Текст книги "Нямко"
Автор книги: Алесь Адамовіч
Жанры:
Военная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 7 страниц)
16
Так і зажылі ўчатырох на пажарышчы вёскі Петухі. Паліна, трымаючы на вачах Паўліка, гаспадарыла «па дому», а гэта – увесь сад, агарод, насьпех складзеная печка, на месцы лазенкі, адным словам, усё, акрамя хаты. А хату вось-вось падвядуць пад страху яе мужыкі.
Прыбіўся да іх сабака, спачатку напужаў Паліну: воўк! Вушы тырчма, морда рыжая, амаль сівая – Паліна адразу прыгадала таго, што з мосту на яе глядзеў: ці ня ён? Сабака-«воўк» круціўся воддаль: ляжа пад кустом і глядзіць. А то раптам прабяжыць, ну зусім поруч, зазіраючы людзям у вочы. Яшчэ ўкрадзе хлопчыка! – пужалася Паліна. Хаця б яго адагналі мужчыны! А аднойчы, калі абедалі, падышоў нерашуча на адлегласьць рукі і, скавычучы, лёг ля старога Кучэры.
– Ну і правільна, – спакойна сказаў стары, – куды табе безь людзей? Гэта ж ён просіцца назад да нас. Бачыш, і сабака ня хоча быць воўкам. Як цябе будзем клікаць? Усё-ткі: Воўк. Добра? Ну мы гэта знарок. Мы ж ведаем, хто ты. А дрэнныя людзі няхай думаюць.
Так і прыжыўся воўкападобны сабака. Але Паліна не адразу паверыла ў яго сабачую пароду. Затое Паўлік з Воўкам пасябравалі імгненна. Вялізарны сабака як бы з павагі да пачуцьцяў маці стараніўся яго, але больш дзеля выгляду. Глядзіць пры гэтым на жанчыну: «Бачыш, гэта ён сам, я тут ні пры чым!»
Стары Кучэра і Франц ужо канчалі ставіць дом.
– Не, вы, немцы, што ваяваць, што будаваць, – майстры! – зьнізу казаў Кучэра падаючы кроквіну. – Як жа вы з гэтым Гітлерам лажануліся? Хаця хіба вы адны?
Бацька часта езьдзіў у раённы цэнтар – па цьвікі, інвалідны паёк забраць, прывозіў газэты. Выходзіў на шлях, гэта вярсты са тры ад Петухоў, там лавіў папутку. Вяртаўся часам і вясёлы. У «раёне» ў яго сябры-партызаны, многія начальнікамі парабіліся.
А аднойчы вярнуўся такі падаўлены і ўстрывожаны, што Паліна адразу заўважыла, спалохалася: што, што-небудзь з Францам?..
– Ды жыў будзе твой Франц. Проста стаміўся я.
Не схацеў расказаць дачцэ. Што з таго, калі і яна будзе нэрвавацца? А здарылася вось што. Ля гасмагу сустрэў яго ваенком, аднарукі капітан: зайдзі, мэдаль табе ўручым! Партызанскі. Ня кожны дзень былому зэку мэдалі выдаюць – выкраіў час і забег у дом зь цёмна-чырврнай цэглы. А капітан павёў сябе нейк непуцёва. Сказаў пагуляць яшчэ з гадзіну, ён, маўляў, заняты, ня можа адарвацца ад іншых справаў. А калі паўторна прыйшоў Кучэра, там сядзеў яшчэ адзін вайсковец, пухлы, як баба, маёр у лётчыцкіх пагонах. Скуль у такой дзірцы ды такія лётчыкі? Ну лётчык дык лётчык – дзе ж абяцаны мэдаль? Ажно ваенком зьвязаўся з райкомам, а там узьнікла ідэя правесьці гэтую справу арганізавана: уручыць прынародна ўсім адразу. Капітан чамусьді вельмі мітусіўся, а лётчык вывучаў Кучэру зь вялікай цікаўнасьцю, як быццам яны знаёмыя былі і зараз: га, ды гэта ты! – абдымуцца. Але ня кінуліся адзін аднаму ў абдымкі, а Кучэра пайшоў, чамусьці ненавідзячы лётчыка. Гэта Які ж самалёт патрэбен, якая кабіна пад такога кныра?
Зноў стала праблемай: як быць з Францам? Дзе начаваць яму, што адказваць, калі хто-небудзь усур’ёз зацікавіцца нямым зяцем Кучэры? А калі самім Кучэрам зноў зацікавіліся (хутчэй за ўсё гэта!) ды знойдуць у яго хаце беглага немца – быць таму лётчыку падпалкоўнікам, калі не вышэй. Ці не занадта для яго?
I што стане з Палінай, з хлопчыкам: нямецкая подсьцілка! Нямецкі байструк! Мала што немцы зьнявечылі дзеўку, цяпер гэтыя будуць зьдзекавацца. Аб сабе самім Кучэра, здавалася, ужо ня дужа непакоіўся. Бярыце, жарыце з усім дзярмом, калі вы ніяк не нажарацеся! Калі ўсё жыцьцё дабіраецеся, супынку на вас няма!
Зноўку беднаму Францу начлег сталі ладаваць асобна, хацелі нават у лесе, а затым прыстасавалі дзеля гэтага незгарэлы хлевушок на чужой сялібе – гэта называлася: пайшоў Франц у прымы! Паліна яго праводзіла ды і заставалася зь ім часам. А хлопчык спаў зь дзедам. Тлумачэньне для іх Кучэра прыдумаў такое: усюды шнараць, адлоўліваюць паліцэйскіх, дэзэртыраў, могуць і сюды набрысьці. I яшчэ адну рэч прадугледзеў Кучэра: так расплянаваць пакоі і каморкі ў новай хаце, каб у Франца была свая хованка. Не звыкаць гэта рабіць: навучылі фашысты, а яшчэ раней – і свае.
Кучэру час ад часу наведваў ягоны партызанскі сябрук – заўсёды ружовы, заўсёды вясёлы і шумны Каля да Віктар. Працаваў ён недзе ў леспрамгасе, няблізка, а тут вучылася дачка ў тэхнікуме: прывозіў ёй бульбу, рыбу, называючы гэта «дзяржпастаўкай». I штораз заверне ў былыя Петухі, і абавязкова з сваім «гаручым». Не расказвайце мне казкі, што зяць ня п’е! Ня п’юць або скнары, або хворыя. Ты што хочаш, Кучэра, каб пра зяця твайго такая пагалоска пайшла? А што нямко, дык ён у нас адразу разгаворыцца ад «палескай бранябойнай».
Усю тайну Кучэра нават сябру ня выдаў, хаця на ўсякі выпадак загаворваў зь ім, што, маўляў, калі што, памажы маладым. Хаця б перабрацца ў твой леспрамгас, калі там і праўда так вольна вам жывецца. А што што? Нічога такога. Але ўсе пад Богам ходзім. I пад НКВД. Пра даваеннае Каляда ловіць з паўслова. У партызанах абмяркоўвалі амаль адкрыта. I нават цяпер артачыцца Віктар Каляда: нас, партызанаў, лепш не чапайце, мы і фашыстаў не збаяліся! Фашыстаў – так, але гэтыя дастануць цябе гэтак, што забудзеш, хто і што ты.
Пагрозіцца, пабалакае Каляда і як бы весялей жыць.
– Добра табе, Паліна, ты свайму мужыку што ні кажы, а ён у адказ маўчок. Вось бы маёй такое шчасьце. Ці мне. У маім доме ніхто ня змоўчыць. Гэта як каму пашэнціць. Вось гэтыя два пальцы, якая мне карысьць ад такой рукі (на правай у яго толькі два пальцы засталося), а вось Чэрчылю б такую: вікторыя! Перамога!
Дарэчы, калі паў Бэрлін і нават да Петухоў даляцела: Перамога! – вырашылі адзначыць. Якраз і ўлазіны пасьпелі. «Дом як звон!» – любы сказаў бы. Але ня кожнаму дадзена даведацца, што дом гэты з сакрэтам. Франц, выявілася, прыроджаны майстар па дрэве. Кучэра крыху скіраваў, а далей ужо сам за ім ледзьве пасьпяваў. Францава прыдумка: дзьверы ў сакрэтную камору-прасьценак зрабіць у выглядзе жалюзі. Дошчачка за дошчачку заходзіць, узьняў, апусьціў – і ты ў прасьценку, як у пэнале, усіх чуеш, а цябе ня бачаць.
Дом яшчэ пуставаты, але стол ёсьць, лаўкі ўздоўж сьцен, ложак, нават шафа. Есьць на што сесьці, за што сесьці. А тым больш – вайне канец. Тут і без падганяньня Каляды вып’еш. Калі ёсьць што. Знайшлося. Паліна першая ўзьняла сваю кропельку ў шклянцы:
– Каб нашым дзецям таго ня ведаць, што нам давялося.
Мужчыны міжволі паглядзелі на Паўліка, што самавіта сядзеў за сталом, і на яе ўжо такі прыкметны, «новы жывот». Ловячы ўсьмешку Паліны, Франц раптам скеміў: гэта ж Моны Лізы ўсьмешка, павернутая, зьвернутая ў сябе! Ды ніякай іншай «загадкі» Моны Лізы не існуе – акрамя таямніцы яе цяжарнасьці. У гэтым разгадка Джаконды: маці, што ўсьмешкай гамоніць зь дзіцём, якое ў ёй. (Вось што ён скажа бацьку, калі зноў яго пабачыць. I ня ў Луўры, а ў Петухах прыйшло да яго гэтае разуменьне.)
Як бы злавіўшы нешта ў яго думках, стары Кучэра ўзьняў шклянку:
– За тваіх, Франц, бацькоў. Каб сустрэліся вы. Франц устаў, пастаяў. I сеў.
– Ну і правільна, – згадзіўся Кучэра, – вып’ем моўчкі.
– Не, паспрабую, – зноў прыўстаў Франц. Пастаяў, падумаў. – Я забіў чалавека. Каб жыў у Германіі, лічылася б: забіў немца. Тут: забіў нацыста. Але і так і так: чалавека. Калі па Эвангельлі. Я толькі ня ведаю, на кім той габрэй.
– Не на табе, Франц, не на табе! – звыкла засьпяшалася на дапамогу Паліна. Франц нявесела ўсьміхнуўся:
– Хіба што групавое. Але такое злачынства ацэньваецца нават зямным судом стражэй. Толькі б на іх ня ўпала.
I зноў паглядзеў на Паўліка і на жывот Моны Лізы.
17
I трэба ж каб яны сваю дзяржаўную справу прымеркавалі да таго часу, калі Паліне прысьпела раджаць.
Кучэра і Франц, абодва аднолькава разгубленыя, грэлі ў чыгунках ваду, а Паліна, лежачы ў пасьцелі, саромеючыся сябе, саромеючыся бацькі, распараджалася, што трэба падрыхтаваць, з чым быць напагатове, калі гэта і сапраўды роды. Зьбіраліся праз тыдзень запрасіць вопытную бабку з суседняй вёскі, каб пажыла ў доме, чакаючы тэрміну. А тут, на табе, пачалося! Цяпер разьлічваць даводзіцца толькі на сябе – ёсьць з чаго разгубіцца. На вуліцы забрахаў Воўк, па вокнах паласнула сьвятло ад машыны, што пад’яжджала. Хутка ў тайнік – гэта яны! Ня крыкнуў, а паказаў Францу рукой, зьбялелым тварам Кучэра. I дачцэ:
– Нічога, нічога. Ты толькі не палохайся. Гэта ў іх да мяне гаворка. Па старых справах. А са мной нічога ня зробяць.
I тут пад вакном ударыла аўтаматная чарга.
У свой час Іосіфа Кучэру арыштавала ОГПУ, затым НКВД. Цяпер да хаты пад’ехала МГБ – у асобе маёра Кароткага і двух яго малодшых супрацоўнікаў. Тым самым Кучэру аказвалася некаторая павага. Усё-ткі партызан, у яго магла захавацца зброя. Можна было б выклікаць пад нейкай зачэпкай у раён і там арыштаваць. Але раптам западозрыць нядобрае і зьнікне – лес жа побач, для партызана звыклы. Але нават ня гэта галоўнае. Нехта не паверыў бы, але маёр Кароткі ведаў: тут не шараговы выпадак, тут высокая палітыка дыктуе правілы, паводзіны. У кіраўнікоў МГБ на самым версе (а з гэтымі не да жартаў!) умацавалася перакананьне (падмацаванае сустрэчнай інфармацыяй зь месцаў), што быў дапушчаны пралік, калі не палітычная памылка, раз у вызваленай ад акупантаў рэспубліцы, у сталіцы і на месцах, многія партыйныя і савецкія пасады аддадзеныя былі партызанскім камандзірам і наогул усёй гэтай нартызанскай піз…браціі. Лічылася: яны лепш ведаюць абстаноўку і людзей, былі тут у вайну, добра арыентуюцца. Так яно ўсё, ды толькі Лаўрэнці Паўлавіч ужо ў час вайны ня дужа ім усім давяраў. Таму і засылаў свае спэцатрады з добра правераных людзей. Але за ўсімі ўсачыць было немагчыма. У іх, у мясцовых, склалася і наладзілася свая сыстэма сувязяў і кадравых ацэнак людзей. Якая падмяняе ідучую з Цэнтру, часам нават з нахабнымі спробамі самастойнага выхаду на Сталіна. Колькі гадоў спатрэбілася Іосіфу Вісарыенавічу, колькі намаганьняў каштавала тым жа органам, каб раскалоць глыбы сувязяў часоў грамадзянскай вайны, дамагчыся, каб ніці, цягі ад улады ішлі выключна зьверху ўніз, а ніяк не па гарызанталі. Калі замест строга кантраляваных узаемаадносін на ўсіх узроўнях пачынае панаваць Сыстэма: «Вась-Вась». Я яго ведаю, я яму веру! Як быццам гэта не кампэтэнцыя выключна органаў: ведаць, каму верыць, а каму не. Там былі сувязі непатапляльных і тых, якія палічылі, што яны непатапляльныя, Чапаевых. I калі з тымі саўладалі, дык ужо з гэтымі, ды пры накопленым вопыце!.. Яны, дурні, разьлічваюць, што Сталін іх падтрымлівае. Гэта каго ж – закаранелых тэрарыстаў? Гэтых якраз Іосіф Вісарыёнавіч больш за ўсё і любіць.
Вось і мясцовы выпадак, прыклад. Органы, ведучы працу па выяўленьню тых, хто, скарыстаўшы напад ворага, уцёк з турмаў, з-пад аховы, выйшлі на сьлед Кучэры Іосіфа. Вядома, ён прыкрываецца тым, што партызаніў. (Іншыя пабывалі на фронце, а некаторыя і ордэнаў нахапалі.) Але ёсьць рэвалюцыйны правапарадак. Раней атрымай заслужанае, а потым будзем пра новыя посьпехі твае гаварыць. Асабліва калі і посьпехі – з разьлікам прыкрыцца. Вось тут у іх запрацавала сыстэма: «Вась-Вась». Амбіцыі партызанскія. Усе яны былі на акупаванай тэрыторыі, у кантакце з ворагам. Каго пакідалі, а хто і сам застаўся. Яшчэ трэба разабрацца, навошта, зь якой мэтай. 3-за нейкага Кучэры і ўжо, калі ласка, канфлікт, заступаюцца, умешваюцца ў працу органаў. I нават у саміх органах знаходзяцца такія. Туды таксама насовалі сваіх партызанчыкаў.
Чуваць гаворкі, што да самога Сталіна дайшла патрэбная інфармацыя. I нібыта Іосіф Вісарыёнавіч папыхкаў люлькай, пасмактаў і прамовіў такія словы:
– Партызанам і партызанкам слава! Якія аддалі жыцьцё за чэсьць і незалежнасьць савецкай радзімы. Ну а хто прымазаўся, на гэтых у нас ёсьць правераныя бальшавіцкія мэтады.
Маёр Кароткі пакінуты быў у раёне, калі разгортвала сваю сець армейская контрразьведка. Па вось столькі нахлёбаўся гэтых мясцовых амбіцыяў, замаскаванага нацыяналізму. Спыталі б яго тыя, хто вырашае, ён бы растлумачыў, адкуль ногі растуць.
Так што акцыя: арышт скрытага ворага народу – ня проста выняцьце нейкага калгасьніка, а ўдар па парадках, што склаліся. I таму паехаў на заданьне сам маёр Кароткі. А перад гэтым не паленаваўся, схадзіў у ваенкамат на апазнаньне, куды па ўказаньню органаў залучылі гэтага партызана.
Паездка атрымалася, аднак, невясёлая. I не ў самой акцыі справа тут, прычына, а ў бародаўцы. Некалькі дзён назад ён зьвярнуўся да знаёмага лекара, проста на вуліцы сустрэў яго і абыякава спытаў, паказаў: што гэта за храновіна ў мяне там пад каўняром? I адэкаленам, і ёдам прыпальваў – не праходзіць. Той паглядзеў, адцягнуўшы каўнер лётчыцкага мундзіру: не хачу пужаць, але гісталягічны аналіз зрабіць трэба. Адшчыпнём і пашлём у абласную лябараторыю. А прыпальваць ня варта. Сэрца адразу ўпала. Не паленаваўся, у той жа дзень заехаў у больніцу. Ужо пяць прайшло дзён – а трэба дзесяць, каб быў вынік. Не хацелася нічога рабіць, так бы і ляжаў дома, чакаючы вестак, добрых ці злых. Але гэта ня выхад. 3 шарыкаў скоцісься. Вырашыў паскорыць апэрацыю з Кучэрам, каб пазбыцца цяжкіх думак. У машыне ўвесь час яму не хапала люстэрка, апошяія дні заняты быў тым, што станавіўся перад трумо, ручное люстэрка заносіў за голаў і ўглядаўся ў злавесную расколатую бародаўку. Чорная, як п’яўка, гадзіна! Перад дарогай заляпілі плястырам, каб ня так шчымела, каб ня муляць яе, паню. Ты яе не непакоіш, дык яна цябе. Пра якія гэта «прадаўгаватыя клеткі» гаварылі, шапталіся гэтыя мярзотнікі-лекары ў яго за сьпінай?
Да патрэбнае хаты, да гэтых Петухоў, дабіраліся лесам, магутны амэрыканскі «додж» выхопліваў сьвятлом крутыя павароты. У такіх паездках маёр Кароткі звычайна адчуваў сябе цудоўна, ведаў, што выконвае працу зь немалой рызыкай: колькі поўзае яшчэ пасьледкаў, недабіткаў, пакінутых тут акупацыяй. Гэта жывіла, павышала пачуцьцё самапавагі. Ніколі б не паверыў, што нейкая бародаўка здасца страшнейшай за бандыта з-за куста. I вось, калі ласка, не глядзіць на дарогу, а ўсё прыслухоўваецца: як там, пад каўняром? Шчыміць яшчэ болын. Ад штуршкоў, торганьня плястыр адклеіўся – лекары, такую вашу!
Таму, калі насустрач машыне кінуўся вялізны сабака, маёр, не раздумваючы, загадаў:
– Страляй! Проста з кабіны сабаку расстралялі аўтаматнай чаргой.
Дзьверы былі не зачыненыя, што маёру не спадабалася. Быў у гэтым нейкі выклік, самаўпэўненасьць гаспадара.
– Сьмела жывём! – замест «добры дзень!»
– Немцаў прагналі, у сябе дома каго нам баяцца? – адказаў невысокі, маёру ўжо знаёмы, стары. Сівая галава, а вусы, бародка цёмныя, быццам падфарбаваныя. Інтэлігента зь сябе строіць.
– Сабака не прывязаны. Давялося прывязаць нам.
– Значыць, маеце права, калі страляеце.
– А гэта хто ў вас?
– Дачка. Выбачайце, раджаць надумалася.
Бач, усё з падкавыркай, са зьдзекам. Паглядзім, паглядзім, як засьпяваеш.
– Ёсьць яшчэ хто-небудзь?
– Сынок на печцы. Мой унучак.
– А муж?
– Мужы цяпер, самі ведаеце…
Маёр ня стаў дамагацца ўдакладненьня. Чорт, загваздка! Як яе тут адну кінеш, парадзіху? Добра, што зь сельсавету прыхапілі з сабой панятога, яму і даручыць, каб прывёз акушэрку.
Толькі цень маёра – лямпа зьвісае са столі, – запаўняючы прасторны пакой, перамяшчаецца па сьценах зь бярвеньняў, па дашчатай столі. Усе астатнія чакаюць яго распараджэньняў: паняты, трымаючы картуз ля каленяў, аціх ля парога, малодшыя афіцэры дзяжураць ля вакон, стары каля ложка з парадзіхай.
Сказаў жанчыне як можна мякчэй:
– Выбачайце, нязваныя госьці заўсёды ня ў час. Калі б мы ведалі…
Сам унутрана пасьміхнуўся: ну а калі б ведалі? Адмянілі б акцыю? Сьмешна. Трэба пачынаць.
– Абыдземся без пратакольных фармальнасьцяў. Вы – Кучэра Іосіф Герасімавіч.
– Абсалютна дакладна.
– Год нараджэньня? Іншае – потым. Партызан, наколькі нам вядома?
– 3 сорак першага.
– Ведаем. Нават тое, што раненыіе маеце.
– Нічога, на пераможцах, як на сабаку, раны зацягвае мігам.
– Дапусьцім, хаця сабакі тут не да месца. Зброю маеце?
– Здаў, як паложана. Па сьпіску: паўаўтаматычную вінтоўку СВТ, дзьве гранаты, піеталет сыстэмы «наган».
– Гэта вы правільна зрабілі. А то адзін вось так жыў наводшыбе, пажар здарыўся, дык на тым месцы, дзе гумно стаяла, танк! Вылез, калі ласка. Як з штаноў. Але, кажуць, гэта ў Заходняй Беларусі было.
– Усякае расказваюць. Дзівакоў на сьвеце хапае.
– Дзівакоў ці ворагаў?
– А гэта – як паглядзець.
– Ну што, цямніць ня будзем? Ведаеце, нябось, чаго пажалавалі?
– Здагадваюся. У вас цяпер чырвоныя пагоны. А былі, помніцца, нябесныя, лётчыцкія.
– I я вас прызнаў. Так што можна бязь лішніх цырымоніяў. Прыступайце, – загадаў сваім супрацоўнікам.
– Дом, як бачыце, пусты, знайсьці, калі што ёсьць, лёгка, – заахвоціў гаспадар.
– А ўсё-ткі пашукаем. Прыступайце. На гарышча дзе лесьвіца?
– Там, у халодным пакоі.
Маёр падсеў да стала, пастукаў наганам па дрэве (так рабіў нехта з болыных чыноў у нейкім кінафільме) і спытаў як не сваім голасам:
– Вам ня сорамна?
– Гэта чаго ж мне саромецца?
– У вочы савецкай уладзе, народу глядзець ня сорамна?
– Гэта вам? Нібыта ня дужа.
– Значыць, тое, што народны камісарыят трэці раз вас змушаны арыштоўваць – пляваць на гэта?
Кучэра хацеў адказаць гэтаму таўстагрудаму і таўстазадаму, як баба, хмыру, але вочы яго сустрэліся з позіркам дачкі, ён адразу абмяк, плечы апусьціліся, змаўчаў.
Маёр няўклюдна павярнуўся, і тут жа каўнер зачапіў праклятую бародаўку – гэта перашкодзіла Кароткаму паглядзець, унікнуць, чый кашаль глуха прагучаў недзе за печкай. Але зь печкі прагучаў галасок (ах, вось хто гэта!):
– Ня крыўдзіце дзядулю. Я татку скажу.
– Ты там дзе? У, які грозны! Пакажыся, казак. А дзе твой татка?
– Татка прыйдзе і вас наб’е! – Паўлік грозіцца з-за коміну, не адкрываючыся ворагу. Тоўсты дядзька яго ня бачыць, а мамка, лежачы на падушцы, робіць страшныя вочы, аж сьмешна. Паабяцаў тоўстаму:
– I за мамку наб’е.
– Хутка, унучак, хутка татка прыйдзе, – умяшаўся стары і растлумачыў маёру: – Каго ўбачыць, адразу: мой татка! Вы пойдзеце, будзе ўсім расказваць, што ў яго тата ваенны, у рамянях увесь.
Франц, здушыўшы ў сабе здрадніцкі кашаль, ляжаў у сваім пэнале на тапчане, імж а зьбітым, тварам у далоні. Мабыць, драўняны пыл удыхнуў неасьцярожна.
Услухоўваўся ў размову за сьцяной, у стукі, крокі, намагаўся злавіць голас, хаця б стогн Паліны, але яе як бы і няма там – што адбываецца, чаго яны прыехалі? Галасы: бацькі і незнаёмы, такі ўпэўнена-камандны, в а е н н ы – толькі яны чутны. Лавіў аб сабе, аб «немцу» гаворку – не, нібыта ні слова. Тады што іх прывяло? Чаму так насядаюць на бацьку, у чым ён правініўся? Іх тутэйшае жыцьцё, зь якім Франц і знаёмы быццам, але ня ведае зусім. А таму міжволі шукае аналёгіі з тым, што ўжо было. I што было б, магло быць, калі б гэта ў Германіі адбывалася. Калі прагучала ў двары аўтаматная чарга і завішчаў сабака, а Франц яшчэ толькі прыўзьняў хітра зробленую сьценку, каб запаўзьці ў свой «пэнал» (ці труну – называй, як табе болын падабаецца), яму здалося, што ўсё вярнулася да таго моманту, калі з дому, што потым згарэў на тым самым месцы, вось гэтак жа запаўзаў у нару. 3 Палінай, са старой. Тады было адчуваньне абвалу яго жыцьця, катастрофы, але хіба мог уявіць, якія яшчэ выпрабаваньні чакаюць? Яго і ледзь знаёмую тады дзяўчыну. Але гэта была вайна, усё думалася, усе спадзяваліся: вось скончыцца вайна! Толькі б скончылася і застацца жывым разам з блізкімі тваімі! Яна ззаду, вайна, – для ўсіх, акрамя Франца. Нават для пераможанай Германіі і, калі жывыя, для бацькоў – скончылася. Як бы там цяпер ні было, нейкая пэўнасьць надышла. У Франца менавіта гэтага няма – пэўнасьці. Сваё жыцьцё абарвалася, а тое, якім ён жыве, – толькі прымерваньне да чужога, натужнае намаганьне ўтрымацца на плыву, не пайсьці на дно. Трымаецца гульнёй выпадку ды яшчэ воляй гэтай незвычайнай дзяўчыныжанчыны, што сустрэлася яму на шляху. У іх дзіця, будзе другое, але ўсё гэта толькі да таго моманту, калі даведаюцца, што ніякі ён не нямы, а немец. Неадкладна Паліну зь дзецьмі і яго адбяруць адно ў аднаго, а далей – якая розьніца, які лёс вызначаць яму тутэйшыя законы, парадкі? Ці ў лягер, ці ў Германію? Але ў яго ёсьць і ў Германіі сям’я: бацька, маці, сёстры. Застацца назаўсёды тут – страціць іх. Калі ўжо ня страціў. Стары Кучэра паказаў яму часопіс з фатаграфіямі: што засталося ад нямецкага Дрэздэну і японскага гораду Хірасімы. Чорныя руіны, пустыня.
Аб чым жа яны так сярдзіта, нават грозна гамоняць са старым, калі не дзеля Франца прыбылі? Нешта шукаюць: чутно, як тупаюць па столі, над галавой. ПІто тых самых беглых паліцаяў, дэзэртыраў шукаюць?
Былі хвіліны, калі Францу ўсё ж хацелася, каб яго знайшлі. Думка здрадніцкая ў адносінах да Паліны, да Паўліка і да таго, хто народзіцца, але што можа чалавек зрабіць, калі любы яго крок насустрач уласнаму інтарэсу – ужо здрадніцтва. Тады, у першай нары, хаваўся здрадні к Германіі, фюрэра. А цяпер, тут? Але не павесяць жа яго: ён выратаваў савецкіх людзей, ён забіў фашыста. Хіба за гэта тут караюць?
Раптам пачуў Паліны крык:
– Тата, тата! Што гэта? Куды вы яго забіраеце, куды ведзяце? Вы людзі ці хто вы? Што ён вам зрабіў дрэннае?
I гучны голас Кучэры:
– Нічога, дачушка, табе нельга так. А мяне патрымаюць і выпусьцяць. Маёр абяцае: зараз прышлюць акушэрку. Чуеш? (Так гучна крыкнуў, што Франц скеміў: папярэджвае яго.) Сюды прыедуць людзі. Так што чакайце. А прыйдзе з Каралёва Стану… цётка, тады рашайце самі, як быць. За мяне ня бойся. Не прапаў і не прападу.
Ад парога Кучэра азірнуўся яшчэ раз на Паліну і раптам убачыў прысеўшага за яе ложкам… Франца. Вылез! Што ён робіць? Загубіў! Думае, што ратуе, дурань, а губіць канчаткова. Адчайны позірк старога змусіў Франца дапасьці да падлогі, затаіцца.
– Нічога, нічога, – з-за пляча Кучэры прагучаў чужы голас, – не непакойцеся, жанчына. Мы не зьвяры. (I засьмяяўся.) Зьвяры ня мы.