355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Дом » Текст книги (страница 2)
Дом
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 19:00

Текст книги "Дом"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 7 страниц)

Шкадаваннi

Знайсцi слова для азначэння iнтымных i найiнтымнейшых стасункаў з жонкаю проста неабходна. Бо ўсе гэтыя «сэксы», «трахi», «гэблi», «маркiтоўкi», «любошчы», «каханнi» з «любовямi» – не сямейныя. У нас прыжылося «шкадаванне». Прыжылося, змянiўшы сэнс. З яго выпарылася прынiжанасць i жальба, яно напоўнiлася пяшчотаю, ласкавасцю, цеплынёю. Я шкадую жонку, яна шкадуе мяне, мае галаву, спiну, вочы... Мы жывем у шкадаваннях.

Вершы

Пiсаць вершы недасягальнай каханцы, адсылаць iх у лiстах, чакаць адказаў... Ну вядома, такога ў лiтаратуры безлiч. Дульсiнеi, Лауры, Анабэлi Лi... А каб жонцы пiсаць? Нашто? А таму, што ў Алены да мяне быў iншы муж. А таму, што ў Алены i пасля мяне можа быць iншы муж. Таму, што на Алену наплывае наркатычны сон, i жыццё страчвае вартасцi, каштоўнасцi i прывабнасцi. Яе жыццё крышыцца i рассыпаецца. Побыт яе прыгнятае. Прэснасць патрабуе кiслаты, вогненнасцi i вастрынi. Ёй балюча i нясцерпна, яна такая:

Жонка

 
У сне сустракаеш другога,
А ўдзень ты не помнiш яго.
Мяцеш i шаруеш падлогу,
Чакаючы мужа свайго.
Крухмалiш, прасуеш кашулi.
Дзiцяцi гатуеш абед,
Намыўшы да бляску каструлi, —
Вось так i трымаецца свет.
 

Вось так трымаецца свет? Не. Ён няўстойлiвы, нетрывалы, самаразбуральны i самастваральны. Прынамсi, у Алены ён такi. У iм, як у кожным мастакоўскiм жыццi, святы пераблытваюцца з шэрымi буднямi...

Свята

 
Панурым восеньскiм дажджом
Цякла нудлiвая нядзеля.
Ты праз вакно на свет глядзела.
Твая душа плыла за шклом
І клiкала пакiнуць дом.
Ты нечакана спахмурнела —
Схапiла за крыло душу...
– Спынiся, – я цябе прашу.
 

Прашу. Яна спыняецца. Дзякуючы вершам?.. Спыняецца, i дзякуй богу.

Пераклады

Спачатку жонка з захапленнем перакладае маю прозу. Чытае Белага, гартае слоўнiк Даля. Яна сябруе з расейскiмi метафарыстамi – Паршчыкавым i Яроменкам, што выкладаюць мае вершы з маскальскiх словаў. Чым больш я пiшу, тым меншае жончын iмпэт да перакладаў... Пазней яна наогул пакiдае чытаць мае тэксты. Знаходзяцца iншыя перакладчыкi. Рэч не ў гэтым, а ў тым, што я герметычна запакоўваюся ў сваю мову. Пераклады Алены – аматарскае захапленне, якое сваечасова згасае.

Брат-нябожчык

Брат у Алены быў – прыгожы, чарнавокi, добры i таленавiты. Прынамсi, усе такiм яго ўспамiнаюць. Брат прападае. Апошнi раз яго бачаць каля Акадэмii навук. Знiкае ён зiмою, а цела чалавека, падобнага да Аленiнага брата, знаходзяць ў Свiслачы, за 30 кiламетраў ад Менска ўнiз па плынi, толькi ўвесну, калi лёд сышоў. Ёсць шмат версiяў, хто i як яго забiў. Аленiн тата наогул адмаўляецца прызнаваць у нябожчыку сына. Алена застаецца з перакананнем, што яе брата забiваюць з-за музыкi... Так-так, ён выдатна грае на гiтары, ён захапляецца бiтам i рок-н-ролам, ён у 1968 годзе ўдзельнiчае у першым савецкiм рок-фестывалi. А саўдэпаўская iмперыя змагаецца са шкоднай iдэалогiяй усiмi метадамi, не грэбуе i забойствамi. Я, працуючы журналiстам, спрабую шукаць праўду, але не знаходжу. Знiкненне, забойства, пакуты жончынага брата застаюцца ў цемры таямнiчасцi. У гэтай безнадзейнасцi для ўсёй Аленiнай сям’i ярка i выразна гучыць адно iмя – Валодзя. Таму i мой прыход у жончыну сям’ю вiтаецца напачатку з-за iмя. Я мушу крыху кампенсаваць сваёй прысутнасцю iх страту. Гэта не гаворыцца, не абмяркоўваецца – так ёсць.

Падарожжы

Што мяне, што яе, нас заўсёды некуды нясе, гонiць ў блiзкi i далёкi свет. Ёй хацелася стаць акiянолагам, а я марыў пра археалагiчныя экспедыцыi. Яна пачала фатаграфаваць, а я – маляваць i апiсваць. Мы разам аб’ездзiлi больш за дваццаць краiнаў. Толькi ёсць iстотная рознiца памiж намi як падарожнiкамi. Мяне зусiм абыходзяць знаёмствы з абарыгенамi. І справа не ў моўным бар’еры, хоць i ў iм таксама... Проста я не лiчу, што ў Барселоне магу пазнаёмiцца з кiмсьцi больш цiкавым за Гаўдзi, Пiкаса цi Мiро, а ў Рыме мяне захапляюць архiтэктурныя абломы, бачаныя Цэзарам i Неронам. Я шукаю месцы, дзе мог бы пачуць iх галасы... Алена знаёмiцца з рознымi нiкчэмнасцямi: гандляром шкарпэткамi, бармэнкамi, афiцыянткамi... Яна вельмi дзiвiцца, што я з такiмi хабламi не жадаю нават бачыцца. І на яе экстравагантных фота яны выклiкаюць у мяне гiдоту. Каб не гэтае жончына захапленне, каб не чалавекападобная садавiна-гароднiна, мы б падарожнiчалi разам значна болей, а так мы шмат ездзiм паасобку.

Генiяльнасць

Табе кажуць: «Твая жонка – генiй!.. А ты – нi-хто?!» Мне такое гавораць. І хто? Крываногая палюбоўнiца кiнарэжысёра-дакументалiста, жоўтазубая, як нутрыя. Атручаная злосцю слiна ляцiць мне ў вочы. Я не лезу на сцяну. Не пускаю з рота пену. Не б’юся ў iстэрыцы... Пагаджаюся. Ветлiва кiваю галавою. Так, так... У адоранага чалавека ўсё мусiць быць выдатнае: i адзенне, i творы, i заробкi, i жонку ён выбiрае адпаведную: таленавiтую i разумную. Можна i наадварот... У таленавiтай жанчыны – муж, адораны прыродаю, лёсам, Богам i яшчэ немаведама кiм i чым.

Любiць – не любiць

Ненавiджу вяселлi, банкеты, пахаваннi, урачыстасцi i ўсё астатняе, звязанае з народнымi масамi, класамi, пралетарыямi, сялянамi i элiтамi. Алена таксама не любiць, не шануе i не фатаграфуе: працэсii, ускладаннi вянкоў, мiтынгi, манiфестацыi, ветэранаў, ветэрынараў, дзяцей з малпамi, шлюбныя ўрачыстасцi, вайсковыя парады, трупы i ружы цялеснага колеру. Яна здымае iншае... Сябровак, сяброў, сухiя кветкi, чаўны, гаражы, лiмоны, сiнiя бутэлькi i мяне. Яна любiць мяне, Платона, Магрыта, iтальянскае Адраджэнне, англiйскi рок-н-рол, Вiльню, срэбра, Барселону, дачку Ядзю, Амстэрдам, Бэрклi з ягоным вечназменлiвым дрэвам, сына Мiколу i Кёльн... Яе любяць нашы дачка i сын, манекеншчыцы, японка Akemi, натуршчыкi, гаспадары вялiкай маёмасцi, уладальнiкi заводаў, рэдактары часопiсаў, рэкламныя агенты, яўрэi, кiношнiкi, разумныя кабеты... Неразумныя кабеты яе таксама любяць, i ў якасцi доказаў шчэраць пашчу i гавораць мне: «Твая жонка – генiй! А ты – нiхто!»

Дамова

Я нiхто? Я муж генiяльнай жонкi! Я люблю яе. Каб зберагчы каханне, я не купляю фотапаштовак, не фатаграфую, не здымаю кiно, не працую на TV, не малюю аголеных натуршчыц... Алена ўсё можа сфатаграфаваць i зняць у кiно. Бывае, вельмi хочацца фатаграфаваць i маляваць голых баб, дзяўчат, кабет, дзевак, дзяву-у-уль... Стрымлiваюся. А бывае, Алена папросiць сфатаграфаваць яе. Толькi тады... Раз на год... Фа-та-гра-фую! А яна не пiша вершаў, эсэ i апавяданняў. Такая ў нас дамоўленасць. І яшчэ ёсць дамова: пасля смерцi нашы душы будуць жыць разам на Кальварыйскiх могiлках, на высокiх клёнах.

Негатывы

Тысячы i тысячы негатываў. Вялiкiя шафы з негатывамi. У тэчках, у капэртах, у скрынях... Алена iх разразае i загортвае ў аклееную белую паперу. Яны складваюцца i чакаюць, каб... І нiхто цi амаль нiхто не вяртаецца, не просiць надрукаваць сябе iзноў. Вяртаюцца па негатывы негатыўныя жанчыны. Яны пагражаюць, патрабуюць грошай i знiшчэння тых негатываў. Яны абвiнавачваюць Алену ў распаўсюджваннi парнаграфii, у сквапнасцi i ў пахабстве, у хлуснi i бяздарнасцi. Яны таму i негатыўныя, бо ва ўсiм бачаць негатыў: чорнае, злое i лжывае. Даводзiцца ўмешвацца мне, казаць: негатывы i ўся Аленiна творчасць належаць нашай сям’i. Гэта спрацоўвае. Негатыўныя бабы i дзядулi сыходзяць, а негатывы застаюцца ў шафе чакаць.

Утульнасць

Натуршчыца Вольга сказала: «У вашым доме нельга адпачыць. Вы самi ўвесь час працуеце, i робiцца няёмка адпачываць...» Сапраўды, я ўвесь час iмкнуся зрабiць пустату, а жонка iмкнецца яе запоўнiць. Мне патрэбна майстэрня, дзе можна засяродзiцца на адной рэчы, на той, над якой я працую цi збiраюся працаваць. Астатняе мне перашкаджае. Жонка, наадварот, запаўняе прастору рэчамi, якiя будуць дапамагаць у будучай працы. Я раблю кабiнет-майстэрню, а яна – майстэрню-лабараторыю. Людзi вакол яе – натуршчыкi i лабаранты. Іншых не бывае. Натуршчыкi пераўвасабляюцца ў лабарантаў, а лабаранты ў натуршчыкаў, як плады ў кветкi, а кветкi ў плады. З кветак, пладоў, натуршчыкаў i лабарантаў жонка спрабуе стварыць утульнасць. Я ссоўваю гэтую ўтульнасць у адзiн пакой, а яна распаўзаецца па ўсiх пакоях. Працэс перасоўвання перманентны, таму адпачываць у iм немагчыма. У нашым доме нiколi не бывае выходных дзён, усе днi святочна-будзённыя i будзённа-святочныя ў адначассе. Такая ў нас квяцiста-рухомая ўтульнасць.

Паэма

Чытае паэму. На гары, над Чорным морам яна чытае сваю паэму пра мяне. А я ў гэты час пiшу аповесць пра каханне да вугоркi Агi. Тое каханне скончылася чорт ведае калi, ад яго толькi згадкi-ўспамiны, з якiх я старанна складаю кароткi раман. Гэта складанне засцiць рэальны свет. Аленiна паэма выглядае недарэчнасцю, несвоечасовым падарункам... Яшчэ я кiнуў курыць. Мне кепска. Свет чорны i лiпучы, нiбыта абмазаны смалою. Я кажу: паэма паганая. Мая злосць пералiваецца ў Аленiны вочы. Яна смяротна крыўдзiцца. Ну i чорт з ёю. Хопiць у сям’i аднаго паэта.

Парнаграфiя

Каханне запалохваюць парнаграфiяй. Стандартны прыём. У большасцi выпадкаў дзейнiчае беспамылкова i спараджае лютую рэўнасць. «А ты ўяўляеш, як яна тамака з другiм?!» – «Уяўляю». – «Яна з iм, ён у ёй...» – «Гэта, радасць мая, – танная парнуха тваiх уяўленняў, гэта – танга парнаграфii i парнаграфiка. Да любовi ўсё гэта не мае анiякага дачынення, як сэкс i каханне – розныя рэчы. Гэта другаснае, радасць мая. Першаснае – каханне i любоў. Так проста, што можаш мне i паверыць».

Нарцыс

Захапленне нарцысамi бязмежнае. Яны паўсюль. Жоўтыя, белыя, свежыя, сухiя i... сфатаграфаваныя. Яны ў руках у хлопчыкаў, у вянках на галовах красуняў, у букетах i паасобку. Нарцыс – сiмвал Аленiнай веры ў вечнасць. Мiфiчны юнак закахаўся ў сябе i бясконца любаваўся ўласным адлюстраваннем у ручаi. Самазакаханасць паспрыяла пераўвасабленню ў кветку. Нарцыс над адбiткам – натуршчык перад аб’ектывам. Алена множыць адлюстраваннi самазакаханых. Яна, як i яны, верыць у спыненую прыгажосць вечна маладога iмгнення. Яна зачараваная алхiмiяй фотапрацэсаў. Яе паланiла бiяхiмiя кветкi i апарата. Азарэннi замянiлiся ўспышкамi лямпачак, замест кветак – букеты двухногiх з пляскатымi пазногцямi i без крылаў. Алена прымацоўвае на плечы расквечаным грымам натуршчыкам штучныя крылы з мёртвых пёраў. Нiбыта анёлы, нiбыта нарцысы, нiбыта вада... Нiбыт. Вада цячэ з нiбыта ў нябыт. Алена захопленая iмгненнямi, нябыт для яе не iснуе. Ёсць: нарцыс, адлюстраванне i вечнасць.

КОЛЕРЫ

Яна захопленая шматколернасцю свету, хоць я больш люблю чорна-белыя фотаздымкi i шэры свет iнтэлектуальнага спакою. У каляровасцi мне бачыцца больш умоўнасцi i адназначнасцi, такая падлеткавая паэтычнасць... На Аленiных здымках сiняе – гэта мора i неба над морам, неба i мора пад пранiзлiва-сiнiм самалётным небам. Белае – снег на крыжах, твар жанчыны, пераапранутай у П’еро. Чырвонае – вочы самазабойцы, iржавая кроў жалеза, кроў мэталёвых арганiзмаў. Чорнае – ценi на смалiстым ад гарачынi асфальце, халаднаватыя адтулiны ў трубах, прагалы ў паўразбураных будынках. Срэбнае – вымытая рэчаiснасць. Зялёнае – вусны русалкi, што засумавала па страчаным леце. Пярлiннае – след дажджавой кроплi на люстэрку, след слязы... У манахромным варыянце ўсе колеры ярчэйшыя, прынамсi, на жончыных фотаздымках.

Талерка

Мы ямо з аднае талеркi... У нас усе талеркi агульныя, i не толькi талеркi. Каб не адна заўвага пiсьменнiка, якога я неабачлiва запрасiў зайсцi ў госцi, не стаў бы i задумвацца над талеркаю. Мы з iм выпiлi ў бары, i я прапанаваў павячэраць у мяне. Жонка, як звычайна, сабрала на стол. Перад тым, як выпiць, госць спытаў: «Вы так кожны дзень вячэраеце?» Нам з жонкай робiцца непрыемна, нiбыта мы абразiлi чалавека, зняважылi сваiм сталом з вячэраю ў вялiкiм пакоi. І тады мне стала шкада талеркi, з якой пачаў есцi госць. Я вырашыў завесцi асобныя прыборы для гасцей i для сябе. Не завялося. Абмежаваўся сваiм кубкам для ранiшняй кавы i нажом для падарожжаў. У жонкi ёсць таксама асобны кубак. Талерка ў нас па-ранейшаму агульная. І зранку мне прыемна есцi з талеркi, з якой увечары будзе есцi яна. Чамусьцi менавiта ранiцамi ў мяне кепскi настрой, а талерка крышку супакойвае.

Прыгажосць

Забароненае ў прафесiйным мастацтве слова, выцертае, залiзанае, абсмактанае i выплюнутае ў масавую свядомасць, дзе яно верашчыць дурнымi колерамi i вiсклiвымi фарбамi. І, вядома, у фотастудыю iдуць на ўзаконьванне, на пашпартызацыю менавiта прыгажосцi, уласнай прыгажосцi найперш. Глядзiце сюды, глядзiце на фота... Гэты прыгожы чалавек – я. Не падобны? Ну як гэта – фота i непадобна? Фота не бывае непадобным у свядомасцi дылетанта. Усе ўпэўненыя, што фота не схлусiць, наадварот, яно скажа праўду, большую за праўду, праўду непарушную. Алена робiць «прыгожа». Трэба «прыгожа»? Вядома, канешне. І Алена выбудавала канвеер па вытворчасцi фотапрыгажосцi. Над канвеерам ззяе лозунг: «Непрыгожых людзей не бывае!» Вераць, як вераць у неўмiручасць душы, вечнае жыццё на аблоках i прадказаннi па картах i зорках. Алена верыць у сваю зорку. Такая атрымлiваецца вера ў прыгажосць.

Хуткасць

Колькi разоў яна абяцала не ездзiць у цемрадзi i тумане ўзiмку! Ізноў i iзноў, як за iгральны аўтамат, яна сядае за руль. І тры гадзiны iмчыць, нiбыта не кранаючыся з месца. Яна ўглядаецца ў малочную сцяну. Яна ўвесь час на паўдарозе дамоў, нават калi з 170 кiламетраў засталося праехаць адзiн. Яна размалочвае шэсць аўтамабiляў. Два не паддаюцца аднаўленню. Яна дзiвам застаецца жыць, каб я аплацiў усе разбiтыя i прыдбаў ёй новы. Яна жыве хутка.

Фокус

Яе ўратоўвае пэўная сфакусаванасць. Размытасць, расплывiстасць, сфуматнасць i няпэўнасць тояцца ў ёй. Яна так i не становiцца майстравiтым рамеснiкам па вытворчасцi фотамэблi. Яе фоткi застаюцца з раслiнамi, з кветкамi, з узмахамi крылаў i рук, з крышку нявыспелымi пладамi, з трошкi неданошанымi дзецьмi... Фоткi не ў фокусе. Яны дапаўняюць i дафакусуюцца ў свядомасцi. Яны падаюць, хiстаюцца, скручваюцца, надломлiваюцца i вывальваюцца з рамаў. Яны не трымаюцца на сценах... Яны яшчэ не навучылiся замiраць, застываць i проста памiраць. Ім няўтульна ў альбомах, няёмка пад шклом, кепска ў часопiсах i кнiгах... Яны падобныя на стосы картаў, дзе не пазначаныя масцi. Фокус працягваецца, i бессэнсоўна чакаць фiнал. Птушка не выляцiць з камеры. У цылiндры аб’ектыва няма белага труса. Сумнавядомай чорнай коткi не знойдзеш у срэбна-шэрых пакоях жончыных фоталабiрынтаў. У тым i фокус, што замест фокуснiка на арэне – мастачка. І больш нiякiх фокусаў няма.

1 %

Каб у мяне была магчымасць мадэрацыi жончынай творчасцi – а ў мяне ёсць магчымасць мадэрацыi ўсёй жончынай творчасцi, – дык вось, калi б я захацеў скарыстаць магчымасць i выкiнуць 99 % яе фатаграфiяў у небыццё, важна было б не тое, што выкiнецца, а тое, што пакiнецца – гэты адзiн адсотак... Дык вось, у гэты 1 % увайшлi б толькi здымкi са святлом жнiўня i ягоным ззяннем у гатычным квартале Барселоны з 11.30 да 12.00. Толькi там, напрыканцы жнiўня i напачатку верасня, можна засвечваць фотастужку генiяльна. І яна засвечвала – я сведка.

Танцы

Жонка любiць танчыць. Вельмi. Яна можа ўранку танцаваць адна. Устаць i станчыць, гатуючы сняданак. Пэўна, праз любоў да танцаў Алена цiкавiцца найсучаснейшай музыкай. А я? Таксама люблю танцы. І пазнаёмiлiся мы на танцах. І ўвечары, пасля вячэры з вiном i вiскi, мы любiм танцаваць, для сябе, для радасцi, для поўнага жыцця. «Дзень без танца пражыты дарэмна!» – Алена паўтарае словы Нiцшэ тысячы разоў, але мне зусiм не надакучвае гэты паўтор. І смерць у танцы, якую знайшоў Эйзенштэйн, мне падаецца адной з найлепшых. Танец, жэст, рух цела – найвыразнейшыя з мастацтваў, найпатрэбнейшыя з мастацтваў, найпатрэбнейшая i найпатрабавальнейшая з гульняў, з прадгульняў напярэдаднi кахання i любовi. Таму i танцую я з жонкаю, таму i спыняцца не збiраюся.

Наадварот

Мастацтва апошнiх часоў толькi тым i займаецца, што з большым цi меншым поспехам фатаграфуе творы старых майстроў i атрымлiвае замест iх кiрмашовыя карцiнкi, выкананыя ў самай рознай палiграфiчнай якасцi. Алена, наадварот, фотаздымкi ператварае ў карцiны.

Дзева Марыя

Рэлiгiйны кiч... Што можа быць горш, калi ты мастак – прынамсi, захацеў iм звацца? Для мяне той сектар, дзе стаяць гiпсавыя Ісусы i ззяюць несапраўдным золатам абразы, быў найгоршым месцам на мяжы рэлiгii i мастацтва. Для Алены – iнакш, яна з захапленнем фатаграфавала i фатаграфуе электралямпачкi, што свецяцца замест нiмба над лялечным тварам парцэлянавай Дзевы Марыi. І калi, смяючыся на ўвесь Рым, Алена пытаецца: «А ты купiш мне ў Ватыкане маленькую Дзеву?» – я чую ў яе весялосцi сапраўдную прагу да гэтага аматарскага i таннага мастацтва. Можа, ёй i сапраўды, каб сфатаграфаваць боскае святло, калi трэба здымаць жах ўсёпаглынальнага пажару, дастаткова зрабiць нацюрморт з iржавым i скарабачаным пламегасiльнiкам?

Мара

«У мяне толькi адна мара... Я малюся, каб мае веды, мой талент, мая прыгажосць перайшлi да нашай Ядзi...» Такiя настроi i падобныя словы я чую ад жонкi даволi часта, але кожны раз гэта кранае мяне, i моцна.

Грошы

Безумоўна, грошы – iнструмент мужчынскi. Толькi мужчынскi ён таму, што мужчына вырашае, колькi мусiць мець грошай яго жонка. Перакананы: каб захаваць паўнавартасную сям’ю, неабходна, каб жонка мела доступ да паловы вольных сродкаў. Інакш яна будзе адчуваць прынiжанасць, дыскамфорт, сваю другаснасць... І можна будзе пачуць: «Ты зрабiў з нас рабоў з дапамогаю сваiх грошай. Нас: мяне, сына, дачку; нас, самых блiзкiх табе людзей, ты разглядаеш, як працаўнiкоў. Вырашаеш толькi ты, бо ў цябе грошы, i грошы толькi твае...» Падобнае чуеш i пасля таго, як аддасi палову вольных сродкаў у агульнае карыстанне, але гэта ўжо несправядлiвы папрок, зусiм несправядлiвы.

Апаратура

Яе любяць, даглядаюць, лашчаць. На яе збiраюць грошы. Па яе ездзяць у Берлiн, у Маскву... Тата з Нью-Йорка прывёз Алене фотаапарат. Калi сапсуецца аб’ектыў – драма. Калi паб’ецца лямпа ў асвятляльнiку – гора. Ну а колькi размоваў пра Яе Вялiкасць апаратуру!.. Нiканы, Кэнаны, Хасельблады – яны амаль як людзi. Гэта для мяне – людзi, а для жонкi – звышлюдзi. Яны – магi, фокуснiкi, чараўнiкi i алхiмiкi. Калi жонка мяне дастае, я забiваю такога алхiмiка. Бразь яго аб кафельную падлогу – i паляцелi ў розныя бакi парэшткi апарата!.. Даводзiцца купляць новы. Але якая асалода – знiшчыць якога Нiкана! Большасць вайскоўцаў кайфуе не ад знiшчэння ворагаў, а ад знiшчэння iх апаратуры, гэта значыць, зброi. І яшчэ цiкава ў сярэдзiну апарата зазiрнуць, ну i жончыны слёзы – неабходная дэталь сямейнага жыцця. Што за сям’я без слёз? Апаратура...

Гульнi з варонамi

У парку, памiж нашым кварталам i рэчкаю, на высокiх дрэвах начуюць вароны. У шарую гадзiну яны кружляюць у небе шумлiвай хмараю, а потым з крэктам i карканнем уладкоўваюцца спаць. Мы з Аленаю падыходзiм пад абсаджаны птушкамi клён i грукаем па камлi. Вароны ўзлятаюць, абурана пакрыкваюць, шархацяць у паветры вугальнымi крыламi i рассаджваюцца на суседнiм дрэве. У парку цёмна, пустэльна. Толькi мы i птушкi. «Ого-го-го-го!!!» – крычыць Алена, а я хутка-хутка пляскаю далонямi. Такое рамантычнае здзяцiньванне. Нiколi i думаць не думаў, што ў сорак буду варон ганяць, што так прыемна сачыць за iх палётамi ў начным абзораным небе. Вароны пералятаюць на другi бок рэчкi, сыплючы картавыя праклёны на неразумных людзей. Цяпер я разумею тых, хто трымае галубоў i гадзiнамi сочыць за iх куляннем у высокiм сiнiм небе. А тых, хто нi разу не ганяў варон, не разумею, нават крыху iм спачуваю.

Ластаўкi

Прыбiральшчыкi ў гатэлi Le Meridien спорваюць ластаўчыны гнёзды. Алена бяжыць у дырэкцыю i сварыцца, маўляў, у ластаўках, у iх прысутнасцi ўся адметнасць гэтага месца. Дырэктар дае слова, што прыбiральшчыкi больш не будуць нiшчыць птушыных гнёздаў. Праз год ластаўкi вяртаюцца i лепяць свае хаткi на тых самых месцах, дзе будавалi раней. Алена ганарыцца перамогаю, выходзiць на гаўбец i размаўляе з птушкамi, як з сябрамi, а тыя лётаюць вакол яе, нiбыта выказваюць удзячнасць.

Порна

Жонка выпiвае з геямi. Яны не геi, яны дзеля прымiтыўных выгодаў, што прыходзяць да iх у выглядзе грашовых траншаў, называюць сябе геямi, трансвестытамi, лiбераламi цi анархiстамi, яны палiтшарлатаны – прыносяць вiно, каб выпiць з Аленаю i цiхенька скрасцi якую iдэю. У Алены процьма брутальных iдыёцкiх iдэяў... Зняць парнафiльм у Белавежскай пушчы. Порна з зубрамi, з ласямi, з дзiкамi... Ну, ну... З лесунамi, з балотнiкамi, з палевiкамi... Мне прыкра не ад порна з зубрамi, а ад палiткастратаў, што лезуць у сябры да жонкi. Яны сыходзяць, i жонка, каб дагадзiць мне, а можа i шчыра, кажа: «Я зазiрнула iм у вочы – а там няма будучынi...» І гэта ўжо дакладна для мяне: «Ты ж можаш зрабiць погляд, скiраваны ў вечнасць?..»

Раскоша

Жонка раскошуе. Яна ў спантанным пошуку раскошы. Яна танчыць ад лепшага да найлепшага, ад высокага да найвышэйшага... Ласкавыя шолахi бавоўны, пяшчота футраў, ломкiя промнi дыяментаў, цеплыня золата, халадок палацаў – шмат, шмат недасяжных для iншых рэчаў i рэчываў ёсць у яе. А жонка не спыняецца, яе вабiць раскоша кахання, раскоша ўласнай зорнасцi, раскоша распуснасцi i размаiтасцi. Яна сама ўвасабляе гэтую раскошу са скаканнем на канi ў заснежаных палях, праз могiлкi, пад аблокамi, падобнымi да анёлаў, па сумётах, iскрыстых i безжыццёвых, як вечнасць, злоўленая ў шасцiпромнасць сняжынкi. Мая жонка раскошная, як сняжынка.

Вераб’iнае дрэва

Алена прыносiць з кiрмашу мяшэчак чорных семак. Насыпае на падваконне. Першымi знаходзяць пачастунак сiнiцы. Яны падлятаюць па адной, бяруць у дзюбку семачку, нясуць на лiпу i там лузгаюць. За сiнiцамi, праз колькi дзён, налятаюць вераб’i. Яны дзяўбуць семкi проста на падваконнi; калi ласункi сканчаюцца, яны яшчэ доўга сядзяць на лiпе, чакаюць. Такое вось вераб’iнае дрэва заводзiць Алена пад вакном нашае варыўнi. Сярод птушак ёсць адна не зусiм звычайная: найсмялейшая, яна першая сядае на падваконне. Спiнка, хвост i галоўка ў яе вераб’iныя, а крылцы i дзюба – як у хвалiстага папугая. Верабей-папугай менш за ўсiх баiцца людзей i хутчэй за астатнiх лушчыць семкi. Да вераб’iнага дрэва ў нашай сям’i стаўленне самае рознае. Алена яго гадуе, я за iм назiраю, Ядзя лiчыць, што толькi сiнiцаў трэба кармiць, а вераб’ёў трэба праганяць. Кот Чарлi, калi бачыць птушак, вельмi хвалюецца, калоцiцца i б’е хвастом – яго даводзiцца зачыняць у iншым пакоi.

Дачка

Мiкола з цяжарнай Юляю жывуць асобна. Ядзя едзе на Дэльфiйскiя гульнi, яна ў нас цяпер фотамастак. Алена заглыбляецца ў скруху i кажа мне, загорнутаму ў воблака алкаголю: «Калi ў нашых дзвюх кватэрах, на нашых двухстах квадратных метрах няма жыцця, значыць, мы – без Ядзi! Сэрца маё разрываецца ад самоты...»

Каптурык

Алена страшна перажывае за нашую нявестку Юлю. Апошнiя днi перад родамi Алена так нервуецца, што пакрываецца лiшаямi, чырвонымi плямкамi па ўсiм целе. Чаго ты так калоцiшся? Яна ж не ведае, як гэта цяжка нараджаць, а я ведаю! Роды праходзяць нармальна. Але перажыванняў у Алены не менша. Наадварот. «Як ён там? Што снiцца нашаму ўнуку?..» – пытаецца яна пасярод ночы. «Каб ты толькi бачыў, як ён высоўвае язык...» А з каптурыкам наогул гiсторыя... Нявестцы падаецца, што дзiця мерзне, i яна надзявае яму не адзiн, а адразу два каптурыкi. У дзiцяцi адразу ж уздымаецца тэмпература. Пакуль здагадваюцца тыя чэпчыкi зняць, Алена ледзь не памiрае ад страху. Чуллiва гэта ўсё.

Мянушкi

Без мянушак у iнтымным жыццi абысцiся цяжка, а можа, i немагчыма. Вось i з’яўляюцца ўсе гэтыя «коцiкi», «рыбкi», «зайчыкi»... Набор мянушак даволi абмежаваны. І я не люблю, калi жонка называе мяне «коцiк», бо «коцiкам» можа быць i сын Мiкола, i дачка Ядзя, i чарговы натуршчык-гей, i пазачарговая натуршчыца-сапфiстка... А таму для жонкi, адразу пасля знаёмства, прыдумляецца iнтымнае iмя «Сфiнкс», а калi ласкава – «Сфiнксiк». Ёй падабаецца, яна сама сябе называе «твой Сфiнкс». Так дваццаць гадоў я i сплю ў адным ложку са сваiм Сфiнксам. Часам называюцца iншыя iмёны, толькi не прыжываюцца яны ў нашым ложку. У апошнiя месяцы Алена паўнее, i я называю яе «Збанок». Яна адгукваецца: «Я – твой Збаночак...» Ненатуральна атрымлiваецца. Прыблiзна. Сфiнкс вiдавочна перамагае i застаецца ў нашым сямейным жыццi: ён жа вечны, гэты залаты Сфiнкс.

Месячныя

З нараджэннем унука Вовачкi адносiны ў сям’i трансфармуюцца. Наша Ядзенька з маленькай дачушкi ператвараецца ў цётку Ядзю, а яе гэта зусiм не радуе. Вось жонка i скардзiцца на доччыну жорсткасць. «Я стамiлася, а ў мяне яшчэ i месячныя...» – «Нашто табе месячныя, калi ты ўжо баба?» Уяўляеш? Гэта мне Ядзя кажа...» Уяўляю, смешна да гаркаты.

Зорная хвароба

Калi ў каго i ёсць у нашай сям’i зорная хвароба, дык гэта ў Алены. «Я – зорка. Я здзейснiла сэкс-рэвалюцыю ў Беларусi i Лiтве. Я – гей-iкона. Я... Я... Я...» Яна i не адмаўляе, што хварэе. «Так, у мяне зорная хвароба. Ну i што? Я – лепшы фотамастак у Менску, лепшая ў Беларусi; каб жыла ў Лондане – i там была б найлепшым фатографам...» Спрачацца бессэнсоўна, бо праяўляецца хвароба пасля бутэлькi сухога чырвонага вiна. Любое аспрэчванне можа выклiкаць агрэсiю, што выльецца ў бойку. А каму трэба бойка з жонкаю? І ўсё ж здаралася i такое, брыдкае i хабёльскае. Толькi гэта не лекуе зорнай хваробы – наадварот, канфлiкты толькi ўзмацняюць яе, нiбыта служаць доказамi абранасцi, самаахвярнасцi маёй, безумоўна, ге(й)нiяльнай жонкi.

Алкаголь

Найбольшую колькасць алкаголю я выпiваю з жонкаю. Пiць на працы, пiць з сябрамi, з сабутэльнiкамi, са знаёмымi, з жанчынамi, са сваякамi i з кiм бы там нi было – значна горш, чым з жонкаю. Пiць у адзiноце я не прызвычаiўся: неяк няўтульна адному напiвацца, бо пачынаеш раздвойвацца, каб пагаварыць, i раздвойваешся не на сябе i сябе, а на сябе i жонку – пэўна, звычка. Так што чарку я бяру з жонкаю. А яшчэ дзякуючы яе перакананням, што спiртное затрымлiвае працэс старэння, у мяне было досыць мала сямейных канфлiктаў з-за бутэлькi. Як гэта нi парадаксальна, але я кiдаю выпiваць таксама дзякуючы жонцы. Доктарка, якая дапамагала мне вырашаць праблему з п’янствам, вельмi агрэсiўна ставiцца не да мяне, а да яе. «Калi ён адмовiцца ад гарэлкi, ён кiне i вас!» – папярэджвае лекарка Алену. «Хай кiдае, мне важна, каб ён быў здаровы!» Алкаголь я пакiдаю ў мiнулым, а жонку не.

Коўдра

Колькi жывем разам, столькi я сплю з жонкаю пад адной коўдраю. Сваё назiранне: «Любiш не таго, з кiм кладзешся ў ложак, а з кiм прачынаешся». Варта было б удакладнiць: «...прачынаешся пад адной коўдрай». Напэўна, нi прасцiна, нi ручнiк, нi ложак так не цэментуюць сям’ю, як коўдра. А замена зiмовай коўдры на летнюю i летняй на зiмовую – наогул адзiн з найiнтымнейшых рытуалаў, бо гэта тая унiверсальная апранаха, якую носiм з жонкаю найбольш часу. Таму i колер, i якасць, i чысцiня маiх падкоўдранiкаў i коўдраў вельмi важная. Улюбёны ўзор на нашай пасцельнай бялiзне – белыя сланы на сiнiм полi.

Конь

Чаго я не разумею, дык гэта жончынага захаплення коньмi. Яна ездзiць у Ратамку i займаецца конным спортам. Скача ў палях. Яна – вершнiца. І дачку прымушае-прывучае любiць сядло. Каб я слухаў яе аповяды пра выездку, манеж i галоп, яна б гаварыла i гаварыла. Толькi не слухаю. Хiба такое: «Конь Салют мяне пазнаў i ўкусiў, сабака!»

Тэрмiн

Нiхто дакладна не ведае часу сваёй смерцi, у гэтым i ёсць адзiн з асноўных складнiкаў красы i моцы жыцця. Дактары, асаблiва недавукi, з лёгкiм сэрцам прарочаць прысуд: «Вам засталося...» Называецца тэрмiн. Нейкая медсястра-паўвар’ятка сказанула Алене, што ёй застаецца жыць дзесяць гадоў, не больш. Доктар сварыцца на сястру мiласэрнасцi, але атрута прароцтва распаўзаецца ў Аленiнай свядомасцi. Лягчэй верыцца ў горшае. «Як добра, што ў цябе чыстая кроў. А мне засталося жыць з маiм ракам стрававода толькi дзесяць гадоў...» – Алена спрабуе быць мужнай.

Жорсткасць

Каб зняць стрэс, каб хоць неяк пазбавiцца ад думак пра хуткую смерць, Алена пачынае адкаркоўваць бутэльку шампанскага. Тая выслiзгвае з рук, падае на каменную падлогу i разбiваецца ўшчэнт. На гук выбуху прылятае Ядзя: «Святкуеш сваё вар’яцтва?» Жорсткасць дачкi выклiкае ў жонкi слёзы. Яны цякуць некалькi дзён, высыхаюць i зноў цякуць.

Лiставанне

Алена вельмi любiць пасылаць i атрымлiваць лiсты. Пасля нашага знаёмства я атрымлiваў капэрты з яе фотаздымкамi ледзь не штодня. Цяпер я атрымлiваю ад яе паэтычныя пасланнi па сотавым тэлефоне. Гэта хайку, напiсаныя падчас прагулянак з унукам у парку. Алена пiша сваiм натуршчыцам i натуршчыкам, сябрам i сяброўкам, i ўсiм, усiм, усiм, хто здатны адказаць. Часам яна распачынае лiставанне з дачкой, абменьваюцца цыдулкамi па кулiнарыi. «Мамусь, дай мне грошы на iнтэрнэтную карту...» – «Ядзенька, дастань з лядоўнi баранiну, каб размарозiлася да прыходу кухаркi...» А самыя цiкавыя лiсты Алена з Ядзяю пiшуць да Бога. Ходзяць у Вiльнi ў касцёл Францысканцаў i ў вялiзнай кнiзе пiшуць пасланнi. Што яны просяць, пра што распавядаюць – не ведаю. Але дакладна: ён iм у гэтай кнiзе не адказвае. Як на маю думку, дык не трэба пiсаць у такой кнiзе. Бо аднойчы я напiсаў лiст да каханай жанчыны i не адаслаў, напiсаў яшчэ адзiн i таксама не адаслаў, напiсаў трэцi – i зразумеў, што самыя найiнтымнейшыя лiсты не трэба адсылаць. Іх трэба толькi пiсаць. Зрэшты, можна i адаслаць.

Фiльмы

Кiно – вечная мара Алены. Ад самага пачатку нашага знаёмства яна разважае, як будзе здымаць кiно. Часам надараецца магчымасць зрабiць маленькi сюжэцiк на тэлебачаннi, але за месяц да пачатку здымкаў i тры месяцы пасля паказу ролiка з Аленiных вуснаў не сыходзiць слова «кiно». Кiнаманка – даволi трапная характарыстыка маёй жонкi. Першым «кiно» становiцца калаж са слайдаў з менскiмi краявiдамi i вершамi Багдановiча за кадрам. Нiчога лепшага за дваццаць гадоў яна на тэлебачаннi так i не зробiць... Адразу агаваруся. У вялiкiм кiно Алена наогул нiчога не зробiць. У тым чароўным каляровым мастацкiм кiно, у якiм згарае пакаленне нашых бацькоў, Лена нi разу i не здымецца. Ёсць поўнаметражны дакументальны фiльм пра лёс савецкай жанчыны, дзе Алена iграе Алену – генiяльнага фатографа, якi здымае прыгажуняў. На хвалi эмансiпiзму фiльм нават бярэ прыз на Берлiнскам фестывалi, на тым самым фестывалi, дзе Алена хапае зорную хваробу, калi прывозiць туды апошнi – я спадзяюся – тэлефiльм пра сябе... Фiльм нiхто ў Берлiне не бачыць, бо ён не змантаваны. Затое ў бары вывешваюць Аленiны фотаздымкi, нiбыта кадры з кiно... Сюжэт – калi тое, што атрымалася, можна назваць сюжэтам... Натуршчык-гомасэксуалiст пакахаў жанчыну-фатографа, яна – садыстка i замарозiла бедную ахвяру кахання, як Снежная Каралева спрабавала замарозiць хлопчыка Кая, спакусiўшы яго магiчным словам «вечнасць», выкладзеным з крышталiкаў лёду. Мне сорамна, бо выродлiвы сюжэт прыдумваю я сам. Наогул, усе сюжэты яе фiльмаў прыдумваю я. Неяк так атрымлiваецца, мiж iншым. Так здараецца з вiдэафiльмам «Персыфаль», калi на музыку Рыхарда Вагнера накладалiся тры розныя матывы... Першы: Алена заходзiць у стайню, сядлае каня i скача ў палi. Другi: Алена гатуе сняданак, Алена ладзiць пiкнiк з сябрамi, Алена ўрачыста вячэрае. Трэцi: Алена фатаграфуе мадэлек, якiя распранаюцца, распранаюцца i распранаюцца. Матывы пераплятаюцца – i атрымлiваецца музычны клiп Вагнера. У краiне, дзе нельга нiдзе нiчога нiкому сказаць, такi фiльм мае сiмвалiчнае значэнне. Толькi рэальнасць карэктуе iдэю, i фiльм выходзiць бяздарны з-за дурноты рэжысёра i аператара. Мантаж запорваецца цалкам. Я наогул перыядычна стаўлю крыж на кiно ў Беларусi, на кiно ўвогуле i на ўсiх творчых працэсах, дзе задзейнiчаныя больш за дзве асобы. Алена ўсё лезе i лезе ў табар кiнатусоўкi, здымаецца ў эратычных сцэнах i атрымлiвае зорна-брутальную хваробу. Кiнатэлешоўтусоўка выклiкае ў мяне агiду, а Ленку шкада. Балюча глядзець на чалавека, на творцу, на мастака, чые мары разбiваюцца аб дзверы непабудаванага кiназамка. Каб Алена здымалася ў вялiкiм мастацкiм кiно, жыла б пад нашай коўдраю не зорная хвароба, а ўзорна-псiхiчна-суiцыдальная. Дакладна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю