355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Дом » Текст книги (страница 1)
Дом
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 19:00

Текст книги "Дом"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 7 страниц)

Адам Глёбус
ДОМ

Раман-аўтапартрэт у сямейным iнтэр'еры

Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Дом: Раман-аўтапартрэт у сямейным iнтэр'еры – Мінск: Логвінаў, 2004. – 143 с.

© Камунікат.org, 2012

Частка першая. Унук

Падарунак

Жонка гаворыць: «Найлепшы падарунак, якi я зрабiла табе за жыццё, – унук Вова. Ён, як i ты, – Валодзя Адамчык. Мы ўсе будзем яго любiць, як i цябе». Не пярэчу. Не каментую. Усмiхаюся, бо прыемнасць у невядомасцi.

Водар

Узяў Вову на рукi. Іду з iм праз вераснёвы парк. Яму толькi тры месяцы. Яму яшчэ цяжка трымаць галаву. І я прыцiскаю яго лоб да сваёй шчакi. Водар... У дзяцей пяшчотны водар. Першага разу я выразна пачуў гэты пах, калi выцягнуў з калыскi сваю стрыечную сястру. Ёй было таксама месяцы тры. Яна капрызiлася, плакала... Каб супакоiць, я ўзяў яе на рукi. Водар дзiцяцi мяне здзiвiў. Прэсна-салодкi, чысты i моцны. Так пахла мая Вольга, так пахла мая Ядзя. Цяпер такi водар сыходзiць ад Вовы. Чужыя дзецi пахнуць крышку iнакш, менш салодка i больш прэсна.

Перацяканне

Алена праспала цэлы дзень. Яна нечым атруцiлася – на Камароўскiм кiрмашы каштавала розную садавiну. Як ты купiш, не пакаштаваўшы?! Да гэтага Алена прастудзiлася, катаючыся ў полi на канi. Хваробы нападаюць на яе адна за адной, нiбыта прырода паўстала супраць яе цела. Алена марнее проста на вачах. Асаблiва выразна перамены бачацца тады, калi яна бярэ ўнука на рукi. Той нiбыта пачынае расцi. Я бачу, як ён павялiчваецца, а баба змяншаецца. Жыццё наўпрост перацякае з яе ў яго. Ад назiрання за перацяканнем жыццёвай сiлы я нямею.

Прыход

«Вова прыходзiў», – кажу брату. «Прыносiлi...» – «Цяперака ў нас гэта называецца «Вова прыходзiў». – «Ну i як?» – «Спакойны хлопчык, спаў, пакуль мы вячэралi. Прачнуўся, на рукi папрасiўся... Усё яму цiкава... Спрабуе нешта сказаць... Белы, чысты, вочы блакiтныя...» – «Адчуваеш сябе старым?» – «Так».

Адлегласць

«Як твая ўнучка?» – знаёмы мастак Валодзя глядзiць на мяне блакiтнымi вачыма. «Унук!» – «Прабач...» – «Унук – Вовачка!» Смешна. Мы добра помнiм старэйшых вучняў у сваёй школе i студэнтаў у сваiх iнстытутах i акадэмiях, кепска – маладзейшых. А ўнукi страчваюць пол, так яны далёка ў нашай памяцi. Мастака Валодзю не ўратоўвае нi тое, што мой унук – ягоны цёзка, нi тое, што я трэцi раз кажу яму пра гэта. Чужыя ўнукi ўжо на той адлегласцi, калi неабавязкова ведаць iх iмёны, усё адно не дагукаешся.

Рэўнасць

Здавалася б, чаго... Але ёсць зайздрасць i рэўнасць да новага чалавека. Вось ён будзе жыць, а ты, а мы, а ўсе... «Вядома, у Вовачкi будзе ўсё!» – з ледзь прыхаванай злосцю кажа Ядзя. Яна больш за ўсiх у сям’i страцiла з прыходам Вовы ў гэты свет. Яна была малодшая, найлюбiмейшая, найдаражэйшая... А тут ён – цэнтр увагi, цэнтр размоваў i перажыванняў. А яна – цётка Ядзя. З дзяўчынкi ды ў цёткi. І незваротнасць. Да любовi, што прыйдзе, што з’явiцца, трэба яшчэ прывыкнуць, i не толькi Ядзi, а ўсiм нам, хто страцiў, але ж i набыў.

Гу!

Вова гаворыць: «Гу-у!» Смяецца. Хапае мяне за нос i вострым, як лязо, пазногцiкам пакiдае драпiну. Цяпер i ў мяне, i ў Вовы аднолькава падрапаныя насы. Вось табе i «гу».

Песнi

Успомнiць не магу, калi Алена спявала. Цi то пяць гадоў мiнула, цi то ўсе дзесяць. А тут чую – пяе. У нядзелю Мiкола з Юляю ходзяць у басейн, а Валодзю пакiдаюць у нас. Вова – наш анёл. Чысценькi, светленькi, дабрадушны, адно што ў свае паўгода яшчэ не размаўляе. Ён смяецца i вельмi любiць, калi яму песнi спяваюць. Жонка спявае, ну i я раблю «ля-ля-ля-ля». Унук вярнуў нам песнi.

Частка другая. Дачка і жонка

Дачка

Цацка-Кiцiк

Улюбёная цацка ў Ядзi – блакiтны пластыкавы кiт. Ён невялiкi, сантыметраў дваццаць, падрапаны i халодны. Як такога можна любiць? А вось любiць, да грудзей прыцiскае, лашчыць са словамi «кiцiк, мой кiцiк». А колькi было крыку i слёзаў, калi кiцiка пусцiлi плыць па вясновай ручаiне ўздоўж асфальтавага ходнiка! Плыў ён, плыў па iскрыстай сонечнай плынi, блiшчаў вiльготнымi бакамi, пакуль не правалiўся ў закратаваны вадасцёк. Кiцiк даў нырца памiж металёвымi пруткамi. А Ядзя ўшчала лямант на ўсю вулiцу Янкi Маўра. Добра, што хвост ва ўлюбёнца быў значна шырэйшы за галаву. Тым хвастом цацка i зачапiлася за пруты i павiсла над чорна-сцюдзёным прагалам. Выратавалi мы кiцiка, абцёрлi насоўкаю. Занеслi дамоў. І больш нi разу Ядзя не брала свайго ўлюбёнца на прагулянку.

Героi

У кожнага дзiцяцi свае героi казак i апавяданняў. Ёсць агульныя: Снежная Каралева, Аладын, Гулiвер i Рабiнзон Круза, але з’яўляюцца i непаўторныя, асабiстыя. У Ядзi iх было тры: манеўровы цягнiк – Манеўруша, грузавая Бетонамяшалка i Вогнетушыцель. Чаму гэтыя рэчы, гэтыя механiзмы пакiнулi найглыбейшы след у яе трох-пяцiгадовай свядомасцi, не ведаю. Уразiлi, i ўсё! І яна патрабавала ад мяне самаробных казак пра Манеўрушу, Бетонамяшалку i Вогнетушыцель. Я iмправiзаваў з трыма героямi... Манеўруша ездзiў i ў Маскву, i ў Варшаву па запчасткi. Бетонамяшалка выходзiла замуж за вежавы кран, i ў iх нараджалiся маленькiя трактары. Вогнетушыцель выратоўваў лес ад пажару. З iм было лягчэй: галоўнае – знайсцi пазнавальны аб’ект i падпалiць. Гэта ўсё станоўчыя i ўлюбёныя героi, а быў яшчэ i злосны, брыдкi, агрэсiўны Вантуз. Ён не толькi не хацеў працаваць, прамываць чарупiну i ванну. Ён i шкоду рабiў: Манеўрушы клаў цаглiны на рэйкi, у Бетонамяшалку закiдваў цвiкi, падпальваў Палац спорту i Палац мастацтваў... Карацей, жыў паўнакроўным лёсам злачынцы з вялiкай дарогi. Даўно тое было, а цяпер, чакаючы ўнука, думаю: каго ён абярэ ў свае героi, хто i што ўразiць яго душу? Час не толькi хутка ляцiць, ён яшчэ хутчэй мяняе герояў.

Дзень нараджэння

Адзiн з самых радасных дзён у маiм жыццi – дзень, калi нарадзiлася Ядзя, 25 лiстапада 1983 года. Снегу было шмат, у лесе пад горадам ледзь не па пояс. Я вярнуўся ў Менск з семiнара маладых лiтаратараў, iшоў па Бранявым завулку ў бок сiняга заснежанага парку, за якi сядала вялiкае i яснае сонца. Жоўты, сiнi, чырвоны колеры перапаўнялi мяне. Мароз надаваў усяму iснаму крыштальную яснасць i гармонiю. «У мяне нарадзiлася дачка. У мяне ёсць дачка...» – я паўтараў i паўтараў гэта рознымi словамi i ў розных iнтанацыях, уголас i сам сабе, як запавет, як заклiнанне, як малiтву... Калi мне цяжка, млосна, маркотна, невыносна жыць, я ў думках вяртаюся ў той дзень, у той стан, да сiнiх дрэваў, да чырвона-жоўтага неба, да глыбокага чыстага снегу... Кажу: «У мяне ёсць дачка». Супакойваюся i радуюся гэтаму свету.

Ток

Нарадзiлася мая Ядзя не ў сем i не ў дзевяць месяцаў, як звычайна родзяцца, а ў восем. Неданасiла жонка дзiця, а ўсё з-за празмернай працавiтасцi. Трэба было ёй ставiць вопыты ў Акадэмii навук з нейкай там цэнтрыфугаю? Трэба было даследаваць нейкiя перагародкi мембранаў i iх уплыў на працэсы старэння чалавечага арганiзма? Можа, i трэба. Але праз любоў да ўсяго чалавецтва мы ледзь не згубiлi нашае дзiця. Трыклятая цэнтрыфуга ўдарыла Алену токам, ды так лупанула, што арганiзм не ўтрымаўся – i давялося нараджаць. Дачка была зусiм маленькая, важыла крышку больш за два кiлаграмы. І яе, бедную, адразу змясцiлi ў празрысты бокс на цэлы, недаходжаны жонкаю месяц... Акадэмiю навук, з яе вайсковым рэжымам, доследамi над жывёламi, таталiтарным мысленнем, я не любiў даўно. Пасля ўдару токам па маiх жонцы i дачцэ гэтую ўстанову наогул узненавiдзеў i зрабiў усё, каб Алена не вярнулася на працу ў Інстытут геранталогii. Яна i не вярнулася, стала мiрным i рэвалюцыйным фатографам i зрабiла безлiч партрэтаў нашай Ядзi.

Розум

«Не збiрай дзецям грошы, збiрай розум» – казала баба Броня. І не толькi казала, а i вывучыла сыноў. Гэтым афарызмам-сентэнцыяй карыстаюся i я. Збiраю, праўда, грошы, каб Ядзя хоць колькi магла павучыцца ў Лонданскiм унiверсiтэце. Наколькi вучоба i веды дадаюць розуму, можна дыскутаваць. Аляксандра Македонскага вучыў Арыстоцель – атрымаўся заваёўнiк. Нерона спрабаваў адукаваць Сенека – а тыран спалiў Рым. І ўсё ж англiйская адукацыя адрознiваецца ад беларускай у лепшы бок. Вярнуўшыся з Лондана, Ядзя абняла мяне, пацалавала i сказала: «Татачка, я так табе ўдзячна, так удзячна... Ты сам не ведаеш, што ты для мяне зрабiў...» Хiба ўдзячнасць – не праява розуму? Праява, самая натуральная.

КЕФIР

У Алены не хапала свайго малака, каб кармiць Ядзю. На такi выпадак была ў Менску дзiцячая кухня. Шторанiцы я бег у тую кухню з бутэлечкамi, выстойваў чаргу. Чаму ў чарзе амаль не траплялася мужчынаў? Чаму цёмнымi зiмовымi ранкамi ў мароз i снег па кефiр для немаўлят прыходзiлi цёткi i бабулькi? Не ведаю. Але мне ад гэтага было толькi лепш, бо «тату» пускалi без чаргi. З кухнi, пазвоньваючы бутэлькамi, я бег у радзiльню, дзе мая дачка вельмi добра ела i праз месяц стала звычайнай дзяўчынкай, якую мне аддалi ў ружовай капэрце вясёлыя медсёстры.

Cool

Найлепш нашыя стасункi можна пазначыць англiйскiм паняткам «сool». Памiж мной i Ядзяй заўсёды былi прахалода, свежасць, не iснавала напалу i страсцi. Спакой, незамутнёнасць, халадок застаюцца i цяпер. Часам i я, i яна бываем дзёрзкiмi, бессаромнымi, нахабнымi, але i гэта ўкладаецца ў слова «сool». Калi адбываюцца сутыкненнi, дык гэта сутычкi двух круглых рэчаў, двух шароў. Памiж намi няма вуглоў, фактураў, шурпатасцяў. Пасля ўдару мы разлятаемся ў розныя бакi, як два бiльярдныя шары. І астываем хутка – як гарбата на скразняку.

Кручэнне галавой

Спачатку нi я, нi жонка не заўважалi, як Ядзя круцiць галавою. Мы яе кладзём у ложак, а яна заплюшчвае вочы i пачынае матляць галавой то ўправа, то ўлева. Заўважылi – занервавалiся. У каго нi спытаем, нiхто не ведае. Нават дасведчаныя дактары хмыкалi i пацiскалi плячыма. Гэтае кручэнне мы ўбачылi праз тыднi два, як забралi дачку з радзiльнi. Алена здагадалася патэлефанаваць туды i запытацца ў нянек. Тыя i адказалi, смеючыся з нашых страхаў: «Гэта яна сама сябе гушкае, закалыхвае, каб хутчэй заснуць». Сапраўды, хто гэта будзе гушкаць-закалыхваць чужое дзiця ў пластыкавым боксе? Вось яно само i закалыхваецца. А яшчэ гэты бокс прывучыў Ядзю жыць па бальнiчным раскладзе: уночы спаць, есцi ў тэрмiн, не капрызiць. Нам ад гэтага было значна лягчэй. Выспацца ўночы пры малым дзiцяцi – вялiкая раскоша.

Дзiцячы сад

Уладкаваць Ядзю ў дзiцячы сад, як высветлiлася, – вялiкая праблема. Месцаў, бач ты, няма. Загадчыцы гэтага праклятага садка я паабяцаў зрабiць роспiс на калiдорнай сцяне, толькi каб яна знайшла месца. Панамалёўваў я розных пеўняў ды катоў з сабакамi. Тады i месца адшукалася ў кругласутачнай групе. «Паходзiць спачатку «на суткi», а потым перавядзём у звычайную групу». Ядзя адбыла ў тым садку тры днi i захварэла. Прастудзiлi гадаўкi-выхавацелькi маё дзiця. І не толькi прастудзiлi... З садка мы забiралi зусiм iншую дзяўчынку, чым адводзiлi туды. Мурзатую, прапахлую камбiтлушчам i млоснай прэласцю, маўклiвую i злосную. «На сутках» было толькi дзевяць дзяцей: два мурыны, два кiтайцы, армяначка i нашы бязбацькавiчы. Можна было б i даглядзець, здаецца. Але гэта адно здаецца. Таму, вылекаўшы Ядзю, мы ў садок яе не павялi, пакiнулi гадавацца ў бабы Жэнi i дзеда Ванi. Ну а роспiс, пэўна, дажыў да першага рамонту.

Холад

Сяброўка спытала, чаму ў мяне працоўны кабiнет пазавешаны Ядзiнымi фотапартрэтамi. Я сказаў: пiшу пра дачку, фоткi мне дапамагаюць. Вось i слова знайшлося, якое характарызуе нашы адносiны, – «сool». «Гэта ж «халодны»». – Сяброўка нiбыта i пакрыўдзiлася. – «Не «халодны», а «прахалодны»». «Якая рознiца? Вось магу расказаць пра сваю дачку... Самы запамiнальны, самы кранальны для яе эпiзод у стасунках з татам звязаны з цяплом, з шалiкам... Ён павёз яе ў больнiцу на аперацыю. Апендыцыт мусiлi выразаць. Медсястра сказала, каб паабразалi ўсе пазногцi, i дала нажнiцы. Муж разуў дачку, а каб яна не ставiла босыя ногi на халодны цэмент, зняў шалiк i паслаў на падлогу. Холадна было, снежань. Дачка запомнiла татаў цёплы шалiк на ўсё жыццё. А ты – «сool»». – «Правiльна, сool. Каб не халодная падлога, каб не снежань, не бальнiчныя скразнякi, не адчула б твая дачка цеплынi татавага шалiка».

Валасы

Адна з самых яскравых праяў у канфлiкце памiж бацькамi i дзецьмi звязана з валасамi. Калi адно пакаленне носiць доўгiя валасы, дык другое пастрыжэцца «пад нуль». Калi «нулявая» мода стане традыцыйнай, дык наступнiкi расфарбуюцца ва ўсе колеры вясёлкi цi надзенуць парыкi. І так з веку ў век. Ведаючы гэта i памятаючы, як сам гадаваў непаслухмяны кудлаты хаер, чакаў, калi ж Ядзя пачне дэманстраваць сваю дзёрзкасць i непаслухмянасць на галаве. Дачакаўся. Дзесяцiкласнiцай яна была i чырвонай, i сiняй, i зялёнай, i каштанавай, i ў белыя пёры, i з жоўтым вожыкам. Я не абураўся, адно прасiў, каб купляла якасную фарбу i не перапальвала валасы, бо лысая жанчына, як i рэдкавалосая, не зусiм прывабна глядзiцца пасля трыццацi. Мае парады ўспрымалiся кепска, але той цырульна-фрызурны пратэст мы даўно перажылi, i цяпер у дачкi натуральныя цёмна-русыя валасы, якiя аздабляюць твар вялiкiмi кудзерамi.

Пялюшкi

Цяпер, у часы памперсаў з блакiтнымi тэлевiзiйнымi сiкунамi i празрыста-зялёнымi тэлекакамi, развагi пра мыццё, сушэнне i прасаванне мяккiх пялюшак выглядаюць архаiкай. Такi ўжо ў чалавека лёс – бегчы за хутказменлiвай рэчаiснасцю, стамiцца i назаўсёды застацца ў мiнулым. Толькi мне дарагiя ўсе Ядзiны перамытыя мной i Аленаю пялюшкi. Колькi мы iх папаласкалi? Безлiч, сказаў бы я, каб не ведаў Юру Малiноўскага, якi палiчыў усе пялюшкi, перамытыя за сваiм сынам. У яго атрымалася 1700, i амаль столькi ж перамыла ягоная жонка. Ядзiны пялюшкi я не лiчыў. Пэўна, яно i правiльна – не ўсё трэба падлiчваць у нашым свеце. І колькi мы яшчэ перамылi б, перапаласкалi, перапрасавалi, каб толькi Ядзя была здаровая, чыстая i вясёлая? Тут ужо дакладна – безлiч.

Нянавiсць

Падзелы, перабудовы, пераарыентацыi, што адбылiся ў нашым грамадстве за апошнi час, вельмi моцна ўдарылi па маiх анарха-дэмакратычных перакананнях. Адбылося тое праз Ядзю. Яна марыла стаць доктаркаю, паступiць у медыцынскi iнстытут i лячыць людзей. Таму ў школе выбрала больнiцу, каб хадзiць на практыку. Там яе на працягу трох месяцаў прымушалi мыць прыбiральнi, нiбыта iншай працы для медсястры i быць не можа. Ядзя паскардзiлася дырэктарцы школы, а тая, паабяцаўшы дапамагчы, насамрэч затаiла сваю сацыяльную нянавiсць, i падчас агульнашкольнага сходу сказала, што такiя, як Ядзя, калi не хочуць мыць прыбiральнi, хай «валяць» да сваiх багатых бацькоў i ў iх працуюць, i ў iх вучацца, як нажывацца на бедах народа. Ну i якая пасля гэтага дэмакратыя i талерантнасць? Вядома, Ядзя пачала працаваць у мяне, i жадання стаць медыкам у нашай краiне ў яе паменела, а потым i зусiм знiк намер вучыцца на доктарку.

Несупадзеннi

Чым болей думаю пра Ядзю, чым далей пiшу пра яе, тым больш бачу несупадзенняў памiж створаным мною вобразам i рэальнасцю. Мая Ядзя значна меншая за сапраўдную. Так скульптура, зробленая ў натуральную велiчыню, выглядае заўсёды меншай за жывога чалавека. Каб каменная цi бронзавая постаць не была замалай, яе трэба выляпiць на трацiну большай. Жывы заўсёды ў руху, заўсёды змяшчаецца ў прасторы, дыхае, паварочваецца, узаемадзейнiчае з асяроддзем, падпарадкоўваецца яму i ў той самы час падпарадкоўвае яго сабе. Нават адбiтак у люстэрку меншы за таго, хто ў iм адлюстроўваецца. Таму я нiколi не разумеў Нарцыса, закаханага ва ўласны твар на паверхнi вады. Таму напiсаць з натуры партрэт любiмай дачкi, ведаючы наперад пра паразу, цяжка. І ўсё ж...

Адчужанасць

Ядзя прынесла вiдэакасэту «Вяртанне ў пекла». Насамрэч у англiйскiм варыянце фiльм называўся «Сын, якi прапаў». Мы селi глядзець яго пасля вячэры. Жонка, дачка i я глядзiм нейкi трылер з мажным французскiм кiнаакторам, якi даволi няўмела iграе прыватнага дэтэктыва, што намерыўся перамагчы сусветную мафiю педафiлаў. Сюжэт квалаваты. Ну, пераможа ён вычварэнцаў, гандляроў мексiканскiмi дзецьмi. Таму разглядаем Лондан. Стараемся пазнаць гатэлi i вулiцы, дзе здымалi трылер. Гэтымi размовамi перакрываем сцэны гвалту над хлопчыкамi. І я лаўлю сябе на адчуваннi, што Ядзя зусiм дарослая, зусiм не дзiця. І калi ўранку, запаўняючы анкеты на новы пашпарт, я з сумам прапусцiў графу дзецi, дык увечары парадаваўся, што мая малодшая i любая дачка вырасла. Цяпер яна дарослая i чужая... Цi дакладней, не такая блiзкая i залежная, як раней.

Школа

Мая асабiстая нялюбасць да школы перарасла ў нелюбоў да Ядзiнай школы ды i да школы ўвогуле. У Ядзiнай школе я быў усяго два разы. Першы раз я прывёў яе, упрыгожаную белымi бантамi, у першы клас, а другi раз занёс дырэктару заяву, каб дачку вызвалiлi ад працоўнай практыкi ў калгасе, бо мы ехалi на Балтыйскае мора адпачываць. І ўсё. За адзiнаццаць гадоў два разы. Вучылася Ядзя добра, паводзiла сябе прыстойна, на бацькоўскiя сходы хадзiла баба Жэня. Школу мы перажылi лёгка.

Кашалёк

Вось яна дарослая, дарослая... А надзявае на руку кашалёчак у выглядзе чорнага каня з белым хвастом i грываю, засоўвае яму ў жывот свой пэйджар, круцiць цацку перад вачыма, любуецца лупатымi шклянымi вочкамi свайго ўлюбёнца... Дзiця яна, мая Ядзя.

Грошы

Каму нiколi не шкадую грошай, дык Ядзi. Даю рублi i даляры нiбыта сам сабе. І не проста сабе на штодзённыя патрэбы, а сабе на святы i падарункi. Ядзi шмат чаго трэба... Урокi вакалу, ровар, набор гелевых ручак, джынсы, глiцэрынавае мыла, парфума, начная дыскатэка, карткi на Інтэрнэт... Але яна не злоўжывае маёй грошадайнасцю. З дзяцiнства ў яе ёсць дарослы разлiк, жыццёвая мудрасць, якой нi ў мяне, нi ў жонкi няма.

Кнiжны кiрмаш

Па суботах мы любiм хадзiць па кнiжкi. «Ты сёння iдзеш?» – «Іду». – «І я з табой». Мы праходзiм памiж сталоў, застаўленых кнiгамi, часопiсамi, касетамi i сiдзiромамi. Ядзя заглыбляецца ў контркультуру... Томпсан. Наркаманы. Байцоўскi клуб. Ярафееў. Бероўз... А яшчэ блiскучыя часопiсы... GEO, HAIR’S HOW... Купляю ёй Бероўза, каб пагаварыць пра наркаманiю i растлумачыць, што Бероўз не наркот, бо наркоты не жывуць па восемдзесят гадоў i не пiшуць разумных i паэтычных кнiжак пра лiрыку сноў. Выхаваўчы момант? А як без яго?

Адказнасць

Можа, каму i не трэба мець чалавека, перад якiм можа быць сорамна, меркаванне якога вельмi значнае, чые думкi i адзнакi важныя... Зазвычай гэта настаўнiкi, святары, начальнiкi цi Бог у яго шматаблiчных праявах. У мяне ж iерархiя будуецца i будавалася крыху iнакш. Думка таты значыла для мяне больш, чым развагi ўсiх начальнiкаў разам узятых. Развагi мамы былi дый застаюцца больш каштоўнымi за дыдактыку настаўнiкаў. А кожнае значнае рашэнне я прымаю, параiўшыся з братам i ацанiўшы яго вачыма дачкi. Гэта погляд не зусiм цяперашняй Ядзi, а Ядзi праз дзесяць гадоў. Ну не хачу я, каб ёй было сорамна за татавы ўчынкi нi праз дзесяць, нi праз дваццаць, нi праз пяцьдзесят... А турбаваць Найвышэйшыя сiлы па рознай чалавечай драбязе не лiчу патрэбным. Дачкi тут больш чым дастаткова.

Вакал

Ядзя ў кансерваторыi бярэ ўрокi вакальнага майстэрства. Выкладчыца яшчэ пасля iспыту безапеляцыйна вынесла прысуд: голасу няма, але ёсць жаданне, смеласць i слых, а таму яна будзе займацца з Ядзяю. Не аднойчы i на маiх мастакоўскiх i паэтычных здольнасцях ставiлi крыж. Але ў кожным крыжыку можна ўбачыць плюсiк. Калi захацець, калi мець характар. Колькi таго характару было трэба, каб прымусiць дачку скончыць музычную школу! І слёзы, i капрызы, i лаянкi са знявагамi – усё мiнула. Школу музычную Ядзя скончыла выдатна. Цяпер неiстотныя нi сваркi тыя, нi пяцёркi. Істотна – для каго яна будзе спяваць. Бо вершы i песнi не зусiм належаць аўтару, у большай ступенi яны належаць тым, дзеля каго пiшуцца. Як ёй гэта растлумачыць? І цi можна вытлумачыць любоў? Пэўна, не. А без гэтага застануцца толькi пяцёркi i грошы, i мне будзе сумна.

Холад

Чаму самыя цёплыя ўспамiны пра Ядзiна дзяцiнства ў мяне асацыююцца з холадам? Мусiць, таму, што нарадзiлася Ядзя напярэдаднi зiмы, i ўсе хваляваннi – каб жа толькi не застудзiлася, не замерзла, не захварэла... І робiцца цёпла ад успамiну, як я з ёю на руках уздымаюся ў пусты намёрзлы тралейбус, дзе ўсе шыбы пазарасталi крышталёвымi кветкамi лёду. Як сядаю на рыпучае крэсла каля вадзiцельскай кабiны i трасу бразготкаю перад яе соннымi вачыма. Не спi, нам весела, мы едзем дадому, там твой цёплы ложак...

Неадпаведнасць

У Рымiнi Ядзя пазнаёмiлася з нейкай Анжэлаю Боска, семнаццацiгадовай дзяўчынаю з Мiлана. Яны разам хадзiлi купацца ў гатэльны басейн. Мяне вельмi выратоўвала гэтае сяброўства, бо нумар у мяне быў хоць i вялiкi, але ж аднапакаёвы. Заставацца з жонкаю можна было толькi, калi Ядзя купалася з Лесавiчкаю, так я пераназваў Анжэлу, бо Боска па-iтальянску – «лес». Сяброўства тое скончылася раптоўна. У басейн завiталi хлопцы, пазнаёмiлiся з нашымi дзяўчатамi i не прамiнулi ўдакладнiць узрост Ядзi i Анжэлы. А калi даведалiся, што адной толькi дванаццаць, перасталi з ёй гуляць. Больш за ўсiх здзiвiлася Боска. Яна нават пакрыўдзiлася, быццам Ядзя яе падманвала. Ну хто вiнаваты, што ўсе iтальянкi каратканогiя i меншыя за беларусак? Чаго крыўдаваць? Добра, што здарылася тое напрыканцы адпачынку.

Імя

Як назваць дачку? Такое пытанне я вырашыў для сябе яшчэ ў юнацтве, яшчэ да знаёмства з Аленаю. Мне хацелася ўзнавiць у гэтым свеце сваю любую бабу Ядзю. У гонар яе i назваў дачку. Выдатнае iмя для каралевы, тым больш што нашы каралевы яго i насiлi. Дачцэ яно таксама падабалася, толькi не ў памяншальна-вульгарным варыянце. І калi яе трохгадовую нейкi сусед-вiсус паклiкаў: «Ядзька, пайшлi гуляць!», яна зазлавала i паправiла: «Я – не Ядзька, я – Ядзенька!» У сям’i ўсе называлi яе толькi так.

Вось вам!

Аднойчы баба Нiна, як звычайна, прывезла з лецiшча сваёй унучцы шклянку сунiцаў. Замiлаванне выклiкае вiдовiшча, калi двухгадовае дзiця есць сунiцы. Перамыўшы ўсе ягады, баба насыпа@ла iх на талерку, давала ўнучцы срэбную лыжачку, i яны былi гатовыя да свайго штонядзельнага рытуалу. Тут у варэльню ўскочыла мацi Алена i выхапiла ў Ядзi з-пад рук талерачку з пачастункам. «Нельга! У яе жывот балiць! А вы тут з сырымi ягадамi!» Нешта падобнае з-за жончынага пляча казаў i я. Ядзя ўзняла над галавою лыжку i замест таго, каб заплакаць, з усяе моцы кiнула яе на падлогу i гучна крыкнула: «Вось вам!!!» Мы з жонкаю не чакалi такога злоснага крыку ў наш бок i ад нечаканасцi засмяялiся. Толькi тады Ядзенька заплакала.

Буду!

У кожнага дзiцяцi ёсць рэўнасць да асяроддзя. Напэўна, цяпер гэта рэўнасць да кампутара, якi адбiрае час бацькоў. Пра дакладнасць свайго меркавання я неўзабаве змагу сказаць, паназiраўшы за ўнукам. Што да дачкi, дык яна недалюблiвала тэлевiзар. Не каб з ёй пагуляць-пагаварыць – уся сям’я глядзiць у тэлескрыню! Таму скрыню трэба сапсаваць. Ядзя вырвала з тэлевiзара пульт кiравання. Гэта быў яшчэ тэлевiзар без вынаснога пульта, а з уманцiраваным у яго блокам. Зрабiла яна шкоду дэманстратыўна, ва ўсiх на вачах. Нiхто i думаць не думаў, што чатырохгадовая дзяўчынка такое ўтворыць. Давялося выклiкаць майстра, якi гадзiны дзве праваландаўся з дротамi, пакуль адрамантаваў i настроiў цацку для дарослых. Баба Нiна сказала Ядзi: «Бачыш, як цяжка аднавiць тое, што ты зламала. Дзядзька-майстар дзве гадзiны працаваў... Ты больш не будзеш гэтага рабiць?» – «Буду!» Гэтае «буду» i праз пятнаццаць гадоў вельмi цешыць маю маму. «У нашай дзяўчынкi ёсць характар, а гэта вельмi важна ў жыццi, i я спакойная за яе».

Прыгажосць

Цi прыгожая мая дачка? Не магу адказаць так, каб нехта iншы пачуў i зразумеў, бо прыгажосць чужых людзей мае складнiкi, яна нiбыта сканструяваная з асобных дэталяў, а дачка для мяне прыгожая ўся. Але ёсць моманты найбольшай лiрычнасцi i прыгажосцi. Гэта калi яна зусiм дзiця, i я гладжу яе перад сном па галоўцы, нiбыта адганяю цяжкiя думкi i страшныя сны. Яна вось-вось засне, на развiтанне яна ўсмiхаецца, пазяхае, замiрае, спiць... Уся прыгожая.

Вершы

Неяк звялася традыцыя сямейных канцэртаў i вечарынаў, калi дзецi граюць на музычных iнструментах, спяваюць i чытаюць паэзiю для вузкага кола сяброў сям’i. Аднавiць традыцыю i зладзiць паэтычную вечарыну мы вырашылi ў Крыме, на дачы Максiмiлiяна Валошына ў Кактэбелi. На беразе мора ў белым дамку на дзве сям’i мы жылi разам з крытыкам Аненскiм. Ягоная ўнучка вывучыла i чытала Пушкiна. А Ядзя не менш традыцыйна i класiчна дэкламавала Багдановiча:

 
Процi цячэння вады
Зможа толькi жывое паплыць,
Хвалi ж ракi заўсягды
Тое цягнуць, што скончыла жыць.
 

Дзiўна, што яна ў апошнiм радку абмылiлася i працытавала яго з той памылкаю, якую непазбежна раблю чамусьцi i я:

...Цягнуць тое, што скончыла жыць.

Трэцiм выступоўцам быў сын жывапiсца Эсцiса. Пяцiгадовы хлопчык адбарабанiў на iўрыце вайсковую рэчоўку пра непераможнасць салдатаў Ізраiля. Вiдавочна, памылак ён не зрабiў. А чамусьцi прысаромлены бацька пачаў апраўдвацца i казаць, што гэтаму вершу сына навучылi ў дзiцячым садку. І мы ўсе разам пагадзiлiся з думкаю, што нельга аддаваць паэзiю ў рукi садкоў i садаў.

Ролiкавыя канькi

Жонка набыла для Ядзi ролiкавыя канькi. Выпатрабавала. Надта ўжо дачцэ хацелася. Модна. Каталася. Смяялася. Весялiлася. І – «вось вам»... Каля рэчкi скакала з прыступак. Упала. Няўдала. Зламала руку ў перадплеччы. Сябры i сяброўкi, што дзеразавалi разам, спалохалiся i паўцякалi. Скурчыўшыся, ледзь прытомная Ядзя праседзела на прыступках больш за гадзiну, пакуль нейкi чужы чалавек не патэлефанаваў жонцы i не расказаў пра няшчаснае здарэнне. Жонка завезла Ядзю ў больнiцу, дзе ёй увагналi ў косткi жалезныя пруткi i, паклаўшы на правы бок, зрабiлi расцяжку. На адным баку Ядзя праляжала ў ложку дваццаць тры днi. Схуднела, адны вочы блакiтныя засталiся. Выйшла з лякарнi, а праз якi месяц зноў на канькi стала: «Я асцярожна». Сэрца халадзее. А цяпер лётае на ровары i марыць пра вадзiцельскiя правы.

Дакумент

Атрымаў новы, чысцюткi, без штампаў памежных, без вiзаў замежных блiскучы сiне-залаты пашпарт. Дзень змарнаваў на чэргi, сваркi, тэлефонныя званкi сябрам, i ўсё ж маю рэч. Пашпарт для новага жыцця, з пасталелым тварам на фота i адсутнасцю дзяцей. Так. Дзяцей ў мяне больш няма: на думку дзяржавы, па перакананнях грамадства, паводле ўсiх дакументаў... Выраслi. Графы «дзецi да 16 гадоў» больш не запаўняю. Дробязь, фармальнасць, дэталька... А сумна. Дзецi? І сумеўся. Ёсць? Няма? Што адказаць? Ясней яснага, Ядзя ёсць. А трэба казаць «няма». Вось так.

ЖОНКА

Знаёмства

Мы знаёмiмся на танцах. Сутыкненне на танцульках. Хiповая маладосць, вясёлыя вечары. Палова Менска збiраецца на вечарынкi ў тэатральна-мастацкiм iнстытуце. Маю на ўвазе багемны Менск, а не горад правiнцыйных iдыётаў, бязрогага быдла, савецкiх чалавечкаў i парткамунiстаў. Дваццацiпалыя казлы скачуць у iншых месцах: «на карчах» – у парку iмя даўно забытых чалюскiнцаў, «на дошках» – на трактарным заводзе. Мана, што ў эсэсэсэрыi няма сацыяльнага падзелу. Ёсць! І добра. І выдатна. І цудоўна. Кожны ведаў, дзе яму пiць, гуляць i танчыць. Ну, i я – нервовы малады мастак – танцую ў сваiм iнстытуце, а вяртаюся ў майстэрню i бачу: мой шыракаполы капялюш вiсiць на мальберце, а не на пачапельнiку. «Якая скацiна чапала капялюш?» – «Я!» – смяецца мая будучая жонка Алена. Нахабнае, ганарыстае стварэнне. У зялёных вочках – выклiк. Каму? Мне? Усяму свету i святлу? Капелюшу? Хочацца ўзяць яе за скураную куртку i адарваць рукаво. Чаму не адрываю? З-за зялёных вочак, з-за выклiку свету i святлу? З-за кахання з першага позiрку? Пэўна ж. Інакш як растлумачыць, што памятаю знаёмства да розных дробязяў, кшталту нейкага там капелюша на мальберце? Далей банальна: вiно, наблiжэнне, прапановы. «Я намалюю Вас!» – «А я Вас сфа-та-гра-фу-ю!»

Фотавершы

Мы сустракаемся, малюемся, фатаграфуемся, цалуемся, рвём фотаздымкi, рэжам карцiны, пiшам манiфэсты: «Пераробiм!», «Зруйнуем!», «Адновiм!» Манiфэст, як афарызм, будуецца на парадоксах. Весела. Шумна. Аэрадынамiчна выглядаюць палёты здымкаў i малюнкаў, кiнутых з моста ў рэчку Свiслач. Вынаходзiм форму творчасцi: фотавершы – тэксты, напiсаныя на здымках, цi здымкi, аздобленыя вершамi. Робiм выставу ў iнстытуцкiм фае. Дэкан здымае. Кажа, што ў радку «лiст паляцеў» чуецца слова «палiцай». Ідыятычны крэтынiзм – асноўны стыль у паводзiнах дэканаў, рэктараў i прарэктараў усiх часоў, дзяржаваў i народаў. Прыхiльнiкаў у фотавершаў няшмат, але ёсць. Сябры, вядома... Фотавершаў робiм процьму. Яны – нiбыта лiсцiкi на дрэве нашага кахання. Я iх збiраю ў папкi. Яны i праз дваццаць гадоў у нас, у шафе кнiжнай, каля ложку.

Доўгi-доўгi дзень

Калi ты некага кахаеш, абавязкова надыходзiць доўгi-доўгi дзень. Знiкае ноч: ты не спiш, ты кладзешся спаць, але не можаш заснуць, устаеш i едзеш, iмчыш-ляцiш да яе. Яна гэтаксама не спiць. Вы сустракаецеся а пятай ранiцы, каля возера. Чаму каля возера? Каб многа неба, каб неба адбiвалася ў вадзе, а вада плыла ў небе. Каб усё ў свеце пераблыталася i перамяшалася. Ноч перамешваецца з днём, зямля – з небам, чорнае – з белым. Каб ты пацёк у яе, а яна – у цябе. Гэта i ёсць доўгi-доўгi дзень.

Вяселле

Мы жэнiмся. Вяселле не такое, як ва ўсiх. Мы распiсваемся ў вёсцы Пагост. Выдатнае месца, каб спраўляць вяселле. Могiлкi люблю я. Могiлкi любiць Алена. Сведак бракуе. Жанчына, якая афармляе шлюб, здзiўляецца. Дзе госцi? Дзе сведкi? Дзе бацькi? У Менску чакаюць. Вы праўда прыехалi на аўтобусе? Мы – бедныя, i прыязджаем i з’язджаем з мястэчка Пагост рэйсавым аўтобусам.

Альбом

Ёсць рэчы, якiя робiш без пэўнай мэты, цi дакладней – iмпульс, якi штурхае iх рабiць, тоiцца ў глыбiнях iнтуiцыi... Таму цяжка растлумачыць iншым, нашто я перабiраю дзiцячыя фотаздымкi Алены, зробленыя цесцем, i, адабраўшы больш выразныя, клею iх у альбом. Нi жонцы, нi цесцю той альбом не быў патрэбны. Яны не выказалi нiчога адмоўнага, але i ўхвалы былi толькi ветлiвыя, не больш. Ёсць i ёсць, каб не зрабiў, нiчога б не здарылася б i не змянiлася. Зрэшты, я не разлiчваю на iх захапленне. Мяне цiкавiць iншае... Што? Пра тое я даведаюся пазней, калi Ядзя пойдзе ў першы клас, сядзе за парту, i яе сфатаграфуюць з букваром. Дачка прынясе са школы здымак, я пакладу яго ў «жончын» альбом i ўбачу: Алена i Ядзя – адзiн чалавек, якi адначасна жыве ў двух узростах. Насуперак логiцы, рацыi, розуму i папярэднiм сваiм ведам я ў гэта паверу, гледзячы на падабенства фотапартрэтаў дачкi i жонкi, Алены i Ядзi.

Яе тата

У жонкi ёсць адзiн чалавек, якi любiць толькi яе i больш нiкога. Калi я гавару з iм, мне падаецца, што ён нiкога i не любiў за сваё доўгае жыццё, акрамя яе. За гэтае пачуццё, за гэтую адданасць i шчырасць Алена хоча аддзячыць i запiсацца мардвiнкаю, як бацька. Яны абое ганарацца сваёю прыналежнасцю да вугра-фiнаў. Усё фiнскае, эстонскае, вугорскае ў iх добрае апрыоры. Каб не мая цешча, у жончыным пашпарце стаяла б: «мардвiнка». Але цешча, мудрая жанчына, сказала, што, жывучы ў славянскiм свеце, трэба выбiраць славянскую нацыянальнасць. Прозвiшча Бяляеў, якое носiць сям’я, выдуманае для жыцця ў савецкай iмперыi. Сапраўднае прозвiшча цесьця – Ісаеў. Так мая жонка робiцца беларускай.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю