы людзей з усёй ваколіцы, з самога Слуцку. Небывалая для рэспублікі сытуацыя. Мабыць, нанесены ўдар быў у нейкі патаемны нэрв беларуса, народу, якога за незласьлівасьць і дабрадушша хваліў сам Іосіф Сталін і сам Адольф Розэнберг. (Пахваліўшы, прашарсьцілі да незалечных праплешын і шнараў.)
А тут яшчэ жонка падсуднага: некалькі разоў зьявілася, дурніца, з памяшканьня, куды іншых не пусьцілі, і фыркала на жанчын – чаго зьляцеліся, крумкачы, нічога вам не абломіцца, не засудзяць майго мужа!
Што праўда тут, а што пазьнейшыя выдумкі, сказаць цяжка. Адно вядома дакладна (і кадравік пацьвердзіў): тыя, хто судзіў, ператрусілі, яны пераапранулі падсуднага ў адзеньне міліцыянэра і правялі праз натоўп. Але самі пайсьці не змаглі: стала вядома аб уцёках забойцы! Натоўп разьюшыўся. Спынілі машыну, што ехала міма, гружаную тарфяным брыкетам, забралі каністры з бэнзінам, аблілі будынак і падпалілі. Міліцыянэр, пераапрануты ў касьцюм падсуднага, выскачыў з вакна, пашкодзіў пазваночнік. А судзьдзя згарэла. Жах што нарабілі агулам, натоўп і начальства! Воінскую часьць прыслалі, тыя адмовіліся страляць. Але падышла другая, болын надзейная (казалі: каўказцы), уціхамірылі натоўп. У газэце было кароценькае паведамленьне: па такой справе столькі асудзілі, такіх і такіх – да вышэйшай меры.
Пад канец кадравік паведаміў:
– А вы ведаеце? Мабыць, ня чулі? Там немец удзельнічаў. 3 вайны яшчэ затаіўся. Падагнаў машыну, бэнзін ім прывёз.
Так (я потым даведваўся), гэта быў Франц. Толькі ўсё адбывалася крыху інакш. У нашых «органаў» слабасьць да сачыніцельства. А было ўсё прасьцей: па звычайным сваім маршруце Франц праяжджаў на машыне, вёз тарфяны брыкет. Перагарадзілі дарогу, бэнзін і ўсё, што ім трэба было, разгарачаныя людзі ўзялі, не пытаючыся шафёра. Але Франца абвінавацілі ў саўдзеле ці дапамозе, ці ў нечым іншым, і пасадзілі. Тры гады Паліна зь дзецьмі чакалі яго, а вярнуўся – завэрбаваліся ў Сыбір. Яшчэ да Чарнобыля. Недзе там, на поўначы, яны цяпер. Калі не павёз іх Франц у аб’яднаную Германію. Магчыма, нехта зь нямецкай яго сям’і жывы застаўся. Колькі яму ды і Паліне перажыць давялося, што хацелася б для іх хоць крыху жыцьця спакайнейшага.
Але чамусьці сумна было б даведацца, што яны ўсёткі паехалі. Р.8. Я працаваў над гэтай гісторыяй, калі ў санаторый «Падмаскоўе» мне пазванілі зь Мюнхену – супрацоўнік радыё «Свабода», мой зямляк Васіль Крупскі. Родам ён з нашай Віцебшчыны, прозьвішча па бацьку – Фрэйдкін, амаль увесь род Фрэйдкіных у вайну нацысты зьнішчылі. Пагаварылі пра справу, якую меў да мяне, а затым Васіль успомніў пра наш з Элемам Клімавым фільм. Карціну «Ідзі і глядзі» ў 85-м я вазіў у Заходнюю Германію, арганізатарка Мангеймскага фэстывалю нястомная жанчына без узросту фраў Фэй Вайн параіла мне быць гатовым да жорсткай дыскусіі. А наогул можна было чакаць (мяне ў Маскве ўсур’ёз папярэджвалі), што нэанацысты падпаляць кінатэатар. Непрыемны не для адных толькі нацыстаў фільм у нас атрымаўся. У час XIV Маскоўскага кінафэстывалю я быў сьведкам такой сцэны ў Крамлі: вядомы заходненямецкі кінарэжысэр, добры знаёмы Элема Клімава, папракнуў яго ў лішне жорсткім паказе немцаў. Вочы ў Элема зьбялелі (знаёмы мне ягоны стан – па нашых сустрэчах з кіраўнікамі Дзяржкіно): «Ах так! Ды мы вось такую кропелечку праўды паказалі. Вось у наступны раз – на поўную катушку!»
У Мангейме дыспут атрымаўся ярасны, але мне ў ім удзельнічаць не давялося зусім. Сядзеў з краю сцэны, спусьціўшы ногі ў залю, і ўсяго толькі назіраў за бойкай немцаў зь немцамі. Двух пакаленьняў: тых, хто пабываў на вайне, і маладых. «Ах вось вы чым там займаліся!» – а вэтэранам, вядома, крыўдна.
Васіль Крупскі расказаў тут жа па тэлефоне пра падобную сытуацыю, гісторыю ў Мюнхене: ён запрасіў да сябе маладых немцаў і паказаў ім фільм. Адзін з гасьцей папрасіў касэту і пракруціў яе бацькам. Паглядзеў зь імі фільм і сышоў з дому. Да Васіля прыходзіў потым немец-бацька, плакаў і запэўніваў, што, хаця служыў у Беларусі, але быў усяго толькі «пры конях». Прасіў, умольваючы, памагчы вярнуць сына ў сям’ю.
Ну а калі цэлыя народы пабеглі адзін ад аднаго, здавалася, на ўсё сваё наступнае гістарычнае жыцьцё напалоханыя існаваньнем у таталітарным пацучніку? Як зараз мы бяжым, схапіўшыся за галаву. Ад іншых уцякаем, як ад самога сябе. Таму што ад уласнай памяці намагаемся скрыцца.
I ў той жа час вяртаемся, вяртаем сябе адно аднаму – мы зь немцамі. Значыць, няма нічога канчатковага ў гэтым сьвеце. У гэтым і наша надзея.
13 красавіка (Падмаскоўе) – 15 жніўня (Губічы) 1992 г.