Текст книги "Нямко"
Автор книги: Алесь Адамовіч
Жанры:
Военная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 7 страниц)
Франц жа пра сваё ўсё думаў, трывожыўся: на просецы адразу ж убачылі немцаў. Некалькі афіцэраў у такіх жа плашч-накідках, але высокія фуражкі на іх, а ня каскі і не пілёткі. I галоўнае, глядзяць так – яны і астатнія на іх, – што адразу разумееш: самыя вялікія начальнікі – гэтыя.
Франц з усяе сілы стараецца не спужацца, не прыцягнуць іх увагу. Але ўсё-ткі гэта былі першыя немцы пасьля ўсяго, і сам ён ня мог не перажываць наймацнейшых пачуцьцяў, дзе былі ня толькі трывога, страх, але і шчымлівы боль за сябе, за свой вось так пакручаны лёс.
– Warum grinzt er?[9]9
Чаму ён пасьміхаецца? (ням.)
[Закрыть] – спытаў раптам афіцэр. Пра што гэта ён?! Няўжо пра Франца? – глядзіць на яго. Ну вось. Ну вось, зараз усё і адбудзецца, здарыцца! А калі знойдуць мэдальён у Паліны: нямецкі, адкуль?! – а калі яна ня вытрымае? Як умеюць дапрасіць чалавека, каб дазнацца пра ўсё, – для Франца не сакрэт. Тут прыйшоў страх ужо не за сябе – за Паліну. Скеміў, як дарагая яму гэтая наравістая істота!..
Падобна, перакладчык, што стаяў поруч з афіцэрам, спытаў у рускага:
– Хто яны?
– Нямы, – ахвотна растлумачыў той і дзеля пераканаўчасьці пальцам пакруціў каля сваёй скроні, – калгасьнікі. Усе яны тут бандыты.
Раптам занепакоіліся ўсе, па-нямецку, па-руску прагучала папярэджаньне: сысьці з просекі, у лес, наперадзе нейкія людзі! Бяжыць па просецы нехта, апрануты па-вясковаму, але па тым, як ён бяжыць, а ўсе чакаюць яго, зразумела, што ён свой, мабыць, сувязны, разьведчык. Дабег, запыхкаўшыся, прасіпеў:
– Ідуць! Там іх цэлая група.
I тыя, што заставаліся на просецы, усе зрушыліся, паглыбіліся ў гушчар, штурхнуўшы туды і Франца з Палінай. Тут шмат іх, уласаўцаў, і, мабыць, немцаў. Апынуліся побач з тым самым «Івановым», ці ён падсунуўся наўмысна, раптам як бы паказаў сабе за сьпіну: уцякайце, пакуль ня позна! Але, здаецца, позна: тут ужо і голенагаловы.
– Ты і ты, – загадаў двум уласаўцам, адвядзіце іх… Ну хоць бы да мосьціка. Тыя на яго пазіраюць запытальна.
– Што незразумела? Адпусьціц е там. Каб ані гуку. Адна нага тут, другая там. Фарштэйн? Выконвайце!
I ўзьняў вочы да неба, пасьміхаючыся гадка. Паліна зразумела, а Франц, падобна, перажывае палёгку, супакаеньне, што ён ужо ня ў полі зроку нямецкіх афіцэраў.
Францу нават цікава назіраць ягдкаманду ў дзеі, колькі разоў чытаў з захапленьнем пра сьмельчакоў, што, пераймаючы тактыку партызанаў, пранікаюць у самае гняздо іх, а там, затаіўшыся, чакаюць, як паляўнічы зьвера, ворага, які нічога не падазрае. Але пісалі менавіта пра нямецкія «паляўнічыя каманды», гэтая ж – уся амаль з рускіх іншаземцаў.
Паліна разумела, куды іх і навошта вядуць. Той, што зь вінтоўкай, адзеў на ствол штык-кінжал (сталь драпежна клацнула), у аўтаматчыка, рыжабровага пад каскай, кінжа л вісіць н а поясе. Будуц ь рэ заць! – рукі-ногі ў Паліны загулі, як быццам яны пустыя, полыя, прадзьмутыя марозным зімовым сіверкам. Яе на вачах у Франца рэзаць, Франца на вачах у яе. Страх ня толькі болю і ня толькі жах сам па сабе, але і сорам. Яе жывёльны жах будзе бачыць Франц, а яна – ягоны жах. Па гэтай кароткай лясной дарозе ўчора ішлі да рэчкі ўюноў лавіць. Тут, зусім побач, зараз, зараз гэта здарыцца!
– Ну, ідзі, ідзі! – штурхае Паліну штыком пажылы ўласавец, нечым, нейкай унутранай злосьцю ён нагадаў Ота. Франца наперадзе вядзе рыжы аўтаматчык. Як сказаць Францу, што іх вядуць забіваць (калі ён яшчэ не дапетрыў), і, галоўнае, што страляць, шумець, калі партызаны блізка, ім нельга. Калі кінуцца ў лес, ім будзе не да таго, каб лавіць, але трэба абаім разам. «Ота» не дарэмна нэрвуецца, злуе, чуе, што можа так адбыцца. Паліна пабегла б ужо, будзь што будзе, але Франц, Франц…
– Дык, значыць, Пушкіну цар кажа, – раптам паварочваецца рыжабровы аўтаматчык, зьвяртаючыся да «Ота» цераз галаву Паліны, – кажа: «Пушкін, ці ня ты напісаў Луку Мудзішчава?» А Пушкін, язьві яго душу…
– Вы не з Алтая, не алтаец? – перахапіла яго позірк (здалося, дабрадушны, не пагрозьлівы) Паліна.
– Ну алтаец, а што?
– У мяне мама з-пад Ленінагорску.
– Гэ, я таксама з Рыдэра. Гэта па-сталінску: Ленінагорск. А сапраўдная – Рыдэр, англічане руду здабывалі. Дык што ты хацела сказаць?
– Ну што мама мая з Алтая таксама. Яна, як і вы, гаворыць.
– Гэ, чуеш, Муха, – зьвярнуўся да «Ота», – зямлячка мая.
– Ідзі лысага гэтым абрадуй. Вось зараз яны там падыдуць ды ўлепяць табе чаргу ў сьпіну – пабратаецеся. Я б іх усіх! Чаго гэта мы іх так далёка праводзім?
Франц ня дужа перажываў тое, што адбывалася. Яму здалося, што болыпая пагроза мінулася. Той сказаў: «адпусьціце». Афіцэры ж нічога падазронага не заўважылі. А разгадай яны Франца! У 40-м нямецкія маці па радыё і ў газэтах пракліналі сыноў, якіх зьбілі над Англіяй і яны ня так нешта сказалі пра фюрэра. А што зрабілі б зь яго маці, бацькам, што іх змусілі б зрабіць, калі б адкрылася, што яго не схапілі партызаны, забіўшы Ота (хацелася верыць, што менавіта так падумалі), што гэта ён забіў таварыша, немца забіў, здрадзіў самаму сьвятому.
Вось і знаёмая рачулка адкрылася, злавесна тырчаць вывернутыя з жоўтага пяску чорныя бярвеньні, гнілыя жэрдкі, унізе густы алешнік – выйшлі да мастка. Вось і кош валяецца. Францаў кош, якім уюноў лавіў. Схапіць за руку, заплюшчыць вочы, і, пацягнуўшы яго, скочыць проста на кусты. Як будзе, так і будзе. Няхай страляюць, калі адважацца: яны так жудасна спыніліся насупраць, гэтыя двое, самі як бы разгубіліся, ня ведаюць, з чаго пачаць. А Франц зьзяе блакітнымі ўдзячнымі вачыма, лічачы, што яго і Паліну адпусьцяць.
– Дзякуй! – ад паўнаты пачуцьцяў вымавіў нямко.
– Ах ты, сука! – узвыў «Ота» і штыком пырнуў яго збоку. Коратка, але рэзка. Паліна пранізьліва закрычала і паляцела ўніз. Яна ўжо ня бачыла, як «Ота», не вышморгваючы штык, сьпіхнуў усьлед Франца. Тут жа ўсё вакол як выбухнула – ад блізкай страляніны. Ня чула крыку:
– Канчай іх аўтаматам!
Страчыў па ёй, па ім рыжы алтаец ці не, Паліна ня ведае. Аглушаная падзеньнем, уся падрапаная, амаль трацячы прытомнасьць ад болю ў плячы, Паліна расплюшчыла вочы і ўбачыла раптам (ці здалося гэта) над сабой шызую морду сабакі, што пільна глядзеў проста ў вочы ёй. Дзіўныя вушы ў гэтага сабакі: буданом, быццам склееныя, нібыта рог у яго на галаве. Тут жа зьнік, як прывід. Прымусіўшы сябе ўстаць, Паліна гарачліва шукала вачыма Франца: яна ў нейкі міг пасьпела ўбачыць, як раскрэсьліла неба распластанае чалавечае цела. Густы алешнік прымяты, прыціснуты да долу – там! Хапаючыся за кусты нямогла – вялымі рукамі, пагрэблася ў той бок, раптам пабачыла – што гэта?! – чырвонае павуціньне, што апляло галіну альхі. Ліпкія ніткі крыві цягнуліся, ярка палалі ў сонечных прамянях. А на лістах яна дзягцярна-цёмная. (Гэта не была толькі гульня сьвятла: на хінна-гаркавых альховых лістах кроў чамусьці робіцца чорнай – гэта ўжо маё назіраньне з вайны.)
Нарэшце ўбачыла цела Франца – камяком. Ногі, рукі, шыя – як у вузел зьвязаныя. У самой жывот падцягнула да схаладзелых пазванкоў, калі, выхапіўшы з штаноў Франца кашулю, убачыла сінюшную рваную рану і, як ёй здалося, белую палоску рабра. Рукі яе афарбаваліся ў кроў, яна глядзела ў твар, зьбялелы, мёртвы.
– Ды памажыце ж! – крыкнула невядома каму. Рэха бою чулася недзе высока над імі. Вочы расплюшчыліся, блакіт у іх цьмяны, нежывы, чалавек спытаў:
– Wohin soll ich springen? Mama, Wohin?[10]10
Куды сканаць? Мама, куды? (ням.)
[Закрыть] Сюды?..
10
Ня ўсе загінулі, ня ўсіх забілі, жывыя застаюцца нават на такой вайне, што дасталася нам. Штык-кінжал загруз, здаецца, проста ў жываце. Але ў апошні міг без усякай яго волі цела само выгнулася, бегучы ад вернай сьмерці. I штык, рыпнуўшы, прайшоў між рэбраў. Адна Паліна магла б расказаць жанчыне з чужымі строгімі вачыма, фатаграфію якой насіла ў мэдальёне, як Францу, ім з Францам пашанцавала ацалець. I там, каля моста, і пазьней, калі несла іх грозная перадфрантавая хваля, штурхаючы перад сабой, абрынаючыся зьверху, накрываючы іх разам з тысячамі такіх жа, як яны, уцекачоў ад пагібелі. А як уцячэш, калі яна навокал, усюдьі, нясе ўсіх, як трэскі ў паводку, – ты ў яе ўчэпістых абдымках, сам ня верачы, што яшчэ жывы?
Спачатку вярнуліся ў тую ж зямлянку, адкуль іх нядаўна пагналі забіваць. Паліне туды вяртацца было страшна, але некуды трэба было схавацца з параненым. Ня дзень, ня два патрэбны, каб ён акрыяў. Яна цягнула Франца, слухаючы рэдкую страляніну аддаленага бою, кожны іх крок пакутаю, болем люстраваўся на сшарэлым твары параненага. Паліна прыціскала да параненага боку Франца камяк альховае лістоты, што зьліплася ад крыві, разумела, што гэта бессэнсоўна, кроў гэтым не супыніш, але тым мацней уцісквала руку, як бы затрымліваючы ў абмяклым целе рэшту сіл, жыцьця.
Дні пакаціліся бязь ліку, зьліпаючыся з трывожнымі начамі, падсьвечанымі пажарамі, зь неспакойнымі, дрыготкімі ад далёкіх і блізкіх выбухаў сьвітанкамі – зьліваліся ў нешта суцэльнае, як сьпіцы ў коле, што імкліва коціцца. Ужо праз тыдзень давялося пакінуць сваё сховішча. На шчасьце, Паліне трапілася на вочы кімсьці кінутая двухколка (на такіх калгасьнікі вазілі сена з балота, на сабе, вядома, каня мець ім было забаронена). Уклаўшы параненага – то ногі, то галава яго занадта зьвешваліся, даводзілася бясконца спыняцца, папраўляць, – Паліна ўцякала ад неадступнай бяды. Часам здавалася, што ня нейкія там карнікі – немцы ці паліцаі іх перасьледуюць, а ўся Германія, тая самая «праклятая», як пра яе сьпяваюць, помсьліва кінулася ў пагоню. Не пасьпявала дацягнуцца да якой-небудзь вёскі ці хутара, дзе разьлічвала адпачыць, перахапіць што-небудзь, пад’есьці, як змушаная была разам з жыхарамі бегчы далей: зноў страляніна, ірвуцца міны, зьверху абстрэльвае самалёт. Франтавыя часьці, адступаючы з усходу, ярасьць сваю абрушвалі на ўсё жывое. Неўзабаве давялося кінуць і вазок, а Францу ўстаць на ногі, хаця паранены бок яго ўсё яшчэ сьцякаў гноем, крывёю. Іх загналі ў гнілыя балоты, якія ўжо там вазкі. Даводзілася ня тое што ісьці, а паўзьці на пузе. Былі моманты, калі ад страху з галавой праваліцца, ад нечаканкі, што ў Франца вырываліся нямецкія словы – ускрыкі, і тут ён раптам прыкмячаў побач твар дзіцяці ці жанчыны з расшыранымі ад жаху вачыма: як калі б поруч зь імі загыркаў, узьняў поўсьць воўк ці, болын дакладна, клацнуў зяпай кракадзіл. А калі выбраліся на «дальнія», як тут называюць, «астравы» («Камар-мох») і ўжо можна было стаяць і нават ляжаць, перадыхнуць, Франца раптам закалаціла ліхаманка, жар зваліў, як і многіх, – тыф! Мала ўсяго, дык яшчэ і гэта. Пачаў трызьніць, выкрыкваць скрозь нямецкія фразы. А побач людзі, што ўцякаюць ад немцаў. Паліне давялося выдумаць легенду. Гэта італьянец, ён уцёк з іхнай арміі, многія ўцякаюць пасьля таго, як Італія выйшла з вайны. Немцы іх заганяюць у лягеры. Але Паліне верылі нядоўга: нават дзеці добра ведаюць, чые гэта словы: «хальт» ды «ком». Жанчыны і суровыя падлеткі пачалі нядобра касіцца на Паліну і яе «італьянца», нічога не заставалася, як распавесьці ім праўду. Чуцьцё падказвала Паліне: трэба расказваць падрабязна, з усімі перажываньнямі, як яно насамрэч адбывалася. I Паліна пастаралася: пра тое, як Франц выратаваў іх з маці, як разам хавалі вёску, а мама памерла, як Франца ледзь не зарэзаў уласавец і яны цудам выратаваліся. А калі пра той вазок стала апавядаць, расплакалася. Колькі ж гэта дзён, начэй яна цягнула такі цяжэразны вазок, уцякаючы ад пагібелі і зноў трапляючы ў лапы сьмерці. Сьлёзы ўжо і на вачах у іншых жанчын: усё гэта і яны перажылі, ёсьць каго і што аплакваць кожнай. Але, вядома, і спрэчка ўзьнікла. Паліна правільна зрабіла, што замоўкла. Няхай, няхай жанчыны нагаворацца, колькі ім пажадаецца.
– А, усе яны добрыя! Адных ратаваў, а другіх, можа, караў, мучыў.
– Дзеўка ж казала: ён толькі што з Германіі, калі ён мог пасьпець?
– Ужо нагледзеліся мы на іх! На ўсякіх.
– Не, не, бывае, не кажэце! Вось адна жанчына на гарышчы схавалася, цыбуля там сушылася, дык яна пад яе зашылася. А ён: рып па лесьвіцы, рып-рып… Узьлез, падышоў, адкрыў твар ёй, паглядзелі адно на аднаго, назад паклаў вянок і пайшоў, не чапіў.
– А то расказвалі… Афіцэр адзін, таксама немец, ня вытрываў, як яны тых дзяцей, баб забіваюць, адышоў убок і сабе ў галаву…
– А гэты, калі ён праўда застрэліў свайго, хто ж яго цяпер памілуе, калі ня мы?
Калі пал і сьмяротная слабасьць адступіліся, і Франц стаў пазнаваць Паліну, убачыў людзей каля сябе, ён раптам павітаўся:
– Добры дзень!
– Нічога, можаш гаварыць, – супакоіла Паліна, – людзі ўсё ведаюць.
– А ён па-нашаму гавора! – абрадаваліся бабы.
А калі пераканаліся, што і гаворыць, і разумее добра, распачаліся сапраўдныя палітразмовы. Завадатар гэтых бясконцых размоваў – стары, якога ўсе называюць Бязвухі. Ён без вушэй насамрэч. Калі такімі не лічыць кароткія агрызкі, прыкрытыя рэдзенькім касмыльком валасоў. Бабы, тыя ўсе ведаюць, паведамілі Паліне: у грамадзянскую вайну так удружылі дзеду, адно вуха адрэзалі чырвоныя, другое – балахоўцы, белыя. Не дагадзіў ні тым, ні другім. Мабыць, ім таксама дакучаў, назаляў сваёй асобай, сялянскай праўдай, як зараз во Францу. Бабы ўжо гоняць яго, як авадня.
– Дай хоць чалавеку паляжаць. Да чаго прыставучыдзед.
Каб гэтыя людзі раптам зрабілі Паліне нават вялікае зло, яна не змагла б ім не дараваць – за тыя кружачкі малака, што прыносілі Францу. На ўвесь «цывільны лягер» было дзьве ці тры каровы, каб дабрацца да іх, трэба ажыцьцявіць небясьпечнае падарожжа па балотных купінах, і вось кроплямі малака, што прызначаліся адным толькі дзецям, дзяліліся зь немцам.
А Бязвухі ўсё намагаўся нешта сваё даказаць Францу. I выклікаць яго на спрэчку. «Дзеду-ўсяведу» (яшчэ і так клічуць Бязвухага глумлівыя падлеткі) трэба абавязкова атрымаць пацьвярджэньне, што гэта немцы прыдумалі калгасы. I зрабілі знарок, каб гэтыя дурні на ўсходзе развучыліся і працаваць, і ваяваць. Армія заўсёды трымалася на самастойным гаспадары, а з калгасьніка – што спытаць? Які работнік, такі і воін. А надумаў, зрабіў так усё ўнук «Карлы Маркса», ён пры Гітлеры галоўны дарадца. У Франца галава ішла кругам ад несакрушальнай упэўненасьці Быязвухага. Бабы ж папярэдзілі свайго дзеда:
– Ой, глядзі, адрэзалі табе вушы, і язык адрэжуць!
Хто адрэжа, не казалі, але, мяркуючы па ўсім, ведалі і яны, і сам стары. Таму што гаварун на нейкі час змаўкаў, сыходзіў да сваіх справаў. Але неўзабаве вяртаўся.
– А вось скажыце вы мне!.. – і зноў раскручваў Францавы мазгі, але ўжо ў зваротным накірунку: а ці праўда, што Гебэльс у Маскве вучыўся, там школа адмысловая ёсьць для такіх?..
Узгадваючы меркаваньні свайго бацькі пра Расею, пра ўсё, што ў ёй адбылося пасьля рэвалюцыі, Франц таксама ня супраць быў сёе-тое пераправерыць, а раптам зможа потым бацьку пераказаць. Ці праўда, што калгасы задумваліся як вяртаньне да камунаў, абшчын раньніх хрысьціян? Сумесная праца, агульны стол, роўнасьць, няхай і не пры вялікім дастатку. «Капіталіст – во! – Франц зграбаў да сваіх ног усё сьмецьце, шыгдкі. – А камуніст…» – раздаваў тыя ж шышкі: «Табе, табе і табе!» Рэакцыя была нечаканая. Не, здаецца, ніхто не аспрэчваў, але нават старыя бабы глядзелі на Франца як на блазна, хворага. «Дзед-усявед» уеё-ткі адкамэнтаваў:
– Бязвухі ня я, а вось хто! – і ўрачыста паказаў на Франца. – Можа, самі вы, немцы, яшчэ пасмакуеце, што гэта за мёд.
На ўсе пярэчаньні (Паліна таксама зь ім спрачалася) дзед сьцьвярджаў адно:
– Ну а чаму Гітлер калгасы не распускае? Адно шыльду зьмяніў. Тое і яно! Што гэты, што Напалеон – спужаліся мужыцкай волі.
Паліна чула, як збоч бабы так гэта абгаворвалі.
– Мо ён камуніст? Ня ўсіх жа Гітлер пасадзіў.
– Кажа так пра калгасы, думае, нам гэта спадабаецца.
– Бедны, кожнаму жыць ахвота.
Паліну мучыць неспакой: зьявяцца партызаны, і нехта абавязкова пахваліцца немцам. Ня ў кожнага ёсьць свой немец. Каб жа можна было ведаць, што яны зробяць. Ты ж ня ведаеш, якія трапяцца партызаны.
Што асабліва ўражвала Франца, дык гэта тактоўнасьць, зь якой гэтыя людзі абыходзілі размовы, што гучалі б, як абвінавачаньне яму – усё-ткі немец. Калгасы – гэта так, анэкдот. Чакаў, што загавораць пра выбітыя вёскі, пра тое, што ім вось тут трэба хавацца зь дзецьмі. Ані слова. Нават фюрэра амаль ня ўзгадваюць. Але аднойчы рабаціністы падлетак, боязка азірнуўшыся на жанчын, прашыпеў:
– Ну што, капут твайму Гітлеру? Кажы: капут! Адказалі за Франца:
– Трэба будзе – скажа. Чаго ты чэпісься?
– Ён што, пытаў, гэты Гітлер, у Франца, ваяваць ці не?
Не падымалі размову Бязвухага пра тое, сустракаліся ці не сустракаліся – Сталін з Гітлерам.
– Не чапай ты ліха, пакуль ціха.
Не ўдакладнялі: тычыцца гэта аднаго фюрэра ці і іх уласнага правадыра таксама. Паліна Францу растлумачыла пра сарочку: беларуская прымаўка з адваротным сэнсам – «нарадзіцца ў сарочцы», г. зн. «дабра б яму ня знаць». I зноў жа, каму?
Ці не таму не загаворваюць пра Гітлера, каб не зачапіць і Сталіна. Знаёма гэта Францу, у Германіі, асабліва да вайны, пажылыя людзі паводзілі сябе падобна.
Ну а ў Паліны іншы клопат, куды важнейшы за праблемы – чый правадыр лепшы. Яе непакоіць затрымка з жаночымі справамі. Няўжо тое, што паміж ёю і Францам адбылося, можа быць прычынай? Ды нічога ж і не было, акрамя болю і крыўды. Хіба такое магчыма? Хутчэй за ўсё перанапружаньне адбіваецца: асабліва тыя трое сутак, калі цягала вазок з паўжывым Францам. Ведаў бы ён, які быў цяжкі! А яшчэ ўсё ногі звальваліся, хоць сьмейся, хоць плач!
Узгадваючы вясковыя бабскія гаворкі пра самаадчуваньне цяжарнай, пераправярала – што і як зь ёю адбываецца. Вось ужо смыліць унутры – ці не яно самае? А яшчэ ўзьнікае неадольнае жаданьне, гэта вядома. Зьесьці што-небудзь, асабліва салёнае. Ці такое, што і ў горадзе не знайсьці. Маме, калі «хадзіла Палінай», зажадалася раптам беламорканальнай баланды з гнілымі селядцамі. Ці гэта выдумка бацькі, ён любіў зь яе пажартаваць. Пакуль Паліна гадала-разгадвала, наклікала на сваю галаву: захацелася, хоць забі, чаго-небудзь халоднага. Усё ўзгадвала марожанае, якім бацька пачаставаў калісьці ў чыгуначным буфэце: жоўтае, на сьлізкай мэталічнай чашы, а ад гэтага яшчэ халаднейшае.
Сказаць, не сказаць – Францу?
Тое, што было, здарылася ў іх зямлянцы, паступова, па дэталях узнаўлялася, але ўжо не як пярэдадзень усяго жахлівага, што адбылося ў той самы ранак і пра што не хацелася ўспамінаць, а па-іншаму: гэта ж была іх першая блізкасьць. У Паліны – першая, яна пра сябе ведае. А пр а іх – хіба можаш ведаць? Вунь як тады палез у хаце! I атрымаў! Раптам рэўнасьць – сьмешна. Ляжыць, як немаўля, слабенькі, бездапаможны, захацелася б, дык не параўнуеш.
Ад таго, што грудзі дзіўна зацьвярдзелі і баляць, адчуваеш і ўвесь час успамінаеш яг о рукі. Як тады! Але ўжо не адштурхнула б, наадварот, прыціснула б іх, каб было балюча, соладка…
Франц ужо сядзець мог, прытуліўшыся да дрэва, сядзеў так гадзінамі, праводзячы і сустракаючы ўсіх слабой усьмешкай ачунялага. Тыф зваліў многіх, некаторых пахавалі, ён жа – як з таго сьвету вярнуўся, аціхлы, задуменны. Валасы ў беднага пасыпаліся, няма ратунку. Добра, лес таксама хутка лысым стане, не гаруй і ты! Лес ужо зжоўк, дажджы пайшлі, лясныя людзі зь неабходнасьці асьмялелі і пачалі паліць вогнішчы, абсушыцца не абсушысься, таму што лье без канца, але хоць сагрэецца мокрая апратка, кіслая пара зь яе ідзе.
Паліна ўсё не казала яму пра галоўнае. Цяпер у яе занятак: гледзячы на Франца, параўноўваць, уяўляць, якія вочы, твар, валасы ў яе дзіцяці. Забывалася ва ўсьмешцы, але раптам яе твар (с а м а б а ч ы л а) рабіўся халодным, чужым, як бы пярэчыла каму: а в а м яка я справа? Ну, а д немца, н я ва м яго гадаваць!
Мамачка стала мамай, а тата бацькам для Паліны, будучы такімі старэнькімі. У яе дзіцяці мама будзе зусім маладая. Разам на вечарынкі бегаць будзем! – упарта вяртала ўсьмешку на твар.
А потым усё пачыналася зноўку: абстрэлы, бамбёжкі. Выкрыкнула сваю таямніцу Францу, калі прабіралася па халоднай гразі па калена, раптам спужалася (сосенка ад выбуху, узьляцеўшы, іх абодвух накрыла, балюча хлабыснула па галовах, сьпінах), што заб’юць каго-небудзь або абодвух, а ён так і не даведаецца.
Але Франц, падобна, не расчуў ці не зразумеў, пра якое яна дзіця. Іх столькі навокал, дзяцей; нягледзячы на слабасьць, і Франц стараецца памагаць жанчынам, у каго па трое, а то і болып.
У гарачцы ўжо амаль не прыкмячаў Франц (а спачатку пужаўся), калі побач зьяўляліся людзі са зброяй, партызаны. Яны то рухаліся разам з жыхарамі, то некуды ішлі, зьнікалі. Франц пераконваўся: такія ж, як і астатнія, вясковыя людзі.
Праўда, калі і Францу, пры яго маскарадзе, апратцы, даць зброю, сыдзе і ён за свайго тут.
А аднойчы здарылася такое, што ўсяго перавярнула, як бы ня помніў ужо, хто ён, дзе ён. Такое давялося пабачыць (Паліне), у такім удзельнічаць (Францу) – пра гэта ніколі потым не гаварылі адно з адным і ўспамінаць не хацелася. Не, не самае жорсткае і жахлівае з бачанага, перажытага, бо мера даўно страчана на гэтай вайне, у гэтым жыцьці.
Гэтыя пяцёра зьявіліся пасьля яўна няўдалай апэрацыі, бою. Ніяк супакоіцца не маглі, па выгуках і нэрвовай перапалцы можна было дапетрыць, што толькі яны і вырваліся адтуль жывыя. Двое зь іх параненыя, у руку, у галаву, здавалася, ледзь трываюць на нагах. Спачатку насядалі на чалавека ў пацёртым скураным паліто, з сухім непрыгожым тварам. Ён не аддаў нейкую каманду і сам апынуўся ня там, дзе павінен быў знаходзіцца. Францу цікава было і крыху вусьцішна назіраць за імі: гэта і ёсьць тыя самыя партызаны, якіх так ненавідзяць і так баяцца немцы. А ў скуранцы, мабыць, камандзір, магчыма, камісар. Але ён не габрэй, хаця сярод немцаў лічыцца, што яны запраўляюць усім. Ёсьць і габрэй: гэты, аднак, амаль ня ўдзельнічае ў звадцы, зусім як староньні. Усьсеўся на рэчмяшок і глядзіць проста перад сабой, як быццам цягніка чакае, што вось-вось вынырне з-за дрэваў. А профіль-профіль, ну, проста-ткі карыкатура на «юдэ-камісара» ў салдацкіх газэтах! Нешта прыцягвае ўвагу Франца менавіта да гэтага чалавека. Зрэшты, зразумела: столькі напісана, нагаворана пра габрэйскае племя, якое ўмудраецца ва ўсё ўлезьці і ўсё павярнуць на карысьць сабе і на шкоду іншым, што сустрэча з габрэем, з ж ы в ы м – у Германіі іх ужо няма, – нечакана ўсхвалявала. Не, Франц ня лічыць сябе нацыстамантысэмітам, у іх дома гэтага саромеліся. Але Франц апошнія гады дадому да бацькоў толькі наведваўся час ад часу, а жыў і працаваў у маладзёжных лягерах. Дзе трэба было адпавядаць вобразу маладога і крыважэрнага тыгра-салдата фюрэра. Франц вучыўся адпавядаць. Чакаў, як і іншыя, дзень, калі, як пасьвячэньне, будзе і ў яго пад пахай наколка эсэсаўца. Наколькі, аднак, далёка зайшло, ён і сам ня ведаў: не было блізка і навокал габрэяў, каб праверыць свае пачуцьці. Але помніць, што халадзеў ад жаху і як яго ванітавала, усё ж намагаўся выглядаць ня горш за іншых, калі франтавік з «жалезным крыжам» апавядаў, як весела ваюе СС на Ўсходзе. Недзе ў паўднёвым горадзе: руская жонка прынесла перадачу арыштаванаму габрэю. Ёй вынесьлі, вярнулі посуд. На талерцы, пад ручніком – яго галава!..
I вось габрэй сядзіць перад ім, але сытуацыя зусім супрацьлеглая: ня «юдэ» ў руках у «арыйца», а «арыец» – у поўнай яго ўладзе. Досыць габрэю, даведаўшыся, што гэта немец глядзіць на яго, ткнуць у яго бок пальцам, і зь немцам зробяць тое ж, што заслугоўваюць, паводле перакананьня салдат фюрэра, габрэі.
А тым часам нешта зьмянілася ў сцэне, што разыгралася ў лесе. Дагэтуль закручвалася вакол камандзіра ў скуранцы, якога вінавацілі ў нядаўняй бядзе, пагрозьліва лаялі за неразумныя распараджэньні і, падобна, за трусасьць. Скураны падышоў да седака на рэчмяшку, паглядзеў бессэнсоўна, як бы нешта кемячы, і раптам спытаў гучна:
– Чакай, а дзе дыскі да кулямёта?
– Што дыскі, калі кулямётчыка страцілі, кулямёт, – здалёк азваўся паранены ў галаву.
– Усё роўна. Дыскі я даручыў вось яму, Фуксону.
– Якія дыскі, якія дыскі? – азіраючыся, як бы шукаючы падтрымкі, закрычаў чалавек, што сядзеў на мяшку.
– Што значыць «якія»? – не адставаў скураны. – Табе было даручана насіць запасныя. Што, згубіў, кінуў?
– Нехта нешта ня так зрабіў, пабег першы, а вінаваты Фуксон! – непрыемна высокім голасам выкрыкваў, адбіваўся гаспадар мяшка.
– Ты за другіх не хавайся, – умяшаўся паранены ў руку, крывячыся, мабыць, ад ныючага болю, – кожны за сябе адказвай.
– Што ў цябе там, чым мяшок набіты? – усё болын рашуча наступаў скураны. Здаецца рады, што пра яго віну забыліся. – Вось гэта ён ня кінуў? Ану, разьвяжы!
I яшчэ нечы голас прагучаў, далучаючыся да камандзірскага:
– За згубленую зброю, ведаеш, што ў нас бывае?
Скураны схапіў мяшок за шлейкі і вырваў з-пад седака, той сьмешна па-бабску заваліўся на бок. Зь мяшка вываліліся скруткі скуры, што зіхацела на сьвятле, новыя чаравікі.
– Хром, глядзіце, колькі з той машыны загатовак нагроб! – узрадаваўся скураны. – Нябось, скуру ня кінуў.
– Што хром, што нагроб! Калі другія пакідалі, значыць, і я павінен…
– Пра дыскі гаворка, куды іх падзеў?
– А што яны без кулямёта? Самі ж потым папрасілі б: Фуксон, боты трэба пашыць, Фуксон, абцас знасіўся!
– А ты і кінуўся рабіць! Ведаем мы цябе! – гэта той, з ныючай рукой.
– Што тут зь ім базар разводзіць? Ану! – скураны забраў з рук Фуксона вінтоўку, і той аддаў. – Адыдзем туды.
Накіраваліся ў бок невялікай паляны, але скураны раптам азірнуўся на Франца:
– I ты! Пайшлі з намі. «Што, чаму?» – Франц разгубіўся. Аніяк не чакаў.
У яго бок ніхто нават не глядзеў, а тут раптам… Паліна загаласіла:
– Навошта ён вам? Ён хворы, ён немы, ён…
– Ён, ён, ён! – акрысіўся скураны. – Ну што заенчыла? Нічога ня зробіцца з тваім нямым.
– А нашто ён вам, а Божа ж, а што гэта робіцца? – на ўсякі выпадак выкрыквала Паліна, але і разумела: нельга перабаршчыць. Раптам тут ёсьць нехта, хто ведае ўсё пра Франца, успомніць, скажа – вось тады і сапраўды паенчыш. Пабегла ўсьлед, не выпускаючы ні на міг з выгляду, гатовая зноў узьняць бабскі лямант.
Выйшлі зь лесу на паляну, і тут Франц блізка разгледзеў чалавека ў скуранцы, яго вузкі і непрыгожы твар, воўчыя зморшчакі на пераносьсі, нешта знаёмае падалося яму ў бессэнсоўна злым паглядзе, у рэзка апушчаных кутках белагубага роту. Менавіта такім лёгка падпарадкоўваюцца: злосьць, што ідзе ад іх, заўсёдная, як атмасфэрны слуп. Яна і цябе пачынае спавіваць, спачатку няпрыязьзю да яго ж. Але затым ты сам зараджаесься яго незразумелай, незразумела да каго злосьцю – ад неспакою, трывогі, страху.
Куды ён і навошта вядзе ўсіх, і ўсе ідуць? Як быццам ведаюць – нават Фуксон – разумны сэнс і мэту гэтага паходу. Карычневая, пачварна даўгая скуранка зь белымі праплешынамі і трэшчынамі на камандзіры вісіць, як на вешаку, у руцэ ў яго пісталет, а ў другой – вінтоўка арыштаванага. Навошта паклікаў Франца, што ад яго хочуць? Вочы скуранога, здавалася, бессэнсоўна шныраць навокал, але не, пабачыў некалькі бярозак наводшыбе і тут жа скіраваў да іх. Паказаў Францу на белае стройнае дрэва:
– Ты самы высокі, бярыся, гні. Чаго не разумееш? Вось так – гні! Вышэй, вышэй забірай.
Франц паспрабаваў – дрэва толькі пашумела ўжо зжоўклай і парадзелай кронай, не паддаецца. Сапраўды, давялося прыўстаць на дыбачкі і схапіць прыгажуню вышэй, як за горла, зьвіснуўшы, пацягнуў уніз. Перабіраючы рукамі бліжэй да вершаліны, змусіў упартую, што плаўна слабела, прыгнуцца, наваліўся зьверху на яе, локцямі, усім целам, нехта поруч павіс, схілілі, як трэба. Хаця як трэба і што трэба, вядома тут, здаецца, адзінаму чалавеку. Ад яго патаемнай незразумелай думкі ідзе пагроза.
– А ты, – камандуе скураны таму, у каго перавязаная галава, – здымі з гэтага рэмень.
– Сам здыме, калі трэба. Добра, Фуксон, давай твой рэмень.
– ПІто? Навошта? Што вам ад мяне трэба?
– Давай, калі загадваюць.
I той пасьпешліва распаясаўся, цёмны плашч з разьдзьмутымі кішэнямі павіс на ім пачварна, як халат. А скураны распараджаецца далей:
– Прывязвай за нагу. Ну што незразумелага? Нагу. Да бярозы. Рэменем. Зразумеў, нямая ступа?
I сам штурхнуў Фуксона да Франца.
Франц і другі, што памагаў стрымліваць спружыністую бярозу, недарэчна намагаюцца злавіць нагу Фуксона, той адступае, сьмешна адскочыў, вырваўшы калашыну нямецкіх штаноў з Францавых пазногцяў.
– Вы што? Што вы надумалі? За гэта адкажаце!
– Э, адкажаце, адкажаце! – раптам раззлаваўся лянівага выгляду дзяцюк-мацак, што датуль ні ў чым ня ўдзельнічаў. Як бы кусілі яго.
Схапіў галаву беднага Фуксона моцнымі рукамі «ў замок» і падцягнуў яго да дрэва: прывязвайце! Франц схапіў нагу раменнай пятлёй, хутка працягнуўшы канец праз мэталічную спражку, быццам ня раз такое рабіў. Скураны адабральна памахаў пісталетам. На пару з тым, што памагае трымаць бярозу, пасьпешліва сталі канец рэменя прывязваць да ствала. Фуксон ужо ляжыц ь на зямлі, нага задзёртая пад неба.
– Вы што, вы што? – усё паўтарае няшчасны, торгаючы рэмень, як бы спрабуючы, ці дастаткова моцна, добра нага прывязана.
– А вось зараз пабачыш!
– Будзе табе хром!
У выкрыках ня злосьць, а як бы гульня, усіх заварожвае сама дзея, тое, што адбываецца зь і м і.
– Нахіляй другую, – камандуе скураны і, адкінуўшы вінтоўку, сам кідаецца да такой жа бярозы, што стаіць мэтраў за сем. – Сюды, да яго гні!
Фуксон у адчаі закрычаў на ўвесь лес:
– Людзі, памажыце! Гэта фашысты! Вы што, фашысты? Вы фашысты, ці хто?
Ухітрыўся скочыць зь зямлі, на назе, яшчэне прывязанай, спрабуе адскочыць, уцячы, зноў упаў, на руках намагаецца адпаўзьці, а яго цягнуць, валакуць, прыціскаюць, вяжуць:
– Ах, мы фашысты?.. Значыць, вось мы хто?.. Зараз ты пабачыш, хто фашыст!.. Сука! Фэрфлюхтар! Сьвіньня! Фуфло! Юда! Шайзэ!..
Чые былі словы, чые галасы ў тым пачварным клубку ярасных цел, хто маўчаў нема, а хто не – ніхто ня мог бы разабраць. На другім канцы паляны таксама крычалі жанчыны, іх спалоханыя галасы ўсё нарасталі.
– Мацней, мацней навязвай! – камандуе скураны.
Ногі нябогі ўжо глядзяць у неба, плячыма, галавой ён коўзаецца па жухлай траве, перамяшчаючыся зь месца на месца на локцях, як нейкая членістаногая казюрка.
– Адпускай! Паехалі!
Пачуўся лямант жаху – дрэвы, уздрыгануўшыся, падскочылі, спрабуючы выпрастацца, стаць, як раней, але не змаглі. Іх трымалі расьпята голыя, страшныя ў гэтым становішчы чалавечыя ногі. А рукі зьвіслага галавой уніз амаль дастаюць да долу, шкрабуць траву, апалае лісьце. I нейкае вухканьне: «У-о-х! У-о-х!» – чуецца з-пад зьвіслага ўніз плашча, што закрыў галаву, твар падвешанага.
ТТТто было б далей, сказаць немагчыма: крык з усіх бакоў рос, людзей на паляне ўсё болып. Скураны, як бы ўспомніўшы пра свой пісталет, пасьпешліва стрэліў – ва ўпор у аголены худы жывот павіслага. Рукі расьпятага напружана паварушыліся і павісьлі мякка.