355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алесь Адамовіч » Нямко » Текст книги (страница 2)
Нямко
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 20:00

Текст книги "Нямко"


Автор книги: Алесь Адамовіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 7 страниц)

– Патушы зараз жа! Ты што? – гнеўны дзявочы голас.

Некуды зьніклі рухавыя ногі старой. На руках Франц споўз, спусьціўся ў нейкую яму, пасьвяціў і агледзеўся. Тут скрынкі, на адной ужо ўселася старая, стаяць бочачкі, вядро і нават кружка ля яго – усё нарыхтавана для працяглага сядзеньня. Старая паказвае: сядайце і вы! Сказаў машынальна: «данке», а ня «дзякуй» – нямецкае слова для самога прагучала па-чужому, адразу павеяла пагрозай. Яны там знойдуць забітага Ота, а можа, ён толькі паранены, раскажа, хто ў яго страляў. Аўтамат Францаў застаўся ў хаце. Лепш бы згарэў дом, так надзейней было б, трэба было падпаліць, раней чым хавацца – з трусьлівай жорсткасцью падумалася Францу. Яму не да самаацэнак. Ды й не пра сябе ён думае, больш баіцца (упэўнены ў гэтым) за родных, калі ўсё раскрыецца, іх у Германіі чакае лягер, ганьба, нянавісьць і пагарда суседзяў.

Пасьпешліва ў склеп сьлізганула Паліна, балюча аб нешта стукнулася, войкнула, сярдзіта паправіла на сабе спадніцу.

– Памажы мне.

Ага, і тут ёсьць шчыт, можа задраіць дзірку-лаз, што вядзе дахаты. Паліна растлумачыла непраўдападобна абыякавым тонам:

– Гэта ад дыму, калі гарэць будзе хата, – і прастагнала: – 0 Божа, што цяпер там?!

4

Дым у зямлянку пранік зусім не з таго боку, адкуль прыпаўзьлі. Паліна растлумачыла:

– Гарыць лазенка. Нам туды выпаўзаць.

Але тут жа дым паваліў і праз шчыт на супрацьлеглай сьценцы – дзе хата. Паліна шэптам супакойвала маці:

– Абы жывыя засталіся. Ня плачце, а то яшчэ пачуюць!

Хутка ўсіх пачаў душыць кашаль. Паліна і Франц міжволі прыціскаюцца да пляча адно аднаго, каб ня так чуваць было. Нехта гулка прабег проста над галавой, стрэл, другі. Старая, заціскаючы твар, упала проста на дол: Франц зь бессэнсоўнай пасьпешлівасьцю патушыў ліхтарык. Як бы ад надышоўшай цемры, чутней стала, што робіцца на паверхні. Машыны равуць, і стральба. Ці гэта полымя так гудзе і страляе? Некалькі разоў цяжка стукнула, глухія выбухі збоку, як бы з глыбіні зямной, пасыпаўся зьверху пясок.

А можа і насамрэч бой пачаўся, падышлі партызаны? Калі і так – адначасова падумалі Паліна і Франц – калі выйдзем на паверхню, а там ужо нашы (а там – гэтыя, каго называюць бандытамі), брат Павал і тата прыбягуць, забяруць і Франца, але мы яго абаронім, растлумачым, як немец выратаваў нам жыцьцё (тварам да твару апынуся перад бязьлітаснымі, жахлівымі партызанамі, але, прынамсі, маёй сям’і ня будзе пагражаць Дахаў).

Франц заснуў, нейк адразу, як, здаралася, засыналі дзеці ў самай страшнай сытуацыі (б’юць, паляць) – менавіта ў самы жудасны момант. Паліна не адразу зразумела, чаму ўздрыгваюць плечы Франца, што ацяжэла прытуліўся да яе, а калі раптам зразумела – яе сэрца востра пранізаў адвечны жаночы боль і жаль да мужчыны, амаль як да дзіцяці. Немец-хлапчук спаў. Ён плакаў.

– Бедны, плача, – сказала старая, – таксама чалавек. Божа мой, Божа!

А Францу сьнілася яго кватэра ў Дрэздэне: за даўгім хатнім сталом нейкія людзі, мабыць, госьці, але ўсе маўчаць і глядзяць на строга, ва ўсё чорнае апранутага бацьку і разадзетую, як дзяўчынка, маці Франца, якая і з выгляду не старэй за яго сясьцёр. Яны таксама за сталом, зь імі Паліна. Самая малодшая ў сям’і, Галена, крычыць (чамусьці па-руску):

– У нас вясельле, Франц. Глядзі, якая нявеста. Чаму ты плачаш? Ты іх напужаеш.

– Ота ім расказаў, – ціха кажа Паліна і незразумела: – Але ты ня бойся, ён мёртвы.

Ачнуўся, мабыць, ад блізкага выбуху, не разумее, дзе ён, цёмна, як у магіле, але побач нечае дыханьне, нечая прысутнасьць. Далоньню правёў па твары сваім, шчыміць скура ад салёных сьлёз. У горле пяршыць – гэта ад дыму. Немагчыма дыхаць.

– Дзе ліхтарык, запалі, – Паліны голас.

Франц намацаў на скрынцы круглую рукаятку, запаліў сьвятло і канчаткова вярнуўся, вырваўся са сну.

– Табе лягчэй? – спытала Паліна і растлумачыла, у голасе паблажлівая ўсьмешка. – Ты заснуў.

– Так! Сон такі!

– А там сьціхае, чуеш? Ты нахіліся долу, там менш дыму. На гадзіньніку Франца (Паліна ўзяла ягоную руку, каб паглядзець) поўдзень ужо.

Яшчэ цэлая вечнасьць мінула, нешта ў гэтым сьвеце скончылася назаўсёды, а яны трое ўсё яшчэ жывыя. Дым болып ня валіць са шчылін, але ўсё роўна сухім туманам стаіць перад вачыма, ён у грудзях, у лёгкіх, здаецца, што і галаву, і сэрца – усё, усё запоўніў. Паліна ня вытрывала, пачала здымаць шчыт з боку, як яна сказала, лазенкі. Франц кінуўся на падмогу. Пра сябе падумаў: «Wie ein Unterseeboot»[6]6
  Як падводная лодка (ням.)


[Закрыть]
.

Паліна н е гаворыць, ка б і х н е напалохаць, але сама замірае ад думкі: а ці ўдасца выбрацца, раптам абодва выхады – і праз лазенку, і праз хату – заваліла так, што ня выдзерасься? Францу не дазволіла паўзьці за сабой (ня будзе чым дыхаць дваім у нары!), падбіраючы спадніцу, падсаджаная Францам (усё-ткі паправіла яго рукі, калі ўзяў яе нібыта ня так), уціснулася ў нару і зьнікла. Францу і старой здалося: доўга, нясьцерпна доўга яе не было. Спачатку чуўся асьцярожны кашаль, а затым і яго ня стала чутно. Франц бессэнсоўна спрабаваў промнем ліхтарыка высьвеціць задымленую дзірку, ужо і батарэйкі садзіцца сталі, сьвятло цьмянае. Нарэшце зьявілася, і зноў перш ногі, чаравікі, белыя лыткі ног. Франц – ад бяды далей! – адвёў сьвятло ўбок. Прыняў на рукі яе лёгкае стомленае цела, памог стаць на ногі. Што, што там?

– Яшчэ агонь там, жар. Трэба пачакаць.

Выбраліся толькі апоўначы. Усё роўна іх сустрэў несатлелы жар. Франц на гэты раз папоўз першым і атрымаў апёкаў болын. Яму давялося разграбаць выхад. Прапаліў мундзір на локцях, штаны на каленях. Шчыміць скура на запясьцях, шчака, шыя гараць ад апёку, сколькі ні аблізвай іх, ня змочвай сьлінай. Але ўсё-ткі ён падняў, адкінуў вечка (вугольле так і пасыпалася на яго), зрабіў выхад, затоптваючы і раскідваючы чырвонае вугольле, памог выбрацца на паверхню жанчынам. Ужо ноч, але ўся распаленая, куды ні глянь, бачныя за стваламі і скрозь сукі садовых дрэваў папялішчы, што ўсё яшчэ вогненна тлеюць, разьдзьмухваюцца ветрам. Ад хаты Кучарыхі засталася адна печка, зьнізу чырвоная, падсьвечаная жарам, вышэй бялейшая, а яшчэ вышэй – як цёмны абэліск, што ідзе ў чорнае неба. Уражвала цішыня: недзе выў сабака, яму падвываў яшчэ адзін, але гэта не парушала мёртвай, нейкай нетутэйшай цішы, здавалася, яна ідзе проста ў космас.

Людзей, што перажылі сьмерць сваёй вёскі, – думаю, і тыя, хто жыўцом гарэў у Дрэздэне, маглі б засьведчыць, – аглушала думка, перакананьне: усюды так! На ўсёй зямлі! У гэтую хвіліну забіваюць усіх!..

Завыла Кучарыха на поўны голас, ужо не баючыся забойцаў, карнікаў. Быццам і іх таксама не засталося! Кінулася да свае хаты, аббегла вакол пажарышча раз, другі, як бы спрабуючы дабрацца, дацягнуцца да сіратліва бялеючай печкі, прыпасьці, абняць. Паліна чамусьці адышла ад Франца, ён машынальна рушыў усьлед, яна яшчэ далей пад дрэвы адступіла. I калі ён зноў захацеў наблізіцца, раптам закрычала не сваім голасам:

– Што ты ўсё аблізваеш свае рукі? Што, баліць? А ім не балюча было? Дзеткам! Жывымі ў агні!

I зарыдала, закінуўшы галаву, схапіўшыся рукамі за ствол дрэва. – Фашыст! – праз рыданьне. – Ненавіджу! Усе вы фашысты!

Франц адышоў убок і сеў на нейкі слупок. Паклаў на калені сваю пляскатую сумку. Там у яго прыбор галіцца, мыла і яшчэ – чорная круглая граната з блакітнай галоўкай. Жыць яму не хацелася.

5

Было б бясьпечней пайсьці ў гушчар лесу, кудынебудзь на балота, але нешта трымала іх у вёсцы, якой ужо не было. Удзень абышлі сяло – ад пажарышча да пажарышча. Кучарыха час ад часу хапалася клікаць гаспадароў:

– Хведарка! Прузына! А дзе ж вы, чаму ня выйдзеце да нас, чаму не паклічаце нас у госьці? Ці мы правініліся перад вамі? А мая ж ты Ганначка, а ты ж заўжды павітаесься, спытаеш пра дзетак, пра ўсё распытаесься. Што ж ты маўчыш, не чуваць цябе?..

Паліна і Франц ішлі наперадзе, але таксама ня разам, кожны сам па сабе – лепш каб Франц наогул не хадзіў зь імі. Але ён не адстае.

Ужо некалькі разоў дождж браўся астуджваць неастылую зямлю, чорныя папялішчы, але ўсё яшчэ гойдаліся блакітныя дымкі то ў адным, то ў друтім месцы – быццам нечая затрымалася душа.

Палілі вогнішча: трэба было есьці, кіпяцілі ваду. Праз лаз на месцы спаленай лазьні выцягнулі нейкія сухары, старое ёлкае сала, жоўтае вязьмо рэпчатай цыбулі, бульбу – што назапашана было на такі, відаць, выпадак. Жылі, як бы некага ці нечага чакаючы. Толькі некалькі сутак мінула з тае ночы, як выбраліся на паверхню, а здавалася – прайшло Бог ведае колькі часу. Вось так сядзелі ля агеньчыка, акрытыя чорным з рэдкімі зоркамі небам, як раптам Франц, азірнуўшыся, быццам паклікалі яго, ускочыў на ногі. Усьлед за ім – Паліна са старой. Хто, што?! А на іх, уставіўшыся з ночы, глядзяць вочы, мноства запаленых вачэй! 3 усіх бакоў. Кучарысе здалося – душы людзкія, яна пачала хрысьціцца, але тут жа ўсіх супакоіла:

– Катьі, гэта катьі. З усёй вёскі сышліся – на пах ежы, на жывую прысутнасьць людзей.

Франц сваім склюдам насек, нарыхтаваў для ўсіх яловага гольля, наламаў бярозавага сучча, што пахла ўжо вясной, сокам, – на чым спаць. У Паліны і старой агульнае ложа пад шырокай яблыняй. У Франца – сваё, наводшыбе. Але які там сон, халодна начамі і наогуЛ ня сьпіцца. Старая сабрала побліз нейкія абгарэлыя, з брыдкім пахам палавікі, радно. Каб было чым акрыцца.

А раніцой Паліна раптам пачула: птушкі пяюць! I ўсе гэтыя дні, мабыць, гучалі іх галасы.

– А дзе мы яго схаваем? – спытала Кучарыха, якая таксама ня спала.

– Няхай ідзе, адкуль прыйшоў! Што яму тут рабіць?

– Хто ж яго, дачушка, прыме? Ня іхны і ня наш. Прыйдуць партызаны, і таксама невядома, як на яго паглядзяць.

– Я і кажу. Зьявяцца героі. Калі адны вугольчыкі ад людзей засталіся. Як жа, немца ў палон узялі!

– Ці жывы Паўлік, бацька? О Божа сьвяты!

Над шэптам людзей – птушыны разгай. Іх дом – сады, падлесак бярозавы – цэлы. Даюць знаць, што яны ёсьць, жывуць, цэламу сьвету, не баючыся. Ш-ікаюць пеначкі, бы стракозы, сквірчаць шпакі, на ўзьлеску (першы раз сёлета) паспрабавала свой голас зязюля, Паліна толькі пачала лічыць – тая падлік абарвала.

Паліна паглядзела ў той бок, дзе пад старой парэпанай ігрушай сьпіць немец: падцягнуў ледзь не да падбародзьдзя калені, акрыўся брудным палавіком – як у мамкі ў гасьцях. Хто цяпер адзінокі ў гэтым сьвеце, дык гэта ён. Паліне ў цяжар, мука, як асуджана Франц ходзіць за ёю, як глядзіць, але з сабой нічога парабіць ня можа: як выйшлі на сьвет, як пабачыла апусьцелую вёску, быццам у ёй нешта замкнула. Ня можа яго ні бачыць, ні чуць.

А тут нешта ў ёй здрыганулася, як абарвалася: зацеплілася шкадоба да гэтага, страшна сказаць, немца. Тут жа вырашыла: трэба яго пераапрануць, выкінуць, схаваць усю конскую збрую, што на ім, гэты ненавісны мундзір. У хованцы, там, у скрынках, схаваныя бацькавы і брата старыя апраткі, бялізна. Хаця цяжк а будзе падабраць пад гэтую каланчу, да бязглузда доўгіх рук і ног нешта вартае.

Пераапрананьне ажыцьцёўлена было тут жа, яшчэ бульбу Кучарыха не пасьпела зварыць. ІПтаны і пінжак, некалі купленыя ў сельпо, даўно страцілі фабрычны колер, ну, а кашуля, бялізна – наогул саматканыя. I сьвітка на ім – таксама з рудога самаробнага палатна. На ногі Паліна не знайшла нічога. Няхай застаюцца на ім нямецкія боты, іх цяпер і партызаны носяць, Затое бялізну адшукала новенькую, з свайго палатна. Так, шорсткае, ня так яго адбельвалі раней, да вайны, затое неапрананае. (Колькі яно пакут пасьля прынясе беднаму Францу, не здагадвалася.)

Франц схаваўся ў яшчэ бязьлістыя кусты і там пераапранаецца. Час ад часу радасна паказвае, што зьняў зь сябе і што апранае. Паказаў рэмень з усёй салдацкай аснасткай, дыскамі аўтаматнымі, з круглым карабком супрацьгазу. Паліна махае рукой: кінь і гэта! Калі свайго жыцьця не шкада, гэтага не шкадуй.

Вярнуўся з кустоў зусім іншы Франц. Хоць ты зь ім на петухоўскую вечарынку ідзі. Не, вядома, не на вечарынку ў гэтых караўках, хутчэй на калгасны сход ці ў абору. Але гэта тое, што трэба, – зноў жа калі жыць хочаш. Немец сумленна паказаў: круглую гранату ён сабе пакідае. Паднёс да ўсьмешлівага твару і прадэманстраваў, як ён адкруціць блакітную галоўку гранаты, як пацягне за яе і… Рукой, пальцамі зьмяў свой твар, як памідор. I растлумачыў:

– Butiges Fleisch[7]7
  Крывавае мяса (ням.)


[Закрыть]
. Ніхто не пазнае немца Франца. Што яго фатэр і мутэр жывуць у Дрэздэне.

Паліна бачыць, што на руцэ ў яго (рукавы кароткія) паблісквае, кідаецца ў вочы, «ня наш» гадзіньнік, але не выкідаць жа і яго. Будзе насіць у кішэні. Ён ужо нечага напхнуў туды.

– Добра, што ты па-нашаму кеміш, але вымова – ну проста гарачая бульба ў роце. Зробім так: ты будзеш нямы, а гаварыць буду я!

6

– Пайду схаджу да Пархімчыкаў. Або:

– Адведаю бабку Капусьціху.

I ідзе. Да суседзяў, ледзь не на ўвесь дзень. Гэта яна наведваецца да нябожчыкаў. Паліну палохае, зь якім спакоем, як сур’ёзна гучыць яе: «схаджу», «адведаю». Ні сьлязінкі ў голасе, а твар, вочы маці – нейкія нетутэйшыя. Каб жа, ратуй Божа, не кранулася з розуму.

Яна пастарэла за гэтыя дні. Староньнія называлі яе бабуляй даўно, яшчэ калі Паліна дзяўчынкай была. Не згаджалася:

– Няпраўда! Мая мама самая маладая!

Паліну нарадзіла, калі ёй пяцьдзясят ужо было, Паўліка – на год з палавінай раней. А датуль усё не было ў сям’і дзяцей. Вось і атрымалася: малыя дзеці, а маці – «бабуля». Але ў вёсцы на гэта ніякай увагі, старых могуць назваць – «дзеўкі», маладзіц – «бабкі»: хоць гаршком назаві, адно ў печ ня стаў!

Паліна высачыла, куды і чаго маці ідзе зранку. Нічога, толькі зьбірае на пажарышчах костачкі, чарапы спаленых і складвае ля печы. Як каля помніка. Прачытаўшы малітву, пераходзіць у наступны двор. I так увесь дзень. Паліна стала прыносіць ёй паесьці, папіць. Моўчкі прыме чорнымі ад сажы рукамі, з адсутнымі, пустымі вачыма пад’есьць, на пытаньні не адказвае. Паліна таксама змоўкне, пасядзяць побач, і Паліна вяртаецца. Цяпер ідзе да Франца. Ён звычайна сядзіць ля вогнішча, добра, калі ёсьць занятак – сачыць, ці сьпяклася бульба, а то ня ведае, куды сябе падзець, увесь час шукае вачыма Паліну. Яна ў іх за развадзяшчага ці, калі па-даваеннаму, за брыгадзіра. За ўсіх павінна галава балець.

Паліна і Франц цяпер начаваць ідуць у лес, хаця і недалёка. Каб, калі што, яны першыя, а ня іх, прыкмецілі. Акрамя іх траіх у вёсцы жывымі засталося яшчэ колькі курэй, кошкі, сабакі. Прыцемкі ўжо ня пахнуць каравякамі. Але ў жывых у кожнага свой занятак, свой клопат. Паліна выявіла, што сабакі, якія ня зьбеглі ў лес (сустрэнеш і палохаесься: воўк!), таксама вышукваюць курыныя яйкі, жаруць іх раЗам з шкарлупіньнем. А яна сама ўзялася яйкі зьбіраць, каб «карміць сям’ю» – маці, Франца. Сьмешна ўспамінаць, але дзед Пархімчык так тлумачыў нянавісьць немцаў дагабрэяў: і тыя, і другія любяць яйкі, для ўсіх не хапае. Як цяпер у Паліны з сабакамі.

Так пражылі тыдзень, другі. Дні не занятыя, доўгія. Бадзяліся па лесе, белым ад бяроз, запоўненым вясновым сонцам і птушынымі галасамі, не сядзець жа на месцы. У адну зь цёплых травеньскіх раніц здарыўся цуд. Ці як гэта назваць? Жыцьцё такое, што ўвесь час услухоўваесься. А тут – нейкі шэлест, крадком, як бы дробны дожджык па лісьці прабег. Але на небе ні хмурынкі, і на дрэвах лісьця ўсё яшчэ няма. Тут Паліна ахнула: гэта ж пупышкі, лісьце бярозавае распускаецца! Мільярды адначасова, аднамомантавыя электрычныя зарады выбухаюць! Зацерабіла Франца: чуеш?! Чуеш?! Ён глянуў на шчасьлівую Паліну, глянуў уверх і – малайчына! – адразу скеміў, пра што яна.

– Wie bei einem Kommando! – і сам пераклаў: – Як па камандзе!

Самае дзіўнае: пачынае здавацца, што ня толькі над галавой выбухаюць пупышкі – бярозавыя бомбачкі! – але і далёкія-далёкія чуеш, гук зьліваецца ў агульны электрычны шэлест.

I тут Паліна і Франц нырнулі на зямлю: як быццам цела пранізаў віск сапраўднай бомбы. Як стаялі, так і ўпалі, схапіўшыся за рукі, пацягнуўшы адно аднаго дадолу: убачылі сярод дрэваў людзей, рух сярод нерухома белых бяроз. Зялёныя мундзіры – немцы! Франц панічна зашнырыў рукой у кішэні, ярасна спрабуе адарвацца ад рук Паліны, адкаціцца ўбок: гэта ён гранату выцягвае – Паліна ўбачыла чорнае яйка і яшчэ болып учэпіста ўпілася ў ягонае рукаво! Кінь, кінь, выкінь!

Няўжо і сапраўды ёсьць нешта страшнейшае за сьмерць? Ды колькі хочаш – у гэтым жыцьці, не адзін чалавек у гэтым пераконваўся. Вось і Франц вырашыў: «крывавае мяса», але толькі каб ня ўзялі яго жыўцом, не прызналі ў ім «свайго», немца! Змог бы ён ці ня змог – калі б нt перашкодзіла Паліна, – хто ведае. Але што ён болmi, чым сьмерці пужаюцца, сваіх спужаўся – гэта было. Такое бывае зь людзьмі.

Зь нейкага часу мяне займае пытаньне: што было ў фюрэрах XX стагодзьдзя, што магло мёртва паралізаваць волю іншых людзей? Ці, можа быць, г э т а знаходзілася, зьмяшчалася ня столькі ў фюрэрах, «правадырах», колькі ў навакольных людзях? Якое такое рэчыва зь лішкам прысутнічала, вылучалася арганізмамі XX веку?

Сцэна. «Пры нас» гэта адбывалася, але зразумець да канца гэта немагчыма нават сучасьнікам, ня кажучы ўжо аб тых, хто ідзе на зьмену.

За сталом сядзяць салідныя людзі – і ня проста, а тыя, каго называюць «людзьмі навукі», «людзьмі мастацтва», у іх вытворчая нарада. Не сядзіць, а ходзіць толькі адзін чалавек, ходзіць за сьпінамі тых, хто сядзіць, раскурвае сьмярдзючую люльку, папыхквае. У нейкі момант, калі галоўныя пытаньні «вырашылі», той, хто праходжваецца, прамаўляе за сьпінамі:

– А цяпер мы павінны разгледзець пытаньне аб варожай дзейнасьці таварыша Н. у галіне тэатральнай справы.

Уявім сабе, што не ўсяго толькі словы прагучалі, а блізкая, «на паражэньне», аўтаматная чарга – як паводзілі б сябе ўсе гэтыя людзі? I той, зь люлькай? Мабыць, апынуліся б пад сталом. Страх сьмерці іх скінуў бы туды, на падлогу. Але каб ускінуцца на стол і пеўнем закукарэкаць (а менавіта гэта адбылося ў рэальнасьці) – тут страху сьмерці мала. Трэба яшчэ, каб волю сваю ты (сам) некаму перадаў. Як кажуць, дэлегаваў – чалавеку-вампіру. Смактуну чужой волі.

У спробе схавацца ў сьмерць Франц, што курчыўся на зямлі, быў адным з такіх – з абязволеных вампірамі. Ну, а па наш бок – ці шмат было зь нявысмактанай воляй? I як нялёгка, няпроста яе сабе вярталі – і тады, у вайну, і шмат гадоў, ды не, дзесяцігодзьдзяў пасьля.

– Ня вашы, ня немцы! – крычала Францу Паліна, а ён быццам аглух, усё вырываецца, хавае пад сябе гранату.

Нарэшце, здаецца, сам разгледзеў, што набліжаюцца людзі, хаця і са зброяй, але ў звычайным цывільным адзеньні, якое і на ім, і толькі адзін зь іх ва ўсім нямецкім. У дзьве рукі, Франц і Паліна, сунулі чорнае яйка сьмерці пад леташняе лісьце і адскочылі ўбок. Гэта не маглі не заўважыць тыя, хто падыходзіў. Адзін зь іх, ва ўсім зялёным, раней, чым наблізіцца да іх, завярнуў да таго месца, дзе пакінулі гранату. Калупнуў чаравіком, нагнуўся і падняў. Гучна хмыкнуў. Калі нарэшце ён павярнуўся сьпінай, на яго нямецкай пілётцы Паліна разгледзела чырвоную зорачку – ззаду, ён чамусьці яе адзеў перадам назад. У двух другіх чырвоныя стужкі – на зімовых шапках. На адным кажушок, на другім сьвітка, ня лепшая, чым Францава. У «немца» варашылаўскія вусікі. (Франц таксама адзначыў: як у фюрэра!) Паліна трымае руку каля рота як бы ад спалоху, але гэта для Франца: падказвае яму, нагадвае, што ён нямы. Пастух калгасны, дурненькі. О Божа, гадзіньнік! Вось яго забыліся зьняць з рукі, схаваць: тоненькі, ня наш, адразу бачна. А яшчэ боты нямецкія! «Немец» прыглядаецца да Франца нейкім паляўнічым позіркам.

– Нямы ён, гэта мой брат, – тут жа затараторыла Паліна, сама адзначыўшы, якім раптам бабскім зрабіўся яе голас.

Прыжмураныя вочы «немца» з вусікамі (ён самы нізкарослы з усіх) не адпускаюць Франца, і той, бедны, стаіць перад ім, як перад начальнікам.

– Адкуль такі? – паказаў на гадзіньнік. – Трафэйны? Боты таксама? I ўвесь час падкідвае на руцэ Францаву гранату.

– Брат, кажаш? – павярнуўся да Паліны і раптам – да Франца: – Як цябе звалі, калі ўмеў гаварыць? Імя як тваё? Што на яе глядзіш, я ў цябе пытаю? Пакажы гадзіньнік. Замаскіраваўся, толькі б дома адседзецца. На цябе можна пліту мінамётную ўзваліць. Станкач неразабраны.

У адной руцэ ў «немца» Францава граната, у другой ужо і гадзіньнік. Цяпер ён позіркам ацэньвае боты.

– Трафэйныя, давядзецца здаць.

Твар прыдуркавата-строгі – вялікі, мабыць, майстар па трафэях. Яго саўдзельнікі глядзяць на яго таксама цікаўна. Ткнуўшы пальцам у самага пажылога, загадаў Францу:

– Вось зь ім памяняйся.

Ох, і сказала б яму Паліна, калі б не баялася, што разгадаюць, хто такі Франц. Няхай забіраюць усё, абы толькі адчапіліся.

– Ну што ты, як певень перад курыцай, тупаеш? – уляцела і пажылому партызану ад «Варашылава». – Здымай і мяняйся. Бачыш, хлопец рашыў памагчы народным мсьціўцам! Раз сам не ваюе, няхай паможа.

Разглядае Францаў гадзіньнік ужо на сваім запясьці:

– Во, тут не па-нашаму напісана. Нарэшце пацікавіўся:

– Вы зь якой вёскі?

– Зь Петухоў.

– Дык вас жа спалілі.

– Гэта мы ведаем.

Усё-ткі зьбянтэжыўся.

– Вы ня крыўдзіцеся. Мы ня ведалі, што вы петухоўскія.

Але чамусьці не вярнуў «трафэі».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю