355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Дом » Текст книги (страница 3)
Дом
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 19:00

Текст книги "Дом"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 7 страниц)

Кроў

Апошнiм часам большасць з напiсанага была прысвечана маiм самым блiзкiм людзям: мацi i бацьку, брату i дачцэ, дзеду з бабай. Здавалася, у гэты шэраг вельмi лёгка ўпiшацца i партрэт жонкi. Дык не. Чамусьцi нататкi пра Алену патрабавалi зусiм iншага падыходу. Адказ знайшоўся ў назве апошняга бацькавага рамана – «Голас крывi брата майго». Пiшучы i думаючы пра жонку, я не чуў голасу крывi. Яна някрэўная. У нас з ёю розная кроў. Яна самы блiзкi мне чалавек, але з удакладненнем – сярод някрэўных. Гэтая бiялагiчная, антрапалагiчная, расiсцкая акалiчнасць апынулася непераадольнай мяжою. Прынамсi, для мяне. Так, можна праспаць дваццаць гадоў на адной прасцiне, падзялiць напалам усе грошы, радасцi i гароты, але кроў застанецца чужой, iншай i не сваёй. Усвядомiўшы гэта, я пакiдаю спробы ўвесцi жонку ў шэраг маiх найблiжэйшых i родных, а пачынаю рабiць асобны партрэт, асобны раман пра яе i толькi пра яе.

Адлегласцi

З аднаго боку, мне крыху нестае крэўнасцi, з iншага – аддаленасцi. Алена заўсёды поруч, побач, блiзка... Я не бачу яе цалкам, толькi фрагментарна. Не магу сказаць, цi прыгожая яна, цi шчаслiвая, цi наадварот – няшчасная. Як у Сакрата: «Нельга сказаць, цi шчаслiвы чалавек, пакуль ён не памёр». Божа мой, я не жадаю ёй смерцi. Толькi спрабую крышку аддалiцца. Немагчыма. Нават калi я запальваю святло пасярод бяссоннай ночы, каб чытаць, Алена не сыходзiць у другi пакой, яна перакiдвае падушку на цёмны бок ложка i моцна-моцна абдымае мяне за нагу, каб так спаць.

Упрыгожванне

Заходжу дамоў. «У мяне кроў з носу iдзе, – кажа жонка, – iдзе, i iдзе, i нiяк не спыняецца...» На белай падлозе чырванеюць крывавыя манеткi. «Ты ляж i паляжы». – «Я ляжала, колькi можна?» Сядаем палуднаваць. Левая ноздра ўся чорная ад засохлай крывi. Маўчу. Жонка нешта гаворыць пра сваiх мадэлек. Раблю выгляд, што ем, а сам думаю пра яе кроў на падлозе: яна нiбыта пачула мае думкi пра родную i чужую кроў i ўпрыгожыла сваёй крывёю ўсю кватэру.

Сюжэт

Ёсць сюжэт, вынайдзены Гамерам i выкарыстаны Джойсам: чалавек выйшаў з дому, паблукаў i вярнуўся дамоў. Дзякуючы жонцы я вынаходжу iншы сюжэт: чалавек закахаўся, ажанiўся i пражыў-праспаў на адной прасцiне 21 год.

СЯБРОЎКА

«Ты выдумаў яе талент, ты прыдумляеш яе мастакоўскасць, яе зорнасць... Ты ўсяляк падтрымлiваеш яе вядомасць i папулярнасць. Пiшаш за яе iнтэрв’ю, перапiсваеш яе вершы, будуеш ёй студыю. Дазваляеш неверагодныя i экстравагантныя вольнасцi кшталту дэманстратыўнага лесбiянства i здымак у кiно са зграямi голых геяў. Разам з гэтым ты паўтараеш казку пра вашую iдэальную сям’ю. Насамрэч, таленту ў тваёй жонкi няма...» – мармыча мая сяброўка, п’ючы куплены мною апельсiнавы сок. «Калi я прыдумаў талент, значыць, гэта мая таленавiтая прыдумка...» Такога я чую шмат.

Прага

Калi б Алена сказала мне: вазьмi i выпi маю кроў, калi толькi пажадаеш – бяры i пi, я б адмовiўся. Не таму, што я нiколi не хацеў жаночае крывi, не таму, што я нiколi не кахаў... Яе кроў – чужая, халодная, неспакуслiвая. Кроў бясстрасная, кроў жонкi, а не жаданае каханкi. Яе кроў не спатолiць маёй прагi, не натолiць жорсткага голаду.

Яе мама

Не было дня, каб жонка не наракала на цешчу. Яны супрацьлегласцi ва ўсiм. І ў любовi таксама. Цешча любiла сына Валодзю... Лепш казаць iнакш. Яна любiць, дагэтуль любiць сына Валодзю. Калi загаворвае пра прыгажосць – людзi, падобныя да яго, прыгожыя. Яна любiць унука Мiколу, яна выгадавала яго. Яна любiць мужа Ваню. Яна любiць унучку Ядзю, i яе яна гадавала. Яна любiць праўнука Валодзю, яна любiць мяне, бо – Валодзя, бо акуратна стаўлю абутак i акуратна вешаю палiто на плечыкi. Тое, што застаецца ад гэтых любовяў, дастаецца дачцэ, а ёй мала, а ў цешчы больш няма, бо тое, што застаецца, трэба яшчэ даць старэйшай цешчынай сястры Нiне.

Жанчыны

«Я люблю прыгожых жанчын!» – ганарыста паўтарае жонка. Сапраўды, яна любiць жанчын. Але якiх? І якiя жанчыны любяць яе? Розныя. Гэтая любоў даходзiць да таго, што паўсюль поўзаюць чуткi, i добразычлiвыя шэпты лезуць мне ў вушы: «Кажуць, твая жонка лесбiянка...» Насамрэч Алена любiць жанчын з ярка акрэсленымi заганамi. Вось яе даўняя сяброўка Л. – само ўвасабленне ляноты. Яна спiць з поўначы да поўдня. Яна вялая, як лялька, ненапоўнiцу набiтая пiлавiннем. Яна пазяхае так, што праз колькi хвiлiнаў пачынаюць пазяхаць усе, хто побач. А ёсць iншая Л.: жорсткая i лютая, такая лютая, што звяла са свету свайго мужа. С. з-за сквапнасцi проста развялася, сказаўшы, што, калi здохне яе былы муж, яна эксгумуе цела, разрэжа жывот i падастае адтуль дыяменты, бо ён хавае грошы i каштоўнасцi ў жываце, каб не пакралi. Н. хавае ў сваiх вантробах iншыя прадукты, замест крывi ў яе жылах цячэ гераiн з алкаголем. Ненажэрнасць Н. здзiўляе. Як i зайздрасць З.: «Вой, як я вам зайздрошчу!!!» – рэфрэн яе размоваў i песняў. Б. – цiхая распуснiца, яе блуд мяшчанскi i прымiтыўны, але татальны: з кiм заўгодна, як заўгодна i дзе заўгодна. П. – пыхлiвая i ганарыстая, настолькi пыхлiвая, што не выйшла замуж i п’е вечарамi гарэлку адна. Гэтыя сем жончыных сябровак найлюбiмейшыя, чамусьцi найлюбiмейшых у яе заўсёды сем, i яна iх сапраўды страшэнна любiць, толькi ўсе яны непрыгожыя. Зрэшты, калi любiш, прыгажосць не мае значэння, нават для фатографа.

Вiльня

Не магу сказаць, што не люблю Вiльнi. Люблю, пiшу вершы i эсэ пра Вiльню, малюю Вiльню... Але я не люблю Вiльнi так, як яе любiць Алена. У мяне ёсць здагадка, што са сваiм першым мужам Алена развялася з-за Вiльнi. Ён абяцаў ёй пабудаваць пад Вiльняю дом. Абяцаў i не пабудаваў. Я не абяцаў, а пабудаваў... Не дом, а кватэру з вiдам на сiнагогу i касцёл святога Казiмiра. Ёй жа так хацелася мець сваё месца ў месце Вiльня. Ёсць, у Вiльнi, сваё... Гэта каб перамагчы дзве рэчы: жабрацкае iснаванне бацькоў у Вiльнi i свае рамантычна-ружовыя ўспамiны пра вiленскае дзяцiнства. Перамагла, дамаглася, зрабiла i павесiла на сцяне вялiкую карцiну Чыпонiса, на якой яна, аголеная, ляжыць на канапе. Самасцвярджэнне – рыса характару. І ўсё ж на яе нельга сказаць – «вiлянчанка», бо Алена не належыць якойсьцi адной культуры i аднаму месцу, яна належыць адно сонечнаму святлу.

Чужанiцы

Дома – свае, родныя, крэўныя... За сценамi дома – чужанiцы. Яны лезуць у дом i разбураюць яго. Калi тут iдзецца пра жонку, дык разбуральнiкi спакушаюць яе досыць прымiтыўна. Дакладней, яна спакушаецца на адно i тое ж: на ўхваленне яе мастакоўскага таленту. Я даўно не хвалю яе фота. Колькi можна?! Не працую з ёй. Чужанiцы гэтым карыстаюцца... «Ты генiяльная, ты вартая лепшага жыцця...» Яны прапануюць: выставы ў Лондане, фотастудыю ў Маскве, працу ў Дзюсельдорфе... Яны хлусяць, жонка верыць. Па праўдзе, жонка не верыць, а верыць фатограф, якi жыве ў жонцы. Калi ашуканства i ашуканцы выкрываюцца, калi наводзiцца цвярозая рэзкасць ва ўзаемаадносiнах, я ведаю, што гэта часова, а жонка клянецца, што назаўсёды. Не бывае назаўсёды. Мой клопат – баранiць дом ад чужынцаў. Я iх пазнаю па алейных вочках i кажу: «Цябе зноў падманваюць». А яна... Ну хто ж не хоча, каб яго хвалiлi i спакушалi?!

Нельга сфатаграфаваць

Развагi пра тое, што нельга сфатаграфаваць, пераследуюць Алену. І тое, i гэтае нельга... Збольшага яе развагi зводзяцца да раскручвання фотастужкi ў кiнастужку... «Чарада падзеяў. Доўгае падарожжа на машыне. Скрозь ноч, праз палi, праз лес, зноў праз палi... Дом цёмны, бязлюдны... Сходамi на самы верх... Вялiзны пакой перапоўнены музыкаю... Какафонiя... Чатыры мужчыны i жанчына... Цiшыня... Sex... Маўчанне...» Чаму гэтага нельга сфатаграфаваць? Гэта напэўна з несфатаграфаванага. Цi сфатаграфаванага на ўяўную фотастужку. Мае аргументы iгнаруюцца. Мае развагi пра нелiнейнае святло лiтаратуры не чуюцца. Алена чапляецца за метафары, за паэтычную бессэнсоўнасць, за iнтуiцыю... Я не спрачаюся. Мяне мала цiкавяць аб’екты, якiя не сфатаграфавалiся, я не сумую па iх, я не прысвячаю паэмы хвалi, якая ўпала, рассыпалася i стала мiнулым, мяне хвалюе тая хваля, што падае, ляцiць, гудзе... Мяне захапляе тое, што фатаграфуецца, пiшацца, творыцца i ствараецца. Саўдзельнасць у боскiм стваральным руху – маё прызначэнне... Жонка – iншая, яна сама сабе купляе зрэзаныя кветкi i, гледзячы на iх, пiша вершы пра тое, што нельга сфатаграфаваць.

Партрэт

Калi я закахаўся ў Алену, дык несупынна яе маляваў. Цяпер у мяне процьма тых малюнкаў... Але ёсць адзiн партрэт, зроблены алейнымi фарбамi на палатне, якi ўвабраў у сябе ўсе мае графiчныя пошукi. Алена яго любiць i заўсёды вешае на сцяну. Гэтая далёка не найлепшая з маiх карцiнаў часам моцна раздражняе вочы. Аднойчы, у прыпадку вар’яцкай лютасцi, я хапаю нож i рэжу палатно, нявечу сваё, каб не калечыць ейнае. Алена хавае дзiравую карцiну за шафу. Праз тры гады яна вязе парэзаны нажом партрэт да рэстаўратараў. Тыя здзiўляюцца: «Нiколi не здаралася, каб нехта хацеў аднавiць сучасную карцiну». Цiкава, якiм будзе жончын партрэт пасля аднаўлення.

Частка трэцяя. Брат

Вочы

Калi Мiрык нарадзiўся, вочы ў яго былi цёмна-цёмна-сiнiя, як берлiнскi лазурак, а потым паступова зрабiлiся «чорнымi» – цёмна-карымi. Гэта, пэўна, самае чароўнае пераўтварэнне, якое я ў iм назiраў.

Сон

Калi мы з мацi прыехалi да Мiрыка ў вайсковую вучэбку, што мясцiлася ў Чарнаўцах, i забралi яго на суткi, дык мяне вельмi здзiвiлi змены, якiя адбылiся з братам. Юнак-студэнт пераўвасобiўся ў iстоту, якую ў народзе абразлiва называюць «гарматнае мяса». Худы да нейкай спружынiстай драўлянасцi, Мiрык глядзеў на свет вачыма, якiя ў адначассе кантралявалi вонкавыя з’явы i ўглядалiся ў глыбiнi ўласнай прыгнечанай душы. «Я магу спаць стоячы, – салдацкiм голасам распавядаў брат, – магу спаць iдучы. Ісцi i спаць. Магу бегчы i спаць. А галоўнае, я магу бегчы i спаць з расплюшчанымi вачыма...» Мама вельмi ўразiлася гэтымi здольнасцямi. А я ўзрадаваўся, бо з такога воiна не зробiць гарматнае мяса нiводзiн генералiсiмус.

Удар

У кожнага мужчыны ўзнiкае жаданне разбiць твар iншаму, падобнаму да сябе. І раней цi пазней абставiны складаюцца на тое, каб злосць увасобiлася ў бойку. Чалавек – iстота ваенная. Нiчога не паробiш. З астатнiмi нiчога не зробiш, а сябе ўсё ж у пэўны момант можна пераарыентаваць. Удар, якi Мiрык абрынуў на тоўстае дзвярное шкло, каштаваў яму шмат. Шкло разляцелася на аскепкi, але i кулак ператварыўся ў крывавую кашу. Генiяльны, без перабольшання, хiрург Пал Палыч Беспальчук нейкiм магiчным чынам разабраўся ў крывавай кашы i сшыў, склаў, аднавiў братаву руку наноў. Тыднi тры Мiрык праляжаў у бальнiцы ў Беспальчука, скiнуў кiлаграмаў дваццаць i выйшаў падобны да падлетка. Яго сустрэла Таня, другая жонка, з-за якой i разляцелася тоўстае шкло. Мусiла разляцецца на кавалачкi галава Танiнага першага мужа, якi цяжка перажываў страту жонкi i часткi рэчаў. Каб хоць неяк выглядаць па-мужчынску, ён не аддаваў Танi яе вопратку, а тут прыйшоў Мiрык. Ударыў ён адбiтак Танiнага мужа, ударыў адлюстраванне, а не арыгiнал, разбiў цень, каб iстота, што цень наводзiла, спалохалася i ўцякла. Істота збегла. Скалечаная рука гаiлася доўга. Больш за год брат не адчуваў пальцамi нi холад, нi цяпло. Бывала, курачы цыгарэту, заўважаў, як на пальцы ўздзiмаецца пухiр апёку, але болю не чуў. Жахлiвы пах спаленай чалавечай скуры напаўняў пакой, але Мiрык нi разу не пашкадаваў пра тое, што зрабiў.

Бензiн

Як лёгка гарыць бензiн, без усялякага напружання! Гэта чыста мужчынскi занятак – палiць бензiн. Як пiць спiрт. Пра бензiн мы з Мiрыкам загаварылi, калi нам не вярнулi грошы. Быў такi час, калi грошы да нас прыходзiлi лёгка, а таму шмат каму здавалася, што iх можна пазычыць i не вярнуць. Так проста: узяў, сказаўшы, што вернеш, i нiбыта забыўся. Толькi грошы, насамрэч, прыходзiлi да нас цяжка, i за кожны рубель-даляр мы адпрацоўвалi напоўнiцу. А тут паверылi, як верылi нам, далi, а праз месяц зразумелi, што нiхто нам пазыкi вяртаць не збiраецца. Вялiкадушнасць, усёдараванне, любоў да чалавека – выдатныя рэчы, але яны не тычацца злодзеяў i шэльмаў. Папярэджаннi шэльма ўспрымаў спакойна. Абяцаў, хлусiў, час цягнуў... Вось i ўзнiкла думка: а цi не даць яму панюхаць бензiну. Ёсць жа асобы, якiм падабаецца вастрыня бензiнавай пары. Шэльма жыў на другiм паверсе, над аптэкаю. Ягоныя кватэрныя дзверы мы падперлi драўляным брусам, каб не выскачыў. Бутэльку з бензiнам кiдаў я. Каб кiдаў Мiрык, напэўна, пацэлiў бы ў шыбу, а я расхваляваўся i ўпiндзюрыў у раму. Такая злосць мяне ахапiла, хоць Мiрык i крычаў, што трэба ўцякаць, а я ўсё ж выдраў кавалак асфальта, вялiкi, памерам з два кулакi, i зафундырыў у шыбу. Ну, мусiў шэльма нюхнуць бензiну! Мусiў i нюхнуў. У дварах нас чакала машына, так што праз тры хвiлiны мы зноў былi на днi нараджэння ў сябра. Алiбi нiкому не шкодзiць, калi намерваешся даць панюхаць бензiну. Пах падзейнiчаў. Грошы вярнулiся. Не ўсе, але збольшага. І рэч тут не ў грошах. Галоўнае, мець брата, з якiм можна любой шэльме даць панюхаць бензiну.

Краiна кратаў

У рок-гурта «Улiс» ёсць песня:

 
Рака, што цячэ ля карчмы,
Каля рэчкi – мур.
Трынаццаць лiтар на iм.
У лiтарах смур...
 

А потым рэфрэн: «Краiна ў кратах!!!» Выконваў тую кампазiцыю Андрэй Патрэй. Генiяльна выконваў. Калi адхiлiцца ў бок белрок-н-ролу, дык акрамя Андрэя генiяльных вакалiстаў у iм не было. Можа, праз гэта Патрэй i звар’яцеў, праз сваю генiяльнасць. Выбраны ён быў, непараўнальны, ненармальны. Шкада, вядома, што Патрэй захварэў невылечна, але ж песня засталася. Песня пра Краiну ў кратах. А надпiс той зрабiў мой брат. Даўно, у 1984 годзе. Нi пра якую незалежнасць нiхто i думаць не думаў. Перабудова ў СССР яшчэ i не пачыналася. Панавала суцэльная задуха таталiтарызму. Свабода жыла на дысiдэнцкiх варэльнях i ў майстэрнях мастакоў. Васемнаццацiгадовы Мiрык са сваiм аднакласнiкам Сашкам пайшлi да Свiслачы, дзе ў яе ўпадае Нямiга, слаўна апетая ў «Слове аб палку Ігаравым», i стварылi першае менскае графiцi, цi, як цяпер кажуць, «пiс», адно што без аўтарскага подпiсу. За пiс з подпiсам можна было атрымаць гадоў пяць турмы. Калi цяпер хлопцы атрымлiваюць месяцы за гумарыстычныя надпiсы, то тады свяцiла поўная праграма з дурдомам i турмою. Але i канспiрацыя, i падыход да справы былi iншыя, сур’ёзныя, без карнавальнага размандзяйства i без справаздачаў за скарыстаныя балонiкi. Сэрца балела за Бацькаўшчыну. Таму, колькi нi зафарбоўвалi тыя 13 лiтараў, ўсе адно праступала на муры: «Краiна ў кратах».

Чужыя словы

Цi варта згадваць чужыя словы пра брата, калi сваiх яшчэ шмат не сказаных? І ўсё ж працытую, дзеля больш размаiтага i аб’ектыўнага партрэта... «Мiрык – звер! Так, так... Мiрык – звер! І я яго паважаю... У вас усiм кiруе Мiрык, мне так падаецца. І гэта правiльна. Кiраўнiк мусiць быць адзiн, каб справа не размазвалася. Кiраўнiк мусiць быць зверам!» – так разважаў настаўнiк бiялогii Карпейчык. А палiграфiст Хацкевiч за бутэлькаю вiскi ў самалёце сказаў наступнае: «Мiрык мне гаворыць: як Валодзя скажа, так i будзе. Уяўляеш, як гэта важна – мець у жыццi чалавека, якому можна цалкам давяраць... Як Вова скажа – так i будзе! У мяне няма такога. Я ў справах застаўся зусiм адзiн. Я люблю працаваць адзiн, прымаць рашэннi, за ўсё сам адказваць... Але часам так хочацца быць меншым, некага паслухаць, некаму даверыць свае самыя патаемныя думкi! Каб нехта сказаў, i я паверыў...» Чужыя словы – яны таму i чужыя, што не свае, а таму не зусiм дакладныя, але недзе памiж развагамi Хацкевiча i Карпейчыка ляжыць чыстая праўда.

ЗБРОЯ

Калi хто любiць па-сапраўднаму зброю ў нашай сям’i, дык гэта брат. На самых першых сваiх фота ён заўсёды з нейкiм пiсталетам цi аўтаматам. Улюбёнай гульнёю ў яго была вайна з алавянымi салдатамi. Маляваў ён усё генералаў i генералiсiмусаў, абчапляных стужкамi, пагонамi i ордэнамi з медалямi. Таму цацачная зброя ператварылася ў сапраўдную. Ягоныя лукi i рагаткi мелi даволi моцную сiлу. А ў дзевятым класе ён набыў пiсталет i кiнуў школу. Шаснаццаць гадоў – самы ўзрост, каб займець уласны баявы пiсталет i паслаць адукацыю да д’ябла. З пiсталетам у кiшэнi Мiрык хадзiў на кватэры, дзе гулялi ў карты на грошы. Чым бы гэта ўсё магло скончыцца, можна толькi здагадвацца. Але лёс зрабiў па-свойму... Брат закахаўся, праз тое каханне трапiў у бальнiцу, з бальнiцы – у школу рабочай моладзi, дзе за магiльнае маўчанне ставiлi моцнае «тры», са школы – ва унiверсiтэт, а з унiверсiтэта – у войска. Галоўнае – нечага моцна захацець, i жаданне здзейснiцца. Хочаш зброю? На@ табе палiгон! Паўтара года брат праслужыў на палiгоне ў Чэхii на самай мяжы з радзiмай усiх войнаў i ўсёй зброi – Нямеччынай. Настраляўся на ўсё астатняе жыццё. Часам здараюцца рэцыдывы. Яму, як афiцэру, без праблемаў далi дазвол на паляўнiчую стрэльбу. Ён i скрыню жалезную замовiў, нават дзве скрынi: большую для стрэльбы, меншую для патронаў. Але ў апошняе iмгненне адмовiўся i ад скрынак, i ад стрэльбы. Захваляваўся: а раптам сын залезе, бяды наробiць... Чэсь, сын, вельмi да брата падобны, i ўзрост гэты збройны ды антыадукацыйны наблiжаецца. «На чорта мне ружжо?! Я i так любога тхара голымi рукамi задушу, а калi не змагу – ты дапаможаш...» – разважаў брат, п’ючы чорную гарбату з японскага кубка. «Тхара задушыць? Вядома, дапамагу, няма пытанняў».

Сны

Больш як дзесяць гадоў я працую з братам. Раней, у маладосцi, былi iлюзii, што некаму можна давяраць. Адна за адной тыя надзеi развеялiся; ад некаторых i слядоў не засталося, а iншыя пакiнулi ў памяцi шнары на ўсё жыццё. Вельмi балюча, калi цябе прадае лепшы сябар цi каханая жанчына перакiдаецца ў драпежную хцiвую фурыю... Тата памёр, мама састарэла, i я аберагаю яе ад перажыванняў, давяраю толькi брату. У мяне ад брата сакрэтаў няма. Ёсць сякiя-такiя дробныя недагаворкi наконт творчых планаў ды летуценных каханняў. Улюблiвы я занадта ў параўнаннi з братам. А так ён пра мяне ведае ўсё. Наколькi адзiн чалавек можа ведаць усё пра другога. Я ганаруся тым, што ёсць чалавек, якому можна верыць. Звычайна, каб схаваць сваю няверу ў людзей, гавораць пра веру ў Бога, у Цуд, у Лёс. А як можна верыць у Найвышэйшае, калi сваiм родным не давяраеш? А большасць разумных, навучаная горкiм вопытам здрады, нiкому не верыць. Пра дурняў няма гаворкi, яны самi сабе не вераць. Я веру брату. Гэта важна. Важна настолькi, што, з’язджаючы ў адпачынак, я днi тры-чатыры сню адзiн i той жа сон... Быццам прыходжу на працу, вару каву, прыходзiць брат, мы п’ем ранiшнюю каву i абмяркоўваем справы. Натуральна так гаворым, бывае, што i слушныя думкi прамаўляюцца. Тады я тэлефаную i пераказваю свой працоўны сон брату. Збольшага, праўда, гаворыцца нейкая абракадабра; можа, у сне i былi разумныя думкi, але, калi iх пачынаеш перацягваць на працоўны стол рэальнасцi, стройнасць i логiка прападаюць. Зрэшты, у адпачынку свая логiка – добра адпачыць, каб вярнуцца i даць адпачыць брату, якi працуе за двух.

Прабачэнне

У кожнай справе галоўнае – зазiрнуць наперад. Цi то ты селянiн i разважаеш пра будучы ўраджай, цi рамеснiк i думаеш, як выканаць замову i выгадней прадаць плён рук сваiх, цi як брат лiтаратар, выдавец, мысляр. Яго здатнасць бачыць будучыню мяне заўсёды радавала i дзiвiла, бо сам я – чалавек настрою, люблю хуткаплыннасць, зменлiвасць, незавершанасць... Таму ў мастацтве раблю накiды i шкiцы, у лiтаратуры пiшу лiрычную прозу, а ў выдавецтве кiрую праектамi сезонных кнiжак. Брат – iншы, ён супрацьлегласць мне, ягоная стыхiя – доўгатэрмiновыя праекты. Калi мы толькi распачыналi працу над «Сусветнай гiсторыяй» у 24 тамах i толькi збiралiся выкасоўваць цытаты марксаў-ленiнаў, а факт паставiць вышэй усялякiх каментароў i трактовак, я толькi на адсоткаў трыццаць верыў у поспех (якi поспех?!), у простае выкананне працы аб’ёмам у 12000 кнiжных старонак. Брат верыў, ён бачыў гэтыя кнiгi, ён бачыў iх дзесяцiразовае перавыданне i пераўтварэнне ў iлюстраванае каляровае выданне. Цяпер, калi нашы кнiгi па сусветнай гiсторыi налiчваюць больш за сотню тамоў, а колькасць замоваў толькi на гэтую тэму не змяншаецца, я магу любога скептыка падвесцi да палiцы з кнiгамi i сказаць: мой брат здатны зазiрнуць у будучыню, i ягоная здатнасць, увасобленая ў сотнi i тысячы тамоў, – тут, перад Вамi.

Японiя

Японiя далёка-далёка, а Беларусь яшчэ далей. Каб убачыць i зразумець Беларусь, трэба пiсаць японскiя вершы, трэба вывучаць i перакладаць Басё. Як гэта растлумачыць недасведчаным? Цi трэба тлумачыць недасведчаным i насiць ваду ў рэшаце? Пройдзе адзiн час i надыдзе iншы, адны недасведчаныя адыдуць, а другiя ўжо будуць ведаць, што Беларусь стала блiжэй, бо нехта пiсаў хайку на палiгоне ў гарах на самай мяжы з радзiмай усiх войнаў – Нямеччынай, бо брат мой пераклаў зборнiк Басё, i сем разоў той зборнiк перавыдаваўся ў сталiцы адной з найвялiкшых iмперыяў свету – Маскве. Там нейкi майстра зрабiў для таго зборнiка вокладкi з цялячай скуры i скрынку з дрэва, абклеiў яе ядвабам i дарагой паперай. Кнiга круцiлася ў ярка асветленай шкляной вiтрыне i зiхацела, як каштоўны камень. Яе кошт быў большы за кошт двух залатых заручальных пярсцёнкаў. Але я не мог не набыць братаву кнiгу. «Цi былi там яшчэ такiя кнiгi?» – спытаў Мiрык. «Былi». – «А цi былi сярод аўтараў жывыя?» – «Не было».

Тэа

У гiсторыi мастацтва найузорнейшым прыкладам узаемаадносiнаў братоў, адзiн з якiх мастак, а другi бiзнэсовец, прынята лiчыць узаемаадносiны Тэадора i Вiнсэнта ван Гогаў. Небеспадстаўна. Бо менавiта Вiнсэнт дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы Тэадора разбурыў мiф пра неабходнасць мастака быць iнтэграваным у грамадства i для рэалiзацыi здольнасцяў выконваць сацыяльныя замовы царквы, дзяржавы або мецэнатаў. Лiчыць Тэа мецэнатам Вiнсэнта нельга, бо калi б той i не намаляваў нiводнага палатна, брат усё адно дапамагаў бы хвораму брату чыста па-людску, як шмат хто iншы, маючы магчымасць, апякуецца бяднейшымi сваякамi. Жаданне быць ван гогамi за кошт братоў распаўсюдзiлася ў мастакоўскiм асяродку з хуткасцю чумы. Тысячы эпiгонаў па ўсiм свеце лiчаць сябе роўнымi, а то i лепшымi за вялiкага галандца i патрабуюць-вымагаюць сродкi на iснаванне ад наiўных сваякоў. Сапраўды спакуслiва пiць, гуляць, маляваць i нi за што не адказваць, нават за якасць уласнага пэцкання. З iншага боку, ахвяруючы невялiкiя грошы, прыемна цешыць сябе думкаю, што ўтрымлiваеш не проста разбэшчанага п’янтоса i няздару, а ўкладаеш сродкi ў генiя, якога праз пэўны час прызнае ўвесь свет. Безумоўна, Мiрык хацеў бы, каб я стаў знакамiтым, як Вiнсэнт ван Гог; бясспрэчна, мне было б значна прыемней займацца выключна станковым мастацтвам i лiрычнай лiтаратураю. Але нашыя адносiны падобныя да стасункаў славутых братоў якраз сваёй шчырасцю, даверам. Мiраслаў збiрае мае малюнкi i паспрыяў выданню вялiкага тома маiх лiтаратурных практыкаванняў, каб падтрымаць маю хiсткую веру ў свае здольнасцi. Я занадта ўважлiва вывучыў бiяграфiю ван Гога, каб зразумець яе непаўторнасць, унiкальнасць i драматызм. Самагубства Вiнсэнта прывяло да самазабойства Тэа. Дробныя шарлатаны ад мастацтва замоўчваюць гэты сумны факт. І калi галандскi галерэйшчык праз пасярэднiкаў (усё брыдотнае чымусьцi робiцца праз усмешлiвых пасярэднiкаў) замовiў мне сцэнар фiльма пра ван Гога Менскага, я спытаў: «У жытнёвым полi ты, ван Гог Менскi, страляцца будзеш?» – «Не!» Пра ягонага брата, якi ўтрымлiвае майстэрню па вытворчасцi надмагiльных помнiкаў, я пытацца не стаў i пiсаць сцэнар адмовiўся, бо Вiнсэнт ван Гог не iснуе без Тэа.

Га@ды

Наколькi я не люблю павукоў, змеяў, шэршняў, чарапах, восаў, настолькi iх любiць i заўсёды любiў Мiрык. Ён чытаў пра iх кнiгi, кшталту Халiфмана пра пчолаў, ён маляваў iх, лавiў, садзiў у загадзя падрыхтаваныя скрыначкi i слоiкi, разглядаў праз павелiчальнае шкло i вельмi дзiвiўся, калi нехта не ведаў, колькi лапак у тарантула або якi максiмальны памер змяi-мядзянкi. Каб бацькi толькi дазволiлi, у нашай кватэры абавязкова з’явiўся б тэрарыум, а так братава захапленне абмяжоўвалася жукамi i восамi. Ён iх сапраўды любiў настолькi, што яны яго не кусалi. А мяне... Мяне джыгнуў шэршань, ад аднаго ўспамiну пра той выпадак скура на шчоках шэрхне, а вушы пачынаюць гарэць... Мы жылi каля возера, на Браслаўшчыне. Усялякiм гадам там проста рай. Калi казачны чорт угаварыў дурнога беларускага мужыка развязаць мех з гадамi, якiх Бог загадаў вартаваць, дык тое здарылася не на Палессi, а на Браслаўшчыне. Мiрык ад ранiцы да ночы тых гадаў лавiў, садзiў у скрынкi i ставiў на падваконне. Лета стаяла задушлiвае, i я завёў сабе звычку адпачываць – чытаць i спаць пасярод дня. Чытаючы, я адчуў, як ражок падушкi нязручна ўпёрся мне ў шыю, я паправiў ражок... Толькi гэта быў шэршань-уцякач. Кiнжальны боль працяў маю шыю навылёт, скура на твары зморшчылася, вушы распухлi, язык запоўнiў увесь рот, вочы вырачылiся i перасталi мiргаць. У гняўлiвым шале я разбiў, патрушчыў, паламаў усю братаву калекцыю гадаў i жамярынаў. Дзень мы не размаўлялi, а ўвечары дамовiлiся, што ўсё злоўленае ён будзе адразу ж умярцвяць. Забiраць жыццё ў гадаў Мiраслаў навучыўся хутка, i робiць гэта па-майстэрску.

Карты

Шмат якiя зробленыя Мiраславам адкрыццi i праекты прыпiсваюцца мне. Грамадству, пэўна, так лягчэй; лепей трываць аднаго авантурыста, чымсьцi двух. І яшчэ я вельмi люблю iнтэрв’ю як лiтаратурны жанр, калi маеш справу з процьмаю самых iдыёцкiх пытанняў i спрабуеш, не выкiдаючы iх, зрабiць чытэльны тэкст цi разыграць сцэнку перад мiкрафонам або камераю. Проста я больш публiчны чалавек. Але вернемся да чыста Мiраслававай iдэi выдаваць карты. Вядома, не геаграфiчныя. Звычайна карты выдаюць дзяржавы, на карты ў дзяржаваў манаполiя, як i на большасць рэчаў, звязаных з азартам. Каб гэта ведаць, трэба ў маладосцi набыць пiсталет, кiнуць школу i на падпольнай кватэры гуляць у прэферанс на вялiкiя грошы. Зброя ў дадзеным выпадку – доказ братавага практыцызму i ягонай неазартнасцi. Руляй лёгка супакойваецца штучная iстэрыка i астуджваецца азарт сквапных гульцоў. Спасцiгнуўшы сакрэты картачных гульняў, братаў розум быў цалкам падрыхтаваны ў патрэбны момант, калi дзяржава СССР разбурылася, а Рэспублiка Беларусь не стала на ногi, сказаць: «Карты будзем друкаваць». Ад iдэi да рэалiзацыi шлях быў доўгi i няпросты. Асаблiва мярзотна выглядалi два моманты. Замовы на палiграфiчную прадукцыю не прымалiся без хабару. Пры дырэктарах iснавалi хабараносцы. Колькi яны заносiлi, а колькi пакiдалi сабе, без пiсталета не разбярэшся, але на той час зброi ў Мiрыка не было. Другi брыдкi момант: фабрыка адмовiлася складаць карты ў калоды. Пэўна, хабараносец шмат недадаў хабарнiку-дырэктару, i мы атрымалi асобна каралёў i асобна шасцёркi. Нанятыя намi людзi больш за год складалi i прадавалi тыя выдатна намаляваныя мастаком Чарыновiчам карты. Праект быў генiяльны, прыдумаць яго мог толькi брат. І галоўнае: у час, калi iмперыя зла зруйнавалася, а новыя незалежныя дзяржавы толькi ўздымалi свае сцягi, нiякiх iншых картаў, акрамя нашых, на рынку проста не было.

Скура

Наколькi ў Мiрыка цёмная, татава, скура, якая загарае за адзiн сонечны дзень i нiколi не ведае нiякiх апёкаў, – настолькi ж у мяне белая, мамiна, якая ўвесь час абгарае на сонцы. Але нi я, нi ён не любiм ляжаць на сонцы. Валяцца каля мора цi рэчкi – не наш занятак. Ісцi ўздоўж вялiкай вады – гэта нашае, гэта любiў тата, люблю я i любiць брат.

Псеўданiм

Напачатку сваёй творчасцi Мiрык узяў за псеўданiм прозвiшча татавай мацi – Шайбак, што ў перакладзе з цюрскiх моваў азначае «сад у квеценi». Пад Наваградкам, адкуль паходзiць род нашага бацькi, ёсць цэлае мястэчка Шайбакова, дзе жывуць нашчадкi тых ваяроў, што баранiлi Вялiкае Княства ад усходнiх i заходнiх захопнiкаў. Шайбак – прозвiшча крымска-татарскага хана. Гучны ў брата псеўданiм. Але потым ён вярнуўся да подпiсу Мiраслаў Адамчык, чым вельмi ўсцешыў тату. Нiякiх уцямных тлумачэнняў гэтай змены я ад брата не чуў, бо не вельмi дапытваўся. Гэта яго асабiстая справа. Тым больш, надыходзiў час, калi нашы подпiсы на кнiгах мянялiся ледзь не з кожнай новай публiкацыяй, бо ў Расеi прозвiшча Адамчык стала настолькi вядомым i настолькi неадназначным, што маскоўскiя кнiгагандляры папрасiлi дзе толькi можна яго зняць. Зрэшты, усе мастакi так цi iнакш, раней цi пазней карыстаюцца псеўданiмамi. Як мне, дык найлепшы ў брата быў подпiс – Мiраслаў Шайбак. Што можа лепш цешыць погляд, як сад у квеценi? Хто не зразумеў прыгажосць кветкi, той не зразумеў жыцця...

Ордэн

Дзейнасць майго брата заслугоўвае ўзнагароды. Ну хоць бы за тое, што ён стварыў выдавецтва «Сучасны лiтаратар», якое ў 2000 годзе ўжо было найбуйнейшым замежным выдавецтвам, якое працуе ў Расеi. На маскоўскiм кнiжным кiрмашы выдавецтва атрымала дыплом i скульптуру – глiнянага Івана Фёдарава, таго самага, што вучыўся ў нашага Пятра Мсцiслаўца. За гэты дыплом у нас разы тры прасiлi грошы: на падтрымку часопiса «Кнiжны бiзнэс»; на газету «Кнiжны агляд», якая разоў дзесяць аблiвала брудам i нашае выдавецтва, i нашыя кнiгi, i нашае прозвiшча; на рэкламу таго ж кiрмашу. Не далi. Мiрык сказаў «не». Ён сказаў «не», а яны сказалi «так» i дыплом далi, каб прапанаваць ордэн «Георгiеўскi крыж» з уручэннем у Крамлi. Без уручэння – 2000 даляраў, з уручэннем – 5000 даляраў. Як пры дырэктарах фабрык былi хабараносцы, так i ў Крамлi яны ёсць. І агульная дэталь: ты нiколi не даведаешся, цi дайшоў твой хабар да таго Крамля. З-за гэтай няпэўнасцi брат адмовiўся ад «крыжа». Не гатовы ён стаць «крыжаносцам», хоць i заслужыў-зарабiў на «Святога Георгiя».

10 кiламетраў

У дзяцiнстве брат не хадзiў нi ў якiя спартовыя секцыi, нават школьныя ўрокi фiзкультуры iгнараваў, даставаў праз знаёмых даведкi, нiбыта яму забаранiлi фiзiчныя нагрузкi. Можна ўявiць, як фiзрукi ненавiдзяць такiх вучняў. Аднаго фiзрука Мiрык давёў да таго, што той прылюдна абазваў брата «мяшком з гаўном». Скандал дайшоў да дырэктара школы, i наiўнага выкладчыка – а ўсе школьныя фiзрукi, далiкатна кажучы, наiўныя – перавялi працаваць у iншыя класы. Выглядала на тое, што спорт i брат нiколi не перакрыжуюцца. Ды не... У войску спатрэбiлася сiла.Каб муштраваць i ганяць маладых салдатаў, розуму было замала. Кулак у войску – такi самы аргумент, як i слова. Нават не так... Кулак, а не зброя, аснова войска. Мао памыляўся: уладу нараджае не стрэльба, а кулак. Зброя можа нарадзiць дзяржаву, дзяржаўную ўладу, але не здатная стварыць уладу ў чыстым – бiялагiчным выглядзе. Мiрыкаў кулак прынёс i ўладу, i званне, i адпачынак за выдатную службу на мяжы сацыялiстычных i капiталiстычных лагераў. З войска брат прыехаў байцом. Колькi разоў мне нават даводзiлася станавiцца памiж братавым кулаком i прадстаўнiкамi прытручанай алкаголем, гнiлавата-баязлiвай дысiдэнцка-савецкай iнтэлiгенцыi. Сiла чамусьцi не цанiлася ў антысавецкiх багемных колах, усе спадзевы былi на творчасць i розум. Прынамсi, у Беларусi было так. Мiрык паверыў у гэтую iлюзiю i надоўга закiнуў спорт. Толькi ўсё вяртаецца, калi ёсць куды вярнуцца. Усё бяжыць, калi ёсць воля бегчы. Мiрык прабягае ў дзень 10 кiламетраў, гэта звычайна, а калi стамiўся цi прыхварэў – бяжыць 6. У яго трэнажор. Брат не любiць бегаць па вулiцы, дзе дурныя сабакi ўсё ж разумнейшыя за гаспадароў, бо разумеюць, што кулак нараджае ўладу. Брат бяжыць па трэнажорнай дарожцы, бо можа сабе дазволiць мець у кватэры спартовую залу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю