Текст книги "Нямко"
Автор книги: Алесь Адамовіч
Жанры:
Военная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 7 страниц)
Алесь Адамовіч
Нямко
Нявыдуманая гісторыя
Памяці брата
Ад аўтара
«Здымаюць скальпы (нават зь дзяцей), кастрыруюць, праз маленькую дзірку ў цемені выцягваюць з жывога чалавека мозаг, ірвуць ногі» – гэта хто, фашысты 40-х гадоў? Не, гэта сёньняшнія газэтныя паведамленьні з нашых «блізкіх» рэгіёнаў-дзяржаваў аб высьвятленьні нацыянальных, кланавых і палітычных прэтэнзіяў адно да аднаго. Гэта мы з вамі. Калі ў 41-м немцы-фашысты забівалі савецкіх ваеннапалонных на вачах у жыхароў майго пасёлку, старая, ушчэнт раздушаная бессэнсоўнай гібельлю ў засьценках НКВД яе мужа (поруч зь яшчэ васьмю дзясяткамі заводзкіх рабочых), галасіла ў сьлязах: «Чаго хацець ад чужых, калі свае вунь што тварылі?..» О, гэтыя «чужыя» і гэтыя «свае»! Як лёгка асуджаем іншых і як цяжка паварочваецца язык сказаць жорсткую праўду сабе, уласнаму народу, нават калі верх у ім бяруць ці ўзялі ўжо «свае» падонкі і расісты (як бы яны сябе ні называлі). Ці шмат мы чулі самаасуджальных галасоў хаця б ад вядомых усёй краіне інтэлігентаў з Азэрбайджану і Армэніі, з Кіргізіі і Узбэкістану, з Малдовы і Таджыкістану? Сьвет пахаладзеў ад Сумгаіта і Хаджы, ад Фэрганы і Ошы, ад Бэндэр і Курган-Цюбэ. Мільёны людзей ва ўсіх краінах у жаху, а наша нацыянальная інтэлігенцыя адмоўчваецца. I ў Прыбалтыцы маўчаць, і ў Грузіі, ніхто не сказаў, не гаворыць «на ўвесь голас» уласнаму народу, што шавінізм «малога» народу такі ж агідны, як і любы іншы, што імпэрскія замашкі ў дачыненьні да ўласных «меншасьцяў» падрываюць і твае правы на самастойнасьць. I дабром гэта ніколі не заканчваецца. Сьведчаньнем таму – Асэтыя, Абхазія, Прыднястроўе. Прарасейскіх і ўкраінскіх «нашых», якія адкрыта і ў самазабыцьці дэманструюць свой нацысцкі радавод, і гаварыць ня хочацца, хаця разумеем: вірусы расізму ў такім вялізным целе – небясьпека ўжо для ўсёй плянэты.
Ня будзем недаацэньваць падобную ж небясьпеку і для адносна спакойных Беларусі ці Казахстану. Мы пераканаліся ўжо: г эта прарываецца нечакана і, здавалася б, «зь нічога».
Бачачы ўсё, перажываючы, суперажываючы зь іншымі – а непакоіць, мучыць гэта ўсіх, – я раптам прыгадаў рэальную гісторыю беларускай дзяўчынкі і маладога нямецкага салдата – зь мінулай вялікай вайны, з часоў фашысцкага азьвярэньня цэлых краін і кантынэнтаў. Яны, амаль яшчэ дзеці, змаглі пераступіць праз наймагутнейшыя нацыяналістычныя і дзяржаўна-ідэалягічныя міты, догмы і выканаць на зямлі сваю Чалавечую місію – быць братам, сястрой, быць каханьнем, быць чалавекам для іншага чалавека.
У нас перасыхае горла, перахоплівае дыханьне, калі трэба сказаць жорсткую праўду пра нас самых. Тады няхай яны яе нам скажуць, за нас – дзяўчынка і юнак адтуль, з самай ночы фашызму і сталінізму. Гэта – аўтарскі адказ на зусім законнае, верагоднае пытаньне: зноў пра вайну, навошта?
11 верасьня 1992 г.
1
У вёсцы Петухі вырашылі затаіцца і адседзецца колькі дзён. Gross Dorf Pietuchi[2]2
Вялікая вёска Петухі (ням.)
[Закрыть]. Праца эйнзацкаманды ўзбударажыла ўсё навакольле. На кожным узьлеску засады, абстрэлы, на дарогах міны. Узварушылі партызанскае гняздо. А гэтая вёска ад лесу адгароджаная рачулкаю, сама на горцы. Выкапалі акопы для кулямётаў, парасстаўлялі ў садах лёгкія танкі і бронетранспарцёры ды зажылі мірна. Па два, па тры салдаты ў кожнай хаце, на сям’ю. Каравул разьмясьціўся ў зручна пастаўленых у канцы вуліцы былой школе і калгаснай канторы. Загадалі, і тутэйшыя кабеты вычысьцілі, вымылі загаджаныя пакоі, ім за гэта заплацілі па тры маркі. Няхай ніхто ня кажа, што ў штурмбанфюрэра Дзірлевангера служаць не салдаты, а бандыты, крымінальнікі.
Штурмбанфюрэр уласнаю асобаю меў палітычную суразмову з малодшымі афіцэрамі, а тыя – з салдатамі: як паводзіць сябе на гэты раз, у гэтай вёсцы. Аніякіх пагроз і канфіскацыяў, за паслугі дзякаваць і нават плаціць, сьмела ўступаць у асабістыя кантакты – усё, як у цывілізаванай краіне. А калі надыдзе дзень акцыі (аб чым будзе ў час паведамлена), усіх гаспадароў свайго дому ліквідаваць, дом і ўсе забудовы падпаліць. Словам, далей дзейнічаць, як і ў іншых вёсках. Быдла, як і раней, асабліва буйное, не зьнішчаць, выгнаць з хлявоў, перадаць пагоншчыкам.
Пры тым кожны абавязаны: зь першага ж дня зафіксаваць, колькі чальцоў сям’і пад ягоным кантролем, разьмеркаваць, хто і за каго асабіста адказвае ў дзень акцыі, каб не ўцяклі, не схаваліся. Асабліва важныя апошні дзень і ноч перад ліквідацыяй: яны, як жывёла, чуюць блізкую разьніцу.
Маладога салдата Франца Ш. (малады сапраўды, сямнаццаць гадоў, прызваны татальнай мабілізацыяй) прымацавалі да напарніка вопытнага, надзейнага, праверанага ў справе. Ота Залеўскі, паводле нармальных армейскіх мерак, можна сказаць, ужо стары, ён зь вясковых жандараў. Таксама татальнік, але не з 1943 году прызыву, а з 1942-га. Пасьля Маскоўскай бітвы, тады як Франца фюрэр паклікаў пасьля Сталінградзкай.
Франц у баявое падразьдзяленьне патрапіў проста з Бабруйскага вакзалу, разам зь цяжкім узбраеньнем, што прыбыло спэцыяльна для гэтага батальёну. Так што вёска Петухі – яго першае баявое хрышчэньне. Кажуць, тут самы гадзючнік партызанскі. Як выказаўся штурмбанфюрэр, тут і курыца – партызан.
Аднак, Францу ў гэта нялёгка было паверыць, калі ён бачыў тутэйшы люд – што ў Бабруйску, што ў гэтай вёсцы. Запалоханы і нейкі прыгнечаны: ахвотна саступаюць тратуар, дарогу, у вочы, праўда, пазьбягаюць глядзець (дзеці, тыя пазіраюць з пужлівай цікаўнасьцю), але калі немец пакліча, паслухмяна падыдуць і нават колькі словаў па-нямецку скажуць, якія ведаюць. «Шксфарштэйн» – нават з гонарам, што таксама могуць па-нямецку.
Калі па праўдзе казаць, дык Францу нашмат болып не падабаюцца мясцовыя паліцаі: ілжыва-дагодлівыя, а тым ня менш у руках у іх зброя. Што ён там насамрэч думае і што зробіць у наступны міг – хіба ведаеш? Сытуацыя, у якой ён адразу ж апынуўся ў Петухах, ня простая для любога. А Францу, навічку, як яму нават уявіць, што сёньня ён вось з гэтымі людзьмі жыве ў адной хаце, яны яму грэюць ваду, смажаць яечню, зь імі ён гамоніць, сьмяецца, а заўтра ён іх усіх заб’е? Прачнецца раніцай, павітаецца, пачысьціць зубы, пасядзіць за сталом, пераглядваючыся з Палінай, маладой гаспадыняй, а затым яны з Ота паглядзяць на гадзіньнік і бразнуць затворамі…
Пераглядвацца і пасьмейвацца пачалі не адразу, толькі на другі дзень – Франц зь дзяўчынай. Спачатку яму здалося, што ў гэтай хаце – дзьве бабулькі. Старая, сівая бабулька зь нейкай бязглуздай вечнай усьмешкай і бабулька маладзейшая, ані не харашэйшая за тую, першую. Нават больш брудная і ўся закручаная ў нейкія анучы, ды яшчэ і кульгае, горбіцца.
Але назаўтра раніцай другая бабулька некуды зьнікла, а аб’явілася амаль дзяўчынка, чарнавокая, з падкарочанымі валасамі, цікаўна і як бы сьмеючыся прыглядаецца да Франца. Спадніца тая ж, па-вясковаму даўгая, бруднага колеру, але кофта беленькая, нават зь нейкімі вышыванкамі. Не падазраючы, што Франц паруску разумее (бацька яго быў у расейскім палоне, і дома ў іх нямала расейскіх кніг, нават Біблія ёсьць славянская), старая шыпіць на сваю, відаць, дачку, не паварочваючы да яе твару:
– Што гэта ты сабе дазваляеш, язьві тваю душу? Перад кім ты выфранцілася? Што гэта з табой робіцца?
Ота, хаця па-іхнаму ані слова, тым ня менш бачыць і разумее тое, што адбываецца, лепш за Франца. Растлумачыў. Яны тут усе так, хто маладзей і харашэй, прыкметней: твар, шыю ў сажу запэцкаюць, вьшажуць, амаль ня ў гной – рукі, ногі, апрануцца, быццам хлеў ім чысьціць, яна табе і кульгавая, і гарбатая – адно ня руш яе! Не спакушайся на яе хараство! А гэта, бач ты, адразу зьмяніла тактыку, як толькі ты аб’явіўся, – ганарыся, Франц!
Старому Ота даручаны яго бацькоўскай апёцы маладзён, проста з гітлерюгенду, нават спадабаўся. Хаця гараджане, ды яшчэ гарластыя, нахабныя юнцы, яму ня надта да душы. Ад іх старому, ды яшчэ вяскоўцу, заўжды трэба чакаць нейкае насьмешкі, непрыемнасьці. Адзін ужо быў у яго такі, хуценька адхапіў пасаду цугфюрэра, узводам камандуе, і Ота цяпер яму падпарадкуецца. Начыста забыў, якім быў рахманым першыя дні, як зазіраў у рот бываламу салдату, лавіў кожнае яго слова, параду, а цяпер на Ота глядзіць заўжды з насьмешачкай, штораз нры пастраеньні пацікавіцца: «Hast du dein Scheiss beendigt?», ці пасраў гер Ота, а то цуг, узвод можа яго і пачакаць.
А з гэтым Францам яшчэ і такое магчыма: падстрэліць па дурноце, усё не нацешыцца атрыманым шмайсэрам, важдаецца, як з цацкай, зараджае, перазараджае. На Ота пазірае, бы шкадуючы, у старога ўсяго толькі вінтоўка. Зь імі, з гэтаю дзявухай па-іхнаму гамоніць, хіхікаюць, ці ня з Ота? Калі пасьпеў і дзе так насабачыцца па-руску.
2
Прыгледзеўшыся да немцаў, што пасяліліся ў іх хаце, паслухаўшы, што суседзі расказваюць пра сваіх пастаяльцаў, Паліна сапраўды перастала баяцца. Не, страх, жах перад тым, што немцы вычварылі ў суседніх Борках і Каменцы, не зьнікаў, душыў. Але ж ня Франца ёй баяцца, гэтага дылду-хлапца, які ня можа з уласнымі рукамі-нагамі справіцца, падобны да ястрабяня, што вывалілася з гнязда. Шаснаццаць гадоў – гэта шаснаццаць гадоў. Менавіта столькі споўнілася Паліне ў студзені. Так хочацца верыць у лепшае. Ну а немцу гэтаму – ці на шмат болып? Хаця і ўзьдзеў мундзір, рамянямі і нейкімі тэрмасамі абвешаны, як пудзіла агароднае, з аўтаматам і спаць кладзецца, сьмярдзіць конскім потам і нейкімі памадамі, адэкалёнам. Бязь сьмеху глянуць на яго нельга. I ўвесь час бачыш яго блакітныя вочы. Нават сьпінаю адчуваеш.
Варта ёй апрануцца па-людзку, твар памыць, як тут жа жаночым чуцьцём зразумела: гэты хлопец яе, старацца дужа ня трэба. Праўда, ён немец, ня той час, калі на вечарынках забаўляліся. Але шаснаццаць ёсьць шаснаццаць. Яе раптоўнае ператварэньне – прычына, каб весела, жартам пераглядвацца з Францам. Быццам разыгралі яны кагосьці трэцяга. I ўсё яшчэ разыгрываюць – старога Ота, скажам. Так яго шкада – зь яго пагаслымі, абыякавымі вачыма, індычаю змаршчакаватаю шыяй. Памерці можна, слухаючы, як яны, старыя – Ота з маці Паліны – гамоняць. Старая зьвяртаецца да яго, як да глухога. Мабыць, ёй здаецца, што гучныя словы чужое мовы яму больш зразумелыя.
– Пан, а пан, вада цёплая трэба, галіцца, кажу, будзеце? Што франштэйн, што франштэйн: я кажу, галіцца будзеце?
Частка жыхароў загадзя ўцяклі ў лес, на балота. Жывыя яны, не – ніхто ня ведае. Скрозь немцы папярэджваюць: каго ў лесе засьпеюць – усіх пастраляюць. А ў вёсцы ўсё-ткі ня так страшна. Але таксама страшна. I яшчэ як! Петухоўцы, хто застаўся ў сваіх хатах, карыстаюцца любым выпадкам, прычынаю, каб дазнацца, пачуць ад суседзяў супакойлівыя словы, весткі. Адно аднаго абнадзейваюць: а здаецца нічога, не лютуюць, штокроку: «данке! данке!», не падобна, каб задумалі нешта благое. Можна бачыць, як мірна мыюцца, палошчуцца немцы ў прасторным двары Францкевіча ля калодзежа: дзеці ім паліваюць сьпіны халоднай вадой: ахканьне, сьмех. Вёску дзівіць, як часта і шмат яны ядуць. Дзень у дзень над вёскай стаіць чадны дым з комінаў: згатуеш ім раньні сьняданак, тут жа стаў другі, тут жа полудзень і яшчэ падвячорак – гэтак да позьняе ночы. Як у прорву, як на згубу ядуць. Ну абы людзей не чапалі. Харчы ў іх свае. «Свае» – што нахапалі ў іншых вёсках, сьвіней, гусей на вазах вязуць, муку і нават бульбу выграблі.
А петухоўскае не чапаюць, нічога ня скажаш.
Дзеду Пархімчыку салдаты памагаюць вароты ставіць. Старыя заваліліся, ён нарыхтаваў лес на новыя слупы, і вось навешваюць на іх вароты. Пархімчык, былы брыгадзір калгасны, нават пакрыквае на немцаў:
– Старайся, хлопцы, а то працадзён не запішу!
Чым мацней і нясьцерпней чаканьне чагосьці жахлівага і няўхільнага, тым з болыным самазабыцьцём людзі імкнуцца да найменшага пробліску надзеі. I таму збоку магло здацца, што не да кары, забойства рыхтуюць вёску і не сутаргава адпіхаюць жыхары ад сябе жудасную праўду, што гэта накшталт падрыхтоўкі для якогасьці сьвята – бабы бегаюць па суседзтву па ўсялякую драбязу, узрушана абмяркоўваюць падзеі, вочы зіхцяць.
Супакойвае вяскоўцаў аднак тое, што дазваляюць выходзіць зь сяла, калі ты на далёкае поле кіруесься, і ўваходзіць у сяло – нават зь лесу дзьве сямейкі вярнуліся, калі прачулі, што так паводзяць сябе немцы, у лесе страшней чакаць невядома чаго.
А ў Паліны з Францам наогул поўны парадак. Тым больш, што ён ведае мову. Гаворыць, праўда, марудна, шукаючы словы і расьцягваючы іх, як дзіця, часам блытае націск, але да гэтага прывыкаеш. Як прывыкаюць да заіканьня даўняга знаёмца. Амаль не заўважаеш. А ў іх абодвух такое адчуваньне, быццам ня тры дні, а са школы знаёмыя. Словы ім ня дужа і патрэбныя. Усьмешка, кароткі жэст ці позірк, непрыкметны рух плячыма, і яны ўсё сказалі адно аднаму і ўсё зразумелі. Ну а калі старым гэта не падабаецца, незразумела – тым болып забаўна і весела гуляць у гэтую гульню Паліне і Францу.
Бацька (Франц цяпер гэта ацаніў) непрыкметна, але вельмі ўмела скіроўваў яго цікаўнасьць і здольнасьці менавіта да моваў – лацінскай, ангельскай, расейскай. Толькі цяпер Франц пачаў кеміць: тым самым ягоны фатэр працівіўся агульнай пошасьці – анічога апрача свайго ў сьвеце не цаніць, усё зьвесьці да нямецкага кораня, сэнсу, разуменьня. Тое, што Франц моцна захапіўся расейскімі кнігамі, а таму і моваю, мабыць, заслуга (ці віна) Дастаеўскага. Ён прыцягваў тым, што пужаў. Калі быў малым, сястра дала Францу ў руку сталовы нож і раптам паднесла да яго нейкую чырвоную падкоўку (магніт) – нож разам з рукой пацягнула незразумелая сіла. Ажно ўскрыкнуў і ўпусьціў нож. Такая ж вусьцішная сіла – у кнігах гэтага расейскага пісьменьніка. Нешта выцягвае зь цябе, чаго раней, здаецца, і не было, быццам і ня ты гэта.
У вачах Паліны Франц мала чым адрозьніваецца ад тых хлопцаў з суседніх вёсак, якіх заманьвалі знакамітыя на ўсё навакольле петухоўскія вечарынкі: прыходзілі пад чаркаю, спачатку трымаліся ўсе гуртам, рыхтуючыся да адпору, калі іх пакрыўдзяць, а прыцемкам разьбягаліся за петухоўскімі кралямі, хто куды, як рахманыя цяляты, даводзілася іх абараняць, апекавацца імі, не папускаць іх у крыўду мясцовым раўніўцам. Франц цягаў ваду, сек дровы, нават расаду памідораў гэтая дзеўка прымусіла высаджваць на агародзе, старога Ота гэта зацікавіла. Ён стаяў ля агароджы зь люлькай у роце і цікаўна пазіраў, як гітлерюгенд няўмела гнецца над градкай, а на шыі аўтамат матляецца, грэбаецца, як курыца, у зямлі, запэцкаў ад няўмелага стараньня нос, шыю.
Старая Кучарыха час ад часу дзе-небудзь адлоўлівала дачку, шыпела, як гуска (але нехта сказаў бы: добрая гуска):
– Супыніся, дзеўка, што ты сабе думаеш? Што ты над ім свае штучкі вычвараеш? А калі яго камандзірам гэта не даспадобы?
– А вы ведаеце, мама, яму крыху болын гадоў, чым мне. А вырас – гляньце, які дылда!
– Вы ўжо і гадкамі памераліся! Дурное і ёсьць дурное, тое і яно, дзіця горкае. Ды толькі гэта табе не гульня! Ох, яшчэ пакажуць яны сябе, чуе маё сэрца!
I паказаў… У тую ж ноч.
Бадай, ніводная дзяўчына не падабалася так Францу, як раптам гэтая кінулася ў вочы – з бандыцкае вёскі. Ды калі папраўдзе, нічога сур’ёзнага і не было яшчэ ў яго з жаночым племем. Хаця сярод аднагодкаў, асабліва калі быў у маладзёвым лягеры «Сіла праз радасьць», ня горш за іншых выстаўляўся вопытным лавеласам, абаяльным самцом, які не з чужых словаў ведае, што і як. А сам нават да прастытутак не хадзіў, куды ў маладзёнаў зь лягеру сьцежка была пратаптаная. Ня толькі боязь заразіцца, адгукалася і хатняе выхаваньне ў сям’і пастара.
I вось перад ім тая, якую, яшчэ крыху, і ён пакахае па-сапраўднаму. Але часу на гэта ня будзе: неўзабаве дзяўчыну застрэляць. (Хто? – стараўся не дадумваць.) Ён жа так і не спазнае таго, пра што гэтулькі гаворкі, пішуць у кнігах, у кіно паказваюць – прытым не з распуснай, а вось з такой чыстай, прывабнай. У гэтым халодным нібыта разьліку: не ўпусьціць! – нейк прысутнічала пачуцьцё закаханасьці. Яно, гэтае пачуцьцё, нават завастрылася ад драпежных намераў, думак, што ўсё мацней бралі над ім уладу. Ад безабароннасьці яе і асуджанасьці яе плоць станавілася ўсё болып жаданаю. На трэцюю ноч толькі пра гэта і думаў, вячэралі, нікому ў вочы ня мог паглядзець. Дзяўчына разумела гэта па-свойму і дражніла яго яшчэ болын: падсочваючы, ловячы яго позірк. Так і дурное шчаня начынае гуляць перад пашчаю воўка.
Што яшчэ жыло ў яго, Франца, сьвядомасьці, як ні дзіўна – пратэст. Жорсткасьць, эгаізм жаданьня супраць жорсткасьці догмы, ідэалёгіі.
Расавы закон аднак яму гэтага не дазваляе. Забіць дазваляе і нават абавязвае. А вось падобным пралюбадзействам прынізіць сваю расу – тое самае што скаталожніцтва. I таго горш, болын небясьпечна: скаціна табе сваю ідэалёгію не перадасьць.
ІПто пра гэта кажа закон, які вызнае ягоны бацька, пратэстанцкі сьвятар, Франц, калі трэба, можа прыгадаць, але кіравацца ім немец не абавязаны. Фюрэр вызваліў ад гэтага абавязку, даў свой запавет, закон. Але цяпер менавіта з законам расы спрачаўся эгаізм маладога немца, не вяртаючыся, аднак, да бацькавага наказу. Новыя скрыжалі ўзнагароджзаюць ягоную вернасьць толькі трупам. I адбіраюць радасьць уладаньня жывым. Дзе ж сіла праз радасьць? Нешта тут ня так, мой фюрэр, гэта прывабіць хіба што Ота – яму важней за ўсё сабраць смачную пасылку і паслаць яе сваёй жонцы…
Што адбылося ў тую ноч на кухні, на шырокай лаве ля акна, дзе клалася спаць Паліна, цемра не дала разглядзець ні Кучарысе, ні старому Ота (яна спала на печцы, ён – у другім пакоі).
Я ж гэтую сцэну нібы бачу (з боку Франца), выразна яе ўяўляю: сам перажыў нешта падобнае.
Гадоў за пяць да вайны да нас у госьці прыехала цётка з мужам і іх пляменьніца. Быў я яшчэ пяціклясьнікам-шкаляром. Дужа запала мне ў вока пляменьніца, дзень у дзень мы зь ёю лёталі па двары і ў хаце, абліваліся вадою, шчыпаліся, яна на мяне скардзілася, і нас абаіх прысаромлівалі, сварылі, мая мама мяне, цётка яе. А калі згасілі сьвятло, леглі спаць (госьці ў сталоўцы), я ў цемры папоўз, каб напалохаць іх. Дапоўз да стала – далей іх ложак і канапа – і крыкнуў па-дурному: «А-а-а!» Нешта гучна фыркнула, зашыпела, як клубок зьмеяў, і па маёй фізіяноміі, па шыі прайшліся чыесьці кіпцюры. Ды такія вострыя, шалёныя. Мне б у час успомніць, што ў нашай кошкі нарадзіліся кацяняты, і карабок, іх пасьцель, пад тым сталом. Нічога ня цямячы, залямантаваў, як зарэзаны. Спалох быў усеагульны. Пакуль не запалілі сьвятло і не пабачылі мяне, з расьпісанай фізіяноміяй, і ня скемілі, што адбылося. Мяне тут жа расфарбавалі яшчэ ёдам, доўга не маглі супакоіцца – потым ужо ад сьмеху.
У хаце Кучарыхі рагатаў толькі Ота Залеўскі. Астатнім было не да таго. Франц выбег за дзьверы, на вуліцу. Паліна кінулася на печ, да маці пад крыльца. I стаіліся абедзьве.
Раніцой жанчыны ўсталі, як звычайна, раненька, асьцярожна корпаліся ля печы, даілі карову, кармілі кабанчыка, курэй – усё, як заўсёды. Выйшаў да іх Ота, выспаны, дужа задаволены мінулай ноччу. Яны яго абслужылі цёплай вадзічкай: падрэзаў свае вусы, пагаліў змаршчакаватыя шчокі і шыю, часьцей звычайнага паўтараючы: «Данке, гут, гут!» Франц выйшаў са спальні, як выбег, звонячы зброяй і мэталічнымі карабкамі на поясе, адварочваючы падрапаную, з барвовымі шнарамі, фізіяномію. Не павітаўшыся, пабег на вуліцу. Кучарыха правяла яго спалоханымі вачыма, нават Паліна, зусім ціхая, зьбялелая, стаяла ля шафы, вінавата маўчала. Ота ж проста сьвяціўся ўвесь, як новы пятак.
– Лыбіцца, быццам подмазку зьеў! – не стрывала Паліна. Здаецца, яна пакрыўдзілася за Франца. Старая Кучарыха на яе накінулася:
– Ты хоць гэтага не чапай! Хопіць, ужо дагулялася.
Паліна ціхутка шмыганула за дзьверы. Вярнуліся яны абое, зьміраныя, задобраныя (што яна яму там казала, чым суцешыла?), хоць ты іх з іконай бласлаўляй.
– Мама, у нас лой быў, гусіны тлушч. Памазаць – і пройдзе. Выбегла ў кладоўку, а Франц стаіць і зьбянтэжана пасьміхаецца, пагладжваючы шчокі, лоб, шыю.
– Война, матка, крыг! – спрабуе жартаваць.
– Вы ўжо на яе ня гневайцеся, маладое-дурное, што зь яе ўзяць?
Дзякуй Богу, хоць стары немец пайшоў у прыбіральню, ня хутка вернецца. Паліна ўжо нясе шклянку, беланапоўненую, калупнула пальцам.
– У нас так лечаць, – растлумачыла Францу, – калі хто незнарок падрапаецца. Я змажу ранкі, гут? Не балюча, крышачку.
Франц пакорліва схіліўся. Паліна, водзячы пальчыкам, замаўляе:
– Па саломе, па мякіне, няхай пабаліць і пакіне. Пакуль жаніцца – загаіцца. Зажыве да вясельля.
3
Дзень расправы набліжаўся вывераным ваенным крокам. А вяскоўцам як вушы заклала, вочы заляпіла: так ім не хацелася ў гэта паверыць. За ўсе крыўды Германіі, пасьлявярсальскія пакуты нямецкага насельніцтва павінна была расплаціцца беларуская вёска Петухі. Аб тым ведала адна частка людзей (пастаяльцы), другая ж частка (самі жыхары) з кожным спакойна пражытым днём усё болып верыла: пранесла, на іх бяда не абрынулася, хаця б гэты раз.
Апошнюю ноч, калі ўжо быў аддадзены загад ажыцьцявіць на сьвітаньні (а 8.00) акцыю, Франц амаль ня спаў. Ота Залеўскі паведаміў яму агульнае распараджэньне: больш нікога зь вёскі не выпускаць (але тым, хто зь лесу вяртаецца, не перашкаджаць), па магчымасьці трымаць сваіх гаспадароў у хаце, папярэджваючы, што вось-вось можа пачацца бой з партызанамі, яны, маўляў, падыходзяць, акружаюць. Ота спаў адным вокам, некалькі разоў ноччу прачынаўся і курыў на кухні, бегаў вады папіць ці на двор па патрэбе. Франц ліхаманкава думаў, уяўляў, як гэта адбудзецца. Ота ў яго спытаў, ухмыляючыся: ты, вядома, маладую выбраў? Што ж, падабаецца, бітэ, калі ласка, а я па-старэчы прыгрэю старую каргу.
I ўсё-ткі задрамаў Франц, а калі прачнуўся і пачуў на кухні мірныя галасы старой і Ота, што ўсё спрабавалі растлумачыць адно аднаму, якая гэта ліхая штука вайна, яго раптам працяў холад, узялі дрыжыкі. Гэтага яшчэ не ставала! Як жа ён выйдзе да іх, як паглядзіць на Паліну, вачыма сустрэнецца зь яе позіркам? О Божа, лепш бы не прачынацца наогул! Ня жыць, ня ведаць нічога гэтага. Бацька, ты любіў паўтараць словы пра чашу, якую Сыну Божаму назначана было выпіць да дна. За нас, каб і мы свае выпрабаваньні прайшлі з гонарам. Ну а сыну твайму – вось такое выпала. Ня я выбіраю, за мяне Фатэрлянд, фюрэр вызначылі маю ношу. Як зь ёю быць, што рабіць мне? У мяне засталася гадзіна часу, хто, хто падкажа?
Чуў, як з двара зайшла Паліна, грымнула дровамі ля печкі. Перад гэтым у пакой да Франца забег ашалелы стары: ты што, забыў, твая пабегла некуды, за яе ты адказваеш! О Божа, няхай бы яна і’сапраўды ўцякла, ня зьелі б за гэта Франца, ну няхай бы пакаралі як сьлед. Ці няхай, калі ўжо на тое пайшло, Ота ўсё гэта зробіць, яму гэта не навіна.
Чутно, як Паліна мые даёнку, пойдзе карову даіць, а сюды ізноў уляціць гэты ашалелы падганяць Франца. Вось ён, аж задыхнуўся ад гневу, словы ў глотцы заселі.
Франц адно махнуў рукой, навешваючы на плячо аўтамат і кіруючы на кухню. Павітаўся з гаспадыняй, яна паабяцала:
– Зараз Паліна малачка сьвежага прынясе, а вы трошкі шпацырэн. Будзе апэтыт гут. Да чаго здольная да моваў. Што ж, Франц пагуляе, а то яго апякун хутка забрэша ад абурэньня.
Франц накіраваўся да варотаў, выглянуць на вуліцу. Чутно, як у хляве за ня шчыльна прычыненымі варотамі пішчыць, патрабуе кармленьня кабан, далятае голас Паліны, што пакрыквае на неспакойную карову. Усё так мірна, звычайна. I такі сонечны ранак. Самы чорны ў жыцьці Франца. Глянуў з варот на вуліцу, там нейкі рух, заведзены машыны, перабягаюць вуліцу салдаты. А раптам раздумаў штурмбанфюрэр, гэта ў яго ўладзе, раптам аб’явяць: акцыя адмяняецца, адыходзім. Ну няхай другі раз, няхай недзе, але ня зараз, ня тут. Зразумейце ж, Паліна, Паліна! Фюрэр мой, Германія, я дрэнны патрыёт, сам бачу, але я яшчэ набяруся мужнасьці, волі, рашучасьці. Я спатрэблюся ў справе. Але толькі не цяпер!
Чутно, скрозь усе ранішнія гукі прабіваецца да Франца, як звонка б’е ў дно даёнкі струмень малака, ласкавы голас Паліны, што ўгаворвае: «Стой спакойна, што гэта з табою сёньня?» Ох, дзяўчынка, дзяўчынка, нават быдла нешта чуе, а ты – як жа ты ня бачыш, што рыхтуецца? Сказаць ёй, махнуць на ўсё рукой і папярэдзіць! Ну і што, куды яна цяпер уцячэ, дзе схаваецца, калі ўсё пачне гарэць, а яшчэ Ота, ужо ж ён ня дасьць парушыць загад! Раней трэба было, хаця б учора, пазаўчора. Чаго чакаў, чаму так не зрабіў? Але ж гэта здрада, гэтым ты здраджваеш інтарэсам свайго народу. Які там яна, гэта дзяўчына, вораг для Германіі, але важны прынцып: дзейнічаеш патаемна, за сьпінай усіх, парушаючы загад, у інтарэсах не Германіі, а яе ворагаў.
З расчыненых варотаў выйшла Паліна з цынкавай даёнкай у руцэ, убачыла расьпісаную ёю фізіяномію Франца, зьбянтэжана ўсьміхнулася, нават румянак радасны сагрэў яе шчокі. Франц дапамог зачыніць цяжкі я вароты. Знаёма ўскінула кароткія валасы і раптам пасьпешліва накрыла краем даўгой спадніцы малако. Растлумачыла, сарамліва сьмеючыся:
– Каб не сурочылі. Каб малако ня скісла, вымя ў каровы ня высахла. Калі ў вас благое вока.
– Паліна, я хачу сказаць, – усё, што здавалася самым важным, раптам перастала нешта значыць, – я хачу… папярэдзіць. Блягі чалавек прыйшоў ужо, вам усім будзе бляга.
На Франца ўмольна глядзяць вялікія чорныя вочы: гэта няпраўда? Я ня так зразумела? Ты абароніш!..
– Трэба вам… я ня ведаю што… – сказаў і азірнуўся на дзьверы, на вароты. Раптам гучна зарагатаў, гучна вымавіў: – Малако гут? Малако карашо!
Як бы перакрыўляючы Ота. Паліна на яго глядзіць у зваротнай надзеі, а можа яна ня так зразумела яго? I ўсё ня так страшна. Пайшла дахаты, а Франц, трымаючы аўтамат ля пояса, усьлед.
I пастаяльцы-немцы, і старая – усе ўважліва пазіраюць (гэта заўсёды заварожвае), як малако льецца і пеніцца ў шкляным збане. Старая ўжо накрыла на стол: нязьменная бульба, кавалачкі сала, сьмятана, кансэрвы (відаць, Ота расшчодрыўся і адкрыў бляшанку).
Паліна ўзяла другі, непразрысты збан, гліняны, накрыла марляй і цэдзіць малако ў яго. 3 выразам смутку і асуджанасьці на твары: Францу прыгадаліся такія твары ў музэі, куды яго часта вадзіў бацька – на карцінах з выяваю мадонаў. Ота выразна, не сьпяшаючыся, каб другія не зьвярнулі ўвагі, дастаў свой вялікі срэбны гадзіньнік і, шчоўкнуўшы вечкам, паглядзеў на стрэлкі. Заўважылі аднак усе: яшчэ б, такі гадзіньнік, старадаўні, такі гук. Кучарыха нават пацягнулася разгледзець яго бліжэй. Як да ляза сякеры ў руках ката: ці вострае? Жах скаваў галаву Франца жалезным абручом, сталі раптам балець вочы, нават сьлязіцца ад болю.
Міжволі зірнуў на свой гадзіньнік, наручны, падарунак маці: безь пяці хвілін восем! Заўважыў, што міжволі ўслухоўваецца, што адбываецца за вакном: ц і не пачалося?І ў жоўтых (якія яны жоўтыя ў яго!) вачах, на зрэзаным глыбокімі змаршчакамі твары Ота такое ж чаканьне. Змаршчакаватая шыя сьцярвятніка… Абодва заварожана глядзяць, як льецца пеністае малако, быццам і гэта зьвязана з чаканьнем: скончыцца і… пачнецца.
– Вы сьнедайце, а я набяру бульбы, абед варыць трэба, – раптам пачуўся голас старой гаспадыні. Спалох н а твары Ота: сытуацы я ўскладняецца! Кабета за кольца ўзяла вечка падполу, у другой руцэ трымае пусты кош.
– Dorthin darf man nicht[3]3
Туды нельга (ням.)
[Закрыть], – памкнуўся да яе Ота, падхопліваючы вінтоўку, што стаяла ля сьценкі. Старая, не разумеючы, што немец мае на ўвазе, перадала яму з рукі ў руку вечка склепа, і Ота, як дурань, прыняў яго, трымае.
А старая, усё ўсьміхаючыся, спускаецца ў склеп. I тут глуха застукалі за акном, недзе ў суседзяў, стрэлы.
– Komm raus[4]4
Вылазь наверх (ням.)
[Закрыть], – закрычаў Ота.
Франц глядзіць на Паліну, што, уставіўшыся ў вакно, прыслухоўваецца. Твар яе такі ж белы, як малако, што сьцякае, ужо льецца цераз край чорнага збана, хлюпае на падлогу. Старая з склепу ані гуку, быццам і няма яе там. Ота ў адчаі кінуў вечка, якое да таго бязглузда трымаў, на падлогу і, пасьпешліва зарадзіўшы вінтоўку, грымнуў у падпольле стрэлам. Франц ад нечаканасьці (усё-ткі) падскочыў з табурэту, і цяпер Ота, ашчэрыўшы пракураныя жоўтыя зубы, яму крыкнуў:
– Was steckst du da, Scheisser?[5]5
Ты што, засранец, сядзіш? (ням.)
[Закрыть]
I скіраваў вінтоўку на Паліну. Але Паліна за сьпінай у Франца, і Ота ня можа стрэліць. Стрэліў Франц. Ён і не заўважыў, як рука ўскінула затвор аўтамата, апамятаўся толькі, калі аўтамат забіўся ў яго руках. Скрозь чад, што запоўніў пакой, лёгкія, вочы, сьвядомасьць, Франц бачыць, як Ота, узмахнуўшы рукой і як бы адкідваючы вінтоўку, якая стукнулася аб кухонную шафу, хіліцца да печкі, хапаецца рукамі за яе, быццам узьлезьці на яе хоча. Спаўзае на падлогу, а белая бакавіна печкі заплывае чырвонай, крывавай плямай, што шырыцца на вачах у Франца (і ў вачах Франца).
Нейк адчужана ён пачуў гук свайго аўтамата, што ўпаў пад ногі. Нехта яго штурхае ззаду (Паліна), ён пераступіў аўтамат і апынуўся ля ямы, што вяла пад падлогу. Паліна трымае яго за плечы, нахіляе:
– Туды! Там ёсьць ход! Туды!
Франц паспрабаваў нешта растлумачыць, спытаць, павярнуцца да яе, але чужыя рукі ўчэпіста і ўпарта скіроўваюць яго некуды. Толькі б далей ад гэтага жаху: Франц ступіў на лесьвічку, адразу ж нязграбна сьлізгануў зь яе і ўпаў каленьмі на нешта сьлізкае, коўзкае. Рукі загрузьлі ў бульбе, мокрай, падгнілай.
– О Божа! О Божа! О Госпад Бог!
Старая тут, жывая, але яе не відно. А Паліна закрывае за сабою вечка падпольля. Шэпча:
– У цябе ліхтарык, запалі ліхтарык!
Дзейнічае надзіва ўпэўнена, з разьлікам, быццам ня раз зь ёю такое адбывалася. Гэта прымушае падпарадкавацца і чакаць яе распараджэньняў. Праціснулася каля Франца, скіравала прамень ліхтарыка ў руцэ Франца на патрэбную ёй сьценку і адразу стала зрываць, здымаць зь яе драўляны шчыт.
– Ціха вы, мама! – прыкрыкнула на старую, што охала, стагнала.
За шчытом адкрылася дзірка-лаз. Паліна падсаджвае маці:
– Вы першая. Толькі ціха. Ня бойцеся, татка вучыў вас, вы ж помніце.
Бездапаможна, бы ў жабкі, заторгаліся і зьніклі ў чарнаце скрыўленыя ногі, на Франца жмурачыся (прамень ліхтарыка б’е ёй у вочы) глядзіць Паліна. Вялікія спалоханыя дзіцячыя вочы, ня верыцца, што гэта яна так сурова распараджалася. Просіць:
– Паўзі цяпер ты, а я зачыню за сабой. Там у нас схованка, такі вялікі склеп. Спэцыяльна мой фатэр зрабіў для нас. Нас ня знойдуць, ня бойся.
Франц поўз па халодным пяску, плячыма, локцямі, галавой адчуваючы дошкі вузкай, як труна, нары. Даводзіцца віцца, як чарвяку. Ён ужо і здаецца сабе чарвяком, у адзін міг з самаўпэўненага вясёлага гітлерюгенда, з начытанага, музыкальнага сына паважанага ў навакольлі пастара ператварыўся ў нешта запалоханае, паўзучае, што шукае ратунку. Чуе, як наперадзе цяжка крэкча старая, усьлед за ёю адпаўзае ад усяго ранейшага, ад сябе былога. Як хутка ўсё зьмянілася. Усё было і нічога не засталося. А недзе ззаду – Паліна. Адзінае, што яшчэ засталося на зямлі (пад зямлёй!) для яго, як праменьчык надзеі, – гэтая спалоханая, але такая рашучая дзяўчынка. Франц скіраваў ліхтарык назад і ўбачыў… аголеныя белыя лыткі ног, стаптаныя чаравікі. Паліна паўзла нагамі наперад – скеміў: яна зачыняла лаз шчытом, маскіравала і не змагла разьвярнуцца ў вузкай нары.