Текст книги "Нямко"
Автор книги: Алесь Адамовіч
Жанры:
Военная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 7 страниц)
7
Дзень пачаўся, як звычайна. Прачнуліся ў ранішнім сутоньні густога лесу пад яловым шатром-балдахінам. Па адзін бок таўшчэзнай яліны з падцёкамі смалы ляжала Паліна, акрыўшыся старэнькай з праплешынамі плюшавай жакеткай, па другі, нацягнуўшы да падбародзьдзя вясковую ваўняную сьвітку, – Франц. Змрочнае дрэва паміж імі, як строгі вартаўнік. Парушальнікаў не было: паспрабаваў бы гэты немец яшчэ раз, як тады! Дасюль на шчоках, на лбе ў яго меткі ад кіпцюроў Паліны. Весела скардзіцца, што кляшчы на яго дажджом сыплюцца. Во, і на шыі, і за вухам. Паліна йаглядзела (пакорліва схіліў каротка голеную галаву), нераканалася: чарнеюць адарваныя галоўкі, скура запалілася. Ня хлопец, а трыццаць тры няшчасьці, гэты Франц. Беды на яго сыплюцца, як гэтыя кляшчы.
У двары спаленага Падабеда, ён жыў ля самай рэчкі, знайшлі лазовую вяршу-таптуху – Паліна навучыла, як лавіць уюноў, Франц натупаў зь дзясятак зьмеепадобных вёрткіх рыбак. А скулаў займеў яшчэ болын – усяго абсыпала. А можа, таму што на зямлі даводзіцца спаць, ночы халодныя? Бялізна з шорсткага вясковага палатна нацерла мяккія месцы, цяпер ён ногі ставіць уроскід, як цыркуль, – здохнуць можна, як ён ходзіць. Сябры Паўла, партызаны, называюць гэта: здагнаў воўка! Добра яшчэ, што ня ные, сам над сваімі бедамі паджартоўвае. Запэўнівае, што абавязкова сваёй мутэр завязе і пакажа: якую бялізну сын яе насіў. «Калі быў у партызанах», – ад сябе дадала Паліна. Франц змоўчаў: мулкае для яго слова, накшталт гэтай бялізны. I насіць немагчыма, і іншага няма, сваю, нямецкую, затаптаў у балоце.
I вось надышоў дзень, якога Паліна і чакала як ратунку, і адчайна баялася. Зь лесу ўбачыла ля свайго двара верхавых на конях, адразу ж пазнала Паўліка, стаіць побач з маці. Зь ім, мабыць, яго разьведчыкі, наяжджалі вось так неаднойчы.
– Сядзь і сядзі тут, – загадала Францу, паказваючы на нагрэтае сонцам падгнілае бервяно, – пакуль я не вярнуся. Або паклічу. Толькі не ўцячы! Ня пойдзеш?
– Не пайду. Ну зусім як разумнага сабаку яна яго ўгаворвае. Але ім не да сьмеху. Франц нейк панік, твар сшарэў.
I Лазарчука пазнала здалёк, ён з Зарэчча, вёска гэтая некалі супернічала зь Петухамі: у каго болын зычныя і шматлюдныя вечарынкі. I трэці нехта зь імі, сядзіць на кані, трымаючы на каленях вінтоўку. Што, што ім расказала мама? Пра Франца. Яна ўгледзела ўжо на агародах Паліну, што бяжыць да іх, паказвае ў яе бок. Што ім сказаць? Павязуць у атрад, а там што? Ці зь ім гэтак жа будзе, як з трыма нямецкімі афіцэрамі. Самі перайшлі да партызанаў, уцёкшы з Бабруйскага аэрадрому, а датуль працяглы час пастаўлялі атраду розныя зьвесткі, мэдыкамэнты. На машыне прыкацілі, усяго навезьлі. Іх спачатку прынялі з пашанай, нават пісталеты не адабралі. А потым – арыштавалі. Быццам атруту знайшлі. Паліна бацьку давярае, яго спакойнай разважлівасьці, вопыту, ну ня Паўлу ж верыць – такому ж, як сама, школьніку? Для школьнікаў усё адразу ясна. А бацька ўсумніўся:
– Які там мыш’як? Для сябе ампулу зашылі ў каўнер. Не да цешчы на бліны ехалі. А ў нас рады прыдумаць: хацелі атруціць некага, камандаваньне! Адзначыцца трэба было асобаму аддзелу – вось і ўвесь мыш’як. Жывога немца ідзі, злаві, а тут самі ў рукі прыйшлі.
Кінулася брату на шыю.
– Вось што з намі, Паўлік, зрабілі, пабілі, папалілі!
– Бачу! – які ж ён стаў худы, вочы ўваліліся, рука падвязаная. Зморшчыўся: Паліна неасьцярожна кранула яе.
– Паранілі цябе?
– Ды ерунда!
У яго ўсё глупства, драбяза. Раптам прыкінула: а яны, бадай, аднагодкі з Францам, васямнаццаці няма.
– Донька, дзе вы там ходзіце? А ён дзе? – спытала Кучарыха. Сказала, расказала пра Франца, пра немца!
– Ну дзе твой фрыц? – пацікавіўся Павал.
Лазарчук, што стаяў ля каня, глядзіць дапытліва. Вочы незнаёма жорсткія. Аброс так, што і хвацкія бакенбарды яго зьніклі. Як часнык у лебядзе ў дрэннай гаспадыні.
– Ой, мама! – Паліне чамусьці лягчэй сваю нечаканую выдумку-хлусьню паведамляць усім праз маці. – Забралі Франца! Нейкія зь ня ведаю яккога атраду. Забралі гадзіньнік, боты, як я пабачылі шкарпэткі з блакітным паяском: «А, немец!» I павялі. Я ўжо ім і пра тое, як ён нас выратаваў, што ён не забіваў, не паліў, – не паверылі, забралі. Ня ведаю, што зь ім зробяць.
– А што зь ім рабіць? – глуха вымавіў Лазарчук. – Ясна што.
– Ён жа нас ад лютай сьмерці… – узмалілася Кучарыха.
– Дайце, маці, за зло расквітацца. А ўжо затым астатняе, – абарваў яе Лазарчук. Умяшаўся Павал:
– Мы вас, мама, з Палінай забяром у атрад, калі назад паедзем. Што вам тут цяпер заставацца? Праз пару дзён. А то яшчэ карнікі вернуцца. У нас тут у яме бялізна ёсьць, хлопцам, ды і мне – пераапрануцца. Завашывелі.
– А як жа! I сала, і сухары. Вось Паліна, злазь, дачушка.
А празь нейкі час брат непрыкметна адвёў Паліну ўбок.
– Дык, кажаш, павялі?
– А вы б што зь ім? А, Паўлік?
– Ня ведаю, як у атрадзе. Вунь у Лазарчука ўсю сям’ю выбілі, нікога не пакінулі. Ох, і палітыкі вы з мамай! Калі недалёка павялі яго, няхай ён ідзе. Раз вы кажаце, што ён такі.
– Дык ён забіў немца, яму нельга вяртацца!
– Ну ня ведаю.
8
Воддаль, над лесам, а часта і проста над спаленай вёскай пралятаюць самалёты. Франц, прыхіліўшыся да дрэва, з хлапчукоўскай дасьведчанасьцю абавязкова паведаміць марку: «мэсэршміт», «фокевульф», Паліна ў такія хвіліны раўніва заўважае, як позірк яго на час некуды аддаляецца, затуманьваючыся. Гэта ягоная Германія лётае. А сам жа ад яе хаваецца і больш за ўсё баіцца, што яна яго адшукае. Маці таксама ўсё часьцей адыходзіць у сваю далеч, усё менш у яе размоваў з жывымі, яна цалкам – зь нябожчыкамі.
– У сьне прыходзяць: «ПІто ж ты нас, Кучарыха, нашы белыя косьці зямелькаю не прысыплеш?» Трэба ім, дзеткі, магілкі выкапаць.
Цяпер Паліна з Францам ходзяць усьлед за ёю, закопваюць тое, што яна сабрала на пажарышчах. 3 рыдлёўкай, з кашом пераходзяць з двара ў двор. Франц на агародзе рые невялікую, але як мага глыбейшую яму («Каб, дзеткі, не адкапалі іх ваўкі, сабакі не расьцягвалі»), Паліна, сабраўшы ў кош тое, што засталося ад сямейкі, нясе да ямы – закопваць. Перад гэтым магілку высьцілаюць расквечанымі галінкамі з гаспадаровай ігрушкі ці вішанькі, прысыпаўшы, Франц спэцыяльным валікам з круглага паленца выціскае на вільготным пяску крыж. Моўчкі перахрысьціцца, і Паліна таксама. Няпраўдай было б сказаць, што яна раней ніколі гэтага не рабіла. Гэта яе таямніца, салодкая і саромная. I не набожнасьць у ёй тады прачыналася, а, бадай, нешта зусім іншае. Спачатку яна рабіла гэта ў гумне, на таку, што соладка пах нагрэтымі снапамі, сенам. Зладзейкавата пракрадалася туды, станавілася наўколенцы на зацьвярдзелую гліну і пачынала шчыра хрысьціцца і класьці паклоны. Перад гэтым пасьпешліва і груба мазала вусны памадай, падоранай ёй дачкой лясьнічага Эвірай, хвалюючы пах нецяперашняй, чаканай жаночай долі дадаваў сораму і забароненасьці. Зойдуць і пабачаць, і што ты будзеш казаць? Стала гэта рабіць у хаце, перад маміным абразком, і менавіта тады, калі нехта блізка быў: на кухні ці за вакном гамоняць маці з суседкай або з бацькам – вось-вось зойдуць! Нават у школе рызыкавала гэта рабіць, калі ўсе пабягуць на перапынак (у той жа Эвіры спэцыяльна дзеля гэтага выпрасіла маленькі авальны абразок) – вось дзе пачуцьцё сорму і забароны было самае вострае. Забягуць, пабачаць – пасьля гэтага жыць стане немагчыма. Толькі памерці!
Успамінала яна цяпер пра гэта? Куды ад памяці схаваесься? Але цяпер нават сьмерць ня дужа хвалявала, болып пужала – грубай прастатой і канчатковасьцю. Гэтыя паўсатлелыя косткі нядаўна жывых знаёмых ёй баб, мужчын, дзіцячыя, яны пазбаўлялі цябе ўсякай надзеі. Кладучы крыж усьлед за Францам, але справа налева, як мама хрысьціцца, як гэтыя некалі хрысьціліся (хто старэйшы быў і чые косткі перад вачыма), Паліна толькі адгароджвала сябе ад памерлых, набліжэньня не адбывалася. Хаця нават у Франца, чужога тут, яна бачыла, было інакш. Што ж яна за вырадак такі? Вось тады – незразумелая страсьць шукаць саромна-забароненае (і дзе, у чым?!), а цяпер – натужная няздольнасьць далучыцца д а нечага, што яна ўжо ведае: ёсьць, ёсьць, і с н у е, але ёй пазнаць ня дадзена.
– У вас у школе маліліся? – спытаў раптам Франц.
– Не, вядома! – Паліна чамусьці пачырванела.
– I ў нас таксама: вядома! Але бацька і асабліва мутэр – вельмі веруюць. Фюрэра яны толькі баяцца. У вас мала цэркваў, дзе ў вас вянчаліся (ці як гэта)?
– У сельсавеце.
– Гэта… а, муніцыпалітэт! Каля пня? Старажытныя германцы так рабілі. Ці гэта гістарычны жарт, ня ведаю.
Аднойчы раньнім сьвітаньнем Паліна ўбачыла, што Франц ходзіць па папялішчы яе хаты, уважліва разглядвае ў сябе пад нагамі, нешта шукае. Мабыць, косьці Ота хоча і баіцца пабачыць.
Кучарыха «з працы» звычайна ішла, не аб’яўляючы пра гэта Паліне, Францу: зьнікала і ўсё, прыходзілі ў свой двор, а яна ўжо там, варыць вячэру ці сьпіць, загарнуўшыся ў калгасную сваю целагрэйку.
На гэты раз чамусьці разьвіталася. Падышла. – Ну я там сабрала, і там, і там. Я пайшла – пахавайце.
Паліну потым мучыла памяць, здагадка: яна сказала «я пайшла – пахавайце!» Ведала, што зараз ляж а і памрэ? Калі яны з Францам вярнуліся «дахаты», Паліну ўразіла, як па-дзіцячы сьпіць яе маці. Ірваныя свае салдацкія чаравікі акуратна паставіла ля галавы (бацька заўсёды сьмяяўся з Паўла, калі ён так рабіў па сялянскай звычцы), руку паклала пад шчаку, босыя ногі, падціснуўшы, схавала ў даўгой сваёй спадніцы. Гаманілі ўпаўголасу: няхай пасьпіць. Згатавалі вячэру, сталі будзіць, а яна…
Паліна не крычала, ціха і безнадзейна цякл і сьлёзы, усё рабіў, што трэба, Франц. У гэтай вёсцы столькі сьмерцяў, што закрычаць (а так хацелася!) было страшна: як у гарах з навіслым сьнегам і лёдам.
На мёртвым твары зноў узьнікла, як бы праяўленая сьмерцю, маміна ўсьмешка. Толькі тут скеміла Паліна, чаго неставала ўсе апошнія дні, тыдні. Усё жыцьцё, колькі Паліна сябе памятае, поруч быў немалады твар зь нязьменнай добрай усьмешкай, ласкавымі рысамі, што так спалучаліся зь пявучым «маміным» голасам. «Алтайскі галасок у нашай мамы, ведаеце, якое ў гарах рэха!» – любоўна казаў бацька. I яшчэ: «Мама наша ў дзяцінстве подмазку зьела, заўсёды ўсьміхаецца, праўда, дзеці?» Ён прывёз маму зь Беламорканалу, з ссылкі, бо яна – «з кулакоў». Простыя бацькавы словы пра гэта калісьці пужалі Паліну, патрабавалі іншых, а ня тых, што ў яе да маці, пачуцьцяў. Яны вершаў, паэм столькі завучвалі пра Паўліка Марозава. Свой жа Паўлік, здавалася, не перажываў, нават калі бацька, выпіўшы (рэдка, але здаралася), абзываў сябе з выклікам: «шкоднік», «вораг народу». Мама яго тады старалася адвесьці ад дзяцей, пакласьці спаць. Як з гэтым было справіцца дзіцячай душы, зыбістай сьвядомасьці? Павал спраўляўся лёгка. А можа і ня так, проста характар у яго мужчынскі. («Крэмень наш Павал», – казаў бацька ці то жартам, ці то ўсур’ёз). Паліна ж ня раз начамі, плачучы, перапісвала маме і бацьку біяграфію. У яе фантазіях бацькі былі тыя ж самыя, з мамінай заўсёднай усьмешкай, бацькавай рэзкай гарачлівасьцю, але на Беламорканал яны езьдзілі па камсамольскай пуцёўцы, і, наогул, усё, як у кнігах і ў кіно.
На агародзе каля старой ігрушы Франц капаў магілу Кучарысе. Прыкідваў, з чаго зрабіць труну. Ні дошак акуратных няма, ні інструмэнту. Капаў і ў думках абыходзіў двор за дваром, усю вёску, прыгадваючы, што і дзе бачыў. Пайшоў шукаць дошкі, а калі прынёс патрэбнае (нават зламаную пілу патрапіў, паўабгарэлую сякеру), пабачыў, што Паліна пабывала ўжо ў схованцы-склепе і дастала шэры валік саматканага палатна. Моўчкі, кожны сабе, рабілі. Франц толькі сачыў увесь час, ці ня трэба памагчы. Прынёс з калодзежа вады, калі Паліна, падышоўшы да ямы, пастаяла, як бы што забыла і ўспамінала:
– Я сама абмыю, хоць крыху.
Бацька можа і не ўхваліць, што не на могілках, а проста на агародзе будзе пахаваная. Але і суседзі так – кожны ў сваім садзе. Уся вёска цяпер могільнік. Хату яны самі будавалі, бацька з маці. Вось так разам рабілі, як Франц з Палінай, але зусім-зусім іншую працу рабілі. Паліне, што ведала іх, лёгка ўявіць, як радаваліся адно аднаму і таму, што робяць. Асабліва пасьля гэтага Беламорканалу. Хату ставілі, нарадзілі Паўла, тут жа неўзабаве – Паліну, працавалі ў калгасе, бацька рахункаводам, мама – «куды пашлюць», дзеці сямігодку канчалі, і тут зноў забралі бацьку. Перад самай вайной. У школу хоць ты не хадзі, але Павал не адступіў, цягнулася ўсьлед за ім і Паліна, а там дырэктрыса-гістарычка тлумачыла дзецям: у такім вось выступленьні таварыша Сталіна тое і тое, усё што ён калі-небудзь сказаў – вернае назаўжды. Вось і пра рахункаводаў. Ворагаў трэба ўмець распазнаць пад любым абліччам, маскай: кулак не абавязкова зь бярданкай або абрэзам пад крысом. Ён можа з бухгальтарскіх касьцяшак стрэліць. Як сказаў таварыш Сталін. Сядзіць сабе такі ў калгаснай канторы і шчоўкшчоўк, як з-за вугла. Нашчоўкаў і, калі ласка: каровы зь бяскорміцы дохнуць, сьвіньні і куры ад чумы, зерне мокне, гніе, на працадні – грамы.
Вясковыя «лічыльнікі» бацькі з жоўтымі касьцяшкамі чамусьці не забралі, калі быў вобыск, яны дачакаліся ягонага звароту з турмы. Калі вайна пачалася. Прачнулася ноччу Паліна ад спалохана-шчасьлівага крыку маці:
– Дзеці! Дзеці!
Затым усе дружна грэлі ваду, памагалі бацьку мыцца, як немаўля, паставілі яго ў балею – вялізную і нізкую – і палівалі вадой, намыльвалі, церлі вяхоткай. А ён зусім не саромеўся свайго голага цела, непраўдападобна худога, адны косьці. Шапялявіць стаў, зубоў пярэдніх няма. Маці са страхам пытала:
– ІПто ў цябе са сьпінай? Па ўсім целе – што гэта за шнары?
Спачатку бацька нічога не расказваў. Што т а м было, як ён вызваліўся. Вайна ішла, зь лесу сталі наведвацца «акружэнцы», хутка гэтае слова было выцесьнена іншым: «партызаны». У бацькі нейкія справы зь імі пачаліся, адразу ж. Некуды іх вадзіў, зьнікаючы нанач, а то і на некалькі сутак. Аднойчы загаварыў:
– Паслухайце і забудзьце. Невядома, што яшчэ нас чакае ў жыцьці. Але хачу, каб вы ведалі ўсё.
Пра тое, як у менскай турме білі, выбівалі зубы і «прызнаньні» ў шкодніцтве, затым нейкага «пісьменьніка» прыплялі, мабыць, ён ім быў патрэбны больш, чым сам Кучэра. Раскажы, як прыяжджаў чытаць вершы, а сам вэрбаваў для польскай дэфэнзывы, ахранкі! Пра тое, як гэты «нацдэм» падбіраў людзей для сувязі з замежжам. А тут – вайна, Менск сталі бамбіць, турма трэслася ад грымотаў. Па Маскоўскай шашы ўцякалі гараджане, сьледам вялі «ворагаў», некалькі доўгіх калён, у аховы чырвоныя пятліцы, такія ж аколышы фуражак, вінтоўкі з даўгімі рускімі штыкамі. I гэтыя штыкі вартуюць цябе, радзіму ад цябе ахоўваюць. А немец лупіць зьверху, і ты ўжо нібыта зь ім супроць сваіх. Спрабавалі ўгаворваць канвой: адвядзіце нас у ваенкамат, здайце ў армію, ваяваць зь немцам хочам. Заткніся, варожае адродзьдзе! Але вось выстраілі арыштаваных у шарэнгу, самі насупраць зь вінтоўкамі, кулямёты на зямлі: нейкі загад зачытваць будуць. Маёр-энкавэдыст трымае ў руцэ паперку, дачакаўся, пакуль усіх падраўнялі, усе падрыхтаваліся, і, гледзячы ў паперу сваю:
«Аго-онь!» А тут якраз наляцелі самалёты.
– Я ляжу сярод бульбянішча, скашу вочы – крыжы над галавон равуць і адтуль стракочуць. Хто яшчэ жывы, бегчы спрабуе, па тых – энкавэдэшнікі. А адзін, бачу, падбег, штыком на суседа замахваецца, як я нагамі даў яму між ног, аж узвыў. Падскочылі мы і наўцёкі, а збоку бачу: энкавэдэшнік стаў над жанчынай, на абедзьве рукі нагамі, ды я-як штыком ёй у грудзі ці жывот! 3 усяго маху – жанчыну!
Так забівалі царскую сям’ю (сьведчаньне забойцы):
«… Арыштаваныя ўжо ўсе ляжалі на падлозе, сьцякаючы крывёю, а насьледнік усё яшчэ сядзеў на крэсьле. Ён чамусьці доўга ня падаў з крэсла і заставаўся яшчэ жывы. Упрытык пачалі яму страляць у галаву і грудзі, нарэшце і ён зваліўся з крэсла. Зь імі разам быў расстраляны і той сабачка, якога прынесла з сабой адна з дачок…
Ермакоў, бачачы, што я трымаю вінтоўку са штыком, прапанаваў мне дакалоць, хто застаўся жывы. Я адмовіўся, тады ён узяў у мне з рук вінтоўку і пачаў іх даколваць. Гэта быў самы жахлівы момант іх сьмерці. Яны доўга не паміралі, крычалі, стагналі, ператоргваліся. У асаблівасьці цяжка памерла тая асоба – дама. Ермакоў ёй усе грудзі скалоў. Удары штыком ён рабіў так моцна, што штык кожны раз глыбока ўтыкаўся ў падлогу» (Стракоцін).
«Апошняй сканала, каторая абаранялася падушачкай, што знаходзілася ў яе ў руках… (Пакаёўка царыцы Дзямідава). Малодшая доч б/цара ўпала на сьпіну і прытаілася забітай. Заўважаная тав. Ермаковым, яна была забітая стрэлам у грудзі. Ён, стаўшы на абедзьве рукі, стрэліў ёй у грудзі» (Нятрэбін В. Н.)[8]8
З кнігі Алега Платонава: Убийство царской семьи. – Масква: «Сов. Россия», 1991.
[Закрыть].
9
Вырашылі пайсьці зь вёскі – са сьмерцю Кучарыхі, здавалася, яна памерла канчаткова – і пасяліцца ў лесе, куды не дабраліся б ні немцы з паліцаямі, ні партызаны. А як знайсьці такое месцайка? Даганяючы, перасьледуючы, уцякаючы і хаваючыся адно ад аднаго, яны бясьпечных мясьцін на гэтай зямлі не пакідалі.
Але пашанцавала. У густым непраглядным ельніку (праўда, прасека блізка) набрылі на закінутую зямлянку. Мяркуючы па тым, як парасьлі, пакрыліся грыбамі і чагай бярвеньне і жэрдкі, а бляшаная бочка-«буржуйка» афарбавалася ў охру іржы, тут даўно ніхто ня жыў. Магчыма, з восені-зімы 41-га, калі акружэнцы-партызаны таіліся ў лясах, выходзілі адно здабываць харч. Часам абстрэльвалі нямецкія машыны.
Прыбралі з нараў гнілое гальлё, высьцелілі ложа сьвежым ельнікам і бярозай. Франц сякерай, якую з сабой прыхапілі, насёк сухіх дроваў – падрыхтаваліся жыць доўга. Па лесе распоўзься дымок, а зь ім і трывога: каб ня ўнюхаў хто. Пакуль сушыліся іх апраткі, сядзелі пад дрэвамі. Франц сказаў:
– Добрая чалавек твая мутэр. Паказаць маю?
Запусьціў руку пад кашулю, на далоні ў яго зазіхцеў мэдальён. Як гэта ня ўгледзеў той, «трафэйшчык»? Шнурок засмаліўся, брудны, а золата зіхціць, як жывое. Падкалупнуў пазногцем, і паказалася фатаграфія. Паліна наблізіла свой твар, на яе глядзіць строгая чужая жанчына з акуратна ўкладзенай прычоскай. Франц вытрас сабе на далонь фатаграфію, перавярнуў яе.
– Тут напісана: «Ich werde dich Schützen». Я цябе (як гэта? Ага!) абараню. Усім ім так здаецца.
Франц доўга і няскладна тлумачыў, што насіць гэта рызыкоўна, а замазаць нямецкі надпіс будзе нядобра, а таму просіць Паліну забраць і захоўваць, пакуль яму зноў можна будзе…
Паліна ня ведала, як тут ёй быць. Нібыта яна прысвойвае права, не спытаўшы ў той жанчыкы, трымаць на грудзях яе фатаграфію. Нейк няёмка перад ёю, што далёка жыве. Пацерла зіхоткае золата між далоняў, заадно і шнурок, і спусьціла халоднае сардэчка пад кашулю. Памяць яе міжволі сьцялася: чамусьці прыгадаўся Эвірын круглы абразок…
– Аўтаматная чарга! – Франц насьцярожана ўзьняў галаву. Далекавата, але чаму разрыўныя кулі паўтарылі яе зусім побач, у кустах за зямлянкай?
– Гэта ж салавей! – засьмяялася Паліна. – Як будзе па-нямецку?
– Nachtigall. Нікому толькі не расказвай, што Франц ужо… Пакруціў пальцам ля скроні.
– Не, праўда, падобна, – супакоіла Паліна, – во, ну зусім, як кулямёт. А цяпер палошча горла. I да вайны сьпявалі салаўі, але нікому ў галаву не прыходзіла такое.
– Многае не прыходзіла, – згадзіўся Франц. – А ў вашай школе…
I пайшлі разьбіраць сьценку няведаньня адно аднаго – і таго, і другога, і трэцяга няведаньне. Як у вас? А ў вас як? Выявілася, што многае вельмі падобна: дзяўчаты болып разумеюць хлопцаў, чым тыя іх – што ў нямецкім Дрэздэне, што ў беларускіх Петухах. I так жа аднолькава жывуць у вечным супрацьстаяньні жаночай часткі школы і мужчынскай, але здраднікаў свайму племені болын сярод дзяўчат. Вось была ў дзясятай клясе Клаўка, дзеўка ніякая зь сябе, у яе і хлопца свайго не было на выпускным вечары, дык старшаклясьнікі потым расказвалі: яна столькі пар разьбіла, разьвяла за адзін той вечар! Нават у каго справа ішла да вясельля ўжо. I чым узяла, ты падумай! Тыя, нявесты, трымалі сваіх хлопцаў на адлегласьці: пацалунак яшчэ можна, а болын – ні-ні! – гэта каб давесьці іх да вясельля. Вам жа толькі саступі і – адз’ю! Гэтая нахабніца ўсім дала ўрок: танцавала з хлопцамі з усімі запар і ўсе яе наперабой запрашалі – прыціскалася, бессаромная, глядзела так, што кожны паверыў: сёньня ён усё і атрымае, калі зь ёю пойдзе. Ну як апаіла зельлем! I пакінула дурнямі. У нявест пасьля гэтага вечара разлад з жаніхамі, у некаторых назаўсёды – адпомсьціла за ўсе дзесяць гадоў няўвагі.
Паліна задала тон, Франц вось гэтак жа асуджальна загаварыў аб лёгкіх, проста-ткі сьвінскіх норавах сярод хлопцаў, захапіліся, ажно дыханьне стала гарачым і ў яе, і ў яго, здавалася, цяпер у’жо ня змогуць стрымаць сябе, зблізяцца рукі, вусны, але што вы, як цяпер гэта магчыма?! Пра што толькі што гаманілі?.. Як асуджалі! Як абураліся! Зьбянтэжана змоўклі Паліна з Францам, адчуўшы сябе падманутымі кімсьці: назьдзекаваўся і глядзіць на іх збоку, каб гучна зарагатаць пры першым іх дотыку. Расчаравана паляжалі і заснулі кожны на сваім месцы – прыблізна за мэтар адно ад аднаго. Але дзяўчына ўсё-ткі сказала «на расстаньне»:
– На новым месцы прысьніся жаніх нявесьце.
Аднак сказана было гэтак іранічна, што Франц так і не адважыўся працягнуць у яе бок руку. Помніць, бедалага, кіпцюрыкі!
Перш чым заснуць, Паліна шмат наўспамінаць пасьпела. Віру прыгадала. Вось яна б ведала, як распарадзіцца і сабой, і Францам.
Жыла гэтая сям’я, яд уяўлялася петухоўцам, «бы паны». А імя Віры – ад Эвіры, што азначае: Эпоха Войнаў і Рэвалюцыяў. Імя ёй такое дала маці, тая самая дырэктрыса-гістарычка.
Бацька Віры (пакуль і гэтых не перасаджалі) працаваў лясьнічым, гаспадарка яго была ледзь не з паўраёна, дзясяткі лесьнікоў у яго распараджэньні, і лес з грыбамі-ягадамі, і трава на палянах, і дровы. Усё, чым у лясным краі люд жывы. Прасторнае лясьніцтва разьмяшчалася наводшыбе вёскі, за высокай дашчанай агароджай, дзе стаяла вялізная кантора, раздольны дом лясьнічага, высокія, з моцнага дрэва, цёсу, гаспадарчыя збудаваньні. У лясьніцтве было некалькі коней, добры выезд. Усё не як у рваным-гнілым калгасе: што збруя, што вазок – кашоўка, коні – воч не адарваць! Нават свая сажалка была за той высокай агароджай, а зімой – каток для Віры і яе сяброў. Але сяброў у яе было няшмат. Гэта яшчэ трэба было заслужыць. I перш за ўсё – непадобнымі на агульныя паводзінамі, сьмеласьцю ведаць тое, чаго іншыя ведаць баяцца. Сама яна была і разумніца, і красуня. Чытала шмат, але галоўнае – пра ўсё ў яе было сваё меркаваньне. I сапраўды – анічога не баялася. Так здавалася Паліне. Аж галава кругам ішла поруч зь ёю. Я сама сабе кніга, любіла паўтараць. I паведамляла, што падумалася, што адчулася – чаму? як так? – у такіх вось і такіх вось абставінах. Аднойчы бацька – вусаты, чарнагрывы прыгажун – яе проста высек. «Зь цікаўнасьці», як сама казала, падпаліла капу сена проста ў двары. Дык вось: «Ён мяне пугай, пугай, так спужаўся пажару, а я ў гэтыя хвіліны любіла яго болып, чым калі-небудзь. Да сьлёз».
3 Палінай яны, забраўгныся на сенавал, пад ластаўчына цьвірканьне, чыталі, дзяліліся сакрэтамі, спалі, летуцелі, як наладзіцца іх жыцьцё. Аднойчы Паліну папярэдзіла:
– Я паклікала Косьцю і Бубліка. Выбірай, каго хочаш.
– Навошта яны мне?
– ПІто, трусіш? Мы ж дамовіліся.
– Ну гэта мы так.
– Так ці ня так, а я іх запрасіла. Сказала: прыходзьце зь цікавымі кніжкамі.
Яны і прыйшлі з кніжкамі, Бублік, той дурань-дурнем, а школьны прыгажун Косьцік (хутчэй па спалохана-скаваных паводзінах Паліны, чым з выклікам – Віры) зразумеў, што ўсё ня так сабе. Дурыліся, валтузіліся ў сене, усё болып распальваючыся і дазваляючы сабе ўсё болып. Пакуль Паліна не зазлавала і не ўцякла да вакенца, адштурхнуўшы Бубліка. Той вінавата пацягнуўся сьледам. А Віра з Косьцікам нейк незразумела і страшн а аціхлі. Глянула Паліна ў паўзмрок сенавалу і ўбачыла голае, высока ўзьнятае калена Віры і бессэнсоўнае нейкае гойданьне сьпіны ў блакітнай майцы, сьпіна гэта здалася такой мужчын скай, агіднай. Разгублены Бублік паглядзеў на Паліну, яна затрымлівала яго вочы бессэнсоўнай усьмешкай, абы ён не павярнуўся, не паглядзеў т у д ы. (Але абое чуюць: глядзяць адно на аднаго і чуюць.)
З гэтага дня Віра ўзьненавідзела Паліну. А аднойчы на зімовым катку, калі Косьця, які хадзіў цяпер за ёй, як галодны сабака, прывязваў канёк да яе стройнай нагі, Віра з раптам скажоным ад агіды і нянавісьці тварам з усяе сілы ўдарыла яго проста пад бараду, так што ён адваліўся на сьнег.
Калі Вірынага бацьку таксама арыштавалі (пасьля вэтэрынараў узяліся за лесьнікоў), сям’ю выгналі з-за дашчанай агароджы, і яны з маці некуды выехалі, як згінулі.
Раніцой Паліна і Франц прачнуліся чамусьці незадаволеныя сабой і адно адным. Але хутка гэта мінула, ім сапраўды цікава было разам. I вось так – удваіх. Вось, калі ласка, жылі кожны далёка ад другога і зусім нібыта інакш, але столькі агульнага ў іх. Гэтая просьценькая думка чамусьці хвалявала.
– Хутка ў цябе каўтун будзе! – ускалмаціўшы валасы Франца, сказала Паліна. Ён толькі што памыў іх у зарослай альхоўнікам і асакой рэчцы, і яны ляжалі на траве каля разваленага мастка, адпачывалі. Франц у недарэчнай на ім, кароткай яму бялізьне з суворага палатна, што нямала памучыла яго беднае гарадзкое цела, але ўжо разьмякчэла ад носкі і частага акунаньня ў ваду, чамусьці не саромеецца Паліны – як не саромеўся б, мабыць, апранахі клоўна. Ну а Паліне проста весела на яго, такога, глядзець.
– Ты сказала: каўтун? – мабыць, Франц нешта прыпомніць намагаецца.
Поруч на траве зіхцяць зьмейкамі вёрткія ўюны, вылаўленыя ў балотнай затоцы, дзе вада цяплейшая, Паліна зь дзіцячай несьвядомасьцю жорстка пляскае іх далонькай.
– Нашы палешукі некалі наогул ня стрыглі валасоў, – паведамляе Паліна.
– Як сікхі.
– Хто гэта?
– У Індыі каста такая. Па тры мэтры валасы адрошчваюць.
– Ну нашы менш, але таксама. Лічылася: зрэжаш – захварэеш. У каўтуне ўсе хваробы.
– Ой, чакай, успомніў! Багіня Мэб. У яе крылы з камарыных хмараў, зь ледзь прыкметных мошак. Яна хвасты коням заплятае начамі, багіня Мэб. А людзям каўтуны робіць. У Шэксьпіра, ведаеш, «Рамэо і Джульету»?
Джульету на школьнай сцэне Віра іграла, Паліна помніць белы твар, перадсьмяротны грудны голас. Паўтарыла перад Францам:
– Чакай мяне, Рамэо! I я з табой, я іду да цябе! I «закалола» сябе «кінжалам».
– Здаецца, яна п’е атруту? – запярэчыў Франц.
– А ты што, носіш з сабой? – міжволі спытала, прыгадаўшы тых нямецкіх афіцэраў.
– Нядрэнна б. Гранату канфіскавалі.
Калі да зямлянкі ішлі, убачылі на бярозавым кусьце дзіўна завіслую варону. Глядзіць на іх з жахам, паварушылася і засьлізгала па лісьцях, ледзь стрымалася на ніжняй галінцы. Хворая? Ці гэта ўжо так падрасьлі птушаняты, зь неасьцярогі вывалілася каторае з гнязда. Не заўважылі, а ўжо нахапілася лета. Лес пацяжэў ад лістоты, елка выкінула сьвежыя зялёныя (тут жа пачынаюць жаўцець) стрэлкі. А салаўі запускаюць свае трэлі-чэргі і ранкам, і ўвечары. Зьявіўся ў лесе майстар, і ўсе астатнія сьпевакі цягнуцца, падладжваюцца пад яго, стараюцца з усяе сілы, каб і ў іх ня горш атрымлівалася. А тут яшчэ нябачныя жабоцькі на ўсё навакольле паведамляюць:
– Я-ак до-обр-ра-а, соладка!
Калі Паліна міжволі пацягнула руку, каб памагчы вараняці, яно са страху – дзе і сіла, і ўменьне ўзялося – узьляцела і села на ніжні сук сіратліва, у яловай засені выраслай бярозы. Гайданулася, каб ня ўпасьці, умацавацца. I ўхапілася атрасаць вільгаць роднага гнязда, саскрабаць дзіцячую ліпучку зь пер’я, прапускаючы празь дзюбу то адно, то другое крыло. Усім добра. А што людзям дрэнна, дык хто ў гэтым вінаваты, калі не яны самі?
Павячэралі бульбай і падсмажанымі на распаленай блясе ўюнкамі (Франц запэўніваў, што нічога больш смачнага ня еў, будзе мутэр сваёй расказваць).
На гэты раз спаць уладкаваліся моўчкі, як бы баючыся словаў, яны адно перашкаджаюць. Расьсьцялілі Францаву вясковую саматканую сьвітку – гэта пад ніз будзе, акрыцца – плюшаўка Паліны. Усё бяз словаў, і быццам заўсёды так вось спалі і нічога асаблівага няма.
– Холадна табе?
– Крыху. Я бачу, і табе таксама холадна.
– Беднае варанятка. 3 гнязда выпала.
– Цікава, якія цяпер у муці сны? Яна любіць іх пераказваць, і мы абавязаныя слухаць, як урадавую зводку. Крыўдзіцца. Вярнуся калі, яна мне іх абавязкова раскажа.
– Табе ж холадна. Акрыйся добра. Сьпі, сьпі. Нядыхай так! Чуеш, ня дыхай так! Хацела адсунуцца, а ён спалохана і вінавата аціх.
Беднае варанятка! Працягнула сама да яго ў цемры рукі, ён прыціснуўся да іх гарачымі шчокамі, прыціснуўся да яе, як схаваўся. Такі бездапаможны, такі разгублены… Калі боль пранізаў яе і, галоўнае, спалох, што г э т а ўж о адбылося, здарылас я (падкраўся, гад!), яна адштурхнула яго зь сілай, якой сама не чакала!
– Зьвер! Фашыст! Фашыст пракляты!
– Я ж цябе кахаю, Паліна.
– Воўк – кабылу! – і зарыдала.
Печка выгарала, згасла, у зямлянцы няўтульна, сыра, пах закінутасьці і нейкай безвыходнасьці. За дзіравым акенцам насьмешлівы, зьдзеклівы хор жаб. Загарнуўшыся ў свой плюш, ціха ўсхліпвала Паліна. Аціхлы, быццам і няма яго тут, ляжыць Франц. Ён, здаецца, мацней за яе аглушаны тым, што здарылася. Ціхенька ўстаў, разьдзьмуў у печцы агеньчык, падкінуў дроваў. Пад смалістае пастрэльваньне агню заснуў.
Крык уварваўся ў расчыненыя дзьверы:
– А ну выходзь! Фэрфлюхтэр, маць вашу! I проста над галавой – у акенца:
– Кідаю гранату! Язьві вашу душу: выходзь!
Гэта маміна «язьві» падзейнічала асабліва паралізуюча.
– Ой, дзядзечка, ня трэба, мы вясковыя!
Адштурхнуўшы Франца, выйшла, выбегла першаю, папярэджваючы крыкам:
– Там брат, ён нямы, зусім нямы!
Плямісты нейкі чалавек (плашч-накідка і голеная галава – усё ў яго ў плямах) адкінуў Паліну:
– А мы зараз пабачым. I Франца аўтаматам адштурхнуў убок:
– А ну, выпенцюх! Хто яшчэ там?
– Нікога, паночак, толькі мы! – сьпяшае адказаць Паліна.
– Правер, – загадаў плямісты другому ў такім жа плашчы, але ў гэтага на галаве нямецкая каска.
– Бач, бандыцкія морды! – нядобрымі вачыма разглядвае голенагаловы злоўленых. – Хочаце пабачыць беларускую птушку бусла? Пакажам вам, сталінскія бандыты!
I ўжо да сваіх, чалавек шэсьць іх, жалезнагаловых.
– Мала было Сталіна гэтым бульбянікам, не нацешыліся калгасамі. Вы за што гэта ваююце?
– Мы цывільныя, дзядзечка, брат, ён нямоглы зусім, хворы, – галасіла Паліна, а сама думала: ня горш за бабку Адарку, яна кармілася тым, што аплаквала нябожчыкаў. Адно каб Франц ня ўздумаў памагаць.
А плямістагаловы ўсё шукае, да чаго прычапіцца. Вось ужо свой яму не дагадзіў:
– Іваноў, ты куды? У кусты ўсё цягне? Ой, глядзі! Можа, як Валошын рашыў? Бяжыце, бяжыце, вас бандыты прылашчаць!
– Скуль ты ўзяў? – агрызнуўся ўласавец у акулярах (Паліна ўжо разумее, хто гэта). – Чалавеку пасц… нельга?